epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Купала

Жыды

Жыды! «Хрыстапрадаўцы і прыблуды»!

О, слава вам, ўсебеларускія жыды!

Я веру вам, хоць чорнай граззю ўсюды

Плюе вам раб і цар, стары і малады.

 

Нявольнікі вы сёння з намі разам

На беларускай змучанай зямлі,

Дзе чорны здзек пасвенчаным абразам

Гняце вас разам, як звяр’ё, ў крутой пятлі.

 

Вы ўскрэснеце, жыды, услед за Беларусяй,—

Сцяг ваш і нашая паходня будуць жыць,

Хоць наш магільнік кветкай апрануўся,

Хоць згубны мор над намі гібеляй імжыць!

 

Не згаслі вашы і не згаснуць свечкі,—

Вы для народаў далі мудрага Хрыста,

Якому ўзнеслі грэшныя авечкі

Муры, дзе векі бьець паклоны бедната.

 

Таго ж Хрыста прыбілі вы да крыжа,

Бо ён вам ворагам для Бацькаўшчыны быў,

І распасцерці сваю ўладу выжай

Народ ваш меціўся пад водгаласы ніў.

 

Але вам край ваш выдзерлі народы,

На вечнае бадзянне ў прочкі згналі вас,

І разбрыліся вы — ўсе вашы роды

Па нетры ўсіх старон на векавы папас.

 

І вось, Усход і Захад, Поўдзень, Поўнач,

Уся зямля гасцьмі тады вас прыняла,

Вы ўсім і ўсе няслі вам братню помач,

Вы ўсіх тады і ўсе вас сцераглі ад зла.

 

Калі ў Гішпаньі ўзбунтаваны людзі

З сваёй краіны выгналі вас напасмех,

На беларускім полі вашы грудзі

Навек знайшлі дняванне, страву і начлег.

 

Шлі дні. І вас у ланцугі скавалі

Бязбожны каралі і дэспаты-цары.

Адны вас беларусы шанавалі,

Як блізкіх родных — да святлейшае пары.

 

Масква й Варшава аплюлі вам імя

І ў дзікай чэрні ненавісць спладзілі к вам,

А Беларусь пад крыллямі сваімі

Вас грэла й вашым нянькаю была дзяцям.

 

Пасля, жыды, вы зрэкліся народу,

Які вам шчыра даў багацце і прыпын;

Пайшлі прыдбаць сабе чэсць і выгоду

Да сільных тых, хто даў вам вісельню і чын!

 

Раскіданыя гібнуць па ўсім свеце.

Вы Месіі чакаеце яшчэ, жыды,—

Тэй Месіі ждуць Беларусі дзеці.

І з вамі пойдуць, як вы з намі, ўсе тады.

 

Ваш ясны светач там, дзе Палестына,

Наш ясны светач — Маці-Беларусь адна;

Спадзе ланцуг ваш у сляпым загіну,

Спадзе ланцуг наш і заззяе ўсім вясна!

 

Цяпер за вамі слова ў буру гэту:

Пайці ці не, з народам нашым да святла...

Пара, жыды, паны усяго свету,

Сплаціці доўг, які вам Беларусь дала!

 

1919




Беларуская Палічка: http://knihi.com