epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Засвяціла ясна зорка...

Засвяціла ясна зорка

Добраю навінай

Над Заходняй Беларусяй

І над Украінай.

 

Пад царамі, пад панамі

Мучыліся людзі,—

У нядолі, у няволі

Чахлі, сохлі грудзі.

 

Песні сонцам не яснелі

Ў вясну, ў прадвесне,

Ночка цёмная шумела

Ў паднявольных песнях.

 

Сталін-бацька знаў аб гэтым,

Ды чакаў здарэння,

Каб сваім братам панесці

Радасць вызвалення.

 

І пабачыў ён, магутны,

Сваім вокам ясным,

Што надходзіць час расплаты

За людзей няшчасных.

 

Варашылаву і кажа,

Што з Луганска родам:

— Час нам, браце, вызваляці

З-пад ярма народы!

 

Пасылай байцоў адважных,

Стрэльбы, кулямёты,

Танкі, трактары, гарматы,

Птахі-самалёты!

 

І пайшло ў паходы войска

Полем, лугам, борам,

А байцоў, як зор на небе,

Як пясчын у моры!

 

Ніхто гэтакіх паходаў

Не чуў і не бачыў,—

Гэта ў казках знойдзеш толькі,

Або ў снах дзіцячых.

 

Ідзе армія ўдалая,

Не знае трывогі,

Пасыпаюць буйна людзі

Кветкамі дарогі.

 

Спатыкаюць і вітаюць

Песняй, хлебам-соляй.

Люд рабочы, люд сялянскі

Не засне ўжо болей.

 

Ён ідзе ўжо ў сям’ю нашу,

Наш народ свабодны,

Да рэспублікаў савецкіх

Як да сваіх родных.

 

Негаданай доляй, воляй

У яго аконца

Глядзець будзе век да веку

Сталінскае сонца.

 

Засвяціла ясна зорка

Добраю навінай

Над Заходняй Беларусяй

І над Украінай.

 

1939


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан