epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Заўсёды наперад

Ты слухай-паслухай,

Таварыш і брат:

Заўсёды наперад!

Ніколі назад!

 

Глядзі — во імчыцца —

Жыццю напралом —

Па полі, па пушчы

Віхор-буралом.

 

Як віхры, машыны

Бягуць па зямлі;

Па моры па сінім

Плывуць караблі.

 

У моры, ў азёры,

Палошчучы муць,

Крыніцы і рэкі

Цякуць і цякуць.

 

Арлы-самалёты

Свідруюць прастор,

Не знаючы ў лёце

Ні меж, ні разор.

 

Заўсёды наперад!

Ніколі назад!

....................................

Во гэтак, няйначай,

Таварыш і брат!

 

1931


1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан