Ну, што сумен там ты, мой дзяцюк малады?
Давай чарку на стол,— вот і ўся тут бяда!
Кінь драмаць і ўздыхаць, уздыхні лепш тады,
Як ці жыць, ці ўміраць будзе ўжо не наўда!
Груканём, стуканём чарка ў чарку, як след,—
Бач, і стане душа паланеці агнём;
Весялей і смялей глянуць вочы на свет,
Весялей і смялей пойдзе ўсё хадуном.
Ты бядуеш адно, што жыць кепска табе;
Плюнь на тое, што кепска, што лепей — шукай!
Як вужака, калісь і я віўся ў жальбе;
Глянь, сягоння ўсё роўна — ці пекла, ці рай.
А было, ой, было, як малінка жыццё:
Быў шчасліў, песні пеў, на ўсё птушкай глядзеў...
Калі хочаш, скажу, раскажу табе ўсё...
Дай вось чарку, а то ўжо язык прымадзеў.
Як напэўна спазнаў, дагадаўся і ты,
Праз дзяўчынку пайшло, а нялёгка пайшло.
Маладыя былі, шмат было дурнаты;
Дваццаць першы мне йшоў, ёй семнаццаць было.
Па суседству жыла, звалі Еўкай яе,
Даспадобы была як і мне, так і ўсім.
Ці глядзіць на цябе, ці то песню пяе,—
Не было ёй раўні ні у гэтым, ні ў чым.
Падабалася мне лепш, як сам я сабе;
Неспакой мучыў днём, ночкай сон уцякаў;
Ці ішоў за сахой, ці пацеў у касьбе,—
Павідаці яе, як збаўлення, чакаў.
Не скажу, каб мяне адганяла яна:
Ёй па сэрцы я быў, як яна для мяне.
І часіна ўцякла удваіх не адна,
І цяпер гэты час маю ў сэрцы на дне.
На кірмашы хадзіў з ёю разам не раз,
І гасцінцы купляў, і ў садочку гуляў;
Ненаглядку маю я галубіў падчас,
Абнімаў, цалаваў, думкі ёй асмяляў.
А матуля мая (рай нябескі ўжо ёй)
Так любіла яе, як бы родну дачку:
Ўсё чакала, калі назаву я сваёй,—
Калі Еўку сваю павяду у царкву.
Дый адна злыбяда мой сушыла папар:
Прызыў мне, як пятля, ўжо на шыі вісеў...
Брату выйшлі гады, бацька жыў і не стар,
Я сам дуж і здароў,— значыць, льготы не меў.
Што рабіць у такім тут жыцці, беспуцці —
Выйсці цэлым з пятлі, не палезці наўрад:
Ці жаніцца цяпер і ў салдаты ісці,
Ці жаніцца тады, як вярнуся з салдат?..
Варажыў, разважаў сам адзін і з людзьмі:
Еўка кажа, што ёй можна гэтак і так;
Маці кажа: цяпер ажаніся вазьмі;
Бацька раіць — пасля, бо мо здарыцца ўсяк.
Адлажыў напасля, адлажыў наўсяды...
Хутка восень прыйшла, і на прызыў у Шклоў
Татка з хаты павёз. Там пайшло без бяды:
Папрашчацца дзядзькі адпусцілі дамоў.
Мо і год не мінуў, як шынель я надзеў,—
З дому вестку дастаў, што матуля ўмярла;
Слёзы хлынулі мне, прост, на свет не глядзеў;
Жаль яшчэ і цяпер — недакучнай была...
У паходзе былі, і прыехаць не мог
Доўг апошні, хаўтурны, радзімай аддаць;
І пасля, да канца маёй службы, ўжо Бог
Хоць магілкі яе не судзіў аглядаць.
Ну, аб Еўцы чаму — ты спытаеш — маўчу?
От, пісалі, што жыва, здарова, і ўсё...
Верыў гэтаму я і снаваў ўціхачу
Думкі, як гэта мы з ёй устроім жыццё.
Хоць далёка стаяў, а любіў, ўспамінаў
І ахвоты не меў да другіх да дзяўчат:
Ёй адной пісьмы слаў і спакою не знаў,—
Ўсё чакаў таго дня, калі пусцяць з салдат.
Так сышло колькі год, аж нарэшце і срок
Маёй службы прыйшоў — адпусцілі зусім.
Я вярнуўся, і што ж? Э, мой мілы браток! —
Была замужам Еўка за бацькам маім.
Што прыйшло ў галаву за старога пайсці —
Над адгадкай такой думак я не ламаў:
Сіратою была, а у простым жыцці,
Хто пасватаўся перш, той і верх атрымаў.
Сам згадаеш, што я перажыў у той час,—
Колькі ў роднай хаціне паспытываў мук.
Чаму лепш не ўзяла смерць каторага з нас?
Хлебам хлеб не быў мне, ўсё валілася з рук.
А яна — ўжо пры мне — ўсё хмурней з кожным днём...
Дзе шчаслівы той смех, дзе вясёлы паглёд?
Часам разам няўзнак — я, яна уздыхнём,
Ды я ў поле барзджэй, а яна — ў агарод.
Так праходзілі дні ў злыбядзе, а яна —
Наша мачыха ўжо — бачу, тае ў вачах;
Бацька хмур, не глядзіць і маўчыць, як сцяна;
Ношку добрую нёс, знаць, і ён на плячах.
Год, не болей, прайшло нам такога жыцця...
Як казалі ў сяле — нехта кінуў урок...
На душы дзве паменшыла наша сям’я:
Еўку Бог к сабе ўзяў, я сюды з хаты ўцёк.
Гэтак спятрала мне доля-байка навек;
Хатай стаў мне шынок, а свет цэлы — турмой.
Змарнаваў за нішто сам сябе чалавек.
Праз няўлад праўды ў нас, праз паглёд мілы той.
1911