epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Чужаземец

Кіру здавалася, што лета ў гэтым годзе ніколі не скончыцца і восень ніколі не прыйдзе. Ды і як жа ж было яму не чакаць восені, калі ён сёлета павінен быў паступіць у сапраўдную школу.

Да гэтага часу ён хадзіў у дзіцячы сад, а цяпер павінен быў хадзіць у нулявую групу пры школе. Школа вялікая-вялікая, а вучняў там сотні, а можа, і тысячы. А можа, і мільёны? Хто іх ведае, якая лічба больш падыходзіць.

А сярод вучняў ёсць вялікія, дарослыя, нібы дзядзькі якія ці цёткі. Разам з імі, у тую самую школу, будзе хадзіць ён, Кіра. Як жа было не чакаць гэтага часу?

Калі ж час прыйшоў і Кіра паступіў у школу, дык застаўся крыху нездаволены: нулявая група была вельмі падобная да дзіцячага сада. Тыя самыя маленькія крэслы, столікі, а не парты, як у іншых групах. І заняткі не такія, як у старэйшых групах.

Ну, ды гэта нішто. Затое Кіра бачыў той сапраўдны клас, дзе ён будзе вучыцца ў наступным годзе, калі пяройдзе. А перайсці ён павінен абавязкова, бо ўжо цяпер ён умее лепш чытаць і пісаць, як яго таварышы.

Толькі вось крыўдна, што ў хуткім часе ўсе пачалі зваць яго — «чужаземец».

Аднаго разу сама настаўніца назвала яго «чужаземцам». Назвала ласкава, нават з пашанай — і Кіру зусім не было крыўдна. А вось гэты нягодны Пузік дык гыркае, нібы сабака:

— Чужаземец! Чужаземец!

Ды яшчэ тыцкае пальцам. А часам нават і язык яшчэ пакажа.

Паскардзіўся раз Кіра бацьку, што яго ў школе дражняць «чужаземцам». Але бацька толькі засмяяўся і сказаў:

— Ну і добра. Нічога крыўднага тут няма.

Кіра і сам лічыў, што слова гэтае не крыўднае. Але што ты зробіш, калі паганы Пузік дражніцца:

— Чужаземец! Чужаземец! Немец, француз, кітаец! Чаго ты да нас прыехаў?

Пачула аднаго разу такія словы настаўніца, раззлавалася і цэлую гадзіну гаварыла ў класе:

— Што гэта такое, дзеці? Я чула, што некаторыя з вас словы «чужаземец», «немец», «кітаец» ператварылі ў нейкую лаянку! Ніколі не думала, што сярод вас знойдуцца несвядомыя, нядобрыя дзеці. Даўно ў нас мінулі праклятыя часы, калі буржуі цкавалі адзін народ на другі, а самі панавалі над тымі і над гэтымі. Здараецца, што мы можам назваць чалавека манюкай, злодзеем, гультаём, калі той робіць дрэнна. Але як жа ж ператвараць у лаянку словы «немец», «кітаец», «беларус», «паляк», калі сярод іх ёсць нашы браты-рабочыя?

Доўга яшчэ казала настаўніца, а дзеці выкрыквалі:

— Гэта не я! Не я!..

Нават Пузік засаромеўся і сядзеў чырвоны як рак.

Але чаму ж гэта Кіру назвалі «чужаземцам»?

А таму, што ён часта прыносіў чужаземныя кніжкі, часопісы, малюнкі.

Сёння ў яго нямецкі часопіс з вялікімі малюнкамі. Заўтра бачаць у яго руках англійскую кніжку, бліскучую, на тоўстай паперы. Праз некаторы час Кіра разглядае французскую кніжку з цікавымі малюнкамі.

Аднаго разу ён прыцягнуў японскую ці кітайскую газету з такімі дзіўнымі знакамі, што не разбярэш, ці літара гэта, ці малюнак.

Цікавіліся кніжкамі не толькі Кіравы таварышы, але і сама настаўніца, старэйшыя вучні, настаўнікі з іншых класаў. Яны ўсе нават больш цікавіліся, як Кіравы сябры...

— Адкуль ты бярэш такія кнігі? — пыталіся яны.

— У бацькі.

— А дзе ён працуе?

— На фабрыцы «Штурм».

— Інжынерам?

— Не, рабочым.

— Няўжо ён можа чытаць усе гэтыя кнігі?

— Не ведаю,— адказвае Кіра.

— Адкуль ён іх бярэ?

— Прысылаюць па пошце.

Усе настаўнікі вельмі зацікавіліся гэтай справай і самі назвалі Кіру «чужаземцам». Яны часта прасілі Кіру пазычыць тую ці іншую кнігу на некалькі дзён, і Кіра ганарыўся.

Калі Кіра ўбачыў, што ўсе цікавяцца гэтай справай, ён і сам пацікавіўся запытацца ў бацькі:

— Хто табе прысылае гэтыя кнігі?

— Таварышы рабочыя.

— Адкуль?

— З розных краін. З усяго свету.

— Адкуль ты іх ведаеш?

— Пазнаёміўся праз газеты.

— А ці ты ўмееш чытаць усе гэтыя газеты і кнігі?

— Не. Але мы ўсе ведаем адну агульную мову — эсперанта. На ёй і перапісваемся. Вось падрасцеш — і ты вывучыш яе. Бонэ? — усміхнуўся бацька і пляснуў Кіру па плячы.

Кіра хацеў ужо спытацца, што гэта за слова такое «бонэ», але бацька зараз жа дадаў:

— «Бонэ» — па-нашаму «добра». Старайся ўжо цяпер вывучыць некаторыя словы, спатрэбяцца.

Але нельга сказаць, каб Кіра цікавіўся чужаземнымі словамі, ён толькі цікавіўся малюнкамі.

Вось аднаго разу прыйшла такая кніжка, дзе былі толькі адны малюнкі. У кніжцы кавалкі празрыстай чырвонай і сіняй паперы. І калі паглядзіш праз гэтую паперу на малюнак, дык убачыш зусім не тое, што на ім намалявана,— убачыш зусім іншы, новы малюнак.

— Як цікава! — захапіўся Кіра.

— Гэта табе прыслаў твой таварыш,— сказаў бацька.

— Які таварыш? — здзівіўся Кіра.

— Маленькі Морыц з Гамбурга. Вось ён,— і бацька паказаў фатаграфію хлопчыка такога ж узросту, як і Кіра.

Апрануты ён быў, як дарослы: пінжак з кішэнямі, белы каўнер з гальштукам: толькі штонікі кароткія.

— Адкуль жа ж ён мяне ведае? — дзівіўся Кіра.

— Ды мы з яго бацькам пісалі адзін аднаму, што ў нас ёсць аднолькавыя хлапцы. Вось ён і пазнаёміў вас. Цяпер, брат, і табе прыйдзецца зняцца ды паслаць у Германію сваю картку ды яшчэ які-небудзь падарунак.

Кіра саскочыў з крэсла:

— Хадзем, тата, здымацца. Я хачу паслаць картку зараз жа.

— Пачакай, пачакай, паспееш! — стрымаў бацька.— Падумай яшчэ, які падарунак ты можаш паслаць. Вось ён тут табе і напісаў нешта...

Пачаў быў чытаць Кіра, але нічога не разабраў.

— Не магу прачытаць,— сумна сказаў Кіра.— Неяк не так напісана.

— Напісана яно так, толькі па-эсперанску: «Дарагому таварышу Кіру ад Морыца».

— А як жа я яму напішу? — сказаў Кіра.— Я не ўмею так пісаць.

— Ды, мусіць, і ён не ўмее. Пэўна, бацька напісаў на паперцы, а ён спісаў. І мы пакуль што так сама зробім. А пазней вы і самі навучыцеся.

— А хто ён такі, хто яго бацька?

— Бацька — рабочы на заводзе, дзе будуюцца караблі. Але ў гэтым лісце якраз піша, што застаўся без работы. Усюды за мяжой зачыняюцца фабрыкі, і рабочыя застаюцца без працы.

— Чаму так? — зацікавіўся Кіра.

— Таму, што фабрыкі і заводы належаць паасобным капіталістам. А кожны з іх не думае аб агульнай карысці, а дбае толькі аб сабе. А калі кожны дбае толькі аб сабе, дык ніколі дабра не будзе.

Некалькі дзён Кіра быў вельмі заклапочаны, што паслаць далёкаму незнаёмаму таварышу? Так хацелася пацешыць яго, зрабіць што-небудзь прыемнае.

З фатаграфіяй Кіра не разлучаўся, часта глядзеў на яе — яму пачало здавацца, што ён гэтага хлопчыка ведае даўно і любіць, як брата.

Вядома, паказваў кніжку і фатаграфію ў школе. У класе ўсе зайздросцілі, што Кіра завёў сяброўства з замежным хлопчыкам. Нават Пузік сказаў:

— Эх, каб і мне мець замежнага таварыша!

Усім класам пачалі абмяркоўваць і раіць Кіру, які падарунак паслаць Морыцу. Колькі ж прапаноў было! І мадэль трактара, і розныя свае малюнкі, і кніжкі, і чырвоны сцяг, і вершы. Але найлепшай прапановай было паслаць акцябрацкую зорку і партрэт маленькага Леніна.

Нарэшце прыйшоў дзень, калі Кіра ўжо мог паслаць сваю пасылку — фатаграфію, зорку і партрэт Леніна...

— Напішы яму, тата, каб хутчэй адказаў,— папрасіў Кіра.— Хай запішацца ў акцябраты і носіць зорку.

— Нешта не чуў я, каб там былі акцябраты,— сказаў бацька.

— А калі можна чакаць адказу? — запытаўся Кіра.

— Можа, тыдні праз тры, можа, і праз два, калі зараз жа адкажуць.

Дзень за днём лічыў Кіра, калі пройдуць два тыдні. Яшчэ з большай нецярплівасцю чакаў трэці тыдзень.

— Можа, ліст загінуў? Спытайся, татка, напішы,— прасіўся Кіра.

— Пачакай, пацярпі,— сказаў бацька.

Мінуў месяц, другі, а адказу ўсё няма. Нарэшце бацька напісаў другі ліст, але і на яго не было адказу.

— Мусіць, выехалі куды з Гамбурга шукаць працы,— сказаў бацька.— Відаць, няма калі ім думаць аб перапісцы.

Як жа шкадаваў Кіра! Гэтак цікава было весці сяброўства з замежным таварышам, і нічога з гэтага не выйшла.

Калі ж мінула паўгода, Кіра бадай-што забыўся пра ўсю гэтую гісторыю.

І вось аднаго разу прыйшоў з Германіі запэцканы ліст, а ў ім пісулька.

Паглядзеў бацька на ліст і паківаў галавою:

— Што гэта такое? Нібы табе, Кіра, нібы ад твайго таварыша Морыца, але палавіна слоў эсперанскіх, а палавіна нямецкіх, якіх я не разумею. «Бацька... маці... адзін...» Відаць, нешта здарылася. Пайду да суседа, студэнта, хай ён разбярэ нямецкія словы.

Студэнт сказаў, што і нямецкія словы напісаны з памылкамі, а эсперанскіх ён не ведае. Але ўдвух яны нарэшце разабраліся, і атрымаўся наступны ліст:

«Дарагі таварыш Кіра.

Бацька забіты фашыстамі. Маці памерла. Я адзін. Вельмі, вельмі дрэнна.

Морыц Кольман.»

Калі бацька прачытаў Кіру гэтыя словы, дык хлопчык расплакаўся:

— Бедны Морыц... Шкада яго... Трэба дапамагчы. Тата, вазьмі яго да нас. Ён адзін.

Бацька панурыўся.

— Вядома, шкада,— прамовіў ён.— Але як дапамагчы? Як яго возьмеш?

— Пашлі грошы. Хай прыязджае.

Бацька толькі ўсміхнуўся.

— Не так гэта проста, як табе здаецца. Але ў кожным разе трэба падумаць.

Аднак думаць доўга не прыйшлося.

Яшчэ тыдзень назад на завод, дзе працаваў Кіраў бацька, была прыслана прапанова вылучыць лепшага ўдарніка для паездкі за мяжу.

Кіраў бацька якраз быў адзін з лепшых ударнікаў і вельмі спадзяваўся, што выберуць яго.

Так яно і здарылася. Ах, як хацеў Кіра ехаць разам з бацькам!

Але бацька казаў:

— Нельга табе. Нас з усіх заводаў СССР едзе трыста чалавек. Калі кожны захоча ўзяць яшчэ сваіх дзяцей, што ж тады будзе? Пацярпі, сам прывязу. А вырасцеш, будзеш добрым ударнікам, тады і сам паедзеш за мяжу...

 

Калі настаўніца ўвайшла ў клас, дык заўважыла, што вучні неяк хітра пераміргваюцца і пазіраюць то на яе, то на той кут, дзе сядзеў Кіра.

— Чаго вы? — запыталася настаўніца.

— А ў нас госць ёсць! — закрычалі дзеці.

— Які госць? Дзе?

— А вунь там.

Толькі цяпер настаўніца разгледзела, што каля Кіры сядзіць нейкі хлопчык і ўсміхаецца. На грудзях яго была прышпілена акцябрацкая зорачка.

— Адкуль ты? — спыталася настаўніца.

Той нібы і не чуў. Сядзіць, усміхаецца і пазірае на дзяцей.

— Адкуль ты? Як цябе завуць? — спыталася настаўніца зноў.

Хлопчык так сама сядзіць, пазірае на дзяцей і ўсміхаецца. Дзеці ў рогат.

— Што гэта за жарты? — узлавалася настаўніца і падышла да хлопчыка.

— Як ты сюды трапіў? Як цябе завуць?

Хлопчык устаў і весела пазіраў то на настаўніцу, то на дзяцей.

— Што ён, нямы, ці што? — здзівілася настаўніца.

Дзеці яшчэ больш зарагаталі.

— Ну, як цябе завуць? — зноў спыталася настаўніца.

— Морыц! — крыкнуў нехта з вучняў.

— Кольман! — дадаў другі...

— Што ён, немец? — здзівілася настаўніца.— Адкуль? Якім чынам?

— З Гамбурга, прыехаў да мяне,— сказаў Кіра з гонарам...

Уся школа зацікавілася госцем. Увесь дзень толькі і гутаркі было, што аб ім. Кіра сотню разоў павінен быў расказваць гісторыю свайго замежнага сябра.

Затое ў гэты дзень ён адчуваў сябе самай важнай асобай пасля Морыца.

Морыц пагасцяваў у Кіры месяц, а пасля паехаў у Маскву, у дзіцячы дом, дзе выхоўваецца яшчэ шмат такіх дзяцей замежных рабочых, забітых фашыстамі.

Цяпер Морыц піянер і перапісваецца з Кірам увесь час.

 

1932 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com