epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Змаўчыце, думы...

Як дуброваў шумы

Ўзімку ды ў марозы,—

Замаўчыце, думы,

Не наводзьце слёзаў.

 

Хоць так горка жыці —

Рэчкай гора льецца,—

Кінь, сэрца, тужыці,

Над чым свет смяецца.

 

Не ўслухайся, сэрца,

Не ўзірайцесь, вочы,

Што у паняверцы

Даць жыццё захоча.

 

Няпраўдай вялікай,

Душа, не смуціся,—

За агульным гікам,

Хоць і страшна, прыся.

 

Сэрцам к сэрцу пылка

Рынеш, небарака,

Дый цярпі — памылка,—

Там лёд ці вужака.

 

Ой, хоць так балесне,

Гаротнік, крапіся,

К канцу з думкай-песняй,

Як птушка, не рвіся.

 

Замрэ ж жалю голас,

Вораг паб’е крылле,

Будзеш, як той колас

Пасярод бадыляў.

 

Колас зломіць бура,

З зямлёю змяшае,

Табе жыццё збура

Нянавісць людская.

 

Дык замрыце, думы,

Сэрца не труціце,

Куды ветраў шумы —

Туды ў даль ляціце.

 

А далей ад свету,

Ад людзей найдалей,

І нясіце гэту

Песню майго жалю.

 

Там хоць вецер, можа,

Што гуляе ў полі,

Вас не патрывожа,

Пойме маю долю.

1907


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995. -462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан