epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Жнеям

Красаваў, наліваўся

І даспеў шнур мужычы;

Час вам, жнейкі, на бітву!

Постаць кліча, ой, кліча.

 

Сонца ўзыдзе і зайдзе,

Не кідае зямелькі,

Правядзе і спаткае

Ў поле, з поля вас, жнейкі.

 

Выйшлі з хатак за вёску,

Гнуцца, бедныя, ў полі,

Толькі песню чуваці

Іхняй долі-нядолі.

 

Жніце, жніце, галубкі,

Сваю радасць і слёзы!

Трэба многа нажаці —

Прыйдзе зімка, марозы:

 

К той прытуліцца братка,

К той — маленькі сынулька,

А ўсё хлеба, ой, хлеба

Дай, сястрыца, матулька!

 

Ходзяць хмары па небе

З нейкай дзіўнай трывогай;

Чутна жнейкіна песня,

Нуды ў песні той многа.

 

Хто злічыў тыя каплі,

Што нам неба прыносіць?

Хто прыслухаўся, людзі,

Аб чым жнейка галосіць?!.

 

[1906-1909]


[1906-1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан