На карце вы яе не знойдзеце. Можа, таму, што пабудавана яна ўсяго толькі два гады назад і яшчэ не ўключана ў агульную сетку чыгунак СССР, а можа, таму, што яна ўсё ж такі завецца Малой чыгункай.
Ва ўсякім разе на пасажырскім руху гэта не адбіваецца, і кожны грамадзянін можа без перашкоды зрабіць па ёй падарожжа ад станцыі Радаснай да станцыі Шчаслівай ці наадварот. Білет трэба браць да станцыі Гомель, а там ужо будзе перасадка на станцыю Радасную Малой Беларускай чыгункі. У 1938 годзе па ёй перавезена пяцьдзесят тысяч пасажыраў, і праехалі ўсе яны разам — дваццаць тысяч кіламетраў. Вылічвайце самі, якую даўжыню мае магістраль.
Але сярод чыгуначнікаў Малой Беларускай у гэтым сэнсе наглядаецца адна нездаровая рыса: усе хочуць быць або машыністамі, або дзяжурнымі па станцыі.
Адзін стрэлачнік, паважаны такі чалавек, у форме, са сцяжкамі і дудой, нават расплакаўся, нібы дзіця якое:
— Не хачу быць стрэлачнікам! Хачу быць дзяжурным па станцыі! Я ўжо цэлы месяц прабыў стрэлачнікам.
Усёй адміністрацыі на чале з начальнікам дарогі давялося ўгаварваць яго.
— Які ты будзеш дзяжурны па станцыі, калі яшчэ не ведаеш, як стрэлку перавесці? Трэба спачатку азнаёміцца з працай стрэлачніка, кандуктара, кантралёра, а потым ужо быць дзяжурным.
— А чаму Лізу адразу прызначылі дзяжурнай па станцыі? — хмура адказаў стрэлачнік.
Начальства зачмыхала носам.
— Мгм... Э-э... Бачыш, гэта было зроблена раней. А цяпер ужо кожны павінен пачынаць службу з прасцейшых пасад. Пачакай трошкі, перавядзём і цябе.
Хоць паравоз яшчэ больш прывабны, як чырвоная шапка дзяжурнага, але адразу прэтэндаваць на машыніста ніхто не адважваецца. Гэтай кваліфікацыі дабіваюцца паступова, і маладзей за васьмікласніка машыністы звычайна не бываюць. Двое з іх сёлета нават ездзяць практыкантамі па вялікай чыгунцы.
Мне пашанцавала: чарга ля касы невялікая — дзве дзяўчынкі па сем-восем гадоў ды прыезджы «турыст». Гэты хлапчук за сённяшні дзень ужо восьмы раз купляе білет, які каштуе дзесяць капеек, а для дарослага — дваццаць.
У білетнай касе — сталая касірка гадоў трынаццаці ды маленькая палахлівая практыкантка. Штохвіліны азіраючыся на старэйшую, практыкантка закампасціравала і выдала мне білет. Я з ім адразу ж падаўся на перон. Але дванаццацігадовы кантралёр сурова спыніў мяне:
— Нельга. Поезд яшчэ не прыйшоў.
Я паспрабаваў быў спрачацца, а потым, каб улагодзіць яго, пачаў жартаваць, але кантралёр сур’ёзна зірнуў на мяне, як на малога недысцыплінаванага хлапчука, паўтарыў «нельга» і адвярнуўся. У гэты момант я сапраўды адчуў сябе хлапчуком перад ім.
Пачуўся далёкі грукат поезда, гудок паравоза, адказ стрэлачніка. Зазвінеў службовы тэлефон. На перон выбег дзяжурны па станцыі — дзяўчынка гадоў пятнаццаці, у форме, у чырвонай шапцы. Паравоз і два вагоны спыніліся каля платформы.
З паравознай будкі выглянула замурзаная фізіяномія шаснаццацігадовага машыніста. (Тут недзе ёсць і дарослы машыніст — інструктар, які кіруе ўсёй справай, ды публіка яго не заўважае.)
Я зноў сунуўся на перон і зноў мяне не пусціў непахісны перонны кантралёр:
— Пачакайце, дзядзька. Пасадкі яшчэ няма.
— Ах, каб табе вырасці здаровым! Вось дык бюракрат!
Прайшло яшчэ некалькі мінут, пакуль паравоз перагналі на другі канец поезда, перанеслі ліхтары, аформіліся ў дзяжурнага па станцыі — і тады толькі пусцілі нас у вагон.
Вагоны мне не спадабаліся: яны маглі б быць крыху большымі, ды і па выгляду яны не падобныя на сапраўдныя пасажырскія вагоны. Але пасажыры адчувалі сябе лепей, як ва ўсіх найсапраўднейшых вагонах.
Поезд крануўся. З кабінета начальніка станцыі выразна чуецца голас:
— Выклікаю станцыю Шчаслівую. Адпраўляю поезд № 12. 14 гадзін 17 мінут...
Палатно чыгункі ва ўзорным парадку. Па баках — нітачкі з белых каменьчыкаў. Гэта заслуга брыгадзіра і яго таварышаў. Ён самы малы па росце і самы вялікі энтузіяст сваёй справы. Аднаго разу ён са сваёй брыгадай прабіўся да начальніка Вялікай Беларускай чыгункі і прывёз цэлы грузавік карысных для сваёй гаспадаркі рэчаў.
Пасля таго начальнік папракнуў кіраўніка Малой чыгункі:
— Нашто вы пасылаеце ка мне дзяцей па такіх справах, якія можна зрабіць без мяне?
Начальнік Малой дарогі здзівіўся: ён зусім і не ведаў аб гэтым паходзе бравага брыгадзіра. Прыйшлося зрабіць яму афіцыйную вымову за анархічны ўчынак. Ну, а неафіцыйна, можа, было і інакш...
Чыгуначная паласа цяпер не толькі адгароджана, але і заслонена густымі дрэвамі і хмызняком. А раней не было рады ад парушальнікаў чыгуначнай тэрыторыі. Ахова часта лавіла іх, складала пратаколы і штрафавала парушальнікаў на 5 капеек.
Вось круты паварот. Раней тут паравоз сыходзіў з рэек, пакуль не перамянілі іх на больш цяжкія. Далей — віядук цераз дарогу, які замяніў ранейшы пераезд; тут стаіць будка і застаўся яшчэ замацаваны шлагбаум. Паказалася станцыя Шчаслівая.
Падняўся семафор.
Да нас падышлі праваднік і кантралёр. У кантралёра ў руках бліскучая машынка для прабівання білетаў, сапраўдная, якая ўжываецца і на вялікіх чыгунках.
У гэты момант у мяне неяк вылецеў з рук білет.
— Што рабіць? — кажу кантралёру.— Білет вываліўся праз акно.
Кантралёр і праваднік былі збянтэжаны больш за мяне. Пазіралі адзін на аднаго, паціскалі плячыма.
— Хіба ў вас ніколі такога выпадку не было? — пытаюся я.
— Ніколі!
— Ну, а што вы зрабілі б, каб вам трапіўся заяц?
— Гэтага не было і быць не можа.
— Што ж усё-такі будзеце рабіць са мною?
Але ў тым і бяда была, што яны зусім не ведалі, што са мною рабіць.
— Можа, штрафаваць будзеце? — падказаў я.
— Ды трэ было б узяць штраф,— адказаў кантралёр.
— Колькі?
— Мусіць... рублёў шэсць,— прамовіў праваднік.
— А чаму шэсць?
Кантралёры і самі гэтага не ведалі.
Поезд тым часам падышоў да станцыі Шчаслівай. Я выйшаў з вагона і стаў чакаць вырашэння свайго лёсу.
Скоса пазіраючы на мяне, хлопцы пачалі ціхенька раіцца паміж сабою. Пасля адзін з іх махнуў на мяне рукой і сказаў:
— Ну, ідзіце сабе.
— А як жа ж са штрафам?
— Ідзіце, ідзіце. У вас білет быў.
Значыць, мае суддзі паглядзелі на справу з фактычнага боку, па сутнасці, і махнулі рукой на фармальнасць. А на Вялікай чыгунцы мне не раз даводзілася бачыць, як падыходзілі да справы зусім наадварот...
Падарожжа па Малой Беларускай чыгунцы скончылася. Я пайшоў да выхада.
Каля пад’езда нікога не было. Толькі недзе пад ганкам поркаўся ў пяску хлапчук у сініх трусіках. Убачыўшы дзядзьку з партфелем, ён палічыў мяне за начальства, вылез з-пад ганка і папрасіўся:
— Я хачу паступіць на чыгунку. Можна?
— На якую работу?
— Машыністам.
— Ну, не. Машыністам рана яшчэ.
— Тады куды-небудзь.
— Зайдзі пагавары,— параіў я яму і шчыра пашкадаваў гэтага адзінага ў СССР беспрацоўнага чалавека.
1938 г.