epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

ТВТ

або апавяданне пра тое, як піянеры ўзбунтаваліся супроць уціску рэчаў і здзівілі ўвесь свет, як яны навучыліся бачыць тое, чаго іншыя не бачаць, і як Цыбук здабываў ачкі

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ, пра тое, як Ніна падрала панчоху, як бацька паляцеў дагары нагамі і як Толя круціўся па вуліцы.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ, дзе гаворыцца, як пацук ледзь не ўкусіў Андрэйку за нос, а парсючок сказаў «угу», ды яшчэ пра тое, як Андрэйка злавіў злодзея.
РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ, дзе зноў гаворыцца зусім пра другое, напрыклад: як аблілі газай буханку хлеба, як Паўлік ехаў на «каўбасе» і як потым усе тры разы крыкнулі: «Паштальён!»
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ, дзе гаворыцца, як маці ваявала з патэльняй, як Клаве трэба было адкусіць цвік і як цётка Мар’я збілася з панталыку.
РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ, у якім дзеці нібы ўпершыню ўбачылі, што дзеецца вакол іх, а чытач нарэшце (таксама ўпершыню) убачыць, што такое ТВТ.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ, дзе гаворыцца, як усе бацькі ахнулі і як Толя высунуў прапанову зрабіць «аптэчку» з малатка, напільніка, абцугоў і іншых «лякарстваў».
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ, пра тое, як Паўлік выкручваў усё, што выкручваецца, Ніна пускала бурбалкі, а ўвесь свет падзяліўся на дзве часткі.
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ, у якім гаворыцца, як з Соняй здарылася бяда, Цыбук зацікавіў настаўніка, а бацінак разявіў рот.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ, самы сур’ёзны, бо ў ім падрабязна апісваецца пырскаўка, гаворыцца аб рэарганізацыі ТВТ, аб тым, як важаты хацеў нешта сказаць, ды не сказаў, і нарэшце — як сам дырэктар зарабіў ачко.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ, зусім незвычайны, бо тут дзеці соваюць нос не ў свае справы, людзі думаюць наадварот, а пра адну гісторыю нават у газеце было надрукавана.
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ, дзе адбываецца «нешта ў тысячу разоў важнейшае» і яшчэ гаворыцца, як тэвэтэтаўцы заразілі ачкамі настаўнікаў, бацькоў, суседзяў і нават «прафесараў».
РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ, дзе гаворыцца, як Стась аніяк не мог адчапіцца ад трубы, а Цыбук ад бясплатных ачкоў і, апрача таго, як перакуліўся воз з сенам.
РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ, апошні, таму ў ім гаворыцца, як Цыбук трапіў у «мёртвыя душы», як быў пакараны адзін дзёрзкі камень і як, нарэшце, важаты сказаў тое, што хацеў сказаць, але не сказаў у раздзеле дзевятым.
РАЗДЗЕЛ ДАДАТКОВЫ, напісаны праз пятнаццаць гадоў, дзе гаворыцца аб сустрэчы аўтара з тэхнікам Барысам Іванавічам.


 

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ, пра тое, як Ніна падрала панчоху, як бацька паляцеў дагары нагамі і як Толя круціўся па вуліцы.

 

Толя куляй ускочыў у хату, нібы за ім гналіся чатыры сабакі.

— Што з табою? — спалохалася маці.

— Аніводнай тройкі няма! — крыкнуў ён і хуценька пачаў поркацца ў сваіх кнігах.

Маці з жахам пляснула рукамі.

— Аніводнай?! Сораму ў цябе няма!..

— Во! — урачыста сказаў Толя і паказаў матцы паперку.

Маці сумна глянула ў яе, але хутка твар яе пасвятлеў, і яна радасна сказала:

— Ды тут, здаецца, усё добра, а ты палохаеш.

— Чаму палохаю? — здзівіўся Толя.— Паглядзі: ніводнай тройкі!

Сапраўды, у ведамасці вучня 5-га класа Анатоля Бяспалава ніводнай тройкі не было відаць, а ўсё чацвёркі і нават адна пяцёрка. Матцы зрабілася зусім лёгка на сэрцы.

— А я падумала: калі ўжо і тройкі няма, то справы, мусіць, зусім дрэнныя, ад цябе ўсяго можна чакаць,— сказала яна ласкавым голасам.

Толя з гонарам усміхаўся, нібы зрабіў які подзвіг.

— Пакуль што толькі адна пяцёрка,— сказаў ён,— а потым будзе болей.

Расчуленая маці хацела была абняць сына, але той крутнуўся і паскакаў да свайго акна.

— А тата як будзе рады! — казала маці.— Вось каб яшчэ і ў Ніны ўсё было добра! Не ведаеш, як у яе?

— Хоць і не так, як у мяне, але двоек няма.

— Ну, вось і добра! Усё добра,— радасна мітусілася маці.— А чаму ж яе няма?

— Ідзе недзе ззаду.

Толя схапіў кнігу і заняў сваю звычайную пазіцыю ля акна. Уласна кажучы, гэтую пазіцыю лепш было назваць незвычайнай, бо Толя сядзеў, задраўшы ногі на падаконнік, і пры гэтым карыстаўся не ўсімі чатырма ножкамі крэсла, а толькі дзвюма заднімі.

Ён увесь час гойдаўся на гэтых ножках, а часта нават стараўся ўтрымацца на іх, не дакранаючыся нагамі да падаконніка. Што і казаць, практыкаванне было досыць рызыкоўнае, бо ў кожны момант Толя мог бразнуцца патыліцай на падлогу так, што надоўга выйшаў бы са строю. Але ж затое яно было і вельмі цікавым для Толі. Ён вылічыў, што такім чынам ён мог ужо пратрымацца паўтары секунды, а ў далейшым спадзяваўся дасягнуць і якога-небудзь рэкорда.

Ды гэта яшчэ не ўсё. Была яшчэ спакуса пратрымацца на адной ножцы. Гэтая штука была куды больш складаная. Тут ужо не толькі нельга было здымаць сваіх ног з падаконніка, але трэба было яшчэ трымацца за яго рукамі. І ўсё ж Толя спадзяваўся, што калі-небудзь, хай сабе праз гадоў дзесяць ці сорак, ён здолее пратрымацца некалькі секунд не толькі без рук, але нават і без ног.

Аднак крэсла, як відаць, зусім не збіралася ўдзельнічаць у сусветных рэкордах. Яно жаласна рыпала, а сядзенне ўжо вельмі выразна імкнулася адлучыцца ад задніх ножак. Дзве шрубкі, што злучалі іх, зусім расхлябаліся: адна высунула сваю галаву з дзірачкі, а другая ўжо нарыхтавалася зусім выскачыць.

Але Толя на ўсё гэта не звяртаў увагі.

У калідоры стукнулі дзверы, і пачуліся павольныя, няроўныя крокі. У пакой увайшла сястра Ніна.

Падышла, кульгаючы, да канапы і апусцілася на яе са слязьмі на вачах.

— Што здарылася? — з трывогай спытала маці.

— Не магу болей! — прастагнала Ніна і пачала расшнуроўваць бацінак.

— Што такое? — падышла маці.

— Цвік усю нагу пакалоў. Учора яшчэ сяк-так цярпела, а сёння не магу...

Ніна зняла бацінак, потым панчоху.

Маці зірнула на нагу: падэшва збоку да крыві падрапана цвіком.

— Чаго ж ты маўчала?

— Гэта рабілася патрошку. А спачатку я не звяртала ўвагі.

— Памый, завяжы. І панчоха навюсенькая папсавалася,— уздыхнула маці.

Узяла бацінак, прасунула руку, доўга мацала.

— Нічога няма!

— Ён тут, збоку,— паказала Ніна.

Памацала маці ў тым месцы — і паціснула плячыма:

— Не магу знайсці аніякага цвіка!

— Дай я,— сказала тады Ніна, упэўнена прасунула руку, памацала, пашукала — і са здзіўленнем паглядзела на маці.

Няма цвіка, ды і годзе!

— Толік! — звярнулася маці да сына.— Паглядзі, што тут робіцца: цвік параніў усю нагу, а знайсці яго ніяк не можам.

— Вось дык задача! — з пагардай адказаў Толя, гойдаючыся на сваім крэсле.

— Ды ты падыдзі, паглядзі сам.

Толя неахвотна пакінуў сваё месца і, насмешліва ўхмыляючыся, падышоў да канапы. Узяў бацінак, засунуў руку, доўга поркаўся...

Насмешка ўжо знікла з яго твару.

— А што? — спыталася тады Ніна з насмешкай.

— Пачакай, тут нешта не тое,— збянтэжана буркнуў Толя.— Пакажы нагу.

Паглядзеў: нага сапраўды падрапана цвіком.

Тады Толя прылажыў падэшву бацінка да падэшвы нагі, каб дакладна вызначыць месца, дзе павінен быў быць цвік.

— Бач, які ён хітры! — заўважыла маці, задаволеная кемлівасцю сына.

Але Ніна раптам адсунула нагу і пакацілася са смеху.

— Ты чаго заходзішся? — сярдзіта крыкнуў Толя.— Трымай нагу!

— Ды гэтак жа выходзіць наадварот! — праз смех сказала Ніна.

— Сапраўды, наадварот выходзіць! — засмяялася і маці, на гэты раз задаволеная кемлівасцю дачкі.

— Нічога смешнага тут няма,— сурова сказаў Толя.— Я і сам гэта ведаю. Я толькі спачатку захацеў прымераць так. А цяпер паспрабуем іначай.

І ён паставіў бацінак побач з нагой падэшвай уніз. Потым старанна пачаў ціскаць рукой у сярэдзіне і, нарэшце, пераможна крыкнуў:

— Ёсць!

— Дзе? Як? — зацікавіліся маці і Ніна.— Якім жа чынам ён мог нацерці да крыві, калі яго самога так цяжка намацаць?

Да Толі адразу вярнуўся ўвесь яго гонар. З важным і аўтарытэтным выглядам ён растлумачыў:

— Ускраек усцілкі адлупіўся і загнуўся, як спружына, і цвік высоўваецца толькі тады, калі моцна паціснуць. А вы гэтага не здагадаліся зрабіць.

Паспрабавалі маці і Ніна — сапраўды, так яно і ёсць.

— Трэ было б неяк паправіць, загнуць цвік, ці што,— сказала маці.— Можа, ты, Толік, паправіў бы?

— Шавецкай справе я не вучыўся,— адказаў Толя.

— Няўжо ж такая хітрая штука — загнуць цвік?

— Гледзячы дзе і які. З малатком да гэтага цвіка не дабярэшся, не прыстукнеш яго. А ў шаўца ёсць рашпіль і ўсялякія там прылады.

Памеркавала маці і ўбачыла, што сапраўды з малатком гэтаму цвіку ніякай рады не дасі. Сядзіць ён недзе далёка і глыбока — як па ім стукнеш?

— Тады прыйдзецца аднесці да шаўца,— уздыхнула яна.— Вазьмі, Толя, ды занясі.

— А чаму ж не яна сама? — агрызнуўся той.— Усё я ды я.

— Ды ў яе ж, бачыш, якая справа!

— А хіба яна ляжа ў пасцелю і не будзе хадзіць? У яе ж ёсць старыя бацінкі.

— Ну добра, добра, я сама занясу! — умяшалася Ніна.— Не трэба яго ласкі!

— Тым лепей,— згадзілася маці.— Пакуль бацька прыйдзе абедаць, ты і вернешся.

Ніна сабралася і пайшла.

А Толя вярнуўся на сваё месца і зноў узяўся за чытанне, або, лепш сказаць, за практыкаванне на ножках крэсла.

...Ніна выйшла на вуліцу, прайшла адзін квартал і спынілася ля дзвярэй, над якімі была шыльда: «Майстэрня абутку саюза гарбароў».

Увайшла, сунулася са сваім бацінкам, але ёй сказалі:

— Мы толькі шыем новы абутак, а ў рамонт не бяром. Для гэтага ёсць асобныя рамонтныя майстэрні.

Выйшла Ніна — і не ведае, куды ісці. Хацела была вярнуцца назад, спытацца, ды не адважылася. Пастаяла, падумала і павольна пайшла па вуліцы, разглядаючы шыльды.

Прайшла адну вуліцу, другую — ніякай рамонтнай майстэрні не відаць. Пачала прыглядацца, да каго можна было б звярнуцца з запытаннем, і ніяк не магла адважыцца: той надта важны і сур’ёзны чалавек, той надта заклапочаны, у таго выгляд вельмі суровы. А калі, нарэшце, звярнулася да адной добрай жанчыны, дык тая лагодна адказала:

— Не ведаю, дзетка!

Доўга бадзялася Ніна, пакуль натрапіла, нарэшце, на другую майстэрню, рамонтную. З вялікай радасцю ўвайшла ў сярэдзіну.

Там працавала многа майстроў, але яшчэ больш было заказчыкаў. Ці то мала майстэрняў было ў горадзе, ці дзень такі трапіўся, але цэлая чарга іх сабралася да таго майстра, які прымаў заказы.

Вымушана была і Ніна стаць у чаргу. Стаіць і млее ад голаду. Ужо прыйшоўшы са школы, яна хацела есці і чакала абеду, а цяпер вунь колькі часу прайшло і невядома, колькі яшчэ пройдзе. А дома, мусіць, ужо абедаюць...

Але і дома справа з абедам ускладнілася.

Бацька, як заўсёды, прыйшоў дахаты спяшаючыся. У яго вечна нейкія там балансы, справаздачы, каштарысы.

Толя саскочыў з крэсла, паставіў яго ля стала, для абеду, і паказаў бацьку сваю ведамасць.

Не бачыў небарака, што тая зухаватая шрубка, якая збіралася выскачыць з крэсла, скарыстала гэты рух і вывалілася на падлогу. А другая ўжо вылезла напалову...

Бацька паглядзеў ведамасць, пагладзіў бараду і задаволена сказаў:

— Старайцеся, старайцеся, дзеткі! А дзе Ніна?

— Панесла бацінак у рамонт. Зараз прыйдзе.

— Ну, маці, давай хутчэй абедаць, я спяшаюся!

Бадзёры, задаволены, падышоў ён да стала і важка апусціўся на крэсла.

І вось тут адбылося нешта такое, чаго Толя не забудзецца ўсё сваё жыццё.

Крэсла рыпнула, пакрывілася — і бацька паляцеў на падлогу!

Тоўсты паважны бацька, з барадой і з вусамі, такі важны і сур’ёзны — паляцеў дагары нагамі, нібы хлапчук які, неяк смешна ўзмахнуў рукамі, а правую нагу задраў так высока, што зачапіў талерку і, нарэшце, грукнуўся на падлогу, як слон, страсянуўшы ўсю хату.

Маці закрычала немым голасам, а Толя збялеў і прырос да зямлі.

У вачах яго закружылася, бацька і стол нібы пачалі адсоўвацца ад яго і зрабіліся маленечкімі.

Бацька ціха ўстаў і ўтаропіўся на Толю грознымі вачыма. Толю пачало здавацца, што настала доўгая ціхая жудасная ноч.

— Гэта ты?! — пачуўся, нарэшце, злавесны шэпт, і бацькава рука сціснула спінку скрыўленага крэсла.

Толя ўціснуў галаву ў плечы. Маці хутка кінулася да бацькі.

Той усё глядзеў на Толю, цяжка дыхаючы. Потым, расцягваючы словы, прамовіў:

— Зараз жа занясі крэсла ў майстэрню і не вяртайся назад, пакуль яно не будзе папраўлена. Марш!

Толя з палёгкай уздыхнуў, радуючыся, што ўся гэтая гісторыя скончылася для яго так шчасліва. У адзін момант накінуў куртку, падхапіў крэсла і выскачыў з пакоя з такой самай шпаркасцю, з якой нядаўна ўскочыў.

...А Ніна ў гэты час падышла ўжо да майстра і падала яму бацінак.

— Цвік трэба паправіць, колецца,— сказала яна.

Майстар узяў бацінак, зірнуў на яго адным вокам і пачаў пісаць квіток, сказаўшы:

— Прыйдзеш праз чатыры дні.

Ніна жаласна запрасілася:

— Тут толькі адзін цвік паправіць... Калі ласка, зрабіце зараз... Я ўсю нагу пакалечыла.

— Бачыш, колькі абутку нанеслі? — пахмура адказаў майстар.— Усім зараз не зробіш, трэба па чарзе.

— Мне няма ў чым хадзіць, а работы тут, відаць, мала... Я пачакаю,— прасілася Ніна.

— І невялікую работу ўсім разам не зробіш,— сказаў майстар і ўзяў абутак у наступнага заказчыка.

Ніна адышла ўбок і спынілася. Чакаць чатыры дні! Гэта ўжо занадта. Няўжо ж не згодзіцца паправіць цяпер? Не, лепш яна пачакае, пакуль усе людзі выйдуць, і тады яна зноў папросіць.

І яна засталася чакаць.

Паўгадзіны, што чакала яна, здаліся ёй за дзве гадзіны, але, нарэшце, яна дачакалася, калі ўсе разышліся, і зноў падышла да майстра.

— А ты яшчэ тут? — здзівіўся той.

— Дзядзечка, калі ласка, зрабіце цяпер. Ну што вам абыходзіць? — сказала яна, ледзь не плачучы.

Дзядзька зірнуў на яе лагадней і ўзяў бацінак. Агледзеў, абмацаў яго і сказаў:

— Ну добра!

Узяў нейкую жалязяку,— не то напільнік, не то вялікі цвік,— упёрся ім у востры канец цвіка ў сярэдзіне бацінка, стукнуў па другім канцы пару разоў малатком — і аддаў Ніне бацінак.

— Гатова!

А тая стаіць, вылупіўшы вочы, нібы ўбачыла нешта незвычайнае.

— Ну, бяры, гатова ўжо! — паўтарыў майстар.

— А... колькі каштуе? — прамовіла Ніна.

— Ды ніколькі,— адказаў дзядзька і ўзяўся за другую работу.

Ніна пастаяла, пакруціла ў руках бацінак, а потым неяк мімаволі прагаварыла:

— Але ж гэта я і сама магла б зрабіць!..

Майстар усміхнуўся.

— Вядома, магла б! Кожнае дзіцяня магло б. Толькі няма ў вас гэткай звычкі. Усё чакаеце, каб хто другі зрабіў.

— Дзякую! — сказала Ніна і выйшла засаромленая.

Усю дарогу яна думала пра гэты «рамонт». Колькі клопату і бяды было праз гэты няшчасны цвік! І нагу скрывавіла, і панчоху падрала, і па вуліцы доўга бадзялася, і ў чарзе стаяла, і без абеду галадавала, і пагражала небяспека чакаць яшчэ чатыры дні,— а ўвесь рамонт цягнуўся паўхвіліны, ды яшчэ такі рамонт, які і сама яна магла б зрабіць...

...Толя ішоў па вуліцы і праклінаў крэсла, якое ён сам папсаваў.

Ножкі крэсла, як наўмысля, чаплялі кожнага сустрэчнага, і кожны сустрэчны сварыўся:

— Ты чаго гэта з такой гаргарай на тратуары таўчэшся? Ідзі на сярэдзіну вуліцы!

Сышоў на сярэдзіну вуліцы, а там трамваі, машыны, коні. Кідаецца хлопец то ў адзін, то ў другі бок. Шарахнуўся ад аўтамабіля і зачапіў за хустку нейкую старую жанчыну. Тая закрычала, нібы трапіла пад аўтамабіль.

— Ты чаго тут хуліганіш? — крыкнуў на яго адзін суровы дзядзька.— Няма табе іншага месца?!

Крыўдна зрабілася Толю. Куды дзецца? Пабег на другі бок, а там міліцыянер:

— Ты чаго круцішся пасярод вуліцы? Пад машыну яшчэ трапіш. Ідзі на тратуар!

А на тратуары, як на тое ліха, народу процьма, і ўсе кудысьці спяшаюцца і нават без ніякіх крэслаў штурхаюць адзін аднаго.

Але ім гэта нічога не абыходзіць: скажуць адзін аднаму «выбачайце» і ідуць далей. Праз некалькі крокаў зноў сутыкнуцца, зноў скажуць «выбачайце» — і нясуцца далей. І звычайна ў такіх выпадках просіць выбачэння не той, хто штурхаў, а той, каго штурхалі.

Затое калі сустрэнуцца двое зусім далікатных людзей, тады пачынаецца доўгая кадрыль: адзін пасунецца ўбок, каб даць дарогу, і другі ў той жа бок; тады адзін хуценька назад, а другі ўжо там; потым абодва скокнуць направа, потым налева... І чым больш далікатныя будуць людзі, тым даўжэй яны танцуюць.

І сярод усіх іх трэба было праціскацца нашаму хлопцу з крэслам...

У кожным разе Толя добра зразумеў, што каму-каму, а яму з крэслам трэба быць асабліва далікатным, калі ён не хоча напароцца на новыя непрыемнасці.

Ён прыстасаваў крэсла на спіне, сядзеннем назад, каб ножкі не вытыркаліся ў бакі, і рушыў далей.

Праз некаторы час ён усё ж такі зачапіў нейкага чалавека, але зараз жа далікатна схіліўся і сказаў:

— Выбачайце!

А ззаду ножка крэсла паднялася ўгору і... зачапіла капялюш у адной маладой жанчыны.

Пачуўся прарэзлівы крык. Толя спалохаўся, хуценька павярнуўся і... тыркануў кагосьці з другога боку.

Нарэшце ён сам не заўважыў, як зноў апынуўся пасярод вуліцы.

Тады ён сцяміў, што можна ісці і не па тратуары, і не па вуліцы, а па раўку, што цягнецца між тратуарам і вуліцай. Схіліўшы галаву, стараючыся не павярнуць крэсла ўбок, пайшоў ён, як конь у баразне, і быў вельмі рады, што нікога не чапае.

Калі ён прыйшоў у майстэрню, дык сустрэў непрыемнасць, ад якой адразу вылецела з галавы ўся гісторыя на вуліцы.

— З такім рамонтам нам няма сэнсу важдацца! — катэгарычна абвясціў майстар.

— Чаму? — са сціснутым сэрцам спытаўся Толя.

— Калі ўсе пойдуць да нас з такім глупствам, дык нам не будзе калі сапраўднай работы рабіць!

Жах ахапіў Толю. Як жа ж цяпер вярнуцца дахаты? Бацька ж сказаў, каб і дадому не прыходзіў, пакуль крэсла не будзе папраўлена.

— Калі ласка... папраўце,— пачаў прасіцца Толя.— Можа, гэта нядоўга... Мне бацька загадаў... Папраўце...

Майстар узяў шрубку, укруціў яе ў ножку, другую шрубку падкруціў, рэшту замацаваў і аддаў крэсла.

Увесь «рамонт» цягнуўся не болей, як хвіліны дзве. Толя стаяў, глядзеў, і ў галаве яго круцілася:

«Ды гэта ж я і сам мог бы зрабіць!..»

— А колькі... каштуе? — прамовіў ён нарэшце.

— Ну, заплаці за новую шрубку, ці што,— усміхнуўся майстар.

Ідучы назад, Толя, як і сястра яго, усё думаў пра гэты рамонт.

Не толькі ў іхняй сям’і, але і сярод усіх іхніх знаёмых спрадвеку захоўваўся погляд, што кожную такую работу павінен выконваць «спец», незалежна ад таго, ці складаная яна, ці простая.

Калі трэба паправіць крэсла ці стол, напрыклад, укруціць тую ж шрубку,— дык гэта павінен рабіць толькі сталяр. Калі ж трэба прымацаваць замок і пры гэтым укруціць такую самую шрубку,— тады трэба клікаць слесара. Шрубку ў бот павінен ужо ўкручваць шавец. Калі расхлябаецца шрубка ў насценным гадзінніку, яго павінен падкруціць майстар гадзіннікаў, а ў швейнай машыне — другі тэхнік. А каб хоць крыху пацікавіцца і прыгледзецца, то ўсе гэтыя шрубкі, пэўна, маглі б укруціць і Толя, і Ніна, і бацька, і маці.

Увечары Толя і Ніна доўга гаманілі ў кутку аб сённяшніх падзеях.

 

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ, дзе гаворыцца, як пацук ледзь не ўкусіў Андрэйку за нос, а парсючок сказаў «угу», ды яшчэ пра тое, як Андрэйка злавіў злодзея.

 

Аднаго разу таварышы спыталі Андрэйку, якая ў іх сям’я, і ён адказаў:

— Маці, я і парсючок.

— Гэта, значыць, твой брат? — насмешліва перапытаў Карачун.

— Дваюрадны,— сур’ёзна адказаў Андрэйка.

Усе пачалі смяяцца, а Карачун крыкнуў:

— Добрых сваякоў маеш!

— А што ж? — адказаў Андрэйка.— Ён зусім не горшы за цябе. Ён ніколі так не хуліганіць, як ты, і ніводнага разу я не чуў ад яго такіх брыдкіх слоў, як ад цябе. Ён ні ў каго не ўкраў алоўка, як ты, не пабіў ніводнай шыбы і ні з кім не біўся на вуліцы. Ніколі я не бачыў, каб ён чапляўся ззаду на трамваі, як ты...

Чым больш дадатных бакоў свайго «дваюраднага» пералічваў Андрэйка, тым большы рогат уздымаўся навокал і тым больш бянтэжыўся Карачун.

— Знайшлі з чаго смяяцца! — буркнуў ён і з пагардай адышоў прэч.

Андрэйка залічыў свайго парсюка ў сям’ю таму, што не было таго дня, каб хлопчык не прымаў удзелу ў доглядзе яго. Каму ж болей, як не яму, было дапамагчы матцы то травы нарваць, то катух пачысціць, то корму прынесці. Тым болей што маці служыла прыбіральшчыцай пры ўстанове і не заўсёды магла зрабіць гэта сама.

З гэтай прычыны часта здаралася карміць парсюка зусім позна, упоцемку. Тады ўжо абавязкова ішоў і Андрэйка, каб пасвяціць, адчыніць дзверы.

Такім чынам ён аднаго разу згубіў ключ ад вісячага замка. Справа дробная, звычайная, але ў дадзеным выпадку яна была вельмі сур’ёзнай: надыходзіла ноч, а як было пакінуць дзверы незамкнёнымі?

Можа, ключ валяўся, і дзе-небудзь блізка, ля ног, але ўпоцемку ніяк яго не маглі знайсці.

Сунуліся былі к суседзям пазычыць да заўтрага замок, але ў адных наогул не было лішняга замка, а другія суседзі ўжо спалі.

— Ну, што ж цяпер рабіць? — гаварыла маці.— Усё праз цябе, нягоднік! Навошта было вымаць ключ з замка?

Яшчэ і яшчэ пашукалі — няма ключа!

— Бяжы ў хату, там у шуфлядзе, здаецца, нейкі ключ ёсць. Можа, падыдзе.

Пабег Андрэйка і сапраўды знайшоў досыць падобны ключ.

Прынёс, пачалі прабаваць — і яшчэ больш прыкра зрабілася. Хоць бы ўжо зусім непадобны быў, а то вось-вось гатоў улезці, ды толькі нешта не пускае.

— Што рабіць, што рабіць? — паўтарала маці.— Не пакідаць жа так!

— Тады я застануся яго вартаваць,— сказаў Андрэйка.

— Якім чынам?

— Ды пераначую тут, на дровах.

— А баяцца не будзеш? — недаверліва спытала маці.

— Я? Баяцца? — адказаў Андрэйка такім тонам, што маці адчула да яго павагу.

— Ах ты, мой мужчына! — пяшчотна сказала яна.— Але ўсё ж такі лепш я папільную.

— Не, не, не! — горача запратэставаў Андрэйка.— Ці мала хлапцоў пільнуюць сады, агароды? Чым я горшы ад іх? Мне вельмі хочацца тут пераначаваць.

Маці разумела, што для хлапчука гэтая справа павінна быць вельмі цікавай. Ды і няхай ён, як мужчына, прывыкае да сякіх-такіх нягод.

— Хай будзе так,— сказала яна падумаўшы.— Я зараз зраблю табе пасцель.

І яна пайшла ў хату.

Застаўшыся адзін, Андрэйка адчуў сябе ніякавата. Хлевушок пры слабым святле газнічкі здаваўся зусім не такім, як звычайна. Аднекуль набралася шмат цёмных дзірак і куткоў, якіх раней, здаецца, не было. Ды і павуціння шмат, якога раней ён таксама не заўважаў.

Вярнулася маці, зрабіла на дровах пасцель.

— Вось і добра,— суцяшала яна сына і сябе.— Баяцца няма чаго: ніякі злодзей не палезе, калі пачуе, што тут нехта спіць. Адну ноч правесці можна. Ды і не холадна. А заўтра аднясеш слесару замок і ключ. Ну, кладзіся. Толькі не забудзься пагасіць газнічку, а то пажар можа быць.

І выйшла.

Зноў Андрэйку зрабілася страшнавата. Але цяпер ён нават раззлаваўся на сябе самога. Што за глупства, сапраўды! Колькі людзей вартуюць усюды: у садзе, у лесе, на полі, у розных будках — і нічога. А ён нібы баіцца. Гэта ж сорам!

— Ну, браток, будзем спаць! — звярнуўся ён голасна да парсюка і пачаў рыхтавацца да сну.

«Браток» стаў на заднія ногі, высунуў лыч з катуха і ветліва зарохкаў. Андрэйка не ўтрымаўся, каб не пачухаць яго за вухам.

Нарэшце Андрэйка пагасіў газнічку і лёг у сваю пасцель. Некаторы час ён чуў толькі, як рохкаў і шморгаўся яго сусед, а потым, калі той супакоіўся і засоп, Андрэйка пачаў прыслухоўвацца да іншых гукаў.

Звычайныя гукі — ці то шум аўтамабіля на вуліцы, ці крокі прахожых, ці стук дзвярэй у суседніх дамах,— усе тыя гукі, якія ён заўсёды і ўсюды чуў і на якія ніколі не звяртаў увагі, цяпер чамусьці здаваліся нейкімі асаблівымі, перашкаджалі спаць і нават крыху палохалі. Асабліва крокі людзей. Калі яны былі цвёрдыя, гучныя, дык яшчэ нішто, а калі ціхія, то ў Андрэйкі нешта такое напружвалася ў сярэдзіне...

І зноў пачаў ён злаваць на сябе самога. Ён жа добра ведае, што не баіцца, добра разумее, што ніякай небяспекі не можа быць. Нават каб сапраўды з’явіўся злодзей, дык варта толькі закрычаць — і ён уцячэ, бо іначай прыбягуць людзі. Усё гэта Андрэйка добра разумеў, але спаць спакойна не мог...

Каб паказаць, што ён нікога і нічога не баіцца, Андрэйка голасна заспяваў: «Бе-э-э-лая а-а-рмія, чо-орны баро-он...» — але голас яму самому здаўся нейкім чужым, а спеў прыдушаным; заместа бадзёрасці Андрэйка адчуў яшчэ большую ніякаватасць.

Адгукнуўся парсюк, і Андрэйка сказаў яму:

— Дрэнна ў цябе спаць, браце.

— Угу,— адказаў той.

— Лепш ужо ты да нас перайшоў бы начаваць.

— Угу...

— Вось бачыш. Але я, дурны, не здагадаўся.

— Угу,— пацвердзіў парсюк.

У куце пачулася нейкая тузаніна, піск. Андрэйка ўздрыгануўся, але зараз жа супакоіўся, сцяміўшы, што гэта — пацукі.

Усё гэта адцягвала яго ўвагу ад знадворных гукаў.

Андрэйка пачаў думаць аб заўтрашнім дні, аб ключы, аб школьных справах і, нарэшце, заснуў.

Але сам ён нават не ведаў, што быў заснуў, бо праз некаторы час нешта пачуў і, не варухнуўшыся, пачаў прыслухоўвацца. Праўда, адным вухам ён ляжаў на падушцы, а другое было прыкрыта коўдрай, але ўсё ж такі ён адчуваў, што побач, каля галавы, нешта ці нехта ёсць.

І вось ён чуе, як нешта асцярожна папаўзло па ім...

Усхапіўся Андрэйка, не памятаючы сябе, крыкнуў дзікім голасам, махнуў рукамі, зачапіў за нешта мяккае і пачуў, як сярод дроў зашамацела...

— Пацукі! — крыкнуў ён.— Ах, праклятыя!..

— Угу,— азваўся парсюк.

Агіда страсянула ўсё цела. А што, калі яны зноў палезуць? Калі яны збяруцца ўсе разам, дык нічога з імі не зробіш...

Андрэйка ўспомніў, што недзе чытаў байку, як пацукі такім чынам загрызлі нейкага біскупа...

Але праз хвіліну Андрэйка ўжо адагнаў гэтыя недарэчныя думкі. У нашым жыцці такіх выпадкаў не бывае. Аднак у кожным разе справа непрыемная. Хоць ты не спі і пільнуй іх!

Хіба пайсці дахаты і сказаць матцы, што ён больш не можа тут спаць?

Але ж які ён будзе «мужчына», калі спалохаецца пацукоў? Засмяюць усе, нават парсюк...

І, адагнаўшы ад сябе палахлівыя думкі, Андрэйка зноў улёгся спаць. Але дзе тут было заснуць, калі ўвесь час здавалася, што пацукі зноў дабіраюцца да самага яго твару, носа. Тады ён парашыў схавацца пад коўдру з галавою. Душнавата, але нішто, цярпець можна. Зноў пачаў драмаць.

Раптам чуе, нехта скрабе па коўдры ў нагах. Прыслухаўся — пацук ідзе па ім! Зноў усхапіўся Андрэйка.

— Ш-ш-ш, каб цябе!..

І пачаў стукаць па дровах і калаціць па коўдры.

— Угу! — умяшаўся парсюк.

— Табе добра,— сказаў Андрэйка.— Цябе яны, відаць, не чапаюць.

— Угу,— згадзіўся той.

Андрэйка выбраў тонкае ёмкае палена і палажыў каля сябе, каб у наступны раз сустрэць госця як мае быць. Пацукі сціхлі. Усё менш і менш гукаў даходзіла знадворку. Але затое чым цішэй рабілася, тым выразнейшым быў кожны гук.

Вось, напрыклад, недзе побач пачуліся крокі. Андрэйка, можа, і не звярнуў бы на іх увагі, каб яны раптам не спыніліся. Хлапец адразу насцярожыўся.

Крокі аднавіліся, зноў сціхлі.

У Андрэйкі мацней закалацілася сэрца. Ці не падкрадваецца хто? Што тады рабіць, калі сапраўды з’явіцца злодзей?

Андрэйка нават сам здзівіўся, што загадзя не падумаў аб гэтым. Ён вартаваў наогул, а што і як рабіць, калі хто прыйдзе,— не ведаў. Цяпер ён пачаў абмяркоўваць план.

Ну, вось, скажам, уваходзіць злодзей. Што ж тады? Крычаць? Ну што абыходзіць такому злодзею прыстукнуць хлопчыка, каб ён і не пікнуў. Уцякаць? Але як уцячы, калі той будзе ў дзвярах? Вядома, калі падняць вялікі крык і шум, дык збягуцца людзі. Але да гэтага часу злодзей дзесяць разоў паспее прыдушыць яго. Якая тады будзе карысць Андрэйку? Хай ужо лепш прападзе парсюк. Але навошта ж тады ён вартуе?..

Не паспеў ён выпрацаваць план, як надышоў час дзеяння...

Дзверы ціхенька рыпнулі...

Нібы спуджаныя вераб’і, разам вылецелі з Андрэйкавай галавы ўсе планы. Ён сам не заўважыў, як прыціснуўся да пасцелі і накрыў галаву коўдрай.

Другі раз рыпнулі дзверы...

Андрэйка ўхапіўся за той адзіны план, які раптоўна прыйшоў яму ў галаву: ляжаць і не рыпацца, каб толькі злодзей яго не заўважыў. Ці добра гэта будзе, ці дрэнна,— ён не ведаў, бо іншых думак у галаве не было.

Аднак, калі прайшло некалькі хвілін і ніякіх змен не адбылося, ён адважыўся высунуць галаву.

Дзверы былі трошкі расчынены, але больш нічога не было ні відаць, ні чуваць...

Думкі паступова пачалі вяртацца на месца, і хутка ў галаве Андрэйкі іх набралася нават больш як трэба.

«Ці тут ён?.. Што ён робіць?.. А можа, нікога няма?.. Тады хто ж уваходзіў?.. Чаму ж тады не было чуваць, як ён пайшоў прэч?.. Значыцца, ён тут... А калі так, дык чаго ён чакае?.. Можа, крыкнуць?.. Але як тут крыкнеш, калі ён стаіць побач?..

Гэтыя думкі, як мяцеліца, кружыліся ў яго галаве. А час ішоў, і ніякіх змен не было. Ён зусім гатоў быў паверыць, што, мусіць, нікога няма, але варухнуцца не адважваўся, усё адкладваў надалей.

Нерухомасць яго абнадзеіла пацукоў, і яны зноў пачалі варушыцца побач. Адзін з іх забраўся на ногі і прабіраецца вышэй; адчуваюцца яго крокі ўжо на баку.

У гэты момант як бразнецца яму на спіну нешта цяжкае!..

— Мама!!! — вырвалася з грудзей Андрэйкі.

Зараз жа ён ускочыў, весела засмяяўся і крыкнуў:

— Кот!

— Угу,— адказаў, прачнуўшыся, парсюк.

Вядома, такому госцю Андрэйка быў вельмі рады. Цяпер ужо можна будзе спаць спакойна.

З лёгкім сэрцам устаў Андрэйка і прычыніў дзверы. На жаль, іх нельга было зашчапіць з сярэдзіны, а толькі знадворку можна было зачыніць на затычку.

Кот падышоў да Андрэйкі і ціха замуркаў. Гук гэты быў для Андрэйкі самым прыемным за ўвесь сённяшні вечар. Ён супакоіўся, але сон адляцеў ад яго.

Ён пачаў разважаць:

«Добра, што так здарылася. Ну, а што было б, каб сапраўды прыйшоў злодзей? Няўжо ж так ляжаць, чакаць, як я ляжаў? Гэта ж сорам!.. Які ж тады выйдзе з мяне мужчына?..»

Андрэйка адчуў, што паводзіны яго былі ганебныя, і парашыў рэшту ночы вартаваць добрасумленна. А на выпадак, калі прыйдзе злодзей, ён выпрацаваў план не толькі актыўны, але і геройскі: ён будзе сядзець у кутку каля дзвярэй і, калі толькі хто ўвойдзе, ціхенька выскачыць ззаду вон і зачыніць дзверы на затычку. Гэтым ён не толькі выратуе свайго парсюка, але прынясе карысць грамадству наогул — зловіць злодзея.

Апошняя думка найбольш цешыла яго. Ён цяпер нават прагна жадаў, каб злодзей прыйшоў. Не страшна, а весела было думаць, як увойдзе злодзей, як трапіць у пастку і гэтак далей...

Андрэйка выйшаў за дзверы, падрыхтаваў затычку, зрабіў рэпетыцыю і, задаволены, заняў свой пост каля дзвярэй. Ад кожнага шуму, гуку, асабліва крокаў, сэрца яго калацілася нават больш, як раней, але гэта быў не страх, а хваляванне героя перад рашучымі падзеямі. Эх, каб толькі прыйшоў хто!

Але, на вялікі жаль, ніхто не прыходзіў, і ўвесь запал і ўздым патрошку разыходзіліся дарэмна. Вось ужо Андрэйка, седзячы, пачаў дзюбаць носам, вось ужо некалькі разоў злавіў сябе на тым, што засынаў...

І ў адзін з такіх момантаў прыйшло тое рашучае, да чаго ён рыхтаваўся...

Схамянуўся ён толькі тады, калі цёмная фігура была ўжо ў сярэдзіне і нешта грабала не то каля яго пасцелі, не то каля парсюка.

Андрэйка ўвесь напружыўся, выслізнуў за дзверы — і на клямку іх. Злодзей апынуўся ў пастцы!..

У той жа момант Андрэйка пабег да суседа Данілы і пачаў стукаць у акно.

Калі паказаўся спалоханы дзядзька Даніла, Андрэйка прыдушаным, усхваляваным голасам загаварыў:

— Дзядзечка, ідзіце!.. У нашым хляве злодзей сядзіць!.. Я яго зачыніў...

І зараз жа пабег да другога суседа, трэцяга, а потым ужо ў сваю хату да маткі.

Злодзей тым часам на ўвесь квартал стукаў у зачыненыя дзверы. На гэты стук сабралася людзей нават больш, як разбудзіў Андрэйка.

Калі ўзброены народ адчыніў дзверы, адтуль выйшла... раззлаваная Андрэйкава маці!

— Звар’яцеў ён, ці што? — крычала яна.— Я выйшла паглядзець, як ён тут маецца, а ён во якую штуку выкінуў!..

...Назаўтра Андрэйка панёс замок і ключ да нейкага прыватнага слесара. Той пакруціў у руках замок, ключ і сказаў, што работа будзе каштаваць рубель і ўсё будзе гатова праз дзве гадзіны.

А калі Андрэйка прыйшоў праз дзве гадзіны, дык убачыў, што майстар нават і не браўся яшчэ за работу.

— Вы ж казалі, што праз дзве гадзіны будзе гатова! — з дакорам сказаў Андрэйка.

— Зараз, зараз будзе гатова! — адказаў майстар, узяў ключ, шмаргануў па ім пару разоў напільнікам, крутнуў у замку і аддаў Андрэйку.

Той аслупянеў.

— Ды гэта ж я і сам мог бы зрабіць! — прамармытаў ён.

— А калі мог, дык чаго нёс? — нездаволена адказаў майстар.

Андрэйка нікому не сказаў, які «рамонт» патрэбен быў для замка, але кожны раз чырванеў, калі ўспамінаў, колькі бяды было ад такой дробязі.

 

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ, дзе зноў гаворыцца зусім пра другое, напрыклад: як аблілі газай буханку хлеба, як Паўлік ехаў на «каўбасе» і як потым усе тры разы крыкнулі: «Паштальён!»

 

Сённяшні вечар у сям’і Паўліка выдаўся вельмі адказным.

Бацька, выкладчык лацінскай мовы ў медінстытуце, рыхтаваўся ў сваім пакоі да заўтрашняй лекцыі. Ён казаў, што яму сёння, можа, прыйдзецца сядзець усю ноч.

Маці прасавала бялізну.

Паўлік павінен быў рашыць на заўтра чатыры задачы.

Нават пяцігадовая сястрычка знайшла сабе важную работу: яна шыла сукенку для сваёй лялькі.

Чыста, ціха, утульна было ў кватэры. Электрычнасць ярка і ласкава асвятляла ўсе куткі. Кожны член сям’і адчуваў сябе шчаслівым, бо выконваў свае абавязкі.

І раптам усё гэтае мірнае жыццё перавярнулася дагары нагамі. І ўсяго толькі праз тое, што пагасла электрычнасць.

Спачатку думалі, што гэта так сабе, на хвілінку, як гэта нярэдка бывае. Зазяваецца там на станцыі які-небудзь тэхнік, крутане не той штэпсель ці іншую якую штуку,— і зараз жа выправіць памылку.

Але на гэты раз прайшло некалькі мінут, а святла не было.

— Паўлік, паглядзі, ці ёсць святло ў суседніх кватэрах? — сказаў бацька.

Як усім ім хацелася, каб там не было святла!

Паўлік зірнуў у акно і з прыкрасцю ўбачыў, што насупраць, праз вуліцу, гарыць. Заставалася яшчэ некаторая надзея, што, можа, у кватэрах іхняга дома няма святла. Выскачыў за дзверы і вярнуўся з апушчаным носам.

— Усюды гарыць!..

— Значыцца, у нас папсавалася,— сумна сказаў бацька.— Прыйдзецца запаліць лямпу мне, а вам усім трэба будзе ісці спаць.

— Дай жа хоць ім павячэраць! — сказала маці.— А дзе ж лямпа? Яна тут была.

Сямейная атмасфера адразу сапсавалася.

— Гэта ты браў яе?

— Ды не, я не бачыў!

— Хто апошні раз браў?

— Заўсёды ў нас так бывае, што калі трэба...

— Можа, тут?

— Бяда мне з вамі!

— Я бачыў тут.

— Ды няма!

— Хто ж, нарэшце, апошні раз яе браў?

І сярод гэтых невясёлых размоў пачуўся дзіцячы голас:

— Мама! Лямпа ў кладоўцы, на паліцы. Тата сам яе паставіў туды.

Нібы цёплы ветрык падзьмуў ад гэтых слоў. Усім адразу палягчэла на сэрцы.

Прынеслі лямпу, а ў ёй няма газы.

— Ці ёсць у нас газа? — устрывожыўся бацька.

— Ёсць, ёсць,— супакоіла маці.— Нават многа. Прынясі, Паўлік, бутлю.

Нават гэтую задачу цяпер выканаць было не так лёгка. Сяк-так знайшоў Паўлік бутлю і, рызыкуючы разбіць яе па дарозе, прынёс у пакой.

Цяпер заставалася толькі наліць у лямпу. Але кожны адчуваў, што справа гэтая — вялікая і складаная. Ніхто з іх адзін не мог бы выканаць яе. Нават удвух наўрад ці справіліся б. Тут патрэбен быў удзел усіх працаздольных членаў сям’і.

Перш за ўсё трэба было падтрымліваць святло з дапамогай запалак так, каб не было перапынку між адной запалкай і другой. Гэтая задача была самая важная, таму яе ўзяў на сябе бацька.

Паўлік павінен быў трымаць лямпу і сачыць, каб не пералілася газа. Маці ўзяла ў рукі бутлю.

— Пачынай! — скамандаваў бацька.

Старанна, асцярожна пачалася работа. Бацька чыркаў запалкі адну за другой, нічога больш не бачачы. Маці ціхенька нахіляла нязграбную бутлю. Паўлік, не дыхаючы, сачыў, як патрошку напаўняецца лямпа. Паклаўшы нос на стол, таксама напружана за ўсім сачыла Каця, прысутуліўшыся пад бутляй.

— Гатова! — крыкнуў Паўлік.

— Гатова! — паўтарыла Каця, радасна падскокнула і... стукнулася галавой у бутлю!

І тут адбылося самае страшнае: бутля выслізнула з матчыных рук, стукнулася аб край стала, разбілася, абліла буханку хлеба і ўсё, што было на стале, ды ў дадатак яшчэ і Кацю. Потым частка бутлі паляцела на падлогу, захапіўшы з сабой шкло ад лямпы

І ў кватэры, дзе ўсяго толькі пятнаццаць-дваццаць мінут назад было так светла, утульна, дзе так спакойна, шчасліва ішло жыццё, дзе ўсе былі такія ласкавыя адзін да аднаго,— у гэтай самай кватэры цяпер панавала цемра, быў смурод ад разлітай газы.

У цемры пачуўся суровы голас бацькі:

— Паўлік! Заўтра раніцою, перад школай, збегаеш на электрастанцыю па манцёра. Абавязкова раніцою, бо калі пазней, то ён можа ў гэты дзень не прыйсці і тады зноў прыйдзецца пакутаваць суткі.

Паўлік хацеў быў сказаць, што ён можа спазніцца ў школу, што заўтра ў іх кантрольная пісьмовая работа, да таго ж ён яшчэ дзяжурны. Але зараз жа адчуў, што ў такі момант казаць гэтага не варта.

Запалілі лямпу без шкла. Маленькі чэзлы агеньчык бездапаможна спрабаваў асвятліць пакой, але ад гэтага святла пакой зрабіўся яшчэ больш непрытульным.

...Назаўтра Паўлік выбег з дому ў восем гадзін і пятнаццаць мінут. Да заняткаў заставалася сорак пяць мінут. Паўлік вылічыў, што дарога трамваем на электрастанцыю і ў школу зойме не больш за дваццаць мінут, а дваццаць пяць застанецца на ўсе іншыя справы.

Але, як на тую бяду, трамвай дзесьці доўга затрымаўся. А публікі тым часам збіралася ўсё больш і больш.

І калі, нарэшце, паказаўся трамвай, Паўлік з жахам убачыў, што ён паўнюткі народам, бо набліжалася дзевятая гадзіна, калі большасць служачых спяшаецца на работу.

Паспрабаваў быў Паўлік праціснуцца, але дзе там!

Тады яму прыйшла ў галаву рызыкоўная думка: прычапіцца ззаду, на «каўбасу».

Так ён і зрабіў.

Нельга сказаць, каб адчуваў ён сябе добра, але быў задаволены ўжо тым, што паспее выканаць сваю справу.

Лінія ішла каля школы, і Паўлік меў гонар пачуць прывітальныя крыкі сваіх таварышаў, якія ішлі ў школу.

— Глядзі, глядзі, Паўлік едзе на «каўбасе»! А-га-га! Ура!

Засопшыся, прыбег Паўлік у кантору, падышоў да акенца і папрасіў, каб прыслалі манцёра.

— А які нумар вашага абанемента? — спыталася канторшчыца.

— Не ведаю.

— Тады прынясіце абанементную кніжку.

— Дык я вам скажу адрас.

— Усё роўна без нумара абанемента мы заказаў не прымаем. Аб гэтым даўно ўжо абвешчана.

У хлапца і рукі апусціліся. Што рабіць? Або спазніцца ў школу, або застацца яшчэ на суткі без святла? Не! Бацькі будуць вельмі нездаволены, калі прыйдзецца зноў перажываць такі вечар, як учора.

І ён вымушаны быў вяртацца дадому. Толькі на гэты раз ехаў ужо як прыстойны пасажыр...

...Празвінеў званок у школе. У клас увайшоў настаўнік.

— Падрыхтуйцеся да пісьмовай работы.

— Чарніла няма,— адказалі вучні.

— А чаму ж не падрыхтавалі? — сурова спытаў настаўнік.

— Чарніла ў шафе, а ключ у дзяжурнага.

— Хто дзяжурны?

— Паўлік Рагатка.

— Дзе ж ён?

— Ды паехаў на «каўбасе»! — адказалі вучні са смехам.

— Што гэта значыць? — сурова спытаў настаўнік.

Яму растлумачылі, што бачылі Паўліка, як ён праехаў міма школы, прычапіўшыся ззаду да трамвая.

Настаўнік нават не хацеў верыць. Як гэта Паўлік Рагатка, вельмі добры вучань, замест таго каб ісці ў школу, мог паехаць катацца, прычапіўшыся да трамвая, ды яшчэ тады, калі ў класе пісьмовая работа, ды яшчэ калі ён сам дзяжурны?

— Не можа гэтага быць! — сказаў настаўнік.— Гэта ўжо занадта не толькі для яго, але і для самага недысцыплінаванага вучня з усёй школы.

— Але ж мы самі бачылі!

— Гэта мы потым разбяром, а цяпер дастаньце як-небудзь чарніла.

У суседнім класе ў гэты час ішла геаграфія.

Раптам адчыняюцца дзверы і сунецца вучань з іншага класа. Настаўнік здзіўлена зірнуў на яго.

— Дазвольце папрасіць у таварыша чарніла,— сказаў той.

— Трэба было раней гэта зрабіць,— нездаволена сказаў настаўнік.— Ну, хутчэй.

Вучань выйшаў.

— Дык вось мы казалі,— пачаў настаўнік,— што паўночныя моры...

Тут зноў адчыніліся дзверы.

— Дазвольце папрасіць чарніла...

— Што такое сёння робіцца? — гнеўна сказаў настаўнік.

— У нас пісьмовая работа, а дзяжурны...

— Гэта не наша справа! Не перашкаджайце!

У гэты час нехта ўжо даў чарніліцу, і вучань выйшаў.

— Дазвольце папрасіць чарніла.

Настаўнік зусім раззлаваўся.

— Што ж гэта такое, нарэшце?!

А ў гэты час у іншых класах адбывалася тое самае. З’явіўся дырэктар, пачаў наводзіць парадак.

А калі прыйшоў Паўлік, то меў столькі непрыемнасцей, колькі не было ў яго за цэлы год.

...Наўрад ці дзе яшчэ хто каго чакаў так, як чакалі манцёра ў доме Паўліка. Можна проста сказаць, што яго чакалі, як сонца, якое прыносіць святло. Кожны раз, калі рыпалі дзверы, усе кідаліся да іх з радаснай надзеяй і адыходзілі з сумам, калі прыходзіў не ён.

Калі з’явіўся, нарэшце, чалавек з сумкай, яго сустрэлі, як дарагога госця.

— Сюды, сюды! — завіхалася маці, скакаў Паўлік, круцілася Каця.

— Ды не варта, я так,— саромячыся, адказваў чалавек.

— Не, не, заходзьце, паглядзіце! Каб вы толькі ведалі, якое гора было! — казала маці, праводзячы чалавека ў пакой.

— А хіба вы ўжо ведаеце? — спытаўся чалавек.

Маці здзіўлена зірнула на яго.

— Як жа ж нам не ведаць, калі перажылі такое, што і сказаць нельга?

— А можа, гэта зусім другое,— усміхаючыся, сказаў чалавек і раскрыў сумку.— Можа, тут паведамленне пра якую радасць?..

І ён падаў пісьмо.

— Паштальён! — крыкнуў Паўлік.

— Паштальён! — прамовіла маці.

— Пастальён! — паўтарыла Каця.

— Але,— сказаў чалавек.— А вы думалі хто?

— Мы думалі — манцёр,— засаромеўшыся, адказала гаспадыня.

Калі прыйшоў бацька, дык у першую чаргу спытаўся, ці быў манцёр. А пачуўшы, што не быў яшчэ, вельмі замаркоціўся.

— А можа, сёння і наогул не прыйдзе?

Ад гэтай думкі ўсім зрабілася сумна.

Толькі а пятай гадзіне з’явіўся сапраўдны манцёр.

Паўлік не адыходзіў ад яго ні на крок, сачыў за кожным яго рухам.

Манцёр падышоў да лічыльніка, выкруціў пробку, паглядзеў: дроцік, што праходзіў праз яе, быў цэлы. Укруціў назад і выкруціў другую. Там дроцік быў перарваны.

— Я вам часова папраўлю гэтую пробку,— сказаў ён,— а там вы самі купіце новую і ўкруціце.

Ён узяў тоненькі дроцік, абкруціў адзін канец вакол меднай шыйкі, а другі вакол металічнага канца пробкі і ўкруціў назад.

Паўлік прагна сачыў за гэтай работай, усё заўважыў і, калі электрычнасць загарэлася, задумліва сказаў:

— Гэтак мы і самі маглі б зрабіць...

— Вядома, маглі б! Асабліва купіць новую пробку і ўкруціць яе,— усміхаючыся, прамовіў манцёр, а потым дадаў вельмі сур’ёзна: — Але майце на ўвазе, што карыстацца дроцікам трэба вельмі асцярожна і толькі ў крайнім выпадку. Калі паставіш таўсцейшы дрот, дык можаш нарабіць бяды не толькі сабе, але і суседзям. Лепш за ўсё мець запасную пробку, а для гэтага ніякай тэхнікі не трэба.

Калі манцёр выйшаў, Паўліка ахапілі і крыўда, і злосць, і жаль, што праз такое глупства прыйшлося перацярпець столькі бяды.

 

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ, дзе гаворыцца, як маці ваявала з патэльняй, як Клаве трэба было адкусіць цвік і як цётка Мар’я збілася з панталыку.

 

Калі Клава ўваходзіла ў дом, дык яшчэ ў сенцах пачула, як маці злуе:

— Вось няшчасце на маю галаву!

«Што такое здарылася?» — трывожна падумала Клава і хутка ўвайшла ў хату.

Спачатку яна пачула прыемны пах, а потым убачыла, што маці пячэ на прымусе аладкі — больш нічога, аніякіх няшчасцяў ні на матчынай галаве, ні навакол не відаць.

Крыху дзіўным было толькі тое, што маці надта ўжо скакала вакол прымуса.

Заскакала і Клава, ды толькі ад радасці.

— Ах, мамачка, як добра, што аладкі пячэш!

— Ведаю, што есці табе добра. А вось каб паспрабавала сама пячы на гэтай непаслухмянай патэльні.

— Я табе памагу, мама.

— Мала карысці ад тваёй дапамогі. Лепш сядзела б дома ды вучылася. Добрыя людзі спаць ужо збіраюцца, а ты недзе ходзіш.

— Я ж казала, што ў нас сёння фізкультурны гурток,— сказала Клава і пайшла ў пакой распранацца.

Маці з лаянкай зноў пачала скакаць вакол прымуса. Уласна кажучы, яна скакала не вакол прымуса, а вакол патэльні, бо ў ёй, непаслухмянай, і быў корань зла.

А корань гэты быў у тым, што ручка патэльні трымалася толькі на адной, ды і то расхлябанай заклёпцы. Ад другой жа заклёпкі засталіся толькі дзве дзірачкі.

Для таго каб карыстацца гэтай патэльняй, трэба было мець кваліфікацыю цыркача-жанглёра, які можа круціць на палачцы талеркі, або трымаць іх на адным пальцы, ці паставіць рубам на носе, ці яшчэ што якое.

На жаль, маці такой кваліфікацыі не мела, таму патэльня зусім не слухалася яе і круцілася, як сама хацела. Хацела яна круціцца галоўным чынам улева. А калі гэта ёй не ўдавалася,— дык управа. А проста трымацца ўхілялася ўсялякімі спосабамі.

Калі Клава зноў увайшла ў кухню, маці сказала ёй:

— Ну, дык пячы ўжо ты, пакуль я вынесу вядро.

Клава згадзілася вельмі ахвотна. Узялася адной рукой за ручку, другой варушыць, пераварочвае аладкі. Усё ідзе добра.

Але як толькі зняла патэльню, дык яна — круць! — і аладкі паляцелі на падлогу. Падабрала Клава аладкі і стала класці новае цеста.

Тут пачалася яшчэ горшая бяда. Як толькі нацэлілася Клава палажыць першую лыжку — патэльня крутнулася ўлева, і цеста трапіла на табурэтку. А калі з наступнай лыжкай цеста Клава сунулася на левы бок, патэльня вільнула ўправа.

Цяпер ужо Клава добра зразумела, чаму маці была такая злосная. Сцяўшы зубы, ганялася яна за патэльняй і сяк-так здолела палажыць дзве лыжкі. Толькі трапілі яны абы-як, на розныя бакі патэльні. Але Клава на гэта не глядзела — абы толькі трапіць наогул.

Калі ж дайшла чарга да трэцяй лыжкі, дык яна трапіла акурат на першую аладку. Справа ўскладнілася. Клава гатова была ўжо клікаць на дапамогу маму, але пасаромелася, паставіла патэльню на зямлю і пачала дзяліць падвойную аладку на дзве часткі.

Тут толькі яна заўважыла, што патэльня, стоячы на зямлі, не круціцца. Узрадавалася дзяўчына і пачала насіць цеста з міскі на падлогу і размяшчаць так, як сама хацела, а не патэльня.

— Круціся цяпер колькі ўлезе! — злосна шаптала Клава, несучы патэльню на прымус і зусім не звяртаючы ўвагі на яе выкрунтасы.

Але патэльня на гэты раз выбрала новую тактыку і ўпарта пачала хіліцца ўніз. Ледзь толькі Клава паставіла яе на прымус, як ручка зусім аддзялілася ад патэльні.

У той жа час увайшла маці. Убачыла ў руках збянтэжанай Клавы адну толькі ручку і з дакорам паківала галавой:

— Вось табе і памочніца! Да гэтага часу хоць сяк-так можна было трымаць, а цяпер ніяк.

— Ды я ж нічога не рабіла! — пачала апраўдвацца Клава.— Яна ж і так ледзь трымалася.

— Яно так, але чамусьці гэта заўсёды здараецца ў вашых руках. Ну, пусці.

Пачалася новая стадыя работы. Тут ужо галоўную ролю адыгрывала анучка. Толькі з яе дапамогай можна было браць патэльню. Але справа ад гэтага ніколькі не палепшылася. Маці вымушана была скакаць яшчэ больш, бо кожную хвіліну апякала пальцы ды яшчэ анучка безупынна загаралася.

— Апошні раз пяку! — злавала маці.— Гэта ж пакута, а не работа!.. Ай, каб цябе!.. Заўтра абавязкова занясі майстру. Хай ён прыпаяе ці як там прымацуе ручку.

І калі спяклася апошняя аладка, маці са злосцю адштурхнула патэльню, а скамечаную анучку закінула ў кут.

Пасля ўсёй гэтай пакуты аладкі здаліся Клаве зусім не такімі смачнымі, як яна думала.

Назаўтра Клава панесла шкадлівую патэльню ў майстэрню. Праз некалькі хвілін насустрач ёй трапіўся хлапец у чорным шынялі з сінімі кантамі і пятліцамі, падперазаны шырокім рэменем з гладкай спражкай, на якой былі літары — «РУ». На галаве — шапка з такімі самымі кантамі і значком з малатка і ключа. Клава яшчэ здалёк залюбавалася гэтым хлопчыкам: такі ён быў акуратны, стройны, прыгожы ў сваёй форме.

Хлапец нібы і сам адчуваў гэта, бо трымаў сябе з гонарам, зусім не так, як многія звычайныя хлапчукі, што носяцца па вуліцы, задраўшы галовы, крычаць, штурхаюцца.

Калі яны сышліся бліжэй, Клава са здзіўленнем ускрыкнула:

— Лёня!

Яна пазнала Лёню Ладуцьку, які вучыўся ў іхняй школе на клас вышэй за яе, а сёлета, як яна чула, перайшоў у рамеснае вучылішча. Але да гэтага часу яна яго не бачыла.

— Здарова, Клава! — адказаў Лёня.— Што нясеш?

— Дык вось патэльню трэба паправіць. Ці не ведаеш, куды занесці?

— Пакажы.

Ён сур’ёзна агледзеў патэльню, ручку і сказаў:

— Хадзем са мной: я табе зараз папраўлю.

— Ты?! — здзівілася Клава.— Хіба ты ўжо ўмееш?

— А што тут умець? — усміхнуўся Лёня.— Гэта кожны можа зрабіць.

— Кожны? — недаверліва сказала Клава.

— Пойдзем, сама ўбачыш. Я цяпер іду ў майстэрню. Раніцою ў нас былі заняткі ў класе, а цяпер — у майстэрні.

Яны падышлі да чырвонага цаглянага дома. На двары Лёня ўбачыў хлапца ў камбінезоне і спытаў:

— Пачалі?

— Не яшчэ,— адказаў той.

— Вельмі добра,— сказаў Лёня Клаве.— Значыцца, паспеем.

Яны ўвайшлі ў прыхожую.

— Пачакай крыху, я пераапрануся,— сказаў Лёня.

Ён зняў з вешалкі камбінезон і павесіў на яго месца свой шынель. Надзеўшы камбінезон, Лёня павёў Клаву ў майстэрню. Гэта быў вялікі пакой, дзе стаяла некалькі доўгіх сталоў-варштатаў; з абодвух бакоў, на пэўнай адлегласці, да іх былі прымацаваны ціскі. Каля кожных ціскоў з правага боку ў стале была шуфляда. Кожны вучань меў свае ціскі і сваю шуфляду. Некалькі вучняў поркаліся ля сваіх месц, некаторыя бегалі вакол сталоў, іншыя размаўлялі ў гуртку. Адзін хлапец завіхаўся каля свідравальнага станка.

Клава глядзела на ўсё гэта з вялікай цікавасцю і нават з нейкай пашанай. Здаецца, такія самыя хлопчыкі, як і ў іхняй школе, і смяюцца і бегаюць гэтаксама, але займаюцца яны тут зусім не дзіцячымі справамі, а робяць тое самае, што і дарослыя.

Аднекуль з’явіўся дзядзька з сівымі вусамі і суровым выглядам.

— Інструктар! — шапнуў Лёня.

Клава спалохалася: можа, крычаць пачне, што яна, чужая, сюды прыйшла? Сапраўды, дзядзька паглядзеў на яе са здзіўленнем. Тады Лёня, узяўшы з рук Клавы патэльню, падышоў да інструктара і сказаў:

— Мікалай Іванавіч, дазвольце прыкляпаць ручку да гэтай патэльні.

— Ты што: заказы ўжо бярэш? — сказаў інструктар сурова.

Клава яшчэ больш спалохалася. Але Лёня, відаць, ведаў свайго настаўніка, бачыў, што ў таго пад густымі сівымі бровамі паблісквае зусім лагодная ўсмешка.

— Трэба памагчы таварышу па школе,— адказаў Лёня.

— Памагчы? — перапытаў майстар.— Ну, калі памагчы, то нічога супраць не маю. Хай яна сама робіць, а ты толькі камандуй. Згодны?

Клава зусім збянтэжылася.

— Я... я ж зусім не ўмею,— прамармытала яна.

— Нічога, нічога, справімся! — весела падмаргнуў ёй Лёня.

— Ну, глядзіце,— сказаў майстар і адышоў, хаваючы ўсмешку ў вусах.

Лёня пачаў камандаваць:

— Бачыш, у гэтай дзірцы засталася адламаная заклёпка? Спачатку трэба выбіць яе адтуль.

— Выбіць? — паўтарыла Клава.

— Абавязкова. Бо трэба ж новую заклёпку ўставіць. Трохі адкруці ціскі, вось у гэты бок.

Клава баязліва крутнула ручку ў левы бок. Ціскі трошкі рассунуліся.

— Зрабі такую шчыліну,— казаў далей Лёня,— каб у ёй акурат змясціўся канец гэтай заклёпкі. Не, не, замнога будзе — назад. Так. Цяпер палажы ручку на ціскі так, каб заклёпка была над самай шчылінай. Так. А цяпер застаецца толькі стукнуць па ёй чым-небудзь — і яна выскачыць.

— Вось гэтым! — падскочыў другі хлопчык і падаў Клаве круглы кавалак жалеза з тонкім канцом.

Клава ўзяла яго ў правую руку і стала меркаваць, як гэта стукнуць ім па заклёпцы. Заўважыўшы гэта, Лёня і яго таварыш так зарагаталі, што да іх кінуліся ўсе хлопцы. Інструктар крыкнуў:

— Чаго вы? Адыдзіце, не перашкаджайце ім!

Хлопцы неахвотна адышлі. І Клава ледзь не заплакала. Лёню зрабілася няёмка, і ён ласкава сказаў:

— Нічога, нічога, мы так. Ты вазьмі гэта ў левую руку, пастаў канцом на заклёпку і прыстукні малатком.

Цяпер ужо і сама Клава сцяміла, што іначай і нельга рабіць. Яна стукнула некалькі разоў па жалезу — і заклёпка выскачыла.

— Вось і ўсё,— сказаў Лёня.— А цяпер вазьмі адкусі гэты цвік, вось тут, каля галоўкі.

— Адкусіць? — здзівілася Клава.

— Ну, мы так гаворым,— засмяяўся Лёня.— Вазьмі гэтыя кусачы і вось так сцісні ў гэтым месцы цвік.

Клава ўставіла цвік, як паказаў Лёня, сціснула абедзвюма рукамі кусачы і сама не заўважыла, як цвік быў перарэзаны.

— Зусім лёгка! — радасна сказала яна.

— Лёгка і проста,— пацвердзіў Лёня.— А цяпер зробім апошнюю аперацыю. Прылажы ручку да патэльні і прасунь гэты кавалак цвіка праз абедзве дзіркі. Палажы на ціскі плешкай уніз. Я табе памагу патрымаць. Цяпер бяры малаток і бі па цвіку, каб яго распляскаць.

Асцярожна, нязграбна пачала яна стукаць па цвіку.

— Смялей, мацней! — пакрыкваў Лёня.— Трэба расплюшчыць яго зусім.

А калі яна паспрабавала стукнуць мацней, то не патрапіла па цвіку.

— Нічога, нічога! — суцяшаў Лёня.— Лупі колькі ўлезе.

Клава пачала «лупіць колькі ўлезе», прычым больш за палову ўдараў трапляла ў бакі. Але канец цвіка паступова плюшчыўся і, нарэшце, ператварыўся ў такую самую плешку, як з другога боку, толькі крывую.

— Добра будзе,— сказаў Лёня.

Клава агледзела сваю работу, паторгала ручку — трымаецца моцна, хоць яшчэ ёсць дзірка для другой заклёпкі. Клава адчула вялікае задавальненне, якое заўсёды бывае ў чалавека, які сваімі рукамі зробіць якую-небудзь карысную работу. За другую заклёпку яна ўзялася ўжо самастойна, упэўнена і зрабіла яе трохі лепш і хутчэй, як першую. Падышоў інструктар, узяў у рукі патэльню, агледзеў яе і спытаў:

— Сама зрабіла?

— Сама! — адказалі Лёня і Клава разам.

— Вельмі добра. І заўсёды старайся, што можна, рабіць сама. Вазьмі яшчэ вось гэты напільнік і пашморгай ім, каб было гладка.

І стары майстар адышоў, таксама задаволены, як чалавек, які зрабіў карысную справу. Ён больш за ўсё любіў працу і хацеў, каб усе гэтак жа любілі яе. Ён шкадаваў тых людзей, якія не могуць ці не хочуць самі сабе дапамагчы ў якой-небудзь дробязнай справе. Хоць ён вучыў сваіх выхаванцаў слясарству, але патрабаваў, каб яны самі сабе і боты паправілі, і гузік прышылі. Таму ён прымусіў і гэтую невядомую яму дзяўчынку самой сабе дапамагчы.

Клава вярнулася дадому з такім ззяючым тварам, нібы да яе прыйшло немаведама якое шчасце.

Маці паглядзела на яе са здзіўленнем:

— Што ў цябе такое?

— Во! — урачыста сказала Клава, падаючы патэльню.

— Папраўлена? Так хутка? — сказала маці, беручы яе.— І як моцна трымаецца!

— Бо я сама зрабіла,— з гонарам сказала Клава.

— Як гэта сама?

— Ды так — сваімі рукамі.

— Сваімі?! — усклікнула маці.

— Ды вось гэтымі самымі,— паказала свае брудныя рукі Клава.

— Сама?!

— Сама.

— Не можа быць!

— А яно так і ёсць.

— Няўжо сама?

— Сама.

— Сваімі рукамі?

— Ды кажу, што сваімі.

— Ах, дачушка! Глядзі ты, што яна зрабіла!

Маці аглядала патэльню з усіх бакоў, круціла ў руках і так і гэтак і не магла нацешыцца.

Увайшла суседка цётка Мар’я. Маці да яе:

— Глядзі, як паправіла патэльню Клава! Сама, сваімі рукамі.

— Няўжо сама?

— Сама, сама! — сказала Клава ўжо нездаволена.— Што ж тут такога?

— А хіба ты вучылася гэтай справе? — спытала тады суседка.

— Паказалі — я і зрабіла.

— Так адразу і зрабіла? — недаверліва сказала цётка Мар’я.— Каб хлопчык, то яшчэ сяк-так, а то дзяўчынка... Ніколі такога не было.

— А цяпер ёсць.

У той жа дзень многія суседзі ведалі ўжо, што Клава Макейчыкава за адзін раз, без ніякай навукі, зрабіла такую работу, якую выконваюць толькі майстры-слесары.

 

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ, у якім дзеці нібы ўпершыню ўбачылі, што дзеецца вакол іх, а чытач нарэшце (таксама ўпершыню) убачыць, што такое ТВТ.

Аднаго разу пасля заняткаў у пятым класе затрымалася піянерскае звяно. Тут былі нашы знаёмыя Толя і Ніна Бяспалавы, Андрэй Гуліс, Паўлік Рагатка і Клава Макейчык ды яшчэ Яша Кантаровіч, Стась Кавальскі, Соня Данілава, Лёня Саковіч і Цыбук Бора.

Затрымаліся яны таму, што Паўлік стаў падрабязна расказваць аб сваіх прыгодах і пакутах, якія ён перацярпеў тады, калі спазніўся ў школу.

— Да чаго ж крыўдна робіцца,— казаў ён,— як успомню, што ўсё гэта здарылася праз такую дробязь, якую мы самі маглі выправіць.

— Ды і ў мяне падобная гісторыя была! — крыкнуў Яша.— У нас сапсаваўся электрычны прас. Спачатку ён доўга бунтаваў: то грэецца, то не, то грэецца, то не. А потым зусім перастаў награвацца. Агледзелі мы шнур — здаецца, цэлы. Прыйшлося мне несці прас да майстра. Той разабраў яго, паглядзеў і кажа: «Па-мойму, спраўны. Мусіць, шнур перарваўся. Трэба было прынесці і яго». Я пабег дахаты і прынёс шнур. Майстар разгледзеў яго — і таксама нічога не знайшоў. А потым памацаў вілку і кажа: «Глядзі, вось гэтая ножка адкруцілася». Узяў пальцамі і падкруціў яе. І больш нічога!

— А ведаеце што? — сказаў тады Андрэйка.— Мне таксама прыйшлося шмат перацярпець за тое, што я не здагадаўся разы са два шмаргануць напільнікам па ключы.

І пад агульны смех ён расказаў, як начаваў з парсючком і што з гэтага выйшла.

Тады Стась расказаў, як у яго паляцелі ў лужыну ўсе кнігі і сшыткі разам з партфелем, у якога адарвалася ручка.

— А прымацаваць ручку я мог бы і сам, не чакаючы, пакуль яна адарвецца,— прызнаўся Стась.

Адным словам, падобных выпадкаў знайшлося досыць у кожнага, і калі іх сабралі разам, то выйшла карціна, над якой дзеці сур’ёзна задумаліся. Яны нібы ўпершыню ўбачылі, што дзеецца вакол іх. Убачылі і самі здзівіліся.

— Выходзіць, што мы жывём у палоне ў рэчаў,— разважліва сказала Клава.— Выходзіць, што не мы імі кіруем, а яны намі. Якая-небудзь патэльня што захоча, тое і робіць, а ты толькі глядзі на яе ці кліч на дапамогу людзей.

— Яно сапраўды выходзіць, што мы нібы залежым ад розных хатніх рэчаў,— дадаў Паўлік.— Яны нас падводзяць на кожным кроку, а мы толькі церпім ды чакаем ад кагосьці дапамогі. А каб захацелі, то самі маглі б справіцца з імі.

— Тады трэба абвясціць ім вайну,— са смехам сказаў Бора Цыбук.

— А што ты думаеш? — сур’ёзна адказаў яму Паўлік.—

Зусім нядрэнна было б. Як толькі хто з іх пачне шкодзіць — зараз жа і паставіць яго на месца.

— Давайце тады складзём гурток,— прапанавала Клава,— і паабяцаем, што ўсе такія дробныя папраўкі будзем рабіць самі.

— Правільна! — падтрымаў яе Стась.— Гэта будзе зусім новы і цікавы гурток. Можна назваць яго гуртком «Хатніх тэхнікаў».

— Не, не! — пачуліся галасы.— Назва нецікавая!

— Калі ўжо мы збіраемся ваяваць,— сказаў Толя,— то лепш назваць гурток «Ваяўнічымі тэхнікамі».

— І не гурток,— крыкнуў Яша,— а таварыства. «Таварыства ваяўнічых тэхнікаў», або скарочана— «ТэВэТэ».

Гэтая назва спадабалася ўсім.

Нарэшце Толя ўнёс яшчэ адну прапанову:

— Кожнае таварыства мае правілы.

— Гэта называецца статутам,— паправіў Паўлік.

— Хай будзе статут,— згадзіўся Толя.— Трэба і нам скласці статут нашага таварыства.

Праз паўгадзіны на свет з’явіўся наступны дакумент:

 

СТАТУТ
Таварыства ваяўнічых тэхнікаў

Таварыства ваяўнічых тэхнікаў абвяшчае барацьбу за незалежнасць ад хатніх рэчаў.

Дзеля гэтага члены ТВТ абавязваюцца:

1. Сачыць і выконваць усе дробныя хатнія рамонты сваімі ўласнымі рукамі.

2. Калі хто з членаў чаго-небудзь сам зрабіць не зможа, то звяртаецца за дапамогай да сваіх таварышаў.

3. І толькі тады, калі і таварышы не змогуць дапамагчы,— член таварыства мае права звяртацца да платных майстроў.

 

Толя ўзлез на парту і зачытаў статут.

— Будзем галасаваць. Хто...

Але тут дошка пад яго нагамі асунулася (завеска не трымала), Толя пахіснуўся і ледзь паспеў саскочыць на падлогу.

— Ах, чорт! — вылаяўся ён, але зараз жа зноў звярнуўся да сваіх таварышаў: — Ну, дык хто за, прашу падняць рукі.

— Я! Я! Ды ўсе, няма чаго галасаваць! — адказалі рабяты, падняўшы рукі.

Адна толькі Клава не падняла рукі і неяк дзіўна пазірала на ўсіх.

— Ну, а ты што? — звярнуліся да яе.

— Слухайце, таварышы! Што ж гэта мы робім? — сказала яна нейкім строгім голасам.

— Не ведаеш, ці што? — засмяяліся таварышы.— Адкуль ты звалілася?

— А вось ці бачылі вы, як зваліўся Толя? — спыталася Клава.

— Вядома, бачылі. Але што з таго?

— А чаму ён зваліўся?

— Таму, што зямля прыцягнула,— пажартаваў Яша.

— Не, вы адкажыце сур’ёзна, чаму ён зваліўся? — настойвала Клава.

— Ну, дошка пасунулася,— адказаў Толя.

— А чаму яна пасунулася? — вяла сваю лінію Клава.

— Ды завеска адламалася,— сказала Ніна, якая стаяла ля гэтай парты.

— А мы самі маглі б яе прымацаваць? — насядала Клава.

— Дзіўная рэч,— прамовіў Андрэй.— Колькі часу я сам на гэтай парце сяджу, і ніколі ў галаву не прыходзіла ўзяць ды замацаваць гэтую завеску. Бо не я зламаў.

— А я вось цяпер ледзь не паляцеў, ды і то не здагадаўся, у чым справа,— прамовіў Толя, чухаючы патыліцу.— Вось да чаго не прывыклі мы думаць пра такія рэчы.

Паўлік некаторы час задумліва глядзеў на зламаную завеску, а потым павольна, нібы сам да сябе, сказаў:

— Цікавыя справы робяцца на свеце! Каб хто даў нам заданне прыбіць гэтую завеску, мы, пэўна, зрабілі б гэта ахвотна. А самім у галаву не прыходзіць, нават не бачым. І не толькі тут, але і дома мы не ўмеем бачыць. Я цяпер толькі прыпомніў, што ў нас у чамадане таксама адарвалася адна палова завескі. Мы яго адчыняем, зачыняем і нібы чакаем, пакуль адарвецца другая палавінка. Сёння, як толькі прыйду дахаты, зараз жа прымацую гэтую завеску.

А ў выніку ўсёй гэтай гісторыі з завескай у статуце з’явіўся новы і вельмі важны пункт:

 

4. Дзейнасць ТВТ пашыраецца таксама і на школу.

 

Ну, а завеску паправіць ім было зусім лёгка. У той час ішоў яшчэ міма дырэктар і, пачуўшы стук, зайшоў у клас. Убачыўшы, што робяць вучні, ён так узрадаваўся, нібы яму пабудавалі новую школу.

— Вось дзе сапраўдныя савецкія вучні! — сказаў ён.— Каб усе ды заўсёды гэтак рабілі!

Вучням нават сорамна зрабілася: за такую дробязь ды гэтак хваляць. А дырэктар пасля таго стаў хваліць іх і перад іншымі вучнямі. Папракаючы за нешта шосты клас, ён казаў:

— У пятым класе вучні па сваёй ініцыятыве паправілі парту, а вы толькі псаваць умееце.

Першы крок Таварыства ваяўнічых тэхнікаў выйшаў вельмі ўдалым, і арганізатары мелі ўсе падставы ганарыцца сваёй выдумкай. Але расказаць аб гэтым у школе яны не адважыліся. Калі яны зробяць добрую справу, кожны скажа, што гэта добра. А калі даведаюцца, што для такой простай справы яны выдумалі нейкае Таварыства, статут, параграфы, то пэўна смяяцца будуць з іх. Лепш аб гэтым не казаць. Яно нават цікавей будзе.

 

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ, дзе гаворыцца, як усе бацькі ахнулі і як Толя высунуў прапанову зрабіць «аптэчку» з малатка, напільніка, абцугоў і іншых «лякарстваў».

 

Соня адчула, што пасля дажджу ў яе робіцца мокрая панчоха на левай назе пад вялікім пальцам. Калі яна зняла дома чаравік і агледзела яго, то ўбачыла ледзь значную пратаптаную дзірачку.

Убачыла гэта і маці і, вядомая рэч, зараз жа сказала:

— Занясі ў рамонт.

Але Соня нерухома сядзела з чаравікам у руках і думала глыбокую думу. Вось і прыйшоў час, калі трэба выканаць абавязак члена ТВТ! І зусім яно не так цікава, як здавалася тады, калі складалі статут. Важдайся цяпер, калі можна занесці ў майстэрню і нічога не думаць.

— Чаго чакаеш? Нясі зараз жа,— паўтарыла маці.

— Я... не маю права,— прашаптала Соня.

— Што?! — перапытала маці, не ведаючы, як разумець гэтыя недарэчныя словы.

— Мы... я... павінна сама паправіць...

— Павінна?! Хто ж цябе прымушае?

— Мы далі абяцанне, што самі будзем рабіць падобныя рэчы,— з вінаватым выглядам сказала Соня.

— Хто ж гэта пастанавіў? — дапытвалася здзіўленая маці.

— Мы самі склалі такі гурток.

Маці ўсміхнулася:

— Ці не гурток будзе ладзіць табе бацінак? Ты ж сама не ўмееш.

— Ці сама, ці з дапамогай таварышаў, а зрабіць павінна,— сарамліва адказала Соня.

— Глупства нейкае прыдумалі! Відаць, няма чаго вам рабіць,— паціснула плячыма маці.— Ну, а хто будзе адказваць, калі вы яшчэ больш папсуяце?

— Калі мы не здолеем,— занясу ў майстэрню.

— Ну, рабі, як хочаш, толькі глядзі, каб усё было ў парадку,— сказала маці і адышла.

Соня з сумным выглядам засталася сядзець. Ну, як да яго прыступіцца? Ясна толькі, што трэба прыбіць латку. Але як гэта зрабіць, калі няма ні прыладаў, ні матэрыялаў, ні ўмельства?

Першым крокам на практычным шляху было пайсці параіцца з Нінай, якая ўжо мела вопыт у гэтай справе.

Ніна з вялікай ахвотай прыняла ўдзел, але зараз жа сама крыху збянтэжылася.

— Каб цвік загнуць, дык гэтая справа мне знаёмая. А тут іншая, новая работа. Але нішто, давай абмяркуем.

Пачалі абмяркоўваць. Перш за ўсё трэба было знайсці латку. Але дзе і як яе купіць, такую маленькую?

Ход думак прывёў да старога рванага чаравіка, падэшву якога можна скарыстаць. На гэтым і парашылі.

Другі пункт — малаток — вырашыўся вельмі проста: яго можна было дастаць і ў хаце Соні, і ў хаце Ніны.

Больш складанае было пытанне аб драўляных цвіках. Ці можна купіць некалькі дзесяткаў? А купляць дзеля такой дробязі цэлую пачку — не варта. Нарэшце ўсё ж такі вырашана было купіць пачку, бо спатрэбяцца ж цвікі і іншым членам ТВТ.

Далей стала на ўвесь рост пытанне пра шыла. Гэта ж найважнейшая шавецкая прылада! У каго яго пазычыш? Відаць, трэба і яго купіць.

— Я баюся,— сказала Соня,— што пры такіх умовах наш рамонт абыдзецца надта дорага і бацькі стануць супраць.

У гэты час прыйшоў Толя і зараз жа далучыўся да нарады.

— Як відаць,— сказаў ён,— нам прыйдзецца стварыць спецыяльную агульную «аптэчку», куды б уваходзілі важнейшыя інструменты: малаток, напільнік, шыла і гэтак далей. Паставім гэтае пытанне на нашай агульнай нарадзе.

— А вось яшчэ капылы патрэбны ў такой справе,— сказала Соня.

Толя задумаўся.

— Такога дабра можа набрацца цэлы воз,— прамовіў ён, нарэшце.— Тады ўжо не «аптэчка» будзе, а цэлая «аптэка». Не, без гэтага трэба абысціся, а ў дадзеным выпадку капылы і зусім непатрэбныя: маленькую латку і так прыбіць можна.

У той жа дзень Соня, схаваўшыся ад маткі, узялася за работу. Настрой яе зусім змяніўся: яна адчувала сябе ўпэўненай, вясёлай і ўзялася за справу з вялікай ахвотай і зацікаўленасцю.

Але праз некалькі хвілін увесь гэты ўздым згас. І галоўнай прычынай былі драўляныя цвікі, каб на іх ліха. Як ні стукнеш па ім, ён абавязкова звернецца ці ў той, ці ў гэты бок. А калі трапіш яму акурат у галаву і яму няма куды падзецца,— тады ён возьме ды зломіцца.

Тады Соня надумалася спачатку папрактыкавацца. Узяла палена ды давай садзіць у яго цвікі. Знішчыўшы іх некалькі дзесяткаў, яна перайшла ўжо да сапраўднай работы. Справа пайшла крыху лепей, і нарэшце латка сяк-так была прыляпана.

Падышла Ніна даведацца, як ідзе справа.

— Ну што ж,— сказала яна, агледзеўшы работу з выглядам знаўцы.— Для пачатку нішто. Але каб надзейней было, я параіла б увагнаць яшчэ некалькі жалезных цвікоў. А загнуць іх мы ўжо ўмеем.

І калі падмацавалі латку яшчэ жалезнымі цвікамі, тады рамонт выйшаў хоць куды. А абедзве дзяўчынкі адчулі такое задавальненне, якога шавец не адчувае, пашыўшы нават новыя боты.

Калі Соня паказала сваю работу матцы, дык тая вачам сваім не хацела верыць.

— Няўжо ж сама зрабіла? — паўтарала яна.

— Сама! — з сарамлівым гонарам адказвала Соня.

Калі прыйшоў бацька, маці прымусіла Соню падняць нагу, каб паказаць латку.

— Сама? — здзівіўся бацька.— Добра, вельмі добра!

Для цёткі Ганны таксама трэба было падняць нагу.

— Сама? — перапытала цётка.— Глядзі ты, якая!

Калі прыйшла суседка Кастусіха, Соня і перад ёй павінна была падняць нагу.

— Няўжо ж сама?! — здзівілася Кастусіха.— А-я-яй!..

Праз некаторы час ужо загаманілі аб гэтым у суседніх кватэрах.

— Здольная ў Данілавых дзяўчынка. Сама сабе абутак папраўляе. Не трэба насіць шаўцу.

— Сама?

— Сама...

Знайшлася катэгорыя грамадзян, якія нават пацярпелі ад гэтай справы. То былі суседскія дзеці вучнёўскага ўзросту.

— Глядзі, якая Соня! — папікалі ў адным доме.— Яна сама сабе чаравікі ладзіць, а ты нават гузіка не хочаш прышыць.

— Ах ты гультай! — крычалі ў другім доме.— У людзей дзяўчынка і то сама сабе чаравікі правіць, а ты, лодар, толькі драць умееш...

На другі дзень звяно ТВТ засталося ў школе, каб пагутарыць аб сваіх справах. Бо кожны ўжо меў пэўныя дасягненні і спяшаўся расказаць аб іх. Пачаўся шум, беспарадак.

— Чакай, братва! — крыкнуў Яша.— Нічога так не выйдзе. Трэба абраць старшыню і выслухаць даклады па парадку.

— Ну дык будзь старшынёй! — крыкнуў Андрэй.— Згодны?

— Згодны! Згодны! — закрычалі дзеці, і Яша прыступіў да выканання сваіх абавязкаў.

Выявілася, што за гэты час усе паспелі ўжо што-небудзь зрабіць. Самым жа цікавым было тое, што ўсе гэтыя дробныя факты зрабілі вялікае ўражанне на бацькоў і суседзяў.

У Стася Кавальскага даўно ўжо была адарвана вешалка ад паліто. Маці кожны дзень усё збіралася прышыць яе, ды так і не сабралася. І вось сёння сам Стась узяў ды і прышыў яе.

Убачыла маці — і ахнула. Сам! Сам прышыў! Хлопчык, ды сам прышыў! Вось малайчына!

І за тое, што Стась сам сабе прышыў вешалку, ён атрымаў яшчэ пірожнае.

Лёня Саковіч загнаў клінок у стол, каб ён не рыпаў. І зноў жа колькі радасці было ў сям’і. Стол гэты даўно ўжо псаваў усім нервы. Ледзь дакранешся да яго, а ён — рып, рып... І вось Лёня сам узяў ды і паправіў яго. Хіба не малайчына ён? І дзе ж вы знойдзеце яшчэ другога такога добрага і здольнага хлапца?

Падобную ж рэч зрабіла і Клава Макейчык, толькі іншым спосабам. У іх рыпалі дзверы, ды так прарэзліва, так жалобна, што аж за сэрца шчыпала. Так яны атручвалі жыццё шмат месяцаў, а цяпер Клава ўзяла ды змазала іх. І адразу ў іх доме зрабілася так ціха, лагодна, нібы яны перасяліліся на другую кватэру.

Яша Кантаровіч ашчаслівіў сям’ю тым, што замацаваў палову дзвярэй, якая не павінна адчыняцца. У дзірачку, што знаходзіцца ў парозе, набілася пяску, і засаўка туды не ўваходзіла. Ад гэтага было шмат непрыемнасцей: дзверы шчыльна не зачыняліся, ляпалі, час ад часу расчыняліся абедзве паловы. Калі Яша вычысціў дзірку і засунуў глыбока засаўку,— пайшла зусім іншая справа. І калі даведаліся, што гэта зрабіў сам Яша ды яшчэ па сваёй уласнай ініцыятыве, то хвалілі яго так, нібы ён немаведама што зрабіў.

Вельмі ўсцешыў і здзівіў бацькоў Толя Бяспалаў. У шуфлядах камоды даўно ўжо былі адарваны ручкі, і, каб адчыніць іх, патрабаваліся складанейшыя аперацыі. Спачатку карысталіся ключом, але праз некаторы час дзіркі ў камодзе так былі разварочаны, што ключу не было за што зачапіцца. Часта і ключы не трапляліся пад руку, тады пускалі ў ход усё, што толькі можна: нажы, вілкі, нават качаргу.

Нарэшце ўмовіліся пакідаць самую ніжнюю шуфляду незасунутай. Тады, калі трэба было, напрыклад, адчыніць верхнюю шуфляду, ужывалася наступная сістэма: адчыніўшы ніжнюю шуфляду, высоўвалі з-пад споду наступную верхнюю, праз гэтую, таксама з-пад споду, высоўвалі наступную — і так да самай верхняй.

Можна цяпер уявіць сабе радасць сям’і, калі раптам у камоды з’явіліся ручкі, ды яшчэ якія: Паўлік узяў ды прымацаваў звычайныя электратэхнічныя ролікі.

Бацькі не ведалі, чым больш цешыцца: ці тым, што Толя наогул здагадаўся сам паправіць камоду, ці тым, што зрабіў гэта геніяльным спосабам.

Расхвалілі немаведама як і Паўліка за тое, што ён сам здагадаўся паправіць завеску ў чамадане.

Але, мусіць, самы геройскі ўчынак зрабіў Бора Цыбук.

Ён за пяць хвілін паправіў дах!

Ні больш, ні менш!

Той дах, з-за якога бацька некалькі разоў хадзіў у жакт, а там усё адкладвалі гэтую работу.

А Бора ўзяў ды і адрамантаваў яго за пяць хвілін...

Справа была такая. Над іхняй кватэрай дах быў жалезны. І вось калі дождж ці адліга — праз столь пачынала прасочвацца вада. Нельга сказаць, каб ужо вельмі, але мокрая пляма на столі заўсёды была. Потым пачала адвальвацца тынкоўка, а там пачало ўжо і капаць.

Вось Бора і пацікавіўся, ці не можа ён, як член ТВТ, што-небудзь сам зрабіць у гэтай справе?

Палез на дах, бачыць: у тым месцы, дзе лісты бляхі злучаюцца,— невялікая вузкая шчыліна. Пасядзеў над ёю, паглядзеў, падумаў, потым злез і вярнуўся... з кавалкам хлеба!

Калі пайшоў дождж, бацька зацікавіўся:

— Што гэта сёння не працякае?

— Ды Бора там нешта лазіў. Кажа, паправіў,— сказала маці.

— Няўжо? — звярнуўся бацька да Боры.

— Але,— адказаў той безуважна.

— Якім чынам?

— Хлебам,— спакойна адказаў Бора.

Бацька недаўменна пазіраў то на Бору, то на столь, то на маці.

— Там была шчыліна,— растлумачыў Бора,— дык я ўзяў ды і заляпіў яе мякішам хлеба.

— Ці надоўга хопіць твайго мякішу? — засмяяўся бацька.

— А калі трэба будзе, я зноў заляплю,— адказаў Бора.

Вось якія былі «даклады» на першым агульным сходзе

Таварыства ваяўнічых тэхнікаў. Колькі было смеху! Колькі зацікаўленасці і ахвоты да далейшых «подзвігаў»!

— Калі сур’ёзней паглядзець на гэтую справу,— сказаў Толя,— то нават сорамна робіцца. Жартуючы, мы зрабілі некалькі драбнюткіх спраў, а ўсе навокала глядзяць на нас, як на герояў. А чаму? Таму толькі, што да гэтага часу ніхто ў гэты бок не глядзеў.

Пасля таго Толя прапанаваў зрабіць «аптэчку», як ён казаў. Тут доўга гаварыць не даводзілася, бо кожны адчуваў, што яна патрэбна да зарэзу.

Нарэшце Яша паставіў пытанне, каб наладзіць улік працы.

— Усім нам цікава будзе ведаць,— сказаў ён,— колькі чаго зрабіў кожны з нас і ўсе мы разам. Будзе таксама відаць, хто больш актыўны, хто менш. Можна будзе наладзіць спаборніцтва.

Супраць гэтага ніхто не пярэчыў. Запіс весці даручылі Клаве і Яшу.

Разыходзіліся рабяты з такім пачуццём, з якім, мусіць, паляўнікі ідуць на паляванне.

Не паспелі яшчэ выйсці з класа, як Цыбук кінуўся ў кут і крыкнуў:

— Ёсць!

У куце стаялі геаграфічныя карты. На адной з іх была парваная вяроўка, што звязвае канцы палкі для таго, каб вешаць карту.

Цыбук звязаў вяроўку і сказаў Клаве:

— Запішы!

— Не, гэта не лічыцца! — запярэчыў Лёня.— Гэта не работа, а дробязь.

Яго падтрымаў і Андрэй. Яша выступіў супраць — і пачалася гарачая дыскусія.

— У статуце,— казаў Яша,— у пункце першым, гаворыцца пра ўсе дробныя работы, абы толькі яны былі карысныя. Вешалку Стасю мы залічылі, ніхто не пярэчыў. А тут таксама вешалка.

— А калі гэта такая ўжо дробязь, дык чаму ж ты сам не зрабіў? — насядаў Цыбук на Лёню.

— Я не заўважыў,— адказаў той.

— Ну вось бачыш! — сказала яму Клава.— А ў нашай справе самае галоўнае — умець заўважаць. Звязаць вяроўку кожны здолее, а заўважыць не кожны.

Лёня зірнуў туды, сюды, а потым падбег да акна і стаў яго адчыняць.

Пачуўся страшэнны скрогат: гэта скрыгатала за акном задраная ўверх бляха. Лёня стаў адгінаць гэтую бляху ўніз. Потым ціха зачыніў акно.

— У такім разе залічыце мне гэтую работу,— сказаў ён насмешліва.

Усё гэта адбылося так раптоўна і неспадзявана, што некаторы час усе маўчалі. Потым Толя сказаў:

— І трэба залічыць, бо работа карысная. І рама псавалася, і бляха адламвалася, і вада падцякала.

— У такім разе я вам кожны дзень мільён такіх работ зраблю! — весела крыкнуў Лёня.— Паспявайце толькі запісваць.

— Пастараемся,— адказала Клава.

Хоць яна толькі што навучала Лёню: «самае галоўнае — умець заўважаць», але цяпер шчыра прызналася, што яна, мусіць, ніколі не заўважыла б гэтае бляхі.

Быў яшчэ адзін чалавек, на якога сённяшні дзень зрабіў вялікае ўражанне. Гэта Бора Цыбук. Маленькі круглы хлопчык, з вострым носікам і вочкамі, як у вожыка, лічыўся ў піянератрадзе пасіўным грамадзянінам. Калі якая гульня, то ён быў вельмі актыўны, а калі трэба было выканаць якое-небудзь заданне атрада, то стараўся ўхіліцца ад яго. У ТВТ ён увайшоў без ніякай цікавасці, за кампанію, і мала думаў аб гэтай справе.

А цяпер яго захапіла. Тут была гульня зусім новая, незвычайная. Глядзі ты, як Лёня заўважыў бляху! Мусіць, такіх спраў навокала ёсць многа, ды ніхто не бачыць. А калі цяпер запісваюць ды вядуць улік, то ён, Бора, набярэ столькі ачкоў, што ўсіх перакрые. Ён ужо цяпер бачыць, што фортка таго акна, якое адчыняў Лёня, не мае прабойчыка і не зашчэплена на кручок; але аб гэтым ён нікому не скажа, пакуль не зробіць з цвіка прабойчык. Цікавая гульня!

 

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ, пра тое, як Паўлік выкручваў усё, што выкручваецца, Ніна пускала бурбалкі, а ўвесь свет падзяліўся на дзве часткі.

 

Прайшло, мусіць, тыдні са тры з таго часу, як у хаце Паўліка згасла электрычнасць і адбыліся вядомыя нам жудасныя падзеі.

І вось аднаго разу, у цьмяны дзень, маці захацела запаліць лямпку ў сталовай,— і яна не запалілася.

— Зноў гэта самае няшчасце! — з жахам усклікнула маці.

— Нічога! — з важнасцю супакоіў Паўлік.— Цяпер ужо мы і самі наладзім.

— Няўжо? — узрадавалася маці, але зараз жа безнадзейна дадала: — Дзе табе справіцца...

— А вось паглядзім! — упэўнена сказаў Паўлік і падышоў да лічыльніка.

Выкруціў адну пробку — цэлая. Выкруціў другую — таксама цэлая!

— Мусіць, лямпачка перагарэла,— сказаў Паўлік і выкруціў лямпачку.

Агледзеў яе,— здаецца, усё ў парадку.

— Току з электрастанцыі няма! — аўтарытэтна заключыў ён нарэшце.— Прыйдзецца пачакаць.

— А можа, гэтая гарыць? — сказала маці і ўключыла лямпку ў другім пакоі.

Лямпачка загарэлася!..

Паўлік збіўся з панталыку. Што за дзіва такое? Лямпка цэлая, а не гарыць! Ану, калі паспрабаваць, ці будзе яна гарэць у другім патроне?

Выкруціў другую лямпку і ўкруціў на яе месца гэтую. Лямпка засвяцілася.

Значыцца, не яна папсавалася. І не пробкі. А што ж тады? Паўлік напружана стаў думаць.

— Нічога не зробіш,— уздыхнула маці.— Прыйдзецца зноў выклікаць манцёра.

— Не! — катэгарычна сказаў Паўлік.— Я сам папраўлю.

Сказаў і спалохаўся: ці выканае абяцанне? Як распазнаць, дзе папсавалася? Пэўна хіба ў патроне.

І пачаў адкручваць у патроне ўсё тое, што можна адкруціць. Спачатку адкруцілася фарфоравае кальцо. Потым падалася медная шыйка. Застаўся фарфоравы кружочак; у ім дзірачкі, пласцінкі, трубкі і яшчэ адна медная шыйка з вінтавым нарэзам.

Ну і што цяпер з імі рабіць?

— Ой, намайструеш ты так, што яшчэ горай будзе! — казала маці.— Усё роўна прыйдзецца клікаць манцёра.

— Не, паправім самі! — упарта паўтараў Паўлік, а ў самога аж сэрца сціснулася ад сумнення. Што ж цяпер рабіць? Як пазнаць, ці ў парадку патрон, ці не?

«Ну, калі на тое пайшло, дык буду разбіраць усё, што разбіраецца! — падумаў ён у адчаі.— Можа, натраплю на што-небудзь».

І сапраўды натрапіў, ды так, што кулём паляцеў уніз.

— Ай-ай! Асцярожна! Што з табою? — крыкнула маці.

— Паслізнуўся трохі,— адказаў Паўлік.

А ён зусім не паслізнуўся, а трапіў пад ток. Толькі яму сорамна было казаць гэта матцы, ды яшчэ ён баяўся, што маці забароніць яму наогул займацца гэтай справай і давесці яе да канца.

А да якога канца — ён і сам ужо не ведаў.

Адно толькі ён здагадаўся зрабіць — выкруціць пробкі, каб зусім выключыць ток. А тады пачаў разбіраць патрон далей.

Тут ён адчуў, што апошняя надзея яго пакідае. Каб яшчэ спакойна гэта рабіць, без спеху і без адказнасці, тады, можа, ён і разабраўся б у гэтай тэхніцы. А так, мусіць, нічога не выйдзе.

Ён кінуў работу і пабег да Андрэя.

— Ты ведаеш, як зроблены патрон для электрычнай лямпкі і як яго праверыць? — спытаўся Паўлік, засопшыся.

— Не,— адказаў Андрэй.

— Усё роўна, бяжым да мяне, памажы! Па дарозе возьмем яшчэ Яшу.

Яша сказаў, што разбіраць патрон яму здаралася, але так сабе, дзеля забавы, а як праверыць і паправіць яго — ён не ведае.

— Але ўсё роўна мы абавязаны гэта зрабіць! — сказаў ён рашуча.

А тым часам вярнуўся дадому Паўлікаў бацька. Надыходзіў змрок. Бацька хацеў быў запаліць лямпку ў сваім пакоі, але... цяпер і яна ўжо не загарэлася.

— Што гэта? — устрывожыўся бацька.— Ці не папсавалася зноў?

— Папсавалася, ды толькі адна лямпка ў сталовай,— адказала маці.— Але Паўлік захацеў сам паправіць яе і вось, як відаць, усё папсаваў.

— Я яму дам! — раззлаваўся бацька.— Ах, шкоднік паганы!

— І я казала яму: не лезь, трэба паклікаць манцёра. А ён, бач, што нарабіў.

Калі Паўлік з таварышамі падыходзіў да дома, там чакала яго вялікая бура. Але ад першага ўдару грому яго выратавалі два громаадводы, Яша і Андрэй: бацька не захацеў у іх прысутнасці ваяваць.

А за гэты час Паўлік паспеў успомніць, што пробкі выкручаныя, і ўкруціў іх зноў.

Праменні святла адразу сцішылі гнеў бацькоў, і навальніца скончылася ўсяго толькі катэгарычным загадам:

— Заўтра паклічаш манцёра, а сам і не думай чапаць электрычнасць, а то...

Гэтае «а то» было сказана так грозна і выразна, што нават громаадводы спалохаліся. Хлопцы засталіся ў цёмнай сталовай і пачалі раіцца.

Становішча стварылася вельмі крытычнае. Па-першае, у цемры немагчыма было нічога рабіць, па-другое, гэта было і забаронена, па-трэцяе, заўтра пагражаў прыйсці манцёр і сарваць усю справу.

— Гэта будзе вялікім прарывам на нашым фронце,— сумна сказаў Яша.

— Гэтага нельга дапусціць ні ў якім разе! — крыкнуў Андрэй.

— Застаецца толькі адно,— сказаў Паўлік,— рызыкнуць і зрабіць нелегальна. Бацька прыходзіць а пятай гадзіне, а мы вольныя ад паловы другой.

— А як маці?

— Маму мы сяк-так улагодзім. Ды і яна будзе занятая сваімі справамі.

— А што калі не ўдасца? — прамовіў Яша.

— Ну, тады мне прыйдзецца пацярпець,— усміхнуўся Паўлік.

— Справа наша важней, за яе варта і пацярпець,— суцешыў Андрэй.

— Слухайце! — усхапіўся Яша.— У мяне ёсць лішні патрон. Пойдзем да мяне і вывучым яго дасканала. Тады заўтра мігам справімся.

— Правільна! Бяжым зараз! — узрадаваліся хлопцы.

Назаўтра таварышы прыйшлі да Паўліка з кнігамі, нібы займацца, і размясціліся за сталом над разабраным патронам.

— Ці прыйдзе манцёр? — спыталася маці.

— Не ведаю... Можа, сёння не будзе... Я...— пачаў мармытаць Паўлік, але, на яго шчасце, у кухні «пабег» гаршчок, і маці кінулася ратаваць яго.

Цяпер ужо хлопцам хапіла і пяці мінут, каб пераканацца, што патрон у спраўнасці, і за гэты час сабраць яго.

Але справа ад гэтага ніколькі не палепшылася: лямпачка ўсё роўна не гарэла.

Трывога ахапіла хлапцоў. Гэта ж скандал, калі яны праваляцца!

Гэта ж ганьба для ўсяго ТВТ!

— Трэба прасачыць усю лінію ад лічыльніка да лямпкі,— гарачыўся Андрэй.— Недзе нешта ды павінна быць!

І калі яны пайшлі па лініі, дык недзе ў калідоры сапраўды напаткалі нешта: гэта была размеркавальная каробка, адкуль разыходзіліся два правады.

— Больш нідзе не можа быць, як тут,— парашылі хлопцы.

Маці ўбачыла, што яны шныраць каля электрычнасці, і нездаволена забурчала:

— Зноў хочаце папсаваць, майстры? Не, лепш ужо не чапайце.

— Ды не, мы так сабе,— пачаў угаворваць Паўлік.— Мы толькі хочам паглядзець, а чапаць не будзем.

І, скарыстаўшы момант, яны дабраліся да каробкі. Там яны ўбачылі, што кончык аднаго провада на валасінку высунуўся з гнязда.

Яны ўсунулі канец провада — лямпка загарэлася.

— О! — крыкнулі ўсе тры хлопцы разам, як у падобных выпадках выкрыкваюць усе людзі на свеце.

Паўлік паклікаў маці, цырымонна раскланяўся, развёў рукамі і сказаў:

— Калі ласка, мадам,— рамонт зроблены!

Маці паглядзела, і лагодная ўсмешка асвятліла яе твар.

— Вось вы якія! — сказала яна.— Ніколі не думала. Каб ды заўсёды гэтак было...

— Цяпер ужо заўсёды так будзе! — адказаў Яша.— На тое ёсць ТВТ.

— Што? — перапытала маці.

— Таварыства ваяўнічых тэхнікаў,— растлумачыў Андрэй.

— Усё ваяўнічыя ды ваяўнічыя,— прамовіла маці.— Але хай сабе і так, абы добра было.

Калі яны засталіся адны, Яша спытаў Паўліка:

— А якім чынам ты трапіў пад ток, калі лямпка не гарэла? Току ж не было.

Паўлік паглядзеў на яго і задумаўся.

— Праўда! — прамовіў ён нарэшце.— Якім чынам?

— А можа, табе здалося? — звярнуўся да яго Андрэй.

— Дзе там здалося! — адказаў Паўлік.— Так тузанула, аж паляцеў.

Вось загадка! Меркавалі, меркавалі і здагадаліся толькі тады, калі Паўлік выпадкова ўспомніў, што гэтая лямпка і раней некалькі разоў гасла і сама запальвалася. Значыцца, той кончык проваду, мусіць, ад страсення сам то дакранаўся, то адсоўваўся ад другога проваду. І Паўлік трапіў акурат пад той момант, калі кончык злучыўся. Хлапцам аж палягчэла, калі яны разгадалі гэтую загадку.

Назаўтра наша тройка доўга расказвала сваім таварышам, у якім пераплёце яны апынуліся і як выратавалі гонар ТВТ.

— Запішыце мне восем ачкоў! — падышоў да Яшы Бора Цыбук.

— Восем?! — здзівіліся ўсе.

— Але, восем. Першае — я склеіў пабіты кубак. Другое — паправіў спражку ў поясе. Трэцяе — прыбіў у плоце дошчачку. Чацвёртае — паправіў табурэтку. Пятае — паправіў вешалку для адзення. Шостае — забіў цвік у сценку. Сёмае — падклеіў да «Прыродазнаўства» цвёрдую вокладку. Восьмае — зрабіў прабойчык вунь у гэтай фортачцы. Ну, што? — з выглядам пераможцы зірнуў на ўсіх Бора.

— Ну, браток,— сказаў Яша,— ты столькі драбязы набярэш, што на аднаго цябе сшытка не хопіць.

— Драбязы? — абурыўся Цыбук.— А ты ж сам казаў, што’ па закону кожная драбяза лічыцца!

— Ціха, ціха, супакойся! — засмяяўся Яша.— Гані, колькі хочаш. Калі будзе надта многа, будзем адзначаць крыжыкамі.

Рэшта сяброў мела таксама нямала «ачкоў». Стась набраў чатыры, Клава — два, Лёня — шэсць, Соня — тры і гэтак далей. Толькі Ніна мела адно ачко, але яно было найбольш цікавае.

У іх сапсаваўся прымус. Нічога з ім не здарылася, нішто не паламалася, але з яго ўвесь час «выходзіў дух». І выходзіў так павольна, што ніяк нельга было распазнаць — адкуль.

Нарэшце, калі Толі дома не было, маці выліла з прымуса газу і загадала Ніне аднесці яго да майстра. Узяла Ніна ў рукі прымус, тупае на месцы.

— Ну, чаго ты? — кажа маці.— Нясі!

— Я... мы... самі паправім,— прамовіла Ніна.

Маці паглядзела на яе, як на дурную, а потым шчыра рассмяялася:

— Ты сама паправіш прымус?! Ну-ну, паспрабуй! Але сёння ўсё ж такі занясі да майстра.

Ніна сама нават і не думала папраўляць прымус. Дзе там было брацца ёй за такую справу? Яна павінна была толькі выканаць «закон ТВТ». Пачакае брата, параіцца з ім. Потым яны параяцца з іншымі таварышамі, а тады ўжо аднясуць майстру.

Але Толя ўсё не ідзе. Зараз маці пагоніць, каб яна несла.

Цікава было б усё ж такі ведаць, адкуль гэта ідзе дух? Накачала паветра, прыслухалася — нічога не чуваць. Якім жа чынам майстар распазнае, адкуль выходзіць паветра?

Маці выйшла з кухні. Побач стаіць таз з вадою. Ці не апусціць прымус у ваду? Тады будуць відаць бурбалкі.

Апусціла — і сапраўды ўбачыла, што маленькія бурбалкі павольна ідуць з таго месца, куды ўліваецца газа. Але што з таго? Усё роўна паправіць Ніна не можа.

Выняла прымус з вады, адкруціла кружочак-накрыўку, глядзіць — пад ёй круглы кавалак скуры, але зусім пацёрты, падраны.— Гэта ж ён не прыціскаецца шчыльна і прапускае паветра!

Мігам выразала кавалачак скуры ад старога бацінка, зрабіла кружочак, уставіла, зноў паспрабавала ў вадзе — бурбалак няма!

Ніна аж закрычала ад радасці.

Калі прыйшла маці, Ніна з гонарам падала папраўлены ёю самою прымус.

Тут пачаліся такія ўрачыстасці, што хоць ты з дому ўцякай.

Дзяўчынка ды прымус паправіла! Сама! Якое шчасце для бацькоў мець такую геніяльную дачку! Дзе гэта відана, каб дзяўчынкі прымусы папраўлялі?

А калі прыйшоў Толя, дык яму жыцця не давалі, папікаючы сястрой.

Тады ён раззлаваўся, узяў ды зацыраваў сам сабе панчошку.

Эфект выйшаў надзвычайны. Бацькі зусім збіліся з панталыку. Што ж гэта робіцца ў іх доме? Дачка прымусы папраўляе, а сын панчохі цыруе! Увесь свет прайдзі, такога не ўбачыш.

Загаманіў і свет, у які ўваходзілі тры суседнія двары, і падзяліўся на дзве часткі.

— Вось гэта я разумею! — казалі ў адной частцы свету.— Цяперашняя моладзь не будзе такой бездапаможнай, як мы. Усё сама зробіць.

А ў другой частцы свету чуліся інакшыя галасы:

— Ну, калі мужчыны пачнуць панчохі цыраваць ды кашулі латаць, а жанчыны прымусы ды боты папраўляць,— тады парадку не будзе. Спрадвеку кожны займаўся сваёю справай.

Трэба толькі адзначыць, што ў гэтай другой частцы свету налічвалася вельмі мала народу.

 

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ, у якім гаворыцца, як з Соняй здарылася бяда, Цыбук зацікавіў настаўніка, а бацінак разявіў рот.

 

Прайшло дзён дзесяць — і ў сакратарыяце ТВТ запоўніўся ачкамі ўвесь сшытак.

— Дзейнасць ТВТ разгортваецца паспяхова,— казалі адказныя сакратары Клава і Яша, пачынаючы новы сшытак.

Па колькасці ачкоў наперадзе ішоў Бора Цыбук, ён выгнаў трыццаць восем ачкоў. Але па якасці ачкі Толі і Паўліка былі значнейшымі, хоць у іх абодвух разам не было трыццаці васьмі. А ўсе члены ТВТ агулам мелі за гэты перыяд сто дваццаць дзевяць ачкоў. З іх адзінаццаць прыпадала на школу, а рэшта на свае хаты.

Сярод хатніх ачкоў досыць цікавым было здарэнне са Стасем Кавальскім. Ён узяўся пачысціць гадзіннік-ходзікі, якія зусім спыніліся, відаць, ад пылу.

Бацькі членаў ТВТ за гэты час ужо прызвычаіліся, што іхнія дзеці ўсё могуць самі зрабіць. Таму Стасю не перашкаджалі.

Разабраў Стась гадзіннік, пачысціў, змазаў, а калі пачаў складаць яго, дык заблытаўся і не мог скончыць.

І нацярпеўся ж страху бедны хлапец! Але на тое і існавала ТВТ, каб выратоўваць сваіх сяброў з такіх становішчаў.

Андрэйка зараз жа зняў са сцяны свае ходзікі і панёс іх да Стася. Тут ужо, гледзячы на складзены гадзіннік, скончыць работу было няцяжка.

Больш за ўсё было пацехі, калі хлопчык рабіў «дзявоцкую» работу, а дзяўчынка «хлапецкую». Тут ужо сапраўды адбывалася «культурная рэвалюцыя», як казалі нашы рабяты. І калі Лёня ішоў па двары, дык суседзі паказвалі на яго пальцамі і казалі сваім дзецям:

— Бачыце гэтага хлапца? Ён сам сабе латае штаны, не турбуючы маткі. Добры, здольны хлапчук!

А на Клаву казалі:

— Гэтая дзяўчынка ўсё можа зрабіць. Яна і нажы вострыць, і табурэтку паправіць. Залатая дзяўчынка!

А бацькі, дык тыя проста нацешыцца не маглі з сваіх дзяцей.

— І адкуль усё гэта ўзялося? — казалі яны.— Часам сам нічога не ведаеш і не заўважаеш, а яно зірне, адразу знойдзе якую хібу і тут жа паправіць.

Нашы героі толькі ўсміхаліся, слухаючы ўсе гэтыя пахвалы. Вядома, кожнаму прыемна, калі яго хваляць, прыемна ведаць, што ты прыносіш карысць. Але тут, апрача ўсяго гэтага, вельмі цікава было здабываць «ачкі», або, як яны казалі, «паляваць» на іх. А колькі сёння ўдасца «злавіць»? А што прынясе «ў залік» яго таварыш? А колькі набярэцца за тыдзень, за месяц, за год? Дзе ні павернецца такі «паляўнік», ён ужо глядзіць на ўсё зусім іншым вокам.

Колькі часу, скажам, жыла Ніна ў сваёй кватэры і ніколі не ведала, што ў яе пад нагамі з падлогі трошкі высунулася плешка цвіка. Не ведаў гэтага і ніхто ў хаце, нават маці, якая, мыючы падлогу, не раз псавала аб гэты цвік шчотку ці анучку. А цяпер Ніна ўбачыла яго, прыстукнула — і падлога зрабілася гладкай.

Зірне такі «тэвэтэтавец» на шафу, а ў ёй дзверцы ўсё хочуць самі расчыніцца. Прымацуе якую скурку — і ўжо ўсё ў парадку.

Але трапілася і такое «ачко», якога нават уся арганізацыя ТВТ не магла ўзяць.

Убачыўшы, што дзеці так добра спраўляюцца з рознымі рамонтамі, Толева маці падсунула ім і дзіравы чайнік.

— Дзірачка зусім маленечкая,— казала маці.— Можа, вы здолееце запаяць?

— Наўрад,— адказаў Толя.— І паяльніка не маем, і як гэта робіцца, не ведаем.

— А вы паспрабуйце ўсёй сваёй кампаніяй.

Але і «ўся кампанія» не магла дапамагчы.

— Гэта работа падлягае § 3 статута ТВТ,— пастанавілі таварышы.— Але бліжэйшай нашай задачай будзем лічыць набыццё паяльніка і авалоданне тэхнікай паяння.

Калі ў дадзеным выпадку ТВТ павінна было толькі адступіць, дык у наступным яно пацярпела страшнае паражэнне.

Соня захацела памыць сабе бялізну. Што можна сказаць супраць гэтага? Палегчыць працу бацькоў — найважнейшы абавязак члена ТВТ.

Каб работа была дабраякаснай, Соня ўзяла хлоркі і распусціла ў вадзе. Зноў жа нічога асаблівага: маці заўсёды карыстаецца хлоркай, дзеля гэтага і прадаецца яна ў аптэках.

Памыла, павесіла сушыцца і тады толькі пахвалілася перад маткай сваёй работай.

— Добра, дачушка, вельмі добра! — расчулілася маці.

А калі бялізна высахла, то разлезлася на кавалкі!

Тады толькі выявілася, што гэта зрабіла хлорка.

— Яе ж трэба спачатку варыць,— крычала маці,— пакуль вада не зробіцца ружовай! Потым працадзіць і тады толькі ўліваць у ваду, ды і то калі паласкаць ужо трэба. Чаму ж ты не спыталася? Усё сама ды сама!

Гэтае здарэнне зрабіла моцнае ўражанне на ўсю арганізацыю ТВТ.

— І я гэтага не ведала, і я магла гэтаксама зрабіць! — сказала Ніна.

Ды і ўсе астатнія, апрача Клавы, не ведалі гэтага сакрэту.

— Хто б мог падумаць,— разважаў Яша,— што на самым другарадным участку мы пацерпім такое паражэнне? Але на памылках мы павінны вучыцца.

Пасля такога выпадку члены ТВТ зрабіліся больш асцярожнымі. Але, на шчасце, у іхняй практыцы больш няўдач не было.

Праз некаторы час нашы «паляўнікі» пачалі заўважаць, што ў хаце не хапае «здабычы».

Тады ўжо ўвага іх больш накіравалася на школу. А тут здабычы было колькі хочаш, бо заўсёды знаходзіцца больш ахвотнікаў пладзіць яе, як знішчаць.

Кіраўнікі школы яшчэ раней звярнулі ўвагу, што некаторыя вучні — Цыбук, Рагатка, Макейчык, Кантаровіч і яшчэ некалькі чалавек — неяк больш уважліва і свядома, чым іншыя, ставяцца да школьнай маёмасці. Яны не толькі нічога не псавалі, але дзе толькі заўважалі што якое, дык зараз жа самі і папраўлялі.

Калі не ў парадку якая-небудзь навучальная прылада, то ці Кавальскі, ці Бяспалаў, ці Саковіч навыперадкі бяруцца паправіць яе.

Калі каму-небудзь з іх трапіць бібліятэчная кніга з адарваным лістком, дык яны абавязкова яго ўклеяць.

Калі ў раздзявальні вываліцца калок ад вешалкі, то хто-небудзь з памянёных вучняў абавязкова ўсадзіць яго на месца.

На школьным двары, каля дзвярэй, пасля дажджу доўга заставалася лужына. Усім трэба было і так і гэтак перабірацца цераз яе, не раз траплялі нагой у ваду. А трошкі далей ляжала цэгла. Палажыць у лужыну цагліну здагадаўся толькі Кавальскі.

Вялікае ўражанне не толькі на кіраўнікоў, але і на ўсіх вучняў зрабіў учынак Андрэя Гуліса. Нейкім чынам у сцяне класа выкрышыўся кавалак тынку. Дзірка была невялікая, і ніхто не звяртаў на яе ўвагі. Але пры кожным страсенні вапна асыпалася і дзірка ўсё павялічвалася. І вось Андрэй захапіў недзе ў паперку разведзенай вапны, прынёс у клас і заляпіў гэтую дзірку.

Гэта было дасканалае ачко! Усе тэвэтэтаўцы зайздросцілі Андрэйку. Ды і ўсе іншыя вучні глядзелі на гэта са здзіўленнем і пашанай.

— Свядомыя вучні! — цешыліся настаўнікі.

Мы ўжо казалі, што нашы героі не гаварылі ў школе аб сваім таварыстве. Што ні кажы, а ёсць такі «недахоп» у дзяцей — любяць яны мець сваю «тайну». Хіба не цікава, калі на цябе глядзяць, дзівяцца тваім учынкам і не ведаюць, што ты не абы-які чалавек, а «тэвэтэтавец»? Але праз некаторы час здарыўся выпадак, які прывёў да выкрыцця тайны і да такіх змен, аб якіх ніхто з тэвэтэтаўцаў нават не думаў. І ўсё гэта праз Цыбука.

Буян Карачун, дурэючы, адарваў палку, да якой была прымацавана табліца метрычных мер. Аб гэтым зараз жа даведаўся дзяжурны настаўнік і загадаў Карачуну паправіць табліцу.

— Ды гэта зусім не я! — пачаў адмаўляцца Карачун.— Я яе і не чапаў. Усе бачылі.

— Ён! Ён! — пачуліся галасы.

— Нічога падобнага! Гэта яны са злосці на мяне!..

Пачаўся шум.

Настаўнік, нарэшце, зноў катэгарычна загадаў Карачуну паправіць табліцу.

Тады падышоў Цыбук і кажа:

— Дайце я папраўлю!

Карачун скарыстаў гэта і крыкнуў:

— Я ж казаў, што не я! Гэта ён!

Цыбук вылупіў вочы ад здзіўлення.

— Зусім не я! — сказаў ён.

— А чаму ж ты бярэшся правіць? — крыкнуў яму Ярошка, прыяцель Карачуна.

— Гэта Цыбук! — настойваў Карачун.— Усе бачылі!

— Не, гэта Карачун! — закрычалі навокала.— Цыбука нават тут не было!

Настаўнік паглядзеў з дакорам на Карачуна і паківаў галавой:

— Няўжо ты канчаткова страціў сорам?

— Сапраўды не я! — плаксівым голасам залямантаваў Карачун.— Ён жа сам і паправіць хоча.

Настаўнік не ведаў, што і думаць. Паглядзеў на Цыбука і сказаў:

— А можа, і сапраўды ты? Тады кажы.

— Ды не! — з абурэннем адказаў Цыбук.

— Чаму ж тады бярэшся правіць?

— Ці не ўсё роўна, хто паправіць? — сказаў Цыбук.— Пакуль ідзе гэты разбор, можна было і паправіць.

Настаўнік паціснуў плячыма і выйшаў.

У настаўніцкай ён расказаў аб гэтым здарэнні, і ўсе настаўнікі доўга ламалі галаву, што б гэта магло значыць? Па ўсяму было відаць, што зрабіў гэта не Цыбук. А чаму ж тады ён узяўся правіць? Ды яшчэ замест Карачуна, які на яго ж хацеў узвесці паклёп.

Пакуль што справа засталася нявысветленай. Але ненадоўга.

...Андрэй Гуліс і Бора Цыбук вярталіся дахаты. Па дарозе ім трэба было ісці каля вялікай новабудоўлі, абгароджанай высокім плотам. Каля плота быў зроблены часовы драўляны тратуар, або, лепш сказаць, масткі. На калодках былі прыбіты дошкі, і калі па іх ішлі, то яны выгіналіся і калыхаліся. Ад гэтага выгінання ў дошках адбыліся некаторыя змены, што прывяло да незвычайных падзей, у якіх давялося прыняць удзел і Барысу з Андрэем.

Пачалося з таго, што насустрач бег хлапчук, зачапіўся за нешта і бразнуўся на дошкі. Хлопцы засмяяліся. Хлапчук падняўся на ногі, злосна зірнуў на іх і, крыкнуўшы: «Чаго рагочаце?», пабег далей. Тады нашы хлопцы заўважылі, што з дошкі вытыркаецца вялікі цвік. У гэты момант адзін дзядзька так садануў яго наском бацінка, што заскакаў на адной назе і ледзь-ледзь не зваліўся. Падняў нагу, паглядзеў — і злосна вылаяўся:

— Чорт ведае што такое!

Пры чым тут быў чорт — невядома, але факт быў прыкры: падэшва адарвалася і бацінак разявіў рот.

Прыпыніліся некалькі прахожых і пашкадавалі бацінак.

— Трэ было б забіць гэты цвік,— сказаў Андрэй.

— Пачакаем крыху,— стрымаў яго Цыбук.— Цікава!

І хлопцы засталіся глядзець далей.

Вядома, не кожны чалавек трапляў на цвік.

Калі ж на мастках засталася толькі адна бабулька з кошыкам у руках, то хлопцы зусім страцілі цікавасць і пачалі шукаць каменя, каб убіць ім цвік.

Тым часам з другога боку набліжаўся чалавек. Гэта быў хлапец гадоў дваццаці, і крочыў ён з такой хуткасцю, якой хапіла б не толькі, каб адарваць падэшву, але нават і нагу.

Не паспелі Андрэйка з Борам знайсці камень, як хлапец ужо трапіў на цвік і рынуўся носам наперад так, што збіў з ног жанчыну з кошыкам, а пад ногі Андрэя пасыпаліся яйкі.

Хлопчыкі падрыхтаваліся былі смяяцца, але ўбачылі, што справа выйшла не смешная, а прыкрая.

Бабулька загаласіла на ўсю вуліцу; нейкі чалавек затрымаў хлапца, патрабуючы плату за яйкі; той даказваў, што ён не вінаваты; вакол іх сабраліся разявакі, потым падышоў міліцыянер...

— Вось што нарабіў пракляты цвік! — злосна сказаў Цыбук.

— І мы самі вінаватыя,— адказаў яму Андрэй.— Каб мы не чакалі ды адразу ўвагналі яго, то нічога гэтага не было б.

І хлопчыкі сапраўды адчулі сябе вінаватымі. Сапраўды, не было б гэтай бяды, каб яны адразу прыбілі ці загнулі цвік. І, не чакаючы, чым скончыцца ўся справа, яны закалацілі яго каменем.

Сярод мітусні ніхто не заўважыў, што нейкія два хлапчукі зрабілі вялікую справу. І самі яны не ведалі, што зрабілі вялікі крок наперад у гісторыі развіцця Таварыства ваяўнічых тэхнікаў. Яны зрабілі не хатнюю справу, як сказана ў § 1 статута ТВТ, і не школьную, як сказана ў § 4, а справу агульна-грамадскую, пра якую ў статуце пакуль яшчэ нічога не было сказана.

 

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ, самы сур’ёзны, бо ў ім падрабязна апісваецца пырскаўка, гаворыцца аб рэарганізацыі ТВТ, аб тым, як важаты хацеў нешта сказаць, ды не сказаў, і нарэшце — як сам дырэктар зарабіў ачко.

 

Незразумелыя паводзіны Цыбука ў справе з Карачуном асабліва зацікавілі важатага. Ён захацеў высветліць гэтае пытанне і на другі ж дзень паклікаў Цыбука.

— Скажы шчыра, ты папсаваў учора табліцу, ці не?

— Ды ўсе ведаюць, што гэта Карачун!

— Праўда?

— Чэснае піянерскае?

— Добра. А ты сябруеш з Карачуном?

— З такім я сябраваць не жадаю!

— Чаму ж тады ты захацеў паправіць табліцу замест яго?

Цыбук крыху замяўся.

— Кажы чаму? — паўтарыў важаты.

— Ды так,— адказаў Цыбук, гледзячы некуды ўбок.

— Ты нешта ўтойваеш. Кажы праўду.

— А хіба нельга гэтага рабіць? — усміхнуўся Цыбук.

— Ты не выкручвайся. Мы ж усе ведаем, што справа гэта вельмі добрая, за гэта толькі хваліць цябе трэба. Але яна незразумелая для нас. Ну, скажы шчыра. Няўжо ж хацеў выручыць Карачуна, які на цябе хлусіў?

— Ды не! — хуценька адказаў Цыбук.

— Ну, дык чаму?

Цыбук памаўчаў, потым сарамліва ўсміхнуўся і ціха сказаў:

— Я хацеў зарабіць ачко.

— Ачко? Якое ачко? Што гэта такое? — здзівіўся важаты.

Тады Цыбук расказаў яму ўсю гісторыю арганізацыі і дзейнасці ТВТ, уключаючы і ўчарашняе здарэнне на вуліцы.

Важаты і дзівіўся, і смяяўся, і хваліў, і нарэшце крыкнуў:

— Ды гэта ж вельмі цікавая і карысная рэч! Чаму ж вы хаваліся? Мы, брат, гэтую справу паставім яшчэ шырэй. Мы арганізуем некалькі дасканалых «аптэчак» і нават «аптэк». Мы выйдзем на паляванне за межы нашай хаты і школы. Праз пару дзён мы збяромся і абмяркуем усю гэтую справу.

...Пасля абеду быў дождж, і на тратуары каля дзвярэй школы пачала дзейнічаць «пырскаўка». Прылада гэтая раней была вельмі пашырана ў многіх гарадах. На кожнай вуліцы, у кожным квартале абавязкова была такая штука. Але цяпер яна сустракаецца значна радзей, бо ўсюды пайшлі асфальтавыя тратуары, а ў іх пырскаўкі звычайна не робяцца. Яны захаваліся на плітачных і драўляных тратуарах.

А пакуль каля школы асфальтавага тратуара яшчэ не было, пырскаўка захавалася і дзейнічала спраўна, асабліва ўвосень.

Зроблена гэтая прылада вельмі проста: заўсёды бывае, што якая-небудзь плітка ў тратуары расхлябаецца, разбоўтаецца і апускаецца адным бокам, калі на яе ступіш нагой. А калі пад пліткай будзе вада, то яна вельмі цікава пырсне. Вось і ўся механіка.

Новыя пырскаўкі дзейнічаюць вельмі слаба, б’юць невысока. Але з кожным струменем вады з-пад пліткі выкідаецца зямля, ямка робіцца ўсё глыбейшай, плітка набывае большы размах — і тады ўжо спорныя струмені вады б’юць не горш за ісландскія гейзеры.

Самымі лепшымі пырскаўкамі лічацца тыя, якія маюць нахіл у сорак градусаў. Калі вугал нахілу будзе большы, чалавек рызыкуе вывіхнуць нагу. Калі ж такі выпадак здараецца, плітку звычайна замацоўваюць — пырскаўка перастае існаваць.

Школьная пырскаўка мела нахіл у трыццаць восем з паловай градусаў, гэта значыць, вугал яе набліжаўся да найлепшай, або, як кажуць вучоныя, аптымальнай велічыні.

Таму яна працавала з поўнай нагрузкай.

Вынікі залежалі ад таго, якой нагой на яе ступіць. Калі трапіць левай нагой (ідучы з цэнтра горада), тады вада пырсне на сцяну школы. А калі правай — то вада апырскае тваю ж левую нагу.

Тады чалавек скажа «чорт» і пабяжыць сабе далей.

Зусім іншая рэч, калі ўвесь струмень трапіць на другога чалавека. Тады паміж імі пачынаецца прыблізна такая размова:

— Прашу асцярожней, грамадзянін.

— Гэта ад мяне не залежыць, паважаны таварыш.

— Трэба мець вочы.

— Трэба мець розум.

У залежнасці ад характару прахожых словы маглі быць і больш і менш далікатныя, але ўвогуле непрыемныя.

У часе дажджу такія гутаркі ішлі тут досыць часта, і вучні слухалі іх з цікавасцю. А яшчэ больш падабалася ім наўмысля пырскаць адзін на аднаго. Тады ўжо справа даходзіла да боек.

Каб тратуар быў наогул дрэнны, разбураны, тады той, каму гэта належыць, пэўна заўважыў бы і паправіў яго. А тут, як на тое ліха, тратуар быў зусім добры, цэлы, а расхлябалася ўсяго толькі адна плітка, ды і тая мела вельмі прыстойны выгляд. Дзе тут было заўважыць яе?

Толькі пільнае вока члена ТВТ магло заўважыць, ды і то толькі сёння, калі пайшоў дождж. І нават не адно вока, а цэлых восем адразу.

З іх два належалі Цыбуку. Рабяты заўважылі плітку, калі ішлі на сход, скліканы важатым.

Апрача нашых тэвэтэтаўцаў, ён запрасіў яшчэ чалавек дваццаць з піянерскага актыву. Зацікавіліся і настаўнікі, не кажучы ўжо пра дырэктара.

Калі прыйшоў дырэктар, то ўсе звярнулі ўвагу, што паліто на ім аж да пояса было запэцкана гразёю.

— Дзе гэта вы так выкупаліся, Антон Іванавіч? — спытаў яго настаўнік геаграфіі.

Антон Іванавіч агледзеў сябе і буркнуў:

— Гэта нехта апырскаў мяне на тратуары.

Цыбук насцярожыўся. А што, калі дырэктар скажа, каб паправілі плітку? Тады прапала цікавае ачко. Трэба спяшацца, пакуль не позна.

І Цыбук ціхенька выйшаў з класа.

Ён ведаў, што недзе ў кутку пад сходамі ёсць сухі пясок. Набраў яго ў крысо і выйшаў на вуліцу. Дождж толькі пыліў, ды са стрэх капала. Апошні раз націснула пырскаўку прахожая жанчына...

Цыбук адкінуў плітку, насыпаў пад яе пяску, палажыў плітку назад — і пырскаўка спыніла сваё існаванне. Памыў рукі пад вадасцёкавай трубой, выцер аб штаны і вярнуўся ў памяшканне.

— Запішы мне ачко! — шапнуў ён Андрэю.

— Якое?

— На тратуары плітку паправіў, каб не пырскала.

— Дзе? — адчуваючы нядобрае, спытаўся Андрэй.

— Ды на вуліцы, каля дзвярэй.

— Калі ж ты паправіў? — ужо голасна крыкнуў Андрэй.

— Ды толькі што.

— Не можа быць! — ускочыў Андрэй.

— Паглядзі сам,— спакойна сказаў Цыбук.

— Ах, каб цябе качкі затапталі! — з вясёлым смехам сказаў Андрэй.— Я ж сам гэта думаў зрабіць!

Далучыліся іхнія таварышы, і тут высветлілася, што і Паўлік, і Клава таксама цалялі ў гэтую пырскаўку, але не хацелі пэцкацца цяпер, пакуль ідзе дождж.

Кожны меркаваў зрабіць гэта заўтра, а Цыбук узяў ды і перахітрыў іх усіх.

Старэйшыя заўважылі рух сярод вучняў.

— Што такое ў вас здарылася? — спытаў дырэктар.

— Мы паправілі на тратуары плітку, якая пырскала,— адказаў Цыбук.

Тэвэтэтаўцы зірнулі адзін на аднаго з задавальненнем: малайчына Цыбук! Сам гэта зрабіў, сам ганяецца за ачкамі, каб сабе самому больш набраць, а цяпер гаворыць «мы», выступае ад імя ўсяго ТВТ, падтрымлівае гонар усёй арганізацыі. Глядзі, які ён!

— Калі ж гэта вы паспелі зрабіць? — спытаў важаты.

— Ды толькі што Цыбук выходзіў і паправіў,— адказаў Андрэй.

— Гэта тую самую плітку, што апырскала Антона Іванавіча? — хітра ўсміхаючыся, перапытаў важаты.

— Тую самую! — адказалі яму.

Дырэктар шчыра засмяяўся і звярнуўся да настаўніка геаграфіі:

— Ну, што вы скажаце, Сяргей Паўлавіч? Відаць, прыйдзецца і нам з вамі запісацца ў ТВТ. А то, як бачыце, мы адсталі ад іх.

— Ды ўжо прыйдзецца,— адказаў Сяргей Паўлавіч.— Толькі ці прымуць яны нас?

— Прымем! — адказалі тэвэтэтаўцы, адчуваючы гордасць, што іх выдумка заслужыла такую ўвагу.

— А пакуль што,— сказаў Антон Іванавіч,— мы абмяркуем гэтую справу ў больш шырокім маштабе і, калі згодзіцеся, прапануем некаторыя змены ў вашым статуце.

Старшынёй сходу быў важаты. Ён пачаў расказваць усю гісторыю ТВТ. Казаў ён так дакладна, з такім захапленнем, што прысутныя гатовы былі падумаць, нібы ён сам дадумаўся і арганізаваў усю гэтую справу і быў самым заядлым тэвэтэтаўцам.

А калі ён вызначыў далейшы шлях ТВТ, то дзесяць заснавальнікаў гэтай арганізацыі толькі здзіўлена пазіралі адзін на аднаго і думалі: «Бач, якая штука выходзіць!»

Потым важаты ўнёс папраўкі і дапаўненні да статута. Першы пункт ён прапанаваў такі:

 

«Кожны член Таварыства ваяўнічых тэхнікаў глядзіць гаспадарчым вокам на ўсё, што бачыць вакол сябе, і кожную шкоду і непаладкі, якія ён можа выправіць сам,— зараз жа выпраўляе. Калі сам зрабіць не можа, то звяртаецца за дапамогай да таварышаў або паведамляе, каму належыць».

 

— Гэта будзе тое самае, што і ў вас,— растлумачыў важаты,— толькі трошкі шырэй. Тут не гаворыцца асобна пра хату і пра школу, а сказана наогул, значыцца, і пра нашы хаты. Не гаворыцца тут і пра рамонт, бо ёсць такія шкодныя дробязі і непаладкі, пра якія нельга сказаць, што яны патрабуюць рамонту. Напрыклад, нядаўна ў нашай школе быў такі выпадак: нехта не закруціў водаправодны кран, вада цякла сабе і цякла, а за гэты час міма прабегла чалавек пяць, і ніхто з іх не спыніў ваду. Я не думаю, каб хто свядома не хацеў закруціць кран. Яны проста не ўмелі бачыць, як гэта ўмеюць тэвэтэтаўцы.

— А такое ачко будзе лічыцца? — спытаў Цыбук.

— Якое? — не зразумеў важаты.

— За кран,— адказаў Цыбук.

Нібы гром пракаціўся па класе. Смяяліся ўсе — і вучні, і настаўнікі, і дырэктар. Цыбук засаромеўся. Калі смех сцішыўся, важаты сказаў Цыбуку:

— А табе ўсё рупяць ачкі? Ну што ж, справа нядрэнная. Адкажам мы табе, калі прымем яшчэ адзін пункт, вось гэты:

 

«Кожны член ТВТ павінен памятаць, што ў яго дзейнасці няма дробных, нявартых спраў. Кожная карысная дробязь у агульнай масе складае вялікую вартасць».

 

— Вось цяпер і мяркуйце, ці залічваць Цыбуку ачко за кран, ці не,— звярнуўся важаты да сходу.

Піянеры ўсміхаліся і маўчалі: хто яго ведае, як тут быць?

— Ну, што скажаце? — зноў спытаў важаты.

Тады ўстаў Толя і сказаў:

— Хоць у нас такога пункта запісана не было, але мы меркавалі таксама: калі справа карысная, то ўсё роўна, дробная яна ці не.

— Правільна! — сказаў дырэктар.

Цыбук павесялеў, задраў нос і пазіраў на таварышаў так, нібы хацеў сказаць: «А што?»

— Я не запісвала б, што закруціла кран,— прамовіла Клава з месца.

— Гэта ўжо твая асабістая справа,— сказаў важаты.— А калі хто захоча, навошта яму адмаўляць. Ачкоў у нас хопіць, грошы за іх плаціць не трэба.

— Тады адзін набярэ многа ачкоў за дробязі, а другі адно ачко за важную работу,— сказаў Паўлік.

— Во як вы ставіце пытанне! — здзіўлена прамовіў важаты.— Тады, калі хочаце, за больш важную работу налічыце больш ачкоў. А наогул я павінен сказаць, што справа тут не ў ачках і, калі хочаце ведаць, нават не ў той маленькай карысці, якую вы зробіце цяпер, а...

Ён глянуў на дырэктара і спыніўся.

— А ў чым? — спытаўся Яша.

— Пасля скажу,— адказаў важаты.

— Чаму?

— Потым цікавей будзе.

— Калі?

— Праз некаторы час.

— Цяпер скажы, цяпер,— пачаліся просьбы.

— Пацярпіце крыху, скажу, як прыйдзе час,— адказаў важаты, відаць, шкадуючы, што закрануў гэтае пытанне.

Шкадуем і мы, што не ведаем, якое гэта пытанне.

Выручыў Сяргей Паўлавіч,— ён папрасіў слова. Вучні адразу сцішыліся. Сяргей Паўлавіч устаў і сказаў:

— Вось тут некаторыя з вас выказаліся зняважліва аб дробязях. Дарэмна так думаеце. Калі адна мыш — не бяда, то сто мышэй — няшчасце. Ды што там сто! — часам і адна дробязь бывае горш за сто. Я ведаю выпадак, калі чалавек загінуў ад маленькага кавалачка яблыка, які быў кінуты на падлогу. Чалавек ступіў на яго, паслізнуўся ды так стукнуўся аб рог стала ці печкі, што праз гэта і памёр. Вось табе і дробязь. Многія з нас не звяртаюць увагі на дробязі, бо ў кожнага ёсць больш важныя справы, пра якія яму прыходзіцца думаць. У гэтым наша бяда. А яшчэ горшая бяда, калі чалавек думае: гэта мяне не датычыцца. Рэшткі гэтай страшнай хваробы яшчэ захаваліся ў нас ад старых часоў, калі кожны думаў толькі пра сваё. Калі ў вас у раздзявальні абарвецца і зваліцца на зямлю чыё-небудзь «чужое» паліто, то некалькі чалавек пройдуць міма, пакуль хто падыме. Калі хлапчук на вуліцы псуе дрэва, то часам пройдуць міма чалавек дзесяць і не спыняць хлапчука, бо гэта «не іх справа». Тысячы такіх дробязей усім нам псуюць жыццё. Гонар вам і слава, што вы першыя падняліся на вайну супраць дробязей. Жадаю вам навучыцца бачыць іх, а яшчэ важней — ніколі не думаць: «Гэта не мая справа».

Цёплая і шчырая прамова зрабіла на дзяцей моцнае ўражанне, а тэвэтэтаўцы ў поўнай меры адчулі «гонар і славу».

Важаты ўнёс яшчэ адзін пункт у статут:

 

«Член Таварыства ваяўнічых тэхнікаў не павінен глядзець на сваю дзейнасць, як на працу, нагрузку. Ён робіць толькі тое, што можна зрабіць лёгка і з ахвотай».

 

Па гэтаму пункту выступіў Антон Іванавіч.

— Я,— сказаў ён,— звяртаю асаблівую ўвагу на гэты пункт. Вы распачалі гэтую справу, як гульню, і няхай яна застанецца гульнёй. Вы не можаце браць на сябе абавязак сачыць за парадкам усюды, усюды выпраўляць непаладкі, траціць на гэта час. У вас ёсць свая асноўная работа — вучоба, ёсць і іншыя абавязкі. Хай новая работа будзе для вас толькі цікавай гульнёй, замест якой-небудзь іншай бескарыснай гульні. А потым мы ўбачым, што з гэтага выйдзе.

Калі пасля сходу ўсе накіраваліся да дзвярэй, дырэктар раптам падышоў да класнай дошкі, схіліўся і... падняў з падлогі кавалак крэйды.

— Запішыце мне ачко,— весела сказаў ён.— Я лічу гэту работу карыснай, бо крэйду вы маглі растаптаць, раскрышыць, у класе было б больш пылу, падлога запэцкалася б, прыбіральшчыца мела б лішнюю працу і прапаў бы патрэбны кавалак крэйды.

— Вось вам і дробязь! — сказаў Сяргей Паўлавіч.

Вучні ў захапленні запляскалі рукамі.

 

РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ, зусім незвычайны, бо тут дзеці соваюць нос не ў свае справы, людзі думаюць наадварот, а пра адну гісторыю нават у газеце было надрукавана.

 

Праз некаторы час жыхары горада сталі заўважаць, што ў розных месцах пачалі з’яўляцца нейкія дзеці, якія соваюць свой нос куды ім не трэба. А калі ўмешваўся дарослы, то выходзіла зусім наадварот.

Ідзе, скажам, паважны дзядзька па вуліцы і бачыць — двое хлопчыкаў поркаюцца ля паштовай скрынкі, засоўваюць туды пальцы, нават трэсачкі.

— Вы што тут робіце? — крычыць ён.— Лісты цягаеце?

— Ды не,— адказваюць хлопчыкі,— наадварот: скрынка паўнюткая і лісты вывальваюцца адтуль. Мы іх засоўваем далей.

— Ведаем, як вы засоўваеце,— бурчыць дзядзька.— Ідзіце прэч, не чапайце!

— Ды гляньце, во адзін канверт зусім вываліцца хоча.

І хлопчык засунуў яго назад. Глядзіць дзядзька на хлопчыкаў і не ведае, што думаць. Калісьці ён сам быў маладым і, дурэючы, засоўваў у скрынкі непатрэбныя рэчы. А тут выходзіць — наадварот. Дзіўна!

Або бачыць міліцыянер — малы хлапчук варочае перакуленую урну па тратуары. Міліцыянер крычыць:

— Ты навошта паваліў урну? Пастаў на месца!

— Я ж яе і стаўляю,— спакойна адказвае хлопчык.— Яна была перакуленая.

— Сам стаўляеш? — дзівіцца міліцыянер.

І было чаго яму дзівіцца: не адзін год ён сочыць за парадкам, не адзін раз даводзілася яму крычаць вось на такіх самых хлапчукоў, якія знарок паваляць урну ці яшчэ якую штуку зробяць, а каб хто з іх сам здагадаўся што-небудзь паправіць,— такога выпадку міліцыянеру бачыць яшчэ не здаралася.

Ішлі раз два тэвэтэтаўцы па невялікай ціхай вуліцы, абсаджанай дрэвамі. Моцны вецер шумеў у гэтых дрэвах і разгойдваў галіны. Раптам над галавой пачуўся трэск. Спыніліся хлопцы, задралі галовы — нічога не відаць. Ступілі крок далей — зноў трэск. Азірнуліся — таксама нічога няма. Але тут наляцеў вецер, і тады хлопцы не толькі пачулі, дзе трэск, але і ўбачылі сярод галін страшэнныя электрычныя іскры.

— Гэта провад дакранаецца да галіны,— сцямілі хлопцы.— Трэба адламаць яе. Добрае будзе ачко.

Адзін з іх палез на дрэва, другі застаўся ўнізе. Калі да ветру далучыўся яшчэ рух хлопца, то затрашчала і заблішчала так, што не толькі хлопцу на дрэве, але і таму, што быў унізе, зрабілася страшна. У гэты час з дому выйшаў стары дворнік. Ён адразу ўбачыў іскры і двух хлопцаў.

— Што вы робіце, хуліганы?! — закрычаў ён, падбег да дрэва, ухапіў хлопца за плячо і крыкнуў уверх: — Ану, злазь, я табе пакажу!

Абодва хлопцы пачалі тлумачыць, у чым справа, але стары і слухаць не хацеў. Ці мала чаго нагавораць гэтыя свавольнікі? Ён сваімі вачыма бачыў, што яны робяць, ведае ён такіх.

Выйшлі з дому яшчэ людзі, прыпыніліся некалькі прахожых, хлопчык злез з дрэва — і пачаўся разбор справы...

Дворнік і слухаць не хацеў ніякіх тлумачэнняў, іншыя людзі таксама глядзелі на хлопцаў скоса. Становішча небаракаў рабілася вельмі непрыемным.

Нечакана яны пачулі пытанне:

— Ці не тэвэтэтаўцы вы?

Пытаўся пажылы чалавек, які толькі што падышоў.

— Але, але,— адказалі хлопцы.

Чалавек лагодна ўсміхнуўся і сказаў дворніку:

— У такім разе адпусціце іх і падзякуйце.

— А што гэта за тэтаўцы? — здзіўлена спытаў дворнік.

— Гэта лепшыя нашы дзеці, якія на кожным кроку робяць карысць,— адказаў чалавек.— Яны не маняць. Яны вось адламалі галіну, якую даўно ўжо трэба было адламаць вам самім.

Хлопцы пайшлі далей, радуючыся, што знайшоўся чалавек, які ведаў, што такое тэвэтэтаўцы.

— Гэта, пэўна, настаўнік,— парашылі яны.

І яны не памыліліся: гэта сапраўды быў настаўнік, хоць і не іхняй школы. Зусім зразумела, што настаўнікі іншых школ пра гэтую справу ведалі. Але асноўная маса жыхароў яшчэ не ведала, таму «незвычайныя» ўчынкі нашых тэвэтэтаўцаў на кожным кроку дзівілі народ.

...Летні дзень. У гарадскім скверы сядзяць на лаўках людзі. Многа жанчын з малымі дзецьмі. Кожная сочыць, каб яе дзіця не адышлося далёка, не палезла на клумбу з кветкамі. Калі часам малое падпаўзе і вырве кветку ці зробіць на клумбе ямку, то маці сама выпраўляе шкоду.

З адным мужчынам быў сямігадовы хлопчык, які вывернуў два белыя камяні, якімі была абкладзена клумба. Бацька строга крыкнуў на сына і прымусіў яго сваімі рукамі паставіць камяні на месца.

Раптам аднекуль выскачыў дванаццацігадовы хлапец, з разгону ўзбіўся на клумбу і вывернуў нагамі пук кветак. Некалькі чалавек з публікі крыкнула:

— Куды лезеш? Клумбу псуеш!

Хлапец пабег сабе далей, публіка засталася сядзець сабе на лавах, а вывернутыя кветкі засталіся ляжаць сабе на зямлі. Тады да клумбы падыходзіць адна дзяўчынка і старанна садзіць кветкі назад. Людзі пачалі хваліць дзяўчынку так, нібы яна зрабіла нешта зусім незвычайнае. А для дзяўчынкі справа гэтая была зусім звычайная, бо гэта была Клава Макейчык, член ТВТ.

Чаму ж так здзівіліся людзі? Толькі што жанчына таксама пасадзіла назад кветку, а хлопчык паставіў на месца камяні — і ніхто не звярнуў на гэта ўвагі. Кожны лічыў, што так і павінна быць.

А калі тое самае зрабіла Клава, то ўсе вельмі здзівіліся і пачалі аж занадта хваліць.

Чытач, мусіць, ужо здагадаўся, у чым тут сакрэт: жанчына выправіла тое, што зрабіла ЯЕ дзіця, хлопчык выправіў тое, што зрабіў ЁН САМ, а Клава выправіла тое, што зрабіў НЕХТА ДРУГІ. А самае галоўнае — зрабіла сама, па сваёй ініцыятыве. Вось гэта і было тое новае, «незвычайнае», да чаго яшчэ людзі не прывыклі. Вось чаму людзі звярталі на такія факты асаблівую ўвагу і часта аб іх расказвалі. І цяпер, на скверы, адна жанчына расказала другой пра падобны выпадак.

— Гэта было зімой,— казала яна,— у халодны сухі дзень. Дзьмуў моцны вецер. Я стаяла на вуліцы, чакаючы трамвая. Міма праходзіла дзяўчынка гадоў адзінаццаці, вучаніца, з кнігамі. Сумка яе вісела на локці, а рукі былі схаваны ў муфце. Недалёка ад мяне яна спынілася і пачала прыглядацца да чагосьці на зямлі. Там ляжала нейкая жалезная рагуліна. Дзяўчынка некаторы час стаяла над ёй і нібы нешта абдумвала. Здавалася, яна хоча падняць гэтую рагулю, ды баіцца вымаць рукі з муфты і брацца за халоднае жалеза. Крыху пастаяўшы, яна нарэшце нахілілася і ўзяла яго. Я з цікавасцю сачыла за ёю: навошта ёй гэтая нязграбная жалязяка? Халоднае жалеза, відаць, апякло ёй руку, але дзяўчынка, сцяўшы зубы, падняла яго, аднесла ўбок і... кінула. Мяне гэта так зацікавіла, што я падышла да яе і спыталася:

— Навошта ты падымала гэтую жалязяку?

— Яна надта шкодная,— адказала дзяўчынка: — Калі на яе трапіць машына, то праколе шыну.

Прыгледзелася я да рагуліны і ўбачыла, што яна сапраўды шкодная: моцная, калючая. Шыну яна, безумоўна, пракалола б. Прызнаюся, мне зрабілася нават сорамна. Мне не толькі не прыйшло б у галаву адкінуць гэтую жалязяку, але я і не заўважыла б яе, каб не гэтая дзяўчынка. Якая свядомасць, якое руплівае вока ў такой малой! Эх, каб усе былі такімі!

— Усе дзеці? — перапытала другая жанчына.

— А чаму ж не? — адказала першая.

— Я думаю, і нам з вамі не пашкодзіла б,— усміхнулася другая.

— І як яшчэ! — усклікнула першая.— Ды толькі не маем мы гэтай прывычкі: ніхто нам у свой час не падказаў.

Недалёка сядзела яшчэ адна жанчына і з цікавасцю прыслухоўвалася да гутаркі. Нарэшце яна сказала:

— Вы, як відаць, зацікавіліся дзецьмі, якія дзівяць людзей сваімі ўчынкамі. Магу вам сказаць, што і мой сын належыць да іх.

Абедзве жанчыны жвава павярнуліся да яе і сказалі:

— Гэта робіць вам гонар. Нядужа такіх бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей у гэтым кірунку. Звычайна нікому з нас не прыходзіць у галаву такая рэч.

Жанчына засмяялася:

— Павінна вам сказаць, што і нам гэта не прыходзіла ў галаву. Гэта яны самі ў школе і піянерскім атрадзе выдумалі такую штуку. Арганізавалі нейкае Таварыства ваяўнічых тэхнікаў, або скарочана ТВТ, і завуць сябе тэвэтэтаўцамі. З таго часу ў нашым доме дзе толькі трэба што-небудзь дробнае зрабіць ці паправіць — сын наш зараз жа зробіць сам. Ды яшчэ з гвалтам дамагаецца, каб ніхто іншы, апрача яго, не зрабіў. Тое самае яны робяць і ўсюды, дзе можна, гуляючы...

У гэты час каля іх па дарожцы з крыкам і смехам прабегла трое хлопцаў. Першы з іх падбег да адной вольнай лаўкі, ля якой на траве ляжала хустачка, падняў яе і крыкнуў:

— Ёсць ачко!

Таварышы яго пачалі смяяцца:

— Якое ж гэта ачко? Ты сам сабе набыў хустачку. Не панясеш жа яе ў міліцыю. І ніхто не пойдзе туды пытацца яе.

Першы хлопчык, відаць, збянтэжыўся.

— А можа, хто знойдзецца? — прамовіў ён, а потым падняў хустачку ўгору і крыкнуў на ўвесь сквер: — Гэй, чыя хустачка?

Адна дзяўчынка, якая выходзіла ўжо са сквера, азірнулася і прызнала сваю хустачку. Аддаўшы ёй знаходку, хлапец павярнуўся да таварышаў і сказаў:

— Ага! Запішыце ачко.

Тры нашы жанчыны з цікавасцю сачылі за гэтай сцэнай. Дзве з іх нічога не разумелі, а трэцяя сказала:

— Вось вам і тэвэтэтаўцы.

— А пры чым тут нейкае ачко?

— Гэта яны налічваюць сабе ачко за кожную карысную справу. Вядома, дзеці.

Так паступова тэвэтэтаўцы рабіліся вядомымі за межамі сваёй сям’і і школы.

Але гэта быў толькі пачатак, і большасць людзей усё яшчэ не ведала іх і на кожным кроку дзівілася незвычайным учынкам нейкіх незвычайных дзяцей.

Нарэшце раскажам яшчэ адну цікавую гісторыю, якая трапіла нават у газету. Але, на жаль, галоўны герой яе застаўся невядомым, нават ніхто не ведаў, што гэта быў тэвэтэтавец. А справа была такая.

Ля ўвахода ў гарадскі парк культуры і адпачынку ёсць невялікі драўляны мост. Нядаўна гэты мост рамантавалі. І адзін з майстроў па нядбайнасці не загнуў востры канец цвіка, які вытыркаўся са слупка акурат у тым месцы, дзе праходзяць людзі. Каб ведаў майстар, што з гэтага выйдзе, ён бы ночы не спаў ад пакутаў сумлення. Можа, ён пазней і даведаўся, можа, сапраўды ночы не спаў, але мы гэтага не ведаем, таму нічога сказаць не можам.

На гэтым месцы на працягу гадзіны адбылося шмат жудасных падзей.

Адзін заклапочаны, сур’ёзны чалавек зачапіў за цвік рукой і падрапаў яе да крыві. Спыніўся, паглядзеў на руку, на цвік, буркнуў: «Ну і работа!» — і пайшоў, выціраючы кроў хусцінкай. Усё абышлося ціха.

Зусім інакш было, калі за цвік зачапілася дзяўчына і падрала сваю святочную шаўковую сукенку. Ішла яна ў парк з маладым чалавекам на гулянне — і вось якое няшчасце! Спачатку яна войкнула, потым засаромелася і нарэшце заплакала.

Малады чалавек падышоў да цвіка, памацаў яго і крыкнуў з абурэннем:

— Гэта ж шкодніцтва! Пакідаць такі цвік у публічным месцы!

Прыпынілася некалькі прахожых. Яны спачувальна пазіралі на дзяўчыну і таксама абураліся:

— За такую нядбайнасць трэба пад суд аддаваць тых, хто гэтак робіць!

— Не толькі іх, але і тых, хто павінен сачыць за парадкам!

— Чаго начальства глядзіць?

— Нехта ж павінен адказваць!

— У газету трэба напісаць!

Адным словам, абурэнне было агульнае. І спачуванне дзяўчыне было агульнае. Але дзяўчына замест гуляння павінна была ісці дахаты...

Людзі разышліся. Некаторы час усё было спакойна, калі не лічыць двух смешных выпадкаў. Так, адна жанчына зачапілася за цвік вялікай хусткай. Калі яе тарганула ззаду, яна павярнулася і крыкнула хлапцу, што ішоў следам за ёй:

— Асцярожней, малады чалавек! Што за жарты?

Той здзівіўся:

— Чаго вы, грамадзянка? Я вас не чапаю.

Тут высветлілася, што пажартаваў не хлопец, а цвік, і грамадзянка папрасіла прабачэння.

Потым адзін чалавек, які трымаў у руцэ капялюш, зачапіў ім за цвік — і капялюш паляцеў у раку. Публіка не магла не засмяяцца, бачачы, як капялюш плыве па рацэ, а чалавек гоніцца за ім. Толькі самому чалавеку было не да смеху.

А тым часам набліжаўся момант, калі на мосце павінна была адбыцца самая важная падзея сённяшняга дня.

Да моста падыходзіў высокі прыгожы франт у цудоўным шэрым паліто. Ішоў ён так шпарка, што крыссе расшпіленага паліто развявалася, як крылы. І вось адным крылом ён зачапіў за цвік... Відаць, паліто было добрае, бо трэск пачула многа людзей. Але малады чалавек не заплакаў, як тая дзяўчына, ён паставіў пытанне зусім інакш, па-дзелавому.

— Грамадзяне! — звярнуўся ён да бліжэйшых асоб.— Прашу вас, будзьце сведкамі, што я падраў свой новы макінтош аб гэты цвік. Я падам у суд на гарсавет: ён павінен адказваць за шкоду ў публічных месцах.

Ён пабег да таго месца, дзе стаяў міліцыянер.

— Таварыш міліцыянер! — сказаў ён.— Прашу скласці акт, што я падраў новы макінтош аб цвік, пакінуты вось тут, на мосце, дзе праходзяць тысячы людзей. Я лічу, што за гэта павінен несці адказнасць гаспадар горада — гарсавет.

Калі яны падыходзілі да злашчаснага месца, нейкі хлапчук апошнім ударам каменя зусім загнуў і абясшкодзіў віноўніка няшчасцяў. Убачыў гэта пацярпеўшы ды як накінецца на хлапчука:

— Ты што тут робіш, хуліган? Хто цябе прасіў соваць нос не ў сваю справу? Таварыш міліцыянер! Вось тут быў цвік, ды гэты нягоднік яго знішчыў. Але гэта ўсё роўна, факт застаецца фактам. Вось сведкі, якія бачылі...

Але сведкі, стрымліваючы смех, разышліся.

Гэтае здарэнне, як мы ўжо казалі, трапіла ў газету. Там пісалі аб розных недаробках і нядбайнасцях, якія часам дапускаюцца будаўнічымі трэстамі. Сярод прыкладаў быў і няшчасны цвік ля парку культуры і адпачынку.

«Вядома,— пісала газета,— за такую неахайнасць павінны адказваць тыя, хто дапусціў яе. Працоўныя горада маюць права патрабаваць, каб у публічных месцах ім не пагражала небяспека ад якіх-небудзь цвікоў. Але ў здарэнні на мосце ля парку культуры і адпачынку ёсць адна характэрная рыса, якая датычыцца і ўсіх грамадзян. Тут нейкі хлопчык узяў ды загнуў каменем цвік. А ці не мог бы тое самае зрабіць кожны, хто першы заўважыў гэты цвік? Над гэтым варта задумацца нам усім».

Мы можам толькі дадаць: сярод людзей, што праходзілі тады па мосце, не адна сотня была такіх, якія самі маглі б загнуць цвік. Але ніхто гэтага не зрабіў, апрача невядомага хлопчыка.

 

РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ, дзе адбываецца «нешта ў тысячу разоў важнейшае» і яшчэ гаворыцца, як тэвэтэтаўцы заразілі ачкамі настаўнікаў, бацькоў, суседзяў і нават «прафесараў».

 

Паглядзім цяпер, што адбывалася ў адзінаццатай школе пасля таго, як дырэктар запісаўся ў члены ТВТ. Праўда, ён, як зарабіў тады адно ачко, дык з ім адным і застаўся. Больш ён так і не звяртаўся, каб яму запісалі новае ачко. Але ўсе бачылі, што ён кожны дзень зарабляў шмат ачкоў.

— Вядома,— казалі тэвэтэтаўцы,— дырэктару не выпадае з намі гуляць. Будзем лічыць яго ганаровым членам.

Затое сярод вучняў лік тэвэтэтаўцаў у хуткім часе вырас да чатырохсот чалавек. Яны былі аб’яднаны ў піянерскіх звеннях. Першае звяно складалі «ветэраны», заснавальнікі ТВТ — Клава, Толя, Паўлік, Андрэй і іншыя.

Праз некаторы час даведаліся, што і ў іншых школах горада з’явіліся тэвэтэтаўцы. Тады адзінаццатая школа пачала ганарыцца, што яна была першай у гэтай справе.

Побач з адзінаццатай школай быў дзіцячы сад. Выявілася, што і там знайшліся тэвэтэтаўцы. Падыме шасцігадовы чалавечак паперку з падлогі і нясе да выхавальніцы:

— Цётка, запішы ачко!

За кожнай дробкай, кожнай саломінкай, запалкай пачалі ганяцца. Пазбіралі з двара кожную трэсачку, кожны лішні каменьчык.

Зусім зразумела, што адзінаццатая школа зрабілася самай лепшай. Восемсот вачэй пільна сачылі за кожнай хібай і зараз жа выпраўлялі яе. Некаторыя заўзятыя тэвэтэтаўцы нават шкадавалі, што ў школе цяжка зарабіць ачко.

Ярошка, лётаючы па класе, разліў чарніла. Калі яму прапанавалі выцерці, ён, як заўсёды, пачаў даводзіць, што гэта не ён разліў. Але зараз жа знайшліся ахвотнікі зарабіць ачко — і чарніла выцерлі без Ярошкі.

Другі раз ён адарваў палку ад геаграфічнай карты — і паўтарылася такая самая гісторыя.

Але на трэці раз яму ўжо сорамна зрабілася, і ён без ніякіх спрэчак сабраў чужыя кнігі, якія параскідаў па класе.

Аднаго разу пасля заняткаў важаты ўбачыў, што Карачун у калідоры поркаецца каля аконнай шыбы.

— Ты што тут робіш?

— Ды вось шкло бразгае, можа вываліцца. Дык я яго цвіком прымацоўваю.

— Ты член ТВТ?

— Не, не прымаюць. Кажуць: з цябе не будзе карысці. А я ім дакажу. Колькі тэвэтэтаўцаў у школе, а ніхто не заўважыў, што шкло бразгае.

— Абяцаю табе, што будзеш прыняты,— усміхнуўся важаты.

Парадак у школе быў не толькі таму, што тэвэтэтаўцы выпраўлялі непаладкі. Тут адбывалася нешта ў тысячу разоў важнейшае: тэвэтэтаўцы не маглі ўжо свядома ці па неахайнасці самі зрабіць што-небудзь шкоднае.

Ці мог, напрыклад, той вучань, які сваімі рукамі замацаваў завесу на парце, ламаць яе на другой парце? Ці мог ён неахайна абыходзіцца з бібліятэчнай кнігай, калі нядаўна сваімі рукамі падклейваў такую самую кнігу, парваную кімсьці другім? Ці мог ён скінуць на зямлю і не падняць чужое паліто, калі ён падымаў ужо паліто, скінутае другімі? Ці будзе ён неасцярожна стукаць нагамі ў сцяну, калі ён раз ужо замазваў яе? Калі раней Карачун неасцярожна штурхаўся ля акна, не думаючы, што можа разбіць шыбу, то цяпер ён, штурхаючыся, мімаволі ўспомніць, што сам папраўляў яе. Наўрад ці знойдзецца вучань, які, выцершы на сцяне словы, напісаныя кімсьці другім, сам пачне пісаць на сцяне. Калі раней які-небудзь вучань выразаў на парце літары, то звычайна таварышы яго не звярталі на гэта ўвагі, а цяпер ніхто не мог сцярпець такой шкоды, бо кожны прывык глядзець на школьныя рэчы зусім іншым вокам. Вось чаму адзінаццатая школа прыняла цяпер непазнавальны выгляд.

Тое самае заўважалася і ў сем’ях, дзе былі тэвэтэтаўцы. Звычайныя дзеці, калі раздурэюцца, то ні на што не глядзяць, а тэвэтэтаўцы ўжо сталі больш уважлівымі і асцярожнымі, бо прывыклі сачыць за рэчамі.

Той, хто сам сабе паправіў партфель, пашкадуе сваёй працы і не будзе яго кідаць, як раней. Пашкадуе ён і свае бацінкі, кнігі.

Ці многія з дзяцей, кідаючы шкло на дарогу ці ў раку, думаюць, што нехта можа наступіць на яго? А тэвэтэтавец, які «зарабіў ачко», дастаўшы шкло з дна купальні, сам яго ўжо ніколі не кіне. Колькі галін паламалі дзеці на дрэвах, асабліва пладовых! А калі хто з іх зрабіўся тэвэтэтаўцам ды адзін раз выратаваў дрэва, падвязаўшы зламаную галіну, то сам ён, напэўна, галіны ўжо не зламае.

Вось якія змены адбываліся ў тэвэтэтаўскім племені! Але самі яны аб гэтым не думалі і не ведалі, што робяцца новымі людзьмі. Яны думалі толькі, што займаюцца цікавай і карыснай гульнёй. Мала таго, яны «заразілі» гэтай гульнёй і дарослых.

Першым з іх, калі не лічыць важатага, быў дырэктар школы Антон Іванавіч, а разам з ім і настаўнік геаграфіі Сяргей Паўлавіч. Хоць ачкоў яны, вядома, не збіралі і не запісвалі, але пры кожным выпадку жартавалі гэтым словам.

Так, Сяргей Паўлавіч прыйшоў адзін раз з новай палачкай і сказаў вучням:

— Вось я сам зрабіў указку, запішыце мне ачко.

Матэматык аднаго разу схіліўся каля парты, падняў чыюсьці ручку і, паклаўшы на парту, са смехам сказаў:

— Запішыце мне ачко.

У настаўніцкай часта чуліся жарты:

— Антон Іванавіч! — казаў фізік.— Запішыце мне ачко: я ўчора адрамантаваў паветраную помпу.

— А я зарабіла два ачкі,— сказала выкладчыца літаратуры: — Пашыла дачцэ шапачку і пазычыла суседзям ночвы.

— Не, Алена Андрэеўна,— засмяяўся прыродазнаўца: — Пазыка не лічыцца.

— Чаму ж не? — адказала Алена Андрэеўна.— Давайце спытаемся ў нашых тэвэтэтаўцаў.

Гутарку гэтую чула Клава. Яна ведала, што гэта жарты, ведала, што ніхто ў іх пытацца не будзе, але прыемна было ўжо тое, што такое пайшло ад іх.

Тое самае назіралася і сярод вучняў старэйшых класаў — дзесятых, дзевятых, восьмых. Гуляць з малышамі ў ачкі ім, вядома, было не да твару. Але ўжываць яны сталі гэтыя ачкі на кожным кроку. Вісіць, скажам, у класе на сцяне табліца, скрывіўшыся набок; падыдзе хлапец, паправіць і смяецца:

— Запішыце мне ачко!

Кожны ведаў, што гэта самы звычайны жарт, але не кожны ведаў, што, каб не тэвэтэтаўцы, то наўрад ці хто звярнуў бы ўвагу на гэтую табліцу і паправіў яе. Не ведалі гэтага і самі арганізатары ТВТ.

Або ідзе група дзесяцікласнікаў па вуліцы. На дарозе ўсім вядомы водаправодны калодзеж, накрыты тоўстай круглай чыгуннай накрыўкай. Накрыўка ссунута набок, відаць, нейкай цяжкой машынай.

— Стой, хлопцы! — крычыць адзін з іх.— Ёсць магчымасць зарабіць ачко. Карыстайцеся выпадкам.

І яны пасоўваюць накрыўку на месца. Зноў звычайны жарт, і зноў можна сказаць, што без уплыву тэвэтэтаўцаў яны прайшлі б міма, як праходзілі да гэтага не адзін раз.

У доме тэвэтэтаўца бацька, зрабіўшы якую-небудзь справу, звычайна жартуе:

— Ну, вось і зарабіў ачко.

Маці, пашыўшы каму-небудзь з дзяцей трусікі, таксама смяецца:

— Запішыце мне ачко!

А то прыходзіць суседка і кажа матцы:

— Ганна Сцяпанаўна, запішыце мне ачко: я на двары падняла з зямлі і павесіла вашу прасціну.

Найбольшае ўражанне на тэвэтэтаўцаў зрабіў наступны выпадак. Наглядаў яго Паўлік. Ён ішоў па вуліцы, а перад ім ішлі два паважныя старыя чалавекі.

«Прафесары»,— чамусьці падумаў Паўлік.

Па дарозе трэба было пераходзіць месца, дзе нядаўна пракладвалі трубу і засталася яшчэ не забрукаваная гразкая паласа. Маладыя мужчыны праз яе скакалі, ды і то не заўсёды ўдала, а жанчынам і старым зусім было дрэнна.

І вось Паўлік чуе, як адзін «прафесар» кажа другому са смехам:

— Трэба зарабіць свайму ўнуку ачко. Палажу я сюды вунь тую цагліну.

Ён зараз жа гэтак і зрабіў. А Паўлік быў першым прахожым, які скарыстаў «прафесарскую» цагліну.

Такім чынам тэвэтэтаўцы ўбачылі, што і некаторыя дарослыя перанялі іхнюю гульню. Праўда, дарослыя толькі жартавалі і ніякіх ачкоў не збіралі, але ўсё роўна відаць было, што яны «заразіліся» ад тэвэтэтаўцаў. А гэта, што ні кажы, для ТВТ вельмі прыемная рэч.

— Хутка ў нас будуць дарослыя члены Таварыства ваяўнічых тэхнікаў! — смяяліся піянеры.

Але Цыбук сур’ёзна сказаў:

— Нічога з іх не выйдзе, бо яны глядзяць на гэтую справу несур’ёзна, яны толькі жартуюць. Яны нават ачкоў не запісваюць, а без ачкоў — толькі адна гульня. Хто захоча нешта дарма рабіць?

 

РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ, дзе гаворыцца, як Стась аніяк не мог адчапіцца ад трубы, а Цыбук ад бясплатных ачкоў і, апрача таго, як перакуліўся воз з сенам.

 

Скончыліся заняткі ў школе, прыйшлі летнія канікулы. Школьнікі разышліся і раз’ехаліся па розных кутках. Рассыпалася і армія ТВТ. Толькі адзін атрад захаваўся як баявая адзінка — гэта з тых, хто паехаў у піянерскі лагер.

Некаторыя члены ТВТ захавалі сувязь і склалі групы ў два-тры чалавекі, астатнія на працягу двух месяцаў ніякай сувязі між сабой не мелі і заставаліся адны.

Стась, напрыклад, ужо не хадзіў кожны дзень з таварышамі ў школу, яму ўжо не было перад кім ганяцца за ачкамі, і ён нават не думаў аб іх. Больш за ўсё цяпер ён думаў пра рэчку. Вядома, каму не ахвота ўлетку пакупацца ў рэчцы!

Па дарозе яму трэба было праходзіць каля завода. А там ля дарогі звозілі і складалі чыгунныя трубы. Канец адной трубы адсунуўся і дайшоў да каляіны, па якой ездзяць. І кожны раз, як толькі хто едзе, дык і зачэпіць колам за трубу.

Як звычайна, на гэта ніхто не звяртаў увагі. Не думаў і Стась звяртаць увагі. Але што ты зробіш, калі вока члена ТВТ і без ведама яго самога адразу заўважыла непарадак.

Стась прыпыніўся, але зараз жа махнуў рукой і пайшоў далей.

«Ану яго, у такую гарачыню важдацца! Абыдзецца і без мяне».

Адышоў некалькі крокаў, глядзіць — насустрач едзе воз. Цікава паглядзець, ці зачэпіць ён, ці не? Стась спыніўся, азірнуўся.

Воз зачапіў не толькі адным, але і другім колам. Скрогат чыгуннай трубы непрыемна разануў вуха. Здаецца, нават кавалачак трубы адкрышыўся.

«Не, так пакідаць нельга!»

Стась вярнуўся назад. Дакрануўся нагой да трубы. Відаць, цяжкая, як яе пасунеш?

Ідзе рабочы. Стась да яго:

— Дзядзечка! Чаму гэтая труба так ляжыць? Усе, хто едзе, за яе чапляюцца.

Рабочы некаторы час глядзеў на яго, як на дзіва якое, а потым рассмяяўся.

— А табе што да таго? — спытаў ён.

— Ды непарадак...— адказаў Стась.

Тады рабочы чамусьці раззлаваўся:

— Ты што — вучыць нас хочаш? Рана яшчэ, браток! — і пайшоў прэч.

Стась таксама раззлаваўся, плюнуў і пайшоў сабе далей.

«Ды і сапраўды,— думаў ён,— на якое ліха мне гэта здалося? Калі не хочуць, дык і не трэба! Я ніякага дачынення да гэтай справы не маю. Нават ачко ніхто мне не залічыць».

І замест гэтага ён стаў думаць пра тое, як будзе купацца. Але сустрэчная машына вярнула яго думкі да трубы.

«А што калі зачэпіць? Будзе тады бяды... І якая тут работа? Узяў, адсунуў на паўметра — і ўсё. Нават і я мог бы гэта зрабіць, падсунуўшы кій. Але — хай сабе, як хочуць».

Вось ён ужо выйшаў на поле. Рэчка відаць. Сонца пячэ, жаваранкі заходзяцца над галавой, у траве цвыркатня. А якая прывабная вада ў такі час!..

Толькі адна бяда: нешта карціць у галаве, рупіць, нібы забыўся што або дома якая непрыемнасць чакае; чагосьці не хапае, нешта перашкаджае, нібы кастрыцы за карак насыпалася...

І нарэшце Стась зразумеў, у чым справа: гэта ж труба перашкаджае!

Завярнуўся, пабег назад, схапіў па дарозе палку, падбег да трубы, падлажыў палку, адсунуў.

І тады адразу зрабілася спакойна, весела, і ніякай кастрыцы за каркам ужо не адчувалася, і ўвесь дзень быў самы найлепшы настрой.

...Цыбук гэтае лета жыў у МТС, дзе яго брат быў трактарыстам.

Бора Цыбук, як мы ведаем, набраў на сваім вяку ачкоў больш за ўсіх. Ён не адмовіўся б і яшчэ крыху падзарабіць, але тут ён быў адзін і ніхто не мог весці ўлік яго ачкам, апрача яго самога. Ну, а хто дасць веры, што ён назбіраў, скажам, семдзесят дзевяць ачкоў? Як даказаць гэта? Дома, калі што якое, дык можна праверыць. Калі ён аднаго разу прынёс адразу дзевятнаццаць ачкоў, дык ніхто не хацеў даваць веры, нават смяяцца пачалі. Ну, а калі праверылі, дык усе засталіся з носам.

А тут як праверыць?

Праўда, на які дзесятак ачкоў ён мог бы набраць дакументаў. А на семдзесят дзевяць не набярэшся, і ачкі прападуць дарма. А хто ж будзе дарма працаваць? А гнацца за дзесяткам не варта, калі ён за дзень дзевятнаццаць выганяў. А тут дык можна было б і сто выгнаць. Бо канкурэнтаў няма. Там на які-небудзь няшчасны акурак сто чалавек цаляе, а тут і здохлае кацяня ад цябе не ўцячэ.

Праўда, гэтае здохлае кацяня Цыбук закапаў, але так сабе, без ніякай карысці, каб толькі пад нагамі не валялася. Але, апрача здохлых кацянят, ёсць яшчэ другія рэчы. Няўжо ж усё гэта дарма рабіць?

І так ужо ў яго дарма прапала чатыры ачкі: ён выкінуў вялізны камень з баразны на агародзе, звязаў два калы ў плоце, потым вырваў вялізны куст крапівы, які рос на самай дарозе, дзе праходзілі босыя людзі, і, нарэшце, прывязаў да кала маленькую яблыньку, якая надта ўжо гнулася ад ветру. Усё гэта ён зрабіў так сабе, бо трапілася на вочы і само прасілася, каб гэта зрабіць. Хай ужо чатыры ачкі прападаюць. Але гэта не значыць, што ўвесь час трэба дарма рабіць.

Ён сабе хадзіў, глядзеў, цікавіўся, як працуюць машыны, як іх рамантуюць, часам нават дапамагаў, але рабіў гэта, як звычайны грамадзянін, а не тэвэтэтавец, і нічога такога не вышукваў, не «страляў». Уласна кажучы, і тут сустракаліся рэчы, якія фактычна з’яўляюцца ачкамі і якія па справядлівасці трэ было б залічыць. Але што ты зробіш, калі ўліку няма. Няўжо ж патрабаваць дакумент, што вось «Барыс Цыбук заўважыў, як малое дзіця сыпанула ў маслёнку пяску, а з гэтай маслёнкі хацелі ўжо змазаць машыну, а ён, Барыс Цыбук, папярэдзіў»? Нават сорамна прасіць такі дакумент, а тым часам ачко і прапала.

Ды ці мала такіх ачкоў? Вось, скажам, нядаўна ён заўважыў дзірку ў мосце. Дзірка невялікая, круглая і зусім не перашкаджае машынам хадзіць. А вось конь аднаго разу ледзь не зламаў нагу. Вылаяўся калгаснік і паехаў далей. Не чакаць жа, пакуль другі конь зусім зламае нагу. Ну, Цыбук узяў ды і забіў гэтую дзірку. Добрае ачко было! Але зноў жа прапала дарма. Нават ніхто не ведаў пра гэта.

І гэтак на кожным кроку. Нават крыўдна робіцца. Здаецца, і не глядзіш, і не думаеш, а яно нібы наўмысля, само так і лезе ў вочы. Можна, вядома, і прайсці міма, не рабіць. Але як ты будзеш спакойна глядзець, калі ў пуні ў страсе дзірка свеціцца над самым сенам? Праўда, дзірачка маленькая, і ніхто яе не бачыць, але ўвосень, напрыклад, нямала вады праз яе можа трапіць на сена. Калі прапала шэсцьдзесят шэсць ачкоў, хай ужо прападае і шэсцьдзесят сёмае!

Або ўзяць ураджай. Пільнуюць жыта сярод поля (ды і пільнуюць, мусіць, нядбала!), а не бачаць, што дзеецца каля ракі. Кожны член ТВТ адразу заўважыў бы, што нацярушана каля берага. Значыцца, нехта ціхенька пад’язджае на лодцы і цягне з берага. Кожны тэвэтэтавец здагадаўся б агледзець усе лодкі, ці няма там зярнят. А тут ніхто не здагадаўся, пакуль сам Цыбук не знайшоў. Ну, адсюль ужо і дабраліся да лодара Кухальскага.

Аб гэтым факце так загаварылі навокал, так хвалілі Цыбука, што ён на гэты раз адважыўся папрасіць:

— А дасцё мне паперку, што гэтае ачко я зарабіў?

— Якое ачко? Пры чым тут ачко? Што за ачко?

Цыбук вымушаны быў растлумачыць, у чым справа. Ну і смяяліся ж людзі! Але такім смехам, які кожны быў бы рады пачуць.

А ў выніку ўсяго гэтага выйшла такое, чаго Цыбук і сасніць не мог бы. Выступіў камсамолец Карнейчык і сказаў:

— Ад імя камсамольскай ячэйкі абяцаем табе выдаць пасведчанне не толькі на гэтае «ачко», але на ўсе, якія ў цябе будуць. Валяй, браток, далей! І яшчэ зарабі адно вялізнае «ачко» — арганізуй ТВТ сярод нашых дзяцей.

Пасля канікул Цыбук прадставіў у галоўны штаб Таварыства ваяўнічых тэхнікаў велізарнейшы «рэестр» з афіцыйнымі подпісамі і пячаткай. У гэтым рэестры былі пералічаны сто дзевяноста сем ачкоў, сярод якіх і той куст крапівы...

Зусім іншы характар мела дзейнасць тэвэтэтаўцаў у піянерскім лагеры. Тут захавалася арганізаванае баявое ядро ТВТ.

Першыя ж выступленні тэвэтэтаўцаў зацікавілі і захапілі ўвесь лагер. Праз некалькі дзён лагер ужо складаў адзінае Таварыства ваяўнічых тэхнікаў.

У першую чаргу пачалося паляванне ў сваім лагеры. І, дзіўная рэч, адкуль толькі ўзялося гэтулькі «здабычы»? Здавалася, учора яшчэ ўсё навокал было ў парадку, піянеры жылі тут, хадзілі і нічога такога не бачылі. А сёння раптам нібы з-пад зямлі вырасла столькі недахопаў, што на кожнага хапіла досыць «ачкоў».

Вось ужо, здаецца, усё выяўлена і папраўлена, ні да чаго нельга прычапіцца. А тым часам, глядзіш — старыя тэвэтэтаўцы ўсё знаходзяць ды знаходзяць, яшчэ ды яшчэ. Якім чынам? Адкуль? Напружыліся новыя, прыгледзеліся — сапраўды ёсць, толькі яны не ўмелі бачыць так, як бачаць старыя.

Не прайшло і тыдня, як увесь лагер нібы змяніў сабе вочы. І перад гэтымі вачыма адкрыўся нібы новы свет.

Узяць хоць бы такую рэч, як драўляныя прыступкі на ганку. Адна дошка тут даўно ўжо адарвалася і падскаквала, калі на яе ступіць нагой. Кожны рызыкаваў зламаць нагу. А калі нага трапляла на канец дошкі, дык рызыкаваў яшчэ і лоб ні ў чым не вінаватага суседа.

І калі Клава пачала прыбіваць гэтую дошку, дык шмат дзяцей (яшчэ не тэвэтэтаўцаў) акружылі яе і дзівіліся:

— Гэта ж і кожны з нас даўно мог бы зрабіць!

Або колькі разоў яны бегалі да ракі купацца, колькі разоў той ці іншы піянер чапляўся за востры корань ссечанага куста каля самай сцежкі, не адзін з іх нават плакаў,— і толькі цяпер яны заўважылі, што гэта вельмі добрае «ачко».

Ды дзе там пералічыць усе «ачкі», якія раптам з’явіліся перад новымі вачыма!

Андрэй нават у лесе ўхітрыўся знайсці ачко: узяў ды вызваліў хвойку ад паваленага на яе сухога зламанага дрэва.

Але ўсё гэта было дробяззю ў параўнанні з паляваннем у суседнім калгасе. Вось тут дык была багатая здабыча! І атрады ТВТ безупынна рабілі налёты на калгас. Паміж атрадамі пачалося заўзятае спаборніцтва. Наперадзе, вядома, заўсёды быў атрад «ветэранаў» ТВТ, у які ўваходзілі старыя, заслужаныя ваякі — Андрэй, Паўлік, Клава, Яша, Соня, Толя, Ніна.

— Эх, каб яшчэ ды Цыбук быў тут! — часта шкадавалі яны.

Але трэба праўду сказаць, што яны і без Цыбука досыць паказалі сябе.

Аднаго разу, бадзяючыся па лесе, выйшлі яны на глухую лясную дарожку. Глядзяць — на ёй глыбокая калдобіна. Абмінуць яе воз не можа, бо збоку дрэвы. Як ні круціся, а адно кола абавязкова павінна трапіць у гэтую калдобіну. І сляды паказвалі, што такім чынам цераз яе і пераязджалі. Але ж які нахіл павінен быў быць пры гэтым!

Раптам пачулася рыпенне колаў і між дрэў паказаўся воз з сенам.

— Ану, як ён праедзе? — пацікавіліся піянеры.

Але чалавек, відаць, і сам ведаў гэтую калдобіну. Ён загадзя нарыхтаваўся, нават упёрся плячом у воз і асцярожна накіраваў каня.

Заскрыгаталі колы, нахіліўся воз, вось-вось перакуліцца, напружыліся жылы на лобе чалавека, кінуліся і дзеці падтрымліваць воз, а конь, здавалася, зараз разарвецца ад натугі...

Воз выехаў, а чалавек, падзякаваўшы дзецям, спакойна пайшоў сабе далей, нібы нічога з ім і не было.

— Давайце возьмем гэтае ачко,— сказаў Паўлік таварышам.

— Каб дастаць лапату, дык можна было б,— адказалі яму.

Пакуль дзеці раіліся, пад’ехаў другі воз. Зноў пачалася такая самая працэдура, з той толькі розніцай, што дзядзька трапіўся гарачы і ўвесь час лаяў і калдобіну, і каня, і сена, і ўвесь свет.

Можа, таму пераправа выйшла няўдалай — воз перакуліўся. Лаянка яшчэ больш узмацнілася. Але, нягледзячы на гэта, воз застаўся ляжаць на баку.

Чалавек хадзіў вакол воза і не ведаў, як да яго прыступіцца. Круціліся навакол і піянеры.

Раптам Андрэй крыкнуў:

— Ёсць прапанова! Калі прывязаць вяроўку да воза, а другі канец абкруціць вакол дрэва і цягнуць, тады і нашых сіл хапіла б, каб падняць. Абы толькі вяроўка вытрымала.

Чалавек паглядзеў на яго, усміхнуўся і сказаў:

— Але, праўду кажаш, каб табе вялікім вырасці.

На вялікі жаль для Андрэя, вынаходства яго не спатрэбілася. Насустрач пад’ехала двое пустых драбін, і гэтага падмацавання хапіла, каб падняць воз.

Людзі паехалі кожны ў свой бок. На дарозе засталіся толькі сляды расцярушанага сена.

— Давайце зараз завалім яе ламаччам і каменнем, — прапанаваў Яша.

Закіпела работа. Хутка над калдобінай была ўжо куча галля. Тады дзеці весела пачалі скакаць па ёй, каб прытаптаць. Потым пачалі збіраць і кідаць каменні. Пасля таго зноў навалілі ламачча, зноў накідалі каменняў, нават рукамі зямлі падсыпалі. А нарэшце пакрылі ўсё гэта яловымі лапкамі.

Так яны працавалі, мусіць, гадзіны паўтары, змарыліся вельмі, але задавальненне было мацней за стому.

І калі яны ўжо збіраліся ісці дадому, вярнуліся з вазамі сена тыя самыя дзядзькі, што памагалі падымаць воз. Яны ўжо здалёк нарыхтаваліся да небяспечнай пераправы. Задні воз спынілі і абодва падпёрлі пярэдні. Калі ж пад’ехалі да калдобіны, то здзіўлена пачалі азірацца навокал.

— Няўжо гэта вы? — спыталіся яны.

— А то хто ж? — з гонарам адказалі тэвэтэтаўцы.

— Ай-яй-яй! Вось якія малайцы. А колькі ж пакуты было!.. Вельмі дзякуем.

 

РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ, апошні, таму ў ім гаворыцца, як Цыбук трапіў у «мёртвыя душы», як быў пакараны адзін дзёрзкі камень і як, нарэшце, важаты сказаў тое, што хацеў сказаць, але не сказаў у раздзеле дзевятым.

 

Калі ўвосень зноў сабралася ў школе ўсё Таварыства ваяўнічых тэхнікаў ды падлічыла ачкі, то выйшла нешта незвычайнае: семнаццаць тысяч восемсот восемдзесят дзевяць!

Наперадзе, вядома, ішоў Цыбук: ад заснавання ТВТ ён набраў шэсцьсот трыццаць сем ачкоў.

Лік членаў ТВТ усё павялічваўся ды павялічваўся.

Самымі актыўнымі былі навічкі. Яны заядла ганяліся за ачкамі, як той Цыбук. Але праз некаторы час то адзін, то другі трацілі цікавасць і адставалі. Затое на месца іх прыходзілі новыя,— і так увесь час у арганізацыі быў прыліў і адліў.

Але ўсё ж такі праз паўгода было заўважана, што актыў ТВТ не расце, а змяншаецца.

На савеце атрада ўзнялі трывогу:

— На паперы лічыцца вельмі многа членаў ТВТ, а фактычна, можа, і паловы іх няма. Пагуляюць, пагуляюць, а потым і кідаюць. А мы так і не ведаем, колькі ў нас сапраўдных членаў. Нават такія ветэраны, як Цыбук, адышлі ад гэтай справы; ён ужо даўно не даваў нам ніякіх ачкоў. А такія, як Карачун, пагулялі з тыдзень і зусім кінулі. Трэба што-небудзь такое зрабіць, каб ажывіць дзейнасць ТВТ. Калі работа яшчэ ідзе, дык толькі ў навічкоў, а старыя, за невялікім выключэннем, адпадаюць. Ці можам мы ўсіх іх лічыць членамі ТВТ?

Трывога тэвэтэтаўскага актыву, вядома, была слушная, але мы пад сакрэтам скажам, што сярод дзяцей такая справа — рэч самая звычайная. Усе мы ведаем, што большасць дзяцей вельмі ахвотна хапаецца за новую для іх справу і досыць хутка кідае яе, каб захапіцца яшчэ якой-небудзь іншай. Можна наглядаць, як у якім-небудзь раёне горада шмат дзяцей бегаюць па дварах і тратуарах і коцяць перад сабой абручы ці калёсікі. Тыдні, месяцы чуецца тут дзынканне гэтых абручоў, а потым усё сціхае. Абручы цяпер катаюць недзе ў другім канцы горада, а тут дзеці захапіліся пусканнем «галубоў» з паперы. Цяпер ужо заўсёды бачыш тут толькі галубоў. Самім дзецям здаецца, што яны ніколі не пакінуць гэтай гульні. Але хутка яны забываюцца на галубоў і пачынаюць майстраваць нейкія драўляныя штуковіны на шарыкападшыпніках. Трымаючыся за «руль», яны шпараць на адной назе па тратуарах, і вы безупынна чуеце з розных бакоў гэтае тарахценне. А потым і гэты перыяд праходзіць. Надыходзіць перыяд, скажам, збірання паштовых марак або так званых «пераводных карцінак».

Так бывае ўсюды, так робіць большасць дзяцей. Але ёсць і меншасць, якая не кідаецца ў розныя бакі, а доўга займаецца адной справай. Такія дзеці звычайна больш сталыя, свядомыя, энергічныя і дысцыплінаваныя. З іх пазней выходзяць выдатныя спецыялісты па якой-небудзь справе.

Зусім зразумела, што і ў дзейнасці ТВТ адбываліся такія самыя працэсы. Зацікавіцца, загарыцца чалавек, нават калі кладзецца спаць, то ўжо думае, дзе заўтра знайсці ачко,— а потым і астыне. Праз некаторы час, калі арганізацыя добра працуе, ён можа і зноў захапіцца гэтай самай справай. Толькі найбольш свядомыя і настойлівыя не пакідалі работы доўгі час. А такіх, вядома, было менш. Яны не хацелі мірыцца з такім становішчам і паднялі пытанне на сходзе. Але важаты слухаў іх выступленне спакойна і нават чагосьці ўсміхаўся.

— Я нічога не маю супраць таго, каб якім-небудзь чынам яшчэ больш ажывіць дзейнасць ТВТ,— сказаў ён нарэшце,— але што датычыцца росту колькасці членаў ТВТ, то я гляджу зусім інакш. Я лічу, што Таварыства ваяўнічых тэхнікаў — гэта такая арганізацыя, у якой колькасць членаў толькі можа расці, а змяншацца ніколі не можа.

— Ну? Так ужо і ніколі? — пачуўся недаверлівы голас.

З усіх бакоў пасыпаліся недаўменныя пытанні і заўвагі:

— Мы ж сваімі вачыма бачым, як у нас многа членаў адсейваецца!

— У кожнай арганізацыі бывае адсеў!

— Не лічыць жа сапраўднымі членамі і ўсе «мёртвыя душы»!

— А вось наша арганізацыя тым і вызначаецца,— падхапіў важаты,— што ў ёй усе, як вы кажаце, «мёртвыя душы» ўсё роўна застаюцца членамі яе.

Дружны смех перапыніў яго словы.

— Куды ж варта такая арганізацыя?

— Вось дык арганізацыя!

Піянеры аж гарэлі ад цікавасці. Вось ужо другі раз гэты важаты гаворыць нейкія незразумелыя рэчы. У чым тут сакрэт? Бязглуздзіца, дый годзе!

А важаты, усміхаючыся, казаў:

— Таму я і называю ТВТ адзінай арганізацыяй, якая і пры гэтых умовах захоўвае ўсю сваю вартасць. Каб пераканацца, я прапаную зрабіць вопыт. Возьмем камень і паложым пасярод тратуара, дзе павінны прайсці Цыбук ці Карачун. Апрача іх, пэўна і яшчэ хто з «мёртвых душ» пройдзе. Вось тады і паглядзім, з’яўляюцца «мёртвыя душы» сапраўднымі членамі ТВТ ці не?

Была ўжо вясна. Дзень выбралі добры. Вызначылі месца. Гэта была вуліца, так сказаць, сярэдняя: не ў цэнтры горада і не зусім ужо на ўскраіне. Адпаведна гэтаму і публікі праходзіла не вельмі многа, а гэта давала магчымасць палажыць камень, не звяртаючы на сябе ўвагі людзей.

Важаты, Клава, Яша, Паўлік і Андрэй выбралі добрую пазіцыю, схаваліся і пачалі наглядаць.

Але з першага ж разу справу сапсаваў нейкі стары чыгуначнік. Ішоў ён ціха, павольна, убачыў камень пасярэдзіне тратуара, прыпыніўся, а потым узяў яго абедзвюма рукамі ды адкінуў убок.

— Лепш ужо ён на сённяшні дзень быў бы менш акуратным! — прабурчаў важаты.— Але нічога не зробіш. Бяжы, Андрэй, палажы назад.

Андрэй пабег, падпільнаваў зручны момант і зноў палажыў камень.

Прайшло некалькі чалавек, якія старанна абмінулі камень.

Пасля гэтага паказалася пяць вучняў з малодшых класаў адзінаццатай школы.

— Ну, гэтыя пэўна возьмуць! — засмяяўся Паўлік.— Яны ж новыя тэвэтэтаўцы.

А тыя ўжо навыперадкі беглі да каменя з крыкамі «ачко»! Ды яшчэ засунулі камень так, што беднаму Андрэйку прыйшлося з цяжкасцю яго здабываць.

Пасля іх паказалася некалькі вучняў з іншых школ. Адзін пераскочыў цераз камень, другі штурхануў яго нагой, а трэці зусім не звярнуў увагі.

— Вось бачыце, што значыць не члены ТВТ! — сказаў важаты сваім піянерам.

Але ўслед за імі беглі яшчэ два вучні, таксама з чужой школы, і беглі, здаецца, спецыяльна да каменя. Так яно і выйшла.

— Ёсць ачко! — крыкнулі яны і ўбралі камень.

— Чужыя тэвэтэтаўцы! — радасна зашапталі нашы піянеры, а «ветэраны» адчулі прыемнае хваляванне: што ні кажы, а гэта ўсё ад іх пачалося. І вось цяпер яны бачаць, як зусім незнаёмыя, «чужыя» вучні робяць тое ж самае. Не менш задаволены быў і важаты.

— Дзеля такога выпадку я гатоў лішні раз патурбавацца! — сказаў Андрэй і пабег да каменя.

Тым часам каля каменя сустрэлася больш людзей. Нехта зачапіўся, штосьці сказаў. Калі разышліся,— камень ляжаў на месцы.

Потым знайшоўся чалавек, які старанна нагою адкаціў камень убок. Андрэю прыйшлося адсоўваць яго назад.

Ледзь ён вярнуўся на месца, як таварышы зашапталі:

— Цыбук! Цыбук!

Усе напружыліся. А важаты адчуў, што ў яго нават сэрца застукала крыху мацней, як трэба. Гэта ж быў экзамен не толькі для Цыбука, але і для важатага, і для ўсёй справы ТВТ.

Цыбук ішоў сабе спакойна, глядзеў на аўтамабілі, пазіраў і на тратуар, але нішто не сведчыла, каб ён зацікавіўся каменем, хоць той павінен быў ужо трапіць яму на вочы.

Важаты скамянеў.

«Возьме ці не возьме?»

Ад гэтага для важатага залежала вельмі многа. Ён жа так смела і ўпэўнена сцвярджаў, што члены ТВТ не могуць быць «мёртвымі душамі», што яны заўсёды выканаюць свой абавязак. Нават узяўся даказаць гэта сваім піянерам. І калі цяпер Цыбук падвядзе, дык будзе сорам не толькі перад дзецьмі, але і перад самім сабой.

«Возьме ці не?»

Цыбук зусім падышоў да каменя. Спыніўся. Але замест таго, каб паглядзець на камень, загледзеўся на трактар, які шпарка каціўся на гумавых колах і цягнуў за сабой платформу.

Прыкра зрабілася важатаму. Піянеры пераміргнуліся.

Цыбук жа, не зводзячы вачэй з трактара, патроху пачаў нагінацца, узяў у рукі камень і аднёс яго ўбок.

— А што?! — ускрыкнуў важаты.— Ці не казаў я, што «мёртвых» членаў ТВТ няма? Калі ён навучыўся бачыць і разумець, то ўжо не можа не зрабіць гэтага, хоць бы нават не думаў і не хацеў!

— Ну, што датычыцца Цыбука, дык гэта рэч зразумелая! — адказалі піянеры.— Ён жа быў самы заслужаны член ТВТ.

— І такім застаецца цяпер! — цвёрда сказаў важаты.

— Хай будзе так. Але колькі ёсць такіх, якія і раней нічым сябе не праяўлялі. А вось ідзе адзін з такіх, Антось Аскерка!

Андрэйка да гэтага часу паспеў ужо зноў палажыць на месца камень. Зноў стаіліся хлопцы ў засадзе.

Антось падышоў да каменя ў той момант, калі нехта спатыкнуўся аб яго і злосна сказаў:

— Кідаюць камяні на самай дарозе!

Антось прыпыніўся, засмяяўся, а потым убраў камень.

— Ну, вось вам і гэты! — з вялікім задавальненнем усклікнуў важаты.

Але і супраць гэтага быў высунуты довад: Антось звярнуў на камень увагу толькі таму, што перад яго носам другі чалавек спатыкнуўся. А каб гэтага не было, можа, ён і прайшоў бы міма.

— Але ж ён не толькі звярнуў увагу, але і сам убраў камень! — даводзіў важаты.— Пачакаем яшчэ Карачуна.

А пакуль Карачуна не было, здарыўся яшчэ адзін вельмі цікавы выпадак.

Па тратуары ішла жанчына і вяла за руку двухгадовае дзіця. Дзіця спатыкнулася аб камень і заплакала. Маці пачала суцяшаць яго:

— Ціха, ціха! Супакойся! Гэты камень цябе пакрыўдзіў? Вось мы зараз яго паб’ём! Во, во яму! Вось так! Во! Будзе ён ведаць, як крыўдзіць маленькую Томачку! Ну, ціха, ціха! Мы яму за гэта далі!

І «пабіты» камень сумна застаўся ляжаць на тым жа самым месцы.

Нарэшце з’явіўся жаданы Карачун.

Ішоў ён няроўна, то прыпыняўся, то бег, то адыходзіў убок. Убачыў сабаку і запусціў у яго каменем.

Важаты мала на яго спадзяваўся, але суцяшаў сябе тым, што папярэднія два выпадкі ўсё ж такі апраўдалі яго думкі.

Карачун адразу ўбачыў камень і штурхануў яго нагой. Цяжкі камень ледзь крануўся. Тады ён штурхануў яго другі раз. Потым ступіў два крокі наперад і спыніўся. Паглядзеў на камень, нешта падумаў, а потым... завярнуўся назад, узяў камень і адкінуў яго ўбок!

...На другі дзень важаты, сустрэўшы Цыбука, спытаўся:

— Ну што, здабыў сёння ці ўчора якое-небудзь ачко?

— Ат, хопіць мне і тых, што я набраў! — усміхаючыся, адказаў Цыбук.

— А мы бачылі, як ты ўчора ўбраў камень з дарогі,— сказаў важаты.

— Ну дык што з таго? — адказаў Цыбук.— Няўжо ж пакідаць яго, каб ён перашкаджаў.

Праз некалькі дзён важаты склікаў актывістаў ТВТ, расказаў пра «экзамен для мёртвых душ» і сказаў далей:

— Памятаеце, калі мы абмяркоўвалі статут Таварыства ваяўнічых тэхнікаў, я не скончыў адной думкі і вы тады вельмі зацікавіліся? Я тады і меў на ўвазе прыблізна тое, што цяпер мы ўбачылі. Гэта значыць, што ў дзейнасці Таварыства ваяўнічых тэхнікаў не толькі ачкі не маюць ніякага значэння, але нават і самая іх работа не з’яўляецца сама па сабе галоўнай задачай. Тады я гэтага вам не сказаў, каб вы не страцілі цікавасці да вашай справы як гульні. А цяпер вам, як загартаваным тэвэтэтаўцам, я ўжо магу сказаць, што ніякай бяды няма, калі многія вашы члены ўжо не цікавяцца ачкамі. Важна, каб яны хоць некаторы час пабылі тэвэтэтаўцамі, а потым яны ўжо назаўсёды застануцца імі, хоць да старасці. Самая галоўная карысць ад Таварыства ваяўнічых тэхнікаў не ў тым, што яны цяпер зробяць, а ў тым, што яны і надалей застануцца руплівымі гаспадарамі ў нашай вялізнай агульнай гаспадарцы. Вось што крыецца за вашай «гульнёй».

Магу яшчэ сказаць вам, што хутка для Таварыства ваяўнічых тэхнікаў будзе створана добрая база — спецыяльная майстэрня ТВТ, дзе будзе ўсё, што патрэбна для ўсялякіх работ.

Кожны з вас зможа пайсці туды і з дапамогай інструктара зрабіць сабе ўсё, што захоча, незалежна ад таго, па якой гэта будзе спецыяльнасці — слясарнай, сталярнай, абутковай ці іншай якой. Трэба толькі адно: каб мог зрабіць сам. А мы ўжо ведаем, што кожны, калі захоча, многае можа зрабіць сам. Пэўная спецыяльнасць патрэбна для больш важных і складаных работ, а прасцейшыя можа зрабіць кожны. Вы самі гэта ўжо даказалі.

Для Таварыства ваяўнічых тэхнікаў адкрывалася шырокая дарога ў будучае.

 

1934 г.

 

РАЗДЗЕЛ ДАДАТКОВЫ, напісаны праз пятнаццаць гадоў, дзе гаворыцца аб сустрэчы аўтара з тэхнікам Барысам Іванавічам.

 

У 1948 годзе газета камандзіравала мяне на будаўніцтва аднаго з дамоў у Мінску. Я павінен быў азнаёміцца з ходам будаўніцтва, з людзьмі яго і напісаць у газету артыкул.

Сустрэлі мяне ахвотна, дапамагалі мне, давалі тлумачэнні. Усе будаўнікі ведалі мяне як «карэспандэнта» і прозвішчам маім не цікавіліся.

З першага разу мяне зацікавіў нехта Барыс Іванавіч, якога я яшчэ не бачыў.

— Барыс Іванавіч сказаў,— гаварылі рабочыя такім тонам, нібы гэты Барыс Іванавіч немаведама хто такі.

А між тым мне вядома было, што галоўны інжынер, напрыклад, зусім не Барыс Іванавіч. Я чуў,— нават і ён бадай-што такім самым тонам, як рабочыя, казаў:

— Трэба пагаварыць з Барысам Іванавічам...

Калі я спытаўся, хто такі Барыс Іванавіч, мне сказалі:

— Наш старшы тэхнік. Залаты чалавек.

«Гэта, мусіць, самы стары і вопытны тэхнік»,— падумаў я і адразу ўявіў сабе суровага дзядзьку з сівымі вусамі, сур’ёзнага, пільнага, усё ведаючага. Пагаварыць з ім было б вельмі цікава і карысна. Але сустрэцца мне з ім давялося толькі праз пару дзён, бо трапляў я сюды ў такія мінуты, калі яго не было.

Нарэшце мне рабочыя сказалі:

— Вунь ідзе Барыс Іванавіч!

Я зірнуў і ўбачыў... зусім не сівога дзядзьку, а маладога хлапца, як здавалася, гадоў дваццаці, маленькага, з круглым тварам, вострым носікам і рухавымі вочкамі.

Мяне прадставілі яму:

— Гэта — карэспандэнт, якога прыслалі на будаўніцтва.

— Вельмі прыемна,— сказаў ён, але зараз жа, убачыўшы машыну, якая згружала жалезныя трубы, кінуўся да яе.

— Хто вам сказаў згружаць тут? — пачуў я яго голас.— Глядзіце, колькі прыйдзецца цягаць іх узад і ўперад, калі возьмуцца за работу. Колькі пойдзе лішняй працы і часу! Згружайце вось тут. І канцамі ў гэты бок, каб лепей было браць.

«Ого! — падумаў я.— Хлопчык адразу ўсё бачыць!»

У гэты час да яго падышоў брыгадзір, і тэхнік пайшоў з ім далей. Узышоўшы на рыштаванне, ён у адным месцы раптам стаў падскакваць. Мне зрабілася смешна: адразу відаць, што вясёлы хлопчык... А ён пасля таго апусціўся на калені і да чагосьці стаў прыглядацца. Потым я зноў пачуў яго голас:

— Эге! Ды тут дошкі калі-небудзь могуць адарвацца. Тут можа хто-небудзь загінуць. Як гэта ніхто не заўважыў?..

Дык вось чаму ён скакаў! Вось табе і «хлопчык»!

Я падаўся ў той бок, дзе былі яны. Тэхнік заўважыў і крыкнуў зверху:

— Выбачайце, я зараз!

Але мне зусім непатрэбна было яго выбачэнне; мне хацелася спачатку панаглядаць за ім збоку.

— Нічога. Я пачакаю,— адказаў я.

Чым больш я за ім наглядаў, тым больш здзіўляўся яго пільнасці, кемлівасці, спрактыкаванасці. У адным месцы ён растлумачыў каменшчыку, як лепей размясціцца, каб работа ішла спарней, у другім заўважыў нейкую калодку пад нагамі рабочых, якая перашкаджала ім хадзіць. Адным словам, ён усё ведаў, усё бачыў. Значыцца, нездарма ўсе яго так шанавалі. Абавязкова трэба з ім пагаварыць у вольны час.

Калі нарэшце ён падышоў да мяне, я спытаў:

— Выбачайце, колькі вам год?

Ён засмяяўся і сказаў:

— Дваццаць сёмы ідзе.

— Няўжо? — здзівіўся я.— Я думаў, не больш за дваццаць.

— Гэта, мусіць, таму, што я нежанаты,— весела пажартаваў ён.

— Мне вельмі хацелася б з вамі пагаварыць у вольны час,— сказаў я.— Калі дазволіце, я зайшоў бы да вас.

— Што ж, можна,— адказаў ён.— Я буду дома ў восем гадзін. Жыву я недалёка (ён зірнуў на гадзіннік). Цяпер іду ў сталоўку на абед. Калі хочаце, пакажу сваю хату.

Мы выйшлі на вуліцу.

— Мне здаецца, я вас недзе бачыў,— сказаў Барыс Іванавіч, зірнуўшы на мяне.— Ці не былі вы ў Мазыры?

— Не даводзілася,— адказаў я.

— А на фронце?

— Таксама не быў.

— Значыцца, мне здалося,— сказаў ён.

Мы завярнулі ў меншую вуліцу. Па раўчуку ля тратуара аднекуль цякла вада. У адным месцы зрабілася нібы грэбля, і вада стварыла вялікую лужыну. Нейкае малое дзіця збіралася ў яе лезці...

Раптам мой спадарожнік падняў з зямлі трэсачку і рассунуў гэтую грэблю.

Вада мігам сцякла.

— Ёсць ачко! — сказаў ён, кінуўшы трэсачку.

— Што, што вы сказалі? — спыніўся я ад здзіўлення.

— Гэта мы калісьці ў дзяцінстве так гулялі,— сказаў ён.— Зробім што-небудзь такое і...

— Значыцца, вы былі тэвэтэтаўцам? — перапыніў я.

Цяпер ужо ён прыпыніўся ад здзіўлення.

— А вы адкуль ведаеце?

— Чытаў такую кніжку,— адказаў я.

Тым часам мы падышлі да невялікага адноўленага дома, і Барыс Іванавіч сказаў:

— Вось тут мая зямлянка. У гэтыя дзверы, направа. У дваццаць нуль-нуль буду чакаць вас.

Гэтая ваенная тэрміналогія сведчыла, што Барыс Іванавіч быў на вайне.

Я завярнуў налева, ён пайшоў прама.

У вызначаны час я ўваходзіў у яго «зямлянку». Гэта быў досыць вялікі светлы пакой з «халасцяцкім» абсталяваннем, але не з халасцяцкім парадкам. Усё тут было на сваім месцы, усё дапасавана адно да другога. Кожная рэч мела сваё пэўнае месца і з такім разлікам, каб у кожную хвіліну, не турбуючыся, можна было дастаць яе і паставіць на месца.

— Адразу відаць, што тут жыве былы тэвэтэтавец,— заўважыў я.

— Чаму былы? — нібы пакрыўдзіўся Барыс Іванавіч.— Наш важаты казаў, што тэвэтэтаўцы ніколі не могуць быць былымі, што яны да самай смерці застануцца сапраўднымі членамі Таварыства ваяўнічых тэхнікаў.

— І вы цяпер лічыце сябе такім?

Барыс Іванавіч жартоўна развёў рукамі і паківаў галавой:

— Нічога не зробіш. Нават каб і хацеў, то не мог бы пакінуць гэтай прывычкі. З тою толькі розніцай, што ачкі цяпер не запісваю.

Потым дадаў сур’ёзна:

— Я разважаю так: у сацыялістычным грамадстве ўсе людзі паступова становяцца такімі самымі «тэвэтэтаўцамі». Ну, а калі да таго яшчэ папрактыкаваўся ў дзяцінстве, то, вядома, назад не пойдзеш. У мяне і цяпер яшчэ захавалася кніжка «ТВТ».

— Няўжо?! — аж падскочыў я.

Справа ў тым, што я даўно ўжо шукаў гэтую кніжку, каб зноў выдаць яе, але ніяк не мог знайсці, бо фашысты ў часе акупацыі знішчылі нашы бібліятэкі. І вось шчаслівы выпадак дапамагае. Барыс Іванавіч крыху здзівіўся, што я так зацікавіўся гэтай кнігай, дастаў яе і падаў мне. Кніжка была такая патрапаная, што і захоўваць яе было няварта. Я сказаў гэта Барысу Іванавічу.

— Як жа мне не захоўваць яе,— сказаў ён,— калі тут пра мяне самога напісана? Глядзіце, нават у загалоўку: «...як Цыбук здабываў ачкі».

— Дык вы... вы... Цыбук? — прашаптаў я, ледзь-ледзь дыхаючы.

— Як бачыце,— адказаў ён, відаць, задаволены, што яго імя зрабіла такое моцнае ўражанне, а потым спытаў: — Няўжо вы так добра ведаеце і памятаеце гэтую кніжку?

— Ведаю... памятаю...— казаў я, перагортваючы старонкі, а сам думаў: ці сказаць зараз жа, чаму я памятаю, ці пачакаць яшчэ? Калі скажу, то яго адносіны да мяне зараз жа зменяцца. Лепш я параспытаю яго, пакуль ён не ведае, хто я такі.

Што я яго не пазнаў, нічога дзіўнага няма: паміж дванаццацігадовым і дваццацісямігадовым чалавекам вельмі вялікая розніца.

Ды і яму, вядома, нялёгка было пазнаць чалавека, якога бачыў калісьці ў дзяцінстве раз ці два. Размаўляў я з ім, здаецца, толькі адзін раз, а ўсе звесткі сабраў ад іншых.

— Як вы лічыце,— сказаў я нарэшце,— ці правільна напісаў аўтар пра вас?

Ён усміхнуўся.

— Як вам сказаць? Увогуле правільна, а паасобку — многа няправільнага. Вось, напрыклад, ён піша, што я быў нейкі пасіўны, безуважны, нічым не цікавіўся. Гэта аўтар выдумаў ці яму хто няправільна сказаў. Мне здаецца, я заўсёды быў такім, як цяпер. Потым аўтар навыдумляў мне многа ачкоў, якіх я не зарабляў, і многа слоў, якіх я не казаў.

— А наконт вашага заўзятага палявання на ачкі, наконт «рэестра»?

Цыбук шчыра засмяяўся.

— Што тычыцца ачкоў, то я сапраўды ганяўся толькі за імі і калі што рабіў, то толькі дзеля іх. І «рэестр» таксама мне выдалі. Я тады не ведаў, што яны з мяне жартуюць. Але аўтар дадаў у гэтым рэестры добрую сотню ачкоў.

— Скажыце, а вы не крыўдзіцеся на яго, што ён сёе-тое выдумаў?

— Не. Усё ж такі, калі чытаеш кнігу, то гэты Цыбук здаецца сімпатычным хлопчыкам. Чаго мне крыўдзіцца? Наадварот, я вельмі ўдзячны яму.

— А вы сустракаліся з аўтарам, гаварылі з ім?

— Размаўляў з ім адзін раз. Ён, здаецца, трохі нагадваў...— тут ён уважліва паглядзеў на мяне, а потым устаў.— Выбачайце, а можа... гэта вы?

— Так, гэта я...

Далейшае ўжо нецікава для чытачоў. Скажу толькі, што Цыбук выручыў мяне і даў сваю кнігу. Значыцца, я не дарма турбаваўся, аддаючы яму столькі ўвагі ў сваёй кнізе.

Яму ж за гэта я абяцаў некалькі экземпляраў новага выдання.

 

1949 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com