На марозе, на мяцеліцы
Прынёс сівер зіму срогую;
Людцы песняй не вяселяцца,
Ў хаты крыюцца з трывогаю.
Ўсё замёрзла пад пялёнкаю
Снегу белага, халоднага;
Страх мець холад над старонкаю
Для убогага, галоднага!
Не плач, бедны, слязой горкаю!
Да вясны трэба памучыцца:
Ўзойдзе доля новай зоркаю,
І няшчасным папець лучыцца.
Мей надзею ў сэрцы ясную,
Што не век зіма паношыцца,
І без жальб, што шлеш напрасныя,
Слёзы высахнуць па крошачцы.
Белы стрэхі, бела поле;
Змоўкла птушак сакатанне.
Гайда, Янка! Вось раздолле!
Кінь калёсы — выладзь сані!
Заскакаў мароз па сценах,
Віхры ў коміне галосяць;
Дроў у хаце ні палена,
Дзеці, жонка есці просяць...
Не пужайся гэткіх хмураў:
Шмат у горад шурак трэба;
Хай жа дрогне лес пануры,—
Папрасі сякерай хлеба!
Гайда, жыва! Што не ў меру
Там трасешся, як у трасцы?
Насталі сваю сякеру,
Хай у пушчы стук раздасца!..
Ты худы, кабылка худа —
Хвойку вывезлі, аж міла!
Даказалі-такі цуду:
Конь, мужык на свеце — сіла!
[1908, 1911]