epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Зоркі

Ночкай, як толькі выходзіў я з хаты,

Зоркі на небе страчаў я чатыры;

Кожны раз зводзіў іх вогнік крылаты,

Хоць к ім з малітвай узносіўся шчырай.

 

Першая — бацькава зорка яснела,

Маткі — другая глядзела ў свет горка,

Трэцяя мне мігацела нясмела,

Роднай зямелькі — чацвертая зорка.

 

Першая згасла навекі не ў часе,

Звольна губляе бліск свой другая,

Трэцяя сумнаю мглой спавілася,

Толькі чацвертая лепей міргае.

 

1911




Беларуская Палічка: http://knihi.com