epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З мінуўшых дзён

Перайшло, мінула,

Што калісь жыло,

Ў курганах заснула,

Зеллем зарасло.

Пад магіл навалай

Дрэме Русь, Літва,—

За той тая з хвалай

Легла галава.

Не гудзе ў павазе

Голас вечавы,

Не шукаюць князі

Славы і бітвы.

Войска Усяслава

Не ідзе ў паход

На той бой крывавы

За свой край, народ.

Сцены і запоры

Палачан, Мянчан

Леглі у разоры

Зможаных палян.

Ні святых дуброваў,

Зніч пайшоў з вадой;

Загасціў лад новы,

Ды не той, не свой.

Слых адно праходзе

Калі-нікалі

У жывым народзе,

На жывой зямлі.

Баіць, гнучы шыі,

Паднявольны люд:

Мы ў сваім чужыя,—

Край забраны тут!

Так прайшло, мінула,

Што калісь жыло,

У курганах заснула,

Зеллем зарасло.

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан