epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Каляровыя душы

Вось дзе сапраўды «чорная» няўдзячнасць! Вось і вучы пасля гэтага чорны народ! Вось і нясі яму культуру!

Як вядома, кожная імперыялістычная дзяржава спаць спакойна не можа, калі ў якой-небудзь Афрыцы народ некультурны. І таму ў першую чаргу пасылае туды місіянераў.

Тыя бяруць з сабой люстэркі, цацкі, каляровыя анучкі, біблію і крыж і нясуць усю гэтую «культуру» да дзікуноў. Разам з імі едуць гандляры і вязуць цэлыя караблі такой самай «культуры». На кожны выпадак далучаюцца яшчэ салдаты са стрэльбамі, кулямётамі, газамі.

За ўсю гэтую цывілізацыю дзікуны павінны аддаваць усяго толькі золата, слановую косць, скуры і іншыя «дзікія» рэчы. Ды часам яшчэ папрацаваць гадзін з дванаццаць у дзень на еўрапейскіх плантацыях.

Самая адказная праца кладзецца на плечы місіянераў. Яны павінны асвятліць дзікуноў хрысціянскім вучэннем і падрыхтаваць глебу для шчаслівага жыцця... цывілізатараў.

І трэба сказаць праўду пра гэтых чорных дзікуноў: здольны народ, уцямлівы, дасканала можа вывучыць хрысціянства.

«У абсягах Уганды і Руанды,— піша бельгійскі місіянер Ру,— тубыльцы чакаюць месію-хрыста, які прагоніць белых, і тады толькі пачнецца ў Афрыцы царства хрысціянскай справядлівасці».

«Нейкі нікчэмны негр Кібангу,— даносіць губернатар Конга,— распаўсюдзіў вучэнне, што прыйдзе чарнаскуры месія-збаўца, прагоніць белых, і тады будзе ў іх краіне сапраўднае хрысціянскае жыццё».

У ангельскай Радэзіі негр Том Налендва вучыць, што добры хрысціянскі бог выдзьме ўсіх белых уладароў.

Французскія місіянеры з вострава Мадагаскара скардзяцца на тое самае.

Адным словам, місіянеры так добра навучылі дзікуноў, што яны сапраўды ўверавалі ў добрага хрысціянскага бога. Усё гэта грунтуецца на шчырым хрысціянстве. Чорныя апосталы ходзяць па ўсёй краіне і цытатамі з бібліі даводзяць, што набліжаецца царства Хрыста, што ён прагоніць белых прыгнятальнікаў. Хрысціянскі народ прагна слухае гэтыя словы і шчыра моліцца па спосабу, якому навучылі яго добрыя місіянеры.

Спалохаліся місіянеры, кінуліся пераконваць вучняў:

— Пачакайце! Вы ж не так зразумелі, наблыталі! Хрысціянства трэба разумець вось гэтак...

Але дзе там! Том Налендва з бібліяй у руках адразу разбіў іх довады, нават і абвінаваціў місіянераў у тым, што яны адхіляюцца ад хрысціянства.

Місіянерам нічога не засталося, як пусціць свой апошні довад.

Том Налендва быў арыштаваны, закатаваны і павешаны...

Пачалося паляванне на чорных апосталаў. А разам з гэтым спалена шмат вёсак, парасстраляна шмат народу...

Але дзікуны цвёрда стаяць за хрысціянства, хоць ты з імі што хочаш рабі.

Далейшага развіцця падзей мы пакуль што не ведаем, але магчыма дапусціць наступнае.

Адзін святы езуіт прапанаваў:

— Святыя браты! Давайце вучыць наадварот: ніякага бога няма, усё хрысціянства — хлусня. Ніякай дапамогі з неба не дачакаецеся, таму павінны слухацца нашых зямных загадаў, бо іначай...

Паслухаліся айца, пачалі вучыць наадварот. Не спадзеючыся на дапамогу, негры прыціхлі і пачалі слухацца сваіх гаспадароў.

Але... праз пэўны час пачаліся новыя скаргі.

Негры Бакінгу і Мот распаўсюджваюць вучэнне, што ніякага бога няма, што чакаць дапамогі з неба не выпадае, таму негры павінны самі...

Тады не заставалася нічога іншага...

Але вернемся да фактаў.

Працу ангельскіх, французскіх і бельгійскіх місіянераў мы яшчэ можам зразумець. Іхнія гаспадары маюць вялікія калоніі, маюць ад іх вялікія прыбыткі. Дзеля гэтага варта папрацаваць.

Але што тады сказаць пра такую дзяржаву, як... Фінляндыя! Ніякай калоніі яна не мае; здавалася б, ёй зусім няма чаго дбаць аб чорных ды іншых каляровых душах.

Аднак і Фінляндыя разгарнула значную дзейнасць у гэтай галіне.

У Фінляндыі таксама ёсць спецыяльная арганізацыя — «Фінскае Місіянерскае Таварыства». Гэта багатая арганізацыя: маёмасць яе складае 12 мільёнаў фінскіх марак.

Не так даўно гэтае таварыства легкадумна абвясціла сваю справаздачу. З яе відаць, што свае фінляндскія душы ёй каштавалі 1 200 000 марак, чорныя афрыканскія — 300 000 марак і жоўтыя (кітайскія) — 1 162 000 марак.

Самымі дарагімі душамі выявілі сябе жоўтыя. За вышэйпаказаную суму апрацавана ўсяго толькі 38 душ. Гэта значыць, кожная душа каштавала 30 578,95 маркі! Ды яшчэ каб пэўныя былі гэтыя жоўтыя душы, тады яшчэ сяк-так. А то, як скардзіцца сама арганізацыя, некаторыя з іх памерлі, нават не дачакаўшыся канца справаздачнага года, а некаторыя дык і зусім здрадзілі.

На жаль, у газеце не паведамляецца пра сабекошт белых, асабліва ж чорных душ. Трэба думаць, што, калі арганізацыя не скардзіцца, яны каштавалі больш танна.

Але ў кожным разе мы можам толькі дзівіцца такой шчырай адданасці хрысціянству з боку фінаў. Калі ангельцы, французы атрымліваюць за гэта слановую косць, золата, каучук і іншыя такія рэальныя рэчы, дык фіны гэтага не маюць. А мільёны кідаюць. Мусіць, яны працуюць толькі дзеля сваіх уласных душ, якія... і карыстаюцца гэтымі мільёнамі.

 

1930 г.


1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах. Том чацвёрты. — Мн., «Маст. літ.», 1976. — 408 с.
Крыніца: скан