epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Маўр

У краіне райскай птушкі

І
II
III
IV
V
VI
VII
VIII

X


І

Новая Гвінея. — У мангравым лесе. — Кітаец Чунг-лі.— У гасцях у папуасаў.

 

Далёка-далёка ад нас, на другім баку зямлі, можна сказаць, супраць нашых ног, на поўнач ад Аўстраліі, ляжыць вялікі востраў Новая Гвінея. На дзве з паловай тысячы кіламетраў працягнуўся ён у даўжыню і больш чым на шэсцьсот кіламетраў — у шырыню. Тры такія дзяржавы, як Англія, маглі б змясціцца на гэтым востраве.

Ляжыць Новая Гвінея каля самага экватара; значыць, там стаіць вечнае лета. Не трэба дбаць ні аб апале, ні аб цёплым адзенні, ні аб шчыльнай хаце.

Увесь год растуць і цвітуць там розныя дзіўныя расліны.

Па чырвоных кветках даўжынёю і шырынёю з добры ручнік лётае райская птушка, якая толькі і жыве ў гэтай краіне ды на некалькіх бліжэйшых астравах.

Здавалася б, вельмі прыемна жыць у такой краіне, але чамусьці народу там так мала, што на квадратны кіламетр прыпадае ўсяго толькі «палова чалавека». Жыхары Новай Гвінеі — папуасы — знаходзяцца ў такіх умовах, што і да гэтага часу лічацца самымі адсталымі людзьмі на зямлі*.

* Аповесць пісалася ў пачатку дваццатых гадоў нашага веку.

З еўрапейцаў там стала жыве ўсяго некалькі сот чалавек. Ды і тыя размясціліся толькі па марскіх берагах, а ў цэнтры вострава ёсць нават такія мясціны, дзе ні разу не ступала нага белага чалавека.

Паспрабуем заглянуць у гэтую невядомую цікавую краіну.

…Сонца паліла так, як можа паліць толькі на экватары. Гарачыя праменні нібы праразалі наскрозь усё, што ім траплялася па дарозе, — і лісце дрэў, і ваду, і зямлю. Здаецца, яны хацелі высмактаць з зямлі ўсю вільгаць, але ўсюды было столькі вады, што не сушэй рабілася, а нібы яшчэ вільгатней.

Здавалася, што паветра было якоесьці густое, як у лазні, толькі пары не было відаць. Розныя пахі адчуваліся ў ім — і кветкавыя, і пладовыя, і разам з тым гнілыя, душныя, шкодныя.

Гэта і ёсць тое першае, галоўнае, што перашкаджае прыезджым людзям жыць у гэтай краіне. Цёплая вільгаць з'яўляецца галоўнай прычынай самай пашыранай у гарачых краінах хваробы — жоўтай ліхаманкі.

Затое раслінам усё гэта вельмі спрыяе. Яны так шпарка растуць, што, здаецца, каб прыслухаўся, то мог бы ўчуць, як яны пруць з зямлі. Кожнае дрэва, куст ці травіна цягнуцца ўгору, да сонца, нібы навыперадкі. Кожная расліна стараецца адапхнуць свайго суседа і захапіць як мага больш месца пад сонцам. Слабейшыя застаюцца ўнізе, заглушаюцца і паступова марнеюць.

Вышэй за ўсіх уздымаюцца пальмы. Іх верхавіны, з лісцем даўжынёю да чатырох метраў, выглядаюць як памёлы.

А там, ніжэй, ідзе ўжо такая гушчыня, што і не разбярэш, што там расце. Праўда, большасць дрэў для нас зусім і невядомыя. Лісце вялізнае ярка-зялёнае, нібы тлустае, а кветкі проста гараць рознымі колерамі. Нават наша папараць расце тут як дрэва, велічынёю з сасну. Бліжэй да вады размясціліся так званыя мангравыя дрэвы, карэнні ад якіх уздымаюцца ўверх вышэй за рост чалавека, так што можна пад імі хадзіць.

Некаторыя расліны з-за недахопу месца і святла прыладзіліся на чужым карку і п'юць сок з другога дрэва. Самымі распаўсюджанымі з іх з'яўляюцца ліяны, якія, нібы вяроўкі таўшчынёю з руку, пераблыталі ўвесь лес. Нават адна парода пальмаў, так званая ратангавая, таксама прыстасавалася жыць на чужы кошт.

Можна было толькі заўважыць, што жывёл мала ў гэтым лесе. І праўда, на Новай Гвінеі звяроў амаль што няма, калі не лічыць некалькіх парод, з якімі мы яшчэ сустрэнемся.

Сярод гэтага лесу на поўдзень цячэ рэчка — павольна, ціха. Розныя затокі і адтокі разыходзяцца ва ўсе бакі,— відаць, што рака канчаецца, што блізка павінна быць мора.

Па баках, як сцяна, стаіць высокі бамбук. Дзікія качкі капошацца там. На мангравым корані тырчыць белая чапля. Відаць, ніхто іх тут не чапае. Нікога няма навакол.

Але вось з-за павароту ракі паказаўся човен, просты, выдзеўбаны з бервяна. У ім сядзеў чалавек сярэдняга росту, жоўты, з вузкімі касымі вачыма. Відаць было, што гэта кітаец. Толькі як ён сюды трапіў з другога канца свету?

Аднак жа гэта быў сапраўды кітаец. Адзенне яго складалася толькі з портак і кашулі, але і ад іх засталася толькі назва, бо гэта былі адны анучкі, звязаныя рознымі сцябельчыкамі і карэньчыкамі.

Веславаў і руляваў ён жардзінай, а на дне чоўна ляжала торба і невялічкая піка.

Ехаў ён ціха, асцярожна, увесь час азіраючыся. Ен баяўся выязджаць на сярэдзіну ракі і ўсё трымаўся берага. Худы, змораны твар сведчыў, што падарожны многа перацярпеў.

Адзін, другі заварот — і перад ім адкрылася мора. Толькі нельга было вызначыць, дзе яно пачыналася і дзе канчалася, бо ўсё навакол было заліта вадою, а мангравы лес выдаваўся далёка ў мора.

Мора было неглыбокае. Далёка-далёка відаць было, як пеніліся і разбіваліся хвалі аб падводныя рыфы.

Гэта была Тарэсава пратока, якая аддзяляе Новую Гвінею ад Аўстраліі. У гэтай частцы Вялікага акіяна, на паўночны ўсход ад Аўстраліі, даўно працуюць ужо каралавыя паліпы і хутка, гэта значыць, праз якіх паўмільёна ці мільён гадоў, зусім забудуюць мора.

Да гэтага кітаец лёгка плыў уніз па рацэ, а цяпер ён стаў адчуваць, што вада пачынае цячы насустрач, уверх. Вось ужо і човен пачало адносіць назад, і кітаец павінен быў напружваць усе сілы, каб пасоўвацца ўніз.

Тым часам і зверху вада таксама прыбывала. Вось сустрэліся струмені зверху і знізу і закруцілі човен. Становішча рабілася ўжо небяспечным.

Пакруціўшыся некаторы час пасярэдзіне ракі, кітаец неяк здолеў вырвацца з віру і як мага хутчэй накіраваўся да берага, правільней сказаць, у лес, бо ніякага берега не было.

Ен праціснуўся паміж мангравых карэнняў і стаў чакаць.

На працягу гадзіны вада ўсё падымалася, а потым пачала спадаць. Але кітаец, відаць, не мерыўся ехаць далей. Ен пашукаў яшчэ большага гушчару і заехаў туды так, што зусім схаваўся. Потым сваім нажом адрэзаў кавалак ліяны і прывязаў човен да карэнняў.

Вада тым часам усё спадала ды спадала. Вось ужо спод чоўна дакрануўся да глебы. Вось пачалі паказвацца чорныя плямы зямлі. Потым вада зусім адышла. Толькі збоку засталася абмялелая рака, ды мора блішчала дзесь далёка скрозь дрэвы.

Кітаец вылез, узяў сваю торбу і піку, яшчэ раз паглядзеў, ці добра схаваны човен, і пайшоў налева, уздоўж берага мора. Ісці было вельмі дрэнна. Зямля была гразкая, усюды пазаставалася шмат лужын. У адной з іх кітаец заўважыў ладнага краба, велічынёю з шапку. Гэта была добрая спажыва, і кітаец не мінуў яе. Ен узяў галіну і сунуў у крабаву клюшню. Той зараз жа моцна ўчапіўся за галіну, і кітаец без клопату выцягнуў яго з вады і паклаў у сваю торбу.

Але не паспеў ён прайсці некалькі крокаў, як раптам закрычаў і заскакаў ад болю: гэта краб ухапіў яго сваёй клюшняй за бок. Тады ён зняў торбу і некалькі разоў стукнуў ёю аб дрэва.

Кітаец ішоў наўкос, набліжаючыся да берага. Відаць было, што гэта месца яму знаёмае. Але пасоўваўся ён вельмі марудна, бо цяжка было праціскацца праз мангравыя карэнні. Тым часам сонца пачало ўжо спускацца на захад. Нецікавая будзе справа, калі ноч захопіць яго тутака. Тым болей, што ён ведаў і другую небяспеку, якая пагражае яму, калі ён замарудзіцца.

Так і ёсць: лужыны пачалі трапляцца ўсё часцей, а потым кітаец заўважыў, што некаторыя зноў злучыліся з морам стужкамі вады.

Кітаец зразумеў: гэта зноў пачынаўся прыліў. Калі ён не паспее, прыйдзецца на дрэве чакаць шэсць гадзін, пакуль вада зноў спадзе.

Ен пайшоў як мага хутчэй, але неўзабаве пераканаўся, што ўсё роўна не паспее. Мора набліжалася, а яму трэба было яшчэ прайсці некалькі кіламетраў да месца, куды прыліў не дасягае.

Каб дарэмна не траціць сілы, ён пачаў выгледжваць зручнае месца, каб прыладзіцца на гэтыя шэсць гадзін. І ўжо быў час, бо навакол з'явіліся цэлыя азёры.

Ен выбраў сабе больш прытульнае дрэва і палез на яго.

Непрыемная была перспектыва сядзець на дрэве да паўночы. Ды і далей не лепш: або ісці ў суцэльнай цемры, або прапусціць час і тады зноў чакаць новага прыліву і адліву.

Але ўсім вядома, што кітайцы самы цярплівы народ. І наш падарожнік, здавалася, не адчуваў ніякай прыкрасці. Спакойна прыладзіўся на дрэве, выцягнуў з торбы некалькі бананаў і павячэраў імі.

Было яшчэ светла. Навакол цішыня — не любяць жывёлы і нават птушкі гэтых гнілых, вільготных лясоў.

Кітайцу нават прыемна было адпачыць. Ен сядзеў сабе і думаў аб сваёй бацькаўшчыне — далёкім Кітаі, аб сваёй сям'і.

Звалі яго Чунг-лі. Нарадзіўся ён у Шанхаі. Бацька яго быў кулі, як звычайна завуць кітайскіх рабочых. Чунг-лі меў брата Хунь-чжы, які быў маладзейшы за яго на адзін год, і яшчэ маленькіх брата і сястру.

Сям'я іх была такая бедная, што нават не мела месца на зямлі, а жыла на «сампане», гэта значыць, на маленькім плыце — метраў пяць даўжыні і два шырыні. Цэлыя вёскі з такіх сампанаў вырасталі звычайна на рэках, побач вялікіх кітайскіх гарадоў*.

* Тут гаворыцца аб ранейшым, дарэвалюцыйным Кітаі.

На гэтых сампанах былі пабудаваны будкі, у якіх туліліся сем'і. Добра яшчэ, калі гэтыя будкі мелі саламяныя сцены і шчыльную столь. Увесь жа будынак сям'і Чунг-лі складаўся з некалькіх кавалкаў дошак на калках, і праз шчыліны між гэтых дошак можна было прасунуць руку.

Няцяжка ўявіць, як жылося ім у халоднае, дажджыстае надвор'е, якое там бывае замест нашай зімы.

Бацька, а потым і Чунг-лі з братам падраблялі тым, што нагружалі і разгружалі караблі. Але ахвотнікаў-беднякоў было столькі, што і такая выпадковая праца траплялася рэдка.

Аднаго разу прыйшлі на сампаны нейкія агенты і сталі ўгаворваць мужчын пайсці на сталую працу ў далёкі край. Яны абяцалі плаціць па трыста долараў за год і ўзяць на сябе ўсе іншыя выдаткі. Трэба толькі падпісаць кантракт на пяць год. Праз пяць год можна будзе мець чыстых паўтары тысячы долараў, калі дарэмна не траціць грошай.

Тысяча пяцьсот долараў! Такі капітал, якога ніхто на сампане нават не сніў. І ўсяго толькі трэба папрацаваць пяць год.

Чунг-лі меў дваццаць адзін год; значыцца, калі ён будзе мець дваццаць шэсць гадоў, ён будзе ўжо багатым чалавекам. Перабярэцца на зямлю, набудзе гаспадарку, гародчык, дом, адным словам, будзе самы шчаслівы чалавек у свеце. І бацькі пад старасць спакойна пражывуць пры ім.

Для гэтай справы варта рызыкнуць. А працы ён не баіцца. Брат Хунь-чжы таксама захацеў ехаць, і гэта было яшчэ лепей, бо на чужыне вельмі многа значыць свой чалавек. А ўдвух яны праз пяць год будуць мець цэлых тры тысячы долараў! Ды гэта ж… гэта… Але ж хіба можна выказаць гэта якімі словамі?

Пайшлі ў кантору, дзе ў прысутнасці англічаніна і нейкага важнага кітайца ў акулярах падпісалі ўмову.

Падрабязнасцей умовы яны не зразумелі, але пра трыста долараў у год яны добра чулі нават ад самога кітайца ў акулярах. Значыцца, справа пэўная.

Потым іх, у ліку двухсот чалавек, пагрузілі, як гурт быдла, на карабель і змясцілі ў труме. Потым шматтыднёвая дарога. Ад задухі і дрэннага харчавання пачаліся хваробы, людзі сталі мерці, як мухі.

Гаспадары спалохаліся, што іх «тавар» загіне, зрабілі ў дарозе прыпынак, падчысцілі, падлячылі людзей і прывезлі на месца сто пяцьдзесят чалавек.

Там іх пачалі размяркоўваць па розных месцах. Быў момант, калі братоў ледзь не разлучылі. Але неяк пашанцавала, і ўрэшце яны абодва апынуліся на гумавай плантацыі ў Новай Гвінеі.

Пачалася служба. Ад цямна да цямна павінны былі яны працаваць пад палючымі праменнямі сонца. Аніводнага дня адпачынку не было вызначана. Адпачывалі толькі тады, калі гаспадары бачылі, што людзі не вытрымаюць і што можа быць страта.

За самую нязначную хібу бізун гуляў па спіне. Скардзіцца не было каму, а каб і было, то ўсё роўна нічога не выйшла б, бо, згодна кантракту, на працягу пяцёх год яны былі ўласнасцю гаспадара. Апрача таго, свой свайго заўсёды пакрые.

Адно толькі суцяшала — гэта мары аб тым, што праз пяць год яны будуць багатымі. Ах, каб хутчэй праляцелі гэтыя пяць год!

Але выявілася, што і гэтаму багаццю пагражала небяспека. Выходзіла, што выдаткі па ўтрыманню клаліся на рабочых і ва многіх выпадках гэтыя выдаткі перавышалі заработкі.

Так, напрыклад, па рахунку Чунг-лі выходзіла, што яму праз тры гады належыць замест дзевяцісот долараў толькі сто трыццаць. Нават дарога і лякарства былі пастаўлены ў рахунак.

Найгорш жа за ўсё былі здзекі і біццё. Асабліва вызначаўся ў гэтай справе кіраўнік працы, містэр Брук.

Адзін раз Чунг-лі браў з-пад дрэва гаршчочак з гумавым сокам і неяк перакуліў яго. Якраз ішоў міма містэр Брук.

Убачыўшы такое злачынства, Брук аж пачырванеў.

— Як смееш ты, сабака, псаваць гаспадарскае дабро?! — закрычаў ён і, не доўга думаючы, моцна штурхануў ботам у зубы Чунг-лі, які стаяў, пакорна схіліўшыся перад ім.

Чунг-лі і да гэтага часу не ведае, як здарылася, толькі памятае, як гаршчочак разляцеўся на кавалкі аб… галаву містэра Брука, а рэшта гумавага соку заляпіла яму ўвесь твар. Брук зароў, як бык, выхапіў рэвальвер, але не мог страляць, бо нічога не бачыў. Ен стаў церці вочы, але ад гэтага рабілася яшчэ горш.

Рабочыя зарагаталі ад радасці. Брук пачаў страляць не гледзячы. А Чунг-лі падбег да брата, абняў яго і ўцёк. Уцёк у той самы мангравы лес, дзе ён цяпер сядзеў.

І добра зрабіў, бо за такое «злачынства» ён трапіў бы на катаргу, можа, гадоў на дзесяць. Такі ўчынак быў бы растлумачаны, як замах на жыццё «белага». А гэта ў тых краях лічыцца самым страшным злачынствам.

Каб справа тычылася «каляровага» — жоўтага або чорнага, — тады зусім іншая рэч, а падняць руку на «белага» ды пры гэтым яшчэ «цара зямлі», англічаніна, — дык ужо лепш і на свет не радзіцца.

Затое для ўсіх «каляровых» рабочых гэтае здарэнне было першай радасцю за ўсе тры гады.

Але пасля гэтага ім стала яшчэ горш, асабліва Хунь-чжы, на якога злажылі адказнасць за брата — гэта значыць, ён павінен быў адпрацаваць усю «шкоду», якую зрабіў Чунг-лі. Адносіны да другіх таксама зрабіліся яшчэ больш жорсткімі, каб усе адчувалі, што азначае замах на белага.

Ды і становішча ўцекача было не лепшым. Куды было яму дзецца? Каб вярнуцца дамоў, яму, па-першае, трэба было мець шмат грошай, а па-другое, — ля берага, дзе толькі і жывуць белыя, яго зараз жа злавілі б.

Заставалася толькі ісці куды вочы глядзяць, далей ад берага.

І ён пайшоў…

Пайшоў у сярэдзіну вострава, туды, дзе яшчэ ніхто не быў, туды, дзе віднеліся таемныя горы, дзе жывуць людзі, якія і самі не ідуць да белых і іх да сябе не пускаюць.

Пайшоў адзін, бяззбройны, не ведаючы, куды ісці і што рабіць.

А праз год чамусьці вярнуўся назад, у тое самае месца, адкуль уцёк і дзе яму пагражае небяспека…

Успамінаючы цяпер свой родны сампан, ён лічыў яго за самы найлепшы куток на зямлі. Цяпер яму здавалася, што тамака акурат і жывуць найшчаслівейшыя людзі, што дарма яны лічылі сябе ўжо такімі няшчаснымі.

Ен так задумаўся, седзячы на сваім дрэве, што нават не пачуў, як пад'ехала досыць вялікая лодка і спынілася пад ім.

У лодцы сядзела чалавек шэсць папуасаў, узброеных лукамі і пікамі. Усё іх адзенне складалася з аднаго толькі фартуха. Яны былі высокага росту, дужыя і здаровыя. Чорнае цела іх блішчала, як бот.

Яны былі кірпатыя, з тоўстымі губамі і вялікімі выступамі шчок. Але дзіўней за ўсё былі іх кудлатыя галовы. Кучаравыя валасы ўздымаліся на галаве, як стог сена, і надавалі ім вельмі люты выгляд.

Яны нешта загаргаталі паміж сабою. Чунг-лі ўздрыгануўся, зашуршаў лісцем.

Папуасы паднялі галовы і ўбачылі яго. Яны ўзяліся за лукі і грозна сталі яму нешта казаць. Пры гэтым паказвалі рукамі, каб ён злез да іх у лодку.

Чунг-лі за гэты год часта сустракаўся з папуасамі, але ён цяпер лічыў бы за лепшае застацца на дрэве, чымся карыстацца іх гасціннасцю.

Хто іх ведае, што яны сабе думаюць? Праўда, узбярэжныя папуасы, якія часцей сустракаюцца з другімі людзьмі, якія бліжэй бачаць сваё начальства — англічан, — цяпер ужо не нападаюць, як раней, але ўсё-такі аднаму трапіць да іх непрыемна.

Чунг-лі зрабіў салодкую міну, заківаў галавою і сказаў:

— Кавас! Кавас! — што азначае: «прыяцель, прыяцель».

Папуасам, відаць, гэта спадабалася. Яны апусцілі лукі, але ўсё роўна чакалі яго да сябе. Не было чаго рабіць — трэба было злазіць.

Чунг-лі ўлез у лодку, зрабіў выгляд, што ён вельмі ўдзячны за іх ласкавасць, і ўсё паўтараў:

— Уян, уян (добра, добра)!..

Потым выцягнуў з торбы краба і аддаў ім.

Папуасы ўбачылі, што гэта сапраўды «кавас», і зрабіліся лагаднейшымі. А калі Чунг-лі пачаў выкладаць усе свае веды па папуаскай мове, з якой ён азнаёміўся ў часе сваіх вандраванняў, тады ўжо зусім зрабіўся ім сябрам. Але трэба зазначыць, што ведаў гэтых у Чунг-лі зусім не хапала. Папуасы жывуць паасобку, сталых зносін паміж сабой не маюць, дзеля гэтага няма ў іх і адзінай мовы. Часта здараецца, што дзве суседнія вёскі гавораць па-рознаму.

Папуасы не разумелі і паловы таго, што казаў Чунг-лі, але з некалькімі словамі ды мігамі ўсё ж такі дагаварыцца можна было.

Папуасы выехалі з лесу ў мора. Пакуль яны ехалі ўздоўж берага, сонца пачало спускацца. Чунг-лі ўбачыў у моры, недалёка ад берага, над вадою, вёску, да якой яны і накіроўваліся.

Хаціны былі пабудаваны на мангравых карэннях, на якіх былі пасланы жэрдкі. Страха была зроблена з плеценага пальмавага лісця, а сцены — з галля.

Там ужо заўважылі, што едзе чужы чалавек. Насельніцтва згуртавалася на краі насцілу і з цікавасцю чакала госця.

Лодка пад'ехала «пад вёску». З насцілу звешваліся плеценыя сходкі, па якіх і падняліся ўверх.

Паміж усіх хацін асабліва вызначалася адна, даўгая, вялікая, — туды і павялі госця. Чунг-лі адразу пазнаў, што гэта быў нібы клуб, дзе жывуць нежанатыя папуасы і дзе звычайна прымаюць гасцей.

Чунг-лі супакоіўся: значыцца, яго прымаюць як госця. Увайшлі ў сярэдзіну. Па баках цягнуліся нары, дзе кожны чалавек меў сваё месца. Над галовамі віселі розныя прылады, галоўным чынам для лову рыбы. Цікава, што сярод розных рэчаў тут можна было знайсці разам і каменную сякеру і жалезную, і касцяны нож і сталёвы; сярод лукаў і стрэлаў была адна старая стрэльба.

Адным словам, відаць было, што гэтыя дзікуны хоць і жылі па-першабытнаму, але ўжо карысталіся і сучаснымі прыладамі.

Пасярэдзіне хаціны была насыпана зямля, дзе гарэў агонь. Зараз жа дадалі галля, паклалі ў попел рыбу, загорнутую ў зялёны ліст, сунулі туды і краба.

Паселі навакол і пачалі, як маглі, гутарыць з Чунг-лі. Чунг-лі стаў тлумачыць, што ён ідзе да белых, але разам з тым асабліва стараўся паказаць, што ён сам не належыць да іх, што ён ненавідзіць белых і лічыць іх ворагамі.

Відаць было, што папуасы зразумелі яго. Яны ўхмыляліся, пляскалі яго па плячы і казалі: «уян, уян».

Ля дзвярэй стаялі жанчыны і дзеці і здзіўлена глядзелі на рэдкага госця.

Чунг-лі цяпер ужо быў задаволены, што так здарылася і што ён зможа адпачыць і паспаць як мае быць. Бо назаўтра яго чакала вельмі небяспечная справа…

Тым часам зусім стала цёмна. У гэтых месцах ноч надыходзіць адразу, раптам. Увесь год цямнее а сёмай гадзіне, і ноч і дзень маюць па дванаццаць гадзін, з невялікім ухілам, бо Новая Гвінея ляжыць недалёка ад экватара.

Мора было чорнае: аніводнай хвалькі не было на ім.

Аднак жа папуасы не мерыліся ісці спаць. Яны зноў сталі рыхтаваць свае лодкі.

І мора загарэлася!.. Ад кожнага руху лодкі, асабліва вясла, вада запальвалася, бруілася бледным полымем. Здавалася, што ўсе лодкі плывуць у агні, а ў некалькіх кроках некранутая вада ад гэтага здавалася яшчэ чарнейшай.

Але ніхто з жыхароў не звяртаў увагі на гэтае прыгожае з'явішча. Усе ўжо з маленства прызвычаіліся да яго. Чунг-лі таксама не раз бачыў гэтае святло, хоць і не ведаў, што яно паходзіць ад мікраскапічных жывёлінак, якія свецяцца, як нашыя чарвячкі-светлячкі або гнілое дрэва.

У лодку села па тры-чатыры чалавекі. У левай руцэ кожны трымаў запалены факел з сухога пальмавага лісця, а ў правай — піку з некалькімі вострымі канцамі, прызначаную спецыяльна на рыбу. Пасярэдзіне лодкі быў раскладзены агонь, ад якога яны запальвалі свае факелы. Яны запрасілі і Чунг-лі ехаць з імі, але ён адмовіўся, бо быў вельмі змораны.

На моры ў цемры рассыпаліся і заварушыліся агні: вось адзін кінуў сваю піку ў ваду і зараз жа выцягнуў рыбіну, якую спрытна зняў пальцамі нагі.

Доўга глядзеў Чунг-лі на такую цікавую рыбную лоўлю, але трэба было ісці спаць.

Ен увайшоў у хаціну і лёг на нары. Пад бокам было паслана пальмавае лісце, а замест падушкі прыстасаваны некалькі бамбукавых жэрдак.

Ен зараз жа заснуў і нават не чуў, калі вярнуліся лаўцы.

 

II

Еўрапейская станцыя. — Выгадны гандаль. — Гумавая плантацыя. — «Каляровыя» рабочыя. — Паны і падпанкі.— Зварот Чунг-лі.— Папаўся!..

 

Кіламетраў за дзесяць ад вёскі папуасаў, на ўзвышшы, стаяла «станцыя», або «факторыя», як завуць сялібы еўрапейцаў у такіх дзікіх месцах.

Звычайна такія станцыі з'яўляюцца прадпрыемствамі капіталістаў. Напрыклад, перад вайной* амаль што чвэрць Новай Гвінеі была ў руках адной нямецкай гандлёвай фірмы. Другая чвэрць — у руках англічан, а палова — у галандцаў.

* 1914–1918 гадоў.

Пасля вайны нямецкую частку адабралі англічане, і Новая Гвінея аказалася падзеленай паміж Англіяй і Галандыяй.

Наогул трэба сказаць, што капіталістычныя дзяржавы гандлююць гэтымі астравамі, як таварам: мяняюць, купляюць, прадаюць адзін аднаму з усімі жыхарамі і іх вантробамі.

А людзі жывуць, працуюць і нават не ведаюць, што, можа, дзесьці ў Лондане ці Парыжы ў гэты самы час іх хтосьці камусьці прадае.

У розных зручных месцах фірмы закладваюць плантацыі і гандлёвыя пункты.

Тая станцыя, аб якой тут ідзе гутарка, належала да адной англійскай фірмы, якая шмат іх мела ўздоўж усяго ўзбярэжжа. На гэтай станцыі разводзіліся гумавыя, або каўчукавыя, дрэвы. Але, як гандлёвае прадпрыемства, яна не адмаўлялася і ад іншых гандлёвых спраў.

Пасля гумы галоўнае месца займала «копра». Копра — гэта разрэзаныя і высушаныя какосавыя арэхі. У Еўропе з яе робяць какосавы алей, які ўжываецца ў рознай вытворчасці, напрыклад, у мылаварнай.

Яе прывозілі галоўным чынам з суседніх астравоў, якіх шмат было навакол.

Станцыя і сама вырабляла копру і купляла ў папуасаў. Раней за якую-небудзь шкляную цацку можна было атрымаць мех копры, але цяпер папуасы паразумнелі і патрабавалі сякеру, нож ці яшчэ што карыснае.

Бліжэй да мора стаяў галоўны дом, у якім жылі начальнік станцыі містэр Скот і яго памочнік містэр Брук.

Дом быў лёгкі, з дошак, і стаяў на слупах — таксама, як і папуаскія хаціны.

Навакол усяго дома ішла веранда, на якую выходзілі вялікія вокны. У некаторых вокнах замест шкла былі густыя сеткі. Яны абаранялі ад маскітаў і разам з тым прапускалі свежае паветра.

Каля дома раслі пальмы, бананы, эўкаліпты і розныя іншыя дрэвы гарачых краін.

На верандзе на плеценых крэслах сядзелі містэр Скот і містэр Брук, апранутыя ва ўсё белае, як звычайна ходзяць у гэтых краях еўрапейцы.

Містэр Скот быў высокі мужчына, гадоў пад сорак. Чысты, голены твар яго выказваў гордасць і самаўпэўненасць. Ен заўсёды быў спакойны. Спакойна выслухваў непрыемнасць, спакойна загадваў біць насмерць якога-небудзь слугу, калі той завінаваціцца ў чым. Ніколі не крычаў і не злаваў, бо яго крык быў бы вялікім гонарам для таго чалавека, на якога ён крычыць. Быў спакойны і ў вясёлы час.

Самае большае, што ён мог сабе дазволіць, — гэта ўсміхнуцца, размаўляючы з сваім братам-еўрапейцам. І рабіў гэта ён толькі ў тутэйшых краях, а ў Англіі ён з больш-менш простым чалавекам і не размаўляў бы.

Ен быў шляхетнага паходжання і марна страціў усе свае грошы. Сюды прыехаў таму, што, па-першае, ён тут атрымліваў вялікую плату, а па-другое, што ў гэтай невядомай старонцы наогул можна пажывіцца.

Яго памочнік, містэр Брук, быў зусім іншага складу: нізкі, тоўсты, зласлівы. Ен меў сорак пяць год і за свой век змяніў шмат прафесій: і вайсковым быў, і на моры служыў, і пропаведзі ў царкве гаварыў, і ў тэатры працаваў,— і нідзе не меў удачы праз свой характар.

Толькі тут ён быў прыгодны. Тыя рабочыя, якімі ён распараджаўся, не маглі нічога яму зрабіць, а містэра Скота ён вельмі паважаў і баяўся.

Англічане сядзелі моўчкі і пілі каву.

Раптам Брук дакрануўся да рукі містэра Скота і ціхенька паказаў у кут веранды. Там, асцярожна азіраючыся, паўзла яшчарка, даўжынёю з метр. Яна трымала ў роце добры кавалак мяса.

Гэтыя стварэнні вельмі часта крадуць тут спажыву ў людзей, як у нас пацукі. Адно што яны больш палахлівыя. Ледзь толькі людзі паварушыліся, як яна пакінула мяса і знікла.

— Хутка прыйдзе карабель, — сказаў Скот. — Ці хопіць нам гумы і копры, каб нагрузіць яго?

— Павінна хапіць, — адказаў Брук, — але вось рабочых мала. Учора зноў памёр адзін. Трэба яшчэ выпісаць.

— Колькі мы іх маем цяпер?

— Дзвесце дзявяноста тры. Восемдзесят шэсць памерла за паўгода, ды два зноў уцяклі некалькі дзён назад.

— Невялікая бяда, выпішам другіх, — спакойна сказаў Скот.

І сапраўды, гэта была не бяда. Наадварот — гэта было на карысць гаспадарам. Уцекачы, парушыўшы ўмову, нічога не атрымлівалі. Іх заработкі, часам за некалькі год, заставаліся ў кішэнях гаспадароў.

З гэтага боку містэру Скоту заставалася толькі жадаць, каб больш уцякалі, і ў глыбіні душы ён быў удзячны Бруку за тое, што той дапамагаў у гэтай справе сваёй жорсткасцю да рабочых.

Але ўцякалі толькі тыя, якія ўжо ні на што не спадзяваліся і выбіралі смерць. Вядома, такіх было мала.

Трэба адзначыць, што сярод усіх рабочых толькі дзесятак быў з тутэйшых папуасаў. Рэшта былі кітайцы, японцы, малайцы, нават негры.

Гэта тлумачылася проста: па-першае, папуасы не былі прывычныя да сталай рэгулярнай працы, а па-другое, яны хутка ўсе ўцяклі б ад такога жыцця, бо яны былі, як гаворыцца, дома. А з прывезенымі з далёкага краю рабочымі можна было рабіць што хочаш.

На веранду ўзышоў новы чалавек, грэк Кандаракі. Гэта быў не малады ўжо, але вёрткі, хітры, дасціпны чалавечак з бегаючымі вочкамі і казлінай бародкай.

Адкуль ён узяўся, як сюды трапіў — алах яго ведае, але для Скота ён быў вельмі карысны. Ен быў гандлёвым агентам, усё ведаў, што трэба і нават чаго не трэба, ашукваў усіх і ўсім быў патрэбен. І містэр Скот заўсёды карыстаўся яго парадаю.

— Містэр Скот! — сказаў грэк, нізка схіліўшыся. — Тамака прыйшлі два папуасы, відаць, здалёку. Яны прынеслі скуркі райскіх птушак і кавалак золата велічынёю з курынае яйка.

— Што яны патрабуюць за гэта? — запытаўся Скот.

— Дзве стрэльбы.

Містэр Брук аж падскочыў на сваім крэсле:

— Што? Як? Стрэльбы? Не можа быць! Яны ж не ведаюць, што з імі рабіць!

— Мусіць, ведаюць, калі просяць, — сказаў Кандаракі.

— Гэта справа нядобрая, — прамовіў Скот. — Калі яны захацелі стрэльбаў, гэта кепскі знак.

— Мабыць, іх навучыў хтось, — сказаў грэк.

— Паклічце іх сюды, — загадаў Скот. Кандаракі махнуў рукой. Падышлі два папуасы.

Відаць было, што яны рэдка сустракаліся з белымі. Глядзелі неяк спадылба, як загнаныя звяры.

— О, гэтыя малойчыкі мне не падабаюцца! — сказаў Брук.

І сапраўды, яны значна адрозніваліся ад бліжэйшых папуасаў. Асабліва цікавая была іх зачоска. Усе валасы былі падзелены на мноства кос, і, каб гэтыя косы не злучаліся, яны былі аблеплены гразёю. Косы звешваліся з усіх бакоў і нават бразгаталі пры кожным руху.

На руках і на нагах былі бранзалеты, па-майстэрску зробленыя з травы і аздобленыя чарапашкамі. На шыі віселі каралі з звярыных зубоў.

Адзін трымаў вязку птушыных скурак без ног, а другі — кавалак золата. Асабліва цікавыя былі скуркі птушак. Райскія птушкі невялікія, прыблізна як верабей або крыху больш. Сама назва іх паказвае, што яны нейкія асаблівыя. І сапраўды: такога прыгожага, яскравага і разнастайнага колеру ніхто нават не мог бы выдумаць!

Іх ёсць некалькі парод, але больш вядомая адна, якая мае хвост каля трыццаці сантыметраў даўжынёй з такім тонкім, далікатным і яскравым пер'ем, што ім вельмі ахвотна ўпрыгожваюць сябе як дзікуны, так і еўрапейскія жанчыны. Для апошніх і вывозяцца гэтыя скуркі ў Еўропу і вельмі дорага цэняцца.

З прычыны таго, што мясцовыя паляўнічыя звычайна адразаюць ногі ад скурак, у Еўропе склалася легенда, што гэтыя птушкі ўсё сваё жыццё трымаюцца ў паветры, жывяцца толькі расой і маюць нейкую цудоўную сілу. Адсюль і назва іх — райскія.

Кандаракі з дапамогай некалькіх слоў, а больш за ўсё мігамі запытаўся, што яны хочуць за свой тавар.

Папуасы зразумелі, паказалі рукамі, як страляюць, і сказалі: «Пуф! Пуф!» Нават Скот усміхнуўся.

— Вось чаго захацелі! — сказаў ён. — Але шкодна даваць вам такія цацкі. Прынясіце і пакажыце ім лепш другое, — загадаў ён Кандаракі.

Кандаракі прынёс сякеры, нажы, рыдлёўкі і г. д. Відаць было, што такія багатыя прылады зрабілі на іх уражанне, але ўсё ж такі яны адмоўна круцілі галовамі.

— Падазроная справа, — сказаў Скот.

— Ці не пачаставаць іх гарэлкай? — прапанаваў Кандаракі.— Мо тады лягчэй будзе з імі дагаварыцца.

— Спірытусам лепш! — крыкнуў Брук. — Што значыць гарэлка для такіх чарцей!

Скот згадзіўся.

Кандаракі прынёс бутэльку і наліў паўшклянкі спірту. Падышоў да папуасаў, ласкава папляскаў іх па плячах і працягнуў шклянку. Недаверліва паглядзеў папуас і не хацеў браць.

Кандаракі сам дакрануўся губамі, смяяўся і ласкава запрашаў. Дзікун узяў і крыху глынуў. Спачатку ён спалохаўся; відаць было, як захапіла яму дух. Але праз хвіліну, адчуўшы прыемную цеплыню, засмяяўся. Пасля таго яго таварыш выпіў ужо бадай усю шклянку. А за ім першы зноў выпіў.

Тады гандаль пайшоў шпарчэй. Папуасы забыліся ўжо на зброю і цікавіліся ўсё цудоўнай «вадой». Ім паказалі дзве поўныя бутэлькі. Яны ўхапіліся за іх і пакінулі свае тавары.

Трымаючыся за свае бутэлькі, хістаючыся ды весела гаргочучы, пайшлі яны дадому.

— Ха-ха-ха! — зарагатаў містэр Брук. — Вось гэта дык гандаль!

— Дай бог часцей так, — смяяўся Кандаракі. І яны весела пачалі падлічваць, колькі на гэтым «зарабілі».

А шчаслівыя гандляры тым часам адышліся крыху ад будынкаў, спыніліся, зноў выпілі і паваліліся на зямлю, як мёртвыя. Бутэлькі пакаціліся, рэшта спірту вылілася, — справа пакуль што на тым і скончылася.

За паўкіламетра ад будынкаў, у балоцістай нізіне, была плантацыя гумавых, або каўчукавых, дрэў.

Ёсць некалькі дзесяткаў парод такіх дрэў, але найлепшыя паходзяць з Паўднёвай Амерыкі, з нізіны ракі Амазонкі. Адтуль іх сталі вывозіць і разводзіць у іншых гарачых краінах і ў тым ліку на Новай Гвінеі.

Гэтыя дрэвы належаць да аднаго роду з нашай травой малачаем, але тут яны дасягаюць велічыні дуба. Тры тысячы дрэў былі пасаджаны правільнымі радамі, і паміж іх завіхаліся рабочыя.

Гуму дае сок гэтых дрэў, і здабыча яго падобна да таго, як у нас увесну здабываюць сок з бяроз. Каўчукавы сок падобны да малака, толькі гусцейшы.

Каля плантацыі было раскладзена многа вогнішчаў. Рабочыя з лесу прыносілі сюды гаршкі з сокам. Другія мачалі ў сок дошчачкі і трымалі іх над дымам. Сок гусцеў. Тады зноў мачалі гэтую самую дошчачку і зноў капцілі, і так некалькі разоў, пакуль не набіраўся вялікі камяк. Тады яго разразалі, адкладвалі кавалкі гумы, а дошчачку зноў мачалі. Ля вогнішчаў ляжалі вялізныя кучы гумы. Сок з лесу падносілі ды падносілі. Паміж рабочых хадзіў наглядчык малаец Файлу і паддаваў духу бізуном.

Гэты Файлу быў сам рабочы, але за тое, што вельмі дагаджаў гаспадарам, ён быў зроблены старшым над рабочымі і выконваў свае абавязкі не за страх, а за сумленне.

Ен усё выгледжваў, падслухваў, сачыў за кожным крокам рабочых і паведамляў гаспадарам. Рабочыя яго не любілі нават больш, як містэра Брука, бо Файлу быў бліжэй да іх і больш шкодны.

Разы са два рабочыя яго пабілі, але гэта ім вельмі дорага каштавала: адзін з іх быў так збіты, што праз некалькі дзён памёр, а другі ледзь застаўся жывы.

Усе рабочыя былі «каляровыя»: жоўтыя кітайцы, карэйцы, японцы, цёмныя малайцы, чорныя негры, але не з Афрыкі, а з Амерыкі, бо ім там вельмі дрэнна жывецца. Асабліва многа было кітайцаў.

Нездаровы клімат, дрэннае харчаванне і безупынная праца адбіліся на ўсім іх выглядзе. Трымала ўсіх толькі адна надзея, што вось яны скончаць свой тэрмін і вернуцца дадому «багатымі».

Падышлі Брук і Кандаракі. Файлу падскочыў і пачаў скардзіцца, што сушыльшчыкі вельмі марудна працуюць, не паспяваюць.

— А навошта ў цябе ў руках бізун? — спытаў Брук.

— Не памагае: сама праца ўжо такая марудная.

— Гэта праўда, — сказаў Кандаракі.— Я даўно ўжо кажу, што трэба перайсці на хімічнае згушчэнне соку. У другіх месцах даўно гэтак робіцца.

— Калі яно больш выгадна, трэба будзе абмеркаваць, — адказаў Брук.

Увайшлі ў лес. Рабочыя яшчэ больш замітусіліся. Каля аднаго дрэва Брук раптам спыніўся і, паказваючы рукой, сурова запытаўся ў Файлу:

— Што гэта такое? А? Файлу замармытаў:

— Я… Я… не бачыў… Гэта Чык-чу.

— А ты дзеля чаго тутака? — крыкнуў Брук і, падняўшы бізун, апусціў яго на спіну Файлу. Той толькі схіліўся да зямлі і жаласна замармытаў:

— Выбачайце, дарагі пан… больш не буду…

Тым часам сюды спяшаўся небарака Чык-чу, якому была даручана гэтая частка дрэў. Падбег і збялеўся.

Гаршчок быў ужо даўно поўны, і гумавы сок цёк праз верх.

Брук нават не паглядзеў на кітайца і, адыходзячы, толькі сказаў Файлу:

— Глядзі ў другі раз…

Файлу яшчэ больш схіліўся; вочы яго глядзелі на Брука з замілаваннем, але як толькі Брук адышоў, Файлу адразу зрабіўся ў сто разоў больш паважным і грозным, як Брук.

— Ну, — прасіпеў ён, звярнуўшыся да Чык-чу, — а цяпер мы з табой палічымось.

Кітаец кінуўся на калені і пачаў прасіць:

— Выбачай… паночку… не буду… не паспеў… паночку…

Але «паночак» не злітаваўся. Бо яму пагражаў другі паночак, які ў свой чарод баяўся трэцяга пана.

Надыходзіў вечар. На вільготнай плантацыі пачаў збірацца туман. Гэта самы нездаровы час у гарачых краінах. Еўрапейцы звычайна ў такі час сядзяць дома і не выходзяць на двор.

Работу скончылі і пайшлі дадому. Для рабочых быў пабудаваны асобны вялікі будынак, але не на слупах, як для гаспадароў, а проста на зямлі.

На двары негр-кухар, або «кок», як усюды на моры завуць кухараў, зварыў ужо вялізны казан чорнага варыва з бобу. Боб і рыс, прыпраўленыя какосавым алеем, былі амаль што адзінаю страваю рабочых. Мяса яны ніколі не бачылі.

Праўда, яго і не было. Кароў на Новай Гвінеі зусім няма. Некалькі галоў былі прывезены на станцыю; вядома, яны былі прызначаны для белых, ды і то галоўным чынам на малако. Гаспадары мелі і дзічыну, але ж не рабочыя. Толькі рыба была даволі часта.

Пасёрбалі варыва і пайшлі спаць. Памяшканне было велізарнае; па баках стаялі нары, на якіх ляжаў сухі чарот і больш нічога. Дзе-нідзе валялася рыззё — адзенне рабочых — або заместа падушкі ляжаў клуначак. Аніякіх рэчаў больш не было.

Рынуліся рабочыя на свае нары і скора паснулі.

Не спаў толькі Чык-чу, бо цяжка яму было прыстасаваць свае раны да жорсткай пасцелі; ды яшчэ енчыў у трасцы адзін карэец.

Не спалася і Файлу.

Ен жыў у гэтым жа самым памяшканні, але, як наглядчык, меў асобны адгароджаны куток каля ўвахода.

Ні на хвіліну Файлу не мог забыцца пра ўдар, які сёння атрымаў ад Брука. Праўда, не першы раз ён быў біты, але вось ужо два гады, як ён сам зрабіўся старшым, сам мог біць сваіх таварышаў, як яго самога калісьці білі; часта здаралася, як, напрыклад, сёння, што яго нават называлі «панам», — яго, цёмнаскурага, ніжэйшай пароды чалавека.

З цягам часу ён пачаў ужо лічыць сябе «чалавекам», спачатку сярод даручаных яму рабочых, а потым крыху і сярод «іх», белых.

І вось сёння яму напомнілі, што ён яшчэ не чалавек.

І ўсё праз гэтага праклятага Чык-чу! Каб не ён, дык, можа, назаўсёды прывыклі б, што Файлу — чалавек.

Шкада, што мала даў яшчэ гэтаму паганаму кітайцу. І Файлу гатоў быў зараз жа пайсці і дадаць яму яшчэ.

Тым часам знадворку каля будынка з'явілася нейкая постаць. Асцярожна тулілася яна каля сцяны і набліжалася да дзвярэй. Дзверы ціхенька адчыніліся, і нехта ўвайшоў у памяшканне.

Відаць было, што чалавек — свой, бо не блытаўся ў цемнаце. Ен ціхенька пачаў красціся ўздоўж нар да таго канца, дзе ляжаў Чык-чу. Незнаёмы схіліўся над суседам Чык-чу і стаў прыглядацца.

— Хто тут? — запытаўся Чык-чу.

— Тсс!.. — прашаптаў незнаёмы. — Гэта я, Чунг-лі.

— Ты?! — крыкнуў Чык-чу і, забыўшыся пра боль, ускочыў з пасцелі.

— Ціха! Што ты робіш? Ты загубіш мяне! — засіпеў Чунг-лі.

І сапраўды Файлу пачуў і заварушыўся.

— Кладзіся! — прашаптаў Чунг-лі і сам лёг на зямлю.

У гэты самы момант адзін з рабочых голасна забалбатаў нешта праз сон. Файлу супакоіўся.

Пачакаўшы некаторы час, Чунг-лі запытаўся:

— Дзе брат?

— Няма, — адказаў Чык-чу.

— Памёр?

— Не, уцёк.

Чунг-лі ажно застагнаў ад роспачы.

— Куды? Чаму?

— Пасля таго як ты ўцёк, — пачаў шаптаць Чык-чу, — уся злосць Брука накіравалася на твайго брата. Брук ніяк не мог і цяпер не можа забыцца, галоўным чынам, на тое, у якім ён быў смешным становішчы перад усімі рабочымі і што ён не мог пакараць цябе. Яму ўвесь час здавалася, што рабочыя смяюцца з яго. Калі ён бачыў, што хто-небудзь усміхаецца, то зараз жа пускаў у ход бізун. Асабліва даставалася Хунь-чжы. Не было таго дня, каб яго не білі. Вядома, каб дагадзіць Бруку, сабака Файлу стараўся яшчэ больш. Хунь-чжы зусім не магчыма стала жыць, тым болей, што і ў будучым ён нічога добрага не мог чакаць: Брук проста сказаў, што Хунь-чжы павінен будзе працаваць хоць дзесяць год, пакуль не адпрацуе за цябе. Акурат у гэты час збіраўся ўцякаць папуас Качу. Хунь-чжы надумаў уцячы разам з ім, бо, як тутэйшы, Качу быў вельмі карысны для яго. І вось ужо чатыры дні, як яны ўцяклі,— скончыў Чык-чу.

— Толькі чатыры дні? — уздыхнуў Чунг-лі.

— Толькі, спазніўся ты крыху, — спачувальна сказаў Чык-чу.

Чунг-лі апусціў галаву і быццам скамянеў. Такі жаль ахапіў яго, што ён гатоў быў плакаць. Цэлы год ён вандраваў, толькі цудам ухіліўся ад смерці, урэшце зарабіў столькі, колькі яны абодва не зарабілі б за дзесяць год, рызыкнуў сваім жыццём, каб забраць з сабой брата і вярнуцца дадому, — і вось усё гэта дарэмна! Як ён адзін будзе прабірацца дадому, пакінуўшы тут брата? Ці шукаць яго? А прыйдзі ён на чатыры дні раней…

— Чаму ты вярнуўся сюды? Хіба не ведаеш, што табе пагражае? — пытаўся Чык-чу.

— Ведаю, добра ведаю. Але я прыйшоў, каб узяць брата і з ім уцячы дадому. Я цяпер ужо маю столькі грошай, што хопіць нам на двух.

— Адкуль?

— У сярэдзіне вострава ёсць невядомыя горы, дзе яшчэ не была нага белага сабакі. Там я знайшоў золата.

Нешта мільганула каля іх; праз некаторы час ціхенька рыпнулі дзверы…

— Вось шчаслівец! — зайздросліва сказаў Чык-чу.

— Хто табе забараняе таксама шукаць шчасце? — адказаў Чунг-лі.— Але трэба праўду сказаць, што гэта толькі шчаслівы выпадак, на які спадзявацца нельга. Я не дзеля гэтага ўцякаў, а быў вымушаны. І раіць нікому не буду, бо не заўсёды пашанцуе. Але калі каму-небудзь з вас нічога ўжо не застанецца рабіць, як тады было мне, — скажы, хай шукаюць месца Абу за сто кіламетраў на захад ад пачатку ракі Фляй. Ну, бывай здароў!

— Што ж ты цяпер будзеш рабіць? Куды пойдзеш? — спытаў Чык-чу.

— Не ведаю яшчэ, — адказаў Чунг-лі і пачаў ціхенька паўзці, але спыніўся і зноў падышоў да Чык-чу.

— Вось што, Чык-чу. Ты такі самы, як і мы. Ты не захочаш скрыўдзіць нас.

— Вядома, ці трэба аб гэтым гаварыць? — горача сказаў той.

— Можа здарыцца, што ты раней за нас вернешся дадому, або я зусім не вярнуся, — дык вось табе кавалак золата, аддай яго маім бацькам. Калі трэба будзе, і сабе вазьмі на выдаткі. Памятай, што, можа, яны атрымаюць гэты кавалак замест двух сыноў. А калі і мы вернемся, дык тады ўжо і ты атрымаеш. Сцеражыся толькі, каб ніхто не даведаўся, што маеш.

Ен выняў з торбы кавалак золата і аддаў Чык-чу.

— Добра, будзь спакойны, усё будзе зроблена, калі я буду жывы і вярнуся, — сказаў Чык-чу. — Хай бароняць цябе добрыя духі.

— І цябе таксама, — адказаў Чунг-лі і пасунуўся да выхада. Ціхенька адчыніў дзверы, пераступіў парог і адчуў… як некалькі пар рук абхапілі яго і скруцілі.

— Калі ласка, адважны Чунг-лі! — пачуўся насмешлівы голас Файлу. — Містэр Брук даўно жадае вас бачыць.

— У-у, сабака! — сказаў Чунг-лі.— Дачакаешся і ты свайго часу!

— Ці будзем будзіць містэра Брука або Скота? — запытаўся адзін з мужчын.

— Дзеля такога госця няварта, — сказаў Файлу, — заўтра ўбачыць.

— Ну, хадзем! — сказалі мужчыны і павялі Чунг-лі ў суседні будынак.

Чык-чу чуў, як Чунг-лі папаўся. Шкада яму было свайго сябра. Але мімаволі ён падумаў, які ён, Чык-чу, шчаслівы: ніхто яго не ловіць, ніхто не арыштуе, жыве ён ціха, спакойна, засталося яму працаваць толькі адзін год; гэты год праляціць непрыкметна, і ён сабе паедзе дадому багаты, вольны. А неспакойны Чунг-лі павінен пакутаваць…

Нельга апісаць, што рабілася з містэрам Брукам, калі ён даведаўся, што Чунг-лі злоўлены. Ен то рукі паціраў ад радасці, то рыкаў, як звер, ад злосці.

— Трэба паказаць усім, — крычаў ён, — што значыць падымаць руку на белага! Трэба яго перад усімі павесіць!

Містэр Скот аднёсся да гэтага спакайней.

— Павесіць мы не маем права, — гаварыў ён, — а трэба адаслаць яго ў Морсбі* і засудзіць. Усё роўна яго не пашкадуюць.

* Галоўны пункт англійскай Новай Гвінеі.

— Гэта занадта будзе проста і мякка, — пярэчыў Брук, — хоць скуру садраць з яго трэба…

— Ну, гэта ўжо ваша справа, — сказаў Скот. Увайшоў Кандаракі. Увесь яго выгляд сведчыў, што ён ведае нешта цікавае.

— Ці ведаеце, панове, — пачаў ён, — што справа з гэтым няшчасным кітайцам можа мець інтарэс для нас усіх? Я толькі што даведаўся аб усім падрабязна, — і вось вам довад.

Пры гэтым ён паклаў на стол два кавалкі золата: адзін велічынёю з грэцкі арэх, а другі — крыху меншы.

— Што гэта значыць? — запытаўся Скот.

— Гэта знойдзена пры Чунг-лі. Ен, аказваецца, знайшоў у сярэдзіне вострава месца, дзе сустракаюцца вось такія рэчы. Прыйшоў ён сюды, каб забраць свайго брата і ўцячы дадому.

— Ну што ж! — сказаў Скот. — Значыцца, будзе з чаго ўзяць няўстойку як за яго, так і за брата.

— Толькі няўстойку? — закрычаў Брук. — Гэтага мала! Дайце мне спачатку палічыцца з ім!

— Я параіў бы палічыцца з ім зусім іншым чынам, — сказаў Кандаракі.— Нічога яму не рабіць, абяцаць яму поўную свабоду за тое, што ён завядзе нас у тое месца.

— Як? — стукнуў кулаком Брук. — Пакінуць яго зусім непакараным? Не можа гэтага быць!

Скот глыбока задумаўся, а Кандаракі падышоў да Брука і ціха шапнуў яму:

— Не пярэчце. Калі ён пакажа нам месца, тады вы заўсёды будзеце мець магчымасць палічыцца.

— Ага! Гэта іншая справа, — супакоіўся Брук.

— Гэта добрая ідэя, — сказаў Скот, — але ж вы самі павінны ведаць, як цяжка наладзіць экспедыцыю ў глыб вострава.

— Ведаем, — адказаў Кандаракі,— аднак трэба таксама прыняць пад увагу, што калі ён адзін дабраўся, то добра падрыхтаваная экспедыцыя — тым болей, а па-другое, трэба памятаць, што не шукаць мы ідзём, а на пэўнае месца.

— Гэта праўда, — задуменна сказаў Скот, — прывядзіце яго сюды!

Праз некалькі хвілін прывялі Чунг-лі. Ен увайшоў пад наглядам двух салдат-сіпаяў*.

* Сіпаі — завербаваныя англічанамі салдаты з жыхароў Індыі, калі яна была пад уладай Англіі.

Чунг-лі са звязанымі рукамі стаяў перад Скотам і чакаў, што будзе. Брук сядзеў і глядзеў на яго, як звер на сваю здабычу. Скот даў знак, каб сіпаі выйшлі, потым звярнуўся да Чунг-лі:

— Ты ведаеш, што, паводле закону, за тое, што ты хацеў забіць англічаніна, ты можаш быць асуджаны на смерць.

— Зусім я не думаў і не хацеў забіваць, — сказаў Чунг-лі.

— Суд не можа ведаць, што ты думаў; ён будзе судзіць па тым, што ты рабіў. І тваё дзеянне лёгка назваць замахам на жыццё. Разумееш?

Чунг-лі маўчаў.

— Ты бачыш, — прадаўжаў Скот, — што ты знаходзішся ў нашых руках. Мы можам з табою зрабіць што хочам.

Скот спыніўся і пачакаў, каб Чунг-лі лепш адчуў сэнс апошніх слоў.

— Але ты можаш атрымаць поўную волю, сваё золата, скасаванне кантракта і нават дапамогу вярнуцца дадому, калі ты нам пакажаш тое месца, дзе знайшоў золата. Згодзен?

Чунг-лі маўчаў. Па-першае, яму вельмі не хацелася зноў пачынаць гэту цяжкую і небяспечную дарогу, па-другое, ён не хацеў служыць сваім ворагам і, па-трэцяе, — самае галоўнае — не быў упэўнены, што яны выканаюць сваё абяцанне. Але што яму заставалася рабіць? Яны маглі б і зараз яго забіць, і нічога ім за гэта не было б.

— Ну, адказвай! — сказаў Кандаракі.

— Ці сапраўды вы мяне тады адпусціце? — спытаў Чунг-лі, каб толькі адразу не паказаць, што ён згодзен.

— Я сам даю слова гонару, — паважна адказаў Скот.

«Мала карысці ад гэтага», — падумаў Чунг-лі. «Чакай», — падумаў Брук.

«Паглядзім яшчэ, што будзе», — падумаў Кандаракі.

І толькі адзін Скот верыў у сваё слова, бо яму не было аніякай патрэбы ашукваць гэтага кітайца.

— Добра, — згадзіўся ўрэшце Чунг-лі. Скот паклікаў сіпаяў і сказаў:

— Развяжыце яму рукі, добра даглядайце, карміце і толькі пільнуйце, каб не ўцёк, бо тады адкажаце сваімі галовамі.

 

III

У моры. — Сустрэча з папуасамі.— Станцыя Доэр. — Чорны місіянер. — Па рацэ Фляй. — Жывыя плады. — Какаду і восы. — Конь!., Экскурсія ў папуаскую вёску. — Кенгуру на дрэве. — Ноч на выспе.

 

Уздоўж паўднёвага берага Новай Гвінеі на ўсход хутка ляцела маторная лодка, ці, дакладней, катэр. Ен быў досыць вялікі, меў каюты, змяшчаў чатырнаццаць чалавек і шмат розных прылад і запасаў, асабліва зброі.

Наперадзе сядзелі Скот, Брук і Кандаракі. Кіраваў катэрам стары боцман Старк, машыну даглядаў механік Гуд. Галоўную сілу экспедыцыі складалі шэсць сіпаяў пад камандай свайго сяржанта Ханубі. Тут жа знаходзіўся і Чунг-лі.

Файлу быў узяты ў якасці кухара. У такой экспедыцыі кожны чалавек павінен мець разнастайную вартасць. Негр-кок быў бы толькі кокам, а Файлу, апрача таго, быў верны чалавек ва ўсіх справах.

Мора было ціхае і блішчала ад сонца, як люстра. З правага боку ўздоўж берага цягнулася белая града, то набліжаючыся да берага, то аддаляючыся. Гэта былі каралавыя рыфы, аб якія разбіваліся хвалі. Дзякуючы гэтаму паміж рыфамі і берагам заставалася ціхая паласа, як вуліца.

Праз дзве гадзіны ўбачылі наперадзе папуаскую вёску, на слупах. Яна выходзіла ў мора так далёка, што прыходзілася праязджаць зусім побач яе.

Там даўно пачулі, што трашчыць і набліжаецца дзіўная лодка. Папуасы заварушыліся, палезлі ў свае чоўны, і хутка на спатканне з катэрам выехала восем вялікіх чоўнаў, у якіх сядзела чалавек па дванаццаць.

Чоўны мелі тую асаблівасць, што да іх на некаторай адлегласці былі прыстасаваны бярвенні, злучаныя з чоўнамі жэрдкамі. Дзякуючы гэтаму чоўны былі ўстойлівыя і не маглі перакуліцца.

Папуасы крычалі, махалі рукамі. Чутно было слова «кос, кос» (тытунь).

— Чаго яны хочуць, што яны думаюць рабіць? — трывожна сказаў Скот.

— Чорт іх ведае, — адказаў Брук, — але ў кожным разе гэтая арава для нас небяспечная. Надта іх многа.

— Яны нават з ласкі могуць нашкодзіць нам, — дадаў Кандаракі.

Катэр набліжаўся, а папуасы згрудзіліся і не давалі дарогі.

— Трэба распудзіць іх, — сказаў Скот. — Страляйце ўгору!

Сіпаі пачалі крычаць і страляць. Папуасы замітусіліся, некаторыя кінуліся ў ваду і далі нырца. Катэр тым часам урэзаўся ў сярэдзіну, зачапіў са дзве лодкі, адламаў прылады, а адну лодку дык зусім перакуліў.

Падняліся крыкі, выццё. Праўду кажучы, папуасы не мелі намеру нападаць, бо, жывучы ля берага мора, яны не раз сустракаліся з белымі і ведалі, што нападаць на іх небяспечна, але цяпер яны раззлаваліся і гатовы былі сапраўды распачаць бойку, ды катэр быў ужо далёка.

Ехалі ўвесь дзень. Краявід быў аднолькавы і, можна сказаць, нудны. З левага боку — нізкі бераг, зарослы лесам, большую часткаю мангравым. Дзе-нідзе віднеўся ўзгорак; там часамі ўздымаўся дымок. Мінулі яшчэ некалькі вёсак на вадзе.

З правага боку — белая града. Часамі далёка ледзь значыліся выспы.

— Глядзіце, глядзіце! — раздаліся галасы на катэры. І сапраўды было на што паглядзець. Сярод мора, нібы проста з вады, правільным колам падымалася пятнаццаць — дваццаць какосавых пальмаў. Не відаць было аніякай зямлі, усё тая самая вада, і пальмы стаялі, калыхаліся, нібы ў паветры.

Сапраўды ж яны стаялі на грунце, але ён так слаба паднімаўся над вадой, што збоку не заўсёды можна было яго заўважыць. Гэта быў так званы «атол», якіх вельмі многа ў гэтай каралавай частцы Ціхага акіяна.

Потым рыфы паступова сталі адыходзіць далей ад берага. Катэр выходзіў у адкрытае мора, і адразу адчулася хваляванне, тое звычайнае хваляванне, якое завуць «мёртвы зыб» і якое заўсёды бывае ў адкрытым моры нават пры самым ціхім надвор'і. Караблі яго не адчуваюць, а лодкі часам добра калыша.

Бераг павярнуў на поўнач; стала цішэй. Ішлі ўсю ноч і раніцою дабраліся да станцыі Доэр, якая стаіць недалёка ад вусця ракі Фляй.

Станцыя Доэр з'яўляецца ўжо дзяржаўным пунктам. Тут ёсць некаторыя ўстановы: пошта, суддзя, школа і нават царква.

Экспедыцыя мела намер прастаяць тут цэлыя суткі, бо гэта быў апошні культурны пункт, дзе можна было канчаткова падрыхтавацца, набыць недастаючыя рэчы і запасы.

Вядома, ніхто з удзельнікаў экспедыцыі нікому не казаў, куды і чаму яны едуць. Ды і не ўсе яны самі гэта ведалі.

Каманда катэра па чарзе выходзіла на бераг, і Чунг-лі таксама было дазволена пагуляць па беразе, вядома, пад наглядам сіпаяў.

Між іншым, Скот і Брук захацелі зайсці ў царкву. Там якраз тоўсты місіянер казаў пропаведзь. Слухалі яго чалавекі са два белых і дваццаць — трыццаць цёмных. Місіянер казаў, што хоць чорныя і малодшыя браты белых, але ўсё ж такі браты, і бог любіць іх усіх. Затое трэба таксама любіць бога і выконваць яго загады. Вось, напрыклад, чаму белыя вышэйшыя, дужэйшыя, багацейшыя і разумнейшыя за ўсіх? Таму, што яны пакланяюцца адзінаму сапраўднаму богу і слухаюцца яго закону. А чаму чорныя ніжэйшыя? Зразумела, таму, што яны не ведаюць хрысціянства. І першы наказ хрысціянства — гэта любіць усіх і слухацца старшых. Але сярод вас часта здараецца, што вы не любіце і нават не слухаеце сваіх старшых братоў — белых і г. д., і г. д.

Тут жа стаялі чорныя вучні місіянерскай школы, стрыжаныя, досыць чыстыя, усе ў кашулях, зусім не такія, як голыя беспрытульныя папуасікі. Іх і кормяць, і даглядаюць, і адзяюць, і вучаць дарма. А праз некалькі год з іх таксама выходзяць місіянеры.

У выніку ствараецца вельмі выгадная камбінацыя: выхаванне і праца чорных місіянераў патрабуе менш паловы тых грошай, якія трэба было б выдаткаваць на белых. Да таго ж праца чорных місіянераў сярод сваіх братоў куды больш прадукцыйная, чымся праца чужых, белых.

Пасля малебства місіянер падышоў да Скота і Брука і, даведаўшыся, што яны едуць уверх па рацэ Фляй, стаў прасіць, каб яны падвезлі аднаго з іх чорных выхаванцаў які адпраўляўся да папуасаў на місіянерскую работу.

Скот згадзіўся.

У гэтай старонцы прыезд белых заўсёды з'яўляецца вялікім здарэннем, бо бывае гэта ўсяго некалькі разоў у год; вядома, начальнік пункта адразу даведаўся аб прыездзе гасцей, і Скот быў вымушаны наведацца і да яго.

Начальнік пункта, містэр Сміт, сустрэў Скота радасна, і першым пытаннем яго было, куды і чаго яны едуць.

Скот загадзя падрыхтаваўся да адказу, што ён едзе лавіць сваіх уцекачоў-рабочых.

— Добрая справа, містэр Скот! — абрадаваўся Сміт. — Нам было б значна лягчэй, каб усе гэтак рабілі. А то вось бачыце, колькі ў нас абвестак аб уцекачах, нават па дваццаць пяць долараў абяцаем за кожнага, а толку мала. Можа, вам патрэбна дапамога? Я магу даць людзей.

«Дзякуй табе», — падумаў Скот і сказаў: — Не трэба, я ўзяў столькі людзей, колькі можа змясціць катэр. Папросім дапамогі, калі будзе бяда. А што чуваць там, у сярэдзіне?

— Як заўсёды — нічога. Наша ўлада дасягае толькі міляў на дваццаць пяць ды па рацэ міляў на пяцьдзесят, а там яны жывуць самі па сабе, як жылі тысячу гадоў назад. Не раю і вам далёка ехаць.

— Я маю некаторыя пэўныя весткі,— адказаў Скот, — датуль і паеду.

Каля катэра тым часам сабраліся разявакі — і чорныя, і белыя, і жоўтыя. Каманда пагружала апошнія запасы.

Пад вечар прыйшоў пасажыр, місіянер. Гэта быў малады чалавек гадоў дваццаці двух, убраны ў чорнае адзенне, ціхі, смірны. Цераз плячо вісела торба, а ў руках ён увесь час трымаў біблію. Звалі яго Саку.

Дзіўна было глядзець на гэтага папуаса, які па добрай ахвоце ішоў служыць на карысць сваім белым гаспадарам.

Ледзь золак катэр пайшоў да ракі Фляй.

Бераг усё заварочвае налева. Вось ужо катэр ідзе на захад. З правага боку цягнецца цэлы шэраг выспаў, на якіх жыве нямала народу. Гэта відаць па тым, што ўсюды зелянеюць плантацыі бананаў ды какосавых і сагавых пальмаў. Але ні людзей, ні будынкаў сярод гушчару не відаць.

Асабліва прыемны пах ідзе ад мускатных дрэў. Тыя мускатныя арэхі, што мы ведаем, з'яўляюцца ўнутранай косткай плада, крыху падобнага да слівы, а тут разам пахнуць і кветкі, і плады.

Па кветках лётаюць яркія матылі, з якіх адны, бліскуча чорныя, — у далонь велічынёю.

На адной выспе было так многа какосавых пальмаў, і катэр праязджаў так блізка ля берага, што нельга было не спыніцца, каб набраць арэхаў.

— Будзьце асцярожны, — сказаў Скот, — гаспадар гэтай плантацыі можа запусціць стралу з-за дрэва.

Але нікога не было відаць. Гаспадароў ці зусім не было, ці яны пахаваліся.

Сіпаі зараз жа разбілі некалькі арэхаў і пачалі піць і частаваць другіх.

Кожны арэх змяшчаў каля дзвюх бутэлек соку, так званага какосавага малака, толькі не белага, а вадзяністага.

— Вось гэта дык пітво! — сказаў Брук, абціраючы губы. — Трэба як мага больш узяць у запас.

— Знойдзем яшчэ, — адказалі яму.

Какосавая пальма мае тую асаблівасць, што адначасна на ёй могуць быць і кветкі, і зялёныя плады, і спелыя. І кожны месяц на працягу двухсот год адно дрэва дае па дваццаць — дваццаць пяць арэхаў.

Так міналі яны адну выспу за другой і нарэшце ўвайшлі ў самую раку. Цячэнне ракі значна затрымлівала катэр, і ён ішоў ужо не так хутка, як раней.

— Скажыце, міст… — пачаў быў Скот, звяртаючыся да Саку, але спыніўся, замяшаўшыся. Ен па прывычцы ледзь не назваў «містэрам» самага сапраўднага чорнага дзікуна, толькі апранутага па-людску. Гэта ўжо занадта! Але ліха яго ведае, як наогул трымаць сябе з падобнымі суб'ектамі. Ен жа ўсё-такі чалавек адукаваны, так сказаць, асоба духоўная, іх трэба паважаць, а як тут паважаць чыстакроўнага папуаса?

Але тым часам Брук пачаў гутарку.

— Ты куды едзеш? — запытаўся ён у місіянера, не разважаючы аб далікатнасці ў адносінах да чорнага.

— Да вярхоўя ракі Фляй, — ціха адказаў Саку.

— Ты калі-небудзь быў там? — зноў запытаўся Брук.

— Быў, але даўно, у часе дзяцінства.

— Як жа ты трапіў да місіянераў?

— Калі я меў дзесяць год, суседняе племя напала на нас, перабіла шмат людзей, многа забрала ў палон, у тым ліку і мяне з маткай. Бацька быў забіты…

— Як жа ж гэта вас не з'елі? — засмяяўся Брук. — Можа, нясмачныя былі?

Гэты грубы жарт непрыемна ўразіў місіянера, і ён нічога не адказаў.

— А як жа ж ты трапіў сюды, да місіянераў? — дапытваўся Брук.

— Мы ўцяклі з маткай дадому, — неахвотна адказаў місіянер, — але па дарозе каля гэтай самай ракі нас дагналі. Матку схапілі, а я пабег далей, у раку. У гэты самы момант праязджаў параход, мяне выцягнулі з вады і ўзялі з сабой.

— Чаму ж ты зноў едзеш туды? — усё пытаўся Брук.

— Калі я пазнаў вышэйшую праўду, я мушу несці яе да маіх братоў,— сказаў місіянер і падняў угару вочы.

«Бачце, — падумаў Скот, — гаворыць акурат, як нашыя папы».

Брук засмяяўся:

— Патрэбна ім ваша праўда! Хіба гэта людзі, калі яны да гэтага часу ядуць чалавечыну? Цяпер, здаецца, на зямлі няма больш аніводнага кутка, дзе б захаваліся людаеды, апрача гэтай праклятай краіны.

— Вось таму нам і трэба ісці туды прасвятляць іх, каб яны не былі такімі,— сказаў місіянер, апусціўшы галаву. — Значыцца, у другія куткі святло ўжо дайшло, а сюды яшчэ не.

— Якое тут яшчэ святло, — махнуў рукою Брук, — калі ў іх простага чалавечага пачуцця няма. Мабыць, іх і зусім нельга зрабіць людзьмі.

— Усе людзі аднолькавыя, — спакойна адказаў місіянер, — толькі па-рознаму выхаваныя. Усе людзі маюць аднолькавую душу, і ўсе яны роўныя перад богам.

Скот усміхнуўся, а Брук нават раззлаваўся.

— Ну-ну, лягчэй! — сказаў ён. — Адкуль ты ўзяў, што гэтыя людаеды браты нам?

Місіянер уважліва паглядзеў проста ў вочы Бруку і выразна прамовіў:

— Вашы місіянеры навучылі мяне гэтаму. Скот і Кандаракі адвярнуліся ўбок, быццам разглядаючы бераг, а Брук сарамліва прамармытаў:

— Але, вядома… вядома, перад богам… Я толькі хацеў сказаць, што цяпер іх параўнаць няможна. Але, вядома…

Чорны місіянер пачуў вострую прыкрасць. Ен блізка ўбачыў, як гэтыя белыя людзі, што навучылі яго лічыць усіх людзей братамі, самі не могуць і думкі дапусціць аб гэтым.

Тады Кандаракі звярнуўся да місіянера:

— Ці падумалі вы, што пагражае вам? Вы ж цяпер зусім чужы для іх, яны вас не прызнаюць, а калі вы яшчэ пачнеце казаць ім аб новай рэлігіі, тады ўсё можа быць.

— Усё залежыць ад бога, — уздыхнуў Саку, — а небяспека нас падпільноўвае ўсюды і заўсёды. Не я першы і не я апошні магу перацярпець за Хрыста.

Нашы «хрысціяне» былі вельмі здзіўлены, чуючы такія словы з вуснаў гэтага «папуаса». Яны даўно ўжо былі хрысціянамі толькі па назве. Праўда, ад рэлігіі яны не адракаліся, але рэлігійнай справай зусім не цікавіліся, і ва ўсім жыцці ім ні разу не прыходзіла да галавы накіраваць які-небудзь свой крок так, як патрабуе «закон божы».

І вось цяпер перад іх вачыма гэты дзікун збіраецца праводзіць іхнюю рэлігію ў жыццё і нават нібы навучае іх саміх хрысціянству.

— Дзіўныя справы твае, божа! — прашаптаў Кандаракі.

Увечар паўстала пытанне, што рабіць: ці ехаць наперад, ці спыніцца на начлег. Боцман і механік казалі, што ім будзе вельмі цяжка без перапынку ехаць дзень і ноч. Але і стаяць уначы на адным месцы таксама было нядобра: у цемры маглі падкрасціся ворагі.

Парашылі ехаць ноч, а адпачынак зрабіць удзень, тым болей, што пакуль рака яшчэ шырокая і глыбокая, нядрэнна будзе ехаць і ўначы.

— А ўдзень можна будзе і экскурсію зрабіць убок, — сказаў Скот.

Ночы пад экватарам цёмныя і доўгія. Усю ноч тарахцеў матор, трывожачы аколіцы. Птушкі ўздымаліся і з крыкам разляталіся ўбакі. А ў сялібах папуасаў прыслухоўваліся да гэтага шуму і думалі, што, мусіць, нешта нядобрае чакае іх.

На другі дзень выгляд берагоў значна змяніўся. Яны сталі вышэйшыя і сушэйшыя; замест ляснога гушчару віднеліся бязлесныя прасторы, сярод якіх дзе-нідзе раслі рэдкія купы дрэў, але вёсак ля берага не было. Справа ў тым, што такая рака, як Фляй, служыць тут самым галоўным шляхам. А жыць пры дарозе не зусім прыемна, асабліва на адкрытым месцы. Лёгка могуць заўважыць нежаданыя госці. Лепш туліцца дзе-небудзь наводшыбе, у гушчары, непрыкметна, каб ты мог бачыць, а цябе — не.

Рака ішла на паўночны захад. Краявід змяняўся некалькі разоў. За высокімі берагамі зноў пайшлі нізкія, зарослыя бамбукам. Тут застрэлілі некалькі дзікіх качак і, выбраўшы больш сушэйшае і зручнае месца, зрабілі прыпынак. Усе былі вельмі рады, бо ўжо ногі здранцвелі ад доўгага сядзення.

Файлу ўзяўся гатаваць качак, а Скот, Брук, Кандаракі і Ханубі адышлі крыху ад берага, каб размяць ногі. Тут яны заўважылі шырокае, густое, вельмі зялёнае дрэва.

— Вось хлебнае дрэва, — сказаў Брук. — Трэбыло б паспрабаваць «свежага хлеба».

— Вядома, — сказаў Скот, — асабліва, калі сухары трэба шкадаваць, бо можа не хапіць.

Паклікалі Файлу. Той выбраў адзін плод вагою больш за паўпуда, аднёс яго, разбіў, выбраў сярэдзіну і «замясіў цеста», з якога потым на патэльні стаў пячы каржы. Хаця кожны з нас хацеў бы пакаштаваць такога хлеба, але харчавацца ім заўсёды не пажадаў бы…

Крыху далей зноў убачылі нейкае дрэва, на якім вісела шмат чорных вялікіх пладоў. Але ледзь толькі людзі падышлі да гэтага дрэва, як плады закрычалі і паляцелі на ўсе бакі.

— Што за цуд такі? — крыкнуў Брук. Кандаракі і Ханубі рассмяяліся.

— Гэта ж лятучыя сабакі,— сказаў Кандаракі.

— Во яшчэ чаго не хапала! — буркнуў Брук.

Лятучыя сабакі падобны да нашых кажаноў, толькі значна большыя. Морда іх падобна да сабачай, за што іх і назвалі сабакамі. Таксама, як і нашы кажаны, яны лётаюць толькі ўначы, а ўдзень вісяць, зачапіўшыся заднімі лапамі і загарнуўшыся ў свае крылы.

Падняліся на ўзгорак. На захад распасцёрлася бязлеснае ўзвышша. На ўсход — зарослая нізіна. На беразе, ля катэра, уздымаўся дымок. І нідзе не было відаць сяліб. Здавалася, што нашы падарожнікі і былі адзінымі людзьмі ва ўсёй краіне.

— Дзіўная рэч, — разважліва сказаў Скот. — Такі край — і быццам нідзе ніякага насельніцтва.

Кандаракі ўсміхнуўся.

— Ну, не кажыце, — сказаў ён, — я ўпэўнены, што ў гэты самы момант не адзін дзесятак вачэй сочыць за кожным нашым крокам.

— Чаго ж яны хаваюцца, дурні? — сказаў Скот. — Хіба мы ім хочам зрабіць якое ліха?

— Мусіць, калісьці хто-небудзь і нарабіў ім шкоды, — сказаў Кандаракі.

Тут Ханубі раптоўна ўзняў стрэльбу і нацэліўся.

— Што, што такое? — трывожна запыталіся другія, таксама схапіўшы стрэльбы.

— Вунь якая птушышча бяжыць, — паказаў Ханубі.

— Гэта казуар, — сказаў Скот, — не варта страляць. Ен далёка, і няма цяпер часу з ім важдацца. Сустрэнем яшчэ, калі трэба будзе.

Казуар нёсся па даліне, як вецер. Ен быў вельмі падобны да ўсім вядомага страуса, толькі на галаве меў грэбень, як у курэй, ды на шыі каралі, як у індыка. Апрача таго, у яго не было на канцах крылаў і хваста тых прыгожых белых пер'яў, з-за якіх так цэніцца страус. Наогул яго пер'е нейкае асаблівае, нібы поўсць.

Можна яшчэ адзначыць, што ў казуараў выседжванне яек уваходзіць у абавязак самца, а не самкі.

— Шкада, — сказаў Брук, — у гэтай дурной старонцы, апрача казуара, няма, здаецца, аніводнай жывёліны, на якую можна было б папаляваць. Нават ніводнага драпежнага звера.

— Затое досыць драпежных людзей, — сказаў Скот. — Але пойдзем ужо дадому. Файлу, мабыць, чакае з абедам.

Ідучы праз хмызняк, яны былі аглушаны зычным прарэзлівым крыкам какаду. Ладны гурток гэтых папугаяў сядзеў паміж галін і нібы перагаворваўся. Белыя, з ружовай шыяй і чырвоным чубам, яны ззялі на сонцы як намаляваныя.

— Вось разбалбаталіся, як папугаі! — сказаў Брук, затыкаючы вушы, і раптам чамусьці заскакаў, пабег, замахаў рукамі, зароў і пакаціўся на зямлю.

Таварышы спыніліся ў здзіўленні.

— Што гэта з ім здарылася? — сказаў Скот. — Няўжо крык какаду зрабіў на яго такі ўплыў?

— Памажыце! Восы! Восы! — выў Брук.

Хаця справа была і непрыемная, але таварышы не маглі ўтрымацца ад рогату. А тым часам і каля іх ужо загуло, і замест дапамогі яны самі пабеглі прэч.

Здарэнне было простае: Брук трапіў нагой у асінае гняздо і пацярпеў за гэта.

Ну і лаяўся ж пасля таго містэр Брук! Усім дасталося: і восам, і какаду, і папуасам, і Новай Гвінеі наогул! І было за што, бо ўвесь твар яго ўспух, вочы заплылі, і, глянуўшы на яго, цяжка было ўтрымацца ад смеху. Асабліва радаваліся Чунг-лі і Файлу, два ворагі, якія аднолькава жадалі «дабра» містэру Бруку.

Так ехалі некалькі дзён. За ўвесь час яны толькі адзін раз сустрэліся з папуасамі. З затокі выехала насустрач некалькі чоўнаў, у якіх сядзела шмат людзей, узброеных лукамі і пікамі. Па ўсяму іх выгляду і рухах відаць было, што яны выехалі на вайну.

Скот загадаў страляць, і пасля першых жа стрэлаў папуасы павярнулі назад. За імі не гналіся.

— Мне пачынае ўжо здавацца, — сказаў Скот, — што пры такіх умовах наша экспедыцыя будзе простай пагулянкай.

— Добра казаць, калі мы цяпер сядзім «дома» і ў нас пад рукою ёсць шмат зброі, нават кулямёт, бомбы і газы. А на зямлі не так лёгка будзе, — сказаў Кандаракі.

Другі раз усіх узварушыў крык боцмана Старка:

— Глядзіце, глядзіце: на левым беразе чалавек на кані!

Каб у нас закрычалі: «Глядзіце, слон на самалёце!», то менш здзівілі б людзей, чым тут словы: «Чалавек на кані».

Справа ў тым, што на Новай Гвінеі зусім няма коней. Толькі еўрапейцы па берагах прывезлі сабе іх некалькі. А каб тут, у сярэдзіне, сярод папуасаў, з'явіўся конь, то людзі перапалохаліся б больш, як мы, убачыўшы якога-небудзь неіснуючага звера.

Усе кінуліся глядзець у той бок, накіравалі біноклі, але нічога не ўбачылі.

— Гэта табе здалося, — сказалі боцману.

Але ён кляўся, што добра бачыў, як праз узгорак праехаў коннік і схаваўся за дрэвамі.

Як ні глядзелі, як ні пільнавалі,— ніхто больш не бачыў яго; усе пераканаліся, што Старк памыліўся. Той нават раззлаваўся:

— Хіба я сляпы або п'яны? — агрызаўся ён. — Пакуль што вочы служаць, і я не магу ім не верыць.

Праўда, стары марскі воўк меў вочы, не горшыя за іншы бінокль, але… усё ж такі не можа быць таго, чаго не можа быць. Адзін еўрапеец на кані не мог бы сюды трапіць, а папуас, не гаворачы аб іншым, адкуль возьме каня?

Яшчэ праз колькі дзён убачылі з правага боку другую раку, якая была не меншая за Фляй. Гэта быў прыток Стрыкленд. Уліваецца ён у раку Фляй прыблізна пасярэдзіне яе даўжыні, значыцца, засталося ехаць яшчэ паўдарогі.

Але ўжо зусім пры іншых умовах…

Тут місіянер сказаў, што ён хоча высадзіцца.

— Вы ж казалі, што вам трэба да пачатку ракі,— сказаў Скот.

— Я там і буду, — адказаў місіянер. — Напрасцень гэта не вельмі далёка. А пакуль я пашукаю маю матку. Тут жывуць тыя, хто ўзяў нас у палон.

— Можа, на кожны выпадак возьмеце рэвальвер? — прапанаваў Скот.

— Не трэба, — сказаў місіянер. — Драпежных звяроў няма, а супраць людзей я маю вось гэтую зброю, — і ён паказаў на біблію.

— Ну, жадаю вам усяго найлепшага, — сказаў Скот і першы раз у сваім жыцці працягнуў руку чорнаму.

Місіянер узяў торбу, біблію, развітаўся з усімі і знік у гушчары.

— Дзіўны чалавек, — заўважыў Кандаракі.

— Вось табе і папуас! — дадаў Брук.

За Стрыклендам рака Фляй ужо значна зменшылася, бо яна страціла блізка што палову вады, якую даваў прыток. Калі да Стрыкленда часам і даходзілі параходы, то вышэй яны ўжо не маглі падняцца. Усяго разы са два сюды дабіраліся даследцы. Нашы падарожнікі мелі толькі тую перавагу, што ехалі на маторнай лодцы, якая магла ісці і па неглыбокім месцы.

Берагі звузіліся, сталі вышэйшымі і стромкімі. Бег вады стаў мацнейшы, так што лодка пасоўвалася яшчэ цішэй. У некаторых месцах здаралася нават, што яе адносіла ўзад. Сталі сустракацца падводныя каменні, і ўжо нельга было думаць ехаць уначы.

І вось аднаго разу на катэры зноў крыкнулі:

— Глядзіце налева: коннік едзе!

На гэты раз ужо ўсе ўбачылі, як далёка на небасхіле нехта ехаў на кані. Конь ішоў ступою і накіроўваўся таксама на захад.

Брук паглядзеў у бінокль і здзіўлена крыкнуў:

— Дык іх жа ўдвух едзе на адным кані!

— Што за дзіва такое? — сказаў Скот і ўзяў бінокль, але нічога ўжо не бачыў: конь зноў знік за ўзгоркам.

Падарожнікі нават не ведалі, што і думаць. Мала таго, што давялося паверыць у сапраўднасць гэтага з'явішча, але яшчэ чамусьці і два чалавекі на адным кані. Хто яны такія? Адкуль? Як апынуліся тут? І чаму?

Але доўга разважаць аб гэтым ім не прыходзілася, бо перад імі паўстаў другі, важнейшы клопат. Каб не траціць часу, яны рэдка спыняліся і жывіліся тым запасам яды, што набралі з сабой. А запасы былі не надта вялікія, бо, перш за ўсё, лодка была малая, а затым — галоўнае месца займала зброя. Яны правільна разважалі, што, калі будзе досыць ваенных прылад, тады ўсё другое лёгка здабыць.

Яно так і павінна быць, але ўся бяда ў тым, што дзічыны было мала. Спачатку яшчэ качак знаходзілі, а потым, калі вымчалі ў больш высокую мясцовасць, яны ўжо не сустракаліся. Рыба раней была, а цяпер, у верхняй частцы ракі, яе стала куды менш і, каб злавіць рыбіну, не варта было траціць часу.

На зямлі вадзіліся казуары, але за імі ганяцца можна толькі на конях. А каб падпільнаваць, таксама трэба шмат часу.

Што датычыцца пладовых дрэў, то яны на волі толькі дзе-нідзе сустракаюцца, як і ў нашых лясах. Стала іх разводзіць толькі чалавек. Без чалавека і яго працы самая «райская» мясцовасць нічога не варта. Толькі на малюнках яна добра выглядае, а падарожнікі церпяць там ад голаду больш, як у нашай самай беднай старонцы.

Праўда, нашыя падарожнікі мелі яшчэ свае прадукты, але падарожжа толькі пачыналася, і трэба было думаць пра далейшае.

Аднаго разу з правага боку яны заўважылі вёску, якая знаходзілася за тры-чатыры кіламетры ад берага. Парашылі пайсці туды, каб выменяць што-небудзь.

Вёска стаяла на беразе невялікага возера, якое злучалася маленькаю рэчкаю з галоўнай ракой. Але як толькі жыхары ўбачылі, што набліжаюцца чужынцы, — зараз жа пачалі ўцякаць хто куды. Еўрапейцы крычалі, давалі розныя знакі, што яны маюць добрыя намеры, але ад гэтага жыхары яшчэ больш палохаліся.

Прыйшлі ў пакінутую вёску, зайшлі ў адну, другую хату. Нідзе аніводнага чалавека. У хацінах хатнія рэчы: адзенне, спрытна зробленае з травы, кінжалы і стрэлы з касцей казуара.

— Вось палюбуйцеся на гэтую цацку! — сказаў Кандаракі, паказваючы на чалавечую галаву.

«Цацка» сапраўды была цікавая. Гэта была скура, старанна знятая з чэрапа і напханая травой. Рот і вочы шырока расчынены ды яшчэ падмалёваны чырвонай фарбай. Апрача таго, былі тут і голыя чарапы, таксама размаляваныя.

— Глядзіце, колькі рубцоў на іх, — заўважыў Скот, — відаць, што яны здабыты ў бойцы.

— І з'едзены, — дадаў Брук.

— Можа, і так, — сказаў Скот, — але чаму нідзе не відаць нічога спажыўнага? Чым яны жывяцца?

— Ядуць адзін аднаго, — падказаў Брук.

— Далей ад жылля, у гушчары, яны маюць агароды, — растлумачыў Кандаракі,— апрача таго, разводзяць свіней і сабак для яды.

— Ну, ці сабак есці, ці адзін аднаго, — гэта ўсё роўна! — бурчаў Брук.

На вуліцы ўбачылі парасят. Пачалася страляніна, і двух забілі.

Рэха разнеслася па ціхіх лясах, і, седзячы ў гушчары, жыхары радаваліся, што паспелі ўцячы. Яны былі ўпэўнены, што гэтыя страшныя белыя ворагі з'явіліся толькі затым, каб знішчыць іх з усёй іх маёмасцю. Хіба не чулі яны гэтага грому, які сведчыў аб намерах белых ворагаў?

Назад пайшлі па беразе ручая. На адной палянцы яны мімаволі спыніліся як зачараваныя. Нават Брук не вытрымаў і сказаў:

— Які цудоўны куток!

З усіх бакоў звешваліся дзіўныя кветкі так званай «муккуны». Гэтая расліна жыве па другіх дрэвах, і здаецца, быццам усе, самыя разнастайныя дрэвы зацвілі аднымі і тымі ж кветкамі. Даўжыня кветкі — з паўметра, шырыня — больш далоні. Вялікія чырвона-жоўтыя, яны пераліваліся на сонцы, як агонь.

І таксама, як агонь, мільгалі сярод іх славутыя райскія птушкі. Здавалася, што полымя хістаецца ад іх вогненна-жоўтых тонкіх пер'яў. Другія, яскрава-сінія птушачкі павінны былі ўцякаць ад матылёў, якія былі ў некалькі разоў большыя за птушак. А на іх усіх пакрыквалі, нібы камандавалі, какаду, сярод якіх асабліва вызначаліся вялікія чорныя папугаі.

— Чорт пабяры, як у казцы! — сказаў Кандаракі, азіраючыся навакол, але раптам спыніўся, ухапіў стрэльбу і ціхенька паказаў рукою на адно дрэва.

Праз лісце ледзь прыкметна відаць было, як нехта цёмны ціха варушыцца. Ясна, што гэта быў папуас.

Скот даў знак, каб усе маўчалі, і асцярожна стаў красціся да дрэва. Але Брук не вытрымаў і стрэліў.

— Што вы робіце? — крыкнуў Скот. — Навошта гэта?

Тым часам зашорхалі і затрашчалі галіны, мільганула цёмнае цела і грукнулася ў гушчары.

— Што вы зрабілі? — зноў сказаў Скот. — Ці была патрэба ў гэтым?

Усе стаялі, апусціўшы галовы, і нават Брук адчуваў, што зрабіў нядобра.

— Чаму ж ён сачыў за намі? — апраўдваўся ён. — Ен жа мог пусціць у нас атручаную стралу.

— Мы заўсёды маглі зняць яго, калі было б патрэбна, — сказаў Скот. — Калі мы заўважылі яго, ён быў ужо бяспечны. Гэта нават шкодна для нас, бо можа яшчэ больш раззлаваць іх, і мы будзем мець зусім непатрэбны клопат. Нядобра, вельмі нядобра, містэр Брук!

Ханубі тым часам пайшоў у кусты, дзе звалілася цела.

— Сюды! Хутчэй! — раздаўся яго вясёлы голас. Пабеглі і… зарагаталі так, што рэха пайшло па ўсёй ваколіцы. Нават Скот, можа, першы раз у сваім жыцці так рагатаў. Замест папуаса перад імі ляжаў… кенгуру, так званы «лазячы кенгуру», які водзіцца галоўным чынам на Новай Гвінеі.

— Ну і старонка! — казаў Брук. — Усё ў ёй не па-людску, людзі падобны да звяроў, а звяры да людзей. Але добра, што так здарылася: паспеем яшчэ папаляваць і на папуасаў, калі трэба будзе. А гэтага «папуаса» і самі з'ямо.

Весела вярнуліся на катэр, дзе ўжо трывожыліся за іх, пачуўшы страляніну. І здабычы ім хапіла на два дні.

На трэці дзень, пад вечар, прысталі да аднаго маленькага астраўка пасярэдзіне ракі. Прыгожая расліннасць, сухі стромкі бераг і становішча сярод ракі — усё гэта было вельмі зручна для таго, каб спыніцца тут.

Расклалі вогнішча і нават спаць засталіся тут, бо ў лодцы было цесна. Толькі гаспадары пайшлі спаць у сваю каюту.

Нанач, зразумела, паставілі варту, але месца было такое спакойнае, што вартаўнік заснуў раней за іншых.

Чунг-лі ляжаў пад высокім дрэвам за дзесяць крокаў ад вогнішча, прыслухоўваўся да гурчання вады між катэрам і берагам і думаў аб тым, дзе цяпер знаходзіцца яго брат, ці сустрэнуцца яны калі-небудзь і наогул, ці жывы ён…

Усе ўжо спалі. Агонь згас. Недзе далёка завыў сабака. Можа, блізка жыллё, а мо гэта дзікі сабака, якіх шмат водзіцца на Новай Гвінеі.

Файлу павярнуўся на другі бок, і ў гэты момант яму здалося, што каля Чунг-лі мільгануў нейкі цень. Ен падняў галаву, працёр вочы — нічога. Але ён не паленаваўся нават устаць, падышоў да Чунг-лі,— той спіць як забіты; ён абышоў навакол, прыгледзеўся, прыслухаўся — нічагусенькі.

Тады ён супакоіўся. Пэўна, са сну яму нешта здалося. Падкінуў галля ў агонь, прыладзіўся і спакойна заснуў.

 

IV

Племя Какаду. — Жыццё папуасаў.— Прыход місіянера. — Правадыр Мапу. — «Культурная праца» місіянера. — Баль на ўвесь свет.

 

Як мы ўжо адзначалі, папуасы не складалі якой-небудзь дзяржавы. Жылі яны паасобку, сваімі родамі, не мелі сталых зносін з суседзямі, а калі сустракаліся з імі, дык большай часткай у сварцы.

Часта дужэйшы род падначальваў сабе бліжэйшыя ваколіцы, але хутка магло быць наадварот, і адносіны ўвесь час мяняліся.

Род Какаду налічваў чалавек чатырыста народу, разам з жанчынамі і дзецьмі. Хаціны іх былі раскіданы па абодвух берагах маленькага ручая, на ўзгорках. Большасць будынкаў стаяла проста на зямлі, і толькі некаторыя былі пабудаваны на невысокіх слупках. Стрэхі — з плеценага пальмавага лісця, сцены — з галля; зразумела, ніякіх акон не было, толькі адна дзіра, якая служыла дзвярмі. Дзверы гэтыя ніколі не зачыняліся, бо не было каму і не было чаго красці.

Толькі адзін больш вялікі дом меў «дзверы»: бок скрыні ад тавараў з англійскімі надпісамі. Як і калі трапіў сюды гэты «кавалак цывілізацыі» — невядома. Не ведаў, мусіць, і сам гаспадар дома, правадыр роду.

Але найбольш выдатны быў другі будынак, велізарны, на высокіх слупах і з высокай вежай, нібы царква. На канцы вежы развяваўся пук пер'я какаду — знак усяго роду.

Гэта была цікавейшая ўстанова папуасаў — «ум-камаль», які можна было б параўнаць з нашым клубам. Тут жылі нежанатыя мужчыны, а жанчыны нават і блізка не падпускаліся.

Тут адбываліся розныя сходы і нарады; сюды прыходзілі госці і падарожнікі (вядома, толькі мужчыны); тут мужчыны праводзілі ўвесь свой час, курылі, ляжалі, спявалі.

І цяпер тут было досыць народу, а ў другіх месцах вёскі зусім мала.

Асабліва кідалася ў вочы адсутнасць жанчын. Па вуліцы бадзяліся свінні і сабакі, якія мелі права свабодна заходзіць ва ўсе хаты. Відаць было яшчэ некалькі курэй, якіх жыхары трымаюць галоўным чынам дзеля пер'я. І больш ніякіх адзнак гаспадаркі, нават ані кавалка апрацаванай зямлі.

Ля адной хаціны сядзела жанчына і шукала нешта ў галаве свайго гаспадара.

Перад многімі дамамі стаялі нейкія платформы на чатырох слупах. На іх таксама ляжалі і сядзелі па аднаму ці па некалькі чалавек мужчыны.

Тут яны адпачывалі, гутарылі. Гэта былі ўжо ўласныя, дамовыя месцы адпачынку для жанатых мужчын, бо ў хаце ім не давалі спакою свінні і сабакі. Сюды таксама жанчыны не дапускаліся, і толькі ў выключных выпадках, у знак пашаны, ім дазвалялася пасядзець пад платформай.

Вось з лесу падышлі дзве жанчыны, відаць, матка з дачкой. Усё адзенне іх складалася з адной спадніцы вышэй калень, зробленай з чароту.

На спіне, зачапіўшы вяроўку за лоб, яны неслі па цяжкай вязцы таро, расліны, якая тут замяняе нашу бульбу. Амаль уся праца па гаспадарцы ляжыць тут на жанчынах; коней няма, і ўсе цяжары пераносяцца жанчынамі гэтым спосабам, так што ў іх на лобе нават выціскаюцца раўкі ад вяроўкі.

Дома яны адрэзалі вялікія клубні таро, загарнулі ў лісце і паклалі ў гарачы попел. Калі яны спякліся, абчысцілі ад гарэлых лісцяў і растаўклі ў кашу, замяшаўшы з вадой. Зрабіўся вельмі ліпучы клей. Гаспадыня паставіла яго ў куток хаты, а адтуль узяла другі гаршчок з такім самым клеем-кашай, якая прастаяла ўжо два дні і ўкісла.

Гэтую ўжо гатовую кашу яна панесла да гаспадара, які сядзеў на платформе з госцем. Яны запусцілі па тры пальцы ў гаршчок, а каб каша вельмі не цягнулася, накруцілі і наматалі яе на руку і пачалі павольна ласавацца.

Прыйшла дадому і суседка, жонка госця, таксама з вязкай таро ды яшчэ з малым дзіцянём на руках. Свінні, угледзеўшы гаспадыню, кінуліся да яе, сталі верашчаць, ціскацца, як пестуны, і сапраўды яны былі пестуны. Папуаскія жанчыны няньчацца з імі, як у нас важныя пані з сабачкамі.

Папуаска палажыла дзіцяня каля хаты, ухапіла адно маленькае парасё, пачала мілаваць яго… і карміць сваімі грудзьмі. Гэта лічыцца самым звычайным з'явішчам, якое еўрапейскія даследцы не раз наглядалі.

Паклапаціўшыся па гаспадарцы, жанчыны зноў пайшлі ў лес. Насустрач ім ішлі другія жанчыны і дзеці, таксама з вязкамі. Значыцца, недзе там было іх поле ці агарод.

Папуаскія агароды звычайна знаходзяцца далёка ад сялібы, часам за тры-чатыры кіламетры, у больш вільготных месцах, бо самі яны селяцца ў сушэйшых. Падрыхтоўваюць зямлю ўсе агулам, талакой, і тут ужо галоўным чынам працуюць мужчыны. Праца гэта пры іх умовах страшэнна цяжкая: трэба высечы, выкарчаваць ці выпаліць лес, перакапаць зямлю, зрабіць які-небудзь плот, — і ўсё гэта блізка што голымі рукамі, калі не лічыць розных там сукоў, каменных сякер, касцяных нажоў і толькі, можа, на ўвесь род некалькіх сапраўдных сякер і нажоў.

«Ворыва» адбываецца такім чынам: мужчыны становяцца ў рад з каламі ў руках. Яны ўбіваюць гэтыя калы ў зямлю як мага глыбей, потым разам нахіляюць іх і выварочваюць груды зямлі.

За імі ідуць жанчыны. Яны разбіваюць груды маленькімі драўлянымі рыдлёўкамі і выбіраюць карэнні і траву. За імі ідуць дзеці. Яны ўжо канчаткова пераціраюць зямлю рукамі.

Гэтая праца выконваецца талакой. А потым ужо кожная сям'я робіць сабе грады паасобку.

Але, зрабіўшы гэтую працу, мужчыны лічаць сябе вольнымі ад усіх іншых гаспадарчых абавязкаў. Далей працуюць ужо толькі жанчыны, а мужчыны, як мы бачылі, «адпачываюць». Жанчына з'яўляецца нібы карыснай хатняю жывёлінай, і багатым лічыцца той бацька, які мае больш дачок…

Разводзяць яны какосавую пальму, таро, бананы, ямс (як проса), тытунь. У кожную пару года што-небудзь паспявае, так што гаспадары карыстаюцца свежымі пладамі і гароднінай круглы год. Але цяжкія ўмовы працы не даюць ім пазбыцца голаду і галечы.

У ум-камалі тым часам сядзела і ляжала чалавек пятнаццаць мужчын. Апранутыя яны былі адным толькі фартухом, ды на руках і нагах былі кольцы. Пяць чалавек сядзелі каля агню і курылі цыгарку з зялёнага тытуню. Кожны зацягваўся раз і перадаваў свайму суседу. Цыгарка не хацела гарэць, і кожны раз трэба было яе запальваць зноў.

Папуаскія франты шмат часу трацяць на свае зачоскі, больш, чым добрыя нашы паненкі. Так, адзін з іх на працягу дзвюх гадзін працаваў, каб з дапамогай трэсачкі паставіць старчаком кожную валасіну паасобку. А каб яны так трымаліся і далей, ён перацёр галаву мокрай чырвонай глінай.

Другі тым часам абляпіў галаву вапнай. Праз дзень ці два вапна злазіла, і тады валасы рабіліся на некалькі дзён светлымі. Дзеля гэтай красы варта было папрацаваць. Старэйшыя мужчыны рабілі тое самае і са сваімі бародамі.

Потым яны ўтыркалі ў валасы пер'е какаду і пеўня і нават нейкія грабяні з бамбуку, якія ўжываюцца тут толькі мужчынамі, а не жанчынамі. Гэтыя самыя грабяні ўжываюцца яшчэ як відэльцы ў часе яды.

Зрабіўшы зачоскі, яны доўга цешыліся і выхваляліся адзін перад адным, на зайздрасць сваім суседзям.

Праўда, і другія мужчыны былі не горш аздобленыя. Напрыклад, адны каралі з сабачых зубоў чаго былі вартыя. Нездарма жанчынам забаранялася насіць такія каралі. Яны мелі права насіць толькі два зубы ў вушах, як у нас завушніцы.

Але было нешта яшчэ важнейшае, аб чым жанчыны нават не маглі і думаць: гэта клык вепра. Яго мелі права насіць толькі мужчыны.

Абсталяванне клуба складалася з нараў, зброі і вялікай колькасці чалавечых чарапоў. Усе яны былі размаляваны і віселі ў кожнага над галавой. У куце стаяла вялізная фігура чалавека — «тэлум», зробленая з дрэва ў памяць нейкага старадаўняга героя, і, урэшце, ля дзвярэй стаяла пустая калода, якая служыла барабанам. Гук гэтага барабана азначаў якое-небудзь вялікае здарэнне і чуцён быў далёка навакол.

— Ходзяць чуткі, што Мукку думаюць пайсці на нас, — казаў адзін з мужчын.

Мукку — гэта суседні род, з якім Какаду заўсёды былі ў варожых адносінах.

— Я буду вельмі рады здабыць яшчэ некалькі чарапоў,— сказаў франт з вапнянай галавой.

— Але чаму Мапу чакае?

— Пасланцоў усё яшчэ няма.

Мапу быў правадыр роду Какаду. Ен лічыўся не толькі самым дужым і храбрым мужчынам, але і самым разумным. Ен меў дачыненне да еўрапейскай цывілізацыі: дзверы яго хаты былі, як мы ведаем, з дошчак ад еўрапейскай скрыні і нават з надпісамі, якія мелі цудоўную сілу.

Апрача гэтага, ён меў еўрапейскую камізэльку, якую апранаў ва ўрачыстых выпадках.

Але ж самае галоўнае было тое, што ён не баяўся еўрапейскай цывілізацыі, а, наадварот, імкнуўся да яе. Гэта ён паслаў тых двух гандляроў, якія прамянялі сваё золата на гарэлку.

Мапу ведаў, што самая страшэнная зброя белых — гэта «гром». Разам з тым ён ведаў, што больш за ўсё на свеце белыя любяць золата. Вось ён і надумаўся выкарыстаць гэтае бескарыснае золата. Праўда, ён яшчэ не ведаў, як уладаць гэтым «громам», але досыць і таго, што ён не пабаяўся сам мець яго. Ен ужо не лічыў яго цудоўнай сілай і спадзяваўся якім-небудзь чынам даведацца, як з ім спраўляюцца.

— Калі мы будзем мець «гром», тады забяром усіх суседзяў,— сказаў адзін з таварыства.

— Наш Мапу вялікі правадыр! — дадаў другі. У гэты момант прыбег адзін хлапец і сказаў, што ідзе нейкі чужы чалавек — чорны, але зусім як белы.

Усе паўскаквалі, ухапілі зброю і пабеглі за ім.

— Вось там, — паказаў хлапец.

Папуасы стаіліся і пачалі чакаць. Сярод дрэў па сцежцы спакойна набліжаўся чалавек, чорны, але ў еўрапейскім убранні. Дзіўна было тое, што ён, здавалася, не меў аніякай зброі. Чытачы, пэўна, здагадаліся ўжо, што гэта быў місіянер Саку.

Калі ён падышоў блізка, папуасы выскачылі і акружылі яго. Але незнаёмец не здзівіўся, не спалохаўся.

— Хто ты? — запыталіся ў яго.

— Я — Саку, — спакойна адказаў ён.

Хаця большасць былі яго аднагодкі, але за дзесяць год забыліся аб ім, тым болей, што ён жыў з імі нядоўга.

— Адкуль і куды ты ідзеш?

— Іду да Какаду, дзе я жыву і дзе засталася мая маці,— сказаў Саку. — Ці жывая яна?

Цяпер ужо некаторыя прыпомнілі яго, апусцілі зброю і па-прыяцельску ўсміхаліся.

— Жывая, жывая. У Мапу. Ідзём, — загаварылі тыя, хто ведаў яго, потым звярнуліся да тых, хто не ведаў ці не памятаў Саку, і сказалі: «Макрай».

Пасля гэтага слова і астатнія заўсміхаліся і зрабіліся ласкавымі.

Тут нам трэба ўхіліцца некалькі ўбок, каб растлумачыць таемнае слова «макрай», бо яно мае вельмі цікавы і глыбокі сэнс.

Мы ведаем, што і да гэтага часу ў капіталістычных краінах еўрапейцы з пагардай ставяцца да так званых «каляровых» людзей, асабліва да чорных. У «культурнейшай» Амерыцы негры не маюць права ехаць у трамваі разам з белымі. Негры-дактары, інжынеры, вучоныя таксама застаюцца нераўнапраўнымі. Што ж тады казаць пра сапраўдных чорных людзей, афрыканскіх неграў, аўстралійскіх папуасаў?

Іх ужо і зусім за людзей не хочуць лічыць. Ва ўсіх кнігах яны апісваюцца як «звяры», якія толькі і думаюць аб тым, каб з'есці белага. А ўжо такіх чалавечых якасцей, як дабрата, удзячнасць, вернасць, сумленне, у іх нібы і не бывае. Большасць еўрапейцаў нават цяпер так думае. А як было, скажам, гадоў пяцьдзесят назад?

І вось у той час знайшоўся адзін рускі даследчык, М. М. Міклуха-Маклай, які захацеў бліжэй пазнаёміцца з жыццём такіх першабытных людзей, захацеў падысці да іх, як свой чалавек. Ен прыехаў на Новую Гвінею, высадзіўся на пустынны бераг і застаўся там адзін. Убачыўшы папуасаў, ён пайшоў да іх без зброі, каб паказаць, што не мае ніякіх злых намераў. Папуасы не ведалі, што і думаць, убачыўшы такі цуд. Былі моманты і вельмі небяспечныя для Міклухі-Маклая, але шчырасць і любоў яго да гэтых цёмных, адсталых людзей перамаглі ўсю іх варожасць і лютасць.

Тры гады (з перапынкамі) пражыў Маклай адзін сярод папуасаў. Ен прывёз ім розныя прылады (сякеры, пілы, нажы, гаршкі), навучыў карыстацца імі; навучыў больш карыснаму спосабу земляробства, нават прывёз ім некалькі кароў, коз.

І што ж? Гэтыя «звяры» не толькі не зрабілі яму нічога дрэннага, але палюбілі яго як брата. Калі падышлі да гэтых дзікуноў па-людску, то і ў «людаедаў» знайшліся любоў, удзячнасць, дружба, сумленне і іншыя чалавечыя якасці, якіх часта не хапае і сяму-таму з заходніх еўрапейцаў і амерыканцаў.

Мала таго, імя Маклая (яны вымаўляюць «Макрай») засталося ў папуасаў для азначэння добрага чалавека наогул.

Сучасныя папуасы, пэўна, не ведаюць, адкуль у іх узялося слова «макрай», але нам варта ведаць, бо гэтае слова гаворыць не толькі аб рускім чалавеку М. М. Міклуху-Маклаю, але і аб чалавечнасці наогул.

Маці Саку жыла ў Мапу, нібы як жонка, нібы як нявольніца. Пасля таго як яе захапілі ў палон, як яна страціла, апрача мужа, яшчэ і сына, яна не хацела ўжо нікуды ўцякаць, прызвычаілася і жыла тут не горш, як дома.

Калі яе паклікалі і падвялі да сына, яна не хацела даваць веры сваім вачам. Ен зусім не быў падобны ні да таго дванаццацігадовага хлопчыка, якім яна яго памятала, ні да сучасных хлапцоў, яго таварышаў. Увесь яго выгляд, асабліва адзенне, былі чужыя, — ад белых.

Але ёй адразу зрабілася цёпла на душы і слёзы паказаліся на вачах, калі Саку абняў яе і сказаў на іхняй роднай мове:

— Мама! Як я рады, што мы сустрэліся. Выйшаў Мапу, высокі, плячысты мужчына з страшэннай галавой, ад якой ва ўсе бакі тырчалі валасы і з галавы, і з барады, і з вусоў, і з шыі. Пер'е какаду і райскай птушкі ззяла, як жар, а на грудзях, апрача сабачых і дзікавых зубоў, віселі яшчэ і чалавечыя. На абодвух плячах былі вялікія рубцы, зробленыя сумысля: хлопчыкам разразаюць скуру, некаторы час перашкаджаюць ёй загойвацца, а потым, калі загоіцца, застаюцца гэтыя пачэсныя, шырокія і глыбокія рубцы.

Ен здзіўлена паглядзеў на Саку і звярнуўся да маці:

— Дык гэта твой сын, што ўцёк? Не можа быць!

— Я жыў у белых і шмат чаго ад іх пераняў,— растлумачыў Саку, бачачы, што Мапу недаверліва глядзіць на яго.

— І «громам» уладаць ты ўмееш? — запытаўся Мапу.

Саку здагадаўся, аб чым гаворыць правадыр, і сказаў:

— Ведаю, але яны мяне навучылі нікога не забіваць.

— Як так нікога? І ворагаў? — здзівіўся Мапу.

— І ворагаў трэба любіць. Бог, вышэйшы дух, казалі яны, які стаіць над усімі намі, загадвае, каб усе людзі любілі адзін аднаго.

— А калі вораг пачне цябе біць?

— Падстаў яму другую шчаку, як сказаў бог белых людзей Хрыстос, — з пачуццём адказаў Саку, уздымаючы ўгору вочы.

Усе прысутныя здзіўлена паглядзелі адзін на аднаго, а ў правадыра мільганула думка, ці не вар'ят гэта які. А можа, белыя знарок яго падаслалі, каб ён тут угаворваў усіх не супраціўляцца, быць пакорнымі і любіць ворага нават тады, калі ён цябе б'е, ды яшчэ падстаўляць яму другую шчаку…

— Гэта цябе так навучылі белыя? — сурова запытаўся Мапу.

— Так, яны навучылі,— спакойна адказаў Саку.

— Ну, а самі яны не забіваюць, падстаўляюць другую шчаку? — насмешліва спытаў правадыр.

— Не ўсе выконваюць загад бога, але трэба маліцца, каб ён змякчыў сэрцы іх.

— А ты можаш памаліцца, каб іх сэрцы памякчэлі і яны нас не крыўдзілі?

— Не заўсёды бог слухае нас. Ен лепш ведае, што патрэбна. Але, вядома, я павінен маліцца аб гэтым, — сказаў місіянер.

Пры гэтых словах Мапу павесялеў. Гэтага хлапца можна скарыстаць! Ен можа памаліцца, як яго там навучылі,— і вораг будзе мяккі, ласкавы.

— Ну, а можаш ты памаліцца свайму богу, каб і Мукку памякчэлі? — запытаўся ён зноў.

— Усе людзі аднолькавыя перад богам, — адказаў Саку, — і з усімі ён можа зрабіць, што захоча, ці будуць гэта белыя ці чорныя.

Хітры Мапу зараз жа склаў сабе ў галаве добры план. Вось гэты дзівак памоліцца, Мукку зробяцца мяккімі і пакорнымі, а ён тады — цап! — і забярэ іх усіх у свае рукі. Гэта будзе нават лепш за «гром».

Што белыя маюць вялікую сілу, што яны ўладаюць і «громам», і агнём, і вадой, — гэта ўсім вядома. Але якім чынам яны гэтага дасягнулі — ніхто тут не ведае. І вось, на шчасце, з'явіўся гэты чалавек, які прайшоў усю навуку белых, які ведае, як звяртацца да іхняга бога, — ці можа яшчэ каму так пашанцаваць, як роду Какаду?

І правадыр пажадаў, каб адзначылі гэты дзень урачыстасцю. Мапу хацеў яшчэ больш схіліць на свой бок гэтага дзіўнага чалавека, які атрымаў магутнасць белых і разам з тым быў свой.

На палянцы, крыху далей ад вёскі, расклалі вогнішчы, нацягалі свіней і асабліва сабак, якія лічацца найсмачнейшай стравай. Папуаскія сабакі невялікія, з кароткай гладкай поўсцю і стаячымі вушамі. Яны ціхія, нясмелыя, ніколі не гаўкаюць, а толькі выюць. Жывяцца галоўным чынам расліннасцю, асабліва какосавымі арэхамі. Мусіць, загэтым і мяса іх крыху смачнейшае за мяса нашых сабак.

Прынеслі варанага бобу, таро, ямсу, перапечак з хлебнага дрэва, якія пякуцца на гарачых каменнях.

Саку тым часам меў магчымасць перагаварыцца з маткай. Але, нягледзячы на дзесяцігадовы перапынак, яны не мелі аб чым доўга гаварыць. Матка нічога не магла сказаць, апрача таго, што яна жыве ў Мапу; як ёй жывецца — яна і сама добра не ведала, бо лёс папуаскай жанчыны ўсюды аднолькавы.

Саку ж, з свайго боку, пачаў быў тлумачыць аб сваім жыцці, адукацыі, галоўнае, аб хрысціянскай веры, але хутка заўважыў, што матка нічога не разумее, нават не цікавіцца. Ды і наогул яна пазірала на яго неяк боязна.

Зразумела, ён і сам ведаў, што адразу «выратаваць матчыну душу» нельга, што прыйдзецца доўга, паступова асвятляць яе.

Тым часам грамадзяне рыхтаваліся да свята, чаплялі на сябе ўсё, што толькі было.

У многіх жанчын на плячы былі нейкія плямы, быццам ад даўнейшай балячкі. Гэтыя плямы таксама наўмысля робяцца для прыгожасці, як мужчынамі рубцы.

Дзяўчынцы гадоў трынаццаці прыйшоў час гадаць гэтую прыгожасць. Матка ўзяла маленькі гарачы вугольчык і палажыла яго дачцэ на голае плячо. Заскварылася скура, застагнала дзяўчынка, сцяла зубы, заварушыла пальцамі, але стаяла на месцы. Яна павінна была так цярпець, пакуль вугольчык не зробіцца попелам. А каб ён не згас, матка дзьмухала на яго…

Ідучы міма, Саку ўбачыў гэтую сцэну, не вытрымаў і скінуў вугольчык.

— Што ты робіш? — сказаў ён матцы. — За што ты мучыш дзіця?

Матка паглядзела на яго, як на вар'ята, і пачала лаяцца. Нават дзяўчынка таксама была нездаволена.

Але жанчыны прыбіраліся дарэмна, толькі, як кажуць, за кампанію. Яны не мелі права прымаць удзел у святкаванні. Усе святкаванні адбываюцца без іх. Як мужчыны, таксама і жанчыны з дзецьмі перакананы, што калі б яны толькі паглядзелі на ўрачыстасць, з імі абавязкова здарылася б якая-небудзь бяда.

Асабліва небяспечнай для іх была музыка. Дзе там граць, — нават бачыць музычныя прылады яны не павінны былі і, калі тыя выпадкова траплялі ім на вочы, самі ўцякалі, бо шчыра верылі, што ад гэтага ім пагражае няшчасце.

Тым часам ля вогнішчаў адбывалася вялікая падрыхтоўка. Паклалі два бервяны, паміж іх паставілі шмат гаршкоў. Прынеслі прывязаных да жэрдкі свіней, закалолі іх пікамі. Сабак жа проста бралі за заднія ногі і разбівалі ім галовы аб дрэвы.

У гаршкі спачатку палажылі зялёнае лісце, каб страва не прыгарала, потым сталі класці па кавалку мяса. Некаторыя ўлажылі асабліва смачную страву: яшчарак і змей, разрэзаных удоўж. Для прыправы, хто меў, дадалі жукоў, вялізных павукоў і тлустых чарвякоў. Гэтыя чарвякі (вусені), нават сырыя, лічацца найсмачнейшай стравай.

Самай жа галоўнай прыправай лічыцца соль, якой тут зусім няма. Яе здабываюць з дрэў, якія доўга былі ў моры і насыціліся соллю. Такія дрэвы яны выменьвалі ў суседзяў, што жылі бліжэй да мора. Зразумела, здаралася гэта рэдка. Кавалкі дрэў палілі на асобным вогнішчы і попел ужывалі як соль.

Кіраваў усёй справай Мапу. На ім была самая ўрачыстая вопратка — еўрапейская камізэлька, і ён адчуваў сябе ў ёй не горш, як цар у сваім каранацыйным адзенні. І відаць было, што ўсе яго падуладныя адчувалі тое самае. Толькі Саку, зірнуўшы на такую фігуру, апусціў галаву і ўсміхнуўся.

Зразумела, Саку, як пачэсны госць, павінен быў сесці побач з правадыром.

Калі мяса згатавалася, Мапу ўзяў рукамі вялізны кавалак і даў Саку першаму. Гэта было знакам вялікай пашаны да місіянера.

Пакуль елі розныя стравы, пачалася падрыхтоўка да самага галоўнага частавання: гэта было пітво, так званае — «кэу». Для прыгатавання яго ўжываецца адна расліна з пароды перцу.

Прынеслі вязкі гэтай расліны, і маладзейшыя пачалі жаваць яе і пляваць у гаршчок. Праца была марудная, дзеля гэтага частку аднеслі да дзяцей, каб яны дапамаглі. Калі ўсё перажавалі, тады дадалі вады, працадзілі праз траву і далі крыху пастаяць*.

* Еўрапейцы спрабавалі зрабіць кэу, проста расціраючы расліну, але з гэтага нічога не выйшла. Відаць, ад сліны спецыяльна адбываюцца нейкія хімічныя працэсы.

Пакуль скончылі яду, гарэлка настаялася. Мапу наліў першую «шклянку» з бамбуку і таксама паднёс Саку першаму.

— Не, гэтага я не магу! — рашуча адмовіўся Саку: — Наш закон не дазваляе.

Хаця гаспадарам і непрыемна было, але яны вельмі не прымушалі: закон дык закон.

Тады другія падставілі свае бамбукавыя чаркі. Відаць, пітво было звярынае, бо шмат у каго вочы на лоб павылазілі. Але адразу адчувалася, што гарэлка зрабіла ўплыў: некаторыя нават стаяць цвёрда ўжо не маглі.

Закусілі бананамі і бататам (салодкая бульба).

Тады Мапу ўстаў і звярнуўся да народа з прамовай:

— Вось наш брат Саку. Ен уцёк ад нас і доўга жыў з белымі. Ен даведаўся аб іх сіле. Ен ведаў іхняга духа. Ен можа папрасіць яго, каб ён дапамог нам, як дапамагае белым. Саку можа папрасіць духа, каб Мукку не маглі супраць нас ваяваць, і мы тады забяром іх усіх. Хай грае музыка!

Народ закрычаў ад радасці, падняўся шум, гам. Саку вельмі здзівіўся, пачуўшы такія словы, і ўстаў, каб растлумачыць народу, у чым справа.

— Браты! — пачаў ён казаць. — Праўда, што ў белых я пазнаў вялікага духа, які ўладае ўсімі намі — як белымі, таксама і чорнымі, праўда, што вялікі дух усё можа, але…

Пачуўшы аб тым, што вялікі дух усё можа зрабіць і, значыцца, дапамагчы ім, народ зноў пачаў крычаць, вітаць Саку, уздымаць зброю.

— Смерць Мукку! Знішчым іх! — чуліся галасы.

— Браты! — пачаў ужо крычаць Саку напружаным голасам. — Вы памыляецеся! Вялікі дух не дапамагае рабіць забойстваў…

Але задаволены народ не чуў, што ён кажа; ведалі толькі, што нешта добрае, і ад гэтага яшчэ больш шумелі. Тым часам падышла музыка і танцоры, і ўся ўвага накіравалася на іх.

Саку сеў і горка ўсміхнуўся.

«Няшчасныя, цёмныя людзі,— думаў ён, — маюць у галаве толькі адно: каб забіць свайго ворага. Нялёгка будзе растлумачыць ім, што самае галоўнае — выбавіць сваю душу. Але з дапамогай бога я выканаю свой абавязак».

На сярэдзіну выйшлі чатыры танцоры. Кожны ад плеч да калень быў захутаны пальмавымі лісцямі, якія надавалі ім выгляд звычайных коп сена, толькі на дзвюх нагах. Але самае галоўнае — гэта велізарныя, страшныя маскі, якія закрывалі ўсю галаву да плеч. Маскі былі размаляваны ў розныя колеры і мелі жудасны выгляд. На высокіх вострых шышаках развявалася пер'е.

Зайграла «музыка». Адзін роў праз велізарную бамбукавую дудку, даўжынёй метры са два. Роў і завываў ён так, што здавалася, быццам сто папуаскіх сабак пачалі свой канцэрт. Другі свісцеў у пусты какосавы арэх, у якім былі прасвідраваны дзве дзіркі. Трэці дзьмуў у маленькую свісцёлку, а чацвёрты біў у калоду-барабан. Быў і больш далікатны інструмент, на манер трашчоткі: мноства чарапашак было прывязана шнуркамі да дубца, музыкант махаў гэтай пугай, і ад гэтага чарапашкі ляскаталі.

Пад гэтую музыку танцоры тупаліся туды-сюды ды нахіляліся. Але людзі глядзелі вельмі ўважліва, бо танцоры азначалі духаў памёршых продкаў і лічыліся таемнымі, вышэйшымі істотамі.

Пасля гэтага афіцыйнага і святога танца пачалі саматужныя скокі, і да самага позняга вечара весяліліся гэтыя дзеці прыроды.

Саку, як шаноўны госць, начаваў у ум-камалі. Ужо ўсе паснулі, а ён стаяў на каленях і горача маліўся, каб бог дапамог яму выбавіць душы сваіх братоў. Над галавою яго шчэрылі зубы чалавечыя чарапы, а насупраць у куту стаяла драўляная статуя — тэлум.

 

V

Рэлігійныя дыскусіі.— Палон містэра Брука. — Захады Саку. — Мапу хоча выкарыстаць хрысціянства. — Вызваленне Брука. — Напад Мукку. — Расправа белых.

 

Трывожныя чуткі насіліся сярод насельніцтва Какаду.

Казалі, што белыя на нейкай невялікай, але вельмі траскучай лодцы заехалі далёка ў глыб вострава, у такія мясціны, дзе іх да гэтага часу ніколі яшчэ не бачылі.

Казалі нават, што велізарны, таксама траскучы, птах праляцеў над галавой.

Можа, гэта тыя самыя магутныя белыя лётаюць? Тады ўсё прапала.

Казалі яшчэ, што ў краіне з'явіўся нейкі дзіўны звер, большы за ўсіх звяроў, нават за самага вялізнага кенгуру. Гэты звер вельмі шпарка бегае, і на ім… на ім быццам сядзіць чалавек! Гэта чутка была жудасней нават за траскучага птаха.

І да ўсяго гэтага яшчэ тыя праклятыя Мукку варушацца. Нядаўна яны захапілі двух Какаду.

А пасланцоў з «громам» усё няма ды няма. Мабыць, загінулі.

Трэба адзначыць, што Мукку быў той самы род, з якога паходзіў Саку з маткай. Яму цяпер усё роўна было, ці Мукку, ці Какаду, і ён баяўся толькі аднаго — каб яны зноў не перагрызліся. Але ад яго чакалі не гэтага, а дапамогі супраць Мукку.

Мапу перастаў ужо чакаць пасланцоў. Ен цяпер усю надзею злажыў на Саку і «суцяшаў» яго, што вось яны хутка падрыхтуюцца і нападуць на Мукку, а Саку хай пакуль што моліцца свайму богу, каб сэрца Мукку зрабілася мяккім.

Саку ж тым часам прапаведваў хрысціянства.

— Самы галоўны грэх перад вялікім духам, — казаў ён, — гэта забойства. Ці не жадалі б вы ўсе, каб ніхто нікога не забіваў, каб усе любілі адзін аднаго, як браты, каб ніхто вам не пагражаў смерцю?

— Вядома, хацелі б, — адказала некалькі людзей.

— Ну, дык і вы таксама рабіце. І калі вам хто зробіць крыўду, перацярпіце, як вучыць нас вялікі настаўнік Хрыстос.

— А вось нядаўна Мукку з'елі аднаго нашага, — сказаў малады хлапец. — Калі мы будзем цярпець, яны ўсіх нас з'ядуць.

І зноў пачыналася спачатку… Мапу ён казаў:

— Ты не зразумеў і памыляешся наконт таго, што я казаў. Ты думаеш, што бог можа стаць на адзін бок, дапамагчы табе скрыўдзіць другога? Не, ён да ўсіх аднолькава ставіцца. І калі я табе сказаў, што мы павінны прасіць бога, каб ён змякчыў сэрцы людзей, дык гэта тычыцца ўсіх: і Мукку, і Какаду.

Мапу падумаў-падумаў і сказаў:

— Ну, добра, маліся за абодвух, абы толькі твой бог дапамог.

Мапу сцяміў, што і ў гэтым выпадку ён страціць не можа: хай толькі Мукку пакарацца, ён забярэ іх і з мяккім сэрцам.

Раптам загрукаў барабан. Нешта здарылася…

Народ замітусіўся.

— Мукку ідуць! — пачуліся галасы. Мужчыны ўхапіліся за зброю, а жанчыны з дзецьмі пачалі ўцякаць у лес.

Трэба ведаць, што папуасы ў лесе звычайна маюць другія хаты, пабудаваныя высока на дрэвах, на той выпадак, калі патрэбна будзе ратавацца ад ворагаў. Там у іх зложаны запасы яды і зброі, напрыклад, каменняў, каб не падпусціць ворага да дрэва.

Але сёння здарылася нешта больш дзіўнае: вялі звязанага белага чалавека!

Сярод густога натоўпу набліжаўся ён да ум-камаля, а па баках горда ішлі тыя два пасланцы, якіх Мапу паслаў за «громам». Калі яны падышлі зусім блізка, Саку не мог утрымацца, каб не крыкнуць ад здзіўлення: белы быў містэр Брук!

Ен быў без шапкі, твар скрываўлены, адзенне падзёртае.

Страх і злосць відаць былі ў яго вачах. Падвялі і пхнулі яго пад ум-камаль. Народ аглядаў яго, бы дзіўнага звера, некаторыя нават краталі і казалі:

— Добры пачастунак будзе з яго!

І Брук, здаецца, здагадваўся, што азначае гэтае мацанне і гэтыя словы…

Сабралася нарада. Пасланцы расказалі сваю гісторыю:

— Мы далі ім золата і птушак. Прасілі «грому». Яны нам далі агнёвай вады. Больш мы нічога не памяталі. Апынуліся адны ў лесе. І ў нас засталося толькі гэта.

І яны паказалі бутэльку з адбітым горлам. Усе пачалі яе разглядаць, перадаваць з рук у рукі, нюхаць, глядзець праз яе. Асабліва было заўважана, што канцы дужа вострыя. Гэта можа быць вельмі добрай прыладай. Можа, яно адно варта таго золата, з якога ніякай карысці няма.

Але большасць усё ж такі разумела, што гэта ашуканства.

— Мы пайшлі дадому, — казалі далей пасланцы. — Праз некалькі дзён убачылі на рацэ траскучую лодку і пачалі сачыць за ёю. Гэта ехалі белыя з той самай станцыі. І вось мы гэтага злавілі.

Каб зразумець, як гэта яны пехатой зраўняліся з маторнай лодкай, трэба глянуць на карту Новай Гвінеі. Мы заўважым, што ад паўднёвага берага, дзе была станцыя (ля ракі Марэгед), да пачатку ракі Фляй ёсць два кірункі: або па вадзе, на ўсход уздоўж берага, а потым на захад па рацэ, або па зямлі, проста на поўнач. У першым выпадку будзе кіламетраў шэсцьсот — семсот, а ў другім — якіх-небудзь сто — сто дваццаць.

Спрэчак аб лёсе палоннага не было, бо досыць ужо таго, што белыя са сваімі страшнымі прыладамі чамусьці заехалі так далёка. Ясна, яны маюць нейкія злыя намеры. Хіба з добрымі яны б паехалі? Пэўна, яны хочуць забраць усю зямлю Какаду і ўсіх жыхароў. Значыцца, трэба ворагаў знішчыць, і не толькі гэтага, але і тых, што засталіся.

Усе тыя папуасы, што жылі ля берага мора, ужо даўно трапілі пад уладу белых; вольнымі засталіся толькі тыя, што жылі ў сярэдзіне вострава. І вось цяпер белыя дабіраюцца і да іх! Апрача таго, гэтыя белыя подла ашукалі іх.

І яшчэ трэба мець на ўвазе, што чэрап белага надасць шчасце, славу і магутнасць роду Какаду. Мукку да гэтага часу яшчэ не маюць чэрапа белага чалавека.

Некаторыя нават думалі, што прысутнасць Саку гэтаму дапамагла, што вялікі дух зрабіў белых ціхімі і мяккімі, як раіў Саку, і што белыя ўжо не могуць даць адпору. А ўжо аб Мукку і казаць няма чаго: тых можна загадзя лічыць зусім знішчанымі.

Адным словам, справы роду Какаду складваліся вельмі добра.

Саку сядзеў, слухаў нараду, і сэрца яго аблівалася крывёю.

— Не, браты, — пачаў ён казаць, — нядобра будзе, калі мы загубім гэтага чалавека. Бог нам не даруе. Каб яшчэ ў бойцы, дык і то нядобра. А так загубіць — вялікі грэх. Бог пакарае: пашле белых, і будзе нам бяда.

— Значыцца, твой бог заступаецца толькі за белых? Ты ж сам казаў, што за ўсіх, — адказалі яму сябры.

— За ўсіх тых, хто не робіць злачынства, хто любіць бога і людзей, хто не робіць нікому аніякай шкоды. А хто бога не слухае, таго ён карае, — намагаўся растлумачыць Саку.

— Пачакай, — сказаў Мапу, — хіба ж яны не робяць ніякай шкоды? Хіба яны не забралі ў нашых суседзяў зямлю? Хіба яны не прыехалі сюды, каб і нашу зямлю забраць! Хіба яны не ашукалі нашых пасланцоў? Хіба яны не забіваюць нас?

— Хто зрабіў грэх, таго бог сам будзе судзіць і караць, а не мы, — адказаў Саку.

— А чаму ж ты толькі што казаў, што белыя самі прыйдуць і пакараюць нас, калі мы заб'ём гэтага чалавека? — сказаў Мапу. — Чаму ж яны не хочуць чакаць, пакуль бог сам будзе судзіць?

Саку зноў з прыкрасцю ўбачыў, як цяжка дагаварыцца з гэтымі цёмнымі людзьмі. Яны бачаць і разумеюць толькі тое, што тычыцца іх непасрэдных інтарэсаў, а падумаць глыбей, аб сваёй душы, яны не хочуць ці не могуць.

Ен замаўчаў і пачаў прыдумваць другія спосабы, каб дапамагчы містэру Бруку.

Брука павялі ў адну хаціну, дзе ён павінен быў правесці апошнюю ноч у сваім жыцці. І вось па дарозе ён убачыў Саку!.. Брук спыніўся, пабялеў, пачырванеў, хацеў нешта сказаць, але не мог вымавіць слова.

Саку стаяў і быццам чытаў біблію, як ён звычайна рабіў. Усё насельніцтва прывыкла бачыць яго заўсёды з бібліяй і лічыла, што ў гэтай прыладзе захоўваецца тая цудоўная сіла, якую прывёз Саку ад белых.

Як толькі Брук падышоў бліжэй, Саку, нібы чытаючы біблію, сказаў па-англійску:

— Містэр Брук! Не звяртайце на мяне ўвагі. Я спадзяюся, што сёння ўначы вызвалю вас.

Надзея асвятліла ўвесь твар Брука. Кожнаму, хто паглядзеў бы ў гэты момант на яго, магло б здацца, што гэта самы найлепшы, самы ласкавы чалавек у свеце.

Яго пасадзілі ў адну з хацін, больш шчыльную, хаця і без дзвярэй, і паставілі вартаўніком франта з вапнянай галавой. Вартаўніка паставілі на кожны выпадак, бо Брук быў звязаны так моцна, што і думаць не мог уцячы. Апрача таго, на ноч яго зноў агледзелі і перавязалі.

Саку ўсё ламаў галаву, што яму рабіць? Падкрасціся і развязаць Брука ні ў якім разе нельга было, асабліва ўначы, калі кожны шолах лёгка пачуць. З вартаўніком таксама нічога не зробіш. Заставаўся толькі адзін, няпэўны, але апошні план.

Не чакаючы, пакуль будзе позняя ноч, ён, нібы шпацыруючы, падышоў да вартаўніка.

— Ты адзін будзеш стаяць усю ноч? — запытаўся Саку.

Вартаўнік павярнуўся.

— Не, з поўначы мяне зменяць, — адказаў ён. Тым часам Саку непрыкметна кінуў праз дзверы нож.

— Ну глядзі, пільнуй добра! — сказаў тады Саку і пайшоў сабе далей.

Брук бачыў, як падыходзіў Саку, ведаў, з якім намерам, але ніяк не мог уцяміць, якім чынам ён дапаможа. А што калі не ўдасца?

Пры гэтай думцы дрыжыкі пайшлі па спіне.

І вось у гэты момант каля яго ўпаў нож. Брук зразумеў…

Але далёка было яшчэ да вызвалення. Перш за ўсё — як скарыстаць гэты нож, калі Брук увесь звязаны і ляжыць як калода? Па-другое, як распачаць працу, можна сказаць, на вачах вартаўніка? Кожны рух будзе чутны, а тут, можа, прыйдзецца варушыцца ўсю ноч.

Тады Брук пачаў наогул варушыцца, енчыць, нават лаяцца. Вартаўнік спачатку здзівіўся, падышоў, паглядзеў на яго. Брук усё енчыў ды варушыўся. Папуас, урэшце, прызвычаіўся да гэтага енку. Ен і сам разумеў, что чалавек перад смерцю можа быць неспакойны.

Пасля таго Брук узяўся за працу. Спачатку ён паспрабаваў легчы спіной на нож і разрэзаць аб яго вяроўкі на руках, але нож ляжаў бокам, і нічога нельга было з ім зрабіць. Тады ён узяў нож у зубы і пасля вялікіх усілкаў здолеў разрэзаць вяроўку на плячы. Але як дастаць рукі, якія звязаны ззаду?..

Тады ён надумаўся зубамі ўтыркнуць нож у плеценую сцяну. Доўга ён валаводзіўся з гэтым. Многа разоў утыркаў, але кожны раз нож ці адразу звальваўся, ці пасля таго, як дакранешся рукамі. Шчокі і губы Брука былі парэзаны, з іх цякла кроў…

А час ідзе… Зараз прыйдзе змена… Можна думаць, што новы вартаўнік захоча паглядзець, ці добра звязаны палонны…

І зноў пачынаў ён сваю працу, ад якой залежала яго жыццё.

І вось, нарэшце, ён развязаўся! Сціснуў нож і ляжыць, каб крыху адпачыць. Але трэба спяшацца…

Ен папоўз да дзвярэй. Падпільнаваў, калі вартаўнік стаў да яго спіной. Кінуўся наперад, і… небарака толькі паспеў глуха застагнаць…

Праз паўгадзіны барабанны грукат зноў устрывожыў вёску. Толькі Саку быў рады, бо гэта азначала, што Брук выратаваўся.

Але што ён адчуў, калі даведаўся, што вартаўнік забіты! Гэта ж ён сам, слуга божы, забіў яго! Ен, які так клапаціўся, каб усё добра было. Каб не ён, не было б гэтай смерці.

Але тады была б другая смерць… Што было рабіць? Хто вінен? Як лепш?

На гэтыя пытанні ён не мог знайсці адказу ў бога. І недзе глыбока ў сэрцы нарадзілася крыўда: чаму бог дапушчае гэта, калі яму нічога не варта зрабіць, каб усё добра было?

Тым часам дваццаць чалавек пусціліся ўдагон за ўцекачом. Папуасы разважалі, што за такі кароткі час ён не мог далёка ўцячы, а калі прыняць пад увагу, што была ноч, што мясцовасць яму была незнаёмая, — тады поспех мог быць пэўны.

Паглядзім тым часам, як гэта здарылася, што Брук папаўся.

Пераначаваўшы на востраве, падарожнікі пачалі збірацца ў дарогу. Тут вартаўнік-сіпай заўважыў, што яго стрэльба знікла. Пачаў яе шукаць — няма нідзе. Але ён пабаяўся казаць аб гэтым, бо яму ўляцела б за такое нядбайства. Пэўна, складаючы ў лодку рэчы, хто-небудзь узяў і яго стрэльбу. А паколькі стрэльбаў у іх было больш, чым трэба, — ён узяў другую і хутка забыўся аб гэтым здарэнні.

Бег ракі рабіўся ўсё хутчэйшым. Сустракалася шмат каменняў, і на адзін з іх тыркануўся катэр. Прыйшлося спыніцца, каб паправіць шкоду.

Пакуль важдаліся з катэрам, Брук захацеў прайсціся па беразе, нават без стрэльбы. Праз некалькі крокаў ён спудзіў кенгуру, які хутка паскакаў ад яго. А за старым кенгуру бег маленькі. Ен быў такі пацешны і, здавалася, так няспрытна бег, што Брук захацеў злавіць яго. Праўда, злавіць яго было няцяжка, але ўсё ж такі зусім неўзаметку Брук адбег досыць далёка ад берага.

У той момант, калі ён схіліўся, каб канчаткова ўхапіць кенгураня, ззаду накінуліся на яго два папуасы, заткнулі яму рот, узялі і панеслі.

Брук біўся як мага, але нічога не дасягнуў. Праз некалькі сот крокаў яго паставілі на ногі, скруцілі рукі і кулакамі прымусілі ісці далей. А калі ён паспрабаваў крычаць, то гэта яму каштавала двух зубоў.

Тым часам падарожнікі наладзілі катэр і тут толькі заўважылі, што Брука няма. Сталі гукаць — нічога. Выйшлі на бераг, зноў сталі крычаць — зноў нічога. Тады пачалі страляць, — аніякага водгуку, апрача рэха.

Брук чуў гэтыя стрэлы, ведаў, што яны азначаюць, і нічога не мог зрабіць…

Пачалі шукаць навокал і ў адным месцы заўважылі прымятую траву і іншыя адзнакі барацьбы.

— Справа ясная, — сумна сказаў Скот, — няшчаснага містэра Брука злавілі папуасы. І як гэта ён, сталы чалавек, так папаўся? Наш абавязак знайсці яго. І не толькі выратаваць, але так правучыць гэтых дзікуноў, каб другі раз ім і ў галаву не магло прыйсці нападаць на белых.

І зараз жа сталі рыхтавацца да экспедыцыі.

Дзеля таго, што на катэры быў кулямёт, абарона яго не патрабавала многа людзей. Пакінулі толькі механіка Гуда і аднаго сіпая. Гуду і сіпаю таксама быў даручаны і Чунг-лі. Усе астатнія рушылі ў дарогу. Няма чаго і казаць, што ўсе былі ўзброены з галавы да ног. Нават ручныя гранаты ўзялі з сабой.

Адзінымі адзнакамі таго кірунку, у якім патрэбна было ісці, былі сляды. У такіх мясцовасцях, дзе, можа, раз у некалькі год ступіць чалавечая нага, спрактыкаваны чалавек лёгка пазнае гэтыя сляды і па траве, і па зламанай галінцы, і па розных іншых непрыкметных для другога вока адзнаках. А такім спрактыкаваным чалавекам быў у іх Файлу.

Ен ішоў наперадзе, як сабака, і, здавалася, не толькі выгледжваў, але вынюхваў сляды. Зразумела, дарога не ішла так проста і гладка, як па шляху. Даводзілася і блытацца, а таму яны спазніліся. Нанач спыніліся ў лесе. Яны нават і не ведалі, што вёска была ўжо недалёка, за кіламетраў пяць-шэсць.

Дзеля асцярожнасці агню не раскладалі. Сядзелі ў цемры, не спалі і з нецярплівасцю чакалі світання.

А ў гэты час насустрач ім прабіраўся Брук, а за ім дагоншчыкі.

Папуасы, рассыпаўшыся ланцугом, ціхенька краліся наперад, абхапіўшы значную частку лесу. Час ад часу яны давалі адзін аднаму знак крыкамі начной птушкі.

Брук чуў гэтыя галасы то з аднаго боку, то з другога, нават ужо наперадзе, але не звяртаў увагі. Гэтыя галасы начных птушак яму былі знаёмыя.

Але Файлу заўважыў.

— Сагіб, — ціхенька шапнуў ён містэру Скоту, — гэтыя птушкі мне здаюцца падазронымі. Яны крычаць так, нібы іх хто пасадзіў у шэраг. Чаму за намі ззаду няма іх? Будзьма асцярожнымі.

Перадалі ўсім, каб сядзелі ціха і трымалі стрэльбы напагатове.

Вось крыкнула птушка зусім блізка, з левага боку, і нават мільгануў цёмны цень…

Гэты самы цень заўважыў і Брук, толькі з правага боку. Ен усё зразумеў!.. Дык вось сярод якіх «птушак» ён апынуўся! Значыцца, усё скончана!.. І ён паваліўся на зямлю.

Постаць пасунулася на шум…

Але зараз жа наваколле асвяціла нібы маланка і гром ад дзесяці стрэлаў разлёгся па ўсім лесе.

Ціхі лес адразу ажыў. Крыкі з усіх бакоў. А Брук ад радасці зароў так, быццам яго рэзалі.

Як здзівіліся ўсе, калі ў некалькіх кроках ад іх, разам з мёртвым папуасам, убачылі Брука!

Некалькі хвілін Брук быў як непрытомны. Слёзы цяклі па яго шчоках. Ен пачаў расказваць, як была справа. Разам з тым вярнулася і ўся яго злосць; ён забыўся аб сваім шчасці, крычаў, лаяўся і патрабаваў, каб зараз жа ісці і пакараць гэтых людаедаў.

Але Скота не трэба было прасіць. Ен лічыў патрэбным зрабіць гэта не толькі дзеля Брука і нават не ад злосці, а дзеля аўтарытэту англійскай дзяржаўнасці. Ен лічыў нават карысным для саміх папуасаў, калі яны ўвесь век будуць памятаць, баяцца і шанаваць белых уладароў.

Цяпер яны ўжо не чакалі раніцы, бо Брук ведаў, куды ісці.

Зноў загрукатаў барабан у начной цішыні, доўга, жудасна. Відаць было, што на гэты раз справа была важнейшая, як тады.

Праз некалькі хвілін Какаду ўжо ведалі, што на іх ідуць белыя, што аднаго яны забілі, што ўсім пагражае небяспека.

Зараз жа жанчыны з дзецьмі пабеглі хавацца ў свае хаты на дрэвах. А ўсе ўзброеныя мужчыны, якіх набралася каля шасцідзесяці чалавек, падрыхтаваліся да абароны, бо белых, як яны ўжо чулі ад пасланцоў, магло быць не больш за дзесяць чалавек.

Але Мапу меў яшчэ адну надзею не толькі самім выйсці з цяжкага становішча, але нават забраць усіх белых у палон. Гэта ж былі тыя самыя белыя, якія навучылі Саку любіць усіх, не забіваць нікога і нават самому падстаўляць другую шчаку, калі цябе скрыўдзяць. Калі Саку так думае і так робіць, значыцца, тыя, хто яго навучыў, тым болей павінны гэтак рабіць.

Правадыр падышоў да Саку, які сядзеў, як скамянелы, і ўсё думаў сваю думку.

— Скажы, Саку, — дакрануўся Мапу да яго пляча, — ці гэтыя белыя таксама пакланяюцца таму вялікаму духу, аб якім ты казаў? Ці яны гэтак жа гавораць, як і ты?

— Яны прызнаюць гэтую веру, — неахвотна адказаў Саку.

— Значыцца, яны нічога дрэннага не будуць рабіць нам? — запытаўся зноў Мапу.

— Не ўсе з іх слухаюць загады бога, — млява сказаў Саку, — злы дух клапоціцца, каб адвярнуць чалавека ад бога.

— А як можна змагацца з гэтым злым духам?

— Маліцца, каб бог адагнаў яго.

— А ты можаш гэта зрабіць? Можаш памаліцца, каб бог адагнаў ад іх злога духа? — вёў сваю лінію Мапу.

— Мы заўсёды гэта павінны рабіць. Я сам пайду насустрач белым, — сказаў Саку, але не было ўжо ў яго голасе той упэўненасці, шчырасці і яснасці, як раней.

Праз некаторы час вёска сціхла. Жанчыны з дзецьмі пайшлі, а мужчыны пахаваліся за будынкамі.

Ледзь золак — паказалася экспедыцыя. Белыя ішлі шарэнгай, трымаючы стрэльбы напагатове.

Вось з-за будынка выйшаў нейкі чалавек. Туман не даваў магчымасці добра разгледзець яго.

— Вось адзін! — крыкнулі ў атрадзе белых, і раздаліся два стрэлы.

Але чалавек не схаваўся, а, наадварот, здавалася, ішоў да іх.

— Сюды ідзе! — крыкнуў Кандаракі.— Не варта і страляць.

— Чаго глядзець на іх? — закрычаў Брук. — Дайце мне стрэльбу, я сам з прыемнасцю ўсаджу кулю ў лоб людаеда.

— Праўду кажучы, у якія перагаворы нам яшчэ ўваходзіць з імі? — сказаў Скот. — Справа ясная, і нам застаецца толькі пакараць іх.

І некалькі чалавек зноў нацэліліся.

— Пачакайце, пачакайце! — крыкнуў боцман. — Гэта ж наш чорны місіянер.

Стрэльбы апусціліся.

— Праўда, — паскроб патыліцу Брук. — Я ж павінен быў здагадацца, што гэта мог быць толькі наш святы дзікун. Хто ж другі палез бы пад стрэлы! Вось была б гісторыя, каб я сам забіў свайго збаўцу! Саку падышоў.

— Браты па Хрысту! — сказаў ён урачыстым голасам. — Я хачу верыць, што вы ідзяце не для таго, каб зрабіць зло гэтым цёмным людзям.

— Праўда, — адказаў Скот, — мы ідзём для таго, каб пакараць іх.

— Але за што і як вы думаеце караць іх?

— За тое, што яны асмеліліся напасці на нас і нават ледзь не з'елі аднаго з нашых. А як пакараць? Ды так, каб больш не толькі ім, але нікому не прыходзіла ў галаву падымаць на нас руку.

— Але ж, урэшце, нічога дрэннага не здарылася, апрача смерці іхніх двух людзей, — даводзіў Саку.

— Гэта толькі выпадкова, дзякуючы, па-першае, вам, а па-другое, таму, што мы акурат падышлі,— сказаў Скот. — Але іх замах застаецца злачынствам, якое патрабуе кары.

— Вы ж самі мяне навучылі, што бог патрабуе дараваць людзям іх грахі,— з прыкрасцю сказаў Саку.

— Па-першае, не мы вас навучылі, а місіянеры, а па-другое, вы павінны ведаць, што на зямлі існуе суд і закон, які павінен караць злачынствы, — сурова адказаў Скот і пайшоў далей. За ім пайшоў і ўвесь атрад.

Саку стаяў і глядзеў ім услед, быццам не разумеючы, дзе ён і што з ім. Выходзіла, што гэты «брат па Хрысту» таксама яго не разумеў, як і «брат па крыві» — Мапу. І адзін і другі мелі свае пэўныя жыццёвыя інтарэсы, зусім не падобныя да яго душэўных спраў.

Ен завярнуўся і ціха павалокся за імі.

Туман разыходзіўся, рабілася ўсё святлей і святлей, але вёска была нібы мёртвая: аніводнай фігуры не паказвалася. Атрад набліжаўся.

І вось неспадзявана сярод хацін замільгалі чорныя фігуры папуасаў.

— Ага! — сказалі белыя. — Яны самі збіраюцца ісці на нас. Тым лепей, — і пачалася страляніна.

Саку, пачуўшы стрэлы, кінуўся да Скота, учапіўся за стрэльбу і пачаў прасіцца:

— Пан, пашкадуйце няшчасных людзей. Забіце лепш мяне!..

Скот нахмурыўся і сказаў:

— Не лезьце не ў сваю справу! Трымайцеся сваіх хрысціянскіх абавязкаў і модлаў. Клапаціцеся аб душах гэтых людзей, а аб целе паклапоцімся мы.

Але Саку, як непрытомны, усё паўтараў:

— Не трэба, не трэба!.. Пан… Злітуйцеся… Скот нецярпліва азірнуўся. Тады Ханубі ўзяў Саку за руку і адвёў яго ўбок. Падышоў Брук.

— Слухай, Саку, — сказаў ён, кратаючы яго за плячо, — ты добры чалавек, мы цябе вельмі шануем і лічым амаль што такім, як і мы. Вось і мне ты дапамог, і ўсё такое. Але чаго табе так пнуцца? Чаго ты са скуры вылазіш з-за якогась там людаеда? Ну, каму якая будзе шкода, калі некалькі з іх загіне? Кінь гэтае глупства. Ты ж чалавек адукаваны і павінен сам разумець.

Але Саку нават не чуў гэтых «разумных» слоў. Ен глядзеў наперад і не верыў сваім вачам — там рабілася нешта незразумелае: папуасы павыскаквалі з-за сваіх хат, бегалі ўзад і ўперад і, здаецца, зусім не звярталі ўвагі на небяспеку, якая ім пагражала. Часам можна было падумаць, што яны б'юцца адзін з адным.

Цяпер ужо страляніна пайшла бесперапынку. Адзін за адным валіліся чорныя на зямлю і, нарэшце, разбегліся.

Калі белыя ўвайшлі ў вёску, то ўбачылі шмат забітых, з якіх некаторыя, відаць, знайшлі смерць не ад куль, але ад сваіх жа стрэл ці пік.

— Глядзіце, яны нават пачалі адзін аднаго біць! — сказаў Кандаракі.

— Тым лепей, — сказаў Брук, — нам меней будзе працы.

Саку схіліўся над адным забітым і ўсё зразумеў: забіты быў Мукку! Значыцца, яны напалі з другога боку, і гэтым тлумачыцца ўсё тое, што адбылося! Далей ён убачыў мёртвага Мапу. Ззаду трапіла яму страла, а спераду куля. Небарака так і не дачакаўся, калі бог змякчыць сэрцы белых і Мукку.

— Божа! — застагнаў Саку. — Дзе ж твая любоў? Дзе ж твая праўда?

— Падпаліць хаціны! — загадаў Скот, і праз хвіліну ўся вёска была ў агні.

Галлёвыя хаціны гарэлі лёгка, весела, быццам жартуючы.

Тым часам папуасы адышліся за дрэвы і адтуль пачалі пускаць у белых свае стрэлы. Адна страла нават трапіла ў Скота, але яна ўжо страціла сваю моц і толькі заблыталася ў адзенні.

— Наперад! — скамандаваў Скот, і яны пасунуліся далей.

Чорныя адыходзілі ад дрэва да дрэва і адтуль адстрэльваліся. Цяпер ужо змяшаліся і Мукку і Какаду і разам абараняліся ад агульнага ворага.

Так яны падышлі да таго месца, дзе былі хаціны на дрэвах і дзе хаваліся жанчыны і дзеці. Папуасы былі ўпэўнены, што ў такі прытулак ужо ніхто не зможа дабрацца. У іх жыцці ўжо бывалі такія здарэнні, і яны не раз пераканаліся, што тут ужо аніякі вораг не можа нічога ім зрабіць. Калі здаралася, што хітры вораг прабаваў падсячы дрэва, то на гэта былі каменні і стрэлы, якія, як дождж, сыпаліся на галаву.

Хто з мужчын паспеў, той далучыўся да жанчын, рэшта пабеглі далей.

Цяпер ужо стрэлы і каменні пасыпаліся зверху, на галовы, і адзін з сіпаяў быў досыць цяжка паранены.

— А, вось яны як! — закрычаў Скот. — Узарваць дрэва!

У гэты момант зноў з'явіўся Саку.

— Дзеля Хрыста! — плакаўся ён. — Спыніцеся: там нявінныя жанчыны і дзеці!

— Не лезь! — вызверыўся на яго Скот. — Кара павінна збыцца, каб усе яны памяталі, што замах на белага дарма не пройдзе.

Але Саку не адыходзіў. Ен стаў на калені, чапляўся за адзенне Скота і мармытаў пра бога і Хрыста.

— Вызваліце мяне ад гэтага вар'ята! — крыкнуў Скот сіпаю.

Той узяў Саку за плечы і адапхнуў яго ўбок.

Раздаўся выбух… Першы выбух бомбы ў гэтай старонцы. Папуасы ведалі і чулі «гром» у руках белых, але такога грому яны і ўявіць сабе не маглі. Дзікі, нечалавечы крык з соцень грудзей разлёгся па лесе. Дрэва затрашчала, закалыхалася, потым пачало хіліцца, і адтуль пасыпаліся дзеці, мужчыны, жанчыны. Сярод іх Саку ўбачыў сваю матку…

Праз некалькі хвілін у лесе было ціха, толькі жаласна енчылі раненыя.

Скот моўчкі глядзеў на ўсё гэта. Нават яму самому было трохі непрыемна. Ен сам ведаў, што гэта нядобра.

Але нічога не зробіш: абавязак перад сваёй бацькаўшчынай перш за ўсё. Англічан тут вельмі мала, і калі гэтыя дзікуны не будуць баяцца аднаго духу белых, то могуць нарабіць шмат клопату. Скот нават не злуе на гэтых няшчасных істотаў, ён проста выконвае свой абавязак, як кожны суддзя.

— Ну, цяпер ужо не толькі яны, але і ўсе навакол будуць ведаць, як нападаць на нас! — задаволена сказаў Кандаракі.

— Ды яшчэ павінны падзякаваць нам, што мы назапасілі для іх шмат мяса, — дадаў Брук.

Саку сядзеў на зямлі і глядзеў наперад, здаецца, нічога не бачачы перад сабой.

Калі белыя прайшлі міма, ён схамянуўся, устаў, выпрастаўся і, трасучы кулаком, крыкнуў услед:

— Пракляцце вам, звяры! Пракляцце, манюкі! — і кінуў далёка ад сябе біблію, з якою ён не разлучаўся ўвесь час.

Скот толькі ўскінуў плячыма і сказаў:

— Вось шалёны! Праўду кажуць: скажы дурню, каб ён маліўся, дык ён і лоб сабе разаб'е.

 

VI

Зноў конь! — Падарожжа пешшу. — Няўдалы напад папуасаў.— Катастрофа. — Адзін!..

 

Ідучы назад, экспедыцыя настраляла яшчэ свіней, якія разбегліся ад пажару, і вярнулася назад са славай і здабычай.

На катэры ўсё было спакойна, толькі зноў бачылі таго самага таемнага каня, які цяпер пад'язджаў крыху бліжэй, і адзін раз нават чулі стрэл.

Можа, гэта былі нашыя стрэлы? — сказаў Скот.

— Не, — адказаў Гуд. — Гэта было зусім з другога боку, з левага, і адзін толькі раз.

— А хто ж сядзеў на кані?

— Добра разгледзець нельга было, але ўсё ж такі відаць, што чорны, — адказаў Гуд.

— Гэтага яшчэ не хапала! — ускрыкнуў Брук. — Гэткім чынам мы яшчэ сустрэнем якога-небудзь Мапу ў аўтамашыне.

Як бы там ні было, гэты таемны конь, адзін на ўсю краіну, пачынаў ужо трывожыць падарожнікаў. Каб на ім быў свой чалавек, ён не хаваўся б, ён бы сам пад'ехаў да іх.

Можа, ён не ведае пра іх? Можа, выпадкова сустракаецца на дарозе?

Гэтага таксама не магло быць, бо траскатня матора, страляніна ды і наогул усё іх падарожжа не маглі быць незаўважанымі на гэтай пустыннай прасторы, дзе еўрапейцы не бываюць. Асабліва, калі гэты конь, як відаць, ідзе разам з імі на працягу многіх дзён.

Значыцца, коннік хаваецца ад іх і, мусіць, сочыць за імі. А калі так, значыць, ён мае злыя намеры супраць іх.

І нарэшце, хто ён ці яны, бо адзін раз бачылі быццам дваіх на адным кані? Адным словам, гісторыя такая, што ніякага тлумачэння не падбярэш.

У кожным разе, адно толькі ясна, што трэба падвоіць сваю пільнасць.

Мясцовасць тым часам зусім змяніла свой выгляд. Пайшлі ўзвышшы, а на небасхіле ўжо ўздымаліся досыць высокія горы. Бег ракі стаў такі бурны, што катэр пасоўваўся наперад цішэй, як чалавек пехатой. Апрача таго, рака ўсё заварочвалася направа, на поўнач, а падарожнікам трэба было ісці проста на захад.

— Як табе здаецца, колькі кіламетраў нам трэ было б ісці адсюль прама? — запыталіся ў Чунг-лі.

— Не болей як сто, — адказаў ён. — Я пазнаю ўжо гэтую мясцовасць. Адсюль было б найлепш ісці прама.

Пачалі рыхтавацца да пешага падарожжа. Перш-наперш трэба было знайсці зручнае месца, каб пакінуць катэр. Яны лічылі, што адсутнасць іх працягнецца дзён дзесяць. На гэтыя дзесяць дзён трэба забяспечыць катэр і тых некалькі чалавек, што застануцца на ім, ад розных нежаданых выпадкаў.

Але гэта была вельмі цяжкая задача. Рака вузкая, бег яе вельмі хуткі, ды яшчэ берагі стромкія. Калі станеш ля такога берага, дык цябе зверху засыплюць каменнямі, і ты нічога не зробіш.

Кандаракі нават высунуў пытанне, ці не вярнуцца катэру назад, да той выспы, дзе яны начавалі, або наогул стаць на якары пасярод шырокага ціхага месца, бо тут катэр будзе стаяць, як у рове, і нічога нельга будзе бачыць навакол.

Правільнасць гэтай думкі ўсе прызнавалі, але гэта азначала, што назад прыйдзецца ісці пехатою яшчэ лішніх сто — сто пяцьдзесят кіламетраў, што будзе больш небяспечна, як стаяць на месцы і абараняцца. А асабліва, калі ўзяць пад увагу, што на катэры застанецца кулямёт.

— Лепш пакінуць аднаго ці двух лішніх чалавек, чым ісці лішнія сто кіламетраў,— пастанавіў Скот. — Не можа быць, каб тут не знайшлося ніводнага месца, дзе берагі былі б ніжэйшыя.

Але патрэбнага месца не знаходзілася. Праўда, за некалькі кіламетраў вышэй па рацэ была адна досыць шырокая даліна, але туды горныя крыніцы нанеслі шмат пяску, рака падзялілася на многа пратокаў, і ўсе яны былі такія мелкія, што катэр туды нават не мог пад'ехаць.

Тады спыніліся на другім месцы. Хоць берагі тут былі і высокія, але на адным з іх уздымаўся ўзгорак, з якога было відна далёка навакол: і на катэр і на процілеглы бераг.

— Калі тут паставіць кулямёт, — казаў Брук, — дык ён будзе абараняць усё навакол на кіламетры тры-чатыры. Гэта будзе лепш, як на тым астраўку, дзе можна падкрасціся з другога боку і дзе нічога не ўбачыш з-за расліннасці. А тут, прынамсі, лесу няма і ўсё відаць як на далоні.

І сапраўды: лепшага месца жадаць нельга было.

Пачалася падрыхтоўка ў дарогу. Перш за ўсё трэба было выбраць, каго пакінуць тут.

Як мы ўжо зазначылі, самай галоўнай бядой у гэтых краінах з'яўляецца жоўтая ліхаманка. З прыезджых амаль няма ніводнага чалавека, які не хварэў бы на яе. Гэтая хвароба можа цягнуцца і год і два.

Чалавек часам адчувае сябе здаровым некалькі дзён і нават тыдняў, але прыступы ліхаманкі зноў паўтараюцца.

Адзіным ратункам служыць хіна. Дзякуючы ёй людзі яшчэ сяк-так трымаюцца, але зусім забяспечыць сябе ад хваробы бадай-што нельга. Толькі прыступы можна зрабіць лягчэйшымі і радзейшымі.

Усе падарожнікі, апрача Файлу, хварэлі на ліхаманку. Толькі адны, як, напрыклад, боцман і сіпаі, у нязначнай меры, а другія, напрыклад, механік Гуд — цяжка.

Слабы быў і Брук. Пасля доўгіх нарад згадзіліся пакінуць яго, Гуда і двух сіпаяў.

Брук пачаў было пярэчыць, але Скот давёў яму, што гэтая справа вельмі адказная, што, апрача Брука, няма каму даручыць яе, што на катэры застаюцца толькі чатыры чалавекі, якім, можа, давядзецца папрацаваць больш за тых, што пойдуць у дарогу.

Паставілі на ўзгорак кулямёт, абгарадзілі яго калючым дротам; зрабілі з дошак павець, прынеслі з катэра нават сёе-тое з абсталявання.

Дзеля лёгкай сувязі з катэрам вырубілі ў гары прыступкі. Адным словам, усё было прадугледжана.

— Пры такіх умовах, — сказаў Брук, — нават сорамна заставацца. Тут досыць было б адной бабы.

— Пачакайце хваліцца, — сказаў Кандаракі,— невядома яшчэ, што будзе.

Потым пачалі збірацца ў дарогу. Спачатку, вядома, узброіліся з галавы да ног. Не забыліся і на ручныя гранаты, якія адразу маглі напалохаць і адагнаць цэлае племя папуасаў. З рэшты ж узялі толькі неабходнае з неабходнага, лічачы, што дзесяць дзён можна пражыць абы-як.

Перад адыходам Скот, Кандаракі, Брук, Файлу і Ханубі зрабілі нараду адносна Чунг-лі. Першае пытанне было — ці даваць яму зброю?

— Мне здаецца, — казаў Кандаракі,— што з ім мы павінны трымацца больш асцярожна, як да гэтага часу. Можа, гэты таемны конь мае дачыненне да кітайца?

— Я хацеў бы лепш паверыць гэтаму, чымся блытацца каля нейкай таямніцы, — сказаў Скот, — але не магу. Вы ж ведаеце, што з таго моманту, як мы яго схапілі, ён не адыходзіў ад нас ні на крок.

— Ведаю, — сказаў Кандаракі, паціраючы сабе лоб, — але штосьці мне гаворыць, што трэба яго вельмі пільнаваць. Напрыклад, я заўважыў, што ён у апошнія дні стаў больш спакойны, бадай-што вясёлы, быццам увесь цяжар падарожжа і небяспекі пагражае толькі нам, а не яму.

— Я таксама гэта заўважыў,— сказаў Файлу, — і цяпер мне ўспамінаецца адно здарэнне, на якое я раней не звярнуў увагі. Калі мы начавалі тады на выспе, мне ўначы здалося, нібы каля Чунг-лі мільгануў нейкі цень. Я ўстаў, агледзеў усё навакол, але нічога не заўважыў. Чунг-лі ж, здавалася, спаў.

Паклікалі сіпая, які ў той час быў на варце.

— Скажы, — звярнуўся да яго Ханубі,— ты нічога не заўважыў тады на выспе, калі стаяў на варце?

Каб хто ў той момант пільна прыгледзеўся да сіпая, то мог бы заўважыць, што той крыху пабялеў і занепакоіўся. Але ніхто так не прыглядаўся да яго, бо нікому не магло прыйсці ў думку, што ён можа мець тут якіясь свае ўласныя інтарэсы.

Сіпай зараз жа прыпомніў, што ён тады заснуў і што зрання не знайшоў сваёй стрэльбы. Але ён і да гэтага часу быў перакананы, што калі збіралі рэчы, то разам з другімі хто-небудзь паклаў у катэр і яго стрэльбу. Апрача таго, да гэтага часу ніякай бяды ад гэтага не здарылася. Стрэльбаў было столькі, што, можа, і самі гаспадары не ведалі ліку іх.

А калі ён прызнаецца, тады пачнецца справа і аб стрэльбе і аб тым, што ён заснуў.

— Не, нічога не бачыў,— адказаў ён упэўнена, і яго адпусцілі.

— Я думаю, — сказаў Скот, — што гэтаму кітайцу няма аніякага сэнсу ўцякаць ці шкодзіць нам. З намі ён лягчэй вернецца і спакойна паедзе дадому разам са сваім золатам.

— Ну, невядома яшчэ, як ён вернецца, — злосна ўставіў Брук.

— І мне самому здаецца, што баяцца яго няма чаго, — сказаў Кандаракі,— але хто можа ведаць, што думаюць яны, гэтыя жоўтыя чэрці.

Адным словам, справа ніколькі не высветлілася. Але на кожны выпадак пастанавілі зброі не даваць, а замест гэтага даручыць несці іншыя рэчы. Умовіліся сачыць за ім наогул, а Файлу даручыць спецыяльнае безупыннае нагляданне.

У гэты самы час Чунг-лі зайшоў у каюту нібы па справе. Там ён узяў кавалак паперы і, азіраючыся, пачаў нешта пісаць. Некалькі разоў ён павінен быў спыняцца і рабіць выгляд, нібы ён нешта шукае, калі хто набліжаўся.

Урэшце ён напісаў цэлую старонку і нават на адвароце намаляваў нейкі план. Потым схаваў паперу пад кашулю і спакойна выйшаў…

На другі дзень падарожнікі развіталіся, пажадалі адзін аднаму ўсяго добрага, і дзесяць чалавек пайшлі на захад, да тых невядомых, таемных гор, якія ледзь сінеліся далёка на небасхіле.

Тыя, што засталіся, доўга глядзелі ім услед і, калі падарожнікі зніклі з вачэй, — цяжка ўздыхнулі. Адразу зрабілася пуста навокал, ціха і жудасна. Здавалася, што на ўсім свеце толькі і засталося, што іх чацвёра.

— Гм, — сказаў Брук, ходзячы ўзад і ўперад, — не вельмі прыемная рэч сядзець так на месцы і лыпаць вачыма.

Доўга і нудна цягнуўся дзень. Ціха і пуста было навакол. Нідзе ніякага следу чалавечага. Цішыня і гарачыня змарылі іх канчаткова, так што ўсе чацвёра паснулі. І добра зрабілі, бо пры малым ліку людзей усім трэба будзе вартаваць кожную ноч.

Увечары размеркаваліся нанач. Гуд з адным сіпаем застаўся на катэры, а Брук з другім — на ўзгорку. Але каб заўважыць ворага раней, як ён з'явіцца перад самым носам, сіпай заняў месца далей, ля дротавай агарожы.

Прайшло некалькі гадзін — і Брук пачуў стрэл сіпая. У святле моцнага электрычнага ліхтара Брук убачыў рэдкія шэрыя кропкі, якія паўзлі з трох бакоў.

Затрашчаў кулямёт, але больш для страху, бо трапіць з яго ў кожную паасобную фігуру вельмі цяжка. Апрача таго, асвятляць і абстрэльваць разам усе бакі таксама нельга было.

«Вось чэрці! — казаў сам сабе Брук. — Нібы іх хто навучыў, як трэба наступаць».

Разам з тым загрукала на катэры, пачуўся звон пабітага шкла, потым страляніна. Брук павярнуў ліхтар і ўбачыў, што з другога берага ворагі засыпаюць катэр каменнямі і стрэламі. Пакуль ён накіраваў сюды кулямёт, з катэра кінулі бомбу.

Гэтага было досыць, каб адпудзіць нападаючых так, што яны ўжо больш не соваліся.

Тым часам пачуліся крыкі ззаду. Брук азірнуўся і ўбачыў, як некалькі чалавек уцякалі ад агарожы: яны былі кінуліся наперад, наляцелі на калючы дрот і з жахам пабеглі назад. Услед ім пачалася страляніна, адзін зваліўся, — і ўсё сціхла.

Рэшта ночы прайшла ўжо спакойна.

Зранку сабраліся ўсе чацвёра разам і доўга абмяркоўвалі здарэнне.

— Праўду кажучы, — гаварыў Брук, — мне ўжо боязна зрабілася, калі яны, як мухі, палезлі з усіх бакоў. Круціцца за кожным з іх паасобку з кулямётам — немагчыма. Каб не калючая агарожа, дрэнная была б справа.

— Затое цяпер мы можам думаць, што яны больш не палезуць, — сказаў Гуд. — Яны пераканаліся ўжо, што ні з якога боку падступіцца нельга.

І сапраўды, ноч прайшла спакойна, другая — таксама. Нідзе не відаць было аніякіх адзнак прысутнасці чалавека. Падарожнікі хадзілі нават на паляванне і таксама без перашкод. Яны ўжо зусім супакоіліся і толькі вылічвалі дні, калі прыйдуць іх таварышы.

Настала чацвёртая ноч. Гуд адчуваў сябе вельмі дрэнна. Моцны прыступ ліхаманкі прымусіў яго ляжаць. Сіпай увіхаўся каля яго.

Раптам нешта штурханула катэр так, што ўсё задрыжала, а сіпай нават паваліўся на падлогу. Ускочыўшы на ногі, ён выбег і стрэльнуў, каб даць знак Бруку.

Той трывожна крыкнуў: «Што там такое?» — і асвятліў катэр.

Але нічога асаблівага не было: нейкае зламанае дрэва імчала па рацэ і з разбегу стукнулася аб катэр. Дрэва адапхнулі, яно паплыло далей, — і зноў стала спакойна.

Праз паўгадзіны зноў штурханула.

— Што за д'ябал! — закрычаў унізе сіпай. — Зноў два бервяны!

Адапхнуў і гэтыя, але праз некаторы час іх наплыло яшчэ больш. Ад хуткага бегу ракі бярвенні несліся з страшэннай сілай і кожны раз так стукалі ў катэр, што ён ледзь трымаўся. Ужо недзе трэснула, пад падлогай забулькала вада. А бярвенні ўсё прыбывалі ды прыбывалі.

Зверху прыбег на дапамогу другі сіпай. Але нельга было даць ніякай рады. Дрэвы чапляліся адно за адно, згрудзіліся перад катэрам у грэблю. Уся гэта грэбля ўпіралася ў катэр, ён адзін стрымліваў яе. Вада ж напірала з страшэннай сілай. Вось-вось адарве і панясе катэр разам з бярвеннямі. Сіпаі напружвалі ўсе свае сілы, каб раскідаць гэту грэблю, а Гуд не мог дапамагчы. Тады пабег быў на дапамогу Брук, але на паўдарозе спыніўся і закрычаў:

— Гэта ж яны, праклятыя, нарабілі! Гэта ж зроблена наўмысля! — і пабег назад да кулямёта.

Пачаў свяціць навакол, прыглядацца, — нікога не відаць.

— Калі нельга раскідаць, пускайце катэр, а там вызваліцеся! — крыкнуў ён уніз.

Але Гуд ляжаў хворы і не мог пусціць машыну. Сіпаі ўзялі яго пад рукі, падвялі да машыны…

І вось раздаўся грукат! Пад напорам вады грэбля кранулася з месца і пацягнула за сабой катэр. Як шалёныя, панесліся бярвенні, грукаючы і штурхаючыся адно аб другое, і сярод іх — бездапаможны катэр. Ен нёсся то задам, то бокам і ўрэшце наляцеў на камень…

Брук пачуў, як затрашчала абшыўка, і ўбачыў, як катэр крута нахіліўся набок; яшчэ хвіліна, другая, — і ён знік за заваротам…

Тры чалавекі, што засталіся на катэры, ні аб чым больш не маглі думаць, абы толькі самім не загінуць сярод гэтага пекла. Тым болей, што сіпаі павінны былі яшчэ ратаваць хворага механіка.

Калі катэр нахіліўся і ў яго палілася вада, сіпаі з вялікім намаганнем выцягнулі Гуда з каюты і разам з ім перабраліся на высокі борт.

А калі раптам перад імі апынуліся папуасы, пацярпеўшыя не маглі даць ім ніякага адпору.

Папуасы расцягалі дрэвы, падцягнулі катэр да берага і спакойна забралі палоннікаў.

Брук жа нічога гэтага не чуў і не бачыў. Ен застаўся адзін на ўзгорку са сваім кулямётам. Ноч была ціхая і прыгожая, як і раней. Як ні прыглядаўся і ні прыслухоўваўся Брук, ён не мог заўважыць нічога асаблівага. Усё было спакойна.

І ў сэрцы Брука зацяплілася надзея: а можа, гэта быў натуральны выпадак, можа, папуасы тут ні пры чым, можа, таварышы вернуцца, а катэр яны падрамантуюць?

Але ноч прайшла — няма. Дзень прайшоў — няма. Значыцца, гэта нарабілі папуасы! Значыцца, цяпер яго чарга. Але ён жывы не дасца!..

Надыходзіла другая ноч, жудасная ноч… Яе ён чакаў з большым страхам, як тады смерці ад папуасаў. Тады, прынамсі, ён бачыў і ведаў, што яму пагражае, а цяпер…

Ен сядзеў адзін высока на ўзгорку, і яму здавалася, што з усіх бакоў на яго глядзяць тысячы вачэй. Горш за ўсё было тое, што святла ён ужо не меў, бо электрычнасць атрымліваў з катэра.

Час ад часу яму здавалася, што з гэтага ці з таго боку набліжаюцца папуасы, і ён пачынаў страляць наўздагад, каб толькі паказаць, што ён добра сочыць. Напружанасць усіх яго пачуццяў была надзвычайная. Ен не адчуваў ніякай зморанасці, хоць другую ноч не спаў і дзень не еў.

Паўночы прайшло, але ворага ён не бачыў. Зноў з'явілася надзея. Не, мабыць, гэта не папуасы! Можа, усё гэта зрабілася само сабою? Дзе-небудзь бура паламала дрэвы на беразе ракі, вось яны і паплылі. Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Каб гэта былі папуасы, яны б пільнавалі, сачылі і абавязкова зрабілі б напад у крытычны момант, а цяпер за ўвесь час нідзе аніводнага не было відаць.

Якраз у гэты момант у паветры нешта засіпела, і ля яго ўпала страла.

Брук застагнаў, быццам яго раніла. Сумнення няма! Яны тутака, навакол, сочаць за ім, набліжаюцца!.. І зноў пачаў ён сыпаць кулямі ва ўсе бакі.

Хоць бы скончылася гэтая ноч! Тады ён, прынамсі, бачыў бы і ведаў, што рабіць.

Але прайшлі, як здавалася Бруку, тыдні, пакуль яна скончылася. Ніякіх змен не прынёс дзень. Усё было па-ранейшаму ціха, спакойна, толькі сам Брук дужа змяніўся з выгляду: пахудзеў, вочы пачырванелі і глядзелі дзіка, з'явілася шмат сівых валасоў на галаве і ў барадзе.

Што было рабіць? Перш за ўсё трэба пашукаць чаго паесці, бо ўсе харчы засталіся на катэры. Але як пакінуць кулямёт? Яны ж пільнуюць! Апрача таго, трэба было і адпачыць, бо столькі часу ён не спаў. Але і спаць небяспечна.

Пакуль ён разважаў, прагучаў стрэл і над галавой празвінела куля…

Гэтага толькі не хапала! Брук прыпаў да зямлі і пачаў прыглядацца. Нідзе нікога!..

Ен ужо забыўся і на голад і на сон. Значыцца, цяпер увесь дзень прыйдзецца сцерагчыся. Значыцца, гэтыя людаеды не толькі забралі катэр і таварышаў, але неяк навучыліся карыстацца стрэльбай. Гэта ўжо зусім дрэнна. Ці пратрымаецца ён да таго часу, пакуль прыйдзе Скот? Калі нічога не здарылася, яны могуць прыйсці праз чатыры-пяць дзён. Як вытрымаць, не спаўшы і не еўшы? Але, кажуць, такія выпадкі бывалі. Добра яшчэ, што ён мог спусціцца да ракі напіцца.

Ен і цяпер пачаў спускацца, але, як толькі ўстаў, зноў пачалі страляць.

Ен павінен быў спыніцца. Але смага так дапякае!.. Урэшце не вытрымаў. «Што гэта са мной здарылася? — сказаў ён сам сабе. — Хіба гэта такая незвычайная рэч — кулі? Хіба гэта першы раз?»

І ён смела пайшоў уніз. Пачаліся рэдкія стрэлы, але ён ужо не звяртаў на іх увагі. Напіўся. Потым заўважыў на беразе нейкія аб'едкі ад іх ранейшай яды і накінуўся на іх.

Вярнуўшыся наверх, пастраляў крыху ў той бок, адкуль, як яму здавалася, прагучалі стрэлы. Трохі супакоіўся і адчуў, што зараз засне.

Але як быць? З аднаго боку — немагчыма пражыць столькі часу без сну, а з другога — яго ж возьмуць тады голымі рукамі!

«Лепш памерці ад кулі, чым трапіць ім у рукі», — падумаў ён, сеў так, каб відаць было, што ён сядзіць, і пачаў драмаць.

Ен меркаваў, што такім чынам папуасы будуць лічыць, што ён не спіць і пільнуе.

«Дзе там гэтым дзікунам трапіць, калі яны першы раз у сваім жыцці трымаюць стрэльбу», — супакоіў ён сам сябе і адразу заснуў.

Але праз некаторы час ён пачуў, што нехта штурхануў яго ў плячо. Ускочыў, азірнуўся — здаецца, нікога няма. Паглядзеў на плячо, на руку, — кроў. Паранілі!

Плячо пачало балець. Відаць, куля закранула косць. Кроў лілася цурком.

Доўга ён важдаўся, каб як-небудзь адной рукой і зубамі перавязаць рану. Неяк перавязаў, але кепска: кроў толькі пайшла крыху цішэй.

Цяпер ён ужо ўбачыў, што нічога не будзе, што прыйдзецца загінуць, і не ад раны, а ад слабасці наогул. Добра было б самому зрабіць сабе смерць, але з кулямёта кулі сабе ў лоб не пусціш.

Тым часам набліжалася ноч, трэцяя страшная ноч…

Пры адной думцы аб ёй Брук адчуваў, што апошнія сілы пакідаюць яго. Зноў сядзець аднаму на ўзгорку, нічога не бачыць і разам з тым ведаць, што побач у цемры сочаць за табой сотні вачэй, што адтуль дабіраюцца да цябе, каб з'есці…

Як толькі ўзялося цямнецца, Брук пачаў ужо ўвесь дрыжаць як ад марозу; зубы яго так ляскаталі, што яму даводзілася прытрымліваць іх рукой. Напружанасць была такая, што яму здавалася, нібы ён бачыць і чуе за некалькі кіламетраў навакол, хоць сапраўды нічога не было відаць нават за некалькі крокаў.

А ў гэтай цемры яны, людаеды… Шмат іх… і, мабыць, блізка, блізка…

Зараз схопяць… будуць смажыць… з'ядуць…

І, заплюшчыўшы вочы, пачаў ён сваёю адной рукой страляць так, нібы тут ваявала цэлае войска.

І вось — апошні патрон…

Зноў упала каля яго страла, але ён маўчаў… Потым на ўзгорку пачаўся спеў, потым дзікі рогат…

Тады падышлі папуасы і спакойна забралі страціўшага розум містэра Брука…

 

VII

Эўкаліптавы лес. — Пальмавы ліст. — Сярод гор. — Конь знойдзены. — Небяспечная сцежка. — Няшчасны выпадак.

 

Чунг-лі адразу здагадаўся, што яго падазраюць. Файлу не адыходзіў ад яго ні на крок, сачыў за кожным яго рухам. З якой прыемнасцю Чунг-лі задушыў бы гэтага праклятага здрадніка сваімі ўласнымі рукамі.

На ноч спыніліся ў эўкаліптавым лесе. Высокія дрэвы, некаторыя да ста пяцідзесяці метраў вышыні, з срэбным лісцем, раслі на значнай адлегласці адно ад другога. Здавалася, што гэта быў нейкі зачараваны лес, сярод лета пакрыты шэранню. Але больш за ўсё быў прыемны смольны пах, які вылучае эўкаліптавае лісце. Нездарма ў Еўропе гэтая смала ідзе на дарагія парфумы і на медыкаменты.

Паставілі двух вартаўнікоў, якія павінны былі змяняцца праз кожныя дзве гадзіны. З дзесяці чалавек былі вызвалены ад варты толькі двое: Скот і Чунг-лі.

— Пасля начальніка першы чалавек — Чунг-лі, бо ад яго залежыць уся наша справа, — жартаваў Кандаракі, але Чунг-лі добра разумеў, што ўсё гэта значыць.

Ен заўважыў, што з вартавымі аб нечым шапталіся, пасля чаго адзін з іх быццам незнарок выбраў сабе месца якраз там, дзе ляжаў Чунг-лі. Зразумела, што і Файлу лёг ля яго.

Ноч прайшла спакойна.

— Не спадзяваўся я на гэта, — казаў назаўтра Скот. — Можа, весткі аб пакаранні гэтых Какаду дайшлі сюды, таму ніхто больш і не адважваецца нападаць?

— Магчыма, — сказаў боцман, — але больш пэўна, што блізка няма вёскі і нас не заўважылі.

— Ці жывуць тут блізка папуасы? — запытаўся Скот у Чунг-лі.— Ты ж павінен ведаць.

— На гэтым самым месцы я не быў,— адказаў Чунг-лі,— але кожны ведае, што сялібы бываюць толькі там, дзе вада, рака ці крыніца, а тут пакуль што не відаць вады. Апрача таго, наогул сярэдзінныя горы незаселеныя.

Выходзячы з лесу, Чунг-лі заўважыў на эўкаліптавым дрэве прышпіленую пальмавую лісціну. Ен азірнуўся, каб ніхто не ўгледзеў, узяў лісціну і пачаў разглядаць яе, але ў гэты момант з-за яго пляча высунулася рука Файлу і вырвала ліст.

— Што, весткі атрымаў? — сказаў ён, злосна ўхмыляючыся.

Чунг-лі ўздрыгануўся, але зараз жа спакойна сказаў:

— Што ты? Звар'яцеў, ці што? Файлу паказаў лісціну містэру Скоту.

— Вось гэта было прышпілена на дрэве, — сказаў ён. — Чунг-лі зняў і пачаў разглядаць. Мне здаецца, гэта зроблена наўмысля. Мусіць, гэта пісьмо.

Маланка бліснула з вачэй Скота.

— Дурны! — звярнуўся ён да Чунг-лі.— Хіба ты не ведаеш, што калі з намі што здарыцца, ты першы памрэш?

— Усё гэта я добра ведаю, — спакойна адказаў Чунг-лі.— Ведаю яшчэ, што мне з вамі лепш варочацца назад, як аднаму, але гэты шалёны сабака гатоў навыдумляць немаведама чаго, каб толькі нарабіць шкоды.

Файлу і Чунг-лі зірнулі адзін аднаму ў вочы, і абодва зразумелі, што адзін з іх павінен загубіць другога.

Скот і Кандаракі пачалі разглядаць лісціну. Нічога, здаецца, на ёй не было. У адным кутку нібыта быў прарваны нейкі спецыяльны значок, але побач былі і другія дзіркі, зусім ужо выпадковыя, бо лісціна была нясвежая.

Паглядзелі адзін на аднаго, потым на Чунг-лі, не ведаючы, што думаць.

— Чаму ты зняў гэтую лісціну? — запытаўся Скот.

Чунг-лі паціснуў плячыма.

— Ну, як вам сказаць, — адказаў ён. — Запытайцеся тады, чаму ён, ідучы міма куста, узяў ды адламаў галінку, і вы самі раз трымалі ў руках нейкі лісцік.

Што можна было сказаць супроць гэтага?

— Ну, памятай жа, — сказаў Скот. — Мы будзем за табой наглядаць кожную хвіліну, сачыць за кожным тваім крокам.

— Калі ласка, — абыякавым тонам адказаў Чунг-лі.— Мне ўсё роўна.

— Дзіўная рэч, — казаў Кандаракі Скоту, калі яны адышліся далей. — Збоку гледзячы, здаецца, няма ані валасінкі, за якую можна было б прычапіцца да яго, але наогул усё ж такі ствараецца ўражанне, нібы ён нешта замысліў.

— Я, галоўным чынам, спадзяюся на тое, што не бачу для яго ніякага сэнсу ў тым, каб рабіць нам перашкоды, — сказаў Скот.

— Паглядзім, — прамовіў Кандаракі.

За лесам пачыналіся ўжо прадгор'і. Мясцовасць паступова павышалася і канчалася гарамі вышынёю каля трох кіламетраў. Гэтыя горы, як яно звычайна бывае, здаваліся так блізка, нібы да іх можна было дайсці праз дзве гадзіны, але сапраўды на гэта патрэбна было не меней двух дзён.

— Вунь налева ад той гары і ёсць месца, куды нам трэба ісці,— паказаў рукой Чунг-лі.

І ўсім зрабілася лягчэй на сэрцы, калі яны, нарэшце, убачылі канец сваёй дарогі.

На другі дзень раніцою падарожнікі ўжо былі сярод гор. З усіх бакоў уздымаліся яны адна над адной — то паката, то сцяной. Далягляд звузіўся, не відаць было нават і галоўных вялікіх гор. Падарожнікі часам траплялі нібы ў яму, з якой, здавалася, і выйсця ніякага не было.

Але праз некаторы час выхад знаходзіўся, яны ўваходзілі ў другую даліну, і зноў здавалася, што яны адрэзаныя з усіх бакоў. Голыя скалы прымалі розны выгляд, то ўздымаліся, як вежы, то стаялі, як слупы, то сядзелі, як шапка грыба на тонкай ножцы, і, здавалася, вось-вось зваляцца на галаву. Трэба было толькі дзіву давацца, як гэта яны трымаліся.

Часта, асабліва ў ніжэйшых месцах, трапляліся скалы, зарослыя хмызняком і нават дрэвамі. Часам такое дрэва вылазіла збоку, са шчыліны, і трымалася, нібы ў паветры. І зноў прыходзілася дзівіцца, як гэта яны маглі пусціць свае карані ў голыя каменні.

Доўгі час падарожнікі ішлі па шырокай даліне. Пасярэдзіне была рака, якая бурна білася паміж раскіданых каменняў, па берагах — багатая расліннасць.

У адным месцы Файлу раптам схіліўся да зямлі, да чагосьці прыгледзеўся і зычна закрычаў:

— Сюды! Сюды!

Усе кінуліся да яго і ўбачылі на зямлі выразны след… каня, нават падкаванага.

— Зноў конь! — здзівіўся Скот.

— І на гэты раз ужо наперадзе, — зазначыў Кандаракі.

Зноў пачалася гаворка аб гэтым таемным кані. Зноў пайшлі розныя здагадкі.

Толькі Файлу замест конскага следу пільна прыглядаўся да Чунг-лі. Той азірнуўся, вочы іх сустрэліся, і, здавалася, без ніякіх слоў яны зразумелі адзін аднаго…

— Значыцца, гэты чалавек ці два, — бо раз, здаецца, мы бачылі двух, — ужо тут, — сказаў Скот. — Няўжо яны ўвесь час за намі сочаць? Але ж да гэтага часу нічога дрэннага нам не зрабілі.

— Хацеў бы я паглядзець, — заўважыў боцман, — як гэта адзін ці два чалавекі паспрабавалі б нам што-небудзь дрэннае зрабіць.

— І то праўда, — згадзіўся Скот.

Хутка заўважылі, што сляды пайшлі ў бакавую далінку, і сказалі аб гэтым Скоту.

— А нам як трэба ісці? — запытаўся ён у Чунг-лі.

— Прама, — адказаў той.

— А я думаю, — умяшаўся Файлу, — мы нічога не страцім, калі заглянем убок. Далёка ісці не прыйдзецца.

— Я таксама лічу, што трэба нарэшце высветліць гэтую таемную гісторыю, — падтрымаў Кандаракі.

— Паспрабуем, — згадзіўся Скот, — толькі нядоўга. Няварта траціць часу на іх, калі яны нас не чапаюць.

Пайшлі. Наперадзе сіпаі з нарыхтаванымі стрэльбамі ў руках, за імі Скот і боцман, далей Чунг-лі, а ля яго з аднаго боку Файлу, а з другога — Кандаракі з рэвальверамі ў руках.

Чунг-лі стараўся надаць сабе самы бесклапотны выгляд, але сэрца яго білася так, што ён нават баяўся, каб не пачулі суседзі.

Зрабіўшы некалькі заваротаў, яны сапраўды ўбачылі спутанага каня, які спакойна пасвіўся сабе на зялёным лужку.

Смешна было глядзець, як дзесяць чалавек са стрэльбамі, рэвальверамі, бомбамі, азіраючыся ва ўсе бакі, падкрадваліся да каня, нібы да нейкага незвычайнага страшыдла.

Конь падняў галаву, здзіўлена паглядзеў на войска і трохі адскочыў убок. Падарожнікі акружылі яго, памацалі,— звычайны конь і больш нічога. Больш нідзе нікога не было.

Паглядзелі адзін на аднаго і — засмяяліся.

— Ну, і што ж цяпер будзем рабіць з ім? — запытаўся боцман.

— Мусіць, нічога, — сказаў Скот. — Узяць з сабой не можам, бо самім прыйдзецца лазіць па скалах. Заставацца або пакідаць каго пільнаваць — не варта. Усё роўна, калі гаспадар не захоча паказацца, дык і не пакажацца.

І сапраўды, нічога іншага не заставалася рабіць. Падзі віліся, пагаварылі і пайшлі назад.

Даліна паступова пачала звужацца. Горы набліжаліся з абодвух бакоў і рабіліся ўсё больш і больш стромкімі. Вось яны ўжо зусім сціснулі раку, якая пачала біцца, як шалёны конь.

Берагі зніклі, і ўжо нельга было ісці наперад.

Скот азірнуўся на Чунг-лі.

— Ну, што цяпер будзем рабіць? — запытаўся ён.

— Тут павінна быць сцежка, — сказаў Чунг-лі, азіраючыся, і паказаў на адно месца, дзе па каменнях сяк-так можна было падняцца ўгору, а там далей, здавалася, можна было прайсці па беразе.

— Вядзі! — загадаў Скот.

— Пачакайце, пачакайце! — крыкнуў Файлу і выразна паглядзеў на Скота. — Мне здаецца, лепш было б, каб наперадзе ішоў хто-небудзь іншы, а Чунг-лі за ім.

Скот зразумеў і прапанаваў Файлу, але той сказаў, што і гэта нядобра. Тады наперадзе пайшоў Ханубі, за ім Чунг-лі, а за ім ужо Файлу. Далей Скот, Кандаракі і рэшта атрада.

— Трэба прызнаць, што Файлу добра размеркаваў,— ціха сказаў Кандаракі Скоту.

— Вельмі добра, — адказаў Скот. — Калі раней ён не ўцёк, дык тут няма чаго і думаць.

— Пабачым, — зноў сказаў Кандаракі.

З вялікай цяжкасцю ўзлезлі яны наверх і пайшлі па рабру скалы. З левага боку таксама стромка ўздымалася гара, з правага яна абрывалася ў бяздонне. Ісці можна было толькі па вузенькай сцежачцы, шырынёю з крок, а часам і меней. Рака шумела дзесьці далёка ўнізе. Адзін толькі няўдалы рух — і чалавек паляцеў бы ўніз, дзе ад яго нічога не засталося б.

Так яны ляпіліся з гадзіну. Ніхто не сказаў аніводнага слова. Кожны быў заняты толькі тым, каб цвёрда і правільна паставіць нагу. Сцежка ж тым часам блыталася, круцілася, то адыходзіла ад берага, то набліжалася. У некаторых месцах з бяздоння вытыркаліся верхавінкі кустоў. Відаць, бок быў зарослы.

Раптам пачуўся жудасны, нечалавечы крык. Чунг-лі слізгануўся, узмахнуў рукамі і паляцеў уніз. Зачапіўся за куст, абарваўся, зноў зачапіўся; шолах рабіўся ўсё цішэй і цішэй — і ўрэшце ўсё сціхла…

Падарожнікі стаялі як скамянелыя. Гэты прадсмяротны крык заледзяніў іх сэрцы; баяліся паварушыцца.

Але не паспелі яшчэ яны апамятацца, як Файлу неяк злосна зароў і… таксама паляцеў у бяздонне. Зноў затрашчалі кусты, і зноў усё сціхла. Толькі гул ракі даносіўся аднекуль, як з пустой бочкі.

— Гэта ж… можна розум страціць ад такой жудасці,— прамовіў Скот дрыжачым голасам.

Ніхто нічога не адказаў: усе стаялі моўчкі, з пабялелымі тварамі. Потым асцярожна схіліліся, глянулі ўніз: сцяна ішла проста ўніз, са шчылін расло шмат кустоў, ніякага дна не было відаць, толькі чутна было, як дзесьці далёка-далёка ўнізе грукатала рака.

— Што ж цяпер будзем рабіць? — прамовіў Кандаракі.

— Чунг-лі казаў, што там, далей, гэтая рака прымае некалькі прытокаў,— сказаў Скот. — Ля гэтых прытокаў нам і трэба шукаць. Цяпер ужо мы самі знойдзем гэтае месца. Але якое жудаснае здарэнне!..

І яны ціха і асцярожна пасунуліся далей.

 

VIII

Хунь-чжы і Качу. — Як яны тут апынуліся. — Мёртвы хоча загубіць жывога. — Просты канец таемнай гісторыі.

 

У гэты самы дзень, на некалькі гадзін раней, па гэтай жа самай, даліне праходзілі двое людзей і вялі ў паваду каня.

Адзін з людзей быў чорны, звычайны папуас, высокага росту, дужы. Толькі ён не меў усіх тых прыкрас, якія носяць дзікуны. Другі быў маленькі жоўты чалавечак, жывы, рухавы, вяртлявы.

За плячыма ў яго была стрэльба.

— Ну, паглядзі, Хунь-чжы, у сваю паперку, — сказаў чорны, — што там сказана?

Хунь-чжы выняў паперку, тую, што напісаў Чунг-лі тады на катэры, і стаў разглядаць.

— Вось тут сказана, — пачаў ён, — што даліна зусім звузіцца…

— Яна і пачынае ўжо звужвацца, а там, далей, здаецца, і зусім прайсці нельга, — паказаў рукою Качу.

— Потым, — разбіраў Хунь-чжы, — трэба падняцца налева ўверх і там абысці па вузенькай сцежачцы. Ну, але з гэтым мы пасля разбяромся, — скончыў ён, хаваючы паперку. — А цяпер трэба будзе схаваць каня, бо далей з ім не прайсці.

І яны завялі яго ў тую далінку, якую мы ўжо ведаем.

Потым пайшлі далей, дайшлі да таго месца, дзе трэба было падымацца, папаўзлі па тым самым беразе, дзе потым зваліліся Чунг-лі і Файлу, і праз некаторы час зноў спусціліся ўніз да ракі.

Тут ужо быў бераг, па якім можна было ісці.

Хунь-чжы зноў паглядзеў у паперку.

— Цяпер, — сказаў ён, — трэба адысціся крыху назад, да таго месца, дзе бакі зараслі кустамі і дзе над галавой будзе выступ. Там, кажа, ці чакаць яго, ці ён будзе чакаць, калі раней прыйдзе.

Хутка яны сапраўды ўбачылі, што сцяна з правага боку была больш зарослая і пасярэдзіне вытыркаўся выступ, нібы балкон, а далей сцяна зноў уздымалася ўверх, дзе ўжо ледзь значна віднелася блакітная стужка неба.

Яны прыселі пад гэтымі скаламі, як пад страхой, дасталі з торбы смажанага казуаравага мяса, закусілі, напіліся з ракі, якая тут жа шумела ля ног.

— Значыцца, сёння яны павінны быць тутака, — пачаў Качу. — Але чаго нам трэба было цягнуцца аж сюды? Хіба да гэтага ніяк нельга было вызваліць Чунг-лі?

— Не забывайся, — яго пільнуюць так, што ён і кроку ступіць не можа, асабліва гэты пракляты Файлу, за якім я гатоў гнацца аж да самага пекла, каб толькі знішчыць яго.

— І я таксама, — згадзіўся Качу, бліснуўшы вачыма.

— Але самае галоўнае, — казаў далей Хунь-чжы, — аб чым казаў і сам Чунг-лі, гэта тое, што нам і без таго трэба было наведацца сюды. Ен жа ж тут ведае, дзе можна знайсці золата. Ад гэтага адмаўляцца нам не выпадае.

Пакуль яны тут чакаюць ды гутараць, мы азнаёмімся, што было з імі да гэтага часу.

Уцёкшы з плантацыі, Хунь-чжы і Качу пайшлі спачатку ўздоўж берага мора і праз дзень падышлі да другой, суседняй станцыі.

Ім трэба было здабыць чаго-небудзь спажыўнага. Туляючыся навакол станцыі, яны ўбачылі там некалькі коней, і ім прыйшла да галавы думка ўкрасці каня.

Дзеля таго, што папуасы не ведаюць коней і нават баяцца іх, ніхто з далёкіх на іх не квапіцца, а з бліжэйшых не было каму красці, бо з такой рэччу, як конь, тут схавацца было гэтак жа цяжка, як у нас са сланом.

Усё гэта дапамагло нашым уцекачам выканаць свой план. Тады яны з крадзеным канём накіраваліся ў глыб краіны. Хунь-чжы меў намер дабрацца да галандскай часткі Новай Гвінеі, далей ад англічан, а там ужо глядзець, што будзе.

Для Качу было ўсё роўна, куды ні ісці, і ён не разлучаўся з Хунь-чжы.

Горш за ўсё было здабываць сабе харчы, бо сябры, апрача нажа, не мелі аніякай зброі. Але тут дапамог конь. Яны ганяліся за казуарам, пакуль той не зморыцца, і дабівалі яго дубінай. Гэтаксама палявалі і на кенгуру.

Калі ж яны сустракаліся з папуасамі, дык тут была другая бяда: папуасы так палохаліся незвычайнага звера, што ўцякалі з усіх ног і пры ўсім жаданні нельга было ўвайсці з імі ў зносіны.

Праз некалькі дзён наблізіліся яны да ракі Фляй і тут пачулі, што на рацэ тарахціць матор. Зразумела, гэта маглі быць толькі белыя.

Але хто? Чаму? Ці не Скот паслаў за імі ўдагон? Схаваўшы каня, яны падпільнавалі катэр і пазналі не толькі сваіх гаспадароў і іх слуг, але і Чунг-лі!

Хунь-чжы нават вачам сваім не верыў. Якім чынам? Адкуль? Куды?

З таго часу яны сталі сачыць, каб як-небудзь увайсці ў сувязь з Чунг-лі. Прайшло некалькі дзён, пакуль гэта ім удалося.

Калі яны раз былі наперадзе, — а гэта яны маглі лёгка зрабіць, бо ехалі напрасцяк, — то заўважылі на рацэ астравок і падлічылі, што катэр будзе тут увечары і напэўна прыстане, каб пераначаваць. Так яно і адбылося.

Хунь-чжы застаўся з канём, а Качу перабраўся на астравок і схаваўся на дрэве. Уначы ён спусціўся да Чунг-лі і перагаварыў з ім. Тут яны ўмовіліся, што рабіць далей. Тут Качу і стрэльбу сцягнуў.

Значыцца, Файлу не памыляўся, калі казаў пра цень…

Пасля таго абодва таварышы ўвесь час ішлі ззаду, пакуль не атрымалі ад Чунг-лі ліст, які ён прышпіліў да дрэва. Такім жа спосабам яны далі яму «адказ», ад якога ледзь не здарылася бяда.

Аднаго кітайскага знака на лісціне было досыць, каб Чунг-лі мог зразумець, што ўсё ідзе добра.

І вось цяпер яны чакалі самога Чунг-лі, які, відаць, спадзяваўся тут уцячы.

— Нядобра так сядзець і чакаць, — казаў Качу. — Можа, ён сам не здолее вырвацца, можа, яму патрэбна будзе дапамога?

— І я сам так думаю, — сказаў Хунь-чжы, — але, мабыць, ён лепш ведае, што і як трэба рабіць.

У гэты момант над іх галавой пачуліся нейкія крыкі.

Сябры ўскочылі, нібы іх змяя ўкусіла, і паднялі галовы ўверх.

На выступе, сашчапіўшыся, качаліся два чалавекі. Адразу відаць было, што барацьба ідзе насмерць. Адзін быў вялікшы і дужэйшы, але другі, відаць, спрытнейшы.

Сябры адразу пазналі Чунг-лі і Файлу.

Хунь-чжы ўхапіўся за стрэльбу, але нельга было і думаць, каб трапіць акурат у Файлу: яны круціліся і мяняліся месцамі кожны момант. Ужо некалькі разоў Файлу быў наверсе, але кожны раз спрытны Чунг-лі выкручваўся.

І разам з гэтым абодва няўхільна пасоўваліся да краю. Кожны момант яны абодва маглі паляцець у бяздонне…

Хунь-чжы ўсё цэліўся, а Качу тым часам прабаваў узлезці наверх. Але не паспеў ён прыстасавацца, як ахнуў ад новага з'явішча.

Чунг-лі, лежачы пад сподам, неяк паспеў ухапіцца рукамі за куст і, напружыўшы ўсе сілы, так штурхануў Файлу нагамі, што той паляцеў уніз, але паспеў учапіцца за нагу Чунг-лі.

Настаў самы жудасны момант: Файлу хістаўся ў паветры, стараючыся абаперціся дзе-небудзь нагамі; Чунг-лі біў яго другою нагой, але дарэмна. Абодва яны трымаліся толькі за невялічкі куст, які пачынаў ужо трашчаць.

Усё гэта адбылося значна хутчэй, як мы тут апісваем.

— Трымайся, Чунг-лі,— мы тут! — крыкнуў Хунь-чжы і стрэльнуў.

Файлу задрыгаў нагамі, але не выпускаў з рук нагі Чунг-лі. Відаць, што куля толькі параніла яго.

Раздаўся другі стрэл. Файлу зароў дзікім голасам, амаль што перастаў варушыцца, але нагі ўсё ж такі не выпускаў з рук. Куст тым часам яшчэ больш пачаў трашчаць.

Магло здарыцца нешта зусім недарэчнае: мёртвы мог загубіць жывога!

Новы стрэл — і тады толькі пальцы пачалі расшчапляцца. Яшчэ раз штурхнуў нагой Чунг-лі, і Файлу, як мех, грукнуўся ўніз.

— Вось дзе знайшоў смерць, сабака! — злосна і радасна сказаў Хунь-чжы і штурхануў труп нагою.

— Ці зможаш злезці? — крыкнуў Качу да Чунг-лі.

— Магу, зараз, — адказаў той зверху ледзь чутным голасам.

З вялікай цяжкасцю злез Чунг-лі. Увесь ён быў абшарпаны: кроў была на твары, на руках, на грудзях і спіне, але ніякага значнага калецтва, на шчасце, не было. Калі ён памыўся і асвяжыўся ў халоднай вадзе, тады ўжо зусім зрабіўся бадзёрым.

— Як жа ж усё гэта здарылася? — перш за ўсё запыталіся яго таварышы.

— Калі я раней блукаўся ў гэтых месцах, — пачаў расказваць Чунг-лі,— мне раз здарылася спусціцца ўніз у гэтым самым месцы. Паміж іншым, тут я знайшоў і самы вялікі кавалак золата. Ну, дык вось, калі я вам пісаў ліст, я і прыпомніў гэтае месца. Пасля таго, як мяне сталі асабліва пільнаваць, я ўбачыў, што ўцячы будзе нялёгка, бадай-што немагчыма, галоўным чынам дзякуючы гэтаму сабаку, — штурхануў ён нагой мерцвяка, — тады я і надумаўся ўцячы тут. І вось, калі мы ішлі па сцежцы, я, нібы знянацку, з прадсмяротным крыкам зваліўся ў бяздонне. Паступова, трымаючыся за кусты, я спусціўся на пляцоўку і ўжо збіраўся спакойна злазіць далей, як бачу — ляціць за мной гэты падлюга. Ен, пракляты, сцяміў, што я зваліўся наўмысля, і нават рызыкнуў сваім жыццём, каб толькі перашкодзіць мне.

— І добра зрабіў,— дадаў Хунь-чжы. — Прынамсі нам не трэба цяпер клапаціцца, каб знішчыць гэтага гада. Сабаку сабачая смерць.

— Але застаюцца яшчэ другія, — шматзначна сказаў Качу.

— Праўда, ёсць яшчэ Брук, якога таксама трэ было б знішчыць, — сказаў Чунг-лі,— але яго тут няма: ён застаўся абараняць катэр.

— Я гатоў ісці на канец свету, — ускрыкнуў Хунь-чжы, — каб толькі забіць гэтага звера. Ен нават горшы за Файлу.

— Праўда, — згадзіўся Чунг-лі,— я таксама хацеў бы, але ён далёка.

— І гэтых добра было б перастраляць, — зноў сказаў Качу.

Чунг-лі засмяяўся.

— Ты, відаць, гатоў усіх перастраляць, — сказаў ён, — але можа здарыцца, што і цябе падстрэляць.

— Ну, цяпер тут з-за каменя ці з вышыні лёгка было б застрэліць каго-небудзь з іх, — не спыняўся Качу.

— Не, брат, — сказаў Чунг-лі,— нягожа нам гэтым займацца. Усіх нялюбых людзей не перастраляеш. Ды і карысці з гэтага не будзе: усё роўна знойдуцца другія такія самыя. Досыць будзе, калі нам удасца знішчыць самых шкодных.

Але Качу ніяк не хацеў разумець: так лёгка, проста і, галоўнае, беспакарана можна было застрэліць некалькі ворагаў, а тут чагосьці шкадуюць іх.

Хунь-чжы таксама згаджаўся з братам.

— Я ад усяго сэрца жадаю ім усім загінуць тут, — казаў ён, — але займацца гэтым не хачу. І нядобра, і не варта.

Дзень тым часам скончыўся. Праўда, там, наверсе, было яшчэ светла, верхавіны гор яшчэ ззялі на сонцы, але тут, унізе, быў ужо змрок. І ўдзень і ўначы аднолькава ціха і бязлюдна было тут; толькі рака безупынна шумела ў цішыні.

— Трэба кінуць гэтую падлу, каб не смярдзела, — сказаў Качу, узяў за ногі Файлу і павалок яго ў раку.

Мярцвяк паскакаў па бурных хвалях, як жывы, стукнуўся некалькі разоў аб каменні — і знік.

Недалёка знайшлі яны прытульны куток пад скалою і спакойна пераначавалі. Назаўтра Чунг-лі павёў іх шукаць золата ў другое месца.

 

Залатая ліхаманка. — Жывы мярцвяк. — Небяспека для аўтарытэту Англіі.— Уцекачы ў пастцы. — Таемнае знікненне. — Каму радасць — каму гора.

 

Экспедыцыя Скота начавала на некалькі кіламетраў вышэй па рацэ. Зранку яна таксама выправілася шукаць золата.

Некалькі разоў яны рабілі пробы. Час ад часу бралі пясок, прамывалі і прыглядаліся, ці няма якіх-небудзь слядоў золата. Пасля многіх разоў яны, нарэшце, заўважылі некалькі жоўтых макавінак.

Гэта сведчыла, што ў гэтых мясцінах сапраўды ёсць золата. Але каб здабыць яго, трэ было б арганізаваць тут цэлае прадпрыемства, сталае, з сотнямі рабочых, з машынамі, якія б прамывалі сотні тон пяску ў дзень. Так яно звычайна і робіцца ўсюды, і калі тона пяску дае пяць-шэсць грамаў золата, то прадпрыемства лічыцца прыбытковым.

Але побач з гэтым сустракаюцца самародкі, кавалкі чыстага золата, вагою часам па некалькі кілаграмаў.

Вось за гэтымі самародкамі і гоняцца людзі, як шалёныя.

Ледзь толькі разлятуцца чуткі, што ў якой-небудзь мясцовасці знайшлі самародкі, туды пачынаюць збірацца людзі часам з усіх канцоў свету. Трацяць апошнюю сваю маёмасць, навыперадкі пруць адзін за адным, каб толькі першаму з'явіцца ў такі куток, дзе яшчэ ніхто не быў.

Колькі сварак, забойстваў і ўсялякіх злачынстваў звычайна адбываецца ў такіх «залатых старонках»! Усяму свету знаёмая так званая «залатая ліхаманка», прага да лёгкага багацця. І сапраўды, гэтае пачуццё падобна да хваробы. Той, хто захварэў на залатую ліхаманку, не спіць, не есць, усё на свеце забывае, усё ахвяруе, траціць свядомасць і толькі думае аб адным: як бы знайсці вялізны самародак.

І распаўсюджваецца гэтая хвароба не горш за іншыя. Якому-небудзь шчасліўцу пашанцавала знайсці такі самародак. Слава аб ім разносіцца далёка навакол. Усе аб гэтым ведаюць, усе яго бачаць, і кожны думае: а чаму ж і мне не можа пашанцаваць? І пачынаецца гэтая залатая ліхаманка.

Сотні, тысячы людзей кідаюцца шукаць, — і вось сярод гэтых тысяч зноў аднаму пашанцавала. Зноў слава ідзе, зноў усе бачаць толькі яго, і зноў тысячы людзей бягуць.

А аб тых тысячах, якім не ўдалося знайсці, ніхто і не думае, ніхто іх не лічыць.

Есць такія дзівакі, якія дзесяткі год, амаль што ўсё сваё жыццё шукаюць самародкі і ўсё спадзяюцца знайсці велізарны кавалак золата хоць перад смерцю.

Так праславіліся на ўвесь свет Аўстралія, Паўднёвая Афрыка, Каліфорнія і Аляска (мясцовасць Кландайк) у Амерыцы і часткай — наша Сібір.

Вядома, што ў такіх выпадках больш за ўсіх, — можна сказаць, выключна, — можа спадзявацца на поспех толькі той, хто першы з'явіўся ў невядомы куток.

І вось з гэтага боку нашыя падарожнікі мелі шчасце. Не лічачы Чунг-лі, які, зразумела, не мог усё даследаваць, у гэтых месцах яшчэ ніхто не быў. Значыцца, можна было спадзявацца на самародкі.

Скот яшчэ раней папярэдзіў сваіх таварышаў, дзеля чаго яны едуць, растлумачыў, што большую частку знойдзенага золата павінен будзе атрымаць ён, бо снараджэнне экспедыцыі каштуе грошы, што без яго яны ўсё роўна не маглі б паехаць, але кожны атрымае ў залежнасці ад свае здабычы.

Зярняткі золата, якія яны ўбачылі, як мікробы, заразілі ўсіх залатою ліхаманкай. Усім здавалася, што вось-вось яны знойдуць шмат золата. Пры гэтым кожны думаў яшчэ, што ён схавае для сябе асабіста добры кавалак.

Яны забыліся і аб ежы, безупынна капаліся ў пяску і каменнях.

І вось аднекуль зверху яны пачулі голас:

— Памажы, божа! Ці многа золата ўжо знайшлі? Усе адразу азірнуліся і бачаць — высока на скале стаіць Чунг-лі, а за ім выглядаюць яшчэ два нейкія чалавекі.

— Чунг-лі! — вырвалася з грудзей.

— Ты жывы? — запытаўся Скот.

— Лічыце, як хочаце! — смеючыся адказаў Чунг-лі.

— А хто там яшчэ з табой? — зноў спытаўся Скот.

— Гэта мой брат Хунь-чжы, а гэта наш сябар Качу, — паказаў Чунг-лі.

— Хто гэта такія? — звярнуўся Скот да Кандаракі, бо сам ён, зразумела, не ведаў усіх сваіх рабочых.

— Гэта тыя два рабочыя, што ўцяклі нядаўна, перад нашым ад'ездам, — растлумачыў Кандаракі.

— А Файлу дзе? — крыкнуў Скот.

— Ен палічыў за лепшае застацца тут назаўсёды. Кланяўся вам, — здзекаваўся Чунг-лі.

— Ах, падлюгі! — закрычаў Скот. — Вы забілі яго! Вы наўмысля падрыхтавалі ўсю гэтую справу!

І ён ухапіўся за стрэльбу. Але яго спадарожнікі яшчэ раней пачалі страляць.

Вядома, трое таварышаў добра ведалі, што іх гутарка скончыцца такім чынам, і падрыхтаваліся ў належны момант схавацца за каменнямі.

— Шкада, што мы маем адну стрэльбу на трох і нам не хапае куль, а то мы таксама адказалі б вам! — даляцеў голас Чунг-лі, і ўсе трое зніклі.

— Злавіць іх! Забіць! — крычаў Скот, не памятаючы, што кажа.

Але аб гэтым не было чаго і думаць.

— Дык вось яно што! — сказаў Скот, крыху супакоіўшыся. — Вось дзе сакрэт! І з канём, і з тым бяздоннем, і нават з пальмавай лісцінай і ўсё іншае. Вось як яны нас ашукалі!

— Я ж казаў, што нешта такое ёсць, — сказаў Кандаракі.

— Так. Лішні раз павінен пераканацца, што вы заўсёды праўду кажаце. Але ж вы і самі не маглі сказаць нічога пэўнага, — прамовіў Скот.

— Я нюхам чуў,— адказаў Кандаракі. Пачалі радзіцца, што далей рабіць. Меліся дзве задачы: або ісці шукаць гэтых злачынцаў, каб пакараць іх, або займацца сваёй справай. Кандаракі і ўсе іншыя даводзілі, што ганяцца і знайсці іх у незнаёмых гарах немагчыма. У кожны момант яны з-за якой-небудзь скалы могуць падстрэліць.

Скот таксама разумеў, што яно так і ёсць, але адна толькі думка аб тым, што з яго, англічаніна, гаспадара, пасмяяліся гэтыя нявольнікі, адна гэтая думка прыводзіла яго ў лютасць. Ад гэтага ж можа пацярпець аўтарытэт англійскай дзяржавы! Якія ж гутаркі пойдуць тады сярод усіх гэтых падуладных людзей? Усе павінны ведаць, што ніякае злачынства супраць англічан не можа застацца непакараным. Нездарма ж яны так пакаралі Какаду.

Але як гэта зрабіць, асабліва супроць жадання ўсіх удзельнікаў, з якімі тут усё ж такі трэба было лічыцца?

Скот тады пачаў даводзіць, што без Чунг-лі яны не знойдуць золата. Што хаця і мала надзеі злавіць яго, але паспрабаваць варта.

Для гэтага трэба паслаць двух чалавек, каб прасачылі за імі, а яны самі тым часам могуць тут застацца.

З гэтай прапановай згадзіліся і паслалі двух сіпаяў. Ім трэба было зараз жа падняцца да таго месца, дзе стаялі гэтыя злачынцы, і адтуль пайсці па іх слядах.

Сіпаі пайшлі. З розных бакоў яны падыходзілі да сцяны, каб знайсці якое-небудзь месца, дзе можна было б узлезці.

З вялікімі ўсілкамі, кожны момант рызыкуючы зваліцца, палезлі яны ўгару. Знізу з жахам сачылі за кожным іхнім рухам. Вось пярэдні ўжо дабраўся да краю, вось ён высунуўся напалову.

Але тут перад усімі пачало адбывацца нешта зусім недарэчнае!..

Сіпай, ледзь трымаючыся адной рукой, другою з вялікай цяжкасцю зняў з пляча стрэльбу і працягнуў яе наперад. Потым зняў сумку з патронамі і таксама паклаў. А сам хутчэй назад!..

— Чаго ты? Куды? — запытаўся яго таварыш.

— Злазь хутчэй, потым скажу! — адказаў той, і абодва хуценька спусціліся ўніз.

Ханубі, раз'юшаны, першы кінуўся да іх. За ім усе іншыя.

— Што? Што гэта значыць? — недаўменна пыталіся з усіх бакоў.

А справа была досыць простая.

Як толькі падняўся першы сіпай, ён убачыў перад самым сваім носам стрэльбу, і Чунг-лі, які сядзеў за каменем, ціха, але выразна прашаптаў:

— Стой! Не варушыся, бо зараз пушчу кулю ў лоб!

Сіпаю нічога не заставалася рабіць, як толькі слухацца.

— Здымай стрэльбу і кладзі яе сюды! — загадаў Чунг-лі. Сіпай зняў. Потым гэтак жа аддаў патроны. — Цяпер лезь назад і дзякуй, што я табе дарую жыццё, — сказаў Чунг-лі, прымаючы зброю.

Як ні злавалася начальства, але, выслухаўшы апавяданне сіпая, не магло не згадзіцца, што ён быў невінаваты. Ніхто на яго месцы не мог бы зрабіць інакш.

Ці трэба казаць, як адчувалі сябе Скот і яго таварышы?

Героі ж нашыя наўмысля не паказваліся і толькі цешыліся, асцярожна выглядаючы з-за скалы. Потым усталі, і Чунг-лі сказаў:

— Дзякуем за стрэльбу, бо яна нам вельмі патрэбна! Жадаем вам знайсці мех золата! Бывайце здаровы!

І ўжо на гэты раз зусім пайшлі.

Скот не мог так пакінуць справу. Яму здавалася, што ўсе яго спадарожнікі ўжо глядзяць на яго, англічаніна, як на нікчэмнага чалавека.

— Мы пойдзем за імі? — цвёрда сказаў ён. — Нам лягчэй будзе знайсці іх, як самародак. А калі знойдзем іх, тады будзем ведаць, дзе золата, значыцца, нам простая выгада пачаць з іх.

Практыка паказала ўжо ім усім, што не так лёгка і проста знайсці золата. Можа, ім адным прыйдзецца блукацца шмат дзён. А калі знойдуць гэтага Чунг-лі, тады прымусяць яго паказаць месца, а потым… потым можна будзе і разлічыцца з ім.

І яны пайшлі ў той бок, куды накіраваліся тры таварышы.

Атрад перабіраўся цераз горы, спускаўся ў даліны, заглядваў у кожную цясніну, у кожны куток, прыслухоўваўся, выгледжваў праз бінокль. Адначасова не забываліся і пакапацца ў пяску, сярод каменняў.

Нарэшце такое цяжкае вандраванне зусім змарыла іх. Апаўдні яны прыпыніліся адпачыць і нават заснулі.

Вакол горных вяршынь тым часам збіраліся хмары. Сонца то хавалася за імі, то зноў выглядала.

Трэба зазначыць, што на гарах, асабліва на тых, якія знаходзяцца пад экватарам, у самыя гарачыя часіны дня заўсёды ствараюцца воблакі. Прычына ў тым, што знізу ўздымаецца шмат пары, якая і ахалоджваецца ўверсе, на гарах. Пасля паўдня воблакі яшчэ больш згушчаюцца, і звычайна адбываецца навальніца. Уначы і зранку бывае ясна, але а дзесятай гадзіне зноў пачынаюць з'яўляцца воблакі і гэтак далей.

Зразумела, могуць быць дні, нават тыдні і без дажджу, але агульны закон застаецца, асабліва «зімой», якою лічыцца тут дажджысты час года.

Усе яшчэ спалі, калі боцман Старк прачнуўся. І праз некалькі хвілін яго вострыя вочы ўбачылі, што наверсе, збоку, прабіраюцца тры чалавекі.

Ен разбудзіў Скота, потым прачнуліся другія, і ўсе ціхенька сталі сачыць за імі.

— Хадзем! — закамандаваў Скот, і ўсе сталі красціся ў той бок.

Пакуль яны падняліся ўверх, фігуры зніклі. Праследавальнікі паразыходзіліся ва ўсе бакі і пачалі шукаць. Праз некаторы час Ханубі пачаў рабіць рукамі знакі. Усе асцярожна, без шуму, пачалі збірацца да яго. Хаваючыся за каменнямі, глянулі наперад і ўбачылі ўцекачоў, якія старанна капаліся ля рачулкі, не думаючы аб небяспецы.

Вось яно дзе, тое залатое месца!

Гэтая рачулка ўлівалася не ў галоўную раку, але ў яе прыток. Цякла яна не сярод скал, а па роўнаму ўзвышшу, у якім яна прамыла сабе глыбокае рэчышча. Відаць было, што гэтае ўзвышша складалася не з горных парод, а з старадаўніх наносаў. Значыцца, рачулка ўжо сама прамыла шмат пяску. Колькі ж там павінна быць золата!

З таго месца, дзе стаялі гледачы, цясніна відаць была ўся, да канца. Бакі яе былі зусім стромкія і вельмі высокія. Такія цясніны, або рэчышчы, сустракаюцца нярэдка і называюцца «каньёнамі»*.

* Вядомыя ўсяму свету каньёны знаходзяцца на рацэ Каларада ў Паўночнай Амерыцы. Там, каб чалавек захацеў палавіць «з берага» рыбу вудачкай, ён павінен быў бы прывязаць да яе валасіну ці шнур даўжынёю з… кіламетр.

Там, дзе цясніна пачыналася, быў вадаспад: рачулка падала проста ўніз са сцяны вышынёю метраў дваццаць — трыццаць.

— Яны злоўлены! — радасна сказаў Ханубі. Гэта відаць было адразу. Абы толькі ўвайсці ў цясніну, і ўцекачам ужо не будзе куды дзецца. Па баках ні ў якім разе нельга было ўзлезці, а на тую сцяну, адкуль падаў вадаспад, — тым болей.

Значыцца, адным махам яны маглі захапіць і ўцекачоў і золата.

Адзін толькі выхад быў з гэтай пасткі, і да гэтага выхада сталі красціся праследавальнікі.

Трое таварышаў сапраўды знайшлі шмат самародкаў. Выгляд золата захапіў іх, як і ўсіх іншых грэшных людзей, і яны нават забыліся, што ім нешта можа пагражаць.

Стрэл паказаў ім, што яны папаліся і ўжо на гэты раз канчаткова.

З аднаго позірку яны ўбачылі і зразумелі, што з гэтага калідора няма ніякага выйсця.

— Здавайцеся! — крыкнуў да іх Ханубі.— Усё роўна вам няма куды дзецца.

Качу крыкнуў з роспачы. Чунг-лі і Хунь-чжы ў адказ толькі стрэльнулі, і ўсе схаваліся за каменнямі.

Але восем чалавек маглі на іх наступаць з розных бакоў. Так, паступова, крок за крокам, адстрэльваючыся, адыходзілі нашы сябры ўсё далей і далей — да вадаспада.

Ворагі былі яшчэ досыць далёка, але, таксама хаваючыся за каменнямі, няўхільна набліжаліся. Качу ўжо крыху паранілі ў руку.

Урэшце ў іх застаўся апошні прытулак — некалькі каменняў ля самага вадаспада. Ззаду, як заслона, бялелася і шумела вада: яны былі ў самым кутку.

Сябры адстрэльваліся з-за апошніх каменняў. Ворагі паўзлі, набліжаліся. Адлегласць паміж імі ўсё змяншалася.

Раптам страляніна з кутка сціхла.

— Скончана справа! — сказаў адзін сіпай, устаючы.

— Лажыся! — крыкнуў яму Ханубі.

Але ўсё роўна было ціха. Мабыць, усе трое параненыя ці забітыя.

Усё ж такі ўставаць баяліся і асцярожна дапаўзлі да самых каменняў.

Але… там нікога не было!

Перагледзелі ўсе каменні, куточкі — няма дый годзе! Доўга маўчалі і толькі здзіўлена пазіралі адзін на аднаго.

— Многа неспадзяванасцей нарабілі нам гэтыя чэрці,— сказаў нарэшце Старк, — але тут нешта ўжо зусім незразумелае.

Зноў пачалі шукаць, ці няма якога-небудзь увахода ў пячору, краталі каменні, ці не зачыняюць яны якой-небудзь яміны ці дзіркі,— усё роўна нічога няма!

Вось адзін сіпай крыкнуў. Усе раптам азірнуліся на яго: ці не знайшоў? І сапраўды ён знайшоў, ды толькі… самародак з грэцкі арэх.

Убачыўшы золата, забыліся на ўсё ў свеце. Дружна прыняліся поўзаць па зямлі, капацца ў жарстве.

Паважаны містэр Скот поўзаў на карачках і капаўся ў зямлі, як самы просты чалавек, і, здаецца, зусім забыўся аб англійскай дзяржаўнасці, аб тым, што ён павінен трымаць на належнай вышыні свой аўтарытэт. Грэк Кандаракі, здавалася, гатоў быў заграбці ўсю гэтую зямлю сабе ў ахапак.

Вось і боцман знайшоў велізарны кавалак, з курынае яйка. Кандаракі, здаецца, хацеў з'есці і гэтае золата і самога боцмана. Вось другі сіпай знайшоў. Кожны баяўся спазніцца, каб другі не знайшоў той кавалак, які вось тут недзе блізка павінен ляжаць.

Нават у Скота вочы заблішчалі ад зайздрасці. Палову таго, што яны знайшлі, ён атрымае за свае выдаткі і досыць заробіць на гэтым. Але ўсё ж такі, каб ён сам знайшоў, тады б яно цалкам засталося яму аднаму.

Тым часам неба пачарнела і пайшоў дождж, але золаташукальнікі не зварачалі на гэта ўвагі. І калі ўдарыў гром, грукат ад якога пракаціўся па гарах тысячамі рэхаў, заблішчала бесперапынку маланка і паліў дождж ручаём, тады толькі яны адышліся і прытуліліся пад скалой.

Словы «бесперапынку» і «ручаём» тут трэба разумець літаральна: сапраўды, маланка ў такіх старонках блішчыць бесперапынку і, сапраўды, дождж льецца не кроплямі, а струменямі.

Зразумела, што ад такога дажджу ды яшчэ сярод гор, дзе вада раптам ляціць з усіх бакоў уніз, — рачулка адразу разлілася, і не паспелі нашы падарожнікі падумаць аб небяспецы, як іх падхапіў дзікі бег ракі (ужо ракі!) і панёс уніз…

Дарэмна яны чапляліся за сцены, за каменні,— нічога не памагала. Сіла і хуткасць былі такія, што трэба было думаць не аб тым, каб затрымацца, а аб тым, каб ухіліцца ад скал, каб не разбіцца аб іх.

Нашыя трое сяброў таксама перажывалі жудасныя хвіліны. Яны сядзелі… пад вадаспадам!

Кожны разумее, што бягучая вада не можа спыніцца раптам, падаючы з вышыні, не можа з разбегу падаць прама ўніз. Яна павінна падаць дугой, як падае кінуты намі камень. Значыцца, калі сцяна стромкая, вада будзе падаць крыху далей ад яе падножжа, асабліва ў тых выпадках, калі бег вельмі хуткі.

І вось паміж сцяной і вадзяной заслонай і схаваліся нашыя прыяцелі*. З бакоў шчыліны не відаць таму, што бакавая вада, не маючы хуткага бегу (затрымліваецца за берагі), падае проста ўніз.

* Пад славутым вадаспадам Ніягарай (Паўночная Амерыка) публіка такім чынам прагульваецца, нават плацячы грошы за гэта.

Можна сабе ўявіць, які павінен быць там грукат! Нельга сказаць, каб там было суха. Частка вады ўсё роўна льецца на галаву, але небяспекі няма, калі цябе не зачэпяць галоўныя струмені вады.

Можна думаць, што Скот са сваімі таварышамі нарэшце сцяміў бы, куды падзеліся тры чалавекі. Інакш яму прыйшлося б дапусціць, што ўмяшалася нячыстая сіла ці які другі цуд. А ў гэта можа паверыць толькі які-небудзь Саку, а не ён.

На шчасце, золата перашкодзіла ім вельмі думаць аб гэтым. Потым надышоў крытычны момант — дождж і разліў ракі.

Як гэта ні дзіўна, але ў даным выпадку выратавацца было лепш пад вадой, як у вадзе, тым болей, што ад узмацнелага бегу вадаспад яшчэ далей падаў, як раней.

Толькі вельмі небяспечным было павышэнне вады.

Ад гэтай бяды таварышы выратаваліся, узлезшы на вялікія каменні, што ляжалі пад вадаспадам.

Як хутка ўсё зрабілася, так хутка і скончылася. Праз гадзіны дзве ўсё мела той самы выгляд, які быў перад дажджом.

Трое таварышаў павылазілі з-за сваёй заслоны і пачалі грэцца і сушыцца на сонцы.

— Усё добра, што добра канчаецца, — весела казаў Хунь-чжы.

— Асабліва, калі гэта тычыцца толькі нас, — дадаў брат. — Гляньце, якія сляды пакінуў наш вораг.

Сляды былі прыкметныя: некалькі стрэльбаў, сумкі з патронамі, якія вада не магла вынесці з-пад каменняў, нават два згубленыя самародкі.

Таварышы падабралі трафеі і пайшлі па цясніне. Пры выхадзе з яе, на другім баку ракі, яны ўбачылі некалькі чалавек з экспедыцыі.

Скот ляжаў на зямлі змярцвелы. Ля яго клапаціліся боцман і сіпай. Побач сядзеў Ханубі з перавязанай галавой.

Убачыўшы сваіх праціўнікаў, якія ішлі сабе хоць бы што з таго самага месца, адкуль іх вынесла з такой бядой, боцман і Ханубі паглядзелі адзін на аднаго, нібы кажучы: «Зноў яны цэлыя! Гэтых чарцей, відаць, нішто не бярэ».

Становішча гаспадароў было такое, што нашым прыяцелям не хапіла духу здзекавацца з іх, і яны моўчкі прайшлі міма.

 

X

Вяртанне. — У агні.— Сярод звяроў.— Правадыр аб'яднаных родаў Какаду і Мукку. — Смерць Скота. — Дасказ.

 

У гарачы поўдзень, калі ўсё жывое старалася схавацца ў цень, калі нават птушкі сядзелі моўчкі, праз густую траву прабіраўся гурток людзей з шасці чалавек.

Худыя, абшарпаныя, дарэшты змораныя, яны ледзь праціскаліся праз моцную густую траву, якая дасягала вышыні больш за рост чалавека. Гушчар быў такі, што часам прыходзілася валіцца на траву спіною і прыціскаць яе да зямлі, каб пасунуцца на некалькі крокаў уперад.

Гэта была грозная экспедыцыя Скота. Апрача Чунг-лі і Файлу, яна не далічвала яшчэ Кандаракі і аднаго сіпая, якія загінулі тады ў бурнай вадзе.

Да паўдня яны нічога не елі. На шэсць чалавек яны мелі толькі дзве стрэльбы.

Па іх меркаваннях, яны павінны былі праз некалькі гадзін падысці да ракі, дзе чакаў іх катэр, адпачынак, спакой і ўсе выгоды.

Кожны з іх толькі аб гэтым і думаў, і за ўвесь час яны не перакінуліся аніводным словам.

Ім трэба было прайсці невялікі кавалак стэпу да таго пералеска, які віднеўся наперадзе, а там ужо быў канец падарожжа.

Вось ззаду зашамацела трава. Не паспелі яны азірнуцца, як міма іх пранёсся дзік. Ханубі хацеў быў стрэльнуць, але не паспеў.

— Шкада! — сказаў ён, апусціўшы стрэльбу.

— Дарма, — сказаў Скот. — Што нам з ім было б рабіць? Усё роўна праз гадзіны дзве будзем дома.

— Мы павінны яшчэ радавацца, што ён не зачапіў нас, — сказаў боцман. — Неспадзявана ён мог бы нарабіць бяды.

Праз некалькі хвілін таксама міма іх праскакаў кенгуру, а за ім зноў дзік.

— Чаго гэта яны сёння разлёталіся? — здзівіўся боцман і зараз жа заўважыў з правага боку, крыху ззаду, дым. Дым уздымаўся сцяной і, здавалася, набліжаўся да іх. Не паспелі яны агледзецца, як Ханубі закрычаў:

— Глядзіце, і з другога боку!

З другога боку таксама падымалася сцяна дыму. У гэты момант зноў пранёсся дзік.

— Трэба спяшацца! — крыкнуў Ханубі.— Гэта, мусіць, папуасы паляць стэп для палявання…

Так яно і было. Гэта звычайны спосаб палявання як у папуасаў, так і ў іншых падобных народаў.

Але спяшацца ў такім гушчары было вельмі цяжка. Добра яшчэ, што дзікі зрабілі маленькую сцежку.

Тым часам дзве сцяны злучыліся за імі, і агонь пайшоў наперад, ахапляючы людзей падковай.

Становішча рабілася надта сур'ёзным. Можна было заўважыць, што агонь ішоў хутчэй за іх і паступова набліжаўся. А ўцякаць у такім гушчары зусім было немагчыма. Падарожнікі напружвалі апошнія сілы, але агонь усё набліжаўся. Вось ужо і пах дыму пачаў адчувацца.

Разам з тым павялічыўся лік жывёлы, якая ратавалася ад агню і бегла ў тым самым кірунку, куды і людзі. Шмат дзікоў, кенгуру, розных дробных звяркоў, пацукоў, нават змеяў неслася наперад, не звяртаючы ўвагі на людзей.

І людзі таксама не звярталі на іх увагі.

Перад агульнай бядой усе зрабіліся таварышамі — і дзік і містэр Скот.

Да пералеска зусім блізка, але ж затое і агонь блізка. Чутна, як ён трашчыць ззаду, адчуваецца ўжо гарачыня, асабліва ж даймае дым.

Але звяры дапамагалі людзям: яны так папрыціскалі траву, што людзі за імі маглі бегчы бягом.

Вось ужо дрэвы. Трава парадзела. Толькі дым перашкаджае глядзець.

І вось з разбегу яны наляцелі на папуаса!

Той стаяў сабе на пні і пільнаваў здабычу. Ен ужо пусціў некалькі стрэл у дзікоў і кенгуру.

Неспадзявана ўбачыўшы перад самым носам такіх незвычайных «звяроў», ён перапалохаўся і пабег так шпарка, што толькі пяты мільгалі.

Падарожнікі прабеглі ўвесь пералесак і больш нікога не бачылі, бо папуасы стаялі далёка адзін ад аднаго.

Выбеглі ў поле і на кіламетр ад сябе ўбачылі сваю «крэпасць». Усё было па-ранейшаму, на ўзгорку стаяла тая самая будка.

Канец цяжкаму падарожжу! Яны ўжо дома!

Яны забыліся і на голад і на зморанасць. Адразу зрабілася лёгка не толькі на сэрцы, але і ў нагах. Яны ішлі так хутка і лёгка, нібы цэлы тыдзень адпачывалі. Ці бачыць іх Брук? Час ужо, бо яны падышлі зусім блізка.

Але ніхто не ішоў насустрач. Можа, спяць?

Яны пачалі крычаць. Нешта заварушылася ў будцы. Значыцца, усё ў парадку.

Пералезлі цераз дротавую агарожу і тады ўбачылі, што ля кулямёта стаіць чалавек. Але… не Брук, а папуас! Чорны, з пер'ямі какаду на галаве, з веправымі клыкамі на шыі, толькі чамусьці ў штанах.

Падарожнікі на хвіліну спыніліся як укапаныя, не ведаючы, што думаць і рабіць, але зараз жа нацэліліся з стрэльбаў.

— Не варта, — спакойна сказаў папуас на чыстай англійскай мове, схіліўшыся да кулямёта, які быў накіраваны прама на іх. — Калі я крыху дакрануся да кулямёта, вы ўсе загінеце.

Стрэльбы мімаволі апусціліся.

— Што гэта азначае? — здзіўлена запытаўся Скот. — Хто ты?

— Я — правадыр аб'яднаных родаў Какаду і Мукку, былы місіянер Саку, — з гонарам адказаў папуас.

Каб сярод яснага неба ўдарыў зараз гром, ён так бы не аглушыў, як гэтыя словы! Дык вось яно што? Гэты «слуга божы», відаць, надумаў нешта нядобрае. Нездарма ён зноў зрабіўся дзікуном. Праўду кажуць людзі: як ваўка не кармі, ён усё ў лес глядзіць.

— Дык што ж, нарэшце, азначае ўся гэтая камедыя? — строга сказаў Скот, а сам адчуў, як сэрца сціснулася ад жаху.

Тым часам іх акружыла чалавек сто ўзброеных папуасаў; некаторыя з іх былі нават са стрэльбамі.

— Справа вельмі простая, — сказаў Саку. — Катэр ваш разбіўся на рацэ. Уся ваша маёмасць, як бачыце, у нашых руках, у тым ліку і вашы людзі. А цяпер і вы самі,— і ён паказаў рукой на сваё войска.

— Чаго ж вы хочаце ад нас? — запытаўся Скот крыху дрыжачым голасам.

— Нямнога: толькі пакараць містэра Скота за яго зверствы над маімі братамі, над маёй маткай і нявіннымі дзецьмі,— адказаў Саку.

Скот апусціў галаву і задумаўся. Ханубі і боцман паднялі стрэльбы, але зараз жа Саку дакрануўся да кулямёта; апрача таго, і ўсе папуасы паднялі зброю.

Скот і яго таварышы стаялі ў сярэдзіне агарожы, а за імі, па другі бок дроту, у некалькіх кроках стаялі папуасы з нарыхтаванымі пікамі, лукамі і стрэльбамі. Кожнаму зрабілася ясна, што аб супраціўленні не было чаго і думаць.

— Не турбуйцеся, — сказаў Саку, — вы не паспееце цяпер ніводнага з нас забіць. А Старку, Ханубі і яго таварышам зусім не варта супраціўляцца: мы іх усіх без перашкоды адпусцім дадому. Нам патрэбен толькі галоўны злачынца.

Ад такой абразы Скот нават забыўся, у якім ён становішчы знаходзіцца. Вочы яго заблішчалі, ён выпрастаўся. Як? Гэты дзікун асмельваецца яго, англічаніна, назваць злачынцам? Але зараз жа ён апамятаўся. Што ён мог цяпер зрабіць?

— Для вас, як хрысціяніна, — сказаў ён нібы спакойным голасам, — такое самачынства — вялікі грэх. Хіба вы забыліся, што кажа Хрыстос? Хіба вы не ведаеце, што чалавек не мае права самавольна судзіць другіх?

Саку ўсміхнуўся і выразна сказаў:

— Вы, містэр Скот, асабліва павінны ведаць, што на зямлі, апрача божых законаў, існуюць суды, якія павінны караць злачынствы. За адсутнасцю тут гэтых судоў я павінен выканаць гэты непрыемны абавязак, каб ніхто не падумаў больш здзекавацца нават з чорных.

Скот пазнаў свае словы, якія ён тады казаў гэтаму самаму Саку, і яшчэ ніжэй апусціў галаву.

— Дык вось, — казаў далей Саку, — мая канчатковая прапанова: містэр Скот хай пакладзе зброю і застанецца, а рэшта хай ідуць сабе дадому. Зараз жа далучым да іх і іхніх таварышаў. Заўважце, што вырашыць так мне было вельмі цяжка. Вы ж ведаеце, што гэтыя «дзікуны» не вельмі ахвотна выпускаюць з рук сваіх ворагаў. Толькі сваім вялікім аўтарытэтам я мог прымусіць іх згадзіцца. Дзеля гэтага аўтарытэту я і пер'е і зубы паначапляў на сябе. Я, вядома, мог бы і ўсіх вас загубіць: вы ж нашых больш пабілі. Але лічу гэта бескарысным. Я хачу давесці вам, што без бога і без Хрыста можна лепш і разумней рабіць, як вы з Хрыстом. Ну, згаджайцеся, хутчэй!

Таварышы Скота не ведалі, што рабіць. Адразу было відаць, што Скота яны не выратуюць, а толькі самі дарма загінуць. Але ж як выдаць свайго начальніка? Можна было заўважыць, што абодва сіпаі ахвотна гатовы былі аддаць свайго гаспадара, але боцман і Ханубі, здаецца, гатовы загінуць разам.

— Ну, што ж? — сказаў нарэшце Саку. — Калі вам усім ужо так хочацца паміраць, я пярэчыць не буду.

І ён выпрастаўся, каб даць знак сваім воінам.

Але ў гэты момант раздаўся стрэл, і Скот паваліўся на зямлю з разбітай галавой. Ен палічыў за лепшае пусціць сабе самому кулю ў лоб…

Гэты стрэл на момант спалохаў папуасаў. Яны падумалі, што гэта ў іх страляюць, і ўжо гатовы былі пусціць у ход сваю зброю, але Саку гучным крыкам спыніў іх.

Трэба адзначыць, што не толькі сіпаі, але Ханубі і нават боцман былі рады і ўдзячны Скоту, што ён так зрабіў… Цяпер ім ужо не трэба было ламаць галаву, што рабіць.

Саку тым часам звярнуўся да сваіх з прамовай. Ен казаў, што, згодна іх абяцанню, трэба ўсіх іншых белых адпусціць. Затое ім застаецца ўся маёмасць і, галоўнае, зброя белых. А з гэткай зброяй яны ўжо нікога не будуць баяцца.

Нельга сказаць, каб слухачы былі задаволены такой пастановай. Але ж гэта кажа сам вялікі і магутны Саку, — значыцца, так і трэба. Праз некаторы час прывялі Брука, Гуда і двух сіпаяў.

Брук ішоў схіліўшыся, азіраючыся і мармытаў:

— Яны думаюць, што я не бачу? Не, брат! Не ашукаеш! Усё бачу! — Потым падышоў да боцмана і сказаў: — Ты хочаш мяне з'есці? Дурны! Мяне ўжо з'елі, мяне няма. Бачыш?

І ён сеў на зямлю, працягнуў наперад далоні і нібы схаваўся за іх…

Вярнуліся дадому толькі боцман Старк, Ханубі і тры сіпаі. Рэшта памерлі ў дарозе…

Чунг-лі, Хунь-чжы і Качу са сваім канём пайшлі на захад, у галандскую Новую Гвінею. Качу застаўся, а браты вярнуліся ў Шанхай.

Яны купілі кавалак зямлі, хаціну; перасялілі з сампана сваіх бацькоў, а самі пайшлі ў кітайскую Чырвоную Армію змагацца за ўсіх кулі, што пакутуюць і ў Новай Гвінеі, і ў Амерыцы, і на сваёй бацькаўшчыне. А Саку?..

Саку і цяпер вядзе культурную працу сярод аб'яднаных родаў Какаду і Мукку, але ўжо без бібліі…


1926-1927

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: http://lib.rus.ec/b/324505/read