epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З песень мужычых

Гора нам, бедным, гора загнаным,

Мучаць нас чорныя долі,

Стогнем пад царам, стогнем пад панам,

Стогнем мы дома і ў полі.

 

Вечна не знаем суду і права,

Цёмны народ мы сярмяжны.

Б’ёмся, працуем слёзна, крывава,

Едзе па карку нам кажны.

 

Нас самавольна земскі карае,

Душыць, саджае ў адседкі,

Крыўдзіць ураднік, поп абірае,

Воласць з нас цягне паследкі.

 

Гляньце: паліц’я, войска, астрогі,

Цэрквы, чыгунка, палацы! —

Гэта наш труд, падаткі, налогі,

Наша мужыцкая праца.

 

Плача ў няволі край наш радзімы,

Самі ж не знаем спакою:

Паляць нас леты, студзяць нас зімы,

Мучыць нас голад вясною.

 

[1922]




Беларуская Палічка: http://knihi.com