epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Знямога

Плача сонца маладое

Над планетай над старою,

Іскры сыплюцца цурком,

Што не тымі пуцінамі

Ходзяць леты за лятамі

Ў вечным зладзе з курганом.

 

Безнадзейна, бестрывожна,

Ціха, зважна, асцярожна

Хаос гнёзды ўе свае,—

Вара зелле-калатуху,

Пое, зводзе князя-духа,

Перадыху не дае.

 

Світы, захады крыляцца,

На адной таўкуцца кладцы,

Цемра вабе згубным дном;

Плача сонца маладое

Над планетай над старою,

Іскры сыплюцца цурком.

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: http://knihi.com