epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

За ўсё...

За ўсё, што сёння маю,

Што даў мне мой народ:

За кут у родным краю,

За хлеб-соль без клапот,—

 

Я адплаціў народу,

Чым моц мая магла:

Зваў з путаў на свабоду,

Зваў з цемры да святла.

 

Для Бацькаўшчыны беднай,

Для ўпаўшых яе сіл

Складаў я гімн пабедны

Сярод крыжоў, магіл.

 

Змагаўшыся з напасцяй

За шчасце для людзей,

Не раз пісаў ў няшчасці

Крывёй з сваіх грудзей.

 

Уносіў гэтым долю

Сваю для ўсіх дабра,

А болей... Што ж там болей

Жадаць ад песняра?!

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Купала. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т.4. Вершы, пераклады 1915 -1929. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 446 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан