Ой, кепска жыці
На свеце гэтым,
Долю зрабіці
З ясным прасветам.
Цяжанька мне.
Моладасць, радасць,
Думкі, надзеі
Злажыў навекі
Праз жыцця веі
Ў сэрцы на дне.
*
Хлеба шукаю,
Чорнага хлеба,
З краю да краю
Цягацца трэба,
А гора жме.
Дый калі хлеба
Потам здабуду,
Сільныя вырвуць
Злосцю прыблудаў
Хлеб у мяне.
*
Працай крывавай,
Крыўдай людскою,
Лжывай няславай
Змушан з душою
Ў жыццёвым сне,—
Гляну — і столькі ж
Хатаў ды поля...
Дзе ж маё месца? —
З маёю доляй? —
Няма нідзе.
1906