epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Цётка Эмілія

1
2
3
4
5
6
7
8


 

1

 

У сям’і Турчыні быў звычайна такі парадак: дваццацітрохгадовы гаспадар дома Антоніо ішоў на працу ў лялькавую майстэрню сіньёра Пучыо; маці яго, Юлія, гаспадарыла ў хаце і, апрача таго, шыла для лялек адзенне, калі Антоніо часам з асаблівай ласкі Пучыо прыносіў заказ на дом; дзве шасцігадовыя сястрычкі-блізняткі, Аніта і Лючыя, падобныя адна на адну так, што часам сама маці блытала іх, дапамагалі матцы і гаспадарыць, і адзенне для лялек шыць, і яшчэ заставалася часу на двары з дзецьмі пагуляць; а цётка Эмілія, старэйшая маміна сястра, хадзіла на працу ў садова-агародніцкае прадпрыемства сіньёра Бугіні. Але праца гэтая была не сталая, з перапынкамі.

У цёткі Эміліі муж загінуў у вайне з Абісініяй, а сын — у партызанскай барацьбе з нямецкімі і сваімі, італьянскімі, фашыстамі. Цётка Эмілія засталася адна і жыла ў сваёй сястры Юліі. Юлія таксама была ўдавой: яе муж два гады назад быў забіты паліцыяй на першамайскай дэманстрацыі.

Жылі яны на адной з ускраінных вуліц горада Турына ў вялікім старым мураваным доме з паўсотняй маленькіх кватэрак. Дом гэты, пабудаваны на схіле ўзвышша, называлі — «вулей Скаролі», па прозвішчу старога сквапнага ліхвяра. Дом быў злеплены так недарэчна, што вокны ў ім знаходзіліся на розных ўзроўнях, нібы хто напрабіваў дзірак у сцяне, як яму ў галаву ўзбрыло.

На другім паверсе сям’я Турчыні займала «паўтара пакоя» — пакой звычайны і цёмны катушок, дзе спала цётка Эмілія. Бедная была кватэра, нізкая, цёмная, з дзіркамі ў падлозе і сценах, але жыхары яе аднаго разу сказалі:

— Хто пастанавіў, што кватэры бедных людзей абавязкова павінны быць запушчанымі, бруднымі, няўтульнымі?

І кватаранты ўзяліся за работу. Дзіркі ў сценах жанчыны замазалі глінай і вапнай. Расхлябаныя вокны і дзверы Антоніо залатаў і замацаваў планкамі і жалезкамі, а потым паступова дробныя кавалкі шкла замяніў цэльнымі шыбамі. Няцяжка было падправіць глінай і печку. Затым усё гэта пабялілі мелам з клеем. Знайшлі і кавалачкі дошак, каб залатаць падлогу. Пасля заставалася толькі падтрымліваць кватэру ў такім жа стане, гэта значыць, зараз жа папраўляць там, дзе пачынае разлазіцца, а не чакаць, пакуль знак будзе вялікі. Гэта справа зусім лёгкая для тых, хто прывык сачыць за парадкам, і вельмі цяжкая для тых, хто гэтакай прывычкі не мае. Сям’я Турчыні яшчэ ад свайго бацькі набыла гэтую прывычку, таму кватэра нумар чатырнаццаць зрабілася лепшай ва ўсім «вуллі Скаролі». На вокнах — чыстыя фіранкі з старой бялізны, на падлозе — саламяныя цыноўкі; старыя, ламаныя ложкі замацаваны дротам і заўсёды акуратна прыбраныя.

Аднаго разу зайшоў сюды сам гаспадар, высокі, згорблены, паголены стары з падбародкам, высунутым наперад, бы дышаль. Спыніўся ля парога, агледзеў пакой і кажа:

— У вас самая лепшая кватэра ў доме, а вы плоціце столькі сама, колькі ўсе.

— Бо мы яе наладзілі і трымаем у парадку,— адказала Юлія.

— Кватэра ўсё роўна застаецца маёй, і знойдуцца кватаранты, якія заплоцяць болей.

— Тады мы зробім яе такой, якой яна была раней,— сцяўшы губы, адказала Юлія.

Сіньёр Скаролі нібы ўсміхнуўся:

— А хіба вы не ведаеце, што за наўмыснае псаванне чужой маёмасці судзяць гэтак жа сама, як за крымінальнае злачынства?

— Сіньёр Скаролі! — крыкнула абураная жанчына.— Гэта ж няправільна! Мы ж для вас лепей зрабілі.

— Для мяне? — шчыра здзівіўся гаспадар.— Хіба я тут жыву? Вось калі вы ці хто іншы мне больш заплоцяць, тады я скажу, што сапраўды для мяне лепей.

Калі ён выйшаў, Юлія ледзь не заплакала ад крыўды і злосці.

Пад вечар прыйшла Эмілія, высокая, строгая жанчына з вялікімі чорнымі вачыма і сівізной у чорных валасах.

Зараз жа прыйшоў і Антоніо, ладны хлопец з кудлатымі чорнымі валасамі, якія на скронях апускаліся да палавіны шчок.

Калі маці расказала пра наведванне Скаролі, Антоніо гатоў быў бегчы яго біць.

— Вось, гад пракляты, да чаго дадумаўся! Ды я зараз жа прывяду кватэру ў такі стан, што за яе не дадуць і таго, што мы плоцім.

— А можа, ён толькі так сказаў? — прамовіла цётка Эмілія.— Можа, цяпер ён аб гэтым і не думае?

— Такі крывасмок не адмовіцца садраць лішнюю ліру,— адказаў Антоніо.— Хай тады будзе ні нам, ні яму.

— Трэба добра падумаць, Антоніо,— сказала маці.— Ён пагражае судом, калі мы наўмысля папсуём кватэру.

— А для гэтага ён павінен спачатку прывесці сведак, якія пабачылі б цяперашнюю нашу кватэру, а потым засведчылі б, якое разбурэнне мы зрабілі. Значыцца, пакуль сведак няма, можна разбураць, а потым будзе позна,— ірваўся ў бой Антоніо.

Цётка Эмілія паківала галавой і сказала:

— Пачакай трошкі, не гарачыся. А ці падумаў ты, што ён можа павялічыць плату і за разбураную кватэру. Ён, напэўна, так і зрабіў бы са злосці. Што тады будзеш рабіць, куды дзенешся? Калі хочаш адпомсціць, то падрыхтуй спачатку другую кватэру.

— Дзе ты яе знойдзеш за нашы грошы? — безнадзейна сказаў Антоніо.

— Значыцца, «за нашы грошы» мы і адпомсціць не можам,— усміхнулася цётка Эмілія.— А пакуль што паспрабую я сама зайсці да яго. Не можа быць, каб ён не зразумеў сваёй карысці.

Яна ўзяла свой зялёны сшытак, з якім ніколі не разлучалася, і выйшла.

Вярнулася праз хвілін сорак. У вачах яе паблісквала ўсмешка. Уся сям’я нецярпліва чакала, што яна скажа. А сказала яна наступнае:

— Я ўсё ж такі пераканала яго, што павялічваць плату з такіх кватарантаў, як мы, яму зусім нявыгадна. Бо тады ўсе іншыя кватаранты будуць баяцца папраўляць свае кватэры, ад гэтага ўвесь дом будзе хутчэй разбурацца і даваць менш прыбытку. Слова «прыбытак» зрабіла сваю справу — і ён абяцаў не чапаць нас.

— І гэта ён лічыць за вялікую ласку? — злосна прамовіў Антоніо.

— Хай сабе лічыць як хоча, абы не чапаў нас,— супакоілася маці.

Эмілія з усмешкай казала далей:

— Я нават пераканала яго, што нам за рамонт варта паменшыць плату.

— Паменшыць?! — ускрыкнулі маці і сын так, што аж дзяўчынкі спалохаліся.

— Але. Ён згадзіўся са мной, што тады і кожны яго кватарант будзе старацца рамантаваць сваю кватэру, і такім чынам умацуецца і захаваецца ўвесь дом.

— Згадзіўся?!

— Згадзіўся, што так можа быць, але паменшыць, вядома, не адважыўся — такога геройства ад яго чакаць нельга. Але затое ў яго хапіла храбрасці вось на што...

Цётка Эмілія разгарнула свой сшытак і выняла бланк са зваротам Сусветнага Савета Міру аб падпісанні пяццю вялікімі дзяржавамі Пакта Міру. На бланку было дзесяткі два подпісаў, і апошні... Скаролі!

— Не можа быць! — здзівіліся маці, сын і нават дзяўчынкі.

— Нічога дзіўнага не бачу,— спакойна адказала цётка Эмілія.— Хоць ён і паганы чалавек, але вайны не жадае, мусіць, гэтак жа шчыра, як і ўсе мы. Хаця б таму, што ад вайны ён не можа чакаць ніякага прыбытку, бо не такі ён дужы і багаты драпежнік. Вайну жадаюць толькі самыя багатыя і самыя злачынныя людзі.

Цётка Эмілія паглядзела ў свой сшытак, нешта падлічыла і сказала:

— Сіньёр Скаролі будзе ў мяне чатырнаццаць тысяч шэсцьсот сорак пятым.

 

2

 

Чатырнаццаць тысяч шэсцьсот сорак пяць...

Гэтая лічба азначае колькасць подпісаў, сабраных цёткай Эміліяй пад зваротам Сусветнага Савета Міру. Цэлы год вядзе яна гэту высакародную працу. Ходзіць па вуліцах горада, па кватэрах, адпраўляецца далёка за горад, едзе поездам яшчэ далей, тыднямі не бывае дома. Летам знясільвае спякота, зімой мучаць халодныя дажджы, а яна ўсё ідзе ды ідзе ад вёскі да вёскі, ад хаты да хаты.

Часта ёй кажуць:

— Ці варта за адным подпісам ісці некуды далёка, за некалькі кіламетраў? Хто будзе ведаць, што нейкі там Нікала Пікала, які жыве недзе наводшыбе, падпісаў адозву?

— Ён сам будзе ведаць,— адказвала Эмілія.— Сам будзе памятаць, што абяцаў падтрымліваць мір. А гэта самае важнае. Калі-небудзь спатрэбіцца і яго дапамога. З адзінак набіраюцца мільёны, а затым дзесяткі і сотні мільёнаў.

Аднаго разу ў Турыне на бульвары афіцэр задаў ёй такое пытанне:

— А як праверыць усе гэтыя подпісы? Можа, зборшчык са сваёй сям’ёй і прыяцелямі, седзячы ў хаце, за гадзіны дзве падпісаліся дзесяць тысяч разоў?

Людзей навакол было многа, і пытанне афіцэра зацікавіла іх. Яны паглядзелі на цётку Эмілію, чакаючы яе адказу.

Эмілія спакойна сказала:

— А ці пайшлі б вы на вайну, пасядзеўшы са сваёй сям’ёй і прыяцелямі гадзіны дзве ў хаце і выдумаўшы сабе дзесяць тысяч прозвішчаў салдат?

Пачуўся дружны смех прысутных. Збянтэжаны афіцэр крыкнуў:

— Якое ж гэта параўнанне? Там сапраўдная вайна, на якую патрэбны сапраўдныя салдаты, а тут усяго толькі пажаданне невядомых людзей.

— Не пажаданне, а патрабаванне,— паправіла Эмілія,— за якое таксама трэба змагацца.

Дзесяткі рук пацягнуліся да цёткі Эміліі, каб падпісацца: стары рабочы, студэнт, маладая дзяўчына, старая бабуля, салідны інтэлігент... Афіцэр пастаяў, паглядзеў і падышоў бліжэй.

— Дазвольце тады і мне падпісацца! — сказаў ён.

— Правільна робіце, дарагі таварыш! — пачуліся галасы.

— Янкі!!! — крыкнуў нейкі хлопчык.

Афіцэр уздрыгануўся, скоса зірнуў убок, рука зрабіла на паперы лішні крук, але подпіс храбра быў даведзены да канца.

Уздоўж бульвара павольна праехала адкрытая легкавая машына. Разлёгшыся на сядзенні, у ёй ехалі два амерыканскія афіцэры з тоўстымі сігарамі ў зубах.

— Цётачка! — пачуўся за спіной Эміліі тонкі мужчынскі голас.— Давай хутчэй падпісацца. Як убачыў іх, аж рукі засвярбелі.

Наперад праціснуўся шчуплы чалавечак, па выгляду рамеснік. Але падпісацца ён не паспеў: да іх ужо бег карабінер...

Па закону цётку Эмілію і тых, хто падпісвае паперу, прыцягнуць да адказнасці нельга, бо ў звароце нічога «незаконнага» няма. Але ў ім гаворыцца пра Мір. А гэтае слова для амерыканскіх гаспадароў самае небяспечнае, бо яно, як кажа прэзідэнт Трумэн, пагражае Злучаным Штатам Амерыкі «катастрофай». Таму карабінер італьянскага горада Турына, што знаходзіцца за дзесяць тысяч кіламетраў ад Амерыкі, падбег да цёткі Эміліі і выхапіў з рук яе сшытак.

— Што гэта такое? — абурылася Эмілія.— Аддайце сшытак!

— Не маеце права! — загулі навакол.— Тут ніхто нічога незаконнага не рабіў.

— Мне загадана такіх зборшчыкаў затрымліваць,— адказаў карабінер.— Пойдзем да начальніка, ён разбярэ.

— А калі я не пайду? — горда сказала Эмілія.

Тут умяшаўся рамеснік:

— Пойдземце, сіньёра! — сказаў ён Эміліі.— Я буду сведкам, і яны будуць вымушаны прасіць у вас прабачэння.

Яны пайшлі — карабінер побач з Эміліяй, а рамеснік ззаду. Эмілія прыгледзелася да карабінера — відаць, просты цёмны сялянскі юнак. Тады яна звярнулася да яго:

— Скажыце, малады чалавек, вам вельмі хочацца, каб зноў была вайна?

Той здзіўлена паглядзеў на яе — ці не падвох які? — і нічога не адказаў. Эмілія паўтарыла сваё пытанне. Карабінер неахвотна буркнуў:

— А хто ж можа жадаць вайны? За гэта вас і цягаюць.

— За што?

— Ды за тое, што вы падбухторваеце да вайны.

— Што вы гаворыце?! — усклікнула ашаломленая Эмілія.— Ды пацікаўцеся самі, за што нас цягаюць, прачытайце гэтую паперу, што падпісваюць усе чэсныя людзі.

— Ведаем мы вас! — адказаў карабінер.— Камуністы патрабуюць, каб іх ніхто не чапаў, калі яны самі будуць нападаць на другіх. Яны хочуць, каб мы раззброіліся, а Расія тады нападзе на нас.

— Слухайце,— мякка сказала цётка Эмілія,— ды прачытайце вы самі, хто чаго патрабуе. Гэта ж цікава. Чаму ж вам самому не азнаёміцца? Усе ведаюць, падпісваюць, а вы нібы з неба зваліліся, зусім не ведаеце, у чым справа.

Спакуса, відаць, узяла хлапца. Як дысцыплінаваны служака, які баіцца страціць сваю пасаду і апынуцца на вуліцы без працы, ён слухаў толькі тое, што казала начальства. А цяпер прапануюць яму самому азнаёміцца з той паперай, якая ў яго ў руках. Ён азірнуўся, нібы прыглядаючыся, дзе б можна было прыладзіцца, каб не ўбачыў другі карабінер.

— Мы заслонім вас,— прапанавала Эмілія,— а вы вось тут і прачытайце.

І пад аховай «арыштаваных» карабінер у кутку ля брамы прачытаў зварот.

Некалькі часу ішлі далей моўчкі. Нарэшце Эмілія спытала:

— Ну што, знайшлі там тое, што вы казалі?

— Здаецца, не,— адказаў карабінер, не гледзячы на цётку Эмілію.— Але гэта не мая справа.

— Не, дружа! — горача загаварыла Эмілія.— Гэта справа ўсіх нас: і мая, і твая, і тваіх бацькоў, якім прыйдзецца праводзіць цябе на смерць, гэта справа ўсіх матак, жонак і дзяцей у нашай краіне. Толькі амерыканскія капіталісты могуць жадаць вайны, а табе жадаць няма ніякага сэнсу.

— Ды хіба я казаў, што жадаю? — пакрыўдзіўся карабінер.

— А калі не, то павінен падаць свой голас, падпісаць гэтую самую адозву.

— Я магу і без подпісу не жадаць вайны,— адказаў карабінер і трохі адсунуўся ад цёткі Эміліі, каб не прадаўжаць далей непрыемную гутарку. Але думка аб гэтай справе, мусіць, засела ў яго галаве, бо праз хвіліну ён сам звярнуўся з пытаннем да сваёй спадарожніцы:

— А калі падпісацца, дык няўжо тады і сапраўды не будзе вайны?

Эмілія на гэта адказала:

— Калі падпішуцца ўсе тыя, хто не жадае вайны, тады ўжо, напэўна, ніхто не адважыцца распачынаць вайну, бо ахвотнікаў ваяваць застанецца, можа, адзін на мільён. А калі кожны вось так будзе думаць сам сабе, што не жадае вайны, а свайго голасу не падасць, то невялікая кучка людзей зноў пагоніць усіх на вайну, як было да гэтага часу.

Далей зноў пайшлі моўчкі. Спыніліся ля аднаго прысадзістага мураванага дома, праз брудныя, абшарпаныя дзверы ўвайшлі ў вялікі змрочны калідор, прайшлі да самага канца яго, дзе быў кабінет начальніка паліцэйскага ўчастка. Карабінер на хвілінку ўвайшоў у кабінет, а затым выйшаў і прапусціў туды цётку Эмілію. За ёй памкнуўся быў рамеснік, але яго не пусцілі.

За сталом сядзеў заціснуты ў мундзір паліцэйскі афіцэр з чорнымі вусікамі. У руках яго быў сшытак цёткі Эміліі.

— Вы, значыцца, зборшчыца подпісаў пад камуністычнай пракламацыяй? — сурова спытаў ён Эмілію.

— Я прасіла б вас азнаёміцца з гэтай паперай, тады вы ўбачылі б, якая гэта пракламацыя,— адказала яна.

— Гэта мы ведаем і без вас,— строга сказаў начальнік,— а вам я параіў бы больш такімі справамі не займацца.

— Чаму? Хіба я раблю нешта супрацьзаконнае? Хіба жадаць мірнага жыцця — гэта злачынства?

— Ваша злачынства ў тым,— строга сказаў начальнік,— што вы парушаеце парадак у горадзе: збіраеце вакол сябе натоўп людзей, затрымліваеце рух.

— Выбачайце, што вы гаворыце?..— не вытрымала здзіўленая Эмілія.

Начальнік падняў руку і спыніў яе.

— Пачакайце! За ўсё гэта вас трэба прыцягнуць да адказнасці. Але паколькі вы ў мяне першы раз, я раблю вам толькі папярэджанне: калі вы і надалей будзеце тое самае рабіць, то могуць быць горшыя непрыемнасці.

Цётка Эмілія нахмурылася і гнеўна сказала:

— Вы не маеце права праследаваць людзей толькі за тое, што яны хочуць міру.

— Калі трэба будзе, то права знойдзецца,— сказаў начальнік, устаючы,— а пакуль дзякуйце, што я вас адпускаю.

Ён узяў сабе бланк з подпісамі, а сшытак падаў Эміліі.

— А бланк чаму забралі? — ускрыкнула яна.— Вы не маеце права...

— Зноў гэта самае «права»! — крыва ўсміхнуўся паліцэйскі афіцэр.— Шчыра раю вам: ідзіце дадому, пакуль не позна.

Цётка Эмілія выйшла за дзверы. Там стаялі рамеснік і той самы карабінер.

— Мне трэба ісці? — спытаў рамеснік.

— Не трэба,— адказала Эмілія.— Мяне адпусцілі.

— Адпусцілі? — перапытаў карабінер, і ў тоне яго Эмілія пачула задавальненне.

— Адпусцілі, таварыш,— па-сяброўску адказала яна.— Сам бачыш цяпер, што патрабаваць міру і паліцыя не можа забараніць.

— Давайце цяпер мне падпісацца,— папрасіў рамеснік.

— Калі ласка, вось тут,— сказала Эмілія, падаючы яму чысты бланк; пра адабраныя подпісы яна пры карабінеру не хацела казаць.

Рамеснік тут жа, на паліцэйскім падаконніку, падпісаўся. Эмілія бачыла, што ў душы маладога карабінера адбываецца барацьба: простая чэсная натура цягнула яго да сваіх людзей, але служба...

— Не бойся быць высакародным чалавекам,— ціха сказала яму цётка Эмілія і падсунула бланк.

Затым яны з рамеснікам зноў засланілі карабінера, як тады, на вуліцы. Хлапец хуценька падпісаўся і пайшоў прэч, зірнуўшы на сваіх выпадковых знаёмых так, нібы яны даўно ўжо былі яго сябрамі.

— Як ён задаволены, што падпісаўся! — задумліва сказала цётка Эмілія.— І галоўным чынам таму, што дзеля гэтага прыйшлося пераадолець перашкоду, а кожная перамога дае радасць. А паліцэйскі начальнік адабраў у мяне бланк, на якім было восемдзесят восем подпісаў. Гэта — вялікая страта. Людзі тыя не ведаюць, што іх подпісы загінулі, і больш ужо не будуць падпісвацца.

— Не вялікая бяда,— суцешыў яе рамеснік.— Хто падпісаўся, той ужо будзе лічыць сябе барацьбітом за мір, а гэта — самае галоўнае.

Цётка Эмілія ўсміхнулася: яна пазнала словы, якія сама не раз гаварыла другім.

 

3

 

Цётка Эмілія пайшла ў свой штаб — гарадскі Камітэт Міру. Ён размяшчаўся ў невялікіх двух пакоях на Карсо Рэгіна Маргерыта. Шмат намаганняў і грошай каштавала такое памяшканне прыхільнікам міру; многія з іх аддалі на гэтую справу свае апошнія грошы, але затое цяпер цешыліся выглядам свайго штаба. У кожным акне на шкле бялеўся голуб міру; у вітрынах былі выстаўлены плакаты, лозунгі, кнігі, часопісы, пастановы і адозва сусветнай арганізацыі міру. Красамоўныя лічбы і факты аб вайне і міры прыцягвалі да сябе прахожых. Напрыклад:

«На падрыхтоўку вайны прэзідэнт ЗША Трумэн за шэсць год і два месяцы спагнаў са свайго народа падаткаў на дваццаць адзін мільярд долараў болей, чым усе папярэднія прэзідэнты за сто пяцьдзесят шэсць гадоў існавання ЗША. Ці хочаце вы, каб і ў Італіі было гэтак?»

Амерыканцы пакрыўдзіліся, націснулі на італьянскі ўрад — і праз некалькі дзён словы «На падрыхтоўку вайны» былі «закрэслены»: па іх была праведзена тонкая лінія, якая зусім не перашкаджала чытаць гэтыя словы. Зноў прыйшлося амерыканцам націскаць, пакуль гэтыя словы не былі замазаны зусім. А тым часам іх прачытаў увесь горад. Рэшту слоў амерыканцам не ўдалося замазаць, бо яны друкаваліся нават у амерыканскіх газетах.

Гарадскі Камітэт Міру складаўся з найбольш паважаных і папулярных у народзе асоб. Старшынёй Камітэта быў прафесар Марыяні, яго намеснікамі — выдатны адвакат Карэджы і член гарадскога муніцыпалітэта камуніст Вентурыо. У лік членаў Камітэта ўваходзілі: майстар завода «Фіят» Гросі, жонка сенатара Вірджынія Мартэла, пісьменнік Мантаніні і іншыя лепшыя людзі горада.

У першым пакоі, куды ўвайшла цётка Эмілія, працавала шэсць маладых энтузіястаў-добраахвотнікаў пад кіраўніцтвам сакратара гарадскога Камітэта Міру камуніста Брандзіні. Убачыўшы цётку Эмілію, усе радасна віталі яе.

— Salve цётцы Эміліі і новай тысячы чалавек, чые подпісы яна прынесла! — крычаў сваім маладым басам Брандзіні.

— Надта вы прывыклі да тысячаў,— адказала Эмілія,— а сёння ў мяне толькі два чалавекі. Рэшту пастарайцеся вырваць з рук паліцыі.

І яна расказала аб сваіх сённяшніх прыгодах.

— Вырваць наўрад ці ўдасца,— сказаў Брандзіні.— Яны могуць не даць, нічога з імі не зробіш. Але папсаваць ім нервы можна. Пойдзем да сіньёра Карэджы, ён сёння дзяжурыць.

Адвакат Карэджы, пажылы чалавек з хударлявым энергічным тварам, выслухаўшы іх, узяў тэлефонную трубку:

— Алё!.. Прашу начальніка паліцыі... Прывітанне... Гаворыць Камітэт Міру, Карэджы... Начальнік чацвёртага аддзялення незаконна адабраў сёння ў нашай зборшчыцы Эміліі Турчыні бланк з подпісамі. Скажыце, калі ласка, чыя гэта ініцыятыва: яго, ваша ці каго вышэйшага? Я такога закону не ведаю... Думаю, вы таксама не ведаеце... Добра, дзякую... Калі дазволіце, я звярнуся да вас заўтра.

Паклаўшы трубку, Карэджы сказаў:

— Так і «супрацоўнічаем» з ім: ён робіць выгляд, што прытрымліваецца закону, а я раблю выгляд, што веру яму. А вам, цётка Эмілія, падзякуе народ за вашы турботы. Колькі сабралі подпісаў?

— Каля пятнаццаці тысяч,— сціпла адказала Эмілія.

— Надзвычайна! — усклікнуў Карэджы і нават рукі пацёр.— Да гэтага часу толькі ва Францыі, у Ліёне, Маргарыта Лубэ сабрала прыблізна столькі ж.

Прыйшоў яшчэ адзін член Камітэта — Вентурыо, мужчына такога ўзросту і выгляду, што адны маглі б палічыць яго за маладога чалавека, які шмат перацярпеў на сваім вяку і састарыўся, а другія, наадварот, маглі б сказаць, што гэты стары чалавек правёў шчаслівае жыццё і выглядае, як малады.

Убачыўшы Эмілію, ён з радасцю ўхапіў яе руку абедзвюма сваімі і пачаў трэсці.

— Рады вас бачыць, цётка Эмілія, вельмі рады. Раскажыце пра свае подзвігі ў барацьбе за мір.

— Якія там подзвігі! —адказала яна.— У маім раёне жыве працоўны народ, які не трэба ўгаворваць, пераконваць, што мір лепш за вайну. Вынікі залежаць, можна сказаць, ад ног — колькі выхадзіш, столькі і набярэш подпісаў. Скажаш яму, у чым справа — і чалавек зараз жа не толькі сам падпішацца, а яшчэ і да свайго суседа завядзе. А потым яны ўдвух параяць, да каго яшчэ можна зайсці і да каго не варта, каб не напароцца на непрыемнасці.

— Ой, ці так усё лёгка і добра, як вы гаворыце? — усклікнуў Вентурыо.— Мы ведаем, што вы маеце шмат непрыемнасцей.

— Вядома, не без гэтага,— адказала Эмілія.— Вось і сёння была непрыемнасць з паліцыяй.

— Якая? — спытаў Вентурыо з такім выглядам, нібы адразу гатоў быў кінуцца ў бойку.

Яму расказалі аб гэтай справе. Вентурыо ўважліва выслухаў і з прыкрасцю сказаў:

— Крыўдна, вельмі крыўдна. Не можам мы яшчэ ахапіць агітацыяй паліцыю.

— А карабінера, які мяне затрымаў, я ўсё ж такі ахапіла,— усміхнулася Эмілія.— Ён падпісаўся тут жа, за спіной свайго начальніка. Нядаўна яшчэ быў у мяне такі выпадак. На адной вуліцы жывуць два дактары. І па ўзросту, і па практыцы яны прыблізна аднолькавыя, і жывуць яны не багацей адзін за аднаго. У кожнага ёсць і жонка і дзеці, толькі не ведаю, ці аднолькавыя яны. І вось адзін з іх ахвотна падпісаўся з жонкай, а другі раскрычаўся і прагнаў.

Слова «прагнаў» разанула сэрца і Вентурыо і Карэджы: колькі знявагі і абразы церпіць гэтая высакародная жанчына дзеля карысці тых самых людзей, якія яе абражаюць! Каб жа тыя ведалі!..

— Вось і разбярыся тут, да каго варта ісці, а да каго не варта,— скончыла свой расказ Эмілія.

— Да ўсіх варта, калі ёсць магчымасць,— ціха сказаў Вентурыо.

— А бывае, каб два аднолькавыя беднякі таксама па-рознаму сустракалі вас, як тыя дактары? — спытаў Карэджы.

— Часам бывае,— адказала Эмілія.— Але з такім можна пагаварыць, паспрачацца і пераканаць, што вайна яму зусім непатрэбная. А больш-менш панаваты дык і гаварыць не хоча з нашым братам.

— Аднак сярод вашых подпісаў ёсць нямала і, як вы кажаце, панаватых,— заўважыў Карэджы.

— Гэта тыя, з якімі ўдалося пагаварыць,— усміхнулася Эмілія.— А калі толькі дойдзе да дыскусіі, то супраць праўды ўжо ніхто не ўстоіць.

— Ніхто? — перапытаў Вентурыо з націскам.

— Ніхто! — паўтарыла цётка Эмілія з такой упэўненасцю і натхненнем, што абодва члены Камітэта адначасова, з найвялікшай пашанай паціснулі ёй руку.

— Вось яна, сіла праўды і ўпэўненасці, якая павінна пакарыць увесь свет,— нібы сам сабе прамовіў Карэджы.

— Адсюль можна зрабіць яшчэ адзін вывад,— сказаў Вентурыо.— Для нашай справы было б вельмі карысна, каб цётка Эмілія часцей наведвала і тых, каго цяжэй зрабіць прыхільнікам міру. Фабрыкант Альбіні, які далучыўся да нас, сваім прыкладам прынёс значную карысць усёй справе.

— Я не ведаю, хто далучыў гэтага Альбіні,— адказала Эмілія,— але ведаю, што са мной ён і гаварыць не захацеў бы.

— Ён не такі,— зазначыў Карэджы.

— А як пазнаць, хто не такі, а хто такі? — паставіла пытанне Эмілія.— Сярод капіталістаў і арыстакратаў павінны весці работу людзі іхняга стану, а не такія, як я.

— Гэта правільна,— згадзіўся Вентурыо,— ды, на жаль, сярод іх не знойдзеш такога палымянага зборшчыка подпісаў, як вы. Не трэба забываць яшчэ адну акалічнасць: адкрытае адмаўленне вядомага чалавека з іхняга лагера таксама будзе карысным для нашай справы — мы зробім усё, каб канкрэтна паказаць народу, хто вораг міру.

Гэтая гутарка, вядома, не абавязвала цётку Эмілію ісці збіраць подпісы ў салонах арыстакратаў і палацах капіталістаў, але думка аб гэтым засела ў яе галаве.

Сапраўды, чаму б не паспрабаваць? Непрыемнасцей, вядома, будзе шмат, але ці прывыкаць ёй да непрыемнасцей? Барацьба за мір — не забава. Бяда толькі ў тым, што, пакуль дойдзе да барацьбы за ідэю, прыйдзецца многа змагацца за тое, каб прарвацца ў дом. Можна сабе ўявіць, з якой пагардай скрывяцца і швейцар, і лакей, і пакаёўка, і які-небудзь сакратар, і панская сям’я, і сам пан, калі ўбачаць, што да іх прыйшла простая жанчына. Хоць і прыйдзецца дзеля такога «свята» ўбрацца як мага лепш, але ўсё роўна будзе відаць, што яна не графіня якая-небудзь і не жонка фабрыканта. Ну, ды аб гэтым не варта цяпер думаць, абы толькі дабрацца...

Так думала цётка Эмілія, ідучы дадому. Цвярозыя разважанні паказвалі, што ўсе турботы фактычна бескарысныя. Нават каб і ўдалося схіліць на свой бок каго-небудзь аднаго, то на гэта пайшло б больш часу і энергіі, чым на тысячу іншых людзей. Але свяшчэнны агонь, што гарэў у сэрцы цёткі Эміліі, натхняў яе на барацьбу з усімі перашкодамі і на ўсіх франтах. Так бывае з асілкам, якому карціць падняць ці павярнуць што-небудзь вельмі цяжкае...

 

4

 

Вечарам сям’я Турчыні з цікавасцю слухала расказ цёткі Эміліі аб яе сённяшніх прыгодах. Больш за ўсіх прымалі да сэрца расказ цёткі Лючыя і Аніта. Дзяўчынкі даўно ўжо сачылі за незвычайнай дзейнасцю сваёй цёткі. Яны падрабязна распытвалі аб кожным кроку яе, азнаёміліся з усёй тэхнікай гэтай справы, ведалі, дзеля чаго яна ўсё гэта робіць, і ўжывалі свае веды на практыцы — «збіралі подпісы» сярод сваіх равеснікаў. Самай вялікай іх марай было пайсці разам з цёткай у горад і прыняць удзел у сапраўдным зборы подпісаў.

Нарэшце прыйшоў час, калі цётка ўзяла іх з сабой. Аднолькавыя з твару, убраныя ў аднолькавыя белыя плацейкі, з бантамі-галубамі на галаве, прыгожыя маленькія дзяўчынкі самі былі сімвалам міру і павялічылі спіс цёткі Эміліі не на адзін дзесятак чалавек. Пасля таго дзяўчынкі кожны раз прасілі цётку ўзяць іх з сабою, але не кожны раз была такая магчымасць. Калі казаць па-шчырасці, то дзяўчынкі рабілі паслугу цётцы Эміліі, а не яна ім. Але дарослыя ўпарта не хацелі гэта прызнаваць і ўвесь час запэўнялі, што дзяўчынкі павінны заслужыць такую ласку.

У цёткі Эміліі была яшчэ адна задача, якая цікавіла ўсю сям’ю: дастаць подпіс айца духоўнага, ксяндза іхняй парафіі.

— Калі ж ты пойдзеш да яго? — пыталася Юлія.

— Ды ўсё збіраюся,— адказала Эмілія.— Пакуль што, як бачыш, і без яго шмат людзей падпісваецца, а на яго мала надзеі маю.

— А каму ж тады стаяць за мір, калі не яму? — з хітрай усмешкай сказала Юлія, і па яе вачах было відаць, што яна таксама мае мала надзеі.

У бліжэйшы дзень цётка Эмілія нарэшце трапіла да свайго ксяндза-пробашча.

Айцец Амброзіо сядзеў у сваім маленькім кабінеціку ля пісьмовага стала, бокам да дзвярэй, у якія ўвайшла Эмілія. Яму было гадоў пад пяцьдзесят. Белы, пульхны, з падвойным падбародкам, тоўстым носам і тоўстымі павекамі, з-пад якіх ледзь віднеліся шчыліны калючых вачэй, ён нібы драмаў у высокім скураным крэсле, толькі вялікія пальцы складзеных на жываце рук круціліся адзін вакол другога.

— Што скажаш, дачка мая? — спытаў ён, нібы не гледзячы на тую, што ўвайшла.

Эмілія, спыніўшыся ля дзвярэй, сказала:

— Святы ойча, я — ваша парафіянка Эмілія Турчыні. Ідучы па вашых слядах, я больш за ўсё клапачуся, каб паміж людзей заўсёды быў мір і згода. Як сказана ў святым пісанні: «Слава ў вышніх богу і на зямлі мір».

Пальцы айца Амброзіо спыніліся. Ён падняў павекі і падазрона зірнуў на сваю парафіянку: куды яна гне, што яна хоча сказаць? Ніколі ён не чуў такіх слоў ад сваіх парафіян, Эмілія тым часам казала:

— Я ўзяла на сябе пачэсную працу — збіраць подпісы людзей, якія не жадаюць вайны, якія хочуць, каб на зямлі заўсёды быў мір. Бадай уся ваша парафія падпісалася ўжо, і людзі пытаюць мяне: «Ці падпісаўся наш айцец Амброзіо?» Я адказваю: «Не яшчэ». А яны гавораць: «Чаму ж ты не ідзеш да яго? Ён першы падпісаўся б, бо гэта ж самая божая справа». Вось я і прыйшла.

Святы айцец не зварухнуўся, толькі пальцы яго зноў закруціліся. Не падымаючы вачэй, ён пачаў працяглым голасам, нібы чытаючы малітву:

— Якую вы хочаце ад мяне падпіску? І хто гэта патрабуе? Я даўно ўжо даў падпіску пану богу, што буду служыць яму і выконваць яго волю. Я кожны дзень малюся сярод людзей, каб быў мір.

— Выбачайце, святы ойча, але жыццё паказвае, што, нягледзячы на гэта, войны былі, ёсць...

— ...І будуць,— цвёрда сказаў айцец Амброзіо.— Так, будуць. Пакуль будуць на зямлі грэшнікі, бязбожнікі, камуністы. Пакуль народы не з’яднаюцца ў адзінай святой каталіцкай царкве, пакуль людзі сваім паслухмянствам не заслужаць ласкі боскай і сваімі малітвамі...— ён павярнуў галаву да Эміліі, з націскам паўтарыў: — Малітвамі, а не подпісамі выпрасяць у бога мір.

Затым ён зноў адкінуўся на спінку крэсла і шпарчэй закруціў пальцамі.

Эмілія апусціла ўніз сашчэпленыя рукі, трохі схіліла набок галаву, апусціла долу вочы, як святая, і пакорным голасам, каб не раззлаваць ксяндза, сказала:

— Даруйце, калі памыляюся, але я і ўсе мы з дзяцінства прывыклі думаць, што Ісус Хрыстос вучыць, каб людзі заўсёды, ва ўсе часы, жылі ў міры, не пралівалі крыві, даравалі адзін аднаму крыўды. Таму я са спакойным сумленнем стала змагацца за гэтыя ідэі, таму я адважылася патурбаваць і вас.

Айцец Амброзіо скоса зірнуў на Эмілію, і пальцы яго нервова замільгацелі ў другі бок.

Ахвотней за ўсё ён цяпер прагнаў бы яе прэч, але гэтая зборшчыца кожны дзень мае справу з сотнямі людзей і можа абняславіць яго перад парафіянамі. Ён падняў вочы ўгору, уздыхнуў і сказаў:

— Вось так заўсёды бывае, калі кожны, хто захоча, пачне па-свойму тлумачыць свяшчэннае пісанне! Таму наша царква і забараняе займацца гэтай справай усім і кожнаму. Я не магу табе чытаць асобную лекцыю па багаслоўі, але павер, дачка мая, што вялікія святыя мужы даўно ўжо разабраліся, што і як трэба разумець. Мы з табой правільней не скажам.

Айцец Амброзіо павярнуўся да Эміліі ўсім целам і абапёрся на ручку крэсла. Твар яго зрабіўся лагодным.

— Што тычыцца справы, па якой ты прыйшла, то скажу табе проста і шчыра: кінь ты яе, не звязвайся з гэтым. За мір моліцца наша царква, а тут грозна патрабуюць міру камуністы, бязбожнікі.

— Усе народы патрабуюць, у тым ліку многія служыцелі царквы, а камуністаў невялікая частка,— перапыніла Эмілія, карыстаючыся тым, што ксёндз зрабіўся лагодным.

— Хай сабе і так, але гэта справа не людзей, а боская справа,— ціхамірна казаў айцец Амброзіо.— Бог сам ведае, што людзям трэба. Агульны мір можа быць толькі тады, калі ўсе людзі створаць агульную сям’ю дзяцей святой каталіцкай царквы. А наш абавязак, у тым ліку і твой, дачка мая, не пастановы падпісваць, а маліцца і служыць царкве, каб гэты час прыйшоў хутчэй.

Цётка Эмілія адчула, што тут яна натрапіла на такую сцяну, якую не праб’еш ні словам праўды, ні чалавечым пачуццём, ні шчырасцю, ні разумнай логікай. Ва ўсіх спрэчках, якія яна вяла да гэтага часу, былі моманты, калі ў чалавека адкрывалася якая-небудзь шчыліна, праз якую можна было пранікнуць у яго душу. Так, скнара Скаролі быў уражаны тым, што ад вайны ён можа пацярпець страты; маладому паліцэйскаму не хацелася самому ісці на вайну. А святы айцец ніякіх пачуццяў не меў, усе шчыліны да яго душы былі забраніраваны такой моцнай бранёй, якую і супрацьтанкавая гармата не магла б прабіць. Эмілія ўпершыню адчула сябе бяссільнай. Але яна не прывыкла адступаць і казала далей:

— Людзей ніхто не прымушае ваяваць паміж сабой. Калі ўсе скажуць, што ваяваць не трэба, то ніякай вайны і не будзе. Сотні мільёнаў людзей сказалі ўжо, што не жадаюць вайны. Мы думалі, што і святы айцец далучыцца да іх.

Гэты папрок, відаць, зачапіў айца Амброзіо. Ён нахмурыўся і сказаў:

— У евангеллі сказана: «Без волі боскай і волас не ўпадзе з галавы тваёй». А вы хочаце без волі боскай перавярнуць увесь свет. Ведайце, што гэта грэх.

— Грэх жадаць міру?! — усклікнула Эмілія.— Няўжо вы хочаце сказаць, што і гітлераўцы палілі людзей па волі боскай і амерыканцы цяпер паляць карэйскіх дзяцей па волі боскай?

— У пісанні сказана: «Шляхі гасподнія недаступныя для нашага разумення». Як бацька, наш бог усё робіць для нашай карысці, і, як бацька, ён часам карае людзей за грахі.

— Святы ойча! — зноў усклікнула Эмілія і нават пляснула рукамі.— Чаму ж тады бог карае нявінных дзяцей, а не карае тых душагубаў і бязбожнікаў, што рэжуць і паляць гэтых дзяцей?!

— Змоўкні, грэшніца! — крыкнуў тады айцец Амброзіо і ўстаў з крэсла.— Ты асмельваешся кашчуннічаць. Я ведаю: цябе прыслалі ворагі царквы — камуністы, з якімі мы ўсе павінны змагацца. Дык ідзі і скажы ім: дзве тысячы гадоў святая царква апостала Пятра моліцца за мір божы на зямлі, і няхай не спадзяюцца нечасцівыя ўзяць справу міру ў свае рукі. А ты, дачка мая, калі не хочаш загубіць сваю душу, пакінь служыць справе д’ябла. Ідзі.

Выйшаўшы на вуліцу, цётка Эмілія некаторы час стаяла на месцы, удыхаючы свежае паветра і праціраючы вочы. І вуліца, і людзі, і сонца здаваліся ёй новымі, незнаёмымі, а ўся размова са «святым айцом» здавалася вар’яцкім сном.

Калі дома яна расказала аб сваёй сустрэчы з ксяндзом, то абурэнне было надзвычайнае. А праз некалькі дзён пайшла гаворка сярод насельніцтва:

— Айцец ксёндз прагнаў зборшчыцу подпісаў аб міры, гаворачы, што мір — гэта справа д’ябла і што імкнуцца да міру — грэх...

Такая «аргументацыя» выклікала абурэнне супраць ксяндзоў і рэлігіі ў многіх тысяч людзей і прынесла справе міру карысці больш, чым даў бы адзін подпіс ксяндза.

Такім чынам, нават няўдача цёткі Эміліі ператварылася ў поспех.

 

5

 

— Ну як, цётка Эмілія, ці былі на Уол-стрыце? — пытаўся некалькі разоў Брандзіні.

— На Уол-стрыце была, ды толькі ў палацы яшчэ не заходзіла,— адказвала яна.

— А ісці ўсё-такі думаеце?

— Думаю,— упарта казала Эмілія.

«Уол-стрытам» яны называлі вуліцу, дзе жылі мясцовыя магнаты. Цётка Эмілія пры кожным зручным выпадку праходзіла па гэтай вуліцы, прыглядалася, дзе хто жыве, асцярожна распытвала ў дворнікаў, калі гаспадары бываюць дома. Але ісці да іх так не хацелася, што Эмілія ўсё адкладвала ды адкладвала гэтую справу «на заўтра».

Нарэшце яна сабралася з духам і пайшла...

Гэты «паход» можна было б назваць штурмам жалезабетонных крэпасцяў голымі рукамі. Як і чакала цётка Эмілія, самай цяжкой справай было сустрэцца з гаспадаром. То дома яго няма, то ён заняты, то адпачывае, то проста не прымае нікога. А калі ніякіх такіх перашкод няма, то для пропуску трэба адказаць на пытанні: хто прыйшоў ды па якой справе? Калі скажаш: «Ад Камітэта Міру»,— перадаюць адказ: «Мы ніякіх спраў з ім не маем»; калі скажаш: «Па асабістай справе», то пачнуць аглядаць ды распытваць, што гэта за асоба такая і па якой такой справе, а да гаспадара ўсё роўна не дабярэшся.

У адным месцы цётка Эмілія сказала, што прыйшла «па важнай справе», і гаспадар яе прыняў. Але як толькі пачуў, у чым справа, то спыніў размову, сказаўшы: «На гэтую тэму нам з вамі гаварыць не прыходзіцца».

У першы дзень Эмілія абышла шэсць дамоў без ніякіх вынікаў. На другі дзень першым «аб’ектам» быў дом банкіра Пантагрыні. Белы двухпавярховы асабняк яго быў аддзелены ад вуліцы нешырокім палісаднікам і адмысловай меднай агарожай. Скрозь кусты і дрэвы на ніжнім паверсе відны былі расчыненыя вокны, адкуль часам даляталі галасы і смех. Там, у гасцінай, сабралася невялікая кампанія: гаспадар дома, нізкага росту чалавек, з лысінай і вельмі рухавы; яго поўная, млявая жонка; малады сын са сваёй жонкай і, нарэшце, важны госць — амерыканскі палкоўнік, а больш правільна — амерыканскі фінансіст у форме палкоўніка. Яны сядзелі за круглым сталом у белых, пазалочаных крэслах і пілі з маленькіх кубачкаў пасляабедзенную каву; на стале стаялі яшчэ бутэлькі з лікёрам, ромам і вазы з апельсінамі і ананасамі.

Настрой іх быў прыўзняты. Гаспадары ганарыліся, што прымаюць у сябе такога пачэснага госця, а госць напружваў усю сваю англа-саксонскую ласкавасць, каб зрабіць на гаспадароў прыемнае ўражанне. Ён быў адным з тых амерыканскіх «прыяцеляў», якія цяпер тысячамі раз’язджаюць па ўсім капіталістычным свеце і вышукваюць, дзе чым можна пажывіцца. У адным выпадку амерыканец меркаваў праглынуць банкірскі дом Пантагрыні, а першым крокам для гэтага, як вядома, служыць дапамога па-амерыканску. Пантагрыні ж вельмі патрэбна была дапамога, таму ён і завіхаўся каля свайго заакіянскага госця.

— Што было б з намі, каб не Амерыка! — казаў у захапленні гаспадар. Ён, а таксама сын з нявесткай маглі гаварыць па-англійску, але бацькі гаспадыні ў свой час не ўлічылі сучаснай сітуацыі і навучылі дачку гаварыць па-французску; таму амерыканец цяпер вымушан быў гаварыць, як умеў, на італьянскай мове.

— Ды, напэўна, камуністы даўно ўжо ліквідавалі б банкірскі дом Пантагрыні,— з усмешкай сказаў амерыканец.

— А яны ў нас усё яшчэ маюць вялікую сілу,— уздыхнула гаспадыня.— Калі якія выбары, дык большасць галасоў усё за камуністаў.

— Нядоўга гэтак будзе,— суцешыў амерыканец.— Вось правядзём новы закон, дык і галасы ім не дапамогуць.

— Хто правядзе? —спытаў сын банкіра.

Амерыканец быстра зірнуў на яго.

— Ну, вядома хто: ваш парламент, а мы яму дапаможам. Нашы ваенныя сілы, што размешчаны ў вас, заўсёды гатовы вас падтрымаць.

— Скажыце, калі ласка,— спытала маладая жанчына,— а ў вас у Амерыцы таксама падпісваюцца за мір?

— Недзе нехта, можа, і падпісваецца,— адказаў амерыканец,— але ў нас ходу гэтай справе не даюць.

— А я, шчыра кажучы, ніяк не магу разабрацца ў гэтым пытанні,— сказала гаспадыня.— За мір стаяць усе, у тым ліку і наш і амерыканскі ўрады, а разам з тым глядзяць на гэту справу скоса...

— Сакрэт у тым,— адказаў амерыканец,— хто які мір мае на ўвазе. Мы прызнаём свой мір, а не камуністычны.

— Зноў не разумею! — усклікнула гаспадыня.— Калі, скажам, людзі ваююць, то кожны можа сказаць, як яны ваююць: па-старому ці па-новаму, па-нашаму ці па-вашаму, з багатай тэхнікай ці не, храбра ці не і гэтак далей і гэтак далей. А вось калі людзі зусім не ваююць, то як распазнаць, па-якому яны не ваююць: па-нашаму ці па-камуністычнаму? Па-мойму, гэта тое самае, што распазнаць, як чалавек маўчыць: па-англійску ці па-французску.

Усе засмяяліся, нават амерыканец, хоць словы гэтыя, па сутнасці, былі супраць яго.

— Вось гэта называецца дыпламатыя! — крыкнуў сын.

У гэты момант увайшоў слуга і сказаў, што прыйшла нейкая жанчына і настойліва просіць прыняць яе.

— Якая жанчына, па якой справе? — спытаў гаспадар.

— Кажа, што ад Камітэта Міру.

— Вось гэта дарэчы! — усклікнуў сын гаспадара.— Мы маем магчымасць зусім блізка ўбачыць, як выглядае мір па-камуністычнаму.

— Сапраўды, гэта вельмі цікава,— падтрымала гаспадыня.

— Пусціць? — спытаў слуга.

— Пачакай,— спыніў гаспадар.— Вы як думаеце, містэр Джэнкінс?

— Ды калі гаспадары жадаюць, то мне пярэчыць не прыходзіцца,— галантна адказаў амерыканец у бок гаспадыні.

— Тады паглядзім зблізку, што гэта за народ,— сказаў гаспадар і загадаў слузе: — Прасі!

Бясшумна расчыніліся высокія дзверы, і ў гасціную ўвайшла цётка Эмілія, высокая, стройная, у чорным плацці з белым каўнерыкам і ў белай касынцы на гладка прычасанай галаве. Асветлены ўнутраным святлом строгі твар, вялікія глыбокія вочы, сціснутыя вусны — усё гэта мімаволі выклікала павагу да яе.

Эмілія спынілася ля дзвярэй і агледзела прысутных. Убачыўшы амерыканца, яна насцярожылася: вось з кім прыйдзецца мець справу! Хваля гневу і энергіі прыліла да сэрца, усё цела напружылася, хваляванне знікла, думкі ў галаве закружыліся хутка-хутка, але ясна, выразна, спакойна,— так сільны духам чалавек сустракае небяспеку ва ўсіх выпадках: ці то на полі бою, ці вось у такой раскошнай зале.

Эмілія адчула, як пяць пар вачэй нібы працялі яе наскрозь. Гаспадыня здзіўлена аглядала яе з галавы да ног і, здавалася, думала: «Вось якая яна! Нават прыстойная!..» Гаспадар глядзеў з вясёлай цікаўнасцю, пазіраючы на амерыканскага госця з такім выглядам, быццам хацеў сказаць: «Пачакайце, зараз будзе такая пацеха!..» Маладыя прыглядаліся ўважліва, сур’ёзна, нібы хацелі разгадаць загадку — што гэта за людзі такія? Амерыканец глядзеў з пагардлівай усмешкай, і гэтая пагарда аднолькава датычылася як Эміліі, так і гаспадароў, якія апусціліся гэтак нізка, што дапускаюць у свой дом камуністычных прапагандыстаў.

— Што нам хоча сказаць паважаная сіньёра? — пачуўся насмешлівы голас гаспадара.

Сесці «паважаную сіньёру» ён, вядома, не запрасіў. Ды яна і не чакала такой ветлівасці. Яна добра разумела: гэтыя людзі думаюць, што «робяць гонар» ужо тым, што размаўляюць з простай жанчынай, ды і то таму толькі, што знаходзяцца ў добрым настроі пасля добрага абеду і захацелі пацешыцца. Але, ідучы ў паход на «Уол-стрыт», Эмілія падрыхтавалася да ўсяго. Яна адказала проста і смела:

— Я прыйшла прасіць вас, каб вы падпісаліся пад адозвай аб міры.

— Гэта тая самая пракламацыя, якую камуністы прапануюць усім падпісваць? — насмешліва спытаў банкір.

Эмілія ступіла наперад і паклала на стол свой бланк.

— Вось яна. Прашу азнаёміцца, якая гэта пракламацыя.

Малады чалавек працягнуў руку, каб узяць бланк, але амерыканец ужо адсунуў яго, гаворачы:

— Не, не, навошта глядзець, мы і так ведаем.

— А я не ведаю,— сказала маладая жанчына і ўзяла паперу.

Да яе нахілілася гаспадыня, і яны з цікавасцю сталі чытаць зварот.

Цётка Эмілія тым часам казала:

— Вам, сіньёры, пэўна, вядома, што не адны камуністы жадаюць міру. Сярод шасцісот мільёнаў чалавек, што падпісалі зварот, камуністаў будзе не так ужо многа. І ў Сусветным Савеце Міру, які выпусціў гэты зварот, таксама большасць не камуністы, напрыклад: французскі абат Булье, англійскі свяшчэннаслужыцель Х’юлет Джонсан, індыйскі прафесар Атол, мексіканскі генерал і былы міністр Хара і многа іншых, далёкіх ад камунізма людзей.

— А вы самі не камуністка? — спытала гаспадыня.

— Не. Ніколі не займалася палітыкай. А калі ўсе народы пачалі барацьбу за мір, супраць жахаў вайны, то і я далучылася. Хто ж можа стаяць у баку ад такой вялікай справы?

Апошнія словы прагучалі, як наіўны папрок прысутным, але шчырасць і прастата іх рабілі прыемнае ўражанне.

Тады амерыканец «знішчальным» тонам спытаў на ламанай італьянскай мове:

— А ці вядома вам, што ўсю гэтую кампанію за мір выдумала Масква?

— Я не разумею, якім чынам можна «выдумаць» жаданне міру, жаданне жыцця,— ціха адказала Эмілія.— Калі яшчэ не было гэтага агульнага руху за мір, я ўсё роўна не хацела вайны і баялася смерці. Няўжо могуць быць на свеце людзі, якія хочуць вайны і смерці?

— Тыя самыя камуністы, што ўхапіліся цяпер за мір, самі хочуць вайны, бо імкнуцца знішчыць дэмакратыю,— аўтарытэтна адказаў амерыканец.

Эмілія здзіўлена паглядзела на яго і недаўменна паціснула плячыма.

— Хіба можна гаварыць пра мір і жадаць вайны? — спытала яна, звяртаючыся да ўсіх.

— Можна! — упэўнена адказаў амерыканец.

— Можа, і ёсць такая краіна, вам лепш ведаць,— сказала Эмілія, гледзячы яму ў вочы.

Амерыканец павярнуў галаву ўбок і забарабаніў пальцамі па стале; гаспадар закруціўся на крэсле, са страхам пазіраючы то на госця, то на Эмілію; гаспадыня паглядзела на Эмілію з новым здзіўленнем, нібы жадаючы сказаць: «Эге, ды ты, відаць, і разумная!», а маладыя муж з жонкай паглядзелі адно на аднаго і ўсміхнуліся.

На дапамогу госцю паспяшаўся гаспадар.

— Хоць вы кажаце, што вы не камуністка,— сказаў ён непрыязна,— але гаворыце ўсё тое, што кажуць яны. Яны абдурваюць людзей прыгожымі словамі аб міры, а самі імкнуцца да сусветнага панавання. Мы не верым камуністам і не жадаем прымаць удзелу ў тых справах, якія вядуць яны.

— А хіба вы не прымалі ўдзелу ў дапамозе насельніцтву, што пацярпелі сёлета ад разліву По, хоць дапамогу гэтую арганізавалі камуністы? — спытала Эмілія, добра ведаючы, што ён не дапамагаў.

— Не! — вырвалася ў банкіра, але зараз жа ён схамянуўся і замармытаў: — Уласна кажучы, дапамагаў... грашыма... але пазней, калі камуністам забаранілі дапамагаць...

Сын банкіра ўвесь гэты час не прымаў удзелу ў спрэчках, але ўважліва сачыў за ходам іх. Довады, якія прыводзілі яго бацька і амерыканец, былі яму добра вядомыя, а таму і нецікавыя, а вось як адкажа гэтая сціплая жанчына — яму было вельмі цікава. І кожны трапны адказ яе выклікаў у яго задаволеную ўсмешку. Не таму, што ён спачуваў камуністам ці прыхільнікам міру, а проста таму, што яму падабаліся трапныя аргументы, логіка і высакародная шчырасць гэтай простай жанчыны.

Нарэшце ён задаў пытанне:

— Скажыце, няўжо вы шчыра верыце, што на зямлі можа быць мір?

— А чаму ж не? — адказала Эмілія.— Калі ўсе людзі адмовяцца ад вайны, то хто можа прымусіць іх ваяваць?

— Яно так,— згадзіўся малады чалавек,— але як зрабіць, каб усе, абсалютна ўсе людзі на зямлі далі такую згоду?

Эмілія ўсміхнулася:

— Ну, можа, не ўсе, можа, застанецца якая жменька людзей, што не жадаюць міру,— пры гэтым яна зірнула на амерыканца,— але ж гэтая жменька не зможа пайсці супраць усяго свету.

— Усё гэта так,— настойваў малады чалавек,— але як абысці ўвесь свет ды сабраць подпісы ўсіх тых, каго вы лічыце сваімі прыхільнікамі?

— Няма патрэбы каму-небудзь абыходзіць увесь свет,— адказала Эмілія.— Спытайце вы любую сотню чалавек, і наўрад ці знойдзецца сярод іх хоць адзін, які скажа: «Я не хачу міру, я хачу, каб была вайна». Дык няўжо сярод гэтай сотні не знойдзецца чалавека, што сабраў бы подпісы астатніх дзевяноста дзевяці?

— Каб гэта было так проста,— працягваў «допыт» малады чалавек,— то ўсе подпісы можна было б сабраць за год, а вам яшчэ далёка да гэтага.

— Дзе ніхто не перашкаджае, там сотні мільёнаў подпісаў збіраюць за некалькі дзён (каб не раздражніць сваіх апанентаў, Эмілія не назвала гэтыя краіны), а дзе перашкаджаюць, дык, вядома, справа ідзе марудней. Але ці азначае гэта, што людзі ў тых краінах не такія, як усе, што яны прагнуць вайны? Няўжо мірны чалавек, якога пагрозамі прымусілі ўстрымацца ад подпісу, адразу ж зробіцца крыважэрным прыхільнікам вайны? Не можа так быць. Значыцца, усе гэтыя людзі раней ці пазней абавязкова далучацца да нас.

Такім чынам, цётка Эмілія раскрыла перад сваімі праціўнікамі ўсе «ваенныя тайны» барацьбітоў за мір — іх планы, стратэгію, тактыку, перспектывы. Словы яе, шчырыя, задушэўныя, зрабілі ўражанне нават на амерыканца. На момант яму здалося, што ён сядзіць на марской скале, якую павольна, але няўхільна залівае прыліў. Вада падымаецца ўсё вышэй, вышэй, зараз дойдзе да яго,— і няма ніякай сілы на свеце, якая магла б затрымаць гэты акіян...

Ён рэзка павярнуўся і сказаў:

— Уся гэтая дыскусія зусім дарэмная. Вайну нельга скасаваць, гэтак сама, як нельга скасаваць смерць. Прырода стварыла чалавека так, што ён заўсёды будзе імкнуцца знішчыць сваіх ворагаў. Барацьба за жыццё ідзе не толькі паміж людзей, але і паміж жывёл, раслін. Гэта агульны закон прыроды, і дарэмна кучка фанатыкаў хоча скасаваць яго.

Вочы цёткі Эміліі загарэліся гневам, і яна сказала, гледзячы на яго ва ўпор, падкрэсліваючы кожнае слова:

— Няўжо амерыканскія салдаты прыехалі за дзевяць тысяч кіламетраў у Карэю дзеля таго, каб змагацца з карэйскімі жанчынамі і дзецьмі і так абараняць сваё жыццё? Няўжо прырода стварыла іх для таго, каб мардаваць і паліць маленькіх дзяцей?..

Амерыканец падскочыў, нібы яго хто нажом падкалоў, і так стукнуў кулаком па стале, што ўсе бутэлькі пайшлі ходырам, а жанчыны закрычалі ад страху.

— Маўчаць!!! — загрымеў паважаны госць.— Даўно ўжо трэба было спыніць гэтую недарэчную балбатню. Наслухаліся мы такіх прамоў ужо ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Але я ніколі не чуў, каб паважаныя людзі ў сваім доме распачыналі такую бязглуздую дыскусію, ды яшчэ з кім — з нейкай невядомай жанчынай з вуліцы, якую ў нас у Амерыцы не пусцілі б і на парог дома. Калі ў нас у Амерыцы прыходзіць у дом вось гэткі зборшчык, то кожны прыстойны грамадзянін зараз жа па тэлефоне выклікае паліцыю. А тут даюць ім магчымасць казаць вам жа ў вочы ўсякую брыдоту. Вельмі шкадую, што ў вас яшчэ не прышчапіліся амерыканскія формы жыцця. Таму і справы вашыя ідуць дрэнна, таму камуністы маюць у вас такую сілу, таму вы не можаце пражыць без дапамогі больш дужага прыяцеля,— скончыў прамову амерыканскі «прыяцель» і як мага прыемней усміхнуўся сваім гаспадарам. Але твар яго не мог так хутка перастроіцца на ласкавую міну, і гэтая ўсмешка на злосным твары вельмі нагадвала ўсмешку тыгра ў звярынцы, калі ён часам неяк асабліва шчэрыць зубы.

З усіх прысутных толькі цётка Эмілія выслухала гэтую грозную прамову спакойна, нават з усмешкай, бо фактычна гэта была вымова госця сваім гаспадарам. Хоць сам банкір лісліва ўсміхаўся, але нават і ён адчуў, якая знявага да ўсяго італьянскага крыецца ў словах амерыканца. А члены сям’і, асабліва сын, абурыліся яшчэ больш — пасадзілі важнага госця за стол, а ён і ногі на стол.

Эмілія пакланілася і хацела была ісці.

— Пачакайце! — сказаў сын гаспадара.— Я зараз падпішуся на вашым бланку.

— Альберта! — крыкнуў бацька з жахам.— Што ты робіш?

— Хачу падпісацца за мір, пакуль у нас яшчэ Італія, а не Амерыка, а то будзе позна. Шчыра кажучы, у мяне няма аніякай ахвоты ісці кудысьці ваяваць.

Бацька зусім разгубіўся.

— Выбачайце, містэр Джэнкінс, тут нейкае непаразуменне,— усхвалявана казаў ён амерыканцу.

— Нічога, нічога,— адказаў той,— у нас у Амерыцы кожны мае права выказваць свае думкі.

— Дай і мне, я таксама хачу падпісацца,— звярнулася да Альберта яго маладая жонка.

У банкіра аж вочы на лоб палезлі. А тут яшчэ жонка глядзіць на дзяцей з такім выглядам, нібы разважае: падпісацца ёй ці не?..

Але, зірнуўшы на мужа, яна спыніла разважанні.

...Атрымаўшы бланк з двума новымі подпісамі, цётка Эмілія з лёгкім сэрцам пайшла дадому.

А што адбылося пасля таго ў доме банкіра Пантагрыні — невядома.

 

6

 

Праз некалькі дзён цётка Эмілія ішла па алеі гарадскога саду і прыглядалася, да якіх людзей падсесці на лаўку, каб атрымаць подпісы. За доўгую практыку ў яе развілася такая інтуіцыя, што ў дзевяноста выпадках яна трапляла акурат на такіх людзей, з якімі можна было дагаварыцца.

Вось сядзяць двое простых людзей, стары і старая. Тут ужо смела можна падыходзіць — ніякіх спрэчак і пярэчанняў не будзе.

А вось сядзіць салідны чалавек прафесарскага выгляду і чытае газету. Інтэлігентны працаўнік — значыцца, падсесці можна.

Падсела, разгарнула свой сшытак і кажа:

— Выбачайце мне, я хачу папрасіць вас азнаёміцца з гэтай паперай.

Чалавек здзіўлена паглядзеў на яе, узяў бланк, прачытаў.

— Ведаю гэтую справу, чуў.

— Калі згаджаецеся, можа, і вы падпішацеся?

Чалавек зноў глянуў на Эмілію, зноў прачытаў зварот і моўчкі падпісаўся. А затым зноў узяўся за сваю газету.

Эмілія падзякавала і пайшла далей. Ідучы каля адкрытага рэстарана, яна прыпынілася і спрактыкаваным вокам агледзела ўсіх прысутных. Па яе меркаваннях, да трох-чатырох столікаў падысці было варта. Яна ўвайшла ў сярэдзіну і накіравалася да століка, за якім сядзелі дзве дзяўчыны і тры хлопцы студэнцкага выгляду. Елі яны макароны, запівалі найтаннейшым віном і адчувалі сябе весялей, чым іх суседзі, у якіх на стале былі панастаўлены ўсялякія дарагія стравы і бутэлькі.

Як толькі Эмілія падышла і выняла бланк, адна з дзяўчын усклікнула:

— А, мір! Я падпісалася раней. Падпісвайцеся цяпер і вы.

— Пакажыце, што гэта такое? — спытала другая дзяўчына.

— Ды няма чаго і глядзець,— сказала першая.— Гэта, каб бомбы на тваю галаву не падалі і каб ім не трэба было ісці на вайну,— і яна кіўнула галавой у бок таварышаў.

— О, за гэта падпісацца можна! — сказалі хлопцы.

Пасля таго як маладыя людзі падпісаліся, Эмілія пайшла далей паміж сталамі — і раптам уздрыганулася і мімаволі спынілася: насупраць сядзеў той самы амерыканскі фінансіст-палкоўнік, што быў у гасцях у банкіра Пантагрыні. Разам з ім сядзеў немалады чалавек у цывільным, па выгляду нейкі італьянскі прадпрыемца. Відаць, гэта была чарговая ахвяра, якой амерыканец прапаноўваў сваю «дапамогу». '

Убачыўшы Эмілію, амерыканец засмяяўся сваім халодным смехам і падняў руку.

— А, знаёмая! А ну, падыдзіце сюды!

У Эміліі не было ніякага жадання падыходзіць да яго. Яна павярнула ўбок і пайшла прэч. Амерыканец, падняўшы руку, сказаў услед:

— Чаго ж вы ўцякаеце? Падыдзіце.

Раптам перад ёй устаў з-за стала нейкі чалавек і загарадзіў ёй дарогу. Глянула Эмілія — стаіць перад ёй п’яны амерыканскі сержант авіяцыі, а побач сядзіць другі.

— Стой! — крыкнуў амерыканец па-італьянску і груба ўхапіў Эмілію за руку; затым, паказваючы другой рукой у бок амерыканскага палкоўніка, сказаў па-англійску: — Хіба не бачыш, хто цябе кліча?

— Рукі прэч! — крыкнула Эмілія і рванулася, але амерыканец моцна трымаў яе за руку.

Рух прайшоў за ўсімі столікамі рэстарана. Многія ўсталі, у тым ліку маладыя людзі, якія толькі што падпісаліся.

— Мусіць, сёння вам яшчэ прыйдзецца ісці на вайну,— сказала першая дзяўчына.

— Хадзем! — крыкнулі хлопцы і, штурхаючы сталы і людзей, пабеглі да Эміліі. Да іх далучылася яшчэ некалькі маладых мужчын.

— Не чапай жанчыну! — крыкнулі італьянцы.

Тады амерыканец выхапіў пісталет. Італьянцы сціснулі яго за руку. Усхапіўся з-за стала другі сержант, таксама з пісталетам. Італьянцы накінуліся на яго. Прагрымеў стрэл — і ў буфеце зазвінела шкло, палілося, як кроў, віно. Амерыканцы з лаянкай супраціўляліся. З бліжэйшых сталоў паляцела на падлогу пасуда; адзін стол з грукатам перакуліўся... З’явілася паліцыя. Італьянцы перадалі ёй двух п’яных сержантаў і іх пісталеты.

У гэты момант устаў з-за свайго стала амерыканскі палкоўнік і, выпрастаўшыся, як на парадзе, падышоў да паліцэйскіх. Ён афіцыйна казырнуў ім, павольна падняў руку, на якой вісеў стэк, і, паказваючы на сержантаў, сказаў гучна, урачыста наступныя англійскія словы:

— I take thiese men in my custody.

Рукі паліцэйскіх адразу апусціліся.

— Дазвольце спытаць ваша імя? — баязліва звярнуўся старшы паліцэйскі да палкоўніка.

— Палкоўнік амерыканскай службы Мэт’ю Джэнкінс,— адказаў той строга.

— Можна запісаць? — зноў спытаў паліцэйскі.

— А навошта вам? — адказаў палкоўнік.— Калі спытае маё камандаванне, я сам скажу.

Сержанты атрымалі свае пісталеты і горда выйшлі за сваім палкоўнікам.

Людзі ў рэстаране як стаялі каля сваіх сталоў, так і засталіся нерухомымі.

Некалькі хвілін была мёртвая цішыня, а потым загаманілі ўсе разам — і знаёмыя паміж сабой, і незнаёмыя, бо пачуцці ва ўсіх былі аднолькавыя — крыўда і сорам...

Цётка Эмілія пайшла ў Камітэт. Расказаўшы пра здарэнне, яна спытала ў Карэджы:

— Што гэта за магутныя словы такія сказаў амерыканскі палкоўнік?

Карэджы з прыкрасцю ўсміхнуўся:

— Ён сказаў: «Я бяру гэтых людзей на сваё захаванне», гэта значыць, на парукі. Паводле «пагаднення», падпісанага нашым урадам, амерыканскія салдаты могуць рабіць у нас што хочуць, не звяртаючы ўвагі на нашы законы, а судзіць іх мы не маем права: іх самі амерыканцы судзяць, як захочуць. Амерыканскага хулігана ці гангстэра на месцы злачынства наша паліцыя затрымаць можа, але як толькі трапіцца які-небудзь амерыканец і скажа гэтыя магічныя словы, мы павінны адпусціць злачынцу «на парукі». А як будуць судзіць яго амерыканцы і ці будуць судзіць наогул — гэта ўжо іх ласка.

 

7

 

Нельга сказаць, каб цётка Эмілія зусім адна збірала подпісы — былі ў яе і памочнікі. Сястра Юлія, напрыклад, не мінала ніводнага з сваіх знаёмых, каб не ўзяць у яго подпіс. А некаторыя з гэтых знаёмых у сваю чаргу прыцягнулі сваіх знаёмых. Такім спосабам Юлія прынесла сваёй сястры не адну сотню подпісаў.

Не адставаў ад маткі і Антоніо. Вакол яго не заставалася ніводнага чалавека, які не падпісаўся б пад адозвай. А часам ён, як «упаўнаважаны» цёткі Эміліі, рабіў вылазкі і за горад.

Мы бачылі ўжо, што нават маленькія дзяўчынкі, Аніта і Лючыя, не заставаліся ў баку ад барацьбы за вялікую справу міру: яны часам мелі шчасце суправаджаць сваю цётку ў яе паходзе.

Аднаго разу цётка Эмілія зайшла з імі ў Камітэт. Цудоўныя дзяўчынкі ўразілі ўсіх работнікаў Камітэта.

— Вось дзе найлепшыя агітатары за мір! — у захапленні крыкнуў Брандзіні.— Супраць іх ніхто не ўстоіць.

Дзяжурным членам Камітэта ў той дзень была Вірджынія Мартэла, жанчына гадоў пад пяцьдзесят, мажная, спакойная і разам з тым палымяная барацьбітка за мір. Яна пяшчотна пагладзіла дзяўчынак па галоўках і спытала:

— Яны часта ходзяць з вамі?

— Вельмі рэдка, бо не заўсёды ёсць магчымасць,— адказала Эмілія.

— Яны толькі суправаджаюць вас?

— Толькі ідуць са мной і прыцягваюць увагу людзей.

— Ці нельга было б даручыць ім больш актыўную ролю?

— Якую?

— Ну, хаця б павесіць ім на грудзі заклік, плакат.

— Думаю, яны нічога супраць не мелі б.

— А калі яны захочуць, то могуць каму-небудзь працягнуць і бланк для подпісу.

— Яны толькі і мараць аб гэтым,— засмяялася Эмілія.

— Я, вядома, не думаю нагружаць іх непасільнай работай,— сказала Вірджынія,— але калі-небудзь у мнагалюдным месцы было б вельмі карысна ўзварушыць народ.

Такая ідэя спадабалася ўсім, уключаючы і саміх дзяўчынак. Асабліва захапіўся Брандзіні і зараз жа высыпаў цэлую кучу прапаноў для надпісу на плакатах.

«Абараніце нас ад вайны».

«Мы хочам жыць».

«Мы баімся смерці».

«Не трэба вайны».

У гэты дзень Аніта і Лючыя вярнуліся дадому ўжо не простымі дзецьмі, а арганізаванымі барацьбітамі за мір. Ухвалілі гэтую справу і маці і брат Антоніо.

Дзяўчынкі так і палалі жаданнем прыступіць да выканання сваіх абавязкаў. Але, на вялікі жаль, для іх гэтае шчасце было яшчэ далёкім. Перш за ўсё трэба было пашыць ім абсалютна аднолькавую і лепшую, як цяпер, «форму» (у гэтым павінен быў дапамагчы Камітэт). Затым дзяўчынкі павінны былі прайсці «курс падрыхтоўкі», а потым трэба было выбраць адпаведны час і месца. На ўсё гэта пайшло некалькі тыдняў.

А паліцыя і амерыканцы нават не падазравалі, да якога выступлення рыхтуюцца Аніта і Лючыя...

Толькі тады яны ўбачылі небяспеку, калі дзень гэты прыйшоў — і на вуліцу выйшлі дзве маленькія дзяўчынкі, аднолькавыя, як дзве кроплі вады: тварыкі смуглыя, вочы вялізныя; на чорных валасах па-мастацку зробленыя з бантаў белыя галубы; ажурныя белыя плацейкі агортвалі іх, нібы воблакам; тонкія ножкі ў белых шкарпэтках і туфельках таксама нагадвалі галубіныя. Цераз плячо ў іх ішлі шырокія блакітныя шаўковыя стужкі: на іх наперадзе былі напісаны словы — у Аніты: «Мы баімся вайны», у Лючыі: «Мы хочам жыць», а на спіне наадварот — у Лючыі: «Мы баімся вайны», у Аніты: «Мы хочам жыць». У руках яны трымалі папкі з бланкамі і алоўкамі.

Яны ішлі, трымаючыся за ручкі, вясёлыя, узбуджаныя, і часта азіраліся назад: там, за некалькі крокаў ад іх, ішлі маці, цётка Эмілія і брат Антоніо.

Вядома, ніхто з сустрэчных не мог не звярнуць на іх увагі.

— Глядзіце, глядзіце, якія дзяўчынкі! — чуліся галасы. Людзі спыняліся, нахіляліся да іх. А тады дзяўчынкі совалі ім у рукі папкі. Вельмі многія адказвалі: «Я падпісаўся ўжо, дзеткі», другія падпісваліся, і не было твару, які не засвяціўся б ад святла, што ішло ад дзяўчынак.

Але не, сустрэліся некалькі твараў, якія не засвяціліся, бо цёмная душа палажыла на іх свой цень. Такіх магло б быць і больш, але яны не трапляліся на шляху дзяўчынак, яны або праязджалі па вуліцы ў машынах, або сядзелі ў сваіх палацах.

А тым часам ход падзей павярнуў справу ў такі бок, аб якім загадзя не падумалі ні цётка Эмілія, ні Юлія, ні Антоніо. Мусіць, не падумалі аб гэтым таксама Вірджынія Мартэла і Брандзіні.

Яшчэ калі дзяўчынкі выходзілі са свайго двара, вакол іх сабраліся ўсе дзеці іхняга дома. Вядома, усе яны пайшлі разам з дзяўчынкамі. А праз некалькі крокаў да іх далучыліся і дзеці суседняга дома і наступнага... Калі дарослыя гэтак зацікавіліся дзяўчынкамі, то якая сіла магла б стрымаць дзяцей? Смела можна сказаць, што ніводзін грамадзянін дашкольнага і школьнага ўзросту не застаўся ўбаку, калі ля яго праходзілі дзяўчынкі з галубамі на галовах. Паступова дзяцей сабралася столькі, што Антоніо і жанчыны вымушаны былі рабіць намаганні, каб іх зусім не адціснулі ад сваіх дзяўчынак. Яны тады перайшлі з тратуара на бульвар.

Па бульвары ісці было вальней. І калі цяпер сустракаліся «дзядзькі» або «цёткі», то да іх падступалі не толькі Аніта і Лючыя, але і многа іншых дзяцей. Тым больш, што бадай усе гэтыя дзеці належалі да сямей працоўнай беднаты і ведалі ад сваіх бацькоў, што азначаюць гэтыя подпісы.

Аднекуль з’явіўся, засопшыся, Брандзіні. Ён падышоў да цёткі Эміліі і радасна крыкнуў:

— Гэта ж вельмі добра! Сама сабой ствараецца дзіцячая дэманстрацыя за мір. Дзі-ця-ча-я! — паўтарыў ён і пабег некуды далей.

Некаторы час паліцыя не звяртала ўвагі на дзяцей: ну, ідзе школа якая ці экскурсія дзіцячая. Але вось у гэтых дзяцей то там, то там падняліся ўверх белыя флажкі і нават — які жах! — выразаныя з паперы белыя галубы. А потым аднекуль з’явілася і некалькі лозунгаў з ненавісным для амерыканізаванай італьянскай улады словам — «Расе» (мір). Нарэшце дайшло да таго, што дзеці сваімі звонкімі галасамі пачалі выкрыкваць слова: «Пачэ! Пачэ!»

Тады паліцыя атрымала загад, які мог прыйсці ў галаву толькі стопрацэнтнаму амерыканцу:

— Разагнаць дзяцей сілаю!

Некалькі дзесяткаў узброеных карабінераў павялі наступленне на дзіцячую калону.

— Зараз жа разыходзьцеся, а то ўсыплем! — крычалі яны.

Крайнія дзеці шарахнуліся ў сярэдзіну. Пачалася мітусня. Антоніо ўбачыў аднаго свайго таварыша і крыкнуў яму:

— Петра! Бяры на плечы адну дзяўчынку, а я другую, а то затопчуць.

І над галовамі людзей, нібы сцягі, узняліся дзве цудоўныя дзяўчынкі з белымі галубамі на галоўках. Яны яшчэ не разумелі, што тут адбываецца, і смяяліся. Усе вочы, зблізку і здалёку, з захапленнем глядзелі на іх. Карабінеры ўбачылі, дзе знаходзіцца «галоўны вораг», і рынуліся туды. Пачуліся спалоханыя крыкі і дзіцячы плач. Аніта і Лючыя зразумелі, што вакол іх робіцца нешта нядобрае, і таксама пачалі плакаць. Масавы дзіцячы плач усхваляваў усіх людзей, што былі ў гэтым раёне. Адусюль, нават з вокнаў суседніх дамоў, чуліся крыкі:

— Зладзеі, што вы робіце?

— Як вам не сорамна ваяваць з дзецьмі?

— Амерыканскія падлізы, не чапайце дзяцей!

— Вы ганьбіце наш народ, здраднікі!

— Будзьце вы пракляты, амерыканскія паслугачы!

— Як вы будзеце глядзець у вочы сваёй матцы!

І многа яшчэ падобных слоў пачулі карабінеры ад свайго народа.

А тым часам падзеі ішлі сваёю чарадой. Найбольш актыўныя з мужчын, сярод якіх апынуўся і Брандзіні, засланілі сабою дзяцей. Карабінеры ўзяліся за свае гумавыя дубінкі, а некаторыя нават за рэвальверы. У адказ паляцелі каменні...

Дзеці за гэты час рассыпаліся ва ўсе бакі, як гарох. Але Антоніо і Петра з дзяўчынкамі былі арыштаваны: іх чатырох прызналі галоўнымі віноўнікамі сённяшніх падзей. Маці і цётка былі адціснуты прэч, у натоўп гледачоў, і на ўсе іхнія довады ў агульным крыку карабінеры не звярталі ўвагі.

Пачалося новае шэсце, шэсце пераможцаў-карабінераў з арыштаванымі. Усяго арыштавана было чалавек дзесяць, у іх ліку быў і Брандзіні. Каб не Лючыя і Аніта, мала хто звярнуў бы ўвагу, што карабінеры вядуць некалькі арыштаваных. А цяпер стварылася дэманстрацыя, не горшая за папярэднюю. І на чале яе былі тыя самыя цудоўныя дзяўчынкі з белымі галубамі на галоўках. Толькі на гэты раз яны былі напалоханыя, заплаканыя. Але ім было так цікава наглядаць свет са сваёй вышыні, што яны хутка зусім супакоіліся.

Калі Антоніо і Петра знялі былі іх з плеч і пасадзілі на рукі, Брандзіні штурхануў хлопцаў пад бок і шапнуў:

— Не здымайце! Трымайце вышэй! Гэта вельмі важна.

Хлопцы зразумелі, у чым тут справа, і паднялі дзяўчынак яшчэ вышэй.

Ці магло прыйсці ў галаву каму-небудзь з гэтых карабінераў, што яны цяпер дапамагаюць Камітэту Міру ў яго рабоце? А між тым гэта было так. Не адна тысяча людзей, гледзячы на гэтых арыштаваных дзяўчынак, лішні раз адчула ўсю ганебнасць дзейнасці сваёй амерыканізаванай улады і ўсю веліч дзейнасці барацьбітоў за мір.

Следам за арыштаванымі ў памяшканне паліцыі прыйшлі члены Камітэта Міру — адвакат Карэджы і Вентурыо. Яны прымусілі паліцыю выпусціць шасцігадовых дзяўчынак. Карабінеры апраўдваліся, што яны арыштоўвалі не дзяўчынак, а маладых людзей, якія іх неслі. Асноўным пунктам абвінавачання было тое, што арыштаваныя супраціўляліся паліцыі і нават імкнуліся абяззброіць яе. Але тут высветлілася, з якімі «дэманстрантамі» змагаліся карабінеры, і паліцыя магла асароміцца на ўвесь свет. Таму ўсіх арыштаваных хуценька выпусцілі. Лючыя і Аніта нарэшце злучыліся з маці і адправіліся дадому.

Пасля гэтага ў памяшканні Камітэта Міру сабраліся некаторыя члены яго. Была тут і цётка Эмілія. Сённяшнія падзеі разбіраліся там усебакова. Выказваліся і папрокі, што ў такую справу былі ўцягнуты маленькія дзяўчынкі. Агульны вывад выказаў старшыня Камітэта прафесар Марыяні:

— Ну што ж, панове, хоць і з прыкрасцю, але прыйдзецца прызнаць, што атрад карабінераў пасля гераічнай барацьбы перамог Лючыю і Аніту. Але гэта ў поўным сэнсе слова Пірава перамога. Яны нічога не дасягнулі, а страцілі многа. Не адзін мільён людзей даведаецца аб гэтым ганебным выступленні ўзброеных сіл супраць дзяцей з галубамі міру. Наогул можна сказаць, што высакародная справа і пры няўдачы выйграе, а ганебная і пры ўсіх удачах прайграе.

 

8

 

— Слова мае дэлегатка Італіі Эмілія Турчыні, якая сабрала васемнаццаць тысяч сто шэсцьдзесят дзевяць подпісаў пад зваротам Сусветнага Савета Міру аб падпісанні пакта пяці вялікіх дзяржаў,— абвясціў старшыня Сусветнага Кангрэса Міру.

Цётка Эмілія пачула, як па вялізнай зале пакаціліся хвалі воплескаў; яны пашыраліся, узмацняліся, падняліся да самай столі і залілі ўсё, што тут было.

Эмілія ўстала і, нібы ў сне, пайшла да трыбуны. І ўсе людзі, што былі ў зале, праводзілі яе тысячамі вачэй. Ёй здавалася, што яна ішла доўга-доўга, пакуль дайшла да трыбуны. Зірнула ў залу — і ў яе закружылася галава. Колькі людзей, далёкіх, невядомых! Яны ж сабраліся сюды з усяго свету. Аж страшна падумаць: з усяго свету!

Паглядзела яшчэ — ды яны зусім не чужыя і не далёкія! Так глядзець могуць толькі самыя блізкія людзі. На каго ні глянеш, кожны радасна ўсміхаецца Эміліі, нібы даўно ведае яе і даўно хацеў сустрэцца з ёю. І па вачах відаць, што ён думае і хоча сказаць. Нават не верыцца, што яны гавораць на інакшай, незнаёмай мове. І цёпла тады зрабілася на сэрцы Эміліі, і ніякага туману ў вачах ужо не было.

Эмілія мела лісток, на якім быў запісан тэкст яе прамовы. Яна бадай-што вывучыла яго на памяць. Але цяпер, апынуўшыся на трыбуне перад такой аўдыторыяй, яна забыла не толькі сваю прамову, а нават і лісток. Яна сказала тое, што само вырвалася з яе сэрца:

— Дарагія мае, родныя! Дзеля таго каб перажыць такое шчасце, каб сваімі вачыма пабачыць мір і любоў паміж людзьмі з усяго свету, можна не толькі васемнаццаць тысяч подпісаў сабраць, але і сваё жыццё аддаць. Колькі людзей з усіх канцоў свету, раздзеленых акіянамі, граніцамі, мовай, рэлігіяй, урадамі і ўсялякімі іншымі перашкодамі, сабраліся вось тут і адчуваюць сябе членамі адной сям’і! Ці хутка прыйдзе час, калі і ўсе людзі на зямлі... усе... таксама... усе...

Цётка Эмілія апусціла галаву, плечы яе ўздрыгвалі... Да яе падбеглі двое членаў прэзідыума, падхапілі пад рукі. Эмілія падняла галаву, і ўсе ўбачылі, што вочы яе смяюцца, а з іх цякуць слёзы.

— Даруйце мне,— сказала яна сарамліва,— сэрца не вытрымала. Але вы ўсе разумееце мяне: вы тое самае адчуваеце...

І яна пайшла на сваё месца. І зноў узнялася бура апладысментаў, зноў праводзілі яе тысячы спачувальных вачэй.

 

1952 г.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com