epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З надзеяй гаротнай...

З надзеяй гаротнай,

З слязою чырвонай

Блуджу я, маркотны,

Па родных загонах.

 

Блуджу і не знаю,

Дзе праўда, дзе сіла,

І ціха пытаю

У думкі нямілай:

 

Няхай мне гавора,

Няхай апявае

Аб сонцы, аб зорах,

Аб радасным краі.

 

Дзе неба — як неба,

Дзе доля — як доля,

Дзе хлеба — шмат хлеба,

Дзе воля — раздолле!

 

Дзе людзі — як людзі:

Не чахнуць у плесні,

Дзе з сэрцамі грудзі,

Дзе песні — як песні!

 

Дзе спёкі, марозы

Ў знакі не даюцца,

Дзе ўздохі, дзе слёзы

Не чутны, не льюцца.

 

Як самае сонца,

Дзе ясна — так ясна,

Як самае сонца,

Дзе шчасна — так шчасна.

 

Зазнаць хоць мінутку

Пацех гэткіх мілых!..

Бо ў вечным жыць смутку

Я, людзі, не ў сілах!..

 

1908


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан