epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

З сіроцкай долі

Блудзіла сіротка па полі,

Блудзіла, шукаючы долі,

Якой яна зроду не мела.

І дарма бядачка хадзіла,—

Забрала сіротку магіла;

Так долі пабачыць не ўспела.

 

Нічога ўжо беднай не трэба:

Ні хаты, ні світкі, ні хлеба,

Ні людскага жалю, прывету.

Не крыўдзіць жыццё ў беспрытонні

Сіроткі гаротнай сягоння,

Ўдалі ад няпраўды, ад свету.

 

Спі ў вечнай, сіротка, хатулі,

Дзе тата спіць твой і матуля,

Ты лепшай не мела пасцелі!

Ой, каб ты ў дамоўцы не спала,

Цябе я, мяне б ты пазнала,

Мы роўную песню б запелі.

 

Запелі б так шчыра, балесне,

А гулка сіроцкая песня

Па свеце нясецца з трывогай.

Мы пелі б, маліліся смела,

Каб наша малітва ўзляцела

Аж там, аж пад неба, да Бога!

 

Ў малітве ляглі бы ўсе справы,

Якія стварае крывавы

Наш быт у жыццёвым пакосе;

Малілі б, прасілі, каб болей

Шукаці не трэ было долі,

Каб лепей сіроткам жылося.

 

1906


1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан