Натачы, кавалёк,
Вострым-востра сярпок,
Адпусці, назубі, загартуй;
І ляшчынкі кусок
Адпілуй, кавалёк,
Нову ручку вазьмі дарыхтуй.
Наспяліўся шнурок,
Б’е паклон каласок,
Спаважнеў, пасівеў, шалясціць.
Пойдзе ходам сярпок,
Туды-сюды, скок-скок!
За сяло пабяжыць, пабяжыць.
Страшыў ніўку грамок,
Сухата і дажджок;
Птушка колас ляцела кляваць;
Шлі заломы, урок,—
Не збаяўся хлябок!—
Памажы, Божа, толькі зажаць!
Ляжа сноп у снапок,
Стане мэтлік, крыжок,
Не акіне і песня шнурка!
Будзе рад бедачок
Звозіць скарб у тачок,—
Вось яна, з мазалямі рука!
1909