epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Жніво

Годзе, жытцо маё, годзе, наспелае,

З хмарамі, з бурамі знацца, дружыць;

Годзе шумеці, думкі нясмелыя,

Годзе загоны сабой харашыць!

 

Жнеяў прыйшла во дружына вялікая,

З песняй за дзела ўзялася сваё;

Серп, як маланка, ўскок бегае, сыкае,

Глуха снапамі кладзецца жытцо.

 

Сталі ў калючым аржонні з павагаю

Мэтлікі шнурам адзін за адным;

Сэрца забілась надзеі адвагаю:

Ёсць на што глянуць, пацешыцца чым.

 

Эх, заплаці ж, дабрыцо, ты аратаму

За яго ў полі ўвесь труд над табой:

Дай ты багацце яму, небагатаму,—

З клеці не зводзься ягонай пустой.

 

Хай яго збудуцца думкі, адналеча

Гэтулькі вынесе, выцерпе ён,

З году у год аручы, засяваючы,

Потам, крывёю абліты загон!..

 

[1906-1912]


[1906-1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан