epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Амок

ЧАСТКА ПЕРШАЯ. КАМУ ПРЫГОДЫ - КАМУ БАРАЦЬБА
  I. ТАМ, ДЗЕ КАЛІСЬЦІ ГРУКАТАЎ КРАКАТАУ
    У Зондскай пратоцы.— Кракатау.— Напад на ваенны карабель.— Хто каго: машына ці вецер? — Храбры мічман.— Цёмныя і белыя.—Карабель захоплены.— Суд.
  ІІ. ПАВАЖАНЫ ПРАДСТАЎНІК ПАВАЖАНАЙ ФІРМЫ ВАН БРОМ І К° У АМСТЭРДАМЕ
    Мінгер ван Дэкер і мінгер Піп.— Старанны капялюш.— Батавія.— Мітынг на рынку.— Пракляты чэрап і святая фіга.— Кій мае два канцы.
  ІІІ. САПСАВАНЫ БАЛЬ
    Некалькі рысак з каланіяльнай дзейнасці галандцаў.— Кававыя планы ван Дэкера.— Баль у генерал-губернатара.— Каляровыя паны.— Слава мічмана ван Хорка.— Мядовыя словы і бомба.
  IV. ЖЫЦЦЕ ЯВАНСКАГА НАРОДА
    Дэза Банд'ю.— Цукровая плантацыя Більбо.— Бізуны на дванаццаць чалавек адразу.— Чыстка.— Па-Інго і яго сын.— Пажар на плантацыі.— «Бунт».— Прыезд рэгента.— Дур'янам па галаве! — Няшчасці Па-Інго.— Амок!
  V. ПА ДАРОЗЕ Ў НЕВЯДОМУЮ БУДУЧЫНЮ
    Нонг у дарозе.— Сустрэча з Піпам.— Свядомая жывёліна.— Нонг на службе ў Піпа.— Каму смех, а каму гора.— Прыезд у Тэнанг.
  VI У ПЕРШАБЫТНЫМ ЛЕСЕ
    Паляўнічая экспедыцыя.— Дзівы дзіўныя.— Краска-падла.— Жарт малпы.— Мул у ботах.— Чароўныя агні.
  VII. НЕЗВЫЧАЙНЫЯ ПРЫГОДЫ МІНГЕРА ПІПА
    Піп на паляванні.— Спынены абед.— Змяя ў капелюшы.— Гульня з «бадакам» насмерць.— Хітры «мат'ян».
  VIII. ЗАХАВАЛЬНІКІ ВЕРЫ ДЗЯДОЎ
    У гасцях у бадувісаў.— Пад аховай табу.— Свята малпаў.— Дыпламатыя Піпа.— Цуды пяцірукага бога.— Добраахвотны пакутнік.— Правадыр-здань.— Экскурсія ў ваколіцы.— Даліна гейзераў.— Спакуса.— Піп знік.
  ІХ. У НЕТРАХ СТАРАДАЎНЯГА ХРАМА
    Неспадзяваны госць.— Жывая здань.— Мудрая пастанова.— Святы жывасілам.— Замагільны сусед.— Разгадка «цудаў».— Найлепшы цуд у жыцці Піпа.
  Х. МІНГЕР ПІП ЗАБЛЫТАЎСЯ Ў ЧУЖЫХ СПРАВАХ
    Мінгер ван Дэкер і Тугай у іншай ролі.— Сустрэча з Нонгам.— Ад'езд Піпа.— Лагер інсургентаў.— Нарада.— З агню ды ў полымя.
  ХІ. ЗА КОШТ БОГА БАГАРА-ТУНГАЛЯ
    Закон перамог! — Шуканне ўвахода.— Дапамога прыроды.— Наваселле.— На далейшую працу.
  XII. АПОШНЯЯ ПРЫГОДА МІНГЕРА ПІПА
    За чужую віну.— Турма адпаведна колеру скуры.— Допыт.— Таемны сведка.— Мядзведжая паслуга.— Вызваленне.
ЧАСТКА ДРУГАЯ. ПЕРШЫ ПАЧЫН
  І. СКАЛЫ ЛАСТАЎЧЫНЫХ ГНЁЗДАЎ
    Паўднёвы бераг Явы.— «Саардам» пад камандай босага капітана.— Прыяцелі ці ворагі? — Абследаванне фіёрда.— Далікатная сустрэча з англійскім дрэдноутам.— З караблём праз бар'ер.— Пад аховай птушак.— Выгрузка зброі.— Гібель Гано.
  ІІ. ПА ЦЭНТРАЛЬНАЙ ЯВЕ
    Далейшае падарожжа ван Дэкера.— Незалежны султан і яго малодшы брат.— Яснавяльможнае пудзіла.— Самы вялікі імператар у свеце.— Страўная працэсія.— Нарада ў настаўніка.
  ІІІ. ЗМЯІНАЕ ПАДЗЯМЕЛЛЕ
    Пошукі склада для зброі.— Вулканічнае гняздо.— Дзік ці чорт? — Шкляны палац.— Паляванне пад зямлёй.— Змяінае царства.— Таемныя стрэлы.— Пякельнае з'явішча.— Неспадзяваная матэматыка.— Канвеер.— Трывожная тэлеграма.— Адплыццё «Саардама».
  ІV. У ДЗЯРЖАВЕ ІМПЕРАТАРА ПАКУ-БУВОНА-СЕНАПАЦІ-ІНГНАГАЛОГА-НГАБДУР-РАХМАН-САЙДЫН-ПАНАТАГАМА
    Яго вялікасць не мае грошай.— Запасны імператар.— Узаемаадносіны «братоў».— Царскае святкаванне.— Бойка звяроў.— Яснавяльможныя рэвалюцыянеры.— Адказная паездка.
  V. СЯБРЫ МІМАВОЛІ
    Неспадзяваны прыяцель.— Воўк і авечка.— Кітайскае пахаванне.— Трагікамедыя на могілках.— Па аднаму следу.— Смерць здрадніка.
  VI. УЦЕКАЧЫ
    Рыбацкая лодка.— Рыбы ў паветры.— Уцекачы.— Бойка на моры.— Шквал.— Калі сонца засвяціла зноў...— А ўсё ж такі паехалі! — Рыбін канцэрт.— Зноў у бядзе.— Пячора з музыкай.— У бутэльцы.— А вада ўсё прыбывае...
  VII. БАРАЦЬБА ЗА ЗБРОЮ
    Першая перамога.— Новыя ваенныя аперацыі.— Адны адных абышлі! — Крытычны момант.— Неспадзяваная дапамога.— Нерат.— «Машына» зноў пушчана.— Хоць бачыць вока, але зуб не бярэ.
  VII. МІСІЯ НОНГА
    Правал у Суракарце і Сурабайі.— Нонгаў кошык.— На радзімым слупку.— Зноў у Батавіі.— Незвычайная ахвяра святой фізе.— Начная чарга.— Новы знаёмы.
  ІХ. ПАЎСТАННЕ У БАТАВІІ
    У будынку пошты.— Каля турмы.— Дарэмныя намаганні.— Па-за горадам.— Прыгоды партызанскага атрада.— У цясніне.
  Х. БАНТАМ У АГНІ
    Святыя атрады.— Бойка пад Тэнангам.— Зброя замуравана.— Паход самога генерал-губернатара.— «Замірэнне» краю.— Зноў у бадувісаў.— Апошнія хвіліны.— Дапамога змяінага войска.— Паляванне на паўстанцаў.
  ХІ. НІЗКІ АХВЯР


 

ЧАСТКА ПЕРШАЯ. КАМУ ПРЫГОДЫ - КАМУ БАРАЦЬБА

 

I. ТАМ, ДЗЕ КАЛІСЬЦІ ГРУКАТАЎ КРАКАТАУ

 

У Зондскай пратоцы.— Кракатау.— Напад на ваенны карабель.— Хто каго: машына ці вецер? — Храбры мічман.— Цёмныя і белыя.—Карабель захоплены.— Суд.

Невялікі галандскі ваенны карабель «Саардам» набліжаўся з поўдня да Зондскай пратокі. З левага боку Суматра, з правага — Ява паступова насоўваліся ўсё бліжэй і бліжэй, нібы мерыліся зусім загарадзіць дарогу.

— Апусціць парусы! Узмацніць пару! — загадаў капітан.

«Саардам» змяшчаў дзве тысячы тон грузу і мог плысці як пры дапамозе ветру, так і пры дапамозе пары. Пакуль ён быў у адкрытым моры, ён карыстаўся парусамі, а цяпер, у вузкай пратоцы, дзе вецер кожную хвіліну змяняў свой кірунак, парусы толькі перашкаджалі. Ды пад вечар і наогул вецер пачаў сціхаць.

— Значыцца, заўтра раніцою будзем у Батавіі1,— сказаў лейтэнант Брэнд,— засталося дзвесце міляў.

— Непрыемна толькі ісці ўначы ў гэтым вузкім калідоры,— нахмурыўшыся, сказаў капітан.

— Глупства! — весела адказаў Брэнд.— Мы ж, можна сказаць, ужо дома, дарогу ведаем. Праўда, стары? — звярнуўся ён да боцмана Гуза, які стаяў побач і смактаў сваю неразлучную люльку.

Той, не спяшаючыся, выняў з рота люльку, плюнуў у мора і сказаў:

— Завяжыце мне вочы, і я бяруся ў такім стане правесці вас у Батавію.

Праўду кажучы, і сам капітан ведаў, што ніякай небяспекі не можа быць. Сказаў ён гэта так сабе, па прывычцы, як адказны гаспадар, які павінен усё прадугледзець.

«Саардам» вёз у Батавію зброю: сотню кулямётаў, тысяч трыццаць вінтовак ды адпаведную колькасць іншых ваенных прыпасаў. Чатыры гарматы і шэсцьдзесят чалавек каманды складалі яго абарону.

Але пра небяспеку ніхто і не думаў, нават само начальства. Ну, хто мог пагражаць дзяржаўнаму ваеннаму караблю ў моры? Ці не гэтыя вунь няшчасныя паднявольныя рыбакі, што ў сваіх нікчэмных чоўнах снавалі ўзад і ўперад? Зразумела, такая думка не магла нікому прыйсці ў галаву ў пачатку 1926 года.

Палова каманды складалася з салдат-інданезійцаў, набраных з розных астравоў і вымуштраваных не горш ад галандцаў. Тут былі і з Суматры, і з Барнео, і з Цэлебеса, але большасць была з Явы. Убраныя ў вайсковае адзенне, яны мала адрозніваліся ад белых; толькі колер іх цела быў або жаўцейшы, або цямнейшы.

Сярод іх вызначаўся баліец (з вострава Балі, на ўсход ад Явы) Салул, высокі худы малаец з удумлівымі і выразлівымі вачыма. Дзесяць гадоў назад ён неяк трапіў на сталую работу ў ваенна-марскія майстэрні ў Сурабайі і праз некалькі год зрабіўся кваліфікаваным слесарам. На «Саардаме» ён і займаўся сваёй спецыяльнасцю: як добры гаспадар, хадзіў па караблі, усё разглядаў, кратаў — там прыстукне, там падправіць. Начальства толькі цешылася, гледзячы на яго.

Тым часам «Саардам» абмінаў некалькі голых астраўкоў, сярод якіх адзін быў асабліва цікавы. Ён выглядаў, як вяршыня гары, нібы рассечаная зверху да нізу. Пасярэдзіне ж засталося паглыбленне, нібы калісьці з-пад зямлі тут ішоў ход.

— Кракатау! — пачуліся галасы, і ўсе сталі глядзець на гару з нейкай асаблівай увагай.

Голая скала, без ніводнай зялёнай раслінкі, была мёртвая. На чорным фоне яе мільгалі белыя чайкі. Вада ціха плюхалася пад гарою. Косыя праменні вячэрняга сонца зіхацелі з аднаго боку, як на каляровым шкле.

— Хто б мог падумаць,— прамовіў лейтэнант,— што гэтая ціхая скала загубіла сорак тысяч людзей і знішчыла некалькі гарадоў? Шчаслівец Гуз, здаецца, сам бачыў гэтае цікавае з’явішча? — зноў звярнуўся ён да боцмана.

Люлька Гуза задымілася яшчэ мацней. Відаць было, што ён перажываў жудасныя ўспаміны.

— Нікому не жадаю такога шчасця,— сказаў ён праз сціснутыя зубы, не вымаючы люлькі з рота.

— Раскажы, раскажы, як яно было! — пачалі прасіць таварышы.

Гуз засоп яшчэ болей, потым выняў люльку з рота, вытрас яе аб борт, схаваў у кішэню і павольна пачаў:

— Мне было тады гадоў пятнаццаць2. Мы жылі вунь там, у Анжэры. Ля гэтага вострава мне прыходзілася праязджаць. Ён тады займаў плошчу ў тры разы большую за цяперашнюю, але і тады на ім ніхто не жыў. Ведалі мы, што гэта вулкан, што гадоў дзвесце назад ён дзейнічаў, што ў ім ёсць тры невялікія кратэры за тры-чатыры кіламетры адзін ад аднаго, але аб гэтым ніхто не думаў, бо такіх вулканаў на адной толькі Яве цэлых сто дваццаць адзін3. І вось аднаго разу Кракатау прачнуўся. Пачуўся грукат, над кратэрам падняўся воблачны слуп, як потым казалі, на адзінаццаць кіламетраў у вышыню. Уначы ён ззяў праменнямі; усё гэта мы маглі наглядаць з Анжэра, хоць ад нас да вулкана было трыццаць пяць міль. Праз некаторы час пасыпаўся попел і ўкрыў зямлю і дрэвы нібы снегам. Праз некалькі дзён стала цішэй; потым зноў пачалося. Так цягнулася тры месяцы. Мы прызвычаіліся, перасталі непакоіцца і былі вельмі задаволены, што ён знаходзіцца далёка ад нас, у моры, і нікому не можа пагражаць. Але 26 жніўня ля паўдня пачуўся такі грукат, што мы не маглі пачуць голасу адзін аднаго: зямля затрэслася, дамы абвальваліся. Над кратэрам быў ужо слуп, як пазней пісалі ў газетах, у трыццаць кіламетраў вышынёй. Потым зрабілася цёмна. Мора разбушавалася. Хвалі рынуліся на зямлю і знеслі палову нашага горада і некалькі вёсак. Наш дом застаўся на месцы. Зверху ўвесь час сыпаўся попел. Часам даляталі гарачыя каменні. Зямля дрыжала без перапынку. Цемра была такая, што за два крокі нічога не было відаць. Сярод гэтага пекла разгулялася навальніца. Хвалі ўсё напіралі, але яны былі густыя, ліпучыя ад попелу. Здавалася, што і неба, і зямля, і вада перамяшаліся. Дождж, змяшаўшыся з попелам, падаў на зямлю гарачай гразёю. Вядома, народ быў упэўнены, што прыйшоў канец свету. Людзі беглі куды вочы глядзяць, натыкаліся ў цемры на дамы, дрэвы, падалі і тапіліся ў гарачай гразі. Кажуць, што гэтая цемра стаяла васемнаццаць гадзін, але для нас усіх гэта была цэлая вечнасць. Усе, хто мог, уцякалі далей ад берага, да ўзвышшаў; паспрабавалі і мы, але зараз жа пераканаліся, што тады будзе яшчэ горш: па пояс у гразі, у цемры, усё роўна нельга было ўцячы. А наш дом быў на самым высокім месцы; мы і парашылі нікуды не ўцякаць. Шмат суседзяў таксама сабралася да нас. Вось скончылася бура, праз жоўты туман крыху засвяціла сонца. Мы аж закрычалі ад радасці: канец, выратаваліся! Але раптам пачуўся такі грукат і ўздрыг, што ўсе мы адразу паваліліся на зямлю. А праз хвіліну я ўбачыў нешта такое, чаго ніколі не забудуся: на нас ішла гара, цёмная, рудая, а на яе вяршыні — карабель!!!

Гуз змоўк і палез за люлькай. Маўчалі і слухачы. З левага боку ціха набліжаўся Кракатау з такім выглядам, нібы ўся гэтая гісторыя яго не датычылася...

— Ну, а як жа нарэшце ты выратаваўся?

— Не ведаю. Калі я ачуняў, дык ляжаў на ўзгорку за дзве мілі ад дому, ля мяне — дах ад нашай хаты, а на сто метраў далей — разбіты карабель... Уся мая сям’я загінула. Ды і наогул з нашага горада засталося жывымі чалавек пятнаццаць.

І Гуз адышоў убок. Відаць, яму не хацелася больш гаварыць аб гэтым.

Мы можам дадаць, што марскія хвалі ад гэтага выбуху дакаціліся аж да Амерыкі, а грукат людзі чулі за тры тысячы чатырыста кіламетраў. На дзесяткі кіламетраў навокала пласт попелу дасягаў дваццаці — сарака метраў таўшчыні. У моры ён плаваў наверсе некалькі дзён, як лёд, у два метры таўшчынёй, пакуль не пайшоў на дно. Адзін карабель шэсць дзён сядзеў у гэтай кашы, а пасажыры ледзь не памерлі ад голаду.

Зразумела, пабярэжжа Суматры, асабліва ж Явы, як ніжэйшае, было знішчана дашчэнту. Замест гарадоў, вёсак, палёў, лясоў зрабілася мешаніна з рэчаў, жывёлы, людзей, раслін і гразі.

Праз некалькі месяцаў у Еўропе і некаторых іншых месцах зямлі заўважылі, што перад заходам сонца неба прымае нейкі асаблівы зялёны колер, нібы сонечнае святло праходзіць праз пыл. Вучоныя растлумачылі, што гэта пыл ад Кракатау на вышыні шасцідзесяці — сямідзесяці кіламетраў.

«Саардам» ішоў далей.

Кракатау застаўся ззаду. За ім пайшлі другія астраўкі, маленькія, нізкія.

— Гэтыя астраўкі парабіў Кракатау,— сказаў лейтэнант.— А вось там далей ляжыць досыць вялікі і людны востраў — Сэбезі; на ім тады загінулі ўсе жыхары да апошняга.

Гэтыя ўспаміны ды жывыя і мёртвыя сведкі жудасных падзей зрабілі ўражанне на ўсю каманду «Саардама». Нават ніхто не заўважыў, як зрабілася цёмна. Ды і наогул над тропікамі ноч заўсёды надыходзіць раптоўна, без змроку. Пакуль сонца свеціць — дзень, а як толькі зайшло — адразу цёмная ноч. Карабель жа быў цяпер на экватары, дзе ўвесь год сонца ўзыходзіць акурат а шостай гадзіне і заходзіць таксама а шостай гадзіне.

Карабель асвятліўся агнямі і накіраваўся бліжэй да яванскага берага.

У самым вузкім месцы Зондскай пратокі, акурат пасярэдзіне яе, ляжыць востраў з вельмі цікавай назвай: Поперак Дарогі.

— Можа, гэты самы Кракатау наўмысля зрабіў востраў поперак дарогі? — пажартаваў малады матрос.

— Не, ён тут быў заўсёды,— усміхнуўся Гуз.— Ён ужо даўно перашкаджае ўсім.

Але вельмі скардзіцца на Поперак Дарогі не прыходзілася: з абодвух бакоў ён усё ж такі пакідаў вольны шлях на міль пяць-шэсць шырыні.

Заблішчаў маяк з правага боку. За ім мігцелі слабенькія агні Анжэра. Гуз задуменна глядзеў на свой родны горад, які быў для яго зусім новым, чужым.

— Ты быў у Анжэры пасля таго? — запытаўся яго малады матрос.

Гуз адказаў не адразу. Выпусціў з сваёй люлькі некалькі воблакаў дыму і, калі яны зніклі, сказаў:

— Быў. Адзін раз. Але гэта не толькі другі горад, другія людзі, але і зусім другая краіна. Я сябе там адчуваў, нібы нябожчык, які праз сто гадоў вылез з магілы і пайшоў сабе хадзіць па горадзе, дзе яго ніхто не ведае ды і ён сам не знаходзіць нічога знаёмага.

Вось ужо і Анжэр застаўся ззаду. Спераду, крыху лявей, зацямнеўся абрыс Поперак Дарогі. Бераг жа Явы трохі завярнуўся ўправа. Там было ўжо зусім цёмна. Белы туман поўз адтуль і засцілаў дарогу. І толькі далей праз туман ледзь мільгалі агеньчыкі Марока, гарадка, які знаходзіцца ад Анжэра за кіламетраў дваццаць пяць.

Уваходзячы ў самае вузкае месца, «Саардам» сцішыў ход. Частка матросаў спусцілася ў свае каюты, рэшта засталася на носе.

Толькі Салул з адным з сваіх таварышаў чамусьці засталіся на карме, пільна прыглядаючыся то да Поперак Дарогі, то да берага Явы.

Раптам наперадзе з туману пачуліся перапалоханыя крыкі.

— Што там такое? — запытаўся капітан.

— Здаецца, лодка на дарозе,— адказалі яму.

Зычны гудок прарэзаў начную цішу. Але вялізная, нязграбная лодка апынулася перад самым носам карабля. «Саардам» прыпыніўся.

— Прэч з дарогі! — закрычалі з карабля.

— Ды яна напалову залітая вадой! — крыкнуў нехта.

І сапраўды, лодка была напоўнена вадой, а ў гэтай вадзе размахвалі рукамі і крычалі ад жаху чатыры цёмныя чалавекі.

Капітан раззлаваўся. Ён ужо хацеў быў закамандаваць «наперад», каб зусім утапіць гэтых дзікуноў — хай не становяцца поперак дарогі. Але зараз жа ў яго з’явілася думка, што гэтая цяжкая вялізная лодка можа таксама пашкодзіць і самому караблю. І замест «наперад» — ён скамандаваў «назад». Карабель зусім спыніўся і ціхенька стаў заварочваць, каб абмінуць лодку.

Зразумела, усе людзі на караблі былі зацікаўлены такім здарэннем. Яны стоўпіліся на носе і ці смяяліся, ці шкадавалі гэтых людзей.

Толькі Салул і яго таварыш Барас быццам нічога не чулі і не бачылі. Яны нават і не зірнулі ў той бок, а замест таго чамусьці спусцілі ззаду ў ваду два канцы вяроўкі і моцна іх прывязалі. Ніхто гэтага не заўважыў.

Потым яны аб нечым пагаварылі, і Барас хутка пабег уніз.

«Саардам» тым часам абмінаў лодку.

Раптам пагасла электрычнасць.

— Зноў нешта здарылася?! — загрымеў зверху голас капітана.— Расстраляю! Зараз жа паправіць, а пакуль што запаліць ліхтары! Каб святло было праз адну мінуту!

Хоць ліхтарні былі заўсёды нарыхтаваныя, але на гэты раз іх чамусьці або не было на сваім месцы, або яны былі папсаваныя.

Паднялася мітусня. Людзі бегалі па палубе, шукалі, крычалі, палілі запалкі, але ніякага толку не было.

Капітан ад здзіўлення і абурэння нават крычаць не мог; некалькі хвілін ён стаяў як скамянелы і не верыў сваім вачам і вушам. Як?! На ваенным караблі, уначы, у моры, побач з чужымі людзьмі такі непарадак, цемра, гармідар! Дык за гэта ж трэба расстраляць усю каманду і яго самога разам з імі!

— Што гэта такое? Тут, здаецца, чужыя! Да зброі! — пачуўся голас лейтэнанта. Але зараз жа ён адчуў страшэнны ўдар па галаве і зваліўся непрытомным.

— Нікога тут з чужых няма,— сказаў спакойна Салул,— зараз будзе святло.

Але на палубе тым часам пачало рабіцца нешта зусім незразумелае — барацьба, крыкі, тузаніна.

— Здрада! Бараніцеся! — зноў пачуліся галасы, і па ўсім караблі ў цемры пачалася бойка. Праклёны, грукат барацьбы, злосны рык або смяротны хрып. Вось некалькі разоў плюхнулася вада за бортам; невядома толькі, ці па сваёй ахвоце кінуўся ратавацца чалавек, ці яго выкінулі.

Капітан з рулявым былі адны на сваім мосціку. Яшчэ пры першым крыку лейтэнанта капітан выхапіў рэвальвер і даў сігнал:

— Трывога! Усе наверх!

Але ніякіх вынікаў яго загад не даў. Ніхто знізу не прыбег, і барацьба ішла сваім парадкам. Пачуліся некалькі стрэлаў, але толькі некалькі. Капітан адразу сцяміў, што гэты непарадак можа загубіць іх. Трэба было, чаго б гэта ні каштавала, сабраць сваіх у адно месца. Ён стрэльнуў з рэвальвера і крыкнуў:

— Збірацца сюды, да мяне!

Ён ужо бачыў, што адбываецца нейкі напад, але хто нападае і колькі іх? Апрача тых чатырох рыбакоў у лодцы, нікога, здаецца, не было відаць. Няўжо ж гэта толькі яны? А калі не, дык хто яшчэ і адкуль?

Але разважаць не было часу. У кожным разе было відаць, што нападае шмат людзей.

— Святло, святло хутчэй! — зноў закрычаў капітан уніз, да механіка.

Ізноў адказаў яму спакойны голас Салула:

— Зараз, зараз, капітан!

Тым часам рэшта каманды сабралася ў адно месца, каля капітанскага мосціка, і адбівалася чым хто мог. Ужо відаць было, што навакол сабраўся вялікі натоўп чужых людзей. Можна было ўжо страляць у іх, не баючыся трапіць у сваіх.

— Дзе ж ваша зброя, лайдакі вы, здраднікі! Чаму не страляеце?! — крыкнуў капітан да сваіх салдат і пачаў сам страляць у варожы натоўп.

Тады і адтуль пасыпаліся кулі ў яго,— і праз хвіліну капітан захістаўся, паранены ў руку і ў бок.

Толькі тады запалілася святло і асвятліла карабель. Тое, што ўбачыў капітан, уразіла яго больш, як кулі.

Уся палуба была занята мясцовымі жыхарамі. Іх было чалавек шэсцьдзесят. Некаторыя апрануты, як і кожны белы, іншыя толькі ў штанах ці кароткіх спадніцах. Чалавек дваццаць трымалі напагатове стрэльбы, а рэшта мела ў руках крысы (крывыя кінжалы). Наперадзе, як начальнік, стаяў Салул з лейтэнантавым рэвальверам у руцэ, а побач з ім — шэсць чалавек з каманды «Саардама» ва ўсёй галандскай каралеўскай форме і пры зброі. Зразумела, матросы гэтыя былі з інданезійцаў.

Побач сядзеў на палубе лейтэнант, які толькі што ачуняў і пазіраў навокала, не разумеючы, што такое робіцца. Крыху далей ляжала чалавек дзесяць забітых і цяжка параненых матросаў і нападаўшых. А ля мастка збіліся ў гурток апошнія абаронцы, у ліку пятнаццаці-дваццаці чалавек, з якіх толькі два-тры мелі зброю.

— Здраднікі! Што вы робіце? Вас жа расстраляюць, як сабак! Пакайцеся, пакуль не позна. Я абяцаю, што, прынамсі, хоць жыццё вам даруюць,— звярнуўся капітан да сваіх матросаў-здраднікаў.

Яны толькі засмяяліся ў адказ, а Салул сказаў:

— Ведаем мы вашы абяцанкі. Ды, шчыра кажучы, нам і каяцца няма ніякай ахвоты, бо мы робім добрую справу.

Ад гэткай абразы капітан ірвануўся, хацеў зноў ухапіцца за рэвальвер, але не хапіла моцы. Галава закружылася, і ён апусціўся на дол.

Унізе, пад палубай, тым часам заставалася чалавек трыццаць пяць каманды. З самага пачатку нападу люкі былі шчыльна зачынены і замацаваны, і палова каманды засталася ўнізе ў палоне. Яны чулі, што наверсе ідзе бойка, чулі тупат, грукат, страляніну, але нічым не маглі дапамагчы, хоць і зброі ў іх было больш як трэба.

Яны маглі б перагаворвацца праз слыхавую трубу, якая ідзе з машыннага аддзялення да капітанскай будкі, але цяпер не было каму з імі размаўляць.

Тады яны пачалі стукаць і ламаць сілком люкі, але гэта была безнадзейная справа. Апрача таго, яны добра ведалі, што там, наверсе, хапіла б некалькі чалавек, каб справіцца з імі ўсімі, калі яны пачнуць высоўваць галовы праз люкі. Так яны і прымушаны былі чакаць, пакуль вырашыцца іх лёс.

Больш паловы з іх былі інданезійцы. Яны мелі асобнае ад галандцаў памяшканне і заўсёды адчувалі сябе людзьмі другога гатунку. Але яны былі так выхаваны і так прызвычаіліся да свайго становішча, што рэдка каму магла прыйсці думка, што гэта несправядліва. І ўсё ж такі галандцы не былі ўпэўнены, што іх «таварышы» будуць іх абараняць.

Тым часам на палубе Салул казаў матросам:

— Вы самі добра ведаеце, што абараняцца вы не можаце,— і зброі ў вас амаль зусім няма, і саміх вас менш за нас. Здавайцеся хутчэй.

Справа была настолькі ясная, што даводзіць доўга не прыйшлося. Мясцовыя матросы і самі хацелі такім чынам скончыць справу, ды толькі страх перад белымі прымушаў іх чакаць, пакуль тыя пачнуць першыя. А белых матросаў было ўсяго некалькі чалавек. Убачыўшы, што капітан і лейтэнант выбылі са строю, яны паднялі рукі, а за імі дружна падняліся ўсе каляровыя рукі.

Праз хвіліну ўсё было скончана. Тых, хто здаўся, адвялі ўбок і прыставілі варту.

Заставалася палова каманды ўнізе.

Салул падняўся на масток і звярнуўся да іх праз трубу.

— Карабель у руках яванскага народа. Каманда на палубе здалася і абяззброена. Капітан ранены і патрабуе лекарскай дапамогі. Супраціўленне з вашага боку немагчыма. Прапануецца вам здацца.

Унізе сярод галандцаў асабліва гарачыўся малады мічман ван Хорк. Ён так і палаў жаданнем распачаць бойку з «разбойнікамі». Ён чытаў шмат кніжак, дзе галандцы заўсёды былі героямі, заўсёды ўсіх перамагалі, асабліва розных там дзікуноў і піратаў. Ён і сам марыў аб такім геройстве, колькі разоў шкадаваў, што яму ні разу не даводзілася сустракацца з імі і нават не прадбачылася, бо ўсё навакол было так ціха, спакойна, звычайна.

Урэшце рашучая хвіліна наступіла, і вось — на табе: нават скарыстаць яе нельга, сядзі тут і чакай немаведама чаго!

За адсутнасцю больш вышэйшага начальства, якое засталося наверсе, мічман ван Хорк тут быў галоўным камандзірам. Ён ужо ўяўляў сабе, як са сваімі вернымі матросамі ён вызваліць карабель, як праславіцца не толькі на ўсю Галандыю, але нават і на ўвесь свет.

— Браткі! — казаў ён свайму атраду.— Нас трыццаць чатыры чалавекі, у нашых руках уся зброя і, можна сказаць, увесь карабель — машыны, прыпасы. Без нас яны не змогуць пасунуць карабель ні на крок. Нават калі і без штурвала мы пусцім машыны, дык усё роўна прыткнёмся да якога-небудзь берага, а там ужо прыйдзе і дапамога. Мала таго, калі мы і нікуды не пасунемся, а пратрымаемся на месцы да раніцы, тады таксама нас заўважаць і прыйдуць на дапамогу. Не забывайцеся, што мы знаходзімся ў людным месцы, ля сваіх берагоў.

Разважанні былі слушныя, і нават Гуз, які спакойна сядзеў і дыміў з сваёй люлькі, і той моўчкі кіўнуў галавой у знак згоды.

У гэты момант перадалі, што зверху прыйшла прапанова здацца.

Ван Хорк пабег да трубы.

— Хто вы такія і як вы адважыліся нападаць на ваенны дзяржаўны карабель?

— Мы — гаспадары тутэйшай краіны і бяром карабель у свае рукі,— адказаў нейкі знаёмы голас, але мічман не мог адразу спазнаць чый.

Ван Хорк аж пазелянеў ад злосці.

— Хутка мы ўбачым, хто тут гаспадары! — адказаў ён, ледзь стрымліваючы сябе.— А пакуль што прапаную вам здацца. Бо праз некалькі гадзін вы будзеце хістацца на шыбеніцы.

— Вось табе і маеш! — звярнуўся Салул да сваіх на малайскай мове.— Бачыце, яны самі прапануюць нам здацца!

Гэта выклікала вясёлы смех сярод паўстанцаў. Потым Салул зноў сказаў у трубу:

— Ну, тады мы знойдзем спосабы супакоіць вас. Пакуль што падумайце.

— Падумайце і вы, пакуль не позна! — крыкнуў у адказ ван Хорк.

«Саардам» увесь гэты час стаяў на месцы; машыны глуха гулі, не рухаючыся. Карабель нават пачало адносіць крыху назад. Ззаду былі прычэплены чатыры лодкі, на якіх прыехалі інсургенты (паўстанцы). Электрычнасць на палубе згасла: гэта знізу выключылі святло.

— Тым лепей,— сказаў Барас,— нам ўсё роўна няма інтарэсу вельмі асвятляцца.

Было гадзін каля дзесяці. Да раніцы заставалася яшчэ восем гадзін. Навокала было ціха. Рух у Зондскай пратоцы звычайна вельмі малы, бо вядзе яна ў паўднёвую пустэльную частку Індыйскага акіяна. Злева цямнеўся Поперак Дарогі, справа далёка мільгаў агонь маяка.

Інсургенты зрабілі нараду. Стаяла пытанне: што рабіць далей?

— Мы маем у сваім распараджэнні восем гадзін,— казаў Салул.— Часу досыць. Але як авалодаць машынным аддзяленнем і трумамі? Ці не паспрабаваць штурмам рынуцца на іх?

Старэйшы з новапрыбыўшых, Гудас, паківаў галавой і сказаў:

— У гэтай справе ёсць дзве невыгоды: па-першае, яны могуць усіх нас перабіць па чарзе, а па-другое, пры такой бойцы ўнутры карабля лёгка могуць узарвацца боепрыпасы, і тады не толькі мы ўсе загінем, але загубім самае каштоўнае для нас — зброю.

У гэты момант з поўначы падзьмуў лёгкі ветрык. Барас раптам ускочыў і крыкнуў:

— Нічога гэтага не трэба! Мы паставім парусы і паедзем назад. Праўда, вецер яшчэ вельмі слабы, але за восем гадзін мы можам ад’ехаць досыць далёка. Ды пад раніцу можна чакаць і больш свежага ветру. А яны хай сабе там сядзяць. У моры мы паспеем з імі справіцца.

Прапанова была простая і разумная. Пакуль што спыніліся на ёй. Закіпела работа. Усе малайцы даўно ўжо вядомы як здольныя спрактыкаваныя маракі. Хутка парусы былі пастаўлены.

«Саардам» пачаў патроху заварочвацца. Справа ішла марудна; вецер быў вельмі слабы, часам зусім сцішаўся, і толькі праз паўгадзіны карабель шырокай дугою завярнуўся назад. Тады пайшло лягчэй. Вецер дзьмуў у спіну хоць і не моцна, але затое ўся яго сіла выкарыстоўвалася поўнасцю. Вось знік Поперак Дарогі, вось пачаў набліжацца Анжэр. Так ехалі з гадзіну.

Але раптам застукала машына, і... карабель пайшоў назад!

— Ах, праклятыя! Яны сцямілі, што мы ад’язджаем, і далі задні ход, каб перашкодзіць!

Пачалося незвычайнае спаборніцтва: хто пераможа — ці машына, ці вецер?

У гэты момант застагнаў капітан, Салул успомніў, што раненыя ляжаць без ніякай дапамогі, і сказаў у трубу:

— Прышліце доктара: вашаму параненаму капітану патрэбна дапамога.

Адтуль не адказалі, але было чутно, што там ідзе нарада. Урэшце ван Хорк сказаў:

— А якая гарантыя, што гэта не правакацыя?

Салул падняў галаву, зірнуў наўкол і, убачыўшы лейтэнанта, сказаў яму:

— Вы згодзіцеся ад свайго імя запрасіць доктара да вашага капітана?

Лейтэнант таксама абмеркаваў становішча, як і ван Хорк. Трэба было як мага болей выгадаць часу. Апрача таго, нельга было пакідаць без дапамогі і свайго капітана, хоць, пэўна, іх усіх гэтыя разбойнікі потым могуць расстраляць.

— Добра,— адказаў ён.

Тады Салул сказаў уніз:

— Зараз сам лейтэнант Брэнд скажа вам тое самае.

Лейтэнанта падвялі да рупара.

— Я, лейтэнант Брэнд, сцвярджаю, што нашаму капітану неабходна хуткая дапамога.

Ван Хорк пазнаў голас і згадзіўся, але з умовай, што доктару будзе дазволена вярнуцца назад. На гэта ахвотна была дадзена згода, бо ўсё роўна яны ўсе былі ў руках пераможцаў.

— А можа, лейтэнант загадае ім, каб яны здаліся? — дадаў яшчэ Салул і прыставіў да галавы Брэнда рэвальвер.

Лейтэнант пабялеў, але, сабраўшы ўсе сілы, адказаў глухім голасам:

— Рабіце, што хочаце, але я гэтага не магу зрабіць: не маю права, пакуль капітан жывы.

— Шкада,— сказаў Салул,— так было б лепей і для вас саміх. Мы б вас усіх адпусцілі на волю, а так загінеце і вы, і яны.

— Хай будзе, што будзе! — адказаў Брэнд.

Умовіліся, што люк крыху адчыняць, каб прапусціць аднаго чалавека, і што з абодвух бакоў будуць прыняты меры перасцярогі.

Так і зрабілі. Калі люк быў прыпадняты, зверху і знізу ашчацініліся штыкі і стрэльбы, а сярод іх паказалася галава доктара. Баязліва вылез ён наверх са сваімі прыладамі, а люк зараз жа зноў шчыльна зачыніўся.

Доктар перавязаў капітана, потым агледзеў другіх раненых. З іх былі мёртвымі адзін з нападаўшых і два з каманды: адзін галандзец, другі — мясцовы. Іншыя былі толькі параненыя, у тым ліку і лейтэнант меў рану на галаве.

Потым такім жа чынам доктар вярнуўся назад.

А карабель тым часам бадай-што спыніўся. Заднім ходам ён не мог так хутка ісці, як звычайным, але вецер быў яшчэ слабы. І пакуль што «Саардам» толькі торгаўся на месцы.

Нарэшце машына пачала перамагаць: карабель пачаў крыху пасоўвацца назад.

— Усе, усе парусы! — камандаваў Салул.

Выпрасталі кожны кавалачак парусоў, нават проста праз палубу працягнулі брызент.

Вецер падзьмуў мацней — і карабель пасунуўся наперад. Потым зноў назад. Палонныя галандцы з трывогай сачылі за гэтай дзіўнай барацьбой.

Доўга не было вынікаў ні ў той, ні ў другі бок. Але праз некаторы час вызначылася, што перамагае машына.

— Эх, ветру б, ветру! — крычалі малайцы ў роспачы і з нецярплівасцю, у той час як галандцы прагна жадалі, каб вецер зусім спыніўся.

— Апусціць парусы! — неспадзявана загадаў Салул. Усе так здзівіліся, што ніхто нават не крануўся, каб выканаць загад.

— Што такое?! Што гэта азначае? — запыталіся яго таварышы.

— Апусцім парусы, завернем, карабель, і хай сабе яны вязуць нас заднім ходам,— з усмешкай сказаў Салул.

Цяпер ужо ўсе зразумелі, у чым справа, і з вясёлымі крыкамі ды жартамі ўзяліся за працу.

Праз некалькі мінут карабель ішоў заднім ходам туды, куды жадалі паўстанцы.

— Паставіць парусы!

І да машыны дадалася яшчэ сіла ветру.

Салул задаволена паціраў рукі, яго таварышы смяяліся і жартавалі. «Саардам» ішоў як лепей не трэба. Галандцы на палубе ў бяссільнай злосці сціскалі кулакі.

Каб зразумець, як гэта можна было так ашукаць ніжнюю каманду, трэба памятаць, што яны там не маглі бачыць, куды ідуць, бо, па-першае, наўкол было цёмна, а па-другое, ілюмінатары былі вельмі нізка над вадой.

З паўгадзіны так ішлі. Вось ужо зноў паказаўся Кракатау, толькі з другога боку.

Але там унізе нарэшце сцямілі, у чым справа, бо вельмі ўжо шпарка і гладка ішоў «Саардам». І яны далі пярэдні ход.

Зноў пачалося ўсё спачатку. Але ўсё ж такі было выйграна міль дзесяць.

Як бы там ні было, але ўся гэтая тузаніна заняла шмат часу. Да дня заставалася толькі чатыры гадзіны, а карабель усё яшчэ быў у Зондскай пратоцы, так сказаць, на людзях.

Трэба было так або іначай канчаць.

Што ж рабілася за гэты час там, пад палубай?

Мічман ван Хорк быў вельмі задаволены. Усё ішло, як ён хацеў. Яны пратузаюцца так усю ноч, а ўдзень іх заўважаць, паведамяць куды трэба,— і тады прыйдзе вызваленне. І ўсе будуць ведаць, што гэта ён, мічман ван Хорк, не здаўся і выратаваў карабель.

Супакоіліся і маракі. Усім здавалася, што іначай не можа быць, бо калі яны не могуць высунуць галаву наверх, дык затое і тыя таксама не могуць сунуцца ўніз.

Толькі боцман Гуз не быў упэўнены ў гэтым.

— Не,— казаў ён,— гэткія справы такім смехам не канчаюцца. Усё галоўнае яшчэ наперадзе.

— А што яны могуць зрабіць з намі? — з запалам сказаў мічман.— Самае горшае, што можа быць, гэта тое, што мы разам з імі ўзляцім у паветра.

— Ну, яны могуць зрабіць так, што мы адны ўзляцім, а самі яны будуць на лодках.

— Лепш загінуць на сваім пасту, чымся зганьбіць гонар галандца! — сказаў мічман, але адразу пачуў, нібы нейкі холад прабег па спіне. Разам з тым яго ахапіў жаль, што тады ўсё яго геройства прападзе дарма: не пачуе ён і не ўбачыць сваёй славы, не будуць на яго пазіраць дзяўчаты з захапленнем.

Ціха і сумна зрабілася ў каюце. Кожны думаў: што будзе? Але ніхто з іх, здавалася, так не пакутаваў, як малады механік Гейс.

Гэта быў чалавек гадоў дваццаці шасці з цёмным загарэлым тварам, але светлымі валасамі. Ён то бялеў, то чырванеў, то сядзеў нерухома з заплюшчанымі вачыма, то хадзіў з кута ў кут. Відаць было, што з ім адбываецца нешта незвычайнае, што ён перажывае нешта большае ад усіх іншых.

Нават ван Хорк заўважыў гэта і са смехам сказаў:

— Эге-ге, брацішка Гейс! Не думаў я, што ты такая баба. Чаго гэта ты раскіс? Рана яшчэ. Убачыш яшчэ, як іх будуць вешаць.

Гейс нервова ўздрыгануўся і выйшаў за дзверы, нічога не адказаўшы.

— Хто б мог падумаць, што Салул — здраднік! — задуменна сказаў доктар.— Хто ведае, можа, і сярод тых, што тут, ля нас, таксама знойдуцца здраднікі?

— Дзікуны заўсёды застануцца няўдзячнымі, колькі б дабра ім ні рабілі,— упэўнена адказаў мічман.— Яны толькі таго будуць шанаваць і нават любіць, хто іх моцна трымае ў руках і каго яны баяцца. А ў нас, на жаль, пачалі на гэта забывацца.

А «дзікуны» тым часам у ліку дваццаці чалавек сядзелі асобна ў сваёй каюце і прыслухоўваліся, што робіцца наверсе.

— Нічога не будзе з гэтага,— казаў адзін.— Белыя вельмі магутныя. Колькі соцень год яны пануюць, і ніхто ніколі не мог іх перамагчы.

— Каб і ўдалося захапіць карабель,— сказаў другі,— усё роўна з адным гэтым караблём нічога не зробіш. У іх ёсць шмат другіх караблёў, і яны зловяць яго.

— А шкада Салула, ён быў такі добры таварыш.

— Чаго ж ты яго шкадуеш?

— Загубіў сваё жыццё, расстраляюць яго.

— Але пакуль што ён сам можа расстраляць іх.

— Дык гэта ж пакуль што, а канец вядома, які будзе. Што могуць зрабіць некалькі чалавек?

— А хто перашкаджае і нам далучыцца да іх?

— Ну, дык што ж з таго? Замест трыццаці чалавек расстраляюць пяцьдзесят, а карысць тая самая.

— Вось каб увесь народ разам падняўся, тады была б зусім іншая справа! Тады ўжо яны нічога не маглі б зрабіць, бо нас было б прынамсі тысяча чалавек на аднаго.

— Хапіла б і двух чалавек на аднаго, абы толькі дружна, разам.

— Яно так, але як гэта зрабіць, каб усе адразу? Тады і я згадзіўся б пайсці.

— У кожным разе некаму трэба пачаць. Вось яны і пачалі. Ну, а мы... Няўжо мы пойдзем супраць сваіх братоў?

Асцярожна, азіраючыся па баках, шапталіся «дзікуны» ў форме каралеўскага галандскага флота. Можа, сярод іх ёсць такі — і напэўна ёсць! — які пабяжыць да паноў і перакажа гэтую гутарку, але тыя, хто адважваўся выказваць рэвалюцыйныя думкі, парашылі далучыцца да сваіх і ведалі, што прынамсі ў гэты момант ім нічога зрабіць не могуць.

— Няўжо ж я павінен забіць майго брата Салула, каб абараніць жыццё мічмана ван Хорка?

— Мы і не будзем яго забіваць, кожны чалавек жыць хоча. Я не веру, каб некалькі чалавек маглі вызваліць усю краіну, і не хачу дарма падстаўляць сваю галаву. Мы можам спачуваць ім і нават чым-небудзь памагчы, але такім чынам, каб самому не згубіць галавы. Каб усюды і ўсе разам,— тады іншая справа.

— А я лічу, што гэта проста рабунак. Захацелася чалавеку пажывіцца за чужы кошт, захацелася самому зрабіцца панам — вось ён і пачаў.

Гэта сказаў Гано, гультай і праныра, які ў сваім жыцці цікавіўся толькі картамі і гарэлкай.

Усім зрабілася неяк няёмка, быццам з’явіўся чужы, незнаёмы чалавек. Гутарка спынілася, усе падумалі: вось гэта і ёсць той, які ўсё перакажа начальству.

Тады падняўся Сагур, адзін з лепшых свядомых матросаў:

— Слухай, Гано! Твая сабачая душа не зразумее пачуцця людзей. Лепш ты ішоў бы на сваё месца — каля парога тваіх гаспадароў. Тым ты патрэбен, а тут табе няма чаго рабіць.

Прысутныя задаволена загулі. Гано ўбачыў, што ён даў маху, што яшчэ невядома, хто возьме верх,— і пачаў апраўдвацца:

— Чаго ты вызверыўся? Я выказаў такую самую думку, як і іншыя, тыя, што не хочуць дарма лезці ў пятлю. Але наогул я такі самы яванец, як і вы, і таксама жадаю дабра свайму народу.

— Алё, алё! — пачуўся голас з машыннага аддзялення, голас, які цяпер вырашаў лёс усіх тых, хто быў пад палубай. І ўсе пасунуліся да дзвярэй.

З другога боку падыходзіў ужо мічман ван Хорк са сваімі галандцамі.

— Слухаем!

— Вось вам апошняя прапанова,— пачуўся з трубы выразны голас Салула.— Калі вы праз пятнаццаць мінут здасцеся, усе будзеце адпушчаны на волю без перашкоды. А калі не, мы пакінем на караблі вашых звязаных таварышаў, ад’едзем на лодках і ўзарвём карабель разам з вамі ўсімі. Ніякіх перагавораў з вамі больш весці не будзем і чакаем адказу роўна праз пятнаццаць мінут.

Голас сціх.

Ван Хорк падышоў да рупара і няпэўным голасам сказаў:

— Войска яе каралеўскае вялікасці разбойнікам не здаецца. Прапануем вам самім пакінуць карабель.

Але адказу ніякага не было. І гэта з’яўлялася жудаснай адззнакай таго, што час перагавораў прайшоў, што настаў час дзеяння.

Віхрам заварушыліся думкі ва ўсіх галовах. На працягу некалькіх мінут ніхто не прамовіў аніводнага слова, прыслухоўваўся сам да сябе. Але думалі яны не аб тым, здацца ці не,— нават сам мічман так не думаў,— а толькі аб тым, як гэта зрабіць.

Інданезійцы думалі, што ім трэба будзе паўстаць супраць галандцаў, каб прымусіць іх здацца. Але тады і іх абвінавацяць у бунце. Пакуль можна, трэба было чакаць, ці не пачнуць першымі самі галандцы.

А тыя таксама баяліся ісці супраць мічмана, каб іх потым не абвінавацілі ў паўстанні.

Слова, такім чынам, было за мічманам. Але як ён можа добраахвотна згадзіцца на здачу, калі толькі што сам казаў, што гонар галандскага мундзіра патрабуе лепш загінуць, чымся здацца? Во, каб яго прымусілі, тады была б зусім іншая рэч! Ён тады застаўся б героем, які так і прагнуў узляцець у паветра, але яго гвалтам прымусілі здацца. Усе дзівіліся б з яго, гаварылі б толькі аб ім...

Аднак, як на злосць, усе матросы маўчалі. Хоць ты вазьмі ды сам прасіся, каб яны ўзбунтаваліся.

Выручыў неваенны, мірны чалавек — доктар.

— Я думаю,— сказаў ён,— што тут і разважаць няма чаго. Нікому не будзе аніякай карысці, калі мы загубім сябе, капітана і ўсіх іншых. Мы нават не маем права так рабіць.

Сэрца мічмана закалацілася ад радасці. Ён застанецца героем! Але трэба было трымаць фасон.

— Не забывайцеся,— сказаў ён сурова,— што мы на пасту. Не забывайцеся, што мы вязём зброю, якая трапіць у рукі ворага, і гэта можа адбіцца на становішчы ўсіх нашых калоній. Мы абразім гонар Галандыі, гонар нашай каралевы, калі без барацьбы аддамося ў рукі бандытаў, як пацукі ў пастку. Мы павінны са зброяй у руках зрабіць апошнюю спробу...

Гэтая гарачая прамова так захапіла мічмана, што ён усур’ёз пачаў верыць таму, што казаў.

Прамова ішла ўсё шпарчэй, шпарчэй, мічман грозна трос кулаком і зусім не заўважаў, што яго воінства без слоў дагаварылася і — галандцы і інданезійцы разам — паціху пачалі адпіхваць мічмана ад рупара.

— Алё! — зноў пачуўся грозны голас.— Ваш адказ?

Мічман спыніўся на паўслове і збялеў. «Што будзе, калі яны не згодзяцца здацца?!» — неяк мімаволі мільганула ў яго галаве.

— Мы здаёмся! — адказаў у рупар Гейс, і ў мічмана адразу стала лёгка на сэрцы. Нейкая гарачая хваля прыліла к горлу, вобразы сонца, зямлі паўсталі перад ім, ён нават не бачыў, хто даў адказ.

Тады ён адшпіліў корцік, рэвальвер, кінуў іх прэч ад сябе і горда сказаў:

— Калі вы ўсе так парашылі, я прымушан пакарыцца гвалту. Я зрабіў усё, што мог.

Тым часам зверху далі загад:

— Выходзіць па адным з паднятымі ўгору рукамі!

Пачалі выходзіць,— адны з радасцю, другія з жудасцю; мічман з чырвоным ад сораму тварам, але з лёгкім сэрцам, а Гейс выйшаў, апусціўшы галаву і стараючыся не глядзець у вочы Салулу.

Калі каманда «Саардама» сабралася ўся разам, Салул сказаў:

— Мы вас высадзім на Кракатау і пакінем вам спажывы на тры дні. За гэты час, напэўна, вас хто-небудзь заўважыць. А цяпер,— пачаў Салул ужо на малайскай мове,— звяртаюся да вас, браты, да вас, сыны нашай зямлі, нашага народа. Вы абдураны, вы напалоханы магутнасцю белых, вы верай і праўдай служыце сваім гаспадарам, абараняеце іх і іхнюю нарабаваную маёмасць; з вашаю дапамогаю яны трымаюць у пакорлівасці вашых жа бацькоў і сясцёр. Мы ведаем, што вы яшчэ несвядомыя, але і сярод вас ёсць досыць людзей, якія разумеюць і адчуваюць, якую агідную справу яны робяць. Дык вось тыя, хто гэта разумее, няхай ідуць да нас, каб паслужыць народу.

Не паспеў ён скончыць, як Сагур і за ім яшчэ сем чалавек выступілі наперад і ў радасным гомане зліліся са сваімі. Тыя, што засталіся, нерашуча тупалі на месцы, раіліся адзін з адным і не ведалі, што рабіць.

Праз некалькі мінут выйшлі яшчэ пяць чалавек, а яшчэ праз хвіліну выйшаў... Гано!

— Ты?! — разам ускрыкнулі Сагур, Барас і яшчэ некаторыя.

Гано выступіў наперад, стукнуў сабе кулаком у грудзі і зычным голасам сказаў:

— Так, я! Вас гэта дзівіць? Бо вы не ведаеце Гано. Мяне надоечы папракнулі, быццам я чужы, нібы я не сын свайго народа. Вось цяпер я хачу паказаць, што Гано зусім не такі, як вы думаеце.

— Ці падумаў ты, што ідзеш на смерць? — запытаўся Салул.

— Добра падумаў. У кожным разе я рызыкую не больш ад вас усіх. А губляць мне няма чаго, апрача майго паганага жыцця.

Гэтыя шчырыя словы зрабілі ўражанне нават на Сагура.

«Хто ведае,— падумаў ён,— можа, з яго і сапраўды выйдзе добры таварыш? Бываюць такія вялікія моманты, калі чалавек зусім змяняецца. А гэты момант і ёсць вялікі».

Нарэшце з галандцамі засталося дзевяць чалавек верных яванцаў. Відаць было, што адчувалі яны сябе не зусім добра: туліліся ў куток, хаваліся, не глядзелі ў гэты бок.

Тым часам ішла падрыхтоўка да ад’езду. «Саардам» падышоў да Кракатау. Пачалі грузіць лодкі. Вось ужо сталі спускаць іх.

У гэты момант яшчэ адзін чалавек сказаў Салулу:

— І я з вамі!

Крык здзіўлення з аднаго боку і абурэння з другога — вырваўся з усіх ста дваццаці грудзей.

Чалавек гэты быў... белы, галандзец!

— Гейс?! Божа! Які сорам! — загаманілі галандцы.

— Што гэта такое? Ці не памылка, жарт або ашуканства? — казалі яванцы.

Салул падышоў да галандца, абняў яго, пацалаваў і, звярнуўшыся да сваіх, сказаў:

— Таварышы! Я ведаю гэтага чалавека. Хоць ён і белы, але наш, гэта значыць, друг усіх прыгнечаных. Мы тут ніколі не бачылі такіх, а там, у далёкай Еўропе, ёсць шмат іх. Ёсць нават магутная дзяржава, дзе жыве шмат мільёнаў нашых белых братоў.

— Ленін! Савет! Расія! — пачалі хваліцца сваімі ведамі малайцы.

— Ну вось, бачыце! — засмяяўся Салул, а Гейс на ламанай малайскай мове дадаў:

— Ёсць і галандцы, многа ёсць!

— Хай жывуць такія галандцы! — загрымелі галасы.

Гейс быў у Галандыі рабочым і некаторы час быў звязаны з камуністамі.

Потым ён трапіў на Яву і неспадзявана для сябе самога сам зрабіўся «панам», бо сярод галандцаў на Яве няма аніводнага простага чалавека — адны толькі паны. На кожным кроку ён адчуваў перавагу над мясцовымі жыхарамі, ніякай крыўды ён не меў з боку сваіх, галандцаў. І ён паступова пачаў змірацца з гэтым.

Да насельніцтва ён быў вельмі добрым, нікога не крыўдзіў, чым мог, стараўся памагчы і гэтым супакойваў сваё сумленне. Яму пачало здавацца, што ў гэтай краіне, дзе не трэба ні апалу, ні адзення, дзе прырода такая багатая,— усім жыхарам лёгка жывецца, лепш, як рабочым у Галандыі. Тут ён не бачыў таго буржуазнага класа, з якім там трэба было змагацца, бо сам ён быў нібы ў яго ліку. І пакрысе ён пачаў забывацца аб барацьбе, аб тых мэтах і лозунгах, якія былі яму такімі блізкімі раней.

Знаёмства з Салулам, з якім ён быў у вельмі добрых адносінах, раскрыла яму вочы на сапраўднае становішча і абудзіла яго ранейшы рэвалюцыйны дух. Гэтае ж смелае паўстанне голых, цёмных людзей выклікала ў ім поўную рэвалюцыю. Ён адчуў сябе вінаватым перад тымі, каму хацеў служыць, і ў апошні момант парашыў на справе апраўдаць сваю віну.

Затое ж колькі радасці, гонару і ўпэўненасці надало гэта паўстанцам! Падумаць толькі: сам галандзец, белы, перайшоў на іх бок! Ніколі ім і ў галаву не магла прыйсці такая думка.

Тым часам лодкі пагрузіліся і паехалі да Кракатау. З вялікай цяжкасцю знайшлі больш-менш зручнае месца, дзе можна было высадзіць палоннікаў. І каманда «Саардама» засталася на голай, мёртвай скале...

Адтуль яны наглядалі, як над суднам узняўся чорны дым, як надзьмуліся парусы і карабель шпарка паплыў наперад.

А калі паказаліся першыя праменні сонца, «Саардам» знік у прасторы Індыйскага акіяна...

* * *

Праз некаторы час быў патайны суд над камандай «Саардама».

Капітан і лейтэнант Брэнд былі звольнены з пасады за няздольнасць і нядбайнасць.

Ніжэйшыя чыны з галандцаў былі разасланы па розных суднах на цяжкую работу.

А дзевяць верных яванскіх матросаў былі расстраляны за здраду...

За кампанію расстралялі яшчэ некалькі дзесяткаў рыбакоў, што жылі па суседству з тым месцам, дзе адбыліся падзеі.

Толькі мічман ван Хорк атрымаў павышэнне, як выдатны герой...

Дзеля таго што ўся справа была вельмі непрыемнай для Галандскай дзяржавы, у газетах з’явілася наступнае афіцыйнае паведамленне:

«У ноч на 16 лютага ў Зондскай пратоцы наляцела на камень ваеннае судна «Саардам», якое накіроўвалася ў Батавію. Судна затанула, большая частка каманды выратавалася».

 

ІІ. ПАВАЖАНЫ ПРАДСТАЎНІК ПАВАЖАНАЙ ФІРМЫ ВАН БРОМ І К° У АМСТЭРДАМЕ

 

Мінгер ван Дэкер і мінгер Піп.— Старанны капялюш.— Батавія.— Мітынг на рынку.— Пракляты чэрап і святая фіга.— Кій мае два канцы.

Ледзь золак карабель «Глёрыя» з Сінгапура падыходзіў да гавані Прыёрк. Пасажыры замітусіліся, пачалі рыхтавацца да высадкі. І якога толькі народу тут не было! Сухарлявы ганарысты англічанін, не менш важны араб у чалме, жвавы француз, зморшчаны кітаец, задуменны індус, складны малаец і шмат іншых людзей. Было і некалькі галандскіх сем’яў, якія вярталіся з водпуску.

Дарога ў Галандыю займае прыблізна месяц ды назад столькі ж. Таму служачыя атрымліваюць водпуск у метраполію на цэлы год, але затое адзін раз у дзесяць гадоў. Аднак многа галандцаў нават зусім не карыстаюцца гэтым водпускам і сядзяць тут па гадоў дваццаць-трыццаць.

Карабель быў ужо недалёка ад берага, але там нічога не было відаць, нават сам бераг ледзь высоўваўся з вады. Толькі далёка на небасхіле ўзвышаліся два вулканы — Салака і Гедэ.

— Няўжо гэта Ява? — здзівіўся адзін з пасажыраў, які, відаць, першы раз пад’язджаў да Явы.

— А то што ж? — адказалі бывалыя.

— Тут нічога не відаць. Я спадзяваўся ўбачыць горы, пальмы, пекны горад, а тут адно балота.

— Гэта толькі гавань Прыёрк, а сама Батавія ляжыць за дзесяць кіламетраў адсюль.

Пасажыр узяў бінокль і пачаў прыглядацца да берага. Разгляд, відаць, не задаволіў яго, бо ён так скрывіў твар, што пан, які стаяў побач, усміхнуўся і суцешыў яго:

— Не бядуйце, усё будзе: і пальмы, і трасца, і гарачыня, і ўсё, што павінна быць па закону.

— А тыгры і насарогі ёсць? — жвава запытаўся першы пасажыр.

— Ну, іх вам баяцца няма чаго!

— Выбачайце, я не баюся, а, наадварот, жадаю сустрэцца з імі,— важна адказаў першы пасажыр.

Пан здзіўлена паглядзеў на яго, нібы думаючы: «Вось ты які!» І сапраўды, той быў крыху асаблівы чалавек. Звалі яго Піп; ён быў гадоў трыццаці і меў нейкі вылінялы выгляд: даўгі, худы, бледны, з блакітнымі вачыма і зусім светлымі валасамі.

Здавалася, што ён увесь свой век праседзеў недзе ў склепе, а цяперака ўпершыню вылез на сонца. Наогул ён выглядаў вельмі спакойным чалавекам, але ўбраны быў так, нібы зараз жа яму пагражалі тыгры і насарогі: і кінжал, і рэвальвер, а далей сярод яго рэчаў ляжала стрэльба ў чахле.

— Відаць, вы паляўнічы? — запытаўся пан.

— Не зусім, але еду галоўным чынам дзеля гэтага.

— Ну, дык вам доўга прыйдзецца шукаць такіх звяроў.

— Чаму ж так?

— Тут жыве столькі народу, што рэдка дзе, у глухіх кутках, захаваліся дзікія звяры, ды і то мала.

— Шкада! Дзеля чаго ж тады ехаць у такія краіны? Але ўсё роўна я знайду іх!

— Жадаю поспеху.

Тым часам параход падышоў да каменнага ўзбярэжжа. На беразе стаялі велізарныя свірны-склады. За імі тулілася шмат маленькіх будынкаў-рэстаранчыкаў, якія гулі дзень і ноч. Побач была і станцыя чыгункі.

Ледзь толькі параход спыніўся і былі спушчаны сходні, як на яго кінулася цэлая арава паўголых бурых і жоўтых людзей. Яны крычалі на ўсіх мовах, штурхалі адзін аднаго і навыперадкі прапанавалі свае паслугі.

— Атэль «Ява»! Атэль «Нідэрланды»! Найлепшы! Найтаннейшы! Туан, туан!4 1 Я паднясу! — і яны амаль сілком вырывалі з рук багаж. Каго сустракалі радня ці знаёмыя або хто ехаў на пэўнае месца, тым было мала гора, а навічкі адчувалі сябе сярод гэтага гвалту зусім бездапаможнымі. У тым ліку і мінгер5 Піп закруціўся, як у віры, і знік з вачэй.

Толькі той пан, які надоечы размаўляў з Піпам, відаць, багаты еўрапеец, гадоў дваццаці васьмі, з чорнаю маленькай «гішпанскай» бародкай, як быццам не належаў ні да той, ні да другой катэгорыі. Ён спакойна стаяў ззаду і толькі пільна прыглядаўся да натоўпу гэтых насільшчыкаў. Адзін малаец сунуўся быў да яго, але пан сурова крыкнуў:

— Не трэба!

У гэты самы момант праціснуўся наперад другі малаец, таксама паўголы, але ў велізарным капелюшы, прынамсі два метры навакол.

— Туан, туан! Я паднясу!

Але першы насільшчык штурхануў яго і закрычаў:

— Прэч! Я першы!

Тады ўмяшаўся сам туан і перадаў рэчы «капелюшу», што выклікала абурэнне не толькі ў пакрыўджанага, але нават і ў другіх насільшчыкаў.

Трэба было прайсці праз таможню. Працэдура гэта досыць доўгая і непрыемная. Апрача праверкі рэчаў і дакументаў трэба было паказаць яшчэ «права на ўезд»: як мага болей грошай, асабліва гэта вымагалася ад еўрапейцаў.

Бачыце, усе белыя тут — паны, і павінны быць панамі, хоць трэсні! Калі падуладныя тубыльцы даведаюцца і ўбачаць, што белыя таксама могуць гараваць, дык яны перастануць шанаваць і баяцца галандцаў. А гэта вельмі небяспечная рэч.

Зразумела, што ў першую чаргу прапусцілі белых.

Вось наперадзе падняўся шум і спрэчкі. Адзін небарака прывёз замала грошай, і яго затрымалі, каб з наступным параходам адправіць назад.

— Я ж магу працаваць! Я ж не буду сядзець ні на чыім карку! — апраўдваўся бядак, але яго і слухаць не хацелі. І то праўда: не могуць жа гаспадары рызыкаваць сваім аўтарытэтам з-за якогась там бедняка.

Дайшла чарга да нашага пана. Ён падаў дакументы.

«Ван Дэкер, прадстаўнік фірмы ван Бром і К° у Амстэрдаме»,— прачытаў чыноўнік. А з-за яго спіны сунуў нос у дакумент і нейкі тып, відаць, агент паліцыі.

Але ван Дэкер паказваў ужо «права на ўезд» — досыць значную пачку гульдэнаў. Чыноўнік адразу выказаў надзвычайную пашану, а агент адразу перастаў цікавіцца дакументам.

На вакзале, прымаючы ад ван Дэкера плату, «капялюш» сказаў:

— Калі туан дазволіць, я правяду туана да самага атэля «Ява».

— Добра,— сказаў паважна ван Дэкер і сеў у вагон першага класа, а насільшчык пабег у трэці клас.

Ад Прыёрка да Батавіі ідуць некалькі каналаў, шасэ, чыгунка і трамвай. Безупынны рух ішоў па ўсіх гэтых шляхах.

Але краявід быў зусім нецікавы, нудны. Затопленая нізіна, хмызняк, нізенькія пальмы, падобныя да нашай папараці, купы бамбуку, дзе-нідзе банан з аграмаднымі лістамі, якія віселі па баках, як рыззё. Толькі какосавыя пальмы, што выляталі з зямлі, як ракеты, ды гарачае вільготнае паветра — прычына злоснай малярыі — падкрэслівалі, што тут гарачая краіна.

Вось паказалася і сама Батавія, але зноў нічога цікавага. Мясцовасць бадай-што не павысілася, тыя ж каналы на вуліцах, толькі бруднейшыя, а ў іх мыюць бялізну ды купаюцца цэлыя сем’і малайцаў і кітайцаў.

Нездарма галандцы ўцяклі адсюль і пасяліліся на некалькі кіламетраў далей, вышэй. З таго часу гэтая частка завецца Старой Батавіяй, а той далі назву Вельтэўрэдэн, што азначае прыблізна — «добрае самаадчуванне».

Там, сярод пышных садоў, у мармуровых палацах, яны сапраўды добра сябе адчувалі, а тут засталіся каляровыя, якія абслугоўвалі магазіны, канторы, фабрыкі, майстэрні і ўсялякія іншыя ўстановы.

Калі ван Дэкер выйшаў з вагона, да яго зноў падскочыў малаец у капелюшы і панёс рэчы. Ля вакзала стаяў аўтамабіль з атэля «Ява». Насільшчык паклаў туды багаж.

На момант ван Дэкер спыніўся, нешта мяркуючы. Але насільшчык пачаў кланяцца і казаць:

— Хай туан едзе спакойна, хай не непакоіцца. Тугай усё зробіць.

Тады ван Дэкер сеў у аўтамабіль і паехаў, а Тугай пабег як мага па вядомых яму закавулках.

Калі ван Дэкер даехаў да атэля, там яго ўжо чакаў Тугай. Ён так завіхаўся ля свайго туана, што нават гаспадар атэля заўважыў і сказаў ван Дэкеру:

— Добрага, стараннага слугу вы маеце.

— О, ён у мяне маладзец! — з гордасцю сказаў ван Дэкер.— Я з ім ніколі не разлучаюся, асабліва ў дарозе па Яве, калі патрабуецца перакладчык. Калі ласка, вы ўжо дайце яму дзе-небудзь куток, я заплачу.

Тугая завялі ў агульнае памяшканне, дзе былі ўсе слугі. Большасць іх былі метысы6, колеру «кавы з малаком», як звычайна гавораць тут. У адных было больш «кавы», у другіх больш «малака», але наогул — народ досыць прыгожы, толькі крыху папсаваны, бо і яны ўжо лічылі сябе «панскай крыві» і звысака адносіліся да «цёмных».

Галандцы падтрымліваюць гэтае пачуццё, бо яно для іх карысна. У асобе гэтых «падпанкаў» яны маюць сваіх прыхільнікаў, якія не за страх, а за сумленне служаць галандцам, імкнуцца стаць бліжэй да паноў, паказаць, што яны не простыя.

Тугай не вельмі прыемна сябе адчуваў сярод гэтых метысаў. Яму трэ было б пайсці да ван Дэкера, але самому ісці да туана нельга. Трэба чакаць, пакуль той пакліча.

— Ці добры твой туан? — запытаўся яго франт з бліскучымі гузікамі.

— О, бэсар7 туан! — адказаў Тугай.

— Ці б’е ён цябе?

— О, дужа б’е! Добры туан! — з захапленнем сказаў Тугай.

— Адкуль вы прыехалі?

Але званок з нумара туана вызваліў Тугая ад неабходнасці адказваць на гэтае пытанне. Ён хутка пабег і прабыў там значна болей, чым прынята ў добрых паноў, якія не дазваляюць сабе дужа разважаць з слугамі.

— Ого, як доўга ты тамака сядзеў! — заўважылі слугі, калі Тугай вярнуўся.— Ці не вучыў ён цябе там?

Тугай уздрыгануўся, падазрона зірнуў наўкола, але, заўважыўшы, што гаварылі так сабе, без асаблівага сэнсу, супакоіўся і адказаў:

— О, мудры туан! Бэсар туан!

Сярэдзіна дня ў Батавіі з’яўляецца такім часам, калі на вуліцы не ўбачыш аніводнага еўрапейца. Сонца стаіць над самай галавой і пячэ так, што толькі надзвычайная патрэба можа прымусіць еўрапейца выйсці на вуліцу.

Ды і наогул галандскія гандляры і чыноўнікі тут ніколі не ходзяць, яны толькі ездзяць. Іх стан не дазваляе ім хадзіць, як звычайным людзям; нават праз вуліцу, шануючы сябе, пан не пойдзе пешшу. А ў поўдзень яны нават і не ездзяць, а ці дрэмлюць у сваіх канторах, ці ляжаць на верандзе або ў садзе, у крэслах-калысках, задраўшы дагары босыя ногі і папіваючы што-небудзь халоднае. Праўда, знойдуцца і такія галандцы, якім у гэты час прыходзіцца працаваць, але іх так мала, што агульны малюнак не змяняецца.

Толькі мясцовыя жыхары, большасць з якіх носяць велізарныя капелюшы, снуюць сабе под сонцам узад і ўперад, і хоць бы што.

Галоўнае адзенне малайца — «саронг», або кавалак тканіны, абкручаны на манер спадніцы. Ён спускаецца да каленяў і ўжываецца аднолькава як жанчынамі, так і мужчынамі. А далей ужо хто як можа: ці кашулю, кофту, хустку або мех на плечы, ці проста верхняя палова цела застаецца голаю. На галовах — разнастайныя капелюшы, круглыя шапачкі ці хустачкі і чалмы.

Ногі ж заўсёды босыя. Улада нават клапоціцца аб тым, каб усе тубыльцы былі босыя. Усё для аднаго і таго ж — яшчэ раз падкрэсліць розніцу паміж еўрапейцам і тубыльцам. Слугі паноў, нават лакеі і швейцары ў генерал-губернатарскім доме, убраныя ў параднае адзенне з бліскучымі гузікамі,— абавязкова павінны быць босымі. Тубыльцы-паліцэйскія, у сініх мундзірах з жоўтымі шнурамі,— таксама босыя.

Тугай выйшаў з атэля і пайшоў па вуліцах. Відаць было, што ён ідзе з пэўнаю мэтай. З шырокай вуліцы ён завярнуўся ў адзін-другі завулак і выйшаў на рынак.

Усюды на Усходзе рынак з’яўляецца галоўным цэнтрам грамадскага жыцця. Гэта і клуб, і месца сходаў, месца, дзе заўсёды пачуеш навіны. Далёка не ўсе ідуць сюды, каб што-небудзь купіць ці прадаць, большасць проста таўчэцца, здаецца, без ніякага сэнсу.

На вялізнай плошчы цягнуліся шэрагі будак з пальмавага лісця, травы і бамбуку. Будкі такія нізенькія, што чалавек можа ўвайсці туды, толькі схіліўшыся.

Смярдзючая сушаная рыба, розная гародніна, мяса, рыс і садавіна з’яўляюцца галоўнымі спажывецкімі таварамі. Асабліва розныя плады, якія ляжаць вялікімі грудамі, і трэба толькі здзіўляцца, хто іх раскупляе.

Галоўнымі пладамі з’яўляюцца бананы, якія тут адыгрываюць такую ж ролю, як у нас бульба. Яны маюць больш за сто гатункаў рознай велічыні і з розным смакам. Купляюць іх цэлымі галінамі, нізкамі больш за паўпуда і такой даўжыні, што ўскінутая на плечы гэтая нізка цягнецца другім канцом па зямлі.

Потым ідзе плод хлебнага дрэва, самы вялізны з усіх пладоў.

Далей — какосавыя арэхі, ананасы, апельсіны-пампельмусы велічынёю з гарбуз і, нарэшце, такія дзівосныя рэчы, аб якіх мы нават і не чулі.

Вось нейкая дыня «папайя», якая расце на дрэве; у сярэдзіне яе знаходзяцца зерняткі акурат як наша рыбная ікра. Вось «сау маніла», падобная да нашых сліў.

Там нібы зялёная груша з дзіўнай назвай «адвакат». Сама яна амаль без смаку, але калі яе расцерці ды падліць лыжачку віна ці кавы, тады робіцца нешта такое смачнае, што калі яе хто раз пакаштаваў, то потым ужо заўсёды будзе думаць аб гэтым «адвакаце».

Вось «дур’ян», падобны да гурка, велічынёю з дзіцячую галаву, з цвёрдымі калючкамі на скуры ды такі смярдзючы, што ў атэлях яго нават не падпускаюць блізка да памяшкання. Ён смярдзіць і гнілым сырам, і гнілым мясам, і часнаком. Але ў сярэдзіне яго знаходзіцца нібы смятана, досыць смачная і арыгінальная па смаку. Кажуць, нават сярод еўрапейцаў ёсць такія аматары, што гатовы на край свету ехаць, каб толькі пакаштаваць гэтага дур’яну.

Вельмі каштоўным лічыцца «мангустан», на манер нашага яблыка. У сярэдзіне яго знаходзіцца «марожанае», якое ядуць лыжачкамі. Гэта вельмі далікатная садавіна, яна нават у лёдзе не можа пратрымацца болей як сорак восем гадзін.

Вось «манга» са смакам шкіпінару, вось «рамбутан», як каштан, «дуку» на манер вінаграду і шмат іншых пладоў. Але нашыя людзі кажуць, што ўсе гэтыя штукі не варты адной добрай антонаўкі. Мусіць, яванец таксама не аддаў бы свайго дур’яну за ўсе нашы яблыкі і грушы.

Большасць гандляроў на рынку былі кітайцы, затым арабы. Малайцаў зусім мала, галоўным чынам тыя, што прадавалі свае ўласныя сельскагаспадарчыя прадукты.

На берагах Вялікага і Індыйскага акіянаў, мусіць, не знойдзецца больш-менш значнага горада, дзе б кітайцы не мелі свайго асобнага кітайскага квартала. Таксама і ў Батавіі, дзе іх трыццаць тысяч чалавек. Сярод іх ёсць і багатыя, якіх галандцы прызначаюць кіраўнікамі кітайскага квартала з гучным званнем «капітана» ці «маёра». І такі «капітан» так грае ў дудку галандцам, што лепш не трэба. Кітайцы таксама з’яўляюцца і найлепшымі рамеснікамі. Тут, на рынку, або на вуліцы ля сваіх хат яны адчынілі свае майстэрні. Яшчэ болей ёсць бяздомных кітайскіх рабочых — кулі, але яны рассеяны па плантацыях, прадпрыемствах і розных другіх месцах, дзе патрабуецца танная падзённая праца. Усяго кітайцаў на Яве больш за мільён.

Значнае месца займаюць і арабы, якія таксама маюць асобны квартал. Яны з’яўляюцца галоўнымі канкурэнтамі кітайцаў.

Толькі гаспадары краіны — малайцы не ўмеюць прыстасавацца да гандлю і розных рамёстваў, а займаюцца галоўным чынам наёмнай працай.

Па баках базара ішлі каналы, а па іх узад і ўперад снавалі гружаныя лодкі.

Тугай ішоў наўскасяк і толькі трымаўся за свой капялюш, каб ён не скінуўся.

Сярод базара ён убачыў мінгера Піпа.

Нейкі араб настойліва прапаноўваў Піпу купіць саронг.

— Туан! Вы адзін выпадкова прыйшлі сюды, дык я хачу задаволіць вас. Купляйце гэты саронг! Ён прывезены з глыбіні краіны, паходзіць ад старадаўніх яванскіх цароў XVI стагоддзя. Прыгледзьцеся толькі, якая работа! У Еўропе вы атрымаеце за яго ў сто разоў болей. Карыстайцеся выпадкам! Усяго толькі сто пяцьдзесят гульдэнаў.

Саронг сапраўды быў цікавы, рознакаляровы, яркі і сапраўды меў старажытны выгляд. І калі араб з’ехаў на восемдзесят гульдэнаў, Піп не вытрымаў спакусы і купіў дзіўны саронг, які... фабрыкуецца ў Еўропе ў масавым маштабе па восем гульдэнаў за штуку!

Адвярнуўшыся ў другі бок, Піп напароўся на чалавека, які ўвесь быў абкручаны... страшэннымі змеямі! Яны варушыліся ва ўсе бакі, задзіралі галовы, высоўвалі языкі. Меншая з іх была таўшчынёю ў руку.

— Туан! Купляйце боа! Добрыя боа! Па дзесяць гульдэнаў за штуку. Купляйце! Лепшых нідзе не знойдзеце! Ну, па пяць гульдэнаў, а гэтага аддам за тры.

— Не, не, не трэба! — замахаў рукамі Піп і хутка пайшоў прэч.

Гэтае здарэнне нават сапсавала яму настрой. Ён прагнуў сустрэцца з такімі гадамі дзе-небудзь у першабытным лесе, сярод гушчару, бамбукаў, а тут — на табе — прапануюць на рынку па тры гульдэны, як каўбасы ў Амстэрдаме. Проста прыкра глядзець!

Тугай пайшоў далей. У канцы рынка ён заўважыў натоўп і нейкае хваляванне сярод народу. Праціснуўшыся наперад, ён убачыў на зямлі хлопчыка гадоў дзесяці, які ляжаў у непрытомнасці, а галава яго ўся была заліта крывёю.

Худы, паўголы малаец дрыжачым ад абурэння голасам казаў:

— Маленькі Сідні сядзеў воддалі і глядзеў, як паны ў сваім садзе гулялі ў мяч. Сідні не лез, не падыходзіў да іх. І вось мячык пераляцеў у суседні сад. Яны паклікалі Сідні і загадалі, каб ён палез у чужы сад і дастаў мячык. Сідні баяўся лезці ў сад белых. Ён ведаў, што яго за гэта паб’юць. Ён пачаў прасіцца. Тады адзін паніч закрычаў: «Як ты адважваешся адмаўляцца, шчанё?!»—і, ухапіўшы кій за тонкі канец, ударыў Сідні па твары. І вось... у Сідні няма вока. Выбіта... зусім... Праклятыя! Прыйдзе і на вашу галаву помста!..

Загулі навакол усе гэтыя бурыя, жоўтыя паўголыя людзі, застагналі.

— Што ж гэта такое?

— Дакуль жа яны будуць здзекавацца?

— Літасці ў іх няма!

— Якой літасці ад іх чакаць. Знішчыць іх усіх трэба!

Кулакі сціскаліся, вочы блішчалі, але пры апошніх словах людзі палахліва азірнуліся. Нязвыклыя былі такія словы супраць паноў, спрадвечных гаспадароў, магутных, белых, багатых!

Але тут не вытрымаў Тугай, ускочыў на нейкую скрыню і загрымеў:

— Браты! Вы ж бачыце падобнае на кожным кроку, вы ж ведаеце, што вы рабы, а ўсё яшчэ баіцеся нават голасна сказаць гэта. Чаму? Бо прывыклі лічыць іх непераможнымі, магутнымі, блізка што багамі! Рабскія пачуцці ўеліся вам у косці. Дакуль жа так будзе? Час падняць ужо галаву і заявіць, што і мы людзі. Мала таго,— сказаць, што мы гаспадары ў нашай краіне, і нарэшце зусім прагнаць няпрошаных гасцей. Вы ж ведаеце, што іх усяго жменя, што на кожнага з іх нас прыпадае тысяча. Падумайце толькі аб гэтым, і вы ўбачыце, што мы самі вінаваты ў сваім становішчы, мы самі — несвядомыя і раз’яднаныя. Каб толькі мы ўсе захацелі, мы адразу сталі б самі сабе гаспадарамі...

З захапленнем слухаў народ гэтыя словы, дзівіўся, што яны такія смелыя і разам з тым зусім простыя і зразумелыя. І сапраўды, белых так мала, нават цяпер навакол аніводнага няма. І каб толькі ўсім адразу дагаварыцца...

Але «яны» з’явіліся. Спачатку бездапаможна мітусіліся паліцэйскія, але яны былі «свае», і на іх не вельмі звярталі ўвагу.

А праз некалькі мінут з’явіліся ўжо «сапраўдныя» паны: белыя, узброеныя, на конях — і натоўп хутка пачаў разыходзіцца. Аднак заставалася яшчэ шмат рашучых, абарваных людзей, якім так не хацелася разлучацца са сваімі марамі, так хацелася зараз жа пачынаць...

Тугай загадзя ўсё прадугледзеў.

— Таварышы! Не рызыкуйце дарэмна, разыходзьцеся. Ды памятайце адно: хутка, вельмі хутка настане час, калі прыйдзецца выступіць усім адразу. Чакайце гэтага часу і рыхтуйцеся!

І Тугай знік у тую мінуту, калі падскакалі жандары. Па дарозе яны некалькі чалавек перахапілі, некалькіх выцялі бізунамі, а на месцы засталі толькі бацьку з Сідні на руках.

— Убірайся хутчэй са сваёй падлай! — крыкнуў адзін жандар і выцяў няшчаснага бацьку па плячы. Кроў пацякла са шрама і змяшалася з крывёю сына...

Тугай тым часам скінуў свой капялюш, скочыў у канал і пачаў сабе спакойна купацца сярод лодак, нібы ўся гэтая справа яго не цікавіць. Калі ён пайшоў далей, на ім замест капелюша была ўжо хустка, завязаная ззаду.

Праз некаторы час ён падышоў да старажытнай мураванай брамы, якая засталася ад былой сцяны або крэпасці... На гэтай браме на канцы пікі тырчаў скамянелы, заліты вапнай чэрап, як у людаедаў у некаторых дзікіх кутках зямлі. Але гэтая цацка, відаць, была зроблена зусім не людаедамі, бо на ёй было напісана на галандскай мове:

«Так пакараў кароль здрадніка Пітэра Эльбервельда 14 красавіка 1722 г.».

Гэты Пітэр сам быў метыс, але ненавідзеў еўрапейцаў не менш, як чыстакроўныя яванцы. Ён падрыхтаваў рашучае паўстанне на ўсіх бліжэйшых астравах, быў ужо прызначаны дзень, але адна жанчына-яванка здрадзіла — і ўсё прапала.

Насустрач Тугаю ішлі два рабочыя. Зірнуўшы ўверх, адзін з іх сказаў:

— Вось каму трэ было б пакланяцца замест той фігі.

Другі таксама падняў галаву і задуменна дадаў:

— І будуць калі-небудзь. На жаль, да гэтага часу чамусьці мала было ў нас такіх людзей.

Пры гэтых словах Тугай прыпыніўся і, відаць, хацеў загаварыць з імі, але тыя ўжо мінулі яго, і ён пайшоў далей нацянькі, праз пустыр. Там відаць быў нейкі гурток людзей, галоўным чынам жанчыны. Тугай падышоў бліжэй і ўбачыў нешта недарэчнае.

На зямлі ляжала якаясь дапатопная, кажуць, кітайская, гармата, дакладней, адзін ствол ад яе. Навакол яна была старанна абрукавана, а з канца да яе была прыладжана велізарная драўляная... фіга! Вакол гарматы сядзелі на зямлі жанчыны і моўчкі, урачыста глядзелі на фігу. Вось падышла яшчэ адна маладая жанчына, склала далоні, падняла іх вышэй галавы і пакланілася фізе да самай зямлі. Потым палажыла ля яе нейкую стужку. Уся фіга была абкладзена рознымі рэчамі: гаршкі з рысам, торбачкі, бляшкі, кавалкі тканіны, кветкі, садавіна і розная іншая дробязь.

— Чакаеш? Хутка? — ціха запытала новапрыйшоўшую суседка.

— Мусіць, хутка,— адказала тая.

— А мне вось бог не дае,— уздыхнула першая.— Колькі ўжо разоў я тутака была! Колькі ахвяр прыносіла! Відаць, не прымае дух.

— А я дык сама не ведаю, ці радавацца мне, ці гараваць. Мой, здаецца, просіць начальства, каб яму змянілі жонку. Куды я тады дзенуся з дзіцем?

— Дык яго ж возьмуць выхоўваць на дзяржаўны кошт.

— Яно так, але цяжка разлучацца.

І жанчыны зноў сціхлі.

Тугай стаяў побач і горка ўсміхаўся. Ён добра ведаў усю гэтую штуку. Гэтая гармата з фігаю даўно ўжо лічыцца цудоўнай, і цёмныя жанчыны здаўна звяртаюцца да яе ў сваіх справах наконт дзяцей. Не ведаў ён толькі, адкуль, як і чаму прыладжана была гэтая фіга. Можа, галандцы пажартавалі? У кожным разе, яны не перашкаджаюць пакланяцца гэтай святыні і, мусіць, ахвотна нарабілі б яшчэ шмат фіг.

Разумеў Тугай і размову дзвюх жанчын. Адна з іх была «пайковая жонка» галандскага салдата. Разам з іншым утрыманнем салдатам часова даюцца жонкі, зразумела, з мясцовых. Яны гатуюць, мыюць бялізну, прыслужваюць сваім мужам, а потым... застаюцца «на волі».

Тугаю хацелася растлумачыць ім, якое глупства яны робяць, але ён добра ведаў,— гэта дарэмна. Тут ён са здзіўленнем заўважыў, што сярод жанчын знаходзіцца стары мужчына.

— І ты, дзядуля, прыйшоў пакланіцца гэтай фізе? — спытаў Тугай.

— Не думай, што гэта толькі жаночая справа,— паважна сказаў дзед.— Гэта таксама справа агульная, дзяржаўная.

— Ну?! — здзівіўся Тугай.

— Няўжо ты не ведаеш? Эх вы, моладзь сучасная! Ганьбіце ўсё старое, не цікавіць вас нават лёс бацькаўшчыны.

— Хіба ад гэтай фігі залежыць лёс нашай старонкі? — засмяяўся Тугай.

— Можа, і ад фігі, а больш ад гарматы. Даўно-даўно, калі белыя толькі яшчэ пагражалі нам, алах паслаў нам дзве такія гарматы, каб бараніцца. Але нашы, замест таго каб даць дружны адпор, пачалі сварыцца паміж сабой,— і тады гарматы падзяліліся: адна засталася тут, другая апынулася недзе далёка, у сярэдзіне вострава. Але алах пры гэтым сказаў: «Калі вы ўсе дагаворыцеся, памірыцеся, тады гарматы зноў сыдуцца разам і тады будзе канец белай уладзе». Вось і бачыш цяпер, што залежыць ад гэтай гарматы.

Тугай і сам ужо ўспомніў, што ён калісьці чуў гэтую легенду.

Але цяпер яна зрабіла на яго асаблівае ўражанне. Ён ужо не смяяўся, а, наадварот,— задумаўся.

— Праўда твая, дзядуля! — сказаў ён сур’ёзна.— Я гэта ведаю і ўсе ведаюць. Але ці ведаеце вы, што гэты час ужо блізкі?

— Няўжо? — ажывіўся дзед, і нават жанчыны зацікавіліся.

— Праўда! І другая гармата ўжо ідзе на злучэнне.

— Адкуль? Як? Хто бачыў?

— Шмат людзей бачыла,— упэўнена і цвёрда казаў Тугай.— І я сам бачыў, сваімі ўласнымі вачыма,— дадаў ён неспадзявана для сябе самога.

— Дзе? Калі? Кажы!

— Спачатку яе бачылі ў акрузе Банджумас, потым — у Прэангеры, апошні ж раз я сам бачыў у Бантаме. Больш падрабязна пакуль што я не маю права вам казаць, каб не даведаліся галандцы і не перашкодзілі. І вы таксама сцеражыцеся, каб яны не даведаліся. Але паміж сваіх вы маеце права казаць, што прароцтва ўжо спаўняецца, што ўладзе белых прыходзіць канец і што няма чаго ўжо іх баяцца.

Гэтыя словы Тугай вымавіў вельмі ўрачыстым голасам, потым раптоўна завярнуўся і пайшоў далей, задаволена ўсміхаючыся сабе пад нос.

— Кожны кій мае два канцы! — голасна прамармытаў ён.

А «паклоннікі фігі» нават забыліся на свае ўласныя справы і хутка пачалі разыходзіцца, каб паведаміць сваім знаёмым пра такую важную навіну.

— Дзякуй алаху, дачакаўся і я вызвалення свайго народа!— казаў стары, кульгаючы дадому.— Я заўсёды казаў: нездарма ж усё гэта гаворыцца, нездарма ж яна тут ляжыць, гэтая гармата, нездарма ж перад ёю моляцца — вось бачыце, цяпер і збываецца прароцтва.

Тым часам Тугай дабраўся да самага апошняга, самага беднага квартала, пра які, відаць, забылася нават сама паліцыя, бо вельмі ўжо брудна было тут. Маленькія хаткі туліліся адна да адной, голая дзетвара капашылася ў балоце ад учарашняга дажджу. Усюды былі развешаны пялёнкі і брудныя лахманы.

Усё гэта парылася пад пякучым сонцам, якое стаяла акурат над галавой. Горай за ўсё, што расліннасці амаль зусім не было ў гэтым кутку. Ужо на што яна буяе ў гэтым краі на кожным кроку, але тут людскі гушчар перамог нават яе. І не дзіва: каля трохсот тысяч народу жыве ў Батавіі, а вялізных шматпавярховых камяніц у ёй куды менш, чымся ў еўрапейскіх гарадах.

І толькі блізкасць мора, якое асвяжае паветра і не дапушчае гарачыні падымацца звыш трыццаці пяці градусаў, дае магчымасць сяк-так жыць у гэтым пекле або раі (усё роўна, так і гэтак можна назваць гэты дзіўны край).

Тугай падышоў да адной хаты, беднай, як і іншыя, але крыху большай і лепш дагледжанай. Нават некалькі бананаў расло ля яе.

Насустрач Тугаю выйшаў мужчына гадоў трыццаці пяці, малаец, у штанах і сіняй расшпіленай блузе. Увесь яго выгляд сведчыў, што ён быў больш кваліфікаваны і вопытны рабочы, чымся звычайная малайская бедната.

— Прыехаў? — запытаўся ён у Тугая.

— Прыехаў.

— Усё добра?

— Лепш не трэба. Збяруцца сёння?

— Будуць усе. Хадзем пагаворым. Прыйдзецца пачакаць да цямна.

І яны ўвайшлі ў хату.

 

ІІІ. САПСАВАНЫ БАЛЬ

 

Некалькі рысак з каланіяльнай дзейнасці галандцаў.— Кававыя планы ван Дэкера.— Баль у генерал-губернатара.— Каляровыя паны.— Слава мічмана ван Хорка.— Мядовыя словы і бомба.

«Жамчужына галандскай кароны» — так звычайна завуць Яву ў Еўропе. Цікава, што калі сама карона мае плошчу трыццаць тры тысячы квадратных кіламетраў, то «жамчужына» на ёй — сто трыццаць тры тысячы, а разам з усімі іншымі «жамчужынамі» (Суматра, Цэлебес, Барнео, Новая Гвінея) гэта складзе больш за два мільёны квадратных кіламетраў. Насельніцтва ў самой Галандыі восем мільёнаў, а на Яве — каля сарака, у тым ліку саміх галандцаў не больш за сто тысяч.

Якім чынам такая маленькая карона здолела прычапіць да сябе такую вялікую жамчужыну?

Справа звычайная, гандлёвая. Пачалася яна ў 1598 годзе, калі была заснавана Ост-Індская кампанія капіталістаў з шасцю мільёнамі гульдэнаў капіталу. Прадпрыемства было зусім прыватнае і мела сваёй мэтай толькі гандаль.

Кампанія будавала ў розных месцах «факторыі» — склады тавараў, палюбоўна дагаворвалася з мясцовымі князькамі. А потым і без палюбоўнасці пачала запускаць свае кіпцюры ўсё глыбей і мацней. Дзеля гэтага кампанія мела нават сваё ўласнае прыватнае войска.

А калі жыхары ўбачылі, што мірныя гандляры робяцца ўладарамі, і захацелі сапхнуць няпрошаных гасцей,— тады ўжо прыйшла на дапамогу сама карона. Краіна была абвешчана ўласнасцю Галандыі, з’явіліся губернатары, генералы, гарматы; пачаліся расправы са «здраднікамі».

А «здрады» бывалі розныя.

У Еўропе, скажам, падаражэў перац; за яго плацяць вялікія грошы. І вось даецца загад, каб насельніцтва палову сваёй зямлі засявала выключна перцам. Але некалькі чалавек засадзілі яго меней. Злачынства выкрылі,— і на другі дзень некалькі вёсак было спалена, а ўсё насельніцтва іх, да апошняга чалавека, было знішчана.

Але гэта было даўно, гадоў дзвесце назад. Пазней забівалі не ўсіх, а толькі вінаватых; абавязковыя засевы зменшыліся да адной трэцяй часткі зямлі, потым да адной пятай, а цяпер і зусім скасаваны.

Але было б несправядліва казаць толькі аб зверскіх учынках каланізатараў. Ёсць помнікі і культурнай працы іх. Так, праз увесь востраў, ад Батавіі да Сурабайі, на працягу васьмісот кіламетраў праведзена дасканалае шасэ, якое каштавала ўсяго толькі смерці тысяч ста бурых людзей, а грошай бадай што не каштавала.

Аднак жа і тут трэба адзначыць, што гэта было даўней, калі панаваў кулак. А цяпер пануе гульдэн, таму ўся ўвага галандскай буржуазіі накіравана на тое, каб выціснуць з падуладнага «дзікага» народа як мага больш грошай. За апошнія гады Галандыя такім чынам выціснула два мільярды.

Якім жа спосабам жменька прышэльцаў трымае ў сваіх руках шматмільённы народ? Дзеля гэтага існуе многа спосабаў. Найбольш карысна цемра народная, таму на асвету белых выдаецца ў год трыццаць восем мільёнаў гульдэнаў, а на цёмных — семнаццаць мільёнаў. Падлічыце самі, колькі выпадае на адну белую і на адну цёмную душу.

Другі памочнік — беднасць. Сярэдні прыбытак яванца — пятнаццаць гульдэнаў у год, на нашы грошы — адзін рубель у месяц. Пры гэтым абядненне ідзе так паспяхова, што зрабілася масавым, нават мясцовай буржуазіі вельмі мала.

Затое вельмі карысны для ўлады мясцовыя паны, розныя былыя князькі. Усе яны атрымліваюць ад улады значную пенсію «за перадачу Галандыі сваіх правоў над народам». Апрача гэтага, яны ж пад назвай рэгентаў абавязкова прызначаюцца начальнікамі розных акруг, правінцый і кіруюць народам бадай так сама, як і калісьці. Толькі побач з імі стаіць яшчэ рэзідэнт, галандскі чыноўнік, які «раіць» рэгенту рабіць так і гэтак. Гэтая «парада» і з’яўляецца законам, але ў вачах народа выглядае, нібы кіруе «свой». Нават дзве «незалежныя дзяржавы» яшчэ існуюць на Яве.

Вышэйшай уладай лічыцца «яе вялікасць Вільгельміна, каралева галандская», якая жыве за семнаццаць тысяч кіламетраў ад Явы і ні разу не бачыла «свайго народа». Замест яе кіруе намеснік, генерал-губернатар, які з’яўляецца на Яве царом і богам.

Далей ідзе адпаведны апарат з тысячамі галандскіх чыноўнікаў, але без ніякага ўдзелу саракамільённага насельніцтва.

І вось у 1918 годзе далі нарэшце голас і «народу»: стварылі народную раду, куды ўваходзяць чалавек трыццаць, з якіх палова еўрапейцаў. Палова рады назначаецца генерал-губернатарам, а другая палова абіраецца на месцах праз тую ж самую ўладу. У выніку ўсіх гэтых аперацый у народную раду не можа трапіць ніводзін прадстаўнік ад народа. І нават такая рада мае толькі дарадчы голас пры генерал-губернатару.

* * *

Пакуль Тугай валэндаўся па Батавіі, яго туан накіраваўся ў Вельтэўрэдэн, у дзяржаўныя ўстановы. Аўтамабіль хутка вылецеў на вялізную Каралеўскую плошчу, вакол якой бялеліся ў садах невялікія, але прыгожыя будынкі. Кожны галандскі чыноўнік марыць аб тым, каб мець тут кватэру. Ёсць сярод іх такія, што не шкадуюць аддаваць палову свайго заработку, абы толькі жыць у панскім квартале.

Найлепшым будынкам, вядома, быў палац генерал-губернатара, асляпляльна белы, з мармуровымі калонамі. Побач — памяшканне для вартаўнікоў і будкі для варты. Але генерал-губернатар тут рэдка жыве. Ён выбраў сабе месца ў вышэйшай і больш здаровай мясцовасці, у Бейтэнзоргу, кіламетраў за сорак ад Батавіі.

Недалёка ад палаца ўздымаўся вялізны будынак дзяржаўных устаноў. Перад ім і спыніўся аўтамабіль ван Дэкера.

З важным выглядам увайшоў ван Дэкер у дом і запытаўся начальніка зямельнага дэпартамента. Замітусіліся слугі перад такім важным панам — і праз мінуту ван Дэкер уваходзіў у кабінет, дзе за сталом прэў ад спякоты круглы, лысы чалавек.

— Ван Дэкер, прадстаўнік фірмы Бром і К° у Амстэрдаме,— прамовіў ван Дэкер, ветліва, але з гонарам схіліўшыся.

— Калі ласка! Сядайце,— адказаў начальнік.— Чым магу служыць?

— Бачыце,— пачаў ван Дэкер, выкладаючы свае паперы,— наша фірма мяркуе заснаваць на Яве кававыя плантацыі, і мне даручана адшукаць для гэтага зямлю.

— Нялёгкая будзе справа,— задуменна сказаў начальнік.— Усё, што можна, ужо занята галоўным чынам пад цукровыя плантацыі. Насельніцтва густое, зямлі мала, і з кожным годам усё цяжэй і цяжэй дастаць кавалак зямлі.

— Усё гэта мы ведаем,— адказаў ван Дэкер,— усё гэта мы ўлічваем, але маем і свае довады. Як вам вядома, за апошнія гады ўсе капіталы накіраваліся ў цукровую прамысловасць, а кававая заняпала, і мы прадбачым крызіс на цукар і попыт на каву. Умовы для гэтага вельмі спрыяючыя. Калі паставіць справу навукова, мы зможам даць каву, лепшую за бразільскую. Дзеля гэтага фірма гатова ўкласці досыць мільёнаў і не бачыць перашкоды ў тым, калі прыйдзецца заснаваць прадпрыемства ў якім-небудзь глухім кутку, напрыклад, у Бантаме або ў Суракарце ці Джоджакарце8.

— Пры такіх умовах справа крыху палягчаецца. У Бантаме або ў Прэангеры, можа, і знойдзецца. Але ў Суракарце ці Джоджакарце — залежыць ад мясцовых султанаў.

— І гэта мы ведаем. Вы толькі дайце рэкамендацыі да тамтэйшых рэзідэнтаў, а там ужо я сам аб’езджу і выгляджу. Зразумела, перш за ўсё патрэбна ваша прынцыповая згода.

— Супраць культурнага мерапрыемства мы нічога мець не можам,— неяк невыразна прамовіў начальнік,— але ўсё ж такі справа не зусім такая простая, як вам здаецца.

— Наадварот! — падхапіў ван Дэкер.— Фірма дасканала ведае ўсе цяжкасці справы. Гэта відаць з таго, што яна прызначыла не меней дзесяці працэнтаў з капіталу на адхіленне гэтых цяжкасцей. Зразумела, адзін я нічога не зраблю; тут патрэбны аўтарытэтныя людзі.

У вачах начальніка нешта бліснула. Ён адразу стаў больш уважлівым і лагодным. Ён выразна паглядзеў на Дэкера і сказаў:

— Цяпер я бачу, што прадпрыемства задумана цвяроза, што яно ў разумных і практычных руках. Бачу, што там у вас добра ведаюць перашкоды на гэтым шляху. Ведаюць, што значыць угаварыць насельніцтва, каб яно ўступіла свае кавалкі зямлі. Ведаюць, які для гэтага апарат прыходзіцца пускаць у ход.

— І не кажыце! — смеючыся, перапыніў ван Дэкер і дакрануўся да рукі начальніка.— Хіба мы дзеці? Хіба мы не ведаем рэальных умоў і абставін? Мне толькі трэба будзе аб’ехаць і агледзець больш-менш зручныя месцы, а потым ужо прыйдзецца звярнуцца да больш аўтарытэтнага чалавека. Не асмельваюся турбаваць вас, але каб вы згадзіліся памагчы ў гэтай культурнай справе, мы былі б вельмі ўдзячныя.

— Што ж,— прамовіў начальнік,— прыйдзецца патурбавацца. Гэтага патрабуе і карысць краіны і карысць нашай бацькаўшчыны.

Праз некалькі мінут ван Дэкер меў паперу, у якой прапанавалася ўсім прадстаўнікам мясцовай улады памагаць яму пры аб’ездзе і аглядзе зямель.

Нарэшце ван Дэкер і начальнік дэпартамента ван Гук пасябравалі так, нібы яны былі старыя знаёмыя. Папіваючы ананасавую ваду з лёдам, яны гутарылі ўжо аб усялякіх прыватных рэчах і, відаць, спадабаліся адзін аднаму.

— Вы калі думаеце ехаць? — запытаўся ван Гук.

— Калі ўдасца, дык хоць сягоння.

— Сёння ў генерал-губернатара афіцыйны баль. Дні тры,

як ён прыехаў з Бейтэнзорга. Калі цікавіцеся, я магу атрымаць для вас запрашэнне.

Спачатку ван Дэкер адмовіўся, але потым раздумаўся і згадзіўся.

— У такім разе,— казаў ван Гук, праводзячы госця да дзвярэй,— прыязджайце да мяне а восьмай гадзіне, і мы паедзем разам.

На ганку ван Дэкер сустрэўся з Пілам. Яны прывіталіся як знаёмыя, і ван Дэкер запытаўся.

— Ну, як вашы паляўнічыя справы, мінгер Піп?

— Вось трэба яшчэ атрымаць дазвол на падарожжа па краіне.

— А як падабаецца краіна?

— Пакуль што нічога цікавага: дамы, вуліцы, трамваі, аўтамабілі, як і ў нас; нават жулікі на рынку такія самыя. Толькі змеі прадаюцца, як каўбасы. Мусіць, сапраўдная прырода там далей.

— Вядома. Жадаю поспеху!

* * *

А палове дзевятай ван Дэкер пад'ехаў да палаца генерал-губернатара з ван Гукам і яго сямействам: тоўстай жонкай і цыбатай дачкой.

Сярод цёмнай ночы палац ззяў агнямі, нібы вогнішча. Дзесяткі аўтамабіляў і коней таўкліся ля пад’езду, а навакол стаяў натоўп простых гледачоў, якіх адціскалі паліцэйскія.

Па баках мармуровых сходняў, пакрытых дыванамі, стаялі цёмныя лакеі ў бліскучым парадным адзенні, але... босыя. У пышных залах гулі госці, якіх сабралася чалавек шэсцьсот. Чакалі выхаду самога генерал-губернатара.

Апрача вышэйшых галандскіх чыноўнікаў і ваенных былі і прадстаўнікі чужаземных дзяржаў: Англіі, Францыі, Бельгіі. Кідалася ў вочы, што прынамсі палова гасцей былі метысы, а жонкі іх нават зусім чыстакроўныя яванкі. Вось прайшоў важны генерал, метыс, са сваёй смуглай жонкай. Чужаземцы зірнулі адзін на аднаго і пачалі ціха перагаворвацца.

Відаць было, што яны дзівяцца, як гэта дапускаюць цемнаскурых людзей у генералы.

Ван Гук заўважыў гэта і сказаў ван Дэкеру:

— Гэта галоўнакамандуючы яванскімі войскамі, таленавіты і верны чалавек. Але ўсё ж такі на такую пасаду лепш было б прызначыць каго-небудзь з нашых. Тут ён вялікі туз, а ў Галандыі з ім нават пасаромеліся б прывітацца.

— Гэта толькі сведчыць, што мы няўдзячна адносімся да нашых верных слуг,— адказаў ван Дэкер.

— Затое тут яны на гэта паскардзіцца не могуць,— адказаў ван Гук.

Заварушылася публіка, дзяжурны ад’ютант крыкнуў на ўсю залу: «Іх высокаправасхадзіцельства генерал-губернатар!» У глыбіні залы адчыніліся дзверы, музыка зайграла галандскі гімн,— і паважна, павольна выплыў генерал-губернатар з жонкай.

Публіка ўсхапілася, нізка схілілася. Генерал-губернатар у адказ ледзь-ледзь нахіляў галаву, прывітаўся з некалькімі найважнейшымі асобамі, перакінуўся з імі словамі і пайшоў на сваё месца. Госці падзяліліся на гурткі і чакалі пачатку балю.

Зайгралі паланез, генерал-губернатар запрасіў жонку французскага консула і пачаў танец. За ім нейкі консул з жонкай генерал-губернатара, а там наступныя па чыну. З вялікаю пашанаю сачыла прасцейшая публіка за танцам самога генерал-губернатара.

Баль быў адкрыты. Праз некалькі мінут генерал-губернатар выйшаў з шэрагу і сеў у асобным кутку разам з вышэйшымі чынамі, а танцавала ўжо прасцейшая публіка.

За паланезам пайшлі іншыя, «неафіцыйныя» танцы. Публіка мяшалася, змянялася. Усе вокны былі адчынены; за імі вабілі да сябе веранды. Ван Дэкер з цікавасцю назіраў арыгінальны баль, а далікатнасць прымусіла і яго пайсці танцаваць з дачкой ван Гука.

Потым ён выйшаў на веранду. Вакол быў сад, абгароджаны высокай сцяной. Пальмы, бананы і іншыя экзатычныя расліны пераносілі яго ў новы, незнаёмы свет. Але музыка, парадная публіка ў сурдутах, фраках, мундзірах і ўсе іншыя акалічнасці паказвалі, што свет той самы, што і ў Гаазе, Вене, Лондане, Парыжы. І той самы ніжэйшы народ стаіць там на вуліцы і з зайздрасцю пазірае, як весяляцца паны.

— Гляджу я на ўсё гэта і дзіўлюся,— пачуўся збоку голас англійскага консула.— Што сабе думае галандская ўлада? Праз дзесяць-дваццаць год не застанецца аніводнага чыстакроўнага белага чалавека. Усё пяройдзе ў рукі бурых, жоўтых, кававых і іншых каляровых стварэнняў. І як галандцам не сорамна вадзіцца з гэтымі кававымі генераламі і чыноўнікамі? У нас бы іх і на парог не пусцілі, а тут яны раўнапраўныя. У нас, калі англічанін возьме сабе каляровую жонку, яго ўжо не прымуць ні ў адным прыстойным доме. А тут, у доме самога генерал-губернатара, цэлы звярынец.

— Яно так,— адказаў другі чалавек, французскі консул,— але пакуль што ніякай шкоды для галандцаў мы не бачым. На працягу ста гадоў мы не ведаем ніводнага сур'ёзнага паўстання. Бачачы сваіх, народ задаволен уладай. Гэтыя каляровыя, можа, больш карысныя для галандскай улады, як свае, белыя.

— Мы таксама карыстаемся каляровымі, але гэта не значыць, што мы павінны мяшацца з імі.

Нехта падышоў, і размова спынілася.

Калі ван Дэкер вярнуўся ў залу і падышоў да ван Гука, з тым гутарыў бельгійскі консул.

— А ведаеце, прыём і паводзіны вашага генерал-губернатара куды вышэй і ўрачысцей, чымся нашага караля,— казаў консул.

— Не забывайцеся,— усміхнуўся ван Гук,— што генерал-губернатар якраз і замяшчае асобу нашае каралевы, і ўсё, што належыць ёй, пераносіцца на яго. А па-другое, у гэтай дзікай краіне неабходна трымаць сцяг улады на належнай вышыні.

— І правільна робіце,— згадзіўся консул.— Наогул можна сказаць, што ніводная дзяржава не дасягнула ў сваіх калоніях такіх поспехаў, як галандцы на Яве. Развіццё прамысловасці, культуры, раўнапраўе (ён паказаў рукою на метысаў) — усё гэта падняло краіну і стварыла спакойныя ўмовы жыцця як для галандцаў, так і для тубыльцаў. Вось чаму вы не адчуваеце тых трывог і небяспекі, якія пагражаюць іншым дзяржавам у іх калоніях.

— Так, наш народ ціхі і спакойны,— пацвердзіў ван Гук.

— Але ж я чуў,— умяшаўся ван Дэкер,— што існуюць нейкія нездаволеныя партыі: Сарэкат-Іслам, Сарэкат-Райят, нават камуністычная партыя.

— Ну, гэта толькі гульня,— засмяяўся ван Гук.— Усюды знойдзецца некалькі нездаволеных людзей, а задаволіць іх заўсёды можна... дармовым памяшканнем.

І ён гучна зарагатаў, задаволены сваім жартам. Падтрымаў яго і консул, усміхнуўся ван Дэкер.

Міма прайшоў малады флоцкі афіцэр. Ван Дэкер зірнуў на яго і нібы ўздрыгануўся.

— Ці не ведаеце, хто гэта такі? — запытаўся ён у ван Гука.

— О, гэта цікавы чалавек, герой! — адказаў той.— З ім звязана адна таемная гісторыя, якая трымаецца ў сакрэце, але вам, я думаю, можна сказаць, вы — свой.

— Вядома,— сказаў ван Дэкер.

— Бачыце,— ціха пачаў ван Гук,— некалькі месяцаў назад знік ваенны карабель. Можа, чыталі, у газеце пісалася, што разбіўся аб каменні ваенны карабель «Саардам»?

— Здаецца, чытаў,— адказаў ван Дэкер.

— Ну, дык сапраўды ён не разбіўся, а яго захапілі бандыты.

— Не можа быць! — здзівіўся ван Дэкер.— Каб бандыты ды захапілі дзяржаўны ваенны карабель! Гэта ж ганьба!

— Вось затым і абвясцілі, што нібы ён сам разбіўся. Капітан, яго памочнік і каманда ганебна здаліся бандытам. Толькі гэты малады мічман, ван Хорк, трымаўся да апошняга моманту, і, каб каманда не прымусіла яго здацца, ён узарваў бы карабель разам з сабой і ўсімі.

— Вось які герой! — здзівіўся ван Дэкер.

— Вядома, усю каманду пакаралі, а ван Хорка павысілі ў капітаны і прызначылі камандзірам мінаносца.

— Ну, а «Саардам» куды дзеўся, ці вядома?

— Да апошняга часу не ведалі, а цяпер, здаецца, даведаліся, бо ван Хорк заўтра ці паслязаўтра адпраўляецца па яго слядах.

Між тым танцы спыніліся, і гасцей запрасілі на вячэру. Дзве вялізныя залы занялі госці. Генерал-губернатар сеў за асобны стол і запрасіў да сябе самых пачэсных гасцей. Калі ўсе расселіся і ўціхамірыліся, генерал-губернатар устаў, падняў бакал і сказаў:

— Паважаныя госці! Дазвольце падняць першы бакал за яе вялікасць каралеву Вільгельміну галандскую, уладарку Інданезіі. Толькі яе ўважлівасць, яе клопаты далі нам магчымасць узняць дабрабыт гэтай краіны, даць насельніцтву...

Страшэнны грукат раздаўся за акном. Затрэсліся сцены, зазвінела і пасыпалася шкло, цэгла, абломкі паляцелі на стол, а ў кутку залы зрабілася вялікая шчыліна.

Невыказная мітусня пачалася ў зале. Пачуліся галасы: «Выбух! Бомба! Салака!»9. Сталы, стравы, людзі, крэслы — усё змяшалася ў адну кучу. «Першы бакал» вываліўся з рук генерал-губернатара, і ён, падхапіўшы жонку, пабег да дзвярэй разам з усімі, забыўшыся на свой высокі сан. Але ў дзвярах была такая цісканіна, што нельга было прайсці ні ўзад, ні ўперад. На падлозе галасіла некалькі жанчын, якіх тапталі звар’яцелыя людзі. Некалькі чалавек выскачыла ў акно, а ван Хорк схаваўся ў куток пад столікам.

Тут пачуўся зычны голас «кававага» генерала:

— Панове! Супакойцеся! Бачыце, што ўсё скончылася, што больш нічога не пагражае. Апамятайцеся, бо наробіце яшчэ больш бяды.

Першы апамятаўся генерал-губернатар і зрабіў выгляд, нібы ён кінуўся да дзвярэй наводзіць парадак. Да яго далучыліся другія афіцэры.

Выскачыў і ван Хорк і зараз жа пачаў супакойваць публіку:

— Панове, супакойцеся! Мы на варце, мы не дапусцім няшчасця. Ратуйце жанчын.

А ван Дэкер стаяў увесь час нібы скамянелы. Здавалася, ён не бачыў мітусні, не думаў пра небяспеку, а быў заняты зусім іншым. Нахмураны твар сведчыў, што ў галаве яго былі трывожныя думкі.

Паколькі ніякага страху больш не паўтарылася, публіка крыху супакоілася і пачала разыходзіцца, пакінуўшы дзвюх раздушаных жанчын ды з дзесятак гасцей параненых.

Калі публіка раз’ехалася, у генерал-губернатара сабралася нарада. Выявілася, што нехта кінуў бомбу, якая разарвалася ў садзе, ля кутка палаца. Злавіць злачынцу не ўдалося. Замест яго налавілі шмат абы-якіх людзей.

— Гэта ўсё камуністы! — заскрыгатаў зубамі генерал-губернатар.— Прыйдзецца іх добра пачысціць!

Не ведаў ён, што для камуністаў гэтая бомба была яшчэ болей шкодная і непажаданая, чымся для генерал-губернатара...

Шпарка ішоў ван Дэкер дамоў. Па дарозе зайшоў на тэлеграф і паслаў у Тжылатжап тэлеграму:

«Участак для кававай плантацыі знойдзены. Пастарайцеся своечасова ачысціць яго».

У атэлі ён перш за ўсё запытаўся, ці ёсць Тугай. Яму адказалі, што няма.

— Прышліце яго да мяне, калі ён вернецца,— загадаў ван Дэкер.

Вярнуўся Тугай праз дзве гадзіны.

— Будзе табе ад туана! — казалі яму слугі, але заснулі, не дачакаўшыся вынікаў, бо Тугай праседзеў у нумары ван Дэкера да пятай гадзіны.

 

IV. ЖЫЦЦЕ ЯВАНСКАГА НАРОДА

 

Дэза Банд'ю.— Цукровая плантацыя Більбо.— Бізуны на дванаццаць чалавек адразу.— Чыстка.— Па-Інго і яго сын.— Пажар на плантацыі.— «Бунт».— Прыезд рэгента.— Дур'янам па галаве! — Няшчасці Па-Інго.— Амок!

Дэза10 Банд’ю знаходзіцца ля самай чыгункі. У яе ўваходзяць некалькі кампонгаў (вёсак), але яны стаяць так блізка адзін ля аднаго, што іх можна лічыць і за адзін кампонг.

Зямлі на гаспадара прыпадае вельмі мала, не болей паловы гектара. Кожны кавалак ля хаты засаджаны бананамі, пальмамі, мангустанамі, дур’янам і іншымі пладовымі дрэвамі,— уся вёска хаваецца ў дрэвах, як у лесе. Здалёк вёскі зусім нельга заўважыць: яна здаецца ляском сярод палёў.

Ёсць гаспадаркі, якія складаюцца толькі з некалькіх пладовых дрэў. Але калі гэтых дрэў налічваецца да сямі штук, то гаспадар павінен плаціць два і дзве дзесятых гульдэна падатку.

Сярод гэтых садоў параскіданы хаткі, якія можна назваць кошыкамі на слупах. Усе яны сплецены з бамбуку і стаяць на «курыных ножках», на чатырох ці болей слупах з паўметра вышынёю. Страха сплецена з «аланг-аланг» (трава з шырокім лісцем) ці з пальмавага лісця або рысавай саломы. Унутры хаткі — ложак ды рагожы на падлозе і больш нічога. Пара гаршкоў ды камінок з камення дапаўняюць хатнюю гаспадарку.

Побач такі самы свіран ды паветка для быка і павозкі на двух колах, калі хто мае такое багацце. Амаль уся гаспадарка з прыладамі і нават пасудай зроблена з бамбуку.

Але большасць гаспадароў не мае ніякай гаспадаркі. Кавалак зямлі ў некалькі метраў яны апрацоўваюць рукамі. Вылічана, што маёмасць такіх гаспадароў ацэньваецца на нашыя грошы ў чатыры рублі, у тым ліку «дом» каштуе... адзін рубель і дваццаць капеек!

Усе двары і сады, калі іх можна так назваць, зараслі дзікай травой, якая ў гэтай краіне расце так, што можа ўсё заглушыць. Ніколі людзі не чысцяць і не прыбіраюць вакол сваіх хат.

За вёскай ідзе «савах» (ралля), дзе яванец разводзіць «падзі» (рыс). Гэтае падзі, якое яванец на адным полі можа сеяць тры разы ў год, і з’яўляецца галоўным, можна сказаць, выключным сродкам існавання.

Сотні гадоў міралюбны яванец апрацоўваў свой савах, збіраў падзі, нічога больш не жадаў, нікуды не соваўся, але вось аднекуль прыйшлі чужынцы і пачалі праводзіць «культуру»: спачатку, як мы бачылі, прымушалі садзіць тое, чаго яванцу зусім не трэба, а потым «палюбоўна» браць зямлю ў арэнду.

Такім спосабам прадпрыемца Більбо і арандаваў тры чвэрці дэзы Банд’ю для сваёй цукровай фабрыкі. Арандаваў зусім палюбоўна і проста. Перш за ўсё пасябраваў з мясцовай уладай да «луры» (стараста дэзы) уключна. І пайшло так, што, калі толькі ў гаспадара бяда якая — ці неўраджай, ці скаціна падохла,— якраз і падаткі трэба плаціць. Але разам з тым ішла і дапамога. Агенты Більбо вельмі ахвотна пазычалі грошы, і ўрэшце зямля «палюбоўна» перайшла да Більбо. І гаспадары з гэтага часу апрацоўвалі сваю зямлю ўжо на карысць Більбо.

Некалькі гаспадарак яшчэ трымалася, але канчатковы лёс іх быў ужо вырашаны.

А побач з першабытнай малайскай вёскай, дзе людзі жылі, як і трыста гадоў назад, уздымаўся завод, пабудаваны па апошняму слову еўрапейскай тэхнікі. І на палях чатырыста чалавек працавала над цукровым трысцём. Палова іх нават былі дзеці гадоў дванаццаці-пятнаццаці, бо ім можна было плаціць меней. Праца складалася з таго, што трэба было абарваць лішняе ніжэйшае лісце і абкапаць кожную расліну.

У гэтай горнай краіне мала роўных прастораў. Даліны чаргуюцца з узвышшамі, часам уздымаюцца зусім скалістыя, стромкія горы, а там зноў ідзе даліна. У такой даліне была і цукровая плантацыя.

На ўзвышшы, пад густым дрэвам, сядзелі тры даглядчыкі, служачыя Більбо. Два з іх былі галандцы, трэці метыс. Уся плантацыя ляжала перад імі як на далоні, толькі нельга было разгледзець кожнага рабочага паасобку. Але для гэтага ў іх быў бінокль. Час ад часу то адзін, то другі падносілі бінокль да вачэй і разглядалі поле. Побач ляжалі даўжэзныя бізуны, аб якіх самі даглядчыкі казалі, што яны «могуць абхапіць адразу дванаццаць чалавек».

Набліжаўся поўдзень. Сонца стаяла над самай галавой і агнём смаліла голыя спіны рабочых. Нават даглядчыкам у цяньку было млосна.

— Вось ужо каторы раз тыя хлапцы прыпыняюць работу,— бурчаў адзін з даглядчыкаў,— а ісці да іх неахвота. Во, зноў! Ах, паганыя!

— Нічога не зробіш, трэба ісці. Твая чарга, Грын,— сказаў другі.

— Ну, дык я ім пакажу! — злосна крыкнуў Грын і, узяўшы бізун, пайшоў да рабочых.

Убачыўшы, што набліжаецца даглядчык з бізуном, усе чатырыста чалавек уздрыгануліся.

«Ці не да мяне?» —мільганула думка ў кожнага з іх, і пад гарачымі праменнямі сонца яны адчулі халадок.

Па дарозе даглядчыку трэба было абмінуць кавалак поля, засеянага рысам. Участак належаў Па-Інго, аднаму з тых гаспадароў, якія яшчэ трымаліся за сваю зямлю. Зразумела, даглядчык не стаў абмінаць, а пайшоў проста праз пасеў.

Даўно ўжо прапанавалі гэтаму Па-Інго аддаць свой кавалак у арэнду, а калі ён не хоча, тым горш яму самому. І праз рыс было ўжо пракладзена столькі сцежак (кожны раз новая), што беднаму Па-Інго нямнога заставалася карысці.

Сярод рабочых быў і сын Па-Інго, дваццацігадовы дзяцюк Нонг. У бяссільнай злосці павінен быў глядзець ён, як на яго вачах гінула іх праца.

Схіліліся рабочыя над працай, заціхлі, утаропілі вочы ў зямлю, нібы не звяртаючы ўвагі на даглядчыка. А ў саміх сэрца стукае хутка-хутка.

«Можа, не да мяне?» — мільгае ў кожнага надзея.

Даглядчык падышоў да вінаватых дзяцей.

— Вы што ж гэта гуляеце? А? — загрымеў ён.— Вы гуляць наняліся ці працаваць?

Свіснуў бізун і абхапіў адным махам «толькі» чатырох. Яшчэ свіст — і бізун абхапіў ужо шасцёра.

Застагналі, заплакалі дзеці, паліліся салёныя слёзы на салодкую расліну, а на худзенькіх спінах выступілі рыскі крыві. Зараз жа кінуліся на кроў мухі — «леры», абляпілі раны, але адагнаць іх нельга: трэба працаваць усе мінуты, якія ёсць у дні.

Некалькі чалавек дарослых, асабліва жанчыны, мімаволі прыпыніліся і паглядзелі на бедных дзяцей, але зараз жа зноў свіснуў бізун і зрабіў тое самае на іх спінах.

— Ах вы, гультаі! — крычаў даглядчык.— Вы толькі і думаеце аб тым, каб украсці якую-небудзь хвіліну. Вы думаеце, мы гэтага не бачым? Не, кожнага бачым, нас не ашукаеце.

У гэты момант пачуўся звон. Пасля шасцігадзіннай працы настаў перапынак на паўгадзіны, а там зноў шасцігадзінная праца да цямна. Даглядчык пайшоў. Рабочыя расправілі спіны, паваліліся на зямлю, сталі палуднаваць. Жменька рысу і некалькі пладоў былі іхняй адзінай стравай за ўвесь дванаццацігадзінны рабочы дзень.

Нельга думаць, што праца гэта прымусовая, прыгонная. Не, яна арганізавана на навейшых капіталістычных падставах. Рабочыя добраахвотна згадзіліся працаваць па дванаццаць гадзін у дзень і нават падпісалі ўмову. А ўжо тады, паводле закону, работадаўца мае права якім хоча спосабам прымусіць іх выканаць умову, гэта значыць, працаваць поўных дванаццаць гадзін, мінута ў мінуту. У іншых выпадках рабочыя працуюць і дзесяць, і дзевяць, і нават меней гадзін, але ў кожным разе па згодзе.

Рабочыя адпачывалі. Значная частка іх нічога не думала, нічога не адчувала, апрача асалоды адпачынку. Нават аб катаванні яны не разважалі. Справа звычайная. Дзеля таго яны і паны. Заўсёды так і было і, мусіць, павінна быць. Вось каб хутчэй толькі скончылася праца! Тады можна будзе добра адпачыць і забыцца на ўсё.

Некаторыя пакорна скардзіліся на свой лёс.

— Добры дух пакінуў сэрцы белых людзей.

— Алах адвярнуў свой твар ад нас.

Але сярод такіх слоў чуліся і заклікі да барацьбы.

— Ніколі алах не раіў цярпець гвалты чужаземцаў. Наадварот, ён загадвае весці барацьбу з імі. Мы самі павінны аб’яднацца, і тады алах паможа прагнаць чужаземцаў. Дзеля гэтага існуе партыя Сарэкат-Райят11. Каб мы ўсе увайшлі ў гэтую партыю, тады адным махам вызваліліся б ад чужаземцаў.

Сёй-той зацікавіўся, пачаў пытацца, дзе і як можна запісацца ў партыю Сарэкат-Райят. Але знайшліся людзі, якія ступілі яшчэ далей:

— Адной незалежнасці ад белых мала. Зірніце навакол, і вы ўбачыце, што і «свае» таксама здзекуюцца з нас. Не, для нас свае толькі тыя, хто працуе, як і мы, а хто п’е нашу кроў — усе чужыя, якая б скура на іх ні была, белая ці цёмная.

Цікава было чуць такія словы пад экватарам, сярод смуглых паўголых «дзікуноў». Нават сюды дайшлі камуністычныя ідэі! А пану Більбо і не снілася, што ў яго на плантацыі нявольнікі кажуць такія рэчы. Ён, як і ўся Еўропа, прывык лічыць яванцаў «самым ціхім і спакойным народам у свеце».

Хутка прайшло паўгадзіны, і зноў пачалася цяжкая праца. Але вось на небасхіле сталі збірацца хмары. Загрымеў гром, замільгала маланка. Набліжаўся экватарыяльны дождж, той дождж, які льецца як з вядра, тая бура, якая ператварае дзень у ноч.

— Вось недарэчы гэты дождж, каб яго!..— лаяліся даглядчыкі.

— Браточкі, якое шчасце дождж! — радаваліся рабочыя.

І дождж пачаўся. Грымеў гром, бліскала маланка, ліліся з неба струмені, забурлілі раўчукі. Даглядчыкі схаваліся пад дрэвам, а рабочыя засталіся на полі. Але ж затое адпачылі яны добра!

Толькі праз гадзіну зноў узяліся за працу.

А шостай гадзіне, калі было зусім цёмна, вярнуліся яны ў свае баракі. Гэтыя баракі замест месца адпачынку можна было лічыць месцам пакуты. Нізкія, без акон, яны мелі некалькі паверхаў, паліц, і калі рабочыя занялі свае месцы, дык памяшканне зрабілася нібы вялізнай скрыняй, ад падлогі да столі напакаванай людзьмі.

Мясцовыя рабочыя вельмі часта прасіліся нанач дадому, але іх не пускалі, бо зранку лепей было гнаць на работу ўсіх разам.

Назаўтра, у час перапынку, на поле з’явіўся сам Більбо. З ім быў паліцэйскі і чалавек дваццаць новых рабочых.

Більбо загадаў усім рабочым сабрацца ля яго. Паліцэйскі выцягнуў паперу і выклікаў па прозвішчу чалавек дваццаць рабочых.

— Вы члены Сарэкат-Райят? — грозна запытаў ён.

— Не, не! — пачуліся спалоханыя галасы.

— Што! Яшчэ маніць хочаце! — тупнуў нагой паліцэйскі.— Зараз жа ідзіце прэч на ўсе чатыры бакі, пакуль я вас не арыштаваў!

Рабочыя пастараліся знікнуць, радуючыся яшчэ, што справа так добра скончылася. Замест іх былі пастаўлены новыя.

— Заўважце добра і вы ўсе,— сказаў Більбо,— што гэта чакае кожнага, хто будзе ўваходзіць у розныя разбойніцкія банды, асабліва камуністычную.

Дваццаць чалавек уцяклі, прапрацаваўшы тры тыдні, а заработак іх застаўся ў кішэні пана Більбо і яшчэ некага.

У ліку гэтых дваццаці быў і Нонг, сын Па-Інго.

Праз тыдзень праца па ўпарадкаванню плантацыі была скончана. Рабочых распусцілі. Цяпер заставалася толькі чакаць, пакуль трысцё паспее, а тады здымаць і звазіць на фабрыку.

Кампонг ажываў. Жыхары, што працавалі на плантацыі, вярнуліся дахаты і нібы забыліся пра катаржную працу, біццё і здзекі. Як дзеці, яны цешыліся святам і тымі невялікімі грашыма, што зарабілі.

Толькі ў хаце Па-Інго было сумна. У кутку ляжала хворая жонка, а лячыць яе не было за што. Рыс увесь даўно ўжо з’елі, жывіліся аднымі пладамі. А новы ўраджай гінуў на вачах. Адна надзея была на заработак Нонга, а цяпер і заработак увесь прапаў.

— Лепш бы ты не звязваўся з усім гэтым,— з дакорам сказаў сыну Па-Інго.

Сын нічога не адказаў і апусціў галаву, нібы вінаваты. Ён яшчэ сам не мог разабрацца ў сваіх пачуццях. Зразумела, крыўда і злосць на прыгнятальнікаў былі галоўным пачуццём, але сямейнае становішча ды гора мімаволі выклікалі думку: каб ён быў у баку ад усяго гэтага, не было б такога няшчасця ў доме.

З дванаццаці год рабіў ён на прадпрыемстве Більбо. Але праца была часовая, сезонная. То некалькі дзён, то месяц на полі, потым выпадкова на заводзе. Там ён сустракаўся з рознымі бывалымі рабочымі і ад іх пачуў, што трэба змагацца з чужаземцамі за вольнасць бацькаўшчыны, што лепшыя людзі гэта даўно ўжо робяць, што дзеля гэтага перш за ўсё трэба аб’яднацца. Нібы новы свет адкрыўся перад вачыма Нонга, ён захапіўся новымі ідэямі і нядаўна запісаўся ў Сарэкат-Райят.

Толькі адзін раз і паспеў ён пабываць на сходзе членаў партыі.

Сабраліся ў гарах. Прысутнічала чалавек сто. З прамовай выступіў прыезджы мула ў белай чалме, з чорнай барадой і вогненнымі вачыма.

— Прававерныя! — грымеў ён гучным голасам.— Дакуль мы будзем цярпець ярмо чужаземцаў? Дакуль няверныя будуць панаваць над дзецьмі прарока? Хіба мы не можам жыць і кіравацца самі, без чужаземцаў, як некалі? Хіба не маем мы сваёй слаўнай гісторыі? Ці не мелі мы сваёй незалежнай дзяржавы? Прававерныя, рыхтуйцеся да барацьбы, асвятляйце цёмны народ, заклікайце ў нашыя шэрагі, і тады мы прагонім чужаземцаў, зажывём вольным жыццём.

Прававерныя слухалі гэтыя словы і разумелі з іх толькі тое, што трэба прагнаць чужаземцаў. Слаўнай гісторыяй яны не цікавіліся і аб прароку мала думалі.

Сапраўды, калісьці ў XII—XV стагоддзях на Яве былі незалежныя дзяржавы. Панавалі спачатку індыйскія цары, якія ўвялі будыйскую рэлігію, а потым арабскія, якія перавярнулі народ на магаметанскую веру. Урэшце ў сучасных яванцаў засталася нейкая мяшаная вера, хоць на паперы яны лічацца магаметанамі. Ды і наогул рэлігіяй яны цікавяцца мала, але словы «незалежнасць» і «вольнае жыццё» стварылі ўражанне на слухачоў. Яны нецярпліва чакалі, калі прыйдзе час змагання.

І вось замест гэтага Нонг сядзіць у сваёй хаце і сэрцам пакутуе за сваіх бацькоў.

Да хаты падышоў луры (стараста).

— Па-Інго,— сказаў ён сурова,— ты абяцаў заплаціць з заработку Нонга. Дзе гэты заработак?

Па-Інго маўчаў.

— Калі Па-Інго не ўнясе грошы праз тры дні, яго сапі (вол) зменіць гаспадара,— казаў далей луры.

Зноў ніякага адказу.

— Лало (благая трава) вырасла ў вушах Па-Інго і перашкаджае яму слухаць голас розуму,— гучаў спакойны голас луры.— Каб аддаў зямлю ў арэнду, не было б такога клопату.

— Пачакай, пакуль сабяру рыс,— прамовіў нарэшце Па-Інго.

— Шмат разоў усходзіла і заходзіла сонца, пакуль цябе чакалі. Больш ужо нельга. Падумай. Я сказаў.

І важна, павольна пайшоў прэч.

Па-Інго застаўся нерухомы. Толькі Нонг саскочыў і нервова пачаў хадзіць каля хаты.

* * *

Ноч праходзіла. Пашарэла на ўсходзе, і выразней вырысаваліся вяршыні гор. Вось яны пазалаціліся ўжо, але ў лагчыне яшчэ цёмна. Патрывожаны туман заварушыўся і неахвотна, павольна пачаў уздымацца з плантацыі.

Дэза спала, спаў і заводскі пасёлак. Толькі дзе-нідзе ўстаў адзін-другі чалавек. Раптам пачуўся трывожны звон і крыкі:

— Пажар на плантацыі!

Нібы мурашнік, заварушыўся пасёлак. Частка людзей кінулася на плантацыю, а другая частка — у кампонг. У апошняй групе былі і даглядчыкі са сваімі бізунамі, і паліцэйскія, і мясцовыя чыноўнікі.

Загрымеў барабан на вёсцы, разбегліся па вуліцы заводскія людзі...

— Марш гасіць пажар! Жыва! Усе!

Спалоханыя жыхары ўсхапіліся, пакуль што нічога не разумеючы. Наляцелі стражнікі, з’явіўся луры, бегаў, крычаў з усіх сіл. Плач дзяцей і жанчын, нездаволеныя крыкі мужчын, свіст бізуноў, лаянка стварылі такое ўражанне, нібы на вёску напалі бандыты.

Няма чаго казаць — насельніцтва не мела аніякай ахвоты бегчы ратаваць панскае дабро.

Людзі ўцякалі хто куды, хаваліся; гвалтаўнікі пачалі яшчэ больш злаваць.

— Стой! Куды ты? Я табе пакажу! — крычалі яны, не шкадуючы бізуноў.

Нарэшце якія-небудзь чалавек пятнаццаць былі злоўлены і выгнаны на поле. Там ужо агонь ішоў сцяной, сухое трысцё трашчала, спецыфічны пах разносіўся ў паветры ад гарэлага цукровага соку. Толькі на невялічкім кавалку раней прыбегшыя людзі паспелі зрабіць прасеку, каб не пусціць агонь далей.

Пачалася агульная барацьба з агнём. Але людзей не хапала. Пакуль у адным месцы затрымаюць агонь, у другім ён абыдзе бокам.

Сам Більбо прыбег і насіўся, як шалёны звер.

— Ах, сволачы! Бунтаваць надумаліся? Мы з іх выб'ем гэты дух,— крычаў ён па адрасу тых, хто не з’явіўся гасіць пажар.

Толькі праз гадзіны тры агонь быў затрыманы. Палова плантацыі была знішчана. Але і ад рысу Па-Інго і некаторых бліжэйшых суседзяў нічога не засталося: увесь ён быў вытаптаны.

Праз дзень у дэзу з’явіліся важныя госці. Наперадзе ехаў на белым кані стары з сівой барадой, у чалме і белым халаце. Конь быў пакрыты шаўковай папонай з рознакаляровымі кутасамі. Побач ехаў Більбо і некалькі чыноўнікаў. Узброеныя коннікі акружалі старога, а ззаду ехаў воз са слугамі і гаспадаркай.

Більбо і галандскія чыноўнікі трымалі сябе перад старым пакорна, угодліва, як перад вялікім начальнікам. Жыхары, якія трапляліся па дарозе, рабілі д’ёнг-кок, знак вышэйшай пашаны. Рабіўся гэты знак своеасабліва: чалавек адыходзіў убок і прысядаў, пакуль важная асоба не праедзе міма. Гэты д’ёнг-кок просты народ павінен рабіць перад кожным чыноўнікам, а перад белымі ўсімі, хто б ён ні быў. Трэба адзначыць, што ў гарадах і нават такіх пунктах, як Банд’ю, д’ёнг-кок цяпер ужо не выконваецца. Але перад такой важнай асобай, як рэгент, прыходзілася вяртацца да старога звычаю.

Як мы ўжо казалі, рэгентам заўсёды бывае які-небудзь князь, патомак ранейшых уладароў краіны. Праз яго галандская ўлада праводзіць усе свае мерапрыемствы. Вышэй яго стаіць галандскі рэзідэнт, мясцовы губернатар, але гэтыя рэзідэнты кіруюць не народам, а рэгентам. Як усе чыноўнікі, галандскія рэзідэнты мяняюцца, служаць толькі па некалькі гадоў, выязджаюць, прыязджаюць, а рэгенты ўсё сваё жыццё застаюцца на пасадзе і нават перадаюць яе ў спадчыну свайму сыну (зразумела, са згоды галандскай улады).

Рэгенты памятаюць, што яны — былыя ўладары, жывуць пышна ў сваіх палацах, маюць сотні слуг і жонак, маюць свой уласны ганаровы атрад войска. На ўсё гэта патрэбны грошы. Іх дае галандскі ўрад, і за гэта рэгенты служаць галандцам не за страх, а за сумленне.

Але і гэтых грошай не хапае. Тады яны пачынаюць рознымі спосабамі выціскаць з народа сокі на сваю карысць, так што нават галандскаму рэзідэнту нярэдка прыходзіцца абараняць народ ад «іхняга» ўладара. І калі пасля таго здараюцца якія непаразуменні з насельніцтвам, калі чуюцца скаргі на ўладу, галандцы кажуць яванцам: «Чаго ж вы хочаце болей? У вас свая ўлада. І, як бачыце, часам не вельмі добрая. Нам самім прыходзіцца абараняць вас ад яе. Ці лепей вам будзе, калі мы пакінем вас адных з вашымі ўласнымі князямі?»

Але разам з тым галандцы старанна падтрымліваюць аўтарытэт рэгента. У інструкцыі рэзідэнту прама сказана, каб ён быў далікатным і ўважлівым да «старэйшага брата».

Вось чаму і цяпер рэгент быў на першым месцы. Пад высокім дур’янавым дрэвам паставілі пекнае крэсла, слугі кінуліся памагаць рэгенту злезці з каня. Калі рэгент сеў, побач сталі салдаты. Галандцы нават не садзіліся.

Тым часам загадалі, каб сабраўся ўвесь народ. Адчувалася, што будзе нешта важнае, мусіць, у сувязі з пажарам. Са страхам сабраліся людзі і сталі навакол.

Зрабілася ціха. Толькі высока над галавой рэгента шамацелі лісты, а сярод іх паблісквалі дур’янавыя плады.

Рэгент устаў, агледзеў народ і сказаў:

— Дзеці майго народа! Засмуцілася сэрца маё, калі я пачуў, што вы пайшлі супраць закона. Сорамна мне, старому, глядзець у вочы нашым дабрадзеям. Два злачынствы вы зрабілі: па-першае, падпалілі плантацыю, а па-другое, адмовіліся гасіць пажар.

— Мы не падпальвалі! Мы не ведаем, хто падпаліў! — пачуліся галасы.

— Усё роўна,— перабіў рэгент,— калі злачынца і будзе знойдзены, вы ўсе адказваеце за страту, тым болей, што вы адмовіліся ісці гасіць.

— Мы не адмаўляліся! — крыкнула некалькі чалавек.

— У кожным разе,— казаў далей рэгент,— па закону, які вам усім добра вядомы, адказнасць за страты павінна несці ўся дэза. Гэта значыць, што арандаваная зямля затрымліваецца на адзін сезон без ніякае платы. На гэты ж самы сезон забіраецца зямля і ў тых, хто ў арэнду яшчэ не аддаў. Гэта ёсць самая мяккая кара. Але гэтага мала. Не дзеля гэтага я прыехаў да вас. Я хачу вас папярэдзіць...

Уверсе нешта храснула — і на галаву рэгента зляцеў велізарны плод. Глухі моцны гук — і плод разляцеўся на пяць кавалкаў. Востры непрыемны пах, падобны да паху гнілога часнаку, напоўніў паветра.

Рэгент крыкнуў, пахіснуўся, а на чалме зачырванеліся плямы крыві. Паднялася мітусня, крыкі; старога падхапілі, пасадзілі на крэсла, пабеглі па ваду, пачалі абмываць кроў, а потым пасадзілі рэгента на воз, дзе ехалі яго слугі,— і ўся экспедыцыя паехала туды, адкуль прыехала. А следам за ёю пакаціўся гучны рогат; гэта смяяліся людзі, якім хацелася плакаць.

Здарэнні з дур’янам бываюць тут нярэдка. Жыхары Банд'ю памятаюць нават смерць чалавека ад такога выпадку. І сапраўды, гэта штука вельмі небяспечная. Уявіце сабе вялізную прадаўгаватую дыню, якая ляціць з вышыні метраў дваццаць. Ды яшчэ ўся яна ўтыкана вельмі моцнымі і вострымі калючкамі, даўжынёю ў сантыметр. Дзіва што рэгент скрывавіўся і самлеў.

Смех смехам, але справы жыхароў Банд’ю былі дрэнныя. Праўда, нічога новага і неспадзяванага ў гэтым не было, але ўсё ж такі патрэбен быў час, каб прывыкнуць да няшчасця. Бо цяпер ужо на працягу некаторага часу жыхарам цалкам прыйдзецца жыць на заработкі ў Більбо. Ну, а калі ўсім працы не хопіць? Калі Більбо зробіць «свабодную канкурэнцыю» і яшчэ болей зменшыць плату? Калі возьме чужых рабочых, якіх на Яве ўсюды хапае? Адно толькі можна сказаць пэўна: пан Більбо не толькі нічога не страціць на гэтым пажары, але яшчэ заробіць трохі.

Трэба было спяшацца, каб захапіць якую-небудзь работу. Набліжалася жніво, і ўсё насельніцтва рынулася ў кантору Більбо. Хоць мы не вельмі шануем пана Більбо, але павінны прызнацца, што ніякага гвалту ён не рабіў. Ён толькі прапанаваў умовы, а воля кожнага была згадзіцца або не. Ён нават папярэджваў:

— Добра падумайце, каб потым не крыўдзіцца. Памятайце, што калі сам добраахвотна згадзіўся, то павінен выканаць усе ўмовы поўнасцю. А калі не, дык прымусім.

І рабочыя згаджаліся.

У лепшых умовах знаходзіліся тыя, хто меў свайго ўласнага «сапі» (вала). Яны патрэбны былі для перавозкі трысця з поля на завод. Дзеля таго, што такіх уласнікаў было нямнога, з імі ўтваралі асобныя складаныя дагаворы.

Перш за ўсё рабочаму прапаноўвалі, каб ён часова нібы прадаў сваю жывёлу, і аб гэтым продажы складалася ўмова. Рабочы зараз жа атрымліваў і грошы. Потым складалі другую ўмову, дзе было зазначана, што рабочы будзе працаваць на пазычанай ад прадпрыемства жывёле. Пасля работы вылічваецца тое, што дадзена рабочаму за жывёлу, а ўмова касуецца.

Выходзіла так: калі рабочы кіне працу і адыдзе з «чужым» валом, яго зараз жа пасадзяць у турму як злодзея. Калі ж рабочы ўцячэ без вала, той назаўсёды застанецца прадпрыемству.

Пакуль луры не прыйшоў яшчэ забіраць сапі, Па-Інго падпісаў такую ўмову. Нонг, зразумела, не мог атрымаць работы і застаўся ля хворай маткі, смерці якой трэба было чакаць кожны дзень.

Пачалася праца, упартая, гарачая. Трэба было як мага хутчэй перарабіць трысцё на цукар. З поля на завод была пракладзена вузкакалейная чыгунка, але вагоны па ёй везлі сапі. Нязграбныя японскія вазы на двух колах цягнуліся з усіх бакоў да чыгункі, а там перагружаліся на платформы.

Безупыннай ракой цякло трысцё на завод, ішло спачатку ў так званы «млын», а адтуль з аднаго боку выходзіла пакрамсаная маса, а з другога па цэментаваным раўку ішоў мутны сок з жоўтай пенай. Далей сок праходзіў праз вапну, сярністыя газы, кіпеў у вялізных чанах, фільтраваўся, выпарваўся, згушчаўся — і, нарэшце, выходзіў цукар, які зараз жа грузіўся ў вагоны, потым на карабель і разыходзіўся па ўсім свеце.

Па-Інго на сваім «запазычаным» сапі вазіў вагончыкі па рэйках. Поле, як мы ведаем, ляжала ў лагчыне, значыцца, вагоны прыходзілася вазіць угору. Бедны сапі выбіваўся з сіл, але спыніцца нельга было ні на хвіліну, бо ішла гарачка, ззаду напіралі другія вагоны, даглядчыкі крычалі, падганялі бізунамі і валоў і людзей.

Назад з парожнімі вагончыкамі было не лепш: яны хутка каціліся ўніз, білі жывёліну па нагах, тармазы былі прымітыўныя — і так дванаццаць гадзін.

Праз некалькі дзён сапі ледзь цягаў ногі. Ён не мог вытрымаць працы, якую вытрымлівалі людзі.

Нарэшце ён паваліўся апошні раз і болей не ўстаў...

Па разрахунку выходзіла, што Па-Інго яшчэ павінен быў адпрацаваць за «чужога» вала.

Кінуў Па-Інго працу і самавольна пайшоў дадому.

Там яго спаткаў заплаканы Нонг: маці памерла.

Тады Па-Інго сеў у куток і скамянеў. Ён глядзеў наперад, але нічога не бачыў і не чуў. Не паварушыўся ён нават і тады, калі прыйшлі і ўзялі яго жонку, каб пахаваць.

Як ні клікалі яго, ні штурхалі, ён нічога не адказваў і застаўся сядзець на сваім месцы. Так без яго і пахавалі: закапалі і паставілі рубам камень.

Мінуў дзень, прайшла ноч, а ён усё яшчэ сядзеў нерухома. Колькі ні стараўся Нонг разварушыць яго, загаманіць з ім,— нічога не выходзіла. Змораны Нонг прытуліўся і заснуў, а калі прачнуўся,— бацька сядзеў, як і ўчора. Як і ўчора, шырока былі расплюшчаны яго вочы, як і ўчора, нічога ён не бачыў...

Нонг пайшоў да суседзяў параіцца, што рабіць.

Праз некалькі мінут Па-Інго заварушыўся, нешта сказаў і пачаў трэсціся. Вочы заблішчалі, ажывіліся, але ў іх была адна толькі дзікая злосць. На губах з’явілася пена. Нарэшце ён ускочыў і пачаў азірацца. Потым схапіў са сцяны «крыс» (нож, кінжал) і выскачыў з хаты. Размахваючы нажом, ён панёсся па вёсцы і кінуўся на першага сустрэчнага. Той зваліўся на зямлю, паранены ў руку, а Па-Інго пабег далей па дарозе на завод.

— Амок! Амок! Па-Інго! — пачалі крычаць па ўсёй вёсцы; затрашчалі трашчоткі, усе кінуліся хавацца хто куды.

Пачуў гэты крык Нонг і кінуўся следам за бацькам. За ім другія мужчыны, узброеныя чым папала.

— Амок! Амок! — неслася па вёсцы; трашчалі трашчоткі, грукалі кіямі, уздымаючы трывогу.

А тым часам Па-Інго зваліў адну жанчыну, якая ішла з вадою. Яна была забіта насмерць.

Па-Інго бег так шпарка, што тыя, хто даганяў, не толькі не набліжаліся, але адставалі ўсё болей і болей. Трэба было дзіву давацца, адкуль у старога Па-Інго ўзялося столькі сілы. Урэшце ён зусім схаваўся з вачэй. Мужчыны змарыліся і пачалі спыняцца. Толькі Нонг, колькі мог, бег далей.

Праз некалькі хвілін наперадзе пачулася страляніна. Нонг прыпыніўся: позна, усё скончана!..

Калі Нонг падышоў бліжэй, ён убачыў застрэленага бацьку, а побач забітага даглядчыка Грына.

Гэты «амок» з’яўляецца асаблівасцю яванцаў, і еўрапейцы да гэтага часу ламаюць галаву, што яно такое: ці простае шаленства, ці нейкая новая хвароба? У кожным разе амок ніколі не здараецца са шчаслівым чалавекам. Ён заўсёды выбухае ў выніку пакуты і цяжкага становішча. Калі такога оранг-гіля (шалёны чалавек) затрымаць своечасова, то прыпадак часам праходзіць. Але закон кожнаму дазваляе забіць оранг-гіля.

Забываюцца толькі еўрапейцы, што яванцы хоць і самыя цярплівыя і ціхія, але ўсё-такі людзі. Якім бы ціхім і цярплівым ні быў чалавек, але пры пэўных умовах нават такому цярпенню можа прыйсці канец.

Да апошняга часу гэтае цярпенне канчалася «амокам», ну, а надалей яно можа скончыцца чым-небудзь іншым.

 

V. ПА ДАРОЗЕ Ў НЕВЯДОМУЮ БУДУЧЫНЮ

 

Нонг у дарозе.— Сустрэча з Піпам.— Свядомая жывёліна.— Нонг на службе ў Піпа.— Каму смех, а каму гора.— Прыезд у Тэнанг.

І Нонг пайшоў куды вочы глядзяць. Накіраваўся на захад, у пушчы Бантама, дзе яшчэ, як ён чуў, захаваліся вольныя людзі, куды ўцякаюць тыя, каму немагчыма жыць дома.

Перад адыходам ён ліквідаваў сваю зямлю і гаспадарку, расквітаўся з даўгамі, пасля чаго яму засталося яшчэ дзесяткі са два гульдэнаў. Прыемна было і Більбо атрымаць кавалак зямлі, які так перашкаджаў яму. Задаволены быў і луры, які за свой клопат атрымаў ад Більбо ўзнагароду. А дэза стала меншая яшчэ на адну гаспадарку.

Дарога то ўздымалася на ўзвышшы, то спускалася ў лагчыны,— і ўсюды капаўся народ, усюды пад дрэвамі туліліся кампонгі. Уся краіна здавалася адной суцэльнай вёскай. Нездарма гушчыня насельніцтва складае тут семсот чалавек на адзін квадратны кіламетр, у той час, як нават у найболей заселеных мясцовасцях Заходняй Еўропы яна не перавышае чатырыста чалавек.

Кожны кавалак зямлі старанна апрацаваны, галоўным чынам пад рыс. Як вядома, рыс садзяць расадай у ваду, або, інакш сказаць, пасадзіўшы, заліваюць вадой. І вось яванцы ўмудрыліся нават на баках гор зрабіць такія палі-сажалкі. Яны размяшчаюцца тэрасамі, адно над другім, агароджаны вузенькімі грэблямі, і вада паступова залівае верхнія, потым ніжэйшыя. Уся гэтая справа дасканала размяркована. Дажджавая вада збіраецца ў адно месца і размяркоўваецца па пэўнаму плану.

Быў час жніва. Народ у святочным адзенні збіраў ураджай. Адны адразалі па каласку і звязвалі ў пучкі, другія на каромыслах адносілі гэтыя снапы дадому. Кожнае зернятка ўлічвалася. Клапаціліся і пярэстыя птушкі-рысаўкі, але супраць іх была арганізавана складаная тэхніка: на палях былі пастаўлены колікі, на іх паначапляна рознае рыззё, ад яго працягнуты ніткі; трохі далей стаялі маленькія буданчыкі, а ў іх сядзелі дзеці, якія ўвесь час торгалі ніткі, каб пудзілы рухаліся і адганялі птушак.

Сям-там відаць былі прадпрыемствы капіталістаў: плантацыі чайныя, кававыя, какававыя, хінныя. Гэтая апошняя расліна прывезена сюды з Паўднёвай Амерыкі і так добра прыжылася, што цяпер Ява вырабляе хіны больш за ўвесь свет.

Па дарозе на кожным кроку трапляўся «рэстаран». Кітаец ставіў дзе-небудзь пад дрэвам два маленькія столікі: на адным неяк прыладжваў жароўню, якую раздзьмухваў бананавымі лістамі, накшталт кавальскага меха; на другім стаяў гатаваны рыс і розныя прысмакі да яго. Прысмакаў шмат; ад некаторых у нас вочы павылазілі б на лоб, але тутэйшыя жыхары вельмі любяць іх. Заместа талерак лісці. Нонг адчуваў сябе вялікім панам, бо меў грошы і мог паабедаць у такім рэстаране.

Ля паўдня пачалася звычайная навальніца, якая на Яве ў кожныя сто дзён бывае шэсцьдзесят адзін раз. Але нашага падарожніка гэта не палохала, бо ён заўсёды мог перачакаць дождж пад страхой і пераначаваць таксама.

Так ішоў Нонг два дні. Спачатку ён адчуваў сябе вясёлым, вольным, але чым далей, тым часцей сціскалася яго сэрца. Куды ён ідзе? Чаго? Што яго там чакае? Што ён там знойдзе? Ці не лепш было б застацца на месцы? Ён чуў, што туды ўцякаюць людзі, але дасканала нічога не ведаў. Спадзяваўся толькі, што там ён знойдзе куток, дзе не пануюць белыя, і знойдзе таварышаў, з якімі можна будзе весці барацьбу супраць прыгнятальнікаў.

На другі дзень, пад вечар, ён увайшоў у вёску, дзе мерыўся пераначаваць. Неспадзявана ён заўважыў наперадзе еўрапейца, які нібы шпацыраваў па кампонгу. Відаць было, што ён нікуды не спяшаецца, да ўсяго прыглядаецца.

Відаць, і жыхары не часта бачылі еўрапейца, бо з цікавасцю пазіралі на яго з розных кутоў.

Насустрач выехаў воз на двух колах, запрэжаны сапі. На возе «капок» — бавоўна з асобага малайскага дрэва.

Убачыўшы еўрапейца, сапі занепакоіўся, грозна засоп і... кінуўся на белага разам з возам. Еўрапеец спачатку падумаў, што вол чагосьці спудзіўся, але зараз жа прыйшлося пераканацца, што воз імчыць проста на яго. Еўрапеец адскочыў убок — сапі за ім; у другі бок — і вол за ім.

— Пеганг! Пеганг! (Стой! Стой!) — крычаў ззаду спалоханы гаспадар, але раз’юшаны бык насіўся за белым, нібы сабака, і гатоў быў ужо прыперці яго да плота. Але тут Нонг ухапіў жменю пяску, сыпнуў валу ў вочы і затрымаў яго. Сапі спыніўся, але ўсё касіўся на чужака. Падбег гаспадар, ухапіў вала, пачаў прасіць у еўрапейца выбачэння і паехаў далей.

— Што ж гэта такое? — абурана запытаўся Піп (гэта быў ён) на ламанай малайскай мове.

— Гэта, бачыце, нашыя валы заўсёды так нападаюць на чужых, не любяць іх,— адказаў Нонг на галандскай мове, таксама ламанай.

Толькі не сказаў Нонг, што гэтымі чужымі з’яўляюцца выключна еўрапейцы. Гэтая цікавая асаблівасць яванскіх сапі даўно ўжо вядома і нарабіла нямала бяды.

— Няўжо ж заўсёды так бывае? — запытаўся Піп.

— Бадай заўсёды.

— Вось якія патрыёты! — прабурчаў Піп.— У кожным разе ты малайчына, выратаваў мяне. Ды яшчэ па-галандску гутарыш. На табе за гэта,— ён даў Нонгу манету.

І толькі калі Піп адышоў, Нонг схамянуўся: навошта ён выратаваў гэтага белага пана?

«Што мне абыходзіла? Няхай бы выпусціў яму кішкі. Нават жывёла ведае нашых ворагаў».

А Піп, адышоўшы некалькі крокаў, раптам спыніўся і павярнуўся да Нонга.

— Ты тутэйшы? — запытаўся ён.

— Не,— адказаў Нонг.

— Ты маеш працу?

— Не, я іду шукаць яе.

— Куды?

— У Бантам.

— Вось і я туды еду! — сказаў Піп.— Ці не згодзішся ты пайсці да мяне служыць? Мне патрэбен чалавек смелы, бо я еду ў дзікія месцы на паляванне. Ты, здаецца, добры хлапец ды яшчэ галандскую мову ведаеш.

Нонг адразу сцяміў, што лепшага выпадку для яго і быць не можа. Але, каб не паказаць сваёй радасці, ён запытаўся:

— А колькі туан будзе плаціць?

— Аб гэтым не непакойся. Усё будзе залежаць ад цябе самога. У такой справе патрэбны вернасць, смеласць і чэснасць. Калі ўсё гэта выявіш, дык не пашкадуеш. Пакуль што магу табе абяцаць дваццаць гульдэнаў у месяц на маім утрыманні. А калі дагодзіш, то можа быць і ў два разы болей.

Каб зразумець, як павінен быў Нонг аднесціся да такой прапановы, трэба ведаць, што за катаржную працу на плантацыі Нонг атрымліваў дванаццаць гульдэнаў на сваіх харчах12.

— Я згодзен,— адказаў Нонг,— і пастараюся дагадзіць туану.

— А як цябе завуць?

— Нонг.

— Тады ідзі са мной,— сказаў Піп, і Нонг пайшоў за ім на некаторай адлегласці, як належыць добраму слузе.

Мінгер Піп ехаў у Тэнанг, невялікі гарадок у рэзідэнцтве (акруга) Бантам. Як казалі Піпу, там пачыналіся пушчы, дзе яшчэ можна было спадзявацца знайсці першабытныя куткі прыроды. Піп наняў «кахар-балон» (закрыты воз на двух колах), запрэжаны тройкай маленькіх яванскіх коней, і з нецярплівасцю чакаў, калі ён убачыць «сапраўдную» Яву. Але пакуль што нічога «сапраўднага» не было: усё палі ды вёскі, і ўсюды многа беднага народа. Зусім не так уяўляў ён сабе гэтую дзіўную Яву.

Ён нават не вельмі цікавіўся жыццём незнаёмага народа і спыніўся ў гэтай вёсцы толькі таму, што быў прымушаны пераначаваць. Спыніўся ён у багатага гаспадара, які разам з тым быў і гандляром і карчмаром. Але апошняя прафесія давала мала карысці: праезджых было нямнога, а гарэлкі і віна насельніцтва не ўжывае, бо яны магаметане.

Дом быў пабудаваны на еўрапейскі манер: і сцены з бярвенняў, і вокны, і веранда. Піпу адвялі досыць добры пакой з мэбляю.

Пакуль гатавалі каву, ён захацеў прайсціся па вёсцы і там, як мы бачылі, напароўся на буйвала. Гэты выпадак напомніў Піпу, што час ужо мець сабе слугу ў такой дарозе. Ён і парашыў наняць Нонга, які, відаць, быў спрытны хлапец ды яшчэ і галандскую мову ведаў.

Нонг прымасціўся пад павеццю, разам з фурманам і коньмі.

— Якім чынам ты трапіў да яго на службу? — здзівіўся фурман.

— Мусіць, затым, што выратаваў яго ад сапі ды крыху ведаю галандскую мову,— адказаў Нонг.

— Ці добра будзе плаціць?

— Абяцае шмат, але не ведаю, як будзе.

— Ну і пашанцавала табе! — сказаў фурман з зайздрасцю.— Я ахвотна б кінуў свайго араба ды перайшоў на такую пасаду.

— А калі будзем у Тэнангу? — запытаўся Нонг.

— Заўтра пад вечар.

Раптам пачуўся жудасны крык з пакоя Піпа:

— Ай, ратуйце! Нонг, сюды!

Нонг рынуўся ў пакой, за ім фурман, потым гаспадар. Яны ўбачылі, што Піп скача па хаце, як вар’ят, і хапаецца за сваё вуха. А за вухам сядзела шэрая яшчарка. Некалькі разоў Піп прабаваў адарваць яе, але яна так упілася, што, здавалася, толькі разам з вухам можна было б яе адарваць.

— Што рабіць? — з адчаем крыкнуў Піп.— Яе нават адарваць нельга! Памажыце!

Але жыхары зусім не спалохаліся, а, наадварот, засмяяліся. Піп абурыўся.

— Чаго вы смеяцеся? Ці не наўмысля вы гэта зрабілі?! — грозна крыкнуў ён.

— Не бойцеся! — сказаў Нонг.— Гэта зусім бяспечна. Не трэба толькі яе рваць. Пачакайце крыху, і яна сама саскочыць.

— А калі яна ўкусіць?

— Не, не ўкусіць. Стойце толькі спакойна, не рухайцеся. Мы ж гэта добра ведаем.

Піп спыніўся, уцягнуў галаву ў плечы, зморшчыўся ад агіднага пачуцця і стаў чакаць. Спачатку, калі гэтая яшчарка звалілася на яго са столі, ён пачуў, нібы яго апякло. Цяпер гэта ўжо прайшло і адчувалася толькі, што нешта халоднае прыклеілася.

Вось яшчарка напружылася, раздулася і пачала сіпець, як насценны гадзіннік перад боем. Піп зноў заскакаў.

— Ціха! Ціха! Не рухайцеся! Не бойцеся! — закрычалі прысутныя.

Піп яшчэ глыбей уцягнуў галаву: на лобе выступіў пот.

Ён гатоў быў падумаць, што з яго здзекуюцца, але тры чалавекі казалі яму вельмі сур’ёзна. Мусіць, так і трэба.

І вось над вухам пачуліся выразныя словы:

— Ток-эй! Ток-эй! Ток-эй!

Спачатку Піп не разабраўся, адкуль і хто гаворыць. А калі сцяміў, што гэта яшчарка, то нарыхтаваўся зноў заскакаць. Але яго папярэдзілі:

— Не бойцеся! Не рухайцеся! Зараз канец.

Восем разоў сказала яшчарка гэтыя словы, а потым неяк задаволена закрактала, нібы стары дзед на печы, і саскочыла на зямлю.

— Вось і ўсё,— сказалі тубыльцы.

Піп пакратаў вуха.

— Будзьце спакойны,— сказаў Нонг,— ніякай шкоды і ніякага следу не будзе. Токэ няшкодная, свойская жывёла.

— Дзякую,— буркнуў Піп,— сёння ўжо я пазнаёміўся з дзвюма вашымі свойскімі жывёламі. Але як жа мне тут начаваць? Гляньце, што робіцца.

Па сценах, па столі бегалі яшчаркі так жвава і лёгка, нібы па падлозе. Гора тым мухам і камарам, якія трапляліся ім на вочы. Адным махам яшчаркі наганялі і лавілі іх. Вось у кутку закукавала яшчэ адна яшчарка, але на гэты раз ужо: «Гекко! Гек-ко!»

Але жыхары не бачылі ў гэтым нічога дзіўнага. Для іх гэты гук азначаў тое самае, што для нашых сялян гук цвыркуноў за печчу. Гэтыя яшчаркі нават лічацца пажаданымі кватарантамі, і кожны гаспадар, пабудаваўшы новы дом, з нецярплівасцю чакае, пакуль паселіцца геко.

— Гэтыя яшчаркі вас не будуць чапаць,— сказалі Піпу.— Тая звалілася на вас выпадкова, ды яна і з’явілася знадворку, а гэтыя зусім няшкодныя.

І пасля таго, як усе выйшлі, Піп успомніў, што ён нават чытаў пра гэтых геко ў кніжцы, што яны досыць распаўсюджаны нават у Паўднёвай Еўропе, што гэтых геко (або геконаў) налічваецца каля пяцідзесяці парод. Але ўсё вычытанае ў кніжцы вылецела з галавы, калі на вуха зваліўся сапраўдны гекон.

Назаўтра выехалі да святла. «Кахар-балон» хутка каціўся па вузкай дарозе. Піп сядзеў пад балдахінам, але гэтая павець была прыстасавана так нізка, што даўгі пасажыр павінен быў сядзець, скурчыўшыся, бо галава выпінала тканіну. Нонг сядзеў наперадзе, побач з фурманам.

Пачала ўжо змяняцца і мясцовасць. Узвышшы рабіліся больш камяністымі, непрыгоднымі для земляробства, а нізіны ўсё больш балоцістымі. Адпаведна гэтаму і насельніцтва значна парадзела.

Пад вечар прыехалі ў Тэнанг. Уласна кажучы, у ім была толькі адна вуліца, шырокая, чыстая, прыгожая. Па баках стаялі бялюткія домікі, дзе размяшчаліся афіцыйныя ўстановы і крамы. Тут быў дом асістэнт-рэзідэнта (памочніка рэзідэнта), пошта, суд, казармы для салдат, якіх было сто чалавек, усе з яванцаў, за выключэннем камсастава, а навакол ляпіліся ў беспарадку хацінкі насельніцтва.

Зразумела, усё гэта хавалася пад пальмамі, бананамі і ўсялякімі іншымі дрэвамі. А далёка на поўдзень ішлі таемныя лясістыя горы, куды ўлада галандская, можна сказаць, і не дасягала.

Піп заехаў да асістэнт-рэзідэнта ван Дрона. Гэта быў сухі, жоўты ад ліхаманкі чалавек гадоў пад сорак. Яму трэба было яшчэ адслужыць тры гады, каб звольніцца зусім і атрымоўваць пенсію. Ён сям’ю сваю ўжо адправіў у Галандыю і дажываў гэтыя гады адзін.

Рэдка бачыў ён прыезджых еўрапейцаў і з вялікай радасцю прыняў Піпа.

— Значыцца, вы падарожнічаеце так сабе, дзеля забавы? — сказаў ён, калі ўсё было ўпарадкавана і яны абодва сядзелі на верандзе.

— Так,— адказаў Піп,— галоўным чынам, каб паглядзець сапраўдную першабытную прыроду і папаляваць на дзікіх звяроў.

Ван Дрон паківаў галавой.

— І ахвота людзям пакутаваць! Я, напрыклад, кожны дзень думаю толькі аб тым, каб уцячы ад гэтай «сапраўднай першабытнай прыроды».

— Вядома, калі вы ўсё бачылі і перажылі,— сказаў Піп.

— Нічога я не бачыў і бачыць не жадаю! — з запалам сказаў ван Дрон.— Я перажыў і перажываю толькі ліхаманку.

— Затое тут расце і ратунак — хінін.

— Не паможа і ён, калі доўга жыць у гэтых праклятых месцах.

— А я не збіраюся вельмі доўга жыць тут, значыцца, на маю долю застаецца толькі цікавае.

— Ды нічога цікавага тутака няма!

— Хіба няпраўда, што ў вашай краіне захаваліся яшчэ некаторыя першабытныя абшары?

— Ёсць такія праклятыя мясціны, але мне няма патрэбы туды совацца,— панура сказаў ван Дрон.

— Таму, што вы тут жывяце. А мы часам гатовы і на край свету паехаць, каб уласнымі вачыма ўбачыць тое, аб чым столькі пішацца ў кнігах.

Ван Дрон паглядзеў на яго з усмешкай.

— Эх, паважаны мінгер Піп! Няўжо ж вы не ведаеце, што калі сядзіш у сябе дома ды чытаеш кніжку, то ўсё гэта здаецца зусім інакшым?

— Але ж не я першы і не я апошні так раблю,— цвёрда сказаў Піп.

— Не разумею я гэтага,— задуменна прамовіў ван Дрон,— не разумею. Можа, яно і так.

Вакол было цёмна. На стале гарэла лямпа. Розныя матылькі ляцелі на агонь і сыпаліся на стол і на падлогу, а там ужо ганяліся за імі яшчаркі. Вось прыляцеў вялізны матыль, велічынёю з птушку, потым жук з дзіцячы кулак, а потым і адзін храбры гекон забраўся на стол.

— Вось бачыце, якая цікавасць у нас,— сказаў ван Дрон, паказваючы рукой на стварэнні.— Пойдзем лепш у пакой, а то гэтая погань жыцця не дасць. Ды і гэта не ўсё яшчэ. Часам і змяя можа прыйсці ў госці. Добра, калі заўважыш яе ды спудзіш, тады ўцячэ. А бывае, што наступіш на яе, тады ўжо бяда. Толькі таму і жыць можна, што першыя яны ніколі не нападаюць, ды вось гэтыя геконы лезуць да іх і перашкаджаюць ім тутака размяшчацца. Не глядзіце, што яны малыя, але аднаго разу так сашчапіліся з метровай змяёй, што людзі забралі яе ў палон.

Перайшлі ў пакой. Слуга падаў вячэру.

— Вось бачыце, колькі тут цікавага для новага чалавека,— сказаў Піп.

— Паглядзець раз-другі, можа, і цікава, але жыць сярод усяго гэтага гадаўя зусім нецікава.

— Гэта і я разумею,— згадзіўся Піп.— А скажыце, калі ласка, што за краіна ідзе на поўдзень ад вас? Што там знаходзіцца? Ці жыве там хто? Як арганізаваць туды экспедыцыю?

— Жывуць там яшчэ так званыя бадувісы, якія лічацца старэйшымі і чысцейшымі яванцамі. Яны схаваліся там яшчэ ў XV стагоддзі ад арабаў, каб толькі не пераходзіць у магаметанскую веру. Дзеля гэтага яны называюць сябе «д’елема», што азначае — «людзі, якія захоўваюць веру дзядоў».

— Няўжо ж сапраўды яны да гэтага часу незалежныя? — здзівіўся Піп.

— Незалежныя ў той меры, у якой незалежны тыгры, насарогі і іншыя звяры, што там захаваліся. Бадувісаў вельмі мала, не болей як дзве тысячы чалавек, пашкодзіць яны не могуць, а ганяцца за кожным з іх няма сэнсу.

— А як яны адносяцца да белых?

— Не толькі белых, але ўсіх чужых яны не пускаюць да сябе.

— А ці бывалі там нашы экспедыцыі?

— Спробы былі, але дасканала нічога не даведаліся. Ды і не варта рызыкаваць і траціць грошы дзеля такога глупства.

— Ну, а наогул пры звычайным паляванні яны не перашкаджаюць?

— Яны жывуць досыць далёка, і туды звычайна ніхто з паляўнічых не даходзіць. Апрача таго, яны не маюць добрай зброі, каб самім нападаць. Ну, а калі дабрацца да іх жылля, тады маўчаць не будуць. Ці не збіраецеся вы туды ісці? — запытаўся нарэшце Дрон.

— Пакуль што не думаю, але было б цікава,— адказаў Піп.

— Ці ведаеце вы ўсю тую небяспеку, якая пагражае пры падобных паляваннях?

— Я ведаю толькі тое, што магу трапіць куляй у кулю на адлегласці ў семдзесят крокаў,— з гонарам сказаў Піп.

— Гэта рэч добрая, але і без таго бываюць розныя выпадкі.

— Я не адзін, маю добрага слугу і, апрача таго, хацеў бы наняць тут яшчэ аднаго правадніка-паляўнічага з мясцовых. Можа, параіце каго?

— Ёсць тут адзін тубылец-паляўнічы, які заўсёды бадзяецца там. Ён нават мае дазвол мець стрэльбу, бо знішчае тыграў. А наш урад плаціць за кожнага забітага тыгра дзвесце гульдэнаў. Для гэтага трэба прад’явіць галаву і лапу, а шкура застаецца паляўнічаму. Завуць гэтага чалавека — Хаон. Заўтра паклічам яго, калі ён тут. Але я забыўся яшчэ аб адным папярэдзіць вас: апрача звяроў і бадувісаў у лясах ёсць яшчэ адзін вораг — бандыты. Яны нават больш небяспечныя, чымся бадувісы, бо складаюцца з элементаў варожых да ўлады і нападаюць выключна на нас і прадстаўнікоў улады наогул. Нават сярод насельніцтва яны маюць прыхільнікаў, якія ім памагаюць. Але, на ваше шчасце, за апошнія два месяцы аб іх нічога не чуваць. Мабыць, зніклі пасля таго, як дванаццаць чалавек з іх злавілі і павесілі. На кожны выпадак вы і гэта павінны мець на ўвазе.

— Дзякую вам за параду,— сказаў Піп.— Буду ўсё гэта памятаць.

У той жа самы час Нонг распытваў слуг і чуў ад іх прыблізна тое самае. Але адчувалася, што яны ведаюць больш, ды толькі не хочуць казаць усяго новаму незнаёмаму чалавеку, да таго яшчэ — слузе белага туана.

 

VI У ПЕРШАБЫТНЫМ ЛЕСЕ

 

Паляўнічая экспедыцыя.— Дзівы дзіўныя.— Краска-падла.— Жарт малпы.— Мул у ботах.— Чароўныя агні.

Бантамскія пушчы з’яўляюцца, можна сказаць, адзіным кутком на Яве, дзе захавалася яшчэ першабытная прырода ў тым самым выглядзе, як і сотні гадоў назад. Гэтаму спрыяюць галоўным чынам непраходныя балоты, якія абступаюць раён з трох бакоў, а з чацвёртага ідуць яшчэ болей непраходныя, зусім недаследаваныя горы. Мала знойдзецца на зямлі такіх месц, дзе б у адным кутку так злучыліся і балоты, і горы, і лясы.

Сюды часам наязджалі на паляванне рэзідэнты, рэгенты, нават адзін раз сам генерал-губернатар, але яны не заходзілі вельмі далёка, бо гэта было цяжка, ды і патрэбы не было. А наогул такія наезды былі вельмі рэдкія, адзін-два разы за некалькі год. Разы са два прыязджалі прыватныя багатыя асобы, у тым ліку адзін англічанін; таму ніхто не здзівіўся, калі цяпер прыехаў яшчэ адзін чалавек.

Праз некалькі дзён наладзілася экспедыцыя ў складзе пяці чалавек. Апрача Піпа і Нонга, у яе ўвайшлі вышэй памянёны Хаон, малаец гадоў пад сорак, спрактыкаваны каштоўны памочнік, і яшчэ два чалавекі, якія былі наняты, каб несці рэчы, абслугоўваць месца прыпынку.

Забяспечана экспедыцыя была дасканала. Мелася ўсё, што патрэбна ў такіх справах, і з тым улікам, каб усё гэта займала найменей месца і мела найменшую вагу. На кожны выпадак узяты быў і адзін мул.

Усе атрымалі ад Піпа зброю. Асабліва быў рады Нонг, які да гэтага часу не трымаў у руцэ ні стрэльбы, ні рэвальвера. Пад кіраўніцтвам Хаона ён так старанна пачаў вучыцца страляць, што праз некалькі дзён амаль што зраўняўся з самім Хаонам.

Нарэшце экспедыцыя сабралася ў дарогу. Уся мясцовая ўлада прыйшла, каб праводзіць Піпа. Кожны даваў якую-небудзь карысную параду.

— Не забывайцеся кожны дзень прымаць хінін,— казаў адзін.

— Ці ўзялі сеткі і рукавіцы, каб абараніць сябе ад маскітаў? — пытаўся другі.

— Не паглыбляйцеся далёка,— раіў ван Дрон,— памятайце пра ўсе тыя небяспекі, аб якіх я вам казаў. Жадаю поспеху.

Піп падзякаваў усім, развітаўся, і экспедыцыя рушыла на поўдзень. Наперадзе, побач з Хаонам, ішоў Піп у вялізных ботах вышэй каленяў, са стрэльбай за плячыма, з рэвальверам і кінжалам за поясам. Хаон меў толькі сваю нязменную дубальтоўку ды крыс. За імі ішлі два памочнікі з мулам, а ззаду — Нонг.

Дзесяць кіламетраў дарога ішла між кампонгаў, палёў і садоў. Потым пачалося камяністае ўзвышша, а за ім лес. Сапраўдны лес, дрымучы, бязлюдны, якога Піп да гэтага часу не бачыў.

Сэрца Піпа моцна калацілася; ён адчуваў нейкую ўрачыстасць, уздым; праз некалькі хвілін ён будзе ў незнаёмым, таемным, трапічным лесе, пра які мільёны людзей з захапленнем чытаюць кніжкі, а бачыць маглі толькі адзінкі, і ў тым ліку будзе ён, Піп. Ён сустрэнецца з небяспечнымі тыграмі, змеямі, насарогамі, якіх людзі бачаць толькі ў заалагічных садах, за кратамі, а на волі бачылі толькі адзінкі з адзінак, і ў тым ліку будзе ён, Піп. Яго чакаюць, хоць і небяспечныя, але цікавейшыя прыгоды, здарэнні, якія вабяць усіх людзей, што чытаюць кніжкі аб гэтым і, лежачы на ложку, гатовы рызыкнуць сваім жыццём, каб толькі апынуцца ў такім становішчы. Але мары іх назаўсёды застаюцца марамі, у той час, як ён, Піп, падыходзіць ужо да рэчаіснасці. Зусім зразумела, як усё гэта павінна было хваляваць паважанага мінгера Піпа.

Дарога знікла. Хаон вядзе экспедыцыю па знаёмай толькі яму сцежцы. Наперадзе ўздымаецца шэраг яванскіх дубоў, нібы вартаўнікоў, якія абараняюць уваход у лес. Магутныя, з гладкім лісцем, яны асабліва цікавы сваімі сплюшчанымі жалудамі. Побач з імі разрасліся лаўровыя дрэвы, фікусы і розны хмызняк. Яшчэ некалькі крокаў — і дарогу загарадзілі ратангавыя пальмы. Тонкія ствалы, ці сцяблы, іх не таўсцей за руку, дасягаюць сотні метраў даўжыні, уюцца і круцяцца, нібы змеі, і па зямлі, і ў паветры, і па верхавінах дрэў, чыім сокам яны жывяцца. Піп сунуўся быў, каб пралезці паміж іх, але зараз жа пачуў, што нехта сцягнуў з яго шапку. Азірнуўся — шапка хістаецца ў паветры.

— Што гэта за д’ябал такі? — вылаяўся ён.

— Асцярожней! Назад! — крыкнуў Хаон.— З гэтымі ратангамі справу мець небяспечна.

Піп павярнуўся, каб зняць сваю шапку, але ззаду яго ўжо трымалі і калолі з дзесятак круччаў. Ён пачаў вызваляцца ад іх, але папароў рукі аб нейкія вострыя ражны. Паказалася кроў; справа рабілася зусім непрыемнай.

— Не варушыцеся! Пачакайце! — крыкнуў Нонг і падбег на дапамогу. Асцярожна, калючку за калючкай, адрэзаў ён сваім крысам, і тады толькі Піп вызваліўся.

— Ці ўсюды ў лесе так будзе? — звярнуўся збянтэжаны Піп да правадніка.

— Не ўсюды, але і нярэдка,— адказаў той.— Тут на кожным кроку можна чакаць перашкод.

Усяго некалькі крокаў прайшлі яны, а ўжо непрыемныя перашкоды. Што ж будзе далей? Нездарма гэты край застаецца непрыступным. Нездарма сюды ніхто не ходзіць.

Але хутка Піп забыўся пра тое здарэнне. Перад ім з’яўляліся ўсё новыя і новыя цікавыя расліны. Адных толькі пальмаў колькі парод! І высокія, і нізенькія; у адных лісце недзе на недасяжнай вышыні, у другіх вылазіць проста з зямлі. І сярод іх славутая яванская пальма «гебанг», якая цвіце толькі адзін раз у сваім жыцці на пяцідзесятым годзе, а потым памірае.

Калі на адной палянцы Піп заўважыў гэтую пальму, на верхавіне якой сярод лісця (больш за два метры шырыні), сабранага ў адзін пук, уздымалася кветка, нібы вялізны надзвычай яркі слуп, калі Піп убачыў гэты момант, які адбываецца адзін раз у пяцьдзесят гадоў, то спыніўся з нейкай пашанай і падумаў: «Дзеля аднаго гэтага варта ехаць з Еўропы!»

Але ўрачысты настрой быў сапсаваны страшэнным смуродам, які, здавалася, ішоў ад пальмы.

— Ці не падла якая? — сказаў Піп і падышоў бліжэй.

Але смурод ішоў аднекуль ззаду, з-за пальмы. Піп зрабіў яшчэ некалькі крокаў і заместа падлы ўбачыў на зямлі велічэзную кветку чырвонага колеру з белымі і ружовымі плямамі. Велічынёй яна была з добрае кола, некалькі бутонаў, якія яшчэ не расцвілі, выглядалі, як качаны капусты. Дзіўная, прыгожая кветка прыкавала да сябе зрок Піпа, але затое нос яго ўпарта адварочваўся ўбок. Зграі мух насіліся над ёй, як над сапраўднай падлай.

— Няўжо ж гэта яна так смярдзіць? — прамовіў Піп.

— Яна, туан! — адказаў Хаон.— Гэта «крубута».

У навуцы яна завецца рафлезія і жывіцца карэннямі другіх дрэў. 3-за яе калісьці загінуў адзін вучоны, які так зацікавіўся ёю, так старанна пачаў вывучаць яе, што захварэў і праз чатырнаццаць дзён памёр. Цікава яшчэ адзначыць, што гэтая самая вялікая кветка мае самае маленькае насенне, якое можна разгледзець толькі праз павелічальнае шкло.

І нашы падарожнікі пастараліся хутчэй адысціся падалей ад гэтай прыгожай кветкі. Лес рабіўся ўсё гусцейшым, так што зусім нельга было разабрацца, якая галіна якому дрэву належыць. Кідаліся ў вочы волаты-расаламы, якія часам былі метраў на пяць вышэй за вядомую званіцу Івана Вялікага ў Маскве. Потым каштоўнейшыя тэкавыя дрэвы, якія даюць такі моцны матэрыял, што яго не бярэ сякера. Але дзе ж там пералічыць дрэвы, якіх у яванскім лесе расце больш за тысячу пяцьсот парод!

Апрача таго, і не да разгляду было, калі трэба не толькі праціскацца, але нават высякаць сабе дарогу. Горш за ўсё дапякалі ліяны, якія часам так апляталі ўсе дрэвы, што без сякеры ніяк нельга было прайсці. Справа ўскладнялася яшчэ тым, што мул не мог прайсці там, дзе мог пралезці чалавек. Часта прыходзілася спецыяльна для яго прасякаць дарогу.

Трэба яшчэ адзначыць, што наогул лес здаваўся ціхім, нібы мёртвым. Не чуваць было таго вясёлага птушынага шчэбету, як у нашых лясах. Нешматлікія птушкі, што падавалі свой голас, хаваліся недзе наверсе. З жывёлаў бачылі толькі невялікіх малпаў будэнг, прыгожых, чорных, машастовых, з капой валос на галаве, нібы ў шапцы. Пры набліжэнні людзей яны ўздымалі такі вэрхал на дрэвах, нібы там адбывалася бойка. А потым зноў цішыня.

Паветра цёплае, душнае, вільготнае. Уся зямля зарасла мохам і папараццю, дзе час ад часу мільгалі не то змеі, не то яшчаркі; але пакуль што нічога небяспечнага не сустракалася. Не кажучы ўжо аб Піпу, нават мясцовыя жыхары, здавалася, былі прыгнечаны гэтым цяжкім маўклівым лесам. Адзін толькі Хаон адчуваў сябе, як дома.

Праз некалькі гадзін усе вельмі змарыліся і спыніліся адпачыць. Тым болей, што набліжаўся чарговы паўдзённы дождж. Паставілі палатку, расклалі агонь і пачалі гатаваць страву.

— Вось дык паляванне! — бурчаў Піп.— Замест дзічыны прыходзіцца з сабою несці ежу. Аніводнай жывёліны не бачылі, калі не лічыць гэтых малпаў. Няўжо ж увесь час так будзе?

— Спажыўнай жывёлы ў такім гушчары наогул мала,— адказаў Хаон.— Апрача таго, яна хаваецца далей ад населеных месц.

Тым часам надышла навальніца. Заблішчала маланка, загрукатаў гром, зашумеў лес, паліліся струмені вады. Тут ужо ўсе адчулі радасць і задавальненне, што сядзяць у палатцы.

Праз некаторы час дождж перастаў, а з дрэў усё яшчэ лілася вада. Была трэцяя гадзіна. Да цямна заставалася толькі тры гадзіны. Піп не ведаў, што рабіць: ці сядзець, ці ісці далей па такой вадзе? Запытаўся Хаона.

— Як туан захоча,— адказаў той.— Павінен толькі папярэдзіць, што тут нічога не дачакаемся.

— У такім разе пойдзем далей,— парашыў Піп, і экспедыцыя знялася з месца.

На гэты раз падарожжа ўжо не здавалася Піпу цікавым. Знізу вада, зверху вада, мокрае галлё б’е па твары. Так прайшлі тры гадзіны. Надышоў вечар. Спыніліся на начлег.

Увесь мокры сядзеў Піп каля агню, падстаўляючы то адзін, то другі бок, каб абсохнуць. Ад зморанасці ламала ўсё цела, кроплі ўсё яшчэ капалі зверху. Увесь уздым і цікавасць прайшлі. «І чаго я тут сяджу? — неяк мімаволі думалася Піпу.— Які чорт мяне загнаў сюды? Ці не лепш было б сядзець цяпер дома?»

— Ці доўга нам прыйдзецца так ісці? — нарэшце запытаўся ён Хаона.

— Калі туан хоча напэўна сустрэць дзікіх звяроў, то трэба прайсці яшчэ балоты і падысці да прадгор’яў. Калі тут і ёсць звяры, дык зусім мала і вельмі цяжка сустрэць іх.

— А можа, і наогул захаваўся адзін ці два, вось цяпер і ганяйся за імі.

— Пацярпіце, туан,— усміхнуўся Хаон,— можа, і яны будуць ганяцца за вамі.

Была толькі сёмая гадзіна, а навокал стаяла чорная ноч. Піп зірнуў убок і ўздрыгануўся. Што гэта? Нібы вочы звяроў блішчаць. Вось яны рухаюцца, носяцца з месца на месца.

— Паглядзі, Хаон, што там такое?

— Дзе? — спакойна запытаўся Хаон.

— Ды вось свецяцца, нібы вочы тыграў.

— Гэта грыбы такія,— спакойна адказаў Хаон,— а тыя, што лётаюць,— начныя мухі, якія свецяцца.

Піп нават засаромеўся, што выявіў сябе такім навічком перад гэтым дзікуном. І калі пасля гэтага заўважыў нешта яшчэ болей дзіўнае, то нічога не сказаў. А заўважыў ён, што лес нібы ўбраўся ў светлыя гірлянды, накшталт таго, як убіраюць у свята гарадскі парк ланцугамі электрычных лямпачак. Толькі святло было фасфарычнае, бледнае, слабае. Піп і сам цяпер сцяміў, што гэта таксама былі грыбкі або цвіль на ліянах і ратангах.

— Ваў! Ваў! — пачуўся недзе выразны крык. Піп моўчкі зірнуў на Хаона.

— Гэта «ваў-ваў», малпы такія,— сказаў той.

Потым пачуўся нібы рогат, там нешта запішчала, там прарэзліва крыкнула нейкая птушка; вось затрашчалі цыкады13, да іх далучыліся жабы на дрэвах; пачыналася начное жыццё лесу, якое звычайна здаецца больш таемным і страшным, як удзень.

— Ці не пагражае нам які-небудзь напад уначы? — зноў запытаўся Піп.

— Не, асабліва калі будзе гарэць агонь,— адказаў Хаон.— Галоўны вораг, тыгр, першы не нападзе.

Пачалі рыхтавацца да сну. Палатку паставілі не замацоўваючы, бо ніякі вецер у лесе не пагражаў. Палатка мела асобнае аддзяленне для Піпа, а яго спадарожнікі размясціліся ў другой палове. Назапасілі паліва. Умовіліся на кожны выпадак вартаваць па чарзе, але праз гадзіны тры ўсе паснулі. І ніякай бяды ад гэтага не было. Ноч прайшла спакойна. Пачало ўжо віднець.

І вось тут здарылася нешта незразумелае. Нехта пачаў кратаць і хістаць палатку. Людзі ўсхапіліся, сталі праціраць вочы і азірацца, а тым часам палатка пачала ўздымацца вышэй, вышэй... Яшчэ момант — і людзі апынуліся пад адкрытым небам, а палатка калыхалася ў паветры.

— Што за цуд такі! — закрычаў Піп. Насільшчыкі таксама разявілі раты ад здзіўлення. Нават Хаон быў збянтэжаны, але праз хвіліну зарагатаў, як шалёны.

— Сіаманг! Сіаманг! — закрычалі насільшчыкі і таксама пакаціліся ад смеху.

Тады і Піп заўважыў, што палатку цягне ўверх вялізная малпа — гібон, галоўная з яванскіх малпаў. Зараз жа і другая далучылася да яе, а ззаду было відаць яшчэ некалькі. Са свайго дрэва яны заўважылі незвычайную белую рэч, якая так прывабна вытыркалася ўгару. Як было не пацікавіцца такой цацкай? Звесіліся галавой уніз, кранулі сваімі даўжэзнымі рукамі,— варушыцца і нават здаецца лёгкай. Ну, і пацягнулі да сябе.

Піп зараз жа ўхапіў стрэльбу — і адзін з гібонаў паляцеў на зямлю разам з палаткай. Рэшта малпаў закрычала такім моцным голасам, што Піп мімаволі затуліў рукамі вушы. Услед за гэтым яны зніклі.

На зямлі ж застаўся свавольнік, які заплаціў жыццём за свой жарт. Ростам ён быў каля метра, затое шырыня распасцёртых рук была больш за два метры. Высокія грудзі і моцныя плечы сведчылі аб сіле, але далей, уніз, цела ўсё болей і болей звужвалася. Нават сярод малпаў гібон вызначаецца сваёй брыдкасцю, але затое лічыцца найлепшым спеваком перад усімі іншымі малпамі. Для гэтага пад падбародкам у яго вісіць мех, які ў час крыку надзімаецца, як пузыр.

— Цікава будзе мець яго на памяць,— сказаў задаволены Піп і загадаў асцярожна зняць з гібона скуру, каб захаваць яе.

Праз дзве гадзіны рушылі далей. Усё навакол было мокрае ад учарашняга дажджу, але сонца свяціла весела, і настрой у падарожнікаў быў вельмі добры. Паступова мясцовасць пачала паніжацца, усё вільготней рабілася зямля, часцей і гусцей рос бамбук. Пачалося балота. Хоць і добра ведаў Хаон мясцовасць, але і яму прыходзілася ламаць галаву, каб знайсці больш-менш даступную сцежку. Ён круціў і ўправа і ўлева, часам вяртаўся назад, вышукваючы сушэйшыя мясціны. Бяда толькі была з мулам, які сваімі капытамі загразаў глыбей за ўсіх.

— Ці прабяромся мы з ім? — трывожыўся Піп.

— Паспрабуем,— адказаў Хаон.— Мне здаецца, да бліжэйшага сухога абшару як-небудзь дабяромся.

— А ці не лепей будзе абматаць яму ногі лісцем ды травой,— прапанаваў Нонг.

— Гэта добрая думка! — адклікнуўся Хаон.— Давайце паспрабуем.

Праз некалькі хвілін мул быў «абуты» у шырачэзныя боты. Хоць і няёмка было яму ісці ў такіх куксах, хоць і ўпіраўся ён спачатку, але загразаў значна меней. На жаль, ён хутка знасіў свае боты, але зусім проста было абуць яму другія. Адзін раз прыйшлося пераходзіць такое месца, дзе і боты не маглі памагчы, бо людзям трэба было ісці па жэрдках. Тады для мула спецыяльна зрабілі з бамбука грэблю.

Дарога цягнулася вельмі доўга. Нават прыпыніцца не было дзе, каб адпачыць. Шчасце яшчэ, што надвор’е спрыяла: у гэты дзень зусім не было дажджу. Нарэшце а гадзіне чацвёртай выйшлі на сухое месца, дзе нават былі ўзвышшы і скалы.

Выбралі прытульнае месца пад скалой, ля крыніцы, і разбілі лагер.

— Тут будзе наш дом,— сказаў Хаон.— Адсюль мы ўжо будзем хадзіць ва ўсе бакі. Мне самому, можа, трэба будзе патраціць дзень ці два, каб высачыць звера.

— У такім месцы прыемна пажыць і болей,— прамовіў Піп, задаволена азіраючыся.

Хоць і тут быў лес, але пасля хмурага вільготнага гушчару было значна сушэй, радзей і весялей. Над галавой, на скале, дрэў зусім не было; вузенькая камяністая лагчынка, дзе булькала крынічка, зарасла толькі невялічкімі кустамі. Досыць было і сонца, і свежага паветра.

У гэты вечар, седзячы ля вогнішча, Піп ужо не шкадаваў, што забраўся сюды.

 

VII. НЕЗВЫЧАЙНЫЯ ПРЫГОДЫ МІНГЕРА ПІПА

 

Піп на паляванні.— Спынены абед.— Змяя ў капелюшы.— Гульня з «бадакам» насмерць.— Хітры «мат'ян».

Назаўтра Хаон сказаў:

— Я пайду туды, на захад, каб высачыць логава «мат'яна» (тыгра). Гэта зойме ўвесь дзень, а можа, нават і болей. Часам бывае, што трэба хадзіць тыдзень, каб знайсці, высачыць, вывучыць усе яго сцежкі, звычаі. У кожным разе, так або інакш я заўтра вярнуся. Вы ж гэты час палюйце сабе самі, але не ідзіце ў мой бок, каб не спудзіць звера стрэламі.

— Няўжо ж нельга так сустрэць яго ў лесе? — запытаўся Піп.

— Можна, але толькі тады, калі ён сам пажадае. На гэта спадзявацца нельга. Толькі мат’ян-людаед, гэта значыць такі, каму ўжо трапілася разарваць чалавека, можа рызыкнуць зноў напасці, ды і то, калі абставіны для яго будуць спрыяючыя. Звычайна ж ён ухіляецца ад сустрэчы, як і кожны іншы звер, і высачыць яго цяжка.

Хаон пайшоў сваёй дарогай, а праз некаторы час выправіліся і Піп з Нонгам у процілеглы бок. Дома былі пакінуты два насільшчыкі з даручэннем ачысціць і высушыць гібонавую скуру.

Пахадзіць такім чынам, без багажу, без клопату, было зусім не тое, што цягнуцца ў дарозе. Усё навакол цяпер выглядала значна прыгажэй і весялей. Піп мог ужо звярнуць увагу на такія дробязі, на якія ў дарозе ён нават не глядзеў: ці то птушка, ці матыль, незвычайны грыб або кветка, новае цікавае дрэва, напрыклад, хваёвае, але з лісцем; толькі добра прыгледзеўшыся, можна было заўважыць, што сапраўды ліст складаецца з іголак, якія зрасліся разам.

Над галавою чапляліся і дражніліся невялічкія шэрыя малпачкі. Піп не вытрымаў і застрэліў адну для калекцыі. Потым мякка шмыгнуў невялічкі даўгі звярок — вівера, накшталт нашага тхара. У другім месцы з гушчару выбег спуджаны дзік. Піп стрэльнуў, але не трапіў.

На адной палянцы яны заўважылі, што пад дрэвам нешта варушыцца. Асцярожна падышлі — і шарахнуліся назад: перад імі быў боа метраў на шэсць даўжыні і адпаведнай таўшчыні. Вольна раскінуўшы свае кольцы, ён абедаў і так быў заняты сваёй справай, што нават не заўважыў людзей.

Ды і не да таго яму было: ён трымаў у роце жывёліну, якая была прынамсі разоў у дзесяць шырэй за яго горла. З рота толькі былі відаць заднія, яшчэ дрыгаючыя ногі, хвост і частка цела. Гледзячы на гэты абед, цяжка было вырашыць, каго больш шкадаваць — ці жывёліну, ці змяю. Можна было падумаць, што змяя зусім задушылася, глотка яе была так расцягнута, што, здавалася, вось-вось разарвецца; сківіцы стаялі па прамой лініі зверху ўніз; вачэй не было відаць, ды і наогул нельга было пазнаць змяінай галавы.

Крыху адпачыўшы, яна пачала варушыць горлам. Страшэнным намаганнем пасунула здабычу на які-небудзь сантыметр — і зноў замерла.

— Зараз няма чаго яе баяцца,— сказаў Піп і падышоў бліжэй.

— Асцярожней, туан! У яе яшчэ хопіць сілы, каб абкруціцца хвастом,— папярэдзіў Нонг.

Боа ўжо заўважыў людзей, грозна павярнуў да іх галаву і стаў паціху адсоўвацца далей. Жудасна было глядзець на гэтую, нібы паднятую на слуп, галаву, на гэтыя страшэнныя вочы, якія, здавалася, маглі спаліць цябе адным сваім лютым бляскам, на гэтае цела-бервяно, якое можа задушыць быка. Піп выстраліў. Забілася страшыдла так, што галлё паляцела навакол, а абодва паляўнічыя кінуліся назад. Яшчэ куля, другая,— змяя ўсё круціцца, усё дрыгае. Зноў і зноў прыйшлося страляць, пакуль нарэшце яна супакоілася.

— Адзін раз у два-тры месяцы даводзіцца гаротнай паабедаць, ды і то перашкодзілі,— сказаў Піп, кратаючы яе нагой.

Можна яшчэ дадаць, што гэтыя страшэнныя змеі з пароды пітонаў (удавы, душыцелі) людзям ніякай шкоды не робяць. Атруты яны не маюць, задушаць, праглынуць якую-небудзь жывёліну ды і ляжаць сабе адзін-два месяцы. На чалавека могуць напасці толькі тады, калі іх раздражніць, або якім-небудзь чынам самім трапіць да іх у абдымкі. Куды больш небяспечныя тыя гадзюкі, якія хоць і меншыя за ўдава ў дзесяткі і сотні разоў, але хутка адпраўляюць людзей на той свет. З адной з такіх змей нашыя паляўнічыя і пазнаёміліся ў той жа дзень.

Над крушняй камення кружылася птушка. Лётала навакол, жаласна крычала, білася крыламі, але ўвесь час не адводзіла вачэй ад нейкага пункта на зямлі.

А там ляжала змяя метра на паўтара даўжынёю і, крыху падняўшы галаву, не адводзіла вачэй ад птушкі. Змяя была чырвона-жоўтага колеру, а на галаве выразна вызначаліся два злучаныя кружочкі, вельмі падобныя да акуляраў.

— Акулярніца! — прашаптаў Нонг.

— Тсс!..— штурхануў яго Піп, з захапленнем наглядаючы гэтую сцэну.

Няшчасная птушка хоць і адлятала, але кожны наступны раз падлятала ўсё бліжэй і бліжэй. Спакойны, пільны, ледзяны позірк змяі рабіў жудаснае ўражанне. Галава ціха паварочвалася ўслед за птушкай, высунуты язык варушыўся. Птушка, відаць, добра ведала, што ёй пагражае смерць, жаласна ціўкала, але не магла адарвацца і падлятала ўсё бліжэй ды бліжэй.

— Шкада птушкі,— сказаў Піп і зрабіў крок наперад, каб стрэліць.

Рух, шолах і трэск галінкі былі заўважаны змяёй, і яна зірнула ў гэты бок. Птушка, якая ўжо гатова была заляцець у рот змяі, скарыстала момант і з радасным шчэбетам паляцела прэч.

Але ж затое кобра раззлавалася. Звычайна яна ўцякае ад людзей, але цяпер падняла сваю галаву на паўметра, раздула ўшыркі шыю і рушыла на Піпа. Па баках шыі выпрасталіся зморшчкі і надалі галаве выгляд апалоніка. Нездарма першыя партугальцы далі ёй назву «кобра дэ капело», што азначае — «змяя ў капелюшы». Вочы яе замест птушкі ўтаропіліся цяпер у Піпа, і нават той на момант адчуў сябе неяк няёмка.

Ды і было ад чаго. Трэцяя частка цела змяі ўздымалася ўверх прама і нерухома, як палка, і разам з тым шпарка рухалася наперад. Гэты незвычайны «нерухомы рух», гэты жудасны змяіны позірк, змяінае джала ды грозны «капялюш» маглі спалохаць і храбрага і ўзброенага чалавека, тым болей, што страляць у такую малую цэль было рызыкоўна.

Аднак Нонг стрэльнуў і зачапіў край капелюша, кобра крыху пахіснулася, засіпела і, відаць, нарыхтавалася ўжо скокнуць. Але ўслед за Нонгам стрэльнуў Піп, і галава змяі павольна схілілася да зямлі. Тут кобра пачала круціцца і біць хвастом, пакуль удар па галаве зусім не супакоіў яе.

— Вось гадзіна! — сказаў Піп, зняўшы свой шлем і выціраючы пот.— Ледзь мяне не зачаравала, як тую птушку.

— О, туан! Гэта самая небяспечная змяя, горш за ўсіх вялікіх боа. Выздаравець ад яе ўкусу немагчыма.

— Трэба будзе з яе зняць скуру на памяць. Вазьмі яе з сабой.

Нонг павесіў змяю сабе на шыю, і яны пайшлі далей. Калі прыняць пад увагу, што Нонг яшчэ нёс забітую малпу, то прыйдзецца сказаць, што далейшая хада была для яго не вельмі прыемнай і пажаданай. Яны і так адышлі ўжо ад сваёй стаянкі кіламетраў на дзесяць.

— Ці не думае туан вярнуцца назад перад дажджом? — дыпламатычна сказаў Нонг.

Піп зірнуў на неба, потым на свой гадзіннік. Было адзінаццаць гадзін.

— Паспеем яшчэ,— сказаў ён.— Здаецца, сёння дажджу не будзе. Дойдзем яшчэ да тых вялікіх дрэў, адпачнём і тады назад. Можа, сустрэнем яшчэ што-небудзь цікавае.

Паляванне ў першабытным лесе на незвычайных звяроў так спадабалася Піпу, што ён хацеў выкарыстаць увесь час і нават не адчуваў зморанасці (тым болей, што цяжар нёс другі). Уражанні былі такія цікавыя! З аднаго боку, усё было так, як пісалася ў кнігах, але з другога — нешта зусім іншае, а ў чым справа — нельга было разабраць.

Прайшлі яшчэ кіламетры са два і спыніліся на беразе маленькай неглыбокай рачулкі. Гэты бераг быў сушэйшы і парос рэдкім высокім лесам. Той бераг быў балотны, зарослы бамбукам і хмызняком. З прыемнасцю паляглі на траву. Нават агню не раскладалі, а падмацаваліся кансервамі.

З паўгадзіны ляжалі моўчкі гэтыя чужыя адзін аднаму сябры. Праўда, абставіны былі такія, што Піп зусім забыўся, што побач з ім цемнаскуры чалавек ніжэйшай пароды. Ён нават палюбіў Нонга, як добрага слугу, але зусім не цікавіўся ім, як чалавекам. А Нонг таксама прызвычаіўся да Піпа, убачыў, што гэта чалавек дабрадушны, няшкодны, толькі крыху дзівакаваты. І калі Нонг успамінаў усе крыўды і няшчасці, якія даводзіцца цярпець ад белых уладароў, калі ў ім абуджалася вострая нянавісць да іх, то гэтая нянавісць не мела дачынення да Піпа.

Піп сапраўды быў чалавек няшкодны, мусіць, затым, што стаяў далёка ад жыцця. Бацька яго быў багаты, але скупы гандляр селядцамі, тымі самымі галандскімі селядцамі, якія вядомы на ўвесь свет. Для свайго адзінага сына ён нічога лепшага не жадаў, хай бы толькі той быў такім самым добрым гандляром селядцамі, як і бацька. Ён даў сыну сярэднюю адукацыю, а далей прымушаў яго мець справу толькі з бочкамі ды рыбакамі. Але рыбакі, мора, караблі абудзілі ў маладым Піпе цікавасць да далёкіх краін, да прыгодаў, аб якіх ён чуў ад маракоў.

І чым болей бацька прывязваў яго да селядцоў, тым болей сын імкнуўся далей у свет. Начамі, хаваючыся ад бацькі, ён чытаў кніжкі аб дзіўных краях, падарожжах, цікавых паляваннях, прыгодах, і гэтае імкненне захавалася ў ім да таго часу, пакуль бацька памёр.

Калі ж сын атрымаў спадчыну ды падлічыў яе, то ўбачыў, што яму зусім няма патрэбы гандляваць селядцамі. Грошай было столькі, што на адны працэнты ён мог жыць увесь век без клопату. І ён ліквідаваў прадпрыемства, палажыў грошы ў банк і адчуў сябе вольнай птушкай. Такім чынам ён і трапіў на Яву.

Зразумела, усе знаёмыя дзівіліся такому ўчынку, ніяк не маглі зразумець, як гэта можна добраахвотна адмовіцца ад далейшага ўзбагачэння, і лічылі Піпа нават дурнаватым. І сапраўды, з гандлярскага пункту погляду ён быў непрактычны, няспрытны фантазёр, але, як чалавек, быў і добры і разумны.

А калі мы захацелі б ахарактарызаваць яго з нашага пункту погляду, то маглі б сказаць, што гэта быў чалавек, як у нас кажуць, ні рыба ні мяса. Ён адарваўся ад гандляроў, але не прыстаў ні да якой іншай катэгорыі людзей. Ён свядома ніколі нічога дрэннага не рабіў бедным, простым людзям, часта, калі трапляўся выпадак, памагаў ім, але разам з тым яму ніколі не прыходзіла думка, як жывуць гэтыя людзі, якое іх становішча. Наогул кажучы, ён нібы плаваў на паверхні жыцця...

Раптам на другім беразе нешта затрашчала. Абодва зірнулі ў той бок і ўбачылі, што праз зараснік праціскаецца да вады насарог.

— Бадак! — шапнуў Нонг, і абодва ўхапіліся за стрэльбы.

Але трывожыцца ім не было чаго. Становішча іх было такое выгоднае, што лепей і прыдумаць нельга. Гэты бераг быў сушэйшы і вышэйшы, тут можна было спакойна ляжаць, схаваўшыся ў траве, а звер быў за рэчкай. Піп нават дрыжаў ад хвалявання і нецярплівасці. Насарог спакойна падыходзіў, апусціўшы галаву, і нічога не бачыў. Вось паказалася яго галава з адным рогам на носе.

Піп не вытрымаў і стрэльнуў, крыху зарана і дрэнна прыцэліўшыся. Скура насарога такая тоўстая, што нават куля не заўсёды можа яе прабіць, асабліва калі трапіць хоць трохі наўскасок. Дзеля гэтага спрактыкаваныя паляўнічыя стараюцца трапіць пад пахі. А цэліцца ў пакаты лоб яшчэ болей нязручна, бо ў такім выпадку можна чакаць, што куля слізгане. Так было і цяпер.

Не паспелі яны стрэліць яшчэ раз, як насарог узняў галаву, зароў і кінуўся прама на людзей. Адным махам пераскочыў ён праз неглыбокую ручаіну і апынуўся на другім беразе, супраць паляўнічых. Усё гэта здарылася з такой хуткасцю, што яны ледзь паспелі ўскочыць на ногі, ужо не думаючы пра абарону. Не памятаючы сябе ад жаху, кінуліся яны ў лес, адчуваючы за сабой тупат звяругі. Піп нават не паспеў схапіць стрэльбу, а Нонг хоць і схапіў, але па дарозе рэмень ад яе зачапіўся за куст, і прыйшлося выпусціць яе з рук.

Ужо праз дзесятак крокаў стала відавочным, што ўцячы ад звера нельга. Нонг дык той яшчэ выперадзіў свайго гаспадара на некалькі крокаў, але Піп зараз павінен быў загінуць. І калі насарог ужо ледзь не дакрануўся да яго плячэй, Піп інстынктыўна схаваўся за тоўстае дрэва.

Насарог з разгону прабег міма і, заўважыўшы перад сабой другога чалавека, пабег далей ужо за ім. Праз некалькі крокаў і Нонг зрабіў тое самае, што і Піп. Насарог і цяпер прабег міма, але зараз жа павярнуў назад. Нонг схаваўся за другі бок дрэва, а насарог замест яго ўбачыў Піпа...

І вось утварылася становішча, якое было б нават смешным, каб не было нагэтулькі небяспечным. Насарог апынуўся між двума дрэвамі, за кожным з каторых хаваўся яго вораг. Ён пачаў кідацца то да аднаго, то да другога. Часам ён так круціўся вакол якога-небудзь з іх, што жудасна было глядзець, але ўсё ж такой вялізнай і нязграбнай жывёліне немагчыма было злавіць чалавека, які, трымаючыся за дрэва, мог спрытней пераходзіць з аднаго боку на другі.

Але напружанасць у людзей была такая вялікая, што на доўгі час не хапіла б сілы. На шчасце, «працавалі» па чарзе, і тады адзін мог адпачыць. Нарэшце насарог змарыўся, спыніўся між дрэвамі і толькі пазіраў то ў адзін, то ў другі бок сваімі налітымі крывёю вачыма. Пара ішла ад яго цела, дыхаў ён, як кавальскі мех.

Тады пачалі супакойвацца і нашы небаракі-паляўнічыя. Яны ўбачылі, што непасрэдная небяспека мінула, што ў такім становішчы насарог ім ужо нічога не зробіць. Нават добры гумар вярнуўся.

— А што далей будзем рабіць, брацішка Нонг? — весела крыкнуў Піп.

— Мусіць, чакаць,— адазваўся той з-за свайго дрэва.

Гэтыя галасы напомнілі насарогу аб яго ворагах, і ён зноў узяўся за сваю работу. Хоць і ўпэўнены былі людзі ў сваёй небяспецы, але на справе гэта было не так проста. Насарог нібы паразумнеў і не бегаў ужо вакол дрэва, а, схіліўшы галаву бокам, стараўся калупнуць ворага сваім страшэнным рогам. Колькі разоў стукаўся рог аб дрэва зусім побач з чалавекам, так што кавалкі кары ляцелі. Колькі разоў ён ледзь не скалечыў рукі, якімі трэба было трымацца за дрэва. А часам нацэліцца насарог сваім рогам і стаіць некалькі часу нерухома. Вось побач гэты рог, вось блізка-блізка морда, сапе проста ў твар, зубы ашчэраны. Бегчы ў другі бок нельга: трэба сачыць за кожным рухам гэтай галавы. Так і стаяць скамянелыя некалькі мінут, а там зноў пачынаецца... Ды яшчэ жах бярэ пры думцы, што можна зачапіцца і паваліцца.

Прайшла гадзіна. Становішча не змянялася.

— Ну, а што ж усё-такі нам рабіць, Нонг? — зноў крыкнуў Піп у часе перапынку, але ўжо невясёлым тонам.

Крыху падумаўшы, Нонг адказаў:

— Вось што, туан: я перабягу да суседняга дрэва і пастараюся прывабіць яго да сябе. А потым яшчэ далей. А вы тады бяжыце па стрэльбу.

— Малайчына, Нонг! — ажывіўся Піп. — Гэта сапраўды найлепшы спосаб!

Нонг выгледзеў сабе наперадзе другое дрэва, выбраў зручны момант, выскачыў так, каб насарог мог яго заўважыць, і пабег. Адбылося акурат так, як і меркавалася,— насарог пабег за ім. Праз некаторы час такім жа чынам Нонг перабег да трэцяга дрэва.

А Піп тым часам пабег па стрэльбу. Праз колькі часу ён, хаваючыся па-за дрэвамі, падкраўся з другога боку і ўсадзіў зверу кулю пад лапатку. Захістаўся насарог і апусціўся на пярэднія калені. Другая куля пад вуха скончыла справу.

— Ну і задаў жа ён нам страху! — казаў Піп.— Трэба хоць выламаць гэты рог сабе на памяць.

Хоць і вельмі зморанымі вярнуліся яны ў свой лагер, але Піп адчуваў сябе героем. Колькі прыгод перажыў ён за гэты дзень! Нават лепшых за тыя, што чытаў у кніжках.

Назаўтра нікуды не пайшлі, а апрацоўвалі сваю здабычу ды чакалі Хаона.

А той гэтым часам вандраваў па лесе, вышукваючы па вядомых яму адзнаках логава тыгра. Сустракаў Хаон і змеяў, малпаў, ды не звяртаў на іх увагі. Ён абышоў некалькі знаёмых яму мясцін, але нідзе не знайшоў слядоў тыгра.

Тады ён пайшоў у найдалейшае, але пэўнае месца. Гэта быў яр, які ўвесь зарос хмызняком і выходзіў да рэчкі. З яра выцякала сцюдзёная крынічка і ўлівалася ў раку. Відаць, сюды прыходзілі звяры на вадапой, дзеля чаго тыгр і аблюбаваў сабе тут мясцінку. Сляды сведчылі, што ён тут яшчэ жыве.

Хаон натрапіў на гэтае месца, калі быў тут апошні раз. Але тады ён ужо вяртаўся дадому са здабычай і парашыў выкарыстаць гэты куток у наступны раз.

Ён пайшоў назад, але ў дарозе яго застала ноч, і ён вымушаны быў пераначаваць у лесе. Для яго гэта было звычайнай справай. Калі не трапляўся прытульны куток між каменняў, дзе можна было б пераначаваць пад аховай агню, ён узбіраўся на дрэва, ламаў там галлё і спакойна праводзіў ноч па суседству з малпамі. Так зрабіў ён і на гэты раз, а зранку ўжо быў у лагеры.

— Вось што мы нарабілі за гэты час! — з гонарам сказаў Піп, паказваючы Хаону свае трафеі.— А ў цябе як?

— Знайшоў,— адказаў Хаон,— але досыць далёка. Трэба ісці зараз жа.

Праз паўгадзіны рушылі ў дарогу. Адлегласць была, мусіць, кіламетраў дзесяць-пятнаццаць, але для экспедыцыі патрабавалася на гэта ў два разы больш часу, як аднаму Хаону. Зноў пачаліся гушчары, ліяны, зноў трэба было прасякаць сабе дарогу.

Час ад часу трапляліся камяністыя бязлесныя ўзвышшы. Тады наперадзе адкрываліся горы: то лясістыя, то з лысінамі, яны ішлі на поўдзень, паступова павышаючыся, часам наваленыя, нібы крушні велізарных каменняў,— і нарэшце губляліся ў сіняй імгле.

Вось на адной з гор уецца нібы дымок.

— Што гэта? — запытаўся Піп.

— Вулкан,— адказаў Хаон.

— Можа, дзейнічае?

— Крыху дыміцца. Заўсёды ён так.

У другім месцы вяршыня прыняла выгляд нейкай вежы або царквы. Піп заўважыў гэта і зацікавіўся.

— Гэта і ёсць царква бадувісаў,— сказаў Хаон.— Вунь па схілах гор параскіданы іхнія пасёлкі.

Піп задумаўся. Дык вось дзе яна, гэтая старажытная жменька народа, які схаваўся ад цывілізацыі, каб захаваць свой першабытны ўклад жыцця!

— Гэта праўда, што яны ніколі не ўваходзяць у зносіны з нашымі людзьмі?— зноў запытаўся Піп.

— Бадай-што праўда. Іхняя ўлада сочыць, каб гэтага не было. А калі хто звяжацца з нашым светам, дык таму ўжо прыходзіцца зусім уцякаць адтуль.

— Якая ж такая ў іх улада?

— Вышэйшы жрэц Гіранг-Ту-Ун. Але яго ніхто не можа бачыць, апрача сарака памочнікаў. Гэты лік — сорак — заўсёды застаецца аднолькавы. Калі хто памрэ, замест яго абіраецца другі. Нават месца, дзе жыве гэты Гіранг-Ту-Ун, застаецца нікому невядомым14.

— А табе здаралася быць у іх?

— Быў разы са два. Нават адзін знаёмы ёсць, які прыходзіў да нас.

— А ці можна было б нам наведаць іх? Не забіваюць яны ўсіх чужынцаў?

— Не, без прычыны не нападаюць, асабліва калі з імі абысціся лагодна. Але наогул на чужынцаў глядзяць скоса.

Усё гэта так зацікавіла Піпа, што ён нават забыўся на сваіх тыграў. Ён парашыў абавязкова наведаць гэтых бадувісаў.

— Няўжо ж наша ўлада ніколі не прабавала падначаліць іх? — пытаўся ён далей.

— Прабавалі. Нават налажылі на іх падатак. Але што з іх возьмеш? Добраахвотна ніхто не панясе, хоць бы і затым, што нічога не маюць. Пасылалі салдат, дык жыхары ўсе паўцякалі. А трымаць там салдат заўсёды — няма рацыі, бо трэба ім дастаўляць усё неабходнае для жыцця, а дзеля гэтага трэба цягнуцца дні тры па гэтых пушчах, балотах ды гарах, і абыдзецца гэта даражэй за ўсе падаткі, якія можна з іх выкалаціць.

Толькі пад вечар наблізіліся яны да патрэбнага ім месца. Каб не спалохаць звера, зрабілі прывал за паўкіламетра ад яра. Але ўсе былі так стомлены, што самае паляванне прыйшлося адкласці на другі дзень.

Удзень пайшлі на разведку, каб абмеркаваць план палявання.

— Мат’ян хітры і небяспечны звер,— казаў Хаон.— Трэба мець шмат цярплівасці, часу і асцярожнасці, каб падпільнаваць яго. Асабліва важна, каб вецер не дзьмуў з нашага боку. Ад гэтага залежыць усё. Мы зробім насціл вунь на тым дрэве і засядзем на ім. Тыгр выходзіць праз гадзіны дзве-тры пасля захаду сонца. А калі не выйдзе ў гэты час, тады выйдзе за гадзіны дзве-тры перад усходам.

Ля выхада з яра стаяла шырокае, купчастае дрэва, вельмі добрае для гэтай мэты. Недалёка ад яго ішла ўніз камяністая, незарослая лагчынка, па якой гурчала крынічка. З абодвух бакоў берагі ўздымаліся, і тыгр абавязкова павінен быў прайсці гэтую лагчынку. Ззаду выхад пашыраўся і пераходзіў у нізкі бераг, парослы трысцём.

Пабудавалі на дрэве нібы вялікае буслінае гняздо, паадламалі галіны, што перашкаджалі бачыць лагчынку.

— А што, калі ён пачуе чалавека і не пойдзе? — сказаў Нонг.

— Цяпер ён спіць, схаваўшыся далёка ў гушчары, і не пачуе. Слядоў нашых ён таксама пакуль што не бачыў. Усё залежыць цяпер ад ветру.

З захадам сонца Піп, Хаон і Нонг размясціліся на дрэве. Два насільшчыкі з мулам засталіся на прывале.

Піпа ахапіў нібы святочны настрой. Ён жа сядзеў з сапраўднымі «дзікунамі» ў сапраўдным трапічным лесе і пільнаваў сапраўднага тыгра! Гэта ж не жартачкі!

Пацягнуліся доўгія мінуты, гадзіны... Залёталі, зашасталі, запішчалі ўсялякія начныя стварэнні. Вось і нейкая вялізная жывёліна затупала ззаду.

Але не было часу азірацца. Уся ўвага была накіравана наперад. Лагчынка ледзь была відаць у цемры: даводзілася вельмі пільна сачыць, каб не прапусціць той кароткі момант, калі звер пройдзе па ёй. Напружанаму, стомленаму воку ўвесь час здавалася, нібы вось-вось ён ужо крадзецца.

Мінула дзве гадзіны, тры, а звер не паказваўся. Хаон трывожна закруціўся на месцы.

— Вось няўдача! — сказаў ён нарэшце, прыслухоўваючыся да паветра.— Здаецца, вецер дзьме ззаду.

Але ветрык быў такі слабы, што толькі Хаон мог яго заўважыць. У кожным разе, напэўна нельга было сказаць, ці ветрык перашкодзіў, ці так што.

— У такім разе прыйдзецца чакаць другой паловы ночы, хоць і мала ўжо надзеі,— сказаў Хаон.— А цяпер мы нават можам крыху паспаць.

Але які там мог быць сон! Нават сам Хаон, хоць і вывучыў тыгравыя звычкі, але не мог не сачыць за лагчынкай. Усё здавалася, што вось-вось тыгр з’явіцца. А дванаццатай гадзіне паляўнічыя пачалі ўжо дзюбаць сваімі насамі, а Піп зусім страціў свой урачысты настрой. Ён адчуваў толькі нуду, як дзе-небудзь на станцыі, чакаючы поезда. Больш бадзёра трымаўся Хаон, бо лічыў сябе адказным за ўсю аперацыю. Толькі Нонгу было ўсё роўна, як ідуць справы, і ён заснуў звычайным моцным сном.

Падняўся месяц і крыху асвятліў лагчыну. Хаон расштурхаў сваіх таварышаў. Сну як не было. Яны зноў напружана пачалі ўглядацца ў лагчынку...

І вось ззаду пачуўся шолах, трэск, мільганула ў паветры нешта цёмнае і з глухім урчаннем кінулася на паляўнічых. Але адлегласць, вышыня і галіны перашкодзілі: тыгр толькі драпануў сваёй лапай насціл, разам з нагой Хаона, і паляцеў уніз з галлём. Хаон ускрыкнуў, выпусціў стрэльбу, але сам затрымаўся, учапіўшыся за сук. Піп таксама страціў раўнавагу і ледзь утрымаўся. Толькі Нонг, які сядзеў асобна, у развіліне, застаўся нерухомы. І калі тыгр зваліўся на зямлю, Нонг паспеў паслаць яму кулю ў спіну.

Жудасны крык прарэзаў ноч, скокнуў драпежнік яшчэ раз, а тут ужо і Піп дадаў сваю кулю. А зверху на тыгра струменем лілася кроў Хаона. Калі небараку знялі з дрэва і агледзелі рану, то выявілася, што тыгр вырваў кавалак лыткі. Рана была вялікая і страшная, але жыццю не павінна была пагражаць, калі яе дагледзець як належыць.

Пакуль што, каб затрымаць кроў, перавязалі нагу лісцем ды сціснулі над каленам. Нонг пабег да стаянкі, прынёс матэрыялы для перавязкі і прывёў абодвух таварышаў з мулам. Праз некаторы час рушылася працэсія: наперадзе на зробленых з галля насілках насільшчыкі неслі Хаона, а ззаду Піп з Нонгам тузаліся з мулам, які нёс на сваёй спіне тыгра і кідаўся ад страху на ўсе бакі. Дванаццаць кіламетраў да свайго лагера яны ішлі шэсць гадзін.

— Якім чынам усё гэта магло здарыцца? — запытаўся Піп у Хаона, калі яны былі ўжо дома.

— Гэта самая лёгкая кара Хаону за яго дурноту,— адказаў той з прыкрай усмешкай.— Па-першае, трэба было ведаць, што ветрык ужо сапсаваў нам усю справу, а па-другое,— і самае галоўнае,— трэба было ўлічыць, што наша дрэва стаяла ў яры, а побач уздымаўся бысокі бераг, з якога можна было даскочыць да нас. Каб адлегласць была крыху меншая, нам бы не тое яшчэ было. Мат’ян хітры: ён пачуў нас раней і, абышоўшы навакол, напаў ззаду. Сорам Хаону: анак (дзіця) гэтак не зрабіў бы. Бодок (дурны) Хаон!

Стары паляўнічы на тыграў, здавалася, больш пакутаваў ад сваёй хібы, як ад раны.

— Што ж цяпер будзем рабіць? — нерашуча запытаўся Піп.

— Туан казаў, што хоча навясціць бадувісаў,— адказаў Хаон.— Калі ён не змяніў сваіх намераў, можна было б накіравацца туды. Там мяне хутка вылечаць. Ды туды і значна бліжэй, як дадому.

Піп ахвотна згадзіўся, бо гэта якраз адпавядала і яго жаданню.

Пачалі рыхтавацца ў дарогу. Трэба было ўпарадкаваць тыгра і наогул усю здабычу. Потым трэба было зрабіць для Хаона добрыя насілкі. Ды і адпачынак для паляўнічых быў патрэбен пасля такіх падзей.

Выправіліся на другі дзень апаўдні. Хаон, лежачы на насілках, кіраваў дарогай, за ім ішоў Піп, а ззаду Нонг з мулам, які ўжо адчуваў, што цяжар яго значна павялічыўся.

Калі экспедыцыя знікла ў гушчары, з-за кустоў выйшлі два яванцы ў накідках і хустках на галаве. У руках яны трымалі добрыя вінтоўкі.

— І навошта нам валаводзіцца з ім? — сказаў адзін з іх.— Ці не лепш было б адразу скончыць. Усё роўна ён наш вораг.

— Калі загадалі, значыцца, ведаюць, дзеля чаго гэта патрэбна,— адказаў другі.— Ды і мы самі павінны зразумець, што нам трэба стварыць уражанне, нібы нікога з нас тут няма. Хіба ты не чуў, што оранг-улянды15 ўжо супакоіліся і радуюцца, што ўсё ціха, што нікога тут няма.

І яны павольна накіраваліся за экспедыцыяй.

 

VIII. ЗАХАВАЛЬНІКІ ВЕРЫ ДЗЯДОЎ

 

У гасцях у бадувісаў.— Пад аховай табу.— Свята малпаў.— Дыпламатыя Піпа.— Цуды пяцірукага бога.— Добраахвотны пакутнік.— Правадыр-здань.— Экскурсія ў ваколіцы.— Даліна гейзераў.— Спакуса.— Піп знік.

Марудная і цяжкая была дарога, асабліва з насілкамі і перагружаным мулам. У дадатак зноў пачаліся балоты. Толькі пасля захаду сонца выбраліся яны на сухое месца.

— Цяпер я добра ўразумеў, чаму гэтыя бадувісы захавалі сваю незалежнасць,— сказаў Піп, калі яны спыніліся нанач.

— Гэта ўжо апошняе балота,— суцешыў Хаон.— Далей пойдзе гарыстая мясцовасць.

І сапраўды, далей дарога падымалася ўсё вышэй і вышэй. Бадувіскія пасёлкі здаваліся ўжо зусім блізкімі, але ішла гадзіна за гадзінай, а яны ўсё заставаліся нібы на такой жа адлегласці, як і раней. Трэба яшчэ ведаць, што ў сапраўднасці і дарогі ніякай не было. Прыходзілася ўвесь час круціцца між скал, каб знайсці праход, або караскацца па каменнях. А тут яшчэ насілкі і мул. Усе выбіліся з сілы, хоць адпачывалі дзесяць разоў.

Дрэнна адчуваў сябе і Хаон, хоць і зусім з іншай прычыны. Ён лічыў сябе зусім здаровым, толькі што ісці не мог. І яму было вельмі непрыемна глядзець, з якімі намаганнямі валакуць яго ўгору, нібы мерцвяка.

Мусіць, не болей як пятнаццаць кіламетраў трэба было ім прайсці, а заняло гэта ўвесь дзень ды яшчэ палову наступнага дня.

Нарэшце падышлі к пасёлку. Але зблізку яго і пасёлкам нельга было назваць. Гэта былі раскіданыя на вялікай адлегласці адна ад адной хаткі. Яны займалі ладны абшар па баках узвышшаў і толькі здалёку здаваліся адным пасёлкам. Пабудаваны яны былі галоўным чынам з каменя, а некаторыя нават проста выдзеўбаны ў гары. Вокнаў ніякіх не было; замест дзвярэй дзіркі, якія, відаць, ніколі і не зачыняліся.

Усё поле гаспадара было вакол яго хаты. Там раслі кукуруза і рыс, які бадувісы разводзяць «сухім спосабам», але ніякіх іншых адзнак сельскай гаспадаркі не было відаць: ні жывёлы, ні колаў, ні прыладаў. Толькі плецены свіран часам сведчыў, што ўсё ж такі ў ім нешта кладуць.

Ля кожнага дома быў сад, калі можна так назваць раскіданыя між скал без ніякага парадку пладовыя дрэвы. А можа, іх ніхто і не садзіў? Можа, яны самі так растуць, як і іншыя дрэвы, што пачыналіся далей за сялібамі?

Паводле ўказанняў Хаона, падарожнікі накіраваліся да бліжэйшай крайняй хаты, што стаяла наводшыбе. Насустрач выйшаў здзіўлены гаспадар; з-за яго спіны выглядала спалоханая жонка. Яны ніяк не маглі дапусціць думкі, што гэткі атрад ды яшчэ з «оранг-пуціх» (белым чалавекам) і мулам мог накіроўвацца якраз да іх. Але госці спыніліся ля іх хаты, і Хаон сказаў:

— Добры дзень, Таго! Прымай гасцей.

Гэтыя словы яшчэ больш здзівілі гаспадароў, бо нікога яны не ведалі, а між тым пачулі сваё імя. Хаона, які ляжаў высока на насілках, яны пазнаць не маглі.

— Ну, чаго дзівішся? — зноў сказаў Хаон.— Ці не пазнаеш Хаона?

Цяпер ужо Таго пазнаў яго. Тым часам падышлі бліжэйшыя суседзі і ўтаропілі свае вочы ў незвычайных гасцей.

З выгляду ўвесь гэты народ ствараў добрае ўражанне. Высокія, складныя, хоць і сухарлявыя постаці выяўлялі трываласць. Кідалася ў вочы, што колер скуры ў іх быў значна святлейшы ад іншых яванцаў. Мусіць, гэта было вынікам шматвяковага жыцця ў гарах. Апрануты яны былі ў звычайныя саронгі, толькі ў большасці саматканыя.

Можна было яшчэ заўважыць, што рухі іх былі больш стрыманыя, не такія жвавыя, як у іх суседзяў. Дзівіліся яны на незнаёмых людзей неяк паважна, сур’ёзна, нібы абмяркоўваючы, якія могуць быць з гэтай гісторыі вынікі.

Гэтых бадувісаў трэба лічыць самым чыстым карэнным насельніцтвам Явы, бо яны і дагэтуль захаваліся такімі, якімі былі пяцьсот гадоў назад, у той час, як навакольнае насельніцтва даўно перамяшалася ўжо з малайцамі, індусамі, арабамі.

Таго прапанаваў гасцям сваю хату, але адразу было відаць, што ўсе пяць чалавек у ёй не змесцяцца; тут зноў дапамагла палатка.

Нарэшце ўсе былі задаволены — як госці, так і гаспадар, бо, на выпадак абвінавачання яго ў цеснай сувязі з нечасцівымі чужынцамі, ён мог адказаць, што яны толькі спыніліся ля яго хаты.

Таго паклікаў старога дзеда, які палажыў на рану Хаону нейкіх зёлак. Тым часам надышоў вечар, і змораныя падарожнікі паснулі як забітыя.

А ў гэты самы час ад хаты да хаты паляцелі чуткі пра незвычайных гасцей. Апрача «оранг-пуціх» здзівіў яшчэ і мул, які носіць на сваёй спіне цяжар. Большасць бадувісаў нават ні разу не бачылі такога звера. Не менш здзівіліся і «беламу дому», які гэты мул прывёз на сваёй спіне і нават так, што зусім і не відаць было яго, а цяпер вунь якая будыніна стаіць.

Паляцелі чуткі ад хаты да хаты і даляцелі да царквы, якая стаяла далёка на другім канцы пасёлка. А далей пачыналася вобласць «табу»16. Але для чутак няма ніякіх табу. Яны пераляцелі на забароненую тэрыторыю і ўсхвалявалі сорак бессмяротных мужоў.

Там, за царквой, у цяністым гаі, было іхняе жыллё, выдзеўбанае ў скалах. Блытаныя калідоры разыходзіліся ва ўсе бакі і злучалі розныя пакоі: і паасобныя, для аднаго ці двух чалаве, і агульныя, вялікія залы. Тут былі і каморы-кладоўкі, паўнюсенькія рознага дабра: рысу, мукі, бабоў, пладовага віна, масла.

Але самым цікавым было тое, што ўсе гэтыя пакоі і калідоры асвятляліся роўным блакітным святлом. Бамбукавыя трубкі разыходзіліся ва ўсе бакі і адводзілі з нейкай агульнай крыніцы газ. А крыніцай гэтай была падземная нафта, якая ў значнай колькасці маецца на Малайскіх астравах. Каб канцы трубак не гарэлі, да іх былі прыладжаны гліняныя наканечнікі.

Будынкі гэтыя знаходзіліся крокаў за сто ад царквы і зусім хаваліся ад людскога вока. Апрача таго, ад задняй сцяны царквы ў абодва бакі цягнулася сцяна, якая і вызначала мяжу «табу». Але сцяна гэта была вельмі ўмоўная: калі ля самай царквы яна яшчэ і мела выгляд сапраўднай сцяны, то далей было проста накідана каменне, якое ніякаю перашкодай для чалавека не магло быць, а далей ужо нічога не было. Ды гэтага і не вымагалася: не каменні абаранялі жрацоў ад людской цікавасці, а жудаснае слова «табу» ды кара смерцю.

Ад увахода ў падземнае памяшканне разыходзіліся галерэі, якія вялі ў падземныя пакоі; адна з іх нават злучалася з царквою. З боку пасёлка царква мела агульныя дзверы для народа, але сама святая братва ўваходзіла ў царкву з задняга боку праз свой падземны ход. Праз гэты ход «знікала» з царквы і ўсё тое дабро, што ахвяраваў народ вялікаму богу БагараТунгалю і якое нарэшце збіралася ў падземных кладоўках.

Святыя д’елемы17 жылі тут адны, як манахі. Але ў пасёлку яны мелі досыць сем’яў, нават больш, як трэба. Кожны лічыў за гонар парадніцца з святым чалавекам.

— Чаго яны прыйшлі? Ці надоўга? — узняліся сярод іх пытанні.

— Аднаго з іх, паляўнічага Хаона, пакалечыў тыгр,— адказаў той, хто прынёс весткі.— Вось яны і знайшлі прытулак у Таго, пакуль хворы выздаравее.

— Гэты Таго вельмі ўжо сябруе з нечасцівымі; варта было б сур’ёзней папярэдзіць яго,— заўважыў стары д’елема.

— За ім сочаць,— адказаў другі.

— А якія намеры ў гэтага белага? — зноў звярнуліся да таго, хто прыйшоў.— Ці нельга было сяго-таго дазнацца?

— Паколькі можна меркаваць па словах яго слуг ды па абліччу яго самога, ён, здаецца, нічым не цікавіцца, апрача палявання. Прыехаў ён часова здалёку, каб пабавіцца паляваннем — і больш нічога.

— Ці не з тых яны лясных людзей, што бадзяюцца вакол нас?

— Не, яны прыбылі з Тэнанга.

— У кожным разе, трэба параіцца з Гіранг-Ту-Унам,— парашылі яны, і некалькі чалавек накіравалася некуды з памяшкання.

Калі раніцою Піп устаў і выйшаў з палаткі, ён некалькі мінут любаваўся краявідам. Сонца толькі што паказалася з-за лесу і асвятліла вяршыні гор. На поўнач распасцерлася лясістая нізіна, адкуль яны прыйшлі. Плямы туману, нібы азёры, бялеліся сярод лясоў. Нідзе ніякіх адзнакаў жылля чалавека. Не верылася, што ўсяго праз некалькі дзесяткаў кіламетраў знаходзяцца мясцовасці нават занадта заселеныя.

А ззаду, на поўдзень, высіліся горы, дзікія, непрыступныя. Схілы іх былі пакрыты лесам. Не больш як за пяцьдзесят кіламетраў па прамой знаходзіўся Індыйскі акіян, але ці многа знойдзецца людзей, якія прайшлі гэтую адлегласць? З еўрапейцаў, мусіць, няма аніводнага.

«А што, каб паспрабаваць прайсці?» — падумаў Піп. Але зараз жа пашкадаваў, што тады яму прыйдзецца пакінуць свае паляўнічыя трафеі, бо з імі не перабярэшся праз гэтыя дзікія горы.

У кожным разе, пасля таго як Піп крыху задаволіўся паляваннем, ён адчуў жаданне пазнаёміцца і з іншымі рэчамі і з’явамі гэтай краіны.

Вось стаіць цікавая старажытная царква. Яна пабудавана з вялізных каменняў, моцна, важка. Ідзе ўгару прыступачкамі і аканчваецца невялікай круглай вежай. Да прыступак прылеплены маленькія будачкі, нібы гнёзды ластавак. Відаць, царква стаіць тут некалькі стагоддзяў. «Захавальнікі веры дзядоў», мусіць, захавалі шмат цікавага са старажытнай індускай рэлігіі.

А крыху далей, за царквой, уздымаецца прыгожая гара, нібы зробленая чалавекам. Круглая, правільнай формы, зялёная і нібы адсечаная зверху.

Выйшаў Таго. Піп з дапамогай некалькіх слоў, а больш на мігі запытаўся, як лепей прайсці туды. Але Таго з жахам заматаў галавой і залапатаў:

— Ціда дапат! Ціда дапат!18 Табу! Мат’ян19.

Слова «табу» растлумачыла Піпу, у чым справа, але цікавасць яго ад гэтага толькі павялічылася.

Пасля снедання Піп з Нонгам пайшлі паглядзець на пасёлак. Гэты пасёлак займаў прастору, як добры горад, але ўсе сялібы былі раскіданы абы-як, у залежнасці ад таго кавалка зямлі, які гаспадар апрацоўваў. Няма чаго і казаць, як дзівіліся жыхары на незвычайнага госця.

Недалёка ад царквы, дзе, здаецца, пачынаўся некрануты лес, раптам пачулася траскатня, быццам білі кіямі па дрэвах. Зірнуўшы туды, Піп убачыў натоўп народу з кошыкамі, торбачкамі, нізкамі бананаў. Частка людзей сапраўды барабаніла ў што толькі можна.

Падарожнікі падышлі бліжэй. У гэты момант з дрэў пазлазіла некалькі малпаў і ўмяшалася ў натоўп. Далей-болей малпы ўсё прыбывалі ды прыбывалі. Вось ужо іх некалькі дзесяткаў, вось сотня, вось дзве...

Гэта былі невялікія малпы, так званыя «мон’ет», з пароды макакаў. Яны перамяшаліся з людзьмі, вырывалі з іх рук бананы, совалі насы ў кошыкі, адным словам, адчувалі сябе, як свае.

— Што гэта такое? — звярнуўся Піп да Нонга.

— Мусіць, нейкі дзень малпаў або свята. Я чуў, што ў некаторых месцах шануюць гэтых малпаў.

Тым часам адна з малпаў падышла да Піпа і, заўважыўшы бліскучы гузік, ухапілася за яго лапай.

— Ах ты, паскудства! — раззлаваўся Піп і намерыўся быў як след правучыць яе. Але Нонг схапіў яго за руку.

— Не чапайце, туан! Можа быць бяда! Людзі абразяцца. Нам выгадней пасябравацца з малпамі.

Піп зразумеў, супакоіўся, і яны абодва ўжо лагодна пачалі знаёміцца з малпамі. І гэта прынесла ім значную карысць. Людзі ўбачылі, што чужыя госці пасябраваліся з іхнімі малпамі, нібы свае, і сталі крыху прыхільней глядзець на чужынцаў.

А ля царквы быў другі натоўп. Там адчынілі сваю краму святыя д’елемы і за кошт малпаў збіралі ахвяру для вялікага бога Багара-Тунгаля. Жменька за жменькай напаўнялі мяхі. А тут яшчэ яйкі, кавалкі тканіны, шкуры звяроў.

Раптам Піпу прыйшла да галавы нейкая думка. Ён шапнуў Нонгу на вуха, і яны падышлі да жрацоў. Адзін з іх быў досыць малады чалавек, а другі — стары з сівой барадой, але абодва былі аднолькава сур’ёзныя і строгія. Белыя цюрбаны і доўгія белыя балахоны рэзка вызначалі іх сярод простых паўголых людзей.

Піп выняў дзве залатыя манеты і ўрачыста паклаў іх перад д’елемамі. А Нонг растлумачыў:

— Вялікі туан здаўна ўжо шануе адзіную праўдзівую старадаўнюю веру. Ён вельмі рады, што бачыць народ, які захаваў гэтую веру, і ў знак пашаны просіць прыняць яго ахвяру.

Жрацы здзівіліся. Ахвяра была сапраўды шчодрая: нават стары не памятаў, каб хто-небудзь калі ахвяраваў столькі золата. Але, з другога боку, і падазрона неяк.

Піп заўважыў, што яны дзівяцца і не вераць, і з дапамогай тых нямногіх слоў, што ведаў, дадаў:

— I ў нашых краях, хоць і вельмі мала, але ёсць такія людзі, якія не прызнаюць новых выдуманых рэлігій. Яны чулі, што існуе старадаўняя, праўдзівая вера, але не сустракаюць яе. Вось чаму я радуюся, што сустрэў сапраўдных насіцеляў веры дзядоў.

Піп збіраўся сказаць яшчэ, што вельмі хоча азнаёміцца з гэтай верай, але пабаяўся, каб яны не здагадаліся, дзеля чаго робіцца такая ахвяра. Ён парашыў адкласці гэта да другога выпадку, а цяпер паказаць, што ён робіць гэта выключна з пашаны; нават павярнуўся, каб ісці.

Тады стары сказаў:

— Ніколі мы не бачылі такіх людзей з чужынцаў, асабліва белых. Але, калі ты праўду гаворыш, хай твая ахвяра дойдзе да вялікага Багара-Тунгаля.

Піп адышоў, але яму так рупіла азнаёміцца з гэтай «адзінай праўдзівай верай», што ён нават шкадаваў, чаму не папрасіўся паглядзець царкву і рэлігійную цырымонію. Аднак жа ўсё тое, што ён зрабіў, аказалася вельмі ўдалым.

Калі ён адышоў, жрацы зірнулі адзін на аднаго і малодшы сказаў:

— Гэты чужаземец даў ахвяру і пайшоў сабе, нічога не просячы. Дзеля чаго ён мог гэта зрабіць?

Стары задумаўся.

— Не ведаю,— адказаў ён нарэшце,— можа, затым, каб пралезці куды не трэба?

— Дзеля гэтага існуе табу. А можа, ён і сапраўды шануе нашу веру? Можа, пусціць яго ў царкву на маленне? Усё роўна ён убачыць не больш, чымся кожны з нашых простых людзей. А можа, нарэшце і сапраўдным прыхільнікам зробіцца?

— У кожным разе, цікавы чалавек,— прамовіў стары.— Я лічу, што на агульнае маленне дапусціць можна. Тут мы нічым не рызыкуем. Трэба будзе з ім перагаварыць.

А пад вечар да Таго прыйшоў чалавек і перадаў, што, калі чужаземец захоча, ён можа сёння прысутнічаць на агульным маленні.

Дазвол быў дадзены аднаму Піпу. Яго спадарожнікі, хоць былі і тубыльцамі, але не маглі і спадзявацца на дазвол, бо былі магаметанамі. А да магаметан бадувісы ставіліся з большай пагардаю, чымся да хрысціян, бо галандцы не вельмі ганяліся за тым, каб перавярнуць усіх тубыльцаў у хрысціянства, а магаметане ў свой час усіх заганялі ў сваю веру сілком.

Калі зусім сцямнелася, ад царквы пачуўся глухі гул барабана, і Піп пад кіраўніцтвам Таго пайшоў на свята.

Ноч была вельмі цёмная. Адусюль выходзілі цёмныя фігуры і накіроўваліся ў адзін бок. Піп пачаў ужо хвалявацца...

Паказалася вялізная будыніна. Шырокія каменныя ступені вялі да бакавых дзвярэй, праз якія ледзь паблісквала святло. Тут стаяў адзін з д’елемаў і аглядаў тых, хто ўваходзіў. Відаць было, што нават не кожны з бадувісаў мог увайсці ў царкву. Невядома толькі, ці была якая чарга, ці прапускаліся толькі тыя, хто даваў добрую ахвяру. Піп і Таго былі прапушчаны без перашкоды.

Калі ўвайшлі ў сярэдзіну, Піп зразумеў, чаму не ўсіх дапушчалі. Унутранасць храма была значна меншай, як можна было чакаць па знадворнаму выгляду. Затое па баках было шмат розных цёмных куткоў, ды, відаць, і ў саміх сценах былі розныя ходы і пераходы. Некалькі калон падтрымлівалі столь. Уся пабудова была надзвычайна масіўная і, мусіць, вытрымала не адно землетрасенне.

Усё памяшканне асвятлялася толькі двума свяцільнікамі, таксама газавымі, як і ў жыллі д’елемаў. Ужо адно гэта асвятленне для народа было цудам, бо яны не ведалі, скуль і як яно робіцца.

Між свяцільнікамі, бліжэй да пярэдняй сцяны, стаяў алтар з паглыбленнем, дзе раскладваўся агонь.

Народ размясціўся на зямлі паўкругам вакол алтара. Змрок, таемнасць, урачыстасць, ціхі шэпт людзей зрабілі ўплыў нават на Піпа. А тут яшчэ лезуць у вочы выдзеўбаныя ў мурах фігуры нейкіх страшыдлаў: то чарапаха, то чалавек з тыгравай галавой, ці наадварот — тыгр з чалавечай галавой, фантастычныя птахі, змеі. Усе сцены былі пакрыты рознымі скульптурамі. Толькі пярэдняя была чамусьці гладкая, нібы экран.

Раптам Піп адчуў нейкі смурод, які ішоў з бліжэйшага цёмнага кутка. Смурод быў вельмі выразны і нагадваў нібы гніль ці нешта яшчэ горшае. Доўга Піп цярпеў і адварочваў нос, але нарэшце не вытрымаў і запытаўся Таго, што там такое.

— Факір,— адказаў Таго з вялікай пашанай.

— Можна падысці?

— Можна, але нельга турбаваць.

Піп пасунуўся ў цёмны кут. За ім пайшоў і Таго. У сцяне Піп заўважыў дзверы з дзіркай-акенцам, як у турэмнай камеры. Адтуль і ішоў смурод. Сашчапіўшы вусны, не дыхаючы, глянуў туды Піп, але нічога не ўбачыў, апрача чорнай дзіркі. Аднак праз хвіліну вочы прывыклі, і ён разгледзеў каморку або шафу ў сцяне. Зірнуў убок — і з жахам адхіснуўся: на яго глядзелі два вялікія бліскучыя вокі. Больш нічога не паспеў ён разгледзець і адсунуўся назад.

— Пасаджаны? — запытаўся Піп.

Таго зірнуў на яго са здзіўленнем.

— Не. Сам. Святы чалавек.

Тым часам чалавек дваццаць жрацоў падышлі да алтара, узяліся за рукі і пачалі хадзіць навакол, як у карагодзе. Пісклявы старэчы голас зацягнуў песню; нястройнымі галасамі падхапілі яе ўсе жрацы. Народ, седзячы на зямлі, падцягваў. Потым падышоў старэйшы жрэц і паклаў на алтар вуголле і якуюсь пахучую траву. Карагод кружыўся ўсё хутчэй і хутчэй; спеў узмацняўся і паскараўся таксама. Чуліся словы «Багара» і «Тунгаль». Вось паўскаквалі ўжо некаторыя людзі і далучыліся да карагода. Жрацы ўжо так лёталі, што нельга было разгледзець іх паасобку. За імі пусціўся і ўвесь народ. Каму не хапіла месца ў шэрагу, той круціўся паасобку. Вочы разгарэліся, пот ліўся струменямі. Таго, які стаяў побач з Піпам, таксама не вытрымаў і пачаў прытупваць ды нешта выкрыкваць.

Піп спалохаўся: ці не звар’яцелі ўсе яны разам?

Жрэц паклаў яшчэ больш вуголля, дадаў яшчэ больш травы і завыў такім голасам, нібы хто пачаў цягнуць з яго кішкі. Прысутныя таксама паддалі духу і закруціліся так, што ў Піпа ўваччу пацямнела. Крыкі «Багара-Тунгаль» рабіліся ўсё мацнейшымі і настойлівымі. Піп уразумеў нават слова «з’явіся».

Трава загарэлася вялікім полымем і асвятліла ўсю царкву, але хутка згасла. Пагаслі і свяцільнікі. Адразу зрабілася цёмна, як у склепе.

І вось пярэдняя сцяна стала паціху рассоўвацца. Шчыліна ўсё павялічвалася. Паказаўся пакой, прыпадняты, нібы сцэна, а пасярэдзіне — вялізная статуя. Фігура сядзела на падставе, склаўшы ногі; яна мела пяць рук і трэцяе вока ў ілбе.

Нідзе не было агню, але водбліск нейкага святла ішоў аднекуль збоку.

Перад статуяй стаяў другі алтар, але на ім нічога не было.

Скокі спыніліся.

Народ паваліўся на зямлю. Настала цішыня. Толькі жрацы стаялі ў шэрагу, падняўшы ўгору рукі, і нешта мармыталі ціхім голасам.

Праз некалькі мінут зноў пачуўся шум. Народ пачаў ціснуцца наперад, чагосьці вымагаць. Жрацы стрымлівалі яго.

Потым падняўся на сцэну галоўны жрэц, а за ім прапусцілі аднаго з людзей. Той падышоў да алтара і паклаў на яго руку.

І вось паднялася адна з рук статуі з нажом у кулаку і — апусцілася на руку чалавека, а потым крыху паднялася, каб аслабаніць яе. Пырснула кроў, людзі закрычалі:

— Гіранг-Ту-Ун! Гіранг-Ту-Ун!

З народу выйшаў яшчэ адзін чалавек. І яму істукан пусціў кроў. Але, відаць, не толькі ў гэтым была справа. Народ усё чагосьці чакаў, вымагаў. Часцей чулася слова «Гіран-Ту-Ун». Трэці чалавек зрабіў тое самае,— і зноў нічога не адбылося.

Тады народ загаманіў нешта іншае і накіраваў свае вочы на... Піпа! У таго валасы сталі дыбам...

«Няўжо ж мяне яны думаюць прынесці ў ахвяру?» — пранеслася ў яго галаве.

Народ тым часам усё чагосьці дамагаўся і нават паказваў на Піпа рукамі. А потым на чале з жрацом усе накіраваліся ў яго бок!..

У Піпа ногі падкасіліся. Уцякаць? Але куды цяперака ўцячэш? Ды і ногі адмовіліся служыць.

«Значыцца, усё гэта зроблена было наўмысля, каб загубіць мяне!» — здагадаўся небарака і адчуў на лбе халодны пот.

Натоўп набліжаўся да яго. Тут і жрэц, якому Піп даў грошы. Але, мусіць, яго сумленне не дазваляе глядзець Піпу ў вочы, бо ён прыкідваецца, што глядзіць не на Піпа, а кудысьці праз яго і... ідзе міма!

За ім наваліўся на Піпа натоўп, закруціў яго, як у віры, і... таксама прайшоў міма!

Усе спыніліся ля каморкі факіра...

Не адразу Піп сцяміў, у чым справа. Але затое, зразумеўшы, быў гатоў заскакаць гэтак жа, як і яны.

Жрэц адчыніў дзверы каморкі, сказаў нейкую прамову і з вялікай пашанай вывеў адтуль чалавека. Але ці можна было назваць гэтую істоту чалавекам?

Гэта быў шкілет, абцягнуты скурай. Здавалася нават, нібы косці яго ляскалі на хаду. Даўгія чорныя валасы і барада закрывалі ўвесь твар, і адтуль глядзелі толькі вялізныя белыя вочы. Адзення на ім ніякага не было, а замест таго на шыі была прыстасавана калода, якія калісьці ў Кітаі і Манголіі надзявалі вялікім злачынцам. Трэба было толькі дзіву давацца, як ён наогул мог жыць. Але вочы сведчылі аб надзвычайнай сіле волі гэтага фанатыка, і гэтая воля падтрымлівала яго жыццё.

Піп досыць чуў пра факіраў, нават бачыў іх у цырку, але гэты «натуральны» факір зрабіў на яго куды мацнейшае ўражанне. Піп чакаў, што пры такіх умовах адбудзецца нешта такое, чаго нідзе не ўбачыш.

І сапраўды адбылося нешта такое...

Урачыста павялі факіра да алтара, дзе ён, як і папярэднія простыя людзі, працягнуў сваю руку. Відаць, трэба было пачаставаць бога святою крывёю. Але вось бяда: крыві ў факіра бадай зусім не было.

Ледзь-ледзь выціснулі кроплю і... цуд адбыўся!

Раптам засвяціліся ў бога ўсе тры вокі і нават пачалі рухацца. Разам з тым з алтара, нібы з коміна, паваліў густы чорны дым.

Народ радасна пачаў пець, крычаць: «Гіранг-Ту-Ун!»

І вось здарылася нешта зусім незразумелае нават і для Піпа: у дыме пачаў вызначацца нейкі вобраз. Мільгануў раз, мільгануў другі і нарэшце спыніўся ў паветры, сярод дыму, нібы здань. Ён хістаўся разам з дымам, то расплываўся, то выразнеў і паступова прымаў чалавечае аблічча. Мільганула доўгае адзенне, потым строгі голены твар. Нават можна было пазнаць, што гэта мужчына гадоў пад сорак. На галаве яго быў цюрбан, з яго высоўваўся султан (пушысты пук пер’я), а пад ім блішчаў, відаць, брыльянт. Праўда, усе гэтыя адзнакі можна было злавіць з перапынкамі, часткамі, бо вобраз увесь час хістаўся. Але ўвогуле факт заставаўся фактам.

«Што за дзіва такое?! — ламаў галаву Піп.— Мусіць, усё гэта факір нарабіў!»

Але, зірнуўшы на яго, Піп павінен быў пераканацца, што факір тут ні пры чым. Той сядзеў сабе збоку, нібы сонны, і нават ні на каго не глядзеў.

Самае цікавае для Піпа было ў слове «Гіранг-Ту-Ун», якое так часта выклікалася прысутнымі. Піп прыпомніў, што ён недзе чуў гэтае слова. Здаецца, Хаон казаў, што гэты Гіранг-Ту-Ун — правадыр бадувісаў. Але няўжо ж гэтая здань у дыме і з’яўляецца правадыром?

«Нездарма гэтыя захавальнікі вядуць сваё паходжанне ад старадаўняй індускай рэлігіі,— разважаў сам з сабою Піп.— Яны захавалі тут такую чартаўшчыну, якой, мусіць, нідзе больш не знойдзеш. Усю гэтую сцэну, рухі ідала і іншую механіку ўразумець яшчэ можна. Але гэтага правадыра ў дыме...»

Раптам з’явішча знікла. Вочы ідала згаслі, засталося толькі тое самае паўсвятло. Цырымонія скончылася. Народ пачаў разыходзіцца.

— Здаецца, чужаземец добра адчуў усю веліч нашага рытуалу,— сказаў адзін жрэц другому.

— Здаецца. Я за ім сачыў,— адказаў той.

Піп сапраўды вярнуўся дадому з вялікім уражаннем. Уся гэтая незвычайная цырымонія, гэтая векавая царква з страшным ідалам, адрэзаны ад усяго свету народ — усё гэта выклікала ўспаміны аб розных старадаўніх казках. Крыху смешная была іх няхітрая механіка з рухамі ідала і са сцэнай, але затое здань Гіранг-Ту-Уна не выходзіла з галавы Піпа. Нават у сне ён бачыў яе.

Назаўтра Піп захацеў зрабіць экскурсію ў ваколіцы. Ён узяў з сабой Нонга, і яны са стрэльбамі за плячыма накіраваліся на ўсход.

Надта вабіў да сябе поўдзень, дзе была вобласць «табу», але і Таго, і Хаон вельмі шчыра папераджалі Піпа, каб ён не ішоў туды. Піп абяцаў, што не пойдзе.

Праз некалькі часу яны ўжо апынуліся ў дзікай мясцовасці, нібы па суседству не было аніякіх слядоў чалавека. Гушчар, скалы, крыніцы, вадаспады — усё гэта надавала мясцовасці суровую прыгожасць. Нягледзячы на тое, што глеба складалася з камення, ногі падарожнікаў мякка ступалі па імшару, як па дывану. Гэты рознай пароды мох пакрываў не толькі скалы, але і ўсе вялікія дрэвы наогул.

На галіне аднаго такога дрэва Піп убачыў вялізнае гняздо, падобнае на кош, велічынёю метры са два.

— Што за звер там жыве? — зацікавіўся Піп.— Птах які ці жывёліна?

Але Нонг не ведаў. Так і не ўдалося Піпу задаволіць сваю цікавасць. А на дрэве было не гняздо і не кош, а расліна — паразітная папараць.

Затое Піпу ўдалося сунуць нос у прыгожы рознакаляровы збан з накрыўкай. Усярэдзіне была вада, а ў ёй куча мёртвых мух, жукоў і ўсялякіх казурак. Берагі збана такія гладкія, што, якая б муха ці жук ні селі на яго, яны зараз жа слізгаюцца ўніз і знаходзяць сабе смерць. Цяпер Піп ужо растлумачыў Нонгу, што гэты збан — кветка драпежнай расліны, якая любіць жэрці мяса.

Раптам нехта зверху шпурнуў у іх шышкай ці пладом. Паднялі галовы ўверх — крывяцца морды малпаў, нібы дражняцца.

— Я вам дам дражніцца! — засмяяўся Піп і кінуў у іх камяком зямлі. Адтуль адказалі. Пачалася гульня, у якой і Нонг прыняў удзел. Але хутка малпы заверашчалі, задралі свае хвасты і зніклі ў галлі.

Піп заўважыў, што наогул звярынае насельніцтва тут, побач з людзьмі, было зусім не меншым, як у далёкіх пушчах.

Відаць, бадувісы не чапалі сваіх суседзяў. Піп вельмі жадаў папоўніць свае трафеі прыгожай шкурай пантэры, якой яму не хапала. Ён сказаў аб гэтым Нонгу, і яны абодва пачалі ўважліва прыглядацца да ўсіх цёмных куткоў, дзе можна было спадзявацца знайсці гэтага звера. Але Хаон назваў бы іхнія пошукі дзіцячай гульнёй, бо такім чынам паляўнічыя пантэр не шукаюць.

А тым часам яны адыходзілі ўсё далей і далей, кіруючыся на поўдзень, каб абмінуць гару «табу». Звычайная, нават невысокая, яна ў другі час зусім не звярнула б на сябе ўвагі Піпа, каб не гэтае «табу», гэты таемны заказ. Адсечаная вяршыня, відаць, мела паглыбленне, нібы кратэр вулкана.

Што б там такое магло быць, калі так сурова забаронены падыход? А што, каб глянуць туды хоць адным вокам?

У гэты момант да вушэй іх даляцеў гул, нібы ад якой фабрыкі ці завода. І зараз жа яны заўважылі, што наперадзе з лясістай лагчыны ўздымаецца не то дым, не то пара.

— Зноў нейкае дзіва! — прамовіў Піп.— Чаго добрага, яшчэ знойдзем тут які-небудзь завод для вырабу аўтамабіляў ды самалётаў.

Накіраваліся туды. Грукат узмацняўся, і разам з тым усё выразней было чуваць сіпенне, нібы ад паравоза.

Калі яны падышлі да краю лагчыны, то ўбачылі, што ўся яна сапраўды напоўнена парай. Пасярэдзіне была гарачая рачулка, а з бакоў вырываліся з-пад зямлі гарачыя струмені вады. Яны выбіваліся ўверх, нібы з труб, сіпелі, свісцелі, пішчалі, хлюпалі; часам два струмені з процілеглых бакоў скрыжоўваліся і стваралі арку. А ў яме гуло і сапло, як быццам туды быў засаджаны вялізны звер, які імкнуўся вырвацца на волю.

І вось ён вырваўся. Задрыжала зямля. Загрукаталі каменні,— і вялізны слуп вады ўзняўся на дваццаць метраў у вышыню. Узняўся і зараз жа схаваўся. Ізноў пачалося ўрчанне ў яме.

— Гейзеры! — ускрыкнуў Піп. Але для Нонга гэтае слова было пустым гукам. Хоць гэтае з’явішча адбывалася і на яго бацькаўшчыне, але ён здзівіўся болей за Піпа, бо ніколі не бачыў гейзераў і не ведаў, што гэта такое.

Доўга яны цешыліся ўсім гэтым малюнкам. Спусціліся ўніз, абышлі і агледзелі ўсе фантаны, кожны момант рызыкуючы, што іх абалье варам або яны трапяць у яго нагой. Калі Нонг прызвычаіўся і пасмялеў, ён нават выказаў карысную думку:

— Тут жа можна было б згатаваць сабе абед!

— Гэта будзе вельмі дарэчы! — весела падхапіў Піп.

А праз паўгадзіны ў адным з прыродных чыгуноў ужо гатавалася птушына. І падарожнікі паабедалі з вялікім смакам.

— Не хапае толькі чаю ці кавы, каб адчуваць сябе, як дома,— сказаў Піп, расцягнуўшыся на траве на краі даліны.

Гара «табу» паказалася з другога боку. Значыцца, яны абмінулі яе і апынуліся ззаду, з поўдня ад яе. І нідзе аніводнага чалавека.

«Няўжо ж яны ўвесь час пільнуюць яе? — думаў Піп.— Дзеля гэтага патрэбен быў бы цэлы полк салдат. А тут зусім нікога няма. Нават ніякай мяжы. Апрача таго, вядома наогул, што «табу» гэтае трымаецца не затым, што хто пільнуе ці не пушчае, а затым толькі, што цёмны, настрашаны народ сам баіцца падысці і верыць, што іхні бог ці чорт пакарае парушальніка. А варты ніякай непатрэбна. Ды і немагчыма на такім абшары вартаваць».

— Я думаю, адсюль можна было б ціхенька падпаўзці і паглядзець, што там такое робіцца,— сказаў Піп, паказваючы рукой на гару.

Нонг і сам не верыў у сілу бадувіскага «табу», але ніякай цікавасці не адчуваў і не меў жадання дзеля гэтага нават турбавацца.

— Усё ж такі не варта рызыкаваць, туан,— адказаў ён.— Можа здарыцца, хто і заўважыць, і тады будзе непрыемнасць.

— Няма каму нават і заўважаць,— упэўнена сказаў Піп.— Ды і рызыка невялікая; калі трэба будзе — зноў дам іхняму богу ахвяру. Нездарма яны пусцілі мяне нават у сваю царкву. Апрача ўсяго, гэты бок гары вельмі зручны: ён увесь зарос хмызняком.

Нарэшце ўмовіліся, што Піп пойдзе адзін, а Нонг застанецца, каб пільнаваць. Калі ж убачыць што-небудзь падазронае, то папярэдзіць стрэлам. Да гары было яшчэ досыць далёка, таму парашылі падысці бліжэй.

Так і зрабілі. Нонг схаваўся за скалой, а Піп накіраваўся да гары. Ён спусціўся ўніз і знік у гушчары. Праз хвілін пятнаццаць Нонг заўважыў яго ля падножжа гары. Потым ён зноў знік. Потым зноў паказаўся, ужо вышэй. Зноў схаваўся між раслін і нарэшце ледзь значна заварушыўся ўжо на самай вяршыні.

Усе гэтыя рухі былі такія непрыкметныя, што Нонг мог заўважыць іх толькі таму, што меў добрыя вочы ды ведаў, дзе сачыць. Навакол жа ўсё было, як і раней: ніякіх адзнак прысутнасці чалавека.

Ціха мінула гадзіна, другая, трэцяя... Надышоў вечар; схавалася сонца; настала ноч...

Піп знік...

Нонг пачакаў яшчэ гадзіны са дзве, а потым вярнуўся ў даліну гейзераў.

 

ІХ. У НЕТРАХ СТАРАДАЎНЯГА ХРАМА

 

Неспадзяваны госць.— Жывая здань.— Мудрая пастанова.— Святы жывасілам.— Замагільны сусед.— Разгадка «цудаў».— Найлепшы цуд у жыцці Піпа.

Што ж здарылася з Піпам?

Дапоўзшы да краю гары, ён убачыў, што яна сапраўды мела выгляд даўнейшага вулкана. Круглая дзірка апускалася ўніз стромкімі сценамі. Але пакуль ён глядзеў збоку, нельга было заўважыць, ці глыбока ўніз ідзе яна і што знаходзіцца там, на дне. У кожным разе нічога асаблівага не было відаць. Звычайны кратэр — і больш нічога. І нідзе ніводнага чалавека. Піп зусім супакоіўся і нават забыўся, што ён робіць нешта незвычайнае, што ён парушае табу і рызыкуе жыццём.

Ён устаў на ўвесь рост і схіліўся над кратэрам. Цяпер ужо ён убачыў, што тамака сажалка, а па берагах яе густа расце хмызняк і нават дрэвы. Гэта было ўжо трохі цікавей, але зноў жа нічога асаблівага. Можна было толькі сказаць, што гэта не кратэр, а правал, якіх шмат ёсць на свеце. Гара складалася не з суцэльнага каменю, а з вулканічнага туфу, гэта значыць, таго попелу ці пяску, які выкідае вулкан у час вывяржэння. Відаць, падземная вада размыла ўсярэдзіне зямлю,— і гара зверху правалілася. Стварылася сажалка, якая, безумоўна, павінна была з аднаго боку прымаць у сябе крыніцу, а з другога — дзе-небудзь выпускаць яе. Адсюль ясна, што сажалка не магла займаць усю пустату, а толькі глыбейшую частку; па баках жа засталіся берагі, і можна было думаць, што яны пашыраюцца далей пад зямлёй.

Але з першага погляду ўсё гэта было вельмі проста: стромкая яма метраў на пяцьдзесят шырынёю і дзесяць-пятнаццаць глыбінёю, а на дне — сажалка з зарослымі берагамі. Пры гэтым да яе аніяк нельга было дабрацца. Паглядзеў Піп з аднаго боку, паглядзеў з другога,— і вось яму здалося, што па-за кустамі нібы хто варушыцца. Потым мільганулі нібы нейкія слупы. Тут Піп ужо забыўся на ўсё ў свеце. Пачаў поўзаць па краі, вышукваючы больш зручнае месца, і з аднаго такога пункта заўважыў маленькі, але выразны куток жылля.

Па-за кустамі, між дзвюх галін, стаялі два слупы, якія, відаць, падтрымлівалі зямлю, каб яна болей не асыпалася. Па-за імі быў кавалак зямлі-падлогі, засланы яркімі дыванамі, шкурамі звяроў. А на іх, абапёршыся на падушкі, ляжала... прыгожая жанчына! Блакітны шаўковы саронг шчыльна ахопліваў яе цела, пачынаючы з-пад пахаў, а плечы і рукі заставаліся голымі. У руцэ яна трымала доўгі танюсенькі цыбук люлькі і, выпусціўшы дым, задуменна сачыла, як ён звінаўся і развінаўся.

Чорныя валасы яе былі гладка зачасаны, а паверх іх блішчала нейкая каштоўная аздоба. Строгі пекны твар быў амаль белы, толькі больш смуглы, і гэтым яна адрознівалася ад еўрапейскіх жанчын. Вачэй зверху разглядзець нельга было, ды яно і лепей, бо тады ў Піпа напэўна закружылася б галава.

У Піпа закалацілася сэрца. «Акурат як у арабскіх казках!» — падумаў ён. Не хацелася даваць веры, што ў наш век могуць быць такія таемныя куткі, зачараваныя красуні і гэтак далей. А вока між тым не магло адарвацца ад гэтага вобразу.

Раптам ззаду нешта шаснула. Піп азірнуўся і самлеў... З кінжалам у зубах да яго поўз тубылец. Убачыўшы, што Піп ужо заўважыў яго, ён устаў, узяў кінжал у рукі, схіліўся і, гледзячы Піпу прама ў вочы, кінуўся на небараку, як тыгр.

Піп не паспеў нічога падумаць, збялеў, затросся, інстынктыўна адхіснуўся і... паляцеў уніз. Моцны ўдар аглушыў яго, але, апынуўшыся ў халоднай вадзе, Піп адразу ачомаўся і выплыў наверх.

Першае, што ён убачыў, здзівіла яго нават болей, як усё папярэдняе. Перад ім стаяў смуглы, голены мужчына гадоў пад сорак у белым доўгім адзенні і цюрбане, з якога высоўваўся ўверх белы султан, а пад ім ззяў вялізны брыльянт...

«Гэта ж ён, правадыр-здань, Гіранг-Ту-Ун!» — зараз жа мільганула ў галаве Піпа, і ён на момант забыўся, у якім ён сам знаходзіцца становішчы. Ён падплыў да берага. Гіранг-Ту-Ун спакойна стаяў на месцы і глядзеў на Піпа з надзвычайнай суровасцю і пагардаю.

— Гора табе, нечасцівы чужаземец! — прамовіў ён нарэшце, а ў гэты момант падскочылі два чалавекі, падхапілі Піпа і павялі яго ўнутр гары. Па дарозе ён убачыў, як жанчына з вялікай зацікаўленасцю сачыла за незвычайным госцем, што так неспадзявана зваліўся з неба. Але Піп адчуваў сябе не героем з неба, а мокрай курыцай.

Яго абяззброілі, увапхнулі ў нейкі закатулак і зачынілі. А праз некаторы час пачала збірацца нарада «сарака».

Памяшканне правадыра, або, дакладней сказаць, вярхоўнага жраца, сапраўды было цікавым, але разам з тым і зусім звычайным. Правал быў звычайным з’явішчам прыроды, сажалка — таксама, тое, што пячора паглыблялася далей убок,— зноў з’яўлялася справай простай. На долю чалавека заставалася толькі зрабіць уваход у сярэдзіну ды пашырыць і замацаваць гэтую пячору. Яна ўваходзіла пад зямлю толькі з аднаго боку; з другога ўздымалася ад вады стромкая сцяна, але і гэтага было досыць. Той, хто знаходзіўся ў сярэдзіне, мог адчуваць сябе, нібы на верандзе дома: над ім столь на слупах, спераду садок, які хаваў жыллё ад цікаўных вачэй, а за садам — возера. А з усіх гэтых звычайных умоў разам стваралася нешта надзвычайнае, таемнае, такое, што магло нават мець дачыненне да агульных падзей на востраве Ява.

Памяшканне, дзе збіралася нарада, таксама асвятлялася газам. Святло было дзень і ноч, бо не трэба было эканоміць дармовага гаручага. Мэблі ніякай не было, але затое ўся падлога і сцены былі ўкрыты дыванамі і шкурамі.

Ля адной сцяны стаяла статуя пяцірукага Багара-Тунгаля, а ля яе маленькая мяккая прыступачка. На ёй і ўсеўся Гіранг-Ту-Ун.

— Браты! — пачаў ён, калі ўсе сабраліся.— Вы ўжо ведаеце, што да нас прыйшло няшчасце. Нечасцівы чужаземец адплаціў нам за нашу гасціннасць тым, што парушыў табу і нават забраўся сюды. Лёс яго вырашаны. Але жыццё гэтага паганага сабакі нішто перад той бядой, якую ён нарабіў нам усім. Вы ж ведаеце наш закон: калі чужынец запаганіць наша жыллё, яго мы павінны пакінуць. Апошні раз такі выпадак быў пры Ту-Уне-Самнамбунгу, сто дваццаць восем гадоў назад. Тады ён пакінуў сваё памяшканне і перасяліўся сюды. І вось цяпер зноў перад намі паўстала такая самая задача.

Ён спыніўся, але ніхто нічога не адказаў. Кожны ўявіў сабе ўвесь той клопат, які вынікае з гэтай гісторыі. Гэта значыць, што трэба ні за што ні пра што пакінуць найлепшае месца, якое толькі можа быць на свеце. Але не толькі ў гэтым бяда; хай бы сабе Гіранг жыў, дзе хоча. Але дзеля гэтага патрабуецца вялікая праца, выконваць жа яе прыйдзецца ім, сарака чалавекам. Бо не могуць будаваць тыя, хто нават ведаць не павінен аб гэтым месцы. Калісьці працавалі палоннікі, рабы, крымінальнікі, якіх потым можна было і забіць, а цяпер гэтак не зробіш. Ім самім прыйдзецца працаваць, можа, на працягу некалькіх гадоў. А ад працы яны ўжо зусім адвыклі. І мімаволі ім прыходзіла да галавы думка: «А праваліся гэты закон і той, хто яго выдумаў!»

Не лепей адчуваў сябе і сам Гіранг-Ту-Ун. Яму пакідаць гэтае дасканалае памяшканне не хацелася больш, як ім. Такога добрага жылля больш не знойдзеш. І падумаць толькі, што ўся гэтая бяда здарылася з-за якогась нікчэмнага чужаземца! Забіць бы яго — і справе канец. Тады ўсё роўна ніхто не будзе ведаць гэтага месца. Але закон! Закон патрабуе пакінуць месца — і больш нічога. Вялікая крыўда ахапіла Гіранг-Ту-Уна не столькі на злачынцу, колькі на гэты недарэчны першабытны закон.

Тут устаў старэйшы з прысутных і сказаў:

— У сёмай кнізе дапаўненняў да Мудрасці сапраўды сказана, што калі месца знаходжання Ту-Уна запаганена чужым чалавекам, то трэба пакінуць гэтае месца. Але ў трынаццатай кнізе ёсць указанне наогул, што калі якая-небудзь святыня запаганена чужым чалавекам, то гэта можна ачысціць крывёю злачынцы пасля ўрачыстага набажэнства ў маладзік. Ці не можна прыстасаваць гэты пункт да нашага выпадку?

Такое тлумачэнне было настолькі пажаданым для ўсіх, што ніхто і не падумаў больш падрабязна высвятляць, абгаворваць пытанне, спраўляцца ў кнігах, вывучаць.

— Вядома, можна! Нават трэба! Жыллё Ту-Уна таксама святыня! — загаманілі бессмяротныя мужы.

Гіранг-Ту-Ун быў вельмі рады.

— Мудры брат правільна кажа,— паспяшыў ён замацаваць прапанову.— Я сам аб гэтым ужо думаў, але спачатку хацеў выявіць, як глядзяць на справу нашы мудрыя мужы. Значыцца, на маладзік зробім ахвяру. Абвясціце народу, каб усе ведалі, якая кара пагражае непаслухмяным.

Піп добра ведаў, што яго чакае, і праклінаў сваю цікавасць, якая давяла яго да такога жудаснага канца. Усё навакол выглядала такім звычайным, спакойным. І бадувісы — звычайныя людзі, і са жрацамі ён пасябраваў так, што нават яго запрасілі ў царкву, ды і ўсё жыццё наогул здавалася ціхім і мірным, а ён трапіў у такое становішча, нібы апынуўся за трыста год назад. Побач, кіламетраў за пяцьдзесят,— еўрапейцы, тэлеграф, аўтамабілі, радыё, а ён тут чакае смерці ні за што ні пра што, ды яшчэ пры якіх дзікіх умовах! І ніхто не можа яму памагчы.

За дзвярамі пачуўся шум — адчыняюць!

«...Ужо!.. Канец!..» — думае небарака.

— Слухайце, людзі добрыя! Пачакайце! Я ж зараз паеду, і нікому ніякай шкоды не будзе. Я аддам вам усё, што маю. Я ж нікому ніякай шкоды не зрабіў,— звярнуўся Піп да людзей, што вялі яго некуды па калідорах, але ці яго малайская мова кульгала, ці наогул не разумелі яе, ці проста не хацелі слухаць,— у кожным разе, яны маўчалі. Хутка Піп і сам уразумеў, што гэтая справа дарэмная. Вось каб можна было з Гіранг-Ту-Унам пагутарыць! Але на гэта было мала надзеі.

Доўга, як здавалася Піпу, ішлі яны па розных блытаных падземных калідорах, потым выйшлі на свет. Убачыўшы сонца, дрэвы, Піп адчуў, нібы ён даўно-даўно ўжо не бачыў гэтай пекнаты. Мінут пятнаццаць ішлі яны па лесе ці садзе, і ўвесь гэты час у галаве Піпа была толькі адна думка: «Можа, ужо апошні раз бачу сонца і дрэвы?»

Потым зноў увайшлі ў падзямелле, сустрэлі іншых мужоў, у тым ліку таго маладога, якому Піп даў ахвяру ў час свята малпаў. Але ўсе глядзелі на яго злосна, варожа.

Далей зноў пайшлі блытаныя калідоры. Падышлі да масіўных дзвярэй, адчынілі іх, падняліся па сходнях, прайшлі яшчэ па закатулках — і нарэшце Піп пазнаў, што яны знаходзяцца ў храме.

Падвялі яго да сцяны, увапхнулі ў каморку і зачынілі на замок дзверы. Потым крокі заціхлі — і ён застаўся адзін. Слабае святло ад агню ці ад сонца расплывалася ў храме і давала той самы змрок, які ён раней бачыў. Праз пяць-дзесяць мінут вока яго прызвычаілася, і ён пачаў прыглядацца навакол.

Перш за ўсё ён заўважыў, што каморка яго была такая, што ў ёй можна было толькі або стаяць, або сядзець. Потым убачыў, што ў дзвярах яго каморкі ёсць дзірка, праз якую і праходзіла паўсвятло. Далей пачуў пад нагамі бруд і адпаведны пах. І тады толькі ён успомніў, што знаходзіцца ў такой самай каморцы, у якой быў факір.

«Няўжо ж і мяне будуць таксама трымаць тут пятнаццаць гадоў? — падумаў ён з жахам.— Лепей ужо тады смерць адразу!»

Дзірка ў дзвярах была такая, што хоць не ўсю галаву, але твар праціснуць можна было. Ён высунуўся і пазнаў тое самае месца, дзе ён надоечы стаяў, але, па яго меркаваннях, факір павінен быць не ў гэтай каморцы. Піп зірнуў убок і адхіснуўся.

Супраць яго, крыху наўскасяк, былі такія самыя дзверы, і адтуль пазіралі на яго белыя вочы факіра...

Дык вось якое суседства! Няўжо ж гэтак прыйдзецца правесці ўсё жыццё? Няўжо ж яны жывасілам хочуць зрабіць з Піпа святога?

Нервы не вытрымалі,— і Піп заплакаў. Плакаў ён досыць доўга і досыць моцна хліпаў. Затое пасля таго адчуў сябе крыху лепш, лягчэй. І вось пачуўся яму нейкі замагільны голас. Гэта суцяшаў яго факір!..

Але ад такой уцехі мурашкі пабеглі па ўсім целе.

Гэта быў сапраўдны голас з таго свету. Глухі, аднастайны, нейкі скрыпучы, ён прамовіў нешта даўгое, нібы малітву або цытату з кнігі, і з гэтых слоў, а больш тону Піп усё ж такі зразумеў нешта накшталт таго, што жыццё і смерць — адно і тое самае, што ўсё на свеце марнасць і што шчаслівы толькі той, хто здолее загубіць сваё цела, каб узняць і ўдасканаліць свой дух...

Але дзіўная рэч: ці гэтыя мудрыя думкі, ці аднастайны голас, ці нават непасрэдны ўплыў факіра зрабілі тое, што Піп пачаў адчуваць сябе спакайней. Усё, што з ім здарылася, пачало здавацца не такім ужо жудасным, нават думка, што яму прыйдзецца прасядзець тут увесь век, яго не так пужала. Зараз жа і яму палезлі ў галаву розныя мудрыя думкі.

«Вось,— думаў ён,— гэты факір добраахвотна сядзіць тут пятнаццаць год і адчувае сябе шчаслівым. Мусіць, гэта нездарма, мусіць, у гэтым сапраўды ёсць нешта добрае. Іначай навошта б людзі так рабілі? Усе мы з дзяцінства ведаем, што ўсё акаляючае мы ўспрымаем так, як сябе адчуваем. Калі я адчуваю сябе прыгнечаным, няшчасным, маркотным, тады ўсё навакол — і людзі, і сонца, і хата, і самое жыццё здаецца брыдкім, непрыемным, нудным, нецікавым. А калі я адчуваю сябе задаволеным і шчаслівым, то самае дрэннае надвор’е, хата і людзі — усё здаецца прыемным, цікавым, добрым. Значыцца, наша самапачуццё робіць нас шчаслівымі. Значыцца, калі стварыць у сябе такое самапачуццё, як у гэтага факіра, тады можна нядрэнна і тут пражыць свой век...»

Гэтыя думкі так супакоілі яго, што ён стоячы задрамаў, а потым прысеў і заснуў.

Колькі часу ён так спаў,— невядома. Але прачнуўся ён з вельмі непрыемным пачуццём: ногі яго здранцвелі, у рукаве і па шыі нешта поўзала.

Усе мудрыя думкі разляцеліся, як дым. Халодная, бясконцая роспач ахапіла ўсю душу. Не памятаючы сябе, ён стукнуўся ў дзверы, і... яны расчыніліся. Дзеля таго, што гэтыя каморкі прызначаліся для факіраў, то, вядомая рэч, не разлічвалі на тое, што факіры будуць ламацца ў дзверы, і не вельмі крэпкія рабілі завесы. Да таго ж яны паржавелі ці пагнілі за сотні гадоў.

Піп выйшаў. Невядома, колькі было часу, але, відаць, была позняя ноч, бо, нягледзячы на той самы шэры змрок, цені па кутках былі чарнейшыя. Зірнуў на акно свайго суседа,— той стаіць сабе, нібы не крануўся з месца за ўвесь гэты час, а ў вачах яго нібы дакор: «Чаго ты, дурань, уцякаеш ад свайго шчасця?» Піп пастараўся хутчэй адысціся.

Ён пачаў бадзяцца па бажніцы. Хоць ён і ведаў, што выйсця для яго тут не пакінута, але інстынктыўна шукаў яго. Разгледзеў розныя куткі, заўважыў некалькі дзірак-уваходаў, але доўга не мог асмеліцца лезці туды. Хто ведае, можа, трапіш у яшчэ горшую бяду? А запалак не было, змоклі.

«Але ж усё роўна горшага нічога не можа быць!» — парашыў ён нарэшце і палез у адну дзірку. Пасоўваючыся вобмацкам, ён дайшоў да нейкіх ступеняў, падняўся ўверх, а далей ніякага выйсця не было. І нават нельга было знайсці якіх-небудзь дзвярэй. Прыйшлося вяртацца назад.

Неспадзявана ён абмацаў дзірку збоку. Там ужо ступені вялі ўніз. З надзвычайнай асцярожнасцю пачаў ён спускацца, але раптам прыступкі скончыліся, і Піп адчуў, што ён вісіць над бяздоннем. Вільгаццю і цвіллю патыхала адтуль.

Раптам унізе пачуўся нейкі рух, незразумелае шастанне, нібы хто месіць цеста. Рух мацнеў, набліжаўся. Вось быццам нешта захісталася ля яго ног.

Валасы ўсталі дыбам на галаве Піпа. Кінуўся ён назад, зачапіўся нагой, паваліўся, нага слізганула ўніз, дакранулася да чагосьці мяккага, жывога. Але гэта было толькі на адзін момант. Ён паспеў падняць нагу і вылезці назад.

Доўга ён сядзеў у царкве і ламаў галаву, што б там такое магло быць. Галоўнае — ні гуку, ні груку не было чуваць. Нарэшце супакоіў сябе тым, што, у кожным разе, гэта былі не людзі.

«Відаць, без святла нічога не будзе!» — сказаў ён сам сабе і парашыў чакаць дня. Але праз некалькі мінут сцяміў, што ўдзень, можа, і зусім нельга будзе выходзіць, бо, напэўна, людзі будуць швэндацца.

Прыйшлося зноў ісці на пошукі. Зноў знайшоў адзін уваход. Ён таксама вёў уніз; далей заварочваў налева. Піп хацеў пайсці туды, але ў гэты момант зачапіўся рукой за клямку справа. Націснуў — адчыняецца. А далей відаць нібы святло!

Адзін-другі заварот — і ён апынуўся ў памяшканні, падобным да майстэрні, дзе былі якіясь скрыні, колы, вяроўкі, нават трубы. А аднекуль збоку ішло святло.

«Ці не людзі там?» — ёкнула сэрца, але Піп усё ж асцярожна пасунуўся наперад. Па дарозе за нешта зачапіўся, пахіснуўся і, каб не зваліцца, інстынктыўна ўхапіўся за якуюсь вяроўку. Вяроўка падалася. Ён выпусціў яе з рук,— і вось наверсе нешта ляснула!.. Рэха пакацілася па ціхіх кутках і здалося Піпу громам, хоць у сапраўднасці гук быў зусім слабы.

Піп зашыўся ў нейкую шчыліну і стаў чакаць смерці. Але прайшла мінута, другая — усё было ціха.

Адлягло ад сэрца. Папоўз далей. Святло рабілася ўсё ярчэй. Вось ход зноў вядзе наверх. І раптам Піп убачыў таго самага пяцірукага ідала! Хоць і ведаў Піп гэтага істукана, але ў першы момант неяк жудасна было сустрэцца з ім адзін на адзін.

Збоку быў пакінуты адзін свяцільнік, мусіць, каб не спусціць агонь. Тады Піп падышоў да ідала, пакратаў яго, пастукаў,— гудзе, значыцца, пусты ў сярэдзіне. Падняў тую руку з нажом, апусціў,— той самы стук, які толькі што яго напалохаў. Значыцца, тая вяроўка была прыладжана, каб падымаць і апускаць гэтую руку! Сапраўды няхітрая механіка.

Піп спусціўся ўніз, каб лепей разгледзець прылады. Вось колы і блокі, каб «цудоўным спосабам» адчыняць дзверы перад ідалам. Вось шнурочкі, каб вочы ідала лупалі. Вось газавая трубка, каб яны свяціліся. Вось комін-алтар, адкуль ідзе цудоўны дым. Усё гэта так, але адкуль бярэцца здань Гіранг-Ту-Уна?

Піп так захапіўся навуковым даследаваннем, што нават забыўся пра сваё становішча. Ён зноў падняўся наверх, агледзеў сцэну і заўважыў дзве цікавыя і каштоўныя рэчы. Гэта былі два вялізныя срэбныя люстры, круглыя і ўгнутыя, накшталт акуляраў. З аднаго боку яны былі адпаліраваны, як шкло, угнутасць была матэматычна правільнай. Піп узяў адно з іх у рукі і зараз жа заўважыў, як бліснула на сцэне светлая пляма (як мы робім на столі «зайчыкаў»), а ў ёй невыразны, але прыкметны адбітак ідала, толькі ўніз галавой. Піп усё зразумеў: такі самы адбітак яны накіроўвалі на дым, а каб вобраз не быў дагары нагамі, яго адлюстроўвалі другі раз ад другога люстра. Трэба аддаць справядлівасць жрацам: гэты «цуд» патрабаваў ужо надзвычайнай спрытнасці і практыкі. Гэты фізічны вопыт, мусіць, самая цікавая рэч, якая захавалася ад веры дзядоў.

Усё яно было б вельмі цікава, каб не тое становішча, у якім знаходзіўся Піп. Заняты даследаваннем, ён на некаторы час забыўся пра свой лёс, а цяпер роспач ахапіла яго з новай сілай.

Тым часам пачало днець. Гэта відаць было як па сіняватаму святлу, якое аднекуль праходзіла, так сама і па гуках знадворку. Трэба было спяшацца «дадому», каб хто-небудзь не захапіў яго тут. Са сціснутым сэрцам пайшоў ён назад у сваю каморку. Добра, калі яго пакінуць надалей у спакоі, тады ён прадоўжыць свае шуканні, а калі не...

Піп падышоў да сваіх дзвярэй, але не спяшаўся ўвайсці ў «пакой». Факір, як і раней, глядзеў на яго, і вочы яго, здавалася, казалі: «Ці не казаў я табе, што нідзе не знойдзеш лепшага месца, як тут? Вось ты і вярнуўся».

Піп нарэшце пачаў баяцца гэтага тагасветнага позірку. Ён рабіў на яго ўплыў, падобны таму, як калісьці позірк кобры.

«Але ж ён скажа ім, што я выходзіў! — бліснула жудасная думка.— Напэўна, скажа. Тады не будзе ўжо ніякай надзеі! »

І ён паглядзеў на факіра жаласным позіркам.

Той, відаць, зразумеў, бо зноў нешта прамовіў сваім замагільным голасам. І ад гэтага зноў стала лягчэй на душы Піпа.

Калі пачуліся крокі людзей, Піп увайшоў у сваю каморку, зачыніў дзверы і з трывогай стаў чакаць, што будзе. Тры небяспекі пагражалі яму цяпер: першая,— што яго зараз жа павядуць на смерць, другая,— што заўважаць паламаныя дзверы, і трэцяя,— што факір выдасць яго.

Узяць яго не ўзялі, а толькі прасунулі яму рысавы коржык. Паламаных дзвярэй не заўважылі. Рашучы момант настаў, калі панеслі такі самы коржык факіру... Але і той прамаўчаў. Ён не меў ніякага дачынення да спраў гэтага свету. Ці варта дзеля такога глупства нават рухаць языком? Хай сабе яны там капошацца, гэтыя неразумныя людзі. Ён мае свае вышэйшыя інтарэсы, якія запаўняюць усё яго шчаслівае жыццё...

Пацягнуўся дзень — доўга, марудна. Некалькі часу Піп выгадаў тым, што крыху паспаў. Але які гэта быў сон? Некалькі разоў ён выходзіў, але адлучацца далёка баяўся, каб мець магчымасць уцячы ў каморку.У кожным разе добра было і тое, што ён мог не сядзець увесь час у той клетцы. Большую частку дня ён правёў ля парога сваёй хаты.

І аднаго разу нават задрамаў... Праз некаторы час ён адчуў, што нешта нібы цягне яго, перашкаджае. Расплюшчыў вочы і зараз жа ўбачыў, што факір з трывогай глядзіць на яго. А ўслед за тым пачуў, што нехта ідзе. Ледзь паспеў схавацца. Затое ж якімі ўдзячнымі вачыма паглядзеў ён на факіра. А той, здаецца, і не заўважыў гэтага. Навошта яму ўсе гэтыя дробязі жыцця?..

Нарэшце прыйшла ноч. Пачакаўшы яшчэ гадзіны са дзве, пакуль знадворку сціхне, Піп зноў пачаў сваё вандраванне. Цяпер ён быў ужо смялейшы і, апрача таго, меў пэўны план.

Ён адразу пайшоў у памяшканне пад сцэнай і набраў тамака ахапак трэсак, што былі падрыхтаваны для цудаў. Запаліў адну з іх ад свяцільніка і пайшоў ужо са святлом. Спачатку ён накіраваўся туды, дзе ўчора набраўся страху.

Калі ён спусціўся з агнём, то набраўся яшчэ большага страху, чымся ўчора ў цемры. У яме былі змеі, страшныя кобры! Закруціліся гады, патрывожаныя агнём, пападнімалі свае галовы ў капелюшах. Але выпаўзці па гладкіх сценах не маглі. І колькі іх тутака было! Дык вось куды трапіў ён учора!

Змеі заўсёды адыгрывалі важную ролю ў старажытных індускіх вераваннях і вельмі часта мелі дачыненне да храмаў, асабліва, калі яшчэ іх выдрэсіраваць. Адсюль, з аднаго боку, пайшло дрэсіравальнае мастацтва, вельмі распаўсюджанае на Усходзе, а з другога — ушаноўванне змеяў, як свяшчэнных жывёлін.

«Можа, і мяне думаюць аддаць гэтым змеям?» —прыйшла Піпу думка, вельмі праўдападобная. Разам з жахам гэта надало і больш энергіі, каб шукаць выйсця.

На гэты раз Піп парашыў шукаць яго ўверсе, бо там ён знадворку бачыў вокны і маленькія вежы. Але не так лёгка было знайсці выхад туды. Нарэшце ён падняўся вышэй, у адным з калідораў знайшоў зачыненыя дзверы і захацеў выламаць іх. У гэтай справе дапамог яму добры бог Багара-Тунгаль: у яго ў вантробах Піп знайшоў моцны жалезны прэнт. Гэтай прыладай Піп хутка высадзіў дзверы і палез угору. Але там у мурах пайшлі круціцца такія калідоры, што Піп зусім заблытаўся, а акна ніякага так і не знайшоў, хоць выламаў яшчэ некалькі дзвярэй.

У адным месцы ён пачуў над сваёй галавой нібы крокі. Прыслухаўся — праўда! Нават можна было распазнаць, што там ходзяць некалькі чалавек. У Піпа ногі прыраслі да зямлі. Ён зрушыў іх толькі тады, калі недзе зусім блізка пачуўся нават шэпт і бліснула святло.

І пабег Піп назад як мага. Па дарозе згасла яго лучына, але Піп нічога не меў супраць, бо ведаў, што калі ён будзе з агнём, то яго хутчэй заўважаць. Пачалася блытаніна. Крокі чуліся то з аднаго боку, то з другога, то зверху, то знізу. Некалькі разоў сям-там мільгала святло. І нарэшце, калі ён пазнаў дарогу і падышоў да выйсця ў храм,— было позна ўжо: людзі выйшлі туды раней за яго!

Можа, яны ішлі па яго, каб весці на смерць? У такім разе ён нават выйграў некалькі мінут жыцця...

Тады адбыўся для Піпа самы вялікі цуд з усіх тых, якія ён бачыў не толькі ў гэтым храме, але наогул у сваім жыцці, нават дзіўнейшы за ўсё, што ён чытаў і чуў.

Да яго вуха выразна данесліся словы на чыстай галандскай мове:

— Мінгер Піп! Калі вы чуеце, адгукніцеся! Мы прыйшлі вас выратаваць!

І Піп адгукнуўся; адгукнуўся нейкім зусім незнаёмым яму голасам і выбег на сярэдзіну. Там ён убачыў шэсць узброеных чалавек і сярод іх мінгера ван Дэкера!

А з каморкі спакойна пазіраў факір, і вочы яго нібы казалі: «І навошта ўся гэтая мітусня? Навошта турбавацца, падымаць гармідар, калі можна жыць ціха і шчасліва? Неразумныя людзі! Самі ўцякаюць ад свайго шчасця...»

 

Х. МІНГЕР ПІП ЗАБЛЫТАЎСЯ Ў ЧУЖЫХ СПРАВАХ

 

Мінгер ван Дэкер і Тугай у іншай ролі.— Сустрэча з Нонгам.— Ад'езд Піпа.— Лагер інсургентаў.— Нарада.— З агню ды ў полымя.

За некалькі дзён перад гэтым па той жа самай дарозе, па якой раней ехаў Піп з Нонгам, ехалі другія два падарожнікі, і таксама белы туан са слугой-малайцам. Яны ехалі таксама ў кахар-балоне, але, не даязджаючы Тэнанга кіламетраў дзесяць, спыніліся ля адной хаціны, што стаяла наводшыбе, а падводу адпусцілі.

У гэтых падарожніках мы б пазналі паважанага мінгера ван Дэкера, прадстаўніка паважанай фірмы ван Бром і К° у Амстэрдаме, і яго слугу Тугая.

— Падрыхтаваў? — зараз жа запытаўся Тугай у гаспадара хаты, які выйшаў ім насустрач і дапамог несці пакункі.

— Ёсць,— адказаў той.— Зараз паедзеце?

— Зараз жа.

Праз мінуту ля хаціны стаялі два маленькія яванскія конікі.

— А мне ці ехаць? — запытаўся гаспадар.

Тугай задумаўся.

— З аднаго боку, трэ было б, каб паляўнічая экспедыцыя мела належны выгляд,— адказаў Тугай,— але, з другога,— ты і тут патрэбен. А Селім паехаў?

— Ён ужо там.

— Ну, тады паедзем, тым болей, што без цябе і прайсці нам будзе цяжка.

А яшчэ праз некалькі мінут па палявой дарожцы рухалася яшчэ адна паляўнічая экспедыцыя ў складзе трох чалавек. На чале яе, вярхом, узброены ад ног да галавы ехаў ван Дэкер, за ім пехатой ішлі два тубыльцы, таксама ўзброеныя. Апрача таго, яны неслі яшчэ рэчы, а рэшта рэчаў была на другім кані. Ехалі яны, відаць, у тыя самыя Бантамскія пушчы, але з другога боку, з усходу.

Сустрэчныя жыхары, спаткаўшы белага туана, рабілі «д’ёнг-кок». Туан моршчыўся і паважна ківаў галавою. Але апошні раз, калі яны пад’язджалі ўжо да лесу, ён не вытрымаў і звярнуўся да такога шанавальніка на малайскай мове:

— І чаго ты, дурань, пнешся? Навошта табе зневажацца перад чужым чалавекам толькі затым, што ў яго скура белая? Сорамна гэтак рабіць! Лічы і сябе чалавекам.

Слугі зарагаталі, а сустрэчны як сядзеў на карачках, так і апусціўся на зямлю, разявіўшы рот. Падарожнікі ўжо зусім схаваліся з вачэй, а ён усё сядзеў ды глядзеў ім услед. І не дзіва: мусіць, ад стварэння вострава Ява не было такога выпадку. І гэты выпадак трапіў акурат на гэтага шчасліўца.

Калі ўвайшлі ў лес, ван Дэкер злез з каня і сказаў:

— А цяпер, таварышы, размяркуемся лепей. Пакладзіце свае рэчы на гэтага каня і пойдзем, як сапраўдныя паляўнічыя.

— Ну і здзівіў жа ты таго чалавека! — сказаў са смехам Тугай свайму пану.— Мусіць, увесь век будзе памятаць і трубіць на ўвесь свет.

— Хай трубіць. Шкада, што няможна гэтак на кожным кроку рабіць,— спакойна адказаў ван Дэкер.

Можа, чытач ужо здагадаўся, хто такі быў «паважаны мінгер ван Дэкер, прадстаўнік паважанай фірмы ван Бром і К° у Амстэрдаме»?

Калі не, дык прыйдзецца прыпомніць драму на моры, «Саардам», механіка Гейса і яго таварыша Салула, які цяпер зваўся Тугай. Не трэба доўга тлумачыць, чаму яны гэтак перавярнуліся. Мы самі ўжо бачылі, якія выгоды мае «прадстаўнік фірмы ван Дэкер» на Яве. Ён можа ўсюды ездзіць, усё бачыць і ведаць, усюды яму пашана, а за яго спіною і яго слуга адчувае сябе лепей і бяспечней. Мы ўжо бачылі, што Гейс у доме генерал-губернатара даведаўся нават, што ўлада нешта пранюхала пра «Саардам», і папярэдзіў таварышаў тэлеграмай.

Апрача таго, перад Гейсам і Салулам стаяла другая важная задача: трэба было размеркаваць зброю, якая была захоплена на «Саардаме». А гэта справа нялёгкая. Зброі было шмат, абы-куды яе не сунеш. Трэба некуды яе дзець, а потым ужо размяркоўваць. Дзеля гэтага яны і накіроўваліся ў Бантамскія пушчы, дзе меркавалася зрабіць галоўны склад зброі.

І нарэшце наогул такая рэч, як арганізацыя паўстання, у першую чаргу патрабавала надзейнай сувязі. А для гэтага нічога лепшага нельга было прыдумаць, як вандраванне прадстаўніка фірмы ван Бром і К° з нікчэмным слугой Тугаем.

Трэба адзначыць яшчэ, што Гейс не быў галоўным кіраўніком у гэтай рабоце. Нават Салул, які іграў ужо вялікую ролю, таксама не быў галоўным. Галоўны штаб быў у Батавіі, потым камітэты ў гарадах Бантаме, Сурабайі і іншых месцах. Але галоўныя кіраўнікі не мелі магчымасці вандраваць; яны патрэбны былі на месцы. Апрача таго, за імі больш сачылі. Выходзіць, на долю Салула і Гейса выдалася надзвычай сур’ёзная і адказная работа.

Такім чынам, у Бантамскіх пушчах апынулася і другая паляўнічая экспедыцыя. Але звяры маглі быць спакойнымі: гэтыя паляўнічыя не звярталі на іх ніякае ўвагі — яны палявалі на другіх, больш небяспечных звяроў.

Праз два дні яны праходзілі ў трох-чатырох кіламетрах ад гары «табу», накіроўваючыся далей на поўдзень. І тут напаткалі Нонга, які, пераначаваўшы ў даліне гейзераў, блытаўся, не ведаючы, што рабіць і куды ісці.

Неспадзявана ўбачыўшы трох новых людзей ды сярод іх яшчэ белага, Нонг не ведаў, што і думаць. Але падарожнікі ані трохі не здзівіліся — яны былі ўпэўнены, што гэта адзін з іх таварышаў-паўстанцаў. Хто іншы, не лічачы бадувіса, мог тут быць? Ды яшчэ добра ўзброены.

— Хутчэй праводзь нас на месца! — звярнуўся Салул да Нонга.

— Куды? — здзівіўся Нонг.

— Ды не бойся, мы свае! — нецярпліва сказаў Салул.

— Да бадувісаў? — запытаўся Нонг.

— Ды годзе, будзе ўжо! — раззлаваўся Салул.— Хіба ты не бачыш, што нас толькі трое. Нават каб і ворагі былі, то не лезлі б так.

— Ды я нічога не разумею, чаго вы хочаце,— шчыра адказаў Нонг.

— Малайчына, таварыш! — сказаў Гейс, стукнуўшы яго па плячы.— Надзейны хлопец. Вядзі!

— Праўду кажучы, я і сам крыху зблудзіў і добра не ведаю, куды ісці. Здаецца, у той бок,— паказаў Нонг рукой у бок паселішча.

Нашы падарожнікі выразна пераглянуліся.

— Хто ты такі будзеш? — ужо строга запытаўся Салул.

— Я — Нонг з дэзы Банд’ю.

— Як ты сюды трапіў?

— Прыбыў з белым туанам на паляванне.

— А як завецца твой туан? — запытаўся Гейс, успомніўшы Піпа.

— Не ведаю.

— А як ён выглядае?

— Досыць высокі і худы, з светлымі валасамі.

— Так і ёсць! — ускрыкнуў Гейс.— Гэта, напэўна, той дзівак, з якім мы сустракаліся ў Батавіі. Памятаеш, Салул?

— Памятаю,— усміхнуўся той.— А якім чынам ты з ім сустрэўся? — зноў звярнуўся Салул да Нонга.

— У дарозе. Я ішоў куды вочы глядзяць, накіроўваючыся ў гэты бок. Матка памерла, бацька загінуў, уся маёмасць прапала. Мне нічога не заставалася, як ісці куды-небудзь, дзе...

Тут ён зірнуў на Гейса і спыніўся.

— Кажы, кажы, не бойся! — супакоіў яго Салул.— Гэты чалавек наш.

Пры гэтым слове Нонг яшчэ болей здзівіўся. Як гэта можа быць? Белы чалавек — ды «наш»!

І Салул і Гейс здагадаліся, што думае Нонг.

— Ну, добра,— сказаў тады Салул.— У такім разе мы скажам табе, хто мы такія: мы тыя, хто вядзе барацьбу з белымі і рознымі туанамі наогул.

Нонг зноў зірнуў на Гейса спадылба.

— Асабліва з белымі туанамі,— дадаў, усміхаючыся, Гейс.

Нонг убачыў, што людзі гэтыя, здаецца, добрыя, і сказаў:

— Я і хацеў далучыцца да такіх.

Адразу адчувалася, што Нонгу нельга было не верыць.

— Ну, дык ідзём з намі,— сказаў Салул.

— Ахвотна,— адказаў Нонг,— але трэ было б скончыць з маім туанам, ды вось якая справа...

І Нонг падрабязна расказаў усю гісторыю.

— Шкада чалавека,— сказаў Гейс задуменна.— У кожным разе, ён не з тых, каго мы можам лічыць ворагамі.

— Гэта праўда,— згадзіўся Салул,— і варта падумаць, каб яго выратаваць. Але спачатку нам трэба абмеркаваць нашыя справы. Ідзём хутчэй, там паглядзім.

Усе чацвёра пайшлі далей і праз дзве гадзіны былі ўжо ў лагеры інсургентаў.

Лагер размяшчаўся ў даліне між гор, на беразе рачулкі, і меў выгляд звычайнай малайскай вёскі, бо для таго, каб пабудаваць такую вёску, патрэбна ўсяго некалькі гадзін. Тут было чалавек трыста народу, усе адданыя, свядомыя барацьбіты. Яны складалі нібы вайсковую школу будучых камандзіраў. Да тых уцекачоў, што хаваліся тут раней («бандытаў», як іх звалі галандцы), далучылі новых таварышаў і пад кіраўніцтвам былога афіцэра, метыса Пуана, пачалі навучаць ваеннаму майстэрству20.

З таго часу і прыпыніліся тыя напады, аб якіх казаў Піпу асістэнт-рэзідэнт у Тэнангу. Гэтым і тлумачыцца тое, што ніхто не чапаў Піпа ў часе яго палявання.

Прыбыццё новых таварышаў узварушыла ўвесь лагер. Асаблівы энтузіязм выявіўся, калі даведаліся, што сярод іх ёсць Гейс і Салул, тыя героі, што захапілі карабель. Пра гэты подзвіг хадзілі ўжо легенды. І ў гэтых легендах не апошняе месца займаў «оранг-пуціх», які далучыўся да яванскага народа. На яго глядзелі, як на нейкае дзіва.

Зараз жа ў адной з пячораў пачалася нарада. Пакуль што ў ёй прымалі ўдзел чатыры чалавекі: Салул, Гейс, Пуан — прыгожы малады чалавек у вайсковай форме — і Селім. Апошні меў выгляд чыстага араба са смуглым тварам, вострым носам і чорнай барадой. Ён меў гадоў пад сорак пяць, карыстаўся вялікім аўтарытэтам, асабліва сярод магаметанскага насельніцтва, усё сваё жыццё прысвяціў барацьбе з галандцамі, але яго задачы значна адрозніваліся ад задач яго таварышаў.

Ён быў спачатку членам чыста мусульманскай партыі, потым далучыўся да агульнанацыянальнай партыі «Сарэкат-Райят». Тут ён уваходзіў у лік меншасці, якая стаяла за рашучае дзеянне, але рэвалюцыю ён мысліў толькі як нацыянальную, толькі каб прагнаць галандцаў і стварыць незалежную дзяржаву. А сацыяльныя пытанні адкладаў «на потым». Але гэта пакуль што не шкодзіла ісці ўсім па адным шляху.

Спачатку падаў інфармацыю Салул:

— Карабель да апошняга часу меў прытулак ля паўднёвага берага ў шчыліне так званых Скал Ластаўчыных Гнёздаў. Ён павінен быў выгрузіць зброю ў адпаведным месцы. Частка гэтай працы ўжо выканана, але што далей паспелі зрабіць — не ведаем. Вось Гейс даведаўся, што ўлада нешта пачула і накіроўвае туды мінаносец пад камандай ранейшага мічмана на «Саардаме» — ван Хорка. У Батавіі і ваколіцах справа ідзе добра. Калі Селім не пакрыўдзіцца,— усміхнуўся Салул,— я магу сказаць, што за апошні час шмат рабочых з «Сарэкат-Райят» далучаецца да камуністаў.

— Хай сабе далучаюцца куды хочуць, абы толькі не сядзелі склаўшы рукі! — бліснуў вачыма Селім.

— А наконт дзейнічання,— казаў далей Салул,— справа стаіць так, што нават ужо цяжка стрымліваць народ. Асноўнае ядро з рабочых арганізавана. Выступленне намячаецца ў лістападзе, калі на месцах не будуць пярэчыць.

— Але трэба дадаць,— сказаў Гейс,— што ў Вельтэўрэдэне пры мне адбылося адно непрыемнае здарэнне: нейкі вар’ят кінуў бомбу ў палац генерал-губернатара. Яму шкоды ніякай не зрабіў, а нам вялікую. Можна чакаць узмацнення рэпрэсій, узмоцненага наступу на нас наогул. Я нават гатоў падумаць, ці не зроблена гэта наўмысля агентамі ўлады.

— Гэта, вядома, рэч непрыемная,— сказаў Селім,— але задумвацца тут няма чаго. У Бантаме, напрыклад, падымаецца ўвесь народ. Разам з Батавіяй будзе ахоплена ўся Заходняя Ява. А там пойдзе ўжо ўсюды. Галоўнае — пачатак. Я згаджаюся на лістапад. Часу яшчэ хапае.

— Нам яшчэ трэба наладзіць справу ў Цэнтральнай Яве. Там ёсць глеба. Мы адсюль туды і едзем,— сказаў Салул.

— Тым лепей.

— А я павінен сказаць наконт сваёй справы,— выступіў Пуан.— Не забывайцеся аб самым галоўным — аб зброі. Неабходна спачатку сканцэнтраваць яе ў адпаведных пунктах, а потым ужо вызначаць тэрміны.

— Не забывайцеся,— горача адказаў Селім,— што мы падрыхтоўваліся і без гэтай зброі. Нават каб яе і не было, мы выступілі б, а цяпер тым болей.

— Яно так,— сказаў Пуан,— але ўсё ж такі гэта трэба абмеркаваць у першую чаргу.

— Дзеля гэтага галоўным чынам мы і прыехалі сюды,— перапыніў іх спрэчку Салул.

— Ну і добра,— сказаў Пуан.— Зразумела, што лепшага пункта, як гэтае месца, быць не можа. Яно нібы і вельмі далёка і разам з тым вельмі блізка. Але ўсё ж такі рабіць вялікі склад зброі ў гэтай лагчыне рызыкоўна. Калі яны надумаюцца паслаць сюды значны атрад, тады і ўсёй справе канец,— не паспееш усё схаваць. Значыцца, трэба знайсці такое месца, дзе б і шукаючы не маглі знайсці. Можа, такое месца і знойдзецца там далей, у гарах, але ж мы ведаем, што зброя павінна быць пад бокам.

— Ці нельга было б дагаварыцца як-небудзь з гэтымі бадувісамі? — прапанаваў Салул.— У іх напэўна ёсць такія мясціны.

— Нічога не выйдзе,— сказаў Селім.— Я іх добра ведаю. Гэтыя фанатыкі,— я маю на ўвазе іх кіраўнікоў, асабліва гэтага таемнага Гіранг-Ту-Уна,— больш нічога не жадаюць, каб толькі іх не чапалі. І яны рады, што галандцы да іх не соваюцца. Ды яны першыя выдадуць усё, калі прыйдзе войска. Ім не патрэбна вызваленне краіны, ад якой яны самі адмежаваліся. Ім важна толькі свая ўласная незалежнасць, якою яны фактычна і карыстаюцца і якою яны не будуць рызыкаваць дзеля нейкіх там спраў, аб якіх нават нічога не ведаюць.

— Гэта праўда,— падтрымаў Пуан.— Нават больш яшчэ можна сказаць. Яны так унікаюць людзей, што, апрача вядомага «табу», у іх ёсць яшчэ такі закон: калі хто з чужых трапіць туды, дзе жыве гэты таемны Гіранг-Ту-Ун, то месца лічыцца запаганеным, і Гіранг павінен кінуць яго і шукаць сабе новае жыллё.

— А дзе ён жыве цяпер? — запытаўся Салул.

— А ліха яго ведае! Іначай не было б і той таемнасці, пра якую ідзе гаворка. Гэтага ж нават ніхто з бадувісаў не ведае, апрача тых сарака. Эх! Вось добрае месца было б для нашай зброі! — з зайздрасцю скончыў Пуан.

— У такім разе, таварышы,— з жартаўлівай урачыстасцю сказаў Гейс,— я знайшоў спосаб завалодаць ім!

— Як? Якім чынам? Жартуеш! — закрычалі таварышы.

— А вось як: учора адзін небарака, здаецца, трапіў туды і знік. Значыцца, трэба чакаць, што гэты арангутанг, ці як там яго, павінен пакінуць сваю кватэру, а мы тады і зоймем яе.— І ён пераказаў усё тое, што яны чулі ад Нонга.

— Ведаем мы гэтага дзівака,— сказаў Пуан.— Але скуль ты ведаеш, што ён трапіў акурат да Гіранга? І яшчэ мы не ведаем, што там робіцца, што думае рабіць гэты Ту-Ун.

— А вось зараз даведаемся,— сказаў Гейс і паклікаў Нонга.

— Скажы, ты сапраўды хацеў быць з намі?

— О так, туан! — шчыра адказаў Нонг.

— Вось што, дарагі таварыш! Пастарайся назаўсёды забыцца на слова «туан» і памятаць, што ты такі самы туан, як і я,— нездаволена сказаў Гейс.

— Слухаю! Я ўжо казаў, што ўцёк дзеля гэтага.

— Ну дык вось табе баявое заданне. Калі добра выканаеш яго, мы прымем цябе ў свае шэрагі. Бяжы зараз жа ў пасёлак, даведайся падрабязна, што там чуваць пра твайго туана, і зараз жа, хоць уначы, вяртайся сюды.

— Слухаю! — адказаў Нонг, выходзячы.

Пасля сваёй нарады таварышы сабралі агульны сход інсургентаў і азнаёмілі іх са становішчам. Гэта было асабліва важна таму, што яны, седзячы ў гэтай глушы, нічога не ведалі, што робіцца на свеце, ці рухаецца там іх агульная справа, якія ёсць перспектывы. Свежая аўтарытэтная інфармацыя, добрыя весткі значна паднялі настрой паўстанцаў. Асабліва ўзрадаваліся яны, калі пачулі, што ім хутка прыйдзецца прыняць удзел у цікавейшай аперацыі са зброяй, той зброяй, пра якую столькі ўсюды гавораць.

Такім чынам, у дзелавых гутарках непрыкметна скончыўся дзень, прыйшоў вечар. Запалалі вогнішчы, засмажылася дзічына.

— Ці прыйдзе гэты Нонг? — час ад часу пыталіся таварышы.— А можа, не паспее сёння?

Але праз гадзіну пасля захаду сонца Нонг з’явіўся, засопшыся, змораны, абшарпаны.

— Маладзец, Нонг! — пахвалілі яго таварышы.— Экзамен вытрымаў! Ну, садзіся і расказвай!

— У пасёлку толькі і гамонка пра белага чалавека і яго злачынства,— пачаў Нонг.— Кажуць, што ён не толькі парушыў табу наогул, але запаганіў святое месца, дзе знаходзіцца Гіранг-Ту-Ун.

— Вось мы і ведаем цяпер гэтае месца! — сказаў Гейс.

— Жрацы абвясцілі,— сказаў далей Нонг,— што ачысціцца ад запаганення можна толькі крывёю злачынцы.

— Чаму так? — занепакоіўся Гейс.— Па закону ж жрацы павінны пакінуць запаганенае месца зусім!

— Вось так і казаў наш гаспадар Таго і ўсе іншыя бадувісы. Усе яны ведаюць гэты закон. Але жрацы тлумачаць, што можна зрабіць іначай, можна ачысціцца крывёю ахвяры. Для гэтага трэба справіць нейкую ўрачыстую цырымонію ў царкве, у час маладзіка, гэта значыць, праз пяць дзён. Збіраюцца не то забіць, не то засмажыць туана. А ўсім нам, спадарожнікам яго, загадана было пакінуць пасёлак зараз жа, але з прычыны хваробы Хаона дазволілі яшчэ пабыць тры дні. А туана на гэтыя пяць дзён пасадзілі ў царкву, нібы для нейкай падрыхтоўкі.

— Вось табе і маеш! — нібы абурыўся Гейс.— А як жа закон? А? Чаго ж гэта яны самі не выконваюць яго, а другіх вучаць? Што ж тады будзе, калі ніхто не захоча выконваць закон?

— Гляньце, які прыхільнік іхняга закону! — засмяяўся Селім.— Але, бачыш, яны знайшлі і другі закон. Не такія дурныя, каб пакідаць наседжанае месца. Можа, калісьці іхнія дзяды і выконвалі гэты закон, а цяпер народ разумнейшы пайшоў. Не глядзі, што ў пушчы сядзяць.

— Пачакайце! — сказаў Салул з хітрай усмешкай.— Ну, а калі, дапусцім, ахвяра ўцячэ і не ўдасца зрабіць гэтае ачышчэнне крывёю? Тады што павінна быць?

Таварышы паглядзелі на яго, нібы здзівіўшыся, потым зірнулі адзін на аднаго з вясёлымі іскаркамі ў вачах — і засмяяліся.

— Выходзіць, што тады яны павінны пакінуць сваё гняздо! — крыкнуў Селім і нават ускочыў з месца.

— Значыцца, нам трэба будзе паклапаціцца аб гэтым,— сказаў далей Салул.— Мы з Гейсам ахвотна дапаможам свайму прыяцелю. Тым болей, што яго лёс цяпер ужо некаторым чынам звязаны з лёсам будучай Яванскай Рэспублікі.

— Эх, каб узяць пяцьдзесят чалавек, то не трэба было б ніякіх манеўраў ды хітрыкаў! Усё захапілі б! — сказаў Пуан.

— А яны пабеглі б ды сказалі галандцам, дзе мы сядзім,— дапоўніў Гейс.— Не, лепш прымусім іх выканаць закон. Можа, тады і іхні бог у падзяку дапаможа нам.

Такім чынам, перад інсургентамі паўстала зусім неспадзяваная задача: вызваліць нейкага там Піпа ды вызваліць асцярожна, каб не ведалі, хто гэта зрабіў.

Пачалі абмяркоўваць план. Каб не рызыкаваць жыццём каго-небудзь з таварышаў, парашылі заўтра к ночы згрупаваць у лесе, бліжэй да царквы, чалавек пяцьдзесят інсургентаў. Яны павінны былі ўмяшацца толькі тады, калі ўжо ніяк нельга будзе абысціся паціху.

Другія ж таварышы павінны былі якім-небудзь чынам падняцца на першую, а калі трэба, то і на другую тэрасу царквы, а там ужо ёсць розныя дзіркі, каб пралезці ў сярэдзіну.

— Галоўная бяда будзе не ў тым, каб узлезці наверх,— казаў Пуан,— а ў тым, каб не заблытацца там, у сярэдзіне, бо гэты старадаўні храм, відаць, мае шмат розных закатулкаў.

— А калі будуць вартаўнікі? — сказаў Селім.

— Наўрад ці будуць, бо няма ад каго ім пільнаваць. А калі і былі б, то ў нас хопіць людзей, каб ціхенька пазатыкаць ім раты. Наогул кажучы, я ахвотней згадзіўся б выступіць у бойцы супраць у два разы большага атрада, чымся лезці ў гэтую чортаву пастку.

— Затое мы і бяром столькі народу, каб у выпадку неабходнасці пачаць сапраўдную вайну,— сказаў Салул.

Абмеркаваўшы ўсе тэхнічныя бакі справы, таварышы ляглі спаць.

А назаўтра ўначы адбылося ўсё тое, што мы ўжо ведаем.

Справа прайшла гладка. Спецыяльных вартаўнікоў не было, бо жрацы добра ведалі, якой непрыступнай крэпасцю з’яўляецца іх царква. А ўцячы знутры палонніку было тым больш немагчыма.

Стаўшы адзін аднаму на плечы, інсургенты хутка замацавалі наверсе вяроўку і ўзлезлі на першую тэрасу. Не знайшоўшы з гэтага боку адпаведнай дзіркі, яны ўзлезлі і на другую тэрасу, выламалі ў адным акне краты і пралезлі ў сярэдзіну.

Тут выявілася, што яны выканалі самую нязначную частку сваёй працы, бо знайсці дарогу ў сярэдзіне, як і прадбачыў Пуан, было куды цяжэй, як трапіць у самую царкву. Але нарэшце, як мы бачылі, задача была выканана з поспехам.

Апынуўшыся на волі, Піп не ведаў нават, якімі словамі выказаць сваю ўдзячнасць ван Дэкеру, але той упарта адхіляў падзяку.

— Ці варта столькі казаць аб гэтым? Гэта ж зразумела само сабою.

— Але якім чынам вы апынуліся тут? Як вы даведаліся пра мяне? Адкуль вы ўзялі памочнікаў для гэтай справы? Можа, разам вернемся назад? — пасыпаліся пытанні з боку Піпа.

— Я павінен тут яшчэ застацца,— адказаў ван Дэкер-Гейс.— Мне даручана абследаваць тут зямлю для плантацыі. Гэта і ёсць таварышы з маёй экспедыцыі,— паказаў ён на чатырох (апрача Нонга) таварышаў.

Зразумела, усяго атрада ён не паказваў.

Але не было часу доўга разважаць. Заставалася яшчэ не меней цяжкая задача — выехаць адсюль. Салул адвёў Нонга ўбок і сказаў яму:

— Табе, мусіць, прыйдзецца скончыць гэтую справу, праводзіць яго назад, бо, як ты казаў, у вас ёсць нават адзін хворы. За ноч вы паспееце досыць адысці, а там, калі нават бадувісы і пагналіся б, чаго я не думаю, то з вашай зброяй вы лёгка справіцеся з імі.

— Я хацеў застацца б з вамі,— пачаў Нонг.

— Ведаю. Ты і вернешся праз некалькі дзён. Але, апрача гэтага, ты можаш яшчэ раз паказаць нам сваю вернасць. Знайдзі слугу асістэнт-рэзідэнта, Рагу, і перадай яму гэтую рэч. Памятай, што гэта вялікі сакрэт. Калі што здарыцца, дык знішчы яе.

І ён перадаў Нонгу нейкую трэсачку з засечкамі.

Праз некаторы час экспедыцыя Піпа ціхенька выехала з пасёлка. Дзякуючы таму, што хата Таго была апошняй, ніхто не заўважыў ад’езду.

Усе Піпавы трафеі і нават палатку прыйшлося пакінуць гаспадару, бо мул патрэбен быў для Хаона, які яшчэ не мог хадзіць. Але пасля ўсяго таго, што адбылося, Піп не надта шкадаваў свайго багацця. Яму на памяць і без таго заставалася досыць уражанняў.

На світанні яны прайшлі балота, ля паўдня ўжо былі ля першай сваёй стаянкі і тут з радасцю напаткалі атрад галандскіх салдат.

Піп гатоў быў кінуцца абдымаць іх, але яны нацэлілі ў яго свае вінтоўкі, а афіцэр выступіў наперад і сказаў:

— Кідайце сваю зброю! Вы арыштаваныя!

 

ХІ. ЗА КОШТ БОГА БАГАРА-ТУНГАЛЯ

 

Закон перамог! — Шуканне ўвахода.— Дапамога прыроды.— Наваселле.— На далейшую працу.

Адправіўшы Піпа, таварышы вярнуліся ў лагер і сталі чакаць вынікаў сваёй працы. Каб быць у курсе спраў, яны пакінулі ў пасёлку аднаго з інсургентаў, які меў там добрых сяброў.

— Калі праўду сказаць, ідучы на гэтую авантуру, я не спадзяваўся на тое, што яны пакінуць нам свой прытулак,— сказаў Салул.— Каб не гэты Піп, я ніколі не падумаў бы сур’ёзна брацца за такую недарэчную справу.

— Што і казаць,— згадзіўся Гейс,— гісторыя смешная, недарэчная. Але што нам абыходзіць? Паглядзім. Усё роўна вызваліць гэтага бедака варта было.

— Затое я вельмі спадзяюся на поспех,— сказаў Селім,— бо ведаю такіх фанатыкаў. Для іх закон — усё.

«Каму лепш ведаць, як не табе, бо і ты сам, здаецца, добры фанатык»,— падумаў Гейс, але не сказаў нічога.

Пад вечар прыйшоў разведчык, а разам з ім Таго і расказалі наступнае. Аб знікненні палонніка даведаліся досыць позна і, здаецца, спачатку хацелі захаваць сакрэт, каб абмеркаваць, як трымаць сябе далей перад народам. Але гэта не ўдалося; вестка мігам абляцела ўвесь пасёлак. Усе загулі, што Гіранг-Ту-Ун павінен будзе пакінуць сваё памяшканне.

Трэба мець на ўвазе, што народ хаця і не бачыў памяшкання Гіранг-Ту-Уна, але ведаў, што яно павінна быць недзе там, на гары, ці ў самой гары. Немагчыма ж было захаваць сакрэт ад усяго народа на працягу многіх дзесяткаў год, тым болей, што святыя мужы ўсё-ткі мелі дачыненне да народа. Справа ішла не аб тым, каб ніхто не ведаў аб існаванні Гіранг-Ту-Уна, а толькі аб тым, каб надаць яму таемнасці і боскай сілы.

Калі ўжо народ пачаў казаць, што Гіранг-Ту-Уну прыйдзецца пакінуць сваю кватэру, то жрацам немагчыма было замазаць справу. Як апошні сродак выратаваць становішча, з’явілася была думка замяніць непасрэднага віноўніка яго дапаможнікам Таго, але ён аб гэтым прачуў і загадзя ўцёк.

Зноў адбылася нарада ў Гіранг-Ту-Уна, але ўжо зусім у другім тоне. На гэты раз старэйшы і мудрэйшы муж сказаў прамову зусім інакшага зместу.

— Браты! Мы памыліліся. І не толькі памыліліся, але нават разгнявілі вялікага духа. Мы не мелі права па-свойму тлумачыць закон, якім кіраваліся нашыя продкі. Яны ж былі мудрэйшыя ад нас і ведалі, што рабілі. Вялікі Самнамбунгу нездарма ж рабіў так, а не іначай. Яны не тлумачылі закон па-свойму. І вось Багара-Тунгаль паказаў нам, што ён не прызнае нашага самавольнага тлумачэння, што ён патрабуе, каб мы выконвалі закон, як ён ёсць, без ніякіх хітрыкаў. Хіба іначай ён мог папусціцца, каб гэты чужаземец уцёк з царквы? Ці мала такіх людзей было за сотні гадоў, але мы ні разу не чулі, каб яны ўцякалі адтуль. І вось цяпер чамусьці гэта здарылася. І здарылася акурат тады, калі мы адступіліся ад закону. Ці можа быць лепшы довад, каб паказаць нам наш грэх? Браты! Няма чаго нам болей разважаць. Мы павінны толькі пакаяцца і выканаць закон. Не забывайцеся, што мы лічымся адзінымі захавальнікамі вялікай рэлігіі нашых дзядоў! — грозна скончыў стары.

І зноў, як і тады, настала цішыня. Зноў ніхто не хацеў гаварыць. Але думкі ўсіх былі зусім іншыя. Не адзін з іх баяўся, што і яму пападзе ад Багара-Тунгаля за тое, што адважыўся крытыкаваць закон.

...На другі дзень Гіранг-Ту-Ун перасяліўся ў агульнае памяшканне «сарака». Хоць і добрыя пакоі яму адвялі, хоць і абсталявалі іх па-царску, але ўсё ж гэта было зусім не тое, што раней. І больш за ўсіх шкадавала свайго месца і пралівала слёзы жонка Гіранг-Ту-Уна, адзіная жанчына, якая мела права жыць сярод святых мужоў...

...У лагеры зараз жа даведаліся пра ўсе гэтыя справы ад сваіх разведчыкаў і вельмі былі задаволены.

— Цяпер і я ўжо буду лічыць старадаўнія законы вельмі мудрымі і карыснымі,— смяяўся Пуан.

— Для каго-небудзь яны заўсёды бываюць карысныя,— дадаў Гейс.

— Галоўным чынам для тых, хто ўмее іх скарыстаць,— скончыў Салул.

— Усё гэта добра,— сказаў Селім,— але якім чынам заняць нам вольнае памяшканне? Калі мы з’явімся на вяршыні гары і пачнём працаваць там перад усім белым светам, то ўвесь наш сакрэт прападзе.

— Пачакай. Мы нават яшчэ не бачылі яго. Пойдзем спачатку агледзім.

Чатыры таварышы накіраваліся да гары. Яны асцярожна ўспаўзлі наверх і ўбачылі ўсё тое, што бачыў спачатку Піп.

— Але ж тут нічога няма! — здзівіўся Гейс.— Сажалка — і больш нічога. Не ў вадзе ж ён жыў.

— Тым лепей,— сказаў Салул.— Значыцца, мы нездарма стараліся. Значыцца, гэтае месца сапраўды такое, што ніхто не зацікавіцца. Нам застанецца толькі знайсці ўваход, якім карыстаўся ранейшы гаспадар. Ён, напэўна, павінен быць з таго боку.

Абышлі навакол і сапраўды знайшлі месца, дзе, відаць, быў уваход, але ён быў зруйнаваны, а свежая зямля старанна выраўнавана, каб не было знаку. Праз некалькі тыдняў месца зарасце, і нікому не падумаецца, што тут быў нейкі падземны ход.

Таварышы пачалі радзіцца. Зразумела, уваход патрэбен і трэба будзе яго зрабіць, але рызыкоўна зноў капаць гэты самы. Напэўна, хто-небудзь з іх калі-небудзь ды трапіць сюды і адразу зразумее, што тут пасяліўся нехта другі. А гэта ні ў якім разе непажаданая рэч. Можа, знойдзецца месца з другога боку гары, дзе можна было б зрабіць зусім новы ход?

Пачалі шукаць далей. Знайшлі даліну, якая якраз ішла ў напрамку да гары. Потым даліна перайшла ў вузкую зарослую цясніну, па якой бегла крынічка. Цясніна звужвалася ўсё болей і болей і глыбока ўразалася ў бок гары.

— Чаго ж лепшага? — сказаў Гейс.— Яна, здаецца, так урэзалася, што нам застаецца толькі пракапаць, можа, некалькі метраў. Я ўпэўнены, што гэта крыніца выцякае з унутранай сажалкі і ўжо сама працерабіла выхад, што палегчыць нам працу.

Там, дзе выбівалася крыніца, былі крушні камення; усе дробныя часткі зямлі вада знесла далей.

Умовы складаліся вельмі добра. Капаць заставалася зусім мала. Ды яшчэ па працярэбленай дарозе! Сама цясніна-шчыліна была такой вузкай, зарослай і непрыкметнай, што яе было цяжэй заўважыць, чымся той ранейшы ўваход. І нарэшце, яна была з процілеглага боку, з поўдня, значыцца, яшчэ далей ад людскога вока. Мабыць, таму толькі гэтае месца і не было выкарыстана ранейшым гаспадаром, што знаходзілася вельмі далёка.

Праз некалькі гадзін дваццаць чалавек працавалі ў цясніне. Але ледзь толькі адвярнулі галоўную масу камення, як грозна завурчала вада і хлынула знутры, уносячы з сабой і каменні, і зямлю, і людзей. Сёй-той з таварышаў насадзіў гузакоў у гэтай шчаслівай для іх катастрофе.

З гадзіну бурліла і неслася вада; потым пачала сцішацца і нарэшце застаўся маленькі ручаёчак. Калі пасля таго падышлі да выхада, то ўбачылі, што там між двух абломкаў скал утварылася дзіра, праз якую было лёгка пралезці чалавеку, а далей ішоў шырокі вольны ход аж да самай сярэдзіны гары.

Абрадаваліся сябры, што прырода сама ім дапамагла, і навыперадкі палезлі ўнутр.

— Эге-ге! Во як добра абсталяваўся гэты арангутанг! — крыкнуў Гейс, калі яны ўбачылі ўсё памяшканне.

Але з другога боку была і непрыемная рэч: знікла сажалка, а на яе месцы ў глыбокай яміне засталася толькі невялікая лужына.

— Гэта мне не падабаецца,— прамовіў Селім.— Цяпер ужо наша рэзідэнцыя мае зусім іншы выгляд. Калі раней нікому не магла прыйсці ў галаву думка, што ў возеры нехта жыве, дык цяперака гэта можна дапусціць.

Не паспеў яшчэ ён выказаць свой жаль, як некалькі чалавек прапанавалі ўжо зрабіць маленькую грэблю, каб падняць ваду.

— Гэта яшчэ лепей будзе, як раней,— казаў Гейс.— Мы зможам тады нават рэгуляваць узровень вады. Напрыклад, калі мы будзем цягаць сюды нашыя рэчы, мы можам спусціць ваду, а потым зноў падняць.

Праз некалькі дзён самае пільнае вока нічога не заўважыла б у ваколіцах бадувіскага пасёлка. Лагер апусцеў. Дзвесце пяцьдзесят чалавек пад камандай Пуана пайшлі праз горы на паўднёвы бераг да Скал Ластаўчыных Гнёздаў па зброю. Салул і Гейс пусціліся ў сваё далейшае падарожжа. Селім вярнуўся ў Бантам, а рэшта засталася ў «палацы» Гіранг-Ту-Уна.

 

XII. АПОШНЯЯ ПРЫГОДА МІНГЕРА ПІПА

 

За чужую віну.— Турма адпаведна колеру скуры.— Допыт.— Таемны сведка.— Мядзведжая паслуга.— Вызваленне.

«Зусім сакрэтна

асістэнт-рэзідэнту ў Тэнангу

мінгеру ван Дрону

Паводле атрыманых вестак, у Бантамскія пушчы накіраваўся здраднік і злачынца Гейс, механік з карабля «Саардам», разам з другім злачынцам — Салулам, які з’яўляецца галоўным віноўнікам захопу гэтага карабля. Відаць, яны маюць на ўвазе арганізаваць там бандыцкі цэнтр. Трэба прыняць усе захады, каб не дапусціць гэтага і, чаго б ні каштавала, злавіць іх. Зразумела, яны хаваюцца пад фальшывымі прозвішчамі, якія пакуль што намі не выяўлены. Але, у кожным разе, Гейса можна пазнаць па наступных адзнаках: гадоў 26—28, рост вышэй сярэдняга, валасы светлыя, вочы блакітныя. Салул — звычайны тубылец такіх жа год. Калі яны будуць злоўлены, накіруйце іх у Батавію».

Такую паперу атрымаў ван Дрон праз некалькі дзён пасля ад’езду Піпа. Зусім зразумелая рэч, што першая думка яго накіравалася на свайго нядаўняга госця.

Узрост, светлыя валасы, рост — усё гэта вельмі адпавядала памянёным адзнакам. Разам з тым ван Дрон зараз жа ўспомніў, што і паводзіны госця былі нейкія дзіўныя. Чалавек спецыяльна прыехаў з Галандыі ў Бантамскія пушчы, каб толькі папаляваць! Нават і тады паважанаму ван Дрону кінулася ў вочы гэтая недарэчнасць. Але хто мог падумаць, што тут крыецца такая сур’ёзная справа?

У той жа дзень адбылася нарада між асістэнт-рэзідэнтам, начальнікам гарнізона і начальнікам паліцыі. Ван Дрон расказаў, у чым справа, выказаў свае меркаванні і паставіў пытанне:

— Ці можам мы думаць напэўна, што гэта той самы?

— Вядома, можам! — упэўнена адказаў начальнік паліцыі.— Я ўжо тады з першага погляду заўважыў, што ў ім нешта такое ёсць, нібы бандыцкае. Але не адважыўся выказацца, бо ён быў вашым госцем.

Начальнік гарнізона, хоць гэтага не заўважыў, але таксама згаджаўся.

— Мне здаецца,— сказаў ён,— што доўга ламаць галаву тут няма чаго. Тым болей, што і адзнакі падыходзяць. Нам нічога не застаецца, як зараз жа паслаць па яго атрад салдат.

Гэты атрад і спаткаў Піп. Дарэмна ён прасіўся, даводзіў, што гэта памылка, паказваў свае паперы...

— Гэта не мая справа,— адказваў афіцэр.— Там разбяруцца. Я раблю тое, што мне загадана.

І атрад, задаволены тым, што не трэба ісці далей, вярнуўся назад. Такім чынам, Піп, сам таго не ведаючы, аддзякаваў сваім вызваліцелям, вярнуўшы назад салдат. Каб не Піп, атрад зайшоў бы далёка, дайшоў бы да бадувісаў, шукаў бы ўсюды Піпа-Гейса, мог сутыкнуцца з інсургентамі і наогул нарабіць шмат клопату, асабліва ў справе са складам для зброі. І не сам атрад быў небяспечны, а тая ўвага, якую ўлада магла звярнуць на гэты прытулак.

— Добры дзень, Гейс! — звярнуўся ван Дрон да Піпа, калі яго прывялі ў Тэнанг.— А гэта, значыцца, Салул? — паказаў ён на Нонга.

Абодва вылупілі вочы, нічога не разумеючы.

— Вы дзівіцеся, што мы вас ведаем? — казаў далей ван Дрон.— Вы ўжо думалі, што нас ашукалі? Не, гэтага не можа быць. Здраднікаў і злачынцаў улада заўсёды знойдзе, дзе б яны ні хаваліся.

— Мінгер ван Дрон! Вы памыляецеся! Я нічога не ведаю, не маю ніякага дачын...— пачаў Піп, але ван Дрон адвярнуўся і сказаў афіцэру:

— Пасадзіць іх у турму!

— Усіх? — запытаў той.

Ван Дрон падумаў крыху і сказаў:

— Пакуль што ўсіх. Можа, гэтыя людзі,— ён паказаў на Хаона і насільшчыкаў,— былі ў змове. Але гэтых двух,— ён паказаў на Піпа і Нонга,— трымаць пад спецыяльным наглядам. Іх прыйдзецца адправіць у Батавію.

Па галандскіх законах нават да злачынцаў — галандцаў і тубыльцаў — адносіны розныя. Нават у турме галандцы карыстаюцца лепшым памяшканнем, лепшымі харчамі і наогул лепшымі ўмовамі, чым яванцы. Таму Піп і Нонг былі пасаджаны ў розныя месцы, а Хаон з таварышамі асобна ад іх.

Дзеля таго, што злачынства Гейса і Салула мела агульнадзяржаўны характар і падлягала разгляду вышэйшых устаноў, іх непасрэдна трэба было накіраваць у Батавію.

Але пакуль ішлі, як кажуць, суд ды справа, прайшло два тыдні, і тады толькі накіравалі іх у Батавію. Там зноў пасядзелі тыдзень, пакуль іх выклікалі на допыт.

Спачатку прывялі Піпа. За сталом сядзеў следчы ў вайсковай форме. Побач стаялі яшчэ два чалавекі, а збоку былі напалову адчынены дзверы ў суседні пакой.

— Станьце крыху далей,— чамусьці сказаў следчы, калі Піп падышоў бліжэй да стала.

— Ваша прозвішча?

— Піп, Ганс Піп.

— Ну, а сапраўднае ваша прозвішча? — з націскам сказаў следчы і паглядзеў на Піпа такім поглядам, што той нават уздрыгануўся.

— Вось ужо другі раз я бачу, што мяне прымаюць за кагосьці другога! — энергічна адказаў Піп.— Няўжо ж за нечую памылку я павінен столькі цярпець?

У гэты момант дзверы суседняга пакоя адчыніліся шырэй, і адтуль выйшаў яванец у добрым адзенні, малады, з вострымі рысамі твару і непрыемнымі бегаючымі вочкамі.

— Пан палкоўнік! — звярнуўся ён да следчага.— Гэта не ён. Я яго зусім не ведаю.

— Прывядзіце тады другога! — загадаў палкоўнік.

Увайшоў Нонг. Той чалавек на гэты раз зусім адкрыта паглядзеў на Нонга і сказаў:

— А гэты дык нават нічога агульнага не мае. У параўнанні з тым гэта хлопчык.

Прысутныя глядзелі адзін на аднаго, паціскалі плячыма, крыху парадзіліся, і тады следчы зрабіў прыемную міну і сказаў:

— Выбачайце, мінгер Піп! Мы памыліліся. Як галандзец, вы зразумееце, што мы на гэта пайшлі дзеля нашай агульнай карысці. Выбачайце, калі ласка.

Следчы ўстаў, падышоў да Піпа і паціснуў яму руку.

— Зразумела, вы вольныя. Можаш і ты сабе ісці,— звярнуўся ён да Нонга.

— Дазвольце, пан палкоўнік, адно пытанне! — умяшаўся тубылец-сведка.— Ці не сустракалі яны там каго-небудзь?

Нонг адразу сцяміў, куды ідзе справа, і з дурным выглядам затараторыў:

— Мы былі ў бадувісаў. Такі дзіўны народ. Сядзяць у пушчы. Ні з кім не маюць зносін...

— Пачакай, пачакай! — спыніў яго палкоўнік.— Мы пытаемся, ці не бачылі вы там якога-небудзь галандца? — звярнуўся ўжо ён непасрэдна да Піпа.

У Нонга закалацілася сэрца... Зараз Піп несвядома выдасць свайго дабрадзея!..

— Сустрэў аднаго чалавека, дай бог яму здароўя! — адказаў Піп.— Каб не ён, дык не было б ужо мяне на свеце.

Усе прысутныя насцярожыліся, як сабакі.

— Як яго завуць? — запытаўся палкоўнік.

— Праўду сказаць, не ведаю добра, бо сустракаўся з ім два ці тры разы ў дарозе. На параходзе разам прыехалі. Потым у Батавіі сустракаліся. І, нарэшце, там. Здаецца, прозвішча накшталт ван Дэйк ці ван Дэкер. Ведаю толькі, што ён прадстаўнік нейкай фірмы і па даручэнню яе шукае зямлю пад кававыя плантацыі.

— А як ён выглядае?

— Майго ўзросту і росту. Чорныя валасы і чорная маленькая бародка.

Палкоўнік пытліва паглядзеў на сведку. Той паціснуў плячыма і сказаў:

— У кожным разе, гэта варта ўвагі.

— Ці не бачылі з ім яшчэ якіх-небудзь людзей, апрача тамашняга насельніцтва? — зноў запыталіся ў Піпа.

— З ім было яшчэ чатыры чалавекі слуг, якія складалі экспедыцыю па адшуканню зямлі.

— Ну, а ты што бачыў? — звярнуўся тады следчы да Нонга.

— Тое самае, бо заўсёды быў разам з туанам,— адказаў Нонг.

— Ну, дык яшчэ раз выбачайце! — сказаў палкоўнік і развітаўся з Піпам.

Хоць і ніякай віны не меў Піп, але, апынуўшыся на волі, адчуў сябе, нібы на свет нарадзіўся. Ён не толькі забыўся аб крыўдзе, але нават адчуваў удзячнасць, што яго выпусцілі.

— Ну, дарагі Нонг, разлічымся цяпер! Дзякую табе за шчырую службу! Бывай шчаслівы!

Ён даў Нонгу сто гульдэнаў і шчыра развітаўся, нават за руку.

А праз некалькі дзён ён ужо ехаў у Галандыю, не ведаючы, ці радавацца, ці шкадаваць, што столькі перацярпеў.

Нонг жа застаўся адзін у вялікім незнаёмым горадзе.

 

 

 

ЧАСТКА ДРУГАЯ. ПЕРШЫ ПАЧЫН

 

І. СКАЛЫ ЛАСТАЎЧЫНЫХ ГНЁЗДАЎ

 

Паўднёвы бераг Явы.— «Саардам» пад камандай босага капітана.— Прыяцелі ці ворагі? — Абследаванне фіёрда.— Далікатная сустрэча з англійскім дрэдноутам.— З караблём праз бар'ер.— Пад аховай птушак.— Выгрузка зброі.— Гібель Гано.

Паўднёвы бераг Явы значна вышэйшы за паўночны і стромка спускаецца ў Індыйскі акіян. На ўсім сваім працягу (каля тысячы кіламетраў) ён непрыступны, і на ім няма прыморскіх гарадоў. Толькі ў адным месцы, прыблізна пасярэдзіне, мясцовасць зніжаецца, і там знаходзіцца невялікі порт Тжыладжап, да якога нават пракладзена чыгунка. Але і порт і чыгунка не маюць вялікага значэння, бо, па-першае, мясцовасць надта нездаровая, а па-другое, з гэтага боку на Яву бадай-што не заходзяць караблі. Усе зносіны з Явай адбываюцца з паўночнага берага, а паўднёвы ўпіраецца ў бязлюдны Індыйскі акіян, дзе, акрамя дзікіх астравоў, нічога няма. Нават караблі з Аўстраліі, якая ляжыць на паўднёвы ўсход ад Явы, падыходзяць да яе з паўночнага боку.

Галоўны чыгуначны шлях, які пераразае Яву з захаду на ўсход, у некаторых месцах ідзе зусім блізка ад Індыйскага акіяна, але да самага берага не даходзіць. Нават некалькі спецыяльных чыгуначных ліній, праведзеных ад галоўнай лініі прама на поўдзень, спыняюцца за дзесяць-дваццаць кіламетраў ад берага. Ужо гэта адно сведчыць аб тым, які характар мае паўднёвы бераг.

Усе галоўныя горы Явы знаходзяцца на паўднёвым беразе, згуртаваліся тут бязладным натоўпам і адразу спыніліся, нібы баючыся ступіць далей у глыбіню акіяна. А ззаду ад іх другія горы; яны налазяць адна на адну, нібы хочуць праз галовы суседзяў глянуць у сінія воды. Шмат розных невядомых куткоў, шчылін, цяснін, пячораў і дзірак хаваюць у сабе гэтыя крушні гор-скал. І ўсюды, дзе хоць як-небудзь можна зачапіцца,— усюды ўціснулася пышная расліннасць гэтай пышнай краіны. А над усім гэтым хаосам дымяцца вулканы, нібы фабрыкі і заводы невядомага падземнага царства.

Шмат прытульных закавулкаў ствараюць стромкія скалістыя берагі, але на працягу дзесяткаў кіламетраў не сустрэць тут людзей, бо гэтыя прыгожыя і прытульныя закавулкі бадай не маюць зямлі, дзе б чалавек мог жыць. І тыя рэдкія людзі, што пасяліліся наверсе, на беразе, фактычна знаходзяцца далей ад мора, як тыя, што жывуць далёка ад яго. Яны могуць колькі хочуць цешыцца і пазіраць на веліч акіяна, але каб даступіцца да яго, павінны былі б арганізаваць цэлую экспедыцыю.

Ды і ззаду, з зямлі, даступіцца да іх цяжка. Хаос гор, скал і пушчаў абараняе іх ад гасцей не горш, як непрыступныя берагі. Нездарма шляхі спыняюцца, не даходзячы некалькіх кіламетраў да берага. Вядома, каб вельмі трэба было, іх можна было б працягнуць і да мора, не зважаючы на ўсе перашкоды. Але пакуль што не варта, бо няма эканамічнай выгады ад гэтага.

Апрача таго, бераг мае яшчэ абарону ў выглядзе падводных і надводных скал-рыфаў. Яны цягнуцца ўздоўж берага на сотні кіламетраў і затрымліваюць чалавека нават там, дзе бераг згадзіўся б падпусціць яго. Яны і мора не хочуць падпусціць; вось чаму паміж імі заўсёды ідзе барацьба, вось чаму паміж рыфаў заўсёды бурліць, шуміць і пеніцца вада. Нібы белая стужка акаймоўвае бераг з захаду на ўсход.

Зразумела, на тысячакіламетравым працягу знойдуцца і яшчэ мясціны (апрача вышэйпамянёнага Тжыладжапа), дзе ёсць галандскія адміністрацыйныя ўстановы, галоўным чынам вайсковая варта. Але іх няшмат і толькі там, дзе можна сяк-так падысці да берага. Рэшта ж вартуецца рыфамі і скаламі. А з якім поспехам яны выконваюць свой абавязак, можна бачыць яшчэ з таго, што нават кантрабандысты і тыя стараюцца прайсці міма гэтага непрытульнага берага.

У адным з такіх месц і знаходзяцца тыя Скалы Ластаўчыных Гнёздаў, пра якія казалі Гейс і Салул.

Калі «Саардам» выйшаў у Індыйскі акіян, адразу паўстала пытанне, куды дзецца і што рабіць далей? Нарада адбылася агульная, тут жа на палубе. Каманда цяпер складалася ўжо больш як з сотні чалавек, ды якіх яшчэ! Кожны з іх ведаў на памяць калі не ўсё мора вакол Явы, дык прынамсі пэўнае месца. А ўсе яны разам складалі такую каманду, якой не мог пахваліцца ніводзін другі карабель. А сярод іх найбольш спрактыкаваны быў стары Гудас, які неяк само сабой, нават без выбараў зрабіўся капітанам карабля. Шмат мінгераў пазелянелі б ад злосці і абурэння, каб убачылі, што капітанам дзяржаўнага ваеннага карабля з’яўляецца гэты худы стары «дзікун» з пучком сівой барады, без шапкі, у брудных сподніках і кашулі, ды яшчэ да гэтага босы.

Але значная частка старой каманды была ўпэўнена, што камандзірам будзе Гейс. Нават і тут яны не маглі сабе ўявіць, як гэта белы чалавек, галандзец, ды застанецца на другім месцы. Яны асцярожна і выказалі гэтую думку, але зараз жа супакоіліся, калі Салул і сам Гейс растлумачылі, што з іх усіх самы «вадзяны» і ведаючы чалавек будзе Гудас; апрача таго, Гейсу і Салулу прыйдзецца пакінуць карабель, а Гудас застанецца на ўвесь час.

Гэты Гудас правёў на моры ўсё сваё жыццё, пачынаючы з васьмі гадоў, калі ён памагаў бацьку ў рыбацтве. А потым паспытаў усё: быў лаўцом жэмчугу на астравах Ару, служыў і на галандскім гандлёвым караблі і нават на кітайскім кантрабандысцкім судне. Таму ён ведаў не толькі ўсе берагі Явы, але нават усе закавулкі Малайскага архіпелага.

Гудас перш за ўсё запытаўся, які запас вугалю ёсць на «Саардаме».

— На пяць дзён дарогі, калі ісці выключна пад параю,— паведаміў Салул.

— Мала,— паматаў галавой Гудас.— Ну што ж, тады прыйдзецца больш ужываць парусы, а машыну пускаць у ход толькі ў выпадку пільнай патрэбы. Пакуль што наша галоўная задача — выгрузіць зброю. Трэба паспрабаваць спыніцца каля Скал Ластаўчыных Гнёздаў. Будзем спяшацца, бо нас могуць дагнаць.

— Шукай ветру ў моры,— сказаў Салул.— Ды яны і не будуць шукаць нас сярод Індыйскага акіяна. Яны лепш будуць пільнаваць ля берагоў.

— Мусіць, так яно і будзе,— згадзіўся Гудас.— Але ў кожным разе трэба спяшацца. Якая асадка ў «Саардама»?

— Трынаццаць футаў,— адказаў Гейс.

— Ці пройдзем? — няўпэўнена сказаў Гудас.— Таварышы, хто з вас добра ведае рыфы ля Скал Ластаўчыных Гнёздаў?

— Я! — адгукнуўся адзін марак.

— Ці можна будзе нам як-небудзь праплысці праз рыфы?

— Гэтага ўжо не магу сказаць. Баюся, што не.

— Там убачым. Ідзём на ўсход,— загадаў Гудас.— Заўтра ўвечары павінны быць там. Шкада толькі, што прыйдзецца паліць вугаль, бо паўднёва-ўсходні пасат перашкаджае.

Надвор’е было добрае. Роўны ветрык дзьмуў насустрач. Акіян мерна калыхаўся. У чорнай вадзе адбіваліся зоркі. Навакол было так ціха і мірна, што нашы паўстанцы гатовы былі зусім забыцца, у якіх умовах яны знаходзяцца. Пасля ўсёй той напружанасці, якую перажылі, яны адчулі вялікую стому і моцна паснулі. Толькі Гудас і рулявы засталіся на палубе. Гудас свядома адпусціў спаць усіх, бо ў дарозе ніякіх здарэнняў не чакаў. Глыбокі акіян не меў тут ні астравоў, ні скал. А самае галоўнае — у гэтай частцы Індыйскага акіяна не праходзяць марскія шляхі, і на непрыемную сустрэчу з якім-небудзь караблём спадзявацца не прыходзілася.

Нават калі настаў дзень, людзі не спяшаліся ўставаць, памятаючы, што трэба запасацца сіламі на блізкае будучае. Спакойна прайшоў і дзень; нідзе аніводнага судна не бачылі. Вядома, і ад Явы трымаліся на такой адлегласці, каб іх не ўбачылі.

Пад вечар прыпыніліся на тым месцы, супраць якога, па іх меркаваннях, павінны былі быць Скалы Ластаўчыных Гнёздаў.

Але што рабіць далей? Ці можна было рызыкаваць прайсці ўначы там, дзе нават удзень нельга прайсці? А ўдзень спыняцца таксама небяспечна, бо з высокага берага карабель можна будзе бачыць за паўсотні кіламетраў. А калі прыняць пад увагу, што карабель наогул у гэтых месцах рэч рэдкая, ды яшчэ калі ён будзе старацца падысці да берага праз рыфы,— то ўсё гэта будзе такім незвычайным здарэннем, аб якім загамоняць нават і тыя, хто гэтым зусім не цікавіцца. Праўда, вартавых пунктаў блізка не было, не было і паселішчаў, але на такой адлегласці, як кіламетраў восемдзесят з абодвух бакоў, адкуль можа быць відзён карабель,— людзі ўсё ж такі маглі трапіцца.

Пасля доўгіх меркаванняў парашылі адправіць спачатку катэр на разведку. Ён павінен быў знайсці і добра абследаваць праход між рыфамі, з тым каб можна было адважыцца праехаць сярод іх і ўначы. Разам з тым трэба было абследаваць бераг, ці няма там каго непатрэбнага.

— Цяпер вызначым, каму ехаць,— сказаў Гудас.

— Я паеду! Я! — пачуліся галасы, у тым ліку і Гано.

— Пачакайце. Па-першае, трэба паслаць таго, хто добра ведае гэтае месца, і ў кожным разе нельга пасылаць нікога з старой каманды. Калі, дапусцім, што-небудзь здарыцца, тады можна будзе павярнуць справу так, нібы гэтыя людзі — прыбярэжныя тубыльцы і ніякага дачынення да «Саардама» не маюць. А калі будзе хто-небудзь з каманды, то выявіцца, што «Саардам» тут, ды і самі яны адразу загінуць.

— У такім разе,— зазначыў Гейс,— нельга пасылаць і маторны катэр, бо пазнаюць, адкуль ён.

— Правільна! — сказаў Салул.— Трэба паслаць лодку з парусам, каб яна мела звычайны рыбацкі выгляд.

— Але тады зноў нязручна,— казаў далей Гудас.— Каб нас не заўважылі з берага, нам трэба будзе стаць прынамсі за дваццаць міль, а для лодкі гэта будзе надта вялікае падарожжа, ды і марудная справа.

— Тады мы да святла падыдзем бліжэй, спусцім лодку, а самі ад’едзем у мора і там перачакаем дзень. А ўвечары зноў пад’едзем на спатканне.

К ночы карабель без агнёў паплыў да берага. Праз некалькі часу наперадзе паказалася няясная цёмная лінія. Яна ўсё набліжалася і павышалася. Вось недзе далёка справа мігціць агонь. Але насупраць пакуль што не відаць нічога. Чорныя муры пасунуліся яшчэ бліжэй. Вось ужо чутно, як гудуць буруны між рыфаў.

— Усе добрыя людзі заўсёды як мага ўцякаюць ад рыфаў, а мы павінны набліжацца да іх,— прамовіў Гейс.

— Затое, калі нам удасца іх узяць, то яны самі будуць служыць нам абаронай,— сказаў Салул.

А ўзяць іх мог адважыцца толькі той, хто не шкадуе ні сваёй галавы, ні карабля. Тыя ціхія невялікія хвалі, што пяшчотна калыхалі карабель сярод акіяна, тут адразу рабіліся вялікімі, раз’юшанымі.

Хвалі кідаліся на скалы, адбіваліся назад, зноў кідаліся, круціліся, раўлі і пеніліся, каб толькі прарвацца на той бок агарожы. Але тыя, якім гэта ўдавалася, адразу трацілі сваю моц і злосць і рабіліся ціхімі, як авечкі. Яны пяшчотна плюхаліся ля падножжа скал, нібы просячы выбачэння за тое, што нахрапам праціснуліся сюды.

Усё гэта адбывалася ў добрае, ціхае надвор’е. Што ж тады павінна быць у буру?

Спусцілі шлюпку. У ёй размясціліся дванаццаць чалавек пад камандай Гудасавага памочніка — Сідана.

— Рабіце сваю справу, таварышы,— сказаў на развітанне Гудас.— Заўтра ўвечары мы будзем тут.

Лодка ад’ехала. Карабель стаў заварочвацца назад. Раптам перад ім, высока на беразе, заблішчаў агонь...

Усе ўздрыгануліся. Хто гэта можа быць? Галандская варта? Ці тутэйшыя жыхары? А можа, нават і свае?

— Я думаю, гэта не галандская варта,— сказаў Гудас,— бо тут вартаваць няма аніякага сэнсу.

— I я так думаю,— згадзіўся Гейс.— Ды нават каб гэта і варта была, то можна напэўна сказаць, што яна нас не бачыла, бо тады не запальвала б агню, які можа нас папярэдзіць.

— У такім разе гэта могуць быць або мясцовыя жыхары, або нашы таварышы,— падагуліў Салул.— Калі гэта жыхары, то баяцца няма чаго, а калі нашы...

— А ці могуць быць нашы? — перапыніў Гудас.— Хіба яны ведаюць, дзе мы прыстанем?

— Гэтага і мы самі не ведаем,— адказаў Салул.— Я гэта кажу на той выпадак, калі ні пра каго іншага падумаць нельга. Ды і не будзе дзіўным, калі нашы таварышы на месцах будуць на кожны выпадак пільнаваць нас у некаторых пунктах паўднёвага берага. У кожным разе, я думаю, што нашым разведчыкам небяспека не пагражае...

Не паспеў ён скончыць апошнія словы, як з берага пачуліся стрэлы — адзін, другі, трэці... Рэха падхапіла іх і пачало кідаць уздоўж і ўпоперак берага. Начная ціша была парушана.

— Стоп! — крыкнуў Гудас.

Машына сціхла. Уся каманда затаіла дыханне. Карабель ціхенька пасоўваўся наперад.

Прайшла адна мінута, другая. Ніхто не сказаў ні слова: і без слоў усім ясна было, што там адбываецца нешта нядобрае. Агню на беразе ўжо не было відаць. Але стрэлы не паўтарыліся. Няўжо трыма стрэламі і скончылася ўся справа?

— Яны або зараз жа вернуцца, або... ніколі не вернуцца,— прамовіў нехта ў цішыні.

Камандзіры ціха раіліся. Пасля таго як стрэлы спыніліся, справа ўжо не здавалася ім такой небяспечнай. Яна зрабілася толькі больш загадкавай. Хто страляў? Нашы страляць не маглі, каго б яны там ні сустрэлі,— гэта не ў нашых інтарэсах. Яны маглі толькі страляць, ратуючы сваё жыццё. Няўжо яны трыма стрэламі выратавалі сваё жыццё, а больш ніадкуль ні гуку? Або ад трох стрэлаў самі загінулі, адразу ўсе дванаццаць чалавек, ды яшчэ добра ўзброеныя? Не, каб ім пагражала сур’ёзная небяспека, яны адказалі б такой стралянінай, якая не сціхла б і да гэтага часу. Значыцца, пэўна можна сказаць, што яны не загінулі і што ў дадзены момант непасрэдна небяспека ім не пагражае.

— А адсюль такі вывад,— разважаў Салул,— калі там салдаты ці жандары, то нашы таварышы вернуцца зараз жа, і мы паедзем шукаць другога месца; калі ж небяспекі няма, то нашы таварышы застануцца там, а мы, пачакаўшы да раніцы, ад’едзем у мора і прыедзем па іх заўтра, як умовіліся.

— А калі стрэлы ноччу паўторацца,— прадоўжыў Гейс,— гэта будзе азначаць сапраўдную небяспеку, і тады мы вышлем дапамогу.

— Правільна! — пацвердзіў Салул.

Гудас распарадзіўся ад’ехаць крыху далей ад берага, каб адтуль не было відаць карабля, і спыніцца.

Ляжаць у дрэйфе каля берага, ды яшчэ каля пэўнага месца, зусім не так проста, як часам здаецца. Карабель ніколі не стаіць на месцы: круціцца, насоўваецца на бераг ці адыходзіць у мора — і кіраваць ім у часе стаянкі не менш клопату, як у дарозе. Не было адпачынкам і напружанае чаканне лодкі з таварышамі, чаканне новых стрэлаў ці якой іншай непрыемнасці. Аднаго разу зноў заблішчаў агонь — і зноў знік. Невядома было, ці то сам агонь згасаў, ці карабель паварочваўся так, што агню не было відаць. Што там цяпер адбываецца? Хто ж, нарэшце, страляў?..

Так прайшло некалькі гадзін. Набліжалася раніца. Больш чакаць не было патрэбы. Карабель адышоў у мора.

* * *

Сідан і яго таварышы пачулі стрэлы, калі лодка набліжалася да рыфаў. І адразу ўсе вёслы замерлі ў паветры... Агню адсюль не было відаць.

— Можа, і ехаць не варта, калі нас так сустракаюць? — прамовіў адзін з матросаў.— Калі хоць адзін вораг будзе тут, «Саардам» ужо не можа прыстаць.

— А ты ведаеш, хто страляў? У каго стралялі? Чаму? — строга сказаў Сідан.— Калі не ведаеш, то вяртацца не маеш права. Уперад!

І лодка пачала шнырыць узад і ўперад каля смяротных рыфаў. Зоркі ды белыя грабяні прыбою служылі асвятленнем. Кожны момант можна было чакаць, што лодка-трэска стукнецца аб камень. Але маракі спакойна і ўпэўнена рабілі сваю справу.

Нарэшце знайшлі патрэбны ім праход. Ад’ехалі крыху назад, паставілі лодку носам на скалы і паляцелі прама на бар’ер...

Якая патрэбна ўпэўненасць, каб так смела кінуцца на каменні! Узляцела лодка на хвалю, так што нос яе на момант застаўся ў паветры,— і праз міг апынулася на тым баку. Пад’ехалі да самай сцяны, накіраваліся ўздоўж яе. Заварот налева, у маленькую бухтачку, потым направа,— і нарэшце яны ў нейкім калідоры або шчыліне.

Гэтая шчыліна — або, як кажуць, фіёрд — і мелася на ўвазе, калі гаварылася аб Скалах Ластаўчыных Гнёздаў. Яна мела шырыню і даўжыню не болей за добры карабель, знаходзілася ў недаступным месцы і ў маракоў ні ў якім разе не лічылася за прытулак.

Стромкія сцены ўздымаліся ўгору метраў на трыста-чатырыста. Тут заўсёды панавала цішыня, нават шум буруноў ледзь дасягаў сюды. Затое кожны гук аддаваўся рэхам, нібы ў пустой бочцы. Калі заехалі ў сярэдзіну, заўважылі наверсе водбліск агню. Але як пазнаць, хто там?

— Вось што: я крыкну голасам «ваў-ваў»,— прапанаваў адзін таварыш.— Калі свае, дык пазнаюць.

— Але ж гэта і рызыкоўна,— запярэчылі другія.— Калі там ворагі, то зацікавяцца, адкуль у цясніне, каля самай вады, сярод голых скал можа быць малпа?

— Каб крыху падняцца вышэй, пад дрэвы, тады было б праўдзівей.

— Ці не лепш было б ціхенька ўзлезці да іх?

— Па гэтых сценах ды яшчэ ў цемры — немагчыма.

— А трэба высветліць гэта да раніцы. Засталося толькі тры-чатыры гадзіны.

— Ды нам, нарэшце, і патрэбы няма занадта пускацца на хітрыкі! — сказаў Сідан.— Не ў тым справа, ці ворагі пазнаюць нас, ці не, а ў тым, каб мы іх пазналі, вось і ўсё. Крычы!

І сярод начной цішыні пачуўся прарэзлівы крык...

Замільгалі наверсе цені, вось нехта схіліўся над самым абрывам, але з такой вышыні нічога нельга было разгледзець. Потым і адтуль у адказ пачуўся такі самы крык.

— Мусіць, нашы!..— абрадаваліся таварышы. Зноў крыкнулі два разы. Зноў такі самы адказ. Потым зверху паляцела галавешка з агнём. Доўга яна ляцела, пакуль засіпела ў вадзе, і за гэты час паспела крыху асвятліць чорнае бяздонне.

— Хто вы? — ледзь данёсся зверху голас.

— А вы?

— Мы вас чакаем.

— Адкуль вы нас ведаеце?

— «Саардам».

— Чаго вы стралялі?

— Давалі караблю сігнал.

— Свае! — радасна загаманілі ўнізе.

Але для пэўнасці яшчэ задалі пытанне:

— А хто з нашых знаёмых ёсць сярод вас?

— Сурат, таварыш Сідана.

— Злазь сюды, калі можаш.

— Зараз! Чакайце ў правым кутку.

Агонь засвяціўся ўжо над гэтым кутком, але святло ледзь дасягала да сярэдзіны сцяны. Пазіралі таварышы ўгору і не верылі, што адтуль можна спусціцца.

Але праз некалькі мінут яны неспадзявана заўважылі, што чалавечая постаць варушыцца на нейкай прыступачцы пасярэдзіне сцяны. Яшчэ некалькі мінут — і чалавек захістаўся ў паветры на доўгай вяроўцы. І нарэшце новы таварыш апынуўся ў лодцы.

— Сурат!

— Сідан!

Прыяцелі шчыра абняліся і гэтым пацвердзілі перад усім светам, што яны сапраўды свае.

— Мы былі ўпэўнены, што гэта «Саардам»,— казаў Сурат,— але ніякім чынам, апрача агню, не маглі даць знаць аб сабе. Крыкаў не чуваць, а страляць баяліся, каб не спудзіць вас. Толькі калі карабель пачаў адыходзіць, мы з роспачы пачалі страляць з рэвальвера, які ў нас ёсць адзін на ўсю каманду.

— А колькі вас тут?

— Пяць чалавек. Мы сядзім ужо тыдзень. Паслалі нас сюды на кожны выпадак, бо пэўнае месца не было вызначана. Уздоўж берага яшчэ сядзяць таварышы ў некалькіх пунктах, якія больш-менш можна скарыстаць. Мы зусім не спадзяваліся на такую ўдачу. Ну, як у вас? Ці гарачая была справа? Дужа нашых загінула?

— Двое. Затое мы маем сто кулямётаў і трыццаць тысяч вінтовак!

— Трыццаць тысяч?! — аж падскочыў Сурат.— На цэлую армію хопіць!

— Ці знойдзецца тут добрае месца, каб схаваць усё гэтае дабро?

— Пашукаўшы, знайсці можна будзе. Толькі б было што хаваць. Напрыклад, тая дзіра, праз якую я прыйшоў, вельмі добрая, толькі для ўсяго багацця будзе замалая. А цяпер запрашаю вас у госці да нас.

Ахвотнікаў ісці або, дакладней, лезці ў госці знайшлося больш як трэба. Прыйшлося чатырох пакінуць прымусова, а рэшта палезлі ўгору.

— Як бачыце, мы самі тут і вяроўку даўжэзную звілі і нават вузлоў нарабілі, каб лягчэй было лезці,— растлумачыў гасцінны гаспадар і першы палез на прыступачку.

Адтуль убок ішла шчыліна, а далей пачынаўся нібы тунель між наваленых адна на адну скал. Але прабірацца паміж іх не было аніякай прыемнасці. Увесь час прыходзілася то каціцца ўніз, то стукацца галавой аб верх, то паўзці па вострым каменні; на кожным кроку можна было трапіць нагой у якую дзіру. Добра яшчэ, што насустрач выйшлі таварышы з агнём.

— Калі нам прыйдзецца тут цягаць наш груз, то мы яго павек не перацягаем,— заўважыў Сідан.

— Нічога. Можна прызвычаіцца,— адказалі гаспадары.— А можа, прыдумаем што-небудзь і іншае.

Нарэшце павылазілі ўсе, абагнулі некалькі скал, падняліся яшчэ вышэй і апынуліся ля стаянкі. Каля скалы стаяў пабудаваны з галля буданчык, супраць яго гарэла вогнішча. Вогнішча гэтае, як маяк, было накіравана толькі ў адзін бок — на мора.

Акіян чарнеўся і дыхаў недзе далёка і глыбока. Шум хваляў ледзь даносіўся знізу. А ззаду ў дзікім беспарадку грамадзіліся горы. Хоць і нельга было разгледзець іх, але выразна адчувалася, што яны нібы лезуць і праціскаюцца да берага.

— Як вы дабраліся да гэтага месца? — запытаўся Сідан.

— Калі трэба, усюды пройдзеш,— усміхнуўся таварыш.

— Ці ёсць блізка людзі? Ці наведваюцца сюды галандскія сабакі?

— Хоць гэтыя горы і зарослыя, але засяліць іх бадай-што немагчыма, тым болей, што доступу да мора няма. Сям-там сустракаюцца хацінкі, пра якія, здаецца, не ведаюць ні бог, ні людзі. Да бліжэйшага больш-менш значнага пункта па прамой лініі будзе не болей дваццаці-трыццаці кіламетраў, але каб прайсці іх, патрэбны тры-чатыры дні.

— Тым лепей,— задаволена сказаў Сідан.

Доўга яшчэ гутарылі таварышы і паляглі толькі перад світаннем. А з усходам сонца былі ўжо на нагах.

Пры дзённым святле мясцовасць рабіла яшчэ больш моцнае ўражанне. Лёгкі свежы ветрык моршчыў цёмна-сінюю паверхню акіяна, і яна зіхацела пад праменнямі сонца, нібы рыбіная луска. Ля рыфаў па-ранейшаму пеніліся буруны. Скалы страцілі сваю таемнасць, але магутнасць і суровасць іх нават павялічыліся. Каменні і лес, лес і каменні — больш нічога не было відаць. Толькі крыху далей на захад віўся дымок вулкана.

У самых недаступных шчарбінах з боку мора ляпіліся тысячы гнёздаў ластавак-саланганаў. Зверху гнёзды былі адкрытыя, незамураваныя, як у нашых ластавак, і нагадвалі місачкі. У некаторых нават можна было ўбачыць па два белыя яечкі. У другіх сядзелі самкі. Рэшта лётала хмарамі і напаўняла паветра сваім крыкам.

— Ды тут і спажыва ёсць,— сказаў Сідан, паказваючы на гнёзды.— Калі не будзе чаго есці, то можна і за гнёзды ўзяцца.

— Не вельмі,— адказаў Сурат.— Гэта не сапраўдныя саланганы, яны прымешваюць у свае гнёзды расліны. Каб гэта былі чыстыя, то не было б тут такога бязлюддзя.

«Чыстыя» саланганы лепяць сваё гняздо толькі з адной сліны. Калі яна засохне, то мае выгляд студзіны. Саланганы чатыры разы ў год выводзяць дзяцей (па двое) і кожны раз лепяць новае гняздо. Лепшымі гнёзды бываюць тады, калі птушаняты толькі што пачынаюць абрастаць пухам; тады гнёзды бываюць белыя, празрыстыя. Да гэтага часу гнёзды лічацца горшымі, а калі птушаняты абрастуць пер’ем, тады гнёзды чарнеюць і зусім не ўжываюцца. Еўрапейцы кажуць, што смак саланганавых гнёздаў не надта ўжо цікавы, але кітайцы плацяць рублёў восемдзесят за кілаграм (а на яго ідзе каля ста сарака гнёздаў).

Аднак самым прыемным для нашых таварышаў было тое, што нідзе не відаць слядоў чалавека. Можна было падумаць, што яны заехалі некуды на край свету.

— Усё гэта добра,— сказаў нарэшце Сідан,— але ці зможам мы тут прыстаць з нашым караблём?

— Вось зірні,— адказаў Сурат і падвёў яго да краю сцяны. З гэтай вышыні адкрылася, як на далоні, не толькі ўсё прыбярэжжа, але і самае дно мора. Вызначыліся паасобныя камяні пад вадой, якіх звычайна нельга заўважыць унізе. Відны сталі глыбокія і мелкія мясціны. А на сотню крокаў управа вызначыўся досыць добры праход паміж рыфаў.

— Нават не трэба спецыяльнага абследавання рабіць,— сказаў Сурат.— Адсюль усё відаць лепш, як адтуль.

— Але якая шырыня і глыбіня прахода?

— Гэта ўжо можна вымераць.

Сідан падышоў да другога краю і гукнуў таварышаў у лодцы.

— Пад’язджайце вунь туды і змерайце глыбіню і шырыню прахода!

Лодка паехала. Пад кіраўніцтвам зверху пачалі рабіць прамеры.

Шырыню прахода змералі лёгка; яна была дастатковай для карабля. Але глыбіню дасканала змераць не было магчымасці, бо лодка ў гэтым віры не магла прыпыніцца. Змералі прыблізна, вяслом.

— Футаў з восем! — крыкнулі знізу.

— Дрэнна! — нахмурыўся Сідан.— А карабель сядзіць на трынаццаць. У якім стане зараз прыліў?

— Ды якраз цяпер самы адліў,— адказаў Сурат.— Прыліў павінен быць пасля паўдня. Значыцца, наступны — пасля паўночы. Вы самі прыехалі ў часе прыліву.

— Ці высока ён падымаецца?

— Ды ўчора, напрыклад, зусім схавалася вунь тая скала.

Сідан зірнуў на яе і павесялеў: скала выглядала досыць высокай.

— Хлопцы! Прыкіньце там вышыню вунь той скалы! — зноў крыкнуў ён уніз.

— Футаў з дзесяць! — адказалі знізу.

— Вельмі добра! — павесялеў Сідан.— Гэта значыць, разам будзе васемнаццаць футаў!

Потым прасачылі глыбіню ў іншых месцах па дарозе ў фіёрд. Змералі адлегласць ад бар’ера да прыбярэжнай сцяны, каб паглядзець, ці зможа карабель завярнуцца ўбок. Гэты вынік быў не вельмі здавальняючы: адлегласць мала перавышала даўжыню карабля — значыцца, не вельмі тут развернешся.

— Ну што ж? — сказаў Сурат.— Нічога не зробіш. Прыйдзецца браць крыху наўскос і цягнуць канатамі. Вунь за тую ды за тую скалу можна будзе іх зачапіць.

Такім чынам, абмеркавалі ўсе магчымасці, падрыхтаваліся і сталі чакаць вечара. А гадзіне першай ці другой надышоў прыліў і сапраўды заліў тую скалу. Значыцца, з гэтага боку усё было добра.

Пад вечар лодка выехала ў мора. Прайшло паўгадзіны, гадзіна, а наперадзе нікога не было. Яшчэ гадзіна мінула, зрабілася ўжо зусім цёмна, але ні карабля, ні катэра нідзе не было.

Рукі з вёсламі самі апусціліся, лодка спынілася.

— Зброя! Столькі зброі загінула! — прастагнаў Сідан, і тая ж самая думка адбілася ў сэрцы яго таварышаў.

І толькі пасля таго падумалі яны аб лёсе і тых, што былі на караблі.

Карабель ціха калыхаўся на спакойнай прасторы Індыйскага акіяна. Час ад часу ён пад’язджаў на некалькі кіламетраў, бо яго адносіла ўбок цячэннем ці ветрыкам, а потым зноў стаяў на месцы, бы сонны. Навакол ні душы.

Пасля паўдня раптам раздаўся крык вахценнага:

— Дым з левага борта!

Кінуліся на левы бок, накіравалі падзорныя трубы. На поўдні ледзь віднеўся карабель, але распазнаць яго было немагчыма, нават нельга было заўважыць, у які бок ён ідзе.

Каманда пазірала на кіраўнікоў, чакаючы загаду: ці ўцякаць, ці рыхтавацца да бойкі?

Тыя напружана сачылі за караблём і абменьваліся думкамі.

— Рэгулярныя караблі тут не ходзяць. Значыцца, гэта выпадковы.

— Але ён, як відаць, ідзе з Аўстраліі, значыцца, не з тых, што маглі быць пасланы за намі наўздагон.

— Гляньце — гэта ж англійскі дрэдноут! І ідзе ён на паўночны захад. Да нас ён ніякага дачынення не можа мець.

— Але потым яны могуць сказаць, што бачылі нас ля берага каля Скал Ластаўчыных Гнёздаў, а гэта будзе зусім дрэнна.

— Тады нам трэба паказаць, што мы ідзём зусім у другі бок.

Праз некалькі мінут «Саардам» накіраваўся на паўднёвы захад, нібы ў Афрыку. Шляхі абодвух караблёў павінны былі скрыжавацца. Магутнае сталёвае чатырохтрубнае страшыдла набліжалася так хутка, што сустрэча павінна была адбыцца бліжэй, як гэта было пажадана.

— Гэта ўжо занадта,— нездаволена бурчаў Гудас.

— Цяпер ужо нічога не зробіш,— казаў Салул,— назад не пойдзеш. Але тым таварышам, якія ўбраны не ў вайсковае адзенне, прыйдзецца хутчэй схавацца. У тым ліку, выбачай, і табе самому. Бо калі заўважаць такога капітана ды такую каманду на ваенным караблі, то могуць арыштаваць нас.

Гудас не мог не згадзіцца з гэтым і са смешным выглядам, чухаючы патыліцу, палез з капітанскага мосціка. Яго месца заняў Гейс. Схаваліся і Гудасавы малайцы, на першае месца высунулі «сапраўдную» каманду.

Дрэдноут перасек дарогу метраў на сто наперадзе. Нібы гмахі, уздымаліся на ім надбудовы, з якіх высоўваліся даўжэзныя гарматы. Вялізныя белыя хвалі ўздымаліся ля носа карабля. На палубе віднеліся белыя фігуры каманды.

Якім маленькім і нікчэмным здаваўся перад гэтым волатам «Саардам» з яго смуглай камандай!

Але па марскіх звычаях абодва караблі павіталі адзін аднаго флагамі: дрэдноут — англійскім, «Саардам» — галандскім, і раз’ехаліся, як і ўсе паважаныя караблі.

Калі дрэдноут ад’ехаў, вылез і капітан са сваёй камандай.

— Крыўдна, чорт пабяры, першаму адміралу незалежнай Яванскай Рэспублікі хавацца ад суседняй дзяржавы,— пажартаваў Салул.

— Для пачатку досыць і таго, што мы салютавалі адзін аднаму, як роўныя,— адказаў Гудас.

Тады «Саардам» пачаў змяншаць ход, адставаць, але прайшло яшчэ шмат часу, пакуль дрэдноут зусім знік з вачэй.

Калі «Саардам» вярнуўся назад, было ўжо цёмна.

Але куды «назад»? У які пункт воднай прасторы? Ці чакае іх лодка? А калі чакае, то як знайсці яе ў цемры? Ці можна даваць сігналы? Трымаецца лодка каля берага або паехала насустрач караблю ў мора? А можа, яе зусім няма?

Такія пытанні мучылі каманду «Саардама», калі ён уначы хадзіў узад і ўперад каля берага Явы.

Нарэшце здалёк, нібы ад мора, пачуліся слабыя гукі стрэлаў. Прыслухаліся — стрэлы паўтарыліся. Прайшло некалькі мінут — зноў серыя стрэлаў. І стрэлы рытмічныя, з аднолькавымі інтэрваламі.

— Яны! Яны! — загаманілі на «Саардаме».— Ні ў якой перастрэлцы такіх правільных стрэлаў не будзе. А калі яны страляюць, значыцца, небяспекі няма, значыцца, і мы можам даваць сігналы. Толькі трэба выбраць,— ці гудок, ці агні, ці такія самыя выстралы.

— Можа, нават выстрал з гарматы? — дадаў нехта не то жартам, не то сур’ёзна.

— Гармата не гармата,— адказаў Салул сур'ёзна,— а гудок у такі час і ў такім месцы можа разысціся далёка і даляцець да такога вуха, у якое ён не павінен трапіць: агні таксама могуць дайсці далёка і трапіць у непажаданае вока. Значыцца, трэба адказваць такімі самымі стрэламі з вінтовак.

На гэтай мове экіпажы карабля і лодкі вельмі хутка дагаварыліся і праз паўгадзіны злучыліся.

Рашучы момант набліжаўся. Карабель падышоў да рыфаў.

— Каб яшчэ светла было, дык паўбяды, а так ужо занадта рызыкоўна,— разважалі маракі.— Нават сваім святлом вельмі асвятляцца нельга, каб не звярнуць на сябе непатрэбнай увагі.

На Гейса быў ускладзены тэхнічны, інжынерны бок справы. Ён загадаў запаліць тры ліхтары: два па баках і адзін наперадзе. Бакавыя трэба было засланіць зверху і накіраваць святло толькі на скалы па баках праходу. Пярэдні ліхтар такім самым чынам павінен быў асвятляць дарогу перад носам карабля. Калі нарэшце запалілі ўсе тры ліхтары, то засталіся вельмі задаволенымі: толькі тры светлыя плямы блішчалі на вадзе, а ўвесь карабель губляўся ў змроку.

— Гэтак і за паўмілі не заўважыш яго,— цешыўся Гудас.

Потым замацавалі два тросы на беразе: адзін прама наперадзе, а другі далей, убок. Гэтыя тросы павінны былі наматвацца лябёдкамі, каб карабель пасоўваўся наперад павольна, цвёрда і пэўна, крыху наўскасок і не адхіляючыся ў бакі. На долю каманды заставалася толькі кіраваць кармой карабля, каб яна не стукнулася аб каменні. Але гэтае «толькі» было цяжэй і небяспечней за ўсё іншае.

Заставалася яшчэ адна небяспечная магчымасць. Калі карабель павольна цягнуць наперад двума напружанымі тросамі, ён, вядома, адхіляцца не будзе і пойдзе па сярэдняй лініі. Але што будзе, калі хвалі штурхануць яго ззаду і прымусяць пайсці хутчэй, як трэба?

— Значыцца, трэба будзе даваць задні ход, каб карабель не пасунуўся наперад,— адказаў Гейс.— Інакш кажучы, трэба будзе адначасова карыстацца абедзвюма процілеглымі сіламі і даваць перавагу першай настолькі, наколькі гэта патрэбна. Разам з тым гэта значна паслабіць і рухі кармы ўбок.

Доўга ішла падрыхтоўчая праца. Асабліва цяжка было замацаваць тросы. Вада тым часам усё прыбывала. А другой гадзіне яна заліла ўжо і той камень, які служыў меркай прыліву.

Карабель стаяў нарыхтаваўшыся, носам наперад, і чакаў апошняй хвіліны. Сто чалавек каманды выстраіліся па бартах, узброеныя чым толькі магчыма. Усе трымалі ў руках што-небудзь, каб адапхнуцца ад скалы. Нават мяхі з мукой пусцілі ў ход; яны віселі па баках на вяроўках, і два чалавекі трымаліся за канцы, каб у выпадку неабходнасці апусціць мяхі ў ваду між караблём і скалой.

— Пачынай! — скамандаваў Гейс.

Затарахцелі лябёдкі, нацягнуліся тросы — і карабель папоўз наперад. Але чым бліжэй да рыфаў, тым мацней былі хістанні карабля. Гудас стаяў ля штурвала. Босы, з голай галавой, у расшпіленай падранай кашулі, з бліскучымі вачыма, ён здаваўся адным з тых капітанаў-зданяў на зачараваных караблях, аб якіх ходзіць столькі легенд сярод маракоў усяго свету.

Гейс кіраваў машынамі. Яго рухі і голас здаваліся зусім спакойнымі, але больш пільнае вока магло б заўважыць, як дрыжаў кожны нерв, кожны мускул на яго твары і руках.

— Задні ход!

— Аслабіць тросы!

— Аслабіць ход!

— Узмацніць тросы!

Вось ужо сярэдзіна карабля ў праходзе. Каманда з поспехам адпіхваецца ад скал. Вось самы рызыкоўны момант: у праходзе хістаецца карма. Вось яна адхіснулася налева на камень. Шчацінне з жардзей, кіёў утыкаецца ў камень, слізгаецца.

Вось адзін з людзей паляцеў з трапа ў ваду, ледзь не трапіў паміж караблём і скалой, потым неяк выплыў к носу карабля. Ратаваць яго не было часу і не было патрэбы,— ведалі, што не ўтопіцца.

Потым раптам карму кінула направа. Людзі не паспелі ці не змаглі ўтрымаць яе сваімі жэрдкамі... Але штуршок быў слабы: два мяхі з мукой апынуліся між караблём і каменем.

Лягчэй уздыхнулі сотні грудзей. І яшчэ лягчэй усе ўздыхнулі, калі карабель шугануў праз бар’ер. Але радасць была сапсавана другім штуршком, цвёрдым, злым. Трэснула наперадзе, ля носа.

Гейс кінуўся туды. Нос карабля не дакранаўся да берага. Значыцца, карабель зачапіў нейкі падводны камень ля сцяны.

Тым часам знізу паведамілі, што ў левай насавой частцы, на паўметра ніжэй ватэрлініі, з’явілася трэшчына, на шчасце невялікая, бо рух карабля быў вельмі слабы. Пакуль што запхнулі яе, пусцілі ў ход насосы і пачалі рухацца далей.

— У параўнанні з усёй справай такая бяда — зусім не бяда,— сказаў Гейс.— А калі разгрузім карабель, то прабоіна падымецца над вадой, і яе лёгка будзе паправіць.

Далейшая праца была ўжо лягчэйшай. Паціху заехалі ў фіёрд, паставілі карабель, замацавалі яго. Але, на жаль, увесь ён не схаваўся, і карма яго крыху высоўвалася. Праўда, высоўвалася яна не ў мора, а ў такі самы фіёрд, але ўсё ж такі, калі хто-небудзь з мора захацеў бы пільна прасачыць бераг, то мог бы заўважыць.

— Нічога! — супакоіў Гудас.— Мы так прыбяром канец зялёным галлём і дрэвамі, што нават зблізку не пазнаюць.

Гэтую ноч правялі нібы ў сябе дома. Кожны адчуваў спакой, упэўненасць. Важнейшая праца была зроблена, зброі не пагражае непасрэдная небяспека. Нават каб цяпер і з’явіліся галандцы, з імі можна было б уступіць у бойку, як роўны з роўным.

Каб выгрузіць зброю пры такіх нязручных умовах, знайсці для яе месца, перанесці, размеркаваць, а потым яшчэ паправіць карабель,— патрабавалася шмат часу, можа, некалькі месяцаў. А тым часам трэба было падрыхтаваць справу і з другога боку — увайсці ў сувязь з арганізацыямі па ўсёй краіне.

Дзеля гэтага ўжо на другі дзень Гейс і Салул пакінулі карабель і накіраваліся праз горы. А там яны разлучыліся:

Салул паехаў у Батавію, а Гейс — у Сурабайю. Адтуль ён паехаў у Сінгапур і прыехаў у Батавію ўжо ў якасці паважанага мінгера ван Дэкера. Далейшае нам ужо вядома.

* * *

Каманда «Саардама» прыступіла да працы. Спачатку «упрыгожылі» карабель: так схавалі яго за зелянінай, што разгледзець што-небудзь можна было б, толькі пад’ехаўшы зусім шчыльна.

Потым пачалі рыхтавацца да выгрузкі, прыладзілі блокі, каб падымаць цяжары ўгору. Але ў той жа дзень прыйшлося не толькі прыпыніць падрыхтоўку, але нават прыбраць тое, што было зроблена.

На захадзе ля берага заўважылі чорную кропку. Праз некаторы час убачылі, што гэта паравое невялікае судна. А яшчэ праз некалькі хвілін пераканаліся, што гэта галандскі мінаносец.

Па тым, што ён ішоў з захаду ўздоўж берага і нібы часам прыпыняўся, можна было здагадацца, што ён пасланы спецыяльна, каб абследаваць паўднёвы бераг Явы, а можа, і іншых астравоў і знайсці след «Саардама».

— Схаваць усе сляды і падрыхтавацца да бою! — раздалася каманда Гудаса.

Праз момант Скалы Ластаўчыных Гнёздаў апусцелі, заціхлі. Толькі буруны гулі ля рыфаў ды саланганы гарланілі. А іншыя птушкі нават асмялелі настолькі, што пачалі лётаць па дрэвах, што засланялі карму «Саардама». І стары Гудас за гэта быў ім вельмі ўдзячны.

Мінаносец наблізіўся. Убачыўшы маленькую бухту, ён нават павярнуў бліжэй да берага, але пеністыя буруны папярэдзілі яго, што сюды набліжацца нельга. Вакол бязлюддзе; толькі птушкі шчабечуць ды лётаюць па дрэвах.

Ці магло каму прыйсці ў галаву, што тут хаваецца карабель, што дзвесце вачэй напружана сочаць за кожным рухам мінаносца? І ён паехаў сабе далей.

Пасля гэтага на працягу некалькіх тыдняў бачылі толькі адно паруснае судна і адзін параход, ды і то далёка на гарызонце. Можа, гэта таксама быў галандскі ваенны карабель, які шукаў іх вакол Явы, але пасля першага выпадку каманда «Саардама» бадай зусім не трывожылася.

Праца ж ішла сваёй чаргой. Марудна, скрыня за скрыняй падымаліся ўгору вінтоўкі, патроны; паднялі некалькі кулямётаў. Доўга прыйшлося радзіцца, ці чапаць карабельныя гарматы. Адны казалі, што «Саардаму» з яго чатырма невялікімі гарматамі ўсё роўна нельга ўступаць у бойку з добрымі ваеннымі караблямі, а на зямлі яны спатрэбяцца. Другія даводзілі, што і на зямлі іх нельга будзе выкарыстаць, бо перацягнуць іх праз гэтыя горы ды з належнай колькасцю снарадаў — не хопіць сіл. Досыць будзе, калі ўдасца даставіць усе вінтоўкі, кулямёты і патроны. Чатыры гарматы ўсё роўна не вырашаць лёсу вайны, а на караблі могуць спатрэбіцца хоць бы супраць таго самага мінаносца. Трэція прапанавалі падзяліць гарматы папалам.

Але брацца за гэтую справу было яшчэ рана, бо выявілася, што і той часткі зброі, якая ўжо выгружана, няма куды дзець. Дзірка, праз якую тады лез Сідан з таварышамі, была ўжо зусім поўная, што вельмі перашкаджала зносінам з вяршыняй гары. Некалькі суседніх невялікіх шчылін таксама былі запоўнены, а між тым не было выгружана і трэцяй часткі ўсяго дабра. Тым часам дажджы пагражалі зусім сапсаваць справу.

Прыйшлося падумаць аб тым, каб знайсці больш адпаведны склад для зброі.

Пачалі кожны дзень пасылаць па некалькі чалавек на разведку, каб адшукаць якую-небудзь пячору. Аблазілі ўсе навакольныя горы, але не так лёгка было знайсці падзямелле, каб змясціць усю зброю.

У час адной з такіх экскурсій нават згубілі таварыша.

Група з пяці чалавек заблудзіла ў гарах. Круціліся яны паўдня, змарыліся, выгаладаліся і нарэшце апынуліся перад бяздоннем, якое далёка ішло ўправа і ўлева. Перайсці нельга, трэба абысці, але з якога боку? Парашылі паслаць двух чалавек у абодва канцы, каб выгледзець лепшую дарогу. Але ісці нікому не хацелася, бо ўсе змарыліся. Тады адзін вызваўся пайсці добраахвотна; гэта быў Гано, той самы гуляка, у якім прачнулася сумленне ў час захопу «Саардама».

— Малайчына, Гано! — пахвалілі таварышы.— Добры сябар. А другому ўжо прыйдзецца пайсці па жэрабю.

Пайшлі таварышы ў абодва канцы. Праз паўгадзіны пачуўся стрэл з таго боку, куды пайшоў гэты другі таварыш. Гэта азначала, што дарога знойдзена. Тады пачалі страляць, каб даць знаць Гано, што можна вяртацца. Але адказу ніякага не было. Зноў пачалі страляць, пачакалі і нарэшце вымушаны былі ісці шукаць яго.

— Вось табе і выгадалі! — бурчалі таварышы.— Усё роўна давялося ісці, ды, можа, яшчэ няшчасце якое здарылася.

Увесь час страляючы, пайшлі яны ў той бок і ў адным месцы, на вострым вузкім беразе бяздоння, знайшлі кавалак кашулі Гано.

Справа ясная: небарака зваліўся ў бяздонне...

Каб супакоіць сумленне, пастралялі яшчэ. Паспрабавалі былі знайсці цела, але ніяк нельга было даступіцца да дна. Так і вярнуліся ні з чым.

Калі на караблі даведаліся пра няшчасце, то вельмі шкадавалі небараку.

— Шмат за ім было грахоў, але шчыры быў хлапец. Адразу перайшоў да нас, хоць гэтага ад яго і не чакалі.

Асабліва засмуціўся Сагур, былы памочнік Салула. Ён падышоў да Гудаса і доўга аб нечым размаўляў з ім.

 

ІІ. ПА ЦЭНТРАЛЬНАЙ ЯВЕ

 

Далейшае падарожжа ван Дэкера.— Незалежны султан і яго малодшы брат.— Яснавяльможнае пудзіла.— Самы вялікі імператар у свеце.— Страўная працэсія.— Нарада ў настаўніка.

Цягнік павольна рухаўся на ўсход. Дарога ўздымалася, закручвалася, абмінала горы, перасякала цясніны. Па баках яе то засаджаныя рысам тэрасы, то шырокія даліны, падзеленыя на «савахі» (участкі), нібы шахматы. І ўсюды, бы мурашкі,— народ; ён ідзе пехатою побач з цягніком, таўчэцца на станцыях, капошыцца на палях, туліцца у сваіх кампонгах.

Вышыня мясцовасці — больш за тысячу метраў, таму, нягледзячы на паўдзённы час, гарачыня крыху меншая, як звычайна бывае ў гэтых краях. Вось Бандунг, галоўны горад рэзідэнцтва Прэангер. Ён таксама галоўны ва ўсім свеце па здабычы хіны. Гэтая расліна, прыехаўшы з Паўднёвай Амерыкі, вельмі добра адчувае сябе тут. Усе горныя тэрасы засаджаны хінавымі дрэвамі. Адны толькі што пасаджаны, другія падрастаюць, а трэція дасягнулі сваіх васьмі год, і іх сякуць, абдзіраюць кару і вязуць на фабрыку.

...У вагоне першага класа едуць чалавек пятнаццаць пасажыраў і сярод іх знаёмы нам мінгер ван Дэкер, паважаны прадстаўнік фірмы ван Бром і К° у Амстэрдаме. Супраць яго сядзіць круглы галандскі плантатар і дае яму парады:

— Вы крыху спазніліся, мінгер ван Дэкер, з сваёй справай. Умовы цяпер значна пагоршыліся. Зямлю цяпер вельмі цяжка знайсці. Можа, толькі дзе-небудзь у дзікім кутку, далёка ад чыгункі.

— Наша фірма мае на ўвазе шырока паставіць справу,— важна казаў ван Дэкер.— Яна не спыніцца нават перад тым, каб пабудаваць сваю ўласную чыгунку.

— Вось такія прадпрыемцы нам цяпер і патрэбны! — падхапіў сусед, па выгляду нейкі значны галандскі чыноўнік.— Нам трэба несці культуру ў глыбіню краіны. Шмат яшчэ ёсць куткоў, куды не дасягнула цывілізацыя, дзе яшчэ не ведаюць усёй той карысці, што прыносіць тубыльцам галандская ўлада.

— Становішча пагоршылася яшчэ з другога боку,— казаў далей плантатар.— За апошнія шэсць-восем год нейкае паветра занесла такія настроі, пра якія раней нават ніхто не чуў: нейкія саюзы, арганізацыі, партыі. Можаце ўявіць сабе, як усё гэта пасуе да тутэйшага насельніцтва.

Ван Дэкер зірнуў на другую лаву, дзе сядзелі прадстаўнікі «тутэйшага насельніцтва»,— маладая прыгожая яванка ў шаўковым саронгу і чалавек, убраны, як дасканалы еўрапеец, толькі босы. Яны гутарылі паміж сабой па-галандску.

Плантатар заўважыў погляд ван Дэкера і ўсміхнуўся:

— Не бойцеся! Не пра такіх ідзе гутарка. Гэта вышэйшы, культурны клас. Яны самі разумеюць усё тое, пра што я кажу.

Да яванцаў падышоў бліскучы галандскі афіцэр, і пачалася гутарка. Яванка паблісквала вачыма, памахваючы веерам; яе босы кавалер жартаваў з афіцэрам, бы са сваім братам.

«Тут ужо сапраўднае раўнапраўе»,— падумаў ван Дэкер-Гейс.

Пад вечар прыехалі на станцыю Маос. Тут цягнік спыняецца на ўсю ноч, і пасажыры павінны шукаць начлег у мястэчку. Амаль усе спадарожнікі ван Дэкера ехалі ў Сурабайю і павінны былі чакаць разам з ім.

— Едзем разам у адзін атэль; я пакажу вам лепшы,— прапанаваў ласкава плантатар.

— Гэта будзе залежаць ад майго слугі, які вязе мяне па краіне і адказвае за ўсё, добрае і нядобрае,— адмовіўся ван Дэкер.

Яму зусім не выпадала важдацца з гэтымі панамі, асабліва ў Маосе. Ад Маоса ішла дарога ў Тжыладжап, да якога было толькі пятнаццаць кіламетраў. Тут былі таварышы, якім ён даваў тэлеграму пра небяспеку для «Саардама». Трэба было даведацца, ці папярэдзілі Гудаса, ці выратаваўся ён з караблём, ці паспеў выгрузіць зброю, і наогул даведацца, як абстаяць іхнія справы ў гэтым раёне.

— Не забудзьцеся прыняць хінавыя пілюлі! — параіў напаследак плантатар.— Гэта гіблая мясціна з'яўляецца цэнтрам ліхаманкі.

— Дзякую,—адказаў ван Дэкер, выходзячы з вагона.

Там яго ўжо чакаў Тугай-Салул. Ён падхапіў пакункі, пасадзіў свайго «пана» на фурманку, і праз пяць мінут яны спыніліся ў маленькім заезным доме. Ледзь толькі яны засталіся адны, Салул сказаў:

— Я думаю, нам абодвум не варта ехаць у Тжыладжап. Я адзін паеду.

— Нічога супраць не маю,— жартаўліва адказаў Гейс.— Адпачыць мне не пашкодзіць.

Салул вярнуўся а трэцяй гадзіне і расказаў, што тэлеграму атрымалі і зараз жа паслалі двух надзейных таварышаў. Аб далейшым нічога яшчэ невядома.

— Ну, а які настрой тут?

— Ды што ж,— махнуў рукой Салул.— Як і ўсюды: церпяць, маўчаць і чакаюць збавення з неба. Зразумела, калі штурхануць іх, дык заварушацца.

— Ці хопіць людзей для гэтага штуршка?

— Вельмі цяжка назваць пэўны лік. Думаюць, што на першы пачын знойдзецца чалавек сто.

Раніцою паехалі далей. Ван Дэкер знайшоў у сваім вагоне бадай усіх тых пасажыраў, з якімі ехаў учора. Плантатар, чыноўнік, афіцэр і нават яванскі франт сустрэлі ван Дэкера, як знаёмага.

— Зараз паедзем за граніцу! — сказаў плантатар, калі поезд рушыў з месца.

Гейс ведаў, пра што той кажа, але трэба было прыкідвацца, што ён першы раз на Яве і не здагадваецца, у чым справа. Ён нібы здзіўлена зірнуў на свайго суседа. Той пачаў тлумачыць:

— Зараз пачнецца незалежная дзяржава Джоджакарта.

— Чуў пра гэта,— казаў ван Дэкер,— але добра не разумею, як гэта выходзіць. Ці сапраўды яна незалежная?

— А як жа ж! Свой уласны султан, урад. Свае ўласныя вельмі важныя саноўнікі. Свая ўлада на месцах. Чаго ж вам болей трэба? А вось вам і прадстаўнік гэтай улады. Палюбуйцеся!

Поезд стаяў на маленькай станцыі. Як звычайна, таўклося шмат народу, галоўным чынам гледачы. Прадаўцы, большай часткай кітайцы, бегалі з бананамі, гатаваным рысам, малаком і рознымі іншымі падазронымі па якасці стравамі.

Паміж іншым, можна было заўважыць, што тутэйшы народ, яванцы, крыху адрозніваецца ад жыхароў Заходняй Явы, сунданезцаў. Яванцы меншага росту, але складнейшыя. Колер скуры святлейшы. Гейс адразу прыпомніў бантамскіх бадувісаў.

Вось натоўп рассунуўся. Над галовамі закалыхаўся яркі, пярэсты «пайёнг» (парасон). Нёс яго паўголы слуга, пасоўваючыся задам да вагона. А пад пайёнгам важна рухаўся чалавек, які нібы толькі што ўцёк са сцэны тэатра. Стракаты шаўковы саронг блішчаў рознымі цацкамі; з-пад яго відаць былі шырачэзныя шаўковыя штаны з жоўтымі і чорнымі палосамі, а ногі былі босыя. Галава была абкручана рознакаляровай хусткай, а на ёй яшчэ сядзеў каўпак («кулук»).

На «кававым» твары гэтага чалавека чорнай тушшу былі намаляваны маленькая бародка, вострыя, закручаныя вусікі і бровы ад самага пераносся амаль да вушэй. У малайскага племя, як вядома, бадай-што не растуць валасы на твары, а між тым у культурных еўрапейцаў ёсць і барада і вусы. Каб не адставаць ад іх, яванскія паны самі сабе малююць бараду, вусы і ў дадатак яшчэ бровы да вушэй.

Але народ зусім не дзівіўся з гэтага пудзіла. Наадварот яшчэ, склаўшы рукі далонямі і працягваючы іх наперад, яны схіляліся перад гэтым панам з самай шчырай пашанай.

Ля дзвярэй вагона адбылося непаразуменне. Пайёнганосец не мог пралезці ў вагон са сваім парасонам, а скласці яго было нельга. Відаць, гэты пачэсны і заслужаны пайёнг рабіўся тады, калі яшчэ не прадбачылі такой штукі, як вагон.

Пайёнганосец спрабаваў быў ціскацца і так і гэтак, але нічога не мог зрабіць. Між тым далі сігнал на адыход цягніка, і бедны саноўнік адаслаў пайёнг назад і ўлез у вагон адзін.

Еўрапейская культура перамагла азіяцкую.

— Гэта які-небудзь «адзіпаці» ці «паці»,— казаў тым часам паслужлівы плантатар.— Шмат у іх розных чыноў, кожны мае свае адзнакі, спецыяльнага колеру пайёнг. У адносінах паміж сабой яны строга прытрымліваюцца старажытных цырымоній. Нават мова ў розных выпадках ужываецца розная. З вышэйшымі такі «адзіпаці» гаворыць на адной мове, а ніжэйшымі — на другой, а з роўнымі — на трэцяй.

Саноўнае пудзіла ўвайшло ў вагон. Усе пасажыры, у тым ліку і галандцы, з пашанай пасунуліся, каб даць яму лепшае месца.

— Але, як я бачу, вы і самі шануеце іх,— заўважыў ван Дэкер.

Плантатар паціснуў плячыма.

— Хай сабе гуляюць! Нам яно не пашкодзіць,— і, схіліўшыся бліжэй, ціха дадаў: —Усё роўна ўсёй краіны мы засяліць не можам, асабліва гэтыя вільготныя і нездаровыя мясціны. На ўсю гэтую дзяржаву з некалькімі мільёнамі чалавек нас набярэцца некалькі соцень. Вядома, у такім выпадку лепш сябраваць, як ваяваць. Пакуль што хай сабе гуляюць у незалежнасць!

Гейс ведаў усё гэта лепш ад плантатара і не працягваў гутаркі.

Мясцовасць была балоцістая. Звяртала на сябе ўвагу вялікая колькасць палёў, засаджаных цукровым трысцём, і шмат комінаў цукровых заводаў. Але і сярод агульнай беднаты ўсяго яванскага народа гэта краіна вызначалася сваёй беднасцю. Прычына вельмі простая: тут апрача галандцаў смакталі сокі яшчэ «незалежны» султан і ўсе яго «паці» ды «адзіпаці».

Апаўдні пад’ехалі да Д’ёк’і, сталіцы Джоджакарты. Гарадок хаваўся ў зеляніне, сярод якой відаць быў «кратон» — палац султана, абнесены сцяною. Гэта цэлы горад з войскам, садамі, звярынцам, слугамі,— разам пятнаццаць тысяч чалавек. Жыццё тут ідзе гэтак жа, як і сотні гадоў назад; як і раней, султан з’яўляецца богам для свайго народа.

Толькі ёсць маленькі, нязначны дадатак: збоку стаяць дом і крэпасць «малодшага брата», галандскага рэзідэнта. Адтуль высоўваюцца гарматы акурат на кратон. Дзякуючы гэтаму між султанам і малодшым братам заўсёды пануе згода. Малодшы брат вельмі шануе старэйшага, а старэйшы ўважліва слухае «парады» малодшага.

У Д’ёк’і выйшла некалькі пасажыраў, у тым ліку і паважаны адзіпаці. Поезд крануўся далей.

— А цяперака паедзем у другую, яшчэ болей магутную незалежную дзяржаву — Суракарту,— сказаў плантатар.— Кіруе ёю вялікі імператар — «сусухунан» Паку-Бувона-Сена-паці...э...э...

— Інгнагалога,— падказаў са смехам чыноўнік.

— Нгабдур,— дадаў афіцэр.

— Так, так, Інгнагалога-Нгабдур і Рахман, здаецца,— тужыўся плантатар.

— І яшчэ: Сайдын-Панатагама,— скончыў босы джэнтльмен.

— Ну, скажыце, ці не вялікі сусухунан? — звярнуўся плантатар да ван Дэкера.

— Павінен прызнацца, што больш вялікага імя я не чуў у сваім жыцці,— адказаў ван Дэкер.

Усе ў вагоне засмяяліся.

Нават не заўважылі, як апынуліся ў другой дзяржаве. І тут, так сама як і ў Джоджакарце, адчувалася большая беднасць, як у іншых месцах Явы. Але разам з тым заўважаліся адзнакі былой культуры. Відаць былі руіны старажытных храмаў і часам каменны ідал на полі. У XV стагоддзі тут было вялікае Матарамскае царства.

— Станцыя Сало! — абвясціў кандуктар.

Гэта і быў галоўны горад Суракарты. Ван Дэкер сабраў рэчы, развітаўся з сваімі выпадковымі знаёмымі і выйшаў з вагона.

Станцыя маленькая, запушчаная, брудная. Мітусіцца і шуміць розны абарваны і голы люд. Няма ўжо галандскай чысціні і парадку. Але для Гейса з Салулам гэта было нават ка руку: прынамсі, лягчэй быць непрыкметным у гэтым дзікім натоўпе.

Вуліцы вузкія, заваленыя смеццем і гноем. Дамы і хаціны дрэнныя, дзіравыя. На вуліцах, на рынку, на плошчы, між дамоў, нібы чэрві, капошацца людзі. Толькі нанач хаваюцца яны ў свае шчыліны, а ўдзень усё дамовае жыццё адбываецца пад адкрытым небам. Не відаць ні магазінаў, ні майстэрняў, бо няма каму прадаваць і рабіць рэчаў. Жывуць усе гэтыя людзі толькі бананамі ды жменяю рысу, што каштуе танней таннага.

Але далей, як належыць, ёсць панскі квартал. Гейс і Салул выехалі на вялікую плошчу, вакол якой стаяць два атэлі, галандская кірха, клуб, магазіны і дамы галандцаў. Сюды ж падыходзіць і сцяна імператарскага кратона, а насупраць яго, як і ў Джоджакарце, крэпасць «малодшага брата».

На плошчы ім трапілася ўрачыстая працэсія, якая, відаць, накіроўвалася ў імператарскі кратон. Павольна, сур’ёзна, па два ў рад рухалася некалькі дзесяткаў чалавек у рознакаляровых каўпаках з рыбіных пузыроў, у яркіх саронгах і шараварах, з крывымі крысамі за спіною. У паднятых над галавою руках яны неслі залатыя і срэбныя блюды, міскі з накрыўкамі. Наперадзе ішоў важны чалавек і строгімі рухамі адганяў убок сустрэчных людзей, а з бакоў працэсіі спецыяльныя асобы трымалі над блюдамі і міскамі жоўтыя шаўковыя пайёнгі.

— Абед сусухунану нясуць,— прамовіў фурман, паказваючы на працэсію.

Гэты звычай мае сваю цікавую гісторыю. Як і ў кожным добрым царскім палацы, у Суракарце таксама бываюць інтрыгі, змовы, забойствы. І вось калісьці аднаго такога імператара блізкія людзі атруцілі. Наступнік, баючыся такога самага лёсу, папрасіў у рэзідэнта, каб ён дазволіў гатаваць стравы ў рэзідэнцкай кухні. Рэзідэнт ахвотна згадзіўся, і з таго часу ўсе сусухунаны гатуюць страву ў рэзідэнта. Самі галандцы гэтага жадалі: хоць і кухонная, а ўсё ж такі палітыка, усё-такі народ бачыць, што іхні цар просіць ласкі ў галандцаў.

Праз некалькі крокаў ля аднаго дома ўбачылі звычайнага, па-еўрапейску ўбранага галандца, над якім таксама пайёнганосец нёс парасон.

Тут ужо і Гейс здзівіўся.

— Глянь, які адзіпаці знайшоўся! — звярнуўся ён да Салула.

— Ды тут яны ўсе так робяць,— адказаў той.— Чым жа ж яны горшыя ад тутэйшых паноў? Сама ўлада размеркавала паміж іх пайёнгі адпаведна чыну і стану кожнага.

Прыехалі ў атэль.

— Калі ласка, дайце мне такі пакой, каб побач быў другі пакойчык для майго слугі,— сказаў Гейс гаспадару, сухарляваму рухляваму галандцу.

— Ці доўга будзеце ў нас?

— Некалькі тыдняў, але часта буду адсутнічаць па некалькі дзён, бо мае справы патрабуюць выездаў з горада. Дарэчы, можа, і вы, як тутэйшы, ведаеце, у якім раёне лягчэй будзе заарандаваць зямлі пад плантацыі для вялікай галандскай фірмы? Вашыя паслугі не застануцца без узнагароды.

— Пастараюся, пастараюся, шаноўны пане! — яшчэ ласкавей замітусіўся гаспадар.

Пад вечар Гейс выйшаў на вуліцу. За некалькі крокаў ад яго пакорна ішоў яго слуга і нёс панскае паліто.

Недалёка ад атэля яны спыніліся ля адных дзвярэй, над якімі была шыльда: школа. Азірнуўшыся, яны ўвайшлі ў гэтыя дзверы.

Настаўнік-яванец Пандо быў свой чалавек і служыў галоўным звяном для сувязі ў падпольнай рабоце. З вялікай радасцю сустрэў ён гасцей, адвёў іх у дальні пакой, пазачыняў усе дзверы і вокны і, вярнуўшыся да таварышаў, пачаў распытваць, як ідуць справы.

З захапленнем праслухаў ён, як быў захоплены «Саардам», адведзены пад Скалы Ластаўчыных Гнёздаў, як ужо выгружаюць зброю, ды яшчэ колькі яе! Якая база створана ў Бантаме, што чуваць у Батавіі.

— Ну, а цяпер раскажы, што ў вас тут робіцца? — скончыў Салул.

— Мы можам разлічваць,— адказаў Пандо,— на чалавек чатырыста актыўных арганізаваных таварышаў, якія складуць касцяк паўстання. Яны павядуць за сабой тысячы людзей. Каля паловы гэтых таварышаў — камуністы. Лозунг на сённяшні дзень — свабода і незалежнасць радзімы.

— Пад гэтым лозунгам і сам сусухунан можа пайсці,— усміхнуўся Гейс.

— Не ведаю, як сусухунан,— сказаў Пандо,— а яго саноўнік Радан-Баго з’яўляецца нашым «саюзнікам». Ён, відаць, улічыў напружанае становішча на Яве і хоча сам стаць тут на чале вызваленчага руху, каб аднавіць ранейшую Матарамскую імперыю, дзе феадалы маглі б эксплуатаваць народ самастойна, без галандцаў. Мы маем звесткі, што ён павёў актыўную падпольную работу ў гэтым напрамку праз мулаў і іншых буржуазных нацыяналістаў. Баюся, што ў нашай цёмнай, адсталай краіне за муламі пойдзе больш народу, чым за намі.

— Гэтага баяцца не трэба,— заўважыў Салул,— бо на першым этапе ў нас будзе адна задача, а там народ сам разбярэ, куды яму лепей ісці.

— У такім сэнсе і мы атрымалі ўказанні з Сурабайі,— адказаў Пандо.— Нам нават даручана падтрымліваць некаторы кантакт з імі на выпадак узгаднення дзеянняў. Можа, вы мне дапаможаце ў гэтай дыпламатыі?

— Мне, як галандцу, зусім не выпадае абмяркоўваць з імі, як лепей прагнаць галандцаў,— засмяяўся Гейс.— Ды яны мне і не павераць.

— Гэта праўда,— згадзіўся Пандо. Я з свайго боку сабраў матэрыялы, каб паказаць, што я ў курсе іхніх спраў, пасябраваў з адным мулой і праз яго пазнаёміўся з самім Радан-Баго. Яны пакуль што ведаюць толькі, што я адданы справе вызвалення радзімы ад галандцаў. А што далей рабіць — не ведаю.

— Я думаю,— сказаў Салул,— што больш нічога і не трэба рабіць. Гэта і будзе кантакт. А калі пачнецца справа і выявіцца патрэба ў каардынацыі дзеянняў, тады мы цябе і пашлём для перагавораў.

— Правільна! — пацвердзіў Гейс.— Але можаце быць упэўненымі, што да гэтага справа не дойдзе. Калі б і прыйшлося ўзгадняць аперацыі, то ў кожным разе не з такім «правадыром», а з тымі, хто сам будзе ваяваць.

Пандо быў задаволены, што ніякіх далейшых дыпламатычных крокаў ад яго не патрабуецца.

— Які ж план вашай работы ў нас? — спытаў ён.

— Я еду ў Сурабайю,— адказаў Салул,— каб канчаткова ўзгадніць некаторыя пытанні з Батавіяй. Разам з тым мы вызначым канкрэтныя задачы для вас. Пасля таго правядзём нарады вашага актыву. Табе, Пандо, прыйдзецца тым часам падрыхтаваць усю гэтую справу, вызначыць месца, сабраць людзей.

— На які дзень?

— Хто яго ведае, колькі часу прыйдзецца мне быць у Сурабайі,— задумаўся Салул.— А колькі табе патрэбна часу на падрыхтоўку?

— Не менш чатырох дзён,— адказаў Пандо.— Народ наш параскіданы...

— Ну добра, назначай тады на пяты дзень,— парашыў Салул.— Я прыеду.

— А дзе будзе ў гэты час таварыш Гейс? — спытаў яшчэ Пандо.

— Паважаны ван Дэкер, прадстаўнік фірмы ван Бром і К°, застанецца тут і будзе рабіць сваю карысную справу,— адказаў Салул з жартаўлівай урачыстасцю.

На другі дзень Салул і Пандо выехалі з горада, а Гейс паехаў з візітамі да прадстаўнікоў мясцовай улады.

 

ІІІ. ЗМЯІНАЕ ПАДЗЯМЕЛЛЕ

 

Пошукі склада для зброі.— Вулканічнае гняздо.— Дзік ці чорт? — Шкляны палац.— Паляванне пад зямлёй.— Змяінае царства.— Таемныя стрэлы.— Пякельнае з'явішча.— Неспадзяваная матэматыка.— Канвеер.— Трывожная тэлеграма.— Адплыццё «Саардама».

Нарэшце разгрузку зброі прыйшлося зусім спыніць, бо ўжо не было дзе складаць яе. А склад усё не знаходзіўся. Тады адправілі чалавек дваццаць у далёкую экспедыцыю.

— Даю вам часу хоць тыдзень, але адшукайце памяшканне,— сказаў Гудас.

Экспедыцыя накіравалася на захад, туды, дзе дыміўся вулкан. Спадзяваліся, што ён за сваё жыццё павінен быў нарабіць досыць розных пячораў.

Каб не блытацца, пайшлі па беразе мора. Але не надта выгадалі: усё роўна прыходзілася круціцца, абмінаць скалы і фіёрды. Зразумела, не міналі выпадку, каб адысціся ўбок, зірнуць у кожную шчыліну.

У адным месцы знайшлі вельмі добрую пячору, але занадта малую.

— У кожным разе заўважце яе добра, таварышы,— сказаў Сідан.— Можа, спатрэбіцца і яна.

Толькі пад вечар падышлі да вулкана і спыніліся ля яго на начлег. Вулкан быў не высокі, але затое вельмі шырокі. Уласна кажучы, гэта было нібы вулканічнае гняздо. Складалася яно, прынамсі, з шасці вулканаў, з якіх дзейнічаў толькі адзін. Рэшта даўно ўжо згасла.

— Выгляд іх падае надзею на поспех,— казаў Сурат.— Вельмі ўжо дзіка яны раскіданы. Вунь колькі таемных цяснін!

Калі сцямнелася, падарожнікі маглі палюбавацца заравам, нібы ад пажару.

— А ўсё ж я лічу, што такое месца не вельмі падыходзіць для склада ваенных прыпасаў,— са смехам сказаў Сідан.— Я думаю, яшчэ нікому ў свеце не прыходзіла ў галаву рабіць склад пораху ў вулкане.

— Затое нікому не прыйдзе ў галаву і шукаць яго там,— заўважыў Сурат.

— Зарана мяркуеце,— сказаў трэці таварыш.— Невядома яшчэ, ці знойдзем што добрае.

Назаўтра падняліся на галоўны вулкан. Але не так лёгка было гэта зрабіць, як сказаць. Спатрэбілася чатыры гадзіны, пакуль яны праціснуліся праз пушчы, пералезлі цераз скалы і цясніны ды ўзышлі на гару. Затое атрымалі і добрую ўзнагароду для вачэй і ўражання.

Кратэр вулкана здаваўся возерам на кіламетр навакол.

У гэтым возеры, нібы ў чыгуне, кіпела лава. У адным месцы яна была пакрыта цвёрдай карой, нібы лёдам, у другім — лёгка, павольна кіпела і пукала, бы каша. Пры гэтым кожны раз уздымаўся слуп пары і газу.

Раптам вецер падзьмуў з другога боку, і падарожнікаў ледзь не асмаліла. У дадатак пачуўся яшчэ непрыемны серны пах.

Усе пакаціліся ўніз.

— Ого! Кепскія жарты! — закрычалі яны.

— Гэтак ён нас калі-небудзь і зусім загубіць, калі мы прытулімся да яго. Ён можа і заліць нас сваёй кашай.

— Будзем спадзявацца, што ён устрымаецца некалькі тыдняў, а там мы і самі пакінем яго. Ды і наогул такія вулканы вельмі рэдка выліваюцца.

Трэба дадаць, што гэткія вулканы сапраўды дзейнічаюць спакайней. Звычайна яны не грукочуць, нічога не руйнуюць. Пакіпяць сабе паціху — і ўсё. Такімі вулканамі асабліва славяцца Гавайскія астравы ў Ціхім акіяне. Зразумела, гэта не значыць, што яны ніколі не могуць нарабіць бяды. У гэтым самым гняздзе раней, відаць, адбываліся вялікія і грозныя падзеі.

— Прымаймася, таварышы, за працу! — загадаў Сідан.

Трэба сказаць, што праца была надта цяжкай. Усё гэтае гняздо мела, прынамсі, дзесяць кіламетраў удоўжкі і ўшыркі, а гэта складала сто квадратных кіламетраў плошчы, якую трэба было абследаваць, ды як яшчэ! Глянуць за кожны камень, нават пад корч, пралезці ў кожную шчыліну, спусціцца ў кожную цясніну, у бяздонне. Нават калі тут і ёсць патрэбны куток, дык натрапіць на яго можна толькі выпадкова. А ў горшым выпадку можа і зусім яго не быць.

Першы дзень шукалі з запалам, другі дзень — з упартай энергіяй, а на трэці пачуліся галасы: «Ці не дарэмная праца?»

А тут яшчэ і харч выйшаў.

— Таварышы! — падбадзёрвалі Сідан, Сурат і актыўнейшыя матросы.— Усё роўна так або іначай нам трэба знайсці прытулак: ці тут, ці там, але шукаць трэба. Ну добра: калі тут не спадзяецеся, шукайце ў іншым месцы — гэта ўсё роўна. Але зусім спыніць усю нашу справу, рызыкаваць такім вялікім для нас багаццем, як зброя,— мы не можам.

Доўга даводзіць не трэба было, бо кожны і без таго добра разумеў становішча. Вылучылі пяць чалавек на паляванне, а самі зноў прыняліся за працу.

Як на тое ліха, і паляўнічым не пашанцавала. Валэндаліся яны паўдня і, апрача некалькіх маленькіх малпаў, нічога не бачылі. Ля адной крыніцы заўважылі былі сляды насарога, але яго самога знайсці не маглі.

— Нічога не зробіш, прыйдзецца тады малпаў пастраляць.

— Ды і іх ужо не відаць. Вось дык не шанцуе! — скардзіліся паляўнічыя.

Адпачылі крыху і зноў пачалі хадзіць. Па неглыбокай лагчыне, пакрытай вулканічным туфам, накіраваліся яны далей ад вулканаў, к мору. Ішлі так сабе, абы толькі ісці, нават стрэльбы закінулі за плечы.

І вось зусім неспадзявана з нейкай папараці выскачыла дзікая свіння і пабегла па лагчыне. Пакуль паляўнічыя знялі стрэльбы, яна завярнула ў бок і знікла.

Ледзь не плачучы ад прыкрасці, пабеглі нашы паляўнічыя ўслед. Завярнулі — і ўбачылі лясок з велізарных тамарындаў.

Ён цягнуўся направа і налева крокаў на сто, а далей уздымаліся спарахнелыя скалы. Прайшлі крокаў дваццаць наперад і напароліся ўжо на цвёрдую, стромкую скалу.

— Таварышы! Хутчэй назад! Станьма з таго боку! Яна павінна быць тут! Яна нікуды не магла ўцячы! — абрадаваліся паляўнічыя.

Яны выстраіліся ўздоўж адкрытага боку і са стрэльбамі напагатове пачалі пасоўвацца наперад. З кожнай хвілінай напружанасць узмацнялася. Вось засталося некалькі крокаў да сцяны, а звера ўсё няма.

Нарэшце падышлі да яе шчыльна і — усё роўна нікога!

— Не можа быць! Што гэта такое! Куды ж яна магла падзецца?

Пайшлі назад, агледзелі кожны куст, кожнае дрэва — і зноў нічога не заўважылі.

— Пачакайце! Куды ж яна магла ўцячы? На пярэднюю стромкую сцяну ўзлезці яна, безумоўна, не магла. Застаюцца бакавыя скалы, яны, здаецца, крохкія.

Уважліва агледзелі гэтыя скалы — і таксама ніякіх слядоў не заўважылі.

— Можа, гэта нам здалося? Можа, гэта не свіння, а нейкі чорт? — не то жартуючы, не то сур’ёзна сказаў адзін з таварышаў.

— Хай будзе і сам чорт, але мы павінны яго знайсці! — сказаў другі.

— З галадухі можна будзе і яго падсмажыць ды з’есці,— засмяяўся трэці.— Я ні разу не еў смажаных чарцей.

— Можа, на дрэва ўзлезла? — пажартаваў чацвёрты.

— Але ўсё ж такі, што нам рабіць?

— Пачнём калупаць кожную пядзю зямлі, асабліва каля карэнняў,— абавязкова знойдзем.

Пачалі зноў шукаць і нарэшце пад вялікім коранем тамарында, ля тых спарахнелых скал, што былі па баках, нават не ў кутку, а ля самага краю, сапраўды заўважылі невялікую дзіру, аброслую травой.

— Вось куды ўцякла! — узрадаваліся паляўнічыя і пачалі пашыраць дзіру.

Павырывалі траву, адгрэблі пясок, потым нейкае, нібы шкляное, каменне.

— Эге! Ды там, відаць, вялізнае пустое памяшканне!

— Можа, чаго добрага, і для нашай справы годнае?

Жарты жартамі, а дзіра сапраўды вяла кудысьці ў глыбіню. За зямлёй пайшлі цэлыя крушні шклянога камення. Самае ж галоўнае, яны не былі суцэльнымі, і іх лёгка было цягаць кавалкамі. Трапляліся часам і вельмі цікавыя і прыгожыя слупкі з гэтага дзіўнага камення.

Нарэшце шчыліна зрабілася такою, што ў яе можна было пралезці. На момант таварышы нерашуча спыніліся: ліха яго ведае, куды яшчэ трапіш?

— Ну, калі дзік пралез, дык мы — тым болей,— сказаў першы і асцярожна пачаў спускацца.

Але і асцярожнасці ніякай не патрэбна было: каменне спускалася ў сярэдзіну паступова, нібы прыступкамі.

— Хадзіце сюды! Нічога асаблівага няма! — крыкнуў той знутры.

Праз хвіліну ўжо ўсе былі там.

— У каго ёсць запалкі? Запальвайце!

Мільгануў агеньчык — і нашы таварышы аж ускрыкнулі ад здзіўлення. Перад імі была велічэзная зала, якая нават гублялася недзе там у цемры. Але дзіўней за ўсё было, што яна здавалася шкляною ды яшчэ з рознакаляровага шкла. Сцены, столь, падлога — усё было з шкла; зверху віселі шкляныя нацёкі.

Усё гэта ад святла зайграла рознымі колерамі і вельмі нагадвала казачны палац.

— Ну вось, я ж казаў, што гэта быў чорт! А гэта яго палац,— сказаў той самы таварыш, і на гэты раз здавалася, што гаворыць ён, бадай, сур’ёзна.

— У такім разе трэба будзе падзякаваць яму за дасканалае памяшканне для нашай зброі.

— А дзе ж наша свіння падзелася?

— Ну, цяпер аб ёй няма чаго думаць. Ды яна і не ўцячэ. Хай хто-небудзь прывядзе нашых хлапцоў. Вось парадуюцца яны!

Праз некаторы час таемная пячора напоўнілася вясёлым людскім гоманам. Пасярэдзіне гарэла вогнішча, ад якога дзіўна іскрыліся шкляныя сцены і цацкі на столі. Але там, далей, жудасна чарнелася таемная цемра.

— Пойдзем, таварышы, на паляванне, а разам з гэтым даследуем наш палац,— прапанаваў Сідан.

Хоць і змораныя былі нашы падарожнікі, але перад такім незвычайным паляваннем забыліся на ўсё ў свеце. Зараз жа наламалі смольнага галля, зрабілі факелы і рушылі ў дарогу.

Наколькі казачны быў палац, настолькі і працэсія была казачная. Наперадзе ланцугом ішло пяць чалавек з вінтоўкамі напагатове, рэшта ішла ззаду, падняўшы высока над галовамі факелы. Агонь крок за крокам рассякаў цемру і адкрываў воку ўсё новыя і новыя пакоі, залы, калідоры, закавулкі. Усе яны былі з шкла, усе цудоўна іскрыліся рознымі колерамі.

Наверсе замітусіліся кажаны, нават нейкія птушкі, унізе забегалі яшчаркі, нейкія звяркі, вось пачуўся тупат буйнога звера, але ўбачыць яго нельга было.

— Вось ён дзе, наш чорт! — здагадаліся таварышы.— Па справядлівасці трэ было б пашкадаваць яго за тое, што прывёў нас у гэты палац, але, на жаль, есці вельмі хочацца.

Так прайшлі, мусіць, метраў дзвесце, а наперадзе ніякага канца не было відаць. Нарэшце заўважылі збоку завулак.

— Давайце зірнём сюды!

Завярнулі. Завулак быў значна меншы за галоўную вуліцу і далей вельмі хутка зніжаўся і звужваўся. Нарэшце застаўся зусім маленькі куток, а ў ім нешта варушылася.

— Дзік! — пачулася некалькі галасоў разам.

Грымнулі стрэлы. Рэха пакацілася па падзямеллі. Дзік быў забіты. Хоць і хацелася вярнуцца назад і зараз жа пакаштаваць свежыны, але цікавасць была мацней. Палажылі здабычу ля ўвахода ў завулак, а самі пайшлі далей.

Вось яшчэ адзін завулак, з другога боку. Але там нічога цікавага не знайшлі. Яшчэ прайшлі некалькі крокаў. Падлога панізілася, запахла вільгаццю і яшчэ чымсьці незразумелым, але непрыемным.

— Што там наперадзе шастае і варушыцца?..

— Змеі! Змеі! Назад!

У змроку хістаўся цэлы лес галоў, блішчалі вочы, рухаліся джалы.

Злое сіпенне ўсё ўзмацнялася.

— Што рабіць? — запыталіся ўзброеныя.— Ці страляць?

— Не, не, не варта! — пачуліся галасы.— Невядома, колькі зможаце забіць адразу, а рэшта, раззлаваныя, ды яшчэ такім кодлам, можа нарабіць вялікай бяды. Потым справімся з імі: зброі ў нас хопіць.

І ўвесь атрад неяк мімаволі хуценька пасунуўся назад. І добра зрабілі, бо ўступаць у бойку з гэткай масай змеяў ды яшчэ ў цемры было надта рызыкоўна. Перад такім ворагам прыйшлося адступіць.

Засмажылі кабаніну і доўга разважалі і дзівіліся з усяго таго, што бачылі. Начаваць з гэткімі суседзямі пабаяліся і выйшлі напаверх.

Над вулканам блішчала зарава, а недзе блізка гуло мора. Паляглі, вясёлыя і задаволеныя, і зараз жа моцна паснулі.

Але ўначы раптам пачуўся грукат гарматных стрэлаў, а затым свіст і сіпенне!..

Мігам усе былі на нагах, ухапіліся за зброю, пачалі прыслухоўвацца, але больш ужо нічога не чулі. Пасунуліся сюды-туды, прыгледзеліся, прыслухаліся,— ды так нічога асаблівага і не заўважылі.

— Што б гэта магло быць? — здзівіўся Сідан.— Я ж сам добра чуў стрэлы, а потым нейкі свіст і сіпенне.

— I я чуў,— сказаў Сурат.

Тое самае пацвердзілі і іншыя таварышы.

— Значыцца, трэба дапусціць, што гэта быў стрэл з гарматы, а свіст — палёт снарада.

— Тады хто і адкуль страляў?

— Галандцы з мора.

— Пабяжым да берага! — кінуліся некалькі чалавек.

Але куды там бегчы,— ісці нельга было ў цемры па скалах; паўзці трэба было, а не бегчы. Можа, таму на моры нічога і не паспелі ўбачыць.

— Калі, скажам, гэта быў мінаносец, ды, скажам, аднекуль ведаў, што мы тут знаходзімся,— дык чаму ж ён пару разоў стрэльнуў і ўцёк? Вось гэта растлумачце мне, калі ласка,— прыставаў да Сурата адзін хлапец.

— Я, браток, столькі сам ведаю, колькі і ты,— сказаў Сурат.

Адным словам, было тут шмат гутаркі. Нарэшце павінны былі згадзіцца, што гэта, мусіць, вялізны камень скаціўся з гары ці з берага. На гэтым і супакоіліся.

На карабель вярнуліся ўсе. Каманда так абрадавалася і зацікавілася, што зараз жа прыступіла да пераноскі грузу.

Цяпер трэба было ўсур’ёз падумаць, як знішчыць змей. Выявілася, што гэта не так проста. Калі кінуць у іх гранаты, то можна разбурыць сцены падзямелля.

— Пусцім на іх атрутны газ, у нас ёсць на караблі,— прапанаваў адзін з старых матросаў «Саардама».

Гэтая думка вельмі спадабалася, але другі таварыш, які стаяў бліжэй да гэтай справы, папярэдзіў, што газ у гэтым падзямеллі можа трымацца некалькі тыдняў. Значыцца, і яны самі не змогуць уваходзіць сюды столькі часу.

— Тады нічога іншага не застаецца, як ісці на іх вайной з вінтоўкамі,— парашыў Сідан.

— Вельмі небяспечная справа,— паківаў галавой Сурат.— Дзе ты ім трапіш акурат у галаву! А параненыя ды раззлаваныя, яны стануць яшчэ больш небяспечнымі. Тым болей, што іх такая плойма: страляць прыйдзецца здалёк, а тады асвятліць іх нельга будзе як след. Адным словам, я аніяк не магу сабе ўявіць, якім чынам мы можам уступіць з імі ў бойку.

Разважанні Сурата мелі рацыю. Але што ж тады рабіць?

Тут адзін з таварышаў прапанаваў больш зручны спосаб:

— Ахвяруем вядро ці два бензіну, абальём іх, падпалім — і нам застанецца толькі стаяць ды глядзець.

Таварышы аж заскакалі і запляскалі ад задавальнення.

— Гэта ж будзе найлепшы «вайянг»!

У наступны раз і прыступілі да выканання гэтага плана. Спачатку без агню двое прайшлі наперад з няпоўнымі вёдрамі бензіну. За імі некалькі чалавек з вінтоўкамі, а ўжо далей запалілі факелы. Нельга было набліжацца з агнём да бензіну, таму пярэднія былі ў змроку, а змеі ўжо зусім у цемры.

Вось зноў пачулася шурханне і сіпенне, ледзь значна захісталіся ў цемры галовы. Справа спрашчалася тым, што змеі былі ў нізіне. Спачатку ціхенька пачалі ліць бензін на зямлю, і ён сам пацёк да змеяў. А рэшту плюхнулі на іх зверху і хутка адбеглі назад.

Заварушыліся гады, засіпелі так, што ў прысутных дрыжыкі пайшлі па целе.

— Пачынай!

Усе адышліся яшчэ болей назад, а наперад выступіў адзін з факелам, размахнуў яго і кінуў...

Шуганула полымя, заблішчалі шкляныя сцены, асвятліліся ўсе куткі падзямелля, і сярод гэтага агню пачалося нешта такое, чаго ніхто ніколі яшчэ не бачыў.

Сярод белага полымя чорныя кольцы змей стварылі вялізны клубок, які круціўся так, што ў вачах мільгала. Некаторыя высока падскаквалі і віліся ў паветры, другія кідаліся на сцены. Сіпенне перайшло ў свіст і нават піск. Час ад часу чутно было, як трэскаецца скура, скварыцца мяса. Вось разбегліся яны ў розныя бакі і здалёк відаць, як у цемры круцяцца вогненныя змеі. Некалькі такіх вогненных змей кінулася і ў бок людзей, але цяпер іх ужо не было чаго баяцца. Адны сканалі па дарозе, а рэшту прыкончылі. А калі стала ціха і цёмна, то людзі нават пашкадавалі, што гэткае відовішча так хутка скончылася.

— Ну, а цяпер скончым абследаванне нашага палаца,— сказаў Сідан.

З агідай пераступілі яны праз змяіную кучу, па дарозе забілі некалькі змей, якія не згарэлі, агледзелі яшчэ некалькі закавулкаў, а канца падзямеллю ўсё не было.

— Ліха яго ведае, куды яно вядзе! — гутарылі таварышы.— Можа, некалькі дзён прыйдзецца блытацца.

А тут яшчэ факелы згарэлі. Вымушаны былі вярнуцца назад, бо не было часу займацца доследамі і чакала больш важная праца.

А праца сапраўды была вельмі марудная, не кажучы ўжо аб тым, што надта цяжкая. Прапрацавалі тыдзень, а перанеслі толькі тысячу пяцьсот вінтовак. Выходзіла, што для пераноскі ўсіх трыццаці тысяч патрэбна будзе больш як чатыры месяцы! Ды апрача гэтага, трэба перанесці кулямёты, патроны і шмат іншых прыпасаў.

Узяліся за падлікі і ўбачылі, што іначай і быць не можа. Перш за ўсё, дзень у гэтых краях мае заўсёды дванаццаць гадзін і столькі ж прыпадае на ноч. Можна было б для работы захапіць яшчэ гадзін шэсць ад ночы, але сярод гэтых скал і пушчаў зусім немагчыма хадзіць уначы. Такім чынам, гінула шмат часу. Дарога ў адзін бок з грузам займала гадзін дзевяць-дзесяць, і зараз жа назад ісці было немагчыма, бо надыходзіла ноч. Назад без грузу можна было прайсці за гадзін сем-восем, але таксама ў гэты ж дзень нельга было несці новы груз, бо надыходзіла ноч.

Па дарозе трэба было ісці па скалах, пераходзіць цясніны, паўзці, скакаць. Пры такіх умовах аднаму чалавеку больш як пяць вінтовак нельга было несці. Значыцца, сто чалавек маглі перанесці пяцьсот вінтовак у два дні, а каб перанесці ўсе трыццаць тысяч, трэба аж сто дваццаць дзён! Ды столькі ж на патроны, кулямёты і розныя іншыя рэчы.

— Дык вось што выходзіць! — дзівіўся стары Гудас.— А справа здавалася такой простай. Нас жа сто семнаццаць чалавек!

— А вось бачыш, што робіцца. Мы нават самі не ўяўлялі сабе, якое багацце мы маем,— сказаў Сагур, ён як памочнік механіка быў самы адукаваны з усёй каманды. Ён і разлікі гэтыя рабіў.

— Ці нельга было б скарыстаць нашыя лодкі? — сказаў Сурат.

— Я аб гэтым ужо думаў,— сказаў Гудас,— але рыфы не прапусцяць лодку прайсці ля берага. Прыйдзецца выйсці ў мора, а адтуль праз тыя ж рыфы нельга будзе вярнуцца зноў.

— Паспрабуем тады вось што,— сказаў Сагур.— У нас часта нагружалі і разгружалі карабель ланцугом, гэта значыць, станавіліся ў шэраг і перадавалі рэчы адзін аднаму. Ну, а тут ланцуг прыйдзецца зрабіць даўгі. Мне здаецца, праца пойдзе хутчэй. Колькі можа быць кіламетраў да нашага склада?

— Ды не болей за пятнаццаць, але...— пачаў Сідан.

— Добра,— перарваў яго Сагур.— Цяпер падзелім гэтыя пятнаццаць кіламетраў на сто частак. Выйдзе па сто пяцьдзесят метраў на кожнага. Размяркуем людзей так, каб у лёгкіх месцах прыходзілася дзвесце метраў на чалавека, а ў цяжкіх пяцьдзесят і нават менш, іначай кажучы, каб кожнаму патрэбен быў аднолькавы час на свой участак. Цяпер скажыце, колькі патрэбна часу, каб хутка прайсці дзвесце ці дзвесце пяцьдзесят метраў?

— Лічачы, што ў гадзіну можна прайсці шэсць кіламетраў, на адзін кіламетр прыпадае дзесяць мінут, а на дзвесце метраў выходзіць дзве мінуты,— вылічыў Сідан.

— Дамо пяць мінут туды і назад. Значыцца, там, на месцы, праз кожныя пяць мінут будуць атрымліваць пяць вінтовак. За гадзіну гэта дасць шэсцьдзесят, а за дзесяць гадзін, улічваючы адпачынак, будзе шэсцьсот замест двухсот пяцідзесяці.

— Ого! Адразу ўдвая болей! — сказаў Гудас.

— Пачакай, гэта яшчэ не ўсё,— з выглядам вучонага выкладваў далей Сагур.— Калі трэба будзе, мы зможам адпачываць толькі чатыры гадзіны, а працаваць усе дваццаць.

— І ўначы?!

— І ўначы. Бо кожны таварыш увесь час будзе на сваім месцы. Будзе мець свае рэчы, прытулак, раскладзе вогнішча. Апрача таго, ён так вывучыць свае дзвесце ці колькі там крокаў, што і з заплюшчанымі вачыма зможа бегаць. Пры такіх умовах мы павялічым колькасць вінтовак не меней, як да тысячы ў дзень. А калі што будзе пагражаць, то і да дзвюх тысяч.

У Гудаса аж вочы заблішчалі ад захаплення.

— Ну і малайчына ты, Сагур! — пляснуў ён яго па плячы.

— Нават і пры такіх умовах прыйдзецца працаваць месяцы са два,— задуменна сказаў Сурат.— Невядома, ці паспеем усё схаваць, бо нас шукаюць. А што было б без гэтага?

Зараз жа сабралі агульны сход, высветлілі становішча, пазнаёмілі з падлікамі і прапанавалі новы план.

— Наўрад ці, працуючы, як раней, мы паспеем перанесці ўсю зброю. Будзем памятаць, што толькі тая вінтоўка наша, якая будзе на нашым складзе, а рэшта кожны дзень можа загінуць,— скончыў Гудас.

Трэба сказаць, што да гэтага дня ніхто як след не ўяўляў сабе становішча. Ніхто і не падумаў, што будзе патрэбна столькі часу на ўпарадкаванне. Кожнаму здавалася, што праз некалькі дзён яны ўсю работу скончаць, а там хай сабе шукаюць. Апрача таго, бачачы навакол такое бязлюддзе, яны неяк мімаволі забыліся на тое, што можа пагражаць небяспека. Адкуль яна возьмецца? З мора — бяспечна, яны ужо ў гэтым пераканаліся, а з зямлі — тым болей. Цяпер толькі яны ўбачылі, якая вялікая праца ім застаецца, і сур’ёзна падумалі аб тым, што не заўсёды можа быць так ціха, як цяпер. У адзін голас усе патрабавалі, каб працаваць без перапынку не менш як дваццаць гадзін.

Увесь наступны дзень заняла падрыхтоўка. Пяць чалавек паставілі, каб складаць і ўпарадкоўваць зброю ў падзямеллі, дванаццаць чалавек пакінулі на караблі для разгрузкі, а сто чалавек размеркавалі па дарозе, як казаў Сагур. Кожнаму далі цёплае адзенне, харч; у тых пунктах, дзе не было вады, паставілі яе ў банках, бутэльках. Два чалавекі з карабля павінны былі абыходзіць «фронт» кожны дзень і задавальняць патрэбы таварышаў.

Усе былі папярэджаны, што, можа, прыйдзецца стаяць на месцы некалькі тыдняў і харчавацца абы-як, нават без гарачай вады. Але ці прывыкаць было яванцам да гэтага?

Нарэшце ўсё было скончана. Да заходу сонца заставалася яшчэ гадзіна. Усе з нецярплівасцю чакалі моманту, калі можна будзе пусціць «машыну» ў ход.

Але «інжынер» Сагур папярэдзіў:

— Не забывайцеся, што апошні атрымае пасылку толькі праз чатыры гадзіны, калі будзе цёмна.

— Нічога, нічога! — загулі ўсе.— Пусцім хоць некалькі пасылак. Затое апошнія заўтра пачнуць пазней на чатыры гадзіны.

На спробу паслалі пяць штук, просячы паведаміць, як ідзе справа, асабліва ад сярэдніх. Бліжэйшыя адказы паказалі, што ў некаторых месцах былі перабоі, але часткова гэта тлумачылася тым, што было цёмна. А адказу ад апошняга звяна можна было чакаць толькі праз восем гадзін.

Назаўтра першую пасылку адправілі а трэцяй гадзіне ночы, каб там атрымалі яе ў сем, а «інжынер» сам пайшоў па «фронце». Прыйшлося сям-там паправіць, пасунуць бліжэй ці далей, але наогул «машына» працавала нядрэнна. Самі таварышы былі вельмі зацікаўлены і бегалі так, што пасля паўдня пасылкі пачалі паступаць на месца нават праз кожныя тры мінуты. Увесь час гэтак працаваць, вядома, нельга было. За дзень было зроблена тры перапынкі па гадзіне, але затое самі таварышы папрасілі для спробы пусціць «машыну» і ўначы. На гэты раз і ў цемры яна добра працавала. Спыніліся а дванаццатай гадзіне.

Дзень за днём ішла ўпартая, безупынная праца. Спынялася яна на чатыры-пяць гадзін уначы ды ў дождж. Вось ужо тыдзень прастаялі таварышы на сваіх месцах, вось другі. У час перапынку зараз жа валіліся на зямлю і тут жа спалі. Але ніхто не паскардзіўся, ніхто не вымагаў большага адпачынку.

Жывучы адзінока ў лесе, кожны адчуваў сябе звяном аднаго вялікага ланцуга. Кожны ведаў: калі гэтае звяно папсуецца, то спыніцца ўся машына. І кожны ведаў, што робіць ён усё гэта добраахвотна, не для сябе і не для гаспадароў, а для ўсі;х.

Аднаго разу канвеер неспадзявана спыніўся. Потым прыйшла «тэлеграма», што ля фронта з’явіліся два тубыльцы і што таварышы «апрацоўваюць» іх. Потым другая тэлеграма: яны ідуць памагаць.

Праз некаторы час з’явіліся два чалавекі і, відаць, з радасцю заўважылі, што тут, пачынаючы ад капітана, усе свае.

— Таварышы! — звярнуўся да іх Гудас.— Вось ваш карабель, вашая зброя, памажыце нам упарадкаваць яе.

Гэтыя простыя словы, відаць, зрабілі на іх уражанне.

— Заўсёды з вамі! — адказалі яны ўзрушанымі галасамі.

І ланцуг павялічыўся на два звяны.

У часе перапынку запыталіся, адкуль яны, як сюды трапілі і што наогул там чуваць?

— Нашу зямлю адабраў рэгент сабе пад сялібу. Мы тады прыйшлі сюды, у горы, пабудавалі будан, бадзяемся і шукаем спажывы. Некалькі часу назад мы натрапілі на аднаго чалавека, мусіць, з вашых. Ён зблудзіў, пабіўся і поўз ледзь жывы. Мы яго ўзялі ў свой будан і даглядалі да таго часу, пакуль ён паправіўся. Толькі ўчора ён пайшоў ад нас.

— Як яго зваць?

— Не ведаем.

— Гэта, мусіць, Гано,— сказаў Сідан.— Чаму ж ён назад не вярнуўся?

— Наша справа не для яго,— сказаў Сагур.— Я нават не здзіўлюся, калі ён прывядзе сюды галандцаў.

— Ну, гэта ўжо занадта! — прамовіў Сурат.

— Пагледзімо,— буркнуў Сагур.

І пасля гэтага яшчэ шпарчэй пусціў «машыну».

Аднаго разу зноў заўважылі галандскі ваенны карабель. Ён трымаўся далей, чымся тады мінаносец, але задача яго была, відаць, тая самая. Спынілі працу, схаваліся і перачакалі, як і ў мінулы раз.

Потым прыйшла новая «тэлеграма»: ля пячоры зноў чулі гарматныя стрэлы і зноў нічога не заўважылі. Няўжо ж зноў зваліўся камень? А можа, гэта вулкан страляе? У кожным разе добра і тое, што на іх пакуль што ніхто не нападае.

Здаецца, нічога асаблівага не здарылася, але нейкая трывога ахапіла інсургентаў. Нібы ў паветры яна насілася. Нават па ланцугу перадалася. Праца ішла шалёным тэмпам; таварышы проста з ног валіліся ад стомы.

Тады Гудас сабраў нараду з бліжэйшых таварышаў.

— У нас яшчэ засталося,— сказаў ён,— дзесяць тысяч вінтовак, трыццаць кулямётаў, палова патронаў і шмат іншых рэчаў. Баюся, што нават «машына» наша не паспее справіцца з гэтым. Я думаю, ці не лепш было б часова скласці ўсё ў тую бліжэйшую невялікую пячору, а ўжо адтуль потым пераносіць далей. Мы б тады падрыхтаваліся, каб уцячы адсюль з караблём, а зброю можна было б упарадкаваць і без карабля. Нават з поспехам можна было б і абараняцца.

— I я гэта самае хацеў прапанаваць,— сказаў Сагур.

Ніхто не супярэчыў. Сабралі таварышаў, растлумачылі, у чым справа, і пераладзілі канвеер. На гэты раз звенні стаялі бадай-што поруч адно з адным, і праца так закіпела, што праз тры дні ўсё было перанесена ў малую пячору. Нават не хапіла месца ў ёй, і прыйшлося частку рэчаў скласці побач, пад брызентам. Пасля таго змораныя працаўнікі праспалі больш за дванаццаць гадзін.

Пачалі падрыхтоўваць карабель, нават распалілі катлы. Прабоіна, вядома, была папраўлена раней. Выгрузілі на кожны выпадак адну гармату.

А раніцою прыйшлі два пасланцы з Тжыладжапа і прынеслі вядомую нам тэлеграму Гейса.

— Гэта справа Гано! — заскрыгатаў зубамі Сагур.

— Цяпер нам ужо ўсё роўна чыя,— адказаў Гудас.— Трэба ўцякаць, пакуль не позна.

Выехаць адсюль было яшчэ цяжэй, як заехаць. Нельга было завярнуцца, трэба было ехаць задам. Але былі і перавагі: першая — гэта тое, што разгружаны карабель быў лягчэйшы, а другая — што выязджаць можна было ўдзень. Бліжэйшы прыліў павінен быць аб адзінаццатай гадзіне, засталося чакаць тры гадзіны.

Але ж якое гэта было чаканне! Кожную хвіліну магло з’явіцца варожае судна. Што, калі яно прыйдзе перад прылівам? Тады прыйдзецца сядзець, як пацуку ў пастцы. Праўда, камандзе пагражае не большая небяспека, чымся тым, што застаюцца на беразе, але карабля шкада. Падумаць толькі: першы і адзіны карабель яванскага народа!

Размеркавалі людзей. На беразе пакінулі сто чалавек пад камандай Сурата. Галоўныя спецыялісты, накшталт Сагура і Сідана, засталіся на караблі. Усяго на «Саардаме» засталося каманды дваццаць адзін чалавек.

— Пакуль што хопіць,— казаў Гудас,— а там яшчэ набяром. Шкада толькі, што радыё сапсавана ды няма ў нас чалавека, які разумее гэтую справу. А было б вельмі цікава паслухаць, што яны там гавораць.

Пачалі выводзіць карабель. Нават лодкі і катэр упрагліся. А можа, і яны адхіляць які-небудзь штуршок? Паставілі карабель кармой да прахода, завезлі наперад якар і, падпільнаваўшы самую высокую ваду, рушыліся між скал. Па баках, як і раней, паначапляліся ўсе сто чалавек з жэрдкамі, вязкамі галля. Гэтыя вялізныя вязкі і абаранілі карабель ад двух вельмі небяспечных штуршкоў. І вось ён шчасліва выскачыў у акіян.

Пачалося шчырае развітанне.

— Трымайцеся, таварышы! — казаў Гудас.— Калі прыйдзе час, да вас прышлюць па зброю. Дзе трэба будзе, прыйдзем на дапамогу і мы.

Праз некалькі мінут сто чалавек вярнуліся на бераг і з міжвольным сумам сачылі, як іхні карабель знікае ў блакітным прасторы.

Што яго там чакае? А што чакае іх тут? Ці сустрэнуцца яны калі-небудзь? Неяк апусцела навакол, нібы яны страцілі свой дом.

А ў гэты час з другога боку, далёка-далёка на гарызонце, паказаўся маленечкі слупок дыму.

 

ІV. У ДЗЯРЖАВЕ ІМПЕРАТАРА ПАКУ-БУВОНА-СЕНАПАЦІ-ІНГНАГАЛОГА-НГАБДУР-РАХМАН-САЙДЫН-ПАНАТАГАМА21

 

Яго вялікасць не мае грошай.— Запасны імператар.— Узаемаадносіны «братоў».— Царскае святкаванне.— Бойка звяроў.— Яснавяльможныя рэвалюцыянеры.— Адказная паездка.

Яго вялікасць сусухунан Паку-Бувона... і г. д. сядзеў у сваім пакоі і разглядаў альбом з ордэнамі і медалямі ўсяго свету. Сусухунан вельмі любіў гэтыя цацкі і вывучыў на памяць усе медалі і пачэсныя знакі, якія толькі існуюць на свеце. Нават і цяпер на ім было паначапляна шмат ордэнаў, у тым ліку нядаўна атрыманы ордэн Нідэрландскага льва.

Імператар меў гадоў пяцьдзесят з гакам, але па выгляду нельга было даць яму столькі, бо намаляваныя тушшу барада, вусы і бровы чарнеліся, бы ў маладога. Убраны ён быў у пярэстыя шаравары, саронг, паверх якога была яшчэ накінута чорная аксамітная куртка. На нагах — пантофлі з дыяментамі, на галаве — высокая чорная шапка, якія насілі партугальцы яшчэ трыста гадоў назад.

Пакой быў убраны старажытнай яванскай мэбляю, дыванамі, зброяй, а побач з гэтым — еўрапейскія столікі, крэслы, парыжскія статуэткі, фатаграфіі і іншыя атрыбуты еўрапейскай цывілізацыі.

Ціхенька адчыніліся дзверы, і ў пакой, схіліўшыся ў тры пагібелі, упоўз важны стары муж.

— Хай бароніць алах вялікага сусухунана!

— Што скажаш, Радан-Баго?

— Выбачай, вялікі імператар! — казаў Радан-Баго, працягваючы наперад складзеныя далонямі рукі.— Мае паганыя вусны павінны скрыўдзіць твае царскія вушы.

— Што, што такое? — занепакоіўся сусухунан.

— На свята, якое мяркуе ваша вялікасць праз пяць дзён, не хопіць грошай.

Сусухунан скрывіўся, нібы яму ў нос трапіла муха.

— Няўжо ж ты не можаш сам разабрацца з гэтым?

— Хай будзе сведкай алах, усё, што можна было зрабіць, я зрабіў, але патрэбных грошай здабыць не магу.

— Звярніся тады да рэзідэнта, хай ён дасць у лік таго, што належыць,— нецярпліва адказаў сусухунан.

— О, вялікі цар цароў! За гэты год нам нічога не належыць: усе восемсот тысяч гульдэнаў мы ўжо атрымалі, а да канца года застаецца яшчэ чатыры месяцы.

— Ці не мог ты наскрабсці з якіх-небудзь падаткаў? Не ісці ж мне самому збіраць грошы сярод падданых? — ужо зусім нездаволена сказаў сусухунан.

— Хай алах уцішыць твой справядлівы гнеў, о магутны ўладар нашага жыцця! На гэтыя ж грошы мы жывём увесь апошні час. Усё, што можна было выціснуць,— выціснута. Бачыць алах!..

Сусухунан нервова стаў перакідваць старонкі альбома, а потым кінуў яго далёка ад сябе.

— Ну, дык што ж ты параіш рабіць? — утаропіўся ён на Радан-Баго.

Той схіліўся яшчэ ніжэй.

— Ці можа раіць тваёй вялікасці твой нікчэмны слуга? Мудрасць твая сама ведае, што прыйдзецца патрабаваць грошай у рэзідэнта яшчэ наперад.

— Ну, дык звярніся ад майго імя. Я напішу яму.

— О, непараўнаная светласць! Твой слуга не здолее ўгаварыць рэзідэнта. Толькі твая магутнасць можа гэта зрабіць. Асабліва калі трэба браць за наступны год.

Па-за спіной Радан-Баго з’явіўся новы чалавек, яванец, гадоў трыццаці пяці, убраны ў галандскую вайсковую форму. Ён ледзь махнуў рукой у знак прывітання і спыніўся, ляскаючы па ботах стэкам.

— Мангко-Негора, мусіць, зусім забыўся, да каго з’явіўся і перад кім стаіць,— з нянавісцю зірнуў на яго сусухунан.

— А вялікі сусухунан, мусіць, забываецца, што падпалкоўнік галандскай арміі не можа сябе трымаць так, як трымаюць вось яны,— задзірліва адказаў Мангко-Негора, паказваючы стэкам на распасцёртага Радан-Баго.

Сусухунан збялеў і, здавалася, гатоў быў зрабіць нешта рашучае, але ўстрымаўся і глуха сказаў:

— Пад гэтым мундзірам ты хаваеш усё нядобрае. Ну, кажы, чаго табе трэба?

— Я чуў, што ты не будзеш святкаваць свята Сурах. Калі гэта праўда, то, можа, прадасі мне свайго тыгра для бойкі звяроў?

Сусухунан устаў і з гонарам адказаў:

— Ты заўсёды падбіраеш самыя паганыя і злосныя чуткі. Тыгр мне самому патрэбны для бойкі звяроў у свята Сурах.

Ён адвярнуўся і адышоў убок, даючы зразумець, што размова скончана.

— Як хочаш,— сказаў Мангко-Негора, паціснуўшы плячыма, і выйшаў. і

— Гэтая гадзіна збірае ўсе плёткі. Адкуль яны пайшлі? — грозна крыкнуў сусухунан на Радан-Баго.

Той зусім прыліп да зямлі.

— Хай гаспадар мой зараз жа адсячэ мне галаву, калі я маю да гэтага якое-небудзь дачыненне,— прастагнаў небарака.

— Ідзі і папярэдзь рэзідэнта, што я хачу наведаць яго,— загадаў сусухунан і пачаў нервова хадзіць з кутка ў куток.

Радан-Баго задам выпаўз за дзверы.

Маленькая сямейная сцэна з Мангко-Негора была адным з шматлікіх вынікаў галандскай палітыкі. Гэты Негора быў пляменнікам сусухунана і афіцыйна лічыўся яго наследнікам. Дзякуючы таму, што ў Суракарце не было сталага закону аб тым, хто павінен быць наследнікам, галандцы самі выбралі яго з сям’і сусухунана і прапанавалі імператару прызнаць яго. «Прапанова» была прынята.

Няма чаго і казаць, што галандцы выбіралі такога наследніка, які целам і душой належаў да іх. Яму галандцы таксама плацілі грошы (тысяч дзвесце ў год), давалі пад яго каманду спецыяльны атрад войска, а каб ён менш залежаў ад сусухунана і той не мог чапляцца да яго і вымагаць агульных надзвычайных знакаў пашаны, зрабілі яго галандскім падпалкоўнікам з абавязкам насіць гэты мундзір заўсёды. Ён меў асобны палац, асобную гаспадарку і фактычна не залежаў ад імператара.

Нельга думаць, што галандцы былі асабліва прыхільныя да наследніка. Не, да абодвух яны адносіліся аднолькава, але сусухунан вельмі выразна адчуваў, што калі ён страціць ласку ў галандцаў, дык на другі ж дзень лёгка і зусім законна на яго месцы апынецца яго заступнік. А сам заступнік заўсёды быў рады дапамагчы імператару страціць гэтую ласку.

Пачуліся гарматныя стрэлы: гэта было знакам таго, што яго вялікасць выязджае з кратона. Гэтыя стрэлы давалі сусухунану найвялікшае задавальненне. Падумаць толькі: самі галандцы так шануюць яго! Паводле нейкіх там галандскіх правілаў, нельга страляць пасля захаду сонца. Дзеля гэтага сусухунан ніколі не выязджаў пасля захаду, каб толькі не страціць гэтай прыемнасці. І галандцы шчодра ахвяравалі на такую важную справу некалькі кіло пораху. Трэба яшчэ дадаць, што сусухунан наогул рэдка выязджаў з свайго кратона. Дзеля гэтага кожны раз трэба было «параіцца з малодшым братам», а гэты брат вельмі часта «не раіў» выязджаць. Таму вялікі імператар бадай увесь век сядзеў у сваім кратоне, нібы пад арыштам.

Адчынілася брама, і на плошчу высыпала цэлая плойма прыдворнага народа ў самым разнастайным і рознакаляровым убранні, нібы карнавал нейкі. Воіны з пікамі і шчытамі, царскія збраяносцы, саноўнікі пад сваімі пайёнгамі, розныя слугі, з якіх двое неслі залатыя царскія плявальніцы.

Імператар сядзеў у высокай пазалочанай карэце, запрэжанай шасцёркай коней. На кожным кані сядзеў верхам слуга. На перадку — два фурманы, ззаду — пайёнганосец з жоўтым пайёнгам.

Адным словам, кожнаму было відаць, які вялікі і магутны імператар Паку-Бувона-Сенапаці-Інгнагалога-Нгабдур-Рахман-Сайдын-Панатагама.

Рэзідэнт выйшаў насустрач пачэснаму госцю і спаткаў яго на ганку. Абодва «браты» павольна, цырымонна і нізка пакланіліся адзін аднаму, а потым рэзідэнт узяў імператара пад ручку і павёў у пакой. Дзеля таго, што сусухунан прыехаў ненадоўга, па справе, ён загадаў сваім людзям застацца і чакаць яго на вуліцы.

Калі «браты» апынуліся адны ў кабінеце, паводзіны абодвух адразу змяніліся. Старэйшы брат адразу страціў усю сваю важнасць і лісліва пазіраў на малодшага, а малодшы, наадварот, пакінуў ліслівасць і дзелавіта запытаўся:

— Чым магу служыць вашай вялікасці?

— Я заўсёды рады наведаць майго брата і пратэктара,— соладка адказаў сусухунан.

— Вельмі прыемна. Мне самому заўсёды прыемна бачыць вашу вялікасць,— абыякавым тонам прамовіў рэзідэнт.

— Праз пяць дзён будзе наша вялікае свята — Сурах. Паміж іншым, я хачу паказаць цікавую бойку звяроў. Думаю, вы не адмовіцеся паглядзець на гэта.

— Вельмі дзякую вашай вялікасці. Гэта, мусіць, вельмі цікава.

— Толькі вось... бачыце... э-э... бачыце, крыху грошай не хапае.

— Гэта непрыемна,— пашкадаваў рэзідэнт.

— Дык вось я і хачу папрасіць вас адпусціць крыху ў лік маёй пенсіі,— скончыў сусухунан і нават дыхаць перастаў.

— А ці ведаеце, ваша вялікасць, што ўсе грошы за гэты год ужо ўзяты?

— Ведаю. Мне міністр фінансаў аднойчы сказаў,— апусціў вочы імператар.— Але я спадзяюся, вы не адмовіцеся даць мне крыху наперад.

— Ваша вялікасць! — з дакорам сказаў рэзідэнт.— І так ужо заўсёды наперад бераце. Немагчыма аж за наступныя гады даваць. Павінен быць нейкі парадак, нейкая мяжа.

— Ведаю ўсё гэта, паважаны рэзідэнт, але ўжо так прыйшлося. Дайце ўжо апошні раз, болей не буду прасіць. Прызнаюся вам пад сакрэтам, ёсць акалічнасць, якая прымушае мяне шукаць грошай, чаго б гэта ні каштавала. Я думаю, нават і вас гэта датычыцца.

— Што ж гэта такое? — ужо больш уважліва запытаўся рэзідэнт.

— Не ведаю, адкуль пайшлі чуткі, што я не маю грошай, каб адсвяткаваць належным чынам наша свята — Сурах, гэтыя чуткі падхапіў Мангко-Негора і нават адважыўся прапанаваць мне, каб я прадаў яму свайго тыгра. Бачыце, замест мяне Негора зробіць урачыстае свята! Што ж тады скажа народ? Гэта ж будзе памяншэнне майго аўтарытэту, а паколькі я ведаю, яно і не ў вашых інтарэсах. Ці не так, пан рэзідэнт?

У вачах рэзідэнта бліснула ледзь улоўная ўсмешка.

— Ваша вялікасць павінны былі загадзя прадугледзець такое становішча.

— Яно так,— уздыхнуў сусухунан,— але ж я толькі цяпер даведаўся аб гэтым. Гэта Радан-Баго дацягнуў да апошняга моманту. У кожным разе цяпер другога выхаду няма. Я ўпэўнены, што вы не дапусціце, каб пахіснуўся мой аўтарытэт сярод народа.

— А колькі б вы жадалі? — запытаўся рэзідэнт, пастукваючы пальцамі па стале і гледзячы некуды ўбок.

— Ды тысяч сто.

— Не, ваша вялікасць, гэта немагчыма. Гэта ж будзе бадай за два месяцы на наступны год.

— Можа, вы баяцеся, што я не дажыву да таго часу? — скрывіўся імператар.

— Усе мы пад алахам ходзім,— задуменна адказаў рэзідэнт.

— Ну, тады хоць восемдзесят.

— Болей як пяцьдзесят даць не магу,— цвёрда адказаў рэзідэнт.

— Надбаўце яшчэ хоць дзесяць,— жаласна прасіў імператар.

— Не магу. Нават гэтыя даю толькі ў знак асабістай павагі да вашай вялікасці, дзеля падтрымання вашага аўтарытэту.

— Хай будзе хоць так,— нібы з жалем сказаў сусухунан, а ў самога адразу лёгка зрабілася на сэрцы.

Перакінуўшыся яшчэ некалькімі словамі, яны накіраваліся да выйсця. Як толькі пераступілі парог, рэзідэнт зноў зрабіўся надзвычай уважлівым, лагодным, вывеў госця на ганак, доўга кланяўся на развітанне.

Сусухунанава дружына замітусілася, выстраілася ў парадак. Надзвычайная веліч адбівалася ад усёй асобы сусухунана.

І гледзячы на гэтую ўрачыстую працэсію, народ схіляўся і дзівіўся славе і магутнасці свайго вялікага імператара Паку-Бувона-Сенапаці-Інгнагалога-Нгабдур-Рахман-Сайдын-Панатагама.

* * *

Задні бок сусухунанскага палаца выходзіў у сад. Тут і была пляцоўка, арэна для бойкі звяроў. Моцныя жалезныя краты акружалі авальную арэну; толькі з правага боку была сцяна з некалькімі жалезнымі дзвярыма. Гэта было памяшканне для звяроў.

Дзеля такога ўрачыстага свята імператарскі сад быў адкрыты для ўсяго народа. Яшчэ задоўга да прадстаўлення стракаты натоўп абступіў краты. Нізенькая агарожа перад кратамі ледзь стрымлівала націск. Узброеныя слугі сачылі за парадкам.

Ад палаца сюды выходзіла шырокая веранда з мармуровымі калонамі і шырокімі мармуровымі ступенямі. На верандзе, пад аксамітнай павеццю, стаялі два крэслы, роўныя, як адно. На верандзе таўклася прыдворная чэлядзь, чакаючы выхаду імператара.

На ступенях размясцілася варта — страшэнныя, паўголыя малайцы з вялікімі крывымі крысамі напагатове. Тут жа ўнізе чакаў «гамелянг», струнны яванскі аркестр.

Раздаўся гук гонга. Усе ўскочылі, выстраіліся ў шэраг, сцішылі дыханне. Нават у натоўпе народу не чутна было ні гуку.

Расчыніліся дзверы, выйшаў нейкі дзіўны цырыманіймайстар з вялікім кіем, а за ім паважна выплылі «два браты». Ішлі яны побач, і можна было заўважыць, што кожны стараўся, каб яго сусед не выперадзіў яго ні на адзін сантыметр. Цікавае было злучэнне мяшанага, напалову фантастычнага адзення сусухунана з дасканалым белым еўрапейскім гарнітурам рэзідэнта.

Зайграў гамелянг, загуў народ, бліжэйшыя распасцерліся на зямлі,— і пад гэты шум, з лагоднымі ўсмешкамі «браты» накіраваліся да сваіх крэслаў. Кожны з іх меў падставу думаць, што гэтыя шумныя прывітанні датычацца галоўным чынам яго.

«Браты» селі. Зараз жа па баках стала варта, а ззаду двое слуг з веерамі, каб ахалоджваць сваіх уладароў. Жонкі сусухунана, у ліку некалькіх дзесяткаў, ішлі ззаду і размясціліся побач на падлозе, на мяккіх дыванах. Толькі галоўная з іх мела крэсла. Мангко-Негора таксама меў збоку сваё асобнае крэсла.

Рэшта прыдворных размясцілася як хто хацеў: частка стаяла навакол, а большая частка прысела на карачкі. Ад стракатых саронгаў, шырачэзных рознакаляровых шаравараў, яркіх шапак-стажкоў, рознакаляровых дарагіх каменняў, якімі былі ўсыпаны не толькі адзенне і зачоскі жанчын, але нават і валасы мужчын,— ад усяго гэтага аж у вачах мігцела.

Народ тым часам пачаў выяўляць нецярплівасць. Усім хацелася хутчэй убачыць цікавую бойку.

Нарэшце па знаку сусухунана падняліся ўверх дзверы звярынага будынка, і на арэну выйшаў дужы чорны дзікі буйвал. Радасныя галасы народу спалохалі яго, ён спыніўся і з трывогай пачаў азірацца навакол. Потым ступіў некалькі крокаў, зноў спыніўся. Так ён зрабіў колькі разоў, пакуль прызвычаіўся, і пачаў хадзіць спакойна, нават з цікавасцю прыглядваючыся да незвычайных для яго абставін.

Тады падняліся другія дзверы, і з-пад іх высунулася галава тыгра. Але зараз жа і схавалася назад. Яго спаткалі яшчэ большымі крыкамі. Прайшло з паўмінуты, а тыгр не паказваўся, толькі часам з цемры паблісквалі яго вочы. Тады з клеткі яго нечым штурханулі. Ён злосна зарыкаў і высунуўся на арэну задам. Але, калі народ зноў загуў, тыгр зноў схаваўся ў сваім памяшканні. Зноў прыйшлося яго штурхаць і, калі ён увесь высунуўся з дзвярэй, яны апусціліся. Тады толькі тыгр застаўся на пляцоўцы.

— Э, мат’ян! Які сорам! Што гэта ты туляешся, як мокрае шчаня! — падбадзёрваў яго народ.

Мат’ян толькі жмурыўся і злосна азіраўся.

Потым, крадучыся, ступіў некалькі крокаў да агарожы, нібы жадаючы кінуцца на людзей. Адтуль у яго шпурнулі бананам. Тады ён пачаў злаваць: выскаліў зубы, стаў біць хвастом.

А буйвал у гэты час стаяў на другім баку арэны, схіліўшы галаву, біў аб зямлю капытамі, глуха бурчаў і не адводзіў вачэй ад тыгра.

Нарэшце і тыгр заўважыў яго. Прыціснуўшыся да зямлі і пляскаючы сябе па баках хвастом, ён пачаў красціся да буйвала збоку.

Надыходзіў рашучы момант. Настала такая цішыня, нібы тут, апрача звяроў, больш нікога не было. Напружыліся і «браты». Сусухунан мімаволі, несвядома пасунуў сваё крэсла крыху наперад. Але нават і ў такі напружаны момант рэзідэнт не забыўся пра аўтарытэт галандскай улады: ён на столькі ж сама пасунуўся і са сваім крэслам.

Тыгр падкрадаўся. Буйвал паварочваўся за ім, увесь час трымаючы напагатове свае рогі. Вось ужо тыгр падрыхтаваўся да апошняга скачка. Але буйвал папярэдзіў і кінуўся на яго сам першы.

Тыгр гэтага зусім не чакаў і ледзь паспеў адскочыць убок.

Народ весела зарагатаў. Сімпатыі публікі ўсё ж такі былі на баку буйвала.

— Маладзец, «кербау»! Трымайся! Задай яму перцу! — падахвочвалі буйвала з усіх бакоў.

Вочы буйвала наліліся крывёю, з храпы ішла пара, нават пена паказалася з рота ад напружання. Ён ужо сам імкнуўся перайсці ў атаку. Тыгр жа, наадварот, яшчэ болей сціснуўся і туляўся.

І вось раптам публіка ўбачыла тыгра ў паветры. Ён ляцеў наўскасяк, прама на карак буйвалу. Але той матнуў галавой і... памог тыгру пераляцець на другі бок. З карка быў вырваны кавалак скуры, а тыгр параніў аб рогі нагу.

Але зараз жа з незвычайнай хуткасцю, нібы яшчэ ў паветры, тыгр завярнуўся назад і апынуўся ў буйвала на карку.

Сусухунан яшчэ пасунуўся наперад, а за ім, не адводзячы вачэй ад сцэны, і рэзідэнт...

Жудасны роў вырваўся з грудзей буйвала.

Але ў адзін міг ён зваліўся на бок і прышчаміў ніжнюю палову тыгравага тулава да кратаў.

Пачуўся хруст. Гэта пакрышыліся косці тыгра. Але галава і пярэднія лапы яшчэ рабілі сваю справу...

Буйвал закідваў назад галаву, каб зачапіць ворага рогам. Гэта яму слаба ўдавалася, але і тыгр паступова слабеў і сцішаўся.

Нарэшце тыгр сканаў. А буйвал, хоць і быў яшчэ жывы, але ўжо не ўстаў...

— Вельмі цікавая бойка! — задаволена казаў сусухунан рэзідэнту, уваходзячы ва ўнутраныя пакоі,— рэдка здараецца, каб абодва разам перамаглі адзін аднаго.

— Так, цікава,— адказаў рэзідэнт, хоць сапраўды яму не вельмі падабалася такая пацеха.

Сярод гасцей быў і ван Дэкер — Гейс. Пасля ад’езду Салула і Пандо ён паехаў да начальніка канцылярыі рэзідэнта. Высокі, сухі і суровы мінгер Гааза, пачуўшы, што тут пахне капіталамі, адразу зрабіўся не толькі ласкавым, але, здаецца, і ніжэйшым па росту. Сам рэзідэнт пажадаў сустрэцца з рэдкім госцем і прыняў яго ў тым самым кабінеце, дзе некалькі дзён назад прымаў яго імператарскую вялікасць, прычым розніца ў прыёме была зусім не ў карысць яго вялікасці. Перад прадстаўніком фірмы рэзідэнт быў зусім не такі важны і горды, як перад вялікім імператарам. Рэзідэнт вельмі зацікавіўся планамі кампаніі ван Бром, абяцаў дапамагчы ўсім, чым толькі можа.

— Калі наогул нашы капіталаўкладанні на Яве вельмі пажаданыя,— казаў ён,— то ў той частцы, якая лічыцца незалежнай (ён усміхнуўся), гэтыя ўкладанні яшчэ больш патрэбныя, бо гэта найлепшы спосаб асваення краіны і далучэння яе да нашай культуры.

— У такім разе дазвольце задаць вам адно вельмі важнае для нас пытанне,— сказаў Гейс.

— Калі ласка.

— Мы чулі, што становішча на Яве напружанае, што можа нават выбухнуць паўстанне. Пры такіх умовах, самі разумееце, укладаць капіталы вельмі рызыкоўна. Для нас было б вельмі важна ведаць ваш погляд на становішча. Ад вашага адказу ў значнай ступені будзе залежаць уся справа.

Рэзідэнт адчуў усю адказнасць свайго становішча і сур'ёзна, разважліва сказаў:

— Каб гутарка ішла аб Сурабайі, Батавіі ці іншым падобным пункце, я абсалютнай гарантыі вам не даў бы, хоць асабіста я ўпэўнены, што небяспекі не можа быць. А што датычыцца Суракарты, то я магу вам даць поўную гарантыю. Праўда, ёсць у нас некаторыя фантазёры-нацыяналісты, якія мараць аб адраджэнні старадаўняй Матарамскай імперыі, але яны мараць аб гэтым ужо некалькі соцень гадоў і могуць марыць яшчэ тысячы без ніякай шкоды для нас.

— Вельмі вам дзякую,— сказаў Гейс на гэты раз ужо зусім шчыра, бо запэўненне рэзідэнта было больш карыснае для справы паўстанцаў, чым для кампаніі ван Бром.

Пасля гутаркі з рэзідэнтам Гейсу, уласна кажучы, не было чаго рабіць у горадзе. Але трэба было чакаць яшчэ тры дні. Сяк-так правёў ён два дні, а на трэці яму трапілася магчымасць пабываць у гасцях у самога сусухунана.

Выйшла яшчэ так, што Гааз на гэтым свяце пазнаёміў Гейса з Радан-Баго.

— Ён можа быць карысным для вашай справы,— шапнуў Гейсу Гааз, падыходзячы з ім да міністра.

Пачуўшы шэпт «для вашай справы», Гейс з жахам адхіснуўся і пільна паглядзеў у вочы Гаазу: што гэта значыць? Няўжо яму вядома, што гаварылася тады ў доме Пандо? Няўжо Пандо здраднік?!. Але праз момант Гейс зразумеў, у чым справа, і нават пачырванеў...

— Не думаў я, што з такім міністрам мне прыйдзецца мець справу,— сказаў ён, каб што-небудзь сказаць.

Тоўстая фігурка і хітрыя вочкі Радан-Баго лісліва замітусіліся, калі ён вітаўся з галандцамі. Гаварыць з ім Гейс не меў ніякай ахвоты, і ён уздыхнуў лягчэй, калі пасля некалькіхпустых фраз Радан-Баго пабег, як ён сказаў, па гаспадарчых справах.

Працяг святкавання адбываўся ў зале. Галоўным нумарам былі яванскія танцы — «срымпі» і «бэдойо». Гамелянг зайграў цягучую, сумную, аднастайную мелодыю, і на сярэдзіну выйшлі танцоркі, выключна прынцэсы імператарскага роду.

Увесь танец складаўся з павольных рухаў, нібы шпацыравання ўзад і ўперад, з прысяданнямі, выгінаннямі, падобнымі да змяіных рухаў. У кожным разе, тулава і рукі больш рухаліся, як ногі. Асабліва выкручваліся рукі, суставы, пальцы, выкручваліся незвычайна, ненатуральна.

Незвычайныя абставіны, публіка, танцоркі, іх змяіны танец, аднагучная, ціхая музыка — усё гэта пачало нібы зачароўваць Гейса, наводзіць сон. Тым болей, што прайшло паўгадзіны, гадзіна, паўтары,— а танцам і канца не было відаць.

Сусухунан сядзеў ля стала, пацягваў халоднае пітво, курыў і, відаць, з прыемнасцю сачыў за танцамі. Вось ён кашлянуў, і зараз жа збоку падпаўзла на карачках дзяўчына з залатой царскай плявальніцай. Атрымаўшы порцыю царскай сліны, яна таксама на карачках, але ўжо задам, пасунулася назад, трымаючы плявальніцу над галавой.

Але рэзідэнт пакутаваў. Шмат разоў бачыў ён гэтыя аднастайныя танцы. Калі спачатку яны вельмі цікавяць еўрапейца, дык потым ужо робяцца нуднымі. Асабліва, калі гэта цягнецца на працягу бадай-што дзвюх гадзін. Рэзідэнт безупынна пазяхаў, сяк і так варушыўся, каб толькі не заснуць, і быў надзвычайна рады, калі танцы скончыліся.

Надыходзіў вечар. Госці выйшлі на веранду, у сад.

— А што будзе далей? — запытаўся Гейс у Гааза.

— Мусіць, еўрапейскія танцы, а ля дванаццатай гадзіне — вячэра.

— Шкада, што не наадварот,— сказаў Гейс.— Вельмі хочацца павячэраць за імператарскім сталом.

Але лёс пазбавіў яго гэтага шчасця. Падышоў Радан-Баго і сказаў, што ля ўвахода ў палац слуга пана ван Дэкера дамагаецца пабачыць свайго туана па нейкай справе.

— Відаць, справа важная, калі ён асмеліўся турбаваць мяне,— сказаў Гейс і пайшоў.

Яго чакаў Салул.

— Праз цябе мне не ўдалося павячэраць з яго вялікасцю,— сказаў Гейс, калі яны адышліся.

— Нічога, павячэраем калі-небудзь разам у гэтым самым палацы і за гэтым самым сталом,— адказаў яму ў тон Салул.

Калі госці сусухунана пад раніцу раз’язджаліся, яны маглі заўважыць, што ў адным з вокнаў атэля ўсё яшчэ гарыць агонь...

А на другі дзень раніцою прыйшоў пасланец ад Пандо. Удзельнікі нарады павінны былі сабрацца кіламетраў за пятнаццаць адсюль, у лесе, у руінах старадаўняга храма, і пасланец павінен быў правесці туды Гейса і Салула.

Нанялі падводу без возніка (за возніка сеў пасланец) і пасля поўдня рушылі ў дарогу. Гарадок жыў сваім штодзённым жыццём. Капашыліся жыхары. Часам праходзіў ці праязджаў еўрапеец, ківаўся ў паветры пайёнг якога-небудзь саноўніка.

Гарачыня яшчэ не зменшылася, і вуліцы былі сонныя, млявыя. Ніхто, здавалася, не звярнуў на падарожнікаў увагі.

І ні ў якім разе нельга было падумаць, што за імі наглядае нават цэлы хвост зацікаўленых людзей...

 

V. СЯБРЫ МІМАВОЛІ

 

Неспадзяваны прыяцель.— Воўк і авечка.— Кітайскае пахаванне.— Трагікамедыя на могілках.— Па аднаму следу.— Смерць здрадніка.

Нонг першы раз быў у вялікім горадзе. Апынуўшыся на вуліцах Батавіі, ён са здзіўленнем пазіраў навакол: на вялізныя будынкі, вокны магазінаў, на незнаёмыя каштоўныя рэчы ў іх, на трамвай, на гарадскую публіку. Ён быў нібы ў сне. Усё, што адбылося з ім, было такім неспадзяваным, незвычайным. Якім чынам і чаму ён апынуўся тут? Нібы якая сіла падхапіла яго і перанесла ў другі свет. І ў гэтым новым свеце ён зрабіўся багацеем. Меў цэлых сто гульдэнаў! Незвычайнае багацце! Ён не мог даць сабе веры, што ўсё гэта праўда. Зноў і зноў аглядаў грошы — выходзіла, што праўда.

Бантам, лясы, таемныя таварышы — усё гэта засталося як цьмяныя, невыразныя ўспаміны. Яго жаданне і абяцанне звязаць свой лёс з імі адышлі на задні план, здаваліся ўжо непатрэбнымі.

Навошта ўсё гэта, калі ён цяпер багаты! Ён цяпер можа наладзіць сваё жыццё зусім інакш. Сто гульдэнаў — гэта ж не жарты! Яны проста палілі яму рукі. Яму здавалася, што ўсе навакол бачаць яго багацце і зайздросцяць яму. Можа, нават хочуць адабраць. І ён схаваў свае грошы глыбей.

— Што, браток, рады, што вырваўся? — пачуў ён над вухам голас, і чыясь рука па-прыяцельску апусцілася на яго плячо.

Нонг уздрыгануўся. Перад ім стаяў той самы чалавек, які там, у судзе, пасведчыў, што «гэта не ён».

— Гэта я пашкадаваў цябе,— казаў далей чалавек.— Бачу, хлапец добры, несапсаваны. Дарма, думаю, ён пакутуе, трэба памагчы! Ну, і сказаў ім, што трэба цябе выпусціць. А то прыйшлося б табе доўга яшчэ адсядзець. У такіх справах нялёгка аслабаніцца без дапамогі збоку, нават хоць ты і тысячу разоў будзеш невінаваты.

Нонг слухаў гэтае прыяцельскае лапатанне і адчуваў сябе неяк няёмка. Востры твар чалавека, лісіны голас, шустрыя вочы рабілі на Нонга агіднае ўражанне.

«Чаму ён такі ласкавы? Што яму трэба ад мяне? Ці не хоча ён выманіць грошы?» — думалася яму.

Але новы прыяцель не толькі не зарыўся на яго грошы, але наадварот — сам прапанаваў пачаставаць яго.

— Хадзем, браток, пачастую. Ты тут чалавек новы, і я магу быць для цябе карысным. А то, можа, яшчэ здарыцца так, што, вызваліўшыся з бяды, трапіш у другую, і тады буду я вінаваты, што вызваліў цябе.

І ён весела засмяяўся.

Усміхнуўся і Нонг. Гэты дзівак пачаў нават цікавіць яго.

«Ну што ж? — падумаў Нонг.— Калі ты такі ласкавы,— добра. Але і мяне, брат, не абдурыш. Бачу, якая ты цаца».

Апрача таго, Нонг быў упэўнены, што гэты чалавек не ведае пра яго, Нонгава, багацце. Нават калі б і бачыў, як туан даваў яму грошы, то ўсё роўна не мог ведаць колькі.

Селі ў трамвай і паехалі ў гавань Прыёрк. Усю дарогу новы таварыш забаўляў яго, жартаваў.

— Цябе як завуць? Я забыўся.

— Нонг.

— А мяне — Като. Павінен цябе папярэдзіць, што ў нас у горадзе жулік на жуліку едзе і жулікам паганяе. Сам убачыш. Вось чаму мне прыемна пазнаёміцца з чэсным чалавекам. Пакуль ты яшчэ не сапсаваўся ў горадзе,— падміргнуў ён з хітрай усмешкай.

Але гэтае самае здаровае, несапсаванае пачуццё якраз і казала Нонгу, што ён мае справу з адным з такіх жулікаў. Пачуццё было інстынктыўнае, але моцнае, выразнае. Можа, гэтаму Като нават і ўдалося б перамагчы недавер’е, каб не тая таемная роля, якую ён граў там на следстве.

Нонг гэта добра памятаў. Чым болей ён прыпамінаў усе падрабязнасці, тым болей пераконваўся, што гэты тып вядзе тут нейкую нядобрую палітыку. А «сяброўства» яго напэўна мае якую-небудзь шкодную мэту.

Нонг добра бачыў і разумеў, што Като там быў сведкай, што ён ведае «тых», таму і не прызнаў Нонга і яго туана. Ясна было, што «тых» шукаюць і, відаць, натрапілі на нейкі след. Таксама ясна было, што галоўным выведнікам быў гэты самы Като. І, нарэшце, Нонгу лёгка было зразумець, куды вядзе ўсё гэтае «сяброўства».

Пасля гэтага з галавы Нонга адразу вылецеў увесь той туман, усе тыя новыя ўражанні, якія меў ён за апошні час. І горад, і грошы, і планы ўласнага жыцця адсунуліся ўбок. Першае месца заняла другая, важнейшая справа. Выразней паўсталі яго ранейшыя пачуцці, выразней прыпомніў і «тых» таварышаў у лесе, прыпомніў, з якой ахвотай ён ішоў да іх, як абяцаў служыць іхняй справе. І нарэшце, самае галоўнае, што надавала яму духу і гонару,— гэта тое, што яму цяпер трапляецца адказны выпадак самастойна памагчы «тым», адхіліць небяспеку.

А якім чынам — гэта ўжо залежыць ад яго самога і ад абставін. Пакуль што ясна адно — ён павінен сачыць за гэтым чалавекам.

Калі яны выйшлі з трамвая, Нонг ужо адчуваў сябе вальней — ён ведаў, як сябе трымаць.

У гавані стаяла шмат караблёў з розных канцоў свету. Выгружаліся еўрапейскія тавары, пагружаліся мясцовыя: кава, хіна, цукар, цынамон, мускат, перац. Пад палючымі праменнямі сонца бегалі па сходнях жоўтыя, бурыя, чорныя паўголыя насільшчыкі з вялікімі пакамі і скрынямі на спіне.

Дзіўным здавалася, як гэтыя маленькія, худыя, стомленыя людзі маглі насіць такія цяжары. Скурчыўшыся бадай да зямлі, з вырачанымі вачыма, з гікам нясецца такі насільшчык, і відаць, што гэты гік з’яўляецца яго апошнім сродкам для падтрымання сіл.

А ўвечары большая частка заробкаў гіне ў незлічоных тавернах, якія, нібы пасткі, расстаўлены навакол. Толькі кітайскія насільшчыкі, або, як іх звычайна завуць, кулі, больш стрыманыя і берагуць кожны грош. Павячэраўшы жменькай рысу ды бананам, яны так і застаюцца начаваць на ўзбярэжжы да наступнага дня. Тым болей, што рабочых многа, таму яны ўжо звечара павінны станавіцца ў чаргу, каб атрымаць работу на заўтра.

Като і Нонг зайшлі ў адну таверну. У брудным нізенькім пакойчыку за бруднымі столікамі сядзелі галандскія, англійскія, японскія, кітайскія, французскія матросы.

Шум, галас і моцныя словы на розных мовах сведчылі, што прысутныя ўжо досыць падвыпілі. Ад дыму і розных пахаў паветра было такое густое, што, здавалася, праз яго трэба было праціскацца. Нонг нават крыху спалохаўся, упершыню апынуўшыся ў такім месцы.

— Кітаёза, віскі! — закамандаваў Като гаспадару-кітайцу.

З прагнасцю наліў Като дзве шклянкі, чокнуўся з Нонгам і мігам апаражніў сваю. Нонг дакрануўся вуснамі да сваёй, але спыніўся: моцным і непрыемным здалося яму гэтае пітво.

— Што ж гэта ты, брат, здрэйфіў? — засмяяўся Като.— Прывучайся!

— Не магу,— сказаў Нонг.

— Ну не, брат, гэтак нельга! Гэтак з цябе ніколі не выйдзе чалавек. А я жадаю табе дабра і хачу з цябе зрабіць чалавека. Ну, бяры. Калі хочаш, я вось сабе другую налью. Ну, разам! Смялей, не бойся! Вось гэтак!

І ён са смакам, павольна пачаў смактаць з сваёй шклянкі. Нонг крыху адпіў, а рэштку, скарыстаўшы момант, непрыкметна выліў пад стол.

— Вось і добра! — пахваліў Като, не заўважыўшы гэтага.— Калі хочаш мець поспех у жыцці, трэба ўмець піць. Хто ўмее піць, той умее жыць. Колькі ў мяне было таварышаў, якія не ўмелі ні таго, ні гэтага. Яны цяпер недзе дарма пакутуюць, а я, як бачыш, жыву і табе жадаю такога самага жыцця. Прызнавайся, ты, мусіць, зацікавіўся, чаму гэта я выказваю да цябе прыхільнасць, і, мабыць, не верыш мне, а?

— Праўду кажучы, я нічога яшчэ не думаў. Бачу, добры чалавек — і ўсё,— адказаў Нонг з прасцецкім выглядам.

— Вядома, добры. І зараз ты ў гэтым пераканаешся.

Като нахіліўся бліжэй і ціха запытаўся:

— Скажы, як выглядае той другі туан, якога ты бачыў у Бантаме?

«Пачынаецца!» — падумаў Нонг і ўвесь напружыўся.

— Ды я ж казаў ужо,— адказаў ён голасна.— Досыць высокі, гадоў пад трыццаць пяць ці болей, з чорнымі валасамі і барадой.

Здаецца, Като не заўважыў, што Нонг цяпер накінуў гадкоў з пяць.

— Чорны? — зноў запытаўся Като.

— Але. Што ж тут дзіўнага?

— А якія з ім былі людзі?

— Зноў жа я казаў: некалькі праваднікоў, слуг.

— А што ён там рабіў?

— Не ведаю. Я бачыў яго мімаходам. Здаецца, паляваў, апрача таго, я адным вухам чуў, што ён шукае нейкія плантацыі.

— А ты б пазнаў яго, каб убачыў зноў?

На гэты раз Нонг задумаўся, як лепей адказаць.

— Не ведаю. Я яго зусім мала бачыў,— няўпэўнена прамовіў ён.

— Ну, дык я табе адкрыю сакрэт, чаму я так цікаўлюся гэтым панам. Ты кажаш, што ён хоча знайсці зямлю ў арэнду. Сам ведаеш, справа гэта нялёгкая. Ну, а я якраз ведаю адпаведны ўчастак. Калі мы знойдзем гэтага пана і прапануем зямлю, дык можна будзе добра зарабіць і ад яго і ад таго, хто здае, бо пан гэты, відаць, багаты і грошай не пашкадуе. Заработак падзелім напалам — вось і ўся справа. Разумееш цяпер?

Нонг зразумеў: Като хоча скарыстаць яго, каб знайсці «тых». І надумаў план нядрэнны. Ну, што ж, лепей, калі Нонг увесь час будзе поруч з гэтым шпіёнам, каб папярэдзіць «тых». Пры такіх умовах можна будзе знайсці выпадак і назаўсёды пазбавіцца ад яго.

— Гэта было б вельмі добра! — нібы радасна адказаў Нонг.

— І гэта ў значнай меры залежыць ад цябе. Мы б паехалі разам. Каб ты мог пазнаць яго, асабліва каб ты хоць прыблізна мог ведаць, дзе яго шукаць, тады мы хутка зрабілі б сваю справу.

Нонг неяк чуў тады, нават не звяртаючы ўвагі, што нехта там збіраецца ехаць у Суракарту. Але сказаць аб гэтым шпіёну пабаяўся, бо той можа кінуць Нонга і паехаць адзін. Тады Нонг будзе злачынцам, здраднікам.

— Гэтага не ведаю,— адказаў ён, падумаўшы.

— А ты больш падумай, можа, што-небудзь чуў? Хоць прыблізна. Табе ж лепей будзе.

Крыкі і сварка сярод матросаў вызвалілі Нонга ад адказу. Усе ўсхапіліся: у кутку заблішчалі нажы, рэвальверы. Але зараз жа з’явілася паліцыя і спыніла сварку. Відаць, паліцыя тут была заўсёды напагатове.

Пасля таго Като зацікавіўся другім з’явішчам. Праз акно ён убачыў, што на набярэжнай, супраць таверны, з карабля выгружалі труну. Група кітайцаў сустракала яе, плакала, галасіла. За труной з сумным выглядам спускаўся з карабля кітаец, які, відаць, прывёз нябожчыка.

— Цянь-фу?! — пазнаў яго Като і вельмі здзівіўся.

Кітайцы вельмі шануюць сваю бацькаўшчыну. Дзе б кітаец ні быў, ён ніколі не траціць з ёю сувязі. Заўсёды ён імкнецца вярнуцца дадому. І калі памірае, то просіць, каб труп яго перавезлі і пахавалі на бацькаўшчыне. Зразумела, такое жаданне могуць выканаць толькі багатыя кітайцы, але ў агульным ліку на ўсім свеце такіх набіраецца досыць, таму падарожжа кітайскіх мерцвякоў з’яўляецца досыць звычайнай справай.

З цягам часу гэты звычай пачаў дзейнічаць нават і ў тых выпадках, калі кітаец нарадзіўся не ў Кітаі, а на чужыне. Тады ўжо і ён такім самым чынам імкнуўся на сваю новую радзіму. Таму і прывоз кітайскага мерцвяка на Яву быў нярэдкім з’явішчам.

Але Като, відаць, зацікавіўся не гэтым.

— Ідзём! — таргануў ён за руку Нонга і выбег з таверны.

Падышоўшы да працэсіі, Като звярнуўся да адной жанчыны, якая надта ўжо старанна выказвала роспач.

— Каго везяце?

— Ой-ой-ой! Бацька, бацька вяртаецца ў такім выглядзе! — адказала яна праз слёзы.

Потым падышоў да Цянь-фу.

— Добры дзень, Цянь-фу! Каго вязеш?

— Бацьку прыйшлося прывезці. Вялікае няшчасце. І каштуе колькі!

Като адышоў і ўсміхнуўся. Па-першае, Цянь-фу, як ведаў Като, быў не такі ўжо багаты, каб дазваляць сабе такую раскошу. Па-другое, тая жанчына не была ні сястрой, ні жонкай Цянь-фу, і, па-трэцяе, бацька Цянь-фу нарадзіўся і жыў у Кітаі.

— Ідзём праводзім гэтага нябожчыка, грошы заробім,— падышоў Като да Нонга.

Той здзіўлена глянуў на Като.

— Чаго дзівішся? Сам убачыш. Я ж казаў, што навучу цябе, як жыць на свеце.

І яны далучыліся да працэсіі.

Вечарэла ўжо, калі яны падышлі да кітайскіх могілак. Хутка, абы-як засыпалі труну і разышліся. Але Като нават і не чакаў канца. Ён павёў Нонга назад у горад і купіў дзве рыдлёўкі.

Нонг здагадаўся, што задумаў гэты жулік...

— Ну, не! На такія справы я не пайду! — запратэставаў ён.

— Дурны! Кажу ж табе, што зарабіць можна.

— Гэткіх заработкаў я не жадаю. Ідзі сабе сам.

— І пайду! — упарта сказаў Като.— А ты шкадаваць будзеш. Ты нават яшчэ не ведаеш, у чым тут справа, а ўжо адмаўляешся.

— У чым жа ж?

— Пойдзем, тады ўбачыш.

Што тут было рабіць? Пакінуць яго — значыць, пакінуць «тых», адмовіцца ад дапамогі ім, ведаць, што ім пагражае небяспека, і нічога не зрабіць. Лёс звязаў Нонга з гэтым падлюгай так, што трэба або загубіць «тых», або «сябраваць» з гэтым да канца. Загубіць «тых» Нонг не мог — і пайшоў за Като.

Было ўжо зусім цёмна, калі яны вярнуліся на могілкі. Падышлі зусім з другога боку і, натыкаючыся ў цемры на магільныя каменні, пачалі ціхенька падкрадвацца да свежай магілы.

Сэрца Нонга сціскалася ад жаху. Ужо адно гэтае бадзянне ўначы па нейкіх кітайскіх могілках чаго было варта. А тут яшчэ невядомая, падазроная і, мусіць, небяспечная мэта. Але мэта Нонга была больш сур’ёзная, і, сцяўшы зубы, ён ішоў за Като.

Нарэшце падышлі да свежай магілы.

— Цяпер давай капаць, толькі хутчэй! — загадаў Като і ўзяўся за працу.

Але Нонг не рухаўся з месца.

— Мне гэта не патрэбна,— адказаў ён рашуча.

— Ды тут жа багацце!

— Якое багацце?

— Кантрабанда.

Цяпер толькі Нонг зразумеў, у чым справа!

У гэты момант побач паднялася нейкая цёмная фігура і шпарка пабегла прэч.

— Трымай яго! — крыкнуў Като і кінуўся наўздагон.

Нонг застаўся на месцы, не ведаючы, як трымаць сябе ў гэтых незвычайных падзеях.

Праз некалькі мінут вярнуўся, засопшыся, Като.

— Уцёк, халера на яго галаву! Гэта быў, відаць, іхні вартаўнік. Цяпер ён іх папярэдзіць і прывядзе сюды.

— Значыцца, нам трэба ўцякаць, пакуль не позна,— сказаў Нонг.

— І не падумаю! — рашуча адказаў Като.— Мы яшчэ з імі паспрачаемся.

— Ну, а я дык зусім не маю ахвоты ні спрачацца, ні сустракацца з імі,— сказаў Нонг і накіраваўся прэч.

— Пачакай крыху! — спыніў яго Като.— Добра, я згодзен, ідзі сабе, але не выходзь зусім, пачакай, схаваўшыся, там далей. Калі тут што здарыцца, пачуюцца стрэлы ці што, тады бяжы і прывядзі паліцыю. А калі ўсё будзе ціха, я сам прыйду да цябе, мы спакойна сабе выйдзем, а ты атрымаеш сваю долю. Як бачыш, ты нічым не рызыкуеш. Згодзен?

Нонг ахвотна згадзіўся. Гэта прапанова зусім адпавядала яго жаданням. Па-першае, ён не разлучаўся з Като назусім, па-другое, не рызыкаваў, а па-трэцяе, меў надзею, што кітайцы заб’юць Като. Гэта быў бы найлепшы выхад. А паліцыю Нонг пазваў бы толькі тады, калі пераканаўся б, што яго «сябра» забіты; нават сам даканаў бы яго, каб патрэбна было.

Като таксама быў задаволены...

Праз паўгадзіны ён заўважыў, што наперадзе нешта варушыцца. Асцярожна, ад каменя да каменя, паўзлі цені. Трэба было або быць смелым да вар’яцтва, або надта хітрым, задзірлівым і ўпэўненым, каб трымацца так спакойна, як трымаў сябе Като.

— Гэй! Пачакайце! — крыкнуў ён да ценяў.— Я адзін. Давайце пагаворым.

Адтуль ніякага адказу.

— Гэй! Цянь-фу! Не хавайся! Не варта. Ваш вартаўнік, пэўна, сказаў вам, што нас двое. Ну дык вось, адзін з нас знаходзіцца па-за могілкамі і чакае вынікаў. Каб вам удалося мяне забіць, то праз некалькі мінут ён прывядзе паліцыю, і тады не толькі вы атрымаеце кару, але і загіне ўвесь ваш тавар. Апрача таго, я маю рэвальвер, нараблю шуму, можа, і з вас некалькіх заб’ю. Такім чынам, самі бачыце, бойка не прынясе вам аніякай карысці. Нават, калі пераможаце, то будзеце мець страту тавару, смерць аднаго ці двух чалавек і суд для рэшты. Давайце лепш пагаворым па-прыяцельску. Хай падыдзе адзін з вас бліжэй. Не рухайцеся! Зараз страляць буду. Хай адзін падыходзіць! — Усё гэта Като сказаў досыць ціхім голасам, каб не было чуваць далей, як трэба. Але кітайцы ўсе яго словы чулі добра. Нонг знаходзіўся значна далей і нічога не чуў, толькі напружана чакаў стрэлаў.

Некалькі мінут усё было ціха. Като з рэвальверам у руцэ сачыў навакол, каб ніхто не падкраўся.

— Ну, Цянь-фу, хутчэй! Хіба ты дурны, хіба ты не можаш падлічыць усе выгады ад маёй прапановы?

Нарэшце падняўся адзін цень і падышоў на некалькі крокаў.

— Якія ж твае ўмовы? — прамовіў кітаец, і ў голасе яго, было столькі стрыманай злосці, што нават Като крыху жудасна стала.

— Прыяцельскія, па знаёмству толькі,— адказаў ён.— Ты ж ведаеш, што заместа таго, каб рызыкаваць і нажыць сабе ворагаў, я мог бы ціхенька сказаць на вуха каму трэба і без ніякага клопату атрымаць трэцюю частку ўсяго тавару. Ты трапіў бы пад суд і нават не ведаў бы, адкуль табе прыйшло гэткае шчасце, а на мяне зусім не меў бы злосці, можа, нават яшчэ больш палюбіў бы. Згодзен ты, што я мог бы так зрабіць?

— Такі, як ты, вядома, мог бы,— прахрыпеў Цянь-фу.

— Згодзен ты, што ў такой труне можна змясціць опіуму і іншых рэчаў тысячы на тры гульдэнаў?

— Куды там на тры тысячы! — жыва адказаў кітаец.— Ды ў мяне і ўсяго капіталу не будзе тры тысячы.

— У кожным разе, пустую труну ніхто не будзе везці з-за мора,— дзелавіта заўважыў Като.— Ну, дык вось мая прапанова: я атрымліваю замест законнай тысячы толькі пяцьсот і тваю шчырую падзяку, а ты спакойна робіш, што хочаш. Згодзен?

— Не, ты занадта ўжо налічыў; там і на тысячу не будзе.

— Хоць бы і так, але ж іначай ты і гэтага не атрымаеш, дый у турму трапіш. Падумай сам, што лепш.

— Уступі крыху,— запрасіў Цянь-фу.— Трыста вазьмі.

— Ну добра, згодзен, але з адной умовай.

— Якой?

— Што ты шчыра не будзеш на мяне злаваць.

Кітаец нават засмяяўся.

— Хай будзе так. Ну, і жулік жа ты! — падышоў і палез за грашыма.

— Затое сумленны,— з гонарам адказаў Като і запаліў агонь, каб можна было адлічыць грошы.

Нонг тым часам аж млеў ад нецярплівасці. Чаму так доўга нічога не чуваць? А калі справа скончылася згодай, дык час ужо вярнуцца. А можа, гэты жулік узяў ды ўцёк ад яго, каб не дзяліцца грашыма? Дарма Нонг не папярэдзіў яго, што на такія грошы не квапіцца. Дарма ён спалохаўся гэтай брыдкай справы і спусціў з вачэй свайго «таварыша». Цяпер справа значна ўскладніцца. Як знайсці яго? Адна толькі надзея засталася: можа, кітайцы яго забілі.

І Нонг папоўз да магілы.

А калі падпоўз, дык убачыў, што два кітайцы закопваюць магілу, а больш нікога няма. А можа, яны за адным разам закопваюць і забітага Като? Як аб гэтым даведацца? Паказацца ім рызыкоўна, бо яны могуць знішчыць і другога сведку.

Пакуль Нонг ламаў галаву, кітайцы скончылі сваю справу і пайшлі. Нонг адзін застаўся на свежай магіле. Было, мусіць, а другой гадзіне ночы. Сядзець у такі час аднаму на невядомых могілках незнаёмага горада было не вельмі прыемна. Але не гэта мучыла Нонга. Больш за ўсё мучыла пытанне: ці пахаваны Като ў гэтай магіле, ці так пайшоў? Хоць ты рукамі разграбай зямлю, каб даведацца аб гэтым! А ведаць абавязкова трэба.

Да святла заставалася гадзіны чатыры. Паспець яшчэ можна. Ды яшчэ Нонг прыпомніў, што кінуў тады ўбок сваю рыдлёўку. Пэўна, ніхто аб ёй не думаў і не шукаў. Рыдлёўка знайшлася. Нонг узяўся за работу.

Зямля на гэтай няшчаснай магіле сёння столькі разоў перакідвалася, што капаць было зусім лёгка. Хутка рыдлёўка стукнула аб труну. Дрыготкімі рукамі стаў Нонг адчыняць яе...

Мусіць, Като не так моцна жадаў знайсці ў гэтай труне багацце, як Нонг — знайсці труп Като. Але труна была пустая...

Нонг ледзь не заплакаў. Што цяпер рабіць? Дзе яго шукаць? Можа, ён ужо накіраваўся па слядах? Як папярэдзіць «тых», калі Нонг сам не ведае, дзе яны? І вінаваты ў гэтым сам Нонг. Праз яго можа быць непрыемнасць «тым»...

Праз некаторы час Нонг адзін ехаў у Суракарту.

Зноў ён апынуўся ў незнаёмым горадзе ды яшчэ па такой справе, да якой нават не ведаў, як прыступіцца. Добра яшчэ, што горад быў зусім не такі вялікі, як Батавія.

Нонг знайшоў прытулак у начлежцы і два дні бадзяўся па вуліцах, па плошчы ды каля атэля. Распытваць у атэлі пра людзей, якіх ён і назваць не мог, Нонг не адважваўся. І вось аднаго разу ён убачыў каля атэля... Като, таго самага «прыяцеля», якога ён згубіў! Като быў у велізарным капелюшы, з якога спускалася яшчэ хустка. Відаць, ён не хацеў, каб яго пазналі. Ішоў ён каля атэля надта павольна, прыпыніўся, нібы мяркуючы, зайсці ці не, прайшоў далей, а потым завярнуўся назад.

Калі ў першы момант Нонг падумаў быў падысці да яго, то цяпер, наадварот, адышоў убок, каб Като яго не ўбачыў, і пачаў сачыць, што будзе далей. Праз хвіліну да атэля пад’ехала павозка, і да яе выйшлі два чалавекі. Нонг адразу пазнаў тых, каго шукаў... Не паспеў Нонг падумаць, што яму цяпер рабіць, як яны селі ў павозку і паехалі. За імі подбегам рушыў Като, а за Като — Нонг.

Завярнулі ў адну, другую вуліцу і выйшлі на прамую, доўгую, якая, відаць, непасрэдна пераходзіла ў тракт.

Тут Като неспадзявана спыніўся і павярнуў убок.

Збянтэжаны Нонг не ведаў, ці сачыць за ім, ці гнацца за тымі. Крыху паразважаўшы, ён палічыў за лепшае ісці наперад.

Пара маленькіх яванскіх коней шпарка везла павозку па пыльнай дарозе, і хутка пыл зусім схаваў яе ад вачэй Нонга. Як было яму дагнаць яе? А тым часам ззаду кожную хвіліну можна было чакаць небяспекі. Тады Нонг пусціўся бегчы...

Роўнымі, мернымі крокамі, захоўваючы сілы, бег Нонг, нібы ў спартыўным спаборніцтве. Праз некалькі мінут ён нават заўважыў, што адлегласць памяншаецца. Здзіўлена пазіралі пешаходы на дзівака, які бяжыць у такую гарачыню.

— Куды ты ляціш? — пыталіся яго.

— Сапі збег. Ці не бачылі часам? — адказваў Нонг.

І заўсёды знаходзіліся людзі, якія бачылі і запэўнялі, што гэта якраз Нонгаў сапі.

Праз колькі часу Нонг быў вымушаны прыпыніцца для адпачынку. Каб не траціць часу, ён папрасіўся ў аднаго дзеда пад’ехаць. Дзед павольна цягнуўся на двух колах, запрэжаных параю буйвалаў.

У гэты момант Нонг пачуў ззаду тупат капытоў, і праз хвіліну міма пранёсся Като, верхам на кані. Нонг толькі сцяў зубы ў бяссільнай злосці...

Але вось наперадзе вялікі ўзгорак. Павозка падарожнікаў паехала ціха. Като апынуўся зусім блізка ад яе, але спыніўся і стаў чакаць, пакуль яна ад’едзе далей.

Нонг уздыхнуў вальней: значыцца, Като толькі сочыць за ёй, а ў такім разе Нонг паспее і пазней папярэдзіць «тых».

Павозка тым часам пераехала ўзгорак і зноў пакацілася шпарчэй. За ёй схаваўся з вачэй і Като. Тады Нонг злез з воза і зноў пусціўся бегчы. Стары толькі здзіўлена паглядзеў яму ўслед.

За ўзгоркам пачынаўся пералесак, які паступова пераходзіў у досыць густы лес. Бегчы стала лягчэй. На паваротах Нонг бачыў конніка, за ім часам паказвалася і павозка. Але Като ўвесь час трымаўся на пэўнай адлегласці ад яе.

Калі Нонг ужо досыць паглыбіўся ў лес, ён пачуў ззаду яшчэ больш моцны конскі тупат. Азірнуўся і з жахам убачыў, што за ім едуць чалавек дваццаць жандараў. Але яны зусім не спяшаліся; ехалі ўвесь час ціха, так што Нонг заўсёды быў наперадзе.

Засталося ззаду яшчэ кіламетраў з пяць. Раптам Нонг пачуў, што нехта едзе насустрач. Ледзь паспеў ён схавацца ў кустах, як міма яго праехаў Като. Ён пад’ехаў да жандараў і пачаў нешта казаць. Тыя спыніліся, злезлі з коней і адвялі іх глыбей у лес. Злез з каня і Като і пакінуў яго там жа.

Праз хвіліну жандары зніклі, усё заціхла, а назад пайшоў пешшу адзін Като.

Нонг зразумеў, у чым справа: Като павінен быў спачатку высачыць, а потым паклікаць жандараў.

Нонг адчуў сябе спакайней, нават задаволена ўсміхнуўся.

«У такім разе паспеем»,—падумаў ён і пайшоў услед за Като.

Праз некаторы час пачуліся галасы: відаць, блізка было жыллё. Паказалася палянка, а на ёй некалькі хатак. Ля адной з іх стаяла павозка падарожнікаў. Саміх іх не было відаць, а круціўся там Като.

Потым ён накіраваўся ў лес. За ім пайшоў і Нонг.

У гушчары было ўжо досыць цёмна. Трэск і шолах наперадзе паказвалі Нонгу дарогу, па якой ідзе Като. Як тыгр, краўся ззаду Нонг, трымаючы ў руцэ свой крыс.

Ісці прыйшлося нядоўга. Лес крыху парадзеў, і сярод зарасніку вызначыліся руіны старажытнага будынка. Навакол было ціха і бязлюдна; толькі некалькі цёмных фігур мільганула ля сцен.

Выйшаўшы на ўскрай лесу, Като прыпыніўся. У гэты момант за яго спіной храснула галіна. Мігам ён выхапіў рэвальвер, адвярнуўся і ўбачыў перад сабой Нонга.

— Ты? — здзівіўся Като.

Такая неспадзяваная сустрэча на момант ашаламіла яго. Гэта і скарыстаў Нонг. Ён ужо загадзя абмеркаваў, што самай галоўнай справай цяпер будзе — не дапусціць стрэлу, бо ён можа выклікаць сюды жандараў.

Не паспеў Като апамятацца, як Нонг ударыў яго крысам па руцэ з рэвальверам. Рэвальвер вываліўся.

— А! Ты во як! — узвіскнуў Като і закруціўся, бы вужака на агні. Ён выхапіў левай рукой крыс, а правай, параненай, цэліўся падняць рэвальвер. Тады Нонг патрапіў ударыць яго яшчэ і ў левае плячо.

— Сюды! На дапамогу! — закрычаў Като на ўсё горла і памкнуўся ўцякаць.

Нонг сцяміў, якая небяспека пагражае ад гэтага крыку, і кінуўся на Като, як калісьці тыгр на Хаона. Ён думаў не аб тым, каб зноў ударыць Като крысам,— не заўсёды гэтым адразу спыніш крык,— а каб хутчэй заткнуць яму глотку. Мігам абодва яны пакаціліся па зямлі. Ранены Като доўга супраціўляцца не мог. Нонг вельмі хутка сціснуў яму горла, але раптам ззаду некалькі рук ухапілі за горла яго самога і адцягнулі ад Като.

«Спазніўся!»—з жалем падумаў небарака, дзівячыся, як гэта ён не пачуў, што падаспелі жандары. Азірнуўся — і ўбачыў не жандараў, а гурток людзей, сярод якіх былі і тыя, каго ён шукаў.

— Туан! — ускрыкнуў абрадаваны Нонг, забыўшыся, што Гейс забараніў так называць яго.

Але Гейс і Салул не чулі яго і не бачылі. Яны абодва разам кінуліся да шпіёна з крыкам:

— Гано! У чым справа?..

Але здраднік нічога не мог адказаць. Седзячы на зямлі, ён }апусціў галаву і маўчаў.

Тады яны глянулі на Нонга і зноў здзівіліся:

— Нонг?! Ты?!

— Ратуйцеся! — адказаў Нонг.— Недалёка адсюль стаіць у засадзе атрад жандараў, якіх прывёў гэты шпіён.

— Гад! Здраднік! — крыкнуў Салул і ўсадзіў свой крыс паміж плеч Гано.

 

VI. УЦЕКАЧЫ

 

Рыбацкая лодка.— Рыбы ў паветры.— Уцекачы.— Бойка на моры.— Шквал.— Калі сонца засвяціла зноў...— А ўсё ж такі паехалі! — Рыбін канцэрт.— Зноў у бядзе.— Пячора з музыкай.— У бутэльцы.— А вада ўсё прыбывае...

Індыйскі акіян іскрыўся пад паўднёвым сонцам. То сляпіў вочы, адбіваючы агністыя праменні, то цешыў вока цёмнай сінявой. Паўднёва-ўсходні пасат дзьмуў неяк няроўна, часам зусім сцішаўся.

Уздоўж берага на захад плыла рыбацкая лодка пад косым парусам. Вецер наогул быў спадарожны, але паступова сціхаў; тады парус бездапаможна целяпаўся і лодка не рухалася.

Гэта, відаць, вельмі нервавала двух тубыльцаў, што сядзелі ў лодцы, бо яны спяшаліся і разам з тым пільна сачылі за берагам. У лодцы ляжаў падрыхтаваны невад, але рыбакі больш цікавіліся берагам, як сваім невадам.

— Не падабаецца мне гэта,— сказаў адзін з іх, прыглядаючыся да неба.— Можа быць ці штыль, ці шквал.

— Мусіць, спачатку штыль, а потым шквал,— адказаў другі.

І сапраўды, неўзабаве вецер зусім сцішыўся.

— Нічога не зробіш, прыйдзецца брацца за вёслы,— уздыхнулі рыбакі і схіліліся, каб узяць іх.

Раптам у паветры пачуўся шум, і над галавой пераляцела чарада рыб. З разяўленымі ратамі, апушчанымі хвастамі, яны старанна і нязграбна варушылі сваімі шырокімі плаўнікамі, з якіх высоўваліся доўгія косці-іглы. Вытарашчаныя вочы надавалі ім смешны, спалоханы выгляд. Ім сапраўды было чаго палохацца: рыбакі паспелі заўважыць, як ззаду высунулася вялізная зубастая галава драпежнай рыбіны. Некалькі рыб не здолелі пераляцець і зваліліся ў лодку.

— Вось і не трэба будзе турбавацца,— самі налятуць у лодку,— засмяяліся рыбакі.— Вунь іх яшчэ колькі!

На вялікай прасторы вакол лодкі заблішчалі ў паветры рыбы. Некаторыя апускаліся, дакраналіся да вады і зноў падскаквалі, нібы камень, пушчаны па паверхні вады. Некаторыя праляталі значную адлегласць, метраў пяцьдзесят, на вышыні двух-трох метраў221. Відаць, лодка натрапіла на цэлую чараду такіх рыб у час нападу драпежнікаў.

Раптам аднекуль наляцелі птушкі і пачалі лавіць рыбу ў паветры. Ціхае мора ажывілася, падняўся шум.

— Вас яшчэ не хапала! — крыкнуў адзін рыбак і замахнуўся на птушак вяслом.— І нашу долю возьмеце. А нам так патрэбна хоць якая рыбіна, каб паказаць, што мы тут нездарма знаходзімся.

Праз некалькі мінут зноў зрабілася ціха. Вецер часамі пачынаў дзьмуць нават насустрач, з захаду. Рыбакі ўзяліся за вёслы.

— Зірні, ці не яны? — сказаў адзін.

На высокім беразе з’явіліся два чалавекі і сталі махаць бананавым лістом.

— Яны!

І лодка на вёслах накіравалася да берага. Але пад’ехаць да самай зямлі не магла.

— Не трэба! — крыкнулі з берага.— Мы самі падплывём.

І праз хвіліну ў лодку ўлезлі мокрыя Гейс і Салул.

— Ці ёсць зброя? — адразу запытаўся Салул.— Мы нічога не маем.

— Ёсць, ёсць,— супакоілі рыбакі і паказалі пад снаснямі пяць вінтовак і два рэвальверы.

— Ну, едзем далей ад берага!

— Ці гоніцца хто за вамі? — запытаўся адзін з рыбакоў.

— За апошнія два дні нам нібы ўдалося замесці след. Але спадзявацца на гэта нельга. Можа, і цяпер хто-небудзь бачыць нашу лодку, а Тжыладжап недалёка. Могуць пацікавіцца, што гэта за лодка.

Чатыры чалавекі ўжо маглі плысці шпарчэй. Паехалі наўкос: на захад і разам з тым далей ад берага. Наляглі на вёслы. З трывогай азіраліся назад, ці не гоніцца хто. На шчасце, усё было спакойна. Паказалася на небасхіле невялічкае судна, але хутка выявілася, што гэта рыбацкая лодка.

Моўчкі плылі таварышы. Бераг паступова адсоўваўся. Часам дапамагаў ветрык, але быў ён няпэўны, ненадзейны, а праз некаторы час і зусім супакоіўся.

Аднак у гэтым спакоі адчувалася напружанасць.

— Будзе бура,— загаманілі ў лодцы.— Ці варта ад’язджаць ад берага? Невядома яшчэ, якое ліха горшае.

З гэтым усе былі згодны і ўжо накіраваліся былі да берага, як сярод цішыні пачуліся далёкія гукі — «та-та-та-та...» Гэта тарахцеў матор. А праз некаторы час на бліскучай паверхні вады заўважылі маленечкую кропку.

— Берамося за невад, хай думаюць, што рыбакі! — крыкнуў адзін з таварышаў.

— Не паможа,— сказаў Гейс.— Маторная лодка дарма ў мора не паедзе: яны едуць да нас з пэўнай мэтай. Трэба рыхтавацца да бойкі.

— Колькі іх там можа быць? — пяўся разгледзець Салул.

— У кожным разе, не болей як восем чалавек,— адказаў Гейс.

Катэр набліжаўся. Неўзабаве разгледзелі салдат з вінтоўкамі. Справа была ясная.

— Паставім лодку носам да іх, каб цэль была меншая,— загадаў Гейс.

— І пакладзём наперадзе жмутом наш невад,— дадаў Салул.

Катэр пад'ехаў бліжэй і прыпыніўся. Цяпер выявілася, што ў ім было аж дзесяць чалавек. Становішча рабілася больш сур’ёзным, як думалі раней.

— Імем закона вы арыштаваныя! — крыкнуў адтуль маладзенькі галандскі пагранічнік.— Рукі ўгору!

— Нічога не зробіш,— адказалі з лодкі,— угору дык угору.

Рукі сапраўды падняліся ўгору — і далі залп. Пачалася перастрэлка. Адзін чалавек на катэры зваліўся забіты, два былі крыху паранены. А на лодцы пакуль што страт не было: кулі або застравалі ў снасці, або выляталі адтуль зусім аслабленыя.

На катэры заўважылі невыгоду свайго становішча, ад’ехалі назад і пачалі заходзіць збоку.

— Заварочвайце! — крыкнуў Гейс, але нязграбная рыбацкая лодка на вёслах не магла раўняцца з катэрам.

Тады жмут снасцей перацягнулі да краю і прытуліліся за ім.

— Сарваць парус! — крыкнуў Салул і кінуўся да яго з нажом. Праз момант другі жмут далучыўся да першага.

Зноў пачалася страляніна. Праз некаторы час бакі лодкі засвяціліся, нібы рэшата, але людзі атрымалі толькі некалькі драпінак. Былі дзіркі і на катэры, але значна менш, бо сам ён быў меншы ды супраць яго было толькі чатыры вінтоўкі, а там дзевяць. Праўда, хутка яшчэ адна вінтоўка выйшла са строю, але ўсё ж такі іх заставалася восем супраць чатырох.

На катэры, відаць, сцямілі, што праціўнік абараняе сябе жмутамі паруса ды снасцей, і абышлі лодку з другога боку. Тады і паўстанцы перацягнулі сваю заслону на другі бок.

Непасрэднай бяды яшчэ не было, але становішча нашых герояў было непрыемнае. Катэр манеўраваў, як хацеў: то аддаляўся, то набліжаўся, заходзіў то з аднаго, то з другога боку, а нязграбная лодка не мела аніякай ініцыятывы і магла толькі абараняцца ў залежнасці ад рухаў ворага.

— Гэта можа цягнуцца бясконца! — злаваў Гейс.— Гэтак яны могуць узяць нас зморам. Будзем тады цэліцца ніжэй ватэрлініі: у нашым становішчы дзірка ў сподзе катэра будзе не менш карысная, як у галаве ворага.

І з гэтага часу ўся ўвага таварышаў скіравалася на тое, каб прабіць дзірку пад вадой. Але нялёгка было гэта зрабіць. Многія кулі адскаквалі ад вады і скакалі далей, як каменьчыкі, што мы ўсе ў свой час пускалі па вадзе. Аднак праз некаторы час заўважыліся вынікі. На катэры пачалася мітусня. Потым было відаць, як адтуль сталі выліваць ваду. Дзякуючы таму, што катэр меў падлогу, нельга было заўважыць дзірак пад ёй адразу. Заўважылі толькі тады, калі вада пачала выбівацца напаверх. А тады і знайсці іх цяжка, каб заткнуць. Каб паправіць аварыю, катэр ад’ехаў далей.

— Перадышку маем,— сказаў Салул,— а скарыстаць яе нельга: не можам ні напасці на іх, ні ўцячы. Давайце хоць пасунемся на кожны выпадак бліжэй да берага. Цяпер ужо для нас бераг больш пажаданы, як мора.

Адны пачалі затыкаць дзіркі, а другія ўзяліся за вёслы. Так прайшло з паўгадзіны.

А потым зноў затарахцеў матор, і страляніна пачалася зноў...

Занятыя сваёй справай, абодва бакі зусім забыліся аб трэцяй сіле, якая пільнавала час, каб умяшацца ў барацьбу. Заўважылі толькі тады, калі загрымеў гром і пачалася навальніца. З’явішча было нагэтулькі цікавым і жудасным, што людзі мімаволі прыпынілі страляніну.

Палова кругагляду была ахоплена чорнымі хмарамі, якія клубіліся, нібы дым. У гэтым чорным хаосе безупынна бліскала маланка. Ад хмараў, нібы заслона, спускалася на мора шэрая дажджавая сцяна, а пад ёй пенілася і бялела мора, быццам снежнае поле.

А ў гэты самы час з другога боку мора спакойна лашчылася пад сонцам, не думаючы аб тым, што яго чакае.

Сцяна шпарка набліжалася. Паперадзе, нібы разведчыкі, неслася атара «баранчыкаў»23.

Яшчэ хвіліна — і навала праглынула абедзве лодкі...

 

Праз паўгадзіны выглянула сонца, і ўсё навакол прыняло ранейшы выгляд. Толькі акіян дыхаў, нібы змораны барэц.

Варожых лодак не было відаць: прырода памірыла іх. Але вось у адным месцы высунулася з вады галава і зноў схавалася. Бурбалкі сведчаць, што справы гэтага чалавека зусім кепскія. Там, далей, валтузяцца яшчэ двое, чапляюцца адзін за аднаго, перашкаджаюць адзін аднаму. Гэта дужэйшыя з каманды катэра. Але сілы іх ужо растрачаны за тыя паўгадзіны. Цяпер яны капошацца амаль у непрытомнасці. Зараз будзе і ім канец.

Дасканалы катэр з маторам і іншымі жалезнымі рэчамі затануў. А вось простая драўляная лодка, здаецца, чарнеецца. Так, гэта яна, толькі перакуленая. Горб яе спакойна калышацца на вадзе, нібы кіт.

Побач з ёй галовы. Адна... дзве... чатыры... Усе!

Плаўцы ледзь варушацца. Але рухі спакойныя, упэўненыя. Здаецца, людзі не змагаюцца за сваё жыццё, як тыя, а нібы адпачываюць.

Так яно і было. Яны прадбачылі такое здарэнне і прывязалі да бартоў лодкі вяроўкі. Калі лодка перакулілася, яны прымацаваліся да яе гэтымі вяроўкамі.

Шквал ахапіў нязначную частку мора і хутка прайшоў. Таму і хваляванне супакойвалася досыць хутка.

— А дзе ж яны? — прамовіў нарэшце Салул і, зачапіўшыся за лодку, прыпадняўся, каб зірнуць навакол.— Няма. Нічога не відаць.

— Туды ім і дарога.

Але трэба было падумаць аб сабе, бо і іх становішча было не надта добрым.

— Давайце паспрабуем перавярнуць лодку,— сказаў Гейс.— Я думаю, з дапамогаю вяровак мы здолеем гэта зрабіць. Кіньце сюды праз верх вашы канцы і вазьміце падыспадам нашы. Мы не толькі зможам цягнуць, але яшчэ і ўпірацца нагамі ў процілеглы бок. Сюды хай цягнуць тры чалавекі, а падыспадам хопіць і аднаго.

Прыладзіліся. Пачалося гоцканне, нібы гульня. Некалькі разоў лодка станавілася рубам, вось-вось перавернецца, але не хапала сілы — і яна плюхалася назад.

У адзін з такіх момантаў з-пад лодкі вывалілася вясло, якое нейкім цудам затрымалася пад лавамі. Гэтае вясло спаткалі такімі гукамі радасці, быццам гэта «Саардам» прыйшоў на дапамогу.

Таварышы і так былі вельмі змораныя, а гэтая праца выцягнула з іх апошнія сілы. Хацелася піць, і, таму, што плавалі ў халоднай, чыстай вадзе, смага мучыла яшчэ мацней.

Яшчэ і яшчэ напружыліся — і нарэшце лодка перавярнулася.

— Ух! — вырвалася з грудзей, і сябры, зачапіўшыся за свае вяроўкі, далі сабе адпачынак.

Вады ў лодцы было вельмі многа. Небяспечна было нахіляць яе, каб яшчэ болей не набралася. Ці вытрымае яна хоць аднаго чалавека? Наўрад.

Тады, размясціўшыся па баках, пачалі выліваць ваду рукамі. Марудная была праца. Здавалася, ніколі ніякага знаку не будзе. Але праз гадзіну Салул ужо мог улезці ў сярэдзіну. Праца пайшла шпарчэй. Праз некаторы час ужо другі ўлез. Там трэці і, нарэшце, апошні.

— Добра яшчэ, што дзіркі паспелі пазатыкаць,— заўважыў Салул, калі ўся вада была выліта.

Да заходу сонца заставалася гадзіны са дзве. Змораныя таварышы паваліліся на дно лодкі і пад пяшчотнымі праменнямі сонца сагрэліся, высахлі і паспалі. Праз гадзіну прачнуліся бадзёрымі, толькі голад і смага дапякалі.

Пад вечар падзьмуў ветрык з усходу.

— Эх, каб быў парус! — пашкадавалі ранейшыя рыбакі.— Можна было б ехаць далей. А так, відаць, прыйдзецца шукаць прытулку на беразе.

— Гэта будзе вельмі непрыемна,— сказаў Салул.— І высадзіцца цяжка ды марудна, і бадзяцца на беразе доўга прыйдзецца, і небяспечна, асабліва калі ў нас няма зброі. Пакінем гэта на выпадак, калі нічога іншага не застанецца. А цяпер трэба як-небудзь выкарыстаць спадарожны вецер. Кавалак мачты ў нас застаўся, прывяжам да яго вясло.

— А парус?

— А парус зробім з нашага адзення. Вяроўкі дадуць магчымасць наладзіць гэтую справу.

Сонца ўжо апускалася ў мора, калі лодка рушыла ў дарогу. Дзіўны парус, звязаны з рознакаляровых кашуляў, штаноў, апраўдаў сябе: лодка рухалася з хуткасцю каля чатырох кіламетраў у гадзіну. Калі сцямнелася, пад’ехалі бліжэй да берага і пасоўваліся ўздоўж яго.

— Калі гэтак будзем ісці ўсю ноч, то заўтра раніцою даедзем,— размаўлялі маракі.

Што там цяпер робіцца? Дзе «Саардам»? Ці схавана зброя? Ці перапраўлена ў Бантам? Ці падрыхтавана выступленне? А адцягваць нельга, бо ўстрывожаная ўлада зараз павядзе рашучы наступ. Шмат чаго было абмеркавана, пакуль лодка ціха рухалася ўздоўж высокіх цёмных берагоў. Вось бліснуў на беразе агеньчык. Хто там: вораг ці свой? Але ўсё роўна — трэба ісці міма.

З правага боку ціха гудуць буруны, пад лодкай хлюпае вада. Ззаду вылез з мора месяц, вялізны-вялізны, чырвоны. І так блізка, што здаецца, трапіў бы ў яго каменем. Заблішчалі пасмы вады, выразней выступілі скалы, а значыцца, і лодка на вадзе. А тут яшчэ ветрык зусім сцішыўся, і лодка спынілася.

— Гэта ўжо зусім недарэчы! — сказаў Гейс.

— Ціха! Слухайце! — прашаптаў Салул.

Таварышы прыслухаліся. І вось аднекуль да іх данёсся гоман натоўпу. Глухі, далёкі, але досыць выразны. Можна было разабраць, што гудзе ўсхваляваны народ. Толькі што ніводнага слова, нават асобнага голасу, нельга было ўчуць.

— Адкуль гэта? — здзівіліся таварышы і накіравалі свае вушы і вочы на бераг. Але там нічога асаблівага не заўважылі. Звычайныя скалы, цясніна, лес, а гул ішоў не адтуль, а аднекуль ніжэй, нібы ад падножжа скал.

— Няўжо ж недзе ў фіёрдзе сабраўся народ?

Але побач і фіёрда ніякага не было відаць.

Вось сярод гоману пачуўся далёкі звон, а потым нібы спевы.

— Што за цуд такі? — паціскаў плячыма Гейс.— Ці не набажэнства якое?

— Калі набажэнства,— зазначыў Салул,— дык у кожным разе еўрапейскае, бо ў нас звону і спявання няма.

— Значыцца, дзіва яшчэ большае.

Прыглядаючыся да берага, яны схіліліся ніжэй і дакрануліся вухам да краю лодкі. Гукі ўзмацніліся!

— Ці не ў вадзе ўсё гэта робіцца?!

— Гэтага толькі не хапала! — сказаў Гейс.

— Пачакайце, я паслухаю,— сказаў адзін з рыбакоў, перахіліўся і апусціў у ваду галаву. Потым, высунуўшыся, сказаў: — Там!

Тады і другія апусцілі галовы ў ваду.

Гукі зрабіліся мацнейшымі, больш выразнымі і разнастайнымі. Чуваць было, што яны складаліся з розных паасобных гукаў. Вось нібы курыца квокча, вось голуб туркоча, там нібы струны меладычна гудуць, а потым зноў гоман.

— Дык, значыцца, гэта праўда! — раптам крыкнуў другі рыбак.

— Што праўда?

— Ды бацька мне казаў, што ёсць такія рыбы, барабаншчыкі, якія робяць гэтыя гукі. Але я сам дагэтуль іх не чуў.

— Як жа ж яны гэта робяць?

— А ліха іх ведае!

Тады ўжо і Салул успомніў, што дзесьці-калісьці таксама чуў пра рыбіны спевы, але палічыў за байкі24.

— Ах, каб іх! — засмяяўся Гейс.— Чаго толькі на свеце няма! Ну, едзем шукаць ветру.

На шчасце, шукаць доўга не прыйшлося. Ужо праз некалькі крокаў яны выехалі з зацішша, і лодка паплыла далей. Падарожжа было такім спакойным, што, размеркаваўшы час варты, тры чалавекі маглі спаць. Дзеля таго, што яны былі голыя, трэба было шчыльна прыціскацца адзін да аднаго, каб сагрэцца.

А чацвёртай гадзіне, калі на варце быў адзін з рыбакоў, лодка падышла да Скал Ластаўчыных Гнёздаў. Было вядома, што інсургентаў трэба шукаць далей, таму таварыш праехаў міма. На беразе было гэтак жа ціха і бязлюдна, як і ў іншых месцах, і нішто не сведчыла аб мінулых падзеях.

Прайшла яшчэ гадзіна. Вецер пачаў слабнуць, падняўся лёгкі туман. Трэба было будзіць Салула і Гейса, якія павінны былі ў апошні момант узяць кіраўніцтва ў свае рукі.

— Ці праехалі Скалы Ластаўчыных Гнёздаў? — запыталіся яны, прачнуўшыся.

— Мінулі.

— Чаму не разбудзіў нас?

— Вы ж казалі, што нам трэба ехаць далей.

— Яно так, але, можа, там былі таварышы?

— Як я ні прыглядаўся, нічога нельга было заўважыць. Каб быў хто, то сам здагадаўся б і гукнуў нас.

— Ну, дык будзем сачыць цяпер. Самае галоўнае — знайсці месца, дзе можна было б прыстаць.

Праехалі яшчэ з гадзіну, але зручнага месца не было відаць. Усё тыя ж стромкія скалы і рыфы перад імі. Ззаду ўжо засвятлелася неба, але затое навакол пачаў гусцець туман і разам з тым зусім спыніўся вецер. Хутка зрабілася такая цемра, што за некалькі крокаў нічога нельга было разглядзець.

— Гэта ўжо зусім нядобра,— нездаволена прамармытаў Гейс.

— Дарма. Зараз падзьме прадранішні ветрык і разгоніць туман,— суцешыў Салул.

— Але ж вельмі холадна. Знімем наш парус і апранёмся. Усё роўна нам ехаць далей не трэба, а толькі шукаць, дзе б прыстаць.

Гэтая прапанова ўсім спадабалася, і яны дружна ўзяліся дзяліць парус. У гэты момант з левага боку, ад мора, пачулася ціхае, мернае плюханне вады. Таварышы прытаіліся, замерлі.

Плюханне набліжалася. Сумнення не магло быць: гэта была лодка. Але якая? Чыя? Свая ці варожая? І што рабіць голымі рукамі, калі варожая?

Гэтыя думкі мігам пранесліся ў галовах таварышаў. Хоць яны ўжо прызвычаіліся да ўсялякіх нечаканасцей, але сэрца сціснулася ад жаху... Бяззбройныя, нерухомыя, бездапаможныя, яны павінны былі загінуць у той момант, калі ўжо прыехалі на месца.

А можа, гэта свае, таварышы, ці якія-небудзь тубыльцы?.. Але знаку не падасі — трэба чакаць.

І вось падзьмуў першы лёгкі ранішні ветрык. Заклубіўся туман, рассунуліся ў ім шчыліны, зноў ссунуліся. Але гэтага кароткага мігу досыць было, каб заўважыць тры рэчы: варожую лодку, на некаторай адлегласці ад яе галандскі ваенны карабель, а з другога боку, на беразе, нейкую чорную дзіру.

— За мной! — крыкнуў Салул і кінуўся ў ваду.

— Стой! — пачулі яны ўслед, і разам з тым раздаліся стрэлы. Але туман зноў ссунуўся, стрэлы спыніліся, і зноў зрабілася ціха.

Салул накіраваўся праз заўважаны ім праход між двума рыфамі, за ім гужам рухаліся яго таварышы. Хутка яны ўбачылі ў стромкай скале пячору, у якую паплылі проста па вадзе.

Праз дваццаць-трыццаць метраў яны намацалі дно. Лепш сказаць, гэта было не дно, а рознай вышыні слупы, якія то высоўваліся з-пад вады, то заставаліся ўнізе, нібы палі пад мостам. Такія самыя слупы былі і па баках пячоры. Спачатку нічога нельга было разгледзець, але потым вочы прызвычаіліся і выявілася, што ўся пячора была пабудавана з такіх слупоў, нават зверху яны звешваліся. Яны былі роўныя, большай часткай шасцікантовыя, канцы іх былі таксама роўна адламаныя, і здавалася, уся пабудова зроблена рукамі чалавека. Сапраўды ж гэта былі прыродныя, так званыя базальтавыя слупы з астылай лавы, размытай вадой.

Слупы былі мокрыя, слізкія, і трымацца на іх было вельмі цяжка. Уцекачы сяк-так узлезлі на іх і сталі чакаць.

Цяпер толькі заўважылі яны, што ў пячоры чуліся гарманічныя, прыгожыя гукі. Здавалася, тысячы маленечкіх срэбных званочкаў звінелі ва ўсіх кутках. Гучала ўсё: і паветра, і сцены, і вада, і столь. Але паасобных гукаў нельга было распазнаць: усе яны зліваліся ў дзікую мелодыю. Мімаволі хацелася сядзець нерухома і слухаць гэтую таемную, чароўную музыку.

— Зноў музыка! — ускрыкнуў Гейс.— Няўжо ж зноў рыбы даюць нам канцэрт?

— Не,— засмяяўся Салул, нягледзячы на сур'ёзнасць становішча,— гэта кроплі капаюць зверху, і разносіцца рэха.

Але ім было не да музыкі. Трэба было чакаць сур’ёзных падзей. Знадворку з кожнай мінутай рабілася ўсё святлей і святлей. Відаць, узышло сонца. Адбітае ад вады блакітна-шэрае святло стварала ў пячоры таемны змрок.

— А што мы будзем рабіць, калі яны сунуцца сюды? — прамовіў адзін з рыбакоў.— Зброі мы не маем. Ці знойдзецца выйсце адсюль?

Пры гэтым усе азірнуліся назад, дзе чарнеўся далейшы ход пячоры.

— Тут мы яшчэ пазмагаемся! — сурова сказаў Салул.

— Пры такіх умовах лезці сюды ім няма сэнсу,— дадаў Гейс.— Яны могуць толькі зачыніць нас тут і пільнаваць.

— У кожным разе мы будзем мець перадышку, а там паглядзім.

Знадворку было ціха, нібы нічога не здарылася, нібы ніхто і не думаў праследаваць іх. Праз паўгадзіны ўцекачы заўважылі, што вада дасягнула таго месца, дзе яны сядзелі.

Пачынаўся прыліў. Тады і яны падняліся крыху вышэй. Але праз некаторы час вада дабралася і туды.

— Дакуль жа яна будзе падымацца? — ужо з трывогай загаманілі яны.— І невядома, у якім цяпер стане прыліў: пачынаецца ці канчаецца?

Узлезлі яшчэ вышэй. Далей — болей. Вось ужо вада закрыла ўваход. Таварышы забраліся ў самы далёкі кут пячоры. Тут не было слупоў, але замест гэтага высоўваліся вострыя рагі застылай лавы.

Вада ля ўвахода булькала. Праз некаторы час людзі адчулі, што ім зрабілася нядобра: цяжэй стала дыхаць, загуло ў вушах.

— Ціск паветра ўзмацняецца,— сказаў Гейс.— Прыйдзецца вытрымаць яшчэ адну непрыемнасць.

Раптам пачуўся страшэнны грукат, нібы выбух. Зямля затрэслася, вада забушавала, кінулася на іх і ледзь не знесла. Але затое на некалькі мінут лягчэй стала дыхаць.

— З гарматы страляюць, хочуць разбурыць пячору,— прамовіў Салул.

— Не разумею я іх,— задуменна сказаў Гейс.— Няўжо яны дзеля некалькіх чалавек думаюць зруйнаваць скалы? На гэта ў іх не хопіць ні гармат, ні снарадаў. Ды цяпер, калі ўваход зачынены, яны павінны страляць проста па суцэльнай гары. Не разумею.

А ціск зноў пачаў павялічвацца. У самы цяжкі момант зноў пачуўся выбух, і зноў пасля гэтага на некаторы час стала лягчэй дыхаць. Але ад кожнага выбуху ў пячоры рабілася нешта незвычайнае. Вада кідалася ўверх, нібы пад ёй разарвалася міна, а ў паветры ўздымаўся такі віхор, што нельга было ўтрымацца на месцы.

— Няўжо яны пускаюць на нас міны? — дзівіліся таварышы.

Але не заўважалася разбурэнняў, якія павінны быць ад мін. Зноў стала цяжэй дыхаць, цяжэй нават, як раней. І зноў выбух асвяжыў паветра. Так паўтарылася некалькі разоў. Перапынкі між выбухамі рабіліся ўсё даўжэйшымі, але разам з тым і адчуванне ад ціску паветра рабілася горшым. Самае ж галоўнае — пасля кожнага выбуху вада падымалася ўсё вышэй і вышэй. Уцекачы лезлі далей і далей, а вада ўсё іх даганяла.

— Разумею цяпер, у чым справа! — крыкнуў раптам Гейс.— Мы знаходзімся нібы ў пустой бутэльцы, якая павернута бокам і напаўняецца вадою. Выбухі — гэта бульканне ў вялікім маштабе. Кожны раз выходзіць паветра (таму нам тады і дыхаць лягчэй), але ж затое на яго месца ўваходзіць вада.

— Значыцца?..— выразна сказаў Салул.

— Значыцца, усё залежыць ад таго, ці павысіцца прыліў настолькі, каб напоўніць нашу бутэльку. Ёсць яшчэ надзея, што паветра ў тым кутку, дзе мы знаходзімся, не будзе мець такой сілы, каб вырвацца адсюль.

Нарэшце яны дапаўзлі да канца пячоры. Выбухі спыніліся.

— Можа, ужо прыліў скончыўся?—абрадаваліся небаракі.

Адзін з іх спусціўся да вады, пастаяў некаторы час і з прыкрасцю пераканаўся, што яна яшчэ падымаецца.

— Але добра, што выбухаў болей няма,— суцяшаў Гейс.— Можа, рэшта паветра захаваецца і затрымае ваду.

Тут яны пачулі не то свіст, не то сіпенне.

— Змяя!

У гэтай цемры такое суседства было не вельмі прыемным. Пачалі прыслухоўвацца, адкуль ідзе сіпенне. Ішло яно аднекуль зверху і пры гэтым было аднастайнае, роўнае, безупыннае. Значыцца, гэта была не змяя.

— Гэта ж паветра выходзіць праз нейкую шчыліну! — ускрыкнуў Салул.— Можа, выйсце ёсць?

Але Гейс толькі паківаў галавой.

— Каб было выйсце,— сказаў ён,— то не было б ні выбухаў, ні гэтага самага сіпення. Тут, мусіць, толькі маленькая дзірачка. Магчыма, што яе можна пашырыць і зрабіць сабе праход. А калі не, то гэтая самая дзірачка можа загубіць нас: цяпер вада не можа запоўніць наш куток, бо паветра не пускае яе. А калі паветра ўсё выйдзе, то месца яго зойме вада.

— У такім разе давайце зараз жа церабіць сабе праход!

Прыняліся за працу. З першых жа крокаў намацалі, што з бакоў сцены суцэльныя, але наперадзе былі навалены каменні і зямля. Відаць, тут пячора калісьці абвалілася.

Энергічна ўзяліся выварочваць каменні, адграбаць зямлю. Калечылі рукі, паабівалі ногі. Надавала бадзёрасці тое, што ўсё ж такі каменні і зямля паддаваліся.

А вада ўсё прыбывала...

— Таварышы! — сказаў нарэшце Гейс.— Хоць справа ў нас і ідзе, хоць калі-небудзь куды-небудзь мы дакапаемся, але зараз мы павінны шукаць ратунку там, наверсе, дзе шчыліна.

— Але як туды дабрацца?

Гэта была задача!

А вада ўсё прыбывала...

І вось наверсе пачуўся стрэл! Адзін, другі... А потым пайшла страляніна, як на вайне. Бухнула гармата з мора...

— Нашы! Нашы там змагаюцца! А мы тут, як у пастцы. Гэй! Таварышы! Сюды!

Але дзе там было пачуць падземны голас у часе страляніны!

А вада павольна, але няўхільна падымалася...

 

VII. БАРАЦЬБА ЗА ЗБРОЮ

 

Першая перамога.— Новыя ваенныя аперацыі.— Адны адных абышлі! — Крытычны момант.— Неспадзяваная дапамога.— Нерат.— «Машына» зноў пушчана.— Хоць бачыць вока, але зуб не бярэ.

Калі «Саардам» схаваўся за гарызонтам, інсургенты вярнуліся да першага часовага склада зброі, каб пераправіць яе ў галоўную пячору. Пачалі былі ўжо рыхтаваць сваю «машыну», як пачулі галасы:

— Ваенны карабель!

З захаду набліжаўся чорны мінаносец. Ішоў ён павольна, так што часу, каб падрыхтавацца, хапала.

— Закідаць скрыні галлём! — крыкнуў Сурат.— Узброіцца і схавацца па-за скаламі!

Закіпела гарачая праца. Праз паўгадзіны і рэчы і людзі былі як належыць замаскіраваны. Праз колькі часу наблізіўся мінаносец. На палубе відаць узброеная каманда. Вядомы нам мічман, а цяпер капітан ван Хорк, разглядае бераг праз бінокль. Але нічога, апрача скал і дрэў, ён не бачыць.

Павольным, спакойным ходам мінаносец пайшоў далей.

— Да Ластаўчыных Гнёздаў паехаў,— казалі таварышы.— Спазніўся, браток.

Сурат вызначыў дзесяць найбольш спрытных таварышаў, растлумачыў ім заданне, і, хаваючыся па-за скаламі, яны папаўзлі ўслед за мінаносцам. Астатнім было сказана, каб яны не рухаліся і маўчалі, хоць бы нават пачулі стрэлы.

Мінаносец падышоў да Скал Ластаўчыных Гнёздаў і спыніўся. Па рухах камандзіраў і каманды было відаць, што яны здзіўлены, дзе тут мог быць прытулак для досыць вялікага карабля.

Сурат з таварышамі тым часам пайшоў на свой ранейшы наглядны пункт.

Мінаносец рашуча пастаяў на месцы, потым падаўся крыху наперад, пасунуўся назад, даследуючы бераг. Урэшце стаў супраць фіёрда і спусціў шлюпку. У яе села дванаццаць чалавек з вінтоўкамі напагатове. На палубе выстраілася ў баявой гатоўнасці ўся каманда. На бераг нацэлены былі кулямёты і тыя невялікія гарматы, што былі на мінаносцы. Відаць, не давяралі гэтай цішыні і супакою.

Лодка праскочыла праз праход і ўвайшла ў фіёрд.

— Добра было б іх цяпер пастраляць! — казалі таварышы наверсе, адкуль яны ўсё добра бачылі, а самі былі схаваны па-за скаламі і дрэвамі.

— Ні ў якім разе нельга! — прашаптаў Сурат.— Хай яны лепш думаюць, што тут не толькі нікога няма, але нават і не было.

Аднак апошняя надзея была дарэмнай. З лодкі адразу заўважылі ў ціхім фіёрдзе сляды чалавека: паламанае галлё, кавалкі дрэва, дошчачкі, паперу і іншае смецце, якое павінна было застацца пасля такой вялікай стаянкі.

Матросы ўвесь час пазіралі ўгору, шукаючы месца, дзе б можна было высадзіцца. Але, апрача той шчыліны, праз якую па вяроўцы ў першы раз падымаліся інсургенты, нічога іншага не маглі знайсці. Яны, відаць, дзівіліся, якім чынам тут мог перабрацца праз рыфы і прыстаць карабель?

У такім сэнсе і далажылі ван Хорку, калі вярнуліся на мінаносец. Што «Саардам» тут прыпыняўся,— было зусім ясна. Але ці выгрузіў ён зброю? Па ўсіх адзнаках гэтага зрабіць нельга было.

— А між тым гэты Гано казаў, што яны выгружаліся,— ламаў галаву ван Хорк.— Шкада, што не пусцілі яго са мной, а паслалі кудысьці яшчэ.

Але так кідаць справу было нельга. Трэба было абавязкова высадзіцца і абследаваць бераг.

Тады мінаносец пачаў шукаць адпаведнага месца. Доўга снаваў ён узад і ўперад, пакуль знайшоў, дзе сяк-так можна было зачапіцца. І месца было між малой і вялікай пячорамі.

Сурат і яго дзесяць таварышаў так змарыліся, сочачы і поўзаючы за мінаносцам, што ледзьве рухаліся. Калі канчаткова выявілася, што вораг мерыцца тут высаджвацца, Сурат даў загад, каб усе бліжэйшыя таварышы размясціліся вакол гэтага пункта і каб ніхто не страляў, пакуль ён не дасць сігналу.

Цяжка было зрабіць такое перамяшчэнне пад пільным наглядам ворага. Але спрытныя інсургенты з дапамогай скал і дрэў выканалі заданне. Цішыня і бязлюддзе на працягу некалькіх гадзін супакоілі нават праціўнікаў. Яны дзейнічалі значна смялей і з меншай асцярожнасцю.

Нарэшце інсургенты заўважылі, што над краем абрыву ўскінуўся канец вяроўкі з крукам. Раз, другі. Потым ён замацаваўся. Тады паказалася галава салдата. Ён азірнуўся ва ўсе бакі, вылез, лёг і наставіў вінтоўку ўперад. За ім вылезлі другі, трэці. Бачачы, што ўсё спакойна, рэшта трымала сябе зусім вольна. Паменшылася напружанасць і на мінаносцы.

У інсургентаў аж рукі свярбелі ад нецярплівасці. Сурат баяўся, што хто-небудзь не вытрымае. Баяўся ён яшчэ, што таварышы забудуцца аб нацэленых з мінаносца вінтоўках і кулямётах і высунуцца ў часе бойкі з-за сваіх прыкрыццяў. Дзеля гэтага ён перадаў па лініі новы загад аб асцярожнасці.

Калі ўсе дванаццаць чалавек высадзіліся, Сурат ужо хацеў даць сігнал, як раптам заўважыў, што ад мінаносца адыходзіць новая лодка, таксама з дванаццаццю чалавекамі.

— Эге! — прамармытаў Сурат.— І яны не дурныя. Не давяраюць цішыні. Тым горш для іх. Нас хопіць і на дваццаць чатыры чалавекі.

І ён стаў чакаць, пакуль тыя высадзяцца.

Але вось адзін з салдат здрыгануўся, штурхануў пад бок свайго суседа, нешта крыкнуў і стрэльнуў. Відаць, заўважыў якогась неасцярожнага інсургента.

У адказ затарахцелі стрэлы з сотні вінтовак, і праз некалькі хвілін адзінаццаць чалавек ляжалі на беразе, прабітыя кулямі, а дванаццаты скуліўся ў ваду.

Дождж куляў пасыпаўся з мінаносца, забухалі гарматы. Пачалася бойка як мае быць. Але дзе там было дастаць па-за скаламі паўстанцаў. Яны нават маглі не адстрэльвацца: усё роўна вораг не мог да іх падысці. А тым часам сам мінаносец быў добрай мішэнню. На ім ужо было некалькі забітых і параненых.

Ван Хорк хутка ўбачыў, што пры такіх умовах біцца немагчыма, і загадаў адплысці далей. Тым болей, па стрэлах было відаць, што інсургентаў вельмі многа. Бойка спынілася. З мінаносца паляцела радыё пра здарэнне.

Тады інсургенты ўспомнілі, што ў іх ёсць гармата. Яе не маглі перанесці, як іншую лёгкую зброю, і павінны былі цягнуць навакол па лагчынах. У адной такой лагчыне і стаяла яна цяпер.

— Ваяваць дык ваяваць! — жартавалі інсургенты, прымаючыся за гармату.

Зараз жа вылучылі найлепшых артылерыстаў, якія і пачалі прыстасоўваць гармату. Але адразу выявілася, што ў іх не хапае ведаў для такой справы. Проста страляць яны ўмелі, але тут трэба было весці агонь з лагчыны па цэлі, якой не было відаць. Даводзілася рабіць матэматычныя вылічэнні. Адна толькі была важная перавага: мінаносец стаяў на месцы, там і не думалі аб такой неспадзеўцы.

Перш за ўсё трэба было вылічыць адлегласць да цэлі. Прылада для гэтага была, але ўжываць яе нашы ваякі не ўмелі. Пачалі калектыўна абмяркоўваць, як яе скарыстаць. Адзін бачыў, як ёю карыстаўся афіцэр, другі бачыў бліжэй, трэцяму нават самому трапілася прыняць удзел у карыстанні ёю. Калі склалі разам усе веды ды папрактыкаваліся, то сяк-так вылічылі адлегласць.

Але вось калі дайшла справа, пад якім вуглом страляць, бо гармата стаяла ў лагчыне,— дык тут ужо зусім не хапала ведаў.

А цэль стаяла на месцы, не рухалася...

Мудравалі доўга, прыпомнілі ўсю сваю практыку, наставілі бадай наўздагад, дзесяткі разоў прыглядаліся, наладжвалі і... бухнулі!

Невядома, хто болей здзівіўся: інсургенты ці галандцы, калі снарад неспадзявана знёс палову трубы і радыёмачту. «Артылерысты» нават вачам сваім не верылі.

— Бываюць жа такія выпадкі! — дзівіўся Сурат.

— Значыцца, шчасце на нашым баку! — радасна казалі неспадзяваныя героі.

Але ж затое і ўз’еўся мінаносец! Так пачаў дзяўбсці з гарматаў скалы, за якімі схавалася «артылерыя», што нават прыйшлося ўцякаць адтуль. А потым ледзь-ледзь завярнуўся і папоўз дадому.

Інсургенты зусім забыліся на асцярожнасць, павыскаквалі з-за скал, сталі крычаць, страляць, і за гэта двое былі паранены.

Першая бойка выйграна! І выходзіць, зусім не страшна, нават лёгка. Як жа пасля таго не спадзявацца на канчатковы поспех!

— Ну, ну! Не надта радуйцеся,— уціхамірваў Сурат.— Паглядзім яшчэ, што будзе праз некалькі дзён.

— Не баімося! Хай толькі сунуцца! — храбрыліся хлапцы.

— А цяпер адпачнём крыху ды возьмемся за далейшую працу. Невядома, ці паспеем да таго часу знесці зброю ў адно месца.

— «Машыну», «машыну» наладжваць! — весела загулі таварышы.

Відаць, яна ім вельмі спадабалася, хоць і вымагала надзвычайнай працы і напружанасці. Пакуль яе наладзілі, прайшло гадзіны са тры.

Тым часам група таварышаў падышла да забітых ворагаў. З адзінаццаці чалавек толькі два былі галандцы. Рэшта былі свае браты, інданезійцы з розных месц — з Барнео, Цэлебеса, Балі, Мадуры.

— Якая прыкрасць! Як гэта не разумець, што лепш загінуць у бойцы з ворагам, чымся з сваім братам? — прамовіў адзін з тых двух тубыльцаў, што нядаўна далучыліся.

— А чаму ж ты не ішоў, пакуль цябе не пакрыўдзілі і не выгналі? — усміхнуўся Сурат.

— Дурны быў, несвядомы.

— Вось і яны такія самыя. Супраць такіх нам лепш было б выступаць са словам, чымся са зброяй. Я вельмі шкадую, што мы не паспрабавалі гэтага зрабіць.

Небаракаў спусцілі ў мора.

У гэты дзень прыйшлося працаваць мала — дзве гадзіны. Затое ўвесь наступны дзень праца ішла толькі з адным невялікім перапынкам.

А на трэці дзень разведчыкі заўважылі ворага, які набліжаўся ўжо з поўначы, з сярэдзіны вострава. Спачатку было заўважана чалавек дзесяць. Іх абстралялі, а праз некалькі часу да іх далучылася ўжо чалавек сорак, нават з кулямётам. Гэта была спецыяльная ваенная экспедыцыя.

Але нашы таварышы зусім не спалохаліся яе. Усе перавагі былі на баку інсургентаў: і колькасць, і зброя, і мясцовасць.

Праз некалькі гадзін за кіламетры тры ад лагера інсургентаў стварыўся фронт. Восемдзесят чалавек, схаваныя па-за скаламі, у цяснінах, з кулямётамі, лёгка затрымалі далейшы наступ варожага атрада. Толькі дваццаць чалавек былі пакінуты на беразе ля зброі.

Два дні ішла перастрэлка. Інсургенты былі ўпэўнены, што такім чынам яны могуць трымацца доўга, хоць бы нават сілы ворага павялічыліся ў некалькі разоў.

Але чакаць, пакуль ворагу прыйдзе падмацаванне, было небяспечна. Трэба было зараз жа, карыстаючыся цяперашняй перавагай, прагнаць яго. Нарада актыўных таварышаў пад кіраўніцтвам Сурата пастанавіла самім перайсці ў наступ. Дзеля гэтага вылучылі сорак чалавек і накіравалі іх на ўсход, каб ахапіць ворага з левага фланга. У гэтай справе надзвычайную карысць маглі прынесці тыя два новыя таварышы, што жылі ў гэтай мясцовасці.

Яны абяцалі за ноч правесці атрад не толькі ва фланг, але і ў тыл ворага.

Каб павялічыць свае сілы, Сурат узяў з берага яшчэ пятнаццаць чалавек, лічачы, што з боку мора не можа быць пагрозы.

Гэтую ноч ніхто не спаў. Усе рыхтаваліся да рашучых падзей, перамяшчаліся бліжэй да ворага.

Раніца была імглістая, ціхая. Ніякіх стрэлаў не было чуваць. Нават вораг маўчаў. Аднаго разу пачулася некалькі стрэлаў ззаду, але болей яны не паўтараліся. З нецярплівасцю прыслухоўваліся, ці не пачнецца страляніна з правага боку, куды таварышы пайшлі ў абход.

Але... замест правага фланга, пачуліся стрэлы з левага, з захаду! Далей — болей. Нарэшце неспадзявана грукнула гармата з мора... Зараз жа актывізаваўся вораг наперадзе, рыхтуючыся перайсці ў атаку.

Жах ахапіў Сурата і яго таварышаў. Што гэта такое? Адкуль? Чаму маўчаць тыя, што пайшлі ў абход?

Страляніна злева ўсё ўзмацнялася, наперадзе таксама; вось ужо то адзін, то другі салдат перабягаюць па-за скаламі, каб падысці бліжэй.

У гэты момант пачуліся стрэлы з правага боку. Вораг наперадзе прыпыніўся.

— Нашы, нашы пачалі ім даваць збоку! — радасна закрычалі інсургенты.

Але Сурата і яго памочнікаў гэта мала радавала. Гарматныя стрэлы з мора не вельмі непакоілі. Высадку з мора маглі затрымаць нават тыя пяць таварышаў, што засталіся на беразе. Але гэтая страляніна на левым флангу?..

Тут прыбег, засопшыся, таварыш.

— З левага боку наступае новы атрад, вялікі, куды большы за наш! Нашы адсоўваюцца сюды.

— Значыцца, мы адны адных абышлі! — сказаў Сурат.— Але ж адкуль новыя сілы, ды яшчэ столькі, калі гэта праўда?

Страляніна злева хутка набліжалася. Шчасце яшчэ, што таварышы справа стрымліваюць пярэдніх.

Сурат пабег на левае крыло і ўбачыў, што наперадзе ад скалы да скалы перабягае сапраўды шмат людзей, мусіць, не меней як сто чалавек. Дваццаць чалавек інсургентаў паступова, крок за крокам, адыходзілі назад.

Фронт усё адхіляўся. Цяпер з левага боку было мора, а з правага — той атрад, што пайшоў у абход праціўніку. Але ён быў на значнай адлегласці, і непасрэднай сувязі з ім не было.

Вораг між тым злучыўся. Карабель, не ведаючы і не бачачы, куды страляць, прыпыніў пальбу. Але ў ворага і без гэтага было досыць зброі, кулямётаў, у тым ліку тры адабраныя ў інсургентаў.

— Таварышы! — крычаў Сурат.— Размяшчайцеся вунь там! Нічога яны нам не зробяць. Калі пакуль што не ўдалося іх прагнаць, дык утрымацца мы заўсёды можам.

Але ён бачыў, што большасць яго войска зусім збянтэжылася. Наколькі хутка ад поспеху ўздымалася ў іх, нават занадта, бадзёрасць, настолькі хутка падаў настрой ад няўдачы.

Трэба сказаць, што і ў самога Сурата сціскалася сэрца ад такога павароту справы. Часовы склад зброі ўжо быў у раёне ворага. Калі ён яшчэ на кіламетр прасунецца да берага, то натрапіць на пячору. Праўда, яна закладзена, замаскіравана, і знайсці яе нялёгка, але на гэта спадзявацца нельга. Апрача таго, і карабель цяпер можа спакойна высаджваць дэсант.

Якраз з таго боку пачуліся частыя стрэлы, нібы адразу затарахцела шмат кулямётаў. Вораг на фронце прыпыніў наступленне.

— Вось бачыце! — крыкнуў Сурат.— Гэта нашы пяць таварышаў так ваююць! Няўжо ж мы ўсе не справімся?

Гэты перапынак Сурат скарыстаў, каб добра размясціць байцоў і ўмацаваць фронт. Адчуваўся недахоп кулямётаў. Цяпер, калі ворагаў было больш, як іх, толькі лік кулямётаў мог ураўнаважыць сілы. І Сурат пачаў скарачаць фронт, пасоўваць яго бліжэй да мора і загінаць, так, каб злучыцца з таварышамі, што засталіся ля пячоры.

Шалёная страляніна адтуль на некаторы час звязала ініцыятыву ворага і дала магчымасць Сурату выканаць свой план. Сам Сурат пабег у той бок.

Падышоўшы да аднаго кулямётнага гнязда, надзвычай удала схаванага сярод скал, ён убачыў там... Гейса! Ён быў адзін ля кулямёта і трымаў пад несупынным абстрэлам падыход на паўкіламетра. А там далей было другое такое гняздо. Далей яшчэ тры.

— Гейс?! Якім чынам? — ускрыкнуў Сурат.

— Потым будзем разважаць,— адказаў той,— а пакуль што прышлі чалавека на маё месца, а мы будзем далей рабіць такія гнёзды. Там сядзіць Салул, далей яшчэ тры таварышы, а двое абслугоўваюць нас. Пакуль вораг не ведае, колькі нас, ён устрымліваецца, але доўга так цягнуцца не можа.

Карабель — на гэты раз ужо крэйсер — хадзіў па моры ўзад і ўперад, але прымаць удзелу ў баі не мог, бо нічога не бачыў сярод скал і дрэў. Асабліва ў апошнія мінуты, калі па гуку было відаць, што фронт пераблытаўся.

Між тым вораг заўважыў, што між гэтай групай кулямётаў і фронтам на ўсходзе застаецца больш маўклівае месца. Сюды ён і падрыхтаваў удар за час перапынку.

У выніку Сурат, Гейс, Салул і яшчэ з дзесятак таварышаў былі адрэзаны ад рэшты атрада.

Праз некалькі мінут прыбег сюды Салул, даручыўшы свой кулямёт другому таварышу.

— Я ўжо зрабіў захады, каб у апошні момант пусціць у паветра ўвесь наш склад,— хмура сказаў ён.

— Ну што ж,— паціснуў плячыма Гейс.— Калі нічога больш не застанецца рабіць...

Раптам далёка злева пачуліся новыя стрэлы. Часцей, бліжэй. Потым стала відаць, як некаторыя з ворагаў завярнуліся ў той бок.

— Няўжо нам дапамога? — няўпэўнена прамармытаў Сурат.

Салул і Гейс некаторы час маўчалі, пільна ўглядаючыся ў той бок. Нарэшце ўскрыкнулі абодва разам:

— Гэта ж Пуан! Наш атрад з Бантама! Але наўрад ці хоць пяцьдзесят чалавек з іх маюць вінтоўкі. Хутчэй!..

І яны пабеглі наперад.

* * *

Вельмі здзівіўся галандскі атрад, калі ззаду пачуліся стрэлы. Спачатку думалі, што гэта якая-небудзь жменька інсургентаў забралася ў тыл. А калі праз хуткі час да праціўніка далучылася яшчэ дзвесце чалавек ды перайшлі ў атаку ўсе сілы інсургентаў, то заставалася толькі ратаваць сваю шкуру. А зрабіць гэта было ўжо нялёгка, бо вольным заставаўся невялікі праход на поўначы. Хутка і ён зачыніўся, як нерат. А ў нераце засталося каля сарака «рыб» на чале з «шчупаком», галандскім афіцэрам.

Дарэмна кідаліся яны то ў адзін, то ў другі бок: усюды па-за скаламі яны бачылі агонь ад стрэлаў схаванага і шматлікага ворага. Кола паступова звужвалася...

— Здавайцеся! — крыкнуў Салул.

Салдаты нібы толькі гэтага і чакалі. Ахвотна кінулі вінтоўкі і паднялі рукі.

— Падыходзьце сюды па адным!

Падышло трыццаць два чалавекі, ды чатыры ляжалі параненыя. Заставаўся толькі галандскі афіцэр. Ён трымаў у дрыготкай руцэ рэвальвер і час ад часу падымаў яго, быццам збіраючыся страляць не то ў ворага, не то сабе самому ў лоб.

— Не варта губіць сябе! — крыкнуў яму Салул.— Мы вас толькі возьмем у палон, каб потым абмяняць на сваіх. Лепш здавайцеся.

Нарэшце і афіцэр кінуў рэвальвер.

Апрача афіцэра, усе палоннікі былі яванцы. Яны былі рады, што справа скончылася такім чынам, і глядзелі на сваіх пераможцаў без жаху, але з нейкім вінаватым выглядам.

— Таварышы! — звярнуўся да іх Салул.— Вы ведаеце, хто мы такія і за што змагаемся. Таксама вы ведаеце, хто вы і за каго вы змагаецеся. (Гэтыя словы Салул сказаў з націскам.) У кожным разе, вы нашы браты, і шкоды мы вам рабіць не будзем. Хай кожны з вас прыслухаецца да свайго сумлення і вырашыць: ці ісці дадому — зразумела, без зброі,— ці застацца ў нас. Мы пачакаем некалькі мінут.

Можна лёгка ўявіць сабе, што перажыў кожны з тых людзей у гэтыя хвіліны. Усе яны ў глыбіні сэрца спачувалі сваім адважным братам і жадалі ім поспеху, але пайсці на здраду, супраць закону, рызыкаваць быць пакаранымі смерцю — на ўсё гэта адразу адважыцца было цяжка. Нямногія з іх падумалі ў гэты момант аб тым, што яны ж і без гэтага рызыкавалі і будуць рызыкаваць сваім жыццём.

Вырашыў справу адзін вельмі просты аргумент: калі яны вернуцца пераможаныя, бяззбройныя, пакінуўшы ў палоне свайго афіцэра, дык усё роўна будуць лічыцца здраднікамі і іх напаткае той самы лёс, які мелі верныя людзі з каманды «Саардам», аб чым яны ўсе чулі. Гэтаю думкаю яны пачалі дзяліцца адзін з адным і нарэшце ўсе, як адзін, заявілі, што застаюцца.

Радасна загулі паўстанцы, абступілі палоннікаў, пачалі вітаць, абдымаць. Радасць ахапіла і навабранцаў, яны адразу адчулі сябе лёгка, нібы скінулі з плеч цяжар, нібы пасля доўгага бадзяння па чужыне раптам апынуліся на радзіме, сярод блізкіх людзей.

А на караблі чулі, што бойка спынілася, і не ведалі, хто каго перамог. Але ў кожным разе ніхто там не думаў, што «гурток бунтаўшчыкоў» пераможа ўрадавае войска.

Інсургенты сталі падбіраць забітых, раненых, зброю. А кіраўнікі тым часам сабраліся на нараду.

Як ні цікава было кожнаму з іх даведацца, што за гэты час адбылося з іхнімі таварышамі, але спачатку трэба было абмеркаваць сваё становішча.

У гэты момант пачуўся гарматны стрэл. Гэта на караблі, не дачакаўшыся ад сваіх радаснай весткі аб перамозе, здагадаліся, што перамаглі інсургенты, і выклікалі іх на бойку.

— Будзем маўчаць, схаваўшыся,— сказаў Гейс.— Не варта і небяспечна з імі звязвацца, бо могуць выпадкова трапіць у наш склад.

З дзесятак разоў стрэліў крэйсер наўздагад, а потым на ім убачылі, што толку мала, і павярнулі ў адкрытае мора.

— Пакуль яны зноў з’явяцца, пройдзе не менш, як тры-чатыры дні. Гэты час мы павінны скарыстаць, каб перанесці нашу зброю калі не ў Бантам, то як мага далей,— казаў Пуан.

— О-о! Цяпер, калі пусцім «машыну», дык мігам перакінем усю зброю! — сказаў Сурат.

— Якую машыну? — здзівіліся таварышы, якія яшчэ не ведалі пра вынаходку Сагура.

Сурат расказаў аб рацыяналізацыі, якую правялі яны ў гэтых пушчах.

— Бач, якія яны! — сказаў Гейс, выслухаўшы яго.— Гэта, мусіць, першае ўжыванне такога спосабу пры такіх умовах і на такой адлегласці. Давайце падлічым, што мы цяпер можам зрабіць. Вы кажаце, што перакідвалі ў суткі тысячу вінтовак?

— Нават тысячу пяцьсот і дзве тысячы,— паправіў Сурат.

— Ну, добра. Возьмем паўтары тысячы. На колькі кіламетраў?

— На пятнаццаць.

— А як нас цяпер каля чатырохсот чалавек, то мы можам перакінуць на пяцьдзесят-шэсцьдзесят кіламетраў. Колькі, вы лічыце, адсюль да нашага «палаца» ў Бантаме? — звярнуўся Гейс да Пуана.

— Каля двухсот кіламетраў. Значыцца, праз чатыры дні можна перакінуць туды тысячу вінтовак?

— Ну не, браток,— засмяяўся Гейс.— Не забывайся, што для наладжвання «машыны» кожны раз спатрэбіцца адзін, а то і два дні. Пагледзімо спачатку, праз колькі дзён усю нашу зброю можна перакінуць за пяцьдзесят кіламетраў. Трыццаць тысяч вінтовак мы перакінем праз...

— Дваццаць дзён,— падхапіў Салул.

— Так. Патроны, мусіць, таксама зоймуць дваццаць.

— Калі не болей,— дадаў Пуан,— бо на кожную вінтоўку прыпадае патронаў больш, як яна сама важыць.

— Ды яшчэ кулямёты, іншыя рэчы, калі хочаце, гармата і, нарэшце, харчы.

— На шчасце ці на жаль, харчоў ужо малавата,— сказаў Сурат.

— Такім чынам,— разважаў далей Гейс,— усё наша багацце мы перакінем на пяцьдзесят кіламетраў...

— Праз два месяцы! — ускрыкнуў Салул.

— А на нашу базу праз восем месяцаў! — падхапіў Пуан.

— Не, праз год ці паўтара,— спакойна вылічваў Гейс,— бо і «машыну» пераладжваць трэба будзе і спажыву даставаць...

— Вось табе і маеш! — развёў рукамі Сурат.— За што ж мы змагаліся, а?

— За тое, каб узяць сабе столькі, колькі ўдасца, а рэшту знішчыць.

— Эх, як шкада! — пачухаў патыліцу Пуан.

— Нічога не зробіш. Лепш узяць мінімум і гнаць яго аж да самага Бантама, чымся рызыкаваць усім. Рэшту будзем абараняць, пакуль можна будзе, а там паглядзім. Я прапаную за дзень перакідваць тысячу вінтовак і належную колькасць прыпасаў да іх. Праз чатыры дні гнаць іх далей, а тым часам тут затрымліваць ворага.

— Каб не гэты здраднік Гано, можа, уся зброя ляжала б тут спакойна,— з прыкрасцю сказаў Салул.

— Цяпер ужо няма чаго аб гэтым казаць. Добра, калі мы будзем мець і чатыры тысячы вінтовак з патронамі ды дзесятак-другі кулямётаў.

Зараз жа пачалі рыхтаваць «машыну».

Тым часам выявілася, што ў бойцы забіта чатырнаццаць інсургентаў ды дваццаць тры паранены. Ворагаў пакуль што знайшлі дваццаць два забітых ды семнаццаць раненых.

Наогул жа, калі прыступілі да справы, то выявілася, што ланцуг нельга будзе зрабіць даўжэй за сорак кіламетраў.

Затое ўмацавалі кулямётамі ўсе падыходы. Пятнаццаць таварышаў, у тым ліку Гейс і Салул, павінны былі затрымліваць ворага гэтымі кулямётамі. У апошнюю мінуту, папсаваўшы іх, яны павінны былі адбегчы назад, дзе была другая лінія кулямётаў. За ёй трэцяя. Нарэшце падарваць зброю і знікнуць.

Паміж працай Салул і Гейс расказалі, як яны апынуліся тут.

— Самымі жудаснымі былі апошнія хвіліны ў пячоры,— сказалі яны, апісаўшы ўсе папярэднія, вядомыя нам падзеі.— Вада ўсё прыбывала, побач мы чулі нашых таварышаў. У той час, калі, здавалася, не было аніякай надзеі, вада прыпынілася, а потым пайшла на спад. Тады мы сталі адзін аднаму на плечы і пачалі калупаць наверсе дзірку. Зямля была рыхлая, і мы вылезлі на свет.

— Дык вось яны, тыя таемныя стрэлы, якія мы чулі некалькі разоў! — прамовіў Сурат, успомніўшы ранейшае невядомае «гарматнае» буханне.

Дадамо ад сябе, што пячора гэтая з’яўлялася непасрэдным працягам «змяінай» пячоры, дзе была складзена зброя. Калісьці яны абедзве складалі адну пячору, якая ўтварылася з вулканічнай лавы. Лава гэтая зверху застыла, зацвярдзела, пакрылася карой, а ў сярэдзіне тым часам яна была яшчэ вадкай і выцякала нібы па трубе. Такім чынам і стварылася цудоўнае «шкляное» падзямелле. А потым пасярэдзіне гэтая труба правалілася, засыпалася, і зрабіліся дзве пячоры.

Праз дзень зноў з’явіўся мінаносец, але ён цяпер ужо не збіраўся ваяваць, а толькі хадзіў уздоўж берага.

— Пільнаваць бераг прыехаў,— казалі інсургенты і яшчэ шпарчэй пусцілі сваю «машыну».

— Значыцца, хутка будзе і войска,— сказаў Гейс.

Прайшло чатыры дні, было перакінута ўжо чатыры тысячы вінтовак, дваццаць кулямётаў і належная колькасць патронаў, а войска не з’яўлялася.

— Ці не скарыстаць гэты час і не ўзяць яшчэ болей зброі? — сказаў Пуан, якога не пакідала спакуса набраць як мага болей.

Але Салул і Гейс рашуча пачалі супярэчыць.

— Не забывайцеся, колькі пройдзе часу, пакуль вы і гэтую зрою перацягнеце на месца. Лепш мы гэты час скарыстаем, каб адарвацца ад іх. А то, калі яны пачнуць насядаць і ісці ўвесь час следам за намі, то дойдуць па нашых слядах аж да самага нашага прытулку. А калі мы знішчым зброю і знікнем самі, то яны могуць падумаць, што справа скончана, і, можа, супакояцца.

Праз некалькі часу ланцуг згарнуўся. Пуан з таварышамі пайшоў далей, захапіўшы з сабою палоннага афіцэра, а на месцы засталіся пятнаццаць абаронцаў.

Пад вечар з’явіўся пасланец з цэнтра і прынёс весткі, якія значна ўскладнялі і заблытвалі ўсю справу.

 

VII. МІСІЯ НОНГА

 

Правал у Суракарце і Сурабайі.— Нонгаў кошык.— На радзімым слупку.— Зноў у Батавіі.— Незвычайная ахвяра святой фізе.— Начная чарга.— Новы знаёмы.

Пасля таго як быў злоўлены Гано, сход, зразумела, не мог адбыцца. Лятучая нарада актыву на працягу некалькіх мінут павінна была абмеркаваць бліжэйшыя, неадкладныя задачы і зараз жа разысціся.

Галоўная небяспека пагражала Гейсу і Салулу, бо на іх цяпер напэўна арганізуюць аблаву. Таму яны накіраваліся да Скал Ластаўчыных Гнёздаў, каб прыняць удзел у найважнейшай справе і разам з тым уцячы далей. Не будзем апісваць, як яны хаваліся і ўцякалі на працягу некалькіх дзён. Усё гэта лёгка сабе ўявіць. Нарэшце, як мы бачылі, яны дабраліся да Скал Ластаўчыных Гнёздаў.

Пандо не мог ужо вярнуцца дадому, бо ён быў высачаны. Але яго прысутнасць у Суракарце была неабходна. Ён быў галоўным вузлом рэвалюцыйнага руху ў раёне. Ён аб’яднаў чалавек дваццаць настаўнікаў, якія з’яўляліся галоўнымі дзеячамі ў гэтай цёмнай краіне, дзе свядомых і загартаваных рабочых амаль не было. Склад яго таварышаў, да таго ж параскіданых у розных кутках, быў самы разнастайны. Тут былі члены і Сарэкат-Райята, і мусульманскай партыі, якія ўяўлялі сабе рэвалюцыю на манер Радан-Баго, і беспартыйныя рэвалюцыянеры па свайму пачуццю, і некалькі членаў камуністычнай партыі. Усіх іх аб’яднала нянавісць да чужаземных уладароў. Трэба было падтрымліваць гэтыя іскры, каб у рашучы момант з дапамогай іх запаліць агульны пажар.

К гэтаму часу з Сурабайі прыбыла значная партыя пракламацый. Праз некалькі дзён горад і вёскі былі засыпаны гэтымі пракламацыямі. Цікава адзначыць, што ў дадзеным выпадку значную карысць прынесла... непісьменнасць насельніцтва!

Дзякуючы ёй, пракламацыі чыталіся калектыўна. Вакол чытача збіраліся непісьменныя, слухалі, разважалі, і агульнае абурэнне было больш эфектыўным, чымся ў кожнага паасобку.

«Старэйшы брат» энергічна ўзяўся за работу. Загадаў і «малодшаму брату» пусціць у рух увесь свой апарат. Нават «рэвалюцыйны» Радан-Баго далучыўся да гэтай працы.

Яму непрыемна было, што просты народ невядома пад чыім кіраўніцтвам сам пачаў варушыцца. Паважаны Радан-Баго ўяўляў сабе справу зусім інакш, так, як яна апісваецца ў гісторыі. Вось які-небудзь князь ці выдатны саноўнік падымае народ, скідвае ненавісную ўладу і сам становіцца на чале яе.

А тут справа пачынаецца зусім не па-людску. Гэтак яны могуць заместа карысці нарабіць шкоды. І Радан-Баго не за страх, а за сумленне пачаў дапамагаць ураду.

Праз некалькі часу цесная турма ў Сола была запоўнена арыштаванымі. Але больш цяжкім ударам быў арышт дзевяці актыўнейшых настаўнікаў, у тым ліку і Пандо.

І, нарэшце, каля гэтага самага часу ў Сурабайі, дзякуючы правакацыі, быў арыштаваны камітэт камуністычнай партыі.

Такім чынам, напярэдадні рашучых падзей рух на Цэнтральнай Яве быў пазбаўлены кіраўніцтва.

Гэтыя весткі і прынёс пасланец Салулу і Гейсу.

* * *

Калі пасля таго няўдалага сходу ў храме наспех абмяркоўвалі, каму што рабіць, Нонг вельмі хацеў далучыцца да Гейса і Салула. Але выявілася, што для яго ёсць больш падыходзячае заданне. Патрэбен быў чалавек, які перавёз бы і распаўсюдзіў пракламацыі ад Сола да Батавіі. Больш адказныя таварышы, звязаныя арганізацыйнымі справамі, не маглі займацца гэтым, а рэшта ў сваім жыцці ніколі нікуды не выязджала. А Нонг і ездзіў і ўжо выявіў свае здольнасці.

Такім чынам, Нонг неспадзявана для сябе самога зрабіўся бывалым, спрытным і адказным чалавекам.

Дасталі просты плецены кошык, палажылі на дно літаратуру, потым наклалі гародніны. Навучылі Нонга, што і як рабіць. Дзеля таго што Нонг быў непісьменны, а яшчэ больш для канспірацыі, адрасоў і лістоў яму не давалі. Нонг павінен быў вывучыць на памяць тыя адрасы, па якіх ён павінен быў звяртацца па дарозе. Толькі ў Батавію Салул пасылаў праз Нонга шыфраваны ліст да таго самага таварыша, да якога ён заходзіў тады, калі быў Тугаем. Але і на гэтым лісце адраса не было напісана.

— Калі будзеш ісці да гэтага таварыша,— навучаў Салул,— дык асабліва сцеражыся, каб ніхто за табой не сачыў. Лепш тады зусім не з’яўляйся да яго, а пісульку парві.

Праз некаторы час просты тубылец Нонг ехаў сабе ў поездзе з кошыкам гародніны. У Джоджакарце, Маосе, Бандунгу і іншых месцах ён спыняўся, і кожны раз пасля гэтага кошык рабіўся лягчэйшым. Жыццё навакол ішло гэтак жа, як і раней. Гэтак жа мітусіліся гандляры на станцыях, гэтак жа капашыўся паўголы, «спакойны, шчаслівы» народ, гэтак жа на плантацыях працавалі кулі, гэтак жа паважна рухаліся белыя ўладары і мясцовыя саноўнікі. «Самы ціхі народ у свеце» трымаў сябе ціха, як і заўсёды.

І толькі ад тых таварышаў, з якімі Нонг меў зносіны, ён даведаўся, што пад гэтай цішынёю хаваецца шмат напружанасці, чутак, чакання і надзей.

Вось і Нонгава радзіма, Банд’ю. Як і раней, шуміць завод пана Більбо, як і раней працуюць на яго сяляне са сваімі сапі. Трэба было пачакаць вечара, каб пабачыць тых рабочых на заводзе, да якіх Нонг быў пасланы.

Ён пайшоў у свой кампонг. Вось дарога, па якой бег яго бацька, ахоплены амокам, вось месца, дзе яго забілі...

Сустрэлася некалькі знаёмых.

— Нонг! Адкуль? Дзе ты быў?

— Справядлівасці хадзіў шукаць.

— Куды? У Батавію?

— I ў Батавію, і ў іншыя месцы.

— Ну, што ж табе сказалі?

— Сказалі, што спадзявацца няма на каго. Самі павінны аб сабе дбаць.

— Якім чынам?

— Як хочаце. Калі прыйдзецца,— у горла ўчапіцца ворагу.

— О, каб гэта можна было!

— Пачакайце крыху — і можна будзе.

Хоць яму і казалі, каб па дарозе ён не займаўся агітацыяй і быў вельмі асцярожным, але сваім ён палічыў магчымым сказаць крыху болей.

— Ты ў нас застаешся? — пыталіся яго.

— Пакуль што — не, а далей — не ведаю.

Пайшоў да сваёй хаціны, але ледзь знайшоў яе: шалёная расліннасць стварыла ўжо там такі гушчар, што ў ім зусім згубіліся рэшткі будынка.

Нонг прысеў на адзін з слупкоў, на якім калісьці стаяла яго хата. І двух месяцаў не мінула, як ён пакінуў свой радзімы кут, але ж якія змены адбыліся ў жыцці Нонга!

Усё ранейшае жыццё нібы адсунулася на дзесятак гадоў, і ад яго засталіся толькі вось гэтыя некалькі слупкоў. За гэты час Нонг апынуўся зусім у новым свеце, і родны кампонг, які нядаўна яшчэ здаваўся галоўным месцам на зямлі, цяпер ужо быў такім нікчэмным, забытым, чужым.

У кампонгу пачулі, што вярнуўся Нонг, і захацелі даведацца, дзе ён быў, што бачыў і чуў. Ля яго сабраўся гурток людзей, і Нонг пачаў расказваць, што быў і ў Батавіі, і ў Суракарце, і ў Бантаме, шмат чаго бачыў, самае ж галоўнае — людзей, якія не хочуць цярпець уціску і ідуць змагацца за лепшую долю для ўсяго народа.

— Шмат такіх людзей ёсць. Нават адзін галандзец пайшоў на наш бок. І зброя ёсць. Хутка прыйдзе час, калі прагоняць белых уладароў. Нават на нашага рэгента можна будзе тады ўправу знайсці. І Більбо прагонім, і ўсю зямлю вернем сабе. Трэба толькі, каб усе разам падняліся, калі настане рашучы момант.

Людзі слухалі гэтыя словы з жахам. Як гэта адважыцца пайсці супраць улады, супраць Більбо? Яму ж прыйдуць на дапамогу войска, жандары.

Але ўпэўнены тон Нонга, яго грунтоўныя довады рабілі свой уплыў, і паступова людзям пачало здавацца, што справа не такая ўжо безнадзейная, што сапраўды магчыма гэта зрабіць.

Увечары Нонг выканаў сваё даручэнне і выехаў у Батавію. Цяжка было яму знайсці тое месца і дом, куды ён павінен быў звярнуцца. Яму ўсё здавалася, што ўсе людзі звяртаюць увагу на яго кошык. А калі прыходзілася ісці міма паліцэйскага, то ён аж не дыхаў. Каб ён трапіў на вочы добраму сышчыку, той адразу затрымаў бы яго. Але Нонг усё яшчэ меў выгляд прасцецкага сялянскага хлапца, які ўпершыню трапіў у горад, і гэта памагала яму больш, як усе яго хітрыкі.

Нарэшце ён дабраўся да месца. Падышоў да хаты з аднаго, з другога боку — нікога не відаць. Стукнуў у дзверы — ніхто не адказвае.

З суседняй хаты выйшла жанчына.

— Ці тут жыве Сукравата? — нясмела запытаўся Нонг.

Тая зірнула на яго неяк падазрона, і Нонгу зноў здалося, быццам яна аглядае яго кошык.

— Няма яго,— коратка адказала жанчына.

— Але жыве ён тут?

— Не,— неяк крыва ўсміхнулася яна,— цяпер ён жыве зусім у іншым месцы.

— Можа, часам ведаеце дзе?

Жанчына прыпынілася, агледзела яго з ног да галавы.

— У турме! — кінула яна і пайшла далей.

Гэты адказ прагучаў для Нонга, нібы ўдар абухом па галаве.

Болей ён нікога не ведаў ва ўсім горадзе! Куды цяпер звярнуцца? Куды дзець тое, што было ў кошыку? Ды і наогул, што далей рабіць?

Такога становішча, мусіць, не прадбачылі і Гейс з Салулам. Хоць яны і давяралі Нонгу, але не хацелі яму, як навічку, даваць больш адрасоў і імёнаў. Гэта было б рызыкоўна.

Нонг завярнуўся і паволі пайшоў назад.

«Куды дзець кошык? — ламаў ён галаву.— Ці не выкінуць яго зусім? Але шкада дарэмнай турботы. Трэба ж гэтыя паперкі распаўсюдзіць. Значыць, застаецца адно: самому ўзяцца за гэтую справу».

Мусіць, нячаста здаралася, каб распаўсюджваць пракламацыі ў вялікім горадзе прыходзілася чалавеку, які не толькі не ведае гэтага горада, але наогул незнаёмы з ніякім горадам.

Абмяркоўваючы гэтую задачу, Нонг ухіліўся ўбок і выйшаў на пустыр. За пустыром зноў віднеўся горад. Ідучы праз пустыр, ён натрапіў на вядомую нам гармату з фігаю. Як калісьці Тугай-Салул, Нонг заўважыў некалькі жанчын, якія прыносілі ахвяры, прыходзілі, адыходзілі або ўрачыста сядзелі.

Прыпыніўся і Нонг. Прыслухоўваючыся да гутаркі, ён сцяміў, у чым тут справа, тым болей, што легенда пра дзве гарматы была вядома і ў яго вёсцы.

Тады Нонг узяў з свайго кошыка пак пракламацый і ўрачыста палажыў яго перад фігай. Другі пак, каб не змок ад дажджу, запхнуў у сярэдзіну гарматы.

— Што гэта такое? — здзівіліся багамольцы, убачыўшы незвычайную ахвяру.

— Гэта найвялікшая ахвяра, якая толькі можа быць,— з натхненнем прамовіў Нонг.— Гэта вестка ад алаха, што наблізіўся час, калі абедзве гарматы злучацца, і тады ўвесь народ будзе вольны і шчаслівы. Абавязак кожнага разнесці гэтыя паперкі па ўсіх кутках, каб усе ведалі волю алаха.

Не чакаючы далейшых запытанняў, Нонг паспешна адышоў далей і знік, каб яго не заўважылі тыя, каму не трэба.

І святая фіга пачала выконваць даручаныя ёй больш карысныя абавязкі...25

Пачатак справы здаваўся Нонгу ўдалым, і ён ужо больш упэўнена і бадзёра глядзеў на сваю задачу. Ён прыпомніў порт, дзе некалі быў з Гано, прыпомніў, што там шмат рабочых, і накіраваўся ў Прыёрк.

Але ўдзень, у часе працы, совацца са сваімі пракламацыямі было рызыкоўна. Трэба было чакаць цямна, каб параскідаць іх у такіх месцах, дзе яны былі б знойдзены. Нонг з вялікай пашанай адносіўся да сваіх паперак і шкадаваў кожную з іх, каб не загінула дарэмна.

Увечары, бадзяючыся па Прыёрку, Нонг выйшаў да вялікіх марскіх майстэрняў, ля якіх чуўся стрыманы гоман натоўпу. Падышоўшы бліжэй, ён заўважыў чаргу, якая цягнулася ад брамы і загіналася аж у суседні завулак. Чарга складалася выключна з рабочых. Ніхто з іх не стаяў. Усе яны або сядзелі на зямлі, або спалі, і, відаць, размясціліся тут надоўга. Да некаторых падыходзілі жанчыны і прыносілі ім ежу.

— Куды лезеш? Станавіся ў чаргу! — ускінуліся на Нонга, калі ён падышоў бліжэй.

— А што такое тут робіцца? — запытаўся Нонг.

— А вось табе чаго тут трэба, калі нават не ведаеш? — са злосцю адказалі яму.

Нонг адразу сцяміў, што для яго справы тут якраз найлепшыя ўмовы. Ён накіраваўся ў канец, каб заняць месца ў чарзе.

— Гэты малойчык новы. Я яго ніколі не бачыў,— заўважыў адзін рабочы, калі Нонг праходзіў міма.

— Сваіх хапае, а тут яшчэ новыя лезуць,— нездаволена абазваўся другі.

Нонг прыпыніўся.

— Я нікому не думаю перашкаджаць,— сказаў ён.— Скажыце, чаго вы чакаеце?

— Раніцы,— адказалі яму, і некалькі чалавек зарагаталі.

Нонг дабраўся да канца і стаў ззаду. Перад ім сядзеў немалады ўжо чалавек з хваравітым выглядам. Сядзеў ён на карачках, абапёршыся спіной аб сцяну і ахапіўшы рукамі калені. Нонг адчуў, што гэты чалавек павінен быць больш лагодным, і звярнуўся да яго з тым жа самым пытаннем.

— А ты не ведаеш? — здзівіўся той.

— Я не тутэйшы, першы раз тут.

— Мы працуем на гэтым заводзе і чакаем раніцы, каб стаць на работу.

— Навошта ж так? — здзівіўся ў сваю чаргу Нонг.

— Ды нас кожны дзень звальняюць, а назаўтра наймаюць, як новых. А паколькі жадаючых працы больш, чым трэба, то вось і прыходзіцца станавіцца ў чаргу.

— Навошта гаспадары так робяць?

— А што ім абыходзіць? — уздыхнуў рабочы.— Мусіць, гэта робіцца затым, каб рабочыя не маглі скласці сталага калектыву, каб раз’яднаць іх, змарыць іх канчаткова, каб дзень і ноч трымаць іх у руках. Пачакайце ж, праклятыя, прыйдзе і на вашу галаву кара! — скончыў ён, бліснуўшы вачыма.

Нонг убачыў, што такога чалавека сцерагчыся няма чаго, і адразу адкрыў яму сваю справу.

— Вось тут у мяне пракламацыі. Трэба іх распаўсюдзіць, а я нікога тут не ведаю. Памажыце мне.

Рабочы паглядзеў на яго так, нібы сам жандар з’явіўся перад ім.

— Ну, браток, з такімі прапановамі пад’язджай да каго-небудзь іншага,— сказаў ён, усміхнуўшыся.

— Далібог, праўду кажу! — сказаў Нонг.— Вось зірні, яны тут.

Але рабочы і глядзець не хацеў.

— Ты не даеш веры? — горача шаптаў Нонг.— Ты, можа, думаеш, што я наўмысля падасланы паліцыяй? Кажу ж табе, мяне прыслалі з Суракарты ў Батавію, да таварыша Сукраваты...

Рабочы, пачуўшы гэтае імя, уздрыгануўся і ўтаропіўся на Нонга.

— Ну і што ж?

— Сукраваты няма дома. Суседка сказала, што ён арыштаваны. А болей я нікога тут не ведаю.

— А хто цябе паслаў?

— Салул і Гейс. Ты, мусіць, іх не ведаеш. Яны захапілі зброю...

Але рабочы ўсё ведаў, нават больш, як сам Нонг. Калі ён выслухаў Нонга, то пераканаўся, што той гаворыць праўду. Ён паклаў сваю руку Нонгу на плячо і сказаў:

— Добра, што ты натрапіў на мяне, а то мог бы і сам папасціся і ўсім бяды нарабіць. Сцеражыся выказваць імёны, бо калі даведаюцца, што ты ведаеш такія імёны, то гарачым жалезам выпытаюць іх ад цябе. У нас тут вельмі трывожна. Некалькі сот таварышаў арыштавана, у тым ліку ўсе кіраўнікі, як Сукравата. Асабліва пашкодзіў выбух у палацы генерал-губернатара. Пачаліся такія рэпрэсіі, што ўсім дасталося, вінаватым і невінаватым. А потым яшчэ чуткі, што на поўдні нешта робіцца. У сувязі з арыштамі кожны дзень можна чакаць сур’ёзных падзей. Ужо немагчыма стрымаць гнеў рабочых. Моладзь патрабуе, каб зараз жа выступіць і ў першую чаргу вызваліць арыштаваных. Але справа вельмі ўскладняецца тым, што ўсе нашы выдатнейшыя кіраўнікі арыштаваныя. А яны мелі сувязь з усёй краінай.

Нонг слухаў гэтыя словы, і яму дзіўна было, што навакол усё спакойна, звычайна. Увесь дзень ён блытаўся па горадзе і нідзе нічога не заўважыў. Ідзе сабе народ па сваіх справах, стаяць на сваіх месцах паліцэйскія, ездзяць у аўтамабілях белыя паны, гандлююць крамнікі, бегаюць разноснікі, працуюць рабочыя.

А між тым недзе нешта робіцца...

Недзе ў глыбіні збіраецца гнеў і роспач соцень гадоў. Збіраецца ціха, стрымана, як вось у Нонгавага бацькі, і, мусіць, таксама выльецца ў адзін вялікі амок. Нонга ахапіла нервовае хваляванне. Яму так захацелася стаць бліжэй да гэтых таемных спраў.

— А ці нельга было б трапіць на які-небудзь сход? — выказаў ён сваю думку.

— Цяпер вялікіх сходаў немагчыма склікаць. Збіраюцца на нараду толькі невялікія групы прадстаўнікоў. Нават не ўсе з нас ведаюць, калі, дзе, а часам і хто. Агульны настрой, зразумела, добра вядомы, і адпаведна гэтаму робяцца захады. Я сам аб гэтым ведаю толькі з гутарак з таварышамі. Я знаходжуся ў такім становішчы, што прымаць удзел у гэтай справе не магу. Я толькі магу спачуваць і чакаць...

І ён цяжка закашляўся. Потым устаў, прайшоў уздоўж шэрага і вярнуўся з чатырма таварышамі. Яны разабралі ўвесь Нонгаў кошык і зніклі ў цемры.

— Калі міне ноч, усе пракламацыі апынуцца ва ўсіх кутках Прыёрка і Батавіі,— сказаў рабочы і, нібы змораны ад працы, сеў на сваё месца.

— Колькі ты заробіш за заўтрашні дзень? — запытаўся Нонг.

— Калі траплю на работу, дык з паўгульдэна зараблю.

Нонг і сам стаў бы ў чаргу, каб атрымаць працу, але ў такі напружаны час ён не мог аб гэтым думаць, тым болей, што быў «багаты». Разам з тым яму хацелася памагчы гэтаму хвораму чалавеку.

— Слухай,— сказаў ён,— дай мне ў сябе прытулак, і я заплачу табе паўгульдэна за дзень. І мне добра будзе, і ты адпачнеш.

Рабочы здзіўлена паглядзеў на такога неспадзяванага дабрадзея.

— Вось які ты пан! — прамовіў ён, пільна аглядаючы Нонга.— Але ж я не магу даць табе добрага прытулку ды і не разумею такога дабрадзейства. Няўжо ж у цябе шмат грошай?

Тады Нонг падрабязна расказаў пра сябе, пра бацьку, пра тое, як выпадкова зарабіў досыць грошай, растлумачыў, чаму цяпер не хоча прымацца за працу, і сказаў, што ён будзе вельмі рады, калі яго выпадковыя лёгкія грошы крыху дапамогуць хвораму таварышу.

Шчырае апавяданне Нонга расчуліла хворага.

— Ты добры хлопец,— сказаў ён.— Пойдзем!

Дан, так звалі гэтага рабочага, жыў наводшыбе, прыблізна пасярэдзіне між Прыёркам і Батавіяй. Доўга ішлі яны па цёмных завулках. Сям-там блішчаў агонь, і з расчыненых дзвярэй выляталі п’яныя крыкі, спевы, дзікая музыка, жаночы смех. Там весяліліся тыя, што ўжо страцілі чалавечае аблічча.

Сярод нездаровага балоцістага месца, дзе нельга было ставіць гарадскіх будынкаў, туліліся бядняцкія хаціны вясковага тыпу. Балота, смурод і пышная расліннасць ахоўвалі іх ад людскога вока.

У хаціне Дана змяшчаліся яго жонка і трое дзяцей ад двух да васьмі год.

— Калі няма дажджу, я сплю тут пад страхой,—сказаў Дан, паказваючы кут, над якім высоўвалася невялічкая павець.

— Вось і добра! — весела сказаў Нонг.— Я такі самы пан, як і ты.

— Але ж ты плаціш за гэта вялікія грошы.

— Я плачу не за гэта, а каб нам разам некалькі часу пражыць і мець магчымасць пацікавіцца больш важнымі для нас усіх справамі. Мне ж лепш пажыць сярод сваіх, чымся бадзяцца аднаму ў незнаёмым горадзе.

 

ІХ. ПАЎСТАННЕ У БАТАВІІ

 

У будынку пошты.— Каля турмы.— Дарэмныя намаганні.— Па-за горадам.— Прыгоды партызанскага атрада.— У цясніне.

Ноч на 13 лістапада 1926 года.

Сакавітая паўднёвая ноч, калі дыхаецца так лёгка і вольна, калі можна адпачыць ад дзённай спёкі.

І тыя, хто можа, праводзяць яе ў садах, кафэ, рэстаранах. Святло, нібы зарава, уздымаецца над цэнтрам горада. Мілагучная музыка нясецца адтуль у цёмныя, брудныя кварталы, дзе спіць паднявольны народ.

Нарэшце праходзяць і гэтыя гадзіны. Раз’язджаецца вясёлая публіка, гаснуць адзін за адным агні, зачыняюцца начныя ўстановы.

Батавія спіць. Толькі дзе-нідзе мільгаюць постаці паліцэйскіх.

Але вось на адной з цёмных вуліц мільгануў цень. Вунь вынырнула постаць з суседняй вуліцы. А там яшчэ і яшчэ...

Мільгануць — і знікнуць, каб з’явіцца ў другім месцы.

Каб прасачыць уважлівей, дык можна было б заўважыць, што рухаюцца яны па двух кірунках: да цэнтра горада і да брамы з галавой Пітэра Эльбервельда.

Вось на рагу дзвюх вуліц прычапіўся да трох чалавек паліцэйскі. Але спрэчкі былі нядоўгія: праз момант нежывы паліцэйскі ляжаў за суседняй брамай, а навакол было ціха, як і раней.

Паліцэйскі ля пошты заўважыў, што ў суседні сад, крадучыся, праскочыла некалькі чалавек. Ён сабраўся пацікавіцца, што за яны, але ў вушах яго зазвінела, і ён страціў прытомнасць. Ачуняць яму ўжо ніколі не давялося.

* * *

У памяшканні пошты, тэлеграфа і тэлефона цішыня. Ляскаюць нібы без сэнсу апараты. Ледзь варушацца сонныя дзяжурныя.

Зазвінеў тэлефон.

— Цэнтральная,— адказвае тэлефаністка-метыска і чуе ўсхваляваны голас:

— Злучыце хутчэй з генерал-губернатарам. Гавораць з турмы.

Але злучыць яна не паспела.

Раптам — шум, грукат, расчыніліся дзверы.

— Не рухацца! — загрымеў зычны голас.

Памяшканне зараз жа напоўнілася ўзброенымі людзьмі.

— Не палохайцеся, таварышы! — ужо мякка сказаў той жа голас.— Народ сам прыйшоў гаспадарыць у сваёй установе.

І служачыя-тубыльцы не спалохаліся. Толькі моцнае, незнаёмае хваляванне ахапіла іх.

А ля турмы тым часам ішла страляніна. Уварвацца адразу не ўдалося. Прыйшлося абстрэльваць з усіх бакоў. Тут былі і Нонг з Данам.

Стрэлы турэмнай варты змешваліся з шумам і крыкамі вязняў. Начальнік, як шалёны, насіўся з канца ў канец, рэвальверам падбадзёрваючы сваю ненадзейную абарону.

— Браму, браму ламіце! — чулася знадворку.

Дан першы ўхапіў вялізны камень і кінуўся да брамы. Нонг бачыў гэта і толькі дзівіўся, адкуль у гэтага хворага чалавека з'явілася такая сіла. З страшэнным грукатам трэснуўся камень аб браму; зазвінела, застагнала жалезная брама, а Дан паваліўся на зямлю. Падбег Нонг да яго, падняў за плечы, але таму ўжо непатрэбна была аніякая дапамога: куля трапіла якраз у галаву.

Падхапіў Нонг Данаў камень, але кінуць не паспеў — неспадзявана пачуліся стрэлы ззаду.

Гэта атрад конных жандараў прыляцеў на дапамогу. Уздрыгануліся паўстанцы, замяшаліся.

— Таварышы! Уперад! Іх толькі трыццаць чалавек! — пачуўся бадзёры голас.

Але гэтыя трыццаць чалавек размясціліся сярод будынкаў і садоў. Каб абкружыць і выбіць іх, патрэбен быў час, а ён быў такі дарагі. Усё ж такі перавага ў колькасці была на баку паўстанцаў.

Падзяліліся напалам. Адны пайшлі супраць жандараў, другія зноў кінуліся на турму.

І калі поспех быў ужо зусім блізкім, пачулася траскатня кулямётаў.

Падышоў значны атрад войска, нават з браневіком...

* * *

Горад ужо не спаў. Коннікі, аўтамабілі насіліся ва ўсе канцы. Кожнага жыхара на вуліцы расстрэльвалі. Страціўшы тэлеграфную і тэлефонную сувязь, улада мітусілася і давала супярэчлівыя загады.

— З Вельтэўрэдэнам сувязі няма!

— Паўстанцы напалі на дом генерал-губернатара!

— У прадмесці Мейстэр Карнэліус паўстанцы руйнуюць урадавыя ўстановы!

Выбухнуў пажар у адным месцы, у другім. Вось і з Прыёрка відаць зарава. Ужо ў розных месцах збіраюцца групы, якія нават уступаюць у бойку з салдатамі. Кожная хвіліна ўзмацняе паўстанцаў. Хутка паўстануць усе пагалоўна, і тады не хопіць салдат, хоць іх ёсць многа. Для ўлады патрэбен хуткі і рашучы поспех у галоўных пунктах. Яна ўжо не звяртае ўвагі на стрэлы з розных вуліц і куткоў.

І ў гэты момант разносяцца чуткі, што ля турмы паўстанцы разбіты... Але пошта яшчэ трымаецца. З усіх акон адстрэльваюцца героі. На падлозе ўжо валяюцца забітыя і раненыя. Двое з служачых пошты падхапілі зброю і прынялі ўдзел у абароне.

Ва ўсіх надзея, што зараз прыйдуць на дапамогу таварышы з турмы, што паўстаўшы народ залье ўвесь горад.

Але замест таварышаў яны бачаць усё новых і новых салдат. Кола ўсё звужваецца. Будынак пошты ўжо шчыльна ахоплен з усіх бакоў. З суседніх дахаў, акон страляюць салдаты. Кулі свісцяць праз вокны. А ўнізе ўжо грукочуць у дзверы.

Праходзіць гадзіна, другая... Змен ніякіх, апрача таго, што салдаты падыходзяць усё бліжэй.

Халодная роспач сціскае сэрца. Няўжо ж усё гэта дарэмна? Няўжо ж паўстанне прыдушана адразу? Не можа гэтага быць! Трэба толькі пратрымацца як мага болей...

* * *

Адбітыя ад турмы паўстанцы рассеяліся па горадзе паасобнымі групамі. Яны хацелі сабрацца ля пошты, але напаткалі вялікі атрад салдат.

Тады кожная група пачала дзейнічаць паасобку, на свой страх.

Нонг трапіў у групу з дваццаці чалавек пад кіраўніцтвам Данавага таварыша, Гурана. Яны хацелі заняць вакзал, але і тут былі ўжо салдаты.

— Ідзём тады далей, за горад,— прапанаваў Гуран.— Трэба папсаваць чыгунку, каб не магла прыйсці дапамога з Бэйтэнзорга.

Яны адышлі за горад на некалькі кіламетраў, захапілі чыгуначную будку і з дапамогай розных прылад, якія там знайшліся, пачалі выварочваць рэйкі, валіць тэлеграфныя слупы.

Усе суседнія вёскі былі на нагах і гулі, нібы ўстрывожаныя вуллі. З цемры, з бананавага гушчару, вынырвалі адна за адной цёмныя фігуры і далучаліся да атрада. Хутка сабралася больш сотні чалавек, і з іх дапамогай было папсавана з паўкіламетра чыгункі.

Кожны з сялян жадаў чым-небудзь памагчы агульнай справе, але яны былі бяззбройныя. Нават крысы не ўсе мелі. Большасць узброілася рознымі гаспадарчымі прыладамі, але ў іх прымітыўнай гаспадарцы і прылады былі прымітыўныя.

З’яўленне дваццаці добра ўзброеных таварышаў зрабіла моцнае ўражанне, надало смеласці і бадзёрасці.

— Ідзём у Батавію! — крычалі яны.

Інсургенты прыпомнілі, якую бойку ім прыйшлося вытрымаць з салдатамі ў горадзе, і не адважыліся весці людзей туды.

— Нельга вам з вашай зброяй выступаць супраць войска. Хопіць вам і навакол працы. Уздымайце ўвесь народ, займайце ўстановы, спыніце ўсе зносіны між імі, затрымлівайце і абяззбройвайце галандцаў, жандараў, паліцыю, нападайце з засады на паасобныя гурткі салдат.

Сам жа атрад пачаў радзіцца, што далей рабіць: ці вяртацца ў Батавію, ці ісці па краіне і ўздымаць народ. Гуран хацеў ісці назад у Батавію, каб прыняць удзел у рашучай бойцы. Другія пярэчылі, кажучы, што дваццаць чалавек не вырашаць лёсу Батавіі, а тым часам там, глыбей, як узброенае ядро, яны могуць узняць масу народу і зрабіць больш карысці.

У ліку апошніх быў і Нонг. Ён запаліўся справай, страціў сваю сарамлівасць, нават аднекуль з’явілася красамоўства.

— Там, на поўдні, у Бантаме,— казаў ён,— ёсць шмат зброі, ёсць нават наша добрае войска. Я сам бачыў. Яно вырашыць наш лёс. Пойдзем насустрач, падрыхтуем яму дапамогу па дарозе.

І ён расказаў пра ўсё тое, што бачыў і ў якіх падзеях прымаў удзел. Таварышы, пачуўшы, што гэты ціхі хлапец мае дачыненне да такіх падзей і асоб, пранікнуліся да яго пашанай.

Тым часам пачало віднець. Выступілі на даляглядзе горы. Затым бліснулі іх вяршыні.

У гэты час прыбеглі з Батавіі два таварышы і паведамілі, што пошта ўзята салдатамі і захоплена сорак дзевяць паўстанцаў... Разрозненыя групы адстрэльваюцца ў розных месцах горада. Нельга спадзявацца, каб ім цяпер удалося дасягнуць якога-небудзь значнага поспеху без дапамогі збоку. А ці можна спадзявацца на гэтую дапамогу?

— У раёне Батавіі ўзброенай сілы ў нас болей няма,— сказаў Гуран.

— Значыцца, трэба пакінуць Батавію,— падхапіў Нонг,— і ісці на поўдзень, дзе збярэцца вялікая ўзброеная сіла.

З гэтым павінны былі ўсе згадзіцца.

Перад паходам парашылі адысціся ад чыгункі і гадзіны са дзве адпачыць.

Праз гадзіну ў атрад прывялі галандскую сям’ю, якая ўцякала ў Батавію з свайго маёнтка.

Паважны мінгер, тоўстая мефрау26 і двое дзяцей васьмі — дзесяці год трэсліся, чакаючы смерці.

— Бярыце ўсё, толькі не забівайце,— прасіўся галандзец.

— Сваё дабро мы і самі возьмем,— адказалі яму.— А забіваць вас няма карысці. Ідзіце сабе па рэйках у Батавію.

Сямейка пацягнулася, спалохана азіраючыся па баках, а паўстанцам, апрача розных рэчаў, засталося двое коней і рэвальвер.

Неўзабаве заўважылі, што з Батавіі ідзе цягнік. Ён спыніўся ля разбуранай чыгункі, і з вагонаў высыпалі салдаты. Атрад палічыў за лепшае адысці далей. Усюды сустракалі іх, як братоў, а салдаты ззаду ні ад каго не маглі даведацца, што наперадзе іх ёсць атрад. Але падышла галандская сям'я і сказала, што іх абабралі ўзброеныя людзі.

Частка салдат засталася папраўляць дарогу і тэлеграф, а чалавек трыццаць накіраваліся наперад.

Па дарозе галандскі афіцэр спаласаваў бізуном некалькі тубыльцаў, у тым ліку і жанчын, але ніхто з іх «не бачыў» ніякага атрада.

Затое атрад атрымліваў весткі аб кожным руху ворага. Апаўдні Гуран парашыў «спаткаць» ворага. У атрадзе налічвалася ўжо трыццаць чалавек, ды і насельніцтва, хоць і бяззбройнае, магло памагчы.

Размясціліся сярод гушчару і пачалі чакаць. Войска ішло досыць нядбала. Яно не думала, што бяззбройныя сяляне адважацца напасці на яго.

Першы залп зваліў чалавек дзесяць, а рэшта адразу кінулася наўцёкі. За імі вымушан быў бегчы і афіцэр. Адбегшы, яны пачалі адстрэльвацца. У перастрэлцы страцілі яшчэ трох чалавек. Гнацца ж далей паўстанцы не хацелі.

За аднаго свайго раненага яны атрымалі пятнаццаць вінтовак. Але важней за вінтоўкі былі чуткі аб «вялікай перамозе», якія паляцелі ад кампонга да кампонга, уздымаючы дух народа.

Праз гадзіны тры ззаду пачуўся тупат, і сярод пылу неспадзявана паказалася чалавек сорак коннікаў. Хавацца было позна ўжо. Прыходзілася пачынаць бойку. Кавалерысты злезлі з коней. Паўстанцы рассыпаліся, і пачалася перастрэлка.

Абодва бакі, схаваўшыся за дрэвамі, не дужа шкодзілі адзін аднаму. Але час ішоў, і не было ніякага выніку. Потым заўважылі, што двое салдат селі на коней і галопам паскакалі назад.

— За дапамогай паехалі,— сказаў Гуран.— Гэта нам нязручна. Трэ было б адарвацца ад іх.

— Але як тут адарвешся, калі яны, асабліва з коньмі, маюць магчымасць увесь час вісець над каркам,— заўважыў другі таварыш.

— Хай тады чалавек дзесяць з нас паспрабуюць зайсці ім у тыл і напасці на коней,— прапанаваў Нонг.

Прапанова была слушная. Зараз жа дзесяць чалавек на чале з Нонгам пайшлі назад, а рэшта ўзмацніла страляніну.

За паўкіламетра ззаду быў кампонг. Нонг накіраваўся туды. Вёска здавалася бязлюднай, аніводнага чалавека не знайшлі ў ёй. Пустыя хаціны туліліся між дрэў, як хаціна Нонга ў яго кампонгу.

Але праз некаторы час з гушчару адзін за адным пачалі з’яўляцца мужчыны. Хутка вакол сабралася іх чалавек пяцьдзесят.

Нядоўга прыйшлося ўгаворваць іх, каб яны дапамаглі.

Зараз жа шэсцьдзесят чалавек звярнулі ўбок і зніклі ў зарасніку. Няма чаго і казаць, што мясцовыя жыхары па добра вядомых ім сцежках хутка выйшлі ў тыл кавалерыстам. Недалёка ад дарогі стаяла сорак коней, а ля іх восем чалавек. Наперадзе чулася страляніна.

Вартаўнікі нават стрэльнуць не паспелі, як былі акружаны. Коней пагналі ўбок, салдат звязалі, затрашчалі васемнаццаць вінтовак, і паўстанцы кінуліся ў атаку. Спераду пачуўся радасны сустрэчны крык, а салдаты пабеглі хто куды.

Праз паўгадзіны атрад паўстанцаў, ужо на конях, рушыў далей на поўдзень.

Чатыры дні бадзяўся атрад Гурана, то нападаючы, то ўцякаючы ад ворага. Усюды ён знаходзіў сляды народнага гневу: вогнішчы з запасаў тытуню, цукровага трыснёгу, кавы, перцу, разбураныя дробныя прадпрыемствы, канторы, забітых найбольш заядлых ворагаў. Але вялікія прадпрыемствы трымаліся. Уладзе хапіла салдат, жандараў і іншых прыхільнікаў, каб абараніць іх. Тым болей, што такія прадпрыемствы звычайна знаходзіліся ля галоўных дарог.

Усюды партызан сустракалі з радасцю. З’яўленне «свайго» атрада добра ўзброеных кавалерыстаў выклікала вялікі ўздым энтузіязму і адвагі ў гэтага «самага ціхага і спакойнага народа ў свеце». Прыход атрада заўсёды адзначаўся ўзмацненнем дзейнасці ў дадзеным раёне.

Але... пасля гэтага прыходзіла ўрадавае войска, і кроў лілася ракою.

Войска за гэты час набралася многа. Яно пасоўвалася і ззаду, ад Батавіі, і спераду, ад Бэйтэнзорга, рэзідэнцыі генерал-губернатара, дзе былі сабраны галоўныя сілы. А партызанскаму атраду акурат трэба было мінаць Бэйтэнзорг, каб прабіцца на поўдзень.

Кола ўсё звужалася.

Ужо не аб нападзе прыходзілася думаць, а толькі аб тым, каб самім выратавацца. Пакуль што атрад меў тую перавагу, што кожны жыхар служыў яму разведчыкам. Атрад заўсёды ведаў пра кожны рух ворага, а той здабываў весткі з вялікай цяжкасцю. Шмат разоў насельніцтва наўмысля ашуквала ўрадавае войска. Але чым далей, тым цяжэй рабілася становішча партызанскага атрада. Атрады салдат шнырылі па ўсёй акрузе і залівалі пажар крывёю.

Адначасова з «замірэннем» псаваўся і настрой насельніцтва. Пачалі ўжо здарацца выпадкі, калі жыхары сустракалі партызан з жахам і далікатна прасілі, каб яны ехалі далей.

— У дэзе Ранэ шмат народу расстралялі,— казалі сяляне ў сваё апраўданне.

Далей пачало адчувацца, што вораг мае ўжо дакладныя весткі аб руху партызанскага атрада.

Толькі адзіная дарога засталася, каб вырвацца з кола: цясніна каля вулкана Салака. Конныя разведчыкі паказваюцца ззаду, сочаць за рухам партызанскага атрада. Значыцца, ззаду трэба чакаць небяспекі. Але пакуль што там, мусіць, толькі пяхота, бо дагнаць не могуць.

Усю ноч ішоў атрад па цясніне. З бакоў стромкія скалы, то голыя, то пакрытыя густымі зараснікамі. Па цясніне булькае крынічка. Коні кожную хвіліну спатыкаюцца, коўзаюцца, падаюць на калені. Галлё чапляецца за галаву, драпае да крыві твар.

Наперадзе едуць Гуран і Нонг.

— Нам толькі б пераехаць чыгунку,— кажа Нонг,— а далей пачнецца больш бязлюдная мясцовасць. Там лягчэй будзе. Ды і наогул, там цяпер, мусіць, зусім іншая справа. Столькі зброі ды свайго ўласнага войска! Там ужо мы пазмагаемся і з салдатамі. Паглядзім яшчэ, хто пераможа!

Такія словы Нонга, які там быў і ўсё бачыў, былі лепшай падтрымкай для атрада. Партызаны не ведалі, што робіцца на свеце, і, каб не Нонгавы апавяданні, даўно страцілі б надзею.

Раптам збоку затрашчала галлё.

— Стой! — закамандаваў Гуран і падняў вінтоўку.

— Не страляйце! Свой! — пачулася з кустоў, і адтуль выскачыў, засопшыся, тубылец.— Не едзьце далей: там салдаты.

— Дзе? Далёка?

— Ля выхада з.цясніны. Я спяшаўся, бег усю ноч па горных сцежках, каб папярэдзіць вас.

— Адкуль ты ведаў, што мы тут?

— Як жа ж нам не ведаць сваіх абаронцаў? Я нават ведаю таго здрадніка, які павёў салдат. Праз дзень ён ужо будзе мёртвы.

Праз некалькі мінут партызаны адзін за адным зніклі ў гушчары.

Калі ў цясніну глянулі першыя праменні сонца, коні мірна скублі траву, а на некаторай адлегласці з вялікай перасцярогай пасоўваліся да іх салдаты з кулямётам.

 

Х. БАНТАМ У АГНІ

 

Святыя атрады.— Бойка пад Тэнангам.— Зброя замуравана.— Паход самога генерал-губернатара.— «Замірэнне» краю.— Зноў у бадувісаў.— Апошнія хвіліны.— Дапамога змяінага войска.— Паляванне на паўстанцаў.

Гудзе Бантам... Нібы хвалі перакочваюцца па ім ад краю і да краю. Гучаць палкія прамовы ва ўсіх мячэцях: мулы ў белых чалмах і ў белым адзенні заклікаюць прававерных да «святой вайны». І прававерныя надзяюць белыя кашулі, узбройваюцца дзядоўскімі крамянёвымі стрэльбамі, крысамі, пікамі і складаюць «святыя атрады». Носіцца смуглы Селім таксама ў белай чалме і белым халаце, на вараным кані, з шабляй на поясе, і кліча народ у імя алаха на рашучую бойку з чужынцамі, за веру святую, за незалежнасць Явы, за адраджэнне ранейшай Яванскай дзяржавы. Слухае народ высокія палкія словы, і запальваюцца сэрцы, гараць вочы, сціскаюцца кулакі.

Свядомыя рабочыя ўсміхаюцца, слухаючы «святыя» прамовы, але такіх рабочых вельмі мала, яны тонуць у моры цёмнага народа, і не час цяпер спрачацца аб мэтах. Пакуль што мэта адзіная для ўсіх: скінуць уладу чужынцаў.

Урадавыя атрады знаходзяцца ў Бантаме ў такім самым становішчы, у якім быў атрад Гурана ў раёне Батавіі. Яны хаваюцца, уцякаюць і думаюць толькі аб тым, каб выратавацца самім. Не адна сотня салдат перайшла на бок народа. А паліцыя пераходзіла яшчэ ахвотней.

Толькі тры астравы захаваліся сярод гэтага грознага мора: горад Бантам, Тэнанг ды Лабуан. Жыхары паўцякалі з іх, але салдаты ўтрымаліся і адбілі некалькі атак паўстанцаў. Усё гэта пачалося тады, калі Пуан з сваім атрадам даставіў на месца толькі частку зброі.

Калі да яго дайшла вестка пра паўстанне спачатку ў Батавіі, а потым у Бантаме, ён забегаў узад і ўперад, нібы ранены звер.

— Якая прыкрасць! Хоць бы тыдзень-два пачакалі! А цяпер што ж рабіць?

Ён адправіў пасланцоў да Салула і Гейса, а сам, захапіўшы колькі мог зброі, кінуўся на Тэнанг.

На ўсё гэта пайшло некалькі дзён. Калі ён падышоў да Тэнанга, з другога боку да яго набліжаўся атрад урадавага войска ў пяцьсот чалавек.

Трэба было не дапусціць іх да Тэнанга. У Пуана налічвалася каля чатырохсот чалавек, але палову з іх трэба было пакінуць ля горада, каб затрымаць гарнізон.

Прыйшлося выступіць супраць урадавага атрада толькі з паловай байцоў. Але Пуан меў з сабой яшчэ тысячу запасных вінтовак і спадзяваўся ўзброіць імі насельніцтва. Сотня чалавек хутка сабралася, а для далейшага патрэбен быў час.

Атрады сустрэліся за дзесяць кіламетраў ад Тэнанга. Заляглі. Пачалася перастрэлка. Галандскі камандзір хацеў весці сваё войска ў атаку, але мясцовыя салдаты не надта імкнуліся да гэтага і ахвотна зноў паляглі, калі з боку інсургентаў затарахцеў кулямёт.

Праз гадзіны дзве збоку на дапамогу Пуану з’явіўся «белы» атрад з сотні чалавек. Урадаваму атраду прыйшлося адстрэльвацца на два франты. Пуан зараз жа задумаў скарыстаць такое становішча і перайсці ў атаку. Пакуль ён рыхтаваўся, пачалася страляніна з трэцяга боку, ззаду. Значыцца, яшчэ падышла дапамога. Цяпер ужо не было чаго думаць.

Дружна кінуліся наперад інсургенты. Збоку з крыкамі «алла» кінуліся паўстанцы ў белых кашулях. Ззаду таксама пачуўся крык. Пры такіх умовах паднявольныя ўрадавыя салдаты хутка пакідалі свае вінтоўкі. Уцякло толькі чалавек пяцьдзесят.

Калі ўсе сышліся разам, то ўбачылі, што трэцім атрадам быў атрад Гурана і Нонга. Пуан не адразу пазнаў Нонга, які цяпер быў ужо зусім не такім прасцецкім вясковым дзецюком, як раней.

— Адкуль? Якім чынам? — пачаў ён распытваць Нонга.

І той расказаў усе свае прыгоды. А Гуран падрабязна інфармаваў пра паўстанне ў Батавіі, пра іх вандраванні, засаду ў цясніне.

— Пасля гэтага мы ішлі толькі ўначы. Па дарозе натрапілі на гэты атрад і трымаліся за ім, пакуль не прыйшоў час і нам прыняць удзел.

Селім у гэты час біўся, каб заняць горад Бантам, але поспеху не меў, бо яго войска было дрэнна ўзброена. Тады ён прыпыніў атакі і накіраваўся да Пуана, каб атрымаць зброю. А тым часам Тэнанг быў узяты.

* * *

— Ці варта нам пільнаваць гэтую зброю, калі такі гарачы час? — сказаў Салул Гейсу пасля таго, як прыйшоў пасланец з Суракарты.— Баюся, каб, пагнаўшыся за гэтым, мы не страцілі важнейшае.

— Я думаю, зброя і з’яўляецца важнейшай справай. Наша ж задача захаваць яе.

— Усё роўна прыйдзецца знішчыць яе, калі зноў прыйдуць ворагі.

— Для нас выгадней знішчыць яе на вачах ворага. Хай думаюць, што мы зусім не маглі яе скарыстаць.

Прайшло тры дні, а вораг не з’яўляўся.

— Калі так, можа, Пуан паспее прыйсці і другі раз,— пачаў ужо спадзявацца Салул.

Але замест атрада Пуана прыйшлі пасланцы і паведамілі аб паўстанні.

Можна ўявіць сабе, якое ўражанне зрабіла гэтае паведамленне на таварышаў!

— А цяпер будзем знішчаць зброю? — запытаўся Салул.

— Не ведаю,— задуменна сказаў Гейс.— Калі ўжо справа так пайшла — рызыкнём. Замуруем пячору так, каб пазнаць было нельга, і пакінем.

— I я так думаю,— згадзіўся Салул.— Калі мы цяпер не можам яе скарыстаць, дык і яны зараз не здолеюць гэтага зрабіць. А там паглядзім.

Дваццаць чалавек лёгка выканалі гэтую задачу. Праз кароткі час ад увахода ў пячору не засталося і следу. Нават расліны пасадзілі на гэтым месцы.

...Якою доўгай здавалася дарога! Яны ішлі, нібы па гарачых каменнях.

Што цяпер там робіцца? Кожная хвіліна мае надзвычайнае значэнне. А яны павінны цягнуцца дзень, другі, трэці...

* * *

Жыхары Бантама ніколі не бачылі такога войска, якое цяпер цягнулася ў іх краіну. Па ўсіх вузенькіх дарожках на некалькі кіламетраў выгіналіся, нібы змеі, калоны пяхоты. Між імі праносіліся атрады кавалерыі. Грымелі гарматы. Гулі незнаёмыя страшыдлы — браневікі. І нарэшце ў паветры лёталі жалезныя птушкі.

А вёў гэтае войска генерал-губернатар. Ён урачыста абвясціў, што сам становіцца на чале свайго вернага войска, якое на дзевяноста працэнтаў складалася з такіх жа тубыльцаў, як і паўстанцы, толькі набраных з розных месц.

Аднаго выгляду гэтага войска было дастаткова, каб пераканацца ў непераможнасці і магутнасці белых уладароў. Не ведалі толькі жыхары, што на сорак мільёнаў насельніцтва галандцы мелі ўсяго трыццаць тысяч войска. А з гэтых трыццаці тысяч у Бантам было накіравана тысяч дзесяць.

Па дарозе адбываліся суд і расправа. Шукалі галоўным чынам камуністаў, а ў камуністы залічвалі і тых, хто ішоў у бойку «за святую веру». А калі і такіх мала было, то расстрэльвалі і тых, хто ні ў якой бойцы не прымаў удзелу.

Усё залежала ад сведак. А сярод перапалоханага насельніцтва ўжо знайшлося нямала такіх, якія досыць ахвотна пайшлі на здраду.

Большасць жыхароў разбеглася і пахавалася хто куды. І чым далей у глыб Бантама, тым менш сустракалася людзей, тым пусцей былі дэзы.

Тады генерал-губернатар абвясціў загад:

«Усе жыхары павінны вярнуцца на свае месцы. Хто будзе злоўлены па-за сваёй вёскай, будзе разглядацца як узброены паўстанец і расстрэльвацца на месцы».

Кіраўнікі паўстання добра ведалі «магутнасць» галандцаў. Ведалі, што хай толькі паўстанне ахопіць больш значныя абшары, як магутнае войска распыліцца і супраць тысячы чалавек застанецца адзін салдат, ды і той — свой брат.

Трэба толькі пратрымацца як мага даўжэй, пакуль пажар перакінецца на ўсю краіну. А матэрыялу для пажару было досыць.

К гэтаму часу ў Бантам прыбылі Гейс і Салул. Пачалася напружаная падрыхтоўка больш арганізаваных, лепш узброеных атрадаў. Пачаліся першыя сутычкі з варожымі атрадамі. У больш-менш роўных умовах паўстанцы мелі перавагу.

Але за гэтымі атрадамі няўхільна пасоўвалася галоўная маса войска, і партызаны паступова павінны былі адступаць. Вось ужо яны пакінулі аколіцы горада Бантама, Лабуана, вось і Тэнанг узяты назад. Нарэшце ўсе заселеныя раёны заняты войскам генерал-губернатара. Застаецца адзін надзейны прытулак — Бантамскія пушчы.

Але войска інсургентаў змяншаецца надта шпарка. І не ад страт у бойках, а ад дрэнных чутак. Нідзе больш паўстання няма... Застаўся адзін Бантам. Сам генерал-губернатар тутака з мільёнамі салдат... Нават з Еўропы прыбыло войска. Супраць белых ісці нельга...

Селім не паспеў прабіцца да лесу і папаўся ў палон.

Бадувісы ў трывозе. Сотні людзей гаспадараць на іхняй гары, нібы ў сябе дома. Расстаўляюць нейкія штукі на колах. Капаюць ямы і норы. Не шануюць і не баяцца «табу». Нават не звяртаюць увагі на гаспадароў гары.

«Бессмяротныя мужы» ківалі галовамі і казалі:

— Быць бядзе. Багара-Тунгаль гневаецца за тое, што некаторыя, як гэты нечасцівы Таго, увайшлі ў зносіны з паганымі.

А калі пачалася страляніна, дык яны ўсе паўцякалі ў лес.

На гары засталося дзвесце чалавек партызан.

Барацьбіты не страцілі бадзёрасці.

«Паглядзім, ці доўга яны выседзяць у балоце,— казалі яны,— а мы можам сядзець тут хоць год».

— Асабліва пад аховай паважанага Багара-Тунгаля,— дадавалі другія.

Калі супраць адзінай грэбелькі, па якой калісьці праходзіў Піп, паставілі кулямёт, дык доступ быў зусім закрыты.

Загулі Бантамскія пушчы. Незнаёмыя, незвычайныя гукі дайшлі да самых глухіх, нечапаных куткоў. Тысячагалосы гоман, крыкі, стук сякер, бразгатанне жалеза і страляніна, страляніна...

Мат’ян глыбей залез у сваё логава і ў бяссільнай злосці шчэрыць вострыя зубы. Бадак зашыўся ў бамбукавы зараснік, час ад часу, схіліўшы галаву набок, вытыркае свой рог і раз'юшаным вокам пазірае на няпрошаных гасцей. Пітон вымушаны пакінуць сваё месца на сонейку і схавацца ў вільготнае галлё. Нават малпы сцішыліся, не смяюцца, не дражняцца, а толькі палахліва паглядваюць з верхавін дрэў. Неспакойна ў ціхіх, таемных Бантамскіх пушчах.

Першая спроба салдат сунуцца праз грэблю адразу паказала, што ў гэтым месцы прайсці немагчыма, пакуль на тым баку стаіць кулямёт. А збіць гэты кулямёт таксама нялёгкая справа, бо ён надта добра схаваны ў зарасніку, па-за скаламі.

Патрэбны былі гарматы. А як прыцягнуць іх, калі і аднаму чалавеку цяжка прайсці праз гэтыя лясы і балоты?

Але генерал-губернатар загадаў абавязкова знішчыць гэтае разбойніцкае гняздо. Сам ён са славай пераможцы вярнуўся ў Батавію, а ўсё войска было пакінута для ачышчэння Бантамскіх лясоў. Тысячы салдат, сотні кулямётаў і гармат, браневікі, самалёты, газы — усе гэтыя магутныя сродкі былі накіраваны супраць двухсот чалавек.

Тыдзень прайшоў, а галандцы, здавалася, не пасунуліся ні на крок.

— Можа, яны нават махнуць на нас рукою і пакінуць,— казалі некаторыя партызаны.— Ці варта ім пакутаваць у балоце з-за некалькіх дзесяткаў чалавек? Усё роўна яны могуць пільнаваць нас на ўскрайку лесу.

— Ну, не,— паківаў галавой Гейс.— Не мы важныя для іх, а гонар і аўтарытэт улады.

На восьмы дзень разам забухала шмат гармат. Рэха пакацілася па лясах, нізінах, цяснінах і злілося ў адзін гул.

Не прайшло і дзвюх гадзін, як знізу прыбеглі таварышы і сказалі, што дрэвы, скалы і кулямёты ля грэблі знішчаны дашчэнту. Тады партызаны рассыпаліся па схіле гары і пачалі затрымліваць ворага з-за кожнага дрэва, з-за кожнага каменя. Немагчыма ўжо было кожнага паасобку выбіваць гарматамі, нават кулямёты не маглі прынесці галандцам карысці.

Але затое ў іх была непараўнальная перавага ў колькасці. Пакрысе, па адным, але безупынна цыркалі яны праз грэблю і разбягаліся па схілах гары. Вось адзін за адным з’яўляюцца побач, з бакоў, нават ззаду. Лінія партызан адсоўваецца ўсё вышэй, вышэй. Вось яна ўжо ў паселішчы.

Затрашчалі дзверы першабытнай царквы, і па каменнай падлозе заляскаталі колы кулямёта. Гейс стараўся прыпомніць ход, па якім ён калісьці спускаўся ўніз да Піпа, але ў гэтай блытаніне цяжка было разабрацца.

А ў сваім катуху па-ранейшаму стаяў факір, спакойна пазіраў на гэты гармідар, і вочы яго, здаецца, казалі: «І чаго гэтыя людзі мітусяцца, хвалююцца, калі кожны мае магчымасць знайсці спакой і шчасце, як я?..»

Шукаючы выхада наверх, Нонг, як раней Піп, натрапіў на яму са змеямі. Запаліўшы запалку, Нонг з хвіліну прастаяў як скамянелы перад гэтай жудаснай ямай.

Нарэшце ўстанавілі наверсе кулямёт, і ён пачаў паліваць аколіцы свінцовым дажджом. Тады ў адказ пачалі рвацца снарады. Усё бліжэй, бліжэй. Вось ужо адзін снарад знёс маленькую вежу на царкве... Другі прабіў сцяну...

А навакол, нібы мурашкі, паўзуць салдаты. Жах ахапіў Гейса, калі ён зверху ўбачыў, якая маса іх сабралася.

Сонца схілялася к захаду, калі выявілася, што трымацца болей няма сэнсу і патрэбы. Салул даў загад адыходзіць. Паслаў чалавека да Гейса, каб перадаць яму аб гэтым. Але па дарозе яго зваліла куля.

Не паспеў Гейс разабрацца ў становішчы, як убачыў, што ўвесь пасёлак у руках ворага. Адна царква, нібы востраў, заставалася сярод варожага мора. З Гейсам, апрача Нонга, засталіся яшчэ два партызаны.

— Развітаемся, таварышы,— сказаў бледны Гейс і неяк крыва ўсміхнуўся.

— Пачакайце крыху! Страляйце далей! — крыкнуў Нонг і пабег уніз.

Ён выламаў па дарозе некалькі дошак, пабег да ямы са змеямі, апусціў туды дошкі адным канцом і вярнуўся назад.

— Цяпер сачыце і падрыхтуйцеся да спуску,— сказаў ён.

Грукат страляніны, выбухі снарадаў, уздрыгванне сцен так раз’юшылі змей, што яны, як шалёныя, кінуліся на двор і пакаціліся клубкамі. Салдаты не толькі не мелі часу абараняцца, але ад жаху пакідалі зброю і з нечалавечымі крыкамі пабеглі хто куды. Адразу сціхла страляніна, ніхто нічога не бачыў, апрача змей. І Гейс з таварышамі мелі досыць часу, каб пачакаць, пакуль фронт адсунецца, знайсці зручнае месца, спусціцца і ўцячы.

Але не толькі гэты штурм падрыхтоўвала галандскае камандаванне. Шмат войска рознымі шляхамі было накіравана ў горы, у тыл паўстанцаў.

На працягу месяца ішло паляванне на інсургентаў, якія ўцяклі ў горы. Цяжка было іх тут злавіць, але ўсё ж такі шмат з іх трапіла ў рукі ўлады.

 

ХІ. НІЗКІ АХВЯР

Акіян быў спакойны. Каманда карабля «Дандэльс», які накіроўваўся на востраў Новая Гвінея ўздоўж паўднёвага берага Явы, цешылася добрым надвор’ем і адчувала сябе вельмі добра.

Але некаторыя ўсё ж такі былі сумныя, нібы нейкія згрызоты мучылі іх. Часам два матросы-тубыльцы, палахліва азіраючыся, перакідваліся сумнымі словамі. Часам той ці іншы, азірнуўшыся, спускаўся ўніз.

А там, унізе, былі складзены «нізкі паўстанцаў». Сапраўды нізкі, бо яны былі скаваны ланцугамі па дзесяць чалавек разам.

У труме, дзе ў звычайных умовах не хапіла б месца і на сто чалавек, іх было больш за пяцьсот. Усяго ж на катаргу ў Новую Гвінею такім чынам было адпраўлена дзве тысячы чалавек — усе тыя, каго выпадкова не расстралялі на месцы.

У адной такой нізцы былі Пуан, Гуран і некаторыя з каманды «Саардама». У другой — Селім і некалькі батаўскіх таварышаў. У трэцяй — Пандо, некалькі членаў камітэта з Сурабайі, Батавіі.

Высока блішчыць маленькае вока ілюмінатара. Толькі на некалькі сантыметраў узвышаецца ён над вадой. Часам хваля залівае яго, і тады ў труме цямнее. Але і праз яго вязні распазнаюць месца.

— Здаецца, тут мы сустрэлі англійскі дрэдноут,— кажа матрос з «Саардама».— Салютавалі адзін аднаму, як роўныя.

— Але нашага абшарпанага капітана павінны былі схаваць, каб не сароміў паважаную публіку,— усміхнуўся другі.

— Дзе цяпер ён, наш уласны карабель? — задуменна сказаў трэці.

— Вандруе недзе і, мусіць, задасць яшчэ клопату галандцам.

— Ці не Скалы Ластаўчыных Гнёздаў там? — сказаў Пуан, паказваючы на ледзь значную кропку на беразе Явы.

— Але, яны! — упэўнена адказалі матросы.— Памятаеце «машыну» Сагура? Добра працавала. Ці захавалася наша зброя?

— Відаць, захавалася,— сказаў Пуан.— Прынамсі, да гэтага часу не было чутно, каб знайшлі. І ў палацы Гіранг-Ту-Уна захавалася.

— Значыцца, скарыстаем! Не мы, дык нашы таварышы.

— Добра, што Салул і Гейс выратаваліся,— прамовіў Пандо.— Яны што-небудзь зробяць яшчэ.

— Гэта дзякуючы Нонгу,— сказаў адзін з пуанаўцаў.— Калі салдаты неспадзявана натрапілі на іх, то Нонг адзін кінуўся ў той бок і падняў такую страляніну, быццам тут быў цэлы атрад. Салдаты кінуліся ў яго бок і згубілі след Гейса і Салула. А Нонг быў забіты...

— Як прыкра адчуваць, што справа прайграна з-за некалькіх недарэчнасцей! — пачаў разважаць Пандо.— Правал у Сурабайі і Суракарце напярэдадні паўстання, арышт кіраўнікоў у Батавіі, неадначасовасць паўстання...

— Галоўнае, несвоечасовасць у Батавіі, дзе гарачыя галовы крыху паспяшаліся,— дадаў Пуан.— А самай галоўнай памылкай было тое, што мы мала агітавалі ў арміі. Схіліць сваіх братоў у наш бок было б не надта цяжка.

— Ну што ж,— сказаў Гуран.— Для першага пачыну і гэта добра, а ў будучым навукай будзе. Хай ведаюць, што і самы ціхі і пакорны народ можа страціць цярплівасць...

Праз год «Саардам» бачылі каля Філіпінскіх астравоў. Спробы галандцаў захапіць яго не мелі поспеху. Ён зноў знік і болей аб ім пакуль што нічога не чуваць.

1928 г.

Калі гэтую кнігу здавалі ў друк другім выданнем, прыйшлі весткі, што ў той жа самай Зондскай пратоцы адбыліся падзеі, вельмі падобныя да апісаных вышэй.

На гэты раз паўстаў галандскі браняносец «Дэ Цэвен Правінсіён». Афіцэры і адданая ім частка каманды былі ізаляваны. У ліку паўстанцаў было ўжо пяцьдзесят чалавек белых матросаў. Камандзірам браняносца быў вылучаны малайскі матрос Тугумэна.

Супраць гераічнага браняносца з Сурабайі была выслана эскадра ў складзе крэйсера «Ява», двух мінаносцаў і падводных лодак. Але на іх таксама выбухнула паўстанне. На жаль, яно зараз жа было задушана.

А «Дэ Цэвен Правінсіён» тым часам панаваў на моры. Тады супраць яго высланы былі самалёты. Супраць бомбаў з паветра браняносец не мог абараніцца: частка карабля была разбурана, сорак тры чалавекі былі забіты і паранены, пачаўся пажар,— і гераічны браняносец павінен быў здацца.

Люты 1933 г.

Мінула яшчэ трынаццаць гадоў. Зноў рыхтуем мы гэтую кнігу для перавыдання. І зноў на Яве ідзе вызваленчая барацьба. На гэты раз яна прыняла зусім нечаканы паварот. Перамога над Японіяй вызваліла ад японцаў усю Інданезію, у тым ліку і Яву. Яванцы зараз жа стварылі свой урад і прыступілі да арганізацыі свайго жыцця. Але англа-амерыканскія саюзнікі ім сказалі, што вызваленне ад японцаў зусім не азначае вызвалення ад галандцаў, і хоць галандцаў не было тут тры гады, трэба пачакаць, пакуль яны вернуцца.

Яванцы чакаць не згадзіліся — і пачалася новая вайна, вайна з Англіяй. Англічане выставілі супраць Явы галоўным чынам індыйскія войскі, а ўзбраенне было амерыканскае. Яванскі ўрад звярнуўся да прэзідэнта Трумэна з пратэстам супраць ужывання амерыканскай зброі ў прыгнятальнай вайне. Тады Трумэн загадаў зняць з амерыканскага ўзбраення ўсе амерыканскія надпісы і знакі. Такім чынам, зброя зрабілася ўжо не амерыканскай. У некаторых выпадках супраць яванцаў скарыстоўваюцца капітуляваныя японскія войскі. Пачынаюць прыбываць ужо і галандскія часці. Бадай-што бяззбройным яванцам прыходзіцца ваяваць з цяжкімі гарматамі, мінамётамі, танкамі, самалётамі. У газетах паведамлялася, што адна англійская вайсковая часць «з поспехам» адбіла атаку, у якую пайшлі яванцы толькі з крысамі у руках. Можа, сярод іх былі Салул, Пуан ці яшчэ хто з нашых знаёмых? Можа, у бадувіскай гары захаваліся яшчэ рэшткі зброі?..

Гэтага мы не ведаем. Ведаем толькі, што барацьба працягваецца...

1946 г.

Яшчэ чатыры гады мінула. Інданезійскае пытанне вырасла ў вялікую міжнародную праблему і разглядалася ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый каля сотні разоў. Дзіва што: справа ж ішла аб багацейшых астравах з сямюдзесяццю мільёнамі насельніцтва. Што ж адбылося на Яве за гэтыя чатыры гады?

Англійскія войскі, зрабіўшы сваю ганебную справу і даўшы магчымасць высадзіцца галандцам, пакінулі Яву. Яванскаму народу зноў прыйшлося мець справу са сваімі старымі гаспадарамі, якіх цяпер падтрымлівалі яшчэ англічане і, вядома, амерыканцы. Барацьба працягвалася.

Вызваленчыя войскі яванскага народа занялі амаль трэцюю частку тэрыторыі краіны з пяццюдзесяццю сямю мільёнамі насельніцтва, а далей прасунуцца не маглі. Не хапала сілы і ў галандцаў. Тады яны прапанавалі наступны план пагаднення. Галандцы згаджаюцца прызнаць сучасную фактычную Інданезійскую рэспубліку пры ўмове, што яна ўвойдзе ў склад будучых незалежных Злучаных Штатаў Інданезіі. А праект гэтых Злучаных Штатаў быў такі: уся Інданезія дзеліцца на многа паасобных «рэспублік», на чале якіх галандцы ставяць тых самых сусухунанаў, султанаў і рэгентаў, якіх мы бачылі ў гэтай кнізе. Усе гэтыя «рэспублікі» аб’ядноўваюцца ў «Незалежныя Злучаныя Штаты Інданезіі» і... падначальваюцца той жа Галандыі.

Інданезійскі ўрад вымушаны быў прыняць гэтыя ўмовы і падпісаць у 1947 годзе так званае Лінгаджацкае пагадненне.

Праз два месяцы Галандыя прад’явіла ультыматум з патрабаваннем ліквідаваць толькі што створаную Інданезійскую рэспубліку. Ультыматум энергічна падтрымалі Злучаныя Штаты Амерыкі і Англія. Але народ Інданезіі не захацеў скарыцца. Пачаліся масавыя пратэсты. Інданезійскі парламент адхіліў ультыматум, распусціў ранейшы кабінет міністраў і паставіў прэм’ер-міністрам аднаго з лідэраў руху супраціўлення, камуніста Аміра Шарыфуддзіна.

Галандыя тым часам давяла лік свайго войска да ста дваццаці тысяч. Узбраенне было амерыканскае і англійскае. 20 ліпеня 1947 года галандская армія пачала наступленне і праз паўтара месяца захапіла дзве трэція часткі Явы, востраў Мадуру, значную частку Суматры. Адначасова галандцы пачалі ствараць дробныя «незалежныя рэспублікі» для будучых Злучаных Штатаў Інданезіі.

Уся гэтая агрэсія адбывалася на вачах Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, членам якой з’яўляецца Галандыя. Пратэсты Шарыфуддзіна, падтрыманыя Савецкім Саюзам і краінамі народнай дэмакратыі, разглядаліся ў Савеце Бяспекі дзесяткі разоў, але вынікаў не далі, бо за Галандыю стаялі ЗША, Англія і паслухмяная ім большасць. Замест таго каб стрымаць агрэсара, ЗША прапанавалі стварыць так званую «камісію добрых паслуг» на чале з амерыканскім прадстаўніком. Гэтая камісія ўсялякімі спосабамі пачала рабіць добрыя паслугі Галандыі.

Адной з такіх паслуг было так званае Рэнвілскае пагадненне, падпісанае 17 студзеня 1948 года на амерыканскім ваенным караблі «Рэнвіл». Паводле гэтага «пагаднення», галандцы засталіся на вераломна захопленых імі тэрыторыях ды яшчэ да іх адышлі і такія раёны, дзе галандскіх войск дагэтуль не было.

Новая хваля супраціўлення ахапіла яванскі народ, узмацніўся народна-дэмакратычны фронт, у які ўваходзілі камуністычная, сацыялістычная і рабочая партыі, саюз сацыялістычнай моладзі, цэнтральная арганізацыя прафсаюзаў і многія іншыя дэмакратычныя арганізацыі. А ў маі 1948 года па ініцыятыве народна-дэмакратычнага фронту быў створаны больш шырокі Нацыянальны фронт.

Праз некаторы час пад уздзеяннем пасла ЗША Огборна рэакцыйныя ўлады пасадзілі ў турмы і забілі тысячы яванскіх патрыётаў. У тым ліку былі расстраляны кіраўнікі камуністычнай партыі Мусо, Сурыпно, Харыёна, Дарусман, а таксама былы прэм’ер-міністр Амір Шарыфуддзін.

Пасля таго пачаліся новыя перагаворы з Галандыяй. Але амерыкана-галандскія патрабаванні былі такія суровыя, што ўрад не адважыўся прыняць іх, улічваючы настроі народа. А якія гэта былі настроі, засведчыў сам старшыня галандскай дэлегацыі Стыкер. Вярнуўшыся ў Галандыю, ён заявіў: «У нас стварылася ўражанне, што ўсе сілы ў рэспубліцы працуюць супраць урада».

І тут адбыліся падзеі накшталт тых «таемных прыгодаў», якія апісваліся ў гэтай кнізе. Амерыканскі прадстаўнік прад’явіў ураду рэспублікі галандскі ультыматум, але, не чакаючы адказу на яго, галандскія войскі ў ноч на 19 снежня 1948 года зноў напалі на рэспубліку. Каля сталіцы яе Джок’якарты (у нашай кнізе — Д’ёк’я) высадзіўся дэсант. Галандскае войска рынулася на астатнюю тэрыторыю Явы, атрымаўшы загад бязлітасна знішчаць усіх, хто паспрабуе супраціўляцца. Армія галандцаў у гэты час налічвала ўжо сто пяцьдзесят тысяч чалавек. Узбраенне яе было самае дасканалае: амерыканскія бамбардзіроўшчыкі «Б-25» і знішчальнікі «Мітчэл», амерыканскія танкі «Шэрман», англійскія кулямёты «Брэн». Выдаткоўвалі галандцы на сваю армію па мільёну долараў у дзень, што складала прыблізна тую суму, якую яны атрымлівалі ў парадку «эканамічнай дапамогі» па плану Маршала.

Грамадскасць усяго свету была абурана. У Савеце Бяспекі Савецкі Саюз выкрываў махінацыі імперыялістаў, патрабаваў спыніць вайну і адвесці войскі на тую лінію, якую яны займалі да 19 снежня. Але гэтую прапанову англа-амерыканская большасць адхіліла. Замест таго амерыканцы і англічане выказвалі «спачуванне» Інданезійскай рэспубліцы, па-бацькоўску папракалі галандцаў, што яны робяць нядобра, раілі адпусціць арыштаваны ўрад, даручалі камісіі «добрых паслуг» як-небудзь уладзіць справу, а ў Савеце Бяспекі правялі здзеклівую рэзалюцыю, якая заклікала «абодва бакі» спыніць вайну — і больш нічога.

Пакуль у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый адбывалася гэтая ганебная камедыя, яванскі народ мужна супраціўляўся. Не маючы мажлівасці адкрыта змагацца супраць дасканала ўзброенай арміі, трыста тысяч яванскіх байцоў разышліся па лясах і гарах і стварылі партызанскія атрады. Народ вызваліў з турмаў трыццаць пяць тысяч патрыётаў, якіх засадзіў былы ўрад. Паўсталі такія раёны, якія да гэтага часу лічыліся «спакойнымі».

Тады галандцы вымушаны былі распачаць перагаворы і неўзабаве ў сталіцы Галандыі сабралася канферэнцыя круглага стала, дзе была прынята канстытуцыя Злучаных Штатаў Інданезіі, у якой абвяшчалася, што «Рэспубліка Інданезія Сэрыкат (афіцыйная назва яе) з’яўляецца незалежнай і суверэннай». Нарэшце 30 снежня 1949 года галандская каралева Юліяна ўрачыста аформіла перадачу суверэнітэту Інданезіі27.

Імперыялісты пачалі трубіць на ўвесь свет, што, дзякуючы ім, інданезійскае пытанне «шчасліва і справядліва» вырашана, нягледзячы на «супраціўленне» Савецкага Саюза, што цяпер Інданезія «незалежная, суверэнная» рэспубліка, што такім шляхам павінны вырашацца і ўсе іншыя пытанні — і г. д. і г. д. Чаму ж так задаволены былі імперыялісты?

Адказ на гэтае пытанне дае другі дакумент, выпрацаваны і прыняты адначасова з канстытуцыяй,— статут «Галандска-Інданезійскага саюза». Паводле гэтага статута, на чале «незалежнай рэспублікі» Інданезіі будзе стаяць... галандская каралева! Міжнародныя зносіны Інданезіі будуць залежаць ад згоды Галандыі. Замежны гандаль сама Інданезія зможа весці толькі з некаторымі краінамі Азіі, а з астатнім светам — выключна праз Галандыю. Галандскія войскі застаюцца ў Інданезіі «часова, у якасці гасцей», але можна загадзя сказаць, што гэтыя «госці» будуць тут, пакуль іх не прагоняць. Што датычыцца інданезійскіх войск, то арганізацыю іх, падрыхтоўку афіцэраў бярэ на сябе Галандыя. Такім спосабам галандцы думаюць накіраваць супраць народа апрача галандскіх яшчэ і інданезійскія войскі. Увесь галандскі адміністрацыйны апарат (дваццаць тысяч чалавек) застаецца на сваіх месцах і па-ранейшаму будзе весці справы Інданезіі. Нарэшце, Інданезія павінна выплаціць Галандыі чатыры з паловай мільярды гульдэнаў за выдаткі, якія панесла Галандыя ў барацьбе супраць інданезійскага народа. Не дзіва, што ўсе імперыялісты былі задаволены такім вырашэннем інданезійскага пытання.

У заключэнне трэба сказаць некалькі слоў аб галоўным маклеры ў гэтай аперацыі — Злучаных Штатах Амерыкі. На працягу ўсяго часу, які закрануты ў гэтай кнізе, аб амерыканцах не было чуваць. Амерыка выступіла на сцэну ў апошнія чатыры гады.

Амерыканскія нафтавыя кампаніі захапілі багацейшыя промыслы на астравах Барнео, Суматра, Банка, Новая Гвінея. На Яве і Суматры пабудавана ўжо дзесяць амерыканскіх нафтаперагонных заводаў. Амерыканскі стальны трэст атрымаў манаполію на здабычу нікеля на Цэлебесе. Пад кантроль амерыканцаў перайшлі галандскія прадпрыемствы па здабычы волава на астравах Банка і Білітон. Амерыканскім манаполіям належыць ужо больш мільёна акраў каучукавых плантацый у Інданезіі. Шпаркімі тэмпамі ідзе працэс скупкі ў галандскіх фірм горных прадпрыемстваў і плантацый — цукровых, хінавых, кававых, какосавых. Ёсць звесткі, што ўрад Інданезіі прыцягвае трыццаць буйных амерыканскіх карпарацый для «рэарганізацыі» гаспадаркі Інданезіі. За кароткі час амерыканскія капіталы дасягнулі паловы ўсіх капіталаўкладанняў у Інданезіі. А гэта яшчэ толькі пачатак. Апрача ўсяго гэтага амерыканцы авалодалі портам Сурабайя і стварылі там вялікую базу; ёсць у ЗША спецыяльная цікавасць да галандскай Новай Гвінеі, якая чамусьці не ўключана ў склад Інданезійскіх штатаў. Адным словам, заробак на «свяшчэннай вайне супраць камунізма» амерыканскія капіталісты маюць нядрэнны.

Прайшло ўжо некалькі месяцаў пасля стварэння Злучаных Штатаў Інданезіі. Інданезійскае пытанне лічыцца «вырашаным». Амерыканцы задаволены. Галандцы задаволены. А гэта павінна азначаць, што справы новастворанай Інданезійскай рэспублікі не вельмі добрыя. І сапраўды адтуль даходзяць звесткі, што краіна хвалюецца, як акіян пасля буры. Барацьба ідзе і паміж палітычнымі партыямі, і сярод розных нацыянальных ды рэлігійных груповак, і паміж беднымі і багатымі; ёсць яшчэ прадажныя прыхільнікі галандцаў і амерыканцаў, ёсць у паасобных раёнах розныя прэтэндэнты на ўладу і гэтак далей...

Але ўсё гэта адбываецца зусім у іншых умовах, як дваццаць чатыры гады назад. Не «туаны» цяпер галандскія каланізатары, а дробныя драпежнікі, з якімі ўжо няцяжка справіцца. Не «тубыльцы» цяпер яванцы, а гаспадары сваёй краіны. І не паўстанцы робяць цяпер «першы пачын», а ўпарадкоўвае свае дзяржаўныя справы ўвесь інданезійскі народ.

Можа, нам давядзецца калі-небудзь дапісаць да гэтай кнігі і яшчэ адзін эпілог, апошні, а пакуль што — барацьба працягваецца...

Сакавік 1950 г.

Вось і яшчэ адно выданне «Амока» выходзіць у свет. Усё далей і далей у гісторыю адсоўваюцца апісаныя ў ім падзеі. Зусім іншай стала наша планета Зямля. На яе карце менш і менш застаецца каланіяльных, залежных краін. У жорсткай усенароднай барацьбе здабыла сабе сапраўдную незалежнасць і Інданезія. І якім нікчэмным выглядае цяпер каралеўства Нідэрланды ў параўнанні з Рэспублікай Інданезіяй! Сёння нават цяжка ўявіць сабе гэтую вялікую, багатую краіну бяспраўнай калоніяй маленькай еўрапейскай дзяржавы.

Мы, савецкія людзі, заўсёды ведалі, што раней ці пазней Ява, як і ўсе калоніі наогул, вызваліцца з-пад гнёту каланізатараў. Але аўтар гэтых радкоў, калі пісаў раман, не мог спадзявацца, што гэта адбудзецца яшчэ пры яго жыцці, што ён у сябе ў Мінску будзе прымаць дарагога госця — пасланца вольнага інданезійскага народа.

Інданезійскі турыст, работнік міністэрства замежных спраў Рэспублікі Інданезіі Кхо Куатліят прыехаў у госці да аўтара кнігі «Амок».

Гэта была незабыўная сустрэча.

Таварыш Куатліят павёз у Інданезію беларускую кнігу аб сваёй краіне, а на аўтарскім экземпляры пакінуў надпіс на інданезійскай мове, якой ніхто з нас яшчэ ніколі не чуў:

«Hidup perdamaian dunia! Hidup persahabatam Indonesia — Uni Sovjet!»

А сэнс гэтых слоў нам зразумелы і блізкі:

«Няхай жыве сусветны мір! Няхай жыве дружба паміж Інданезіяй і Савецкім Саюзам!»

Гэтым сардэчным, дарагім для ўсіх нас «дакументам» мы і скончым «гісторыю адной кнігі».

 

Чэрвень 1960 г.

 

 

 

 

1 Батавія — ранейшая назва Джакарты, сучаснай сталіцы Інданезіі.

2 Катастрофа адбылася ў 1883 г.

3 З іх часамі дзейнічаюць каля трыццаці.

4 Па-малайску — пан, пан!

5 Па-галандску — пан.

6 Мяшанцы, ад белых і каляровых бацькоў.

7 Па-малайску — вялікі.

8 Гэта і ёсць дзве «незалежныя» дзяржавы.

9 Салака — суседні вулкан.

10 Воласць.

11 Нацыянальная партыя.

12 Трэба наогул адзначыць, што зарплата яванцаў, рабочых і служачых, не бывае больш сарака — шасцідзесяці гульдэнаў у месяц, а для галандцаў не бывае меней за сто пяцьдзесят — дзвесце.

13 Накшталт нашых конікаў.

14 1 Пра гэтага Гіранг-Ту-Уна, пра бадувісаў і іх звычаі гаворыцца ў кнізе царскага консула Бакуніна «Пять лет на острове Ява».

15 Па-малайску — галандцы (о р а н г — чалавек, у л я н д — галандзец).

16 «Т а б у» — старадаўні, але досыць пашыраны нават да нашага часу спосаб абдурваць людзей. Каб надаць страху народу, таемнасці і вагі жрацам, якое-небудзь месца (гара, гай, будынак, нават асобныя рэчы) абвяшчаецца святым. Ніхто з простага народа не мае права падысці туды ці дакрануцца да рэчы. Парушальнікі «табу» караюцца смерцю.

17 «Людзі, якія захоўваюць веру дзядоў». Рэшта бадувіскага народа таксама лічыцца д’елемамі, але не святымі.

18 Нельга! Нельга!

19 Мат’ян — смерць. Цікава адзначыць, што па-малайску тыгр, як мы бачылі, таксама мат’ян.

20 Пазней, у часе паўстання, галандскія газеты са здзіўленнем зазначылі, што паўстанцы былі «добра ўзброенымі і навучанымі.

21 Сапраўднае імя сапраўднага «імператара».

22 З сарака парод лятучых рыб ёсць такія, што ў некаторых выпадках могуць праляцець сто пяцьдзесят — дзвесце метраў на вышыні шасці метраў.

23 Баранчыкамі на моры завуць дробныя хвалі з белымі грабянямі.

24 Гэтых барабаншчыкаў чулі даследчыкі-прыродазнаўцы Прэгер і Пэхуэль Лешэ (кожны паасобку), але «музыка» іх яшчэ не вывучана, і тлумачэнні вучоных разыходзяцца. Рыбы гэтыя маюць часам паўтара метра даўжыні, спіна іх чорная, бакі чырвона-шэрыя, а плаўнікі чырвоныя. Ніякіх спецыяльных «музычных прыладаў» не заўважана. Можна думаць, што яны гудуць на манер нашых конікаў.

25 Гармата з фігай, мусіць, і цяпер ляжыць у Батавіі. У свой час нам прыслалі нават фатаграфію яе.

26 Мефрау — пані.

27 Цікава адзначыць, што прадстаўніком «рэспубліканскай» Інданезіі, якому ў рукі быў перададзены акт, быў ...султан ДжоДжакарты Гамід. Мы не ведаем, хто быў султанам у той час, калі праз Джоджакарту праязджаў наш знаёмы Гейс, але можам сабе ўявіць, як ён здзівіўся б, каб хто яму сказаў, што наследнік гэтага султана будзе «рэспубліканцам».




Беларуская Палічка: http://knihi.com