epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Сям'я

Гэта было ў цёмны восеньскі вечар тысяча дзевяцьсот васемнаццатага года.

Я стаяў на левым беразе Дняпра і прыглядаўся да другога берага. Там быў наш горад М., у якім цяпер гаспадарылі немцы. А мне трэба было пераправіцца туды.

Бераг і горад хаваліся ў густым тумане, але светлыя пляміны ад нешматлікіх агнёў можна было разабраць. Бераг там быў высокі, і праз туман здавалася, што агні свецяцца на небе.

Таварыш, які павінен быў мяне перавезці, падрыхтаваў човен і загадаў:

— Сядай!

Ён паклаў на дно чоўна вінтоўку, а ў мяне быў схаваны рэвальвер. Каб было цішэй, ён кіраваў адным вяслом стоячы. Такім чынам мы рушылі нелегальна праз «граніцу» — з аднаго свайго берага на другі свой бераг3.

Човен плыў так ціха, што і за некалькі крокаў ніхто не пачуў бы. Праз некалькі хвілін мы апынуліся ў такім месцы, адкуль ніякай зямлі не было відаць, нібы ў моры. А потым пачаў чарнецца другі бераг. Мы кіравалі на правую ўскраіну горада. Яшчэ некалькі хвілін — і мы разгледзелі дрэвы, хаты і цьмяныя агеньчыкі ў вокнах.

Надыходзіў самы крытычны момант, больш небяспечны, чым сама высадка. Бо на беразе можна зараз жа схавацца, а лодку на рацэ відаць здалёк і з розных бакоў. Можа, цяпер хто-небудзь сочыць за намі, а мы схавацца не здолеем. Плывём, стаіўшы дыханне, напружана прыглядаемся і прыслухоўваемся. Невялікіх прадметаў на беразе мы разгледзець не можам, значыцца, і наш човен адтуль убачыць цяжка. Вялікая падзяка туману!

Нарэшце нос чоўна дакрануўся да берага. Я адразу ж выскачыў і кінуўся да парослага кустамі абрыву, над якім быў сад ці агарод. Праз хвіліну ззаду пачуліся стрэлы, крыкі. У каго страляюць — у мяне ці ў майго таварыша? Я азірнуўся: човен быў за дзесятак метраў ад берага, а з абодвух бакоў па беразе беглі два чалавекі, адзін бліжэй, другі значна далей.

Я не стаў разбірацца, каго з нас яны ўбачылі, заўважыў размыты вадой раўчук, выбраўся па ім наверх, пераскочыў цераз плот у нейкі сад, але тут пачуўся брэх сабакі... Гэты брэх здаўся мне страшнейшым за тыя стрэлы і крыкі, якія чуліся яшчэ на беразе. Сабака брахаў каля дома, што стаяў у глыбіні саду, але да мяне не набліжаўся: відаць, ён быў прывязаны. Я пабег далей уздоўж плота, перабраўся на суседні двор, а адтуль шчасліва выбраўся на вуліцу. Тады я спакойна і ўпэўнена пайшоў па вуліцы, нібы сталы тутэйшы жыхар.

У гэтым раёне знаходзіўся той дом, куды я павінен быў зайсці. Цяпер задача была — зайсці так, каб ніхто не заўважыў. Як вядома, лягчэй за ўсё застацца незаўважаным тады, калі вакол цябе народу многа. А тут на вуліцах людзей зусім было мала. Гэта азначала, што рэдкія прахожыя мімаволі звярталі ўвагу адзін на аднаго. Пры людзях, напрыклад, я не звярнуў бы ніякай увагі вунь на таго чалавека, што ідзе па другім баку вуліцы туды, куды і я. А цяпер бачу, што ён высокага росту, сутулы, у рудым паліто з паднятым каўняром, у кепцы. І ён таксама, пачуўшы мае крокі, паглядзеў у мой бок і, пэўна, таксама заўважыў, які выгляд я маю, тым больш, што туман тут, на вышыні, быў значна радзейшы, чым ля ракі. Калі гэтага чалавека там далей які-небудзь патруль спытае, ці не бачыў ён каго, то ён ужо зможа сказаць, які я і куды ішоў.

Я на яго вачах павярнуў налева, прыпыніўся, а калі чалавек прайшоў далей, зноў выйшаў на тую самую вуліцу. Так мне прыйшлося зрабіць разы са тры, пакуль я трапіў на патрэбную вуліцу. Але ў канцы яе, на скрыжаванні, я заўважыў постаці трох коннікаў. Яны чамусьці тупалі на месцы. А калі так, значыцца, яны штосьці выглядаюць... Затым адзін застаўся на месцы, другі паехаў налева, а трэці накіраваўся ў мой бок. Ён ехаў ціха, значыцца, мяне не заўважылі. Былі ўсе падставы думаць, што шукаюць мяне.

Я пасунуўся назад, завярнуў у адзін завулак, другі, накіроўваючыся за горад. Там я дзе-небудзь пераначую, а заўтра ўдзень увайду ў горад спакойна. Завулкі рабіліся ўсё вузейшымі і больш гразкімі. У адным месцы я пачуў конскі тупат недзе ўбаку. Я пятляў, прабіраўся праз агароды і, нарэшце, выйшаў без дарогі ў поле.

Непасрэдная небяспека мінула. Я пайшоў проста наперад і выбраўся на дарожку. Праз мінут дзесяць яна прывяла мяне да нейкіх хатак. У адной з іх, самай убогай, ветліва пабліскваў агеньчык газнічкі.

«Калі яна такая ўбогая, то напэўна знайду ў ёй прытулак»,— падумаў я.

І не памыліўся. Мяне пусцілі ў хату, нават не запытаўшыся і не паглядзеўшы, хто я такі. Калі я выказаў з гэтага поваду сваё здзіўленне, гаспадар адказаў:

— А чаго нам баяцца? Добрага чалавека я кожнага гатоў пусціць, а ліхі і сам да мяне не пойдзе. Што ён тут знойдзе? Апрача кучы дзяцей,— нічога.

— Нарадзіліся яны на сваё няшчасце і на наша гора,— уздыхнула гаспадыня.

Адразу было відаць, што дзеці ў гэтай сям’і — самае балючае месца, калі першае слова было аб іх.

— Хутчэй бы яны паскруцілі сабе галовы,— дадаў гаспадар, нібы гаворачы сабе самому.

— Хто?! — перапытаў я з абурэннем.

Убачыўшы, як я адношуся да яго апошніх слоў, гаспадар адступіў ад мяне на крок, пільна глянуў мне ў вочы і стрымана сказаў:

— Выбачайце, пане. Я не ведаю, хто вы такі. Можа, вы іначай гледзіцё на немцаў. А мне дзякаваць ім няма за што.

Я засмяяўся. Выявілася, гэты добры чалавек, гаворачы аб сваіх дзецях, думаў аб тых, хто прынёс ім няшчасце — аб немцах,— і выказаў сваю думку, не падазраючы, як яна злучаецца з папярэднімі словамі.

Я палажыў яму руку на плячо і сказаў:

— Дарагі таварыш! Я толькі што адтуль, з-за ракі, і сам хаваюся ад немцаў.

І адразу ўсім нам зрабілася лёгка.

— Сядайце, калі ласка! — сказалі гаспадар і гаспадыня разам.

Я сеў і агледзеў хату. Малая, трухлявая, з земляной падлогай і маленечкімі акенцамі. Стол, дзве лавы, печ на трэцюю частку хаты і палок адзін на ўсіх.

Гаспадар высокі, сухі, з вострай бародкай, гадоў пад сорак. Зрэбная кашуля целяпаецца на ім, як на калу. Гаспадыня шчуплая, з заклапочаным тварам, а гадоў ёй можна даць і трыццаць пяць і пяцьдзесят.

А затым — «куча дзяцей». Бледны дзесяцігадовы хлопчык стаяў ля стала і сачыў за кожным маім словам, за кожным рухам. Каля яго, задраўшы галаву, стаяў замурзаны пяцігадовы карапуз; ён толькі што прачнуўся і злез з палка, каб падзівіцца на незвычайнага госця. На кончык лавы баязліва прысела васьмігадовая дзяўчынка з вострым носікам, ільнянымі валасамі і вялізнымі сінімі вачыма. На палку стаяў залатушны хлопчык гадоў пад сем, ля яго ног спала, раскінуўшыся, двухгадовая дзяўчынка. А ў начоўках ля печы спала яшчэ грудное дзіця.

— Як вы жывяце? — само вырвалася ў мяне пытанне.

— А мы і самі не ведаем,— горка ўсміхнулася гаспадыня.

— Я хаджу ў горад на розную падзённую працу,— сказаў гаспадар.— Але якія цяпер заробкі,— махнуў ён рукой.

— А зямля ёсць?

— Агарод. Ім і трымаемся яшчэ на свеце. Ды што аб гэтым казаць,— перапыніў сам сябе гаспадар і, падсунуўшыся да мяне, спытаў: — Вы лепш скажыце, што там? Ці хутка нашы прыйдуць?

Колькі разоў я чуў гэтае пытанне ў розных кутках Беларусі!

Я пачаў расказваць, як Ленін мабілізуе народ на барацьбу з ворагам, як рабочыя ідуць у армію, як...

За акном пачуўся конскі тупат. Я адскочыў ад акна і інстынктыўна выхапіў рэвальвер.

— Гасіце святло! — шапнула гаспадыня.

— Не трэба! — сказаў гаспадар.— Адразу ўзнікне падазрэнне, што мы чагосьці баімся.

Я з ім згадзіўся, а сам пайшоў да дзвярэй.

— Пачакайце! — ціха сказаў гаспадар і прытуліўся тварам да шыбы. Галава яго закрыла цалкам акно. Усе стаіліся.

— Яны спыніліся ля крайняй хаты... Будуць па чарзе абыходзіць усе хаты... Вунь стукаюцца і крычаць...

Значыцца, было яшчэ некалькі хвілін часу. Можна ўцячы. Усё залежыць ад таго, ці пэўна яны ведаюць, што я тут, ці мяркуюць прыблізна? У полі мяне ніхто не бачыў, я гэта ведаю. Маглі бачыць на якой-небудзь вуліцы з гэтага боку горада і на кожны выпадак накіравацца сюды. Ад гэтага залежала, наколькі настойліва яны будуць шукаць. Але і ў тым, і ў другім выпадку нельга было спадзявацца, каб знайшоўся такі дурань, які не здагадаўся б у часе вобыску хат паставіць варту вакол усяго пасёлка. Усё гэта мільганула ў маёй галаве значна хутчэй, чым тут напісана. І нібы ў адказ на мае думкі пачуўся голас гаспадара:

— Налева, за хатамі, стаіць коннік...

Так яно і ёсць — варта пастаўлена навакол. Ну што ж, прыйдзецца прабівацца...

Тады гаспадыня прапанавала свой план:

— Чаго лезці ў пятлю? Кладзіся на палок ля сцяны, а мы паложым на цябе дзяцей.

— Правільна! — сказаў гаспадар, не паварочваючы галавы ад акна.

Я згадзіўся. Мігам лёг я ўздоўж сценкі, на мяне навалілі рознага рыззя і пачалі «абляпляць» дзецьмі. Проста кажучы, пачалі ўпоперак класці іх галовамі на мяне, як на падушку. Прыстасавалі і тое малое, што спала. Нават грудное паклалі побач, а начоўкі паставілі пад палок.

— Памятайце, дзеткі,— казала маці,— нікому ні слова. Калі немцы знойдуць гэтага дзядзьку, то заб’юць яго і нас. Разумееш, Міколка? — звярнулася яна асобна да малодшага.

— Лазумею,— адказаў ён сур’ёзна.

Не ведаю, які выгляд меў цяпер палок збоку, але гаспадар, адышоўшы ад акна, задаволена сказаў:

— Вельмі добра! Самы хітры немец не здагадаецца.

Цяпер я жадаў толькі аднаго: каб яны хутчэй прыйшлі, бо ляжаць нерухома было вельмі нязручна.

Нарэшце гэты момант надышоў. Пачуўся грукат не толькі ў дзверы, але і ў вокны. Закрычала малое дзіця. Маці ўзяла яго на рукі і села ля маёй галавы. Відаць, яна пачала яго карміць.

Бразнулі дзверы, загрукалі боты.

— Да вас заходзіў які-небудзь чалавек? — пачуўся рэзкі голас.

— Праўду гаварыль, а то — капут,— растлумачыў другі пісклявы голас.

— Не, паночкі, ніякага чалавека не было,— загаварылі разам гаспадар і гаспадыня.

— Глядзіце, калі знойдзем, усім вам будзе канец! — крыкнуў першы голас.

Застукалі пад палком і ў кутку пад лавамі. Ледзь не дакранаючыся да маіх ног, палезлі на печку, нават заслонка ад печы забразгала — яны глядзелі і ў печку!

Старэйшы хлопчык прыўзняўся і абапёрся на мяне локцем. Гэты натуральны рух мне спадабаўся.

Але я вельмі занепакоіўся, калі заварушыўся і пяцігадовы Міколка.

— Міколка, ты чаго ўстаў? Лажыся, спі! — крыкнула маці і хацела палажыць яго на месца. Але ён заўпарціўся, пачалася на маёй спіне тузаніна. (Потым мы даведаліся, што ён хацеў на мяне сесці, «каб лепш схаваць» мяне).

Тады я пачуў словы, ад якіх у мяне сціснулася сэрца. Гаварыў адзін з прыйшлых, стараючыся надаць свайму голасу надзвычайную пяшчоту; акурат як той воўк у казцы «Чырвоная Шапачка».

— Міколка, ты не спаў? Ты бачыў дзядзьку, які сёння да вас прыходзіў?

— Не,— паспяшаўся адказаць Міколка, нават не дачакаўшыся апошніх слоў.

— Скажы праўду, дзетка. Дзядзька нас хоча бачыць, ён чакаў нас. Калі скажаш, дам табе цукерку.

На гэты раз Міколка не спяшаўся з адказам; ён пачуў такое, аб чым яго не папераджалі. Ён чакаў, што лютыя немцы будуць крычаць, сварыцца, а тут зусім наадварот.

Відаць, маці ў гэты час глядзела на яго неяк асабліва, бо пачуўся грозны голас немца:

— Матка, прэч!

Маці злезла з палка.

— Не бойся, Міколка, скажы, бачыў дзядзьку? — казаў той жа «пяшчотны» голас.

— Не бацыў,— адказаў Міколка.

— А ты?

— Ніякага дзядзькі не бачыла,— пачуўся голас дзяўчынкі.

— А вы?

— Ніякага дзядзькі ў нас не было,— хорам адказалі ўсе іншыя дзеці.

— Бяры агонь, свяці нам! — закамандаваў нехта.

— Зараз,— адказаў гаспадар.

Затым варочалі нешта і стукалі ў сенцах, тупалі над галавой па столі, шукалі на двары ў хлеўчыку, пад паветкай. Нарэшце ўсё сціхла. Гаспадар вярнуўся ў хату.

— Пранесла! — сказаў ён радасна.

Але прыйшлося яшчэ паляжаць, пакуль немцы зусім выбраліся з пасёлка. Усе мы былі ўзбуджаныя, радасныя, хвалілі дзяцей, асабліва Міколку.

Пераначаваў я на падлозе, а на другі дзень пайшоў у горад і выканаў сваё заданне.

 

* * *

Прайшло дваццаць год. Ліхія часы для нашай радзімы прамінулі, як сон. Устала на ўвесь свой рост новая, магутная савецкая дзяржава. Дзе толькі не пабываў я за гэты час! І нарэшце трапіў на некалькі дзён у той самы горад М.

Вядома, успомнілася тая восеньская ноч, убогая хацінка і «куча дзяцей», якая выратавала мяне. Што з імі цяпер? Ці ёсць які след на тым месцы?

Быў выхадны дзень. Установы не працавалі, і я не мог вырашаць свае справы, дзеля якіх прыехаў. Мне заставалася толькі сядзець у гасцініцы ці бадзяцца па горадзе. І я паехаў туды, да хатак.

Машына хутка вынесла мяне за горад. Але не па такой дарозе, па якой я ішоў калісьці. Гэта было бліскучае асфальтавае шасэ. І адлегласць да таго месца была не такая, а, як кажуць, рукой падаць. А замест хатак быў цэлы гарадок: фабрычныя карпусы, трохпавярховыя жылыя камяніцы, асфальтавыя вуліцы, жыццярадасныя скверы, Палац культуры,— адным словам, усё тое, што мы бачым у розных кутках вялікага Савецкага Саюза. Дзе тут знойдзеш сляды былых хатак?

Мясцовасць знаёмая. Пазнаю нізіну і ўзгорак. Пазнаю нават хвойнік. Каля яго павінен быць яр, а недалёка ад яго і была хацінка маіх мілых гаспадароў. Цяпер там стаіць белая камяніца.

Я вылез з машыны і пачаў хадзіць паміж камяніц па асфальтавых дарогах і дварах. Але я нічога гэтага не бачыў. Скрозь іх перад маім зрокам паўставала зусім іншае — цёмныя, старыя хаціны...

Многа бачыў я такіх савецкіх гарадкоў і гарадоў, але ніколі не перажываў таго, што цяпер. Бо не было ў мяне такіх успамінаў, як цяпер. Вось каля гэтага фантана стаяла тая хатка, з якой наглядаў мой гаспадар. Там, на асфальтавым двары, стаяў коннік. Значыцца, каля гэтай клумбы, вакол якой катаюцца на веласіпедах дзеці, і была хатка, у якой я начаваў. Памятаю, як я ішоў з той нізінкі праз сквер і праз гэты дом вунь на тую хвою...

Як хацелася ўбачыць каго-небудзь з той сям’і! Паспрабую спытацца вось у гэтай прыгожай сінявокай жанчыны, што ідзе насустрач з сумкай у руках.

— Выбачайце,— кажу,— ці не ведаеце вы тут чалавека па прозвішчы... э-э... здаецца, Карнейчык?

— Карнейчыка не ведаю,— адказала яна,— а Карнейка ёсць.

— На гэтым месцы калісьці стаяла яго хатка,— растлумачыў я.

— Адкуль вы ведаеце? — здзівілася яна.

— Я ў яго начаваў дваццаць гадоў назад.

— Вы?! Гэта вы? — усклікнула яна яшчэ з большым здзіўленнем.— Вы ж начавалі ў нас! Мы вас хавалі ад немцаў. Я памятаю тую ноч.

Я гатоў быў схапіць яе ў абдымкі. Дык вось яна, сінявокая, светлавалосая, бледная дзяўчынка!

— Хадзем да таткі,— сказала яна і пайшла наперад.

— Ён тут?! — узрадаваўся я.

— А чаго яму выязджаць з свайго наседжанага гнязда? — усміхнулася яна.

«Гняздо» было на другім паверсе. Жанчына націснула званок. Дзверы адчыніла паўнаватая жанчына з маладжавым тварам і сівымі валасамі.

— Ведаеш, мама, каго я прывяла? — весела сказала дачка і таемна прашаптала: — Гэта той самы госць, якога мы ўсе калісьці ратавалі ад немцаў.

— Няўжо?! — пляснула рукамі маці.— Ніколі не пазнала б.

— Ды і вы не такая,— казаў я, паціскаючы ёй руку.— Каб не валасы, былі б маладзейшая, як тады.

Мы стаялі ў прыхожай. Направа кухня, водаправод і дзверы, відаць, у ванную. Налева і наперадзе — дзверы.

Усе трое мы ўвайшлі ў адзін з пакояў. За пісьмовым сталом з настольнай электрычнай лямпай сядзеў высокі сівы чалавек з поўным, гладкім тварам і чытаў газету. Убачыўшы нас, ён зняў акуляры і ўстаў, з цікавасцю пазіраючы на мяне і на жонку з дачкой, якія хітра ўсміхаліся.

— Паспрабуй адгадаць, хто гэта? — сказала дачка, паказваючы на мяне.

Стары паглядзеў і паціснуў плячыма:

— Не магу ўспомніць.

— А ты яшчэ, здаецца, учора ўспамінаў, як мы ратавалі яго,— сказала жонка.

— Вы — той самы чалавек?! — з надзвычайным здзіўленнем усклікнуў стары і схапіў абедзвюма рукамі маю руку.— Вельмі прыемна. Сядайце, калі ласка. Цяпер я ўжо магу даць лепшы прытулак.

— Бачу, бачу,— адказаў я.— Але перш за ўсё я хачу ведаць, як жывуць вашы дзеці, мае збаўцы. Раскажыце пра іх. Мяне вельмі цікавіць іх лёс.

— Не толькі расказаць, але і паказаць можам,— адказаў гаспадар.— Сёння ж выхадны. Зараз склічам сямейны пленум. Ты, Зося, будзеш адказнай за арганізацыйную частку, а ты, маці,— за гаспадарчую.

— Добра,— адказалі жанчыны і выйшлі.

— Ці варта дзеля мяне распачынаць такія турботы? — пачаў я, але гаспадар перапыніў мяне:

— Не дзеля вас, а дзеля іх. Усе яны ведаюць пра тую ноч, хоць некаторыя не памятаюць.

Потым ён расказаў, як прыйшлі нашы, як ён пачаў працаваць, а дзеці вучыцца, як пачалося будаўніцтва новай фабрыкі... А на сённяшні дзень ён заслужаны майстар на гэтай фабрыцы. Старэйшы сын — таксама майстар. Зося замужам за рабочым гэтай жа фабрыкі, жыве ў суседняй кватэры.

Пачуўся званок. Праз хвіліну адчыніліся дзверы, і ў пакой увайшоў малады чалавек у шэрым касцюме, з выпраўкай спартсмена.

— Гэта — Сяргей, тэхнік нашай фабрыкі,— адрэкамендаваў бацька.— Яму тады было гадоў сем.

— Трохі памятаю,— сказаў малады чалавек.

Перад маімі вачыма паўстаў вобраз залатушнага хлопчыка ў лахманах, які стаяў тады на палку...

Не паспелі мы сказаць некалькі слоў, як з другіх дзвярэй увайшла маладая дзяўчына і сарамліва спынілася.

— Гэта — Ніна, настаўніца нашай фабрычнай школы,— сказаў бацька.— Ёй тады было некалькі месяцаў. Яна вас, вядома, не памятае.

— А я памятаю, як вы ляжалі ў начоўках,— сказаў я, паціскаючы ёй руку.

— Затое я не раз чула пра вас,— адказала яна.

— Ніна! — пачуўся голас маткі з кухні.

Дзяўчына пабегла туды, і праз хвіліну я пачуў бразганне талерак у сталовай.

Праз некаторы час прыйшоў старэйшы сын, Андрэй Іванавіч, высокі, ладны мужчына.

Ён сустрэў мяне, як знаёмага.

— Я заўважыў тады,— сказаў ён,— што плячо ваша вельмі прыкметна вытыркаецца з-пад тонкай посцілкі, і абапёрся на яго локцем.

Затым увайшла маці разам з высокай стройнай дзяўчынай у цёмнай сукенцы.

— Вось вам яшчэ адна знаёмая,— сказала маці.— Студэнтка-хімік. Яна тады хоць і спала, але таксама прымала ўдзел у агульнай справе.

Я ўспомніў двухгадовую дзяўчынку, што спала тады на палку...

— А дзе той слаўны хлопчык Міколка, які нават за цукерку не выдаў мяне? — спытаўся я.

— Зараз прыйдзе і ён,— адказала маці.— Хоць мы ўсе і часта бачымся, але вельмі рэдка бывае, каб усе сабраліся разам. Гляджу я цяпер на вас, успамінаю тыя часы, тую ноч, і самой не верыцца, што мы — тыя самыя людзі.

— А я лічу, што не тыя,— сказаў бацька.— Мы з табой тады былі старыя, а цяпер — во!

Ён устаў, узяўся ў бокі і тупнуў перад жонкай нагой. Усе мы аж зайшліся ад смеху і не пачулі, як у пакой увайшлі тэхнік і прысадзісты круглатвары лётчык.

— Вось вам і Міколка! — усклікнуў бацька, убачыўшы яго.— Каб ён цяпер усеўся на вас, вы яшчэ больш спалохаліся б, як тады.

Лётчык ад брата ведаў ужо, хто я, і, вітаючыся са мной, сказаў:

— А ў мяне ў памяці засталося нешта цёмнае, страшнае, круглы твар немца з вусамі — і больш нічога.

— Цяпер ужо ўсе сабраліся,— сказала гаспадыня.— Прашу ў сталовую.

Вялікі стол быў убраны, як на банкеце. Бялюткі абрус, талерачкі з закускамі, бутэлькі з вінамі, кветкі. За сталом — дружная кампанія: перадавыя рабочыя, савецкія інтэлігенты, вайсковец. Кожны займае сваё пэўнае месца ў грамадстве, адчувае, што ён патрэбны, карысны, ведае, што яму не трэба баяцца ніякіх нечаканасцей, што сам ён стварае і сваё шчасце, і шчасце ўсёй радзімы... Вось устае высокі сівы чалавек з чаркай у руцэ і кажа:

— Дзеці мае! Сённяшні дзень выдаўся для нас сямейным святам. Сёння мы найбольш выразна бачым, чым мы былі і чым сталі. Вып’ем нашу першую чарку за тых, хто стварыў нам гэтае свята...

Паважная жанчына з серабрыстымі валасамі і шчаслівымі вачыма абыходзіць з чаркай кожнага, цалуе яго, а потым, адвярнуўшыся, чамусьці выцірае вочы хусцінкай...

Я сяджу, як зачараваны. Праз сцены я бачу ўбогую хацінку, «кучу дзяцей» на палку, панурага сухога чалавека ў зрэбнай кашулі і шчуплую змораную жанчыну гадоў трыццаці пяці ці пяцідзесяці. Я нават чую яе голас: «Нарадзіліся яны на сваё няшчасце і на наша гора...»

Я хацеў быў напомніць гэтыя словы, але ўстрымаўся: не варта псаваць сямейнае свята…

 

1939 г.

 

 

3 Ваенных дзеянняў у той перыяд не было.




Беларуская Палічка: http://knihi.com