epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Ворагам Беларушчыны

Чаго вам хочацца, панове?

Які вас выклікаў прымус

Забіць трывогу аб той мове,

Якой азваўся беларус?

 

Чаму вам дзіка яго мова?

Паверце, вашай ён не ўкраў,

Сваё ён толькі ўспомніў слова,

З якім радзіўся, падрастаў.

 

Цяпер і вы загаварылі,

З апекай выйшлі, як з зямлі;

А што ж дагэтуль вы рабілі?

А дзе ж дагэтуль вы былі?

 

Ваш брат і цёмны, і галодны;

Хацінка свой зжывае век;

І век не знаў ён дум свабодных,

І крыўдзіў свой брат — чалавек.

 

Вам страшна нашай слёзнай песні

І жальбы страшна вам глухой?

Вам жудка сонца напрадвесні?

Мілей вам холад з цемнатой?

 

А што ж вам беларус такога

Пасмеў зрабіць, пасмеў сказаць?

Эх, трэба ўчыць яшчэ вас многа,

Як свайго брата шанаваць!

 

Эх, кіньце крыўдамі карміцца,—

Кожны народ сам сабе пан;

І беларус можа змясціцца

Ў сям’і нялічанай славян!

 

Напасцю, лаянкай напраснай

Грудзей не варта мазаліць!

Не пагасіць вам праўды яснай:

Жыў беларус і будзе жыць!

 

Не столькі «хамскія» натуры

На карках вынеслі сваіх!

І свіст даносчыкаў пануры,

Паверце, не запудзіць іх!

 

К свабодзе, роўнасці і знанню

Мы працярэбім сабе след!

І будзе ўнукаў панаванне

Там, дзе сягоння плача дзед!

 

1907


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан