epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Вы кажаце...

Вы кажаце: надта пяю я нявесела,

Пацехаў ніякіх не бачу ў людзей...

Пакіньце смяяцца! Вас праўда не ўсцешыла,

Няпраўды ж не знаю ў душы я сваей.

 

Як пеў я дагэтуль, так пець не сцураюся,

Жальбою маркоцячы песню сваю;

Я ў долю народа свайго узіраюся

І толькі аб гэтым для вас тут пяю.

 

Няхай свет пазнае ўсе песні бяздольніка,

Хай вораг-мучыцель дрыжыць з праўды слоў,

Быць вольным хай родзяцца думкі ў нявольніка,

Хай быць чалавекам захоча брат мой.

 

1906


1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан