epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Падарожжа ў пекла

Гістарычная даведка
I. Як піянеры шукалі дарогу ў пекла
II. Ля перавозу
III. У вагоне
IV. Чысцец
V. На парозе пекла
VI. Экскурсія па пекле
VII. Пераварот у пекле


 

 

Гістарычная даведка

Усе мы ведаем, якое значнае месца ў жыцці народа займаюць чэрці, пекла і розныя падобныя рэчы. Вы не пражывяце ніводнага дня без чорта, а калі часам і забудзецеся на яго, то хто-небудзь з суседзяў абавязкова напомніць.

Калі хто моліцца богу, дык робіцца гэта толькі праз чорта. Каб яго, праклятага, не было, то не трэ было б і маліцца. Дзеля чаго тады маліцца? Толькі страх перад чортам прымушае. Выходзіць, такім чынам, што сам чорт працуе на карысць богу. А кажуць яшчэ, што чорт ідзе супраць бога!

Вылічана, што адзін толькі наш народ у першыя гады пасля рэвалюцыі выдаткоўваў на гэтую справу столькі грошай, колькі выдаткоўвалася на ўсе школы. Апрача таго, за год марнавалася больш 1 500 000 000 рабочых дзён.

Во колькі могуць з’есці чэрці!

А тым часам кажуць, што ніякіх чарцей няма, што ўсё гэта выдумана, што ніхто ніколі не бачыў іх і г. д. Ці можа так быць? Хіба можна, каб мільёны людзей верылі ў тое, чаго зусім няма на свеце?

Таму мы захацелі вывучыць гэтае пытанне дасканала.

І што ж вы думаеце? Мы павінны былі паверыць, што і чэрці, і пекла існуюць.

Мы знайшлі шмат друкаваных кніжак, дзе гаворыцца пра чарцей і пекла. А як жа не верыць друкаваным кніжкам?! Гэтак, барані божа, можна не даць веры і нашай кніжцы.

Галоўная літаратура наконт пякельных спраў — біблія, евангелле, талмуд, каран і тысячы іншых рэлігійных кніг. Але ўсе яны нейкія блытаныя, незразумелыя, нібы пісаў іх п’яны ці непрытомны чалавек. Тлумачыцца гэта тым, што пісаны яны надта даўно, дзве-тры тысячы гадоў назад.

Ёсць яшчэ славутая кніга вядомага італьянскага паэта Дантэ — «Боская камедыя». Ён так дасканала апісаў той свет, што яго кнігу і цяпер вывучаюць у розных універсітэтах. Але і ў гэтай кнізе пекла апісана такім, якім яно было шэсцьсот год назад.

Знайшлі мы і некалькі пазнейшых кніжак, але вельмі ненадзейны народ пісаў іх: усё нейкія цёмныя манахі ды манашкі. Самая апошняя з іх — манашка Тэкля, якая была ў пекле 5 студзеня 1905 года1. Гэтая Тэкля нават зусім была непісьменная, і, нам здаецца, яна Дантэ і ў падноскі не гадзіцца.

Наконт апошняй кнігі нават і нас узяло сумненне: ці не наблытала крыху паважаная Тэкля? У 1905 годзе яна апісвае пекла акурат гэтак жа, як апісвалася яно тысячы год назад. Хіба можа так быць? Ці можна дапусціць, што на працягу тысяч год у пекле не адбылося ніякіх змен?

Калі заснавалася пекла, на зямлі, паводле бібліі, было два чалавекі: Адам і Ева. Потым людзей станавілася ўсё болей і болей, а цяпер мы маем ужо каля трох мільярдаў! Можна сабе ўявіць, якая павінна быць розніца паміж колькасцю жыхароў у пекле тады і цяпер!

А калі прымем яшчэ пад увагу, што цяпер народ наогул сапсаваўся і не надта імкнецца ў рай, што за адны толькі суткі на зямлі памірае каля 120 000 чалавек, тады мы з дапамогай вышэйшай матэматыкі можам бадай дакладна вылічыць, што ў першыя стагоддзі ў пекле магло быць усяго некалькі тысяч грэшных душ, а цяпер каля 25 689 000 000 000.

Між тым колькасць чарцей, якія павінны абслугоўваць пекла, засталася тая самая, што і спачатку. Згодна з падлікамі духоўных спецыялістаў, чарцей у пекле 1 405 928 галоў — ні больш ні менш. Ды, апрача таго, 72 тысячы чартоўскіх князёў, графоў, баронаў ды іншых арыстакратаў2.

Гэта значыць, што калі раней аднаму чорту прыходзілася мардаваць, скажам, 10 грэшнікаў, то цяпер ужо на яго долю прыпадае 17 300 000!

Ды з такой нагрузкай сам чорт шыю сабе зломіць!

Возьмем для прыкладу апрацоўку душ віламі. Што ні кажы, а каб адзін раз усадзіць вілы ў бок, потым іх вырваць, павярнуцца, пацэліць у другога,— патрэбна не менш мінуты часу. Не кажучы ўжо аб тым, што толькі дурань будзе спакойна стаяць і чакаць, пакуль яго пырнуць; мусіць, кожны будзе ўхіляцца і выкручвацца як мага.

І вось, калі раней чорт на свае дзесяць душ траціў дзесяць мінут, то цяпер на ўсю падначаленую яму грэшную армію патрэбна ўжо 17 300 000 мінут, іначай кажучы,— 33 гады! Пры ўмове, што ён не будзе адпачываць ніводнай хвіліначкі.

У бібліі, на першай жа старонцы, сказана, што бог, папрацаваўшы шэсць дзён над стварэннем свету, сёмы дзень адпачываў. Сам усемагутны бог стаміўся праз шэсць дзён працы, а што ж тады казаць пра няшчаснага чорта?

Не, тут нешта не тое! Не можа быць такога становішча ў пекле, каб грэшнік мог чакаць 33 гады, пакуль адзін раз атрымае віламі ў бок. Гэта ж не пякельныя пакуты, а гульня нейкая. Навошта тады і пекла?

Або возьмем смаляны цэх, дзе грэшнікі кіпяць у катлах са смалой.

Калі пасадзіць у кацёл хоць дзесяць чалавек (а ў першабытных катлах столькі і не змесціцца), то на аднаго чорта прыпадзе 1 700 000 катлоў. Зойме такі цэх 170 гектараў. Вось і бегай па ім, задраўшы хвост!

Каб дагледзець адзін кацёл, падліць смалы, падправіць агонь, памяшаць варыва з грэшнікамі, праверыць колькасць іх, стукнуць каго-небудзь з іх па галаве, вылаяцца хоць трошкі,— напэўна патрэбна не менш як 15 мінут. Памножце іх на 1 700 000 катлоў і вы атрымаеце... 50 гадоў! Гэта значыць, што чорт вернецца да першага катла толькі праз паўвека. Які ж дурань будзе сядзець усе гэтыя гады ў кіпячай смале і чакаць чорта лысага? Вядома, усе павылазяць, калі ён адыдзе.

Адным словам, з якога боку ні паглядзець,— усё бязглуздзіца выходзіць, калі паверыць свяшчэнным кнігам і сведкам накшталт паважанай Тэклі.

І вось, нарэшце, нам пашанцавала знайсці сведак, якія далі нам апошнія, самыя дакладныя звесткі пра пекла. Гэта піянеры 219-га атрада, 3-га звяна Янка Гуж і Юрка Пыж, якія самі былі ў пекле 13 чэрвеня 1926 года.

Іх звесткі, безумоўна, заслугоўваюць веры, бо адначасова адпавядаюць і рэлігійным кнігам, і сучаснасці, і наогул розуму.

 

1 Кніга надрукавана ў Пецярбурзе ў 1911 г. і прагледжана прафесарам акадэміі А. Глаголевым.

2 Гэтыя лічбы ўзяты з кніжкі І. М. Верына «Аб інквізіцыі».

I. Як піянеры шукалі дарогу ў пекла

Янка Гуж прыйшоў дадому вельмі позна.

— Ты дзе гэта цягаўся? — забурчала маці.— Добрыя людзі ў царкву ідуць, а ты па сваіх клубах бадзяешся, бязбожнік ты гэткі! Пачакай, трапіш ты за гэта ў пекла! Будзеш тады ведаць! Многа вас такіх там пакутуе!

Янка нічога не адказаў і пайшоў спаць. Але заснуў ён не скора.

«Вось,— думаў ён,— на кожным кроку мы ўсё чуем: пекла ды пекла. А што гэта за пекла, дзе яно — ніхто не ведае. Здаецца, няма аніводнага чалавека, які б ведаў дарогу туды. Аднак усе старыя разумныя людзі так упэўнена гавораць пра пекла, нібы самі там былі. І мая добрая разумная мама не першы раз ужо кажа, што там збіраюцца піянеры і чамусьці пакутуюць. Не! Трэба сваімі вачыма паглядзець гэтае пекла і памагчы, калі што, таварышам».

Гэтая думка цалкам захапіла яго. Прачнуўшыся раніцою, ён зараз жа пабег да свайго сябра Юркі і расказаў яму пра ўсё, аб чым думаў уначы

Юрка быў зухаваты хлапец. Нядоўга думаючы, схапіў шапку і пайшоў да дзвярэй.

— Куды ты?

— У пекла! — рашуча адказаў Юрка.

— Пачакай! Трэба ж сабрацца як мае быць. Узяць што-небудзь з сабой. Ліха яго ведае, якое будзе падарожжа!

Узялі хлеба, сала, зламаны ножык. Не забыліся і пра мыла, бо каля тых чарцей можна добра ўпэцкацца. Паклалі ўсё гэта ў торбу і выйшлі з дому.

Але куды ісці? Вось задача!

Каб на неба, то іншая справа: сеў на самалёт і валяй проста ў рай. А вось як пад зямлю пралезці?

Пачалі пытацца разумных людзей:

— Дзядуля! Ці не ведаеце, кудой прайсці да пекла? — спыталіся яны старэнькага дзеда.

— Га? Што?

— Да пекла як прайсці?

— Да пекла? Ну, туды ўсе дарогі вядуць,— адказаў стары і пайшоў далей. Здзівіліся хлопцы такім мудрым словам, але нічога не зразумелі.

Прыйшлі ў вёску. Ля царквы стаіць поп.

— Вось хто пакажа нам дарогу! — узрадаваліся хлопцы.— Ён усе хады і выхады ведае!

Падышлі, прывіталіся і далікатна пытаюцца:

— Бацюшка! Будзьце ласкавы, пакажыце нам дарогу да пекла.

У папа аж вочы палезлі на лоб ад здзіўлення.

— Бачыце,— казалі далей хлопцы,— нам трэба туды па справе, але ніхто не можа паказаць дарогу. Апрача вас, бацюшка, нам ужо няма да каго звярнуцца. Вы ж маеце ўсе кнігі і планы па гэтай справе.

Поп усё не мог апамятацца. Нарэшце ён перахрысціўся і ціха запытаўся:

— Хто вы такія будзеце і адкуль?

— Мы — піянеры дзвесце дзевятнаццатага атрада, трэцяга звяна Янка Гуж і Юрка Пыж.

Цяпер толькі заўважыў поп іхнія чырвоныя гальштукі і злосна крыкнуў:

— А! Вось вы хто такія! Ну, будзьце спакойны — у пекла вы напэўна трапіце. Вас там даўно ўжо чакаюць, і нават месца падрыхтавана.

— Мы так і думалі, што ўсё гэта вам вядома! — узрадаваліся хлопцы.— Таму і звярнуліся да вас. Калі ласка, скажыце.

— Ды праваліцеся вы скрозь зямлю! — крыкнуў поп, махнуўшы рукой.

— Во-во, мы і шукаем такога месца, дзе можна было б прабрацца скрозь зямлю! — лагодна сказаў Янка.

— Ідзіце вы ка ўсім чарцям са сваімі дзёрзкімі пытаннямі! — яшчэ раз крыкнуў поп і пайшоў у свой дом.

Хлопцы паскраблі патыліцы.

— Чаго ён так злуе? — сказаў Янка.— Нібы мы гаворым нешта бязглуздае...

— Сам ён бязглузды! — злосна кінуў Юрка.— Адсылае да чорта, а дарогі паказаць не хоча!..

Запыталіся яшчэ ў некалькіх разумных людзей, але ўсё роўна толку не дабіліся.

Адзін параіў са смехам:

— Спытайцеся ў бацюшкі!

— Ды мы пыталіся ўжо,— адказалі піянеры.

— Тады — у матушкі.

Маладая жанчына адказала запытаннем:

— Гэта ў вас гульня такая? Цікава!

Дэмабілізаваны салдат сказаў са смехам:

— Эх, каб ведаць! Я і сам пайшоў бы туды і навёў бы там парадак.

Адным словам, разумныя людзі прымалі пытанне хлопцаў за жарт і адпаведна адказвалі:

— Ды ў вас ніякай зброі няма!

— Самая лепшая зброя — гэта малітвы. А вы іх ведаеце?

— Папрасіце ў папа святой вады; ад яе ўсе чэрці пабягуць.

— Лепш ладану, больш за ўсё чэрці баяцца ладану.

Як ні стараліся Янка Гуж і Юрка Пыж запэўніць разумных людзей, што гавораць аб гэтай справе сур’ёзна, тыя яшчэ больш смяяліся.

Тады Юрка сказаў:

— Вось што, Янка. Калі разумныя не ведаюць дарогі ў пекла, то, напэўна, ведаюць дурні. Пойдзем шукаць дурняў.

Зайшлі да аднаго гаспадара.

— Дзядзечка! Скажыце, хто ў вас тут самы дурны?

Дзядзька падумаў крыху і кажа:

— Няма цяпер дурняў, дзеткі. Хіба зайдзіце да Сідара, на тым канцы жыве.

Прыйшлі да Сідара, зноў пытаюцца:

— Хто ў вас самы дурны?

— У нашай вёсцы бадай-што няма такіх. Хіба наведайцеся да Сцяпана.

Сцяпан, пачухаўшы патыліцу, сказаў:

— Мусіць, гэта будзе Кандрат. Вунь яго хата.

Нарэшце хлапцоў прыслалі ў тую самую хату, з якой яны пачалі.

— Ну як? Ці знайшлі? — запытаўся гаспадар.

— Дзе там! Кожны шле да другога.

— Я ж казаў, што няма цяпер дурняў на свеце.

Надыходзіў ужо вечар, і гасцінныя гаспадары прапанавалі хлапцам пераначаваць у іх. Далі бульбы з кіслым малаком, паслалі на лаве. Хлопцы падзякавалі і зараз жа паляглі спаць.

Вось чуюць яны, што гаспадар енчыць, нібы ў яго зубы баляць. Потым сціх, войкнуў...

Зірнулі — стаіць гаспадар каля печы і трымае ў руцэ свой вырваны зуб. Потым пачаў круціць гэтым зубам вакол галавы і мармытаць:

— Мышка, мышка, на табе касцяны зуб, дай мне жалезны,— і кінуў свой зуб на печку.

— Слухай! Слухай! — штурхануў Юрка Янку.— Гэта ж ён!

— Хто ён? — не зразумеў Янка.

— Ды той, што ведае дарогу. Павінен ведаць,— хваляваўся Юрка. Затым звярнуўся да гаспадара: — Дзядзечка! Можа, скажаце нам, як знайсці дарогу да пекла?

— Чаму ж не? — спакойна адказаў дзядзька.— Трэба ўначы пайсці проста ў лес, потым завярнуць направа, потым налева, далей зноў направа, тады зноў налева і яшчэ раз налева. Там сярод вялікіх каменняў стаіць стары дуб з шырокім дуплом. Трэба дачакацца поўначы і тады можна лезці ў дупло — вось вам і дарога. У даўнейшыя часы адтуль заўсёды чэрці вылазілі; толькі цяпер іх чамусьці не чуваць.

Не паспеў ён скончыць сваіх слоў, як хлопцы ўжо былі ля дзвярэй.

— Дзякуем вам! Бывайце здаровы! — сказалі яны.

— Куды вы?

— У пекла! — разам адказалі хлопцы.

— Ах, дзеткі мае! А што ж вы надумаліся! Загубіце вы свае душы! — загаласіла, прачнуўшыся, добрая гаспадыня, але хлопцы былі ўжо на вуліцы.

Пайшлі яны ў лес. Заварочваюць направа-налева, як казаў дзядзька. Цёмна, жудасна навакол, совы крычаць. Урэшце ўгледзелі каменне і дуб з дуплом.

— Як жа цяпер даведацца, якая гадзіна? Трэба, каб было дванаццаць,— сказаў Юрка.

— Залезем у дупло і будзем сабе спаць, пакуль адчыняцца дзверы ў пекла,— прапанаваў Янка.

Так і зрабілі. Суха, цёпла там было, і яны пачалі ўжо драмаць. Раптам зямля пад імі заварушылася і... правалілася! Яшчэ міг — і яны паляцелі ўніз...

Хоць не хочацца сароміць нашых герояў, аднак, мусім прызнацца, што хлопцы ад перапуду разам закрычалі: «Мама!»

Але нічога дрэннага не здарылася. Праваліліся яны неглыбока. Глядзяць — звычайная яма, толькі з аднаго боку адтуліна некуды вядзе. Прапаўзлі некалькі крокаў і вылезлі ў вялікую залу. Пасярэдзіне булькала крыніца, зверху капала вада.

Але самае прыгожае было — гэта вапнавыя нацёкі, што звешваліся зверху, як лёд са страхі. Такія самыя нацёкі вельмі часта бываюць у падземных пячорах. А на сподзе тырчалі накапкі — такія самыя нацёкі, толькі канцамі ўгору.

— Можа, гэта і ёсць пекла? — спытаў Юрка.

— Не,— важна адказаў Янка.— Па-першае, гэта вельмі блізка ад зямлі, і ўсе душы маглі б уцячы. А па-другое, тут няма ніякага пякельнага абсталявання. Пойдзем уздоўж ручая, ён напэўна куды-небудзь ды прывядзе.

Пайшлі далей. Раптам ручай нырнуў у тунель, а над вадой засталася толькі невялікая шчыліна.

— Вось дык няўдача! Што ж будзем рабіць? — прамовіў Юрка.

— Ды пойдзем далей, пакуль можна,— адказаў Янка.— Некуды ж цячэ вада. Некуды трапім і мы.

Увайшлі ў ваду і ледзь не закрычалі ад холаду. Добра яшчэ, што яны, як сапраўдныя піянеры, заўсёды мыліся халоднай вадой і прызвычаіліся да холаду.

Брысці прыйшлося так, што толькі галава была над вадой, ды і то чаплялася за столь. Потым зноў выйшлі ў шырокую залу.

Тут Юрку ўзяло сумненне:

— Пачакай! — сказаў ён.— А ты ведаеш, колькі можа быць кіламетраў да пекла? Перш чым ісці, трэба хоць прыблізна ведаць.

Збянтэжыўся і Янка.

— А чорт яго ведае! — буркнуў ён.— Я ведаю толькі, што да цэнтра зямлі шэсць тысяч кіламетраў. А на якой адлегласці пекла знаходзіцца, нідзе не напісана.

— Калі яно ў цэнтры, то нам прыйдзецца паўзці шэсць тысяч кіламетраў. Так выходзіць?

— А хто табе сказаў, што яно збоку? — у тон яму адказаў Юрка.— А калі збоку, то, можа, не з нашага, а процілеглага. І нам прыйдзецца паўзці не шэсць тысяч, а якіх дзесяць. Ды што там казаць! І дзве тысячы, і адну тысячу, і нават сто кіламетраў мы не здолеем прапаўзці.

Янка задумаўся.

— Гэта праўда,— сказаў ён.— Але не вяртацца ж нам назад. Пакуль можна, трэба ісці. Павінен жа недзе быць галоўны шлях, кудой усе ідуць. А там паглядзім.

Зноў рушылі ўперад.

Пячора рабілася ўсё вузейшай, вузейшай, і ўрэшце перад імі засталася толькі невялічкая шчыліна, праз якую яны ледзь маглі б пралезці.

Зірнулі туды — і ахнулі.

Перад імі кацілася шырокая рака. Па беразе яе ішла дасканалая шаша, скрозь выбрукаваная «добрымі пажаданнямі». Па гэтай дарозе з абодвух бакоў валіў народ. Усе яны ішлі да перавозу, дзе клапаціўся ў лодцы нейкі цыбаты дзед.

Мігам праціснуліся хлопцы праз шчыліну і далучыліся да людзей.

 

II. Ля перавозу

Ля перавозу стаяў шум, гам, лаянка. Усе ціскаліся, штурхаліся, скакалі, каб толькі хутчэй трапіць у лодку.

Пакуль хлопцы падышлі, лодка ўжо адплыла, і ім прыйшлося чакаць на беразе.

Тут яны заўважылі аднаго паважнага дзядзьку ў акулярах. Прыгледзеліся — і пазналі вядомага вучонага, партрэт якога нядаўна бачылі ў «Беларускім піянеры».

— І вы тут? — здзівіліся хлопцы.— Што ж вы такое дрэннае зрабілі?

— Я вынайшаў лекі ад страшэннай хваробы,— усміхнуўшыся, адказаў прафесар.

— Дык за гэта вас у пекла гоняць?

— Не за гэта, а за тое, што я сам знайшоў, без бога. За тое, што я ў яго не верыў і не маліўся. А вы як сюды трапілі? Вы, здаецца, жывыя?

— Жывыя. Мы — піянеры дзвесце дзевятнаццатага атрада, трэцяга звяна Янка Гуж і Юрка Пыж. Прыйшлі паглядзець, што тут робіцца, і дапамагчы сваім таварышам.

— Малайцы! — сказаў прафесар.— Вы, напэўна, здолееце ўсім дапамагчы. Бо вы жывыя, а чэрці з жывымі нічога не могуць зрабіць, бо яны маюць уладу толькі над мёртвымі душамі.

— А што гэта за рака?

— Гэта Стыкс1 — граніца паміж тым і гэтым светам,— адказаў прафесар.—На тым беразе ўжо царства чарцей, хаця да самога пекла яшчэ 5 460 кіламетраў.

— Ага! — ускрыкнуў Юрка, звяртаючыся да свайго таварыша.— Я казаў, што нам прыйдзецца паўзці тысячы кіламетраў.

— Не бойцеся,— супакоіў прафесар,— не прыйдзецца вам нікуды паўзці, вы праедзеце па чыгунцы нават хутчэй, як па зямлі.

— Па чыгунцы?! — здзівіліся піянеры.

— Але, па сапраўднай чыгунцы. Праўда, яна ўжо адстала ад людскіх чыгунак, але хуткасць засталася чартоўская. Пабудавалі яе толькі праз сто гадоў пасля людзей, бо вельмі доўга цягнулася валакіта. А многія людзі на зямлі і да гэтага часу думаюць, што чэрці жывуць гэтаксама, як пры Адаме і Еве. Я чуў, што чэрці вельмі крыўдзяцца, калі іх лічаць такімі дурнымі.

Народ тым часам усё падыходзіў ды падыходзіў. Многія сустрэлі знаёмых, пачаліся гутаркі, плач.

— Сяргей! Якім чынам ты тут апынуўся? — запытаў свайго таварыша дваццацігадовы камсамолец Мікола.

— Забілі мяне,— адказаў Сяргей.

— Хто? За што?

— Быў я селькорам, выявіў аднаго падлюгу, ён падпільнаваў мяне і падстрэліў з абрэза. А ты як сюды трапіў?

— Бандыт забіў,— адказаў Мікола.

Пачуўшы такую размову, хлопцы вельмі здзівіліся.

— Чаму ж гэта вас у пекла на пакуту, калі вы нічога дрэннага не зрабілі? Ды яшчэ вас забілі.

— Эх, хлапчукі! — адказаў Сяргей.— Адразу відаць, што вы закону божага ў сваіх школах не вучылі. Мы ж не маліліся, на споведзі не былі. А вось той, хто мяне забіў, той проста ў рай трапіў.

— Як гэта так?!

— Вельмі проста. Яго арыштавалі, прысудзілі да расстрэлу. А ён паклікаў папа, пакаяўся, прычасціўся — і цяпер у раі са святымі гуляе.

— Мой бандыт гэтаксама зрабіў,— дадае Мікола.

Піянеры толькі рукамі развялі.

— Што гэта такое? Значыцца, такім чынам усе жулікі, зладзеі, разбойнікі пойдуць у рай, а добрыя людзі — у пекла?

— Выходзіць, так,— засмяяўся Сяргей.

— Ну, а я лепш згодзен з добрымі хлопцамі быць у пекле, чым з тою хеўрай у раі,— сказаў Мікола.

— Праўда! Правільна! — закрычалі з розных бакоў.

Раптам пачуўся дзіцячы голас:

 

Жура-жура-жура-журавель,

Журавушка мала-ды...

 

Усе азірнуліся — і бачаць: ідзе сабе па беразе шасцігадовы пацан, трымае на плячы кій і пяе на ўсё горла, быццам яму сам чорт не брат.

— Хлопчык, хто ты? Адкуль? Як трапіў сюды?

— Я — акцябронак, з атрада «Верабей»,— з гонарам адказаў карапуз.— Захварэў на шкарлятыну, потым паправіўся і прыйшоў сюды.— І малы хоць бы што рушыў сабе далей.

— Гаротны, ён нават не ведае, што памёр,— спачувалі жанчыны.

Тут падышоў адзін малады яўрэй. Зараз жа яго абкружылі і пачалі распытваць.

— А ты чаго сюды? Якога закону ты не выканаў? Хіба вы ў гэтае самае пекла ідзяце, што і мы?

— А што ж вы думаеце, для кожнага асобнае пекла стануць будаваць? — адказаў яўрэй.— Дорага каштаваць будзе...

Усе навокал зарагаталі.

— Якога ж ты закону не выканаў? — зноў запытаўся Сяргей.

— Ці мала ў нас гэтых законаў. Ну, напрыклад, я без шапкі ў сінагозе стаяў перад богам.

— А мяне сюды паслалі за тое, што я ў шапцы ў царкве стаяў! — крыкнуў адзін чалавек.

Зноў зарагаталі.

Хлопцы зусім збіліся з панталыку.

— Дзядзечкі! Як жа ж гэта так? Мы нічога не разумеем...

— Ды тут і сам чорт нічога не зразумее! — адказаў яўрэй.

У гэты момант падышоў адзін татарын. Плача, енчыць, ломіць рукі.

Усе да яго:

— Чаго ты? Ці ты адзін сюды трапіў? Не бядуй, добра будзе: тут сабраліся слаўныя хлопцы.

Але татарын усё лямантаваў:

— Ой-ой-ой! Ашукалі, праклятыя!

— Хто ашукаў? Як ашукалі?

— Ды яны ўсе, мулы ды ўсялякія там чэрці! Казалі, што наша вера найлепшая, найпраўдзівейшая. Што наш алах — найлепшы бог, што другія багі — ні чорта не вартыя. Што і рай, і пекла ў нас зусім асобныя, лепшыя. А цяпер, выходзіць, што і ваш, і наш бог — адзін чорт, усіх садзіць у адно пекла.

— Позна адумаўся,— засмяяліся навакол.— Захацеў асобнага, лепшага пекла! Пасядзі з намі.

Таксама неспадзявана былі здзіўлены і іншыя «чужаземцы»: кітайцы, індусы, манголы і г. д. Усім ім казалі, што і бог, і вера, і рай, і пекла — усё ў іх асобнае, лепшае.

Але былі і такія, як, напрыклад, негры, папуасы, індзейцы, якім казалі, што пекла — нейкая яма з жабамі і змеямі, і тое, што яны цяпер убачылі, ім нават спадабалася. Так цікава, весела, столькі рознага народу са ўсяго свету — і аніводнай жабы!

Тым часам вярнуўся перавозчык. Гэта быў высокі худы дзед, толькі скура ды косці, з доўгай белай барадой і такімі ж белымі валасамі.

— Гэта Харон,— растлумачыў прафесар,— паходжаннем з Грэцыі. Ён ужо 4000 гадоў перавозіць мёртвыя душы.

Стары быў пануры, сярдзіты і ўвесь час лаяўся:

— Ну, сядайце хутчэй, ды не штурхайцеся, каб вас усіх чэрці забралі! Аніводнай хвіліны адпачыць няможна праз вас, паганых! Пруць і пруць, з кожным днём усё болей і болей! І адкуль толькі бярэцца гэтулькі народу? Чаму раней гэтага не было? І чаму гэта ў рай ніхто не хоча ісці? Дык не, усе лезуць у пекла, кожны хоча сюды трапіць, бы на мёд! Куды ты прэш, каб цябе чэрці! Пачакай, паспееш! — крыкнуў ён на адну жанчыну і замахнуўся вяслом.

Народ ціскаўся, душыўся, лодка хісталася і, здавалася, вось-вось перакуліцца.

Харон малаціў вяслом направа і налева.

— Куды? Каб табе на тым свеце прыпякло!

— Дзядзечка! Мяне пусці, мой тэрмін прайшоў! — насядала тая жанчына.

— А дзе ты бадзялася да гэтага часу? Га? Вось цяпер і чакай. А ты зноў! Ах, каб цябе Цэрбер разадраў!

Можа, хто з чытачоў не ведае закону божага? Тады трэба сказаць, што душа пасля смерці чалавека мае сорак дзён ільготных, калі яна можа заставацца на зямлі. Звычайна гэтыя дні яна круціцца вакол свайго цела, дома, блізкіх людзей, а потым ужо ідзе на той свет. А хто замарудзіў, прапусціў свой тэрмін, той цяпер і спяшаўся, ціскаўся на перавозе.

Праціснуліся і хлопцы. Лодка кранулася.

Цяжка было старому Харону везці паўнюсенькую лодку па хуткай рацэ. Ён кашляў, задыхаўся, пот ліўся з яго струменем, і ён увесь час пакрыкваў:

— Сядзіце спакойна, чэрці паласатыя! Не перавешвайцеся на адзін бок! Лодку перавернеце, каб вам перавярнула кішкі! Вось кара боская! Што ж гэта далей будзе? І адкуль толькі яны бяруцца на маю галаву! Заганяюць яны не толькі мяне, але і ўсіх чарцей у пекле!

Глянулі хлопцы на ваду, а яна чорная, халодная і нават нібы густая.

— Цікава было б пакупацца, мы ні разу не купаліся у такой рацэ.

— Ах, добра, што ўспомнілі! — сказаў прафесар.— Магу вам даць вельмі карысную параду. Вы абавязкова пакупайцеся ў гэтай рацэ. Тады вам ніхто не зможа пашкодзіць. Тры тысячы гадоў назад тут адна матка выкупала свайго сына, Ахілеса. Але, як яна, купаючы, трымала яго за пятку, то гэтая «Ахілесава пята» і засталася ў яго адзіным месцам, якое можна параніць. Потым яго забілі толькі таму, што трапілі стралой якраз у гэтую пятку. Затое вы ўжо пастарайцеся выкупацца цалкам.

— Вельмі вам дзякуем, прафесар! — узрадаваліся хлопцы.— Вось гэта нам будзе якраз дарэчы!

Як толькі лодка прыстала да берага, яны зараз жа пабеглі купацца.

Харон аж аслупянеў.

— Што гэта вы надумаліся, га? Хто вам дазволіў? Нельга тут купацца. Надоечы нейкая шалёная баба прыходзіла купаць сваё дзіцяня, а тут вось яшчэ знайшліся хуліганы. Прэч, а то я вас!..— І ён замахнуўся вяслом.

Але хлопцы ўжо далі нырца.

Калі яны паказаліся з вады, Харон перацяў-такі кожнага з іх вяслом па галаве. Але дарма ўжо! Яны нават не пачулі ўдараў.

— Ур-р-а-а! — зараўлі абодва.— Хай жывуць непераможныя піянеры! Цяпер мы задамо чарцям такога перцу, што млосна будзе!

— Ах вы, чарцяняты! — бурчаў Харон.— Паспелі ўжо! Вось і рабі з імі, што хочаш!

Тады хлопцы падышлі да яго бліжэй.

— Дзядуля!..— ласкава пачаў Юрка.

— Чаго вам яшчэ? — буркнуў Харон.

— Вы адпачынкам калі-небудзь карысталіся?

— Які тут адпачынак! — махнуў рукой Харон.— Чатыры тысячы гадоў важу дзень і ноч без ніякага перапынку. А народу прэ ўсё больш і больш.

— Тады вы кіньце працу — і ўсё!

— Як гэта кінуць? — здзівіўся Харон.— А перавозіць хто будзе?

— Ды ніхто. Вы патрабуйце, каб мост пабудавалі. Бачыце, сабе яны дык чыгунку правялі, а вам і моста не хочуць зрабіць. Кіньце працу, і тады ўбачыце, што яны павінны будуць вам мост пабудаваць.

Хлопцы сабе пайшлі, а Харон пачаў разважаць:

«Але, праўду кажуць гэтыя чарцяняты! Што я ім мільён гадоў павінен без перапынку працаваць, ці што? Хай будуюць мост! Не буду больш вазіць!»

Кінуў вясло і расцягнуўся на зямлі.

Так прыемна было старому першы раз адпачыць пасля чатырох тысяч гадоў безупыннай працы!

 

1 Рака Стыкс, перавозчык Харон, Ахілес і іншыя імёны ўзяты са старажытнай гісторыі Грэцыі. Наогул трэба мець на ўвазе, што ўсе факты тут поўнасцю адпавядаюць вучэнню старажытных і сучасных рэлігій.

III. У вагоне

Станцыя была звычайная, як і ў нас. Бо будавалі яе тыя самыя рабочыя і інжынеры, якія былі прысланы сюды на пакуту. Нават і цяпер ніжэйшыя пасады займалі тыя з нашых чыгуначнікаў, якія на зямлі п'янствавалі, ленаваліся працаваць і па чыёй віне здараліся катастрофы.

Вядома, пасажыраў было шмат, толькі без клункаў. Цягніка яшчэ не было.

Па платформе хадзіў начальнік станцыі, тоўсты чорт з казлінай бародкай і казлінымі капытамі. Рогі яго былі закрыты форменнай шапкай. Доўгі хвост — засунуты за пояс1. Далей стаялі два чорты-ахоўнікі з віламі на плячах і пакурвалі чортава зелле.

— Дык вось яны якія, гэтыя чэрці! — сказаў Юрка.— Зусім не страшныя. Пойдзем запытаемся, ці хутка цягнік прыйдзе.

Падышлі. Усё ж такі страшнавата было першы раз у жыцці загаварыць з самым сапраўдным чортам. А ліха яго ведае, як да яго звярнуцца! Яшчэ раззлаваць можна.

— Та... таварышы чэ-чэ-рці! Ці хутка будзе цягнік? — прагаварыў

— Праз паўгадзіны,— спакойна адказаў чорт.

— Праўду кажуць, што не такі страшны чорт, як яго малююць,— разважалі піянеры, адыходзячы.

Тым часам нейкі селянін прычапіўся да начальніка станцыі:

— Пане начальнік! Я, далібог, невінаваты. І не думаў нават, але чорт заблытаў. Выпілі мы, значыцца, з Кузьмой самагону...

— Ды кажу табе, што гэта не мая справа! Там разбяруць. Мяне гэта зусім не датычыцца,— нецярпліва сказаў чорт.

— Як гэта так? — не адыходзіў чалавек.— Я ж зусім невінаваты. Выпілі гэта мы, значыцца, з Кузьмой самагону, а ён чагосьці пачаў лаяцца: «Ты, кажа, чортава твая душа, думаеш, што я цябе баюся?» Ды плясь мне ў морду. Я не стрымаўся. Ах, кажу, сляпы ты чорт!..

Начальнік зусім раззлаваўся:

— Пайшоў прэч! — крыкнуў ён, тупнуўшы капытом.— Чаго прыстаў, як зараза! А то загадаю, каб пасадзілі цябе ў паравозную печку!

— Пане чорт! — узмаліўся чалавек.— Вось вам крыж, я невінаваты. Клянуся хрыстом-богам...

І дзядзька пачаў хрысціцца...

У гэты момант адзін з ахоўнікаў падбег ззаду (ззаду чэрці крыжа не баяцца) і ўсадзіў чалавеку вілы ў бок. Потым падняў яго, закінуў з віламі на плячо і панёс.

А небарака, матляючыся на вілах, усё яшчэ апраўдваўся:

— Таварышы чэрці! Завошта? Я ж невінаваты. Выпілі мы, значыцца, з Кузьмой...

Трэба сказаць, што ў вялізным натоўпе, сярод шуму і гаму, гэтае здарэнне такога ўражання не зрабіла, як на нас з вамі. А праз хвіліну і следу ад яго не засталося.

Насустрач піянерам трапіўся поп. Хлопцы зараз жа звярнуліся да яго, каб высветліць адно пытанне:

— Скажыце, калі ласка, бацюшка, чаму гэта людзі так спяшаюцца ў пекла? Ніхто іх не цягне і не гоніць, ніхто не стаіць над каркам, а яны нават гвалтам пруць у пекла.

— Бачыце,— адказаў поп,— пасля смерці душа траціць волю; нягледзячы на сваё жаданне ці нежаданне, яна павінна ісці туды, куды прызначана. Хоць чэрці як быццам іх і не цягнуць, але ўсё роўна душы знаходзяцца ў іхняй уладзе.

— І вы таксама, бацюшка? — запытаўся Юрка.

Але поп прыкінуўся, быццам не пачуў, і адышоў далей.

Тут праціснулася паміж людзей бабуля, падышла да папа і — цмок яго ў руку.

— Памаліцеся за мяне, святы айцец! — зашчабятала яна.— Саграшыла я перад госпадам богам: у вялікі пост з’ела сала. Праўда, смярдзючага, але ўсё ж такі сала. Ох, грахі нашы цяжкія!

Поп пачырванеў, адвярнуўся і пастараўся ад яе схавацца.

Пачуўся грукат, потым гудок. Усе замітусіліся. Некуды пабег стрэлачнік (з людзей).

— Ты чаго не на месцы? — крыкнуў чорт-ахоўнік ды віламі яго ў бок.

З тунеля, бы вецер, вылецеў цягнік і спыніўся перад станцыяй. З вагонаў выйшлі кандуктары-чэрці. З паравознай будкі выглянуў машыніст, увесь чорны, як чорт. Публіка кінулася ў вагоны.

Штурхатня, крыкі, лаянка. Дужэйшы адпіхвае слабейшага. Умяшалася ахова і давай садзіць свае вілы ва ўсе бакі.

Вось па платформе бегае двухгадовае дзіцяня, плача, крычыць: «Мама!»

Чорт-ахоўнік падчапіў яго на вілы і ўкінуў у акно вагона.

— За што ж такіх яшчэ мардуюць? — вырвалася з грудзей піянераў.

Старэнькі дабрадушны чорт-кандуктар растлумачыў, што гэта нехрышчонае дзіцяня, што бацькі яго акцябрылі і нават імя далі нялюдскае — Чыжык.

— Ну, тады няхай бацькі і адказваюць! — запратэставалі піянеры.— Чым жа вінавата такое дзіцяня?

— Нічога не зробіш,— уздыхнуў стары чорт.— Такі ўжо боскі закон.

Тым часам далі званок, а піянеры ніяк не маглі ўціснуцца ў вагон. Палезлі на буфер, але там стаяў вялікі тлусты манах і не пускаў.

— Ага, праклятыя піянеры! — крычаў ён.— Вось і вы трапілі, куды вам належыць па заслугах! Будзеце цяпер ведаць, як смяяцца з бога і рэлігіі! Будзеце ведаць, як дурыць добрых людзей!

— Айцец святы! — засмяяліся хлопцы.— А самі вы як сюды трапілі?

— Не ваша справа, малакасосы! — агрызнуўся манах.

Бомкнуў новы званок. Піянеры раптам ухапілі манаха абедзве нагі. Той і войкнуць не паспеў, як апынуўся пад вагонам. Хлопцы ўскочылі на яго месца — і цягнік пайшоў.

— Малайцы, хлопцы! — крыкнуў камсамолец Сяргей, які бачыў усю гэтую сцэну.

Цягнік нырнуў у тунель і паляцеў з д’ябальскай хуткасцю. Хлопцы праціснуліся ў сярэдзіну вагона і знайшлі там сваіх знаёмых: прафесара, селькора і іншых.

— Ну што, падабаецца вам падарожжа? — запытаўся прафесар.

— Вельмі цікава,— адказаў Юрка.— Асабліва мы ўдзячны вам за вашу параду. Мы паспрабавалі ўжо чартоўскіх вілаў — і нічога.

Народ у вагоне тым часам размясціўся, сціснуўся і прыціх. Відаць было, што кожны думаў аб сваім будучым. Некаторыя нават пачалі плакаць. Толькі дзеці дурэлі, як і на зямлі.

Паміж іншым, хлопцы звярнулі ўвагу, што сярод пасажыраў не відаць паноў — усё працоўны народ. Яны запыталіся прафесара, чым гэта тлумачыцца.

— Праўда,— адказаў прафесар,— багатых тут знойдзецца, можа, адзін на тысячу. І справа вельмі простая: калі бядняк памрэ, хто будзе за яго маліцца? Ён нават часцей за ўсё і паспавядацца не паспее. А багаты, калі дасць грошы царквам, папам, манастырам, жабракам, дык за яго дзень і ноч маленне ідзе. Ёсць нават такія — і іх большасць,— што самі і маліцца не ўмеюць, і ў бога не вераць, а ідуць у рай, бо яны могуць наняць не толькі шмат папоў, але нават архірэяў. А калі ён яшчэ пабудуе якую-небудзь царкву, дык ужо лічыцца амаль што святым. Вядома, яны ўсе ідуць у рай, хоць грашаць больш за беднякоў.

— Вось бачыце! — стукнуў кулаком адзін дзед.— А чаму ж нам казалі, што на тым свеце будзе наадварот: што багатыя пойдуць у пекла, а бедныя — у рай!

— А што б ты рабіў, каб табе сказалі праўду? — запытаўся з верхняй паліцы чырвонаармеец.

— Ды я тады б аніводнага дня не цярпеў! — крыкнуў стары.

— Ну дык вось, для таго каб ты цярпеў, табе так і казалі,— засмяяўся чырвонаармеец.

— Гляньце, якая там цікавая кампанія! — сказаў адзін пасажыр.

Усе паглядзелі ў той бок, куды ён паказваў, і ўбачылі сапраўды цікавую кампанію: ксёндз, поп і рабін сядзелі ў кутку, нібы браты, і ціхенька гутарылі. Перад агульным няшчасцем яны нават забыліся, што жылі, як кот с сабакам.

— Вы да канца едзеце? — запытаўся рабін ксяндза.

— Да канца,— уздыхнуў той.

— Чаму ж так? — здзівіўся поп.

— Такі ўжо лёс,— зноў уздыхнуў ксёндз.

— Каб мець такое права,— сказаў рабін,— ды не выкарыстаць яго — гэта ж сорам! Я на вашым месцы абавязкова паспрабаваў бы вылезці ў чыстцы. Усё роўна горш не будзе.

— Праўду кажаце,— павесялеў ксёндз.— Трэба будзе паспрабаваць.

Увайшоў нейкі жоўты чалавек, прыбраны нібы для смеху. Чаго толькі не начапляў ён на сябе! Клыкі звяроў, пер’е птушак, чарапашкі, каменьчыкі, нейкія балванчыкі, нават бляшанка ад кансерваў.

Ён падышоў да святых айцоў і пачаў размаўляць з імі, нібы з добрымі знаёмымі.

— Што гэта за пудзіла такое? — здзівіліся пасажыры.

— Таварыш іхні, шаман,— смеючыся, сказаў прафесар.

— Ну і кампанія! — гыгыкнуў чырвонаармеец.

Па вагоне прайшоўся кандуктар.

— Католікі, рыхтуйцеся! — крыкнуў ён.— Зараз вылазіць: станцыя Чысцец!

— Што гэта азначае? — звесіў галаву чырвонаармеец.

— Ты хто такі? — запытаўся кандуктар.

— А чорт яго ведае!

— Ну дык сядзі і не рыпайся! Гэта датычыцца толькі католікаў,— абрэзаў кандуктар і пайшоў далей.

Зноў дапамог прафесар.

— Бачыце,— сказаў ён,— зараз будзе станцыя Чысцец. Заснавана яна ў 1439 годзе згодна пастановы з’езда каталіцкага духавенства ў Фларэнцыі. Выклікана гэта тым, што ёсць шмат людзей, якія не настолькі дрэнныя, каб іх пасылаць у пекла, і не настолькі добрыя, каб садзіць у рай.

— Як кажуць, ні рыба ні мяса! — падказаў чырвонаармеец.

— Во-во, праўда! — засмяяўся прафесар.— Дык вось, для іх зроблены гэты «чысцец», дзе яны ачышчаюцца, а потым ужо трапляюць у рай.

— Вось якія яны хітрыя! — злосна сказаў чырвонаармеец.— А нашы, праваслаўныя, дык не паклапаціліся аб нас.

— Ну, ведаеце,— сказаў прафесар,— і тут думалі не аб народзе, а аб сабе. Справа вось у чым: калі душа пападае ў пекла, дык усё скончана, ніколі яна адтуль не вызваліцца. Значыцца, і маліцца за яе бескарысна. А калі душа ў чыстцы, дык усё залежыць ад таго, ці дужа будзе маліцца царква,— заўважце, царква, а не прыватны чалавек. Ну, вось і плоцяць царкве за гэта на працягу многіх гадоў.

— Ого! Выгаднае прадпрыемства! — адгукнуўся чырвонаармеец.

У суседнім купэ сядзела некалькі чалавек, якія вельмі горача аб чымсьці гаварылі. Нашы піянеры звярнулі ўвагу на тое, што ў групе было пяць жанчын, а мужчын толькі два.

Хлопцы прыслухаліся да іх размовы.

— Ды што ж такое робіцца на свеце, людцы мае? — казала досыць маладая, поўная жанчына.— Ашуканства ўсюды, куды ні павярніся. Вось, скажам, ты хто такі?

Яна тыцнула пальцам у высокага худога мужчыну.

— Хлыст,— адказаў той.

— А ты? — паказала яна на другога.

— Беспаповец.

— А ты, сястра?

— Баптыстка.

— А вы?

— Скакуха.

— Сапуха.

— А я — малаканка,— казала далей маладзіца.— І ўсе мы едзем у пекла. Значыцца, нас усіх ашукалі...

У куце сядзеў яшчэ адзін чалавек, стары, хваравіты. Ён не прымаў удзелу ў гутарцы і, здаецца, не слухаў яе, але тут не вытрымаў і ўмяшаўся:

— Хто вас ашукваў, родныя мае? Будзьце вы кім хочаце — скакухамі, сапухамі ці хлыстамі,— ні бог, ні чорт за адно гэта ў пекла вас не пагоніць, калі вы былі сумленнымі людзьмі. А едзеце вы туды таму, што былі подлымі паразітамі.

Сапуха і скакуха аж падскочылі ад абурэння:

— А ты хто такі? Бачце, які сумленны грэшнік знайшоўся! Калі ты такі святы, то чаму едзеш у пекла, а не ў рай?

Але чалавек нібы не чуў гэтых слоў. Ён зноў аддаўся сваім невясёлым думам.

А каб чытач не сумняваўся, што ёсць на свеце скакухі і сапухі, мы даём няпоўны спіс рэлігійных сект, якія вядомы толькі ў адным СССР. Вось яны: баптысты, евангелісты, абнаўленцы, ціханаўцы, духаборы, малаканы, хлысты, суботнікі, васкрэснікі, скапцы, духаносцы, сапуны, скакуны, лазараўцы, відзенцы, штундысты, талстоўцы, стараверы, піліпаўцы, федасееўцы, аранаўцы, іяніты, паморцы, нетаўцы, папоўцы, беспапоўцы, беглапапоўцы, аўстрыйцы, уздыханцы, страннікі, самахрышчэнцы, пашкоўцы, спасаўцы, дзірнікі, немалякі, шалапуты, стрыгольнікі, людзі божыя, данцы, штунда-баптысты, младаштундысты, маляванцы, нова-хлыстоўцы, сютаўцы...

 

1 Пры выкананні службовых абавязкаў чэрці заўсёды павінны так трымаць свой хвост.

IV. Чысцец

Тым часам цягнік спыніўся.

— А ці не вылезці і нам? — сказаў Янка Юрку.

— Вядома, варта! — падтрымаў прафесар. — Трэба азнаёміцца з усімі ўстановамі, каб расказаць людзям усю праўду.

Хлопцы развіталіся і вылезлі з вагона.

...Невялікая станцыя сярод роўнага поля. Нідзе ні ўзгорка, ні дрэва! Шэрае цьмянае святло вылучаецца немаведама адкуль і стварае туманны змрок, як у нас вечарам ці досвіткам. І нідзе ніводнай каляровай плямы.

Сярод гэтага поля невысокай сцяной агароджана вялікая плошча. У сцяне відаць брама. Туды і накіраваліся.

Там, за сталом, пакрытым шэрым сукном, сядзела камісія, у якую ўваходзілі тры анёлы і тры чорты. Камісія праглядала дакументы.

Народ сюды ішоў ціхі, смірны, ніякіх спрэчак, ніякай штурханіны. Але камісія чамусьці здавалася вельмі зморанай. Анёлы сядзелі, як мокрыя куры, апусціўшы свае крылы. Чэрці, старыя, аблезлыя, сядзелі пахмура, павесіўшы хвасты.

Моўчкі аднаго за адным прапускалі прыезджых у браму.

Падышла адна жанчына. Анёл паглядзеў яе дакумент, потым паказаў чорту.

— Ты не туды трапіла! Табе ў рай трэба! — звярнуўся анёл да жанчыны.

— Усё роўна,— адказала яна абыякавым тонам.

Паглядзеў анёл на чорта.

— Што ж з ёю рабіць?

— Тады мы з першай партыяй адправім яе ў рай,— параіў другі анёл.

— Усё роўна,— зноў прамовіла жанчына і ўвайшла ў браму.

Падышоў рабочы.

— Чаму ты злез тут? Табе трэба было да канца ехаць.

— Ды не, гэта памылка!..— пачаў быў ён тлумачыць.

— Не-не, ідзі назад на станцыю! — рашуча сказалі чэрці.

— Эге,— падмаргнуў Янка Юрку.— Хоць яны і выглядаюць соннымі, але сочаць пільна. Мусіць, нам не ўдасца прабрацца туды.

— Паглядзім,— спакойна прамовіў Юрка.

Падышоў нейкі тоўсты пан. Анёл хацеў быў яго прапусціць, але чорт стаў пярэчыць:

— Чаму так? Тут напісана: «забойства», значыцца, без перасадкі.

— Але прачытайце далей,— паказаў анёл,— там сказана, што не сам ён забіў, а даручыў камусьці.

— Ну, гэта тое самае! — умяшаўся другі чорт.

— Тое, ды не тое,— сказаў другі анёл.

— Дазвольце вам сказаць,— пачаў тады пан,— што за мяне ўжо заказана сорак мес1.

— Пра гэта ў дакуменце нічога не сказана,— не згаджаліся чэрці.— Запытайцеся ў свайго начальства.

Анёл узяў трубку тэлефона:

— Алё! Гаворыць чысцец. Хто ля тэлефона? Пётра? Дык вось тут у нас непаразуменне. Пан Зарэмба кажа, што за яго заказана сорак мес, але ў дакуменце аб гэтым нічога не гаворыцца. Што? Спазніліся. А як цяпер? Лічыць? Добра.

— Ну, дык вось,— звярнуўся ён да чорта,— сказана залічыць месы.

— Мала што ў вас там кажуць! — не згаджаўся чорт.— Павінна быць усё па закону. У дакуменце не сказана — і канец! Зараз мы запытаемся ў свайго начальства.

Ён падышоў да другога тэлефона:

— Алё! Гаворыць чысцец. Што? Смаляны аддзел? Не, дайце канцылярыю Люцыпара. Канцылярыя? Гаворыць чысцец. Пан Люцыпар? Вось тут у нас непаразуменне: ці можна залічваць месы, аб якіх у дакуменце не сказана. Пан Зарэмба. Што? К чорту? Так... так... Добра.

— Ну што? — запыталіся анёлы.

— Сказалі, хоць гэта і не па закону, але можна ўступіць, бо гэтага дабра і ў іх завоз.

І шчаслівы пан Зарэмба ўвайшоў у браму.

Падышоў той самы ксёндз, якога піянеры бачылі ў вагоне.

Анёл глянуў у дакумент і сарамліва зачырванеўся. Паглядзеў чорт і рашуча сказаў:

— Ну, гэтага ўжо не прапусцім!

І анёлы на гэты раз не спрачаліся.

— Ведаеш што? — сказаў тады Юрка Янку.— Пойдзем мы лепш убок ды перабяромся цераз плот. Ніхто там не пільнуе; гэтыя целяпні не сцямяць.

Адышлі, агледзеліся. Мігам Юрка скочыў Янку на плечы, узлез на плот, працягнуў сябру руку.

Толькі нарыхтаваліся саскочыць, глядзяць — бяжыць да іх ксёндз.

— Браточкі! Памажыце! Век за вас буду бога маліць!

Весела стала хлапцам.

— Давай паможам! Шкада нам, ці што?

Абодва працягнулі рукі і ўсцягнулі ксяндза. Той на радасцях нават падзякаваць забыўся.

Унутры чысцец меў выгляд вялікай шахматнай дошкі. Увесь ён быў перасечаны роўнымі, простымі дарожкамі, а па баках стаялі домікі, зробленыя на адзін капыл.

Па дарожках бадзялася шмат народу ў шэрым, доўгім адзенні, але ўсе тут былі, нібы сонныя мухі: ні смеху, ні жвавых рухаў, ні гучнай размовы. Ціш была такая, быццам нікога навакол няма.

Вось на лаўцы сядзяць некалькі чалавек і пазяхаюць так, што нават нашы піянеры не вытрымалі і разявілі раты.

— Што, таварышы, робіце тут? — запыталіся хлопцы.

— Сядзім,— сказаў адзін і пазяхнуў так, што аж сківіцы хруснулі.

— Заўсёды так і седзіцё-о-о? — пазяхнуў Юрка.

— Не... Часам хо-о-о-дзім.

— О-ох...— пачаў пазяхаць Янка.— А болей што ро-о-о-біце?

— Нічо-о-о-о-га!

— Бяжым адсюль,— закрычаў Юрка,— бо прападзём!

Шмат людзей было побач, але ніхто не пацікавіўся не толькі спытаць незвычайных гасцей пра што-небудзь, але нават зірнуць на іх.

Піянеры падышлі яшчэ да аднаго чалавека, больш маладога... Але гутарка пайшла такая самая.

— За што вы сюды трапілі? — спыталі яго.

— Не ведаю.

— Што рабілі ў жыцці?

— Нічо-о-о-га! — пачаў пазяхаць чалавек.

— За тое і трапілі сюды?

— Не-э-э...

— Вы тут пакутуеце?

— Не-э-э...

— О-ох... Вам тут добра жывецца?

— Не-э-э...

— Значыцца, нядо-о-бра?

— Не-э-э...

— До-о-о-ўга вам тут трэба быць?

— Не веда-а-а-ю...

Не дабіўшыся ад яго толку, пайшлі далей, увесь час пазяхаючы.

Заглянулі ў адзін домік. Некалькі чалавек сядзяць і дрэмлюць, некалькі ляжаць, два ходзяць з кута ў кут, адзін насустрач другому.

Калі піянеры ўвайшлі, ніхто нават не звярнуў на іх увагі.

— Добры дзень! — прывіталіся хлопцы.

— До-о-о-бры дзень!

— Што вы тут робіце?

— Ча-а-а-каем.

— Чаго чакаеце?

— Пакуль там, на зямлі, за нас адмо-о-о-ляцца.

— А вы самі не мо-о-о-жаце маліцца?

— О-ох... Гэта ад нас не залежыць.

— Хто ж тады павінен маліцца?

— Ксяндзы... О-хо...

— Вам тут вельмі нудна-а-а?

— О-хо... не ведаем.

Раптам адчыніліся дзверы, і ў пакой увайшлі анёл з чортам. Перапалохаліся нашы піянеры: зараз даведаюцца, што яны незаконна пралезлі!..

Але тыя глядзелі ў спісы, што трымалі ў сваіх руках, і на іншае не звярталі ўвагі.

Пачалі выклікаць па спісе:

— Алонзо Фанфані!

— Я!

— Юзэф Шпунт!

— Я.

Такім чынам выклікалі з дзесятак душ і сказалі ім:

— За вас ужо адмаліліся. Збірайцеся, зараз паедзеце ў рай.

Шчасліўцы пачалі збірацца, але па тварах іх было відаць, што і цяпер ім усё роўна.

— А нас няма ў спісе? — неспадзявана запытаўся Янка, а Юрка ледзь не самлеў ад страху.

— Каго? — спытаў анёл.

— Янкі Гужа і Юркі Пыжа,— адказаў Янка.

Анёл і чорт зноў пераглядзелі спіс.

— Не яшчэ. Прыйдзецца пачакаць.

— Нічога не зробіш,— пакорна адказаў Янка.— Нам і тут добра.

Сказаў і пашкадаваў, бо чорт падазрона зірнуў на такія бадзёрыя душы.

Выскачыўшы з хаты, піянеры так зарагаталі, што нават усміхнуўся адзін чалавек, які стаяў ля парога. Убачыўшы першы раз усмешку, хлопцы ўзрадаваліся і хутчэй пачалі з ім размову:

— Вы даўно тут знаходзіцеся?

— А чорт яго ведае! — адказаў ён ахвотна.— Можа, гадоў сто, а можа, і ўсе дзвесце.

— І за гэткі час да вас не дайшла чарга?

— Калі ў першыя гады пасля маёй смерці не было каму наладзіць богамаленне за мяне, то цяпер ужо ніхто мяне і не памятае. Прыйдзецца тут сядзець вечна. Я ўжо думаў пагаварыць з чарцямі, каб мяне перавялі ў пекла. Можа, знойдзецца там для мяне работа без пакутаў. А ў крайнім выпадку я згадзіўся б і на якую-небудзь малую пакуту, напрыклад, лізнуць раз ці два ў дзень гарачую патэльню.

— А многа тут такіх вечных, як вы? — спытаў Юрка.

— Ой, і не кажыце! Мусіць, набярэцца ўжо шмат мільярдаў. Царква думала на нас зарабіць, а цяпер выходзіць адна страта. Чэрці патрабуюць ліквідаваць гэтае прадпрыемства і нават згаджаюцца на тое, каб перавесці ўсіх вечных у рай. А то ў раі вельмі многа застаецца лішняй плошчы.

— У такім разе жадаем вам хутчэй трапіць у рай,— сказалі хлопцы на развітанне.

 

1 Меса — каталіцкае набажэнства.

V. На парозе пекла

Цяпер ужо, вярнуўшыся на знаёмую станцыю, хлопцы адчувалі сябе ўпэўнена, не баяліся, як раней.

Пасажыраў было няшмат, бо рух на станцыі Чысцец наогул невялікі; большасць пасажыраў едзе ў пекла без перасадкі, а больш нікуды дарогі няма.

— Ліха яго ведае, калі прыйдзе гэты цягнік! — трывожыліся Янка і Юрка.

На перон выйшаў начальнік станцыі, малады, франтаваты чорт з маленькімі рожкамі і тонкім доўгім хвастом. Таму хвост ён трымаў па-амерыканску, банцікам.

Ён пачуў апошнія словы піянераў і супакоіў іх:

— Не бойцеся, хлопчыкі, куды-куды, а ў пекла вы заўсёды паспееце.— Потым пільна прыгледзеўся да іх і ўсклікнуў: — Пачакайце, пачакайце! Ці не жывыя вы, чаго добрага?

— Так, жывыя,— горда адказалі піянеры.

— Вельмі цікава,— задуменна прамовіў чорт.— Даўно я не бачыў жывога чалавека. Мусіць, тысячу гадоў, а можа, і дзве.

Янка і Юрка здзіўлена паглядзелі на чорта, а потым адзін на аднаго: такі малады чорцік і гэтулькі год мае!

— У такім разе, колькі ж вам гадоў? — спыталіся яны ў чорта.

— Роўна столькі, колькі мае ўвесь свет! — з гонарам адказаў чорт.

— Гэта значыць, некалькі мільёнаў?! — усклікнуў Юрка.

А Янка ўнёс папраўку:

— Гэта, калі гаварыць пра нашу Зямлю. А калі пра ўвесь свет, то ён вечны.

Чорт слухаў і насмешліва ўсміхаўся. Нарэшце сказаў:

— Эх, вы! Хто вас навучыў такім глупствам! Свет і мяне бог стварыў 5700 гадоў назад. А вы — мільёны, мільярды!..

Хлопцы паглядзелі адзін на аднаго, паціснулі плячыма, і Юрка сказаў:

— Вось дык дзіва! Ніколі не думаў, што чэрці вераць у свяшчэнныя кнігі.

— Каб я не верыў у іх,— сур’ёзна сказаў чорт,— то павінен быў бы не верыць і ў тое, што я існую. Як жа ж мне не быць веруючым?

— А ваша маці таксама жыве яшчэ? — спытаў Янка.

Пры гэтых словах чорт засмуціўся і выцер слязіну на сваіх вачах.

— Няма ў мяне мамы,— уздыхнуў ён,— і ніколі не было. Ва ўсіх ёсць маткі — у жывёлы і птушкі, у рыбы і мухі, у клапа і чарвяка, толькі ў чарцей мам не было. Адзін толькі татка — бог, ды і той пакінуў нас.

— А аліменты ён вам плоціць? — дзелавіта спытаў Янка.

— Дзе там! — безнадзейна матнуў хвастом чорт.

— А вы ў суд падайце! — шчыра параіў Юрка.

Чорт нават усміхнуўся праз слёзы:

— Эх, мілыя мае хлопчыкі! Вы думаеце, што ўсюды такія законы, як у вас? Дык ведайце, што ў законе божым няма такога пункта, каб бацька плаціў грошы пакінутым дзецям.

У далёкім тунелі, як у бочцы, пачуўся гудок паравоза. Начальнік станцыі схамянуўся, паправіў рэмень, падцягнуў хвост і з усмешкай пакутніка сказаў:

— Нават шкадую, што цягнік прыйшоў. Так цікава было з вамі пагутарыць. А то няма з кім словам перакінуцца, апрача абрыдлых чарцей. Анёлы задаюцца, а людзі баяцца мяне.

Падзякавалі яму і нашы піянеры за цікавыя звесткі, пабеглі да вагонаў, а там паўнюсенька народу. У чыстцы высадзілася толькі трынаццаць чалавек, а рэшта ехала прама ў пекла. Улезці ў вагон і думаць не было чаго. Усе вагоны былі перапоўнены, ды яшчэ такімі бандытамі, якія без дайпрычыны маглі забіць жывога, а мёртвага і другі раз забілі б.

Піянеры сталі азірацца, шукаючы свайго сімпатычнага чорта. А той ужо і сам спяшаўся ім на дапамогу.

Паклікаўшы двух ахоўнікаў з віламі-аўтаматамі, начальнік станцыі прарваўся ў адзін з вагонаў і гучна крыкнуў:

— Ціха вы, чортавы душы! А то зараз вілы ў глотку ўсаджу. Вызваліць месца для гэтых двух хлапцоў! А калі, барані Люцыпар, вы іх пакрыўдзіце, то мала не будзе: тады і пекла вам здасца раем.

— Дзякуем, таварыш чорт! — загулі навакол.— Зрабіце, калі ласка, каб пекла нам здавалася раем! Век будзем бога маліць!

Наперад праціснуўся адзін малойчык г чубам, пачаў кланяцца чорту і прасіць:

— Зрабі, браток, ласку. Я нават цяпер магу памаліцца за цябе, вось так: «Госпадзі Ісусе, матка боска, у імя айца і сына і святога духа...»

І ён пачаў хрысціцца сам і хрысціць чорта...

Як заверашчыць паважаны начальнік станцыі, а з ім і два яго ахоўнікі, як усе трое закруцяцца — ды ў акно!.. А калі людзі апамяталіся, то ўбачылі, што няма і малайца з чубам.

— Ну, вось і забралі чэрці,— сказаў адзін стары пасажыр.— Туды яму і дарога, хулігану! Цяпер яму будзе ўжо горш, як у пекле.

Пачуліся званкі, затым гудок паравоза — і цягнік нырнуў у нетры Зямлі.

— Памажы, божа! — зашаптаў стары і, адвярнуўшыся ў куток, ціхенька пачаў хрысціцца.

Раптам каля яго апынуўся праваднік ды як вызверыцца:

— Ты што тут хуліганіш, стары чорт?! Тут табе не царква! Як табе не сорамна: здавалася б, стары чалавек, а хуліганіць, як той блазнюк з чубам. Будзе і табе так, як яму.

— Выбачайце, паночку, больш не буду! — запрасіўся спалоханы дзядок.— Да таго, ведаеце, прывык да гэтых праклятых модлаў, што самі рукі хрысцяцца і сам язык вымаўляе паскудныя святыя словы.— Шчуплы дзядок нават натапырыўся, як певень, і грозна крыкнуў: — Хай на іх ліха, на ўсе гэтыя модлы! Хай чорт забярэ і бога, і ўсіх яго святых, калі яны не заступаюцца за добрых людзей!

— Правільна, дзядуля! — зарагаталі бандыты.— Не заступаюцца, каб іх чэрці задушылі!

Праваднік убачыў, што дзядок гэты падае надзеі быць добрым грэшнікам, і дараваў яму «хуліганства».

Праз некалькі гадзін пасажыры, у тым ліку і нашы піянеры, паснулі. Але было так цесна і бандыты так гучна храплі, што Янка з Юркам хутка прачнуліся.

Бачаць — дзядок не спіць, увесь час азіраецца і ўсё капошыцца ў сваім кутку.

— Глядзі, глядзі! — шапнуў Янка.— Ці не моліцца ён зноў?

— Папільнуем! — прапанаваў Юрка.

Яны асцярожна павярнуліся да дзядка, наставілі вушы і праз некалькі хвілін пачулі шэпт, шчыры, праз слёзы:

— Божачка, даруй мне гэты грэх! Сам ведаеш, трапіў я ў лапы чарцей і вымушаны скакаць пад іх дудку. А ў душы я цябе люблю, толькі табе аднаму пакланяюся і малюся. Госпадзі памілуй... госпадзі памілуй...

Юрка штурхануў Янку пад бок:

— Як завуцца такія тыпы?

— Двурушнікі! — адказаў Янка.— Усюды іх поўна: і на зямлі, і пад зямлёй...

— І на небе! — дадаў Юрка.— А гэты дзядок, відаць, не адну душу загубіў, калі бог не паслухаў яго малітваў.

І хлопцы зноў заснулі.

Іх разбудзілі гоман і шум, якія звычайна бываюць, калі цягнік пад’язджае да вялікага горада.

А які ж павінен быць горад, што завецца Пеклам?

Падзяліўшы вядомую ўжо нам лічбу магчымага насельніцтва пекла на колькасць жыхароў, скажам Нью-Йорка, мы атрымаем лічбу 2 500 000.

Гэта значыць, што па колькасці насельніцтва пекла большае за Нью-Йорк у 2,5 мільёна разоў!

А каб мы захацелі гэтыя два з паловай мільёна Нью-Йоркаў размясціць па ўсёй зямлі (без акіянаў), то яны занялі б усутыч усю сушу ды яшчэ адзін на адным дваццаць разоў. Іначай кажучы, небаскробы прыйшлося б падняць да 2 000 паверхаў.

А цяпер няхай чытач сам мяркуе, якой велічыні павінна быць пекла.

Доўга ішоў цягнік ціхім ходам паміж станцыйнымі будынкамі-пячорамі. Фактычна гэта былі самастойныя вялікія станцыі з надпісамі: «Азія», «Амерыка», «Афрыка», «Аўстралія». Да іх падыходзілі цягнікі з другога боку зямлі.

Цягнік, у якім ехалі нашы піянеры, спыніўся на станцыі «Еўропа».

Пачалася высадка — шум, крыкі, слёзы. А на платформе адбывалася нешта такое, чаго не ўбачыш нідзе, апрача пекла.

Дзесяць тысяч чарцей з віламі наводзілі парадак, але што яны маглі зрабіць з людзьмі, якія крычалі ім:

— Правалівай к чорту! Мне ўжо няма чаго баяцца, горш нічога не можа быць.

Многія панапіваліся ад гора, бо і тут, як ва ўсім белым і чорным свеце, на станцыі быў буфет. Бутлі з дэнатуратам займалі ўсю сцяну, самагон-«пяршак», настоены на махорцы з клапамі, стаяў цэлымі бочкамі.

Галоўнай закускай былі жабы — гатаваныя, смажаныя, марынаваныя, а для загранічных паноў-аматараў нават жывыя, у банках. Змеі, яшчаркі, кракадзілы розных парод і гатункаў. Абмакнуўшы такі прысмак у чортаву перачніцу, аматары казалі, што да самагону гэта найлепшая закуска. Замест цукерак былі гарачыя вугольчыкі, якімі асабліва любілі ласавацца чэрці.

За станцыяй ішла вялізная плошча, якую лепш было б назваць пячорай, бо навакол стаялі суцэльныя сцены, скалы. Усё было чорнае; электрычныя лямпы толькі праразалі гэтую цемру, а не разганялі яе.

Насупраць чарнелася вялізная, глыбокая брама, па-над якой ззялі злавесныя, нібы крывавыя, цёмна-чырвоныя літары:

 

«Пакінь надзею назаўсёды, сюды ўвайшоўшы».

 

Нават у піянераў ёкнула сэрца, калі яны прачыталі гэтыя жудасныя словы, а некаторыя з публікі дык зусім самлелі.

Зразумела, ля брамы сядзела камісія, але ўжо з адных чарцей, ды не аблезлых, а па-сапраўднаму страшных. Праглядаючы дакументы грэшнікаў і свае спісы, яны прызначалі кожнага ў адпаведнае аддзяленне, а другія чэрці зараз жа насаджвалі іх на вілы і цягнулі ў сярэдзіну.

Вось падыходзіць рабін.

— Імя? — запытаўся старшыня камісіі.

— Нохім, паночку, Нохім Зібіцкер, з Смалявіч,— адказаў рабін.

Чорт паглядзеў у спіс і пакруціў галавой:

— Няма такога. Можа, Нохім-Хаім?

— Не, паночку, Нохім.

Паглядзеў другі чорт, пузаты, з пяром за вухам.

— Няма такога. Ёсць толькі Нохім-Хаім Зібіцкер і якраз з Смалявіч.

— Вось ад гэтага Хаіма і ўся бяда! — хваляваўся рабін.— Яго прыпісалі да мяне пазней. Ён, нягоднік, нарабіў бяды, а я за яго павінен адказваць. Вось гляньце: спачатку было толькі Нохім, а потым нехта прыпісаў мне Хаіма.

— Праўда,— згадзіліся чэрці.— Ну, ідзі назад, у галоўную канцылярыю, там разбяруцца.— І яны паставілі на дакуменце пячатку, каб яго прапусцілі назад.

Зазваніў тэлефон. Чорт узяў трубку.

— Адкуль? Стыкс? Ну-ну! Што? Харон? Забаставаў? Што за глупства! Ну-ну? Так, добра. Званіце да пана Люцыпара.

— Вось дык гісторыя! — звярнуўся ён да сваіх таварышаў.— Стары Харон забаставаў! Кажа, што ён мае права адпачываць 654 гады. Дзівата! Але, між намі кажучы, я нічога не меў бы супраць. Прынамсі, і мы тады крыху адпачылі б.

І яны зноў прыняліся за сваю работу.

Падбег адзін дзяцюк і крыкнуў:

— Прапусціце і мяне!

— Ты хто будзеш?

— Цыбульскі Вацлаў. Парабак з-пад Слуцка.

— Няма такога,— адказалі чэрці, глянуўшы ў спіс.

— Вось мае дакументы.

Зірнулі ў дакумент і зарагаталі:

— Ты ж павінен быць у чыстцы!

— Я быў там, ды ўцёк. Прыміце, калі ласка, у пекла!

Зноў усе зарагаталі.

— Чаму? Тут жа пакута!

— Ну, а там яшчэ горшая пакута! Туляйся, сядзі ды пазяхай увесь век. Ніякай табе працы, ніякага інтарэсу.

— Малайчына, хлапец! — сказаў крывы чорт.— Але ці маем мы права прымаць такіх? Ніколі не было такога выпадку.

Пазванілі ў чысцец, і адтуль адказалі:

— Рабіце, як хочаце. Нам усё роўна.

Пазванілі на неба. Святы Пётра адказаў:

— Можаце браць сабе гэтага дурня, у нас і сваіх досыць. Баба з воза — возу лягчэй.

— Ну, ідзі,— сказаў чорт.— Як добраахвотніку, мы табе дамо самую лёгкую працу: вартаўніка пры школе.

Дайшла чарга да нашых піянераў. Падышлі, хвалюючыся, назвалі сябе.

— Няма яшчэ такіх. Прыйдзецца пачакаць,— адказалі ім.

— Ды мы жывыя!

— Што?! Жывыя?! — падскочылі чэрці.— А як жа вы сюды трапілі?!

— Прыйшлі пазнаёміцца з вамі, паглядзець, што тут у вас робіцца, наведаць нашых.

— Вось дык штука! — паскроб патыліцу лысы чорт.— Што ж цяпер нам з імі рабіць? Дакументы ёсць?

— Якія там дакументы? Вось! — паказаў Юрка на свой піянерскі гальштук.

Паціснулі чэрці плячыма, а потым пузаты і кажа:

— Але ж чым чорт не жартуе! Давайце прапусцім іх. Хлапцы слаўныя, вясёлыя, да таго ж бязбожнікі. Хай паглядзяць.

— Ну добра,— згадзіўся лысы чорт і працягнуў піянерам па картцы, на якіх было напісана: «Дазваляецца вольны ўваход і выхад ва ўсіх аддзяленнях».

— Глядзіце толькі не трапляйцеся на вочы Люцыпару,— папярэдзіў ён.

Ледзь піянеры ўвайшлі ў браму, як на іх кінуўся страшэнны жоўты сабака. Ён меў ажно тры галавы, а замест хваста ў яго была жывая змяя! Перад такім страшыдлам нават піянеры здрэйфілі.

— Цэрбер! Прэч! Нельга! — крыкнуў лысы чорт.

Сабака забурчаў сваімі трыма галовамі і неахвотна адышоўся.

— Ну, а цяпер можаце ісці спакойна,— сказаў лысы чорт.— Бачыце, пасля таго як яго злавіў быў грэцкі герой Геркулес ды вынес на зямлю, Цэрбер асабліва не любіць жывых людзей.

Піянеры падзякавалі і ў насцярожаным маўчанні пераступілі парог пекла.

А ззаду ззялі злавесныя словы: «Пакінь надзею назаўсёды...»

 

VI. Экскурсія па пекле

Першай установай, куды трапілі піянеры, была школа. У ёй навучаліся закону божаму ўсе тыя, хто на зямлі не хацеў ці не мог вывучаць яго. Праўду кажучы, гэта была не школа, а цэлы універсітэт, у якім налічвалася сем мільёнаў студэнтаў.

Настаўнік, прылізаны чорт у акулярах, стаяў на кафедры і выкладаў:

— У першы дзень бог стварыў свет, у другі — неба, у трэці — ваду і зямлю, у чацвёрты — сонца, месяц і зоркі, у пяты — рыб і птушак, у шосты — жывёл і чалавека. Ну, дык калі бог стварыў казла? — звярнуўся ён да аднаго дзядзькі з пукатымі вачыма.

Той ускочыў і пралепятаў:

— У пя...пяты!

— Няпраўда! — загрымеў настаўнік.— Давай лапу!

Вучань працягнуў руку.

— Лінейку! — закамандаваў чорт.

Падбег нейкі чалавек і падаў настаўніку гарачую жалезную лінейку.

— Цыбульскі! — ускрыкнулі піянеры.

Сапраўды, гэта быў Вацлаў Цыбульскі, той, што ўцёк з чыстца і быў прызначаны вартаўніком пры школе.

Чорт узяў лінейку і адлічыў дзесяць удараў.

— Калі бог стварыў чорта? — спытаў ён у другога.

— У шосты дзень! — упэўнена адказаў той.

— Давай лапу!

Потым ён звярнуўся да аднаго паважнага чалавека з пытаннем:

— На каго падобны чорт?

Чалавек устаў, і піянеры пазналі ў ім... прафесара! Таго самага прафесара, які так дужа ім дапамог. Піянеры гатовы былі б нават падказаць яму, каб самі ведалі закон божы.

— На бога! — адказаў прафесар.

Чорт задаволена ўсміхнуўся.

— Чаму? — пытаўся ён далей.

— Таму, што бог стварыў яго па свайму падабенству, разам з анёламі.

— Правільна! А калі бог стварыў сонца?

— У першы дзень.

— Няпраўда! Стаць на калені! Цыбульскі!.. Гароху!

Прыбег Цыбульскі і прынёс «гароху» — распаленых дабяла каменьчыкаў. І прафесар стаў каленямі на гэты «гарох» у кутку ля сцяны...

У піянераў зашчымела сэрца, і яны са слязьмі ў вачах пайшлі да другога аддзялення.

Тут на сцяне былі паразвешваны абразы, і настаўнік-чорт па адным выклікаў вучняў.

— Пакажы святога Пуда! Няпраўда! Лапу!

— Калі нарадзіўся святы Мікола? Няпраўда! Стань на калені на рабро лаўкі!

Далей ішлі кабінеты, дзе вучні знаёміліся з царкоўнымі рэчамі, лабараторыі па вывучэнні мошчаў...

Урэшце піянеры звярнуліся да аднаго настаўніка з запытаннем:

— Скажыце, калі ласка, ці даўно вы так займаецеся?

— Заўсёды!

— Як так?

— Ды так. Вось ужо 1929 год я не адыходжу ні на хвіліну ад гэтай кафедры. Раней яшчэ выпадалі вольныя хвіліны, перапынак, а цяпер усё горш ды горш. Нават вучням мы вымушаны даваць перапынак, а сабе не, бо прыходзіцца аднаму працаваць у некалькіх аўдыторыях з мільёнамі народу.

— А ці не прыходзіла вам у галаву думка,— сур’ёзна сказаў Янка,— што вы не менш ад іх пакутуеце?

— Нават больш,— уздыхнуў чорт.— Але нічога не зробіш, кожны павінен выконваць свой абавязак. Раней яшчэ трапляліся выпадкі выйсці на свет, пашвэндацца, пажартаваць з людзьмі, а цяпер няма часу, і мы нічога не ведаем, што там робіцца.

— А вы кіньце працу на хвілінку, збярыцеся ўсе разам — мы вам і раскажам.

— З вялікай ахвотай,— сказаў чорт і зноў прыняўся за сваю працу.

Далей трапілі яны ў бібліятэку, дзе павінны былі чытаць святыя кнігі тыя людзі, якія ў жыцці імі не цікавіліся. Некалькі мільёнаў чалавек моўчкі сядзелі за кнігамі, а бібліятэкары з бізунамі наглядалі, каб яны чыталі.

— Ваша пакута яшчэ нішто сабе,— заўважыў Юрка аднаму чытачу.

— А праваліся яна ка ўсім чарцям! — злосна адказаў той.— Вы не ведаеце яшчэ, што гэта за няшчасце! Некаторыя з нас нават прасіліся, каб іх перавялі на агонь, ды не пускаюць. О, гэта ж самая страшная пакута!

Далей яны ўвайшлі нібы ў царкву. З кафедры сапраўдны поп гаварыў казанне. Побач стаяў бясхвосты чорт (ажно ёсць і такія!).

— А гэта што такое? — здзівіліся піянеры.

— Гэта тыя, што не любілі хадзіць у царкву,— лагодна растлумачыў бясхвосты.— Дык вось мы адразу двух зайцоў забіваем: і поп пакутуе, і яны.

— Мусіць, і тут не лепш, чымся ў чытальні,— разважалі піянеры, выходзячы з царквы.

Праз некалькі крокаў яны ўбачылі браму, над якой у камні былі высечаны вілы. Ля брамы стаяў вартавы чорт, таксама з віламі.

— Пропуск! — грозна крыкнуў ён, наставіўшы вілы на хлопцаў.

Аднак, зірнуўшы на пропуск, ён адразу зрабіўся ласкавым, свойскім.

— Калі ласка, прашу! — сказаў ён па-джэнтльменску.

— Вы даўно тут стаіце? — зараз жа спытаў яго Юрка.

— Ды ўсе пяць тысяч семсот гадоў. Наша аддзяленне самае даўнейшае.

— А адпачынак калі-небудзь мелі?

— Які там адпачынак? Мы ж працуем, як чэрці.

— Дык навошта вы тут стаіце тысячагоддзі без карысці? — вельмі сур’ёзна запытаў Янка.

— А куды ж я дзенуся?

— Уцякайце да нас. У нас хопіць работы на ўсіх. Работы цікавай, карыснай і не больш сямі-васьмі гадзін у суткі,— агітаваў Янка.

— Няўжо? — летуценна заўсміхаўся чорт і нават выпусціў з рук свае вілы.

Тады паддаў яму ахвоты Юрка:

— Мы вас завядзём у паліклініку. Там самы выдатны прафесар адрэжа вам хвост...

— Не адрэжа, а зробіць ампутацыю,— паправіў Янка,— па ўсіх правілах навукі, без болю, так што і не пачуеце, як усё будзе ў парадку.

— І рогі таксама адпіляць,— працягваў Юрка,— а з капытоў зробяць пальцы і наогул ператвораць у такога прыгажуна, што ўсе будуць табе зайздросціць,— скончыў Юрка, не заўважыўшы, што перайшоў на сяброўскае «ты».

Чорт не вытрымаў спакусы і сказаў:

— Добра, іду з вамі! І зараз жа, нават вілы з сабою вазьму. Усе будуць думаць, што мяне нехта з начальства прыставіў да вас ахоўнікам.

Хлопцы не ведалі, што думаць і што рабіць. Так нечакана набылі сабе ўласнага чорта! Добра гэта будзе ці дрэнна?

Яны адышлі ўбок і пачалі раіцца ды меркаваць.

Чорт як быццам нішто сабе: не страшны, рахманы, паддаецца разумнаму ўплыву, не ганарлівы. І цяпер вось глядзіць на іх так жаласна, пакорліва, відаць, баіцца, што яго не возьмуць.

— Я думаю,— сказаў нарэшце Янка,— калі над ім добра папрацаваць, навучыць ды абыходзіцца з ім па-чалавечаму, калі ён будзе мець адпачынак, як усе мы,— то з яго выйдзе такі каштоўны працаўнік, якога і свет не бачыў. Падумай толькі: ён не хварэе, не можа памерці, у агні не гарыць, у вадзе не тоне, не стамляецца. Ды гэта ж бясцэнны клад! І гэткая армія рабочых займаецца зусім непатрэбнай справай, дарэмна гібее пад зямлёй. Ну, дык бяром яго з сабой?

— Бяром! — адказаў Юрка.

Калі чорту сказалі, як вырашыўся яго лёс, ён ад радасці аж заскакаў, ляскаючы капытамі.

— А як цябе завуць? — спытаў Янка.

— Агабук, мае панічы, Агабук! — адказаў чорт.

Юрка скрывіўся.

— Мы просім нікога з нас не называць панамі! Паноў у нашай краіне даўно няма.

У першую чаргу Агабук павёў хлопцаў у сваё аддзяленне.

У неабсяжным памяшканні круціліся дзесяткі тысяч каруселяў. Да іх стаяком былі прывязаны грэшнікі. Калі яны набліжаліся да пэўнага месца, з падлогі аўтаматычна вытыркаліся вілы і калолі грэшніка ў бок.

Бандыцкага выгляду чорт, які абслугоўваў гэты цэх, з захапленнем сачыў за работай каруселяў і цешыўся:

— Эх, здорава ідзе! Трыста чалавек за адну мінуту! А раней... Сорамна нават успамінаць.

Янка і Юрка пераглянуліся і ўсміхнуліся. Абодва падумалі адно і тое ж: «Ну і тэхніка, жабам на смех!»

Але яны, вядома, нічога не сказалі. Не даваць жа парады, як катаваць сваіх братоў.

Прайшлі ў другое аддзяленне, якое мела выгляд вялізнай кухні. Наколькі магло ахапіць вока, цягнуліся шэрагі пліт, а на іх стаялі патэльні. Вакол іх тоўпіліся людзі, галоўным чынам жанчыны. Яны ўвесь час перакрыкваліся і раз-пораз чамусьці нахіляліся да патэльняў.

Нашы хлопцы спачатку нічога не маглі зразумець, потым прыгледзеліся і заўважылі, што людзі нахіляюцца... каб лізнуць гарачую патэльню!

Тады яны зразумелі, у чым справа, бо часта чулі аб гэтым дома.

— А ты ў Сідарыхі яйка з-пад курыцы ўкрала! — крыкнула адна жанчына сваёй суседцы і зараз жа схілілася, каб лізнуць патэльню.

— Чыя б карова мычала, а твая маўчала! — адказала тая і таксама лізнула патэльню.

Быў тут і адзін хлопчык гадоў дзесяці.

— А ты за што? — спыталіся яго піянеры.

— Я пляваўся,— адказаў той скрозь слёзы і лізнуў патэльню.

Піянеры заўважылі, што пад плітамі зусім няма агню, і запыталіся аб гэтым свайго Агабука.

— Пліты электрычныя,— адказаў той, усміхаючыся.— Вы думаеце, мы маглі б справіцца звычайным спосабам? Тады б на адно гэтае аддзяленне не хапіла ўсіх чарцей, а цяпер адзін чорт спраўляецца з дваццаццю мільёнамі.

Далей сядзелі за сталом людзі — галодныя, з прагавітымі вачыма. У іх перад носам стаялі розныя смачныя стравы, але, як толькі яны нахіляліся, зараз жа аўтаматычна падымаўся абух і — бац па лбе.

— Гэта абжоры,— растлумачыў чорт-кухар.— Палюбуйцеся абсталяваннем! Як у Форда! Дзякуючы гэтаму пяць тысяч чарцей можна было перакінуць на іншую працу!

— Значыцца, вы цяпер маеце больш вольнага часу? — спыталі хлопцы.

— Дзе там! — сумна адказаў чорт.— Усё роўна рабочых не хапае, а работы ўсё больш і больш. Дзве тысячы семсот пяцьдзесят год не выходжу я з гэтага памяшкання.

— Дзіўная рэч,— сказаў Юрка Янку, калі яны адышліся далей.— Я пачынаю шкадаваць больш гэтых няшчасных чарцей, чымся пакутнікаў. Тыя, прынамсі, заслужылі сваю пакуту, а гэтыя завошта працуюць без перапынку?

— І я так думаю,— уздыхнуў Янка.

Далей ішлі тыя, што ў пост елі скаромнае. За гэта тут ім гвалтоўна пхаюць у рот сабачае, жабінае, змяінае, пацуковае мяса і розную падлу.

— Раней на аднаго такога грэшніка,— тлумачыў Агабук,— трэба было двое чарцей: адзін трымаў за галаву, а другі пхаў. А цяпер гляньце, якая любата!

І сапраўды любата: грэшнікі ляжалі на сталах, моцна прывязаныя, а машыны аўтаматычна і безупынна пхалі ім у рот мяса.

— Гэта мы запазычылі з Чыкага, з вядомых чыкагскіх бойняў,— сказаў чорт-майстар.

Далей былі начэплены языкамі на крукі ашуканцы, манюкі, а машыны іх аўтаматычна трэслі.

— Скажыце, калі ласка,— звярнуліся піянеры да аднаго ціхага чорта,— ці маеце вы самі на іх злосць?

— Якая там злосць! — шчыра сказаў чорт.— Што нам да іх? Нам яны нічога дрэннага не зрабілі. Але прыходзіцца працаваць, бо прымушаюць.

— Хто?

— Вядома, начальства! Усё ад Люцыпара ідзе.

— А вы кіньце гэтую працу.

— Ну не! Тады так пападзе, што сваіх не пазнаеш!

— А вы ўсе разам!

— Дык мы ж ніколі адзін аднаго не бачым! Мы ж па тысячы гадоў з месца сысці не можам! — безнадзейна сказаў чорт.

Калі хлопцы адышліся, іх «ахоўнік» Агабук прыпыніўся ля гэтага чорта і горача пачаў яму нешта казаць. Чорт вельмі здзівіўся, выслухаў, разявіўшы рот, потым засмяяўся, і па ўсяму было відаць, што хлопцы набылі яшчэ аднаго прыхільніка.

— Што ты яму сказаў? — спыталіся хлопцы.

— Тое самае, што і вы, толькі па-чартоўску,— адказаў ён з задаволеным выглядам.

— У такім разе агітуй, браток, дзе толькі можаш.

— Пастараюся! — адказаў Агабук і ляснуў капытамі.

Чым далей, тым усё болей і болей пекла прымала выгляд велізарнага завода. Грукацелі машыны, сіпелі пасы, круціліся колы.

У адным з наступных аддзяленняў хлопцы ўбачылі шмат вялізных казаноў, бакаў. У іх кіпела вада, зверху ішоў жолаб, а па ім сыпаліся ў ваду... маленькія дзеткі! Магутныя рычагі перамешвалі іх у вадзе.

— А іх жа завошта вы мучыце?! — з жахам сказалі піянеры да старэнькага сумнага чорта, які кіраваў працай.

— Нехрышчоныя яны, дык вось хрысцім,— хмура адказаў той.

— Хіба ж яны вінаватыя?

Чорт горка ўсміхнуўся:

— А хіба вы не ведаеце, што гэта закон боскі, а не наш? Наша справа маленькая: стой тут увесь век ды перамешвай гэтых няшчасных нявінных дзетак.

І ён адвярнуўся, каб выцерці слязіну.

— Паверыце,— казаў далей старэнькі чорт,— паўтары тысячы год прашуся, каб мяне прыставілі да якіх-небудзь зладзеяў, але ўсё кажуць, што нельга, рабочых не хапае. Часамі згадзіўся б лепш сам ускочыць у вар, чымся бачыць усё гэта, але, на жаль, нас аніякі чорт не бярэ. Эх, каб якое-небудзь вызваленне прыйшло нарэшце!

Разжаленыя піянеры паціснулі чорту лапу і сказалі:

— Пачакайце, дзядзька, прыйдзе канец і вашай няволі.

— У добры час! — адказаў ён весялей.— Калі што якое, дык я першы чорту на рогі палезу.

— Хочаце, я вам пакажу цэхі, дзе грэшнікаў катуюць па-хрысціянску? — прапанаваў Агабук.

— Як гэта па-хрысціянску? — здзівіліся хлопцы.

— Ды так, як калісьці катавалі духоўныя айцы ў Іспаніі.

І ён правёў іх у аддзяленне, дзе на лавах ляжалі прывязаныя манахі, ксяндзы, біскупы, а над імі круціліся колы з зубцамі і жыўцом вырывалі з іх кавалкі мяса. Замест вырванага зараз жа вырастала новае.

Па суседству такіх самых святых айцоў пілавалі, габлявалі, сціскалі ў калодках, падсмажвалі, капалі ваду на галаву ці ў вуха і гэтак далей...

— Чаму ж тут толькі адно духавенства, а іншых няма? — запыталіся піянеры.

Чорт-даглядчык адказаў:

— Тыя, каго яны мардавалі, усе ў рай пайшлі, а цяпер яны самі на сваім абсталяванні апрацоўваюцца.

Асабліва ўразіў нашых хлопцаў вогненны цэх, дзе былі раскладзены тысячы вогнішчаў. Пасярод кожнага вогнішча стаяў слуп, да якога былі прывязаны такія самыя духоўныя айцы.

Бліжэйшым вісеў падобны да д’ябла біскуп. Ён курчыўся на агні і злосна крычаў:

— Можаце рабіць, што хочаце, чэрці праклятыя, а я вас не баюся! Таксама, як не баюся і вашага бога, пракляцце на яго разам з вамі!

— Гэта славуты вялікі інквізітар Тарквемада, які хваліўся, што на сваім вяку спаліў 40 000 чалавек,— растлумачыў даглядчык.— Але гэтыя ўсе ў нас з даўнейшых часоў, калі яшчэ бог з панам Люцыпарам не ладзілі. Цяпер святыя айцы рэдка калі трапляюцца...

Далей ішоў самы галоўны аддзел, смаляны. Там кіпяць у смале самыя горшыя грэшнікі: забойцы, бандыты, гвалтаўнікі... Туды часамі, як на зямлі ў карцар, саджаюць грэшнікаў і з другіх аддзяленняў. Там жа адбываюць пакаранне за розныя правіннасці і чэрці-рабочыя.

У свяшчэнных кнігах і карцінах паказваюць, як кіпяць там катлы кіпучыя, як тысячы чарцей мітусяцца вакол іх, падкладваюць дровы, падліваюць смалу, перамешваюць грэшнікаў віламі. Гарачыня там пякельная, смурод чартоўскі.

А калі піянеры ўвайшлі ў гэты цэх, то ахнулі...

На неабсяжнай плошчы раскінуўся горад з роўнымі вуліцамі, якія цягнуліся немаведама на колькі кіламетраў. Па баках вуліц стаялі аднолькавыя аўтаклавы (цыліндрычныя чаны, бакі), з якіх высоўваліся галовы грэшнікаў. Шыі іх былі шчыльна ахоплены «ашыйнікамі», так што пара з аўтаклаваў каля шыі не выходзіла напаверх.

Шэрагі такіх аўтаклаваў для эканоміі месца стаялі адзін над адным у некалькі паверхаў.

Да кожнага аўтаклава прымацоўваліся тэрмометр, манометр, паказчык колькасці смалы і яшчэ нейкія прылады. Вядома, усе аўтаклавы працавалі на электрычнасці.

Чысты, бліскучы выгляд меў гэты велічэзны хімічны завод. Пад шкляным дахам разносіліся стогны і праклёны пакутнікаў. Аднак, паколькі іх былі мільёны, паасобныя крыкі не вылучаліся, а ствараўся агульны, раўнамерны шум, да якога лёгка было прывыкнуць. Так бывае на ўсіх заводах.

На скрыжаваннях кварталаў стаялі кіраўнікі працэсу — чэрці-інжынеры. У белых халатах, з белымі шапачкамі на галовах, яны былі нават сімпатычнымі. Перад кожным быў пульт. На ім то там, то там запальваліся лямпачкі — белыя, чырвоныя, сінія, жоўтыя. Чорт націскаў кнопку,— і ў адпаведных аўтаклавах то павялічвалася тэмпература, то перамешвалася ці падлівалася смала.

На пытанне, ці даўно так дасканала абсталяваны гэты цэх, адзін з інжынераў адказаў:

— Ды гадоў дваццаць. А раней так цяжка было працаваць, што і ўспомніць страшна. Мы пакутавалі не менш за грэшнікаў. З адной толькі смалой колькі бяды было! Народ усё ідзе ды ідзе, а смалы не хапае. Пайшлі прастоі, непрыемнасці. А цяпер мы перайшлі на нафту. Вы там зверху цягнеце, а мы знізу. Бог запярэчыў быў, што ў нафце пакуты не тыя, лягчэйшыя. Але мы даказалі, што пры належнай тэмпературы і ціску пакуты могуць быць не толькі такія, як у смале, а нават яшчэ большыя.

— А вы доўга працавалі пры старым абсталяванні?

— Як і ўсе — больш за пяць з паловаю тысяч гадоў... Так усе гэтыя тысячы гадоў і прастаяў на гэтым месцы,— дадаў чорт з горкай усмешкай.

У гэты момант да яго падбег другі такі «інжынер» з суседняга пункта. Зірнуўшы на яго, Янка штурхануў свайго таварыша пад бок і ціха сказаў:

— Глядзі, глядзі! Ды гэта ж, здаецца, чалавек, а не чорт!

Прыгледзеліся і так і гэтак — чалавек, ды і годзе! Ні хваста, ні рог, ні капытоў. Што за дзіва такое?

Адказаў Агабук:

— Так, гэта — чалавек. Але горшы за любога чорта, бо ён — здраднік. Ён так падхалімнічаў перад нашым начальствам, так лізаў усім капыты, што яму даверылі катаванні яго братоў, людзей. І ён робіць гэта з большай ахвотай, чым хто.

А той, наблізіўшыся да першага інжынера, з якім размаўлялі нашы хлопцы, усхвалявана стаў казаць:

— Што ты язык чэшаш з гэтымі шкоднікамі? — Ён паказаў на піянераў.— Няўжо не чуў, што робіцца ў нас ад гэтых размоў? Усе чэрці нібы звар’яцелі. Толькі і гаворкі пра гэтых хлапчукоў, пра адпачынак для рабочых, пра нейкія новыя парадкі, і нават — страшна сказаць! — супраць Люцыпара чуюцца галасы. Трэба папярэдзіць наша кіраўніцтва, а гэтых агітатараў зараз жа пасадзіць у смалу.

— Ах ты, поскудзь паганая! — не вытрымаў Агабук.— Ды цябе першага трэба пасадзіць туды, прыхвасцень чартоўскі!

У той жа міг Агабук начапіў яго на свае вілы, і праз колькі хвілін здраднік сядзеў ужо ў аўтаклаве...

Яго таварыш інжынер толькі ўсміхаўся.

 

VII. Пераварот у пекле

Тым часам недзе далёка пачуўся глухі шум, нібы гром ці прыбой марскіх хваляў. Шум гэты паступова набліжаўся, і неўзабаве з яго пачалі вылучацца паасобныя галасы, крыкі.

А яшчэ праз колькі часу на процілеглых канцах вуліц паказаліся групы чарцей, якія памалу зліваліся ў натоўп.

— Сюды ідуць,— сказаў Агабук.— Даведаліся, што вы тут.

Вось ужо над натоўпам відаць плакаты з надпісамі:

 

«Патрабуем адпачынку за ўсе папярэднія тысячагоддзі!»
«Далоў Люцыпара і яго паслугачоў!»

 

Праца ў пекле была спынена, усе машыны выключаны. Многія з вызваленых пакутнікаў далучыліся да натоўпу.

Адзін спрытны чорт узляцеў на аўтаклаў і пачаў прамову:

— Дарагія сябры! Ніхто на свеце так не працуе, як мы.

Нездарма людзі кажуць: «Працуе, як чорт». А хто з вас ведае, як цяпер працуюць людзі? Я апошні раз вылазіў на зямлю паўтары тысячы гадоў назад.

З натоўпу пачуліся крыкі:

— А я дзве с паловай тысячы!

— А я чатыры з гакам!

— Вось гэта я і кажу,— працягваў далей прамоўца.— А ці ўсе з нас так прымацаваны да свайго месца?

— Не, не! — загулі чэрці.— Тыя, што не працуюць, могуць вылазіць хоць кожны дзень.

— Гэта Люцыпар са сваёй бандай! — грозна крыкнуў вялізны пахмуры чорт.

— Правільна, таварышы! — згадзіўся прамоўца.— Тыя, што нічога не робяць, а сядзяць за спіной у Люцыпара, тыя могуць. А мы не. Мы сядзім тут і нічога не ведаем. Дык вось, таварышы, давайце скарыстаем прысутных рэдкіх у нас жывых гасцей і папросім іх расказаць, што цяпер робіцца там, на зямлі, дзе мы даўно ўжо не былі. Прашу,— звярнуўся ён да гасцей.

Чэрці далікатненька падхапілі хлапцоў і мігам узнеслі на аўтаклаў.

— Грамадзяне чэрці! — пачаў Янка на ўвесь свой голас.— Прыйшлі мы з зямлі, каб паглядзець, як пакутуюць нашы браты, каб пашукаць якога-небудзь спосабу дапамагчы ім. Прыйшлі да чарцей, пра якіх нам кажуць, што гэта самыя лютыя стварэнні, якія толькі і думаюць, каб больш памардаваць нашых людзей.

— Няпраўда! — запярэчылі чэрці.— Нам усё роўна. Нам яны нічога дрэннага не зрабілі. Але нас прымушаюць працаваць па загаду бога і Люцыпара.

— Мы і самі ўсё гэта заўважылі,— казаў далей Янка.— Мы ўбачылі, што вы з’яўляецеся бадай-што такімі самымі пакутнікамі, як вашы грэшнікі.

— Правільна! Нам нават горш! — загулі чэрці.

— А ці падумалі вы хоць раз: чаму і дзеля чаго вы працуеце? — крыкнуў Янка.

Чэрці здзіўлена паглядзелі адзін на аднаго, не ведаючы, што адказаць. Толькі хтосьці прамармытаў:

— Ды, мусіць, так трэба.

— А каму гэта трэба? — гучна спытаў Янка.

Чэрці маўчалі.

— Вы ж лічыцеся праціўнікамі, ворагамі бога. Так ці не? — запытаўся Янка.

— Вядома, так,— адказалі чэрці.

— Ну, дык чаго ж вы мардуеце тых людзей, якія разам з вамі таксама пайшлі супраць бога? Вы павінны былі б любіць, шанаваць іх, а не мардаваць. А вы, выбачайце, як дурні, мардуеце сваіх саюзнікаў.

— Дык жа гэтак спрадвеку было! — пачуліся няпэўныя галасы.

— Мала што спрадвеку. Спрадвеку вы працавалі рукамі, а цяпер перайшлі на машыны. Кожны робіць так, каб было лепей, а не горш.

— Ды і сам Люцыпар загадвае нам працаваць.

— А сам ён што робіць?

— Ды нічога,— адказаў доўгі худы чорт.— Сядзіць сабе ў залатым палацы ды гуляе ў карты. Нават ні разу сюды не заглянуў.

— Вось бачыце! Лічыцца, што ён з богам змагаецца. А ці спрабаваў ён памагчы тым людзям, якія на зямлі з богам змагаліся і за гэта трапілі сюды на пакуты? Каб ён быў сумленным чортам, ён павінен быў бы ўсяляк дапамагаць такім грэшнікам, а ён з богам грае ў адну дудку.

— Так,— сказалі чэрці,— з богам яны дружна жывуць, ніякіх канфліктаў за апошнія стагоддзі і не было.

— А па-мойму, дык абодва яны — адно ліха! — крыкнуў доўгі чорт.

— Праўда, таварышы! — падхапіў Янка.— Абодва яны нічога не робяць, абодва сядзяць у пышных палацах, абодва прымушаюць вас вечна працаваць, абараняць іх ад людзей. Вось на каго вы працуеце!

— Правільна! Далоў іх! — грозна загула чартаўня.

— І ў нас гэтак жа было,— казаў Янка.— Быў у нас цар, наш Люцыпар, і таксама нібы змагаўся з другім царом, а сапраўды абодва яны былі ў змове і думалі толькі аб тым, каб працоўных у сваіх руках трымаць. Ну, мы ўзялі ды і прагналі свайго Люцыпара ка ўсім чарцям, самі зрабіліся гаспадарамі. Вось чаму цяпер у нас працаваць лягчэй, працуем ужо самі для сябе, а не для другога. Але нідзе ў нас, нават пры царах, не было такога пекла для рабочых, як у вас тут. А вы церпіце ды яшчэ называецеся чарцямі.

Загуло пекла, забушавала. Уся тысячагадовая крыўда ўсплыла напаверх. Крыўдна стала за сваё беспрасветнае чартоўскае жыццё.

Выскачыў чорт паласаты і закрычаў:

— Браточкі! Ды яны ж праўду кажуць! Дзеля якога чорта мы нясём такую д’ябальскую працу? На чорта гэта нам здалося? Каму ад гэтага карысць? Толькі богу, Люцыпару ды іх паслугачам. І дзеля іх мы мардуем столькі людзей, з якіх прынамсі палову мы можам лічыць сваімі братамі, такімі самымі рабочымі, як мы. Ці не лепш было б аб’яднацца з імі ды прагнаць к чорту ўсіх нашых паноў...

Далейшых слоў ужо нельга было пачуць, бо падняўся незвычайны шум.

— Годзе ўжо! Папілі нашай крыві! Тысячы год здзекаваліся з нас! — чулася сярод гэтага гулу.

Нават грэшнікі далучыліся і крычалі, як чэрці.

Тады выступіў адзін з грэшнікаў, былы рабочы-ліцейшчык.

— Таварышы чэрці! Зірніце навакол, прыгледзьцеся да тых, каго вы да гэтага часу мардавалі. Ці дужа знойдзеце вы тут паноў, памешчыкаў, капіталістаў? Усё такая ж працоўная бедната, як і вы. А багатыя жывуць у раі, бо маюць грошы, каб наняць папоў, ксяндзоў, рабінаў і г. д. А тут адны працоўныя мардуюць другіх. Акурат як яшчэ сям-там на зямлі: адны працоўныя стаяць ля варштатаў, а другія, такія самыя, толькі ўзброеныя, аберагаюць багатых. Бачыце, як хітра ўсё гэта пабудавана!

— Так, так! Правільна! Цяпер не ашукаюць! Зразумелі ўжо! — гулі чэрці.

Потым пачалося братанне чарцей з грэшнікамі. Абдымаліся, цалаваліся, нават плакалі ад радасці.

Стары чорт прывёў цэлыя атрады акцябрат і піянераў, якіх ён нядаўна «хрысціў». Адзін акцябронак ужо ўзабраўся на трыбуну і звінеў:

— Дзядзечкі чэрці! Дзякуем вам, што вы нас аслабанілі. Цяпер ужо мы будзем добрымі, паслухмянымі, не будзем біцца, пэцкацца.

Ад гэтых слоў памякчэлі нават самыя заядлыя чэрці.

— Бедныя дзеткі! Яны думаць, што іх за гэтае каралі. Яны нават не ведаюць, што іх каралі толькі за тое, што яны нехрышчоныя! — казалі «дзядзечкі», выціраючы слёзы.

Выскачыў яшчэ адзін з грэшнікаў:

— Таварышы! Усе за аднаго, адзін за ўсіх! Мы ўсе павінны аб’яднацца!..

— З табой? — перапыніў яго смалены чорт.— Ах ты бандыт! А ты пры чым? Таварышы! Гэты бандыт зарэзаў трох дзяцей і двух дарослых, а цяпер прапануе з ім аб’яднацца. Ці можам мы...

— Далоў яго! Назад, у смалу! — закрычалі чэрці, мігам падхапілі яго на вілы і пасадзілі ў чан.

Нарэшце зноў выступіў Янка:

— Таварышы! Нам трэба дзейнічаць у парадку, арганізавана, бо іначай нічога не выйдзе з нашай работы. Дзеля гэтага я прапаную:

1) абраць камітэт з сваіх рабочых ад варштатаў і слухацца яго, як сваёй вышэйшай улады;

2) зараз жа ліквідаваць Люцыпара і яго прыхільнікаў;

3) выпрацаваць законы, па якіх вы пажадаеце ў далейшым жыць.

«Ахоўнік» Агабук прапанаваў яшчэ, каб у камітэт былі выбраны і прадстаўнікі ад грэшнікаў.

— Добра! Згодны! — закрычалі чэрці.

Абралі камітэт, у які ўвайшло па адным прадстаўніку ад кожнага цэха (аддзялення) і сем прадстаўнікоў ад грэшнікаў. Старшынёю абралі смаленага чорта, сакратаром — чорта лазатага з машыннага аддзялення.

Узброіліся, разбіліся на атрады і з песняй «Что вы, черти, приуныли» рушылі да палаца Люцыпара.

— Трэба выключыць тэлефоны,— прапанавалі піянеры,— каб спыніць між імі сувязь.

— Малайцы хлопцы! Хоць маленькія, а якія здагадлівыя! — пахваліў чорт лазаты і нават папляскаў іх па плячы.

Палац Люцыпара, пабудаваны з суцэльнага золата, знаходзіўся на высокай скале. Вакол скалы быў вогненны роў, а ў ім песціўся змей даўжынёй у некалькі кіламетраў.

— Глянь, глянь! — зацікавіўся Янка.— Той самы змей, якога малююць у цэрквах на абразах!

Люцыпар сядзеў у сваім залатым палацы і гуляў з вядзьмаркамі ў карты, калі прыбеглі спалоханыя міністры і сказалі, што чэрці-рабочыя ўзбунтаваліся.

Люцыпар спачатку не зразумеў, што тыя кажуць.

— Здурнелі вы, ці што? — прамовіў ён.— Супраць каго ім бунтаваць? Супраць бога мы ж даўно бунтуем.

Прыбеглі новыя міністры і крыкнулі:

— Ваша вялікасць! Чэрці падняліся супраць вас! Пагражаюць знішчыць.

— А! Вось што! — зароў Люцыпар.— Сабрацца ўсім! Страляць у іх з гарматаў!

Зараз жа вакол Люцыпара сабралася армія ў 72 000 чарцей. Пачалі страляць з гарматаў.

Але што гэта за гарматы! Адзін смех.

Аднак хлопцы вельмі здзівіліся, пачуўшы стрэлы.

— Адкуль у іх гарматы?

— Гэта, бачыце, тыя гарматы,— растлумачыў чорт лысы,— якія засталіся яшчэ з часу вайны з богам, калі нас выганялі з раю. Дрэнныя, самыя першабытныя гарматы.

— А ў вас ёсць?

— Няма,— збянтэжана адказаў чорт смалены. — Адкуль жа нам іх узяць? Гэтым кіруе сам Люцыпар.

— А ці хутка вы маглі б зрабіць?

— Калі ведаць, што і як, то можна хутка. І нават лепшыя за гэтыя, бо ў нас цяпер ёсць самыя дасканалыя машыны.

— Дык у вас жа сярод пакутнікаў знаходзяцца самыя найлепшыя інжынеры ў свеце. Яны мігам наладзяць гэтую справу.

Праз некалькі гадзін дзесяць найлепшых сусветных спецыялістаў выпрацавалі чарцяжы, а яшчэ праз колькі гадзін тысяча дасканалых гармат ужо граміла крэпасць Люцыпара. Што ні кажы, а ўсё-такі маштабы чартоўскія.

Люцыпар толькі дзіву даваўся.

— Вось чэрці! — скрыгатаў ён зубамі.— Адкуль гэта ў іх узялося?

Але фактычна такая вайна была проста гульнёй. Бо ўсім вядома, што чарцей бог стварыў такімі ж несмяротнымі, як ён сам і яго анёлы. Як жа іх забіць?

Палац Люцыпара і крэпасць былі зруйнаваны, а войска як было семдзесят дзве тысячы ад стварэння свету, так і засталося. Праўда, і яны не маглі перабіць паўстанцаў, але якая ад гэтага карысць?

Сам пан бог, вядома, даў бы рады паўстанцам. Але на чый бок ён стаў бы, каб даведаўся пра гэтае паўстанне?

— Вядома, на бок Люцыпара! — быў адзін адказ.

І тут чэрці зноў і зноў дзякавалі сваім кансультантам за тое, што яны параілі перарваць тэлефонную сувязь. А па вачах паўстанцаў было відаць, што яны і цяпер чакаюць ад піянераў парады, як перамагчы несмяротную ахову Люцыпара.

Задумаліся нашы хлопцы. Думалі, думалі — і нарэшце знайшлі выхад!

На зямлі, як вядома, з чарцямі змагаюцца не з гарматамі, а з малітвамі, крыжам, свянцонай вадой, набажэнствамі. І змагаюцца паспяхова. Дык чаму ж і тут не скарыстаць гэтую зброю? Хіба мала сярод тутэйшых грэшнікаў знойдзецца святых айцоў розных рангаў?

Праз паўгадзіны чэрці-добраахвотнікі прывалаклі з розных канцоў пекла чатырнаццаць тысяч семдзесят восем духоўных айцоў.

Убачыўшы такую армію, чорт лазаты аж за рогі ўхапіўся:

— Што вы робіце, бязмозглыя! Чаго вы ўсіх духоўных цягнеце? Патрэбны толькі хрысціянскія, а вы панацягалі і шаманаў, і жрацоў, і мулаў, і рабінаў, і будыстаў, якія крыжа не ўжываюць, у Хрыста не вераць.

Прыйшлося зрабіць адбор і ўзяць толькі 777 галоў.

Затое ж якая магутная антычартоўская сіла стварылася! Апрача папоў і ксяндзоў, былі тут архірэі, біскупы, архімандрыты, пратапопы, адзін мітрапаліт, два кардыналы, у тым ліку славуты Тарквемада. І нарэшце — вядомы распуснік і злачынца рымскі папа Аляксандр VI.

Перад імі была пастаўлена задача: памаліцца над зброяй, галоўным чынам над снарадамі, благаславіць іх, асвяціць свянцонай вадой, а для большай сілы паставіць на іх як мага больш крыжыкаў. Супраць такой сілы ўжо ніякі чорт не ўстоіць.

Чэрці мабілізавалі ўсе магчымасці, каб дастаць для свайго духавенства адпаведнае параднае адзенне, залатыя і сярэбраныя рызы, абразы, харугвы, кадзілы з ладанам, якога так баяцца чэрці, і іншыя патрэбныя прылады. Такога ўрачыстага калектыўнага набажэнства ніколі яшчэ не было на зямлі.

Гісторыкі могуць сказаць нам, што малітвы над зброяй і асвячэнне яе задоўга да гэтага часу практыкаваліся і цяпер практыкуюцца ў рэлігійных краінах, што не чэрці выдумалі тое набажэнства, аб якім тут гаворыцца.

Але ж мы і не гаворым, што яны самі выдумалі гэты спосаб. Мы толькі падкрэсліваем, што яны творча перанялі вопыт людзей і арганізавалі справу так шырока і дасканала, як могуць зрабіць толькі чэрці.

Але аблезлы чорт увесь час непакоіўся:

— Што вы робіце? Што вы робіце? Пабойцеся бога! А што будзе з намі самімі? Ды гэтыя прычындалы і набажэнствы ў першую чаргу нас загубяць.

Пытанне было вырашана такім чынам: перад набажэнствам чэрці схаваліся, дзе хто мог, а некаторыя адвярнуліся і заткнулі вушы. З гарматамі і снарадамі важдаліся рэлігійныя грэшнікі-добраахвотнікі.

Цяпер ужо нам лёгка ўявіць сабе тое, што адбылося ў пекле, калі на Люцыпараву рэзідэнцыю з усіх бакоў пасыпаліся благаславёныя снарады.

Перш за ўсё разарвала на шматкі таго змея, які сваім шматкіламетровым целам акружаў замак. А калі святыя снарады пачалі калашмаціць несмяротных прыхільнікаў Люцыпара, тыя так зараўлі, што ўсім чарцям млосна зрабілася. Кроплі свянцонай вады, пах ладану, крыжыкі, дух малітваў — усё гэта дзейнічала на чарцей горш за кіпячую смалу. Яны круціліся, як вужакі, не знаходзячы выйсця з гэтага пекла.

Становішча іх было сапраўды безвыходнае. Куды ні сунься, усюды тоўшча зямлі ў тысячы кіламетраў. Толькі над галавой было трохі бліжэй да паверхні зямлі. Туды яны ўсе разам і рынуліся...

І {1 р / 0 > Чтады людзі наверсе перажылі страшнае землетрасенне. Выбухнуў вулкан, а з яго вылецела столькі камення, попелу, лавы, дыму, пары, што дзень адразу ператварыўся ў ноч. Таму людзі не бачылі і не ведалі, што разам з усім тым з-пад зямлі вылецела 72 000 чарцей на чале з Люцыпарам...

Вылецелі і паляцелі ў космас шукаць сабе прыстанішча на якой-небудзь іншай планеце, дзе навукі і культуры яшчэ няма. Такія ўмовы для чарцей лічацца самымі найлепшымі.

«Ну і чорт з вамі! — скажам ім услед.— Пражывём і без вас».

Паглядзім цяпер, што сталася з рэшткаю чарцей у пекле і з нашымі героямі Янкам Гужам і Юркам Пыжам.

Як жа ж дзякавалі ім чэрці-пераможцы за дапамогу! Як не хацелася ім разлучацца са сваімі юнымі сябрамі! Нават плакаць пачалі. Спачатку ціхенька адзін, потым другі мацней, потым трэці яшчэ горш, а там ужо зараўлі ўсе чэрці, як падсмаленыя.

Асабліва расчуліўся Агабук:

— Я збіраўся быў перасяліцца да вас на вечнае жыццё, а цяпер...

А цяпер, бачыце, яму прапанавалі тут пасаду дзяржаўнага сакратара. Зусім зразумела, што ён не ведаў, куды падацца.

Хлопцы параілі яму лепш застацца дзяржаўным сакратаром у пекле, чым чортам на зямлі.

На вакзале піянерам далі салон-вагон самога Люцыпара і ахову з сямі чарцей.

Калі развітваліся, зноў былі слёзы.

— Не забывайце нас, прыязджайце ў госці,— прасілі чэрці.

Калі, нарэшце, нашы падарожнікі засталіся адны ў сваім купэ, то адчулі сябе такімі зморанымі, што зараз жа і паснулі.

 

А прачнуліся... у тым самым дупле, з якога пачыналі сваё падарожжа! Каля іх сядзела сем чарцей, што пяшчотна перанеслі сюды сваіх дарагіх гасцей і ахоўвалі іх сон. У ліку гэтых сямі быў і Агабук.

Сардэчна развіталіся апошні раз і разышліся.

Паміж тым у пекле жыццё ўжо ішло па-новаму. Перш за ўсё пераможцы вызвалілі працэнтаў дзевяноста грэшнікаў, пакінуўшы толькі зладзеяў, забойцаў, бандытаў і наогул самых лютых злачынцаў. Але і ім пакуты былі не вечныя, а ў залежнасці ад віны — ад 1000 да 1 000 000 гадоў.

Рэшту цэхаў перабудавалі на карысную вытворчасць, на вырабы з жалеза, медзі, золата, наогул з усіх тых матэрыялаў, што здабываюцца ў нетрах зямлі.

Вызваленыя грэшнікі сталі рабочымі, раўнапраўнымі з чарцямі. А паколькі праца ўсё ж такі была пякельная, бо адбывалася ў пекле, то рабочы дзень быў вызначаны ў чатыры гадзіны.

Вось тыя змены, якія адбыліся яшчэ да ад’езду Янкі Гужа і Юркі Пыжа.

Што было далей, яны не ведаюць.

Хачу яшчэ зазначыць, што хлопцы мае нікому не казалі аб сваім падарожжы: баяліся, што ім ніхто не дасць веры, а толькі падымуць на смех. А як даказаць праўду? Ніякіх паперак чэрці не далі, бо ўсё роўна ніхто не паверыў бы, сказалі б:

— Дакажыце, што гэтыя дакументы сапраўдныя!

Прыйшлося б зноў ехаць у пекла і прасіць пасведчанне, што дакументы сапраўдныя. Тады зноў сказалі б:

— Дакажыце, што пасведчанне аб тым, што дакументы сапраўдныя, сапраўднае!

Тады прыйшлося б зноў ехаць у пекла і прасіць, каб выдалі новае пасведчанне ў тым, што першае пасведчанне сапраўднае.

І так да сканчэння свету...

Мне яны таксама не хацелі расказваць. А згадзіліся толькі тады, калі я пакляўся д’яблам, што нікому ніколі нічога не скажу.

І я сумленна выконваю клятву: нікому нічога і не падумаў казаць, а толькі напісаў на паперы. А што тычыцца сапраўдных прозвішчаў Янкі і Юркі, то іх я нават і не пісаў, а выдумаў зусім іншыя, непадобныя прозвішчы, каб ніхто не пазнаў.

Такім чынам і з’явілася на свет гэтая праўдзівая казка.

А калі хто не паверыць, то няхай сам на месцы пераканаецца. Дарога цяпер ужо вядомая: спачатку проста на поўнач, потым — направа, далей — налева, затым — зноў направа, тады — зноў налева і ўрэшце яшчэ раз налева.

І праз семдзесят сем крокаў вы акурат натрапіце на той дуб, адкуль пачынаецца дарога ў пекла.

 

1928 г.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


1928; 1959?

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах. Том чацвёрты. — Мн., «Маст. літ.», 1976. — 408 с.
Крыніца: скан