epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

У цясніне

Суд мандарына
Кітайская помста
«Чырвоныя пікі»
  Зноў спачатку


 

Суд мандарына

З поўначы ў Янцзы ўпадае рачулка настолькі малая, што ў сухую пару кожны хлопчык яе пераскочыць. Але ж затое пасля дажджу яна павялічваецца ў шмат разоў, раптоўна ўздымаецца, раве і нясецца так, што зносіць усё на сваёй дарозе.

На працягу гадоў яна працерабіла сабе ў лёсе1 рэчышча метраў на сто пяцьдзесят глыбіні і стварыла цясніну са стромкімі, як муры, берагамі. Цясніна вілася, нібы змяя, то пашыраючыся ў досыць шырокую даліну, то сціскаючыся ў шчыліну. А з бакоў падыходзілі новыя цясніны, створаныя меншымі раўчукамі. Усё гэта складала цэлую сетку калідораў, блытаных, цёмных, нябачных зверху. Толькі ў некаторых месцах можна было знайсці прыступачкі, каб выбірацца наверх.

Ды ці патрэбны каму гэтыя равы? Народ жыве там, наверсе. Там цягнуцца бавоўнавыя і чайныя плантацыі, відаць рады тутавых дрэў, параскіданы жоўтыя гліняныя пасёлкі, нават сустракаюцца асобныя добрыя драўляныя будынкі, нібы фальваркі. На палях працуе шмат народу.

Але ж і ў цясніне таксама відаць сляды чалавека. Перш за ўсё ўздоўж рачулкі ідзе шлях, і, відаць, нямала людзей праходзіць па ім. Потым трапляюцца пладовыя дрэвы — персікавыя, абрыкосавыя. Вунь і свойская жывёла ходзіць: парасяты, куры, качкі, дзве авечкі і нават адно цяля. Вось імчыць чарада голых жоўтых дзяцей. А вунь і селянін апрацоўвае сваё «поле»; на прыступачцы ў два крокі шырынёю і чатыры даўжынёю ён даглядае свой гарох і боб.

А там далей капошацца і іншыя жыхары. Усе яны ў кофтах і завязаных унізе штанах. На нагах саламяныя лапці, а на галаве — хусткі, вакол якіх абкручаны косы. Тут і мужчыны і жанчыны, і новаму чалавеку не разабрацца, дзе хто.

Два чалавекі малоцяць нешта кіямі. Рэха нясецца ў цясніну і варочаецца назад. Танюсенькі лёсавы пыл уецца, бы дым. Прыгледзеўшыся, можна заўважыць, што малоцяць забітую свінню. Кажуць, што свініна ад гэтага робіцца далікатнай і смачнай. Побач жанчына мые бялізну.

Адным словам, перад намі малюнак штодзённага вясковага жыцця. Толькі вёскі ніякай не відаць.

На некалькі метраў ад зямлі ў сцяне чарнеюцца дзіркі, нібы гнёзды груноў (земляных ластавак). Раптам з адной такой дзіркі выкацілася дзіця, там у другую дзірку ўлез чалавек, а ў трэцюю пабеглі парасяты. Відаць ужо, што туды вядуць вузенькія прыступачкі, высечаныя ў сцяне. Значыцца, гэта і ёсць вёска, адна з тых вёсак, у якіх жыве не адзін мільён кітайскага народа.

Раптам пачуўся крык: «Мань-Чжу! Мань-Чжу!»2 1

Паднялася мітусня, усе кінуліся заганяць жывёлу ў свае хаты-норы. Абодва кітайцы борздзенька павалаклі забітую свінню. Але ўцягвалі яе па вузенькіх сходках вельмі марудна. З-за павароту паказалася чалавек дваццаць салдат і дзесяткі са тры мулаў з клункамі.

Салдаты адразу заўважылі, што там валакуць добрую рэч, і крыкнулі: «Стой!»

Кітайцы не спыніліся.

— Стойце, чэрці! — зноў крыкнулі салдаты, і па цясніне пракаціўся грукат стрэлу. Куля ўдарылася ў сцяну над галовамі кітайцаў; пасыпалася зямля. Небаракі пакінулі свінню і схаваліся ў сваёй нары, а свіння пакацілася ўніз...

Мігам апусцела цясніна. Салдаты з вясёлым смехам завалодалі здабычай.

— Давайце палуднаваць! Есці хочацца! — пачуліся галасы.

Зараз жа спыніліся, паставілі ў гурт сваіх мулаў, паклалі свінню на беразе крыніцы. Але тут паўстала пытанне, дзе дастаць дроў для вогнішча.

— Зараз! — крыкнуў адзін з салдат і пабег да бліжэйшай «хаты».

Праз хвіліну ўніз паляцелі нейкія дзверы, кавалкі ўбогай мэблі. А праз паўгадзіны салдаты ўжо ласаваліся смачнай свяжынкай.

Гаспадары ж баязліва выглядалі з сваіх нор і глыталі сліну.

Абед ужо канчаўся, калі ў цясніне пачуліся нейкія меладычныя гукі, усё бліжэй, бліжэй.

Вось ужо можна пазнаць, што гэта звіняць званочкі. Яшчэ хвіліна — і паказалася працэсія. Наперадзе ішоў чалавек у велічэзным капелюшы і з кіем у руцэ. За ім чатыры чалавекі неслі паланкін, нібы будку, з сіняй шаўковай занавескай і жоўтымі фіранкамі, на якіх былі намаляваны драконы.

У паланкіне, раскінуўшыся, сядзеў мандарын у шырокім сінім шаўковым халаце. Круглым голым тварам, які быў увесь у зморшчках, ён нагадваў старую бабу, нягледзячы нават на вузенькую сівую казліную бародку. На галаве была маленькая аксамітная шапачка, з-пад якой спускалася каса.

Па баках ішла ўзброеная ахова, а ззаду — некалькі мулаў з багажом і слугі. Убачыўшы гэтую працэсію, салдаты ўскочылі на ногі, пачалі адпіхваць убок сваіх мулаў, каб даць дарогу важнаму пану. У гэты момант выбег з нары кітаец з жонкай і двума дзецьмі,— і ўсе яны моўчкі паваліліся на дарогу перад мандарынам. Паланкін спыніўся.

— Што патрэбна гэтым людзям? — млява запытаўся мандарын.

— Вялікі пан! — пачаў кітаец, стоячы на каленях.— Абарані няшчаснага беднага чалавека. Гэтыя салдаты забралі маю апошнюю спажыву — свінню. Цяперака сям’я мая павінна будзе памерці ад голаду. Вялікі пан! Хай бароніць цябе неба! Не дай загінуць бязвінным людзям.

Салдаты зірнулі адзін на аднаго і сціснулі кулакі. Павылазілі іншыя кітайцы і сабраліся навакол.

Мандарын зірнуў на салдат.

— Вы гэта зрабілі? — запытаўся ён.

Тыя маўчалі.

— Нядобра вы робіце! — з дакорам сказаў мандарын.— Сорамна храбраму войску крыўдзіць мірных людзей. Перад вамі стаіць больш важная задача: замірэнне ўсяго Кітая, якому пагражаюць рэвалюцыянеры. А вы, дзеці мае,— звярнуўся ён да народа,— пацярпіце крыху. Я шчыра спачуваю вам, але хто з нас цяпер не церпіць? Вы ж ведаеце, што паўсталі паўднёвыя бандыты, што яны пагражаюць разбурыць усю нашу бацькаўшчыну. Гэтыя салдаты бароняць і вас і за вас аддаюць сваё жыццё. Яны церпяць, пацярпіце і вы. Памятайце, што казалі нашы старадаўнія мудрацы: лепш страціць пяць пальцаў на руцэ, чымся цярплівасць і спакой духу. Калі адзін раз вы пакармілі салдат, дык затое набылі спакой душы.

— О, вялікі пан, хай неба прадоўжыць твае дні! — застагнаў кітаец.— Гэта ж не адзін раз. Яны заўсёды рабуюць нас, ці трэба, ці не трэба. А мы ж нічога не маем, нават кавалачка зямлі.

— А тых, што наверсе, тых, якія багацей, яны не чапаюць! — крыкнуў нехта з натоўпу.

— Дзеці мае! — сказаў мандарын ужо суровым голасам.— Мудрэйшыя з мудрых пастаўлены, каб кіраваць нябеснай краінай. Не вам, дзеці мае, думаць аб тым, што робіцца наогул.

— Але ж мы гэта адчуваем на сваіх карках! — зноў крыкнуў нехта.

Тады падышоў да мандарына старэйшы салдат і сказаў:

— Дазвольце звярнуць вашу ўвагу, вялікі пан: гэтыя разбойнікі ўжо сапсаваныя. Яны ўсе імкнуцца да рэвалюцыянераў і толькі чакаюць моманту, каб далучыцца да іх.

— Я ўжо бачу гэта,— хмура сказаў мандарын.— Дык вось, людзі, што я вам скажу: бачу я, што з вамі ўжо нельга гаварыць па-добраму. Мудрасць дзядоў нашых не даходзіць да вас. Відаць, новыя, шкодныя думкі, што прыйшлі з Захаду, дайшлі і да вас. У такім разе і мы з вамі будзем гаварыць так, як гаворым са здраднікамі, што адракліся ад слаўнай гісторыі кітайскага народа.

Кітаец з сям’ёй усё яшчэ поўзаў у пыле.

— О, міласэрны пан! — плакаўся ён.— Даруй цёмнаму чалавеку. Не ведаю я ніякіх гісторый. Ведаю толькі, што мяне скрыўдзілі. А спадзяваўся толькі на цябе...

Але сярод усіх іншых людзей чуўся нездаволены гоман, і сярод гэтага гоману пачуўся зычны голас:

— Уставай, Чынь Фу, усё роўна нічога не будзе! Не ад іх мы дачакаемся справядлівасці!

— Што я чую, о неба?! — закрычаў мандарын.— Дваццаць пяць бамбукаў яму!

Не паспелі мандарынавы слугі нават паварушыцца, як салдаты-добраахвотнікі ўжо схапілі аднаго хлопца, гадоў дзевятнаццаці, павалілі на зямлю і на вачах мудрага мандарына адлічылі дваццаць пяць добрых удараў па пятах.

Увесь народ мігам знік. Застаўся адзін Шы Ку-ан, сын Шы Ку-цзяна. Сцяўшы зубы, ён вытрымаў дваццаць пяць бамбукаў, і ніводнага гуку не вырвалася з яго грудзей.

А падарожнікі паехалі далей.

 

1 Лёс — вельмі мяккая, тонкая глеба жаўтаватага колеру.

2 Маньчжурскія феадалы, з якіх паходзілі і апошнія кітайскія імператары (багдыханы), панавалі ў Кітаі. Паўднёвы Кітай распачаў супраць іх барацьбу.

Кітайская помста

Бай Цзы быў самы багаты памешчык ва ўсёй аколіцы. Ён меў цэлыя тры гектары зямлі. А калі прыняць пад увагу, што ўся зямля была засаджана выключна чайнымі кустамі, тады выйдзе ўжо значнае прадпрыемства. Але і гэта не ўсё: ён меў яшчэ і сваю ўласную чайную фабрыку. Праўда, фабрыка гэтая была ні больш ні менш як звычайная пуня, але і гэта не кожны гаспадар мог мець.

Роўнымі шэрагамі цягнуліся чайныя кусты, вышынёю ў адзін — паўтара метра, падрэзаныя, падчышчаныя, падвязаныя. Аніводнай непатрэбнай зёлкі не расло пад імі — усё было начыста выпалана.

Надыходзіў час першага збору чайнага лісця. Гэты збор дае найлепшы гатунак; далейшыя два-тры зборы даюць усё горшы і горшы чай. І галоўнай турботай Бай Цзы было: каб толькі не перашкодзіў дождж! Нават уначы ўставаў ён, выходзіў на двор і трывожна пазіраў на неба, ці не збіраюцца хмары.

У гэты дзень цясніна апусцела. Усе жыхары, ад малога да вялікага, працавалі на плантацыі Бай Цзы. Толькі Шы Ку-ан павінен быў ляжаць дома, бо яму балелі пяты. Але Бай Цзы быў нават рады гэтаму, бо не любіў Шы Ку-ана, які заўсёды псаваў справу ды баламуціў народ. Праз яго і стары Шы Ку-цзян, бацька Шы Ку-ана, цярпеў: Бай Цзы заўсёды чапляўся да яго і стараўся шкодзіць.

Сотні людзей з бамбукавымі кошыкамі рассыпаліся па плантацыі. Пасля сябе яны пакідалі голае галлё, а лісце несупынна лілося на «фабрыку» і ссыпалася ў кучу, а там ужо чакалі «машыны»: дзесятак здаровых кулі. Яны тапталі лісце, як у нас часам месяць гліну. Марудная і цяжкая праца. Доўга даводзіцца паскакаць, пакуль лісце пусціць сок.

Замешанае лісце пакідаюць на некалькі дзён у цёмным месцы, каб яно «падышло»,— тады яно набывае той прыемны пах, які нам так падабаецца. А потым трэба яго высушыць на сонцы.

Гэты момант самы небяспечны. Калі пойдзе дождж — гаспадар прапаў.

Большасць рабочых, галоўным чынам жанчыны і дзеці, пасля збору лісця разышліся па хатах. Засталося столькі, колькі было патрэбна для далейшай працы.

Вынеслі лісце на сонца, сушаць, варушаць яго. Бай Цзы дрыжыць і ўвесь час глядзіць на неба. І вось паказаліся хмаркі. Трэба ратавацца ад іх.

Тады Бай Цзы прыносіць поўны кошык траскучых ракет. Раздае па нізцы. Запальваюць. Пачынаецца траскатня. Людзі махаюць рукамі, крычаць:

— О сонца, не хавай ад нас твару свайго! І ты, дух, што кіруеш хмарамі, пачакай, адыдзі, пашкадуй нас!

Хмаркі пакруціліся і прайшлі міма. На гэты раз, як відаць, дапамагло!

Далей трэба яшчэ раз скакаць па сухім лісці, потым прасеяць, вывеяць і нарэшце падзяліць на гатункі. Але фабрыка Бай Цзы гэтай працы не робіць. Даканчвае апрацоўку другая фабрыка, якая знаходзіцца за кіламетраў трыццаць адсюль, і туды Бай Цзы накіроўвае свой тавар.

Найтаннейшы спосаб для гэтага — людская сіла. За трыццаць капеек на нашы грошы на сваіх харчах кулі звалачэ на сваім карку трохпудовы клунак за трыццаць кіламетраў ды яшчэ падзякуе.

Назаўтра дваццаць чалавек рушыла ў дарогу, і ў тым ліку стары Шы Ку-цзян. А сын яго зноў павінен быў застацца дома.

Праз два дні вярнулася дзевятнаццаць чалавек. Шы Ку-цзяна з імі не было.

— Цяжкая была дарога,— расказвалі потым таварышы.—: Перад намі прайшоў дожджык, дарога зрабілася мокрая, слізкая. Увесь час мы коўзаліся, падалі, змарыліся да смерці. Асабліва цяжка было старому Шы Ку-цзяну. І вось у адным месцы, на беразе ракі, ён паваліўся на зямлю. Клунак ударыўся аб камень, рассыпаўся,— і ўсё паплыло. Бай Цзы вылез з паланкіна і кінуўся на старога з кулакамі. Потым пацягнуў яго ў суд. Мусіць, прысудзяць пакрыць усю страту, а гэта складзе страшэнную суму.

Прыціхла цясніна, слухаючы гэтае апавяданне. Здавалася, што нават лёсавыя сцены спачуваюць няшчаснаму кулі...

А яшчэ праз дзень з’явіліся два чыноўнікі з Шы Ку-цзянам. Яны апісалі і забралі ўсю маёмасць яго: дзвюх качак, трох кур, чацвёра куранят, свінню і трое парасят, чыгун, сякеру і новую кофту. Больш нічога каштоўнага не было.

— А рэшта доўгу,— абвясцілі чыноўнікі,— застаецца за Шы Ку-цзянам і яго сям’ёй. Ён можа плаціць часткамі або адпрацоўваць. А калі не, дык яго будуць кожны тыдзень біць перад людзьмі, пакуль хто-небудзь не пашкадуе яго і не заплоціць.

Усе паснулі ўжо. Нават сын Шы Ку-цзяна зваліўся і захроп, а стары ўсё думаў і думаў... Што яму цяпер застаецца рабіць? Ён жа цяпер раб на ўсё жыццё. Раб гэтага праклятага Бай Цзы. На яго ён павінен працаваць увесь свой век. Хіба можна гэта вытрымаць?

Не! Ён павінен адпомсціць. Усё роўна яму цяпер не жыццё на свеце. Хай жа Бай Цзы ведае...

Асцярожна ўстаў Шы Ку-цзян, захапіў нож, спусціўся ўніз, потым узлез наверх. Неба было яснае, ціхае, але недзе нешта грукала, нібы гарматы. Вось і плантацыя Бай Цзы, вось і хата яго. Нават акно расчынена.

Стары добра ведаў тут кожны куток. Ён абмінуў і сабак і вартаўнікоў. Успоўз на ганак, сеў на парозе, распрануў кофту і... распароў сабе нажом жывот!..

 

«Чырвоныя пікі»

Калі раніцой Бай Цзы адчыніў дзверы ды напароўся на Шы Ку-цзяна, то пачаў лаяцца:

— Ты чаго гэта сюды забраўся? Чаго табе трэба? Я цябе не клікаў! Пайшоў прэч, сабака!

А калі выявілася, што Шы Ку-цзян мёртвы, дык Бай Цзы яшчэ болей раззлаваўся:

— Ах, паганы! Вось што надумаўся! Гэта каб не плаціць доўгу! Усяго ад іх чакаць можна!

Прыйшоў мясцовы прадстаўнік улады, з’явіліся сведкі. Усё ж такі для Бай Цзы справа была непрыемная: адчувалася, што ён меў да гэтага дачыненне. Але з фармальнага боку справа была простая. Запісалі, што Шы Ку-цзян зрабіў самагубства, і на тым справа скончылася.

Аднак заставаўся яшчэ адзін клопат для Бай Цзы. Куды дзець гэтага мерцвяка? Хто павінен клапаціцца, каб пахаваць яго?

— І навошта мне ўсё гэта здалося? — злаваў Бай Цзы.— Вось не было клопату!

Тым часам у цясніне жыццё ішло сваім парадкам. Людзі поркаліся ля сваіх нораў і нічога не ведалі. Толькі Шы Ку-ан з маткаю трывожыліся, што бацька так рана і непрыкметна знік, але ім нічога не заставалася, як толькі чакаць.

Раптам наверсе зашоргала, потым у паветры мільганула нешта цёмнае, і нарэшце сярод людзей грукнулася... цела Шы Ку-цзяна! Разам з гэтым зверху данёсся голас:

— Хавайце сабе свайго сябра!

Кінуліся да яго жонка і сын, збегліся людзі. Угледзеўшы рану, адразу здагадаліся, у чым справа, бо падобная смерць у Кітаі не дзіва.

Дзяды паківалі галовамі, уздыхнулі і сказалі:

— Бядак Шы Ку-цзян! Адышоў на той свет. Але ж затое загінуў слаўнаю смерцю. Прынамсі адпомсціў гэтаму праклятаму Бай Цзы.

Але моладзь разважала іначай:

— Ну, не! Лепш ужо было спачатку выпусціць кішкі гэтаму Бай Цзы, а потым, калі ўжо трэба,— сабе.

А Шы Ку-ан стаяў на каленях перад бацькам і думаў: «Я зраблю іначай...»

* * *

З кожным днём рух на дарозе ўзмацняўся. Усё болей войска ішло з поўдня на поўнач. І ўсё бязлітасней рабавалі яны сялян. Ужо ніводнай жывёліны немагчыма было трымаць. Прыйшлося рэшту яе загнаць далей у адну з глухіх бакавых цяснін ды схаваць там і апошнюю маёмасць, пакуль скончыцца гэтая навала.

А канец нейкі набліжаўся. Казалі, што мукдэнцы разбітыя і адыходзяць дадому, а з поўдня набліжаецца вызваленчае войска.

У гэты час невядома адкуль з’явіўся «вандроўны тэатр». Складаўся гэты тэатр з аднаго чалавека, скрыначкі і дзесяткаў двух цвыркуноў, тых самых звычайных цвыркуноў, што цвыркаюць у нас за печчу. Вось гэтыя цвыркуны і былі акторы: яны біліся між сабою не горш за нашых барцоў у цырках.

Хоць не такі быў час, каб цешыцца цвыркунамі, але гледачоў не бракавала: вельмі любяць кітайцы бойку цвыркуноў. А тут якраз чалавек трапіўся добры: нават грошай не браў.

Апрача таго, ён быў чалавек бывалы і дасканала ведаў усё, што робіцца на свеце, асабліва ў сучасны момант. Ён казаў, што мукдэнцы — ворагі народа, што яны прадаліся «ін-чуўцза» (заморскім чарцям, еўрапейцам), што толькі кантонскае войска стаіць за народ, што ўсе павінны дапамагаць яму, асабліва цяпер, калі мукдэнцы ўцякаюць. А самае галоўнае —тады абрэжуць багатых і падзеляць зямлю паміж беднякамі.

Прагна слухала ўся гэтая бедната такую гаворку, асабліва наконт зямлі.

— Эх, каб атрымаць зямлі крокаў на трыццаць! — марыў гаспадар, які меў два крокі зямлі.

На другі дзень прыйшлы чалавек знік, а разам з ім Шы Ку-ан і яшчэ восем хлопцаў...

* * *

Стаяла ноч. Цёплая, ціхая і цёмная. Аколіцы спалі. Спалі і цясніны, запоўненыя белым туманам. Нідзе ніводнай душы. Зрэдку забрэша сабака.

Аднак, калі ўважліва прыслухацца, дык можна ўлавіць некаторыя гукі, якія сведчаць, што не такі ўжо спакой навакол, як здаецца. Перш за ўсё, з поўдня даносіцца нейкі грукат, нібы гром, нібы гарматная страляніна. А вось у некалькіх месцах па дарозе, як у цясніне, таксама і наверсе, пачуўся тупат, бразганне: відаць, ідзе войска...

Ля адной далёкай і глухой бакавой цясніны ўвесь час мільгаюць ціхія цені. Бясшумна вынырваюць яны з усіх бакоў, нібы з-пад зямлі, і зноў правальваюцца ў зямлю.

Падышлі сюды і Шы Ку-ан са сваімі таварышамі на чале з «цвыркуншчыкам». Зараз жа перад імі вырасла постаць з пікай у руцэ.

— Хто ідзе?

— Сун1 і народ,— адказаў цвыркуншчык, і чалавек з пікай зноў знік.

Яны спусціліся ўніз. Там, у яры, закрытым з усіх бакоў, сабралася ўжо шмат народу. Увесь іх выгляд сведчыў, што яны такія самыя падземныя людзі, як і Шы Ку-ан з сябрамі. Толькі ўсе былі ўзброеныя абы-чым: большасць мела даўгія бамбукавыя пікі, але сустракаліся і стрэльбы, і рэвальверы.

У адным кутку, схаваны пад выступам, гарэў агонь. Вакол яго сядзела некалькі чалавек, відаць, начальнікі, і аб чымсьці радзіліся. Сюды праціснуўся і наш цвыркуншчык.

— Ну як? — звярнуліся да яго.

— Усё добра. Прывёў яшчэ дзевяць чалавек з цясніны Кой-Фу. Рэшта насельніцтва таксама гатова дзейнічаць.

Праз некаторы час пачалася агульная нарада. З прамовай выступіў «цвыркуншчык». Чалавек чатырыста згуртавалася навакол і падрыхтавалася слухаць.

— Таварышы! — пачаў прамоўца.— Прыйшоў час, калі нашы «Чырвоныя пікі» могуць нанесці рашучы ўдар па ворагу. Я толькі што прыйшоў адтуль. Паўночныя бандыты разбітыя, яны ўцякаюць. Праз дзень-два прыйдуць нашы вызваліцелі. Трэба дапамагчы ім, ударыць у тыл адыходзячаму войску. Ці гатовы вы на гэта?

— Гатовы! Даўно чакаем часу! — загукалі навакол.

...Праз гадзіны тры сход растаў і знік, нібы яго зусім і не было. А навакол, як і раней, панавала ціхая, цёплая, цёмная ноч.

На ўсходзе ўжо засвятлелася, калі Шы Ку-ан са сваімі таварышамі падыходзіў да дому. З імі было яшчэ шаснаццаць чалавек чужых таварышаў. На ўвесь атрад было дадзена два рэвальверы і адна вінтоўка. Іншыя мелі толькі бамбукавыя пікі.

Па дарозе ім трапіўся невялікі вайсковы абоз. Добра было б цяпер напасці на яго! Але нельга: самавольным учынкам можна перашкодзіць усёй справе. Прыйшлося схавацца ад яго.

Каля свайго пасёлка яны пачулі знаёмы звон і ўбачылі, што насустрач нясецца той самы мандарын у сваім паланкіне. Людзі, што неслі яго, змарыліся, саплі, як коні, але мандарын усё пакрыкваў, каб хутчэй беглі. Слугі з муламі і ахова ледзь паспявалі.

Убачыўшы мандарына, Шы Ку-ан аж затросся ад злосці.

— Таварышы! — звярнуўся ён да сваіх.— Няўжо ж мы ўпусцім гэтага сабаку? Аховы ў яго толькі восем чалавек, а нас — дваццаць пяць.

— Нельга, мы папсуём усю справу,— сказалі чужыя таварышы, але свае маўчалі і нібы згаджаліся.

Тады Шы Ку-ан адзін кінуўся наперад, выхапіў рэвальвер, стрэльнуў і крыкнуў: «Стой!»

Яго таварышам ужо нельга было разважаць. Калі яны не кінуцца на дапамогу, дык самі загінуць. Не паспелі салдаты апамятацца, як пяцёра з іх былі схоплены і не маглі пусціць у ход сваю зброю. Насільшчыкі кінулі на зямлю свайго мандарына і разам з другімі слугамі пабеглі назад. Але ім насустрач ужо высыпаў народ з сваіх нораў.

— Трымайце іх! — крыкнуў Шы Ку-ан.

Апошнія тры салдаты пачалі страляць, але супраць іх ужо было чалавек дваццаць, з якіх шэсць мелі вінтоўкі.

— Здавайцеся! Усё роўна вам утрох не ўстояць супраць усіх!

Салдаты і самі гэта ўбачылі і зараз жа здаліся. У выніку ўсёй сутычкі быў толькі лёгка паранены адзін з нападаўшых. Жыхары тым часам затрымалі слуг, але самі трэсліся ад страху.

А мандарын сядзеў у сваім паланкіне, вылупіўшы вочы, і дрыжаў. Нарэшце, калі ўбачыў, што застаўся жывы, набраўся смеласці і пачаў страшыць:

— Што вы робіце, няшчасныя?! За гэта ж вам усім галовы пазнімаюць! Ды я ж вам...

— Годзе, годзе, «вялікі пан»,— перапыніў Шы Ку-ан.— Калі яшчэ гэта будзе — невядома, а пакуль што дадзім яму, таварышы, бамбукаў з пяцьдзесят. Згодны?

— Добрая рэч! Хай пакаштуе і ён! — зарагаталі навакол.

І на тым самым месцы, дзе нядаўна білі Шы Ку-ана, палажылі цяпер самога мандарына. Той ужо і страшыць кінуў, прасіцца пачаў:

— Не рабіце гвалту, дзеці мае! Не псуйце сваёй душы. Я за гэта дам вам шмат грошай.

— Мы і самі возьмем іх,— адказалі яму.

Тады Шы Ку-ан падышоў да слуг і сказаў:

— Таварышы! Прапаную вам вялікі гонар: адлупцаваць свайго пана.

Тады насільшчыкі пераміргнуліся, штурханулі адзін аднаго пад бок і выступілі наперад.

Боязна было толькі пачынаць, а калі пайшлі адлічваць бамбукі па пятах, калі мандарын зароў ад болю, дык усім зрабілася весела.

А Чынь Фу, той самы, што кленчыў перад мандарынам за сваю свінню, дык той нават суцяшаць стаў яго:

— Пацярпі, вялікі, добры пан. Усе церпяць, пацярпі і ты. Дзяды нашы вучылі: лепш страціць пяць пальцаў на руцэ, як цярплівасць і спакой душы.

Але цярплівасці ў мандарына не хапіла. Мусіць, таму, што яго першы раз у жыцці білі па пятах. Ён заверашчаў тонкім казліным голасам на ўсю цясніну. Прыйшлося яму завязаць рот. А пасля аперацыі мандарына часова змясцілі ў адно з падземных памяшканняў.

Да мандарынавых жа спадарожнікаў Шы Ку-ан звярнуўся з наступным словам:

— Супраць вас, таварышы, мы нічога не маем. Вы такія самыя, як і мы. Але, каб хто з вас загадзя не нарабіў трывогі, мы прымушаны часова і вас затрымаць.

Тады выступіў адзін з насільшчыкаў.

— Нас затрымліваць і пільнаваць няма патрэбы. Пасля таго як мы адлупцавалі свайго пана, нам ужо няма дарогі назад. Мы будзем з вамі заадно.

Ледзь паспелі ўпарадкаваць мандарынаву экспедыцыю, як паказаліся новыя групы адступаючых...

Тады толькі Шы Ку-ан зразумеў, на якую рызыку ён ішоў. А дзякаваць ён павінен быў самому мандарыну: той так паспешна пусціўся ўцякаць, што іншыя далёка ад яго адсталі.

План партызанаў быў такі. Дачакаўшыся таго моманту, калі паўднёвыя войскі будуць насядаць, перагарадзіць адступаючым дарогу ў самых вузкіх месцах на працягу ўсёй цясніны, разрэзаць іх на кавалкі. Вось чаму і забаронена было нападаць раней часу, без сігналу.

Увесь дзень цягнуліся абозы, рухаліся такія самыя мандарыны ў паланкінах. Партызаны з прыкрасцю глядзелі, як яны спакойна адыходзяць. Але суцяшалі сябе тым, што наперадзе іх усё роўна перахопяць.

Пад вечар пачуліся далёкія стрэлы. А ноччу быў дадзен сігнал нападаць. Што тут пачалося! Хоць няшмат было стрэльбаў у партызан, але кожны стрэл грукатаў у цясніне, як дзесяць. Ды яшчэ з кожнай мінутай колькасць стрэльбаў у партызан павялічвалася. Адступаючыя чулі стрэлы ўсюды — і спераду, і ззаду, і зверху. У цемры ім здавалася, што нападае незлічонае войска. Да партызан далучылася ўсё насельніцтва. Ва ўсіх вузкіх мясцінах стварыліся барыкады з павозак, дрэў і ўсялякай маёмасці адступаючых. А ззаду націскала паўднёвае войска...

...Увесь наступны дзень размяркоўвалі палонных мукдэнцаў і іх маёмасць. У ліку палонных быў і мандарын. «Чырвоныя пікі» замест бамбукавых пік набылі вінтоўкі. Палкоўнік паўднёвага войска падзякаваў партызанам і паставіў іхняга камандзіра, начальніка Ці Сю, галоўным начальнікам усяго гэтага раёна. Зараз жа Ці Сю назначыў малодшых начальнікаў па валасцях, у тым ліку ў аколіцы Кой-Фу быў прызначаны Шы Ку-ан.

А затым войска пайшло далей на поўнач.

 

1 Маецца на ўвазе Сун Ят-сен, дэмакратычны дзеяч, заснавальнік партыі гаміндан, якая пасля смерці Сун Ят-сена (1925 г.) ператварылася ў рэакцыйную.

Зноў спачатку

Радасць ахапіла ўсіх падземных людзей. Дачакаліся нарэшце і яны таго часу, калі самі сталі ўладарамі сваёй зямлі! Павылазілі з сваіх нораў наверх ужо смела, адкрыта і пастанавілі зараз жа падзяліць усю зямлю ў сваім раёне.

— Як жа гэта так? — ківалі галовамі старыя і палахлівыя.— Няўжо ж можна ўзяць ды адабраць зямлю ў гэтага Бай Цзы?

— А чаго ж глядзець на яго? — гарачыўся Шы Ку-ан.— Чым ён лепшы ад нас? Хай жыве і працуе так сама, як і мы. А я дык яму яшчэ і за бацьку не дарую.

Але Бай Цзы ўжо не было. Ён яшчэ ўначы ўцёк з сям’ёй і галоўнымі сваімі каштоўнасцямі.

Народ кінуўся быў рабаваць і разбураць маёмасць Бай Цзы, але Ці Сю ўтрымаў іх.

— Навошта псаваць і нішчыць? Гэтак нікому карысці не будзе: размяркуем спакойна, разумна.

Некалькі дзён ішло размеркаванне. Чайную фабрыку пакінулі для агульнага карыстання, а плантацыю падзялілі. Гаспадары адразу зрабіліся «багатымі»: крокаў пяцьдзесят удоўжкі і дваццаць ушыркі выпала кожнаму!

Ці Сю прапанаваў быў не драбніць гэтак зямлю, а зрабіць агульную гаспадарку, але народ і слухаць не хацеў:

— Навошта нам чайная гаспадарка, калі есці няма чаго? Я лепш пасаджу боб, нават пшаніцы можна будзе пасеяць.

І вось, калі яны аднаго разу гэтак гаспадарылі на сваёй новай зямлі, з’явіліся чатыры паліцэйскія, а за іх спіною Бай Цзы. Вочкі яго злосна і радасна блішчалі, калі старэйшы паліцэйскі перадаў Ці Сю паперу. А ў ёй быў загад: аддаць усё захопленае гаспадару і ў далейшым не рабіць самачынных размеркаванняў.

Вакол сабраліся ўстрывожаныя гаспадары.

— А хто ж гэта загадвае?

— Дубань1 Чу Лі-дзу.

— Гэта ж той самы стары дубань!

— Усё роўна, ён загадвае ад імя новага ўрада, гамінданаўскага.

— Гэта здрада! — загулі людзі.— Не трэба слухацца яго!

— Паглядзім! — сказаў Бай Цзы.

— Тым горш для вас будзе,— дадаў паліцэйскі, і яны пайшлі назад.

Да позняй ночы гула цясніна.

— Мы ж казалі, што не трэба было чапаць! — з дакорам гаварылі «разважныя».

— Ну і што ж? — адказвалі больш смелыя.— Калі застаўся мукдэнскі паслугач, дык трэба яго прагнаць. Улада новая, наша; яна сама паклапоціцца аб гэтым.

Але ўлада паклапацілася прагнаць не дубаня, а Ці Сю. Праз дзень з’явіўся новы начальнік і з ім атрад у дваццаць чалавек. Тут жа быў і Бай Цзы. Яны спыніліся на хутары Бай Цзы і пачалі наводзіць старыя парадкі. Зараз жа злавілі двух сялян і далі ім па дваццаць пяць бамбукаў.

Калі ўбачыў усё гэта народ, дык не хацеў даваць веры, што гэта гамінданаўцы, якім яны надоечы дапамагалі.

— Мукдэнцы прыйшлі! — паляцеў кліч па цясніне.

Але цяпер ужо ад гэтага клічу народ не палохаўся, не хаваўся. Яны ж усе цяпер мелі стрэльбы, а «мукдэнцаў» было мала. Ці Сю ледзь угаварыў іх пачакаць да вечара.

А калі сцямнелася, з усіх падзямелляў павыпаўзалі людзі і акружылі хутар Бай Цзы.

Нядоўгая была сутычка. Праз гадзіну хутар палаў, палова атрада была перабіта, а рэшта ўзята ў палон, у тым ліку і Бай Цзы. Уцёк толькі новы прызначаны начальнік раёна.

Шы Ку-ан са штыком кінуўся да Бай Цзы.

— Дайце мне расквітацца з нашым дабрадзеем! Мы ж яму вінны!

Але Ці Сю і некаторыя іншыя таварышы ўтрымалі яго.

— Цяпер позна ўжо. Ён бяззбройны ў нашых руках.

Вельмі дзівіліся людзі, калі ўбачылі, што гэта не мукдэнцы, а «свае» гамінданаўцы.

— Як вам не сорамна ісці супраць сваіх братоў! — крычалі ім.— Мы разам з вамі толькі што прагналі нашых агульных ворагаў.

Салдаты апраўдваліся, што яны нічога не ведаюць і слухаюцца загаду сваіх гамінданаўскіх начальнікаў. Іх абяззброілі і адпусцілі, але тры чалавекі не захацелі варочацца і засталіся.

Ці Сю сабраў нараду.

— Таварышы! — сказаў ён.— Мы ўбачылі, што гэта не выпадковы атрад мукдэнцаў і не выпадковы загад дубаня. Выходзіць, што наогул новая ўлада не такая, як мы думалі. І цяпер перад намі стаіць пытанне: ці пакарыцца, ці змагацца далей?

Ціха зрабілася ў натоўпе. Кожны выбіраў сабе лёс. Зноў пачуліся галасы «разважных»:

— Мы ж казалі...

Тады выступіў Шы Ку-ан:

— Не забывайцеся, што і пакорлівасць цяпер не паможа. Яны прыйдуць і перарэжуць пакорлівых, як бараноў, бо мы не паслухаліся загаду і пабілі іхніх салдат. Лепш тады загінуць са зброяй у руках!

Думка была слушная і шмат каго пераканала.

У гэты момант у полі, у прадранішнім змроку, паказалася група людзей, чалавек з трыццаць-сорак. Яна набліжалася сюды.

— Салдаты! — пачуліся трывожныя галасы.

Рукі мацней сціснулі вінтоўкі, а некалькі чалавек шмыгнулі ўбок і схаваліся ў чайных кустах.

— Але ж яны ідуць зусім з другога боку,— заўважыў Ці Сю.

Потым убачылі, што ўсё іх убранне не такое, як у салдат.

І нарэшце наперадзе гурту пазналі таго самага «цвыркуншчыка», што з’яўляўся ў свой час.

Шы Ку-ан, Ці Сю кінуліся да яго.

— Ён усё ведае! Ён параіць,— пачуліся галасы з натоўпу.

І сапраўды, ён ведаў і параіў.

— Таварышы! — звярнуўся ён да людзей, узабраўшыся на вялікую скрыню.— Нас сапраўды ашукалі. Замест аднаго начальства з’явілася другое, а парадкі засталіся тыя самыя. Часам, як вы бачылі, нават і начальнікі засталіся тыя самыя. Можа, у іх там для сябе і ёсць якія змены, але бедны працоўны народ гэтага не ведае і не адчувае. І спадзявацца на іх няма чаго. Змена зрабілася толькі тая, што замест старамоднага мандарына кіраваць пачаў навамодны фабрыкант. І адзін і другі думаюць толькі пра свае інтарэсы. А бедната павінна сама дбаць аб сабе. Таму цяпер ва ўсіх кутках стварыліся атрады партызанаў, якія змагаюцца ўжо з гамінданаўцамі. Хто не жадае, каб яму адрэзалі галаву, хай далучаецца да нас. Вы будзеце не адны: шмат, кажу, такіх ёсць.

...Калі ўзышло сонца, чайная плантацыя Бай Цзы апусцела.

Ціха было навакол, толькі патрэсквалі яшчэ галавешкі ад хаты Бай Цзы, а сам ён, звязаны, ляжаў у свірне.

Але чайныя кусты час ад часу варушыліся... Часам блісне на сонцы стрэльба...

Там размясціліся сто пяцьдзесят чалавек партызанаў.

А ў цясніне з нораў выпаўзалі жанчыны, дзеці, старыя і з клункамі на спіне хаваліся ў іншых, больш глухіх шчылінах.

Сярод іх трапляліся і нестарыя, дужыя мужчыны, але яны схіляліся нават больш за старых: ім сорамна было падняць галаву, бо яны пабаяліся далучыцца да тых, што засталіся там, наверсе...

* * *

А гадзіне дзесятай паказаўся атрад салдат з кулямётам. Частка іх пайшла на плантацыю, а другая частка накіравалася да цясніны. Тыя, што ішлі на плантацыю, былі спакойныя і зусім не хаваліся.

Калі яны падышлі бліжэй, з чайных кустоў грымнулі стрэлы. Салдаты заляглі, і пачалася перастрэлка. Тады і другі атрад завярнуўся сюды. Партызаны апынуліся ў кутку і вымушаны былі крыху адступіць. Але іх было сто пяцьдзесят супраць ста, і яны маглі трымацца, нягледзячы на кулямёт, які пакуль што вялікай шкоды не мог нарабіць.

Некалькі разоў салдаты спрабавалі пайсці ў атаку, але вымушаны былі спыняцца пад градам куляў. Тады і яны заляглі, і на працягу некалькіх гадзін цягнулася толькі рэдкая перастрэлка.

— Тым лепей,— шапнуў Ці Сю «цвыркуншчыку».— Дачакаемся ночы, а там паглядзім яшчэ, што будзе.

Але не давялося ім дачакацца ночы: да ворага прыйшоў на дапамогу эскадрон кавалерыі, таксама з кулямётам. Кавалерыя пачала абыходзіць партызанаў з боку цясніны. Заляскатаў адтуль другі кулямёт. Разам з тым пяхота пачала загінаць з другога боку. Партызанам пагражала акружэнне...

Прыйшлося зноў адступіць. Хаваючыся па-за кустамі, яны не мелі тых страт, якія маглі быць у іншых умовах. Але найгоршым было тое, што кавалерыя адрэзала іх ад цясніны, якая з’яўлялася для іх самым надзейным прытулкам.

Крок за крокам адыходзілі яны назад. Прыйшлося некалькі разоў кідацца ў атаку і адбіваць пяхоту, якая загінала з правага крыла. Ужо з’явіліся коннікі ззаду, але шмат іх было збіта з коней, бо іх лепш было відаць, як партызанаў у чайных кустах.

Так адышлі яны кіламетраў на восем. Чайныя плантацыі ўжо скончыліся. Вораг займаў навакол усе тыя мясціны, дзе былі дрэвы, кусты і іншыя прыкрыцці. Партызаны паступова адсоўваліся на адкрытае месца.

Кола ўсё звужалася.

Нарэшце партызаны ахоплены з усіх бакоў... Ратунку няма... Але чаму гэта яны сціхлі, не страляюць?

Салдаты пачалі набліжацца ўсё смялей і смялей — нікога няма...

Што за ліха? Няўжо ж яны скрозь зямлю праваліліся?

І калі сышліся, дык убачылі ў зямлі норы. Гэта была другая падземная вёска, на роўным месцы. Ёсць у Кітаі і такія. Па-першае, няма з чаго пабудаваць хаты, а па-другое, нельга займаць пад будынкі тыя апошнія крокі зямлі, што маюць гэткія гаспадары.

Пачалі гукаць уніз, каб усе павылазілі адтуль, бо іначай будуць кідаць гранаты і пахаваюць усіх пад зямлёй.

Пачалі вылазіць жыхары з сем’ямі. Дрыжаць, енчаць. Сталі выцягваць сваю жывёлу — коз, свіней, што былі схаваны ў часе бойкі.

А з партызанаў не вылез аніводзін.

Тады сталі кідаць туды бомбы і зруйнавалі ўсю вёску дашчэнту...

* * *

Дарма здаровыя мужчыны з цясніны Кой-Фу, тыя, што пабаяліся далучыцца да таварышаў наверсе, хаваліся, схіліўшыся і апусціўшы вочы долу: іх усё роўна не мінула кара, кожны з іх атрымаў належны лік бамбукаў. А аднаму з іх, каб пастрашыць насельніцтва, адсеклі галаву...

Апрача таго, усё жыхарства цясніны павінна было вярнуць страты Бай Цзы. Страты вылічыў сам Бай Цзы, і яны выйшлі прынамсі ў два разы большыя за сапраўдныя. Але што было ўзяць з гэтай беднаты?

Тады Бай Цзы злітаваўся і згадзіўся, каб яму гэтыя грошы адпрацавалі. Плату за работу таксама вызначыў ён сам. І з таго часу ўсё жыхарства цясніны зрабілася нібы ўласнасцю Бай Цзы. Пры новай «рэвалюцыйнай» уладзе ён адчуваў сябе не горш, як раней.

...А вайна не спынялася. Генералы ніяк не маглі падзяліць паміж сабой уладу і пачалі ўжо грызціся і біцца адзін з адным. Грашыма ім дапамагалі тыя ці іншыя капіталісты, якія жадалі ўзяць уладу ў свае рукі. Дапамагалі і «добрыя» суседзі — Японія, Англія, Амерыка,— кожны «свайму» генералу. Даўно ўжо ўсе забыліся, як пачало «вызваленчую барацьбу» гамінданаўскае «рэвалюцыйнае войска». Цяпер ужо трэба было думаць аб тым, каб вызваліцца ад гэтых «вызваліцеляў».

Але як?.. Хто цяпер можа дапамагчы жыхарам цясніны Кой-Фу? А што робіцца на свеце — і не разбярэш. Казалі, што адзін з генералаў, Іе Цін, перайшоў на бок народа, што «Чырвоныя пікі» і шмат іншых партызанаў не склалі зброю, а недзе змагаюцца. Але паблізу нічога не чуваць. Сумна ў цясніне Кой-Фу, цёмна...

І вось аднаго разу пайшлі чуткі, што ў аколіцах з'явіліся партызаны. Прыемна было слухаць гэта, але ўцехі мала: што яны цяпер могуць зрабіць? І так пячэ сэрца ад смерці лепшых людзей пасёлка, што загінулі тады разам з Шы Ку-анам.

Надыходзіў вечар. Невядома, ці даўно схавалася сонца там, наверсе, а можа, яшчэ і не схавалася, а ў цясніне ўжо было цёмна. Чынь Фу і яго сусед, эканомячы паліва, гатавалі боб на агульным вогнішчы ў агульным кацялку. Бабінкі былі пералічаныя, і кожны ведаў, колькі штук прыпадае на яго долю. Трохі далей гарэла другое такое вогнішча. Вакол сядзелі члены сем’яў і з нецярплівасцю чакалі вячэры.

Раптам наверсе пачуўся шолах, затым пакацілася ўніз нейкае цела і чмякнулася вобземлю...

— Прымайце вашага дабрадзея! — пачуўся зверху вясёлы голас.

Гэта было цела Бай Цзы.

Зверху спускаліся нейкія людзі. Калі яны спусціліся, то ўсе ўбачылі... Шы Ку-ана і ўсіх хлапцоў іхняга пасёлка, жывых, здаровых, вясёлых. Крыкі здзіўлення, радасці сабралі сюды ўсё насельніцтва. Абдымкі, смех, слёзы і першае пытанне:

— Адкуль вы з’явіліся? Як выратаваліся?

— Вельмі проста,— адказалі ім,— мы ж людзі падземныя, зямля нас і выратавала. З таго падземнага пасёлка, куды мы схаваліся, быў выхад у суседнюю цясніну; нам яго паказалі, і мы спакойна выйшлі!

— Мы не маглі не адпомсціць гэтаму Бай Цзы,— сказаў Шы Ку-ан,— толькі не так, як мой бацька, а з карысцю для і ўсіх. Закапайце яго тут, каб не было ніякага знаку. А вінавацяць няхай партызанаў.

Затым пачаліся расказы аб тым, што з хлапцамі было за гэты час. Шмат дзе яны пабывалі, былі на тым беразе Янцзы, дайшлі да гор Цзінь-Га-Шань.

— Там змагаецца з гамінданаўцамі многа партызанаў, цэлае войска. Мы бачылі начальніка іх. Гэта сапраўды наш камандзір. Усю барацьбу ўзначальвае наша партыя, камуністычная, партыя ўсіх працоўных людзей. Цяпер наша справа ў надзейных руках. Не будзем ужо мы блытацца, не ведаючы, дзе друг, дзе вораг. І мы ідзём расказаць аб гэтым усяму нашаму народу, каб ён ведаў, што рабіць, каб усюды ствараліся партызанскія атрады пад адзіным камандаваннем, каб усе ішлі ў народную армію. Цяпер толькі пачынаецца сапраўдная барацьба за свабоду, за лепшае жыццё...

Падземныя людзі слухалі гэтыя расказы, і ў іх зноў зацяплілася надзея: ёсць яшчэ змагары за долю бедняка і раней ці пазней яны перамогуць!..

1927 г.

1 Начальнік, губернатар.


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Маўр Я. Збор твораў у чатырох тамах (падпісное выданне). Том другі. Мн., «Маст. літ.», 1975. - 416 с. з Іл.
Крыніца: скан