epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Падарожжа ад школы да дому

Спрадвеку людзі прывыклі лічыць, што ўсякае падарожжа перш за ўсё залежыць ад надвор’я. Кожны ведае, што і конь і чалавек у добрае надвор’е куды больш і шпарчэй пройдуць, як у дождж ці завіруху. Нават поезд у дрэннае надвор’е затрымліваецца, а самалёт дык той часта і зусім ляцець не можа.

А вось Сцёпка — наадварот: у самае дрэннае надвор’е прабяжыць ад школы да сваёй хаты за трынаццаць з паловай мінут, а потым, чым больш паляпшаецца надвор’е, тым больш часу займае дарога. Напрыклад, у добры зімовы дзень, калі няма марозу і снег такі мяккі і ліпучы,— падарожжа дахаты займае ўжо гадзіну і больш. А ў цёплы веснавы дзень, калі сонейка свеціць так ласкава і вераб’і заўзята крычаць з кожнага дрэва, з кожнага даху,— адлегласць ад школы да Сцёпкавай хаты значна павялічваецца, і, каб прайсці яе, трэба патраціць, прынамсі, гадзіны дзве-тры. Аб адным такім Сцёпкавым падарожжы нават варта і расказаць.

Толькі ён выйшаў са школы і рушыў у дарогу, як здарылася катастрофа: машына наляцела на каменны слуп і павалілася на бок. Каб хто не падумаў, што гэта была машына, у якой ехаў Сцёпка,— мы павінны адразу сказаць, што гэта была зусім другая машына, якая дачынення да Сцёпкі не мела. Але ж затое Сцёпка меў да яе вялікае дачыненне. Па-першае, яна пацярпела аварыю. А хіба можа якая аварыя абысціся без Сцёпкі? Ды каб яго ўначы хто разбудзіў і сказаў, што за сем кіламетраў адбылася якаясьці аварыя,— ён і тады пабег бы глядзець на яе. А тут без ніякіх табе турбот аварыя адбываецца, можна сказаць, пад самым носам. Не кожны дзень трапляецца такая выгода. І ён павінен скарыстаць яе поўнасцю. Ён павінен бачыць, як будуць вылазіць з машыны людзі, пераканацца, ці не паранены яны, даведацца, з якой прычыны адбылася аварыя, разгледзець, што паламалася і папсавалася, пакратаць гэтыя мясціны рукамі, прасачыць, як будуць падымаць машыну, якім чынам і куды яе павязуць, дазнацца, чыя гэта была машына. Адным словам, работы для Сцёпкі знаходзілася нямала, і работы нялёгкай, бо трэба было гвалтам праціскацца наперад, цярпець штуршкі дарослых, змагацца з другімі такімі самымі хлапчукамі за першае месца і ўвесь час ухіляцца міліцыянера, які ўпарта адганяў публіку ад машыны, нібы шкада было, што добрыя людзі хочуць паглядзець на яе.

Прайшло, можа, больш за паўгадзіны, пакуль справа была ўпарадкавана і Сцёпка мог спакойна ісці дадому. Ідучы праз сквер, ён убачыў малога хлопчыка з кнігамі, відаць, першакласніка, які нізенька схіліўся да зямлі і калупаў там нешта трэсачкай. Быстрае Сцёпкава вока адразу заўважыла здабычу: калі гэтага хлопчыка крыху штурхануць ззаду, ён адразу ўтыркнецца носам у зямлю — і будзе вельмі смешна. Сцёпка ціханька падкраўся да хлопчыка, штурхануў яго — і той сапраўды ўтыркнуўся носам у зямлю і заплакаў. Сцёпка засмяяўся. Ён нават думаў, што і ўсім, хто бачыць гэта, будзе таксама смешна. Але выйшла наадварот.

— Ты чаго крыўдзіш хлопчыка, хуліган? — узлавалася адна старая жанчына.

— Зараз я цябе самога так штурхану! — крыкнуў нейкі вялікі хлапец.

Сцёпка пастараўся хутчэй знікнуць у натоўпе.

«Не разумеюць жартаў, чапляюцца! — крыўдзіўся ён на людзей.— Пабіў я яго, ці што?..»

Але разважаць не было калі: перад ім была вітрына з усялякімі прыладамі, у тым ліку са шмат разнастайнымі дасканалымі ножыкамі. Гэтую вітрыну Сцёпка добра ведаў: не адну гадзіну ён прастояў тут і ножыкі ўсе вывучыў. Але і на гэты раз ён таксама спыніўся перад ёй. Хіба можна прайсці міма такога багацця? Узяць, напрыклад, гэты моцны крывы ножык. Каб Сцёпка яго меў, ён нікога не баяўся б: ён бы і ад ваўка абараніўся, і ад мядзведзя, і ад тыгра, а можа, нават і ад ільва; і слану можна было б вока выкалаць. А вунь той тоўсты ножык — гэта ж цэлая майстэрня, а не ножык! Усе інструменты ў ім ёсць. Каб яго мець, можна было б вырабляць усё, што захочаш. Сцёпка тады гадзіннік паспрабаваў бы сабе змайстраваць. А яшчэ лепш — стрэльбу. Але каштуе гэты ножык-майстэрня вельмі дорага. У такім разе Сцёпка быў бы рады і гэтаму зграбнаму ножычку, які каштуе значна менш. Тады б ён зусім выкінуў тую ламаку-жалязяку, што ляжыць у яго кішэні. Але і такіх грошай Сцёпка дастаць не можа...

Невядома колькі часу ён прастояў бы перад вітрынай, каб не пачулася ваенная музыка. А калі ўжо музыка на вуліцы, то, пэўна, там нехта ідзе. А калі ідзе, то як жа ж можа Сцёпка стаяць? І самі ногі панеслі Сцёпку да музыкі.

Ажно гэта было трохі не тое, што ён думаў. Везлі нябожчыка. А нябожчыкаў, як вядома, вязуць чамусьці вельмі марудна. І ісці ціха за імі не зусім прыемна. Таму Сцёпка правёў нябожчыка ўсяго толькі два кварталы. І зусім у процілеглы бок ад свайго дома.

Але затое ён апынуўся каля гарадскога саду. А там у кутку некалькі хлопцаў заўзята гулялі ў ямкі. Ды яшчэ на грошы. А ў Сцёпкі ў кішэні было трыццаць восем капеек уласных грошай ды яшчэ рубель, які яму дома далі, каб купіў соды. Ну, рубель гэты, вядома, лічыць нельга было, але на трыццаць восем капеек рызыкнуць было б варта. А можа, яшчэ якіх трыццаць капеек наляціць? І ён далучыўся да хлапцоў.

Іх было двое. Аднаго з іх Сцёпка нават добра ведаў. Прынамсі, яму так здавалася. А калі падумаць добра, то ведаў ён толькі яго прозвішча, ды і то, відаць, не сапраўднае, а вулічнае — Скок. А хто ён такі, як жыве, ці вучыцца ў школе — пра гэта так і не давялося спытацца: не было часу. Бо справы ў іх заўсёды былі падобныя да сённяшняй, а ў такія мінуты не будзеш распытвацца пра розныя там дробязі.

— Будзеш гуляць? — дзелавіта спытаў Скок.

— Буду,— адказаў Сцёпка, скоса пазіраючы на другога хлапца. Нешта не падабаўся ён Сцёпку. Перш за ўсё, ён быў даўгі, чорны, гады на тры старэйшы за іх. Потым, у яго губы былі тоўстыя і нос кірпаты. І нарэшце — вочы сядзелі надта глыбока і выглядалі з-пад ілба, як з-пад страхі. Так і здавалася, што ён нешта такое сабе думае. Сцёпка ж быў, наадварот, малы, рыжы, увесь у рабацінні, вочы светлыя, адкрытыя — і пра яго ніхто не сказаў бы, што ён думае. Ну, а Скок быў так сабе, сярэдні.

Пачалася гульня. Сцёпка са Скокам мітусіліся, хваляваліся, крычалі, спрачаліся, а той хлапец тым часам ціха, спакойна трапляе ды трапляе ў ямку. Не прайшло і гадзіны, як усе грошы перайшлі ў кішэню гэтага хлапца. Перайшоў і Сцёпкаў рубель, палавіну якога ён сам прайграў, а палавіну пазычыў Скоку, які таксама прайграў.

— Гэта таму, што ён доўгі! — абураўся Сцёпка.— Яму а вышыні добра ямку відаць, а калі нагнецца, то і бліжэй да яе становіцца, як мы.

— Ну і добра! — сказаў даўгі хлапец і пайшоў сабе прэч, пасвістваючы.

— Гэта ўсё праз цябе! — папракнуў Сцёпка свайго прыяцеля.— Што цяпер будзе з гэтым рублём?

— А ты скажы, што ў цябе ўкралі яго ў школе — вось і ўсё,— параіў Скок.— Падумаеш, якая важная рэч — рубель! Я нядаўна пяць рублёў прайграў — і то нічога. На, закуры — лягчэй на сэрцы будзе.

Сцёпка адчуў павагу да Скока. Гэткая сталасць і мужнасць! А ён, Сцёпка, нібы дзіця малое перад ім. Не, трэба трымаць сябе з гонарам. Сцёпка з важным выглядам узяў папяросу і закурыў. Але зараз жа ў горле запякло, зашчыпала, пачаўся кашаль, слёзы на вачах паказаліся. Трэба было ратаваць свой гонар.

— Гэта якія папяросы? — спытаўся ён праз кашаль.

— «Ракета».

— Не падабаюцца яны мне,— ужо не хаваючыся, скрывіўся Сцёпка.— Я больш куру «Спорт».

Цяпер ужо Скок адчуў павагу да такога сталага курыльшчыка.

А сапраўды Сцёпка яшчэ не курыў, а толькі хацеў навучыцца курыць. Ды навука была не такая лёгкая, як, можа, каму здаецца. Гарката пячэ, вочы на лоб вылазяць, а прыемнасці і следу няма. Але ж людзі кураць. І не толькі дарослыя, а і такія, як Скок. Проста зайздрасць бярэ, як гэты Скок пушчае дым праз нос! Ды за адно гэта варта перацярпець пакуту! І Сцёпка са слязамі на вачах цярпеў.

Яны выйшлі на вуліцу. Ад прыпынку толькі што адышоў трамвай.

— Паедзем? — спытаў Скок.

— Паедзем.

Яны пагналіся за трамваем, ускочылі на падножку і павярнуліся спіною да ўвахода. Ніхто не звярнуў на іх увагі, бо ўсе ўжо прывыклі да такіх пасажыраў.

Але хутка пачуўся голас жанчыны-кандуктара:

— Эй, хлопцы! Заходзьце ў вагон і бярыце білеты. Нельга на падножках ездзіць!

Але хлопцы, здавалася, нічога не чулі, разглядаючы вуліцу.

Зноў той жа голас:

— Чуеце вы? Заходзьце ў вагон!

Хлопцы яшчэ больш уважліва сталі прыглядацца да вулічнага руху.

Працягнулася рука кандуктара і ўзялася за плячо Скока. Той пачаў упірацца, вырывацца. Але раптам ён адчуў, як за каўнер узялася другая рука, вялікая, дужая, падняла яго як саломінку і паставіла на пляцоўку. Такім жа чынам побач з ім быў пастаўлены і Сцёпка.

А затым аднекуль зверху пачуўся грозны голас:

— Вы чаго гэта не слухаецеся? Чаго парушаеце парадак?

Хлопцы нават не адважыліся глянуць на гэтага высокага і дужага дзядзьку. Не чакаючы, пакуль трамвай зусім спыніцца на прыпынку, яны рвануліся і выскачылі на вуліцу.

— Навошта лез сюды? Яна заўсёды чапляецца,— сказаў Сцёпка.

— Ды я не заўважыў, што тут яна. Нічога не зробіш, трэба рабіць перасадку. Ты куды хочаш?

— Дахаты.

— А я яшчэ з’езджу на Камароўку.

І хлопцы разышліся. Сцёпка дачакаўся другога трамвая, стаў ля выхада з вагона і пачаў прасіць у тых, хто выходзіў, білет. Некалькі чалавек буркнулі: «Ідзі прэч!», але знайшоўся і такі, які аддаў свой білет. Тады ўжо Сцёпка важна, павольна ўвайшоў у задні вагон і пачаў шукаць месца, каб сесці. Але вольнага месца не было.

Прыйшлося чакаць.

Нарэшце ён убачыў, што наперадзе з аднаго месца ўстае чалавек. Але блізка ад таго месца стаяла старэнькая бабуля, якая таксама мерылася сесці. Доўга не думаючы, Сцёпка рынуўся наперад і выперадзіў бабулю, хоць яна была ўжо зусім блізка. Гэтая перамога дала яму вялікае задавальненне. Але настрой сапсаваў нейкі дзядзька, які сядзеў насупроць. Ён быў у плашчы, у кепцы, з сіваватай падстрыжанай барадой. Па выгляду ён мог быць і старым майстрам, і доктарам, і настаўнікам. Убачыўшы Сцёпкаву «перамогу», ён пачаў сароміць яго:

— Сорамна, малады чалавек, так рабіць! А яшчэ вучань. Ай-яй-яй, як нядобра!

— У мяне білет, і я таксама маю права,— буркнуў са злосцю Сцёпка і падумаў:

«Сам сядзіць, як пан, а другі павінен стаяць. Усе тут роўныя. Хай бы сам пастаяў, калі хочацца».

І ў гэтую самую мінуту чалавек падняўся, уступіў сваё месца бабулі, а сам стаў ля Сцёпкі, трымаючыся за спінку яго сядзення.

Трэба сказаць праўду, Сцёпка адчуў сябе вельмі няёмка: ён шкадаваў, што ўвязаўся ў гэту гісторыю: ён ужо ахвотна згадзіўся б і сам пастаяць. Але яго ахапіла злосць, і ён упарта сядзеў на сваім месцы, з нецярплівасцю чакаючы, каб хутчэй скончылася гэта непрыемная дарога. Задоўга да прыпынку ён устаў са свайго месца і бачыў, як той дзядзька заняў яго.

Дома ён сказаў, што ў школе пасля заняткаў была сустрэча з адным вядомым прафесарам-даследчыкам, ардэнаносцам, які тры гады правёў на Камчатцы і вельмі цікава расказваў вучням аб сваім падарожжы. Таму ён, Сцёпка, і позна прыйшоў дадому. Ды яшчэ ў часе гэтай лекцыі (якая адбывалася ў зале) у яго з парты ўкралі рубель.

Відаць, так ужо вядзецца, што калі чалавек пачне хлусіць, то адна хлусня вядзе за сабой другую.

Але хлусня аб прафесару мела некаторае дачыненне і да сапраўднасці. У школе сапраўды вісела аб’ява, што заўтра адбудзецца такая сустрэча. А Сцёпка ўзяў ды сёння скарыстаў яе.

А заўтра ў школе ён пастараўся загадзя заняць месца ў першым радзе, каб бліжэй убачыць славутага даследчыка. І сапраўды ўбачыў блізка... Калі прафесар праходзіў на сцэну, то раптам прыпыніўся каля Сцёпкі, прыгледзеўся да яго і сказаў з усмешкай:

— Здароў, прыяцель! Ты тут?

Сцёпка пачырванеў як рак: ён пазнаў дзядзьку, з якім ехаў у трамваі! Вучні і настаўнікі здзівіліся надзвычайна.

— Вы яго ведаеце?! — усклікнуў дырэктар.

— Так, мы з ім разам ехалі,— адказаў прафесар і пайшоў далей.

Вучні пачалі шаптацца і жартаваць, што Сцёпка Сідорык разам з прафесарам ездзіў на Камчатку. Многія зайздросцілі яму. А Сцёпка сядзеў засаромлены і чакаў непрыемнасці.

Пасля лекцыі не толькі вучні, але і настаўнікі абступілі Сцёпку і пачалі распытваць, якім чынам ён пазнаёміўся з прафесарам. Сцёпка не ведаў, што казаць. Ён усё чакаў, што настаўнікі самі пачнуць гаварыць аб яго паводзінах у трамваі. Але ніхто нічога аб гэтым не гаварыў.

Сцёпка пасвятлеў: значыцца, прафесар не сказаў аб гэтым! Больш ні аб чым падумаць не было часу: трэба было зараз жа адказваць на пытанне, якім чынам ён пазнаёміўся з прафесарам. Настаўнікі чакалі.

Маўчаць больш нельга. Але што сказаць?..

І ён сказаў ціхім-ціхім голасам:

— Мы з ім учора ехалі ў трамваі, і я ўступіў яму сваё месца...

 

1939 г.


1939

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах. Том чацвёрты. — Мн., «Маст. літ.», 1976. — 408 с.
Крыніца: скан