epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Вучыся ...

Вучыся, нябожа, вучэнне паможа

Змагацца з нядоляй, з няволяй...

Што мучыць сягоння, што думкі трывожа,—

Збяжыць і не прыйдзе ніколі.

 

Жаль згіне, як мара; не будзеш няздарай,

Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;

Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,

Спазнаеш, раз цёмен не будзеш.

 

Такая прынука, як труд і навука,

Ці ж можа нам сіл не дадаці?

З такімі сябрамі, знай, будзе не штука

І гора сваё зваяваці.

 

Паўнейшай адрынка, сыцейшай скацінка,

Ой, будзе — а толькі вазьміся!..

І знойдзецца ў працы аддыхі часінка,

І ў крыўду ўрагом не дасіся.

 

Крыўдзіцеляў зможаш, след вечны праложыш

І к долі, і к волі, і к славе...

Адно ты прачніся, вучыся, як можаш,

Ці дома, ці на школьнай лаве.

 

Усе людзі значэнне пазналі вучэння, .

Адзін толькі ты ані дбаеш!

Цямней, беларусе, ад ночкі асенняй,

І шчасце ж такое ты маеш...

 

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан