Ліра змірае ў спакою,
Губіцца струнавы звон;
Лірнік, чапніся рукою —
Творыцца песень мільён.
Жальцеся, грайкія струны,
Рэхам расходзьцеся ўдаль!
Гэткі свет ярмен і сумны,
Гэткі паношыцца жаль!
Сэрцу нясіце злягчэнне,
З пут вызваляйце душу,
Новыя ліце праменні
Ў сонную быту глушу!
Ліце прызыўныя чары,
Жыўчую думкам ваду,
Высельце буднасці мары,
Духаў благіх чараду!
Ціхаму кроўнаму полю,
Слёзьмі абмытай зямлі,
Вызваньце лепшую долю,
Лепшыя, скарбныя дні!
Сцежку хутчэй ідэалам!..
Квецься, палай, хараство!
Куйся, зарнічная хвала,
Вечная радасць, дабро!
Ліра пяе ў непрывеце;
Жаліцца лірнік адзін...
Гэй жа, далей з беспрасвецця!
К сонцу з пакутных нізін!
1909