epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Бунт звяроў

 

З Гамбурга ў Нью-Йорк плыў карабель. Апрача пасажыраў і звычайнага грузу на ім перавозіўся звярынец: слон, ільвы, тыгры, ягуары, вялізныя малпы, бегемот, насарог і іншыя. Гэтыя пасажыры займалі ўсю заднюю палову карабля. Клеткі іх стаялі радамі па баках, і публіка хадзіла паміж імі ды цешылася дармовым прадстаўленнем, якое было вельмі дарэчы ў час доўгай нуднай дарогі.

Надвор’е было добрае, ціхае, і гаспадар звярынца, тоўсты немец Буш, цешыўся, што падарожжа ідзе добра.

Так ехалі пяць дзён, але на шосты капітан чамусьці занепакоіўся, і перш за ўсіх заўважыў гэта Буш.

— Што такое? — трывожна спытаў ён.

— Ды вось гэтая хмарка мне не падабаецца...

Буш паглядзеў і ўбачыў на поўначы невялічкае воблачка, якое, здаецца, нічым не адрознівалася ад іншых, няшкодных.

— Няўжо ж яно нейкае асаблівае? — здзівіўся Буш.

— Пакуль што нельга сказаць нічога пэўнага,— адказаў капітан,— але дрэнна тое, што яно, відаць, набліжаецца сюды з поўначы, у той час як вецер дзьме з усходу.

А праз паўгадзіны ўжо не было сумнення, што будзе бура. Трывожна забегалі баранчыкі, вецер зрабіўся парывістым і ўвесь час змяняўся. А хмара ўжо абхапіла паўнеба.

Каманда пачала рыхтавацца да змагання з бурай. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека.

— Браткі, пастарайцеся! Ці нельга як-небудзь лягчэй? — звярнуўся ён да каманды.

Рогат падняўся сярод матросаў.

— Вам на колькі градусаў зрабіць буру? — падміргнуў адзін з іх.

— Дурны! Не на градусы, а на тоны,— паправіў другі.

Але Буш і сам зразумеў, што сказаў глупства, і пайшоў да сваіх звяроў.

Яны таксама пачалі ўжо непакоіцца, бо гойданка рабілася мацней і мацней. Асабліва цяжка было беднаму слану, бо для такой гары кожны нязначны нахіл многа значыць. Таксама дрэнна было і насарогу. Нават бегемот, які сам жыве ў вадзе, і той зароў ад спалоху.

За гэтых волатаў галоўным чынам і баяўся гаспадар. Усё можа быць, калі пачне іх кідаць, як мячыкі.

А яно якраз і пачыналася. Сонца схавалася. Забліскала маланка, загрукатаў над галавою гром, пайшоў дождж. Ужо ад аднаго гэтага звяры замітусіліся і зараўлі. А тут яшчэ пачалося страшэннае гойданне. Карабель часам нібы лажыўся на бок, і кожны раз звяры валіліся на сценкі сваіх клетак. А калі зараз жа пасля таго карабель адхіляўся на другі бок, то звяры з вялікай сілай перакідаліся і стукаліся аб другі бок клетак.

Калі з ільвамі, тыграмі і іншымі лягчэйшымі жывёламі было яшчэ паўбяды, то з вялікімі зусім іншая справа. Можна сабе ўявіць, што павінна зрабіцца, калі такі слон ці бегемот паляціць ды грукнецца аб краты.

І гэтага моманту ўсе са страхам чакалі.

Слон пакуль што як-ніяк трымаўся на нагах. Абкруціўшы хобатам жалезны прэнт, расставіўшы свае шырокія мяккія ногі, ён прынамсі хоць не коўзаўся, затое бегемот з насарогам куляліся ваўсю.

Усе пасажыры пахаваліся ў каютах, толькі Буш, мокры, ускудлачаны, чапляўся на палубе. Ён загадваў сваім памочнікам там прывязаць, там замацаваць, але што можна было зрабіць, калі абедзвюх рук не хапала, каб самому ўтрымацца ды не паляцець у мора?

І вось моцным штуршком нарэшце так кінула бегемота на дзверы яго клеткі, што яны не вытрымалі,— і ашалелы звер выкаціўся на палубу.

Не паспеў ён апамятацца, як шпарка паехаў уніз проста на свайго гаспадара, які трымаўся ля трубы. Буш адскочыў і сам пакаціўся па палубе, а бегемот, стукнуўшыся спіной аб трубу так, што ледзь яе не вывернуў, паехаў назад і трапіў носам у клетку з ільвамі...

Ільвы, раз'юшаныя і без таго, грозна зараўлі і накінуліся на яго праз краты, лічачы, што, мусіць, гэты звяруга і зрабіў увесь гэты гармідар. Але не паспелі яны прасунуць свае лапы, як бегемот паляцеў да малпаў і высадзіў іхнія дзверы.

Спалоханыя малпы выскачылі з клеткі і мігам апынуліся на мачтах. Але трэба сказаць, што там ім было яшчэ горш, як у клетцы. Калі карабель нахіляўся, яны віселі над бяздоннем і ледзь трымаліся за гладкія мачты.

Бачачы, што коўзанне двухтоннага бегемота можа нарабіць вялікай шкоды, капітан загадаў затрымаць яго вяроўкамі. Але не паспелі матросы прыстасавацца, як карабель схіліўся зусім на бок, і бегемот, пераваліўшыся цераз борт, паляцеў у мора, а разам з ім адзін з матросаў...

Жудасныя крыкі разнесліся па палубе, але жудасней і мацней за ўсіх быў голас Буша:

— Ратуйце! Пятнаццаць тысяч каштуе!

Кінулі матросу ратавальныя кругі, але дарэмна: у гэткім пекле чалавеку выратавацца немагчыма. Толькі бегемот радасна плаваў у вадзе, але глыбіня, хвалі ды салёная вада хутка паказалі яму, што ён не ў родным Ніле, і ён жаласна зароў, нібы просячы дапамогі.

Засмуціліся матросы аб сваім таварышу, але і сумаваць не было часу: крануўся слон разам са сваёй клеткай. Калі яго не затрымаць, ён пакрышыць усе клеткі.

— Ланцугоў, вяровак! — крыкнуў капітан.— Затрымаць, чаго б гэта ні каштавала!

Праўда, зачапіць клетку было лягчэй, але як яе стрымаць? Разам са сланом яна важыць шмат тон.

Зачапілі за краты, але ледзь клетка кранулася — некалькі прэнтаў выламалася.

Новы штуршок — і слон паляцеў на львоў. Клетка не вытрымала такога ўдару — і перад ільвамі адчыніўся выхад.

Мігам палуба апусцела. Нават гаспадар вымушаны быў уцячы, пакінуўшы сваіх звяроў на волю лёсу. Толькі капітан ды штурвальны засталіся на сваім мосціку. Палуба была ўступлена звярам.

Асцярожна, са страхам павылазілі львы на волю. Ледзь трымаючыся на нагах, зрабілі некалькі крокаў і раптам пакаціліся клубком, куляючыся адзін праз аднаго. Не ўтрымаўся наверсе арангутанг і бразнуўся прама на іх. Ільвы — на яго, але іх хутка памірыла хваля вады. «Цары звяроў» мелі выгляд мокрых шчанят.

А слон тым часам усё працаваў. Ён вызваліў тыграў, насарога, ягуараў. Спыніўся ён толькі тады, калі забіўся ў кут і зачапіўся хобатам за борт карабля. Рассыпаліся звяры па ўсёй палубе, ратуючыся хто як мог.

Каб справа не была такой небяспечнай, нават пацешна было б глядзець, як усе гэтыя львы, тыгры, пантэры куляліся па палубе. Ледзь толькі ўстануць на ногі, як карабель нахіліцца на бок,— і яны ўсе разам ляцяць клубком, ляснуцца аб якое-небудзь жалеза, не паспеюць апамятацца, як ужо ляцяць у другі бок. А замест бегемота цяпер коўзаўся насарог.

Калі на палубе засталіся адны звяры, капітан загадаў камандзе ўзброіцца, каб перастраляць драпежнікаў. Пачуўшы гэта, Буш, хаваючыся за дзверы каюты, закрычаў:

— Капітан! Пацярпіце, пашкадуйце! Вы загубіце мяне! Няхай толькі сціхне бура, мы загонім іх назад. Сярод іх ёсць муштраваныя. Бачыце, пакуль што яны нічым не пагражаюць. Калі звяры будуць жывыя, я заплачу дзесяць тысяч марак.

— Я зраблю ўсё, што трэба,— адказаў капітан.

Раптам перад ім высунулася... галава вялізнай змяі! Гэта было ўжо зусім неспадзявана. Капітан з жахам адхіснуўся, а затым выхапіў рэвальвер і некалькі разоў стрэліў у гэтую агідную галаву. Змяя мякка шаснулася ўніз.

— Дзве тысячы каштуе! — прастагнаў Буш.

Гэтае здарэнне напомніла аб такіх звярах, пра якіх да гэтага часу ніхто не думаў. Пра гэтых ціхіх стварэнняў усе забыліся. А яны, як відаць, таксама вызваліліся і распаўзліся па караблі.

— З гэтымі будзе больш бяды, як з усімі іншымі,— нахмурыўшыся, сказаў капітан.

У гэты момант пачуліся жудасныя крыкі ўнізе. Крычалі ўсе пасажыры, жаночыя галасы рэзалі сэрца.

— Што яшчэ здарылася? — крыкнуў капітан.

— Тыгр унізе сярод пасажыраў,— быў адказ.

Пачуліся стрэлы... Затым капітану далажылі:

— Адну жанчыну ўкусіла кобра. Змяю забілі.

— Ай-яй-яй! — заскуголіў Буш.— Зноў страта тысяч на пятнаццаць. Я зусім прапаў!

Але капітан не чуў гэтых слоў.

— Паставіць варту ля ўсіх дзвярэй! — загадаў ён.— Усім быць напагатове.

— Капітан,— узмаліўся Буш,— калі ласка, асцярожней! Няхай не страляюць без патрэбы.

— І так ужо дзве ахвяры маем з-за вашых звяроў! — сурова адказаў капітан.

А ўнізе тым часам адбывалася наступнае.

Аднаго з тыграў з усёй сілы ўдарыла аб дзверы, якія вялі ў пасажырскія памяшканні.

Дзверы не вытрымалі, і звер пакаціўся ўніз па сходнях. Пасажыры кінуліся хто куды. Пакуль тыгр апамятаўся, прыбеглі матросы і застрэлілі яго, але вось у расчыненыя дзверы ўскочыў ягуар, а за ім прабралася змяя. І вось тут загінула адна жанчына.

Бура пачала сціхаць. Але карабель усё яшчэ добра гойдала. Звяры ж гаспадарылі на палубе. На забітых накінуліся драпежнікі. Слабейшыя хаваліся ад дужэйшых.

Буш прапанаваў такі план: выступіць супраць звяроў с пажарнымі насосамі. Адагнаць іх ад клетак. Перавесці мірных жывёл, напрыклад, зебру, страуса, тапіра, жырафу, у папсаваныя клеткі і як-небудзь іх там заперці, а небяспечных загнаць у цэлыя.

— Я заплачу за гэта,— казаў ён у роспачы.

Тады выступілі супраць звяроў «пажарнікі». За іх спіною — матросы са стрэльбамі. Раз’юшаныя звяры гатовы былі змагацца, але моцны струмень вады прымусіў іх падацца назад.

Аддзяліць звяроў ад клетак было досыць лёгка. Перамясціць тых, што засталіся ў клетках,— таксама не цяжка. Цяжэй было аддзяліць тых няшкодных звяроў, якія былі на палубе разам з драпежнікамі. Дзеля гэтага дзесяткі разоў прыйшлося круціцца па палубе ўзад і ўперад.

І вось, калі займаліся гэтым, на аднаго матроса аднекуль збоку напаў раззлаваны вадой удаў і абкруціўся вакол яго.

— Памажыце! — закрычаў матрос.

Але як было ратаваць? Страляць нельга, бо змяя шчыльна абкруцілася вакол небаракі. Калі ж удава сяк-так забілі, то чалавек ужо быў задушаны...

— Усе мае змеі прапалі! Тры былі — і ўсе загінулі. Яшчэ дзесяць тысяч страты,— застагнаў Буш.

Самая цяжкая справа была — загнаць апошніх звяроў у клеткі. На вялікае гора для Буша, пры гэтым прыйшлося застрэліць яшчэ аднаго тыгра.

Толькі адну гарылу ніяк не маглі загнаць. Яна так і прыехала ў Амерыку на мачце.

На другі дзень у газеце з'явілася яе фатаграфія з подпісам: «Гарыла на мачце карабля». А ў другой газеце артыкул пад загалоўкам: «Бунт звяроў». Публіка зацікавілася звярынцам Буша, кожны захацеў паглядзець на славутых звяроў. Справы Буша адразу палепшыліся, і хутка ён з лішкам вярнуў усе свае страты.

Не было толькі ў газетах фатаграфій тых людзей, што загінулі, не было артыкула аб іх сем'ях. І зусім не чуваць было, каб палепшыліся справы гэтых сем'яў...

 

1935 г.

 


1927; 1935

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах (падпісное выданне). Том другі. Мн., «Маст. літ.», 1975. - 416 с. з Іл.
Крыніца: скан