epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

Спартак

 

Гэта было дзве тысячы гадоў таму назад.

Самай магутнай дзяржавай тады была Рымская рэспубліка. Бадай усе вядомыя ў той час народы залежалі ад Рыма. Ад усіх іх Рым збіраў золата, тавары, хлеб. Багацці з усяго свету цяклі ў Рым.

Але ўсе гэтыя багацці траплялі ў рукі невялікай групы паноў, так званых патрыцыяў. Бедныя людзі — плебеі — нічога не мелі, хоць, будучы рымлянамі, таксама лічыліся «ўладарамі свету».

Плебеі ваявалі ва ўсіх краях, яны здабывалі багацце для патрыцыяў, а калі вярталіся на радзіму, то часам не знаходзілі і сваёй хаты: яе забіраў за даўгі патрыцый. Плебею заставаўся толькі гонар, што ён рымлянін, «уладар свету».

Але былі ў Рыме і такія людзі, якім жылося яшчэ горш, як плебеям. Гэта — нявольнікі, рабы. У час войнаў рымляне забіралі ў палон як мага больш народу, не толькі салдат, але і жанчын, дзяцей.

Гэтых людзей адпраўлялі ў Рым і прадавалі, як скаціну. Патрыцыі панакуплялі сабе сотні і тысячы нявольнікаў, якія дарма працавалі на гаспадара.

Рабы не лічыліся за людзей. Яны нават называліся «гаспадарчай прыладай, якая ўмее гаварыць». Толькі гэтым яны адрозніваліся, скажам, ад сахі, якая гаварыць не ўмее. Такім чынам, гаспадар мог рабіць з нявольнікам што толькі хацеў: ці прадаць, ці спаліць, ці прымусіць спаўняць якую хочаш работу, ці зняць з яго скуру, адным словам, усё, што можна рабіць са сваёй прыладай або жывёлай.

Нарэшце дадумаліся скарыстаць рабоў для жудаснай, крывавай забавы: прымушалі іх біцца адзін з адным насмерць у цырку, на пацеху публіцы. Такія байцы называліся гладыятарамі. Былі нават спецыяльныя школы, дзе гэтых гладыятараў навучалі біцца і паміраць так, каб гэта падабалася гледачам.

...У адной з такіх школ, у горадзе Капуі, толькі што скончыліся заняткі. Сам гаспадар, Лентул, наглядаў, як біліся паміж сабой гладыятары драўлянымі мячамі. Часамі ён аб нечым гаварыў з інструктарамі, а потым нешта запісваў на сваёй васковай дошчачцы.

Пасля заняткаў гладыятары разышліся па сваіх камерах, і іх зачынілі на ключ.

У адной такой камеры было чалавек шэсць. Яны ляжалі ці сядзелі на сваіх нарах і ціха гаварылі.

— У нас у Галіі цяпер усе лугі цвітуць,— нібы сам сабе казаў малады гладыятар з вялікімі задуменнымі вачыма.— Ніколі ўжо не давядзецца ўбачыць іх.

Яго сусед, высокі, вельмі дужы мужчына гадоў трыццаці палажыў яму руку на плячо і сказаў:

— Не сумуй, брат Гор. Ад нас саміх залежыць убачыць родныя месцы.

— Якім чынам?

— Ды замест таго каб забіваць нам адзін аднаго, мы маглі б усе разам пабіць нашых гаспадароў і вызваліцца.

— Во, каб ды ўсе! — уздыхнуў Гор.— Ды толькі гэтага ніколі не можа быць. Не дагаворышся з усімі.

— З усімі і не трэба. Хай пачне хоць сотня, а там далучацца тысячы.

— Спартак праўду кажа,— умяшаўся трэці гладыятар.— Усё роўна мы мусім загінуць. Навошта ж тады...

Тут ён павінен быў спыніцца, бо ў дзвярах забразгаў ключ, і праз момант увайшоў інструктар.

— Заўтра будзе гладыятарскі бой,— сказаў ён.— Падрыхтавацца Спартаку і Гору. Яны будуць выступаць у пары.

Спартак ускочыў. Грудзі ў яго закалыхаліся.

— Я прасіў бы, каб мне вызначылі каго-небудзь іншага, незнаёмага, а то з сваім прыяцелем біцца вельмі цяжка...

— Мусіць, таму гаспадар і прызначыў вас,— усміхнуўся інструктар.— З ворагам біцца кожны ўмее, а вось цікава паглядзець, як будуць біцца прыяцелі.

І ён выйшаў за дзверы.

Ціха стала ў камеры. Толькі чуваць было, як цяжка дыхае Спартак. Гор утаропіў вочы некуды ў кут.

— Ну што ж,— сказаў ён нарэшце.— Прыйдзецца памерці. Толькі ты, Спартак, пастарайся, каб адразу...

— Не, Гор, я не магу. Лепш ужо я памру. Ды, нарэшце, яшчэ невядома, хто каго пераможа.

— Ну, гэта добра вядома.

— У такім разе я адмоўлюся біцца з табой,— ускрыкнуў Спартак.

— Тады мне загадаюць забіць цябе. Я адмоўлюся, і мы абодва загінем. Не, ці так, ці гэтак, мне ўсё роўна загінуць трэба. Лепш ужо аставайся ты і паспрабуй выканаць справу, аб якой толькі што казаў...

Назаўтра ў цырку, перад тысячамі гледачоў, было забіта дзвесце чалавек. У тым ліку і Гор.

Тысячы людзей віталі самага выдатнага пераможцу:

— Хай жыве храбры Спартак!

А Спартак глядзеў на іх з нянавісцю і думаў: «Але, я павінен жыць, каб адпомсціць вам за гэтых забітых таварышаў».

Праз два месяцы ў Рыме былі атрыманы весткі, што з Капуі ўцяклі семдзесят гладыятараў, разрабавалі некалькі маёнткаў, вызвалілі сотні рабоў, якія далучыліся да паўстанцаў. Камандуе імі выдатны гладыятар Спартак. Знаходзяцца яны цяпер на гары Везувій.

Зараз жа паслалі да Везувія тры тысячы салдат пад камандай Глабра.

Выявілася, што на гару вядзе толькі адна сцежка, а з іншых бакоў стромкія сцены, па якіх ні спусціцца, ні падняцца нельга.

Глабр загарадзіў гэтую сцежку і пачаў чакаць, калі голад прымусіць Спартака здацца.

А Спартак загадаў скруціць з зялёнага вецця вяроўкі, спусціў па іх свой атрад і напаў на рымлян ззаду.

Рымляне былі разбіты ўшчэнт і ўцяклі, пакінуўшы для Спартака багатую здабычу.

Тады супроць Спартака было выслана войска ў дзесяць тысяч чалавек. І яно таксама было разбіта.

Потым паслалі трыццаць тысяч чалавек. І іх Спартак разбіў.

Пасля таго выслалі армію ў шэсцьдзесят тысяч чалавек. І зноў яна была разбіта.

Тры гады Спартак наводзіў жах на ганарыстых рымлян. Тры гады разбіваў іх арміі.

Аднаго разу ён сабраў трыста палонных патрыцыяў і загадаў ім біцца паміж сабой так, як калісьці біўся сам і яго таварышы ў цырку. Гарачае жалеза прымусіла патрыцыяў пачаць «гладыятарскі бой».

А тысячы рабоў стаялі навокал і з захапленнем глядзелі, як іхнія паны забіваюць адзін аднаго на пацеху гладыятарам.

«Я выканаў сваё абяцанне, дарагі Гор»,— думаў Спартак, гледзячы на гэтую бойку.

Але ўсё ж такі Рымская дзяржава была больш магутнай, як армія Спартака. Рымскія легіёны былі навучаныя і дысцыплінаваныя, а ў Спартака армія была не падрыхтаваная да вайны.

І калі Рым выставіў апошнюю стотысячную армію пад камандай Краса, то паўстанню прыйшоў канец. Спартак рынуўся ў апошні бой і загінуў разам з дзесяткамі тысяч сваіх таварышаў.

А тыя шэсць тысяч чалавек, што трапілі ў палон, былі распяты на крыжах па дарозе ў Рым.

Так расправіліся патрыцыі з нявольнікамі, якія адважыліся дамагацца права быць людзьмі.

 

1936 г.


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах. Том чацвёрты. — Мн., «Маст. літ.», 1976. — 408 с.
Крыніца: скан