epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Нёманскі

Дэзерцір

І
ІІ
ІІІ


І

 

Высокае блакітнае неба. Сонца ўжо падыходзіць на поўдзень. Па ўсім, як акінуць вокам, абшары сенажацей мільгаюць белыя, чырвоныя, зялёныя плямы мужчын і кабет. Там блісне іскраю каса на сонцы, там прапаўзе вялікі воз з сенам, а далей, кінуўшы работу, хлопцы і дзяўчаты збіраюцца ў гурток, жартуюць, кідаюцца сенам... Раздаецца вясёлая, вольная песня, якую падхоплівае недалёкі гай і перадае далей у сумны лес... Не скошаная яшчэ трава хавае ў сабе мільярды жывога крылатага тварэння, якое сваімі галасамі напаўняе ўвесь абшар, вылівае сваю душу ў ціхай мелодыі... Вянучае сена, усыпанае рознымі кветкамі, разлівае ў паветры такі пах, што ад яго аж кружыцца ў галаве. А сонца сваімі праменнямі ліжа, абдымае ўсё: і людзей, і жывёлу, і кветкі, і кусты. Усё жыве адным жыццём, жыццём радасці, жыццём сонца...

Васіль толькі што скончыў увязваць воз з сенам. Ён падаў руку сваёй Кацярыне, і яна лёгка саскочыла ўніз, толькі крыху абапёршыся на плячо Васіля. Яна блізка-блізка стаіць каля яго і глядзіць яму ў вочы. Загарэлы смуглы твар яе, чырвоныя, як вішні, губы, карыя вочы, пахнучае сенажатнымі кветкамі цела цягнуць Васіля да яе, і, крэпка абняўшыся, яны садзяцца ў нязграбленае сена...

— Годзе, Васіль! Людзі ўбачаць — брыдка будзе... Дый пара ўжо палуднаваць.

Яны адыходзяць ад воза.

— Тата, глядзі, якога я жука злавіў! Во, з вусамі!

Маленькі Юзік кінуў свайго жука, матыля з адарваным крылом і прыстаў да бацькі:

— Ты пасадзіш мяне на каня, як павязём дадому сена?

— Добра, добра — пасаджу!

— Не, пусці мяне цяпер каня паіць на рэчку.

— Ах, праўда, ну мы абодва паедзем.

Васіль сеў на каня, узяў к сабе хлопчыка, і яны паехалі к рэчцы. Юзік трымаецца за грыву і ад радасці не можа сядзець спакойна. Рэчка праз кусты бліскае, нібы міргам кліча да сябе.

— Тата, я купацца хачу!

Васіль і сам лезе ў ваду. Добра так у халоднай вадзе пасля гарачыні. Але вада становіцца ўсё халадней ды халадней, як лёд. Дрыжачка прабірае да касцей.

— Ах!

Васіль адкрывае вочы. Перад ім куст, увесь засыпаны снегам, а далей роўная белая коўдра лагчыны, якая падымаецца на ўзгорак, дзе цямнее засланы начною імглою лес. Васіль быццам не верыць сваім вачам і пацірае іх рукою. Але дрыжачка, якая, здаецца, хоча разарваць усё нутро, варочае Васіля да рэчаіснасці і звычайнага жыцця. Там, каля таго лесу — белыя, там іх акопы; ён сам стаіць у сакрэце.

— Спаў я, ці што? — запытаўся Васіль у сябе, і нейкая трывога адразу запала ў сэрца. Але, азірнуўшы некалькі разоў маўклівую, як труна, лагчыну, ён супакоіў сябе тым, што нікому з белых не прыйдзе ў голаў вылазіць з зямлянак у такі сіберны мароз. Трывога прайшла, але дрыжачка ад холаду не сціхала. Васіль з усіх сіл хацеў сцяць зубы, але гэта яму не ўдавалася: міма яго волі зубы проста ляскалі. Усё цела знямела; ён не чуў, ёсць у яго ногі ці няма. Каб хаця трохі сагрэцца, Васіль пачаў церціся спіною аб дрэва, пад якім ён стаяў, а рукамі да болю сціскаць, то адпускаць вінтоўку. З нагамі ж не было ніякай рады: яны глыбока ўлазілі ў мяккі, свежы снег, пад якім была непрамёрзлая нізіна і вада.

— Хоць бы змена барзджэй!

Але, як знарок, нідзе не чутно ні шолаху. Васілю стала здавацца, што на ўсім свеце няма ўжо нічога жывога, апроч яго: усё вымерла ад гэтага ледзянога холаду і пахавана пад гэтаю смяртэльнаю снегавою коўдраю. Чаго ён тут стаіць, каго вартуе ў гэтым дзікім балотным лесе, адзін у цэлым свеце? Ён крануў рукою, і штых датыркнуўся да твару. Дрыжачка, якая крыху супакоілася, зноў, як электрычны ток, прабегла па ўсім целе.

«Нельга курыць тут, але закуру — можа, крыху сагрэюся», падумаў Васіль.

Ён апусціўся на калені, дастаў заскарузлы капшук з махоркаю і пачаў круціць цыгарку, але замёрзшыя пальцы ніяк не маглі справіцца з гэтаю работаю. Шмат перапсаваў ён газеты, пакуль удалося зрабіць нешта падобнае да цыгаркі. Забыўшыся, Васіль устаў і чыркнуў запалку, ужо стоячы.

— Цо-ок! Дзы-ын! — і снег пасыпаўся з дрэва.

— До-до-до, до-до! — пачулася з таго боку Шварцлёзэ, будзячы лес і лагчыну.

— А не, не ўсе памерлі,— падумаў Васіль, успомніўшы свае нядаўнія думкі.— Жывуць і сцерагуць так, як і я.

Васіль, заціснуўшы ў кулак цыгарку, каб не было відаць агню, са смакам зацягваўся, быццам хацеў праглынуць увесь дым. Яшчэ цокнулі дзве-тры кулі, і зноў усё заціхла, замерла. Скончыўшы курыць, Васіль пачаў углядацца ўперад, прагнучыся дасачыць той пункт, адкуль стралялі белыя. Але ад напружання і ад таго цяпла, які дала яму цыгарка, вочы яго пачалі заплюшчвацца. Ён спрабаваў махаць рукамі, тупаў нагамі, але, здавалася, усе часткі цела былі чужымі і не слухалі яго. Дрымота так апанавала яго, што стала мацней кожнага пачуцця, мацней разумення і нават мацней самае смерці.

Прыхіліўшыся к дрэву, Васіль, стоячы, заснуў, але ніякі шолах не прапускаўся яго вушамі. Ён чуў, як снег падаў на яго з ветак, як з нязмерным стукатам і громам падаў зверху сучок, як раўла, быццам у млыне, пад яго нагамі балотная вада. Разам з гэтым ён бачыў перад сабою то вялізарны, дзіўны горад з шырокімі вуліцамі і процьмаю вясёлага народу, то нейкае войска ў цудоўнай адзежы; потым яму здавалася, што ён паланёны белымі, што яго кладуць на зямлю і б’юць калом па нагах у пяты. Боль праходзіць па ўсёй спіне да галавы, і здаецца, што мазгі развальваюцца ад яго, застываюць. Ад болю Васіль прачынаецца, перш аглядае смутна белую лагчыну. Што будзе далей? Ён чуе, што сіла падыходзіць к канцу. Сесці на снег? Не, замерзнеш. Трэба крануцца з месца, прайсці трохі... Нага не слухае...

— Таварыш! А, таварыш! Таварыш Каляда!

— Можа, замёрз ужо?

— Не, яшчэ грудзі цёплыя і сэрца б’ецца. Аставайцеся вы тут, таварыш Казлоў; праз гадзіну я прышлю вам змену, больш стаяць нельга. Каляду ж я паспрабую дацягнуць да заставы.

Узводны падняў Васіля пад пахі і ўзваліў сабе на спіну. Ісці ноччу па лесе ды яшчэ не бачачы карчоў, засыпаных снегам,— нялёгкая справа. Несці ж на сабе чалавека — яшчэ трудней. На шчасце, Васіль хутка ачнуўся і хоць ціха, але ўсё ж мог ісці.

— Не шастайце, таварыш узводны,— парадзіў Васіль,— іх пост надта блізка, і яны могуць даведацца, дзе наш сакрэт.

Праз некалькі хвілін Васіль з узводным былі на заставе.

Узвод, у якім служыў Васіль чырвонаармейцам, ужо пятую ноч стаяў у заставе сярод лесу, дасочваючы ўваходы ў апошні з боку белых. Марозы раптам пачаліся надта крэпкія — градусаў больш за дваццаць. Выстаяць пад такім марозам у брызентавых шынялях і гамашах не было ніякай магчымасці. Для разагравання трэба было — хочаш ці не — разводзіць агонь. Каб не відаць было бляску ад агню белым, чырвонаармейцы збудавалі з жардзя і яловых ветак шалаш, які і з’яўляўся прытулкам для ўсяго ўзвода. Пасярэдзіне шалаша заўсёды гарэў касцёр, на якім можна было згатаваць кіпяток, а таксама і абагрэцца. Кругом кастра было накідана шмат яловых і хваёвых ветак, якія служылі пасцеллю для чырвонаармейцаў. Пад гэтаю пасцеллю, як ступіць ці легчы на яе, сачылася вада, бо грунт па ўсім лесе быў балотны. Вада таксама ўвесь час капала і зверху: снег, які раставаў ад агню на шалашы, даваў яе досыць. Цяпла ў шалашы было столькі, як і знадворку, але ўсё ж такі тут можна было прысесці і абагрэцца.

Вось у гэты шалаш і прыйшлі ўзводны з Васілём.

— Ну, як ты адчуваеш сябе? — запытаўся ўзводны.

— Кепска, таварыш узводны,— адказаў Васіль.

— Цяпер скідай хутчэй гамашы.

Чырвонаармейцы, што сядзелі ці ляжалі каля агню, адхіліліся і далі месца Васілю. Адзін з іх падсабіў яму зняць абледзянелыя абмоткі, скурчаныя, як скарынка, гамашы і мокрыя анучы. Прынеслі снегу і пачалі націраць ногі Васіля, якія толькі праз чвэртку гадзіны пачалі чырванець.

— Кажуць, што ў N палку ўчора шмат людзей насмерць замерзла: цэлую ноч полк праляжаў у ланцузе пад дротам у белых,— прамовіў адзін з чырвонаармейцаў.

— Ваяваць з белымі — нішто, вось толькі з марозам бароцца падчас немагчыма,— уставіў другі.

— Вайна, брат, не кулачная бойка, не ігрышча: захацеў — б’юся, не захацеў — не,— навучальна сказаў ім абодвум узводны.— Вайна ідзе на зямлі, у прыродных умовах, у якіх мы жывём. Праз гэта ў вайне пераможа той, хто не толькі зможа свайго супраціўніка, але пакорыць і гэтыя прыродныя ўмовы.

Васіль, зусім ужо адышоўшы, падняў вочы на ўзводнага, доўга глядзеў на яго, а потым запытаўся:

— Вы кажаце перамагчы прыроду? Ну як жа яе пераможаш, калі ў такі мароз мы ходзім у брызентавых шынялях ды гамашах? Як гэта я буду страляць, калі на дваццаціградусным марозе ў мяне рукі голыя?

Размова Васіля падбухторыла і яшчэ аднаго чырвонаармейца. Гэты расшпіліў свой шынель і маляскінавую гімнасцёрку і паказаў сваё чорнае цела, на якім не было сарочкі.

— Ваюй! добра ваяваць! — крыкнуў ён.— Я ўжо два месяцы не мыўся, а калі была ў мяне сарочка — і не ўспомню! Вось ляжу тут каля агню, і толькі сагрэецца бок, як яго пачынаюць сячы вошы; носіш іх на сябе ліха ведае колькі, бо цэлыя дні і ночы не спускаеш шынелькі з плеч. Вось і ваюй.

— Што ж, па-твойму, трэба кідаць вайну з белымі? — запытаўся ў яго ўзводны.— Калі ў нас усяго недахваткі, дык трэба пакарыцца Юдзенічу? Не, мы якраз ваюем за тое, каб у нас усё было. Мне здаецца, што не шмат табе давалі паны, як былі яшчэ яны ў сіле.

— Калі бальшавікі вядуць вайну, то няхай жа яны дадуць нам адзежу і яду,— не здаваўся чырвонаармеец.

— Кінь ты плявузгаць,— звярнуўшыся да яго, прамовіў адзін з чырвонаармейцаў.— Бальшавікі вядуць вайну, кажаш. Як жа яе не весці? Не бальшавікі палезлі на Гельсінгфорс ці Рэвель шукаць Юдзеніча, а ён сам палез на Пецярбург. Падумаеш, які Напалеон з’явіўся — дай яму Пецярбург. Ну вось і далі, а цяпер і эстонцам дадзім, калі і далей будуць уступацца за яго.

— А добра ваююць эстонцы, на іх ліха,— не так, як гвардыя Юдзеніча.

— Чаму ж не ваяваць? Заселі ў гатовых бліндажах за дротам. Выжані іх, калі хочаш.

— Нічога, выжанем. Вось заўтра зажараць па іх з шасцідзюймовых, дык, нябось, уцякуць,— сказаў узводны.

Чырвонаармейцы, здзіўленыя прыходам Васіля, пачалі зноў прымошчвацца кругом агню. Некаторыя ўжо спалі, другія пачалі засынаць. Васіль высушыў свае анучы і абмоткі, абуўся і прынёс знадворку кацельчык снегу, каб згатаваць кіпятку. Ува ўсім целе яго адчувалася ныццё і боль; жывот, здавалася, падвяло к спіне. Ён дастаў з мяшка невялічкі кавалачак хлеба, але есці яго нельга было, бо ён быў мёрзлы і цвёрды, як камень. Васіль проста палажыў хлеб на дровы ў агонь.

Павячэраўшы гэтым кавалачкам хлеба, Васіль хацеў заснуць, але сон ніяк не прыходзіў. Як там у сакрэце ён не мог адагнаць дрымоты, дык тут нельга было заснуць. Думкі яго раз-пораз зварочваліся дадому, да таго, як жыве яго Кацярына, ад якой ўжо больш за паўгода ён не меў ніякіх вестак. Там, далёка на Беларусі, стаіць яго вёска, у якой ёсць і яго ўласная хата, свая сям’я; успомніў ён свой сон-мару ў сакрэце, і яму так захацелася дадому, так пастылым паказалася блукацца па гэтых пустых снежных лясах ды балотах, не маючы ніколі прытулку, адчуваючы вечны голад і страх смерці! Васілю стала здавацца зусім незразумелым, што не толькі іх полк, але шмат другіх — тысячы людзей — сядзяць вось у гэтую самую ноч у такіх самых шалашах, мерзнуць, пухнуць ад голаду і холаду. Вайна? Дзеля чаго яна? Не толькі я, Васіль, выбіўся з сілы, але выбіваецца кожны, каму даводзіцца пабыць тут. Нельга ж узяць ад чалавека больш, чымся ў яго ёсць...

Чырвонаармейцы, абняўшы колам агонь, спалі. Часта некаторыя ўскоквалі са сну на ногі, зацягвалі на сабе тужэй адзежу і лажыліся замерзшым бокам да агню. Здавалася, што чалавекам уладае нейкая пабочная сіла, іншая, чымся іх уласная воля. Другія выкрыквалі скрозь сон ці асаблівыя словы, ці нават цэлы сказ. Васілю здавалася, што ён знаходзіцца сярод жывых пакойнікаў. Той чырвонаармеец, што нядаўна ўпарта спрачаўся з узводным, раптам ускочыў і пачаў шукаць свой мяшок. Знайшоўшы, ён надзеў яго на плечы і зрабіў крокі два к выхаду, пераступіўшы праз таварышаў.

— Куды ты? — запытаўся ў яго Васіль.

Чырвонаармеец знячэўку ўздрыгнуў, а потым, блізка схіліўшыся над Васілём, прашаптаў:

— Не магу больш! Уцякаю дадому.

— Дэзерцірнічаеш? А калі зловяць?

— Ну, што ж — смерць? Дык і тут нічога не дачакаешся лепшага.

Чырвонаармеец ступіў разы тры і быў ужо на дварэ. Васіль прыслухоўваўся, пакуль чуў рып снегу пад нагамі ўцекача; яму хацелася перш клікнуць узводнага, але потым ён раздумаў гэта рабіць.

«Хто ведае, можа, ён і добра зрабіў»,— падумаў Васіль.

Доўга Васіль варочаўся з боку на бок, але заснуць не мог.

Узводны ўжо змяніў два разы пасты і сакрэты, а ў Васіля нейкая няясная думка, меўшая звязак з далёкім домам, не выходзіла з галавы. Ах, гэты чырвонаармеец! Узяў і пайшоў сабе... Прыйдзе дадому... Хто прыйдзе: ён ці я? Васіль заснуў.

— Уставай!

Ад неспадзяванага моцнага крыку ўсе разам усхапіліся на ногі. Узводны ўжо быў пры поўнай зброі і прабаваў, ці добра ходзіць рэвальверны барабан. Ён смеючыся глядзеў на ўскочыўшых чырвонаармейцаў, у якіх былі шырока расчыненыя вочы, нібы ад сполаху, а потым заспакоіў іх, сказаўшы, што гэта ён пабудзіў іх. Далей узводны паведаміў таварышаў, што іх полк пераходзіць сягоння ў наступ на пазіцыі белых у Дуброўкі, і прыказаў хутчэй збірацца, бо той батальён, які стаяў у старажоўцы і ў заставах, будзе пушчаны на белых першым. Пачуўшы гэта, чырвонаармейцы кінуліся ставіць на касцёр свае манеркі з снегам, каб згатаваць гарбату. Іншыя, нібы пра сябе, мармыталі, што іх батальён заўсёды пхаюць усюды першым; другія два стаялі ўсё ж у рэзерве, а цяпер іх і ў наступ пускаюць ззаду. Можа, аб гэтым загаманілі б і мацней, але ўзводны, пачуўшы, у чым справа, прыпыніў далейшую размову аб гэтым: ёсць прыказ і няма чаго дарма малоць языком; апроч таго, іх батальён, які ўжо ведае ўсю пазіцыю супраціўніка, можа лепш за другія справіцца з белымі. Пасля гэтага ўжо чырвонаармейцы не гаварылі на тэму, якому батальёну ісці першым. Яны грэлі ваду, і ў каго быў хлеб, той стаў піць гарбату. У большасці не было чаго есці, і яны кідалі завісныя погляды на тых, хто жаваў скарыначку хлеба.

Хутка пачуўся знадворку рып снегу пад нагамі натоўпу людзей: то ўвесь батальён падыходзіў да той мяжы, якую займалі заставы. Узвод Васіля пакінуў шалаш. На дварэ было цямней і хмурней, чымся ноччу, у тыя часы, як Васіль стаяў у сакрэце. Па шэрым небе відаць было, што недалёка да раніцы. Дайшоўшы да заставы, батальён прыпыніўся, і ад яго адарваліся некалькі чалавек, якія пайшлі ўперад і хутка прапалі ў цемры ночы і лесу. Узвод з заставы стаў у сваю роту.

Разышоўшыся крокаў на дзвесце адна ад другое, роты крануліся ўперад, па два чалавекі ў рад. Ішлі памалу, каб не рабіць трэску і шолаху па лесе. Мароз к раніцы стаў яшчэ больш люты, і ад аднаго прытыкання к вінтоўцы голаю рукою адчуваўся боль ва ўсім целе. Чырвонаармейцы часта загрузалі ў балоце, як нага пападала сярод куп’я. Вось і тое месца, дзе стаяў Васіль у сакрэце; перад першымі чырвонаармейцамі паказалася вольная ад лесу лагчына.

— Ціха, стой на месцы! — шэптам прыказаў ротны.

Рота замерла. Потым заднія сталі прымаць улева, выходзячы ў ланцуг на заварат лесу. Ротны паказаў напрамак узводным.

— Без прыказу не страляць! — перадалося па ўсім ланцугу.

Васіля штосьці кальнула ў сэрца; стала раптам горача па ўсім целе, і вінтоўка ў яго руцэ залязгала штыхом аб манерку, успоўзшую неяк з спіны на плячо. Васіль паспрабаваў усміхнуцца, каб не відаць было страху на яго твары, але ён сам чуў, як замест смеху рот яго скрывіўся. Боязна глянуў ён направа і налева на сваіх таварышаў. Ці то ад ранішняга змроку, ці ад таго пачуцця, якое было ў яго самога, Васіль прыкмеціў нейкі шэра-зялёны колер на іх тварах, быццам гэта былі не тыя людзі, якіх бачыш заўсёды.

— Грэнадзёры, уперад! Рота, за мною, шагам марш!

Быццам хто рвануў за ногі і павалок іх уперад. Не паспеў Васіль падумаць, як азірнуўшыся па баках і перад сабою, ён пабачыў доўгі шнурок управа і ўлева ад сябе, які хутка сунуўся па чыстым месцы. Стала шмат відней, і ўперад крокаў за трыста шэраю стужкаю на белым полі вырэзвалася драцяная загарода белых, а далей па ўзгорку чарнелі хаты вёскі, над якімі віўся белы дым з комінаў.

Сялянскія хаты, якія на момант кінуліся ў вочы Васілю, выклікалі разам цэлы рой успамінаў, думак аб сваёй хаце і сям’і; страшэнна, прагна захацелася быць дома, бачыць сваіх і не думаць ні аб вайне, ні аб блізкай бойцы. Васіль ішоў побач з другімі, вінтоўка ў яго была напагатове, але ён ужо не бачыў ні дроту, ні бліндажоў на пазіцыі белых: ён быў дома, у сваёй хаце.

— Дзын! дзын! — пранеслася над галавою.

Васіль устрапянуўся і зірнуў уперад. Ротны ішоў цвёрдымі крокамі і не спускаў вачэй з аднаго пункту. Павярнуўшыся да роты, ён крыкнуў зычна — «бегчы!». Голас яго рэхам аддаўся, здавалася, па ўсім полі і лесе. Рота пакацілася яшчэ хутчэй, саступаючы к месту, дзе быў ротны. Раптам заляскала, затакала, зазвінела, і з усіх бакоў снег пачаў падскокваць уверх. Васіль чуў, як усярэдзіне яго быццам нешта адарвалася і ў нагах стала страшэнная слабасць. Ён заплюшчыў вочы.

— Ты што прыпыніўся? — падскочыў да яго ўзводны.

— Не ведаю... страшна,— ледзьве адмовіў Васіль.

Рота ўжо была крокаў на дваццаць уперадзе.

— Даганяй! — крыкнуў яму ўзводны.

Васіль, як бы сарваўшыся з месца, што ёсць духу пабег уперад.

— Р-гак, р-гак!

Высачэзны чорны слуп, а побач з ім другі выраслі з зямлі: у паветры завыла, заскавытала, заскрыгатала. Васіль чуў толькі, як перасохла ў яго ў роце і ў нос разанула смуродам паленага шкурату. Ён ускочыў у шырокую разварочаную яму, вылез з яе і, прабегшы яшчэ крокаў пяць, зачапіўся за нешта і паваліўся на зямлю. Рукі яго ткнуліся ў нешта цёплае і слізкае. Павярнуўшыся назад, Васіль стрэўся з тварам узводнага: вочы ў таго выскачылі з ілба, язык быў вывернуты з рота, а зверху галавы не было цемя; кругом па снезе валяліся свежыя кавалкі мазгоў і мяса. Васіль, як шалёны, ускочыў і пабег далей, валочачы вінтоўку за рэмень. Кругом свістала і выла; гарматныя бомбы рвалі зямлю і людзей, шрапнель усюды гула, як чмялі. Свежыя чырвоныя плямы пападаліся ўсё часцей, а побач з імі чарнеліся то спакойныя, то дрыгаўшыя целы чырвонаармейцаў.

Васіль наляцеў на дрот і супыніўся. Тут толькі ён прыкмеціў, што частка чырвонаармейцаў ляжала і без канца трашчала затворамі, а другая частка стрыгла дрот. То там то сям чырвонаармеец раптам пакідаў страляць ці звісаў на дрот, які ён рэзаў. Васіль стаяў ва ўвесь рост і з шырока расчыненымі вачамі глядзеў на тых, хто момант таму назад страляў, потым заставаўся нерухомым і чырваніў вакол сябе снег.

— Кра-ак!

Бліжэйшыя к Васілю два чырвонаармейцы падскочылі ўверх, вінтоўкі вываліліся ў іх з рук, і яны вяла хлопнуліся на зямлю. Васіль рвануўся ўбок, але яго нешта стукнула ў голаў: ён пачуў зноў смурод паленага шкурату і нешта салёнае ў роце. Потым у вачах пайшлі жоўтыя, чырвоныя і зялёныя кругі, ногі падагнуліся, і ён зваліўся.

— Ура! — загрымела вакол.

Васіль устрапянуўся, расплюшчыў вочы. Ад лесу, адкуль выходзіў і Васілёў батальён, каціўся свежы ланцуг чырвонаармейцаў — другі батальён. Кругом стукатала, раўло і свістала, як і ўперад. Побач з Васілём ляжаў ротны, у якога з віска, з маленькай дзірачкі цякла кроў; правая рука яго ўціснулася пальцамі ў горла белага. Дроту ўжо на доўгі кавалак не было, і тут бліскалі штыкі і віліся ў паветры прыклады. Невялічкі кавалак зямлі быў густа паліты крывёю і засланы забітымі, над якімі віліся ў смяротнай бойцы жывыя. Але... зноў трэскаецца зямля, і чорны слуп абдымае гэты клубок ірвучых адзін другога людзей. Крык, енк... Дым разыходзіцца, і вачам прадстаўляецца крывавая куча скалечаных і пабітых людзей. Вось паўзе адзін, пакідаючы за сабой чырвоную стужку. Ён падлазіць бліжэй к Васілю, і апошні бачыць, як за ім нешта цягнецца і падскоквае, зачапляючыся за зямлю. Яшчэ бліжэй, і Васіль бачыць адарваную нагу, якая трымаецца толькі на кусочку нагавіц. Крывавы туман засцілае вочы Васілю, ён ускоквае і, як непрытомны, бяжыць назад к лесу. Ланцуг, які ідзе насустрач, крыху затрымлівае яго, але ён, нічога не бачачы перад сабой, імчыцца ўсё далей і далей...

Васіль прыпыніўся, як чуць не насунуўся на той шалаш, з якога выйшаў на рассвеце. Ён увайшоў у шалаш і на дагарэўшым вуголлі яму кінулася ў вочы пакінутая кім-та манерка з вадою. Васіль кінуўся на яе і чуць не залпам выпіў усю ваду. У галаве яго стаяў ляскат, стукат, енк, а перад вачыма ўсё здавалася крывавым. Але патроху думкі яго супакоіліся. Толькі цяпер пачуў ён рану на галаве і, правёўшы рукою па твары, угледзеў на далоні кроў. Ах, колькі гэтай крыві было сягоння! Але чаму ж тут нікога няма, апроч яго, Васіля?

Здалёк чуцён быў яшчэ ясней стукат гармат і трэск вінтовак. Падчас кулі заляталі і сюды, путаючыся і гудучы між сучча.

«Ага, там яшчэ б’юцца, а я ўцёк»,— падумаў Васіль, і яму адразу стала і брыдка і крыўдна на сябе. Людзі калечацца, уміраюць, але не ўцякаюць, а ён спалохаўся, пабег, як пужлівы заяц. Васіль ірвануўся з шалаша, пайшоў зноў у напрамку, дзе ішла бойка.

«А дзе ж мая вінтоўка? — схамянуўся ён.— Ну, нічога: знайду сабе іншую, іх шмат цяпер на полі валяецца».

Васіль падыходзіў ужо к краю лесу. Недалёка ад яго, у гушчарніку, значны кавалак зямлі быў трохі не ўвесь засланы чырвонаармейцамі, з якіх адны былі ўжо з павязкамі, другія, чырвонячы снег, то зыходзіліся, то спаўзаліся да фельчароў і чакалі дапамогі. Васіль зноў адчуў смак і пах крыві, і яму стала моташна. Разам з гэтым у яго явілася думка, як ён пакажацца на вочы сваім таварышам. А можа, і не ісці туды. Можа... можа, так зрабіць, як той чырвонаармеец ноччу? «Што ж, я ўжо кінуў сваіх таварышаў»,— думаў Васіль.

— Таварыш, вы ранены? — запытаўся ў яго праходзіўшы з абвязанаю галавою чырвонаармеец.

— Я? Не... Але, ранены! — няпэўным голасам адказаў Васіль.

Чырвонаармеец уважліва паглядзеў на Васіля і пайшоў далей. Гэты погляд нібы ўкалоў у сэрца Васіля. Ён пастаяў на месцы, апусціўшы вочы ў зямлю, а потым, не падымаючы галавы, павярнуўся і пайшоў прэч ад гэтага месца бойкі... Ён ішоў, і яму здавалася, што з-за кожнага дрэва, з-за кожнага куста за ім сочаць пранізваючыя, насмешныя погляды пакінутых ім таварышаў...

 

ІІ

 

Маленькая газоўка над сталом сваім агеньчыкам ледзьве асвечвала пярэдні куток хаты; на запеччы было настолькі цёмна, што не лёгка было разабраць, што там знаходзілася. Кацярына ўвайшла ў хату, стомленымі крокамі падышла да стала і села на ўслон. Рукі яе ўпалі на калені, сама яна ўтупілася ў адзін няведамы пункт і нібы застыла, гледзячы ні то ў нязмерную далечыню, ні то ў сярэдзіну самое сябе. Ні бразгат лучыны, якую зварушыў на печы пры яе ўваходзе Юзік, ні скочыўшы з пола кот, які, мармычучы, пачаў церціся аб яе ногі, не маглі вывесці яе з гэтага аслупянення. Юзік злез з печы, ціха падышоў к мацеры і здзіўлена паглядзеў на яе.

— Мама! Што ты так глядзіш? — запытаўся ён, тузануўшы яе за руку.

Кацярына, нібы ачнуўшыся ад сну, зірнула на сына, і жвавы погляд звярнуўся да яе.

— Нічога, сынку, я замарылася з гэтымі дрывамі. Пайдзі, голубе, распражы каня і пастаў яго ў хлеў. Я проста замарылася ў лесе, ды яшчэ дарога такая дрэнная: на грэблях ужо няма снегу — ледзьве дацягнуў каняка дадому.

Юзік выйшаў за дзверы. Кацярына распранулася, скінула мокрыя лапці і села на лаву каля стала. На вачах яе паказаліся слёзы, яна хацела стрымаць іх, але не магла. Занятая сваімі думкамі, яна і не прыкмеціла, як адчыніліся дзверы і ўвайшла яе суседка.

— Добры вечар, Кацярына! Што гэта ты плачаш? — яшчэ ад парога запыталася яна.

Кацярына змахнула рагом хусткі слёзы і ўстала з лавы.

— Добры вечар,— адказала яна,— садзіся, пагамані трохі, а то нудна неяк на сэрцы адной.

— Што ж гэта з табою?

— Я і сама не ведаю, так нейкая нуда грызе.

— Ну, вядома, кабета ты яшчэ маладая, а жывеш адна — яно і нудна.

— А не — не гэта: проста жыць цяжка стала.

— Ох, і не гавары, родная, цяжка — так цяжка, што, здаецца, пад зямлю пайшоў бы. Як прыйшлі гэтыя легіянеры, дык усё жыццё атруцілі. Гэта ж трэба сказаць: у Анупрэя сягоння апошнюю кароўку забралі, у старога чалавека з малымі ўнукамі — сыноў жа, ты ведаеш, забілі яшчэ ў нямецкую вайну. Ну што ён будзе рабіць? Або ў Піліпёнкавых: прыйшлі, гэта, і давай абіраць клуню,— ну, Піліпёнчыха ўчапілася за дзверы — не пушчу! — дык шаблямі абтрапалі яе, як кудзелю. Ну, якое ж гэта жыццё!

— Эх, цётачка! Яшчэ добра вось вам ды іншым, у каго хоць сям’я ёсць, а я тут адна з сваім хлопчыкам: ні радні, ні сваіх — нікога.

— Ну, а як твой? — знізіўшы голас, запыталася суседка.

— Хто мой? Васіль?

— Але, а то ж хто яшчэ?

— Што ж аб Васілю пытацца? З год таму назад пісаў хоць гады ў рады, а цяпер ужо і спадзявацца кінула, як гэты легіянерскі фронт усчоўпся. Загінуў Васіль у гэтай бальшавіцкай арміі. Ды мне яго і не шкода ўжо.

— Ды што ты кажаш, як гэта не шкода свайго мужа?

— Перагарэла ўсё на сэрцы, адзін попел застаўся.

— Не кідай надзеі, родная. Мне здаецца, што нядоўга нашым панам панаваць тут прыйдзецца. Прыйдуць бальшавікі і дадуць фэферу такога, што не захочацца больш лезці ў чужое.

— Не прыйдуць яны, дый не трэба; не трэба мне і Васіля.

— Да ты ачумела, як я бачу! Няўжо ж табе па душы, што нас усіх рабуюць няшчадна, што ты сама за гаспадара стала? Што гэта ты, ай-яй!

— Ну і чакайце іх, а мне яны не патрэбны!

— Бывай здарова, Кацярына. Ты, відаць, з розуму кранулася.

Суседка выйшла. Кацярына яшчэ горш стала плакаць, аж кусала сабе губы. Пачуўшы стук сенешніх дзвярэй, яна лягла на пол, тварам к сцяне, каб Юзік не бачыў яе слёз.

— Мама, ты ўжо спаць будзеш? — запытаўся ўвайшоўшы Юзік.

— Але, сыночак, хачу супачыць трохі,— адказала маці.

Юзік залез на печ і, сагрэўшыся, хутка заснуў. Кацярына ж ніяк не магла супакоіцца. Нейкі цяжар гнёў ёй сэрца, быццам чакала яе бяда, і яна адчувала яе. Каб не быць самой з сабою, яна парашыла заняцца якою-небудзь работаю. Устаўшы з пола, яна дастала з паліцы старыя зблытаныя ніты і стала распускаць іх, намотваючы на клубок распушчаныя ніткі. Работа марудная і патрабуючая пільнасці. Пакрысе на сэрцы пачало супакойвацца, і Кацярына нават стала ціхенька напяваць нейкі спеў без слоў. Але не прайшло і гадзіны, як яна пачала работу, пачулася знадворку шарканне па сенешніх дзвярах, быццам хто шукаў клямку. І ўзапраўды — дзверы адчыніліся, а потым пачалося шарканне ў хатніх дзвярэй. Кацярыне стала не па сабе, хоць дзверы ніколі не замыкаліся да таго часу, пакуль яна не лажылася спаць, а таксама не было нічога незвычайнага ў тым, што ўвечары хто-небудзь заходзіў. Напаследак дзверы ў хату адчыніліся, і ўвайшоўшы запыніўся каля парога, прыглядаючыся ў змроку к таму, што было ў хаце. Кацярына, павярнуўшы голаў к дзвярам, з нейкім страхам углядалася ў незнаёмага ў абарванай адзежы і ботах чалавека з дзікаю, запэцканаю граззю барадою.

— Чаго вам трэба? — запыталася яна.

— Мне... мне нічога не трэба: я дадому прыйшоў.

Кацярына выпусціла з рук клубок, які пакаціўся па хаце.

Незнаёмы падышоў бліжэй к святлу:

— Няўжо ж ты мяне на пазнала?

— Васіль? Адкуль жа ты ўзяўся?

— Адкуль? Як адкуль? Прыйшоў адтуль, дзе быў.

Кацярына нібы абмярцвела і не магла шалахнуцца з месца. Яна шырока раскрытымі вачыма глядзела на змучаны твар, шукаючы таго Васіля, якім яна яго ведала, расстаючыся ў апошні раз. Перад ёю стаяў ні то мярцвяк, ні то выцягнуты з-пад зямлі чалавек, прасядзеўшы там некалькі год. З аднаго боку, ёй страшна было гэтага чалавека, а з другога — падымалася жаласць к яму і той пакуце, якую ён ператрываў.

— Ну, што ж ты не скажаш мне ні слова? Або не рада, што я прыйшоў.

— Васіль, я не ведаю, што казаць: ты так незвычайна і нечакана прыйшоў.

— Не ведаю, ці чакала ты мяне, ці хацела бачыць. Я ж прайшоў шмат сотак вёрст пешкі, хаваючыся ад людзей, не маючы іншы дзень ні макавае расінкі ў роце — і ўсё толькі для таго, каб пабыць дома, пабачыць цябе і хлопчыка. А ты... ты мяне не чакала. Што ж, я завярнуся і пайду, калі мне няма дома месца.

У Кацярыны скаланулася ў грудзях. Яна ўскочыла з услона і абхапіла Васіля. Потым разам апусціла рукі і адвярнула голаў. Васіль глядзеў на яе недаўменна. Адзін момант — і Кацярына пачала пасабляць яму здымаць яго лахманы.

— А дзе ж Юзік?

— Юзік, злазь з печы, бацька прыйшоў!

Сын хутка саскочыў з печы, але тут жа прыпыніўся, углядаючыся ў сцяглую, худую постаць бацькі.

— І ты мяне не пазнаеш?

— Не, я пазнаў! — і Юзік кінуўся да бацькі, весела трасучы кудзеляю сваіх валасоў.

Кацярына адышла к печы і стала збіраць вячэру. Васіль, не чакаючы, пакуль паставяць міску на стол, адгарнуў з хлеба абрус і прагна накінуўся на кавалак адрэзанага хлеба. Пасля вячэры на Васіля напала такая ўтома, што ён зваліўся як сноп.

— Ты ў бальшавіках, мусіць, забыўся і богу маліцца? — упікнула яго жонка.

— Дзе там бог, калі ногі не трымаюць,— прагаварыў Васіль і заснуў як забіты.

Прайшло дні два ці тры. Васіль нікуды не выходзіў і больш усё ляжаў на печы. Некалькі разоў яму хацелася пагаварыць з жонкаю, але яна маўчала і старалася адхіліць усякія размовы, якія выходзілі за мяжу звычайнай гутаркі. Усю работу па гаспадарцы яна вяла сама. Адзін раз ёй прыйшлося падняць штосьці цяжкае. Змарыўшыся, яна ўвайшла ў хату і пра сябе, але чутно сказала, што ёй нават пасабіць некаму. Васілю стала брыдка, і, каб апраўдацца перад жонкаю, ён сказаў:

— Ты ведаеш, як я прыйшоў сюды? Мяне не адпусцілі са службы, я не на пабыўку прыйшоў, а ўцёк сам з Чырвонай Арміі. Нельга было больш трываць, і я кінуў, пайшоў дадому. Каля двух месяцаў я сланяўся па лясных дарогах, заходзячы толькі к ночы ў вёскі папрасіць хлеба. Спаткаешся, бывала, з чалавекам і баішся яго горш, як ваўка — а вось ды затрымае. Так дайшоў я ад Ямбурга сюды. Праходзячы праз польскі фронт, чуць не папаў к легіянерам, толькі лес пасобіў. Вось мне і паказвацца пакуль што нельга: даведаюцца палякі, што я з Чырвонай Арміі ды яшчэ што прайшоў іх фронт — не паглядзяць.

— Ах, вот як! Ты, значыцца — як гэта завуць? — дэзерцір?

— Ну, але, дэзерцір! — раззлавана адказаў Васіль.— Пажыла б ты так ды пабачыла тое, што мне давялося бачыць, то ты іначай казала б.

— Ды я жнічога не кажу.

Васіль змоўк і адвярнуўся да акна. Кацярына таксама доўга маўчала, але па яе твары відаць было, што яна над чымсь упарта думае. Потым яна як бы пра сябе сказала:

— Кепская ж надзея тады ў нашых сялян! Калі так уцякаюць з Чырвонай Арміі, як ты ўцёк, то не перамагчы ёй сваіх ворагаў. Што ў нас тут чаўпецца, як тут даводзіцца жыць людзям! І хто ж ім паможа, хто вызваліць?

— Ну, а калі нельга трываць, нельга вытрываць тое, што робіцца на вайне? — адмоўна запытаўся Васіль.

— Па-твойму, нельга патрываць часова, а як жа людзі будуць трываць увесь свой век прыгон, калі застануцца пад панамі?

Васіль не меў чаго адказаць. На яго найшла чорная думка аб тым, што ён зрабіў. Калі ён уцякаў з фронту, то жыццё дома малявалася яму ў нейкіх пекных ружовых колерах. Цяпер жа ён бачыў, што абмыліўся ў сваіх спадзяваннях, што і тут жыццё праймае сваёю жорсткасцю, што і тут ідзе барацьба, толькі прычыненая, заглушаная. Ужо яму па дарозе дадому стала ведама, як населі на шыю селяніна паны з тых часоў, як польскія легіёны захапілі Беларусь. Толькі да гэтага часу ён ніяк не мог аб’яднаць легіянераў з Юдзенічам. Цяпер жа ён пачаў утлумачваць сабе, што за Юдзенічам і легіянерамі ідзе панства. Але ж Васілю не хацелася прызнацца перад жонкаю, што ён зрабіў нядобра, уцёкшы з фронту.

— Мне здаецца, што я казаў праўду, як толькі прыйшоў дамоў: ты не рада мне,— сказаў ён жонцы.

— Ах, рада я — не рада, ці не ўсё роўна,— з мукаю ў голасе сказала яна.

— Не, не ўсё роўна для мяне! Калі ў мяне няма сям'і, то мне тут няма чаго рабіць,— адказаў Васіль.

Увечары ў той дзень Васіль, не выходзячы тры дні з хаты, надзеў кажух і гатоў быў выйсці на двор. Кацярына длубалася за нейкаю дробнаю работаю і была так задумана, што не зварочвала ўвагі на тое, што рабілася вакол. Толькі што Васіль хацеў узяцца за клямку, як дзверы адчыніліся і перад ім, як з-пад зямлі, вырас польскі жаўнер. Васіль адступіў крокі два-тры назад і ўтупіўся ў жаўнера. Апошні таксама запыніўся каля парога і аглядаў Васіля. І без таго чырвоны твар жаўнера зрабіўся цёмна-чырвоным, як бурак.

— Хто-то такі ёсць? — перавёўшы вочы з Васіля на Кацярыну, жорстка запытаўся ён.

Кацярына падняла вочы ад работы, зразу пачырванела, а потым пабялела як смерць. Відаць было, што ёй дыхаць цяжка.

— А ці пану не ўсё роўна, хто гэта,— перавёўшы дух, адказала Кацярына.

— Мусібыць, не ўсё роўна, я маю права пытацца аб гэтым,— насупіўшыся, прамовіў жаўнер.

У Васіля першы спалох прайшоў. Ён глядзеў то на Кацярыну, то на жаўнера. Яго зацікавіла тая змена, якая рабілася на твары жонкі. Бачачы, што яна перапалохалася, Васіль парашыў дапамагчы ёй.

— Якое ж гэта права і адкуль яно — прыйсці ў хату к кабеце і праз нішто прычапіцца да яе. Ці ж цяпер ужо нават нельга быць аднаму ў другога?

Жаўнер вылупіў вочы на Васіля, абвёў яго позіркам з ног да галавы і прабурчаў:

— Гэта права маё ўласнае! Я — тут гаспадар!

— Дазвольце: як — вы гаспадар? Мне здаецца, што вы толькі польскі жаўнер і гаспадаром гэтага дому вы лічыцца не можаце,— здзіўлена гаварыў Васіль.

— Ты, мусібыць, здалёку, а не з гэтай вёскі, калі не ведаеш, што я гаспадар у гэтай хаце.

Васіль аслупянеў і не ведаў, што адказаць. Ён глянуў на Кацярыну: тая траслася, як у трасцы. Раптам яна ўскочыла на ногі, падышла блізка к Васілю і сарваным голасам прамовіла:

— Васіль, я — яго жонка.

Рукі ў яе апусціліся, у твары не было ні крывінкі. Васіль стаяў так, як бы яго агрэлі абухом па галаве: нейкі момант ён не мог крануць ні адною часткаю цела. Жаўнер зразу дагадаўся, хто быў той, што стаяў тут з ім: пытацца больш не трэба было.

— Ого! Дык гэта бальшавік з’явіўся! Ну, ты нядоўга тут у нас пакруцішся,— злосна сказаў ён.

— Але, шкода, што я не бальшавік і не з бальшавікамі цяпер,— упічна адказаў Васіль.

Кацярына ад пачатай гутаркі прыйшла крыху ў сябе. Яна зноў падышла да Васіля, схапіла яго руку і са слязьмі ў голасе загаварыла:

— Не вінаваць мяне, Васіль, і не лічы нягоднаю. Праўда, я не буду ўжо тваёю, бо я стала жонкаю вось яго. Ты, можа, думаеш, што я ад распуства пайшла ў рукі другому, чужому, ці злюбілася з ім — не! Сілаю, страхам смерці прымусіў ён мяне аддаць яму сваё цела...

— Кацярына, я не дазваляю табе гаварыць! — крыкнуў жаўнер.

— А я дазволу і не прашу,— адказала яму Кацярына.— Усё роўна трэба скончыць тое, што было... Ты ведаеш,— звярнулася яна да Васіля,— засталася я тут адна, без аднае роднай душы, сама спраўлялася з гаспадаркаю, сама арала, касіла. У мінулую восень наехалі вось яны (яна паказала на жаўнера), легіянеры, забралі ўсё дачыста: прыйшлося ісці на заработкі. Але ўсё трывалася. Я думала, што калі-небудзь павінна скончыцца вайна, прагоняць гэтых паноў, ты вернешся дадому, і ўсё гора забудзецца... Але... але стала іначай, як я думала. Вось патрэбна я стала пану Францішку...

У Васіля па руках прайшлася сударга і пальцы самі сышліся ў кулак.

— Пачаў ён цягацца сюды штовечар,— гаварыла далей Кацярына.— Але як ні прыставаў, усё было напрасна... Вось раз ноччу, гадзін каля дзвюх, увальваюцца ў хату два легіянеры з аружжам: забралі мяне і павялі ў Докшыцы. Прыводзяць да каменданта, ці што. Ён пытаецца ў мяне: «Твой муж служыць у бальшавіках?» — «Не, кажу, мой муж прапаў без ведама яшчэ ў нямецкую вайну».— «Брэшаш,— крычыць камендант.— Прызнайся, а то кепска будзе».— «Не, кажу, няма ў чым больш прызнавацца». Камендант пазваніў і вялеў мяне куды-та адвесці. Тыя самыя легіянеры павялі мяне ў нейкі свіронак, сарвалі адзежу... і... пачалі паласаваць... шомпаламі ад вінтовак... Потым пусцілі. Давалаклася я дадому толькі на зары, раніцай.

— Ты захацела, можа, яшчэ спрабаваць шомпалу? — рыкнуў жаўнер на Кацярыну, падступіўшы к ёй.— Каму гэта ты жалішся — бальшавіку? Яго заўтра не будзе, і ён табе не паможа.

— Прэч ты, дрэнь паскудная,— адпіхнуў яго Васіль.

— Ну а ўвечары прыйшоў ён (паказвае на Францішка), пасмяяўся над тым, што мяне катавалі, а потым... потым прымусіў мяне зрабіцца яго жонкаю. А далей... далей пайшло ўжо так са дня ў дзень... Толькі для Юзіка я засталася жывою і не налажыла на сябе рук... Я чакала цябе, Васіль, і страціла ўсякую надзею: мне стала ўсё роўна, але я табе больш не жонка.

Васіль, сіні, з сціснутымі губамі, востра паглядзеў на жаўнера, і вочы іх сустрэліся. Здавалася, яны мералі адзін другога.

— Ну, пане, проша вон! — злобна выдавіў з сябе Васіль.

— Ці не ты мяне выганяеш? Я цябе выкіну не толькі за дзверы, але ты зусім не ўбачыш свету,— пагразіў жаўнер.

— Ты думаеш мяне весці да твайго каменданта і там катаваць? Дык не! Хоць ты да не дачакаешся гэтага.

Васіль падскочыў к жаўнеру, і пальцы яго ў момант сціснулі яму горла. Жаўнер пасінеў, але, абхапіўшы Васіля абедзвюма рукамі, ён моцна яго сціснуў і прогся паваліць на зямлю. Васіль быў слабейшым па сіле, і жаўнер падмяў яго пад сябе, але касцяныя пальцы Васіля, як абручамі, урэзаліся яму ў шыю. Жаўнер пачаў задыхацца, і рукі ў яго ўсё слабей сціскалі Васіля, ляжаўшага пад ім на зямлі. Васіль раптам расшчапіў руку, якая душыла жаўнера і, зрабіўшы страшэннае напружанне, выслізнуў з-пад яго наверх. На лаве побач ляжала сякера, і пакуль жаўнер справіўся ўстаць, яна сваім вастрыём глыбока ўрэзалася яму ў голаў...

Кацярына з жахам глядзела на тое, што рабілася перад ёю. Як толькі сякера бліснула ўверсе, яна, сама як не свая, кінулася к Васілю, але ўжо было позна.

— Што ты зрабіў, Васіль?

Васіль цяжка соп і з нязмернаю злосцю глядзеў на распластанага ворага. Пытанне жонкі вярнула яму разуменне.

— Так сабацы і трэба,— адказаў ён.

— Можа, ён і не так вінават быў, каб яго караць смерцю.

— А табе шкода яго? — бліснуўшы гнеўнымі вачамі, выкрыкнуў Васіль.

— Васіль, Васіль, — толькі змагла прагаварыць Кацярына, і бязмернае гора, смяртэльнае тамленне скавалі яе ўсю.

Васіль, кашкануўшы нагою адкінутую руку забітага, каб яна не загароджвала дарогі, падышоў к ложку і стаў перабувацца. Потым ён знайшоў мяшок, злажыў у яго некалькі дробнае адзежы, кавалак хлеба, жасцяны кубачак і іншую драбязу. Апрануўшы свой стары дзіравы шынель, ён пайшоў да дзвярэй.

— Абарані і схавай Юзіка,— сказаў ён, павярнуўшыся ў бок Кацярыны.

— Куды ты? — ускінула яна на Васіля вочы.

— Спаганяць помсту! — адказаў ён.

— Ну, ідзі. Табе тут няма месца, ідзі!

Хатнія дзверы зачыніліся за Васілём. Кацярыне зразу стала кепска, яна хістанулася. У адзін момант у яе галаве прамільгнула думка, што з ёю цяпер будзе, хто яе падтрымае. Няма нікога: яна застаецца адна перад варожым светам, які цяпер наваліцца на яе ўсім цяжарам здзеку. Ёй страшэнна захацелася ў гэты момант пачуць хоць астатняе слова ласкі і ўцехі. Яна кінулася ў дзверы і здагнала Васіля яшчэ на дварэ.

— Васіль, пачакай! — запыніла яна мужа. Ёй хацелася прыгарнуцца да яго, выплакаць увесь свой боль, але замест гэтага яна сказала:

— Помні, Васіль, маё апошняе слова: ёсць другія, хто больш вінаваты, чымся Францішак. Помні!

— Я ведаю, хто вінаваты! — Веснічкі рыпнулі, і Кацярына засталася адна.

 

ІІІ

 

Падыходзіў ужо канец красавіка 1920 года. Сярод чырвонаармейскіх палкоў, раскіданых па гарадах, мястэчках і вёсках Віцебшчыны і Магілёўшчыны, пачаўся незвычайны рух. З раніцы да вечара ішлі то вучэнне, то манеўры. Палкавыя кавалі цэлымі днямі стукалі каля кузень, падкоўваючы коней і папраўляючы дарожны панарад. Падвозіліся цэлымі абозамі патроны, вінтоўкі. Па ўсім было відаць, што гатуецца наступ.

6 траўня зранку ўжо па ўсіх дарогах, якія вялі на захад, паўзлі цэлыя ключы народу і падвод. Падняўшыся на ўзгорак, можна было бачыць, як у адным напрамку гэтыя ключы аднакава жыва краталіся ўсё ўперад, не абганяючы і не застаючыся ззаду адна ад другое. Чым бліжэй падсоўваліся яны да мяжы, дзе пачынаўся польскі фронт, тым больш яны скарочваліся: ад іх адлучаліся часткі ў бакі, часткі заставаліся па вёсках ззаду.

N полк ужо ў дарозе шэсць дзён. Пад вечар шостага дня перад ім заблішчала здалёк вялікае Лепельскае возера. Запыніўшыся на выхадзе з аднаго невялікага ляска, полк застаўся тут нанач. На другі дзень павінен быў адбыцца першы бой з палякамі ў мэце — адабраць Лепель. Чырвонаармейцы, быўшыя ўжо на многіх франтах і бачыўшыя шмат боек, хутка згатавалі вячэру і тут жа, пад кустамі, паляглі спаць, ведаючы, што заўтра, можа, ім і не ўдасца заснуць ці паесці. Толькі ў тым месцы, дзе знаходзіўся камандзір, доўга гарэў касцёр і каля яго, схіліўшыся над планам і пільна разглядаючы апошні, сядзелі камісар, камандзір і ад’ютант.

— Таварыш камандзір! Мы нейкага чалавека, ішоўшага з боку палякаў, прывялі,— далажыў чырвонаармеец з заставы.

— Адкуль вы? — запытаўся камандзір, адарваўшыся ад ліста, які ён пісаў.

— З-пад Докшыц; уцёк ад палякаў і хачу служыць у Чырвонай Арміі.

— У польскім войску служылі?

— Не, не служыў, але добра ведаю, дзе што ў іх знаходзіцца.

Камандзір запытальна аглядзеў прыведзенага.

— Ну, добра,— сказаў ён,— вы заставайцеся тут, пры мне, а вы, таварыш, ідзіце на сваю заставу.

Камандзір паклікаў чырвонаармейца з развядальнай каманды і сказаў:

— Вось у вашу каманду новы разведчык. Скажыце начальніку, каб за ім сачылі добра,— дабавіў ён ціха.

Васіль Каляда стаў разведчыкам і надта быў здаволен, што яго паслалі ў гэтую каманду. На другі ж дзень ён стаў надта карысным. Дзякуючы Васілю, які ўперад, чымся перайсці к чырвоным, выведаў усё аб моцы і размеркаванні польскага войска ад Полацка аж да Барысава, палку, у які ён папаў, удалося прайсці непрыкметна для палякаў у тыл іх фронту і гэтым паскорыць іх паражэнне ў першы дзень наступу.

За тры дні палякі ад Лепеля адкаціліся да самае Беразіны. Але тут яны, мусіць, парашылі затрымаць чырвоных. Каля вёскі Б. Чарніцы яны моцна заселі, і бойка цягнулася два дні. На ўзвячорку другога дня бойкі палякі не вытрымалі і пачалі ўцякаць. К гэтаму часу N полк страціў шмат каго з начальства: былі роты ці каманды, дзе не заставалася цэлым ніводнага начальніка. Якраз гэтае самае было з камандаю разведчыкаў — там не засталося ні начальніка, ні ўзводных. А тым часам, як палякі пачалі ўцякаць, камандзе было даручана першай іх здаганяць. Каманда замарудзілася, не ведаючы, каго ж слухаць. Час быў такі, што марудзіць было нельга, бо палякі маглі зноў вярнуцца ў свае акопы... Васіль выскачыў уперад і крыкнуў:

— Каманда, за мною!

І каманда з бліскучымі японскімі штыхамі перад сабою ўбежкі пусцілася на вялікую ватагу палякаў, ужо змешаных і не меўшых строю. Палякі кінуліся ўцякаць у блізкі за імі лес, а чырвонаармейцы наганялі іх і насаджвалі на штыкі.

Але чымся далей, гурткі чырвонаармейцаў, якія гналіся за ворагамі, усё аддаляліся адзін ад другога. Васіль з пяццю таварышамі, якія былі побач з ім, таксама заляцеў далёка ўперад і не меў звязку з усёю камандаю. Перад яго вачамі мільгалі пагоны тоўстага палкоўніка, якога ён не спускаў з вачэй. Палкоўнік прогся крыкам прыпыніць сваіх жаўнераў, але гэта яму не удавалася.

— Здавайся! — крыкнуў ім Васіль.

Жаўнеры пачалі кідаць аружжа і падымалі рукі, з жахам гледзячы на чырвонаармейцаў. Палкоўнік таксама прыпыніўся, і Васіль кінуўся на яго са штыком.

— Здаюся,— прахрыпеў палкоўнік.

— Не, ты мне не патрэбен,— і Васіль глянуў на яго крывавымі вачамі.

Страх смерці зрабіў палкоўніка храбрым. Ён кінуў гнеўны погляд на сваіх жаўнераў і крыкнуў:

— Што ж вы кінулі аружжа! Бачыце: іх пяць, а вас шэсцьдзесят.

Ён выхапіў пісталет, жаўнеры кінуліся падбіраць свае вінтоўкі. Адскочыўшы некалькі крокаў, палкоўнік стаў цэліцца ў Васіля. Але не паспеў ён стрэліць: пісталет яго вылецеў з рукі, а Васіль, выхапіўшы яго ж паляўнічы нож з-за рэменя, засадзіў яго ў бок палкоўніка.

— Здавайцеся вы, панскае быдла! — крыкнуў Васіль на жаўнераў.

Жаўнеры як адзін кінулі зноў аружжа і моўчкі пад канвоем чатырох чырвонаармейцаў пайшлі ў тыл палка, дзе ледзьве верылі, што такую грамаду паланёных маглі забраць шэсць разведчыкаў.

З левага боку Беразіны ўжо не было палякаў. Чырвоныя палкі хутка перайшлі рэчку, дзе палякі не паспелі нават зніштожыць мост. Затое адразу на другім беразе пачалі пападаць насустрач вёскі, пылаўшыя ў агні. На Васіля гэтыя пажарышчы рабілі асаблівае ўражанне. Ён весела глядзеў на слупы агню і дыму і маляваў сабе адбіткі, як будуць гарэць панскія палацы і маёнткі.

Хутка былі заняты і Докшыцы. Васіль адпрасіўся на адзін дзень зайсці дадому. Але, прыйшоўшы ў сваю вёску, ён не знайшоў ні хаты, ні другіх сваіх будынкаў: толькі голая печ з комінам сведчыла аб тым, што тут некалі была сяліба.

Ён падышоў к суседскай хаце.

— Хвядора, што гэта тут зрабілася?

— Ох, Васілька, што тут чаўплося пасля таго! На другі ж дзень наехалі жаўнеры, схапілі тваю Кацярыну і Юзіка і пачалі дапытвацца, дзе ты: і білі, і рвалі іх, і чаго толькі не зрабілі, як толькі не глуміліся над Кацярынаю! Бачачы, што нічога ад яе не даведаешся, застрэлілі абодвух, хату падпалілі... Ох, якія дрэнныя часы! І калі ўсё гэта скончыцца?

— Скончыцца, не бойся!

Апошняя іскарка, астатні праменьчык у душы Васіля затухлі. У жыцці яго не асталося больш ніякага пачуцця, апроч прагнасці да помсты. Ён хутка дагнаў свой полк, які беспрыпынна ішоў усё далей і далей на захад. Васіль стаў лепшым разведчыкам, і калі трэба было выканаць важнейшыя заданні, то пасылалі яго. Толькі ён меў, з погляду начальства, адну хібу — лішнюю жорсткасць: ці засцігаў ён у маёнтку панка, ці захапляў з паста жаўнера — яны жывымі з яго рук не выходзілі. Таксама ён любіў сунуць запалку ў фальварак, а потым стаяў і цешыўся агнявым слупам. Часта ён сам нават без дазволу і прыказу начальства заходзіў вёрст на дваццаць у тыл ворага, нападаў на вайсковых фурманшчыкаў, выклікаючы гэтым спалох сярод значнай часткі цэлае арміі. За адвагу яго некалькі разоў хацелі павысіць у пасадзе, даць яму ўзнагароду, але ён адмаўляўся, кажучы, што яму нічога не трэба.

Была раніца ў пачатку жніўня. За паўвярсты ад вёскі Зембраў на Сакалоўскай шашы, па той бок Буга, ламаным ланцужком цягнуцца часовыя адзіночкі-акопчыкі. У кожнай ямцы сядзіць па чырвонаармейцу. Стомленыя двухдзённаю жорсткай бойкаю за гэтую вёску, яны спяць. Толькі даследчыкі ўжо ўсталі і пайшлі на догляд у лес перад пазіцыяй. Праз некалькі хвілін пасля таго як яны схаваліся ў лесе, адтуль выскачыла назад чалавек пяць чырвонаармейцаў, якія былі ў палявой варце.

— Таварышы! Польская кавалерыя! — закрычалі яны.

Не паспеў заварушыцца наш ланцуг у акопах, як з лесу выскачыў адзін, другі, трэці эскадрон і лаваю памчаліся на акопы. Увесь батальён, які быў у акопах, пачаў збягацца ў адно месца. Але часу было мала: батальён не мог самкнуцца, а коннікі былі ўжо вось-вось на даўжыню пікі. Яшчэ адзін момант, і пачалася б сечка шаблямі раз’яднаных чырвонаармейцаў... Раптам з боку лесу трэснуў залп, і ў першым эскадроне грукнуліся вобземлю людзі, коні... Трэснула другі раз — і новая груда цел валіцца на зямлю. У эскадроне паднялася суматоха, на яго наляцеў другі эскадрон. Тым часам батальён паспеў сціснуцца ў кулак і таксама залпам стаў паліваць коннікаў.

Трэці эскадрон, прыкмеціўшы выйшаўшых з лесу чырвоных даследчыкаў, так удала ссадзіўшых першы эскадрон, кінуўся на іх. Даследчыкі хутка схаваліся ў лес, і з-за дрэў сустрэлі ляцеўшых на іх коннікаў наймацнейшым агнём, будучы самі недасягны ім. Васіль жа застаўся на полі: стоячы на калене, ён пускаў адну за другою кулі ў напрамку першага эскадрона. Потым ён ускочыў на ногі і, затаіўшы дух, з бязмернаю радасцю і шчасцем у вачах глядзеў, як звіваліся ў крывавы клубок абодва першыя эскадроны пад залпамі і кулямётамі чырвонаармейцаў.

— Таварыш, уцякай сюды! — крыкнулі яму з лесу.

Ён азірнуўся, якраз на яго ўгалоп ляцела каля дзесяці коннікаў. Хацеў ён кінуцца к лесу, але было ўжо надта позна...

Праз паўгадзіны ўсё на полі замоўкла. Разведчыкі крануліся ўперад, каб выпаўняць сваё, так нечакана затрыманае заданне. Сярод іх Васіля ўжо не было.

 

1923 г.

 

 


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Нёманскі Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 598 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан