epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З дарогі

Дарогай шырокай, з дарогі нялёгкай,

Дый многа без ліку гадзін,

На кій абапёрты, стары і абдзёрты,

Ішоў падарожны адзін.

 

Ішоў ён да вёскі, што блізка дарожкі

У полі пад лесам была;

Там некалі даўна ён жыў добра, слаўна,

Там моладасць-радасць прайшла.

 

Там кінуў ён хатку, і бацьку, і матку,

І жонку пакінуў сваю,

І дзетак маленькіх, прыгожых, міленькіх,

Пакінуў усю там радню.

 

У дальняй старонцы лет многа бясконца

Пражыў у бядзе ён цяжкой;

Ні шчасця, ні долі не бачыў ніколі,

Бядуючы слёзна парой.

 

Цяпер на зямельку, сваю карміцельку,

Прыйшоў, каб пабачыць сваіх,

Убачыць каб хатку, і бацьку, і матку,

І дзетак — калісьці малых.

 

Ідзець ён, падходзіць і вёску знаходзіць,

Таксама, як жыў ў ёй, глядзіць:

І хаты ж такія — гнілыя, старыя,

Карчомка таксама стаіць.

 

Тут хата Захаркі, там Еські, Ганчаркі,

Там Янкава жонка жыве,

Тут кум Давідзёнак, там сват Міхальчонак,

Там Сорка, што соль прадае.

 

А вот і садочак, а вот і дамочак

Даўнейшы яго тут відаць,

Во ганак той самы, з нізкімі акнамі,—

Будынкі таксама стаяць.

 

Уходзіць у сенцы, аж гнуцца каленцы,

А сэрца трасецца, баліць:

Што будзе тут скора — ці радасць, ці гора?..

Вось дзверы адпёр і глядзіць...

 

Уйшоў, пазірае, сваіх пазнавае...

Ах, што ж? Ці пазнае калі?

Заплакаў нябожа і глянуць не можа:

Чужыя ужо там былі!..

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан