epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Апошні вылет

 

Дваццаць сёмага ліпеня дзевяцьсот пяцьдзесят трэцяга года на вуліцы Токіо можна было заўважыць хваляванне. Людзі збіраліся групамі і аб чымсьці ажыўлена размаўлялі. На Імператарскай плошчы, супраць сцяны, за якой жыў мікада, народу, што стаяў на каленях і маліўся на імператарскі палац, было больш. Ля амерыканскага галоўнага штаба на той жа плошчы было таксама ажыўлена. Шмат ваенных пад’язджала і ад’язджала ад яго, жвава бегалі салдаты. І да рэстарана з шыльдай «Толькі для амерыканцаў» таксама часта пад’язджалі на машынах ваенныя.

Адзін лётчык «з шыкам» пад'ехаў на рыкшы. Шчуплы «конь» бег як мага, кроплі поту каціліся па яго твары, вочы глядзелі некуды ўгару, а масіўны пасажыр толькі пастукваў стэкам па перадку каляскі. Гэта быў капітан ваенна-паветраных сіл Фрэнк Боўтар, чалавек гадоў пад сорак. У яго быў сухі твар з вострым падбародкам, вострым носам, з тонкімі сціснутымі губамі, тонкімі бровамі і вузкімі вачыма. Усё гэта надавала яму нейкі калючы выгляд. Ён саскочыў з каляскі, не глянуўшы на рыкшу, кінуў яму пад ногі дробную манету і, ступаючы нібы спружыннымі нагамі, увайшоў у рэстаран.

Там ужо былі заняты бадай усе столікі. У дымным пакоі чуліся гучныя, усхваляваныя галасы. Калі Боўтар абмінуў некалькі столікаў, ён пачуў голас:

— Ало, Боўтар! Просім сюды.

Боўтар азірнуўся і ўбачыў свайго начальніка, палкоўніка Данінга. З ім сядзеў яшчэ знаёмы штабны афіцэр — маёр Дукс. Боўтар далучыўся да іх.

— Ну, што скажаце пра сённяшнія звесткі, дарагі Боўтар? — спытаў маёр.

— Каб адказаць на гэтае пытанне, я прашу дазволу спачатку выпіць,— адказаў Боўтар.

— Калі ласка.— І маёр наліў Боўтару шклянку віскі.

Боўтар выпіў, закусіў амерыканскім паштэтам і сказаў:

— Не падабаецца мне гэтая музыка. З нашымі рэсурсамі ды ісці на нічыйны мір — ганьба!

Пры гэтых словах палкоўнік і маёр зірнулі адзін на аднаго і ўсміхнуліся з такім выглядам, нібы казалі: «Вядома, хто з сапраўдных амерыканцаў будзе разважаць іначай?» Боўтар горача казаў далей:

— І не толькі ганьба, а надзвычайная шкода. Што скажуць цяпер нашы саюзнікі, якія прывыклі лічыць нас гаспадарамі свету? Што скажуць іншыя народы, якія прывыклі лічыць нас усемагутнымі? Што скажуць камуністы, якія да гэтага часу баяліся нас? Што скажуць нашы прамыслоўцы, якім прыйдзецца цяпер скараціць сваю вытворчасць? Што думаюць цяпер хаця б вось гэтыя японцы, убачыўшы, што мы не здолелі справіцца з няшчаснымі гукамі?1

— Не забывайце, што нам прыйшлося мець справу яшчэ і з кітайцамі,— заявіў маёр.

— Усё роўна!..— крыкнуў Боўтар і гатоў быў стукнуць кулаком па стале, ды стрымаўся перад начальствам.— Маючы атамную бомбу, мы маглі б справіцца і з кітайцамі, і з рускімі, і з усімі.

— Вы не ўлічваеце, што нам прыйшлося яшчэ прымаць пад увагу думку бадай-што ўсіх народаў зямлі, якія наогул не любяць вайну,— прамовіў палкоўнік.— Нам нявыгадна, калі нас будуць лічыць прыхільнікамі вайны, ворагамі міру. Мы на гэтым можам страціць больш, чым на перамір'і з Карэяй.

— Пераможцаў не судзяць,— адказаў Боўтар.— Сілу ўсе паважаюць, і калі б мы перамаглі, то ніхто не адважыўся б асуджаць нас.

Палкоўнік з цікавасцю слухаў Боўтара і лагодна сказаў:

— Я вас разумею, вы разважаеце, як стопрацэнтны амерыканец. Дык ведайце, што наш урад таксама стопрацэнтны і, пэўна, думае так сама, як і мы з вамі. Мы ўжо больш года вялі перагаворы аб міры. Дык хто нам забароніць весці перагаворы яшчэ год ці два? А тым часам хто ведае, што можа здарыцца...— скончыў ён з тонкай усмешкай.

За ўсімі іншымі столікамі таксама гутарка ішла толькі аб сённяшнім перамір’і. Нехта стукаў кулаком і крычаў:

— Не жадаем міру без ніякай карысці! Навошта тады мы ваявалі?..

За другім сталом чуўся голас:

— Мы досыць магутныя, каб ні да каго не прыслухоўвацца і давесці вайну да пераможнага канца!

Палкоўнік Данінг тым часам казаў:

— Мы прадбачым, што з камуністамі вельмі цяжка будзе дайсці да згоды, таму мы павінны быць гатовымі да новых канфліктаў. А калі канфлікты зноў пачнуцца і мы вымушаны будзем зноў абараняцца ад агрэсараў, тады ўжо свет нас не асудзіць. Усе будуць ведаць, што мы хацелі міру, але дагаварыцца з камуністамі ніяк не маглі. Разумееце?

Боўтар правёў рукой па валасах і сказаў:

— Калі я правільна зразумеў, то мы не абавязаны дамагацца пагаднення надта настойліва.

Палкоўнік і маёр моўчкі кіўнулі галовамі ў знак згоды.

— Значыцца, мы не будзем бедаваць, калі пагадненне не ўдасца! — ужо весела сказаў Боўтар.— Значыцца, сёння можна было б зрабіць яшчэ адзін вылет. Апошні...

— Фармальна мы маем права на гэта,— сказаў маёр.— У падпісаным сёння ў дзесяць гадзін перамір’і сказана, што агонь павінен быць спынены толькі ў дваццаць дзве гадзіны. Значыцца, да дваццаці двух гадзін мы маем права рабіць усё тое, што рабілі да гэтага часу. Ці не так, пан палкоўнік?

— Думаю, што так,— адказаў той.— Можаце перадаць нашу думку вашаму камандзіру, падпалкоўніку Стэрну.

Побач, за другім сталом, сядзеў, апусціўшы галаву, п’яны афіцэр. Ці ён пачуў размову, ці сам думаў аб гэтай справе, але ён павярнуўся і спытаў:

— Панове афіцэры, як вам здаецца: ці нашы салдаты на фронце таксама жадаюць вайны, як мы тут, у рэстаране?

Усе трое здрыгануліся, а палкоўнік строга сказаў:

— Містэр, вы рызыкуеце, гаворачы такія словы!

— Нічога не ведаю, нічога не разумею,— адказаў афіцэр яшчэ больш п’яным голасам.

Палкоўнік прыгледзеўся да п’янага і ўстаў. Усталі і Дукс з Боўтарам. Палкоўнік матнуў ім галавой і пайшоў. А маёр і капітан выйшлі праз мінуту пасля яго.

...Гадзіны праз дзве з амерыканскага аэрадрома, што быў у аколіцах Токіо, узняўся самалёт-разведчык. Праз хвіліну ён быў над воблакамі і ўзяў курс на захад. За штурвалам сядзеў капітан Фрэнк Боўтар. Побач з ім — штурман Эрвін Гартвіг.

Праз некалькі хвілін пад імі было ўжо мора. Праз «вокны» ў воблаках сям-там чарнеліся кропкі-караблі. Сонца свяціла з левага боку. Ад яго праменняў паступова раставалі і некуды знікалі воблакі. Нягледзячы на грукат матораў, вопытныя лётчыкі ўмелі адчуваць цішыню, якая панавала ў паднябессі. Палёт быў спакойны, бяспечны, і ў галаву лезлі бестурботныя, мірныя думкі. Боўтар успомніў свой родны гарадок у Каліфорніі, свой стары, нязграбны дом. З вялікім замілаваннем уявіў ён сабе жонку і двух дзяцей: дзесяцігадовую дачушку Бэтсі і пяцігадовага карапуза Боба. Як захацелася іх убачыць, прыціснуць да грудзей, пацалаваць! Што яны цяпер робяць? У іх цяпер раніца, Боб, пэўна, спіць, а Бэтсі гаспадарыць, бо маці пайшла ў майстэрню, якая знаходзілася ў другой палове дома. Хоць стары Джэк і надзейны наглядач, але вока гаспадыні заўсёды патрэбна. Цяжка ёй цяпер спраўляцца з гэтай майстэрняй. Гузікі «Шчасце халасцяка» (яны прымацоўваюцца без іголкі і ніткі) цяпер вельмі патрэбны, але з такім нікчэмным прадпрыемствам далёка не паедзеш. Фабрыку трэба пабудаваць... Фабрыку! Тады адразу можна зрабіцца чалавекам. Якім шчасцем была гэтая вайна! За адзін год можна было зарабіць столькі, колькі ў звычайных умовах не заробіш і за пяць гадоў! На адных толькі вылетах можна выгнаць у год тысяч дваццаць. Апрача таго, калі ў чалавека ёсць галава на плячах, можна здабыць у тутэйшых азіятаў і яшчэ шмат чаго карыснага. Каб прабыць тут гадоў чатыры-пяць, то можна было б ехаць дадому з фабрыкай у кішэні. А ён, Боўтар, прабыў тут усяго толькі адзінаццаць месяцаў, і, на яго няшчасце,— вось гэтае недарэчнае перамір’е. Ёсць за што ненавідзець гэтых камуністаў і іншых балбатуноў, што крычаць на ўвесь свет: «Мір! Мір!..» Хай прагне міру той, хто хоча гібець у цяжкай працы, а ён, Фрэнк Боўтар, хоча жыць, як належыць амерыканцу, хоча быць багатым і ўладарным.

Боўтар выпрастаў грудзі, глыбока ўдыхнуў чыстае паветра і адчуў, як па жылах разлівалася радасць жыцця. Добра жыць на свеце! Добра быць амерыканцам!..

Штурман Эрвін Гартвіг, белабрысы дзяцюк, сядзеў над сваёю картай, пазіраў на прылады і рабіў нейкія адзнакі. Ён таксама адчуваў сябе добра, хоць быў пакрыўджаны гэтым перамір'ем не менш за свайго пілота. Сын змізарнелага адваката, Гартвіг доўга круціўся ў сваёй Пенсільваніі, як вужака на патэльні, каб «выбіцца ў людзі». Скончыўшы юрыдычны каледж, ён і бацьку дапамагаў, і самастойныя справы вёў, і быў прадстаўніком фірмы па продажу мікрафотаапаратаў, затым зрабіўся кампаньёнам у прадпрыемстве па вырабу нейкай незвычайнай атруты для пацукоў, потым вырабляў фотакарткі з атамнымі бомбамі, але нідзе не мог разбагацець. Ён «каштаваў» тры-чатыры тысячы долараў у год2 і ні бедна ні багата жыць мог бы, але Эрвін Гартвіг такога жыцця не жадаў. Калі пасля другой сусветнай вайны амерыканцы пачалі распаўзацца па ўсім свеце, Эрвін Гартвіг сцяміў, што тут можа быць добры бізнес. Ён пайшоў у армію, перакваліфікаваўся на штурмана авіяцыі, а потым трапіў у Карэю. Гэты бізнес яму спадабаўся больш за ўсе папярэднія. Зарабіць тут куды лягчэй, чым дома. І ў Паўднёвай Карэі і ў Японіі можна адчуваць сябе паўнапраўным гаспадаром. Гэтыя азіяты могуць быць рабамі не горшымі, чым свае ўласныя негры. Апрача ўсяго, ён тут пабачыў столькі цікавага, што будзе чым пахваліцца, вярнуўшыся на радзіму. Гартвіг успомніў міс Кэт, дачку свайго суседа, фабрыканта па вырабу рагожы. Гэтая міс Кэт, адзіная дачка багатага фабрыканта рагожы, з пагардай ставілася да Эрвіна. А цяпер паглядзім, хто кім будзе пагарджаць! Усё было б добра, каб не гэты непатрэбны мір. Зваліўся ён на галаву Эрвіна Гартвіга, як камень з гары. Эрвін зусім не чакаў такога няшчасця і шмат грошай змарнаваў зусім без патрэбы: думаў, што гэты бізнес будзе цягнуцца бясконца. А выйшла вось як...

Злосць ахапіла Эрвіна Гартвіга і на сябе самога, і на ўсіх камуністаў, і на ўсіх азіятаў, і на ўсіх тых, хто перашкаджае такой добрай справе, як вайна.

У такім настроі ляцелі два амерыканцы ў свой апошні «мірны» рэйс. Выпраўляючы іх у палёт, падпалкоўнік Стэрн сказаў:

— Вы добра разумееце, што гэтае перамір’е нам недарэчы. Значыцца, для нас будзе карысна ўсё тое, што пойдзе супраць яго, напрыклад: няўпэўненасць, трывога, страх у тыле ворага, здымкі, якія маглі б паказаць, што камуністы пасля перамір’я падцягваюць войскі на фронт. Адным словам, ваша задача — напомніць камуністам і ўсім зацікаўленым людзям, што да міру яшчэ далёка. Узбраенне ваша будзе звычайным, вы возьмеце і фугасную бомбу, і «Suprop»3. Можаце таксама ўзяць і дробныя падарункі. Чаго ім прападаць дарма? Да дзесяці гадзін вечара вы маеце права рабіць, што хочаце. Начальства паклапацілася аб гэтым, ставячы такую ўмову пры падпісанні перамір’я.

Такое даручэнне вельмі спадабалася Боўтару і Гартвігу: і злосць сваю можна было спагнаць, і сёе-тое зрабіць супроць міру — і ўсё гэта без ніякай рызыкі.

Праз некаторы час далёка наперадзе паказалася група астраўкоў, а далей на захад цьмяна вызначаўся бераг Карэі. Яшчэ некалькі хвілін — і можна было заўважыць на беразе заліва нібы горад.

— Вансан! — сказаў штурман.

Фактычна гэта быў не горад, а толькі адны руіны. Размясціліся яны ўздоўж берага, а за імі ўздымаліся горы. Да сённяшняга дня амерыканцы наўрад ці маглі б убачыць у гэтым горадзе хоць аднаго чалавека — усё насельніцтва хавалася пад зямлёй. А сёння сярод руінаў было многа людзей. Упершыню за тры гады яны хадзілі па вуліцы вольна, радасна, збіраліся групамі, нават сям-там выставілі флагі. Слова «Мір!» на некаторы час прымусіла іх забыць усе страшэнныя няшчасці, якія давялося перажыць за гэтыя тры гады.

Штурман пачуў праз навушнікі голас Боўтара:

— Радуюцца, дурні! Зараз мы ім напомнім, што яшчэ рана святкаваць.

Самалёт зрабіў разварот і брыючым палётам панёсся над горадам, пасыпаючы вуліцы доўгай кулямётнай чаргой... Крыкі, праклёны соцень людзей не даляцелі ні да вушэй, ні да сэрцаў амерыканскіх «герояў». Усё гэта адбылося так хутка і так нечакана, што карэйскія батарэі з узвышшаў над горадам паспелі паслаць услед самалёту толькі некалькі позніх стрэлаў.

Боўтар і Гартвіг паглядзелі адзін на аднаго і ўсміхнуліся.

Праляцеўшы некалькі мінут уздоўж берага, яны падняліся і мінулі горы. Цяпер самалёт плыў над мірнай краінай, дзе, здаецца, і вайны ніякай не было. Пакрытыя лесам узвышшы, ціхія, зялёныя даліны, спакой і цішыня...

Ні жылля, ні людзей не відаць.

Усё знішчана за гады вайны. Але раптам на схіле гары — карова! Значыцца, павінны быць і людзі. Даўшы чаргу па карове, лётчыкі паляцелі над далінай і заўважылі, што ў зарасніку на беразе рачулкі яшчэ ёсць жывёла, а з лясістага яра ўздымаецца струменьчык дыму. Апрача таго, паблізу відаць многа апрацаванай зямлі.

Амерыканцы адчувалі некаторае хваляванне, якое бывае ў паляўнічых, калі яны трапляюць на след дзічыны.

— Утульны куток,— зазначыў штурман.

— Спускай звышпрапагандысцкую,— сказаў Боўтар.— Тут нашым «прапагандыстам» вельмі добра будзе гадавацца.

І на ўтульны бераг рачулкі паляцела бомба з амерыканскімі саюзнікамі — бактэрыямі.

Праз некалькі мінут самалёт быў над другой такой жа цудоўнай далінай. Тут было досыць значнае і багатае паселішча. Нейкім цудам яно захавалася да ўчарашняга дня, а сёння досвіткам «апошнія бамбардзіроўшчыкі» зруйнавалі яго ўшчэнт. На пажарышчы, якое яшчэ дымілася, хадзілі людзі ў белым, жалобным адзенні. Яны падбіралі забітых і клалі іх пад дрэвамі ў рады. Забітыя — адны толькі дзеці, жанчыны, старыя. Здаровых мужчын — ніводнага, усе на фронце. Жывыя ўжо не плакалі так, як раней: усе слёзы былі выплаканыя. Засталіся сухое пякучае гора і нянавісць. Святая нянавісць да вылюдкаў, што прыляцелі з-за акіяна і прагна накінуліся на цудоўную «Краіну Ранішняга Спакою».

Раптам ціхая даліна напоўнілася грукатам матора. З-за сопкі вынырнуў самалёт. Не паспелі людзі апамятацца, як на галовы іх пасыпаўся дождж куляў... Да халодных трупаў далучыліся трупы цёплыя...

Боўтар абстраляў іх так сабе, машынальна, нават не прыглядаючыся да іх. Ён глядзеў наперад і вышукваў якую-небудзь групу людзей, каб выканаць адно з даручэнняў: сфатаграфаваць «падмацаванні» на фронт. На шасэ ён убачыў дзесятак аўтамашын, якія накіроўваліся на поўнач. Карыстаючыся перамір’ем, карэйцы адкрыта адпраўлялі з фронту раненых.

— Сфатаграфуем іх,— сказаў Боўтар і накіраваў у той бок самалёт.

Гартвіг зрабіў здымак.

— А зараз я зраблю разварот, і ты скінеш на іх «апошнюю» бомбу,— сказаў Боўтар.

Калі самалёт наляцеў на калону, карэйцы вельмі спалохаліся: хоць і перамір’е, але ад янкі ўсяго можна чакаць... Калі ж самалёт «мірна» праляцеў над імі, яны радасна загаманілі. Але ў гэты момант над калонай зноў з’явіўся самалёт, а ўслед за тым пачуўся выбух бомбы...

Цяпер самалёт ляцеў над чыгункай. У часе ранейшых налётаў амерыканцы не бачылі людзей — людзі заўсёды хаваліся. А цяпер яны сустракаліся часта, задаволеныя, вясёлыя.

— Святкуюць...— прабурчаў Гартвіг.— Зараз я ім скіну святочныя падарункі.

І каля адной зруйнаванай станцыі, дзе бегала некалькі дзяцей, ён скінуў ім «падарункі»: мячыкі, каробачкі, ручкі і іншыя цацкі, зробленыя па апошняму слову амерыканскай тэхнікі. Гэтыя цацкі ўзрываліся ў руках дзяцей. Хоць узрыў такой цацкі не мог забіць чалавека, але ён мог адарваць пальцы ці выбіць вока ў пяцігадовага дзіцяці...

Налева ад чыгункі яны заўважылі нейкі лагер. Значная плошча была забудавана баракамі і рознымі гаспадарчымі будынкамі, і ўсё гэта было абнесена агарожай.

— Лагер з нашымі ваеннапалоннымі,— сказаў штурман.

Боўтар крыху павярнуў самалёт у той бок. Пралятаючы над лагерам, ён раптам... пусціў па ім чаргу з кулямёта.

— Што ты робіш?! — закрычаў Гартвіг.

— Так ім і трэба! — злосна адказаў Боўтар.— Навошта здаваліся ў палон.

У гэты момант яны заўважылі цягнік, які ішоў на поўдзень, гэта значыць, на фронт. Вось гэта акурат ім і трэба было! Вось яно, патрэбнае «падмацаванне» пасля перамір’я! Самалёт пусціўся за цягніком. Але, «на вялікі жаль», цягнік складаўся толькі з адных пустых платформ. Боўтар вылаяўся і прайшоў кулямётам па ўсім цягніку. Лётчыкі нават не заўважылі, што на тэндэры паравоза прытуліўся карэйскі баец з зенітным кулямётам...

І цягнік і самалёт у гэты момант ішлі на паўднёвы захад. Праз хвіліну чыгунка павярнула на поўдзень, а самалёт ляцеў у ранейшым напрамку — на паўднёвы захад.

— Трымай лявей!..— сказаў Гартвіг.— Там, здаецца, ідзе калона салдат.

Боўтар крутнуў руль павароту, але руль заскрыгатаў і не даў ніякага эфекту — самалёт па-ранейшаму трымаў курс на паўднёвы захад.

— Чорт вазьмі! Што ж гэта такое? — закрычаў Боўтар і пачаў круціць руль і так і гэтак.

Самалёт ляцеў сабе на паўднёвы захад.

А тым часам наперадзе набліжалася гара. Абмінуць яе нельга... А ці можна ўзняцца ўверх? Боўтар узяў руль вышыні на сябе — і абодва лётчыкі стаілі дыханне: «Ці падымецца?»

Самалёт, як звычайна, стаў набіраць вышыню. Калі ён падняўся над гарой, наперадзе заблішчала на сонцы мора.

Лётчыкам стала ясна: руль павароту заклініў нейкі выстрал, якога яны не заўважылі. Цяпер самалёт ляпіць к мору. А што будзе далей?..

— Паспрабуй звязацца з базай,— сказаў Боўтар.

— Я гэта і збіраюся рабіць,— адказаў штурман, уключаючы перадатчык.

Праз ларынгафон4 ён пачаў крычаць:

— Ало! Я — Каршун! Я — Каршун! Выклікаю Арла! Выклікаю Арла! Я — Каршун!..

Праз некалькі хвілін штурман сказаў:

— Праз прыёмнік гукі чутны, а мой выклік не даходзіць. Значыцца, і перадатчык папсаваны.

Самалёт тым часам быў ужо над морам.

— Куды мы ляцім? — глуха спытаў Боўтар.

Штурман глянуў на карту і адказаў:

— Калі ўвесь час гэтак будзем ляцець, то выйдзем на бераг Кітая.

— Ты згодзен трапіць кітайцам у рукі? — зноў спытаў Боўтар.

— Гэта ад мяне не залежыць,— адказаў Гартвіг.

Некалькі мінут ляцелі моўчкі, аглядаючы мора. Каб самалёт ішоў лявей, уздоўж заходняга берага Карэі, то можна было б напаткаць свой карабель і выкінуцца з парашутам. А тут наогул ніякіх караблёў не было відаць. Дзе-нідзе ледзь вызначаўся парус рыбацкай лодкі, і больш нічога. Далёка на поўдні дыміў ваенны карабель, вядома, свой, амерыканскі. Але дапамагчы ён не зможа...

— Колькі будзе да кітайскага берага? — спытаў Боўтар.

— Міль дзвесце.

— Праз гадзіну будзем там,— прамовіў Боўтар.

Яны змоўклі. Становішча было недарэчнае: сядзі і чакай, куды цябе занясе самалёт. У пілота пад сядзеннем была складная лодка. Ці не выкінуцца з ёю ў мора? Але па ўсім відаць, што тут нікога не дачакаешся. Лепей ужо прыляцець у палон. Аб гэтым яны падумалі абодва разам, а штурман, нібы адказваючы сам сабе, сказаў:

— Цяпер жа перамір’е. Трэба думаць, што яны нам нічога дрэннага не зробяць.

— Вядома, лепей, чым скакаць у мора,— згадзіўся Боўтар.

Яны трошкі супакоіліся. Пілот нават паддаў газу, каб хутчэй даляцець да жаданага берага. Вядома, прызямліцца яны змогуць у Кітаі, а праз некалькі дзён усіх палонных адпусцяць, і яны вернуцца ў Паўднёвую Карэю ці Японію. А потым, напэўна, знойдзецца яшчэ якая-небудзь вайна, напрыклад, у Індакітаі, і можна будзе прадоўжыць свой бізнес. Боўтар вернецца да сваёй сям’і, пабудуе фабрыку, выпусціць акцыі і арганізуе буйную фірму з гучнай назвай «Фрэнк Боўтар і К°». Гартвіг ажэніцца з Кэт і зробіцца кампаньёнам фабрыкі рагожаў «Джон Арманд энд Эрвін Гартвіг».

Сонца свяціла акурат у вочы, і лётчыкі доўга не бачылі таго, што робіцца наперадзе. А калі сонца адхілілася направа, то яны далёка-далёка ўбачылі бераг. І абодвум ім зрабілася лягчэй на сэрцы, нібы яны набліжаліся да радзімы.

А праз некалькі мінут штурман сказаў:

— Вецер паварочвае наш самалёт на поўдзень...

І сапраўды, можна было заўважыць, як нос самалёта адхіліўся ўлева. Цяпер наперадзе была неабсяжная водная прастора. Боўтар аж заскрыгатаў зубамі. Са скажоным тварам пачаў ён круціць руль, але нічога з гэтага не выйшла. Хоць бы крышачку, хоць бы на некалькі градусаў павярнуць хвост управа... Але самалёт упэўнена ішоў у адкрытае мора і ўсё больш аддаляўся ад берага. Сэрцы лётчыкаў скамянелі.

— Куды ж мы цяпер ляцім? — у роспачы спытаў Боўтар.

— Карты гэтага раёна ў нас няма,— адказаў штурман,— прыблізна ж можна меркаваць, што на Тайвань або Філіпіны. Каб даляцець туды, мы былі б дома.

— А колькі будзе датуль?

— Дакладна сказаць не магу, але думаю, што болей за тысячу міль будзе.

Боўтар паглядзеў на паказчык гаручага і сказаў:

— Гаручага хопіць не больш як на чатырыста...

Тым часам самалёт яшчэ больш адхіліўся ад берага і паляцеў «куды вочы глядзяць». Сонца пачынала свяціць ззаду, а наперадзе вызначаўся непраглядны змрок. Адтуль ішла ноч, і ў гэтую ноч ляцелі два амерыканцы. Караблёў сустракалася вельмі мала, бо самі ж амерыканцы перашкаджалі суднаходству ў гэтых водах. А калі і трапіцца якое судна, то накіраваць на яго самалёт немагчыма.

Твар Боўтара зусім пацямнеў. Губы сціснуліся яшчэ больш і падаліся ўнутр, як у бяззубага старога. Вочы яшчэ глыбей схаваліся пад бровамі і паблісквалі адтуль халоднымі агеньчыкамі. Увесь свет для Боўтара абмяжоўваўся цяпер трыма рэчамі: ён сам, кабіна самалёта і кавалак мора перад ім. Больш на свеце нічога не было — ні мора па баках, ніякіх спраў на свеце, ні таварыша побач з ім. Была толькі адна думка: як выратавацца ад пагібелі? Да сушы не даляцець, звязацца з караблём — мала шансаў, значыцца, прыйдзецца апускацца ў мора абы-дзе. І апускацца, вядома, на парашуце. А для гэтага трэба падымацца вышэй, бо іначай парашут не паспее раскрыцца. А калі падымешся вышэй, то будзе менш шансаў звярнуць на сябе ўвагу карабля.

Боўтар пачаў прыладжваць свой парашут, падрыхтоўваць складную гумавую лодку, якая была ў яго пад сядзеннем. Каб ён мог прааналізаваць цяпер свае пачуцці, то павінен быў бы прызнаць, што не страх валодае ім, а злосць. Лютая злосць, якая перамагла нават страх смерці. Злосць на тое, што сёння раніцай ён сам напрасіўся ў гэты палёт, злосць на карэйцаў, праз якіх ён павінен цяпер загінуць, злосць на самалёт, які так лёгка даў сябе папсаваць, на вецер, які павярнуў самалёт ад кітайскага берага, на кітайцаў, якія чамусьці тут не плаваюць і не ловяць рыбу, на ўсіх тых, хто спакойна цяпер сядзіць дома і не чакае ніякай смерці, на свайго штурмана, які нічога не мог зрабіць...

А Гартвіг быў ва ўладзе страху. У галаве яго мільгалі ўрыўкі ўсялякіх думак: боязь за свае грошы і страх перад халоднай вадой. Ён не мог засяродзіцца на пэўнай думцы, а пераскакваў з адной на другую. Ён таксама пачаў прыладжваць свой парашут і з зайздрасцю паглядаў на гумавую лодку. Чаму яна ў пілота, а не ў штурмана? Штурман сочыць за курсам, пракладвае дарогу, а лодка чамусьці не ў яго, а ў пілота!.. Гэта няправільна. Глянуўшы яшчэ на каменны твар Боўтара, Гартвіг адчуў, як у яго заварушылася непрыязь да свайго таварыша. Ім прыйдзецца выкідвацца праз люк не разам, а аднаму за другім. І хоць гэта будзе ўслед, але нейкія хвілінкі пройдуць. А за гэтыя хвілінкі самалёт можа праляцець мілю. Значыцца, на вадзе яны апынуцца адзін ад аднаго на значнай адлегласці. Добра будзе яму ў лодцы... А мне як?.. Нават калі ён будзе старацца падплысці, то і тады нялёгка гэта зрабіць. А калі ён не захоча? У лодцы ёсць харчы, а каму ахвота дзяліцца імі, калі смерць на носе?..

Далёка на гарызонце паказаўся карабель. Штурман паглядзеў у бінокль і радасна крыкнуў:

— Наш дрэдноут! Ідзе ён акурат на нас. Будзем рыхтавацца да спуску на яго вачах.

Яны адвязалі сябе ад сядзенняў, праверылі, ці адчыняецца люк, і падрыхтавалі парашуты. Боўтар падняў самалёт вышэй. І тут, на вышыні, ім у бок ударыў струмень паветра.

— Вецер збоку! — з жахам закрычаў штурман.— Назад!

Але ўжо было позна. Хоць пілот і знізіў вышыню, але самалёт ужо атрымаў штуршок і павярнуўся на некалькі градусаў улева. А паколькі дрэдноут быў вельмі далёка, то гэтыя некалькі градусаў няўхільна сталі павялічвацца. Лётчыкі замітусіліся.

— Усё роўна буду кідацца! — захрыпеў Боўтар і адчыніў люк.

Вецер уварваўся ў кабіну. Гартвіг інстынктыўна ўхапіўся за пілота.

— Рукі прэч! — грозна крыкнуў Боўтар.

— Разам трэба нам кідацца, разам! — дрыжачым голасам казаў Гартвіг.

Ён падумаў пры гэтым, што камандзір павінен пакідаць карабель апошнім, але сказаць пра гэта не адважыўся. Тым больш, што самалёт і дрэдноут ішлі цяпер у розныя бакі на адлегласці міль пятнаццаці.

— Позна ўжо,— ціха сказаў Гартвіг і млява апусціўся на сваё крэсла.

— Усё роўна трэба кідацца,— глуха сказаў Боўтар.— Праз дзесяць мінут самалёт сам зваліцца ў мора.

Боўтар уключыў аўтапілот і пачаў вылазіць з люка. Ён не бачыў, як Гартвіг выняў з кішэні нож і раскрыў яго. Пілот высунуўся з люка. За спіной яго цягнуўся парашут, а ніжэй за ім — лодка. Гартвіг узяў і адрэзаў яе нажом. Моцна ўхапіўшы лодку рукою, Гартвіг пасоўваўся следам за Боўтарам. Калі той нарыхтаваўся ўжо скокнуць, заўважыў, што лодкі няма.

— Дзе лодка? — закрычаў ён праз вецер і ўбачыў яе ў руках Гартвіга.— Ах ты, здраднік! Падлюга! — зароў Боўтар і памкнуўся быў да Гартвіга. Але той штурхнуў яго ў спіну і крыкнуў:

— Кідайся хутчэй, яна з намі.

Боўтар паляцеў уніз. Гартвіг пачакаў, пакуль самалёт праляцеў мілі са дзве, і тады ўжо кінуўся сам.

А Боўтар адначасова з раскрыццём парашута ўключыў газ, каб надзьмуць свой выратавальны пояс. Гэта дало яму магчымасць спакойна вызваліцца ад парашута і застацца на вадзе. Ён паглядзеў у той бок, куды паляцеў самалёт, але нічога не ўбачыў. Ці далёка знаходзіцца Гартвіг? Боўтар пачаў крычаць. Крычаў гучна, доўга, але ніякага адказу не было. Тады ён паплыў у той бок. Праплыве некаторую адлегласць, потым зноў пачне крычаць. Так ён працаваў гадзіны дзве, патраціў усе свае сілы і голас. Трывожна стала на душы. А што, калі Гартвіг наўмысля маўчыць? Можа, нават ён наўмысля апусціўся далёка? Усяго можна чакаць ад такога падлюгі. Як гэта ашукаўся такі вопытны чалавек, як Боўтар! Трэба было спачатку застрэліць гэтага гада, а потым ужо выскакваць. Нават каб яны былі тут разам, усё роўна Гартвіг быў бы лішні: і месца яму трэба, і прадукты давай. А цяпер выйшла наадварот — ён, Боўтар, застаўся лішнім, а лодкай і прадуктамі авалодаў другі. І да ўсёй ранейшай злосці далучылася пякучая злосць не толькі на свайго былога таварыша, але і на сябе самога. «Гэткім дурнем застацца!» — думаў ён.

Боўтар ужо не адчуваў холаду вады і забыўся на ўсё ў свеце — і на сям’ю, і на свае планы, і нават аб сваёй смерці пакуль што не надта думаў.

Пацягнуўся час — доўгі, жудасны. Мора ціха калыхалася. Калі Боўтар падымаўся на хвалю, адтуль ён мог зірнуць на гарызонт. Але з паверхні вады мала чаго можна было ўбачыць. Толькі альбатрос адзін раз пацікавіўся, што гэта за штука плавае. Некалькі разоў Боўтар бачыў дымкі далёкіх параходаў, але горш за ўсё было тады, калі адзін параход у змроку прайшоў досыць блізка. Пасля гэтай сустрэчы Боўтар адчуў, што зусім страціў голас...

Надышла ноч, халаднаватая, цёмная. Вецер патроху мацнеў. Боўтар адубянеў ад холаду, яго мучыла смага. Безнадзейнасць адняла апошнія сілы. Колькі часу прыйдзецца яму гэтак боўтацца? Ці праўда, што ён усяго толькі некалькі гадзін назад вылецеў з дому?..

Пачуцці Боўтара прытупіліся, сілы зусім знікалі. Ужо не хапала іх нават на злосць: усё зрабілася абыякавым. У глыбіні душы зацепліліся чалавечыя пачуцці. Што цяпер робяць жонка, дзеці? Ці думаюць яны аб ім? Як хочацца пабачыць іх хоць разок! Можна нават плюнуць на ўсе грошы, каб толькі жыць у сям’і, ціха, спакойна...

Вецер узмацняўся, хвалі калыхалі Боўтара, навявалі сон...

...Гартвіг спусціўся на ваду таксама з надзьмутым поясам. Ён адвязаў парашут і разгарнуў лодку. Затым пусціў у яе сціснуты газ з прымацаванага балона. Берагі лодкі з сіпеннем пачалі надзімацца, і праз некалькі мінут Гартвіг меў перад сабой сухое, утульнае месца. Улезці ў лодку было цяжкавата, але Гартвіг здагадаўся спускаць свой пояс усё ніжэй і ніжэй на ногі і такім чынам забраўся ў лодку.

Першая небяспека мінула. Але што рабіць далей? Шукаць Боўтара? А ліха з ім! Чаго там думаць пра другога, калі яшчэ невядома, як выратавацца самому. Каб блізка быў карабель ці зямля, то ўдвух пратрымацца можна было б. А калі прыйдзецца загінуць у гэтай лодцы, то ўсё роўна ці абодвум разам, ці паасобку. У гэты момант вецер данёс да Гартвіга далёкі крык:

— О-о-о!.. Э-э-э!.. І-і-і!..

Гартвіг збянтэжыўся. Гэта ж таварыш кліча яго, просіць дапамогі... Гартвіг павінен дапамагчы яму... А дзеля чаго? Каб разам загінуць? Каб Гартвіг быў на яго месцы, Боўтар наўрад ці памкнуўся б яго ратаваць. Вось чаму ён так вызверыўся, калі ўбачыў, што лодка апынулася ў руках Гартвіга.

Не, не варта турбавацца. Не такі чалавек гэты Боўтар, каб яго шкадаваць. Але крыкі паўтараліся. Гартвіг адчуў сябе вельмі няёмка і нарэшце, закрыўшы рукамі вушы, лёг на дно лодкі.

Крыкі спыніліся. Сонца грэла пяшчотна і, галоўнае, сушыла адзенне. Стомлены Гартвіг заснуў. Ён убачыў сябе ў раскошнай машыне на Уол-стрыце. Побач з ім сядзела Кэт. Яны пад’ехалі да аднаго небаскроба. «Глядзі»,— сказаў ён Кэт. Яны ўбачылі на сцяне небаскроба вогненныя літары: «Лепшыя рагожы ў свеце! Эрвін і Кэт Гартвіг». Яны выйшлі з машыны, і Гартвіг адчуў моцны холад...

Прачнуўся, сеў — і ўся душа яго заныла. Як далёка ён быў ад сну! Сонца, відаць, даўно зайшло. Была халодная, неспакойная ноч. Вецер за гэты час змяніўся: ён дзьмуў з мора і адносіў лодку да берага. Але ён быў такі моцны, што кідаў яе, як шалупайку. Гартвіг зноў лёг на дно лодкі, на гэты раз тварам уніз, і замёр. Калыханне затуманіла яму галаву, і ён ляжаў, нібы ў непрытомнасці, доўга-доўга. А вецер усё мацнеў і мацнеў. Потым недзе далёка пачуўся грукат грому. Праз сплюшчаныя вочы Гартвіг адчуў бліскавіцу. Але ён не варушыўся. Можа, нават і не мог бы, каб і хацеў.

А хвалі ўсё раслі і раслі. Калі лодка з вяршыні вадзяной гары ляцела ўніз, штурману здавалася, што ён на самалёце правальваецца ў паветраную яму.

І вось у час аднаго такога правалу ён адчуў, што лодка аб нешта стукнулася. Што гэта? Ці не зямля? — мільганула ў галаве Гартвіга. Ён усхапіўся і пры святле маланкі ўбачыў ля борта... Боўтара! Ён быў яшчэ жывы. Злосць, як электрычны ток, страсянула яго цела. Здавалася, сілы вярнуліся да яго; ён зарыкаў, як звер, і ўчапіўся за борт лодкі. Гартвіг пачаў біць яго па руках, драпаць пальцамі, нават нахіліўся ўкусіць, але атрымаў такі ўдар кулаком, што паваліўся на дно лодкі. А яна пад цяжарам Боўтара стаяла бадай-што рубам.

Чарговая хваля падняла яе яшчэ вышэй і перакуліла на галаву Боўтара. Апошні ўздым сілы згас. Боўтар паваліўся на свой пояс галавой у ваду ды так і застаўся...

А Гартвіг некалькі часу крычаў ад жаху, а потым... знік.

1955 г.

1 Так зняважліва амерыканцы называюць карэйцаў.

2 У ЗША гавораць, што чалавек «каштуе» столькі, колькі ён зарабляе.

3 Так называюць амерыканцы бактэрыялагічныя бомбы. «Suprop» скарочана азначае: «звышпрапагандысцкая» (бомба).

4 Ларынгафон — мікрафон, які перадае не гукі, а вібрацыі горла, бо на самалёце маторы заглушаюць голас.


1954; 1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах (падпісное выданне). Том другі. Мн., «Маст. літ.», 1975. - 416 с. з Іл.
Крыніца: скан