epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Забытая карчма

Ля дарогі, ля далёкай,

Каля крыжавой,

Спіць карчма там адзінока

З злупленай страхой.

 

Пахілілась на старонку,

Прылягла к зямлі;

Невясёлыя карчомку

Думы прыгнялі.

 

Аб мінуўшай славе, дзівах —

Як была п яна,—

Аб дзяньках былых шчаслівых

Думае яна.

 

Як не думаць пра былое,

Поўнае прыкрас!

Перайшло, і ўжо не тое,

Ўжо не той, ох, час!

 

Калісь гоманам шумела,

Людна ў ёй было,

Падарожных многа мела,—

Ўсё не раз сяло.

 

І жылося, і вялося,

Гэй, інакш карчме! —

Рэха рогату няслося

Ўлетку і ўзіме.

 

Адбывалісь вечарынкі

І вяселлі ўраз,

Захапляючы дзянінкі

Ў ночны добры час.

 

Рэжа музыка званліва,

Топат ног такі!

Разгуляліся надзіва

Дзеўкі, дзецюкі.

 

Кругам старшыя пры чарцы

Селі, люлькі цьмюць,

Аб пагодзе, гаспадарцы

Гутаркі вядуць.

 

А гарэлка рэчкай льецца,

Бегае шынкар,

Песня ўдалая нясецца,

З твару сыпле жар.

 

Ой, дзянёк так кожны праве

У карчме шум, крык...

Шчэзла доля па забаве!

Час вясёлы знік.

 

Усё прапала, згібла недзе,

Як сон, як туман;

У карчму ўжо не заедзе

Ні мужык, ні пан.

 

У стадоле не ржуць коні,

Коз не бэчыць зброд,

Не гамоніць пры шынкоўні

Выпіўшы народ.

 

Косці парыць у магіле

Ўжо шынкар даўно,

Аб нячыстай людзі сіле

Баюць на адно.

 

Кажуць: поўнач як настане

І сяло засне,—

Адбываецца гулянне,

Як здаўна ў карчме.

 

Чэрці, ведзьмы, ваўкалакі

Сходзяцца гуляць;

На стол з’явяцца прысмакі,

Музыка чуваць.

 

Бліск святла заблісне яркі,

Пойдзе ходам клум,

Звоняць міскі, пляшкі, чаркі...

П’янства, скокі, шум.

 

Жэняць ведзьму з ваўкалакам,

Сватае шынкар,

Попам — рабін, ведзьма—дзякам,

А чорт — гаспадар.

 

Так гуляюць, покуль недзе

Не кігне пятух...

Гіне ўсё, і па бяседзе

Пуста, сумна ўкруг.

 

Цень са сцен плыве пануры,

Як з якой турмы,

Кот здзічэлы ловіць шчуры

У сянях карчмы.

 

Крыллі ў цемнаце лапочуць

Кажаноў, начніц;

Віхры ў коміне хіхочуць —

Жудка без граніц.

 

Жах карчма ўвесь чуе гэты

І думу снуе

Пра мінуўшыя дні, леты

Лепшыя свае.

1907


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан