epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

За што?..

Маці мая, маці,

Што ж ты мне зрабіла,—

За што гараваці

На свет парадзіла?

 

За што, за што

Твой сын бядак,

За што, за што

Ён плача так?

— Скажы!

 

Плача твой дзяціна,

Ты й сама не скачаш,—

За сябе і сына

Плачаш, маці, плачаш.

 

За што, за што

Твой сын бядак,

За што, за што

Ты плачаш так?

— Скажы!

 

Тваё гора знае

Сын твой ад пачатку,

Бядуе, ўздыхае

За сябе і матку.

 

За што, за што

Наш лёс такі,

За што, за што

Мы бедакі?

— Скажы!

 

Маці мая, маці,

Крыўды з нас смяюцца

І твае, й дзіцяці

Горка слёзы льюцца.

 

За што, за што

Лье не адзін,

За што, за што —

І маці, й сын?

— Скажы!

 

31 кастрычніка 1906


31.10.1906

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан