Нудна... Штосьці ломіць косці,
Ныюць жалем грудзі,
На надвор’е выйду, гляну,
Мо уцешней будзе.
Ўзяў апратку, кінуў хатку,
На сяло выходжу,
Там-сям лажу, свата, сваццю,
То куму знаходжу.
Пад аконца, дзе больш сонца,
Дзевачкі сышліся —
Дружка ў дружку, як сасонкі,
Пазірай — дзівіся!
Бровы, вочкі, губкі, шчочкі
Аж завуць к пакусе,
Грудзі пульхны, як пампушкі,
Не адходзь — любуйся!
Ой, дзяўчаткі! хоць вы гладкі,
Быццам маляваны,—
Не хацеў бы я папасці
Ў вашыя кайданы.
З вамі жарты — не з паўквартай,
Згінуў — толькі глянуў,
Будзь пры памяці, цвярозы,—
З вамі будзеш п’яны.
З сэрца ранак і жаданак
Не збыць і сякерай;
Ці быў з вамі, а ўжо гінеш,—
Любіш вас без меры.
І ахвоты да работы
Не прыдбаці з вамі...
Ох, сваю вяліку сілу
Знаеце вы самі!
1907