epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

На парозе будучыні

 

Цягнік ішоў з усходу, на Маскву. Ішоў па землях, якія не бачылі ворага з часоў Батыя. Але подых новага Батыя, з захаду, адчуваўся і тут. Адчуваўся на палях, якія і радзілі не так, па аратых, што не смяяліся; у вёсках, прыціхлых і суровых, якія думалі сваю думу; на станцыях, беднаватых і няўтульных; відаць быў у вачах вось гэтай маладзіцы, у руках старых рабочых. І надвор’е нейкае няпэўнае — не то вясна, не то восень.

Як светлыя праменні, хадзілі па краіне радасныя словы: «Немцаў абкружылі... разграмілі... узялі...» Але да ўсяго можна прызвычаіцца — прызвычаіліся і да гэтых слоў. Столькі часу б’ём ворагаў, а яны ўсё яшчэ дыхаюць, усё яшчэ шкодзяць...

Адно толькі ясна: за лёс радзімы трывожыцца ўжо не прыходзіцца, застаецца толькі ў кожнага свая асабістая трывога — за сына, за бацьку.

І асабліва балюча думаць, што яны могуць загінуць перад самым канцом вайны.

Спакойна, але цяжка дыхала руская зямля, як той падарожны, што прайшоў вялікі і небяспечны шлях і набліжаецца да свайго дому. Ён рады, што дарога канчаецца, але стаміўся і весяліцца зусім не мае ахвоты.

І цягнік ішоў, як той самы падарожны, цяжка, упарта, глуха пастукваючы сваімі коламі і сурова пакрыкваючы па ваколіцах.

У купэ мяккага вагона — маўклівы падпалкоўнік, заклапочаны маёр з рэдакцыі франтавой газеты, маладзенькі артылерыйскі лейтэнант і таксама малады худы капітан.

Ці яны ўжо ўсё перагаварылі, ці кампанія такая негаваркая падабралася, але гутаркі ў купэ было мала. А калі перакідваліся якімі словамі, дык меней за ўсё пра вайну. Ды вядома ўжо, што ў такіх выпадках больш за ўсё любіць гаварыць пра вайну народ цывільны.

Толькі артылерыйскі лейтэнант стараўся павярнуць гаворку на ваенную тэму, бо першы раз ехаў на фронт. Падпалкоўнік і маёр вярталіся на фронт са шпіталя, а капітан зусім ехаў дадому. Гледзячы на яго акуратную падцягнутую фігуру, ніхто не сказаў бы, што гэта інвалід першай групы: левая рука ў яго была не свая.

Лейтэнант светлымі, пукатымі дзіцячымі вачыма ўсё дапытваўся аб некаторых, як ён казаў, «неафіцыйных» умовах франтавога жыцця, але яму часцей за ўсё з усмешкай адказвалі:

— Убачыце самі.

— Баюся, што не паспею,— сказаў ён з наіўным сумам.— Берлін ужо ўзялі.

Маёр пастараўся яго суцешыць:

— Войск у ворага яшчэ нямала. Пакіне супроць саюзнікаў якую тысячу салдат, а з рэштай можа ваяваць з намі хоць тыдзень, а за гэты час вы і даедзеце.

— Так, вайна канчаецца,— задумліва сказаў капітан,— але ўявіць сабе гэты канец аніяк не магу.

У гэты момант з суседняга купэ пачуўся зычны голас:

— Усё магу сабе ўявіць, хоць вайну з марсіянамі, а канца гэтай вайны ўявіць не магу. Як мы будзем жыць без паведамленняў ад Савецкага Інфармбюро? Як мы будзем адчуваць сябе, калі зваліцца з плеч цяжар? Які выгляд будзе мець Еўропа і якія складуцца міжнародныя адносіны?

— Чуеце? — усміхнуўся падпалкоўнік.— Відаць, усе мы думаем аднолькава.

З другога купэ, нібы выбухі мін, даносіўся стук даміно: там лічылі, што лепш за ўсё не думаць пра такія высокія матэрыі.

...Капітан Віктар Смолін ніяк не мог заснуць. Чым бліжэй пад’язджаў ён да роднага дому, тым цяжэй рабілася яму на сэрцы. Яму ж толькі дваццаць шэсць гадоў, а ён поўны інвалід — фактычна застаўся толькі з адной рукой. А калісьці ён быў найлепшым кіперам у сваёй заводскай камандзе. І як яго сустрэне Рына?.. Яна, пэўна, вырасла, пасталела... Цяпер яна на яго і глядзець не захоча. Каму ён патрэбны такі?.. І сваім старым бацькам прывязе адно толькі гора. Не ён іх падтрымае на старасці, а ім трэба яго падтрымліваць. Вось усе чакаюць канца вайны, а што гэты канец дасць яму?..

На верхніх лаўках спалі маёр і лейтэнант. У калідоры нехта ціха казаў:

— Гэта ж цуд нейкі: чым бліжэй да канца вайны, тым магутней робіцца наша армія. Такіх катастрафічных удараў, як нашы, яшчэ ніхто, нідзе, нікому і ніколі не наносіў.

Заварушыўся падпалкоўнік, сеў, запаліў папяросу. Відаць, і ў гэтага спакойнага чалавека ёсць свае згрызоты.

— Не спіцца, таварыш падпалкоўнік? — спытаў Смолін.

— Нешта не клеіцца,— адказаў той.

Раптам недзе далёка, у другім канцы вагона, пачуліся словы:

— Германія капітулявала!

Падпалкоўнік і капітан усхапіліся, прыслухаліся.

Па вагоне, нібы навальніца, каціўся гул:

— Канец вайне! Германія капітулявала!

Адкуль узяліся гэтыя весткі? З поля ці з лесу, што прабягалі міма акон? Як бы там ні было, а хутка ўвесь вагон гудзеў, бы патрывожаны вулей. Цягнік у гэты час праходзіў не спыняючыся ля нейкага заняпалага раз’езда — і раптам з цемры некалькі галасоў так шчыра закрычалі «ўра», што ў капітана аж мароз прабег па целе.

У вагоне ўжо ніхто не спаў. Усе твары свяціліся, кожны спяшаўся выказацца, не слухаючы суседа.

Галовы самі падымаліся, грудзі самі выпростваліся. Дзе ты цяпер, вораг подлы і люты? Вылізвай кроў сваю!

Артылерыйскі лейтэнант збянтэжана паўтараў:

— Вось і канец! Вось і канец! — і ніяк нельга было распазнаць, ці ён радуецца, ці шкадуе, што абышлося без яго.

У другім месцы ішла гарачая дыскусія на тэму: ці будзе гэтая вайна апошняй?

Некаторыя спакойна і ўпэўнена казалі:

— Пакуль існуе імперыялізм і капіталізм...

Другія супярэчылі:

— Хіба вы не бачыце, што ўвесь свет не жадае вайны?

Яшчэ некалькі хвілін назад падобныя і розныя іншыя пытанні стаялі, як вада перад плацінай, і толькі ціха варушыліся, а цяпер плаціна прарвалася... Усе бытавыя і сямейныя справы павярнуліся другім бокам. Увесь свет павярнуўся другім бокам. І павярнулі яго мы!..

...Цягнік ішоў з усходу, па тых землях, дзе не ступала нага ворага з часоў Батыя і ніколі не ступіць. Паравоз ляцеў лёгкай птушкай, колы мілагучна выстуквалі рытм. Палі смяяліся, лясы спявалі. У паветры — музыка і радасць. Старая бабулька на сцежцы, з клункам на спіне, не адставала ад цягніка: самі ногі неслі яе да дзеда, каб паведаміць, што хутка прыйдуць іх сыны. Старыя рабочыя весела гушкалі ля моста вялізнае бервяно, нібы гуляючы з ім. Дзяўчаты махалі цягніку хусткамі і крычалі «ўра», пастухі таксама крычалі «ўра». Апрача таго, і ў лагчыне, нават не бачачы цягніка, нехта сам сабе крычаў «ура».

На станцыях не то кірмаш, не то ўрачыстая сустрэча.

Выйшаў падпалкоўнік з вагона — і імгненна ўзляцеў у паветра. Маёра абхапіла за шыю прыгожая дзяўчына і стала цалаваць.

— Дзеля аднаго гэтага варта было ваяваць чатыры гады,— сказаў маёр.

А на другой станцыі публіка абкружыла артылерыйскага лейтэнанта і давай гушкаць яго з крыкамі:

— Дзякуем вам, нашы родненькія!

Бедны лейтэнант, вярнуўшыся ў вагон, не мог глядзець у вочы сваім таварышам. Яму здавалася, што ўсе смяюцца з яго. Каб ведаў, што так будзе, нікому не сказаў бы, што яшчэ не быў на фронце.

І ў купэ былі ўжо не тыя пасажыры: малады, гаваркі падпалкоўнік, вясёлы маёр, жыццярадасны капітан.

За гэтыя гадзіны ўсё мінулае адышло ў гісторыю, і наша краіна пераступіла парог будучыні.

І ўбачыў капітан Смолін, што для яго гэтая будучыня зусім не такая, як здавалася ўчора. З чаго ён узяў, што яму і жыцця ўжо не будзе? З правай рукой, з добрай галавой ды з натхненнем, якое цяпер пануе навакол, можна зрабіць такое, чаго ў іншых умовах ніяк не зробіш. З чаго ён узяў, што ён фізічна слабы, калі яму так і карціць ісці, рухацца, працаваць? А якое цяпер будзе цікавае жыццё наогул! Як хораша жыць і працаваць, працаваць і жыць!..

...Масква ззяла. Блакітныя вогненныя слупы шнырылі па небе. Жмені рознакаляровых зор узляталі ў паветра і дажджом падалі ўніз. Грымелі гарматы. Разлівалася музыка. Гулі галасы мільёнаў людзей — увесь народ быў на вуліцах, і ўсе смяяліся.

Ніводнага чужога не было сярод гэтых мільёнаў — усе звярталіся адзін да аднаго, як да блізкіх знаёмых. Ніводнага непаразумення, ніводнага грубага слова. Вышэйшае шчасце, шчасце народнае аб’яднала і зблізіла ўсіх.

У гэты дзень Масква, як і ўся краіна, пераступіла парог будучыні.

Смолін з насільшчыкам стаяў перад вакзалам, як на беразе мора. Як пераправіцца цераз яго? Але доўга стаяць не давялося — падпаўзла машына, і адтуль пачуўся голас:

— Таварыш, вам куды? Сядайце!

У машыне была сям’я нейкага незнаёмага чалавека. Смолін адразу адчуў сябе ў гэтай незнаёмай сям’і, як у сваёй. Машына паехала «шагам». На радыятар узабраліся два хлапчукі — і ніхто ім не пярэчыў.

І калі Смолін сядзеў ужо ў сваёй роднай сям’і, то ні яму, ні яго бацькам, ні Рыне зусім не прыходзіла ў галаву, што ён інвалід. Бо яны пераступілі парог будучыні.

 

1946 г.


1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах. Том чацвёрты. — Мн., «Маст. літ.», 1976. — 408 с.
Крыніца: скан