epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З маркотных думак...

Ці вымкну я птушкаю з думкай пралётнаю

На тое поле, на роўнае тое,

Ці ўгледжуся ў хату убога-маркотную,—

Смутна мне бачыці гора людское.

 

І жаль мне вас, людзі, што гэтак нявесела

Вам на радзімай зямельцы жывецца,

Што неба так хмары над вамі развесіла,

Што з вашых бедаў так кожны смяецца.

 

Хоць вас прыгнятае жыццё непрыветнае,

Парыце косці без часу ў магілах,—

Вы праз цемнату ўсю сваю непрасветную

Бачыць свайго паніжэння не ў сілах.

 

О, жаль мне праз гэта вас, людзі загнаныя,

Цёмныя людзі, гаротныя людзі,

Жаль, што вы такія, праз свет пагарджаныя,

Жаль, што так жыцца йшчэ доўга вам будзе.

 

1907


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com