epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Запушчаны палац

Твой кволы валадар, забыўшыся навук

Велічыні Зыгмунтавай і лет цярпення,

«Раздзел» узаканяе ў загранічным ценю

І лічыць, колькі дома кінуў хвоек штук...

 

А дома, роскашы і працы многіх рук,

Папас магнацкіх перацвіўшых пакаленняў,

Стаіш,— і цэгла валіцца з гнілых скляпенняў,

І ў шчыліне гняздо ўе ўслужлівы павук.

 

Жывёлу гоне ў парк галодны «сервітут»,

Ля сцен цянюе забабон ад лета ў лета:

Нячысцік з ведзьмамі гуляе ў пустцы гэтай.

 

Так зніштажэнне ў кожан гзымс паўзе і кут

І зубы скаліць: «Моц мая і права тут!

На ўход жыцця сюды ўжо я кладу тут «vеtо».

 

1910


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан