epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Нёманскі

Абмылка

І
ІІ
ІІІ


 

 

І

Пятрусь Грышан, загадчык павятовага аддзела асветы, варочаўся з вёскі, дзе ён быў па службовых справах, назад у горад. Павет, дзе ён працаваў ужо з год, быў вялізарны, школы былі параскіданы адна ад другое надалёка, дарогі даволі дрэнныя і не зусім небяспечныя, бо часта трапляліся па іх лясы са звычайнаю блытанінаю ў іх маленькіх дарожак, раскрыжаванняў і г. д. Але Петрусю раз’езды надта падабаліся, бо давалі яму адпачынак ад безупыннае як службовае, так і грамадзянскае працы.

Вось і цяпер ён ехаў сярод вялікага лесу. Сонца было ўжо наадвячорку і сваімі косымі праменнямі, здавалася, наскрозь пранізвала ўсю грамаду лесу, афарбоўваючы ў ружовы колер гладкія, як габляваныя, пні хваін. Размораныя за дзень гарачынёю яліны і хваіны напаўнялі цяпер усё паветра церпкім вострым пахам смалы, які мяшаўся з дыханнем травы і кветак. Мошкі і камары павылазілі з сваіх прытулкаў і вясёлымі карагодамі віліся ў праменнях сонца перад тым, як заснуць, схавацца нанач. Гледзячы на гэтыя карагоды супраць сонца, здавалася, што паветра напоўнена лёгкім залатым туманам, які калыхаўся, як танюсенькая вуаль ад ціхага ветру. Стомленыя за дзень птушкі неяк нехаця пералятаюць на другое месца, томна і коратка падаюць свой посвіст, пакуль зусім не сціхнуць з заходам сонца; толькі салавей, чым бліжэй к ночы, тым мацней і званчэй агалашае лес сваімі пераборамі, пералівамі, посвістамі.

Дарога ўецца, як вольна кінутая стужка. Калёсы скачуць па карэннях, тарахцяць і напаўняюць лес чужым непрыемным гукам, палохаючым і птаства, і дробных звяркоў: вавёрка раз-раз — і залазіць на самы высокі сук, адкуль пазірае, навастрыўшы вушкі, і нібы дзівіцца, як вясковая дзяўчына альбо маладзіца, прылажыўшы пярэднія лапкі да мордачкі, ястраб, калі ён быў блізка ад дарогі, лёгкімі, ледзьве чутнымі ўзмахамі крылаў паднімаецца ўвышыню і прападае ў блакіце неба. Толькі вуаль камароў калышацца без перапынку, і іх звон напаўняе лес асабістаю музыкаю.

Пятрусь асабліва любіў час адвячорку яснага летняга дня ў лесе: і ціхая манатонная музыка машкары, і вострыя пахі, і птушыныя спевы, і цёмная зелень хваін на лёгка-блакітным небе — усё гэта ахоплівала яго спакоем, упаеннем хараства. Яму было прыемна наглядаць за ўсімі рухамі асцярожнае вавёркі і за яе швідкасцю. Цікава было праводзіць і той час у лесе, як ноч прыходзіла на змену дню — бачыць, як мянялася афарбоўка дрэў, травы, лістоў, як заціхала жыццё лесу, як на змену сонцу на неба выходзіў поўны месяц і напаўняў лес блакітнай таемнасцю, фантазіяй. Усё гэта было люба Петрусю, хоць такія малюнкі былі яму не ў навіну.

На гэты раз, аднак, Пятрусь мала зварочваў увагі на жыццё лесу, хоць дзень быў асабліва ўдалым. Ён нават не прыкмеціў, як настала ноч і пацягнула вільгаццю з нізін. Некалькі разоў фурман зварочваўся да яго з рознымі запытаннямі, але не чуў належнага і ў свой час адказу. Думкі Петруся на гэты раз былі заняты зусім не лесам, а віліся далёка і ад лесу, і ад сучаснасці. Некалькі разоў ён пробаваў звярнуцца да свайго звычайнага настрою, да свае прывычкі наглядаць за жыццём лесу, нават да сваіх службовых спраў, што засталіся яшчэ не скончанымі, накіроўваў нават свае думкі ў бок таго, як здзейсніцца яго мара аб тым, што кожная школа будзе мець сваё памяшканне,— але нічога не пасабляла: думка варочалася зноў да аднаго, малюнкі прошласці пачалі праходзіць перад яго вачамі, нібы ўсё тое было сёння ці ўчора. Пятрусь ужо не спрачаўся. Гэта неспадзяваная сустрэча дала такі вялізарны імпульс, якога ён ужо не спадзяваўся чакаць у жыцці. Думкі, успаміны перажыванняў даўно мінулых часоў віліся, як мошка на сонцы, у галаве і завалодалі ўсёю істотаю Петруся.

Маладым, зусім маладым хлапчуком Пятрусь пакінуў сваю вёску. У яго бацькі было толькі тры дзесяціны зямлі, а дзяцей — пяцёра, з якіх тры хлопцы. Вядома, трэба было шукаць заработкаў, трэба было каму-небудзь адысці з гаспадаркі, каб потым не дзяліць яе яшчэ на тры часткі. І Пятрусь, як старэйшы, пайшоў у горад шукаць хлеба. Яму параілі ісці на сярнічковую фабрыку, дзе працавала шмат народу і дзе больш было магчымасці прыстроіцца. Зранку, як толькі прароў гудок, Пятрусь ужо быў каля канторы. Калі ён, падышоўшы нясмела, як вясковы хлопец, да кіраўніка фабрыкі, сказаў яму, што шукае працы і хацеў бы стаць на работу вось тут, то не зразу атрымаў здавальняючы адказ. Той казаў, што не трэба новых рабочых, потым, што Пятрусь, мусіць, будзе не зразу карысным, як свежы, нефабрычны чалавек, а далей — трэба пачакаць, падумаць. Толькі праз бітую гадзіну Пятрусь дачакаўся таго, што пакліканы быў майстар, пад загад якога ўваходзіў ён, ужо як рабочы фабрыкі. Пятрусь быў задаволены, што справа скончылася так удала, бо не ўсім так шэнціла ў тыя часы.

Першыя часы Пятрусь адчуваў сябе не зусім добра на новай рабоце. Тут патрэбна была пільнасць, трэба было сачыць за станком, які рабіў з калоды даўжэразныя стужкі дрэва. Траплялася, што Пятрусь забываўся, задумаўшыся аб вёсцы і сям’і, вымаць з рыны гэтыя стужкі, і яны налазілі з-пад разака адна на другую, тапырыліся стогам, ламаліся. Старэйшы рабочы аклікаў Петруся, упічна аглядаў яго, а ён саромеўся, чырванеў і хапаўся нязграбна за стужкі, якія, на іх ліха, валакліся і ніяк не адкідаліся так зграбна, як у другіх. Але гэта з часамі праходзіла. Думкі аб вёсцы, аб гаспадарцы, аб сваіх родных усё радзей пачалі заходзіць яму ў голаў: тое жыццё, якое было вакол, стала больш цікавіць яго, а разам з гэтым і самая работа. У кароткі час ён ужо выведаў усе стадыі вырабу сернікаў, ведаў добра, да чаго пасуе, навошта патрэбна кожная прылада. Асабліва спадабаліся яму тыя машынкі, што самі рабілі скрыначкі для сернікаў: заложыш туды дзеравяных стужачак і папяровую абклейку — і пайшлі вылётваць, быццам выплёўвацца, зусім гатовыя скрыначкі. Машынка, як жывы чалавек, ды куды чалавек! Здатней за яго. Як толькі яго станок чаму-небудзь прыпыняўся стругаць калоду, Пятрусь абавязкова ляцеў туды, дзе рабіліся скрыначкі і дамагаўся дасканала даведацца, як зроблены гэтыя цудоўныя машынкі — такія маленькія і такія здатныя. Дзівіўся ён не раз і спрытнасці кабет, якія працавалі ў раскладачнай: рукі іх так мільгацелі ў яго вачах, нельга было дагледзець, як адна рука работніцы хапала скрыначку, а другая клала ў яе зразу патрэбны лік сернікаў, але ж без ліку. Толькі можна было бачыць, як ужо поўныя скрыначкі з мернасцю маятніка падалі і стукалі ўнізу ў кошыку. Словам, з цікавасцю свежага чалавека, прагна ўбіраючага ў сябе новыя адбіткі незвычайнага жыцця, Пятрусь вывучаў усе стадыі тае працы, якой ён сябе ахвяраваў. І гэтая праца пачала ісці ў яго шпарка. Ён праз кароткі час зрабіўся сталым, пільным рабочым.

Праз некалькі часу Пятрусь стаў прыглядацца больш і да сваіх таварышаў, яго цягнула да кампаніі, якое ён яшчэ не меў. Маладому хлопцу ды быць аднаму — гэта не так лёгка. Некалькі разоў пры ім было, што рабочыя, канчаючы працу, умаўляліся пайсці то туды-сюды, то клікалі адзін другога да сябе. Пятрусь жа заставаўся адзін, як не маючы блізкіх знаёмых. Праз гэта ў вольны час ён не ведаў, што рабіць з сабою. Адзін раз ён прыстаў да хлопцаў, якія звычайна на фабрыцы пераносяць скрыначкі з сушкі ў раскладачную. Але з гэтага нічога добрага не выйшла, хтосьці са старых рабочых асмяяў яго, угледзеўшы яго на вуліцы разам з блазнамі. Пятрусь парашыў, што гэта, мусіць, нешта дрэнна, і пачаў больш прыглядацца да старшых таварышаў.

Разам з Петрусём за яго станком працаваў высокі, моцны мужчына, надта маўклівы, са строгім выглядам чалавек. Пятрусь часта пробаваў разгаварыцца з ім, але, апроч кароткіх адказаў, нічога больш дамагчыся ад яго не мог. Але яго дзівіла тое, што гэты таварыш па працы ў часы дзённага адпачынку вёў доўгую гутарку з некаторымі рабочымі, для чаго яны выбіралі самы пусты пакой — сушню для сернікаў. Гэтую сушню ўсе абыходзілі, калі не было там патрэбы, бо там было надта нездаровае паветра, а гурток маўклівага таварыша знарок туды заходзіў. Петрусю гэта было цікава, і ён адзін раз пайшоў туды, каб паслухаць, аб чым там ідзе гутарка і так паасобна ад іншых. Ён бачыў, што гутарка была жваваю, але ў чым справа — не пачуў, бо пакінулі гаварыць, як толькі прыкмецілі Петруся. З сорамам выйшаў ён адтуль, і яшчэ горш сорамна яму стала, як пачалася зноў праца і таварыш яму сказаў, што нядобра падслухоўваць чужыя гутаркі, у якіх не бываеш удзельнікам.

Пятрусь пачаў адчуваць нейкую асаблівую цікавасць да свайго таварыша, але ніяк не ведаў, як яму падысці да яго. Пасобіла яму здарэнне, і не толькі пасобіла, але і зрабіла вялікі зварот у яго жыцці, развінула яго. Адзін раз Пятрусь праходзіў па раскладачнай. Тут быў і загадчык фабрыкі, які абыходзіў усіх работніц і наглядаў за іх працаю. Раптам, як гэта часта бывае з сярнічкамі, у адной работніцы, каля якое стаяў загадчык, палыхнула полымем рамка. Работніца позна схапілася, і полымя жухнула ёй у твар, рукі. Загадчык адскочыў, як корчык, а потым зноў падляцеў да работніцы — і два разы са ўсяе сілы ўдарыў яе па апаленым твары. Работніца, як мяшок, шуснула ўніз. Пятрусь стаяў і глядзеў на гэта як ачумелы. Ён абвёў вачамі ўсё вялізарнае памяшканне раскладачнае: доўгі шэраг работніц мільгацеў сваімі рукамі, нібы нічога не зрабілася, нібы гэтае здарэнне было такім звычайным. З памутнеўшым розумам кінуўся ён у сваё аддзяленне і ў рэзкіх словах выказаў усё сваё абурэнне супраць такога зневажання, па-першае, чалавека, а падругое, кабеты, якая не была пры гэтым вінавата. Яго маўклівы таварыш параіў яму маўчаць і прапанаваў прыйсці да яго ўвечары.

З гэтага дня пачалося зусім іншае жыццё Петруся. Два-тры разы ў тыдзень ён бываў у свайго таварыша па станку. Таварыш гэты ўжо не здаваўся больш маўклівым, але мог гаварыць памногу, ды яшчэ як гаварыць. Ён адчыніў перад Петрусём новы свет, новыя думкі, ён прасвятліў яму становішча яго наконт сацыяльных супярэчнасцей, маляваў яму становішча рабочых не толькі ў Беларусі, але ва ўсім свеце. У Петруся з’явіліся кніжкі, якія захоплівалі яго свежы розум, непапсаваныя пачуцці сваімі ідэямі і якія малявалі яму новае вольнае жыццё. Ужо ў часы, калі не трэба было ісці на фабрыку, Пятрусь не адчуваў нуды, адзіноцтва: ён ці размаўляў са сваімі кніжкамі, ці сядзеў у таварыша, з якім можна было весці гутаркі без канца. Фабрыка пакінула быць для Петруся цікаваю толькі сваімі машынамі, яна зрабілася больш цікаваю адносінамі рабочых і гаспадароў.

Часта, больш у святочныя дні, у Петрусёвага таварыша збіралася чалавек да дзесяці рабочых, пераважна з тых, хто складаў яго гурток на фабрыцы. Былі тут калі-нікалі рабочыя і з гуты, і з лесапілкі. Тады саймаванне прымала больш агульны выгляд у напрамку выяўлення класавых заданняў пралетарыяту. Мала-памалу Пятрусь уцягваўся ў гэтыя саймаванні, пачаў прымаць чынны ўдзел у спрэчках, перш нясмела, блытаючыся ў словах, а потым ужо ўсё больш і больш вытрымана. Яго шчырая прыхільнасць да кніжкі, пыл маладых яго гадоў зрабілі яго вельмі здатным аратарам. І цяпер у сваіх успамінах Пятрусь не мог без захаплення затрымацца на тым, як ён рабіў у той час свае прамовы, які вялікі ўплыў рабіў ён на сваіх слухачоў.

Так прайшла першая зіма Петруся на фабрыцы. К вясне ён ужо быў свядомым рабочым і карыстаўся вялікаю павагаю сярод сваіх таварышаў, нягледзячы на свае дзевятнаццаць год. Ён адчуваў сябе сярод рабочых на фабрыцы, як сярод сям’і, нуда яго па вёсцы прапала, як у воду канула.

Адзін раз — гэты вечар Пятрусь добра помніць, а сёння ён выразаўся, як на малюнку,— прыйшоўшы на сходку да свайго таварыша, ён быў здзіўлены нечаканым, неспадзяваным з’явішчам: за сталом сядзела маладая, аздобная дзяўчына. Яна была ў белай маёвай адзежы, на галаве быў паненскі капялюш. Пятрусь да таго сумеўся, што запыніўся ў дзвярах.

— Чаго ж ты запыніўся? Праходзь. Гэта — таварыш Зося,— сказаў таварыш.

Пятрусь і цяпер не мог успомніць гэтага, каб не раззлавацца на сябе за тое, як ён нясмела, нязграбна падышоў тады да гэтага «таварыша Зосі» і падаў яму сваю тоўстую шурпатую, як калода, руку.

Цэлы вечар прасядзеў Пятрусь як вады ў рот набраўшы. Народу было шмат, закладалі нейкую арганізацыю, многа гаварылі і аб заданнях, і аб планах партыйнае працы, але ўсё гэта быццам толькі стараною дасягала Петруся. «Таварыш Зося» з сваёю васемнаццацігадоваю вучонасцю і аўтарытэтам таксама прымала гарачы ўдзел у саймаваннях. Пятрусь жа маўчаў. Некалькі разоў старшыня зварочваўся да яго, ці не хоча ён што-кольвечы сказаць, але атрымліваў сістэматычнае адмаўленне. Было брыдка і нядобра на сэрцы ад гэтага, нібы звязанага, становішча. Ён многа разоў на працягу вечара збіраўся ісці дадому, сказаўшы сябрам, што адчувае сябе хворым. Але нейкая сіла прывязвала яго да ўслона, на якім ён сядзеў. Напаследак пасяджэнне скончылася.

— Я чула, што вы добры аратар,— сказала проста Зося, як разыходзіліся са сходкі.— Чаму ж вы сёння так упарта маўчалі?

Пятрусь і на гэтае запытанне прамаўчаў: сунуў паспешна на развітанне руку і, як мага, пусціўся ў свой бок.

Хто яна, адкуль яна, гэты «таварыш Зося»? Чаму яна сярод рабочых з сваімі тонкімі, белымі, як лілія, рукамі? Чаму ён маўчаў і так зняважыў сябе перад таварышамі ў такіх важных пытаннях, якія абгаворваліся ў гэты вечар? Гэтыя запытанні ўсталі перад Петрусём першы раз у жыцці, і ён шукаў на іх адказу ўсю ноч пасля таго вечара. Шукаў і знайшоў, але не ў гэтую ноч, а потым.

Сустрэчы Петруся з Зосяю з часамі рабіліся ўсё часцей. Звычайна сперш яны сустракаліся на сходках. Пятрусь памалу крыху асвойваўся, і да яго вярнуўся дар слова. Наадварот, калі чаму-небудзь на сходцы не было Зосі, то ён гаварыў шмат горш, як у яе прысутнасці. Здавалася, што яна прыносіла з сабою натхненне для Петруся, і ён нібы гаварыў для яе аднае. Таварышы прыкмячалі гэта, і раз бліжэйшы яго сябра, яго першы настаўнік, выказаў сваю нездаволенасць прасягненнем асабістых адносін у агульную справу. Але Пятрусь паглядзеў на яго такім простым, светлым поглядам, што ў таго прапала ахвота ўпікаць яго ў чым: Пятрусь і сам не разумеў таго, што зарадзілася ў ім.

Яму без канца было прыемна бачыць Зосю. Яна, як відаць, таксама шукала магчымасці сустракацца з ім: то кніжку прыносіла яму, то запытацца прыходзіла па справах арганізацыі (ён быў сакратаром), то яшчэ што-кольвечы ў яе знаходзілася. Так ішлі дні. Пятрусь як цяпер помніць, з якім непакаеннем чакаў гудка перад канцом работы, як ляцеў умывацца і затым выходзіў у гаёк каля фабрыкі, дзе чакаў Зосю.

Жыццё здавалася Петрусю пасыпаным кветкамі. Як ні таміла дванаццацігадзінная цяжкая праца, але ён скідаў з сваіх плеч увесь цяжар, як толькі канчаў работу і бег шукаць Зосю, якая дзе-небудзь ужо чакала яго. Безупынная жыццёвасць іх натур, таемнасць палітычнай дзейнасці так збліжалі іх, што яны, як дзеці, былі даверлівымі адзін да другога. Калі ім чамусьці не ўдавалася бачыцца дні два-тры, то яны таміліся як страціўшыя паўжыцця.

Але не ружова на свеце, больш таго, што ўчора было ружовым, можа сёння зрабіцца шэрым. Так і з каханнем Петруся з Зосяю. Мусіць, адносіны Зосі да Петруся зрабіліся вядомымі не толькі іх сябрам па арганізацыі, але і на баку. Ужо часта Зося, сустракаючыся з Петрусём, не была такою жыццярадаю, як уперад. Яна зрабілася задуменнаю, часта падоўгу маўчала, разглядаючы хмаркі ў небе альбо зоркі, мільгацеўшыя таемным светам у змроку ліпнёвае начы. У такія хвіліны Пятрусь адчуваў сябе як звязаным: ён мучыўся нявырашанасцю гэтае змены, а прыставаць з запытаннямі аб прычынах змены ён быццам баяўся. Праз гэта іх стрэчы пачалі рабіцца маўклівымі, і яны разыходзіліся нездаволенымі, з цяжкім сэрцам.

Апошняя іх сустрэча стала і цяпер перад вачамі Петруся, нібы адбывалася ў гэты самы час, як ён успамінаў з’явы свайго жыцця таго часу. У той памятны вечар ён не меўся сустрэцца з Зосяю і таму спакойна канчаў працу. Але вось падыходзіць адзін з таварышаў і паведамляе яму, што яго чакае нейкая паненка каля варот фабрыкі. Гэта разанула нажом па сэрцы. Ён, скінуўшы паспешна рабочую адзежу і не чакаючы гудка, выскачыў на двор. Незвычайна блядая Зося чакала яго і нейкая напружанасць відаць была ў кожнай рысцы яе пекнага твару.

— Што зрабілася?

— Пойдзем падалей, скажу,— адказала яна.

Моўчкі пакінулі яны фабрыку, моўчкі прайшлі гаёк, выйшлі ўжо ў поле. Доўга ішлі, маўчалі, не прыкмячаючы ні месца, ні далечыні ад горада. Зося ўпарта маўчала. Пятрусь чакаў чагосьці незвычайнага і быў прыгнечаны гэтым чаканнем. Але ж цяжар, які скаваў сэрца, павінен быць скінутым, бо ён дайшоў да нетрываласці хаваць яго больш дзесьці там, глыбока ў сабе. Рука Петруся сціскалася ў кулак, ён сударажна махаў кіёчкам, са злосцю збіваючы галоўкі малачаю па дарозе.

— Што зрабілася, Зося? Чаму за апошнія часы такая змена? — напаследак запытаўся Пятрусь.

— Пятруська, дарагі!

Зося кінулася на шыю Петрусю. Ён уздрыгнуў як апалены: першы раз так блізка к яму была кабета. З затуманенаю галавою абхапіў яе рукамі і ўпіўся губамі ў яе губы. Хвіліна, калі больш нічога не існавала на свеце.

— Кахаю я цябе, Пятруська! — шаптала Зося, і раптам буйныя слёзы закапалі з яе вачэй. Але гэта былі слёзы не радасці, а бязмернага гора.

— Чаго ж ты плачаш, Зося?

Замест адказу Зося пачала плакаць яшчэ мацней. Яна ўжо не толькі плакала слязьмі, а рыдала, бяссільна схіліўшыся на плячо яго.

— Зосенька, ну скажы, што з табою зрабілася?

Пятрусь гатоў быў сам заплакаць, бачачы жаласлівы твар яе. Але да яго звярнуўся розум, які стаяў на сваім — даведацца прычыны гэтага плачу, гэтых незразумелых адносін за апошнія часы.

— Кінь ты плакаць, Зоська! Мы ж ужо не дзеці, мы нават павінны стаяць вышэй усялякіх там слёз. У чым справа?

Ад гэтага цвярозага голасу Зося прыйшла ў сябе. Яна адхілілася ад Петруся, суняла плач:

— Нам... нельга... будзе больш...

— Што нельга? — не сваім голасам запытаўся Пятрусь.

— Бачыцца!

Стала страшэнна балець сэрца, быццам яму зрабілі фізічную рану. У руках і нагах такая млявасць, што вецер мог паваліць яго на зямлю.

— Чаму ж гэта? — ледзьве выгаварыў ён.

— Мне бацькі забараняюць бачыцца з табою. Яны даведаліся якімсьці чынам, мусіць, ім наплялі ліха ведае што, і вось ужо тыдні са два таму назад мне татка вялеў кінуць гэтыя «любошчы», як ён называе, а мама, як даведалася, у чым справа, дык нават свечку ставіла ў царкве за мяне. Я ўжо колькі дзён спрачалася з імі, даводзіла, што ім няма ніякага дзела да таго, каго я кахаю, каго хачу бачыць, з кім гаварыць, што рабіць. Але гэтым я нічога не пасобіла, толькі больш разгневала бацьку. Сёння ён сказаў мне, што я магу пакінуць дом, калі не паслухаю яго. Што ж мне рабіць? Пятруська, што рабіць?

— Што рабіць? Кінуць бацькоў з іх домам! — рашуча праказаў Пятрусь, да якога ўжо вярнуліся сілы.

— Кінуць, кінуць дом... А далей што будзе?

— Пажэнімся і будзем жыць, працаваць.

Зося, мусіць, чакала гэтага. У сваім каханні, першым каханні, яна яшчэ ніколі не даходзіла да такіх меж. Само гэта слова «пажэнімся» неяк прагучала так будзённа для абодвух, так нізка звяло іх каханне, што Зося не зразу знайшлася, што адказаць на яго.

— Вось як? Я... я не ведаю,— сказала яна.

— Значыцца, ты застанешся з бацькамі, паслухаеш іх?

— Я не ведаю... Што мне рабіць? Пятруська, што рабіць?!

— Я ўжо сказаў. А чаму твае бацькі не дазваляюць табе знацца са мною?

— Чаму? Які ты блазан, мусіць, як і я. Ты ж рабочы, нават не майстар, а я...

— Ведаю, можаш не скончваць.

Сэрцам Петруся завалодала пагарда. Яна ўсё шырылася, расла, засланяла сабою ўсе іншыя пачуцці. Так, ён толькі рабочы, ён сустрэўся ў жыцці не з тым, з кім можна было сустрэцца.

— Мы далёка адышлі ад горада. Дазвольце правесці вас дадому.

Яны ішлі ў цемры ночы, маўчалі. Петрусю і цяпер успамінаецца гэты зварот, як зварот з могілак. Падышлі да варот дома, запыніліся. Хацелася сказаць, што нельга рабіць таго, што рабілася паміма іх волі, што трэба кінуць гэты дом, трэба разарваць ланцуг, які звязвае волю, паралізуе яе. Доўга стаялі, нічога не сказалі.

— У арганізацыю таксама бацька вас не пускае? — з горыччу, але і насмешна запытаўся Пятрусь.

— Не ўпікайце мяне, зразумейце, хто я,— цяжка праказала дзяўчына.

Стаялі яшчэ гадзіну-другую, стаялі, як нямыя, без мовы. Не было сілы разысціся. Дзесьці пракрычаў пятух, блядая палоска зары была ўжо на ўсходзе.

— Вам холадна, ідзіце ў дом,— сказаў Пятрусь.

— Не кляніце, не зневажайце мяне. Я не вінавата.

Як прызрачная цень, скалыхнулася яе белая постаць і схавалася за варотамі. Ляпнула клямка. Перад Петрусём пустое месца. Зразу зрабілася так пуста, так адзінока, што здавалася, ён адзін застаўся на свеце, а больш няма нічога.

Потым у тую ноч ён у гайку каля фабрыкі плакаў, плакаў, як малое дзіця ад пагарды.

Успомніў гэты плач цяпер Пятрусь Грышан, загадчык павятовага аддзела асветы, засаромеўся, нават раззлаваўся на сябе за тое, што калісьці быў такім мяккім блазнам.

А далей? Ён яшчэ раз бачыўся з Зосяю. Яго разам з некалькімі таварышамі судзілі за нелегальную дзейнасць. Як вялі іх разам пад канвоем на станцыю чыгункі для адпраўкі ў астрог, па дарозе — выпадкова ці не — сустрэлася Зося. Яна кінула кароткі позірк на Петруся і адвярнулася. Потым праз год выпусцілі з астрога і забралі ў салдаты на вайну. Жыццё закруцілася. Вайна, рэвалюцыя, голад, Юдзеніч, Врангель, палякі. Безупынная гонка, праца, знемажэнне, напружанне ўсіх сіл у барацьбе. Далей мірная праца, трэці фронт. Усе асабістыя імкненні страцілі ўсякую значнасць, не было ім ні часу, ні магчымасці. Зося канула ў мінулае, захавалася за смерчам жыцця. Калі-нікалі гэты эпізод прыходзіў на памяць, але, апроч усмешкі, нічога не выклікаў у яго.

Чаму ж гэта сёння ён вось едзе па гэтым лесе і нічога не прыкмячае па дарозе? Чаму ўсе яго думкі, усе ўспаміны сканцэнтраваліся на гэтых з’явішчах жыцця, якія адышлі, здавалася, назаўсёды і забыліся?

Як ён выходзіў з памяшкання народнага дома ў Стажарах пасля мітынгу, што ён сам праводзіў, у дзвярах да яго падышла нейкая кабета, якую ён зразу не мог разгледзець з-за цемнаты.

— Добры вечар,— сказала яна.— Мы калісьці зналіся з вамі.

Голас такі знаёмы, але хто ж гэта? Перад ім стаяла аздобная ці то кабета, ці дзяўчына і з цікавасцю разглядала яго.

— Вы мяне не пазнаеце?

Пятрусь аж адступіў ад сумнення. Гэта была Зося Яніцкая. Яны перакінуліся агульнымі ўспамінамі, не зачапляючы ўласных адносін. Але доўга нельга было гаварыць, трэба было Петрусю ехаць яшчэ ў адну вёску. Ён крануўся да выхада.

— Я так рада, што стрэлася з вамі,— сказала Зося, як яны былі ўжо на вуліцы.— Часта, надта часта, я ўспамінала вас, і цяпер мне здаецца, што мы не разыходзіліся з вамі ніколі,— ціха дабавіла яна.

Гэтыя словы вось ужо другі дзень непакоілі Петруся Грышана, загадчыка павятовага аддзела асветы. Гэтыя словы пабудзілі ў ім успаміны, гэта яны адабралі ў яго спакой даследчыка лесу, як варочаўся да сябе ў горад.

 

ІІ

Дагэтуль у Петруся Грышана былі толькі дзве хваробы: першая — пастаянная іdее fіхе аб разбуранасці школьных памяшканняў і другая — комплексы ГУСа. Над тым, як выкраіць сродкі, каб паправіць тую ці іншую школу, ён думаў дні і ночы, думаў на службе і дома, у дарозе і на начлезе. Ад гэтае думкі ён то прыходзіў у поўную адчайнасць, то ў захапленне, калі яму здавалася, што знайшоў правіловую дарогу для пэўнага вырашэння гэтага цяжкага пытання. Як толькі яму ўдавалася бачыць палаплены дах школы альбо вымаляваную падлогу, то ён гатоў бы прыскокваць ад радасці. Усяго сябе ўкладаў ён у справу адбудовы школы, не спаў начэй, вылічваючы, плануючы, што, дзе і як зрабіць. І справа пасоўвалася ў яго шпарка, але ніколі не здавальняла яго: яму ўсё здавалася мала зробленым, ён пераконваў усіх і сябе, што нічога не зроблена, што трэба ратаваць школу.

Другое — гэтыя агідныя комплексы ГУСа. Вось гусь, дык гусь! Ніяк яе не зловіш. Здаецца, усё так добра распланавана, так ладна можна прыпасаваць гэты комплекс, а як толькі дойдзе справа да выканання, дык то ў той, то ў іншай школе настаўнікі пачынаюць крывіцца, мармытаць, кепска праводзіць план. Хто тут вінаваты: ці комплекс, ці самі настаўнікі? Гэта была такая загвоздка для Петруся, што ён траціў голаў над выясненнем сабе гэтае супярэчнасці. Чытаў усё, што пісалі аб новым метадзе, але ніяк не мог вывесці дасканалых вынікаў з гэтых тэарэтычных спрэчак між непрыхільнікамі і абаронцамі комплексу. А вырашыць сабе трэба, бо як жа іначай кіраваць школамі. ГУСаўскі комплекс зрабіўся для Петруся нейкім фантомам, які таксама, як і разбуранасць школ, мучыў яго, але заўсёды прыкоўваў да сябе яго ўвагу.

З таго вечара ў Стажарах, як ён так нечакана спаткаўся з Зосяю, у яго з’явілася і трэцяя хвароба. Першыя дні яна падавала аб сабе весткі нясмела, украдкаю: наляціць на хвіліну, а потым згіне на нейкі час, каб зноў потым напомніць аб сабе. Але з часам гэтая непакойная госця пачала праходзіць усё часцей ды часцей паміма волі і жадання Петруся. Часта, як ён вылічваў рублі і капейкі на дапамогу якой-небудзь надта беднай школе, раптам замест радка лічбаў у вачах станавілася Зося, нават дзве — тая тоненькая дзяўчынка, што прыходзіла ў белым капялюшыку на сходкі, і другая, ужо дарослая дзяўчына з пекнымі формамі кабеты, што падышла да яго ў Стажарах. Ён пробаваў праганяць гэтыя мары ад сябе, з напружанасцю прымаўся разбіраць які-небудзь комплекс, выпрацаваны інспектарам і перададзены яму для азнаямлення. Вось ідзе ўсё добра: у комплексе «зіма», і сняжок ёсць, і шмат усяго іншага — як выглядае лес, поле... Поле... Так, гэта было ў полі, далёка ад фабрыкі, як яны ішлі моўчкі, і ён забіваў на смерць бедны малачай.

А цяпер: ці вы мяне не пазналі? Пазнаў, як не пазнаць, як забыцца аб такім непрыемным здарэнні, як тыя слёзы ў гайку... Зноў Зося...

Загадчык павятовага аддзела асветы Грышан ускокваў са свайго крэсла і пачынаў мітусіцца па пакойчыку. Ён ужо не пробаваў выгнаць з’яву Зосі комплексамі ГУСу — апошнія сарамяжа хаваліся ў куток за шафу і чакалі, пакуль надыдзе іх чарод. Пятрусь з сур’ёзным тварам, нібы абмазгоўваў план усеагульнага навучання, хадзіў наўскось з кутка ў куток. Ён дзівіўся сабе, як гэта можа паміма яго волі лезці яму ў голаў, аб чым яму няма патрэбы думаць. Зося, ну што ж Зося? З ёю ўсё скончана тады, у той вечар, каля варот яе дома, а калі гэтае выпадковае спатканне зноў пабудзіла ўспаміны, то яны павінны патухнуць, як іскры ад перагарэўшага кастра: вецер падзьме — яны заззяюць, каб хутчэй зусім змеркнуць. Спатканне ў Стажарах — гэта той самы вецер. Ён павінен патушыць астатак таго самага цяпла, якое дзесьці яшчэ хавалася. Ці ж гэта тая самая Зося? Тая была вясёлая, як ясная раніца ў раннюю вясну, а гэтая... Гэтая? Хто яе ведае, якая яна. Хараства і ў гэтай шмат. Але ж гэтая, другая Зося, нясе ад першае крыўду, аб якой нельга забыцца, ніколі нельга забыцца. Рабочы і паненка, вядома, не па дарозе.

Можна было кінуць яго, можна было зачыніць назаўсёды вароты.

— А для чаго ты цяпер падыходзіш? Чаму ты пытаешся, ці пазнаю я цябе? Можа, таму, што я не стаю каля станка?! Прэч, я не хачу думаць аб табе!

Пятрусь гаварыў гэта моцна. Пачуўшы свой голас, ён ачнуўся, і фарба сораму за сябе залівала яму твар. Так бывала часта.

Некалькі часу згадзя пасля першага спаткання з Зосяю здарэнне прывяло Петруся зноў да яе. У сумежным са Стажарамі раёне адбывалася настаўніцкая канферэнцыя, куды павінны былі прыехаць і стажарцы. Канферэнцыю павінен быў праводзіць сам Грышан. Толькі ў той дзень, як яму трэба было выязджаць з горада, Пятрусь успомніў аб тым, што на канферэнцыю прыедуць і стажарскія настаўнікі, ну, а ў тым ліку... і Зося. Як ён здагадаўся аб гэтым, то перш за ўсё ў яго з’явілася думка не ехаць туды, каб ухіліцца ад спаткання — трэба паслаць свайго памочніка, рашыў ён. Але потым яму зрабілася сорамна за сябе, за сваю боязнасць. І ён паехаў.

Можа, толькі вучань адчувае сябе так, выходзячы на экзамен і не будучы добра ўпэўнены ў сваіх ведах, як адчуваў сябе Пятрусь, адкрываючы канферэнцыю. Стажарскія педагогі запазніліся і ўвайшлі ў памяшканне, дзе адбывалася канферэнцыя, якраз у тую хвіліну, як Грышан падняўся і раскрыў рот гаварыць. Перад яго вачамі мільгануў жывы вобраз Зосі. Нешта кальнула яго ў сэрца, голас асекся. З вялікім напружаннем волі ён узяў сябе ў рукі і пачаў гаварыць аб заданнях канферэнцыі. Прамова яго выходзіла нейкаю няўверанаю, крыху няяснаю, голас часта зрываўся. Пятрусь адчуваў гэта; яшчэ больш мяшаўся. Аўдыторыя была крыху збянтэжана, ведаючы Грышана, як добрага прамоўцу. Пад шэпты ў зале Пятрусь скончыў, сеў. Адчуваў сябе гадка і стараўся адводзіць пагляд з таго кутка, дзе сядзела Зося.

Пасяджэнне зачынена. Пачуліся гутаркі, смех. Да Петруся падыходзілі настаўнікі з рознымі запытаннямі, але рэдка хто меў належны адказ. Пятрусь праціснуўся цераз натоўп таварышаў, накіроўваючыся к выхаду. Яго чакала Зося з яснаю, як сонца, усмешкаю на твары.

— Добры вечар,— і яна падала яму сваю руку з тонкімі пальцамі.

Мусіць, на твары Петруся адбілася нешта нядобрае, бо Зося зразу страціла сваю яснасць і прыбавіла вінаватым голасам :

— Выбачайце мяне за маю смеласць. Можа, вам непрыемна спатканне са мною?

Пятрусь нічога не адказаў на гэта, і яны паціху падыходзілі цёмнымі сенцамі да выхаду. Каля дзвярэй ён спацёмку наткнуўся на яе плячо, і доўга пасля гэтага лапаў рукою па дзвярах, пакуль знайшоў клямку — рука дрыжала.

Выйшлі на вуліцу. На дарогу з вокан школы, дзе адбывалася канферэнцыя, лажыліся доўгія палосы свету. Петрусю то да страты розуму хацелася, каб Зося ішла між дзвюх светлых палос і каб можна было быць бліжэй да яе не прыкмечаным збоку, то, наадварот,— каб яна была ў бляску і знаходзілася далей ад яго. Зося ж ішла побач з ім, крыху ўперад, і паглядала на яго, чакаючы адказу на сваё запытанне.

— Чаму ж вы не адкажаце на маё запытанне? — урэшце не стрывала яна.

— Не пытайцеся лепш у мяне аб гэтым,— адказаў ён.

Голас яго быў няроўным.

— Яшчэ раз выбачайце: ці здаровы вы? Сёння вы гаварылі з такім напружаннем, што ўсім здалося, як быццам вы хворы,— з вялікаю ласкаю ў голасе сказала Зося.

Мільён розных пачуццяў абурыўся на Петруся. Гэтая ласка, непакойства за яго, якое яму не траплялася ні чуць ад іншых, ні адчуваць самому, напоўніла яго незвычайным цяплом, а разам з гэтым успамін аб яго прамове абудзіў злосць на няўдаласць. А хто вінаваты ў яго сённяшняй няскладнасці? Яна, Зося, як і тады, шмат гадоў таму назад.

— Нічога са мною дрэннага не зрабілася,— адказаў ён.— Я здаровы, дзякуй.

Зося ў свой чарод была пакрыўджана, але не столькі яго адказам, як тым, як гэты адказ быў зроблены. Яна адчула, што Пятрусь мае варожасць да яе, не хоча гаварыць з ёю і, мусіць, маркоціцца яе прысутнасцю.

— Я так жадала спаткацца з вамі, але вы, мусіць...

Пятрусь быў у гэты момант надта блізка ад яе. З яе вуснаў гатова было сарвацца слова пагарды, але яна ўстрымалася.

— Вы чакалі мяне? — запытаўся Пятрусь.

Яна не хутка адказала. Пятрусь чакаў адказу з трывогаю ў сэрцы.

— Чакала.

— А я не чакаў вас бачыць, не хацеў вас бачыць! Гэта з-за вас я сёння, як школьнік, барматаў сваю прамову.

У словах яго была вялікая злосць. Ён крычаў, а не гаварыў. Зося сперш жахнулася ад яго голасу, а потым усмешка шчасця і радасці асвяціла яе твар, толькі Пятрусь не бачыў гэтага. Ён, наадварот, сам спалохаўся свае жорсткасці, яму стала брыдка.

— Ну, мне сюды, бывайце здаровы! — і Зося хутка прапала ў цемры ночы.

— Там... Таварыш Яніцкая, пачакайце!

Адказу не было. Зося не вярнулася.

Пятрусь доўга стаяў на адным месцы. Чакаў, што вернецца. Страшэнна хацеў, каб вярнулася, але яе не было, нібы цемра знішчыла яе...

На другі дзень Зося не прыходзіла на канферэнцыю. Грышан, седзячы за сталом пасярэдзіне, нервова паварочваў голаў да дзвярэй, як толькі яны адчыняліся. Ён чакаў, чакаў нават у апошнюю хвіліну, як зачыняў канферэнцыю. Але Зосі не было. Падрабляючы свой голас пад спакойны, ён спытаўся ў старажоўскіх, чаму няма таварыша Яніцкай.

— Яна сказала, што кепска сябе адчувае і паехала дадому,— атрымаў ён адказ.

Варочаўся Пятрусь з канферэнцыі з цяжкаю галавою. Зноў, як ў мінулы раз, ні лес, ні поле не займалі яго. Думка яго ўвесь час круцілася над тым, як ён дрэнна абышоўся з Зосяю.

— Так ёй і трэба,— думаў ён, аднак, падчас. Трэба было б спагнаць на ёй мае слёзы ў гаёчку, трэба было не падараваць ёй панства.

Але побач з гэтым ўсплываў успамін аб цёмных сенцах. Гарачае, круглае плячо. Якім страшэнным агнём апаліла яна яго! І як жадалася б яшчэ і яшчэ без канца адчуць гэты агонь на сабе. Пры адным успаміне аб гэтым сэрца Петруся трапыхала, як птушка ў сіле.

Прыехаўшы дадому, Грышан замкнуўся ў сваёй каморцы, нібы сеў за вялізарны навуковы твор. Але на самай справе і замыкацца не было чаго: на маленькім кавалачку паперы ён напісаў радкі тры-чатыры, у якіх ён прасіў таварыша Яніцкую падараваць яму яго жорсткасць: гэта недамаганне вінавата ў тым, што ён быў злым.

«Трэба быць вытрыманым чалавекам ва ўсякіх абставінах,— думаў ён, заштукоўваючы канверт.— Я надта паддаўся гэтым настроям і пакрыўдзіў за нішто таварыша Яніцкую. Вось і папраўлю сваю нявольную абмылку».

Адаслаўшы ліст і зрабіўшы гэтым усё, што ад яго было патрэбна ў гэтым сэнсе, Пятрусь спакойна заняўся школьнаю сеткаю, якая гусцела з кожным годам. З асобным замілаваннем ён займаўся вясковымі сямігодкамі. Калі ён вучыўся ў двухкласным вучылішчы, дык і то лічыўся немаведама якім знаўцам у сваёй вёсцы, а цяпер — сямігодка, гэта ўжо зусім добра. Толькі як бы яшчэ гэтыя комплексы, на іх ліха, падагнаць, як трэба. З імі не ўсё добра, і Пятрусь бярэцца за новыя артыкулы ў часопісах аб гэтым метадзе навучання.

Зося не надта шкодзіла яго працы.

Што Зося тады, не дачакаўшыся канца канферэнцыі, паехала дадому, па думцы Петруся, сведчыла аб тым, што яна знайшла абыходжанне з ёю з яго боку крыўдным і, мусіць, парашыла больш не сустракацца з ім. Зразу гэта было як быццам надта прыемным Петрусю; тым лепей, думаў ён, што справа так скора, упачатку ўжо скончылася і гэтая хвароба спадае з яго. Але гэтая здаволенасць была неглыбокаю, яна толькі здавалася яму. Дзесьці глыбока сядзеў жаль страты, жаданне новага спаткання. Як ён ні дамагаўся падмацаваць сябе думкаю аб мізэрнасці, нявартасці гэтага таемнага жадання, яно валодала ім больш, як настрой супярэчнасці гэтаму пачуццю. У той час, як супярэчнасць грунтавалася на довадах розуму і патрабавала нейкае, хоць часовае, але яснае пабудоўкі, тое няяснае, таемнае пачуццё, якое ён праганяў ад сябе, трымалася пастаянна, толькі на нейкі час уступаючы месца першаму. Пятрусь усё ж такі быў спакойнейшым цяпер, чымся пасля першага спаткання. Комплексы ўжо радзей хаваліся ў куток за шафу, варожа паглядаючы на Зосіну цень.

Прыйшоўшы раз на службу, доўгі час згадзя пасля тае канферэнцыі, Пятрусь знайшоў на стале нераскрыты канверт. Разарваўшы яго, ён выняў лісток добрае паперы. Старажоўская сямігодка запрашала яго на нейкі там вучнёўскі вечар. На другім баку была прыпіска: «Вы павінны быць безумоўна. Зося». Так і падпісала «Зося», а не Яніцкая. Што гэта азначае «павінны быць»? Загад, ці што? Адкуль гэтае права загадваць?

Пятрусь было адкінуў убок гэты ліст да другіх папер, потым узяў яшчэ раз у рукі, прачытаў зноў пяць слоў з другога боку. Многа чытаў ён за дзень усялякіх адносін, рахункаў, але рука часта брала зусім без патрэбы старажоўскія запросіны. Калісьці былі інстытуткі, думаў Пятрусь, якія па сто раз у дзень перачытвалі свае лісты, а тут — на табе! камісар зрабіўся інстытуткаю.

— Не паеду я,— парашыў Пятрусь,— трэба скончыць усю гэтую камедыю. Вырваўшы кавалак паперы з блакнота, ён з націскам вывеў: «Дзякую за памяць, не прыеду». Падумаў крыху і дадаў: «Нам не па дарозе. Грышан». Спяшаючы, быццам баяўся раскаяцца ў зробленым, заклеіў канверт, надпісаў адрас і аддаў сторажу аднесці на пошту.

— Вось цяпер ужо ўсё! — сказаў ён, як зачыніліся дзверы за пасыльным. «Скончана, ты думаеш?» — запытаўся нейкі маленькі насмешны злодзей у ім самім.

Пачаўся дзень, у які павінна была адбыцца вечарына ў Стажарах. Зранку Пятрусь быў на службе, нічога асаблівага з ім не было. Пасля ж работы, як ён прыйшоў дадому, з ім стала нешта нядобрае — непакойства не давала магчымасці ўзяцца за якую-небудзь работу. Ён гадзіну-другую хістаўся наўкось пакойчыка, садзіўся за стол, браўся за кніжку, але нічога не лезла ў голаў. Напаследак кінуў усё і пачаў апратвацца...

Калі Грышан пад’язджаў к Стажараўскай школе, вечар быў у самым распачынку. Ён увайшоў якраз тады, калі гасілі лямпы, збіраючыся паказваць нешта на экране. Застракатаў, як сто конікаў у траве, кінематограф. На Петруся ніхто не звярнуў увагі. Ён стаў у кутку, і яго зусім не было відаць. Вочы пачалі прывыкаць да цемнаты, і Пятрусь некалькі разоў абводзіў вачамі ўсё памяшканне. Зосі не было.

Стракат скончыўся. Вачам стала балюча ад святла лямпы.

— А, Пётра Халімонавіч, вы такі прыехалі, а мы вас чакалі-чакалі! Проша,— і загадчык школы павёў Грышана на пярэднія парты.

У праграме вечара зразу цяпер стаяла чытанне вершаў Купалы. Чытаць павінна была Зося. Яна дзесьці замешкалася, усе з нецярплівасцю паглядалі ўжо на дзверы сумежнага пакоя.

Зося ішла з апушчанаю галавою, невясёлая. Відаць было, што яна з вялікаю неахвотаю адбывае свой абавязак. Яна выйшла на сярэдзіну, падняла голаў — і маўчала. Кніжачка ў яе руцэ дрыжала.

— Вы... выбачайце, я сёння не магу дэкламаваць!

Пятрусь агідна-здаволена кінуў позірк на збянтэжаную Зосю. Яна злавіла гэты позірк, уздрыгнула і нявернымі крокамі сышла з эстрады. Усё, што рабілася далей на вечары, не займала ніколі Грышана. Некалькі разоў к яму прыходзіла думка сесці на воз і вярнуцца ў горад, пакуль не позна. Але нанесці другую пагарду, на гэты раз быццам наўмысля, у Петруся не хапіла рашучасці.

Зося доўга не паказвалася на вечарыне. Пятрусь думаў, што яна ўжо зусім не выйдзе, і яму рабілася дрэнна на сэрцы ад разумення, што ўся яго паездка прымае нейкі вадэвільны характар, дзе ён сам грае ўжо зусім смешную ролю, блазенскую ролю. Але вось Зося выйшла, і на дзіва ўсім — зусім вясёлая, аздобная. Ад усяе постаці яе веяла нейкаю бясконца прыцягальнаю сілаю.

Быў апавешчаны перарыў. Пятрусь устаў з свайго месца. Яго чакалі вочы Зосі, уся яе постаць была чаканнем.

— Вы сёння нездаровы,— з хітраю ўсмешкаю падышоў Пятрусь да яе.

— Так, нешта нядобра,— адказала яна,— зачырванеўшыся.

— Выйдзем крыху на паветра.

Каля школы быў ладны лясок. Яны выйшлі туды. Пад нагамі шуршала лісце. Цёплая хустка, накінутая на плечы Зосі, чаплялася кутасамі за суччы яблынь, за кусты агрэсту. Адчэпліваючы яе, Зося часта прыпынялася і затрымлівала Петруся, які праз гэта раз-поразу датыркаўся яе. Блізкасць была спакуснаю.

— Я павінен прасіць у вас падараваць мне,— сказаў ён.

— Завошта? — запыталася Зося.

— За маю нявытрыманасць. То я пісаў, што не прыеду, а то — і ўвесь тут.

— А як па-вашаму, гэта добра ці нядобра?

— Для пралетара, для рэвалюцыянера — нядобра.

— А для Петруся Грышана, без іншых званняў,— добра?

Пятрусь прыпыніўся, хвіліну маўчаў.

— Можа, кепска было б іншае.

Зося лёгка кранулася рукою яго рукі:

— Слухайце, скажыце мне ўсю праўду: вы надта варожы да мяне за тое, што тады, даўно было?

Як на гвозд наступіў Пятрусь босаю нагою.

— Якое права маеце вы пытацца аб гэтым? Што вам за дзела да таго, што я адчуваў тады, што адчуваю цяпер? Вы зачынілі вароты перада мною, пакінулі на вуліцы, пайшлі пад крыло маткі. Вам быў патрэбен Петрусёк для забавы, а як гэтая забава перайшла ў нешта большае, вы спалохаліся разам са сваімі бацькамі. Дый дзе ж мне да вас? Быў чуць не чорнарабочы, а вы — паненка, забаваю для якое, куклаю была палітычная дзейнасць, між іншым. Што ж я павінен цяпер адчуваць да вас?

— І вы ўсё ж прыехалі сюды,— з ласкаю, гордасцю, разам з тым з невыразнаю ўцехаю сказала яна.

— Вы і цяпер пацяшаецеся нада мною! Ну, прыехаў, але для таго, каб сказаць вам, што мне лістоў пісаць не трэба, а...

— А што?

— Вось што!

Дзве моцныя рукі абхапілі Зосю, твар яе загарэўся ад тысячы пацалункаў. Яна была захоплена імі, страціла ўсякую памяць і аддавалася з пылам доўга стрымліванага пачуцця яго мілаванням. Халодны вецер асенняе ночы здаваўся для іх гарачым дыхам ліпня.

— Можа, табе матка зноў не дазволіць знацца са мною? — гледзячы блізка-блізка ў вочы Зосі, пытаўся ён.

— Не ўспамінай, Пятруська, таго, што прайшло: будзем жыць тым, што ёсць цяпер. Ты ж кахаеш мяне, праўда?

— Не, не кахаю!

— Ты не жартуй гэтым. Ніколі, глядзі, такіх слоў не кідай. Чуеш, ніколі!

— Можа, сказаць — на векі твой, як пісалі калісь у кніжках?

— І гэта не жарты.

— А я ўжо, калі трэба забыцца зусім аб тым, мінулым, то раіў бы не заглядаць у будучыню. Цяпер усё нашае, а што будзе далей — нас не павінна цікавіць.

— Ну не, я крыху не згодна! Цяпер такая пошасць пайшла: сыдуцца людзі, глядзіш — цераз месяц-другі ўжо яны чужыя. Так нельга.

— Я ў цябе запытаюся, Зоська: ты кахала мяне, чакала ўвесь час, як мы зноў спаткаліся?

Зося прыліпла да яго так шчыльна, што можна было чуць кожны стукат яе сэрца.

— Увесь час кахала.

— А я цябе і кахаў, і праклінаў. Але каханне, як бачыш, мацнейшым мусіць быць. Ну вось, каб мы не кахалі, дык ці сышліся б тут?

— Мусіць, не, вядома.

— Так. Ну калі потым пакінем кахацца, то няўжо ж станем жыць разам?

— Не, не гавары так, Петрусёк. Не гавары. Толькі пачынаецца наша шчасце, а мы ўжо немаведама аб чым завялі гутарку.

— Я і кажу, што не варта заводзіць, а лепш вось што...

І Пятрусь абняў Зосю. Як усім здаволеныя багі, сядзелі яны на сваім услончыку-троне; ноч восені напявала ім не песні жальбы, як звычайна, а вясёлыя, жыццярадныя спевы ружовае вясны...

— Таварыш загадчык, дзе гэта вы запрапалі? — данёсся з ганка голас аднаго з настаўнікаў.

— Я тут, зараз іду.

У школе ўжо дзяцей не было. Вечарына скончылася, і ў пустым памяшканні толькі заставаліся настаўнікі і настаўніцы як гэтае школы, так і дзвюх ці трох суседніх. Як толькі Пятрусь з Зосяю ўвайшлі ў поўны святла пакой, усе азірнулі іх хітра-весела.

— Ці не чытала вам таварыш Яніцкая вершаў, якія яна забылася прадэкламаваць усім нам? — запыталася адна ўжо значна пажылая настаўніца.

— Хочаце, я вам прадэкламую:

«Я кахаю цябе,

Як зорку цёмнай ночы...»

— Адкуль гэта? — запытаўся сур’ёзны, з акулярамі, бляды настаўнік.

— Цёмная ноч, браце, творыць паэта,— весела падміргнуўшы, адказаў яму загадчык школы, ужо немалады, але жыццярады мужчына.

— Дык вы не хочаце слухаць? Я кіну,— ззяючы незвычайнаю вясёласцю, прагаварыла Зося.

Вочы яе шукалі Петруся і дэкламавалі яму працяг. Ён разумеў гэтую дэкламацыю без слоў, хоць, здавалася, надта ўважліва слухаў свайго сябра, з якім вёў ужо гутарку аб школьных справах.

Позняю ноччу варочаўся на гэты раз дадому Пятрусь Грышан. Адзіноцтва дарогі, цемень асенняе ночы не былі нудны яму. Чорная таемнасць лясоў, здавалася, захоўвала ў сваіх нетрах непазбыўныя запасы тае сілы, якая адчулася сёння ў ім самім. Гэтыя сілы насіліся пад гротамі ялін, нашэптвалі спевы жыцця, жыцця без канца. Адчуваючы гэтыя спевы свайго сэрца, Пятрусь пераконваўся яшчэ раз у сваёй сціслай сувязі з прыродаю, у яе магутнай творчасці, непазбыўнасці... Няхай у прошласці была крыўда, надлом, але тое прайшло. Цяпер перад ім кабета, поўная сілы, кахання, моцная бязмерным імпульсам жыцця, здольная гэты імпульс перадаць і яму. Значыць, няма чаго займацца рэфлексамі ўспамінаць старую крыўду, якая паходзіла ад сапсаваных поглядаў, старое псіхалогіі і неправіловага сацыяльнага ўстрою. Цяпер усё гэта перавярнулася, адышло разам з тым класам, які яго ўтварыў.

Пятрусь адгортваў новую старонку жыцця.

 

ІІІ

Так для Петруся Грышана пачалося новае жыццё, зусім не пасуючае да яго папярэдняга жыцця.

Уперад ён займаў маленечкую каморачку ў муніцыпальным доме. У гэтай каморцы было два акны на двор, даўно нябеленыя сцены з партрэтам Леніна на адной з іх, невялічкі столік, пакрыты дзіраваю цыраткаю з малюнкам палявання, два крэслы і ложак з праваліўшымся сенніком, з трыма ножкамі (чацвёртую замяняла калодка). На вокнах і на століку валяліся кіпы кніжак і газет. Больш ніякае мэблі не было. Толькі ў кутку стаяў просты хваёвы куфэрак з невялікім скарбам гаспадара — некалькімі парамі бялізны з бязі ды старымі гамашамі. Гэты куфэрак пабачыў на сваім жыцці столькі, як і сам яго гаспадар,— мусіць, аб’ездзіў усе савецкія рэспублікі. Ён ужо быў зашмучаны, брудны, але Грышан не мог з ім расстацца: як-ніяк — шчыры таварыш, хоць часам і рэзаў плечы.

Звычайна Грышан, калі не быў на службе альбо не ездзіў па павеце, то сядзеў дома і чытаў. Гэты вясковы хлопец, потым рабочы фабрыкі, быў здольны цяпер у шмат якіх пытаннях, асабліва сацыялагічных, заткнуць за пазуху многіх прызнаных прафесараў. Ну а што належала да мастацтва гаварыць, то лепшага мітынговага аратара павет не ведаў: можа, яму пазайздросціў бы шмат хто і з тых, хто карыстаўся большаю папулярнасцю. Такая здольнасць Петруся мела сваёю крыніцаю яго незвычайную зацікаўленасць пытаннямі як тэорыі, так і практыкі сацыяльнага навучання.

Згодна гэтаму навучанню было пабудавана і яго асабістае жыццё. За доўгія гады вайны, вандроўкі ён зусім вытравіў у сабе ўсякія нават прыкметы ўласніцкіх тэндэнцый. Гэтых поглядаў ён, аднак, не прогся начэпліваць другім, думаючы, што ўсё гэта зробіцца і з іншымі з часам. У яго ж у самога ўжо і ў псіхалогіі не было ўхілу да набыцця чаго б то ні было з маёмасці. Нават яго бедная мэбля належала не яму, а Камгасу. Дзеля гэтага, калі яму патрэбна было пераязджаць, то ўся яго маёмасць, апроч кніжак, змяшчалася ў куфэрку, які ён мог несці ў сябе за плячыма.

Кніжак было, праўда, многа, і лік іх усё ўзрастаў, бо Пятрусь траціў на іх усякую вольную капейку.

Вось у гэтую каморку з’явілася ў адзін дзень Зося, і ўсё пайшло па-іншаму, пачалася ломка. Прыйшоўшы са службы, Пятрусь не пазнаў свае каморкі і перш думаў, што па абмылцы папаў у чужую хату. Кніжкі яго кудысьці прапалі, і трэба было доўга шукаць іх, хоць яны, як выяснілася, стаялі ў чынным парадку на з’явіўшайся адкульсьці палічцы. Столік быў пакрыты белым абрусам, такім белым, што неяк нялоўка было да яго падступіцца. Яго таварыш — куфэрак загінуў, і знайсці яго зразу так і не ўдалося. На сцяне, супраць Леніна, з’явіўся Талстой. Ложак быў пакрыты цёмнаружовым дываном, на які ўжо нельга было легчы так проста, у чым стаіш. Гэтая змена была прыемна для вачэй, але зусім не пасавала з Петрусёвымі звычкамі. Пры адным поглядзе на ўсё гэта нешта непрыемнае прайшло па твары Петруся: гэтая палічка з расстаўленымі кніжкамі, як у струнку, белы абрус, прыбраны, як на свята, ложак — уносілі чужыя звычкі, пабочны светапогляд.

— Ну як падабаецца табе, як я прыбрала тваю нару? — запыталася яго Зося, як ён агледзеў усё ў каморцы.

Яна сама ззяла пекнатою, чыстатою, ружовым колерам свайго твару, статнаю постаццю; яна прыдавала нейкае фізічнае сілы ўсяму, што было вакол.

— Добра, добра, што і казаць,— пахваліў Пятрусь.

Палуднавалі дома — у харчэўню не трэба было ісці. Пятрусь хацеў было хадзіць і цяпер туды, каб не займацца жонцы дома гэтымі кухоннымі справамі, але спаткаў такое вострае змаганне Зосі, што прымушаны быў згадзіцца з ёю.

— Як гэта жанатым людзям хадзіць у нейкія там харчэўні ды есці немаведама што, а, з другога боку, і людзі засмяюць.

Чаму людзі і якія людзі засмяюць, калі яны пойдуць у харчэўню, Зося не сказала. Ну што ж, дома — дык дома, хоць гэта і супраць яго поглядаў.

Так з малых рэчаў пачаўся нейкі наступ на асобу Петруся. Уздумаў ён чытаць, шукаў доўга патрэбную яму кніжку і лаяў гэты парадак на палічцы. Кніжку знаходзіў, пачынаў чытаць.

— Пятруська, кінь ты чытаць, паспееш начытацца. Мне невясёла адной сядзець і маўчаць. Ідзі да мяне.

І Пятрусь мусіў пакідаць кніжку і размаўляць з жонкаю. Праўда, гэта было спачатку не так ужо дрэнна, бо ласкі жонкі давалі яму найвялікшую асалоду. Але аднаўленне гэтага засілля волі кожны дзень з часамі пачало станавіцца прыкрым.

Прайшлі адзін, два месяцы. Новы дух панаваў у каморцы. Пятрусь адчуваў нейкую звязанасць, але трываў і нічога не гаварыў жонцы, не хочучы выклікаць размову аб падрабязгах. Але ўсё часцей зараджаліся дробныя непаразуменні; ім толькі нельга было разрасціся, бо яны нішчыліся ў ласках кахання. Толькі адзін раз мела месца досыць вострая гутарка. Яе завяла Зося, пачаўшы з таго, што ёй нудна адной дома, што яна не бачыць людзей, сваіх знаёмых. На запытанне Петруся, чаму ж яна чужаецца знаёмых, яна адказала, што, наадварот, людзі чужаюцца яе, бо не вельмі ахвотна ідуць да іх у госці.

— Чаму ж гэта так? — зацікавіўся Пятрусь.

— Па-першае, ты не ўмееш абыходзіцца з людзьмі, а па-другое — і прыняць у нас недзе,— з чуць прыкметнаю злосцю адказала яна.

Пятрусь пакрывіўся. Гэтыя жончыны «знаёмыя» ўжо зараней зрабіліся яму непрыемнымі.

— Калі я не ўмею абыходзіцца з імі,— адказаў ён,— то гэта невялікая бяда: ты, мусіць, сама справішся з гэтым, мне і не трэба. А што невялікая наша каморка, дык я хацеў бы ведаць, у якіх палацах жывуць твае знаёмыя і хто яны такія.

— Хто б яны ні былі, а не сядзяць у гэткіх клетках. Вось і матка была ў мяне сёння — і то дзівілася.

— Зноў матка.

Пятрусь пачырванеў ад напружання, каб стрымаць сябе ад нядобрых слоў, каб не пакрыўдзіць жонку. Ён прайшоўся разы два па хаце, супакоіўся.

— Вось што, Зоська! Я не маю мэты абмяжоўваць тваю вольнасць. Прымай сваіх знаёмых, скажы ім, што я нічога кепскага нікаму не раблю, а што належыць да жылля, то, можа, што і лепшае ўдасца дастаць.

Зося так была здаволена гэтаю абяцанкаю, што кінулася да Петруся, зацалавала яго і прасіла падараваць яе жорсткасць. Пятрусь і не быў надта абураны, але гэтая гутарка засталася ў яго памяці і дала новы напрамак яго саймаванням аб жыцці.

Як і да жаніцьбы, прыходзілася цяпер Петрусю даволі часта выязджаць на павет. Можа, гэтая патрэба была ўжо і не такою пільнаю, але яму хацелася заўсёды дагледзець кожную больш-менш важную справу па школах. Разам з гэтым яму даваліся частыя даручэнні па агульных заданнях, як розныя канферэнцыі, сходкі і г. д. Кожнае такое даручэнне Пятрусь выпаўняў дасканала і праз гэта траціў шмат часу.

Вось раз і паехаў Пятрусь на павет. Ён меўся прабыць два дні, хоць такога тэрміну было якраз у абрэз. Але здарыліся такія пільныя справы, абставіны злажыліся так, што яму давялося прабыць цэлых чатыры дні. Змораны пераездамі, мітуснёю, ён быў надта здаволены, як пад’язджаў да свайго дому. Але тут яго чакала тое, да чаго ён зусім не быў гатовы. Зося сядзела і немігучымі вачамі пазірала ў акно, нібы зусім не чуючы і не бачачы Петруся. Ён распрануўся, прайшоўся па каморцы разы два-тры, размінаючы ногі. Зося нават не маргнула, быццам акамянела.

— Зося, добры дзень! — падышоў да яе Пятрусь.— Што гэта з табою? Хоць бы шавяльнулася. Зося, ты не хворая, ты чуеш мяне? Зося!

— Не хворая, чую.

— Дык чаго ж ты так сядзіш?

— Мне так падабаецца,— сухім дзеравяным голасам адказала яна.

— Ды пакінь жа ты камедыю, Зося!

— Ах, гэта камедыя! Камедыя! Я не раблю камедыі, і ты не лічы мяне за камедыянтку! Хто табе даў права зневажаць мяне?

Яна палаючымі злосцю вачамі аглядала Петруся з галавы да ног.

— Ты нават не ўмееш абысціся са мною! Мужык! — крычала яна.

Пятрусь стаяў зусім збіты з панталыку. Ён не разумеў, што за прычына такога настрою жонкі. Яе лаянка мала яго закранала, але самая з’ява была зусім незразумелаю для яго.

— Зося, прыпыніся крыху: адкажы мне ўсё ж, што гэта азначае?

— Ты не разумееш, што гэта азначае? У цябе няма ніякага пачуцця, і таму ты нічога не разумееш.

— А ўсё ж, замест упікання і загадак, скажы проста, завошта такі крык і злосць.

— Ты на колькі дзён паехаў?

— А, цяпер я разумею... Дык ты за гэта так разышлася, так аблаяла мяне? Ну, Зося, я гэтага ніколі не чакаў, і гэта мне надта крыўдна. Крыўдна не тое, што ты мяне аблаяла, а тое, што ты здольна на лаянку, на камедыю з-за такіх пустых прычын.

З Зосі спаў імпэт, і яна вінавата паглядала на мужа.

Пятрусь хадзіў узад і ўперад і думаў. Гэтае здарэнне разбудзіла ў ім шмат новых думак, зарадзіла адно пытанне, якое потым ужо не пакідала яго. Гэтае пытанне, адразу няяснае, неабформаванае, прымала шмат розных напрамкаў, блыталася, мучыла нездавольствам. Потым яно пачало прымаць больш выразныя формы і страсянула яго сваёю прастатою: як ён ажаніўся, іменна ажаніўся, на Зосі? І другое — як ён забыўся аб тым, што сям’я — першая, найбольш простая сацыяльная адзінка, у якой павінны, мусіць, існаваць і сацыяльныя правамерствы. Так, ён аб гэтым забыўся ў свой час і мусіў зрабіць той крок толькі пад уплывам фізіялагічных запатрабаванняў. Так!

Гэты вывад з яго думак так збянтэжыў яго самога, што ён прабаваў адганяць яго ад сябе, прабаваў умацніць сябе ў тым, што абмылкова мысліць, што так не магло зрабіцца.

Ён усё сігаў па каморцы, вырашаючы пытанне.

— Ты сярдуеш на мяне? — ціхі, вінаваты, ласкавы голас Зосі абудзіў яго.

— Я, сярдую? Ды не, з чаго ж мне быць сярдзітым? Ты выбачай мяне, што я не ў час прыехаў — не мог, як абяцаў, затрымалі.

Зося абняла яго, мілавала, прасіла ўсміхнуцца, як доказ таго, што ў яго гневу няма. Пятрусь паддаваўся ўсяму, што рабіла з ім і чаго прасіла Зося. Але ўглыбі застаўся куточак, дзе знайшло сабе месца сумненне, дзе засеў нехта трэці, што пільна разглядаў, аналізаваў іх адносіны. Гэты трэці стаў на варту, гатуючыся не дазволіць далейшага пасягнення на асабістасць свайго насіцеля.

Праз некалькі хвілін, аднак, усё ў каморцы Петруся Грышана прыняло звычайны выгляд, быццам ніякага непаразумення і не было. Зося завіхалася з вячэраю, дамагаючыся найбольшым стараннем паменшыць сваю віну, якую яна адчувала перад мужам. Пятрусь быў уважлівым і крыху задуменным.

Пасля гэтага здарэння Пятрусь пачаў глядзець другімі вачамі на свае адносіны да Зосі. Уперад у яго было проста замілаванне ёю, было сляпое каханне, у якім ён не шукаў нічога захаванага, ніякіх прычын альбо пабочных абставін. Цяпер жа яго адносіны з Зосяй складаліся з двух элементаў: кахання, як такога, і сумеснага жыцця. Непаразуменне між імі мела месца толькі таму, што ў гэтай найпрасцейшай сацыяльнай адзінцы была сацыяльная няроўнасць, розны светапогляд, рознае выхаванне. Адгэтуль і непаразуменні, магчымыя канфлікты, якія, пакуль пануюць над усім імпульсы кахання, могуць быць згладжаны імі. Але што будзе далей, калі каханне страціць частку свайго пылу?

Пятрусь адказаць на гэта пытанне не мог. Ён не меў звычайкі альбо ўхілу заскокваць уперад, прадугледжваць з’явішча; ужо зразуменне свае абмылкі — захаплення толькі пачуццём і падчынення апошняму ў свой час розуму — з’явілася досыць значным, каб прыкаваць к сабе яго ўвагу. Пятрусь супакоіўся цяпер і мог з усім пэнтам аддацца комплексам, інструктаванню, грамадскай дзейнасці. Дома ён бываў усё радзей ды радзей. Зося перш куксілася на гэта, як і той раз, але як гэтая адсутнасць стала звычайнаю, то яна змірылася з ёю. Ды і не надта яна ўбівалася аб гэтым, бо ў адзіноце не сядзела.

Яна завяла сабе знаёмых — Пятрусь дастаў кватэру з двух пакояў. Зося цэлымі днямі шчабятала са сваімі таваркамі, з якімі марыла ў закінутым павятовым горадзе аб маскоўскіх, нават парыжскіх модах. Свае такія сакавітыя, такія смачныя, як спелыя вішні, губы яна пачала ўродаваць густа-чырвонаю фарбаю,— так робяць «інтэлігентныя» кабеты ў Мінску, Маскве і ва ўсіх вялікіх гарадах. Ёй патрэбны былі лакіраваныя чаравікі, модныя капялюшы, ды ці мала яшчэ чаго. Толькі бяда ў тым, што грошай было малавата. Пятрусь спачатку аддаваў ёй усю сваю пенсію «на гаспадарку», але з гаспадарання нічога добрага не выйшла — завінавацілася кругом.

Пятрусь без асаблівага жалю адносіўся да таго, што рабілася з Зосяю. Ён ужо разгадаў усю тую істоту, якую яна мела. Яму толькі было сорамна за сябе, крыўдна на сябе, як ён так лёгка паддаўся свайму пачуццю. Гэта яго мучыла і даводзіла да яшчэ больш згубнага аналізу.

Зося адчувала нейкую змену ў адносінах да яе мужа, але ад чаго залежала гэтая змена, яна ўясніць сабе не магла. Часамі ёй здавалася, што Пятрусь пакінуў кахаць яе, другі раз — што ён не можа падараваць ёй колішнюю пагарду. Так ці іначай гэта, а змена надта непакоіла яе, і яна стала нервавацца, што зусім не стасавала яе натуры. Цяпер ужо нярэдкімі сталі дні, калі яны мяняліся адным-двума словамі. Потым напружанасць слабела, адносіны станавіліся больш прыемнымі, і здавалася, што ўсё ідзе як трэба. Але ж чорная кошка прабегла між імі, і след заставаўся, хоць збоку, можа, прычыны былі і мізэрныя.

На новай кватэры, куды пераехалі Грышаны пад націскам Зосі, было шмат лагадней. Але ў Зосі з’явілася іншая бяда,— уся іх маёмасць была надта ўбогаю і зусім недастатковаю для абсталявання гэтае кватэры. Зося з нудою аглядала голыя сцены, пустыя пакойчыкі, а Петрусю хоць бы што! Ён не зварочвае ніякае ўвагі на гэтую пусташ, быццам яго ніколькі не цікавіць абсталяванне. Зося плакала ў адсутнасці мужа, а як ён быў дома — маўчала і куксілася.

Адзін раз Пятрусь застаў жонку ляжаўшай на ложку і ў слязах. На яго запытанні яна сперш нічога не адказвала, а потым як быццам прарвалася.

— Што ты ў мяне пытаешся? Зірні вакол сябе, і ты зразумееш сам! — пасля доўгага ўпрошвання адказала яна.

Пятрусь паслухаў яе, азірнуўся, але ніяк не мог здагадацца ўсё ж такі аб прычынах плачу.

— Я нічога не разумею.

— Ах, ты нічога не разумееш? Ты не можаш зразумець, што я магу жыць у такіх абставінах? За што ні вазьміся — рук няма за што зацяць.

— А што ж табе трэба, Зося?

— Мне нічога не трэба, калі ты не разумееш. Паглядзі, ці гэта падобна на чалавечае жыллё! Галыцьба вакол! У людзей так не бывае, ні ў кога так няма, як у нас.

І Зося з яшчэ большым горам пачала плакаць. Пятрусь адчуваў сябе нямоцным, збітым з панталыку гэтымі слязьмі. Што ты будзеш рабіць у такім разе? Кабечыя слёзы — дрэнная рэч, супраць іх няма ніякіх сродкаў. Заставалася толькі маўчаць, каб больш не абурыць жонку.

— Чаго ж ты маўчыш як пень? — аднак з новым прыпадкам ускіпела Зося.

— Казаць мне няма чаго. Мы з табою розных поглядаў на гэтыя справы, дык лепш маўчаць.

— А! У цябе погляды іншыя, у цябе шырокія погляды, ты — грамадскі дзеяч, ты — камісар, табе няма ніякага дзела да хатніх спраў. Я ж не хачу так жыць, я хачу людскага жыцця.

— Як жа ты мысліш сабе людскае жыццё і што трэба для гэтага?

— Перш за ўсё трэба грошы, каб мець усё патрэбнае.

— Больш, як ёсць, грошай не будзе, і няма чаго аб гэтым гаварыць.

— Не будзе?! А чаму ж у другіх ёсць, чаму другія могуць жыць як трэба.

— Хто гэтыя другія — я не ведаю. Калі ў іх ёсць лепш, як ты думаеш, жыць, то на здароўе, няхай жывуць.

— Дык ты больш нічога не скажаш?

— Нічога.

Зося ўскочыла з ложка, кінулася да сцяны, схапіла сваю жакетку і капялюш, апранулася і — за дзверы. Пятрусь крыху перапалохаўся: ліха ведае што ў яе галаве! Ён жа яе ведаў як кабету, а што яна за чалавек — пачаў спазнаваць толькі ў апошнія часы. Можа выскачыць на вуліцу, сораму наробіць яму і сабе — мала што бывае з шалёнымі. Ён кінуўся за ёю ў сенцы і схапіў за руку.

— Пусці мяне! — прашыпела яна.

— Зося, адумайся, што ты робіш!

— Пусці, кажу.

— Вярніся, Зоська, назад, кінь ты гэта з галавы.

— А будзеш мяне слухаць?

— Добра. Пойдзем у пакой, там пагаворым.

Зося нібы зрабіла вялікую міласць мужу. З каменным тварам, з пагардаю ў вачах яна ўвайшла назад і, не распранаючыся, села, пачала чакаць, што скажа муж. Пятрусь, ухіляючыся ад яе злосных позіркаў, растлумачыў ёй, што ён кепска разумеў яе густ, што яму не хапае прыхільнасці да набыцця якое б то ні было маёмасці, але што ён усё зробіць, каб здаволіць Зосю, калі ёй гэта патрэбна. Зося мякчэла, твар яе рабіўся прыемным, і напаследку яна пачала ласціцца да мужа. Пятрусь холадна прымаў яе ласкі, абы толькі не пакрыўдзіць яе сваімі адмоўнымі адносінамі.

З гэтага дня для Петруся стала зусім зразумелаю ўся натура жонкі. Яго запытанне самому сабе, як ён мог ажаніцца на ёй, устала перад ім ва ўсёй сваёй велічавай простасці. Яна — з паненскімі традыцыямі, з нахіламі да буржуазнага дабрабыту, лічыць гэты дабрабыт мэтаю жыцця, і ён — траха не з поўным адцураннем ад асабістых уласных інтарэсаў! Гэта ж два полюсы, якім ніколі не сысціся. Праз што? Праз нейкае сляпое пачуццё, прынамсі, з яго боку. Няўжо ж гэтае пачуццё павінна было кіраваць сацыяльным становішчам, умовамі жыцця сям’і? Мусіць, не, бо само жыццё сказала якраз наадварот, прынамсі, патрабуе адваротнага.

Час пацягнуўся далей. Пятрусь напазычаў грошай і перадаў іх жонцы на абсталяванне хатнімі рэчамі. Яна некалькі дзён хадзіла, нібы ног пад сабою не чула, да таго яе думкі заняты былі гаспадарскімі размеркаваннямі. Пятрусь глядзеў на ўсе гэтыя клопаты з нутраным смехам. Асабліва яму смешна было, як Зося з вялікім натхненнем разглядала, па дзесяць разоў выцягваючы шуфлядкі, свой новы камод. Яна была так здаволена ім, што гатова была задушыць ад радасці Петруся. Цэлы вечар у гэты дзень яна бегала ад камода да Петруся і ад Петруся да камода. Але вось, выцягнуўшы, можа, ужо ў дваццаты раз, самую вялікую шуфлядку, яна чагосьці задумалася, доўга стаяла, нагнуўшыся над ёю. Потым падышла задуменнаю да Петруся і нясмела села яму на калені.

— Ты не сярдуй на мяне за тое, што я табе хачу сказаць,— ласцячыся да мужа, сказала яна.

— Што ж гэта за справа, калі ты ўжо ўперад запрашваеш аб маёй прыхільнасці да яе?

— Справа?.. Справа, можа, і нязначная для цябе, але для мяне надта важная і пільная.

— Так, так. У цябе справы ўсё пільныя. Ну якая ж яшчэ гэтая?

— Ведаеш, я вось цешылася сваім камодам, але гэтая ўцеха — няпоўная. Гэты камод пусты.

— А нашто ж ты купляла яго, калі хаваць у ім няма чаго?

Пятрусь усміхнуўся. Мусіць, яго ўсмешка была нядобраю, бо Зося спачатку прыпынілася ласціцца, а потым нават і адхілілася ад мужа.

— Ты вось смяешся над гэтым, а ў нас няма ні адзежы, ні бялізны.

— Як няма? Не голыя ж мы ходзім.

— Ну, можа, ты лічыш гэтыя ашаметкі за адзежу, а я згадзіцца ніяк не магу.

Зося сышла з каленяў і моўчкі пачала праходжвацца па пакойчыку. Яна церабіла сваімі тонкімі пальцамі кутасы хусткі і кідала сярдзітыя позіркі на мужа, які насмешна праводзіў яе вачамі. Яна не вытрымала:

— Слухай, Пятрусь! Як сабе хочаш ты думай пра сябе, але не смейся ты нада мною. Гэта недалікатна, ты зневажаеш мяне.

— Выбачай, я не буду,— і Пятрусь прыняў сур’ёзны выгляд.

— Пятруська,— гаварыла праз хвіліну Зося, зноў ласцячыся да яго,— ты ж мяне кахаеш, праўда? Ты не захочаш пакрыўдзіць мяне, так?

— Ну, гавары,— я крыўдзіць нікога не збіраюся.

— Дай мне яшчэ грошай на ўборы: чаравікі мае няўдалыя, капялюшык трэба другі ды яшчэ шмат чаго.

Пятрусь пакрывіўся.

— На ліха гэта табе ўсё здалося,— спробаваў стрымаць ён жонку.

— Ах, ты шкадуеш мне грошай, ты нічога не хочаш зрабіць прыемнага для мяне, ты мяне не кахаеш! Ты хочаш, каб я хадзіла, як гэтыя там актыўніцы твае. Не, гэтага не будзе!

Зося адскочыла ад мужа і злосна зялёнымі, як у кошкі, вачамі аглядала ўсю постаць Петруся. Ён жа толькі ўсміхаўся, гледзячы на шаленства жонкі.

— Ты зноў смяешся, ну, дык вось!

Яна кінулася збіраць свае лахманы, звязваць іх у клунак. Пятрусь не стрымліваў яе, маўчаў і пасмейваўся.

Усё гатова.

— Нічога мне ад цябе не трэба! — кінула яна.

— А мне ад цябе!

Дзверы бразнулі зразлёту за ёю. Пятрусь не крануўся. На хвілінку перад ім мільганула вуліца, вароты, тоненькая дзяўчынка ў белым, потым стукат варот, яе слёзы ў гаёчку.

— Дурань быў! — засмяяўся пра сябе Пятрусь і ўзяў у рукі план комплексу «Прамысловасць».

 


1925?

Тэкст падаецца паводле выдання: Нёманскі Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 598 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан