epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Хата з краю

 

 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

 

Сяргей — хлопчык гадоў 13-ці

Маці

Бацька

Дыверсант

Ніна — 12 гадоў

Андрэй — 8—10 гадоў

Першы калгаснік

Другі калгаснік

Першы пагранічнік

Другі пагранічнік

 

Дзея адбываецца ў прыгранічным калгасе.

Хата. Бацька і маці выпраўляюцца ў дарогу. Дома застаецца Сяргей.

Бацька. Глядзі, Сяргейка, нікуды не выходзь да нашага прыезду. Наша хата з краю: ці мала хто можа сунуць свой нос.

Сяргей. Няўжо ж увесь дзень сядзець у хаце?

Бацька. Калі не ў хаце, дык каля хаты, а далёка адыходзіць не трэба.

Маці. Начысціш на вячэру бульбы. Вось гэты чыгунчык. Намый добра, прынясі трэсак і падрыхтуй усё так, каб адразу можна было варыць, як мы прыедзем.

Сяргей. Добра, зраблю. А вы да ночы вернецеся?

Бацька. Пастараемся вярнуцца.

Маці. А калі спознімся, ты свінню накармі, курэй зачыні і папрасі цётку Марылю, каб карову падаіла.

Сяргей. А вы не пазніцеся. А то я буду ноччу баяцца.

Бацька. Ай-яй-яй! Які сорам! А яшчэ піянер, ды прыгранічны, ды герой, які шпіёна злавіў! Што людзі скажуць, калі даведаюцца, што ты такі баязлівец?

Сяргей. Не ведаю. Але адзін уначы буду баяцца.

Маці. Прыедзем, прыедзем, не бойся. (Ідуць да дзвярэй.) Глядзі толькі, каб усё тут у парадку было.

Бацькі выходзяць. Сяргей выйшаў за імі, але зараз жа вярнуўся з кошыкам бульбы. Прыстасаваўся, пачаў чысціць бульбу ды спяваць на ўсё горла. Праз некаторы час ціханька адчыняюцца дзверы, і паказваецца чалавек з барадой, у надта ўбогай сялянскай вопратцы, у лапцях.

Чалавек аглядае хату. Сяргей не бачыць яго.

Чалавек. Эй, хлопец! Дзе бацька?

Сяргей. Няма. Паехаў.

Чалавек. А маці?

Сяргей. Таксама няма. Разам з бацькам паехала.

Чалавек. А хутка вернуцца?

Сяргей. Абяцалі к вечару. А можа, і спозняцца.

Чалавек. Шкада. А хто яшчэ ёсць у хаце?

Сяргей. Нікога. Я адзін застаўся.

Чалавек (уваходзіць). Вельмі шкада. Надта мне патрэбен твой бацька. Справа да яго ёсць, і даволі важная. Я ўсё ж такі думаю пачакаць. Можна будзе?

Сяргей. Калі ласка, толькі ці захочаце столькі часу сядзець? Яны ж вернуцца позна.

Чалавек. Нічога, пасяджу, адпачну. Вельмі стаміўся. (Садзіцца.)

Сяргей. А вы здалёк прыехалі?

Чалавек. Дзе там ехаць? Прыйшоў. З Папоўшчыны.

Сяргей. А гэта далёка?

Чалавек. Ды вёрст трыццаць будзе. За Кудрычамі.

Сяргей. А колькі гэта будзе на кіламетры? У нас вёрсты не ўжываюцца.

Чалавек. Ды і ў нас таксама. Але я па-старому сказаў. На кіламетры будзе трохі болей. Я, браток, крыху прылягу: змарыўся. (Лажыцца на лаўцы.)

Сяргей. Гэта ваш калгас завецца Папоўшчынай?

Чалавек. Але.

Сяргей. А ў нас такіх назваў няма. Калгас не згадзіўся б насіць такое імя.

Чалавек. І наш калгас носіць назву «Чырвоны... э-э... певень». А Папоўшчына — ранейшая назва вёскі, дзе я жыву. Твой бацька добра ведае яе. Колькі разоў бываў у мяне! Мы ж з ім старыя сябры. Разам ваявалі яшчэ.

Сяргей. З кім?

Чалавек. Ды з палякамі. Многа пагаравалі, але затое заваявалі шчаслівае жыццё.

Сяргей. А чаму ж вы ў лапцях? У нас лапцей не відаць.

Чалавек (жвава ўзняўся). Не відаць, кажаш? Не носяць? Ну, а я пашкадаваў свае новыя боты ў такую дарогу. Навошта дарма іх трапаць? Праўда, нічога не значыць купіць другія, але ўсё ж такі лапці танней, ды і лягчэй у іх ісці. Вы, шчаслівыя савецкія дзеці, не ведаеце, што такое лапці, а мы з тваім бацькам нават на Варшаву ішлі ў лапцях. (Пазяхае.) Але ж затое і злуюць буржуі на нас! Так і пруць, так і лезуць праз кожную шчыліну. У нас у Папоўшчыне кожны дзень ловяць шпіёнаў. А ў вас?

Сяргей. Здараецца часам і ў нас.

Чалавек. У нас не толькі пагранічнікі, але і ўсе сяляне, нават дзеці ловяць шпіёнаў. А табе здаралася злавіць?

Сяргей. Я ў такія справы баюся лезці. На гэта ёсць пагранічнікі, яны дарослыя, з вінтоўкамі. А мне куды совацца на старэйшых? Яны ж дужэйшыя за мяне.

Чалавек. Правільна! Ты, відаць, разумны хлопец. Я свайму сыну таксама кажу: навошта табе лезці ў справы дарослых? Цябе ж адным пальцам могуць раздушыць, як камара якога. Ніколі не было, каб дзеці ўмешваліся ў дзяржаўныя справы: абыдзецца і без іх. Хопіць для гэтага і салдатаў.

Сяргей. У нас чырвонаармейцы, а не салдаты.

Чалавек. Чаму ж гэта ў вас? У нас у Папоўшчыне таксама чырвонаармейцы, але я часам кажу — салдаты, бо сам калісьці быў салдатам. А ў вас чырвонаармейцы ў вёсцы жывуць?

Сяргей. Жывуць патроху...

Чалавек. А застава дзе?

Сяргей. Ды недзе там... Я нават добра не ведаю. Не траплялася бываць. Ды туды і не пускаюць.

Паўза. Чалавек зноў лёг.

Чалавек. Усё ж такі непрыемна жыць ля самай граніцы. Увесь час адчуваеш сябе нібы звязаным. Калі, скажам, цяпер з вашай хаты ды пайсці ў лес, то, напэўна, таксама за табой хто-небудзь пойдзе сачыць? А?

Сяргей. Не ведаю. Мы гэтага не заўважаем.

Чалавек. А адсюль праз лес можна прайсці ў Муравічы?

Сяргей. Не ведаю.

Чалавек павярнуў галаву і падазрона паглядзеў на Сяргея.

Чалавек. Вельмі дзіўна, што ты не ведаеш свайго бліжэйшага лесу.

Сяргей. Лес я ведаю, але ў Муравічы не хадзіў: там балота.

Паўза. Затым чалавек устаў і сеў на лаве.

Чалавек. Слухай, хлопчык!.. Я ўжо забыўся, як цябе завуць...

Сяргей. Сяргей.

Чалавек. Ах, так — Сяргей. Прыпомніў цяпер: калі табе было тры ці чатыры гады, ты прыязджаў да нас з бацькам і з маткай. Дык вось, Сяргейка, пашукай мне якога малака, а то не дачакаюся я твайго бацькі і памру ад голаду. Знойдзецца?

Сяргей (устае і ідзе да дзвярэй). Зараз.

Чалавек. Ты куды?

Сяргей. У склеп. Там малако.

Чалавек. Тады не варта турбавацца. Я пачакаю.

Сяргей. Гэта няцяжка. Я зараз прынясу.

Чалавек. Не, не! Не трэба. Я ўжо не хачу. Лепш ужо дай, калі знойдзецца пад рукой, якую цыбуліну ці кавалак сала.

Сяргей. Пашукаю. (Дастае цыбулю, сала, хлеб.) А то я мігам прынёс бы малака.

Чалавек. Дзякую. Не трэба ўжо. Я трошкі падзакушу, а там і бацька прыедзе. А тады ўжо такую вечарынку наладзім... У цябе, здаецца, яшчэ ёсць браты і сёстры?

Прымаецца за яду. Паўза. Сяргей зноў садзіцца чысціць бульбу.

Сяргей. Ёсць старэйшая сястра.

Чалавек. Так, Волька, здаецца?

Сяргей. Не, Лена.

Чалавек. Выбачай, я хацеў сказаць — Лена. Дзе яна цяпер?

Сяргей. Вучыцца ў Мінску, ва універсітэце.

Чалавек. Глядзі ты, як пайшла! А, здаецца, так нядаўна бачыў яе такой нікчэмнай дзяўчынкай. Мой старэйшы сын таксама вучыцца ў мінскім універсітэце. Пэўна, яны там сустракаюцца. Ці думалі мы з тваім бацькам, што нашы дзеці некалі будуць вучыцца ва універсітэце?.. (Паўза, есць і пазірае ў акно.) Да вас суседзі часта заходзяць?

Сяргей. Ды не! Зусім рэдка. Мы ж жывём наводшыбе.

Чалавек. А ты не баішся, што які шпіён можа зайсці?

Сяргей. А што ён мне зробіць, калі я яго не чапаю?

Сяргей схапіў вядро і пасунуўся да дзвярэй.

Чалавек. Разумны, відаць, з цябе выйдзе чалавек. Куды ты?

Сяргей. Вады трэба прынесці, бульбу памыць.

Чалавек. А навошта табе спяшацца? Ты б пачакаў, пакуль маці прыйдзе. А то мне не хацелася б аднаму ў чужой хаце аставацца. Яшчэ ўбачыць хто ды падумае...

Сяргей. Ды студня тут, пад акном.

Сяргей выбег за дзверы. Чалавек памкнуўся быў за ім, потым кінуўся да акна і пачаў сачыць. На твары з’явілася трывога, потым злосць. «У-у, гадзюка!» — прасіпеў ён і нарыхтаваўся ўцякаць. Але, відаць, яму прыйшоў у галаву нейкі план, і ён спыніўся. Увайшоў Сяргей. Чалавек (будзем ужо называць яго дыверсантам) кінуўся да яго, схапіў за плечы.

Дыверсант. Ты што казаў той дзяўчынцы?

Сяргей. Каб яна прынесла мне мой ножык.

Дыверсант. Ах ты, шчанё! Ты думаеш, я нічога не бачу і не разумею? Ты думаў мяне ашукаць? Не, браток,— наскрозь цябе бачу. Задушыць цябе зараз трэба, як жабу. Але рук паскудзіць не хачу. А каб ты мне не пашкодзіў, я зараз цябе скручу.

Дыверсант завязаў Сяргею рот, скруціў рукі і ногі, а потым загарнуў яго ў коўдру. Сяргей не мог нічога чуць і бачыць. Нібы вялікі клунак, ляжаў ён сярод хаты. Дыверсант адчыніў дзверы, а сам схаваўся пад кажух і іншае адзенне, што вісела на сцяне над лавай. Сяргей варушыўся сярод хаты. За акном пачуліся галасы: «Ля вокнаў станавіцеся!» «З таго боку глядзіце!» Потым у дзверы глянуў калгаснік са стрэльбай, за ім другі — з віламі. А ззаду пазіралі Ніна і Андрэйка з вялізнай пугай у руцэ.

Першы калгаснік. Нікога няма! Спазніліся!

Другі калгаснік. Хлопчыка няма! Можа, з ім што здарылася?

Цюк заварушыўся. З крыкам: «Гэта ён!»— калгаснікі развязалі Сяргея.

Сяргей. Ён уцёк!.. Звязаў мяне, а сам уцёк... Даганяйце... Ён з барадой, на ім убогая вопратка і лапці...

Калгаснікі. А ты цэлы? Здаровы? Можа, што табе трэба?

Сяргей. Не, не! Мне нічога не трэба. Мне нідзе не баліць... Лавіце яго... Ён павінен быць блізка.

Калгаснікі. Бежымо!

Яны пабеглі, а Ніна і Андрэйка засталіся з Сяргеем.

Ніна. А я так бегла, так спяшалася — і не паспела...

Сяргей. Ён, пракляты, здагадаўся, што я табе сказаў, і ледзь не задушыў мяне.

Андрэйка. А каб ён да мяне, то я яго пугай — жжах! жжах! (І ён некалькі разоў «жахнуў» сваёй пугай, зачапіўшы кажух, пад які схаваўся дыверсант.)

Сяргей. Эх ты! Так ён і пабаяўся тваёй пугі. Гэтыя бандыты нічога не баяцца. На тое яны і бандыты. (Смяецца.) Але ж і пацеха была з нашай гутаркі! Ён гаворыць мне пра дружбу з маім бацькам, пра тое, як яны разам ваявалі, а я слухаю сабе і думаю: «Пляці, пляці — няма дурняў, каб верыць».

Ніна. І ты не баяўся адзін з ім гаварыць?

Сяргей. Чаго баяцца? Мы ж з ім па-прыяцельску балакалі. Я, напрыклад, казаў, што баюся звяртаць увагу на шпіёнаў, а ён мяне за гэта хваліў: «Разумны, кажа, хлопчык». (Смяюцца.)

Андрэйка. А які ў яго выгляд? Страшны?

Сяргей. Не такі ўжо страшны, але смешны — нейкая дзіўная світка, лапці. У кнізе на малюнках я бачыў такіх, жабракамі называліся. Ён не ведаў, што ў нас такіх няма, і ўбраўся па-іхняму. Дурань! (Смех.)

Ніна. Ой, каб толькі ён не ўцёк! Ці зловяць яго?

Сяргей. Зловяць! Нікуды не дзенецца. Не такіх лавілі.

Андрэйка. А я тады яго пугай. (І ён «жахнуў» па кажуху.)

Сяргей. Храбры ты па кажуху біць. А каб убачыў яго самога, то, пэўна, закрычаў бы ад страху і пабег.

Андрэйка. А вось і не! Я злавіў бы яго і перадаў пагранічнікам.

Сяргей і Ніна (смяюцца з яго). Сам? Сваімі рукамі? О-о, які ты герой!

Знадворку крык: «Ніна! Андрэйка! Дзе вы? Ідзіце есці!»

Ніна. Мама кліча. Хадзем!

Андрэйка і Ніна выбеглі з хаты. Сяргей зноў прыступіў да сваёй бульбы. Зноў напявае ды пасвіствае. І не бачыць, як з-пад кажуха выглядае дыверсант, паціху вылазіць, крадзецца ззаду. Схапіў адной рукой Сяргея за шыю, а другой прыкрыў яму рот, каб не закрычаў. Але Сяргею было не да крыку: ад жаху ён самлеў і абмяк, як мяшок.

Дыверсант. Самлеў, герой? Нічога, зараз асвяжу, і ачуняеш. (І ён сунуў галаву Сяргея ў вядро з вадой. Сяргей ачуняў і пачаў дрыжаць.) Ну, што, прыяцель? Убачыліся яшчэ. На гэты раз ты ўжо не выкруцішся! Чаго дрыжыш, герой? Што? І плакаць пачынаеш? Позна, браток. Трэба было раней падумаць, чым рызыкуеш. У такіх справах няма жартаў... Аднак павінен табе сказаць, што ты маеш вялікае шчасце: ты і цяпер можаш застацца жывым, калі захочаш. Сядай вось тут (садзіць Сяргея на лаву) і слухай мае апошнія словы. Ты павінен вывесці мяне патаемнымі сцежкамі на Муравічы. Калі выведзеш шчасліва, застанешся жыць, калі не — загінеш. Разумееш?

Сяргей. Не... ведаю...

Дыверсант. Тады прыйдзецца табе загінуць.

Сяргей. Ве...ве...даю.

Дыверсант. Тады рыхтуйся ў дарогу. Хоць ты і шкоднае стварэнне, але адну заўвагу зрабіў вельмі карысную для мяне: маё адзенне сапраўды не падыходзіць для вас. Я зараз пераапрануся. Давай сюды бацькава адзенне і боты! Хутчэй!

Сяргей. Няма... Бацька сам адзеў.

Дыверсант. Што? Адзеў усё адзенне, якое толькі меў? (Убачыў пінжак.) А гэта што? (Тупнуў нагой.) Зараз жа падаць сюды боты!

Сяргей. Боты бацька абуў.

Дыверсант. Тады давай бацінкі якія, ці што. Ну, жыва! Няма часу мне з табой валаводзіцца.

Сяргей марудна пачаў шукаць. Разам з ім шукаў і дыверсант. Нарэшце ён убачыў нешта ў кутку пад ложкам.

Хадзі сюды! Глянь! Што гэта такое? Дастань іх.

Сяргей дастаў яму боты.

Ты ўсё яшчэ хітруеш, хлопец? Ты ўсё яшчэ спадзяешся ашукаць мяне! Дарэмна, браток. Гэта табе не ўдасца.

Здымае лапці, абувае боты, а Сяргей тым часам падышоў да стала, пачаў есці і нешта такое рабіць пад шапкай; заняты дыверсант нічога не бачыў.

Лепш падумай аб тым, як выратаваць сваё жыццё. А то калі ўвядзеш мяне ў злосць, то не пагляджу, што ты мне патрэбен, і раздушу цябе, як чарвяка. Маеш шчасце, што я добры і цярплівы. (Абуўся.) Ну, хадзем! А каб ты не думаў, што я жартую, каб ты зусім пакінуў надзею ашукаць мяне,— мы зробім табе нашыйнік, вось такі (ён завязаў на шыю Сяргею вяровачку). Цяпер я прасоўваю ззаду руку і пяшчотна трымаю цябе за шыю, як бацька любімага сына. А калі хоць крыху варухну рукой вось так, о...

Ён трохі напяў руку, і Сяргей захрыпеў, высунуў язык.

Бачыш, як добра выходзіць? І не ўцячэш, і крыкнуць не паспееш, і людзі будуць думаць, што гэта бацька і сын. А калі напаткаем каго з вашай вёскі, ты скажаш, што вядзеш свайго дзядзьку, які захварэў на вочы і дрэнна бачыць. Разумееш?

Сяргей. Разумею...

Дыверсант. Будзеш памятаць?

Сяргей. Буду...

Дыверсант. Павядзеш чэсна ці думаеш яшчэ хітраваць?

Сяргей. Павяду...

Дыверсант. Тады ідзём хутчэй. А ў Муравічах мірна развітаемся, і ты шчасліва выратуешся ад смерці, якую заслужыў сваімі паводзінамі. А шапку чаму не ўзяў?

Сяргей. Мне яна непатрэбна.

Выйшлі. Некаторы час нікога няма. Затым паказаліся Андрэйка са сваёй пугай і Ніна.

Андрэйка. Няма! Я ж табе сказаў, што гэта ён!

Ніна. Ды з кім жа ж і навошта ён мог пайсці ў лес? Бацька, бачыш, не прыехаў яшчэ.

Андрэйка. Ну, тады гэта не бацька.

Ніна. А хто? Каму з нашых мужчын трэба было ісці, абняўшыся з Сяргеем, у лес?

Андрэйка (думае). Не ведаю. Але я пазнаў — то быў Сяргейка.

Ніна. З кім жа?

Андрэйка. Ну, а можа, гэта быў... шпіён?

Ніна. Ха-ха-ха! Шпіён? Той, што далёка ўжо ўцёк? Ха-ха-ха! І Сяргей, з ім абняўшыся, пайшоў гуляць? Ха-ха-ха! Ну і дурны ж ты, Андрэйка!

Андрэйка. А калі больш няма на каго падумаць?

Ніна. Ну, значыць, то быў другі хлопчык са сваім бацькам — вось і ўсё. Пойдзем цяпер пашукаем Сяргея.

Выйшлі. Зноў некалькі часу сцэна пустая. Потым уваходзяць Сяргеевы бацькі.

Маці. А людцы мае! Што ж тут такое робіцца? Нібы пагром які. Сяргей! Куды ж ён дзеўся, прайдзісвет гэты?

Бацька. Я ж яму пакажу! Казаў, каб нікуды не адыходзіў, пакуль мы не вернемся.

Маці (прыбірае хату). І што ён тут вытвараў, ніяк не зразумець! У вайну якую гуляў, ці што? Але чаму не прыбраў? Чаму паляцеў немаведама куды? Сяргей! Во! — лапці нейкія прывалок. Адкуль і навошта? Сяргей!

Бацька. А тут яшчэ нейкая жабрацкая світка? Ах, каб яго!.. Перавярнуў увесь дом дагары нагамі і сам знік. Уся адзежа параскідана. А дзе мой пінжак? Ён тут вісеў. Ты не бачыла?

Маці. Ды ён тут вісеў, я яго не чапала. А матачкі мае, куды ж ён дзеўся? Ці не ўкраў хто? Слухай, Рыгор, а можа, гэта злодзей тут пагаспадарыў?

Бацька хуценька сунуўся туды, дзе павінны былі ляжаць боты.

Бацька. Боты мае новыя! Няма! Укралі! Вось што ён нарабіў! Пакінуў хату, а тут пачысцілі яе. Вось да чаго даводзіць непаслухмянства!..

Уваходзяць камандзір і чырвонаармеец. За імі — адзін з калгаснікаў, што былі раней. Каля іх Андрэйка з пугай круціцца, а таксама Ніна.

Маці. Таварышы даражэнькія, дапамажыце! Абакралі нас.

Камандзір. Абакралі?

Бацька. Але. Боты новыя і пінжак укралі.

Камандзір. А болей нічога?

Бацька. Здаецца, нічога. Ды вось на абмен пакінулі світку падраную і лапці.

Камандзір. Ага! Так. Вазьміце гэта, таварыш Краўчанка. А хлопчык дзе?

Маці. Няма яго. Збег некуды. А тым часам і абакралі.

Камандзір (да Ніны і Андрэйкі). А вы не ведаеце, дзе ён?

Ніна. Не ведаем.

Андрэйка (штурхае Ніну ў бок, ціханька). Я табе кажу, што гэта быў ён.

Калгаснік. Калі мы пагналіся за шпіёнам, то хлопчык заставаўся тут, у хаце.

Камандзір (задумаўся, потым заўважыў на стале шапку). А гэта яго шапка?

Маці. Ягоная.

Камандзір узяў шапку і знайшоў у ёй запіску. Разгарнуў, прачытаў:

«Я вымушан весці яго ў Муравічы. Павяду праз імшанік, яловы бор і балота, да зламанага дуба. Асцярожней. Калі ён вас убачыць, то мяне задушыць».

Камандзір. Малайчына, хлапец! Зараз мы яго вызвалім. (Выходзіць.)

Андрэйка (да Ніны). Ага! Я табе казаў, што гэта Сяргейка! Ага! Я казаў, што гэта быў шпіён. Ага! А ты смяялася. Ага! Мая праўда выйшла. Ага!..

Ніна. Адчапіся! Нічога ты не ведаў, а сказаў так сабе, па дурасці... (Абое выйшлі з хаты.)

Маці. А мой жа ж Сярожанька! У якую бяду ты трапіў! Цябе задушыць хочуць, каб іх усіх пазадушвала!..

Калгаснік. Ды кінь ты галасіць, старая! Ніякай бяды з тваім сынам не будзе, калі ўзяліся за гэтую справу пагранічнікі.

Бацька. Але я ўсё ж такі зусім не разумею, што такое рабілася ў маёй хаце. Можа, ты ведаеш, Антон?

Калгаснік. Ды шпіён забраўся ў тваю хату.

Бацька. І ўкраў боты разам з хлопцам? Зноў нейкае дзіва. Да гэтага часу мой хлапец сам лавіў шпіёнаў разам з іхнімі ботамі.

Калгаснік. А тут нейкім чынам яго злавілі. Як усё гэта выйшла, уцяміць не магу. Гэты дыверсант звязаў твайго сына і сам уцёк. Мы развязалі хлопца, пакінулі яго тут у хаце і пагналіся за шпіёнам. А цяпер бачым, што ён зноў тут быў і во што нарабіў.

Бацька. Выходзіць, што ён уцякаў ад вас назад у хату?

Калгаснік (паціскае плячамі). Выходзіць, нібы так.

Бацька. І ніхто гэтага не бачыў, хоць увесь народ быў на нагах?

Калгаснік. А ліха яго ведае, як гэта адбылося! Пачакаем крыху, зараз усё высветліцца.

Маці. Хоць бы ўсё добра выйшла! А то ў мяне сэрца рвецца на кавалкі. Во і бульбачку пачысціў, мой любенькі, ды не паспеў памыць. Вораг пракляты наляцеў як каршун.

Калгаснік. Хай сабе лезуць. Усё роўна пераловім.

Маці. А тым часам колькі бяды ад іх, каб яны падохлі. (Прыслухоўваецца, глядзіць у акно.) Машына пад’ехала.

Бяжыць да дзвярэй. Уваходзяць Сяргей і камандзір. Сяргей у бацькавым пінжаку, а ў руках боты.

Камандзір. Вось вам сын, цэлы і здаровы. І з ботамі. Малайчына, хлопец! Мы яшчэ будзем аб гэтым гаварыць. А пакуль — бывайце! (Выйшаў.)

Маці кінулася абдымаць сына, прыгаварваючы: «Сынок мой! Любенькі! Нацярпеўся, гаротны!» Бацька бярэ боты, недаверліва аглядае іх.

Бацька. Во як запэцкаў, пракляты! Кажы ж, сынок, хутчэй, што з табою было?

Сяргей. Ой, як здорава яго схапілі! Ідзём мы сабе па лесе, ён усё трымае мяне вось так за шыю. Ціха навакол, нідзе нічагусенькі: раптам — цап! — і ён у руках пагранічнікаў. Нават сціснуць мне шыю не паспеў.

Маці. Ай-яй-яй! Вось гад кусачы!..

Бацька. Ты раскажы нам усю гісторыю па парадку.

Сяргей. Зараз, зараз. Піць толькі хочацца.

Маці. Пачакай трошкі, я малачка прынясу!..

 

ЗАСЛОНА

 

1938 г


1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах. Том чацвёрты. — Мн., «Маст. літ.», 1976. — 408 с.
Крыніца: скан