epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Заручыны

Далёкай, нялёгкай сцяганы хадзьбой,

Пад хвойкай высокай мы селі з табой,

Як цар і царыца;

Шурпаты няжаты сох верас ля ног,

Спаў белы спляснелы пад шышкамі мох

Над цёмнай крыніцай.

 

На сучча плятуча паўзла дзермяза,

Блішчэла нясмела раса, як сляза,

На лісцях лазовых;

Каронай зялёнай дзед-бор патрасаў

І шумам-задумам законы пісаў

Ў нягаданых словах.

 

Нам моўча, як ночай, мігцелі агні,

Падгалей міргалі абгніўшыя пні,

Як варта на стражы;

І ціха суліхай сцікаўся, плыў цень,

За горы, за моры адходзіў наш дзень,

Мінуты ўжо важыў.

 

Ўжо клаўся на часе мрок сумна нямы,

І поўнач на помач, палохаці сны,

Нязначна падклікаў...

З-пад сосны выноснай ты ўстала, я ўстаў...

Над намі сукамі шум-бор рагатаў

Без памяці, дзіка...

1911


1911

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан