epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Засвяціла цяпло...

Засвяціла цяпло бляскам радасці яснай,

Разбудзіла ўвесь свет ад зімовага сну;

Эх, напрасна віхор енча ў плоце, напрасна:

Бачым светласць кругом, бачым сонца-вясну!

 

Як з вадзіцы свянцонай нячыстая сіла,

Паляцелі растаўшы і снег, і мароз;

Вясна холад змагла, вясна свет ажывіла,

З вясной меней на свеце і смутку, і слёз!

 

Ва ўсіх шчасце на твары вясёлкай гуляе

Ды ахвоціць да працы, да праўды святой,

Невясёлыя думы і сны разганяе,—

Аж так хочацца жыць усяёю душой!

 

Аж так хочацца жыць і жывую надзею

Калыхаць у душы, думку сніць аб адном:

Што вясна наша гора, як снег і завею,

Пахавае ў рацэ, спале сонца агнём!..

 

[1905-1907]


[1905-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан