Што нахлыне ў душу,
Што сасню вечаром,
Праз што вочы рашу,—
Усё выллю пяром.
Усё выллю і ў свет
Песняй лётнай пашлю,—
Няхай з віхрам услед
Аблятае зямлю!
Хай лятае ўвакруг
Над скаванай зямлёй,
Дзе спяць сіла і дух,
Дзе брат свой, як не свой!
І тых будзіць, хто спіць,
Хто цярпіць без віны;
Няхай гулка грыміць,
Як званы, перуны!
Можа, гэтакі звон
Даляціць да нябёс,
Аддасць Богу паклон,
Скажа, сколькі лью слёз!
[1905-1907]