epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Нёманскі

Драпежнікі

ЧАСТКА ПЕРШАЯ
  І
  ІІ
  III
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
  ІХ
  Х
  ХІ
ЧАСТКА ДРУГАЯ
  І
  ІІ
  ІІІ
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
  ІХ
  Х
  ХІ
  ХІІ
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
  І
  ІІ
  ІІІ
  ІV
  V
  VI
  VII
  VIII


 

 

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

 

І

— Салавейчык, га Салавейчык! Вязіце мяне, калі ласка, не вуліцаю, а сценкаю паўз сяло. Ведаеце?

— Добра!

Балагола звярнуў убок і закульгаў па вузкай дарожцы, якая стужкаю працягнулася ўздоўж вёскі. Тодар Крэпчук вылез з буды і прымасціўся на салавейчыкавым мяшку. Вось гэтыя гумны, пастаўленыя ў рад, як салдаты на вучэнні, вось вузенькія палоскі гародаў, над якімі матляюцца для пужання вераб’ёў старыя кашулі і спадніцы, а вось з другога боку сценкі-загончыкі закаласіўшага жыта і яскрава зялёнае, нізкае яшчэ ярыны. Вось кабета адарвалася ад грады, прылажыла далонь да лба і ўглядаецца, хто едзе.

— Бэрка, каго ты вязеш? — голасна пытаецца яна.

— Вусы вырастуць, калі ўсё будзеш ведаць! — адказвае фурман і падсцёбвае запараную кабылку.

На Тодара зразу налятае вяласць. Калі ад самае чыгункі, усе дваццаць вёрст ён неадчэпна падганяў Салавейчыка, раз-пораз высоўваўся з буды, каб сачыць за верставымі слупамі, прыкмячаў усе ўзгоркі, лясы, гаёчкі, рэчкі, то цяпер, калі ён быў блізка ад дому, цікавасць і нецярплівасць раптам прапалі. Можа, гэта залежыць ад таго, што калі едзеш куды, то думкі малююць перад табою нешта новае, незвычайнае, што чакае цябе ўперадзе; і вось як замест гэтага незвычайнага убачыш тое, да чаго даўно прывучана вока і пачуццё, то мусіць быць рэакцыя супраць прыпаднятасці настрою.

Тодар акінуў вокам роўны шэраг гумен, гароды з роўненькімі градамі, шэраг калодзежных жураўлёў і далей, у канцы вёскі, вежу царквы і аддаўся задуменнасці, якая не мела ніякага звязку з уражаннямі ад роднага сяла.

— Ну, вось і прыехалі!

Тодар уздрыгнуў ад гэтых слоў. Ён ускінуў свой бляды твар, рэзка павярнуўся ў бок школы, перад якою стаяў балагола. У яго стомленых вачах заблішчаў агеньчык радасці, на твары з’явіліся невялічкія ружовыя плямкі. Рука крыху дрыжала, калі ён абапёрся ёю на аглабіну, злазячы з воза.

Тодар жвава саскочыў з воза і ў момант быў на ганку. Крыху прыпыніўшыся, ён узяўся за клямку. Дзверы не адчыняліся. Ён мацней націснуў на клямку і грукнуў каленам у дзверы. Нічога не пасобіла. Што б гэта азначала?

— Выкіньце, Салавейчык, маю пляцёнку ды будзьце вольны,— звярнуўся апаўшым голасам Тодар да балаголы.

Расплаціўшыся, Тодар падняў сваю пляцёнку і пайшоў да брамкі, праз якую можна было папасці на двор, а адтуль «чорным ходам» — у кватэру. Але і брамка была замкнута. Нядоўга думаючы, Тодар перакінуў свае клункі цераз плот, а потым і сам пералез. Пакінуўшы ўсё сваё дабро ляжаць на зямлі, ён кінуўся да «чорных» дзвярэй і так быў упэўнены, што яны не замкнуты, што нават знячэўку трахнуўся аб іх ілбом.

«Што гэта здарылася?»

Школа стаяла ў адлегласці ад вёскі, а таксама і ўсіх тых будынкаў, што звычайна бываюць на «дзядзінцы». Такім чынам, у гэты час нават не было паблізу нікога, у каго б можна было запытаць аб сваіх, дзе яны. Дай пытацца неяк няскладна.

Пастаяўшы каля чорнага ганка, пакуль ад’едзе балагола, Тодар пайшоў аглядаць школьны пляц — так сабе, не ад цікавасці, а каб скаратаць час. Вось грады з малінамі, трускаўкамі, вось шпалеры кустоў агрэсту, далей сад з роўнымі вастраверхімі ялінамі вакол, паўз плот. Бацька Тодара свядомы не толькі настаўнік, але і садавод, і сад каля школы заўсёды трымаўся ў належным парадку. Толькі цяпер ён выглядаў не такім чыстым, якім ведаў яго Тодар раней. На дрэвах лушчылася пажоўклая вапна, дзе-нідзе ўбачыш чортапалох або лапух, дарожкі былі засыпаны пажоўклаю апаўшаю цвіценню. Мімаволі звязваліся ў думках замкнутыя дзверы і гэтая неахайнасць саду.

З панураю галавою перанёс Тодар свой багаж да чорнага ганка і зноў пайшоў сланяцца па садзе. Ён хадзіў узад і ўперад, як маятнік, падоўгу стаяў на месцы і з узгорка глядзеў на маёнтак, за ім на рэчку і лес, але ўсё гэта не магло прыцягнуць яго ўвагі і змяніць той нудны настрой, які апанаваў яго каля замкнутых дзвярэй.

Вылаяўшы злосна пчол і розную мошку, якая ў нерухомай цішы яснага сонечнага дня бясконца цягнула свой манатонны звон, Тодар раптам скінуў сваю студэнцкую жакетку, сцепануў яе ад пылу і, кінуўшы на траву, лёг пад дрэва. Ён дастаў нейкую невялікую кніжку з кішэні.

«Дзеля гэтага не варта было ехаць з Пецярбурга — можна было б і ў Лясным так час правесці»,— падумаў, пачынаючы чытаць, Тодар.

— Ха-ха-ха! — срэбраным званком будзіць Тодара чыйсьці голас.

Тодар адганяе муху ад свайго твару, якая непакоіла яго, адкрывае вочы. Маладая дзяўчына з травінкаю ў руцэ, якую яна раптам адхіліла ад твару Тодара, крыху адскочыла ўбок і з вясёлымі агеньчыкамі ў вачах глядзела на яго. Тодар сеў і недаўменна зірнуў на дзяўчыну.

— Ты ўжо ачнуўся ці не? Чаго ты так глядзіш? — І звонкі смех рассыпаўся па зелені саду, прасякнутага касымі праменнямі сонца.

— Пачакай!.. Да гэта ты, Зоська?

— Вось табе і на! Не пазнаў зразу?

Тодар ускочыў на ногі і кінуўся да сястры. Яна са смехам пусцілася па садзе, пераскокваючы праз кусты, грады, хаваючыся за тоўстыя дрэвы. Белы капялюшык яе зваліўся з галавы, каса расплялася, і лёгкая хваля залатых валасоў насілася з аднаго ў другі канец саду.

— Ну, здагані! — паддражнівала яна брата і з гэтымі словамі была ўжо ў густым малінніку.

Так, мусіць, з паўгадзіны яны, як маленькія дзеці, гойсалі па ўсім садовым пляцы. Нават на блядым, стомленым твары Тодара з’явілася ружовая фарба.

— Ну, кінь ты! — напаследак сказаў ён.— Я даўно ўжо не лётаў так і не магу ўгнацца за табою. Ідзі да мяне!

Зося выскачыла з-за кустоў і павісла на шыі брата.

— Якая ты вялікая ўжо стала! Мне здавалася, што ты такая худзенькая, мізэрная дзяўчынка з чорным фартушком на сінім убранні. А ты вось якая.

Ён з замілаваннем гладзіў растрапаныя косы сястры, углядаўся ў яе вясёлы жвавы твар, шэрыя вочы, з якіх нібы скакалі іскры.

— Ты быў дома зімою два гады назад. Помніш, ты не хацеў узяць мяне ў лес, як ішоў туды са стрэльбаю.

— Тады ты была дзяўчынка, а цяпер... кабета.

— Я і цяпер такая! Мне так хочацца часам паскакаць, падурэць, як цяпер! Толькі сорамна чужых. А вось з табою мне не брыдка... Ды калі ты прыехаў?

Тодар паглядзеў на сонца, якое было на адвячорку, і сам падзівіўся, што так многа праспаў. Запытанне сястры вярнула яго да таго настрою, які адчуваў ён раніцою, калі прыехаў дадому.

— Што ты такі хмурны зрабіўся? — запытала Зося.

— Так... Скажы мне, дзе ты была цэлы дзень і чаму школа замкнута з усіх бакоў?

— Татку вызвалі па нейкіх справах у горад, а я цяпер на службе.

Брат здзіўлена паглядзеў на дзяўчыну. Яна на службе, такое яшчэ, можна лічыць, дзіцянё? Дый дзе ж тут можна служыць? Хіба настаўніцаю ў суседняй вёсцы, але ж у гэты час не можа быць заняткаў. Гэтыя думкі прамільгнулі ў галаве Тодара і не далі адказу на запытанні, якія ўзніклі пры паведамленні Зосі.

— Я служу на заводзе! — і Зося сур’ёзна паглядзела на брата.

— На якім заводзе? Што за плёткі?

— Ды ці ж ты нічога не ведаеш? Няўжо ж мы не пісалі табе? Ідзі, глянь!

З гэтымі словамі Зося схапіла брата за руку і пацягнула за сабою ў рог саду на ўзгорак, адкуль адкрываўся шырокі кругавід.

— Вось, глядзі туды!

За маёнткам Ляскаўцамі, які хаваўся ў купах ліп вялізарнага парку і знаходзіўся каля самага гасцінца, ніжэй да рэчкі, уздымаліся ў неба два вялізарныя коміны. Вакол іх раскіданы былі чырвоныя муры і белыя новенькія драўляныя будынкі. Дахі і новыя сцены блішчалі на сонцы і рэзка выдзяляліся на фоне светла-зялёных сенажацяў і больш цёмнае стужкі дальняга лесу. З таго боку рэчкі, якраз супраць новых будынкаў, па сенажаці разаслаўся роўны, як страла, шырачэзны роў, які ўпіраўся далёкім канцом у самы лес, хаваючыся там. Каля заводскіх будынкаў, як мурашкі, поўзалі людзі, відаць былі запрэжаныя хурманкі, якія паражняком выязджалі на вольнае месца. На рэчцы, супроць завода, віліся ўверх сінія палоскі дыму з прытарнаваных плытоў.

— Ну, бачыш! Шкляны завод ужо пабудаваны і скончаны. Цяпер канчаюць папяровую фабрыку. Вось я і служу ў канторы шклянога завода, ужо два тыдні.

Тодар не мог пазбавіцца ад здзіўлення. Яго не толькі дзівіла тое, што ў гэтым глухім месцы ўзніклі два заводы, а і тое, што яго сястрычка, учора яшчэ дзіцё, ужо пайшла самастойнаю дарогаю.

— І табе не боязна там служыць?

— Не! Чаго ж мне баяцца?

— Маладзец ты ў мяне! Трэба згадзіцца, што ты дарослая.

— Кінь ты дзівіцца з мяне! Хадзем лепш у хату.

Тодар сабраў свае клункі і следам за сястрою увайшоў у школу. З дзяцінства знаёмыя малюнкі абступілі яго. Па сценах таксама былі развешаны дзве геаграфічныя парыжэлыя карты, карткі звяроў і раслін, карткі святых, абраз на куце, крывая шафа з «Родным словом», «Житиями святых», «Часословом», «Псалтирями» ды іншымі «назидательными и душеспасительными» кніжкамі ў замурзаных вокладках. На ўсіх рэчах ляжаў тлусты пыл і павуціна. Усё тое самае, ніводнае рыскі, ніводнае падрабязнасці, якая б сведчыла аб зменах у параўнанні з мінулым. Як было пятнаццаць год назад, так і засталося, колькі б разоў ні прыходзілася аглядаць школу з новым прыездам. Можа, не пятнаццаць год не было змен, а і ўсе сорак, як існуе сама школа. Таксама і ў бацькавай кватэры ўсё на тым жа месцы, усё тыя ж старыя зэдлікі і крэслы, канапы з даўно страціўшаю фарбу абіўкаю, столікі, пакрытыя сцёртаю цыратаю. Вось і шафа з уласнымі бацькавымі кніжкамі: Ранке, Гельмгольц, Гааке, Карэеў, класікі расійскай літаратуры. Не відаць тут кніжак, якія былі тры-чатыры гады назад: у 1905 годзе ў гэтай самай шафе побач з Карамзіным стаяў Шышкоў, паміж бібліяй і гісторыяй царквы ўціскаўся Рубакін, а на ніжняй палічцы, каля «Губернских Ведомостей», ляжаў стажок «Нашай нівы». Засталіся толькі старыя пажоўклыя сшыткі ў цяжкіх вокладках, быццам яны, як струхлеўшыя дзяды, не маглі сысці з месца; моладзь жа кудысьці дзелася. Але яна, мусіць, не пайшла шукаць прыстанішча па свеце, а марнее захаванаю ад сонца і чалавечых вачэй.

— Што ты разглядаеш у гэтай шафе? — высунуўшы голаў з другога пакоя, запыталася Зося.— Яна ўсё такая самая, і ў ёй усё тое самае.

— Не зусім так! — з развагаю адказаў Тодар.

Запушчанасць у садзе, неахайнасць у школе, псалтыры і «Жития святых», як броснямі, абляплялі істоту Тодара. Увесь той жыццярады настрой, які адчуваў ён пры спатканні з сястрою, прапаў. Вялымі крокамі пайшоў ён у другую каморку, куды клікала яго Зося палуднаваць.

— А дзеля чаго паехаў татка ў горад? — запытаўся за сталом Тодар.

— Ён сказаў, што па школьных справах — дні на тры. А па якіх справах — я не ведаю: нічога не сказаў.

— І часта ён ездзіць да горада?

— Амаль штомесяц, каля гэтага тэрміну.

— Штомесяц? Па школьных справах?

— Чаму гэта цябе так дзівіць? Ён так кажа.

Гэтыя рэгулёвыя штомесячныя наведаванні бацькам павятовага горада занепакоілі Тодара. Няўжо ж яшчэ да гэтага часу?.. Два гады назад яго бацьку, Петрусю Крэпчуку, загадалі наведвацца ў павет па «школьных справах». Ці не такія самыя справы цяпер, як і тады? Тады, бадай, палову мужчын сяла Ляскаўцы цягалі ў павет. Даведваліся, хто падбіваў сялян на мяцеж 1905 года, хто падпальваў панскія адрыны, хто ўдзельнічаў у знішчэнні фальварка Закрошын. Шмат каго з сялян пасадзілі, і сядзелі яны гадамі, як гэта было ведама Тодару яшчэ ў Пецярбурзе.

Раз увосень з’явіўся ў школу ўраднік і загадаў бацьку ехаць да спраўніка ў павет. Тады яго пратрымалі з тыдзень ды пусцілі, але пачаліся наведванні па «школьных справах».

— А благачынны часта бывае ў нас у школе?

Зося не зразумела адразу, дзеля чаго гэтае запытанне.

— Благачынны?.. Часта, так... праз два тыдні зімою... Што табе ўзбрыў у голаў благачынны?

— Так сабе... Як трапіш дадому, дык усялякая драбяза ўспамінаецца і цікавіць.

Так, мусіць, да гэтага часу бацьку надта шмат непакояць «школьныя справы». Раздумляючыся над гэтым, Тодар забыўся есці і нерухомым поглядам уставіўся ў далячыню сенажацей, якія як на далоні відаць былі з акна...

— Дый што ж ты, Тодзенька, засмучаны такі? Вось я табе...

З гэтымі словамі Зося, як кошка, падскочыла, абхапіла брата за шыю:

— Эй, нясі мяне, як тады ўлетку пераносіў цераз рэчку! Помніш, калі мы хадзілі за грыбамі.

— Ах ты жанчына! Дарослая. Ну, трымайся!

Тодар пад рогат Зосі панёсся з пакоя ў пакой. Старыя дошкі падлогі затрэсліся, шкло ў вокнах зазвінела, нават пагрызены моллю Карамзін крануўся з свайго месца ў шафе і штурхануў у бок Гельмгольца. Стол уздрыгнуў, стаў на адну нагу, пастаяў момант у разважанні і рушыўся на этажэрку, з якое загрукаталі адна за адною кніжкі.

— Ну, досыць! — і Зося кумяльганам пераляцела цераз плячо брата.

Тодар, адсопшыся, пачаў падбіраць раскіданыя кніжкі. Сярод іх трапляліся невялікія сшыткі ў далікатных вокладках з залатымі надпісамі і вышытымі закладкамі. Такія прыбраныя, як лялькі, кніжкі ўжо гэтым прыцягвалі ўвагу. Мапасан, Метэрлінк, Купрын... Зося пасабляла падбіраць, але, як знарок, пакідала на падлозе гэтыя зухаватыя кніжкі.

— А ведаеш, я «Саніна» чытала! — выпаліла яна, як з ружжа, і пачырванела аж да вушэй.

Тодар разагнуўся, правёў рукою па валасах і ўважліва паглядзеў на сястру. Вось табе і дарослая!

— Чытала? Ну, што ж! Кепска толькі тое, што ты аб гэтым гаворыш з пахвальбою, усё роўна як зрабіла нейкі надзвычайна станоўчы ўчынак... Адкуль ты бярэш гэтыя вось кніжкі, ад якіх нясе парфумай? — трошкі пачакаўшы, запытаўся Тодар.

— Мне дае іх панна Ляскоўская.

— Ты бываеш у паноў?

У голасе Тодара адчуўся халадок і непрыязнь.

— Бываю у Ядзі Ляскоўскай — і даволі часта.

Зося была крыху збянтэжана тым павучальным тонам, які брат узяў, калі яна прызналася яму аб «Саніне», а таксама тою рыскаю непрыемнасці, якая паказалася на яго твары пры паведамленні аб адносінах яе з панамі Ляскоўскімі. Яна стаяла ціха, пазірала ўбок і перабірала пальцамі стужкі свайго фартушка.

— Табе не падабаецца, што я бываю ў маёнтку?

— Зусім не падабаецца!

— Я ж калісь з паннаю Ядзяю разам у гімназіі вучылася. Няўжо я не павінна і з ёю бачыцца?

— Павінна ты ці не — я нічога не кажу!

Тодар павярнуўся да акна і пачаў уважліва разглядаць вазон з фукцыяю. Відаць было па ім, што ім апанавала абурэнне, якое ён хацеў стрымаць.

— Ну, добра,— раптам павярнуўшыся, сказаў ён.— Яшчэ ў нас часу будзе шмат, каб пагаварыць аб усім. Прачытала Арцыбашава, ну і ліха з ім! Прачытаеш і што іншае: там у мяне цалюханька пляцёнка розных добрых кніжак... Салавейчык, калі ўпіхаў мяне на станцыі ў сваю балаголу, дык нават запытаўся, ці не золата ў мяне напакавана ў пляцёнцы — такая яна цяжкая.

— Давай я пасоблю табе распакоўвацца! — зноў ажывілася Зося.

Разбіраючы рэчы брата, якія былі без парадку складзены ў пляцёнцы, Зося некалькі разоў звярталася ў бок Тодара, быццам хацела яму нешта сказаць, але стрымлівалася.

— Дык ты не хочаш, каб я наведвалася да Ляскоўскіх?— напаследак запыталася яна.

Тодар не паспеў адказаць, як яна з жывасцю падхапіла сваю думку, якая, мусіць, надта займала яе, і зашчабятала, як птушка раніцою:

— А ведаеш, заўтра ці паслязаўтра ў маёнтку будзе зборышча гасцей. Шмат з’едзецца народу. Нават маршалак і, кажуць, губернатар будзе. Пан Ляскоўскі склікае не толькі паноў, але гатуе пачостку рабочым і некаторым сялянам. Будзе баль з музыкаю.

— І рабочых і сялян склікае?

— Так.

— Што ж гэта за фокус?

— А будуць гуту пушчаць. Я павінна буду пайсці як служачая,— гэта па-першае, а па-другое — нам прышлюць запросіны. Ты павінен будзеш пайсці, і татка пойдзе, калі прыедзе да таго часу.

— Навошта я там здаўся? Не, мне няма чаго хадзіць да пана.

— Ах, Тадорка! Там будзе столькі народу, будзе музыка з горада, будуць танцы — так вясёла. Няўжо ж ты ўседзіш дома? Мне дык цяпер ужо хочацца скакаць.

— Блазан ты!

— Не, не блазан, не блазан! Вось табе! — і Зося абедзвюма рукамі прайшлася па густой шавялюры брата, зрабіўшы голаў яго падобнай да капы сена.

Тодар вызваліўся ад праворных рук сястрычкі, пасадзіў яе, як малую, на канапу і пачаў хадзіць з вугла ў вугал праз увесь пакой. Стала ціха, нібы ні жывое душы не было тут, толькі падлога мерна рыпала пад нагамі Тодара. Зося, як мышка, прытулілася ў кутку канапы і вадзіла вачамі за братам, які, здаецца, не прыкмячаў яе прысутнасці. Глыбокая задуменнасць апанавала ім, губы злажыліся шчыльна, і каля вуглоў іх з’явіліся рыскі горычы. Заходзячае сонца чырвоным праменем асвятляла яго бляды твар, як толькі ён паварочваўся ў бок акна, і рабіла яго жорсткім, чужым, далёкім.

— Тодар, не трэба больш хадзіць.

— Га!

— Непрыемны выгляд у цябе, злы такі. Ты раней такім ніколі не быў.

— Праўда? Ну давай разам сядзем, я табе скажу што-кольвечы вясёлае аб тэатры, напрыклад, аб пецярбургскіх знаёмых...

Ад акна ліўся лёгкі ружова-зялёны свет чэрвеньскага вечара.

 

ІІ

Маёнтак Ляскаўцы быў у канцы сяла, у адлегласці ад яго з паўвярсты. Гасцінец, абсаджаны бярэзінамі, і рэчка абмяжоўвалі яго з двух бакоў. З гасцінца да самага панскага палаца вяла гладкая, як столь, дарога, густа закрытая высачэзнымі старымі ліпамі. З аднаго боку ад гэтае дарогі быў вялікі сад, з другога ж — замыславаты па распланоўцы парк, які цягнуўся далёка і па-за палацам. Каля самага гасцінца дворная дарога пачыналася высокімі жалезнымі варотамі з шыльдамі на кожнай браме і драконамі наверсе мураваных філяраў. Папасці ў маёнтак можна было толькі праз гэтыя вароты, бо вакол усяго забудаванага пляцу была зроблена высокая мураваная агароджа з завостранымі жалезнымі зубамі зверху. Агароджа з шэрага палявога камення, асабліва ў тых месцах, дзе яна не аздаблялася зеленню саду і парку, надавала маёнтку выгляд астрога. Гэтае ўражанне яшчэ больш ахапляла па-за сценамі маёнтка. Нізкія будынкі з тоўстымі мурамі і прыплюшчанымі маўрытанскімі вежамі, вузкія вокны з кратамі ва ўсіх будынках, апроч самога палаца, зусім адпавядалі высокай зубчатай агароджы.

Ляскаўцы былі старадаўнім фамільным маёнткам паноў Ляскоўскіх. На шыльдах, якія аздаблялі і будынкі і мэблю Ляскоўскіх, былі выразаны тоўсты сноп і піка. Піку паны Ляскоўскія бадай што і не трымалі ў руках; што ж належыць да снапа, дык ён зусім адпавядаў «стяжательным» імкненням усяго роду. З пакалення ў пакаленне Ляскаўцы цвёрда былі і засталіся фамільнай маёмасцю: права маярату праводзілася ва ўсіх часах поўнасцю і безадказна. Валадары Ляскаўцоў пад шыльдаю тоўстага снапа заставаліся вернымі рыцарамі нажывы і захопу багаццяў. Сам па сабе невялікі маёнтак на працягу паўсотні гадоў зрабіўся тым месцам, адкуль вялося кіраванне шасцю буйнымі маёнткамі і, мусіць, тузінам больш дробных фальваркаў, раскіданых па розных паветах. Казалі, што пан Тадэуш Ляскоўскі, які быў на баку панска-польскага мяцяжу ў 1863 годзе, схітраваў не толькі сухім выйсці з вады, але нават набыў два-тры маёнткі, канфіскаваныя ўрадам у высланых паноў. Старэйшы сын Тадэуша, які быў валадаром Ляскаўцоў пасля смерці бацькі, саслаў у Сібір (вядома, праз суд) каля трыццаці сялян за «бунт», які адбыўся ў выніку самавольнага скасавання панам сервітуту і ўвядзення высокай арэнды за пашу ў лясах. Нажыўныя былі людзі ад роду ў род, моцна сядзелі ў старазаветным гняздзе. Усялякія там непрыемнасці, клопат, пакуты праносіліся дзесь далёка за лесам або па гасцінцы, і не заглядалі за муры панскага палаца.

Але гэты выгнаўшы сялян у Сібір Ляскоўскі не вытрымаў да канца лініі сваіх бацькоў і дзядоў. Раптам ён пачаў надоўга пакідаць Ляскаўцы — быў то ў Пецярбурзе, то ў Варшаве або Парыжы. Калі ж з’явіўся ў Ляскаўцы, то не мог уседзець на месцы. Кожныя два-тры дні ён браў са стайні жарабца і ехаў у горад. Звычайна позна ўночы конь прыходзіў адзін дадому. Тады чэлядзь наладжвала фурманку і з ліхтаром ехала шукаць пана па дарозе. Падабраўшы яго, п’янага, забруджанага, везлі дадому. Ужо было прададзена некалькі дробных фальваркаў. Многія родныя і сваякі Ляскоўскіх, раскіданыя па Беларусі і Польшчы, прысылалі лісты з пагрозамі, прыязджалі самі сварыцца, але нічога не пасабляла, пакуль не з’явіўся на сцэну адзіны сын гэтага пана — Стась. Ён прымусіў бацьку перадаць яму ўсё кіраванне гаспадаркаю і маёмасцю, а потым выселіў яго «адпачываць» у бліжэйшы фальварак.

Стась Ляскоўскі гадаваўся з дзяцінства бадай што ў адзіноце. Бацька яго быў заўсёды заняты купляю, банкамі, спрэчкамі з сялянамі, арандатарамі. Маці, не меўшая доўга дзяцей пасля яго, увесь свой час аддавала так званаму «светскому» жыццю, а потым у яе нарадзілася дачка, з якою яна цацкалася, як з забаўкаю. І ў гімназіі, і ў першы год ва універсітэце Стасю не было волі. Толькі пасля, калі бацька пачаў вандраваць па сталіцах, для Стася насталі залатыя дні. Грошай ён браў колькі хацеў. Вядомае багацце Ляскоўскіх прыцягвала да Стася ўсю так званую «залатую моладзь». Ён блізка сышоўся з маладым князьком Друцкім, а праз яго і з усёю сям’ёю Друцкіх. Улетку ён, як і бацька, валачыўся то па Карлсбаду, то па Ніццы або Остэндэ.

Першым яго горам была тэлеграма, якую ён атрымаў у Ніццы, седзячы ў кафе сярод аголеных жанчын. У тэлеграме было толькі напісана, што грошы не будуць высланы і што прадаецца адзін фальварак. Гэта, як бізуном, сцебанула Стася, у ім адразу прачнуліся радавыя традыцыі Ляскоўскіх. Ён кінуў Ніццу і паляцеў у далёкія хмурыя Ляскаўцы абараняць тое, што яшчэ можна было абараніць. Але там яшчэ нічога надта палохаючага не здарылася, хоць грошай ужо не было. Са злосцю на бацьку і лёгкаю кішэняю паехаў ён у гэтую восень ва універсітэт. «Залатая моладзь», знайшоўшы сабе новага ідала, паступова пакінула Стася, і яму толькі заставалася захаваць глыбока пагарду і абурэнне, якія былі выкліканы ў ім гэтымі новымі акалічнасцямі.

Скончыўшы універсітэт і паабіваўшыся каля года ў розных пецярбургскіх канцылярыях, Станіслаў Ляскоўскі прыехаў дамоў і, маючы дваццаць чатыры гады, узяўся папраўляць заблытаную і запушчаную гаспадарку, асадзіўшы бацьку на фальварак.

Другім здарэннем, аказаўшым уплыў на светапогляд пана Станіслава, быў сялянскі «мяцеж» у 1905 годзе, калі яшчэ з вясны пачалі загарацца то адзін, то другі яго фальваркі. Малады гаспадар з’ездзіў у Мінск да губернатара Курлова, і праз некалькі дзён у Ляскаўцы прыехала сотня казакаў. Пажары прыпыніліся, «злачынцы» былі злоўлены і аддадзены пад суд. Пасля гэтага пан Станіслаў стаў уважліва адносіцца да начальства, хоць ім валодалі раней ліберальна-апазіцыйныя думкі, а таксама з пашанаю прымаць праваслаўных паноў, хоць сам ён належаў да каталіцтва...

Пан Станіслаў у чорным сурдуце, гладка прычэсаны, са шкельцам над адным вокам стаяў ля расчыненых насцеж дзвярэй прыёмнай, адкуль праз некалькі крокаў пачынаўся спуск уніз да пад'езда. Усходы былі засланы мяккаю дарагою посцілкаю, на слупчыках балясаў па абодвух баках усходаў былі расстаўлены цяплічныя расліны і кветкі. Лёкаі ў расшытых, як у генералаў, сурдутах стаялі ўнізе каля ўваходных дзвярэй. На дварэ раз-поразу чуцён быў лёгкі бразгат колаў, і следам за ім у дзвярах паказваліся госці, якіх лёкай вёў па ўсходах. Пан Станіслаў з нязменнаю радасцю і гасціннасцю на твары сустракаў кожнага і праводзіў у пакоі, перадаючы далейшы клопат аб гасцях мацеры і сястры Ядзі.

— Ах, пан Юзаф! Вы ўсё такі ж здатны!

— Віншую пані Гелену, вы цвеціцё, як ружа!

— Цішэй, пан Станіслаў, а то мой пан Вінцусь страціць спакой з-за вас.

— Ну, як жыве рыцар чатырох краін?

— Кепска, кепска, пан Станіслаў! У чатырох краінах няма ніводнай «дамы сэрца».

З гадзіну такія прывітанні не сціхалі каля дзвярэй прыёмнай пана Станіслава. З гасцінай і іншых пакояў нёсся гоман, вясёлы рогат. Лёкаі ўжо нікога не сустракалі і не праводзілі ўверх, але пан Станіслаў стаяў і з застыўшаю мінаю гасціннасці чакаў. Ужо сястра Ядзя прыбягала і шапнула, каб ён ішоў да гасцей, ужо старэйшы лёкай падыходзіў і напамінаў, што больш, мусіць, сустракаць няма каго. Аднак пан Станіслаў чакаў... Вось нехта пад’ехаў... Вочы ў пана Станіслава заіскрыліся, ён сышоў уніз на некалькі ўсходаў... але... раптам павярнуў і пайшоў наверх да свайго ўласнага пакоя.

Праз хвіліну за ім туды ўвайшоў лёкай-пакаёўшчык і падаў запячатаны канверт з князеўскаю каронаю. Пан Станіслаў, пачакаўшы, пакуль лёкай выйдзе, з нецярплівасцю разадраў канверт і пачаў чытаць. Рука яго ўздрыгнула, халодны твар пачырванеў. Але праз момант ён быў зноў спакойны, халодны, важны, нягледзячы на сваю маладосць. Прачытаўшы яшчэ раз ліст, аздоблены каронаю, ён моцна зарагатаў.

— Будзем бачыць, князь Друцкі! — прамовіў ён і зноў весела засмяяўся.— Гэй, Францішак!

Увайшоў лёкай.

— Скажы князеўскаму пасланцу, што яго не затрымліваюць!

— Пане, маршалак прыехаў! — паспешна паведаміў другі лёкай.

Пан Станіслаў падняўся і павольным крокам пайшоў насустрач прадстаўніку шляхты.

— Віншую вас, пане Ляскоўскі, як здатнага гаспадара, маладога гаспадара. Быў бы я надта рады, каб паболей шляхты пайшло па вашым шляху,— гаварыў тоўсты, брыты пад ангельца маршалак, уваходзячы пад руку з Ляскоўскім у залу.

— Я, шаноўны пане маршалак, пазбавіўся аднаго з недахопаў, які надта шкодзіць шляхецтву — гэта гонар без эканамічнага грунту,— адказаў яму Стась.— Панове, вось наш правадыр, пан маршалак.

Госці паўставалі і з паклонамі абкружылі маршалка, які на льсцівыя словы, ухмылкі адказваў прыкра-ветлівымі фразамі. Праз хвіліну і кабеты і мужчыны вянком стаялі вакол свайго «бацькі». Ляскоўскі застаўся па-за гэтым вянком і адышоў убок.

— Вось, глядзі, як яны каля яго ўвіхаюцца: вось тоўстая пані, а той слязлівы стары!.. Ха-ха-ха! — Званочкам пасыпаўся з-за калоны стрыманы смех.

Ляскоўскі падышоў да калоны. За ёю стаялі Ядзя з Зосяю, а крыху далей нейкі студэнт разглядаў разьбу старых дзвярэй.

— Добры дзень, Ляскаўская Афэлія! — з нейкім прысмакам весела звярнуўся да Зосі Ляскоўскі.— Гэта вы кпіце з нашых гасцей?

— Даруйце, пане Ляскоўскі; па-першае, на Афэлію я зусім не здатна, а па-другое — я кпінамі не займаюся. Мне проста падабаецца каларытнасць усяе гэтае групы,— адказала Зося.

Ядзя цягнула яе ўжо ў другі бок. Ляскоўскі доўга глядзеў за імі, пакуль яны не схаваліся ў мільгаценні натоўпу. Павярнуўшыся потым у бок калоны, ён зноў прыкмеціў студэнта, галава якога яшчэ ніжэй схілілася над штучнаю ручкаю старых дзвярэй...

Праз кароткі час уся грамада кранулася з палаца ў бок рэчкі, дзе ўздымаліся коміны абодвух заводаў. Больш паважным гасцям былі пададзены коні з ляскаўскай стайні. Астатнія невялічкімі гурткамі пайшлі ўніз па чыстых прыбраных дарожках парку.

Над комінам гуты віўся лёгкі дымок, які, як кавалачкі бавоўны, разыходзіўся па блакіту неба. Двор гуты быў завалены дрывамі, чыстым белым пяском, дзежкамі. Сям-там яшчэ валяліся тачкі, запэцканыя цагельным пылам, па розных кутках ляжалі стагі стружак, рознага смецця. Відаць было, што будоўля толькі-толькі скончылася. Вакол нізкага і шырачэзнага будынка самое гуты былі раскіданы невялічкія дамы, ад якіх пахла смалою і фарбаю.

— Вось тут я працую! — паказала Зося Тодару на адзін з новых драўляных дамкоў, над ганкам якога на маляванай блясе было напісана «кантора».

Страшэнная духата дыхнула гасцям, як толькі яны пераступілі цераз парог гуты. Зразу, што кідалася ў вочы, дык гэта тры гліняныя стагі, якія стаялі пасярэдзіне памяшкання. На локця паўтара ад нізу ў гэтых стагах былі невялічкія аконцы, з якіх вырываўся і біў па вачах нясцерпна бліскучы свет. Вакол стагоў-пячэй, супраць кожнага акенца, стаяла па аднаму чалавеку з доўгімі круглымі палкамі. Людзі, што абкружалі печы, былі страшэнна блядымі, іх сарочкі былі нашчэнт мокрыя, быццам толькі выцягнутыя з вады.

Паны, і асабліва пані, падаставалі хустачкі, абмахваліся імі, але гэта не пасабляла: ад пячэй ішла такая духата, што многім здавалася, быццам яны пачынаюць таяць, знішчацца.

— Дайце вы спакой! Як гэта можна стаяць у такім пекле? Бронісь, вядзі мяне адгэтуль!

— Ціха, Магда! Ты абразіш пана Ляскоўскага,— схіліўшыся да чырвонае як рак пані, гаварыў круглы, як галандэрскі сыр, пан Бронісь.

— Ой, ратуйце! — не сваім голасам закрычала пані Магда.

Ляскоўскі падскочыў да млеўшай пані і паспешна вывеў яе на паветра.

— Ну, пачынайце! — скамандваў ён, выканаўшы свае гаспадарска-доктарскія абавязкі.

Рабочыя, стаяўшыя напагатове каля пячэй, сунулі свае палкі ў блішчастыя акенцы, і праз момант у паветры закружыліся яркія зоркі, якія з кожным кругам рабіліся ўсё больш цьмянымі і выцягваліся ў круглыя пухіры.

— Бах! — стрэліла як з ружжа, і дробныя малюпасенькія шклінкі зазвінелі ў паветры і пасыпаліся ўніз.

Увесь будынак гуты агаласіўся піскам і войканнем. Кабеты, а за імі і мужчыны спуджаным натоўпам кінуліся на двор.

— Што здарылася? — пыталіся адзін у аднаго, як апынуліся на свежым паветры.

— Гэта к дабру, к дабру, пане Ляскоўскі,— супакойна разважаў маршалак-ангелец, выходзячы апошнім разам з ім з гуты.

— Што здарылася? — напалі на іх з усіх бакоў.

— Ды нічога. Я прашу прабачэння, калі ясныя паны напалохаліся. Крыху нязграбны рабочы, і ў яго шкло трэснула. Гэта часта бывае,— гаварыў Ляскоўскі.

Зося стаяла непадалёк ад сярэдняй печы і з цікавасцю сачыла за тым, як рабочы праз сваю трубку выдзімаў шкляную кулю. І раптам гэты выбух! Яна крыкнула ад раптоўнага сполаху і замёрла на месцы. Калі яна апомнілася, дык першае, што ёй кінулася ў вочы,— гэта той самы рабочы, на якога яна раней глядзела. Ён закрываў абедзвюма далонямі вочы, каля ног яго валялася жалезная трубка, ад чырвонага канца якой курэў дым. Зося кінулася да яго.

— Што з вашымі вачамі?

— Не ведаю... ой як баліць.

Зося падхапіла яго пад руку і, падначальваючыся настрою натоўпу, пацягнула рабочага следам за вохкаючымі панямі.

— Вы куды, панна Зося?

Перад ёю стаяў Ляскоўскі з маршалкам.

— Я... трэба яму дапамагчы!

— Кіньце, нічога з ім дрэннага не здарылася. Ты заўтра зайдзі ў кантору да пана Стрэльчыка,— жорстка сказаў рабочаму Ляскоўскі і павольна выйшаў з маршалкам на двор да сваіх гасцей.

Зося пастаяла з хвіліну, потым павяла рабочага к другім дзвярам, якія выходзілі на задні двор.

— Не турбуйцеся, калі ласка! Дайце я павяду яго.

Каля самых дзвярэй падышоў да іх высокі мужчына ў замасленай жакетцы і з акулярамі на носе. Ён спагадліва аглядзеў таварыша, які ўсё яшчэ не аднімаў рук ад вачэй, узяў яго пад руку і з шчырасцю ў голасе прамовіў:

— Дзякуй вам... за спачуванне! — і вольнаю рукою ён моцна сціснуў маленькую Зосіну ручку.

Незнаёмы чалавек у акулярах з параненым рабочым ужо ішлі па двары, выбіраючы найменей заваленыя розным хламам месцы. Зося пастаяла ў дзвярах, з нейкім нутраным страхам паглядаючы на блішчастыя акенцы ў цяжкіх агромістых печах. Адтуль цягнула духатою і густым чалавечым потам. Са змешаным пачуццём страху і нейкай пагарды пакінула Зося душную гуту.

Калі яна выйшла на дарогу, то рознакаляровыя плямы часцей ужо мільгацелі па крайніх дарожках парку. Зося ўспомніла, які піск і перапуд падняўся там у гуце, калі здарылася гэта, і як усе рынуліся скопам на двор. Чаму ж рабочыя засталіся на месцы, не кінулі свае працы? Няўжо гэтыя людзі, заўсёды мокрыя ад поту, такія смелыя ды харобрыя? Што будзе з вачамі гэтага небаракі? І хто гэты чалавек у замасленай жакетцы і акулярах?

— Панна Зося!

Зося ўздрыгнула, адарваўшыся ад сваіх думак і запытанняў, адказу на якія яна шукала ў сваёй маленькай галоўцы. Пад прысадаю стаяў пан Ляскоўскі.

— Я чакаю вас, а то вы засталіся адна. Дазвольце быць вашым кавалерам,— надта мяккім і нават нейкім салодкім голасам гаварыў Ляскоўскі, рашуча беручы Зосю пад руку.

Зося засаромелася, пачырванела, стала вельмі пільна разглядаць дарожку ў сябе пад нагамі. Яшчэ ніколі не было такога выпадку, каб пан Ляскоўскі выказваў ёй такую ўвагу. Калі ёй даводзілася быць у Ядзі і сустракацца з самім Ляскоўскім, то ён звяртаўся да яе ці ў ігрыста-ласкавым тоне, як да недаростка, ці зусім безуважліва, як да нейкай пабочнай рэчы. Як ні крыўдны былі падчас такія адносіны, асабліва калі Зося здагадвалася палічыць сябе дарослаю, але яны былі ўжо звычайнымі і не маглі выбіць яе з каляіны. Цяпер жа такі як быццам праўдзівы тон, увага, і нават пад руку ўзяў. Мімаволі яна турзанулася, прагнучыся адхіліць ад сябе яго руку.

Але Ляскоўскі быццам і не прыкмеціў гэтага.

— Як спадабаўся вам завод?

— Я... я ж бачыла яго раней,— не паднімаючы ад зямлі вачэй, адказала Зося.

— Ах, так, так! Вы ж працуеце ў канторы, я і забыўся, выбачайце. Дый што я пытаюся ў вас аб заводзе? Лепш запытацца, які танец вы хацелі б першым танцаваць. Я загадзя прашу вас пакінуць ваш вальс за мною. Добра?

Зося яшчэ больш пачырванела і павярнула ў другі бок голаў. Маўчала.

— З гэтым рабочым нічога не здарылася, праўда? — адразу перамяніў гутарку Ляскоўскі.

— Як нічога? — на запытанне адказала запытаннем Зося, рашуча паднімаючы вочы на свайго кавалера.

— Так, нічога! Толькі крыху зацерушыў пылам, які падняўся ад выбуху.

— Што вы кажаце? Яму ж так баліць, дый нават на дварэ яго павялі пад руку.

— Глупства! Вы не павінны былі бачыць нічога іншага, апрача таго, што я вам скажу,— халодным, строгім голасам прамовіў пан Ляскоўскі.— Зразумелі?

Зося спалохана-недаўменна зірнула на твар Ляскоўскага, які нібы адзервянеў. Але раптам гэтая адзервянеласць змянілася ігрыста-вясёлаю ўсмешкаю, і ён, быццам нічога не здарылася, гаварыў:

— Дык згода! мы танцуем з вамі вальс?

Яны былі ўжо каля палаца. Пан Ляскоўскі аддаў ёй прыветны ўклон.

— Выбачайце, я павінен выконваць цяпер свае гаспадарскія абавязкі. Вось госці. Панна Скальская, што вы засмучаны і ў адзіноце? Вось вам мая маленькая прыяцелька! — і з гэтымі словамі пан Ляскоўскі крануўся ў палац, прыпыняючыся то каля аднаго, то каля другога гуртка шпацыруючых гасцей.

— Вы чулі, ён ужо прасіў яе на вальс? Хто яна такая?

— Апранута яна не соmme il faut 1.

— Мусіць, нейкая бедная з яго далёкіх сваякоў. Гэтых сваякоў у Ляскоўскіх так многа.

— Кажуць, гэта яго канторшчыца.

— Ну што вы, канторшчыца? Стаў бы ён канторшчыцу на вачах ва ўсіх прасіць на танец. З канторшчыцамі, ведаеце, скачуць мо...— Голас стаў цішэй.

Гэткія фразы спаткалі Зосю. Куды б яна ні павярнулася, усюды натыкалася на вочы, якія з цікавасцю разглядалі яе з галавы да ног, перашэптваліся, не саромеючыся, што іх пачуе той, да каго гэтыя шэпты мелі адносіны. Нават рабая, з блёклымі вачамі, панна Скальская, якой Ляскоўскі даручыў Зосю, непрыязна разглядала яе.

— Вы, мілачка, абулі б бальныя туфлі, а то вам прыйдзецца скакаць, ды яшчэ з панам Ляскоўскім,— параіла Скальская Зосі.

— Не ваша гэта справа! — успалыхнуўшы, як пажар, адрэзала Зося і адышла ад яе.

— За што вы раззлаваліся? Мо ў вас няма туфель? — агідна пыталася ўслед ёй панна Скальская.

Зося, то чырванеўшая, то бялеўшая ад крыўды, пайшла ў бок ад людзей. Па выкрутасах замыславатых дарожак яна ўсё аддалялася ад палаца. Людскі гоман сціхаў. Хутка яна апынулася ў дальняй, запушчанай частцы парку. Дрэвы стаялі тут густа, і скрозь іх галлё і лісце ледзьве праходзілі промні заходзячага сонца. За адзежу чапляліся кусты сухадрэўкі колкае шыпшыны. Тут была поўная цішыня і спакой, якія не парушаліся нават бульбатаннем крыніцы, якая пералівалася па зялёных каменнях неглыбокага раўчука. Зося прабралася праз навіслае галлё і астудзіла свой палыхаўшы твар. Сэрца крыху супакоілася і не так моцна цюкала. Яна села пад густою клянінаю і, прыслухоўваючыся да мернай гутаркі крыніцы, панеслася сваімі летуценнямі немаведама куды...

Раптам пачуўся трэск сучча пад чымісь нагамі.

— Зося! Ты тут?

Гэта Ядзя. Толькі яна магла здагадацца, што Зося не іначай як тут.

— Зося! Пачынаюцца танцы, цябе пан Стась чакае.

Не, яна цяпер туды не пойдзе! Каб пані Скальская ржала, як кабыла, над яе простымі гамашамі? Ніколі! — Зося прытаілася, нават дыхаць баялася. Ціха.

— Дзе ж бы яна была? Што гэта за прыхамаць! — прагаварыла сама сабе Ядзя і павольным крокам пайшла назад да палаца.

Зося, як толькі заціхлі крокі Ядзі, ускочыла на ногі і бокам пайшла, каб абмінуць палац і выйсці з маёнтка. Ужо пачынала цямнець, і яна лічыла, што ніхто не ўгледзіць яе па дарозе. Мінаючы палац, яна ўжо не прыкмеціла гасцей, якія, мусіць, сабраліся ўжо баляваць. На газоне перад палацам былі расстаўлены даўгія сталы, каля якіх стаялі бочкі, а на іх вялізарныя бутэлькі: па дрэвах вакол газона развешвалі папяровыя ліхтары. Гэта зацікавіла Зосю, і, прыпыніўшыся, яна сачыла, як загараліся адзін за другім рознакаляровыя агеньчыкі.

Але раптам ціш вечара разарвалася гукамі магутнага аркестра, якія віхрам панесліся з расчыненых акон палаца.

Зосю як разанула што. Яна ўбежкі памчалася па дарожцы ў бок заводаў і хутка апынулася па-за паркам. Па дарозе ў маёнтак ішлі людзі і моцна гаварылі паміж сабою. Зося збавіла крок і павярнулася ў напрамак на гасцінец.

— Мусіць, аслепне, брат! — чуўся разважны зычны голас з заводскай дарогі.

— Хто гэты рабочы? — захапіла Зосю новая думка.— Няўжо ж гэта можа быць?

Яна задумліва ішла па сенажаці, падышла да парку і выйшла на гасцінец каля самых варотаў маёнтка. Паўз алеі, агорнутай ужо змрокам, несліся далёкія пяшчотныя гукі вальса, ліўся мяккі свет ружовых зялёных ліхтароў. Зося адвярнулася і нерашуча пайшла дамоў.

 

1 Як трэба (франц.)

III

Сонца ўжо высока ў небе. Прамень ледзь пранікае ў пакой, і толькі невялікі кавалачак падлогі бліскучай плямай адасабляецца на шэра-зялёным фоне дарагое посцілкі. Вокны расчынены і застаўлены драцянымі сеткамі, якія павінны затрымліваць і не прапускаць у пакой мух, камароў ды іншае машкары. За вокнамі ластаўкі без перапынку лётаюць узад і ўперад і, падлятаючы да сцяны дома, нешта жвава шчабечуць, нібы вітаючыся адна з адною. Знадворку яшчэ цягне ранішнім паветрам, пахам розных кветак, асабліва язміну, які расце тут, пад самымі вокнамі.

Пан Стась Ляскоўскі ў халаце, пантоплях шпацыруе па сваім кабінеце. Без усялякае мэты ён прыпыняецца каля стала з наваленымі кніжкамі, потым адыходзіць і гладзіць тонкімі пальцамі ласіныя рогі, якія развешаны па сценах; то разглядае пільна мастацкі малюнак Саламеі, як быццам бачыць яго ўпершыню, то перасоўвае на мармуровым каміне старыя падсвечнікі з мастацка зробленымі міфалагічнымі фігурамі. Відаць, што пану нешта не па сабе.

— Ці ясны пане хоча снедаць уперад ці будзе прыбірацца? — з нізкім паклонам запытаўся нячутна ўвайшоўшы лёкай-пакаёўшчык.

— Ну, а што б ты думаў я мушу рабіць?

— Выбачайце, паночку, вы...

— Што яшчэ хочаш казаць? Ты павінен ведаць сам, што мне трэба! Прэч, ідзі сабе.

Пакаёўшчык, збялеўшы ад страху і сораму, нязграбна пасунуўся задам у дзверы; ён паводзіў вачамі следам за панам, які нервова хадзіў з кутка ў кут.

— Пачакай, пачакай, куды ты хочаш мяне выкаціць?

Пан Ляскоўскі адразу спыніўся сярод пакоя. Пакаёўшчык адскочыў у бок ад дзвярэй, пачуўшы, што хтось напірае на яго ззаду.

— Ах, пан Ліўшыц!

— Дзень добры пану Ляскоўскаму.

— Уваходзьце, Масей Рыгоравіч.

Пакаёўшчык ужо хацеў праслізнуць у дзверы, але пан затрымаў яго і загадаў падаць рэчы для галення.

Масей Рыгоравіч зняў саламяны капялюш з цвёрдым простым брылём і выцер буйны пот, які пакрываў увесь яго круглы чырвоны твар. Яго швідкія вочы мятнуліся ў момант у адзін бок, у другі і на нейкую хвілінку спыніліся на гаспадару. Можа, яго позірк нават і не спыніўся, так гэта было коратка, але як быццам пачуццём Масей Рыгоравіч ацаніў становішча.

— Выбачайце, пане! Я, здаецца, не ў час патрапіў.

Па яго ярка-чырвоных губах прамільгнула іранічная ўхмылка, якая, мусіць, не прайшла непрыкметнаю для пана Ляскоўскага.

— Вы заўсёды будзеце ў час. Праўда, я яшчэ ў лодырскім адзенні, але, думаю, вы мне даруеце,— адказаў пан Ляскоўскі, у якога пакрысе сыходзіла з твару сярдзітасць.

— Вось яшчэ! Будзьце ласкавы.

Масей Рыгоравіч палажыў капялюш на падваконніку і сеў у крэсла каля стала з кніжкамі. Пан Ляскоўскі, яшчэ раз папрасіўшы прабачэння, пачаў рыхтавацца да галення, як толькі пакаёўшчык падаў яму патрэбныя рэчы. Масей Рыгоравіч дастаў з кішэні часучовага пінжака акуляры, асядлаў імі свой ястрабіны нос і пачаў перабіраць на стале кніжкі, з якіх мала якая нават была разрэзана.

— Вы, я бачу, па вушы залазіце ў гаспадарку. Вось колькі тут разумных дарад і па сельскай гаспадарцы, і па прамысловасці, і нават па хіміі. Калі столькі навукі ўлажыць у гаспадарку, дык гэта, мусіць, будзе чыстае золата.

— Вядома, сучасны гаспадар павінен быць знаёмы з усімі навуковымі дасягненнямі,— адказаў пан Ляскоўскі, папраўляючы брытву.— Цяпер ужо не той час, калі людзі скалачвалі багацце прымітыўнымі спосабамі.

— Так, гэта зразумела. Але мне здаецца, што вы занадта прыдаеце каштоўнасць вось гэтай пісанай навуцы. Па-мойму, дык трэба вывучыць і добра ведаць што-небудзь адно, ну, скажам...

— Гандаль лесам,— падхапіў пан Ляскоўскі і закаціўся доўгім вясёлым смехам.

— А хоць бы і гандаль лесам! Гэта не малая справа,— сур’ёзна і нават з лёгкаю пагардаю ў голасе прамовіў Масей Рыгоравіч.

— Вось што я вам скажу,— супакоіўшыся ад смеху, пачаў Ляскоўскі.— Вы ўжо не раз падбівалі мяне на гэты гандаль; у вас, мусіць, жылы трасуцца, як вы глядзіце на мой сасоннік, што роўнаю сцяною стаіць аж да Крушавіц. Добры лес! Але вы ім гандляваць не будзеце, бо ён патрэбен мне самому для завода.

— Навошта вам цацкацца з гэтымі заводамі?

Пан Ляскоўскі прыпыніўся намыльваць твар і, трымаючы ў паднятай руцэ пэндзлік, як трымалі жэзл магнаты XVIII стагоддзя, важна прагаварыў:

— Скажу вам, наценькі Масей Рыгоравіч: вам не зразумець гістарычнае ролі шляхецтва і яго сучасных задач. Вы — чалавек выпадковае ўдачы, народжаны біржаю, за вамі няма ні мінулага, ні будучыні. Шляхецтва ж сконт веку трымала зямлю і праз гэта трымала ўладу, але каб улада не хісталася, як у 1905 годзе, трэба шляхецтву мець і магутны грашовы капітал. Я гэта разумею, гэтага дамагаюся. На жаль, рэдка хто з шляхты ідзе ў гэтым напрамку. А ваш гандаль — гандлюйце, калі ласка!

Прагаварыўшы гэта, пан Ляскоўскі павярнуўся да люстэрка і заняўся аздабленнем свайго твару, ані не непакоячыся прысутнасцю свайго госця. Масей Рыгоравіч злажыў у агідную ўхмылку свае чырвоныя губы, у вачах скакалі калючыя іскаркі. Ён перакладаў кніжкі, разглядаў на сцяне пачарнелы партрэт нейкага пана ў малінавым каптане.

— Так, вы крыху, аднак, спазніліся з прыняццем веры ў капіталізм: ён якраз перасунуўся да «выпадковых людзей», якія будуць якраз наперад складаць гісторыю,— адказаў Масей Рыгоравіч, спыніўшыся каля пана Ляскоўскага, які ўжо націраў свае кіпці ружовым каменьчыкам.

— Давайце кінем гэту філасофію. Можна пачакаць з вырашэннем пытання, за кім гісторыя — за пурышкевічамі, бобрынскімі ці шынгаровымі. Лепш скажыце мне, што чуваць з грашыма? — запытаўся Ляскоўскі.

— Я з гэтым і прыехаў, каб пагаварыць.

— Кажыце, калі ласка! — і пан пасунуў Масею Рыгоравічу крэсла, а сам сеў супраць яго з такім ветлівым тварам, быццам перад ім быў маршалак.

— Грошай дастаць цяжка, надта цяжка,— і Масей Рыгоравіч напусціў на твар смутак.

— Што вы кажаце? А як жа мы скончым паперню?

— Вось гэтага не ведаю, далібог, не ведаю.— Хітрыя зайчыкі заскакалі на губах і ў вачах цёртага на ўсе бакі пана Ліўшыца.

— Прыйдзецца мне самому ўзяцца за справу,— з недавер’ем разглядаючы свайго наперсніка, прагаварыў пан Ляскоўскі.

— Ну, навошта вам турбавацца! Я ж не сказаў, што нельга, я толькі кажу аб труднасці,— крыху спалохаўшыся, схапянуўся Масей Рыгоравіч.

Далей ён пачаў выкладаць, што ў дзяржаўных банках амаль што нельга атрымаць грошы. У прыватных банках дастаць можна, але патрабуюцца некаторыя ўмовы, на якія ён не ведаў, як паглядзіць пан Ляскоўскі.

То схіліўшыся адзін да аднаго і гаворачы шэптам, як змоўцы, то разыходзячыся па розных кутках пакоя і крычучы, з чырвонымі тварамі, гаспадар і госць абмяркоўвалі здзелку. Ляскоўскі, хаваючы думку, што ўсё яго дабро, уся маёмасць, у чым бы яна ні была, з’яўляецца нечым такім, да чаго не павінна дакранацца рука гандляра або вока ацэншчыка, і слухаць не хацеў аб тым, каб атрымаць грошы пад заклад будынкаў, прадпрыемстваў або зямлі. На іншых жа ўмовах Масей Рыгоравіч адмаўляўся дастаць грошы, хоць пану Ляскоўскаму і верылі, як зусім надзейнаму гаспадару і ўласніку. У іх спрэчках дайшло нават да таго, што пан Ляскоўскі папікнуў Масея Рыгоравіча ў імкненні самому нажыцца на ім, што Масей Рыгоравіч мае свае грошы і мог бы дапамагчы адбудаваць паперню.

— Мае грошы ў гандлі, у звароце, даюць мне высокі барыш! Так і даў я іх у такое няпэўнае прадпрыемства.

— Ах, маё прадпрыемства няпэўнае! Дык вам няма чаго наведвацца ў Ляскаўцы. За ваш пай у гуце я вам буду плаціць па вашых гандлярскіх працэнтах, але не са здабытку. Добра?

Зноў успацеўшы, Масей Рыгоравіч вылупіў яшчэ шырэй свае і без таго вялізныя вочы. Ён быў усхваляваны, раптоўна збіўся з панталыку. Але гэта цягнулася не больш як хвіліну. Саўладаўшы з сабою, ён зноў пусціўся ў выкладанне выкрунтасаў аб закладзе і перазакладзе, з якіх хацеў вывесці, што і грошы будуць, і нічога ўсамдзеле не будзе заложана. Але Стась Ляскоўскі ўжо не слухаў яго і не адказваў ніводным словам. Ён хадзіў па пакоі, на твары яго не было ніякае зацікаўленасці, ні жаднае думкі. Каля акна ён прыпыняўся і сачыў за лёгкім лётам ластавак, якія высока кружыліся ў блакіце неба.

— Ведаеце, пан Ліўшыц, добра цяпер бы быць дзе-небудзь каля мора! Сонца, шырыня мора, кабеты прыгожыя ды вясёлыя.

Масей Рыгоравіч, без перапынку трашчаўшы аб Расійска-Азіяцкім, аб канторы Дворжэца, аб Дваранскім банку, аб іпотэках і закладных, раптам спыніўся, як спыняецца малатарня, калі парвецца пас. Ён глядзеў на пана Ляскоўскага, як глядзяць на звар’яцеўшых або раптам ахопленых падучкаю людзей.

— Чаго вы пазіраеце, як вас хто аглушыў? Можна спадзявацца, што вам зразумела тая моташнасць, якая часамі ахапляе сэрца ад гэтае вясковае цішыні ды манатоннасці. Усё апрыкрае вам: і гэты палац, і сад, і — праца, і нават «жертвы вечерние», якія прыводзіць Пранусь і ад якіх застаецца пах кажуха і кіслае капусты.

— І ад гэтага «надаеднага» кажуха трэба ўцякаць пад ласкавыя праменні паўдзённага сонца! Гістарычная роля шляхецтва, новыя задачы — там! — са злоснаю ўсмешкаю прагаварыў прыйшоўшы ў сябе Масей Рыгоравіч.— Вы, можа, думаеце, што грошы да вас самі ў кішэні палезуць, самі будуць уздымацца заводы? Калі так, дык дарэмна вы засадзілі свайго бацьку ў Асаўцы.

Як муха цяла Ляскоўскага.

— Хто вам даў права гаварыць аб маіх хатніх справах? Вы надта ўжо захаўрусаваліся са мною: не шкодзіла б крыху прытрымліваць язык.

— Выбачайце, пане Ляскоўскі. Мне незразумела ваша... блазенства. Я мусіў гаварыць з вамі па справе, якая перш за ўсё датычыць вас. На жаль, страціў толькі дарэмна час. Дазвольце пажадаць вам усяго лепшага.

Масей Рыгоравіч хутка падняўся з крэсла, нават жывоцік не перашкодзіў выявіць яму жвавасць. Круглы, абечкам, капялюшык быў ужо ў руцэ. Але праз хвіліну гэты капялюш зноў апынуўся на падваконніцы, абодва ж прыяцелі сядзелі адзін супраць аднаго ў крэслах і паціху вялі самую задушэўную гутарку. Доўга яны бубнілі, шапталіся, успаміналі Друцкіх, баланс, лог за рэчкаю, нейкага Гайсінскага. Чым далей цягнулася гутарка, тым больш заціхаў Ліўшыц і больш напорыста ўтлумачваў Стась. Масей Рыгоравіч усё больш унікліва ўслухоўваўся ў планы, якія выкладаў яму пан Ляскоўскі, усё часцей здзіўлена і з захапленнем паглядаў на яго, і калі той скончыў, то аж падскочыў у крэсле:

— Я згодзен, згодзен. Вы каб хацелі, то маглі б нават добра гандляваць!

— Што ж, гэта ваша вышэйшая атэстацыя?

— Так, пане Ляскоўскі, так! Нельга не хваліць вас. Толькі калі чалавек не саромеецца забрудзіць рукі, а можа, і што іншае, тады ён нешта зробіць. З чыстымі рукамі, ведаеце, грошы не знойдзеш. Ах, пане Ляскоўскі, вы разумны, цвярозы чалавек.

— Дык вы згодны? Ну, маўчыце цяпер. Вы, думаю, не адцураецеся паснедаць са мною, цяпер якраз пара, ды крыху замочым нашу ўмову.

Пан Стась стукнуў два разы дубовым малаточкам па срэбраным званку на стале. Праз некалькі хвілін два лёкаі прынеслі ў кабінет круглы стол, застаўлены рознымі закускамі, свежаю гароднінаю з парнікоў, некалькімі бутэлькамі він. Прыладзіўшы ўсё, яны нячутна прапалі за цяжкімі дубовымі дзвярыма.

Масей Рыгоравіч накінуўся на яду, як быццам ён тыдзень хлеба не бачыў у вочы.

Гаспадар і госць перапрабавалі ўжо ўсе закускі, прылажыліся па парадку да ўсіх бутэлечак, вялікіх і малых, тонкіх і пузатых. Масей Рыгоравіч раз-пораз выціраў свой чырвоны мокры твар. Яго вылупленыя вочы завалакліся мутным бляскам, ён падмігваў пану Ляскоўскаму, які спакойна, паважна глынаў чарку за чаркаю, нібы гэта былі не моцныя лікёры, а простая вада.

За дзвярыма пачуўся спачатку прыдушаны шэпт, шарканне нязграбнымі, мусіць, босымі нагамі, уперамешку з ператуптваннем лёгкімі абцасамі. Але вось раптам дзверы расчыніліся і бразнулі з разлёту ў сцяну: аж чарачкі, шклянкі і бутэлькі падскочылі на стале. Пан Ляскоўскі ўскочыў з крэсла, твар яго звяло сударгаю ад гневу. Перад ім, прыпыніўшыся каля расчыненых дзвярэй, стаяла Зося з нейкаю простаю кабетаю. Ляскоўскі з хвіліну пераводзіў з адной на другую свой гнеўны здзіўлены погляд.

— Як вы прайшлі сюды? — ледзь валодаючы сабою, напаследак запытаўся ён.

— Гэта я прывяла яе,— ціхім дрыжачым голасам адказала Зося, і твар яе зрабіўся пунцовым, як першая ружа.

— Вы... Што табе трэба? — Жорсткі погляд пана ўставіўся на кабету.

Кабета дзіка ўскрыкнула, падняла свае пачарнелыя рукі, злажыўшы іх, як для пацер, і кінулася на калені перад панам. Яна голасна плакала, усё яе худое цела ўздрыгвала, яна не магла прамовіць ані слова. Толькі плач ды дзікія ўскрыкі перамяжоўваліся нейкі час.

— Што гэта за шалёная і чаго ёй трэба? — звярнуўся пан да Зосі, нервова прыстукваючы пантопляю, якая быццам лепятала пад яго нагамі.

— Парасачка, даражэнькая! Сцішцеся! Пан добры, прасіце яго! Няма чаго плакаць, ну, пакіньце! — Зося гладзіла па плячы кабету, брала яе пад руку, прагнучыся падняць яе на ногі.

— Доўга яшчэ будзе цягнуцца гэтая камедыя?

— Паночак, яснае сонейка! Пашкадуйце, не губіце! — загаласіла Параска, хапаючы пана за крысу халата і цалуючы яго.

— Дык чаго ж ты хочаш? У чым справа?

— Не праганяйце яго! Не пакідайце без хлеба малых дзяцей! Змілуйцеся! — Параска поўзала на каленях па падлозе, валочачы за сабою саматканую спадніцу, якая нейкім ворахам вісела на яе крывым стане.

Пан Ляскоўскі з агідаю адступаў, вывіхаўся ад чорных рук, якія лавілі яго ногі, чапляліся за яго шаўковы халат.

— Аб чым гэта ты равеш? Скажы ты па-людску пану,— умяшаўся Масей Рыгоравіч, з вясёлым выглядам назіраючы ўсё гэта здарэнне.

— Ды майго ж мужа выганяюць з завода! Ці ж ён вінаваты, што з ім здарылася няшчасце? Зжальцеся, паночку! Загадайце ў канторы, каб яго зноў прынялі.

— Ах, дык гэта твой муж такі здатны рабочы! Мне такія непатрэбны.

Пан Ляскоўскі адхіліў нагою рукі кабеты, якія сціскалі халат, адышоў да самага акна, перад якім стаяла крэсла. Зрабіўшы сябе недасяжным для рук і губ кабеты, якія сваёю непрыгажосцю выклікалі ў ім нутраную агіднасць, пан Ляскоўскі спакойна закурыў і пачаў разглядаць Зосю, якая так і стаяла нерухома каля ўкленчанае Параскі. Масей Рыгоравіч наліў сабе паўшклянкі віна і, нягледзячы на прысутнасць чужых, засаб высмактаў да дна і задаволена прычмокнуў.

— Я на вас злосны, панна Зося,— мякка прагаварыў Ляскоўскі.

Зося моўчкі кінула кароткі погляд у яго бок, а потым крыху нахіліла галаву. Ёй стала ніякава, не па сабе. Адзін вось сядзіць і цягне сабе віно, другі на слёзы чалавека нічога не адказвае і пускаецца ў блазноцтва. Як яны могуць вытрымаць гэта і чаму яны не супакояць бедную жанчыну? Нешта трэба рабіць, нешта трэба сказаць, але думкі скачуць віхурай і не звязваюцца з словамі.

— Вы ўчора вельмі абразілі мяне: я прасіў вас на танец, а вы недзе зніклі.

— Вось дзіва,— уставіў Масей Рыгоравіч,— у паненкі, можа, амуры ёсць, бадай, ёй і не ў галаве іншыя.

— Пане Ляскоўскі, што ж вы нічога не скажаце гэтай кабеце? — ледзь выгаварыла Зося.

Параска ўсё стаяла на каленях пасярод пакоя, нясцішныя слёзы цяклі па яе не старым яшчэ, але змучаным і зашкарупелым твары.

— Пашкадуйце! Злітуйцеся! — ціха маліла яна.

Пан Ляскоўскі падышоў да стала і стукнуў малатком па званку. Калі з’явіліся лёкаі, вельмі абражаныя тым, што ім адразу кінулася ў вочы, пан Ляскоўскі паабяцаў ім, што выгане іх, як сабак, калі яны не будуць пільнаваць дому і будуць прапушчаць усякую... Лёкаі былі збянтэжаны і не ведалі, што рабіць.

— Выкіньце яе! — паказаў на Параску пан.

Кабета зноў загаласіла, апынуўшыся паміж двума лёкаямі. Яна, мусіць, не трымалася на нагах, бо відаць было, як лёкаі напружваліся, валакучы яе пад пахі. Дзверы лёгка ляпнулі, у сумежным пакоі раздалося дзікае завыванне, якое крыху сцішылася, калі тупат перайшоў далей. Крык і стогн разносіліся па ўсяму дому, аж пакуль не грукнулі надворныя дзверы.

Словы пана Ляскоўскага як бы аглушылі Зосю. Яна мімавольна пераступіла некалькі крокаў да дзвярэй кабінета, калі лёкаі пацягнулі Параску, але раптам спынілася. Кроў адхлынула ў яе ад твару, і, як выбеленая вапнаю, нерухома глядзела яна проста на пана. Той таксама пільна ўглядаўся ў яе, і салодкі смяшок скакаў у кутках яго губ.

— Дык вы не адказалі мне нічога наконт учарашняга. Можа, пан Ліўшыц праўду кажа?

Да Зосі вярнулася разуменне. Яна ўсхвалявалася тым, што толькі адбылося ў гэтым пакоі. Язык атрымаў магчымасць гаварыць.

— Я не разумею вас, пане Ляскоўскі: як вы можаце займацца такімі кпінкамі ў той час, калі паглумілі, выгналі чалавека, які прыходзіў да вас шукаць праўды, жаласці.

— Помніце, яшчэ Пілат не ведаў, што такое праўда. І я не ведаю. Дрэнных рабочых я трымаць не хачу — няма карысці. Вось і праўда.

— Пане, пане Ляскоўскі! У іх жа сям’я вялікая, якая жыве на заработкі толькі гэтага гутніка. Як можна так лёгка ахвяраваць чалавека на голад? Пашкадуйце іх!

— Перш за ўсё, якая вам цікавасць да гэтага?

— Шкода ж людзей... Ці вы не адчуваеце гэтага?

— Дык вось: я пакінуць яго на заводзе не хачу. Няхай шукае сабе другой работы.

Зося адчувала, што справа можа дрэнна скончыцца, што прасіць за параненага больш няма каму. Наадварот, гэты Мяцельскі, бухгалтар, а таксама старшы майстар паспяшаліся адразу, на другі дзень, выкінуць напаўсляпога рабочага.

— Я думала, што яго сам Мяцельскі прагнаў. Цяпер жа відаць, што вы таксама супраць рабочага. Я... я не думала, што вы такі. Мне здавалася, што пан павінен быць справядлівым, жаласлівым, добрым. Вы павінны быць такім і не дазволіце, каб гэтая бедная Параска бадзялася з дзецьмі па свеце. Праўда, пан Ляскоўскі?

Ясныя, як веснавая раніца, вочы Зосі з надзеяй і трывогай глядзелі на Ляскоўскага. У іх чыталася мальба, чаканне. Ляскоўскі не мог вытрымаць гэтага простага, чыстага дзявочага погляду і толькі кідаў на Зосю быстрыя, як маланка, позіркі. Яе беспасрэднасць, расквітаючае хараство, прастата і нават гэтая чыстата погляду прыцягвалі яго да сябе. Яму захацелася зрабіць па яе, даўшы гэтым ёй радасць. Але прысутнасць Масея Рыгоравіча не дазваляла дапусціць слабасць, ухіл ад папярэдняга напрамку дзеяння.

— Я б вельмі хацеў задаволіць вас і дапамагчы вашым пратэжэ, але, на жаль, не магу гэтага зрабіць. Бываюць здарэнні, калі патрэбна цвёрдасць і, можа, нават бязлітаснасць, як вы назавеце.

Зося апусціла вочы, бляск якіх разам згас. Яна, нават не развітаўшыся, пакінула кабінет.

— А здатная дзяўчынка! — цягнучы праз саломінку каньяк з ліманадам, няцвёрда прагаварыў Масей Рыгоравіч.— Вам пакуль што няма патрэбы ўздыхаць аб моры і кабетах.

Крокі Зосі заціхлі ў сумежным пакоі. Ляскоўскі кінуў востры погляд на Масея Рыгоравіча, пераступіў разы два на месцы і скокнуў да дзвярэй.

— Панна Зося, панна Зося! Пачакайце!.. Калі вы хочаце, то я загадаю не выключаць яго,— цішэй прагаварыў Ляскоўскі, высунуўшы голаў праз дзверы.

— Дарэмна вы гэта зрабілі,— сказаў Масей Рыгоравіч, калі ён вярнуўся да стала.— Вочкі — вочкамі, а справа — справаю. Блытаць тое і другое не варта.

 

IV

Па пустцы, якая раскінулася па беразе рэчкі ніжэй маёнтка, сям-там длубаліся людзі, віўся раніцаю дымок. Даўней гэтае месца, высока паднятае над узроўнем рэчкі, было пакрыта хваёвым лесам. У гэтыя ж часы то быў проста лысы ўзгорак, які здалёку быў відаць, выкрэсліваючыся ад шэрані і зелені жоўта-белым бляскам пяску. Толькі чорныя кропкі не згінуўшых яшчэ пнёў сведчылі аб тым, што некалі тут паднімалі ў неба свае парасончыкі высокія хвоі. У адным месцы гэтае пясчанае пусткі капалі зямлю, адсявалі яе і везлі на гуту. Другое, больш значнае месца, засялялася людзьмі.

Рабочыя, якія працавалі на гуце і якіх збіралі для будучае паперні, траха не ўсе былі прыезджыя, з іншых фабрык і заводаў. Для пасялення іх і была адведзена частка пусткі. Надзвычайна разнастайны выгляд быў тых будынкаў, якія прымалі ў сябе ўсё большы лік рабочых. Тут быў і доўгі барак з акенцамі, як у стайні, былі збітыя з аполак хаткі, нават сустракаліся проста шалашы з саломы, такія, што робяць для сябе плытнікі. Толькі з краю пусткі, бліжэй да маёнтка, было два-тры домікі, якія весела блішчалі на сонцы сваімі свежымі белымі сценамі ды чыстымі вокнамі з кветкамі і фіранкамі. У адным з іх жыў ураднік, а ў астатніх — тэхнікі і майстры.

Зося не раз збіралася пасля работы схадзіць наведаць Параску і яе мужа. З таго дня, калі яна дамаглася — так ёй здавалася — застаўлення на гуце мужа Параскі, амаль не кожны дзень гэтая кабета наведвалася ў кантору, чакала Зосю каля дзвярэй знадворку і пачынала дзякаваць кожны раз на адзін манер. Усё гэта канчалася слязьмі. Зосі было і прыемна, што яе дзякуюць, і неяк брыдка і перад сабою, і перад Параскаю. Яна хацела пайсці пабачыць мужа Параскі. Але кожны раз, як яна падыходзіла да пусткі і перад ёю ўставалі мізэрныя хаткі ды шалашыкі, адкуль чулася сварка, плач дзяцей, піск гармоніка, з барака — крыклівыя спевы, рашучасць яе прападала. Яна прыпынялася, называла сябе палахлівым зайцам, далікатнаю паненкаю, сароміла сябе за нерашучасць. Але гэта не пасабляла: прастаяўшы на месцы, яна варочалася назад.

У адзін вечар, калі днём на рабоце Зося дачулася аб тым, што быў у хворага доктар, які не выказаў асаблівае надзеі на палепшанне, яна пастанавіла пайсці ў пасёлак абавязкова. Ужо дайшла яна да месца, дзе капалі пясок для гуты і далей якога яна ні разу не заходзіла. Але ж як ні настройвала яна сябе на адважнасць, усё ж прыпынілася: непрыстойная песня рэзала ёй вушы і пазбаўляла ўсякай рашучасці. Ледзь не плакала яна ад злосці на сябе.

— Добры вечар!

Зося ўздрыгнула. Збоку прыпыніўся абганяўшы яе чалавек. Зося пазнала яго. Гэта была тая самая засаленая жакетка і акуляры, якія былі ў чалавека, што пераняў тады на гуце ў яе параненага рабочага. Зося павіталася з ім.

— Выбачайце за цікавасць, але, можа, скажаце мне, што вы тут робіце?

Зосі стала непрыемна. Што яму да таго, што яна робіць, куды намецілася ісці? Яна чакала з адказам, падбіраючы належныя словы.

— Вы так хутка ішлі і раптам прыпыніліся ў гэтым цікавым месцы...

Зося зірнула на яго. Ёй яшчэ больш стала не па сабе ад напамінку аб яе нерашучасці. Аднак твар стрэчнага быў такі просты, без жаднае хітрасці або насмешкі, што Зосі не прыходзілі ў голаў словы няпраўды або жосткага адказу гэтаму амаль зусім незнаёмаму чалавеку.

— Я... я хацела пайсці да Параскі.

— А, гэта да Рыгорчыка. Дык мы з вамі спадарожнікі! Давайце пойдзем разам.

Справа склалася так, што Зося, ці была ў яе рашучасць, ці не, мусіла ўвайсці ў непарадку раскіданы пасёлак побач са сваім выпадковым спадарожнікам. Праз некалькі хвілін яны апынуліся перад хаткаю-куфэркам Рыгорчыкаў. Двое замурзаных дзяцей, якія длубаліся ў пяску, ускочылі і прытуліліся за вуглом, то высоўваючы, то хаваючы там свае калматыя галоўкі. Калі Зося запыталася ў іх, ці дома маці, галоўкі зусім схаваліся і больш не паказваліся.

Госці крануліся ў хату. Дзверы зарыпелі і заверашчалі, як галодная каза, на сваіх драўляных завесах. Усярэдзіне было цёмна, і не адразу можна было разабрацца ў размяшчэнні хатніх манатак. Зосін спадарожнік хутка прымасціўся,— сама ж Зося так і стаяла каля дзвярэй, баючыся зачапіцца за наваленыя без парадку рэчы.

— Паненачка, даражэнькая! Дык гэта вы! Калі ласка, сюды.

Параска схапіла анучу, змахнула пясок з крываногага ўслончыка і, схапіўшы Зосю за руку, падвяла яе да стала і пасадзіла. Праз невялічкі выраз у сцяне, у які была ўстаўлена адзіная шыбка, праходзіў пук промняў і скупа асвятляў збіты з дошак стол і пярэдні кут з нейкім невялічкім абразком.

— Як у вас цёмна,— крыху справіўшыся з сабою, сказала Зося.

— Свету ў нас хапае. Бачыце, як блішчыць праз шчыліны па ўсіх кутках. Толькі бяда, калі паднімецца вецер: тады ў пагоду надзімае пяску, а ў дождж — вада ліецца з усіх бакоў.

— Адным словам — палац! — з вясёлым смехам падтрымаў Параску Зосін спадарожнік.— Ну, як ты адчуваеш сябе, Піліп?

— Дзякуй табе, таварыш Зыкаў, за ўсе турботы і... і за доктара. Мне, здаецца, лепей.

Зося азірнулася. На палку, засланым нейкаю шэраю тоўстаю дзяругаю, сядзеў, спусціўшы ногі, мусіць, Піліп Рыгорчык. Вочы яго былі завязаны ручніком.

— Ой, няшчасце маё! Лепей! — плаксіва загаварыла Параска.— Калі і гэтага доктара не было, дык неяк лягчэй верылася, што ўсё скончыцца добра. А цяпер?..— Яна не дакончыла і, закрыўшы твар рукамі, адвярнулася ў куток ад гасцей.

— Не трэба плакаць. Слязьмі нічога не зробіш. Якраз кепска, што пры гуце няма доктара, а трэба ездзіць за ім у мястэчка. Вось трэба падумаць, як зрабіць, каб доктар часцей наведваўся ды лячыў,— сказаў Зыкаў.

— Дайце вы савет, людзі добранькія! Дзе ж гэта мы набяромся на доктара,— захныкала Параска.— Вось дзякуй паненцы, што не выкінулі нас з гэтае халупы.

— Я кажу, што трэба падумаць аб гэтым. А пакуль што вось табе, Параска, два рублі... на доктара,— і Зыкаў працягнуў дзве скамечаныя паперкі.

— І калі ты пакінеш ныць? — сярдзітым голасам прыкрыкнуў на жонку Піліп.— Сорамна браць грошы ад таварыша Зыкава.

— Нічога саромнага ў гэтым няма. Вам больш патрэбны грошы, як мне.

Усім стала неяк не па сабе. Прыстыжаная Параска кінулася на двор, нібы шукаць дзяцей. Зыкаў маўчаў. Зося думала, як лепш сказаць Рыгорчыку аб тым, за чым яна прыйшла.

— Ведаеце, дзядзька Піліп,— няпэўна пачала яна,— вы не думайце, што я... што я так дапамагла вам. Гэта, мусіць, майстар прасіў пана за вас. Пан больш слухае майстра, як усіх. Дык вось, калі ласка, скажыце вашай жонцы, каб яна... не прыходзіла так дзякаваць мяне. Я не заслужыла такое падзякі.

— Выбачайце маю жонку, яна вельмі слязлівая. Што ж ты з ёю зробіш. А наконт таго, што гэта майстар прасіў... Гм... Я вас шчыра дзякую, а мая жонка не будзе больш надакучаць вам.

Піліп працягнуў сваю руку і моцна сціснуў пададзеную яму Зосіну руку, а потым развітаўся і з таварышам Зыкавым.

Зыкаў і Зося выйшлі на паветра. Светла-ружовая зара, заняўшая месца толькі-толькі зайшоўшага сонца, ярка асвятляла кругавід, фарбуючы яго ледзь прыкметнымі чырвонымі водценямі. Рэчка блішчала і дрыжала, як золата, ахопленая мошастам цёмна-зялёных палёў і лясоў. На ўсходзе нясмела заблішчала ігрыстая зорка. Зося прыпынілася, любуючыся новым выглядам кругавіду, які мяняўся ад новых падрабязнасцей, што відаць былі з гэтага ўзгорка, а таксама і ад змены колераў вышынь і долаў, па-рознаму асветленых зарою. Але дзесь блізка зацілікаў гармонік і пачулася песня. Зося рванулася ўперад і пайшла хуткімі крокамі, траха не пабегла.

— Вы спалохаліся? Можна вас давесці дадому? — паспяваючы за ёю, пытаўся Зыкаў.

— Не, дзякуй... Але, як сабе хочаце.

Яны пайшлі побач.

Зыкаў... Нешта прыходзіла на памяць Зосі, але яна не магла злавіць канцоў сваіх успамінаў. Недзе гэтае прозвішча яна чула ці мо пісала — і нават тут, у звязку з гэтымі заводамі. Не іначай.

— Вы даўно ўжо ў нашых краях? — запыталася яна.

— Не, толькі з месяц,— неяк насцярожана адказаў Зыкаў.

— А дзе вы працавалі раней?

— На папяровай фабрыцы... у Пецярбурзе,— з кароткім перапынкам між словамі і як бы нехаця адказаў ён.

Тон, якім адказваў Зыкаў, не спадабаўся Зосі, і яна змоўкла. Так, Пецярбург, папяровая фабрыка, Зыкаў. Ну, вось цяпер яна і ўспомніла. Яна сама перапісвала паперу ў Пецярбург, на папяровую фабрыку, а другую... ну, як яна там? Нешта як паліцыя.

— Скажыце, вы ведаеце, што гэта за водзыў бывае? — зноў запыталася яна з яўнаю зацікаўленасцю.

— Чаму не ведаць! «Водзыў» — гэта тое, што аб вас думае гаспадар, у якога вы працавалі, або паліцыя, ці іншае там начальства.

— Так яно і ёсць! — задуменна сказала дзяўчына.

Яны праходзілі недалёка ад урадніцкага дома, у вокнах якога блішчаў ужо агонь. Не надаючы таму ніякага значэння, Зося сказала:

— Я перапісвала якраз такую паперку, у якой пан прасіў «водзыву» аб Зыкаве ад гаспадара пецярбургскае папяровае фабрыкі і, здаецца, ад нейкае там паліцыі.

— Цішэй...— Зыкаў падхапіў Зосю пад руку.

— Свайго доктара або фельчара гута яшчэ дагэтуль не мае, а ўраднік ужо даўно сядзіць, і дом адбудавалі яму,— не зусім выразна прамармытаў ён.

— Да чаго вы гэта сказалі?

— Так сабе... Вы больш нікому не кажыце аб усялякіх там водзывах. Які ж адказ быў адтуль? — крыху пачакаўшы, запытаўся ён, не выпускаючы рукі Зосі.

— Я не ведаю.

Яна адхіліла руку Зыкава і пайшла моўчкі. Мусіць, надта кепска яна робіць, што дазволіла яму праводзіць, потым зацікавілася яго асобаю і нават ішла з ім пад руку. Што ён за чалавек — невядома. Зося добра ўлавіла, які жорсткі, злы голас быў у яго, калі ён успамянуў пра ўрадніка. Можа, ён не так сабе, нездарма такі варожы да ўрадніка. Ураднік Яхімаў досыць далікатны чалавек, разумны, яна добра яго ведае, бо ён бывае ў іх, заходзіць запроста.

Можа, гэты Зыкаў, з якім яна ідзе побач, які-небудзь злачынец, можа, ён нават у астрозе сядзеў? Зося спалохалася сваіх думак і з падазронасцю і боязню зірнула ў бок на Зыкава. Той быў спакойны. Не, гэтага не можа быць. Чалавек, які дапамагае таварышу ў бядзе, у якога такі просты твар, не можа быць злачынцам. Гэта дарэмна яна хацела ўбіць сабе ў галаву. Але ўсё ж цікавы ён можа быць чалавек.

— Вы доўга жылі ў Пецярбурзе? Мне так жадалася б пабачыць яго. Я колькі разоў прасіла Тодара ўзяць мяне, але да гэтага часу не выходзіла. Там такія, мусіць, вялізарныя дамы, прыгожыя вуліцы, людзі ўсе такія далікатныя, шляхетныя.

— Усялякія там людзі ёсць, нават такія, што на гармоніку граюць, а вы ж яго палохаецеся,— з лёгкаю насмешкаю адказаў Зыкаў.— А хто гэта Тодар?

— Мой брат,— нехаця прамовіла яна.

Зося вельмі чуткая была на розныя інтанацыі людзей, з якімі ёй выпадала гаварыць. Усялякую, нават зусім лёгкую насмешку альбо напамінак аб яе слабасці, недахопе яна сустракала наравіста, як гарачы конь вандзіла. Так і цяпер, як толькі Зыкаў напомніў ёй аб гармоніку, Зося змоўкла і траха не ўвесь кавалак дарогі вакол маёнтка яны прайшлі, як быццам да гэтага часу нідзе не бачыліся і ніколі не гаварылі.

Лісце дрэў ужо пачарнела, на небе запаліліся зоркі, калі Зыкаў і Зося падышлі да школы. Дзяўчына ўпарта маўчала, і гэта рабіла прыгнятаючы ўплыў на Зыкава. Ён не ведаў, як выклікаць яе на гутарку, як змяніць тую варожасць, якая выяўлялася з паводзін Зосі. Яму было брыдка перад сабою, што ён занадта сур’ёзна гаварыў з дзяўчынаю, яшчэ такою маладзенькаю, ледзь выйшаўшаю з блазенскага ўзросту. Трэ было сказаць што-кольвечы вясёлае, цікавае, замест жа гэтага ў яго выходзіла або сур’ёзна, або нават са шпількаю. Што ж рабіць? Ён, мусіць, належыць да тых людзей, якія, будучы добрымі, мяккімі па натуры, любячымі вясёласць у другіх, самі не могуць быць вясёлымі і здаюцца іншым занадта жорсткімі. Чым больш думаў аб гэтым Зыкаў, тым болей злаваўся на сябе і таксама, як Зося, маўчаў.

Вось і брамка. Зося працягнула руку і без усякае выразнасці, холадна сказала:

— Дзякуй, што праводзілі.

— Выбачайце мяне, калі я зрабіў вам непрыемнасць!

— З кім гэта ты гаворыш? — З брамкі на вуліцу выходзіў Тодар.

Зося разгубілася і не знаходзіла слоў для адказу на запытанне брату. Яна перабірала пальцамі рог хустачкі, накінутай на плечы.

— Я майстар будучае папяровае фабрыкі пана Ляскоўскага — Зыкаў.

— Добры вечар. Рад пазнаёміцца,— ветліва адказаў яму Тодар.— Заходзьце, калі ласка, пагаворым, а то мне ўжо надакучыла гэта хараство вясковае вясны.

Зося, як звярок, скокнула ў брамку і пабегла дамоў. Бацька ў акулярах з сівымі доўгімі валасамі схіліўся над нейкаю тоўстаю кніжкаю. Ён толькі на хвіліну адарваўся ад яе, калі міма яго прабегла Зося.

Дзяўчына шмыганула ў сваю баковачку, акно якой выходзіла ў сад. Яна бачыла, як Тодар з Зыкавым, рыпнуўшы варотцамі, увайшлі ў сад і прымасціліся на лаўцы пад яблыняю. Гутарка між імі некаторы час не клеілася. Але дальш-больш, мусіць, пачалі яны знаходзіць цікавасць адзін у адным. Спачатку яны дзяліліся агульнымі ўспамінамі аб пецярбургскіх тэатрах, пагаварылі аб Думе, а потым пачалася такая размова, якую Зося не магла разумець. Часта яна чула словы «Капітал», «Маркс», «Нячаеў», «Пляханаў», але больш не магла ні зразумець, ні запомніць. Яе толькі дзівіла тое, што гэты просты чалавек, ад жакеткі якога ідзе пах алею і тухлага сала, так вольна і складна гаворыць. Яна заўважыла нават, што калі-нікалі Тодар неяк заблытваўся, адказваючы на рэпліку Зыкава. Дзіўна было таксама, што голас Зыкава быццам змяніўся: ён быў чысты, выразны, у ім чулася нешта моцнае і жыццярадае. «Не, ён не можа быць злачынцам»,— думала Зося, успамінаючы сваю думку, што ўзнікла па дарозе міма дома ўрадніка. Ёй ужо стала злосна самой на сябе за тое, што яна так недалікатна, як малое дзіцянё, набегла з вуліцы і схавалася тут за фіранкай. Ды яшчэ падслухоўвае чужую гутарку! Зусім брыдка!

— Татка, у нас там госць у садзе,— сказала яна, уваходзячы да бацькі.

Настаўнік зняў акуляры, закрыў кніжку.

— Чаму ж ён там?

— Ён з Тодарам. Гэта рабочы, майстар з фабрыкі.

Рыска нездаволенасці злажылася на стомленым твары настаўніка, але праз хвіліну яна разышлася. Ён прыветна ўсміхнуўся дачцэ і быццам з дакорам пакруціў сваёю калматаю галавою.

— Але ж і гаспадыня ты ў мяне! Прывяла госця, пасадзіла яго пад дубам Мамурыйскім, а сама вось так сабе ходзіць. Дапамагчы табе ўжо, ці што?

Стары падняўся, пагладзіў па валасах рукою і пайшоў на кухню следам за Зосяю, жартаўліва папікаючы яе за нерастаропнасць.

Доўга сядзелі за гарбатаю. Стары Пятрусь Мікалаевіч трымаў гутарку вакол нязначных пытанняў, знаёміў госця з мясцовымі звычаямі, з сялянскім жыццём. Зыкаў умеў сур’ёзна слухаць, устаўляючы рэдкія, але вартыя заўвагі.

— Разумны чалавек,— пахваліў Тодар, як Зыкаў пакінуў сваіх новых знаёмых.— Добра ведае палітычную літаратуру і разбіраецца тонка ў партыйных пытаннях.

— Трэба быць з ім надта асцярожным,— параіў Пятрусь Мікалаевіч.— Ты ведаеш пра нагляд, а што ў гэтага Зыкава на душы? Доўга жывеш з людзьмі ды памыляешся, а ён зусім свежы чалавек.

Зося схапіла толькі водцень падазронасці бацькі да Зыкава. Значыць, і яму так здаецца, што Зыкаву нельга ва ўсім верыць, што ён, можа, які дрэнны чалавек. Са змаганнем думак «за» і «супраць» Зыкава яна пакінула бацьку і брата і не магла развязацца з гэтымі думкамі і ў бліжэйшыя дні.

Тым часам Зыкаў пачаў даволі часта наведвацца ў школу. Тодар зусім сышоўся з ім, хоць нярэдка адбываліся між імі даволі буйныя спрэчкі. Па вечарах яны брадзілі па сцежках сярод палёў або блыталіся па беразе рэчкі далей ад сяла і маёнтка. На трывожныя запытальныя погляды бацькі, якімі ён сустракаў сына, калі той варочаўся са шпацыру, Тодар спачатку адказваў што-кольвечы, а потым больш абмяжоўваўся маўчаннем. Гэта раздражняла Петруся Мікалаевіча, у яго склалася варожасць да Зыкава, якога, аднак, яму не было ў чым упікнуць. Заўсёды той трымаўся спакойна, ветліва, з пашанаю да самога Петруся Мікалаевіча. Але гэтая пашана, гэтыя адносіны наогул з часам рабіліся для старога настаўніка больш прыкрымі, чымся, здавалася, адкрытая непрыязнь або сварка.

Зося адчувала настрой бацькі ў адносінах да майстра. Спярша ёй было нядобра ад думкі, што гэта яна вінавата ў тым разладдзі, што пачалося між бацькам і Тодарам. Гэта яна прывяла Зыкава, праз яе пазнаёміліся з ім бацька і Тодар. Потым ёй стала непрыемна па іншай прычыне. Зыкаў пачаў бываць у іх усё радзей ды радзей. Тодар цэлымі вечарамі прападаў з дому. Вядома, што ён хадзіў на спатканне з Зыкавым. Гэты чужы чалавек уціскаўся між ёю і братам, аддаляў яе ад Тодара. Такая ж непрыязнь расла ў Зосі, як і ў бацькі, хоць карэнні гэтае непрыязні былі зусім іншыя. Праўда, іншы раз ёй прыходзіла на памяць манера гутаркі Зыкава, успамінаўся яго спакойны добры твар, але гэтыя ўспаміны праганяліся жорсткасцю больш моцных пачуццяў.

 

V

Пан Ляскоўскі пачаў выказваць надта вялікую ўвагу да завода. І не так часта бываў ён каля пячэй або прамыўной, як сядзеў у канторы. Амаль кожны дзень каля паўдня заходзіў ён у кантору, разглядаў там бухгалтарскія кніжкі, а то больш так сабе сноўдаўся, балакаючы то з бухгалтарам, то з Зосяю. Спачатку такія наведванні непакоілі дзяўчыну, бо нязручна неяк было ў прысутнасці пана корпацца ў кніжках, рахунках, лічбах. Але чым часцей заходзіў Ляскоўскі сюды, тым болей прывычна гэта было. Ён усё часцей падсядаў да яе століка, заглядаў у яе работу, нават пасабляў ёй шукаць той ці іншы запіс у кнізе. Як толькі яе галава схілялася над слупком лічбаў, ён таксама ўважліва разглядаў гэтае ж самае, трымаючы свой роўна расчэсаны, прылізаны прабор блізка да задорыстага чубка Зосі.

Зыгмунд Пісарэўскі, бухгалтар, нібы зноў нарадзіўся. Звычайна гэта быў хмуры чалавек, адвіслая губа якога і прыплюшчанае адно вока рабілі твар яго агідна-саркастычным. Седзячы ў сваім канторскім крэсле, заўсёды з чорнаю цыгаркаю на гэтай адвіслай губе, здавалася, на ўвесь свет глядзеў ён скрозь дым сваімі рознымі вачамі. Ні разу не было, каб ён выказаў вясёласць, шчырасць, якое-колечы захапленне. Ён прыходзіў на работу крыху пазней Зосі, моўчкі, гледзячы ўбок, праходзіў на сваё месца; адразу да губы прыляплялася цыгарка, і прыплюшчанае вока пазірала на Зосю, нібы на пустое месца. Як у пустату, глядзеў ён на рабочых, майстраў, сялян, якія цэлы дзень прыходзілі і выходзілі з канторы. Голас яго быў з пералівамі: здавалася, што ён квохча ці кракае.

Цяпер ніхто не пазнаў бы пана Пісарэўскага, каб толькі можна было заходзіць староннім у кантору, калі там быў сам ясны пан. Зося ж дзівілася бясконца. Гальштук бухгалтара і каўнер «кампазіцыя» сталі на належным месцы, губа падабралася і нібы патанчэла, вочы зрабіліся роўнымі і з захапленнем спыняліся на постаці пана Ляскоўскага. Асабліва калі Ляскоўскі ўзглядаў на яго, то вочы яго, здаецца, самі гаварылі без слоў. Голас зрабіўся далікатным, музычным, як эолава горна. Уваходзячы ў кантору раніцою, ён шаргаў нагою, ляскаў абцасамі перад Зосяю і даведваўся аб яе здароўі.

Зося не магла ўцяміць, што зрабілася з яе начальнікам. Што Ляскоўскі ходзіць часта ў кантору — гэта незвычайна, але зразумела: можа, ён бліжэй хоча азнаёміцца з бухгалтэрыяй, праверыць, ці правільна вядуцца кніжкі. Ён жа гаспадар. Зося старалася як мага менш рабіць памылак, калі ён сядзеў у канторы.

Адною раніцою пан Пісарэўскі, прыйшоўшы ў кантору, не толькі стукнуў абцасамі перад Зосяю і даведаўся аб яе здароўі, але ліслівым голасам запытаўся:

— Ці панна Зося хацела б атрымліваць большую пенсію?

Зося не зразумела і здзіўлена глядзела на бухгалтара ў новай скуры.

— Ну, вам жа трэба капялюшык там, лакавыя чаравічкі, парфумы трошкі. Вось грошы і не лішнімі будуць,— соладка, як бы напяваў, паясніў ён.

— Мне добра ў тым, што ў мяне ёсць,— без прыемнасці адказала яна і мімаволі падцягнула к шыі крыху з’ехаўшы каўнер копты.

— Вядома, вядома, што аб гэтым казаць. Але ягомосцю пану Ляскоўскаму вельмі падабаецца ваша работа, і ён лічыць, што мы плацім вам мала.

— Не я ўстанаўляю сабе заработак, а вы з панам Ляскоўскім.

Зося накінулася на работу, каб не думаць аб гэтым здарэнні. Але ж саўладаць з сабою было не так лёгка. Самае важнае — гэта напамінак аб яе ўборах. Мусіць, яна зусім дрэнна апранаецца, калі ўжо другі раз так недалікатна абражаюць яе — тады перад палацам, калі пачынаўся баль, а цяпер вось зноў. А, па-другое, што б гэта была за ласка такая? Добра працую? Няхай сабе так, але могуць плаціць і за добрую працу менш. Хто ім указчык?

Прыйшоў, як заўсёды ў апошнія часы, пан Ляскоўскі. Ён быў з ружоваю кветкаю, прыколатаю ля пінжака. Прывітаўшыся, ён адшпіліў ружу і з самым свецкім уклонам падаў яе Зосі. Яна машынальна ўзяла кветку, патрымала яе, нават не глянуўшы, потым палажыла проста на стол сярод папер, лінеек. Нутраныя дрыжыкі ахапілі яе пры адным поглядзе на вылашчанага Ляскоўскага. Ён уздумаў хадзіць сюды, і яму, мусіць, непрыемна бачыць паркалёвае адзенне.

Ён зжаліўся, павышае пенсію. Пальцы дзяўчыны задрыжалі, пяро выпала і зрабіла вялікую кляксу якраз пасярэдзіне слупка начыста напісаных лічбаў. У холад і ў жар кінула Зосю. Яна хацела высушыць злыдную пляму, але зрабіла яе яшчэ большай.

Пан Ляскоўскі з вясёлаю мінаю назіраў за паводзінамі Зосі. Ён думаў, што яго падарунак так усхваляваў яе, так узрушыў яе дзявочыя пачуцці. Схіліўшыся над сталом, ён ціха сказаў:

— Я засыплю вас кветкамі, панна Зося, толькі...

Як кошка, пераскокнула дзяўчына цераз крэсла, якое трапілася ёй на дарозе, і вылецела з канторы на двор. Прабегшы некалькі крокаў, яна спынілася, засаромеўшыся людзей, якія ўязджалі з падводамі ў вароты завода.

— Выбачайце мяне, калі я вас пакрыўдзіў, хоць крыўдзіць я менш усяго хацеў,— далікатна і сур’ёзна сказаў пан Ляскоўскі, спыніўшыся на хвіліну каля Зосі.

Лёгкімі крокамі, памахваючы стэкам, ён выйшаў за вароты.

З гэтага дня пан Ляскоўскі не з’яўляўся больш у кантору, і калі яму было трэба што-колечы, то ён выклікаў да сябе бухгалтара. Пан Пісарэўскі зноў выпусціў губу, да якое прычапілася чорная цыгарка. Прыходзячы ў кантору, ён, як і раней, не лічыў патрэбным прыкмячаць Зосю і вітацца з ёю. Але пенсія сапраўды была падвышана — цэлых дзесяць рублёў атрымала Зося больш у месяц. Яна ўжо стала забывацца аб здарэнні і была надта задаволена, калі прынесла бацьку ў першы раз сорак рублёў. Той праслужыў дваццаць шэсць год, а зарабляў толькі трыццаць рублёў.

Праз некалькі дзён к канцу работы ў кантору зайшла Ядзя. Не бачыліся яны аж з таго вечара, калі Ядзя знайшла Зосю ў парку каля крыніцы. Упікнуўшы былую таварышку, Ядзя выказала жаданне, каб Зося наведалася да яе ў той жа вечар.

Зося не знайшла чым адмовіцца і пайшла ў маёнтак. Ёй усё ж не хацелася сустракацца з панам Ляскоўскім пасля здарэння ў канторы. Дзеля гэтага яна загадзя дапыталася ў Ядзі, ці будзе дома пан Стась. Тая паведаміла, што Стась паехаў да суседзяў. Як жа была здзіўлена Зося, калі ў парку насустрач ёй ішла Ядзя пад руку з братам.

— Ён не застаў паноў Ластоўскіх дома,— засмяялася Ядзя, угледзеўшы шчыра засмучаны твар Зосі.

— Няўжо я такі непрыемны, брыдкі чалавек, што вы хацелі б вызваліцца ад мае прысутнасці? — са шчырасцю ў голасе запытаўся пан Стась.

Зося не магла адказаць. Ёй стала яшчэ горш, калі Ядзя пакінула іх адных, за нейкаю патрэбаю, як яна сказала, пайшоўшы ў палац. Пан Стась з яшчэ большаю шчырасцю і прасякнутасцю ў голасе задаў тое ж самае запытанне.

— Ведаеце, мне сапраўды не хацелася б вас бачыць.

— Чаму?

— Як вам сказаць? Можа, вы не прасілі б мяне гаварыць аб гэтым?

Зося з просьбаю ў вачах зірнула яму проста ў твар.

— Мне хацелася б ведаць, якая гэта патаемнасць,— аднак стаяў ён на сваім.

— Ну, калі так, што мне рабіць... Выбачайце толькі мяне... Дык вось, я не хачу бачыць вас таму, што вы заўсёды, мне здаецца, кпіце нада мною. Я не раўня вам, і вы любіце пазабаўляцца нада мною.

— Барані божа! Калі гэта было?

— Не раз: перад вашымі гасцямі вось тут перад палацам, перад гэтым тоўстым п’яніцаю, з пенсіяй на лакавыя чаравікі — шмат калі.

Пан Ляскоўскі крыху збіўся з толку. Але гэта быў адзін момант.

— Усё гэта — вашы абмылкі. Я не бачу ні жаднае розніцы між людзьмі — усе людзі роўныя. Хіба ж мая заслуга, што я радзіўся панам Ляскоўскім, або чыя віна, што ён працуе і псуе сабе вочы? Не, я не лічу вас ніжэй сябе. Вы вось вучыліся разам з Ядзяю, таварышкі, а яна мая ж сястра. Чым яна, а потым і я, вышэй вас? Усё гэта, можа, як кажуць, знізу так здаецца, а мы, людзі вышэйшае культуры, павінны скасаваць нават самае званне няроўнасці.

Пан Стась гаварыў горача, і нельга было яму не паверыць. Праўда, Зосі ўспаміналася, як была выгнана з палаца Параска, з якою агідаю глядзеў тады пан Ляскоўскі на бедную кабету. Цяперашнія словы аб роўнасці неяк не стасаваліся з тымі паводзінамі. Але, можа, тады трэ было трымаць гонар перад Масеем Рыгоравічам. Калі ж узяць самога па сабе пана Стася, дык ён, мусіць, добры і думае ўсамдзеля так, як кажа.

Зося пільна ўглядалася ў твар, вочы Ляскоўскага. Там усё было так праўдзіва, што яна нават не падумала больш сумнявацца ў яго шчырасці і праўдзівасці.

— Добра было б, каб усе людзі так думалі, як вы! — горача сказала яна.

— О, усе людзі браты, усім павінна быць цёпла на свеце,— у тон адказаў ён, хоць лёгкая ўхмылка ў куточках губ ледзь не папсавала ўсю гэтую гісторыю.

Калі Ядзя выйшла зноў у парк, то знайшла іх абодвух весела рагатаўшымі. Яны ганяліся па заблытаных сцежках, дарожках, перагукваліся. Зося скакала, як каза, і яна пацягнула за сабою і Ядзю. Доўга забаўляліся яны, пакуль лёкай не паклікаў іх да вячэры.

Зусім сцямнела, як Зося заспяшалася ісці дадому. Пан Стась кінуўся праводзіць яе. На дварэ ён узяў яе пад руку і праз усю даўжэразную галоўную алею вёў так ціха і далікатна, што ў Зосі прапалі апошнія сляды падазронасці і непакойства. Так даверліва яна магла б ісці яшчэ толькі з Тодарам.

— Ведаеце, аб чым я вас хачу папрасіць? — запытаўся ён ужо каля самае брамы.— Ці не былі б вы такою добраю прыйсці заўтра ўвечары памагчы мне зрабіць якія-колечы рахунковыя падлікі?

— Калі ласка, пане Стась.

— Дык я буду чакаць вас а дзевятай гадзіне.

Пан Ляскоўскі сядзеў за пісьмовым сталом у кабінеце, калі на другі дзень у вызначаны час Зося прыйшла да яго. Перад ім ляжалі раскрытыя кніжкі, быццам толькі што ён чытаў іх. Афіцыяльна аддаў ён уклон Зосі і падставіў крэсла да другога, меншага стала, які, прыстаўлены адным канцом да пісьмовага, другім быў на сярэдзіну пакоя. Хутка перад Зосяю з’явіўся досыць тоўсты пук рахункаў ды іншых папер.

— Вось разбярыце ўсё гэта і складзіце агульную ведамасць,— таксама афіцыйна прапанаваў пан Ляскоўскі.

Зося прынялася за работу. Яна схіліла крыху набок галаву, губы варушыліся, калі яна старанна выводзіла на разлінаваным аркушы лічбы. Яна нават, бадай, забылася, дзе яна, бо ціхенька ў нос мармытала нейкі матыў. Падвёўшы першае падагульненне, Зося падняла галаву... Нешта цёплае дакранулася да яе шыі. Яна ўздрыгнула і кінула позірк на крэсла за пісьмовым сталом. Яно было пустым.

Зося ўскочыла, але яе трымалі за плечы цэпкія рукі. Павярнуўшы галаву, яна блізка ўгледзела твар пана Ляскоўскага, які цягнуўся да яе губ. Зося ўскрыкнула, спалохалася таго дзікага выгляду, тых чырвоных вачэй, якімі глядзеў на яе Ляскоўскі. Яна рванулася, недзе штось трэснула з адзежы.

— Што вы робіце? Пусціце!

— Цішэй, цішэй, любая, каханая!

Крэсла загрукатала аб падлогу, стол крануўся з месца. Зося выслізнула з трымаўшых яе рук. Страшны твар цягнуўся да яе. Хоць бы чым закрыцца ад яго. Рука яе схапіла пачку рахункаў са стала. Твар усё бліжэй. Рука яе схоплена, рахункі круцяцца ў паветры і сыплюцца ўніз. Зосю як хто падпіхнуў: з адною-дзвюма паперкамі ў руцэ кінулася яна да дзвярэй і віхрам прамчалася праз усе пакоі. Так без перапынку ляцела яна аж да таго часу, пакуль не апынулася за брамаю на гасцінцы. Толькі тут яна прыйшла ў сябе і заўважыла паперку ў руцэ. Пры бляску зары яна прачытала:

— Настоящим честь имею сообщить, что Павел Евстигнеев Зыков, уроженец Тверской губернии, действительно работал на вверенной мне бумажной фабрике в качестве мастера, к работе прилежен, ни в чем предосудительном замечен не был, убыл на родину по болезни. Управляющий фабрикой ».

Далей ішлі закаручкі.

 

 

VI

 

Сымону Кавальчыку было ўжо пад пяцьдзесят, ён меў дарослых сыноў і дачку, але ўсё яшчэ не мог пазбавіцца ад блазенскіх летуценняў. Можа, з самага дзяцінства, калі ён упершыню пагнаў пасвіць каровы, у ім зарадзілася нахільнасць да летуценняў. Шмат іх праляцела ў яго жыцці, не пакінуўшы следу ў рэальнасці. Ён калісьці жыў надзеяй, што ў яго будзе хоць з паўвалокі зямлі: як яна апыніцца ў яго руках, ён добра не ведаў, але жаданне яго было такім моцным, што часам ён быў упэўнены ў сваім багацці. Гады ішлі, дзеці падрасталі, а яго палоскі не шырыліся. Бывала таксама, што ён гадзінамі любаваўся коньмі высялкоўца Шкілёнка, якія былі гладкімі і, быццам гуляючы, лёгка цягнулі альбо вялізарны плуг, альбо кары са збожжам ці сенам. Вось гэта коні! Гэта не яго аблезлы, бяззубы конік з казу велічынёю, якому трэба было памагаць за пастронак нават цягнуць драўляную барану. Не іначай як трэба завесці каня накшталт Шкілёнкавага. Але добра сказаць — завесці, а на справе праходзілі год за годам, і заставаўся ўсё той самы аблезлы, са слязьмі ў вачах, стары каняка. Адмовіўся напаследак дзядзька Сымон ад свае надзеі мець здатнага каня. Было шмат яшчэ якіх шашляў у Кавальчыка, яны прыходзілі, валодалі нават доўгі час яго думкамі, потым пакрысе выляталі, даючы месца іншым. Асабліва шмат хімер зараілася пад аўчыннаю шапкаю дзядзькі Сымона пасля «бунтаў» 1905 года: вось цяпер ужо Дума дасць зямлю, можна будзе купіць каня, паправіць пуню ды ці мала яшчэ што. Аднак час ішоў, думалі там ці не думалі — гэтага Сымон не ведаў,— а зямлі не прыбаўлялася. Горш яшчэ стала: старэйшы сын ажаніўся і захацеў аддзяліцца. Сымон Кавальчык зусім быў падбіты.

Была, аднак, думка ў Сымона, якую ён песціў з малых гадоў і з якою не расставаўся ні пры якіх абставінах, ні пры якіх прыкрасцях жыцця. Гэта — пабудаваць новую хату, дзе б печ была з комінам. Як стаў помніць сябе Сымон, кожны дзень раніцою хата была паўнюсенька дыму, агонь лучыны ледзь відаць быў скрозь цемру, дым з печы проста валіў на хату. Таму, мусіць, вочы Сымона і яго жонкі заўсёды слязіліся. Днём сцены ў хаце блішчалі чорным лакам, і трэба было толькі дакрануцца да іх, як чорная тлустая пляма трапляла на адзежу, на цела. Сам Кавальчык пах дымам, твар яго быў спаласаваны шэрымі шрамамі: гэта адвечная сажа моцна засела ў маршчыны, адкуль яе нельга было выжыць ніякім мыццём. Вось у гэтай, нібы пасечанай, галаве зарадзілася вялікая ідэя — пазбавіцца ад курнае хаты. Гэта ідэя настолькі глыбока захапіла самога Сымона Кавальчыка, што ён змог запаліць ёю і сваю жонку, і малодшых дзяцей. Ці зарабляла дачка залатоўку жнівом, ці прадавала жонка пяток-дзесятак яек, ці зарабляў ён сам выпадкова зімою ў лесе які-небудзь рубель — усё гэта адкладвалася ў гразную анучку, якую хаваў сам гаспадар у шуфлядцы за абразом.

— Трэба было б Ганулі купіць мультану на спадніцу к вялікадню,— іншы год асмельвалася жонка папрасіць Сымона.

— А! Няхай пачакае трохі, вось збяром на хату, тады ўжо будзеце думаць аб спадніцах,— адказваў ён.

І Гануля з году ў год на вялікдзень хадзіла ў зрэбнай даматканай спадніцы. Так і ў дзеўкі выйшла. А бацька кожную зіму прывозіў з лесу дзве-тры хваіны, якія акорваў, рэзаў на кавалкі і хаваў дзе-небудзь пад страхою, каб не гнілі. Напаследак, к другому канцу сяней быў прыбудаваны зруб, на ім да зімы ўзнялася страха. На вясну хата — і з комінам — была гатова. Яна зухавата паказвала свае белыя бакі і ветліва пазірала чыстымі шыбкамі акон. Старая асеўшая хата, уся чорная, з заткнутымі у вокнах анучамі замест шыбаў, з выгнутаю страхою прынікла да зямлі, бязвольна чакаючы свайго канца пасля шматпакутнага жыцця. Але канец яшчэ не зусім надышоў.

Сям’я Кавальчыкаў і рада была новай хаце, і сумна было за яе пабудову. Як ні скупіўся дзядзька Сымон, як ні стараўся абысціся без наймання чужых для работы, але ўсё ж страты былі: і вокны, і печ, і дзверы, і яшчэ што-кольвечы нельга было зрабіць самому. Трэба было купіць розныя рэчы, наняць майстроў. Грошай на гэта не было, прыйшлося пазычаць частку ў таго ж Шкілёнка, частку ў другіх то пад адработак, то са зваротам. Вось гэтая пазычка і атручвала ўсю асалоду здзяйснення даўняга жадання ўсяе сям’і. На сёмуху меркаваліся ўвайсці ў новую хату, а ўжо да гэтага тэрміну прыйшлося не адзін дзень араць у Шкілёнка, тады як сам Кавальчык не адсеяўся і яго вузкія палоскі выдзяляліся на полі сваёю пустэльнасцю.

Якраз каля гэтага часу з’явіўся ў Ляскаўцах Зыкаў. Перад ім адразу паўстала пытанне, дзе жыць. Пасёлак, які толькі пачаў будавацца на пустцы за маёнткам, не мог умясціць усіх стаяўшых ужо на працы гутнікаў. Пан Ляскоўскі, які хацеў задобрыць майстра, што павінен быў значна дапамагаць у абсталяванні папяровай фабрыкі, прапанаваў яму жыць у адным з дамоў маёнтка, побач з цівуном. Але такая перспектыва зусім не падабалася Зыкаву, і ён мякка, але рашуча адмовіўся ад панскай ласкі і ўвагі. Дні два-тры ён начаваў на пустэчы, але ў кожнай халупцы рабочых была такая цесната, што разлічваць на доўгую гасціннасць таварышаў, без таго каб не непакоіць іх, Зыкаў не мог.

Сымон Кавальчык, дачуўшыся аб Зыкаве, ухапіўся за яго як за саломінку. Па некалькі разоў у дзень ён дамагаўся сустрэцца з майстрам і кожны раз прасіў узяць у яго кватэру. Зыкаў доўга адмаўляўся, напаследак, і сам адчуваючы патрэбу ў вырашэнні як-небудзь пытання з кватэраю, пайшоў да Кавальчыка. Сымон прапанаваў яму новую хату.

— А дзе ж вы самі будзеце жыць?

— Пажывём яшчэ і ў старой, не вялікая бяда,— міргаючы выцвілымі вачамі, адказаў Зыкаву гаспадар.

Зыкаву стала прыкра ад усяго выгляду курнай хаты. Пачуццё сораму кранулася ў яго пры думцы, што цэлая сям’я застанецца жыць у гэтым сажным мяшку, тады як ён адзін будзе займаць светлую чыстую хату. Ён пачаў адмаўляцца.

— Ды я ж з вас дорага не вазьму,— угаварваў Сымон.

— Не, не ў гэтым справа!

— Будзьце ласкавы, застаньцеся! Дзякаваць доўга буду вас.

І Сымоніха пачала пераказваць усё, як цяжка ім вырабіцца ад пазычкі, як не ідзе свая праца з-за работы на другіх.

Зыкаў застаўся, і ў той жа дзень у новую хату перасяліліся разам з новым жыльцом яго два куфэркі. Сымоніха насілася па двары, быццам ёй скінулі трыццаць год: яна то дапамагала свайму гаспадару даставаць дошкі для тапчана, то валакла сяннік для пасцелі пастаяльцу, то завіхалася каля печы, гатуючы яму яду. Гэта ж які год пажыве ў іх майстра, і можна будзе расплаціцца з усімі пазычкамі, і хата новая!

Першыя дні пражывання Зыкава жонка Кавальчыка, аднак, не заўсёды бывала бадзёраю ды прыветнаю. Іншы раз яна ўваходзіла ў новую хату, нібы што зрабіць, але тым часам ёй нічога не трэба было: яна проста прыглядалася, сачыла за сваім пастаяльцам. Для Зыкава гэтыя назіранні, прыглядванні не засталіся непрыкметнымі. Ён не раз дзівіўся сам сабе гэтай цікавасці да яго асобы з боку гаспадыні, але маўчаў, падсмейваючыся над яе нязграбным азнаямленнем з жыльцом. Усё ж, напаследак, безупыннае прыглядванне за ім напрыкрыла яму.

— Скажыце, цётка Магдуля,— запытаўся Зыкаў раз у гаспадыні,— чаго вы кожны дзень так пільна прыглядаецеся да мяне?

— Ды бронь божа! Дзе ж я прыглядаюся? Вось хачу, каб вам добра ў нас было, каб вы не каяліся, што засталіся тут на кватэры. Я прыходжу сюды прыбраць, дагледзець,— нараспеў адказала Магдуля.

— Ведаеце, я надта не люблю маны. Вы ж няпраўду кажаце! Што вас асабліва цікавіць ува мне?

Сымоніха апусціла вочы, пераступіла разы два з нагі на нагу, кашлянула,— відаць было, што яна збіраецца адказаць нешта не зусім простае.

— Бачыце...— пачала яна і прыпынілася.— Бачыце, тут нашы кабеты кажуць, што мы нядобра зрабілі, пусціўшы вас на кватэру.

— Ах, вось як! Ну, а вы як думаеце?

— Ды мне што ж — добра. Чалавек вы ціхі і грошы плаціце, толькі...

— Толькі што?

— Яны кажуць, што вы невядома які чалавек, у горадзе былі, а гарадскія, вядома, больш усё жулікі.

Зыкаву стала і смешна і крыўдна. Ён моўчкі разглядаў худы, шэры твар гаспадыні з слязлівымі вачамі, яе ўбогую вопратку і ўсю сагнутую постаць. Увесь выгляд яе быў жывой сведкаю векавога прыгнечання, цемры, убогасці. Яна не вінавата ў тых думках, якія толькі выказала.

— Ну, і як жа вы думаеце пра мяне? — ужо весела запытаўся ў бабулі Зыкаў.

— І-й, мой сыночак, вы чалавек, здаецца, добры, не які-небудзь злодзей. Ну, пайду ўжо, трэба грады палоць.

Пасля гэтай гутаркі Сымоніха ўжо не так рупілася прыбіраць кватэру свайго пастаяльца. Дый сапраўды, для якіх-небудзь страхаў ад Зыкава не было падстаў. Ён не п’янстваваў, не хадзіў у свята з гармонікам у руках. Калі ён быў дома, то Сымоніха бачыла яго больш схіленым над сталом за кніжкаю. Мусіць, шмат у яго было кніжак, бо, спрабаваўшы раз падняць куфэрак, адкуль Зыкаў звычайна даставаў кніжкі, Сымоніха мусіла паганьбіць сваю сілу.

Больш усяго паводзіны Зыкава дзівілі дачку Кавальчыка — Ганулю. Праз некалькі дзён, як Зыкаў пачаў жыць у іх, Гануля, зачырванеўшыся, як паркаль, і яшчэ больш чырвоная ад таго, што яна наводзіла на твар хараство чырвонаю паперкаю, нясмела запыталася ў яго, ці не пойдзе ён на гулянку ў вёску. Дзень быў святочны, у вокны ішоў пах самай вясны, з краю вёскі несліся дзявочыя спевы, гармонік ігрыста пераліваўся зазыўнымі гукамі. Гануля не разумела, як можна выседзець у хаце, калі ўсё так прыветна цягнула на вуліцу. Але Зыкаў павольна зняў з носа свае смешныя акуляры, працёр іх, паглядзеў на Ганулю з добраю ўхмылкаю і сказаў, што яму не хочацца на гулянне. З гэтага часу Гануля, хоць і старалася падфарбаваць папераю твар, калі спадзявалася бачыць Зыкава, але саромелася нават загаварыць з ім. Мусіць, ён надта ганарыцца. І на ліха яму гэтыя кніжкі,— думала яна.— Вось яна зусім не ўмее чытаць — і бяды мала... Але ж ён такі прыгожы, на вёсцы мала такіх дзецюкоў...

Сымон Кавальчык, калі не было дома работы альбо не трэба было адрабляць каму-небудзь з сяльчан, звычайна праводзіў час на рацэ з яе вялікімі затокамі і азёркамі па лагчыне. Ужо зранку яго човен, маленькі, як арэхавая шкарлупка, заштукованы шмат дзе то кавалкам клёпкі, то абечка, то проста заткнуты зуб’ем і анучамі, шураваў то там то сям праз чарот і пад берагавым хмызняком. У адным месцы Сымон ставіў жыўца, у другім венцер яго то апускаўся, то паднімаўся з вады. Варушачы губамі, нібы ён увесь час што жаваў, Сымон гадзінамі пільнаваў свайго жыўца. Мала калі што добрае яму пападалася злавіць, але Сымон варочаўся дамоў не раней як з вячэрняю зарою.

Зыкаў паспрабаваў адзін раз паехаць з сваім гаспадаром. Маленькі човен ледзь вытрымліваў дваіх, і трэба было сядзець ціха, як свечка, бо нязначны рух мог выклікаць тое, што «душагуб» перакруціўся б уверх дном. Зыкаву спадабалася сядзець спакойна і чытаць кніжку, у той час як Сымон, жуючы губамі і мармычучы пад нос, то выбіраў з вады свае ўбогія рыбацкія прылады, то проста глядзеў у бясконцую далечыню сваімі слязлівымі вачамі, быццам ціха плачучы аб страчаных надзеях, што схаваліся за сінім лесам і далёкімі палямі і сенажацямі.

У адным месцы ад рэчкі адыходзіла досыць шырокая затока, якая, пакруціўшыся між балотнымі сенажацямі, зноў злучалася з рэчкаю. Між гэтаю затокаю і самаю рэчкаю была выспа. Край яе ад затокі быў надта нізкі, балотны; дрыгва тут пакрытая была рэдкаю дзікаю асакою ды жоўтымі кветкамі латашкі. Але бліжэй да рэчкі выспа станавілася ўсё больш высокаю, і бераг яе крута звісаў над цёмнымі вірамі, у глыбі якіх відаць былі тоўстыя абураныя дрэвы. У адным месцы гэтага берага высока ўздымаў у неба сваё галлё магутны дуб, частка карэнняў якога, як кіпцюры захаванага ў зямлю чудзішча, высоўвалася далёка над вадою. Здавалася, вось-вось гэты гігант абурыцца ў ваду і загародзіць усю рэчку. Але дуб усё трымаўся за сваю ненадзейную глебу да першай моцнай буры.

— Зваліцца, зваліцца! Няхай толькі страсяне як след! — мармытаў кожны раз Сымон, праязджаючы каля гэтага месца.— Глеба з-пад карэнняў выплывае.

— Мусіць, зваліцца! — з нейкаю затайнаю думкаю адказваў Зыкаў.

Зыкаву спадабалася гэтая выспа. Ён спрабаваў вылезці з чаўна і па абрыву трапіць на самы ўзгорак. Гэта не лёгка было зрабіць, але пасля некалькіх спроб ён дасягнуў мэты. Сухая частка выспы была пад густым лесам з арэшнікам, калінаю ды іншымі кустамі. Бліжэй да затокі лес драбнеў, пераходзячы ў непралазны хмызняк. Папасці ў гэты лес амаль што нельга было, і дзеля гэтага дрэвы сконт веку стаялі нячэпанымі. Ад старасці толькі, альбо падмытыя рэчкаю, яны канчалі сваё жыццё і трухлелі на зямлі ці ў вадзе.

Нават калі Сымон і заставаўся дома, Зыкаў не мог утрымацца, каб не пабыць на рацэ. Гэта стала для яго патрэбаю. Як толькі канчаў работу на паперні, ён спяшаўся на «душагуб» і прападаў з ім на ўвесь канец дня. Праз нейкі час з ім пачаў ездзіць яшчэ адзін невясковы хлопец, мусіць, з гуты. Траплялася Сымону альбо яго жонцы прасачыць, што Зыкаў браў човен з настаўнікавым сынам, і тады яны варочаліся позна, аж ноччу.

— Няхай сабе ездзяць,— казаў Сымон жонцы.— Яны маладыя хлопцы, але гэтых нашых гулянняў не любяць; дык трэба ж чым пацешыцца...

— А калі човен загубяць? Што ім шкода, ці што?

— Кінь ты плявузгаць! Падумаеш, якая страта, хоць бы гэта і здарылася!

Магдуля прыпыняла сваю зайздрасць, бо ёй дарэмна было злавацца на Сымона, які звычайна змаўкаў, жаваў губамі, колькі б жонка там ні латашыла языком.

Зыкаў не кідаў сваіх вандраванняў па рэчцы і лесе. У адзін святочны дзень ён зранку, калі нават спалі яшчэ Кавальчыкі, хто ў пуні, хто проста ў павеці, выйшаў з дому. Сымоніха чула, што ён пратупаў не адзін. На гэты раз Зыкава цэлы дзень не было дома.

За снеданнем Магдуля, як вялікаю навіною, падзялілася са сваімі хатнімі аб ранішнім здарэнні.

— А ведаеце, што было яшчэ?— раптам запытала дачка.— Калі я вось нядаўна падмятала новую хату, дык кашканула знячэўку яго куфэрак... ведаеце, гэты цяжкі, з замком...

— Кашканула, вось навіна якая! — засмяяўся нежанаты брат.

— Пачакай ты! Кашканула — і ён лёгка, як пусты, перасунуўся... А то нельга было яго нават аберуч зварушыць з месца.

— Што б гэта было такое? — зацікавілася маці і не выцерпела, каб не пайсці самой, нават кінуўшы на час снеданне.

Праз некалькі хвілін яна вярнулася.

— Мабыць, пусты, мае даражэнькія,— выпаліла яна, як толькі пераступіла парог курнай хаты.

— І што вам за турботы? Пусты ці не пусты — усё роўна не ваш, і няма чаго нос сунуць,— прагаварыў Сымон, упікна гледзячы на жонку і дачку.

— Ого, яны ж сёння па ўсіх прызбах разнясуць гэтую вестку,— весела гаварыў малодшы сын.— Нават, можа, і снедаць не будуць, а пабягуць да суседак.

— Ах ты ўжо такі разумны, Лявон,— пакрыўдзілася Гануля.

— Кіньце вы, не ваша гэта справа,— вылазячы з-за стала, сказаў Сымон.

Гутаркі аб гэтым, праўда, больш не было. Але старая Магдуля цэлы дзень далёка не адыходзіла ад хаты, мяркуючы распытацца ў пастаяльца, як толькі той пакажацца. Але цікавасць яе не была задаволена. На адвячорку Зыкаў прыйшоў дадому. К здзіўленню Сымоніхі, ён быў адзін, а яна добра чула раніцою нават гутарку.

— А куфэрак ваш, ведаеце, я перасунула бліжэй да печы...— затараторыла яна.

— Добра! — толькі і адказаў ёй Зыкаў, праходзячы ў дзверы і зачыняючы іх за сабою.

Пастаяла старая Магдуля ў сенях перад дзвярыма Зыкава і, ківаючы разважна галавою, выйшла к прызбе да суседак.

 

VII

Смутак пачаў панаваць пад старым дахам школкі. Ні бацька, ні Тодар не маглі ўцяміць, што здарылася з Зосяю, не маглі ўявіць сабе тае рэзкае перамены, якая зрабілася з ёю. Цэлыя дні яна сядзела ў сваёй баковачцы, закінула гаспадарыць, не ішла на работу ў кантору, не адказвала на запытанні. Зрэдку выходзіла яна ў школьны садок і залазіла ў самы далёкі, запушчаны яго куток. Тодар кожны дзень па некалькі разоў дамагаўся развесяліць яе, прыдумляючы той ці іншы жарт, альбо прапануючы дальнюю вандроўку па рацэ ці ў лес. Зося надта захаплялася раней такімі вандроўкамі з Тодарам. Цяпер жа яна заставалася нібы глухою да ўсялякіх прапаноў брата. Звонкі смех яе, што срэбрам сыпаўся то там то тут па ўсім школьным двары і садзе, заціх, а з ім нібы прыпынілася жыццё ў хаце настаўніка. Быццам цяжкахворы быў у пакоях. Пятрусь Мікалаевіч апусціў сваю сівую грывастую голаў. Усялякія думкі віліся ў ёй наконт дачкі, якая пераходзіла з блазенскага ў сталы ўзрост. Ён адчуваў, што трэба з асабліваю далікатнасцю дакранацца да сэрца дзяўчыны ў гэтую пару. Але як пачаць, якія прычыны такой меланхоліі ў дачкі — ён не ведаў, не мог прыдумаць.

Больш як два тыдні прайшло з таго памятнага для Зосі вечара. Бацька разы два прапаноўваў Зосі паехаць у павет да доктара. Але яна ўпарта адказвала, што ніякае хваробы ў яе няма і што дактары ёй не патрэбны. На запытанне ж, як яна думае надалей са службаю ў канторы, Зося коратка адрэзала:

— Я больш там служыць не хачу!

Гэты адказ навёў бацьку і Тодара на думку, што з Зосяю здарылася нешта, звязанае са службаю. Пятрусь Мікалаевіч нават падумаў, ці не бухгалтар гэта як-небудзь абразіў яго дачку. Але, калі ён намякнуў, што, можа, Зосі непрыемным здаецца яе начальнік, то ніякага адказу на гэта дадзена не было. Здагадкі ж ні да чаго не даводзілі.

Тодар пусціўся на хітрыкі.

— Зоська,— жартаўліва сказаў ён неяк,— як я толькі прыехаў, дык пытаўся ў цябе, ці не страшна табе служыць? Помніш? Ты тады толькі пасмяялася. А цяпер? А цяпер я бачу, што служба — не для кабет альбо дзяўчат.

— Няпраўда! Я магу служыць,— жорстка адказала яна.— І буду працаваць, няхай толькі татка пастараецца мне іншае месца, хоць бы дзе настаўніцай.

— А ў канторы табе не падабаецца, ці што іншае?

— Не хачу я там служыць,— пачуўся кароткі, але не ясны адказ.

Так і Тодар не дабіўся нічога, хоць думаў, раззлаваўшы сястру, выклікаць яе на большую гутарку.

Яшчэ праз некалькі дзён пад вечар на пляцы перад школаю паказаўся адзін з лёкаяў пана Ляскоўскага. Настаўнік, які сядзеў на ганку, быў надта здзіўлены тым, што гэты лёкай ішоў якраз да школы і, убачыўшы яго самога, пайшоў проста да ганка. Здзіўленасць Петруся Мікалаевіча яшчэ больш узрасла, калі лёкай перадаў яму запячатаны з каронкаю канверт. Як толькі лёкай павярнуўся ісці назад, Пятрусь Мікалаевіч разарваў прыгожы канверт. Там была кароткая запіска, у якой пан Ляскоўскі прасіў яго сёння ж зайсці ў маёнтак. Гэтыя запросіны зусім збянтэжылі Петруся Мікалаевіча. Выпадкі, калі яму даводзілася бываць у палацы, былі такімі рэдкімі, што ён не мог разлічваць на гасціннасць да яго пана Ляскоўскага... Але праз паўгадзіны ён ужо, крыху прыбраны, падыходзіў да ганка палаца.

Пан Ляскоўскі сустрэў настаўніка занадта прыветна. Быццам з блізкім знаёмым, ён прывітаўся з ім цёпла, нават папікнуў, што рэдка бывае ў маёнтку, і гэтым стварае частку тае нуды, у якой жыве тут у адзіноцтве ён, пан Ляскоўскі. Пятрусь Мікалаевіч не ведаў, як адказваць на такую, незвычайную для яго, далікатнасць з боку свайго высокага гаспадара. Не паспеў ён нешта прамармытаць у адказ, як пан Ляскоўскі падхапіў яго пад руку, пацягнуў да крэсла і пасадзіў, як знатнага госця.

— Курыце, калі ласка! Вось добрыя цыгары,— падсоўваючы шуфлядку пад шклом, завіхаўся пан Ляскоўскі, і, калі настаўнік адмовіўся курыць, пачаў пералічаць усё, чым можа пачаставаць.

Пятрусь Мікалаевіч адмовіўся ад усяго. Ён ужо крыху апамятаўся ад першых свецкіх слоў, якімі быў асыпаны, як пераступіў цераз парог.

— Я чуў, што ваша дачка захварэла. Шкада, надта шкада: яна такая здатная работніца і такая прыемная дзяўчына.

— Не, пане, яна не хворая,— адказаў сумленна настаўнік.

— Як не хворая? Вы дарэмна так думаеце, вам трэба было б паказаць яе дактарам... Калі вы маеце на гэта патрэбу ў грошах, дык, калі ласка, я з ахвотаю пасаблю вам.

— Дзякуй, пане. Яна не хворая, а калі б і здарылася такая бяда, дык я ўжо і сам як-небудзь справіўся б, і дапамога была б залішняю.

Пан Ляскоўскі прайшоўся па пакоі, паправіў на стале кніжкі, пераставіў лямпу, зірнуў з-пад ілба на Петруся Мікалаевіча разы два.

— Дык панна Зося не хворая? Чаму ж яна не ходзіць на службу?

Настаўнік не зразу адказаў. Ён шукаў слоў, як бы найдалікатней сказаць, але думкі кепска ўкладаліся ў звязны сказ. Пан Ляскоўскі стаяў перад ім і не спускаў з яго сваіх калючых вачэй. Гэта яшчэ больш блытала думкі старога Крэпчука.

— Яна чамусьці не хоча больш служыць у канторы,— проста адрэзаў Пятрусь Мікалаевіч.

— Не хоча? Вы павінны загадаць ёй аднавіць службу! — адступіўшы на два крокі і блішчучы вачамі, востра і павышаным голасам прагаварыў Ляскоўскі.

— Я не разумею вас, пане. Як гэта — загадаць?

— Ваша дачка павінна служыць у мяне ў канторы!

Пятрусь Мікалаевіч аж падскочыў ад нечаканасці. Ён устаў і здзіўлена, нічога не разумеючы, глядзеў на пана Ляскоўскага.

— Што гэта за тон, пане Ляскоўскі? Прыгону даўно ўжо няма. Бывайце здаровы, калі вам больш нічога ад мяне не трэба.

— Не, крыху пачакайце! Ці не скажаце, што чуваць у вас аб вашых беларусах, як жывуць эсдэкі, эсеры? Калі «загляне сонца ў наша ваконца»?

— Вы жартуеце, пане!

— Якія там жарты? Я пытаюся ў вас як у свядомага ў гэтых справах чалавека.— Пан Ляскоўскі зрабіў вельмі выразны націск на слове «свядомага».

— Не разумею, аб чым вы пытаецеся,— ледзьве адказаў Пятрусь Мікалаевіч.

— Ах, не разумееце! Можа, вы не ведаеце, што кожны месяц вы павінны бачыцца са спраўнікам або прыставам? Мусіць, ведаеце! А я што-кольвечы яшчэ аб вас ведаю... Ваша дачка павінна служыць у канторы, іначай вы пашкадуеце аб сваёй мяккасці да яе жаданняў.

Пятрусь Мікалаевіч нейкую хвіліну з агідаю паглядаў на пана, гордыя словы гучалі ў яго галаве. Але сівая галава пакрысе апускалася ўсё ніжэй ды ніжэй, і слёзы заблішчалі на яго падслепаватых вачах, якія мелі нейкі жаласны выгляд без акуляраў. Ён мяшком ссунуўся на крэсла і нібы застыў з сагнутаю спіною і апушчанаю галавою.

— Ну, вось і каву даюць! Перасядзьце сюды, калі ласка,— загучаў ужо прыветна голас Ляскоўскага.

Як пабіты сабака, ішоў настаўнік дадому. Яго сівыя валасы космамі спадалі ўніз, рукі дрыжалі, ногі ледзьве пераступалі. Дома ён грузка сеў на канапу і галава яго схілілася над сталом. Так у нерухомасці доўга сядзеў ён, як чалавек, які страціў усё ў жыцці. Чым выкліканы гэты брудны ўчынак пана Ляскоўскага? Што азначае гэтая ўпартасць яго, каб Зося служыла? І як можа шляхціц займацца справамі шпіка? Калі на апошняе запытанне адказ лёгка было знайсці, то на першыя цяжка было адказаць.

Тодар занепакоіўся незвычайным выглядам бацькі.

— Эх, сынок! Паскудныя часы насталі, паскудныя пайшлі людзі. Жыць прыкра!

— У чым справа?

— Лепш не пытайся. Пакліч Зосю.

Зося ўвайшла ціха, так яна хадзіла ў апошнія часы. Убачыўшы бацьку, яна ўздрыгнула, кінулася да яго, але потым раптам прыпынілася.

— Дачушка, табе прыйдзецца зноў хадзіць на работу ў кантору,— не падымаючы галавы, прагаварыў глуха Пятрусь Мікалаевіч.

Гэтыя словы навялі на Зосю нібы аслупенне. Яна не разумела нейкі час, што робіцца вакол яе, нават дзе яна. Тодар крыху спалохаўся і пачаў гузаць яе за руку.

— Татачка, я ж прасіла цябе знайсці мне іншае месца. Я не хачу ў кантору, не пайду туды больш нізавошта.

Стары настаўнік падняў голаў, на вачах яго былі слёзы. Зося ў першы раз убачыла слёзы на вачах бацькі. Гэтае з’явішча зноў нашчэнт збянтэжыла яе, і яна сама гатова была заплакаць, хоць і не магла зразумець прычыны такога выгляду бацькі.

— Я не ведаю, чаму ты адмаўляешся ад службы — ты аб гэтым не хочаш сказаць. Але... але, калі б ты ведала, што... тваё нежаданне... будзе пагражаць твайму бацьку астрогам, ты таксама б стаяла на сваім?

— Я-якім астрогам? За што? — здушаным ад сполаху голасам запыталася Зося.

— Пан Ляскоўскі можа гэта зрабіць,— ледзьве вымавіў бацька.

Крык агаласіў маленькі пакойчык і рэхам аддаўся па ўсіх кутках школы. Не паспеў Тодар схапіць яе, як Зося выскачыла за дзверы і зачынілася ў сваёй бакоўцы. Тодар выйшаў у сад, і доўга яго цыгарка іскаркаю мільгацела то ў адным, то ў другім канцы. Ужо за поўнач ён зайшоў да бацькі.

— Усё-такі Зосі не трэба ісці ў кантору,— рашуча сказаў ён.

— Выбачай, Тодар. Стары я стаў, ды і крыллі надламалі. Баюся ўсяго! — Пятрусь Мікалаевіч адвярнуўся ад сына і закашляўся, каб схаваць новыя слёзы, якіх яму было самому сорамна. Цэлую ноч не спаў стары, і Тодар чуў, як рыпелі пад яго нагамі дошкі падлогі.

На другі дзень Зося пайшла ў кантору.

Зыгмунд Пісарэўскі сустрэў яе, як самы найлепшы таварыш і разам з тым, як самы далікатны чалавек. Ён выказаў самыя шчырыя, як здавалася, спачуванні таму, што яна хварэла, пашкадаваў, што яна крыху пахудзела, а потым не забыўся выказаць надзею на хуткую папраўку і поўны зварот яе былое жвавасці. Зося моўчкі слухала ліслівую гутарку свайго начальніка і з рыскамі жорсткасці на чале і каля губ, якія быццам назаўсёды ўрэзаліся там, паглядала на гладкую кулю яго галавы.

— Работы, ведаеце, цяпер столькі, што мне аднаму нельга было ўправіцца. Апроч усяго, справаводства шмат павялічылася з будоўляю папяровай фабрыкі, а гэты майстра Зыкаў толькі ведае, што каля машын мітусіцца.

Імя Зыкава прагучала для Зосі чымсьці зусім новым. Здаецца, даўно-даўно яна пазнаёмілася, сустракалася з ім. За ўвесь апошні час, як яна хадзіла на работу, Зыкаў бадай толькі разы два заходзіў у школу, дый то яна не бачылася з ім. Цяпер у яе памяці паўстала ўся яго постаць, ёй пачуўся яго спакойны голас, успомнілася моцная рука, якая падтрымлівала яе, калі яны разам ішлі з пасёлка. Пры гэтых успамінах жорсткія рэзкія рыскі каля вуснаў крыху згладзіліся і яна больш прыветна даслухала бухгалтара, які лебязіў каля яе.

За работаю яна міжвольна ўспомніла Зыкава і незвычайнае здарэнне з ёю ў маёнтку. Стажок рахункаў ляжаў перад ёю цяпер так, як тады ў палацы. А куды дзелася тая паперка, што яна з перапуду данясла аж дадому. Гэта ж паперка была аб Зыкаве. Ён, значыць, належны майстар, але якісьці... ненадзейны чалавек. Так, здаецца, падпісаў там начальнік пецярбургскае фабрыкі. Але як быць з гэтаю паперкаю? Несці самой у палац нельга ні ў якім разе, а перадаць праз бухгалтара нешта перашкаджае. Трэба, па-першае, знайсці гэтую паперку, бо яна больш карысна будзе для гэтага Зыкава, чымся патрэбна для пана Ляскоўскага. А потым так перадаць яе, каб гэта нікому не кінулася ў вочы.

Работа і дзейны напрамак думак пакрысе выводзілі Зосю з таго аслуплення, у якім яна знаходзілася ўжо каля месяца. Дома яна таксама пачала ўцягвацца ў абавязкі гаспадыні. Толькі да бацькі не было ў яе такіх простых, ясна-ціхіх адносін і любові, якія яна адчувала і мела раней.

Праз некалькі дзён Зыкаў зайшоў да настаўніка. Зося і радавалася і непакоілася праз гэта. Мусіць, ён чуў аб тым, што яна не хадзіла на работу, можа, таксама пачне дапытвацца, як і бацька з Тодарам. Як ёй трымацца тады? Але разам з тым яна не магла не прызнацца сабе, што чакала гэтага прыходу. Уперад за ўсё ёй карціла параіцца з ім, як перадаць назад Ляскоўскаму паперку з водзывам.

Калі мужчыны заняліся гутаркаю, яна шмыгнула да сябе, выняла з заложанае кніжкі сакраментальную паперку і сунула яе за кофту. Потым не зусім спакойна стала чакаць такой хвіліны, калі б лепш было застацца адною з Зыкавым і параіцца з ім. Як назло, Тодар завёў нейкую доўгую спрэчку аб кніжцы, і Зыкаў, які ўважліва слухаў і падаваў рэплікі, што яшчэ больш падбівалі Тодара, здавалася, зусім не прыкмячаў Зосі і тым больш не мог зацікавіцца яе непакойствам.

Але вось Тодар, не задаволены сваімі ўласнымі доказамі, выскачыў у другі пакой да шафы з кніжкамі.

— Мне трэба было б пагаварыць з вамі аб адной рэчы,— паніжаным голасам прамовіла Зося Зыкаву, як толькі Тодар забразгаў ключамі аб шафу.

— Добра, давайце пойдзем у сад,— адказаў ён.

Як толькі Тодар вярнуўся з кніжкаю ў руках, Зося папрасіла яго адкласці спрэчкі і схадзіць да Шмуйлы за якою-кольвечы дробяззю да гарбаты. Тодар, хоць і незадаволены, але выйшаў, а бацька ўжо бразгаўся з самаварам на кухні.

Зося выскачыла ў сад. Зыкаў павольна выйшаў за ёю, крыху зацікавіўшыся справаю. У далейшым канцы саду Зося прыпынілася і моўчкі працягнула Зыкаву руку з паперкаю. Ён недаўменна ўзяў паперку, прачытаў раз, другі, рука яго ледзьве прыкметна ўздрыгнула, але твар застаўся зусім спакойным, нібы ў паперцы напісана было зусім не аб ім.

— Як вы дасталі гэта?

Гарачая хваля ад сэрца разышлася ў момант па ўсяму целу Зосі. Яна не знаходзіла слоў, каб адказаць на гэта запытанне. А Зыкаў так проста і ўважліва глядзеў ёй у вочы, што ніякая мана, ніякі выверт быў немагчымым.

— Што адказаць, што адказаць? — пыталася яна ў сябе.

Зыкаў маўчаў, адчуваючы, што Зосі не лёгка адказаць на яго запытанне, што тут ёсць нешта незвычайнае.

— Гэтая паперка... выпадкова трапіла мне ў рукі, і я не ведаю, што з ёю зрабіць,— напаследак прагаварыла Зося.

— Перадайце пану Ляскоўскаму.

— Я не магу! — зусім усхвалявана адказала Зося.

Зыкаў яшчэ больш недаўменна пачаў разглядаць Зосю, прагнучыся растлумачыць сабе абставіны гэтае «выпадковасці» і тыя перашкоды, якія так хвалююць дзяўчыну.

— Я не разумею, чаго вы так усхваляваны, калі гэта выпадковасць.

Вось гэтага і баялася, з-за гэтага дапытвання і непакоілася Зося. Праўда, яна сама выклікала Зыкава на гутарку, і не ён вінаваты ў яе збянтэжанасці. Але ўсё ж справа склалася так, што яна мусіць адказаць глыбей, пайсці далей, каб не паказацца смешнай у вачах Зыкава, альбо каб не падумаў ён яшчэ чаго больш дрэннага аб ёй.

І Зося то шэптам, то скорагаворкаю, глытаючы асобныя словы, з палаючым тварам сказала Зыкаву ўсё, што здарылася тады з ёю ў палацы, як трапіла паперка. Яна ўсё сказала, і калі прыпынілася, то не магла зразумець, чаму яна паведаміла яму, чужому чалавеку, і захавала гэты цяжкі для яе выпадак ад бацькі і брата. Адразу ёй стала так цяжка на сэрцы, так брыдка за сябе, што яна не стрымалася і залілася слязьмі, павярнуўшыся тварам да плота.

Зыкаў то бялеў, то чырванеў. З ім за апошнія часы, можа, гады, не было такога становішча, ды наогул ён не ведаў, як трэба трымаць сябе з кабетамі. Тое ж, аб чым ён даведаўся, а потым плач Зосі зусім выбілі яго з каляіны, і ён не мог адшукаць слоў, якія б дапамаглі Зосі суцішыцца, забыцца аб крыўдзе.

— Кіньце, кіньце вы плакаць, таварыш Зося. У жыцці трэба быць моцным, і вы паказалі, што вы моцны чалавек. Не плачце ж, хадзем у хату,— гаварыў Зыкаў крыху дрыжаўшым голасам.

— Я так не магу пайсці, пачакайце. Ні Тодар, ні бацька не ведаюць нічога, я ім не сказала. Яны будуць здзіўлены маім выглядам. Крыху супакоюся.

Зыкаў павёў яе па дарожцы пад руку, пачаўшы нейкую гутарку зусім іншага зместу і ні словам не абмаўляючыся аб здарэнні з Зосяй. З гэтага часу між імі ўсталяваліся адносіны, якія набліжалі іх супольнасцю ведання, павялічылі давернасць Зосі і зрабілі Зыкава ўдзельнкам часткі яе інтымнага жыцця.

 

 

VIII

 

Гісторыя з водзывам хутка была зліквідавана. Таварыш Зыкава, які рабіў з ім вандраванні ў чаўне і імя якога дарэмна праглася даведацца Сымоніха, аднёс ліст проста да пана Ляскоўскага, сказаўшы, што знайшоў паперку на сцежцы ў парку. Зося заспакоілася, хоць нешта дрэннае казлытала ёй пад сэрцам, як толькі яна прыходзіла на работу ў кантору. Як ні дамагаўся бухгалтар Пісарэўскі сваёю ўважлівасцю, салодкай далікатнасцю выклікаць задаволенасць на твары Зосі, яна ніяк не мяняла свайго пахмурнага выгляду. Напаследак пан Пісарэўскі стаў паглядаць нават з затаёнаю боязню на сваю маладую падначаленую. Зося пачала прыкмячаць, што рэгулярна сярод заняткаў яе начальнік пачаў хадзіць у палац. Раней гэтага не было. Яна нават спачатку зацікавілася гэтымі абставінамі, але потым зусім кінула звяртаць увагу на тое, што робіць ці куды ідзе пан Пісарэўскі.

Зося міжвольна думала, длубаючыся ў рахунках альбо складаючы «ведомости» аб тых гутарках, якія яна чула дома ад Зыкава з Тодарам. Яна ўспамінала спакойна-ясны выгляд твару Зыкава, калі ён проста выкладаў вялікія думкі нейкіх, мусіць, надта вялікіх і разумных людзей, імёны якіх яна часта чула ад брата і Зыкава, але якія заставаліся недасяжнымі яе разуменню. Тодар гаварыў доўга і горача, часта ў яго трапляліся словы, якія зусім былі незразумелыя, і таму запомніць яго гутаркі было надта цяжка. Зося дзівілася таму, што гэты Зыкаў, такі просты, шмат чаго разумее і лепш выкладае, чымся Тодар.

Зыкаў досыць часта заходзіў цяпер у школу. Першы раз, пасля прызнання аб выпадку з ёю ў маёнтку, Зося спаткала Зыкава з пачуццём варожасці. Але ён так шчыра і проста прывітаўся з ёю, што ў Зосі раптам схлынула з сэрца хвалька непрыязні. Ён ніводным словам альбо позіркам не даў зразумець, што ён трымае ў галаве і на языку яе прызнанне. Зося адчувала сябе спакойна, даверна, ёй было прыемна ў чым-небудзь дапамагчы госцю: ці кніжку знайсці, ці бліжэй падсунуць лямпу, ці паказаць яго шапку і палку, калі ён збіраўся дадому. У такіх выпадках Тодар кідаў на сястру быстрыя позіркі, у якіх мільгала зацікаўленасць і чуць прыкметная ўсмешка, але Зося, звычайна, не магла прасачыць за гэтымі позіркамі.

Пятрусь Мікалаевіч, які з пачатку знаёмства з Зыкавым надта мала гаварыў, хоць і быў з ім уважлівым і нават даслужным, з часам усё больш разыходзіўся. Усё часцей ён устаўляў слова-другое ў гутарку паміж Зыкавым і Тодарам. І вось аднойчы, калі Зыкаў крыху няўважліва абмовіўся аб народніцтве, стары прыйшоў у такую жвавасць, якое ад яго ніхто не чакаў. Бляды, крыху прыпухлы твар яго пачырванеў, у вачах заблішчалі іскаркі, сівыя і доўгія валасы закалыхаліся ад ветру. Ён устаў і, лёгка ступаючы, захадзіў з кутка ў куток.

— Вы не павінны іх упікаць, нельга іх ганіць. Народнікі выканалі вялікую гістарычную задачу, гэта яны падрыхтавалі рэвалюцыю 1905 года,— горда гаварыў ён, кідаючы быстрыя погляды ў бок Зыкава.

— У гэтым я згадзіцца з вамі не магу,— коратка адказаў Зыкаў.

Пятрусь Мікалаевіч яшчэ больш распаліўся.

— Як — не можаце? А хто падняў на паўстанне сялянства? Вы яшчэ малады, і калі што ведаеце, то з кніжак. Я ж сам рабіў гэтую рэвалюцыю, сам падымаў сялянства і сацыял-дэмакратам не быў!

Тодар пачаў кідаць выразныя позіркі на бацьку, але той іх не прыкмячаў, знаходзіўся ў вялікім абурэнні.

— Татка, цішэй. Ты гаворыш так моцна, што з вуліцы можна пачуць,— прагаварыў Тодар.

Пятрусь Мікалаевіч зразу схамянуўся і сціх, хоць агеньчыкі яшчэ скакалі ў яго здаўна затухшых вачах. Ён усё яшчэ нервова хадзіў з кутка ў куток. Зося з вялікаю зацікаўленасцю сачыла за ім, яе вочы блішчалі. Выпадкова яна даведалася аб вялізарнай навіне. Яшчэ як яна вучылася, ёй даводзілася чытаць аб «бунтах», якія адбываліся год 5— 6 таму назад. Яна нават помніла, як на коляды распусцілі іх не ў пару, калі яна была ў другім класе. Але што яе бацька сам «рабіў рэвалюцыю», яна нічога не ведала аж да гэтай пары.

— Татка, ты быў рэвалюцыянерам? — па-дзіцячы захоплена запыталася Зося.

Настаўнік прыпыніўся як укопаны, калі толькі празвінелі словы дачкі. Ён памарудзіў з адказам, апусціў долу вочы, у якіх ужо затухлі апошнія іскаркі. Зося калола яго праменнямі сваіх вачэй.

— Быў, дачушка,— напаследак ціха адказаў ён.— Быў конь — і заездзілі! Цяпер скончана.

Пятрусь Мікалаевіч падышоў да свайго зэдліка, сеў і апусціў сваю сівую галаву, з якое неяк жалка звісалі космы валасоў. Зося падскочыла да бацькі, горача пацалавала яго, правяла трапяткою рукою па яго валасах, а потым з вінавата-сарамяжым тварам адышла, прыкмеціўшы на сабе позірк Зыкава.

Некалькі дзён пасля гэтай гутаркі Зося не магла пазбавіцца ад нейкай, хоць і невялічкай, крыўды на Зыкава. Ён, мусіць, крыху памыліўся, калі выклікаў сваімі разважаннямі такое абурэнне яе бацькі. О, яе татка такі праўдзівы, такі добры, ды яшчэ рэвалюцыянер! Рэвалюцыянеры ўсе героі, хоць у гісторыях там розных, якія яна чытала і нават вывучала, іх больш завуць бунтоўшчыкамі, іншы раз — і разбойнікамі. Яе татка не мог быць разбойнікам. Ён любіць яе, ён — добры. І чаму памыліўся гэты Зыкаў, навошта пакрыўдзіў яе татку? Можа, Зыкаву цяпер будзе брыдка, і ён не так часта будзе хадзіць да іх?

І сапраўды, Зыкаў не адразу пасля гэтага здарэння прыйшоў. На працягу тыдня Зося бачыла яго толькі выпадкова на фабрычным пляцы, калі ішла на работу ў кантору. Ёй пачынала станавіцца крыўдна, што ён не прыходзіць да іх. Яна нават хацела падысці да Зыкава і папрасіць яго наведвацца ў школу. Але сорам скаваў яе рух, і яна прастаяла на месцы, пакуль Зыкаў не схаваўся за вуглом яшчэ не вызваленае ад рыштаванняў паперні.

Але вось і сам Пятрусь Мікалаевіч схамянуўся, што трэба неяк загладзіць няёмкасць. Ён загадаў Тодару як-небудзь прывесці Зыкава. Гэтага чакаць прыйшлося нядоўга. Адносіны наладзіліся зноў. Зыкаў не зачапляў пытанняў, якія б маглі пакрыўдзіць старога настаўніка, а ў гутарках з Тодарам альбо Зосяю ён больш абмяжоўваўся ці бягучымі навінамі, ці ўспамінамі аб сваіх вандраваннях па розных гарадах. Зося асабліва заахвочвалася апісаннем вялікіх гарадоў, як Пецярбург, Рыга, і не раз выказвала вялікае жаданне пабыць у іх, пажыць там. У гэтых гутарках яна мімаволі ўспамінала сваіх таварышак па гімназіі, адны з якіх паехалі вучыцца далей на курсы, другія, як Ядзя Ляскоўская, маюць грошы і ўсё іншае, каб кожны год ездзіць у Варшаву, Пецярбург, Кіеў. Яна ж далей Мінска ніколі не была, ды і ў Мінску ёй давялося быць толькі, калі яна вучылася і калі нельга было носа паказаць на вуліцу без нагляду настаўніцы...

Пятрусь Мікалаевіч, як і раней, больш маўчаў і слухаў. Нечаканае захапленне бліснула, як метэор, асвятліла для Зосі незнаёмую частку жыцця бацькі і падняло яго на больш высокую ступень у яе разуменні. Але неўзабаве здарыўся выпадак, які значна затушаваў гэты новы арэол, які быў дабавіўся да іншых, сатканых з дзяцінства вакол істоты і аблічча бацькі, замяніўшага для дзяцей і рана памёршую матку.

Адным вечарам, ужо недалёка ад касавіцы, нешта загрукатала на чорным ганку. Тодар пайшоў паглядзець, і праз хвіліну пачуліся галасы. Пыталіся, ці дома Пятрусь Мікалаевіч. За адказам Тодара ў кухню ўвайшло трое людзей. Яны прывіталіся з Зосяю, якая завіхалася па гаспадарцы, а потым крануліся ў «салю», дзе звычайна знаходзіўся Пятрусь Мікалаевіч. Зося з цікавасцю прасачыла за імі. То былі ўжо старыя сяляне, з сівымі бародамі. На іх былі кажухі, хоць духата стаяла ў паветры, як у нядаўна паленай восеці. На нагах дзяды мелі лапці, белыя, святочныя, мусіць, анучы. У руках кожнага было па кійку. Адзін з іх усё падносіў руку да вачэй, выціраў іх і жаваў губамі. Другі шаптаў траха не без перапынку: «Асподзь твая воля». Трэці дзядуля быў нізкі, прысадзісты, цвёрда ступаў крывымі нагамі.

— Добры вечар, Пятрусь Мікалаевіч,— віншаваў крываногі, астатнія ж схілілі галовы.

— Не сярдуйце, што заваліліся сюды, і аж утрох.

Настаўнік устаў і прыветна прывітаўся з прыйшоўшымі, а потым падсунуў да іх зэдлікі. Але ніводзін з іх не сеў.

— Не за тым прыйшлі,— гаварыў крываногі.— Мы прыйшлі да вас з вялікаю просьбаю. Ужо будзьце ласкавы, пашкадуйце нас.

— Што здарылася? У чым вас шкадаваць?

— Ну, гавары ты, Сымон.

Сымон Кавальчык пажаваў, выцер рукою вочы.

— Мы памятаем,— сказаў ён,— што вы, пане настаўнік, былі за нас.

— Я ніколі ні ў чым вас не цураўся,— перабіў яго Пятрусь Мікалаевіч.

— Вось дзеля гэтага мы і прыйшлі да вас. Мы прыйшлі прасіць у вас парады ў адной вялікай справе.

— Кажыце!

— Ну вось! Як вам казаць, з чаго пачаць?.. Ну, але ўсё роўна... Дык бачыце, якая акалічнасць — пашы ў нас няма,— быццам жованыя выкідаў словы Сымон.

— Асподзь твая воля! — барматаў трэці дзед.

— Я не ведаю, што ж вам параіць?

— А вы пачакайце, я не ўсё... г-ам... сказаў. Мы з вясны мелі і сваю пашу, і пасвілі ў панскім лесе, а цяпер ні сям ні там... г-ам... няма нічога. З-за свае пашы мы ўжо больш за год судзімся з высялкоўцамі, якія хочуць забраць кавалак у частцы іх надзелаў. Іх саміх нямнога, але зямлі ў іх шмат. Вось ім і перападае больш як трэба пашы. Ну, суд судам, няхай бы ішоў, там ужо што выйшла б. Але ж вось, якая напасць на іх ліха: земскі выклікаў нашых дзесяцідворных і загадаў праз іх не пускаць скаціны на пашу, пакуль суд не вырашыць справы...

— Асподзь твая воля!

— Ну падумайце, пане настаўнік,— падхапіў крываногі.— Гэты ж суд, можа, два-тры гады будзе цягнуцца, пакуль аж да Санотаў там... Цноты-саноты.

— Пачакай, не мялі языком,— прыпыніў Сымон свайго ахвочага да гутаркі таварыша.— Яшчэ ж гэта не ўсё. Спакон веку — і дзяды, і бацькі нашы карысталіся пашаю ў лесе... Сарвітут гэта... Ну вось, пачалі мы і сёлета пасвіць. Добра! Але ўчора раптам — бах! — плаці з галавы тры рублі. А то яшчэ ходзяць чуткі, што гэты гандляр — які ў хеўры з панам — нібы купляе лес і зусім забароніць пасвіць.

— Але! Асподзь твая воля!

— Дык вось, Пятрусь Мікалаевіч, вы — чалавек... г-ам... пісьменны, ведаеце законы ды і нас не цураецеся... г-ам... дапамажыце, парадзьце, што цяпер рабіць. Скаціна ў хляве падохне.

— Так! Асподзь твая воля!

Пятрусь Мікалаевіч уважліва слухаў, пераводзячы вочы з аднаго на другога з сваіх «кліентаў». Зося кінула работу на кухні, праслухала ўсё, што сказалі дзяды. Сэрца яе застукала мацней. Каб толькі яна ведала, як дапамагчы. Яна пільна глядзела праз шчыліну ў дзвярах у вочы бацьку. Але з часам, як паведамленне Сымона падыходзіла к канцу, ёй усё цяжэй было злавіць погляд бацькі. Калі ж Кавальчык звярнуўся з просьбаю аб парадзе, дык вочы настаўніка зусім прапалі, і Зося не магла сустрэць іх на палосцы шчыліны.

— Што ж я вам магу параіць, братове? — пачула Зося голас бацькі.— Калі начальнікі і пан што робяць, то яны мусяць добра рабіць, шкоды вам не хочуць. Трэба, мусіць, рабіць, як там загадана.

Дзядулькі зірнулі адзін на другога, узлажылі на галовы шапкі.

— Дзякуй за добрую параду! — сказаў Сымон.— Ды вы думаеце, што пан шкоды нам не хоча, а можа — толькі сабе? А мы ніяк аб гэтым не здагадаліся — бач ты! Бывайце здаровы!

Адзін за адным прайшлі сяляне цераз кухню. Перад Зосяй, якая прытулілася каля дзвярэй, мільганулі на промені лямпы белыя іх бароды.

— Казаў я: пойдам да майго пастаяльца, не дурны чалавек. А то, бач, кажа, што пан шкоды нам не хоча. Трэба схадзіць да гэтага Зыкава! — пачула ў сенцах Зося голас Кавальчыка.

Сорам ахапіў Зосю за бацьку. Пан не хоча шкоды... Яна ўжо ведае, што гэта няпраўда. Яна доўга будзе помніць, якую пагарду зрабіў ёй пан Ляскоўскі, а можа... можа, і самому яе бацьку. І ён дае параду гэтым сівым сялянам слухацца ўсяго. Вось яны яму і не вераць. Прыйшлі ж яны да яго з поўнаю надзеяю, шануючы ў ім мінулыя яго адносіны да іх. Дык Зыкаў, можа, зусім не ашукаўся? Не ўсякі — герой, хто быў у часы рэвалюцыі. Зосі стала і шкода і крыўдна, што яна ўпэўнілася ў сваёй памылковасці, крыўдна за бацьку, які выказаў на яе вачах такую слабасць, сказаў старым сялянам такую няпраўду... Але ж яны, мусіць, пойдуць да Зыкава? Значыць, яны ведаюць яго, вераць яму.

Пакрыўджаная і незадаволеная, пайшла яна праводзіць канец вечара і сустракаць ноч у сваёй малюсенькай баковачцы.

У наступныя два-тры дні Зося гарэла ад нецярплівасці даведацца, ці былі сяляне ў Зыкава, а калі былі, то што ён ім параіў. Але паказаць перад кім-небудзь, што яна ведае аб чым-кольвечы, даць зразумець, што яна падслухала гутарку сялян з яе бацькам — Зося ні ў якім разе асмеліцца не магла. Яна дакарала нават сама сябе за гэтае падслухванне.

Аднак утрымацца ад даведак нельга было. Як толькі Тодар з’яўляўся дадому з рэчкі, з лесу альбо проста з праходкі, Зося дамагалася ў яго навін аб вясковых справах. Нават не чакаючы яе запытання, Тодар сам сказаў аб вясковай пашы і быў надта абураны судовымі выкрунтасамі. Яшчэ цераз дзень Тодар прынёс весткі, што на вёсцы будзе скліканы сход для абмеркавання справы з пашаю. Усе сяляне спадзяюцца, што ім удасца збіць панскія прычэпкі сваімі патрабаваннямі.

Хоць пан Станіслаў Ляскоўскі і быў абшарнікам з напрамкам думак самай найноўшай фармацыі, хоць на яго палях і сенажацях дзе-нідзе стракатала летам жнейка альбо касілка, але ўсё ж гаспадарка трымалася яшчэ і да апошніх часоў касою і сярпом сялян. Траха не ўся вёска Ляскаўцы і сумежныя з ёю, за выключэннем хіба высялкоўцаў і некалькіх адзінак кожную вясну, лета і восень працавала на панскіх землях: залатоўка альбо саракоўка кабеце і мужчыне за працу ад раніцы да вячэрняе зары.

Вось па вёсцы разышлася думка, што калі пан будзе браць за пашу па тры рублі з галавы скаціны, дык трэба за жніво браць у дзень паўрубля, а за касьбу — рубель. Гэтая думка хутка, як маланка, абляцела ўсе хаты. Кабеты і дзяўчаты толькі і гаварылі аб тым, як ім будзе добра, калі яны пачнуць зарабляць па паўрубля. У чыёй галаве зарадзілася гэтая думка, хто першым пусціў яе ў свет — невядома. Але яна ўсхвалявала вёску, усе ёю жывуць. Каб узлажыць на ўсіх абавязак не ісці на работу, як толькі не дасць маёнтак ухваленне цаны, патрэбен быў сход.

Тодар аб усім гэтым паведаміў Зосі. Яна пачала думаць, ці гэта Зыкаў, ці хто іншы пусціў такую думку ў вёску. Ёй прагна захацелася даведацца аб гэтым, але яна не ведала, як гэта зрабіць. На другі дзень яна не магла спакойна пісаць свае лічбы ў «ведамасцях». Апроч таго, пан Пісарэўскі раз-пораз выскокваў з канторы, кудысьці бегаў, прыходзіў два разы з ураднікам, які выглядаў надта занятым і нават забыўся аб сваёй далікатнай абходнасці. Праз акно відаць было, як у напрамку да вёскі праехаў вярхом на стаенным жарабцы пан намеснік. Так, у вёсцы быў сход і, мусіць, туды збіралася начальства маёнтка.

Зося цвёрда парашыла адразу пасля работы пабачыцца з Зыкавым, каб ад яго самога даведацца аб тым, што яе цікавіла. Яна знайшла яго каля будынка паперні, дзе на раскладзеных дошках ляжалі ў парадку машынныя колы, цыліндры, катлы. Зыкаў аглядаў усё гэта і памячаў крэйдаю. Угледзеўшы Зосю, ён, здавалася, крыху зачырванеўся і пайшоў насустрач.

— Я хацела б даведацца ў вас аб адной рэчы. Ці былі ў вас трое сялян? — траха не адразу запыталася яна.

— Цішэй! Хадзем адгэтуль, тут нельга гаварыць.

Яны выйшлі на гасцінец паміж школаю і маёнткам. Тут нікога не было, але іх відаць было здалёку. Мусіць, хавацца не ўваходзіла ў планы і намеры Зыкава.

— Вы пыталіся, ці былі ў мяне сяляне? Былі.

— Гэта вы навучылі іх зрабіць сходку і іншае?

Зыкаў не адразу адказаў. Ён уважліва паглядзеў на дзяўчыну і сам запытаў:

— А чаму вы мелі намер якраз у мяне пытацца аб гэтых справах?

Зося не ўтаіла ад Зыкава таго, аб чым яна падслухала дома з кухні, нават хоць са злосцю на сябе, але сказала і аб бацьку і яго адказе сялянам. Зыкаў выслухаў яе з засмучаным тварам. З нервовасцю паведаміў ён, што яму належала думка аб сходцы і аб пытанні пра заработак. На твары Зосі ад гэтых слоў ясна адбілася радасць: яна не ашукалася, што ён падасць параду змагацца, а не бязвольна слухаць начальнікаў і пана. Сумны настрой Зыкава, аднак, адбіўся і на ёй.

— Нічога не выйшла са сходкі,— гаварыў з горкаю развагаю, быццам з сабою, Зыкаў.— Прынеслі абраз, як да прысягі прыводзіць — каб кожны пакляўся, што вытрымае абяцанку. З’явіліся непатрэбныя людзі, якія ўсё роўна на заработкі не ходзяць. Яны толькі насміхаліся над сходкаю. Потым намеснік абяцанкаю прыбаўкі на пяць капеек перацягнуў да сябе бедных удоў і бясконных. Ну і ўсё развалілася. Ураднік аддубасіў бізуном чалавек шэсць, каб сказалі, хто склікаў сход, але трасцу ён даведаўся... Іначай — астрог.

Прагаварыўшы гэта, Зыкаў супакоіўся, хоць твар яго і быў сумны. Зосі так захацелася яго пашкадаваць, ёй здавалася, што ён надта гаруе. Яна чуць кранулася яго рукі кончыкамі пальцаў.

Да самае школы ён ішоў ужо спакойны, вясёлы, жартаваў, расказваў, як Параска, жонка таго пакалечанага пры адкрыцці гуты рабочага, яшчэ да гэтага часу ходзіць да яго спецыяльна хваліць яе, Зосю, альбо лаяць доктара, які дае малую бутэльку кропель, а грошы бярэ добрыя. Жартаваў Зыкаў і над тым, як пан Ляскоўскі часта прыходзіць на пабудову паперні і вядзе гутарку аб ватэрах, банкаброшах, фрэзерах, папіргольцах, трансмісіях так, быццам усё гэта мае дачыненне да яго ўласнае асобы. Зыкаў так удала перадаваў асоб, аб якіх гаварыў, што нельга было не смяяцца. Але ў Зосі былі яшчэ і нейкія іншыя струны, якія весела гучалі незалежна ад смешных расказаў Зыкава.

Калі яны былі ўжо каля самых варот, з гудзеннем панёсся ім насустрач позні чмель. Раптам гудзенне абарвалася, і ў косах Зосі зашкрабалі, як лёгкая шчотка, жвавыя лапкі, затрапыхаліся крылы.

— Скіньце, скіньце яго! Я баюся!

І пакуль Зыкаў асцярожна браў за крылы нявольніка, лёгкі смяшок калыхаў грудзі Зосі. Калі ж чмель, выпушчаны на волю, зноў пусціў свой басісты звон, раздаўся такі раскаціста-звонкі, вясёлы смех Зосі, які ўжо даўно не быў чуцён і аб якім пакрысе пачалі забывацца.

 

ІХ

У маёнтку Ляскаўцах часцей пачаў бываць Масей Рыгоравіч Ліўшыц. Яго капялюшык абечкам і белы пінжак, які ледзь абцягваў круглы жывот, мільгацелі то ў парку, то на беразе рэчкі, то каля будынка папяровае фабрыкі. Спачатку ён соваўся то туды то сюды разам з панам Ляскоўскім, але далей — ён не чураўся і адзіноцтва. Часта яго бачылі далёка ад маёнтка. Раз Сымон Кавальчык, заехаўшы на сваім чаўне па рэчцы аж да князёўскага лесу, быў надта здзіўлены, прыкмеціўшы недалёка ад берага пад маладым ельнікам тоўстага пана ў белым капялюшы.

— Вось дык цуд,— гаварыў у той вечар Сымон свайму пастаяльцу Зыкаву.— Ніколі не дагадаўся б я, што можна сустрэць пана ў такой глушы. І чаго яму там трэба?

— Якога пана? Ляскоўскага? — запытаўся Зыкаў.

— Ды не! Якога там Ляскоўскага. Нейкі круглы, як кадушка, з акулярамі, гарбаты нос, губы чырвоныя... У капялюшы і белым пінжаку.

— Га! Дык гэта гандляр лесам Ліўшыц.

— Табатож! Ён нейкім рагалём шараваў па дрэвах, а потым запісваў сабе на паперку... Глядзі ты, халера якая! — з ухмылкаю пажаваў Сымон.— Але на ліха яму здаўся тонкі ельнік, у яго ніхто яго не купіць?

Зыкаў акінуў быстрым позіркам свайго гаспадара і голасна засмяяўся:

— Дык вы думаеце, дзядзька Сымон, што гэты тоўсты пан дарэмна сябе турбуе? Не, яны не з такіх, каб так сабе матацца па лесе. Вы ведаеце, з чаго робяць паперу?

— Не... не чуў.

— Дык вось з таго дрэва, якое, як вы бачылі, вымерваў той лупаты пан.

Сымон доўга быў задумлёны над гэтым, кідаючы недаверліва позіркі на свайго пастаяльца.

— І шмат трэба дрэва для гэтае вашае фабрыкі? — праз некалькі хвілін запытаўся ён.

— Вы думаеце аб паперні? Шмат, прыйдзецца нават здалёку вазіць.

— Значыцца, затрашчыць лес?

Дзядзька Сымон праказаў гэтае запытанне нібы самому сабе і ўтуліў свае вочы ўдалячыню, быццам углядаючыся ў шыр аголеных раўнін, на якіх да гэтага часу разлягаюцца велічэзныя абшары лясоў. Голас Сымона быў такі ўнылы, калі ён прамовіў гэтыя тры словы, што Зыкаву зрабілася аж нават крыху жутка. У словах гаспадара яму пачулася трывога за змены ў жыцці, якія мусіла зрабіць фабрыка. Што будзе лепшага ад фабрыкі — гэта пакуль што невядома Сымону, а лес затрашчыць. Зыкаў зразумеў няясную думку Сымона і сам задумаўся над тым, як зменіцца вёска пад уплывам двух узнікшых фабрык.

Але Зыкаву не было калі глыбока задумвацца над тымі вынікамі, да якіх прывядзе пабудова ў гэтым глухім месцы такіх даволі буйных фабрык. Настала пара, калі ён увесь час быў захоплены працаю. Самы будынак паперні быў ужо скончаны. Пачалася самая значная і важная частка работы па абсталяванню. Увесь пляц каля будынка паперні быў завалены катламі, далікатнымі часткамі дзвюх папяровых машын, на кожным кроку трапляліся рознае таўшчыні трубы. З самага ранку аж да позняга вечара Зыкаў са сваімі памочнікамі збіраў часткі машын, дапасоўваў іх, размяшчаў умацаванні ў самым будынку.

Некалькі часу назад у Ляскоўцах з’явіліся два інжынеры — адзін стары, з круглым жыватом, як у Ліўшыца, а другі яшчэ зусім малады, з прыгожаю постаццю. Спачатку яны часта наведваліся на паперню разам з панам Ляскоўскім і Ліўшыцам, потым малады наведваўся раз у дзень ужо пад ручку з паннаю Ядзяю. Крутануўшы разы два стэкам і запытаўшыся, як ідзе работа, ён вёў шчабятаўшую кансультантку да парку і больш не з’яўляўся. Зыкаў на першай пары затрымліваў інжынераў тымі ці іншымі запытаннямі, а потым махнуў на гэта рукою і пачаў весці работу сам, толькі для далікатнасці выслухоўваючы іх рэдкія заўвагі. Самая работа захапляла яго, і іншы дзень ён нават не паспяваў абедаць. Не раз ён не тое каб прыкмячаў, але адчуваў, што яго падручныя і рабочыя не зусім па-таварыску адносяцца да яго. Былі выпадкі, калі толькі ён падыходзіў да іх гуртка, то яны прыпынялі жвавую гутарку і моўчкі чакалі, што ён скажа ім ці загадае па рабоце. Іншага, здавалася, ад яго і не чакалі. Зыкаў адчуваў гэта і лічыў, што ён проста недастаткова знаёмы з імі.

Найбольш усіх цікавіўся будоўляю Масей Рыгоравіч. Здавалася, ён кінуў усе іншыя справы і цалкам аддаўся нагляду за паперняю. Кожную раніцу ён прыходзіў на паперню, нават раней іншы раз за самога Зыкава, прыветна сустракаў майстра і яго падручных, частаваў цыгарамі, а потым сачыў за іх работаю. Увечары ён зноў заходзіў сюды, аглядаў зробленае, запісваў нешта сабе ў кніжку і разам з Зыкавым выходзіў з варот, агледзеўшы вартаўніка і сабаку. Траплялася часта, што ён крыху праводзіў Зыкава, вельмі запроста гаварыў з ім і на развітанне па-прыяцельску клаў яму на плячо сваю руку.

Зыкаву прыкра была гэта фамільярнасць, тым больш што ён ніяк не мог уцяміць сабе, якое дачыненне мае Масей Рыгоравіч да пабудовы фабрыкі. Калі ён мяркуе сябе як дастаўшчыка сыравіны і апалу для фабрыкі, дык гэта з будоўляю, з наглядам за ёю мала звязана; калі ж пан Ляскоўскі проста даверыў яму гэты нагляд, дык мог ён знайсці за грошы больш пільнага, як прыехаўшыя, інжынера, які, мусіць, лепш за Масея Рыгоравіча ведаў бы самую будаўнічую справу. Зыкаў не ведаў, як вытлумачыць гэтае пытанне, і праз гэта не ведаў, як адносіцца да Ліўшыца. На ўсю яго прыветнасць і гаварлівасць Зыкаў адказваў ці маўчаннем, ці надта коратка.

Адзін раз Зыкаў быў надта здзіўлены тым, што Масей Рыгоравіч даўжэй, як гэта бывала звычайна, праводзіў яго пасля работы. Стомлены за доўгі дзень работы Зыкаў даваў зразумець Ліўшыцу, што ён мусіць па ўласных абставінах спяшацца дадому. Але Масей Рыгоравіч нібы не разумеў асцярожных намёкаў Зыкава.

— А ведаеце, чаму б вам не зайсці да мяне? — раптам агарошыў Зыкава Масей Рыгоравіч.— Я, ведаеце, зусім не цураюся працоўных людзей, і вы зробіце мне вялікую прыемнасць, калі разам са мною правядзеце вечар.

Зыкаў не зразу адказаў яму. Па-першае, ён чамусьці якраз сёння ў перапынках паміж працаю часцей успамінаў чмяля ў валасах Зосі, і яго цягнула наведацца ўвечары ў школку; па-другое, ён ніяк не мог чакаць быць у больш інтымнай кампаніі з панам Ліўшыцам. Ён крыху заблытаўся з адказам, раззлаваўся за гэта на сябе і яшчэ больш сумеўся.

— Маўчанне — значыць згода! — і Ліўшыц узяў Зыкава нават пад руку, не шкадуючы свайго белага пінжака, які цёрся аб замасленую жакетку майстра.

Масею Рыгоравічу былі адведзены ў маёнтку два пакоі ў флігелі, які большай часткай пуставаў. Ён напаўняўся толькі тады, як у Ляскаўцы з’язджаліся госці, і госці розных калібраў. Звычайна ў флігелі размяшчалі другарадных асоб, Масей Рыгоравіч быў госцем невядомага рангу: яго ранг устанаўліваўся ў залежнасці ад настрою гаспадара, у якога ён гасцяваў. Але на гэты раз ён сам прасіўся ў флігель, дзе нікога не было.

— Ну, вось і добра, што зайшлі,— гаварыў Масей Рыгоравіч, падсоўваючы Зыкаву мяккае глыбокае крэсла.— Я ўжо шмат вечароў правёў тут адзін, і мне абрыдла пазіраць на гэтыя акацыі пад акном.

— Ці ж вас не клічуць у палац?

— Не клічуць? Няхай бы не паклікалі, паглядзеў бы я! — запаліўся і разам патух Масей Рыгоравіч.— Я сам не надта хачу туды хадзіць. Гэтыя інжынеры атрымліваюць пенсію тут за тое, што з адным пан цэлымі днямі гуляе ў карты, а з другім — панна трэнькае на раялі ды надрываецца ў «белых акацыях». Гультаі!

Масей Рыгоравіч хадзіў па пакоі, чырвоныя губы яго чуць прыкметна ўздрыгвалі, руку ён падносіў да лба, быццам хацеў суцішыць гэтым сваю ўспышку.

— Выбачайце, я пачаў гаварыць непатрэбнае... Я вось прыглядаўся ўсе гэтыя дні да вас — які вы здатны ў сваёй справе работнік. Вам належала б быць не простым майстрам, гэта значыць недалёка ад рабочага, а інжынерам альбо, па меншай меры, тэхнікам. Вы добра ведаеце машыны, рабочыя вас баяцца, лічаць за начальства, і таму гэтая праца ідзе як нельга лепш.

Зыкаў уздрыгнуў ад гэтых слоў, нібы яго хто сцебануў чым вострым. Масей Рыгоравіч, які, як куля, качаўся ўзад і ўперад, не заўважыў тае перамены, якая здарылася з майстрам. Зыкаў тым часам прымусіў сябе супакоіцца. Ён пачаў думаць спакойна, супастаўляць гэтае ўражанне ад слоў Ліўшыца з тымі адчуваннямі, якія перажываў на паперні сярод сваіх падручных. Сувязь між тым, што сказаў аб ім Масей Рыгоравіч, і адносінамі да яго рабочых паўстала перад Зыкавым зусім яскрава. Ён, значыць, расцэньваецца і тут і там як добры прыгоншчык: тут хваляць, а там — там не лічаць за таварыша. Ці хацеў ён гэтага? Менш усяго. Занадта захапіўся самім працэсам працы. Гэта дрэнна.

Масей Рыгоравіч ужо некалькі разоў прыпыняўся перад ім, нават аб чымсьці пытаўся ў яго, але Зыкаў не прыкмячаў гэтага, будучы заняты гэтым самааналізам.

— Вы, мусіць, надта самаахвярны чалавек,— нарэшце ўцяміў Зыкаў словы Масея Рыгоравіча.— Вас хваляць, а вы нават і вухам не вядзеце... Але вы, мусіць, замарыліся за дзень? Што ж я гутаркамі займаю вас, трэба павячэраць.

Праз хвіліну-дзве на стале з’явілася закуска, некалькі рознакаляровых бутэлек. Панскі лёкай, прынёсшы ўсё гэта, пажадаў спакойнае ночы і ціха рыпнуў выходнымі дзвярыма.

Масей Рыгоравіч распрануўся да сарочкі, не саромеючыся свайго раздзьмутага жывата. Ён наліваў шклянкі і кілішкі, частаваў Зыкава і сам паказваў, як трэба піць. Праз чвэртку гадзіны вочы яго ўжо блішчалі, як спонкі, ён напяваў «Тарэадора». Асабліва хвалюючы голас на словах «агонь крыві гарыць жывей».

— Пане Ліўшыц!..— «Тарэадор» прыпыніўся, не даехаўшы да «там ждет тебя любовь».

— Пане Ліўшыц, скажыце, калі ласка, чаму вы цікавіцеся так панскаю паперняю? — запытаўся Зыкаў.

— Чаму я цікаўлюся? Я ўсім цікаўлюся: ангельскаю палітыкаю ў Індыі, скакавымі коньмі графа Замойскага, сервітутамі ў лесе пана Ляскоўскага, мігрэнню жонкі губернатара Гірса... Усё цікава на свеце, асабліва тая справа, куды залазіш хоць крыху сваёю кішэняю.

Масей Рыгоравіч наліў сабе паўшклянкі вішнёўкі, адным узмахам кінуў яе ў рот і захадзіў з кутка ў куток.

— Вы ведаеце, пане майстар, што я ваш гаспадар, а не пан Ляскоўскі! Вам, можа, здаецца, што я нейкі прыганяты, наглядчык, пастаўлены ад пана Ляскоўскага? Памыляецеся!

Зыкаў здзіўлена глядзеў на Масея Рыгоравіча.

— Чаго вы так пазіраеце? Вы атрымліваеце заработак ваш не з кішэні пана Ляскоўскага, а з мае кішэні. Ведаеце, што мною, а не панам Ляскоўскім, будуецца паперня, і я тут усяму галава.

«Гэта ўжо зусім цікава»,— падумаў Зыкаў.

— А фабрыка будзе належаць вам? — запытаўся ён.

Як хто ўкалоў пана Ліўшыца. Нягледзячы на сваю грузкасць і таўшчыню, ён яшчэ шпарчэй закачаўся па пакоі, кідаючы вострыя позіркі да акна ў бок палаца.

— Ого! Яна і не мая. Фактычны валадар тут я, мой капітал, а юрыдычна — я нічога не значу, юрыдычна — усё, ад самага пляца да апошняе трубкі, належыць пану Ляскоўскаму. Вось нашы расійскія законы!

Сказаўшы гэта, Масей Рыгоравіч крыху схамянуўся, прыпыніўся і боязна зірнуў у бок Зыкава. Але той сядзеў так спакойна, нібы словы Масея Рыгоравіча не рабілі на яго ніякага ўражання.

— Я шмат з чым не згодзен у нашым устроі...— ужо задуменна гаварыў пан Ліўшыц.— А вы як глядзіцё на дзяржаўны лад, на гаспадароў? — раптам запытаўся ён у свайго госця.

Зыкаў чуць прыкметна ўсміхнуўся ўбок, чаго Масей Рыгоравіч не мог прыкмеціць, хоць ён з цікавасцю ўставіў у Зыкава свае вылупленыя вочы.

— Я гэтымі справамі зусім не цікаўлюся і ніколі над імі не думаў; мяне цікавіла толькі вывучыць дасканала сваю вытворчасць, каб мець у жыцці сваё месца і кавалак хлеба,— адказаў зусім сур’ёзна Зыкаў.

— Так, так! Вы ніколі нават і не чулі аб сацыялізме? А я трошкі другое думаў аб вас.

Зыкаў рабіў надта напружаную работу над сабою, каб не глядзець на Масея Рыгоравіча, не паказаць свае цікавасці або непакойства. Выгляд яго заставаўся зусім спакойным; здавалася, гутарка Масея Рыгоравіча зусім не закранала яго. Непрыемна было толькі вытрымліваць калючы, неадчэпны погляд Масея Рыгоравіча, які нібы прагся прачытаць напісанае ў мазгах яго, Зыкава.

— Чаму ж не чуў? — каб прыпыніць гэты псіхалагічны допыт, адказаў Зыкаў.— Але што значыць гэтае слова, нават добра не разумею.

— А аб партыі народнае свабоды чулі?

— Таксама нічога не ведаю, але думаю, што гэта павінна быць добрая партыя, калі яна так называецца.

— Ну, вось і добра, калі вам так здаецца. Гэтая партыя самая лепшая, я належу да яе і магу вас азнаёміць з ёю зусім дасканала.

— Выбачайце, мне пара ўжо было б дадому ісці, заўтра трэба надта рана ўстаць, каб управіцца да прыходу рабочых вымераць месца для падмурку пад кацёл.

Масей Рыгоравіч, з лёгкаю мінаю сярдзітасці на твары, адмоўна махнуў рукою, паказваючы гэтым, што ён хацеў бы яшчэ затрымаць свайго госця. Але, крыху падумаўшы, ён сказаў:

— Мне падабаецца ваша дасціпнасць у працы. Трэба хутчэй канчаць пабудову, каб яшчэ ў пачатку восені пусціць фабрыку. Вы заўважылі, колькі лесу нагнана па рэчцы? Я ўжо залез у непрыступныя дагэтуль лясы князя Друцкага. Што не ўдавалася пану Ляскоўскаму, таго дамогся ў маёй асобе грашовы капітал: паляўнічыя заказнікі князя пакрысе пойдуць на карысць прамысловасці... Ну, ідзіце спачываць, нам патрэбна ваша сіла і здольнасць.

Масей Рыгоравіч праводзіў Зыкава аж да ганка, як знатнага госця. Зыкава, як толькі ён апынуўся адзін, апанавала агіднасць і супраць Ліўшыца, і нават супраць самога сябе. Даць магчымасць гэтаму тоўстаму мяшку зацягнуць сябе на гэтую непатрэбную вячэру з выпіўкаю, ад якое ішла кругам галава, выслухаць яго пахвальбу аб магутнасці капіталу, падпасці траха не палітычнаму допыту, а потым атрымаць блаславенне на далейшую дасціпнасць у працы — і ад каго?! Ад таго, хто пасабляў, раіў пану Ляскоўскаму адабраць у сялян пашу ў лесе, хто арганізаваў праз урадніка развал сялянскае стачкі! Лаючы сябе за дапушчаную слабасць і шукаючы матывы, якія маглі б зменшыць яго вінаватасць ва ўласных вачах, Зыкаў непрыкметна для сябе стаў кружыцца на адным месцы па кручаных сцежках пярэдняе часткі парку. Напрамак яго думак калі-нікалі перарываўся гукамі музыкі і песень, якія несліся ў расчыненыя вокны другога паверха палаца. Гэта яшчэ больш абазляла Зыкава, і ён не знаходзіў апраўдання свайго візіту да Ліўшыца. І як ён не мог разабрацца ў адносінах да яго рабочых, калі нават збоку гэтаму гандляру відаць, як пазіраюць на яго, Зыкава, рабочыя.

— Ну, але, можа, так лепей: хоць з боку гэтых выпадковых гаспадароў можна лічыць сябе застрахованым,— прагаварыў сабе Зыкаў.

Ён ужо павярнуўся ў бок галоўнае сцежкі, збіраючыся ісці дадому і дзівячыся сваёй нераўнаважнасці, якая кружыла яго на адным месцы. Але яго ўвагу прыцягнуў рып жарствы ў напрамку да палаца. Зірнуўшы туды, Зыкаў не мог стрымаць іранічнае ўсмешкі: белая куля кацілася да параднага ганка палаца.

— Вось табе і не ходзіць у палац! Можа, будзе гаварыць там аб маёй некультурнасці, каб забавіць інжынераў і паненку, а можа, і прамаўчыць, каб не паказаць, што дапусціў мяне ў кампанію з сабою... Але лёкай там быў — скажа...— праносілася ў галаве Зыкава, калі ён праходзіў па густой таемнай сцежцы.

Між тым Масей Рыгоравіч важна ўкаціўся ва ўнутраныя пакоі палаца Следам за дзябёлым лёкаем з блішчастымі галунамі на ўбранні. У зале за круглым столікам арэхавага дрэва сядзеў пан Ляскоўскі ў машастовым халаце з тоўстым старым інжынерам. Яны моўчкі ігралі ў нейкую картачную гульню. У другім канцы залы каля раяля пад агромністымі вазонамі стракатала панна Ядзя і чуўся смачны барытончык прыгожага свежага інжынера.

— Га! Вось дык на руку,— з радасцю сказаў Масею Рыгоравічу пан Стась.— Цяпер мы можам як след завінціць, а то пан Гржэбельскі больш любіць вінціць каля панны, чымся за картачным сталом. Сядайце, калі ласка.

Масей Рыгоравіч павітаўся з усімі, выказаў здзіўленне здольнасцям інжынераў, якія так удала і хутка будуюць паперню, сказаў два-тры ігрыстых словы для панны Ядзі і грузна апусціўся ў застагнаўшае пад ім крэсла. Але яму не сядзелася на месцы. Крэсла рыпала ўсімі сваімі спрунжынамі: здавалася, вось ён устане і кіне гульню. І сапраўды, пасля трох-чатырох роббэраў ён, папрасіўшы прабачэння, падняўся і папрасіў пана Ляскоўскага на некалькі хвілін у другі пакой.

— Ну, я крыху аблапаў яго,— сказаў Ліўшыц, зачыняючы шчыльна дзверы.

— Ужо? Як вы сказалі — аблапалі?

— Так. Нават завалок да сябе і падпаіў. Нічога, ён будзе нам карысны. У палітыцы ні бум-бум. А работнік ён здатны і пільны.

— Так, так! Ну, і добра. Але ўсё ж няхай прыглядаюць за ім гэты паліцыянт Ганчарук ды Пісарэўскі.

— А дзеля чаго ж Пісарэўскі?.. А, разумею, настаўніцкая дачка...

— Разумееце, а яшчэ гаварыць трэба!

— Сорам, ці што, у пана? Сорам, ведаеце гэта... глупства.

— Пан Ліўшыц! Вы занадта зазнаецеся са мною. За працу вашу — дзякуй, а за абыходжанне — выбачайце. Больш нічога? Ну, хадзем за стол, а то інжынеру будзе маркотна.

Пан Ляскоўскі ўжо ўзяўся за ручку дзвярэй, але Масей Рыгоравіч цвёрда і настойна зноў прычыніў іх.

— Не, не ўсё. Гэта была толькі драбніца. Галоўнае ўперадзе.

— Што ж яшчэ?

— Ці ведае пан, што на яго паперню трэба грошы ды грошы? Я дастаў што можна было. Цяпер чарод за вамі — вытрасайце кішэні, і добра вытрасайце.

— У мяне лішніх грошай няма, і я нічога не дам.

Масей Рыгоравіч зняў свае акуляры, памахаў імі перад сваім носам і ўставіўся вачамі ў Ляскоўскага, як быццам разглядаючы яго ўпершыню або як нейкую цудоўную рэч.

— Выбачайце мяне, але гэта блазенства, ад якога вы, мусіць, яшчэ не зусім адышлі! Што ж, па-вашаму, усе гэтыя машыны і прылады так і будуць валяцца на дварэ? Ці, можа, прадаць іх?

— Гэта ваша справа, і, апроч усяго, прашу мяне не вучыць. Хадзем, мы трацім дарэмна свой і пана інжынера час,— жорстка адказаў Ляскоўскі.

Ліўшыц усхвалявана закруціўся па пакоі, кідаючы гнеўныя позіркі ў бок свайго высокага кампаньёна.

— Не, тут нельга кпінкі рабіць! Я залез у пазычку амаль не ва ўсіх мінскіх банкіраў, выматаў лясныя дзялянкі ў гэтага шалёнага Друцкага, здабыў усё патрэбнае для будоўлі, а тут — на! Дробязі якой-небудзь ад вас не дастанеш. Дзеля вас жа ўсё гэта робіцца!

— Ха-ха-ха! Вы захоплены толькі творчаю старонкаю справы — якая самаахвярнасць! А па чым вы лічыце мне сваё ламачча? Колькі зарабляеце? Я хоць і блазан, па-вашаму, але не дазволю сябе пакінуць у дурнях.

Масей Рыгоравіч крыху прыціх, супакоіўся быццам. Рыска гневу расплылася, знікла, і яе месца заняла ўжо новая рыска — хітрага дабрадушша.

— Кінем спрэчкі, імі справе не дапаможаш. Усё роўна грошы даставаць трэба, і як мага хутчэй, бо праз месяц-паўтара фабрыка павінна быць пушчана ў ход. Ведаеце што — нам трэба зрабіць так, каб большы атрымаць крэдыт у банках.

— Як гэта — большы, якім чынам?

— А проста — павысіць каштоўнасць фабрыкі і пад гэтую розніцу дамагчыся падвышэння крэдыту.

Пан Ляскоўскі кінуў жвавы запытальны погляд на Ліўшыца, рассмяяўся скрыўлена і, павярнуўшыся да акна, нібы ўважліва пачаў углядацца ў цемень на дварэ.

— Гэта ж машэнства, што вы прапануеце,— кінуў ён адтуль.

— Ой, якія страшныя словы! Усё, што вядзе да карысці, культурны чалавек павінен дазволіць сабе. Ну, а калі вам не спадабаецца такі шлях, дык ёсць іншы: залажыце фабрыку ў такім стане, як яна ёсць, і дастаньце грошы! Толькі закладны ліст перадасцё мне.

Ляскоўскі скокнуў ад акна і ў момант стаў перад Ліўшыцам. Па твары яго праходзілі сударгі, пальцы складаліся ў кулакі.

— Што вы сказалі? Як вы пасмелі? Не было яшчэ выпадку, каб Ляскоўскія закладвалі сваё добро, пускалі да сябе ацэншчыка, а тым больш... тым больш... каб давалі сваё дабро на хаванне... гандляру!

— П-фэ, пане Ляскоўскі! І навошта гэтыя высокія словы высакароднага рымляніна? Ваша фабрыка? Вашага ў ёй пакуль што толькі пясчаны груд — больш нічога.

Кампаньёны прайшліся моўчкі па адной дыяганалі, але ў розных напрамках. Сустракаючыся, яны адварочвалі адзін ад другога галовы, як злейшыя ворагі. Так хадзілі яны некалькі хвілін. Але далей крокі іх пачалі рабіцца цішэйшымі, галовы пачалі павяртацца адна да другой. Нарэшце яны разам прыпыніліся, і пан Ляскоўскі апусціў сваю тонкую руку на шырокае плячо Масея Рыгоравіча.

— А ведаеце, ваш першы рэцэпт нельга не прызнаць геніяльным. Ён усё больш мне падабаецца, калі яго абдумаеш як след,— сказаў ён.

— Я таксама думаю, што ён найлепей усяго.

— Так, так... Дык вы думаеце, што паперня будзе каштаваць каля мільёна? — спакойна і зусім прыязна гаварыў пан Ляскоўскі, варочаючыся з Ліўшыцам да картачнага стала, за якім адзінокі інжынер раскладаў пасьянс.

— Не менш, шаноўны пане,— у тон адказваў Масей Рыгоравіч, збіраючы калоду для раздачы на новы вінт.

— Ну што ж, будзем выкручвацца, будзем будаваць. Ці не так, Міхал Мікалаевіч? — звярнуўся пан Ляскоўскі да тоўстага інжынера, аб’яўляючы «большой шлем».

Міхал Мікалаевіч нешта прамармытаў, як кот, якога гладзіш паміж вушэй, і пачаў ход. Панна Ядзя напоўніла залу гукамі шапэнаўскага паланеза.

 

Х

Пачыналася восень. На палях засталіся толькі зялёныя палоскі бульбы, якія вузенькімі стужкамі красаваліся сярод жоўці калючага ржышча. То там то сям зачарнеліся плямы ворыва пад азіміну; найбольш руплівы гаспадар ужо хадзіў у развалку па палосцы з сяўнёю і размашыста кідаў свежае зерне зноў у зямлю. На парканах па вёсцы насаджаны снопікі льну, каб недаспелы крыху дайшоў на сонцы, якое дае ўжо толькі мяккае цяпло. Буслы некалькі дзён трымаюцца на балотнай сенажаці каля рэчкі агромністаю чарадою, робячы толькі рэдкія ўзлёты, нібы берагучы свае сілы на далёкую дарогу. І вось, у адну раніцу, ачнуўшыся, зірнеш туды, дзе ўваччу мільгацела ад белых з чорным кропак, і ўгледзіш толькі роўнае пустое балота. Птушкі крануліся на поўдзень. За буслам пакідае нас розная дробная птушка, якая так жывіць нашы пахмурныя хваёвыя лясы, глухую ўбогую вёску. Толькі доўга, аж да замаразкаў, ноччу рэчка і балоты агалашаюцца гогатам і краканнем дзікіх гусей ды качак.

Пятрусь Мікалаевіч пачаў рыхтавацца да заняткаў у школе. Схадзіў, вымаліў неяк у старшыні дроў, паставіўшы яму за гэта кварту гарэлкі. У школе на дзень з’явілася глухая Тадора, выцерла чатырохмесячны пыл са сцен, мэблі, вымыла падлогу аж да каляд. Раніцою кожны дзень пачалі прыходзіць у школу дзеці, якіх Пятрусь Мікалаевіч запісваў у тоўстую кнігу.

Пачатак працы ў школе ажывіў крыху падупаўшага Петруся Мікалаевіча. Ён з вялікаю цярплівасцю выслухоўваў доўгія характарыстыкі, якія давалі кабеты сваім хлапчукам, трапляўшым у школу ўпершыню. Ужо ён ведаў, што амаль кожная будзе прасіць, каб пан настаўнік добра сачыў за яе сынам, які досыць распусны і якога трэба вучыць розуму, ставячы на калені або дзеручы за вушы. Пятрусь Мікалаевіч выслухоўваў такія просьбы і стараўся запэўніць руплівую маці, што будзе дбаць, каб добра навучыць яе сына.

Пятрусь Мікалаевіч так аддаўся ўласным школьным справам, што неяк не заўважыў нават добра ад’езду Тодара. Але інакш справа абстаяла для Зосі. Два-тры дні пасля таго як Тодар схаваўся ў будзе балагола нязменнага Салавейчыка, яна не знаходзіла сабе месца. Дома было ёй сумна, вымушаная служба ў канторы з кожным днём станавілася ёй усё больш адваротнаю, наведвацца запроста ў маёнтак, як гэта было раней, яна ўжо зусім не магла. Тодар быў ёй блізкім сябрам, які любіў яе шчыра і разганяў яе сум сваімі вясёлымі выдумкамі. Зыкаў... Зыкаў даўно ўжо не паказваецца ў школе. Праўда, яна іншы дзень бачыць яго, як ідзе на службу або са службы, на фабрычным пляцы. Але ён заўсёды заняты і толькі здалёку вітаецца з ёю. Не раз бывала, што, адказваючы на такое прывітанне, у яе з’яўлялася думка, і хутчэй не думка, а пачуццё, зусім не прыкмячаць яго, каб ён зразумеў сваю недалікатнасць. Але ўсё ж нешта шкодзіла зрабіць такі крок.

Адзін раз Тадорына дачка, якая, як і маці, жыла тым, што хадзіла мыць падлогу, летам жала падзённа, узімку прала за мізэрную плату чужы лён, падгаварыла Зосю пайсці ў лес за грыбамі. Зося згадзілася з ахвотаю, каб хоць крыху разагнаць сваю нуду. З гэтага разу вандраванні па лесе так спадабаліся ёй, што яна чуць не кожны дзень пасля службы ішла туды. Седзячы на мяккай зялёнай коўдры мху пад густою шапкаю ялін, якія прапускалі толькі змрочнае святло, Зося аддавалася розным летуценням. То ёй маляваўся вялізарны горад з залюдненымі вуліцамі, з вялікімі тэатрамі, дзе яна слухае чароўную музыку, то бачыла яна сябе нейкаю выдатнаю дзеячкаю, незалежнаю ад нікога — ні то пісьменніцаю, ні то вучонаю, а то ўспамінаўся ёй... Зыкаў, якому трэба нешта сказаць. Што б яна сказала яму ў такую хвіліну, мусіць, і сама яна не ведала. Але ёй здавалася, што, калі б ён быў тут, пад гэтымі высачэзнымі маўклівымі ялінамі, яна б многа-многа гаварыла б з ім.

Праз нейкі час пачаліся надаедныя восеньскія дажджы. Дробная імгла сыпалася як праз сіта. Галлё, завялая трава і быллё набраклі, па вуліцы вёскі ні праехаць ні прайсці. У лес стала нельга хадзіць. Зося шкадавала мінулага часу, яе так вабіла да сябе таемная вялікасць супакойнага восеньскага лесу. Праўда, і цяпер яна не зусім развіталася з лесам. Калі-нікалі яна, апрануўшы старэнькую ватную кофту, заходзіла ў ельнік на гадзіну-другую і слухала, як стукалі па лесе падаўшыя з галля каплі. Але гэта стала рэдкім здарэннем.

Неяк яна ўспомніла аб Рыгорчыку, якому былі папсаваны вочы пры адкрыцці гуты. Ёй зажадалася наведацца ў пасёлак, пабачыць Піліпа з Параскаю. Калі яна падыходзіла да пасёлка, то перш за ўсё заўважыла вялікую перамену ў ажыўленні. Не чуваць ужо было ні гармоніка, ні песень, не відаць было дзяцей, якія ўлетку длубаліся ў пяску. Убогія дашчаныя скрынкі ўныла тырчалі на пяшчаным гале. Падышоўшы да будкі Рыгорчыкаў, Зося пачула траха не безупынны кашаль, які, здавалася, вось-вось растрасе кволую будыніну.

— Ах, добры дзень, паненачка! — прывітала Зосю Параска, як толькі яна ўвайшла ў хату.— Даўно ж вы не наведваліся да нас. Праходзьце, праходзьце далей.

Піліп з дзецьмі сядзеў за сталом. Ён устаў, абмахнуў рукавом зэдлік і прыветна прапанаваў яго Зосі. Закашляўся, пастаяў хвіліну, стрымліваючы рукою рот.

— Як вашы вочы, дзядзька Піліп? — запыталася Зося.

— Дзякуй вам і таварышу Зыкаву! Крыху горш бачу, але ж не застаўся навек калекаю. Падлячыўся, доктар добры.

— Ай, доктар, доктар! — уставіла Параска.— А колькі ён высмактаў грошай, ліха яго галаве!

— Што ж зробіш, наш век такі — ганяюцца ўсе за рублём, усе лупяць, імкнуцца быць багатымі, а за чый жа кошт? Вядома, за наш. Доктар не лепшы і не горшы за другіх.

Зося аж падскочыла знячэўку і сунула руку за каўнер. Мокра і холадна. Піліп заўважыў гэта.

— Вы крыху перасуньцеся бліжэй да стала. Можа, не так скора тут плюхне са столі. Гэта ж чыстае пакаранне, катаванне нават пачалося з гэтаю вадою. Вось ужо больш як дзесяць дзён усё мокрае ў хаце. Супачыць нельга: цэлую ноч ляпае на цябе вада кропля за кропляю.

Піліп зноў закашляўся, за ім падхапілі дзеці, і, мусіць, з хвіліну дружны хрып, харканне трэслі сцены будыніны.

— Чаму ж вы не паправіце дах? — запыталася Зося.— Гэта ж горш, як на дварэ сядзець.

— Ох, і не кажыце, даражэнькая паненачка! Няхай яго пярун спаліць, такое жыццё,— застагнала Параска.— Чула маё сэрца, што не трэба было ехаць сюды з Целеханаў.

Яна падаткнулася і пачала завіхацца каля бляшанае грубкі, ад якой скора дым пачаў разыходзіцца па ўсёй хаце і няшчадна есці вочы.

— Чула тваё сэрца... На жаль, яно ў цябе чуе праз паўгода пасля. Там смачна, дзе нас няма... Дык вы пытаецеся, чаму не паправім мы дах? — звярнуўся ад Параскі да Зосі гаспадар.— Прасілі ў намесніка дошак, нават хоць бы аполкаў, але ж нічога не выйшла з гэтага, адмовіўся даць. Вось і пазяхаем, як тручаныя авечкі.

Зосю нібы прыдушыў які цяжкі нагнёт. Яе ўласныя агарчэнні цяпер здаваліся ёй такімі мізэрнымі, такімі непрыкметнымі ў параўнанні з доўгаю пакутаю такое грамады людзей, што яна зусім была збянтэжана і мусіла лічыць сябе шчасліваю перад Рыгорчыкамі і ўсімі іншымі, хто вымушаны жыць на гэтай пясчанай гары. Ёй стала брыдка за свой адносны дабрабыт і пачало здавацца, што Піліп з жонкаю інакш, як варожа, не могуць да яе адносіцца, хоць з іх абыходзін гэтага не было прыкметна. Няўжо ж няма выхаду з гэтага? Нават быдла пана Ляскоўскага гадуецца ў лепшых памяшканнях... Вось з-за чаго яе татка ўдзельнічаў у рэвалюцыі, а можа, там што і інакш было...

— Трэба ж патрабаваць у самога пана лепшых умоў,— сказала яна.— А калі і гэта не дапаможа, дык трэба... трэба рэвалюцыю рабіць.

Апошнія словы Зося выпаліла раптам і ў момант зачырванелася, як мак. Піліп палахліва зірнуў на яе некалькі разоў, потым ціха прагаварыў:

— Аб гэтым так нельга гаварыць, паненка; прапасці можна як піць даць. Дый вы яшчэ, мусіць, зусім не ведаеце як робяцца рэвалюцыі.

Зосі стала зусім брыдка. Яна адчувала, што Піліп лічыць яе яшчэ за блазна. Дык яна ж пакажа яму, што яна ўжо не блазан.

— Я не ведаю, як робяць рэвалюцыі? Можа, вы думаеце, я не ведаю, што было ў часы рэвалюцыі ў Парыжы? Там рабочыя і бедныя ваявалі з багатымі, уміралі за вольнасць, ці ж не так?

— Можа, яно і так, але, калі ласка, кінем аб гэтым гаварыць. Гэтая гутарка можа каштаваць мне работы, а вам службы.

Зося змоўкла, а потым, перакінуўшыся яшчэ некалькімі словамі з Параскаю, выйшла з хаты.

— Ты глядзі, Параска,— сказаў Піліп, як толькі зачыніліся за Зосяю дзверы,— не распускай свой доўгі язык — не кінь дзе таго слова, якое чула сёння ў маёй гутарцы з паненкаю.

— А што ў ім кепскага?

— У ім нічога кепскага, але нам з табою можа быць кепска, дый гэтай дзяўчыне.

— Я ўжо і забылася, як яно выгаварваецца.

— Гэта пакуль што і добра.

Зося ішла па пусташы з такім пачуццём, быццам яна нашкодзіла, як малое дзіцянё. Гэты Піліп, цёмны рабочы, як яна лічыла яго ўперад, перасцерагаў яе, нават гатоў быў навучаць. Не, яна больш не пойдзе туды, на гару. Праўда, ім жывецца надта дрэнна, але чаму ж яны нічога не робяць, каб палепшыць сваё жыццё? Тут яе думкі, аднак, перакінуліся да самой сябе. Вось яна там, у лесе, малявала сабе іншае ўласнае жыццё, а чаму ж нічога не робіць, каб дамагчыся яго? Мусіць, думаць — гэта адно, а здзейсніць думкі — зусім іншая справа.

— Значыцца, чалавек не ёсць магутная сіла,— ціха, дзеля сябе прагаварыла яна.

— Калі ён адзін, не грамадою.

Зося ўздрыгнула. Побач з ёю, у вячэрнім змроку, стаяў Зыкаў. Крыху горача стала ёй на сэрцы, калі яна падавала яму сваю руку.

— Што вы казалі?

— Я толькі працягнуў вашу думку, якую пачалі вы.

— Ха-ха-ха! Вы ўжо надумаліся за гэтыя часы, што мы не бачыліся, чытаць чужыя думкі?

— Гэта ўжо не такая трудная навука, калі чуеш вушамі чужыя думкі.

— Як гэта — чуеш? Я вас не разумею.

— Ды вы ішлі і гаварылі голасна — праўда, не так, каб далёка было чуваць.

Зося засаромелася, дый словы Зыкава паказаліся ёй крыху насмешнымі. Гэта сапсавала той радасны настрой, які адразу палыхнуў пры нечаканым спатканні з ім. Яна, як усе самалюбівыя людзі, калі закранута гэтая іх старонка, не магла ўжо вольна гаварыць з Зыкавым. Ён бачыў, як хутка адбылася ў ёй змена, і шкадаваў, што зрабіў ёй непрыемнасць.

— Вы ўжо раззлаваліся на мяне Зося Пятроўна. Я цяпер, як і заўсёды, зусім не хацеў рабіць вам непрыемнасці. Але ж вось неяк так складваецца, што я сваёю няўклюжасцю, можа, гэта ад мужыцтва, ужо не раз псаваў вам настрой. Даруйце мне, бо толькі тады чалавек вінаваты, калі ён робіць што дрэннае знарок.

Зося пасвятлела, і ў вачах яе ўжо скакалі вясёлыя чарцяняткі. Яны пайшлі па дарозе, і Зося паведаміла і аб ад’ездзе Тодара, і аб сваіх вандраваннях па лесе, і нават аб сваіх летуценнях. Хамянулася яна толькі тады, як сказала, што ёй хацелася тады гаварыць з ім пад ялінамі. Яна нават і не скончыла гаварыць аб гэтым і ў сораме апусціла вочы. Ёй у голаў застукала:

«Ён жа да нас не паказваецца, а я вылажыла ўсё».

Зыкаў, крыху схіліўшыся, між тым ціха запытаўся:

— Што ж вы заціхлі? Гаварыце, гаварыце далей!

Голас яго стаў асабліва мяккім, якім яшчэ Зося яго не чула.

— Чаму вы даўно ў нас не былі? — запыталася Зося замест таго каб паведамляць далей аб сваіх лясных летуценнях.

— Ведаеце, я ж цэлымі днямі заняты безупыннаю працаю, а ўвечары, калі трапляецца вольная гадзіна, дык у мяне таксама... ёсць праца.

Зося выслухала ўсё гэта з нахмураным тварам. У словах Зыкава ёй чулася далёкая адчужанасць. Можа, для яго, сапраўды, няма нічога цікавага ні ў яе бацьку, ні ў ёй самой, і праз гэта для яго важней нейкая там работа вечарамі. Але яна яшчэ зрабіла спробу.

— Няўжо ж ваша вячэрняя праца, не звязаная з фабрыкаю, такая пільная, што ў вас не знаходзіцца хвіліны зірнуць на нас з таткам? — запыталася яна.

Голас дзяўчыны быў зусім ціхі, і Зыкаву пачулася, што ён ідзе ад самага яе сэрца. Нешта гарачае хлынула яму ў голаў і грудзі. Ён паспешна схапіў Зосіну руку аберуч і крыху дрыжаўшым голасам паспешна прагаварыў:

— Мне надта, надта непрыемна будзе, калі вы будзеце дрэнна аба мне думаць. Паверце, што мая праца вечарамі шмат важнейшая, як работа днём на паперні. І ў гэтай працы часта, надта часта бываюць хвіліны, калі мае думкі цалкам належаць вам.

Зося разам загарэлася, а потым апусціла голаў: быццам прамень склізнуў і знік, як сонца схавалася за хмару. Падняўшы праз хвіліну вочы, яна запытальна паглядзела на Зыкава. Ён, быццам чытаючы яе думкі, казаў далей:

— Я таксама, як і вы, часта бываю ў лесе, толькі больш вечарамі.

— Дык гэта работа? — пачакаўшы крыху, насмешна-холадна запыталася дзяўчына.

— Работа, ды яшчэ якая! — сур’ёзна адказаў ён.

Нейкую хвіліну-другую яны ішлі моўчкі. Ужо ў шэрым змроку на іх насоўваўся чорны сілуэт школы. У адным акне, як воўчае вока, блішчаў аганёк, ад якога светлая пляма легла папярок вуліцы. Зыкаў прыпыніўся, лёгка крануў за плячо дзяўчыну, моўчкі просячы яе, каб і яна стала.

— Вы былі, здаецца, зараз у Рыгорчыкаў? — ціха запытаўся ён.

Зося кіўнула галавою.

— Што вы там заўважылі? Што вас больш усяго там зацікавіла?

— Мяне? Цікавага нічога, толькі... толькі немагчыма так жыць.

— Вось гэта праўда. Жыць так немагчыма, і трэба змяніць усё нашчэнт, а дзеля гэтага патрэбна работа, вялікая работа.

— Дык вы аб гэтай рабоце казалі, што заняты ёю вечарамі?

— Аб ёй... Ну, вось мы і прыйшлі. Я пайду цяпер на сваю работу. Прывітайце, калі ласка, ад мяне Петруся Мікалаевіча і... не думайце дрэнна аба мне. Я буду з нецярплівасцю чакаць часу, калі зноў давядзецца пабачыцца... з вамі.

Зыкаў даўжэй, як трэба, затрымаў руку дзяўчыны. Потым развітаўся і хуткімі крокамі, не аглядваючыся, пайшоў у бок маёнтка. Зося стаяла на месцы і глядзела ўслед Зыкаву, пакуль сілуэт яго зусім не прапаў у імгле восеньскага вечара і не заціхлі яго крокі па дарозе.

Свет і цені пралётвалі па яе твары, калі яна ўвайшла ў пакой, дзе за кніжкаю пры лямпе сядзеў яе бацька...

Тыдні праз два Зося, праходзячы раніцою ў кантору міма гуты, была надта здзіўлена тым, што, не заўважаючы хоць на дробны, але досыць часты дождж, на дварэ стаяў вялікі натоўп рабочых. Адтуль чуліся асобныя выкрыкі, разабраць якія было даволі трудна, бо іх зараз жа перамагаў агульны гоман грамады людзей. З коміна, як заўсёды, валіў чорны слуп дыму, але праз вокны не відаць было бліскучых кругоў-маланак, якія звычайна ў гэты час ужо мільгацелі па ўсяму даўжэразнаму памяшканню гуты.

— Пане Пісарэўскі! Што гэта...— скорагаворкаю запыталася і зразу асеклася Зося, пераступаючы парог канторы.

У канторы, апроч бухгалтара Пісарэўскага, былі намеснік, ураднік з шашкаю і рэвальверам на баках. Яны стаялі пасярод пакоя і нервова перакідаліся асобнымі словамі. Бухгалтар Пісарэўскі падцягнуў сваю адвіслую губу і раз-пораз папраўляў свой гальштук, хоць ён на гэты раз быў шмат лепш завязаны, як звычайна. На Зосю ніхто з іх нават не зірнуў, калі яна, асцярожна абыходзячы іх, аддала агульны ўклон.

— Выйдзем! — сказаў намеснік, лёгка сцябаючы гарапнікам па халяве свайго бота.

Усе ўтрох выйшлі, і па тупату Зося чула, што яны спыніліся і стаяць на ганку. Чутны былі няясныя словы, якімі з перапынкамі, як бы нехаця, яны перакідаліся між сабою. Дзяўчына ціхенька, на насках падышла да акна, з якога відаць было ўвесь двор і гуту. Натоўп рабочых не зменшыўся. Адтуль чуцен быў яшчэ мацнейшы гоман. Раптам натоўп ускалыхнуўся, як спеючае жыта пад ветрам, і крануўся ў бок канторы. Праз хвіліну перад ганкам канторы стаялі амаль не ўсе рабочыя гуты. Зося бачыла з узвышку твары ўсіх рабочых. Барадатыя, зусім маладыя, з толькі што выбіваючыміся вусамі, але ўсе зеленаватыя ад бледнасці; вочы амаль не ўсіх слязіліся. Замасленыя сарочкі, каптаны, сажныя апаленыя рукі... Зося пераводзіла свой позірк з аднаго на другога; сярод рабочых яна не магла знайсці Піліпа Рыгорчыка.

На ганку раздаўся і зразу змоўк тупат.

— Чаму вы не на працы? — пачуўся моцны, крыху ўсхваляваны голас намесніка.

Натоўп маўчаў, толькі касыя позіркі кідалі рабочыя адзін на другога спадылба.

— Ну, хто ж адкажа, чаму вы не працуеце? Ужо восьмая гадзіна!

Спераду натоўпу тры-чатыры чалавекі варухнуліся. Ад іх адарваўся нізенькі худы рабочы, які выйшаў уперад. Ён стаў, зірнуў уверх на ганак, правёў гразнаю рукою па потным твары, пакінуўшы на шчацэ тлустую пляму сажы.

— Мы прыйшлі прасіць...

— Чаму не знімаеш шапкі перада мною? — зазвінеў і са скрыгатам панёсся ў натоўп па ўсяму двару голас намесніка.

І Зося бачыла, як нешта матлянулася ў паветры, потым глуха хлыснула. Потым паволі з’ехаў з пляча рабочага канец плеценага сырамятнага бізуна. З ганка працягнулася чыясь рука і сарвала з галавы рабочага выцвіўшую скамечаную шапку. Яна дугою праляцела і хлёпнулася на зямлю, якраз перад акном, дзе стаяла Зося. Гэтая шапчонка, з саломінкамі і пухам у яе ворсе, ляжаўшая мізэрным камячком на зямлі, чамусьці асабліва ўрэзалася ў памяць Зосі. Як толькі кідала яна вокам на яе, то адчувала боль у плячы, як яе самую перацяглі бізуном...

Натоўп варушыўся, трапятаў, дрыжаў, як лісце на асіне.

— Завошта ты яго пабіў? — дрыжаўшым голасам запытаўся другі рабочы, выходзячы ўперад.— Мы — не прыгонныя перад табою!

— Маўчаць, не смець мяне тыкаць!.. Чаго ж вы хочаце, дзедку? — звярнуўся пан намеснік да аднаго старога рабочага, сыходзячы да яго з ганка.

Стары хістануўся крыху ўбок, быццам адхіляючыся ад замаху, які мог зваліцца на яго голаў, потым пераступіў з нагі на нагу і зняў шапку.

— Дык вось, паночку, мы прыйшлі... прасіць вашу міласць... каб як-небудзь з хаткамі нам пасобілі... Цяпер вось ліе за каўнер, нельга ж жыць у дзюравых будках. Толькі і сагрэешся, як стаіш каля печы на гуце... Няма рады з жанкамі, дзецьмі, якія гібеюць у балоце, у холадзе... Змілуйцеся, паночку... Што ж будзе ўзімку...

Многія рабочыя насупіліся і не паднімалі галавы, пакуль гаварыў стары. Ззаду пачаўся глухі гоман, асобныя пагрозныя выгукі.

— Чаго ты там разліваешся, стары?! Давай кватэру! — раптам пакрыў натоўп моцны голас з задніх радоў.

Ураднік саскочыў з ганка і, трымаючыся рукою за кабур, прасклізнуў у натоўп. Там ззаду нейкую хвіліну-дзве ішла лёгкая мяльцяшына, потым супакоілася.

— Вашу заяву мы разгледзім,— моцна сказаў пан намеснік, узыходзячы на ганак.— Я далажу аб гэтым ягамосцю пану Ляскоўскаму. Там паглядзім...

— Няма чаго дакладаць! Давай кватэру,— выгукнулі збоку.

З хвіліну была цішыня, толькі чуваць было, як саплі напружаныя грудзі вялікага натоўпу людзей.

— Ну, марш на работу!.. Хто не хоча працаваць, выходзь уперад! — скамандаваў выразна, адасабляючы кожнае слова, пан намеснік.

Ніхто не варухнуўся, толькі зноў касыя позіркі спадылба адзін на другога.

— Значыцца, ніхто не хоча кідаць працу? Ну, дык з богам, а заяву мы разгледзім і што можна будзе зробім,— ужо зусім спакойна сказаў намеснік.

Праз момант на ганку затупалі. Зося стралою скочыла ад акна, села за свой стол і разгарнула ведамасці. Плячо яе ныла, і яна падносіла другую руку, каб памацаць балючае месца.

Тройка ўвалілася ў кантору. Яны расселіся каля стала бухгалтара. Намеснік дастаў срэбны партабак і пачаставаў сваіх сяброў.

— Ты, Ганчарук, сёння забяры гэтага шчупленькага і другога, што прыгону не любіць.

— Слухаю, пане! Толькі шкада, што я не дабраўся да таго, хто там ззаду выгукваў,— злосна прагаварыў ураднік.

— Нічога, не хвалюйцеся! — працадзіў скрозь зубы, адпускаючы сваю губу, бухгалтар Пісарэўскі.— Я па голасу ведаю, хто гэта; яны ў мяне ўсе, як на далоні.

— Вось дзякуй вам... Ну, я пайду! — заспяшаўся ўраднік, бразгаючы аб ножкі зэдліка шашкаю.

Гоман за акном заціхаў, аддаляўся. За ўраднікам высклізнуў неўзабаве з канторы і сам намеснік. Усё зноў увайшло ў звычайную каляіну. Тыя ж кніжкі, тыя самыя ведамасці з слупкамі лічбаў, той самы Пісарэўскі, з адвіслаю губою і з’ехаўшым гальштукам. Толькі плячо ныла ў Зосі ды на сэрцы скробся нейкі чарвячок агіднасці.

— Што гэта здарылася? — нібы нічога не ведаючы, запыталася Зося ў бухгалтара.

— Гэ, дрэнь! Нічога... Ім вось не падабаюцца кватэры... Хіба палацы ім будаваць? — быццам з сабою, мармытаў Пісарэўскі.

— А вы думаеце, яны не праўду кажуць? — ускалыхнуўшыся, запыталася далей Зося. Плячо яе заныла мацней.— Вы... вы прабавалі жыць у такіх будках?

Бухгалтар скасіў адно вока, прыгледзеўся на Зосю, губа яго затрэслася ад смеху.

— Прыраўнавалі! Ці жыў я ў будцы — ці ж я сабака?.. Ха-ха-ха! Ну, і запытанне... А наогул вам няма чаго сувацца ў такія справы... Па-першае,— не дараслі, а па-другое — у кабеты, ведаеце, які розум, хоць яна і дарослая... Наце вось гэтыя рахункі ды асобна іх падлічыце... Сёння павінна быць зроблена.

Твар Зосі загарэўся ад пагарды, але яна стрымалася, прыкусіўшы губу. Схіліўшыся нізка над сталом, яна старанна выводзіла лічбы, потым ляскала лічыльнікам і зноў запісвала. Збоку магло здавацца, што яна цалкам захоплена працаю. Аднак думкі яе круціліся каля ранішняга здарэння, каля камячка шапкі рабочага на зямлі, каля «вячэрняе працы» Зыкава. Ці ведае ён аб тым, што здарылася на гуце? Праўду ён казаў, што палепшыць стан рабочых — гэта вялікая праца. Але што трэба рабіць для гэтага, і як рабіць? Можа, трэба навучыць усіх, каб яны ішлі вось так скопам прасіць. Прасілі ж сёння — і бізун па спіне! Зося ўздрыгвала ад аднаго ўспаміну аб бізуне, які гадам спаўзаў з пляча гэтага нядошлага рабочага. Яна парашыла ніколі больш не вітацца з намеснікам, хоць бы давялося ёй сустрэцца з ім у непасрэднай бліжыні.

Ды не толькі намеснік, усе сталі ёй адваротнымі. Яна ўкрадкам некалькі разоў кідала позірк на свайго начальніка. Той сядзеў за сваім сталом, смактаў кручаную цыгарку, попел з якое шапкамі спадаў на разгорнутую «главную» кнігу. Ніколі ён не быў такім агідным, як у гэты дзень. Уся яго постаць так адваротна ўсхвалявала Зосю, што яна не магла валодаць сабою ўвесь астатні час дня. Яна дамагалася сцішыць сябе, выклікаючы ў думках малюнак Зыкава. Напаследак яна не вытрымала. Напісала некалькі слоў на паперцы, сунула ў канверт і выйшла ў сенцы.

— Пайдзіце на паперню і аддайце гэта майстру, толькі самому! — сказала яна вартаўніку канторы.

— Замест таго каб займацца фіглямі-міглямі, лепш вы працавалі б як след,— сказаў ёй, гледзячы ў акно, Пісарэўскі, калі толькі яна звярнулася на месца... Вось выкрасліце з спісу рабочых і зрабіце адмеціну аб звальненні з сённяшняга дня Блажко, Шнітмана і Глыбоўскага.

— Ча... чаму? — здзівілася Зося.

— Не ваша гэта справа!.. Няхай не дзяруць горла аб кватэрах.

Насоўваўся змрок. На гуце загуў гудок. Зося ішла па дварэ, прыгінаючыся, быццам на яе плечы ўзвалены быў вялізарны цяжар. Пад імглою рабочыя ў адзіночку, з панурымі галовамі, хутка праскоквалі праз вароты, закрываючыся каўнярамі і не азіраючыся па баках. Зося, невядома чаму, пайшла не на шлях, а ўздоўж рэчкі, па сенажаці, дзе было пуста, дзе далі закрываліся шэра-белаватаю імглою.

Дарэмна ў гэты вечар чакаў яе ў школе, з яе запісачкаю ў кішэні, Зыкаў.

 

 

ХІ

 

На другі дзень Зося не ўстала з пасцелі. Галава яе гарэла, ва ўсім целе адчувалася ламота, нібы хто яе пабіў. Пятрусь Мікалаевіч занепакоіўся, без карысці круціўся па пакоі, мачыў у халоднай вадзе ручнік і прыкладаў да палаўшага лба дачкі. Ён нават не пайшоў у свой клас да вучняў, якія даўно ўжо гулі, як пчолы, і грукаталі па класе. Некалькі разоў дапытваўся ён аб прычыне хворасці ў самое Зосі, але яна адказвала няведаннем. Толькі выпадкова, зірнуўшы пад ложак, ён заўважыў, што Зосіны чаравікі былі мокрыя і гразкія траха не да верху халявак; тут жа побач ляжалі мокрыя скручаныя панчохі.

— Да ты ж прастудзілася!

— Можа. Я ўчора ішла ад пападзі і ўпацёмку трапіла ў калюжыну, а пасля гэтага крыху пасядзела ў нашым садку.

— Ах ты! Як малое дзіця. Ну, ці ж можна было сядзець? — папікнуў яе бацька.— А тут учора быў Зыкаў, прасядзеў са мною аж да позняга, чаго з ім раней ніколі не было.

Зося павярнула твар да сцяны.

— Ну, ідзі сабе ў школу, а то дзеці там ашалеюць. Толькі прышлі да мяне Тадорыну дзяўчыну.

Пятрусь Мікалаевіч падзівіўся, як гэта ён сам не здагадаўся зрабіць гэта. Памацаўшы лоб дзяўчыны, ён выйшаў за дзверы, а праз паўгадзіны каля ложка Зосі ўжо стаяла Марылька. Зося ўстала і, накінуўшы на сябе коўдру, падышла да стала. Яна дрыжаўшаю рукою чыркнула некалькі слоў і папрасіла аднесці запіску да Сымона Кавальчыка, у якога кватараваў Зыкаў. Марылька шуганула з хаты, як летні вясёлы вецер.

Яшчэ нават не прагучаў гудок на гуце, як Зыкаў ужо быў у школцы. Выгляд яго быў такі ўстрывожаны, што Зося перапалохалася і перш за ўсё запыталася, чаму ён такі, што з ім здарылася.

— Са мною?! Са мною нічога не здарылася.

— А вы такі ўсхваляваны. Чаму?

Зыкаў адвярнуўся ўбок. Твару яго не відаць было Зосі.

— Вам трудна? — ціха, з незвычайнаю ласкаю запытаўся ён замест адказу.

Зося працягнула сваю руку і гарачымі трапяткімі пальцамі разы два правяла па працягнутай да яе цвёрдай і шурпатай далоні Зыкава.

— Ваша рука, як агонь! — І, не чакаючы, ён крануўся яе лба. У Зосі нешта мацней застукатала ў грудзях, і калі рука Зыкава была аднята, галава яе сама прыпаднялася ўслед за карчаватымі яго пальцамі.

— Ну, не трэба траціць часу! — і абцасы Зыкава ўжо застукалі ў сумежным пакоі.

— Куды ж вы так хутка? — запытаўся збянтэжаны Пятрусь Мікалаевіч.

— Да мястэчка! — Дзверы бразнулі, і за акном пратупалі паспешныя крокі.

Каля другое гадзіны па поўначы Пятрусь Мікалаевіч, задрамаўшы на зэдліку, ускочыў ад бразгату каля дзвярэй. Праз момант у хату ўвайшоў Зыкаў, а за ім тоўсты чалавек з скураным чамаданчыкам у руках.

— Здравствуйте, почтеннейший! — з расстаноўкаю, цвёрда вымаўляючы кожны гук, прагаварыў чалавек з чамаданчыкам.— Это — сумасшедший человек,— паказаў ён у бок Зыкава.— Только что мы с Бертой легли, и я собирался почитать себе на ночь, как ужаснейший стук: не только сонный, мертвый поднялся бы. Он меня таки тащит себе с постели наполовину одетого, тащит в эту проклятую балаголу и как кащей царевну, мчит себе по долам и оврагам в неизвестный край, навстречу бурям и непогодам.

— Пане доктар, там патрэбна ваша дапамога,— перабіў Зыкаў здольнага да гутаркі таўсцяка.

Доктар распрануўся, адчыніў свой чамаданчык і з нейкаю дудачкаю ў руках накіраваўся ўслед за Петрусём Мікалаевічам. Ён паслухаў грудзі, плечы, паставіў градуснік.

— Вовремя захватили! Я уже не сержусь на своего похитителя, молодец он.

Зосю напаілі нейкімі парашкамі, накрылі ўсімі коўдрамі, якія меліся. Уночы яна кідалася па ложку, вымаўляла непрытомныя словы. Зыкаву нават пачулася, што раз яна клікала яго. Ён увайшоў да хворае, але вочы яе былі заплюшчаны... Яшчэ было зусім цёмна, а над вёскаю, маёнткам, рэчкаю і дальнімі лясамі панёсся адзінокі гудок гуты. Зыкаў падняў з падлогі сваю шапку і пайшоў да дзвярэй, кінуўшы па дарозе погляд на спаўшых на канапах Петруся Мікалаевіча і доктара. У Зосіным пакоі было ціха...

Зыкаў пачаў кожны вечар бываць у школе. Праз дзень гарачка ў Зосі зменшылася, толькі яна сама была надта нямоцнаю. Як толькі прыходзіў Зыкаў, яна як найхутчэй адсылала бацьку і Марыльку, якая не адыходзіла ад яе цэлымі днямі, і паднімалася на ложку. Прасіла яго або пачытаць ёй што-кольвечы, альбо гаварыць аб тым, што з ім здарылася ў яго ўласным жыцці. Калі ён першае выпаўняў з вялікаю ахвотаю, то аб сабе абмаўляўся двума-трыма словамі.

— Чаму вы так скупа гаворыце аб сабе? — запыталася раз дзяўчына.

Зыкаў уважліва паглядзеў на яе з-за кніжкі, якую збіраўся чытаць, і ціха сказаў:

— Калі-небудзь шмат скажу, усё скажу, калі вы гэтага захочаце.

— Я хачу цяпер, цяпер! — і задорысты аганёк заблішчаў у яе крыху яшчэ гарачкаватых вачах.

— Цяпер нельга. Вось зноў ваша рука стала гарачэйшаю; вам нельга хвалявацца,— як доктар, спакойна ўгаварваў яе Зыкаў.

Ачуньвала Зося даволі хутка. На пахудзелым твары яе зноў паказаліся ружовыя кветкі здаровае маладосці. Праз тыдзень яна ўжо хадзіла ў садку, сярод пажоўклых дрэў чуцён быў яе галасок, напяваўшы нейкую песню без слоў. Яна стала вясёлаю і жваваю, як вясною. Толькі тады, калі не заходзіў Зыкаў, яна замаўкала, і дарэмна Пятрусь Мікалаевіч стараўся рассмяшыць яе якім-небудзь кпінкам альбо вострым словам.

Калі яна з’явілася першы раз пасля хваробы на службу, Пісарэўскі сустрэў яе неспадзявана прыветна. «Зноў нейкая штука»,— падумала Зося. І сапраўды, не паспела яна зняць жакетку, як ён падляцеў да яе і, нібы найвялікшую радасць, паведаміў, што сам пан Ляскоўскі даведваўся аб ёй і шкадаваў, што не можа яе бачыць. Зося нічога не адказала на ліслівы даклад бухгалтара і моўчкі прынялася за працу.

— А скажыце, калі ласка, праўда гэта ці не, што ў вас нейкі кавалер завёўся? Я гэтаму ніколі не паверу, але людскія байкі такія.

Зося, як маланкаю, бліснула на яго вачамі і зноў уставілася ў паперу.

— Вядома, усё гэта брахня. Вамі, даўно відаць, цікавіцца пан Ляскоўскі, а які ж яшчэ кавалер параўнаецца з ім? Ён, хто яму спадабаецца, засыпле кветкамі і золатам.

Зося ўскочыла як на спрунжынах.

— Калі вы яшчэ хоць слова скажаце, я кіну вашу агідную кантору.

Пісарэўскі змоўк, неяк скурчыўся, як печанае яблыка. Увесь дзень ён на насках хадзіў, калі яму трэба было прайсці міма Зосі. Пасля заняткаў, выйшаўшы следам за ёю на ганак, ён мяккім галасочкам прасіў, каб яна не сердавала на яго і, барані божа, не сказала чаго аб ім пану Ляскоўскаму.

Але словы Пісарэўскага аб яе кавалеры не былі ўжо так непрыемны Зосі. Людзі гавораць аб ёй. Значыць, яна ўжо не малая, яна ўжо жанчына... Зося ішла дамоў у такім высокім настроі, быццам яе чакала там пэўнае, хоць і невядомае, шчасце. Сутычка з Пісарэўскім, яго брыдкія намёкі хоць часам і ўспаміналіся ёй, але гэтыя ўспаміны не затрымліваліся надоўга і зараз жа засланяліся нейкаю ружоваю хваляю з бліскучымі на ёй зоркамі.

Напяваючы ціха песню, прыйшла яна дамоў. Бацька нават быў крыху здзіўлены тым, што яна вясёлая, нягледзячы на тое, што сам сказаў ёй, што Зыкаў у гэты вечар не будзе. (Стары прыкмеціў прычыну маўклівасці дачкі!) Яна прайшла ў сваю баковачку, запаліла лямпу, а потым доўга кошкалася ў шуфлядцы з рознаю дзявочаю драбязою. Знайшоўшы напаследак кніжачку з вызалачаным абрэзам, яна перагартала яе, прачытала некалькі першых старонак. Потым шаснула перачытаныя аркушыкі, скамячыла іх і кінула ў грубку. Сеўшы за стол, яна запісала некалькі радкоў на першай, зусім чыстай цяпер, старонцы; перачытала, задумалася, зноў пачала пісаць... Доўга ў гэты вечар то схілялася над сталом, то выпроствалася, задумаўшыся, яе галава.

Была нядзеля. Дзень выдаўся такі цёплы, ясны, якія рэдка бываюць у канцы верасня ці пачатку кастрычніка. Зранку быў лёгкі мароз, у срэбра апрануўшы далёкія сенажаці. Але сонейка хутка зняло гэтае ўрачыстае пакрывала, і зноў лагчыны паказалі сваю блёкла-зялёную коўдру. Пад поўдзень у паветры панесліся белыя ніткі павуціны. Яна чаплялася за лазняк, за дрэвы, садзілася на адзежу, на валасы. Цішыня і светлая празрыстасць чыстага паветра.

Зося зранку пагаспадарыла, нават зрабіла бацькаву работу, прагледзеўшы вучнёўскія пісьмовыя работы. Наскакалася па садзе, ганяючыся за акрыяўшым ад сонца матылём — апошнім жывым успамінам прайшоўшага лета. Потым пляла гірлянду з жоўтых, чырвоных і зялёных лістоў, густа пакрываўшых усе дарожкі і сцежкі саду. Зрабіўшы сабе вянок, які блішчаў на сонцы ўсімі адценнямі, яна надзела яго на голаў і ў такім выглядзе, як мадонна ў дарагой аправе, з’явілася да бацькі. Але як толькі пераступіла яна парог, вянок рассыпаўся, лісце разляцелася ў бакі, пакрываючы падлогу. Зыкаў стаяў каля акна і весела ўсміхаўся.

— Шкада, што вы парвалі яго.

— Ён... ён сам рассыпаўся,— пакрысе прыходзячы ў сябе ад нечаканасці, адказала Зося.

— Ведаеце, я зайшоў за вамі, каб вы паехалі са мною ў чаўне па рэчцы,— паглядаючы то на бацьку, то на дзяўчыну, сказаў Зыкаў.

— Як — па рэчцы? — запытаўся Пятрусь Мікалаевіч.— Знайшлі час для такое язды.

— А чаму ж? Сёння цёпла.

— Цёпла-то цёпла, але ўсё ж гэта ўжо не ўлетку. Па-мойму, гэта вы няўдала прыдумалі.

— Татачка, паедзем! — ускінулася Зося.— Апранемся цяплей, вось і ўсё. А такія дні ўжо астатнія.

— Што ты, дачушка? У цябе ж нядаўна «воспаление легких» было. Нельга больш блазанстваваць.

— Ну паедзем, нічога страшнага не будзе. Татачка, даражэнькі...

Пятрусь Мікалаевіч доўга думаў, маўчаў. Зося не адводзіла ад яго просячага погляду.

— Ну, як сабе хочаце, а я не паеду. На сырасці растраўлю свой раматус, тады кепска будзе. А вы, калі хочаце, то паедзьце. Толькі доўга нельга, ды апраніся цяплей.

Зося заскакала на месцы, забыўшыся, што тут жа стаіць Зыкаў. Яна хамянулася, але было позна, прыйшлося толькі засаромецца.

Рэчка то белым, то цёмным волавам агортвала бакі чоўна, які чуць-чуць зыбаў у бакі ад нахілаў Зыкава, калі ён апускаў у ваду вясло. Човен лёгка склізгаўся ўперад, і маёнтак, хаткі вёскі, нават будынкі гуты і паперні здрабнелі, толькі малюсенькімі плямкамі адбіваючыся на жоўта-зялёнай коўдры палёў і сенажацей. Хутка яны зусім прапалі з вачэй, схаваўшыся за ізвівамі блытаных берагоў. Месца сенажаці на беразе занялі кусты, дробныя дрэвы. Яны аблягалі з бакоў рэчку, як залочаная з малахітам аправа-люстэрка. Калі толькі дакрануцца да куста, дык заўюцца, замільгацяць у паветры рознакаляровыя матылі лісця. Пакруціўшыся ў паветры, яны ціха лажацца на ваду, гойдаюцца на хвалях, а потым зоркамі плывуць па блакітнай гладзі немаведама куды.

За паваротам паказаўся высачэзны чуб сасняку. Над самаю вадою вісеў дуб. Гэта тое самае месца, куды ўлетку Зыкаў часта ездзіў з Сымонам Кавальчыкам. Хоць і прарочыў дубу Сымон, што ён зваліцца ў раку, але той усё яшчэ смела працягваў у неба свае сталёвыя лапы. Мусіць, не падаспела яшчэ навальніца. Зыкаў накіраваў човен якраз да гары.

— Куды ж мы прыехалі? — пыталася Зося.

— А вось узыдзем наверх — пабачыце.

Падтрымліваючы Зосю пад руку, Зыкаў адбіваўся другою рукою ад лазняку, гарошніку, якія недалікатна лезлі пад ногі, чапляліся за адзежу, зрывалі з галавы шапку ці хустку. Гэтая барацьба спадабалася Зосі, і яна сама кінулася ўперад, нагнуўшы голаў і выцягнуўшы перад сабою рукі. Яна зачырванелася, як вішня, галлё дразніла яе, і яна смяялася, як срэбраны званок.

— Вось, глядзіце цяпер! — абвёў рукою Зыкаў вакол, калі яны дасягнулі самага верху гары, дзе кустоў ужо не было, а толькі рэдкія хваіны ды адна-дзве яліны.

Зося азірнулася кругом. Стужка рэчкі, блішчаўшая ў бясконцых закутках, сіва-зялёны хвойнік на тым беразе, які цягнуўся, здавалася, на край свету, лёгкія палі і сенажаці з другога боку і рассыпаныя там вёскі, як чародкі авечак,— усё гэта давала малюнак магутнай шырыні і прастору.

— Як тут добра! — з захапленнем прамовіла Зося.— Я з маленства жыву ў Ляскаўцах, а ніколі не даводзілася быць мне на гэтай гары.

Яна злёгку абаперлася на руку Зыкава і прыслухоўвалася да цішыні, якую парушаў лятучы дзе паводдаль лісток. Калі-нікалі яна ўзглядала знізу ўверх на твар Зыкава, і радасць казлытала яе пад сэрцам. Ён жа ціха наблізіў да яе валасоў руку і выбіраў з іх дробныя лісточкі, хваёвыя іголкі, якія насадзіліся на голаў, калі яна пусцілася ў барацьбу з чэпкімі кустамі.

Раптам рука яго прыпынілася. Зося зірнула яму ў твар і прыкмеціла, што ён пільна прыслухоўваецца. Яна таксама стала слухаць і праз хвіліну пачула лёгкае плёсканне ў рэчцы. Але з-за гары нічога не было відаць. Хутка плёсканне прыпынілася, потым пачуўся прыглушаны гоман некалькіх чалавек.

— Гэта яны! — быццам пра сябе прагаварыў Зыкаў.

Зося занепакоілася. Ёй сорамна стала ад думкі, што іншыя людзі пабачаць яе тут з вока на вока з хлопцам. Яна ўпікліва паглядала на Зыкава, моўчкі сярдуючы на яго за недалікатнасць. Па ўсяму было відаць, што ён ведаў, хто ідзе сюды, і, мусіць, ён загадзя змовіўся з імі. Значыць, ён не дзеля яе прыехаў сюды... Усе гэтыя думкі пранесліся ў яе галаве маланкаю. Яна адступілася ад Зыкава і нецярпліва камячыла між пальцамі ражок хусткі.

Праз некалькі хвілін кусты зашумелі, затрашчала ламачча пад нагамі ішоўшых. Яны ўжо зусім блізка... Зыкаў вітаецца з імі. Зося падняла вочы. Трое прыйшоўшых здзіўлена разглядалі яе. Але вось адзін з іх прыветна ківае ёй галавою. Ды гэта Піліп Рыгорчык. Добрая палова цяжару спала з сэрца.

— Добры дзень, Зося Пятроўна,— падышоў да яе Піліп.— Вось гэта нашы таварышы.

— Будзьце ўсе па-простаму,— сказаў у свой чарод Зыкаў.— Гэта тая дзяўчына, аб якой я вам казаў. А гэта — нашы бліжэйшыя з Піліпам таварышы,— дадаў ён, звярнуўшыся да Зосі.

Але хоць так проста было зроблена знаёмства, Зося не магла адразу зусім заспакоіцца. Адзін з незнаёмых раз-пораз кідаў на яе цяжкія, запытальныя позіркі, нібы прогся выведаць усё, што было захавана ў яе думках, сэрцы. Ні аднае прыветнае рыскі нельга было прыкмеціць на яго хмурым твары. Зося старалася не глядзець на яго. Апроч гэтага, яе непакоіла думка аб тым, што ж будзе далей. Нездарма яны сабраліся сюды, і чаму яна тут? Ёй станавілася жудасна.

— Давайце пачнём справу,— прапанаваў Зыкаў.

Зося спалохана зірнула на яго. Што ж гэта будзе? Няўжо?..

Усе селі ўкруг. Яна не ведала, як ёй трымацца, куды дзецца.

— Садзіцеся, калі ласка,— далікатна прапанаваў Рыгорчык і нават паслаў па мху свой пінжак.

Зося нясмела прысела, але страх крыху прайшоў.

— Дык вось, таварышы! Справа такая,— загаварыў Зыкаў, калі ўсе размясціліся,— нам трэба абгаварыць, як дзейнічаць далей. Пан Ляскоўскі адмовіў рашуча ў належнай папраўцы будынкаў у пасёлку. Толькі дазволіў узяць крыху дошчак і забіць праломаныя стрэхі. Такім чынам, становішча застаецца цяжкім і грозным з набліжэннем зімы. Трэба абмеркаваць, як направіць сваю ўсю справу.

У Зосі зусім адлягло ад сэрца, і нават яна смела глянула на хмурага рабочага.

Абмеркаванне зацягнулася. Вырашыць пастаўленае пытанне было трудна. Пахмурны рабочы, падтрымліваемы другім, якога Зося раней не ведала, настойваў на рашучых кроках. Ён прапанаваў аднавіць запатрабаванні і падтрымліваць іх нават нявыхадам на працу аж да тых часоў, пакуль пан Ляскоўскі не здасца і не задаволіць іх патрэбы. Рыгорчык трымаўся больш асцярожна, і ў яго ясных прапаноў не было. Зыкаў жа адразу заняў пазіцыю арганізацыі самадапамогі.

— Час ужо прапушчаны,— казаў ён.— Пакуль вы арганізуеце выступленне ў другі раз, якое зрабіць нялёгка, бо ва ўсіх на памяці вынікі першага, надыдзе зіма ўжо якраз. Паны на ўступкі не пойдуць — гэта ясна. Што ж, па-вашаму, застацца без работы і кавалка хлеба? Зіма палохае кожнага, і арганізаваць забастоўку ні ў якім разе не ўдасца.

— Гэтая палахлівасць і недавер’е мне зусім не зразумелы,— уставіў хмуры рабочы.

— Справа не ва мне, не ў маіх там здольнасцях ці недахопах, а ў падрыхтаванасці ўсяе рабочае грамады. Нам трэба весці яшчэ вялікую працу дзеля гэтага,— адказаў Зыкаў.

Спрэчкі цягнуліся яшчэ некалькі хвілін, не даючы нічога новага. Напаследак Зыкаў прапанаваў галасаваць. Як і раней было відаць, галасы іх падзяліліся пароўну: Рыгорчык з Зыкавым былі за адно, астатнія ўдвух — за другое,

— Вы, Зося Пятроўна, як бы думалі?

Зося не ведала, што адказаць, бо пытанне было пастаўлена зусім нечакана для яе. Яна то апускала, то паднімала вочы, прагучыся не глядзець у бок хмурага рабочага. Перад ёю ясна ўстаў малюнак Піліпавае будкі, як яна бачыла яе ў апошні раз. Але мароз праляцеў па спіне ад аднаго ўспаміну. Зосі здавалася, што яна адчувае холад ад заліваўшае за каўнер вады. Яна ўявіла сабе ясна выгляд Піліпавае хаткі ўзімку, калі праз шчыліны надзьме ў яе снегу.

— Я думаю, што вось яны,— паказала Зося ў бок хмурага,— прапануюць больш правільна.

— Такім чынам, галасоў у вас больш,— сказаў Зыкаў. Нам прыйдзецца слухаць і выконваць.

Але раптам усё перавярнулася ўверх дном. Хмуры, які ўвесь час упарта прыглядаўся да Зосі, як толькі яна выказала згоду з яго прапановаю, заварушыўся і папрасіў перагаласаваць. Зыкаў падзівіўся, але паставіў на галасаванне: хмуры адказаўся ад свае прапановы і далучыўся да прапановы Зыкава. Зося адчувала сябе зусім збянтэжанаю, ёй сорамна было зірнуць каму ў вочы. Нават туман слёз падступіў і на момант засланіў яе вочы, але яна прымусіла сябе ўтрымацца ад слёз, захаваць спакой.

Зыкаў заўважыў па зменах, якія адбіваліся на твары Зосі, што яна ўсхвалявана і можа выявіць сваё абурэнне. Ён схіліўся да яе, крануўся ціха рукі і глянуў ёй проста ў вочы. Яна зусім заспакоілася.

Пасяджэнне цягнулася яшчэ нейкі час. Абгаварвалі падрабязнасці арганізацыі рабочае самадапамогі. Зося асабліва не ўнікала ў гутарку. Яна толькі ўвесь час адчувала, што кіруючая роля ва ўсім належала Зыкаву, які проста і ясна выкладаў свае думкі і даводзіў іх да ўразумення таварышаў.

Калі з гэтым пытаннем было скончана, Піліп аднекуль прывалок сярэдняй велічыні куфэрак. Несучы яго, ён аж згінаўся ад яго цяжкасці. Гэты куфэрак быў даверху завалены кніжкамі, лістоўкамі, нават пісанымі аркушамі і сшыткамі. Зыкаў дастаў адну з невялічкіх кніжак, і пачалося чытанне. Гэта былі «Павукі і мухі».

Сонца ўжо хавалася. Кружок яго рубам стаяў на вяршынах хваін зарэчнага лесу. Кніжка была дачытана, куфэрак замкнуты. Піліп узваліў яго сабе на спіну і праз хвіліну прапаў у гушчары кустоў. Калі ён вярнуўся, Зыкаў і Зося развітваліся з усімі і пачалі сыходзіць да рэчкі. Таварышы праводзілі іх датуль, дзе пачынаўся круты спуск. Хмурны нешта прабурчаў, падаючы на развітанне руку Зыкаву. Зося злавіла толькі словы «цягнуў сюды яе».

Назад ехалі ўніз па рэчцы. Кусты пацямнелі, пачарнелі. Рэчка пасыпалася зоркамі, якія адбіваліся ў ёй з неба і трапяталі на дробных хвальках. Іх уздзімаў чуць прыкметны вячэрні вецер. Даль закурэлася лёгкімі яшчэ празрыстымі космамі туману... Зыкаў клапатліва аглядзеў Зосю, ці добра закрыта яна ад сырасці і холаду. Папраўляючы ёй каўнер, ён знячэўку крануўся яе цёплае нежнае шыі. Агонь прайшоў па ўсіх жылах. Ён ужо больш не браў вясла ў рукі. Човен плыў за вадою. Зыкаў сеў на дно. Рукі Зосі і яго сышліся, перадаючы, зліваючы цяпло абодвух.

Раптам човен уздрыгнуў, раздаўся шолах і трэск. Зося ўскрыкнула і хістанулася ўбок. Човен завагаўся мацней.

— Ціха, ціха! — і моцныя рукі Зыкава абхапілі тоненькі стан дзяўчыны.

Галава яе схілілася яму на плячо. Трымаючы адною рукою дзяўчыну, ён другою выправіў на сярэдзіну ракі човен, які прыгнала да берага. Човен зноў паплыў сам, яшчэ раз моцна загойдаўшыся.

— Ах, як я перапалохалася! — адхіляючыся ад Зыкава і чуць не задыхаючыся, пралепятала Зося.

— А я хацеў бы, каб яшчэ раз вы перапалохаліся,— не выпускаючы яе рук, адказаў ён.

І раптам ён схапіў дзяўчыну за плечы, прыцягнуў да сябе... Зоркі міргалі з неба: ім было зайздросна...

Каля брамкі школы яны разышліся.

— Можа, зайшлі б да нас? — шапнула яна.

— Не, я пайду яшчэ паблукаю пад зоркамі,— адказаў ён.

 

 

ЧАСТКА ДРУГАЯ

 

І

Рог дзвюх бакавых вуліц Мінска канчаўся тынкаваным плотам, які сажняў на сто цягнуўся па кожнай вуліцы. Некалі белая фарба гэтага тынку даўно ўжо зрабілася шэраю, нават зялёнаю ад моху ў некаторых месцах, асабліва там, дзе дрэвы, што раслі на той бок плота, не толькі звісалі галлём над плотам, але працягвалі свае магутныя лапы аж да сярэдзіны вуліцы. Гэтыя дрэвы, бадай, старэйшыя за тынк, надавалі вуліцам патаемны выгляд, і не толькі ўночы, але і ўдзень гэты рог іх прыцягваў увагу сваёю заглухласцю, пустэльнасцю. Цікаўны чалавек, які хацеў бы даведацца, што робіцца за высокім старым тынкам, не адразу здаволіў бы сваю цікаўнасць, бо жалезная брама, выходзіўшая на адну з вуліц, была заўсёды наглуха зачынена. Толькі ўвечары, як сцямнее, іншы раз забурчыць там сабака і пачуецца павольнае тупанне чалавечых крокаў.

Цэлыя гады, нават дзесяткі гадоў гэты рог не ажыўляўся. Тынк усё больш плеснеў, пераходзячы з шэрае ў зялёную фарбу. Брама чырванела ад іржы. Дрэвы ўсё ніжэй звісалі сваім галлём над вуліцаю, і рэдкія прахожыя чапляліся за яго галавою... І вось у адзін дзень жыхары вуліцы былі незвычайна здзіўлены грукатам калёс, ды не адных, а многіх. Усё жывое, што было на гэтай вуліцы, кінулася да варот, вокан, на плот. Сапраўды было на што паглядзець. Уздоўж усяе вуліцы цягнуліся адна за адною, доўгаю радоўкаю каламажкі, фурманкі, кары, а наперадзе грукаталі дзве ці тры карэты з пазалочанымі арламі і каронкамі на дзверцах. Побач з карэтамі і каламажкамі ехалі конна, ішлі ўпешкі вусатыя дзябёлыя мужчыны ў шапках з уваткнутымі ў іх чорнымі пёрамі і ў цёмна-зялёных сурдутах з расшытымі блішчастымі каўнярамі і рукавамі. Брама была адчынена наўсцяж і глытала адну фурманку за другою.

Насельніцтва вуліцы ўсхвалявалася. Мурзатыя дзеці з голымі пузамі несліся побач з фурманкамі і, мусіць, праціснуліся б у вароты, каб там не стаяў паважны палкоўнік або, можа, і сам генерал з пугаю ў руках. Ён уважліва аглядаў кожны воз і не забываўся замахнуцца пугаю, калі які занадта цікаўны пузан запускаў свой нос за вароты. Кабеты паднялі страшэнны гармідар і сабраліся ў натоўп каля халупкі шаўца, якая была якраз супраць гэтае патаемнае брамы. Шмат каму з іх давялося ў першы раз убачыць, што за тынкам і дрэвамі знаходзіцца вялізарная камяніца з калонамі, з ганкам, з высокімі, але вузкімі, як шчыліны, вокнамі. Наверсе над кожным рогам дома падымаліся ўгару, як свечкі, тоненькія, вострыя вежы з флюгаркамі на жалезных стрыжнях.

— Няўжо ж гэта князь прыехаў? — больш як быццам у сябе пытаўся шавец Мотка.— Я ўжо колькі жыву, вось сляпы раблюся, а помню толькі два разы, як прыязджалі сюды князі.

— Ой, Мотка! — загаласіла некалькі кабет, кінуўшыся да яго.— Можа, ты запытаўся б у іх, хто прыехаў!

Стары Мотка перш адмоўна пакруціў галавою, а потым усё-такі падыбаў на вуліцу. Падышоўшы да аднаго з паноў у зялёным сурдуце, ён далікатна, як толькі мог, запытаўся:

— Пшэпрашам пана! Ці не будзе пан ласкаў сказаць, хто гэта такі знатны прыехаў да нас?

— Да вас? — нават не абярнуўшыся да Моткі, кінуў зялёны сурдут.— Прэч, лайдак!

Мотка сагнуўся ў тры пагібелі і з выскачыўшымі вышэй вагнутае галавы худымі лапаткамі боязна адышоўся ад сярдзітага і ганарлівага гайдука.

Але ўсё ж праз некалькі хвілін уся вуліца дасканала ведала, што ў горад прыехаў, і надоўга, сам князь з княгіняю і дачкою. Толькі малады князь застаўся не то ў Пецярбурзе, не то ў Варшаве, дзе ён служыў афіцэрам у войску.

Князь Зыгмунт Друцкі належаў да адной з тых фамілій, якімі валадары іх выдзяляюць сябе ад усяе рэшты чалавецтва; больш гэтага, князь Друцкі лічыў сябе, як падобныя да яго, адным з першых прадстаўнікоў вышэйшай расы. Ён з гонарам хаваў, як асаблівую святыню, усе паперы, якія сведчылі аб былой крэўнай сувязі яго продкаў з былымі каралямі Літвы і Польшчы. У дадатак да гэтых рэліквій князь Зыгмунт меў і матэрыяльнае пасведчанне магутнасці яго роду. У адной толькі Міншчыне ён меў зямлі, абшар якое, каб яна была ў адным кавалку, быў бы не меншы за цэлы павет. Агромністыя латыфундыі меў ён яшчэ на Віленшчыне і Гродзеншчыне. Іншы раз ён хваліўся, што ёсць у яго маёнткі, дзе ён ніколі не быў. Калі на гэта яму жартам напаміналі, што ва ўладаннях караля Карла V ніколі не заходзіла сонца, дык ён адказваў, што па магутнасці ён толькі крыху меншы за гэтага караля: у Друцкіх ёсць асобныя ўладанні, якіх не аб’ездзіш ад сонца да сонца.

Князь Друцкі быў польскім патрыётам, марыўшым аб аднаўленні каралеўства, аб аднаўленні таго бліскучага сярэдневякоўя, якое захапляла, хвалявала дух магната, выклікала ў ім поцягі да тых імпульсаў, якімі жыў польскі каралеўскі двор у Кракаве. Яшчэ з маладых гадоў князь Друцкі захапіўся мінуўшчынай, накінуўся на вывучэнне гісторыі каралеўства, і трэба аддаць яму справядлівасць — быў адзін з лепшых знаўцаў вайсковае і дынастычнае гісторыі каралеўства. У Кракаве ён вывучаў гісторыю, кракаўскім перыядам польскага двара захапляўся, у Кракаве і сам ажаніўся.

Не дзіва, што пуставаў дом у Мінску, не дзіва, што намеснік па Сіняўскай лясной дзялянцы, дзе быў паляўнічы замак князя, не бачыў ні разу свайго высокага гаспадара. Ён амаль усё жыццё правёў па-за межамі, больш у Парыжы і ў Вене, з наездамі ў Кракаў, Варшаву і Пецярбург, дзе ўсюды былі ў яго ўласныя дамы з належнай колькасцю прыслужнікаў.

Нязмерна шырокія сенажаці і неаглядныя лясы мінскіх уладанняў князя забяспечвалі яму шырокае жыццё. Беларускі селянін, надрываўшы сябе на працы ў князёўскім лесе або на сенажаці, польскі хлоп пад Кракавам у маёнтках жонкі князя, гнучы з вясны да восені спіну над бурачнымі палямі, не заўсёды дагадваліся, што яны вышукваюць у зямлі золата, якое збіралася ў рэчкі і цякло ў Парыж ці Вену. Асабліва шмат сродкаў траціў князь Зыгмунт на дапамогу розным патрыятычным аб’яднанням, ці то гэта былі студэнцкія, ці эмігранцкія, або проста з няведаўшых за што ўзяцца ў жыцці людзей. Кожная такая або проста грамадская арганізацыя лічыла патрэбным зацягнуць князя ў свой склад, і ён рэдка калі ўхіляўся: ён быў ганаровым старшынёю шмат якіх патрыятычных суполак, з шмат якімі фактычнымі кіраўнікамі ён нават ніколі не бачыўся. Сам ён непасрэдна стаяў на чале Венскага польска-патрыятычнага таварыства гісторыкаў, склад якога цалкам адпавядаў яго ўласным імкненням. У гэтым таварыстве распрацоўваліся і вывучаліся такія праблемы, як стан паляўнічае справы пры двары Баляслава Харобрага, як правядзенне роўназначнасцей між Янам Сабескім, Напалеонам І і Каролем XII, або як родавыя адносіны між польскімі каралямі і наймацнейшымі магнатамі каралеўства. На выданне такіх «навуковых» доследаў князь Друцкі траціў вялікія грошы, з гонарам адзначаючы сваё імя выдаўца на багата аздобленых вокладках шматлікіх кніжак. Гэтая яго чыннасць захапляла яго цалкам, і ён лічыў сябе правадыром польскіх патрыётаў, хавальнікам вялікіх традыцый вялікае Польшчы.

Нягледзячы на сваё нязмернае багацце, князь Зыгмунт Друцкі часта адчуваў непрыемнасці з-за недахвату грошай. Утрыманне вялізных, звычайна пуставаўшых дамоў ва ўсіх сталіцах Еўропы, вялікія ахвяраванні на розныя «грамадскія» патрэбы выцягвалі з сталёвае скрынкі князя Друцкага амаль не ўсе сродкі, якія цяклі да яго з невядомых палёў, лясоў і сенажацей. Не раз княгіня падказвала яму думку крыху прыспыніць сваю грамадскую і навуковую чыннасць, больш аддаўшы ўвагі гаспадарцы, але ён рашуча адкідаў такія прапановы.

— Шляхціц мусіць несці свае абавязкі да канца,— адказваў ён.— На такіх двух-трох чалавеках, як я, трымаецца вялікая ідэя, вялікая гістарычная роля па адраджэнню бацькаўшчыны, яе вялікага мінулага. Нельга адмовіцца ад ролі прадстаўніка нацыі, а дзеля гэтага... патрэбны грошы.

І князь, не патураючы жонцы, вёў шырокае жыццё, будучы самым пажаданым госцем у самых найвышэйшых колах Вены, Парыжа, Варшавы. З неахвотаю толькі наязджаў ён у Расію, дзе, аднак, знаходзіліся яго найбольшыя багацці. Ідэі князя аб польскасці, а таксама характар яго грамадскай чыннасці былі добра вядомы расійскім арыстакратычным і дзяржаўным колам, і не сустракалі ўхвалы. Наадварот, губернатары, вышэйшае расійскае панства адносіліся холадна да князя Друцкага, гледзячы на яго, як на нейкага фрондэра.

Аднак князю Друцкаму давялося не толькі яднацца з непрыемнымі яму расійскімі чыноўнікамі і дваранамі, але нават і застацца жыць у далёкім маёнтку на Беларусі. Калі не маглі пераламаць яго невялікія клопаты аб грошах, якіх яму траплялася спрабаваць з-за свайго ўласнага шырокага жыцця, то зусім інакш стала справа з-за маладога князя. Сын князя Друцкага пайшоў па той дарозе, якую выбіралі сабе іншыя маладыя людзі з вяльможных фамілій. Ён вучыўся ва універсітэце і, не скончыўшы, кінуў яго і пайшоў у гусары. Вясёлае жыццё захапіла князька па вушы. Ён ганарыўся сваім таварышкаваннем з рознымі князямі, графамі з расійцаў, якія служылі, як і ён сам, у гусарскіх або гвардзейскіх палках. Бацьку гэтая блізкасць маладога князя да расійскай арыстакратыі зусім не падабалася, але ён мусіў дараваць сыну, лічачы яго яшчэ не зусім сталым. Стары князь спадзяваўся, што яго сын, як паразумнее, пойдзе па яго, бацькавай, дарозе. Але гэтае метамарфозы трэ было чакаць немаведама колькі, бо час ішоў, а малады князь не толькі не станавіўся на бацькаву дарогу, але ўсё часцей ды часцей даваў адчуваць вынікі свайго гусарскага жыцця. Да бацькоў часта даходзілі чуткі аб розных вясёлых гісторыях, героем якіх быў іх сын. Не паспявала гісторыя яшчэ крыху астынуць, як налятала другая, а пасля кожнае з іх з’яўляўся ліст ад маладога князя, у якім ён звычайна вымагаў грошай.

Так цягнулася гады два, і князь Друцкі ўжо прывык да гэтага невялікага распуцтва сына. Ён не траціў надзеі, што яго Лодысь перагарыць-ткі і звернецца да больш разумнага жыцця. Але раз, седзячы за нейкаю дварцоваю хронікаю ў сваёй бібліятэцы, князь Зыгмунт атрымаў тэлеграму, на якую доўга глядзеў, нібы не ўмеў чытаць. У гэты дзень князь не абедаў, ні з кім не бачыўся, ні аб чым не гаварыў. На другі дзень яго не было дома, ён ездзіў у банкі, да гандляроў, да вышэйшага панства Кракава. Увечары ён паведаміў сыну, што перасылае яму трыста тысяч рублёў. Гонар князёўскага дома, які мусіў быць збэшчаны за картачным сталом, быў падтрыманы, застаўся непарушным.

Але гэтая ахвяра на падтрыманне гонару зрабілася потым непасільнаю для князя. Трэ было пройгрыш сына аплачваць за кошт скарачэння іншых выдаткаў. Князь нават загадаў сваім цівунам павялічыць арэнду за сенажаці, за пашу. Але і гэта мала пасобіла. Тут жа яшчэ здарылася надта непрыемная гісторыя з дачкою ў Вене. Яна нечакана прыехала ў Кракаў да бацькоў. Абставіны з князёўнай Вацяй былі такія, што і ў Кракаве заставацца было нельга.

Князь Зыгмунт кінуў свае палацы ў Кракаве, кінуў таварыства сваіх гісторыкаў і, нават не развітаўшыся з іншымі «прадстаўнікамі нацыі», са ўсёю сям’ёю і бліжэйшымі прыслужнікамі пакінуў старэйшую сталіцу каралеўства. Ён перамяніў свой раскошны кракаўскі палац, пабудаваны паводле тыпу сярэдневяковых замкаў, на больш просты дом сярод беларускіх лясоў.

Спачатку гэтая перамена была занадта прыкраю для князя. Прызвычаены з маленства да раскошы, да ўгодлівае ўвагі ніжэйшых, да бліскучага жыцця розных сталіц Еўропы, ён упершыню апынуўся сярод спакою і даволі манатоннага жыцця. Маёнтак, закінуты далёка нават ад павятовага горада, сярод лясоў, нічым не мог прыцягнуць увагі свайго гаспадара. Ні поле, ні сенажаць, ні жывёла не цікавілі гэтага магната. Цэлымі днямі прастойваў ён каля акна, гледзячы ў далячыню сівых лясоў, бадзяўся па пакоях, не ведаючы, за што зацяць рукі. Калі з’яўляўся да яго намеснік з дакладам аб справах гаспадаркі, то ён моўчкі выслухоўваў яго, з нецярплівасцю чакаючы, калі той скончыць і пойдзе. З дачкою ён стараўся як мага менш сустракацца, і за абедам або вячэраю, калі нельга было не бачыць яе за сталом, звычайна маўчаў. Нават са старою княгіняю ён нібы разышоўся. Усё гэта стварала цяжкую атмасферу, якая душыла ўсіх траіх, а разам з імі — і ўсіх дворных. Пакаёўкі, лёкаі, фурманы не толькі ціха хадзілі ў пакоях, але нават на дварэ яны шмыгалі, як цені, прагнучы не пападацца на вочы яснавяльможнага пана.

Тыдні праз тры пасля прыезду ў маёнтак Росаш князь, бадзяючыся па хвойніку, які пачынаўся адразу за дворнымі будынкамі, натрапіў на незнаёмага, зарослага валасамі чалавека, які сядзеў пад дрэвам і пільна разглядаў разабраную стрэльбу. Князь, нават ні крыху не павярнуўшы галавы, хацеў прайсці міма, быццам апроч дрэў нічога і нікога вакол не было. Але бярэмя кудлаў падскочыла ўверх, а потым раптам — уніз, зрабіўшы нешта падобнае да ўклону.

— Хто ты такі? — запытаўся князь па-польску.

— Выбачайце, ваша мосць, я тутэйшы!

— Цо то ест «тутэйшы»?

— Не разумею па-польску.

Князь бліснуў вачамі, рука яго ўздрыгнула, сціскаючы слановую косць дарагога кія. Аднак ён стрымаўся і з агідаю на твары пусціўся ісці далей.

— Пачакайце, пане! Я вам што скажу...

Князь не спыняўся, не адказваў. Але праз хвіліну ён адчуў, што касматы чалавек ідзе побач з ім. Разгневаны, князь кінуў, не паварочваючы галавы:

— Што табе трэба? Ідзі прэч!

— Я хацеў запытацца ў вашай мосці, ці не цікавіць вас паляванне. Я бачу, што вы нудзіцеся, а паляванне, яно разганяе ўсялякую нуду.

Князь зрабіў яшчэ некалькі крокаў, нібы зусім не заўважыўшы гутаркі гэтага дзіўнага чалавека. Потым ён прыпыніўся і агледзеў свайго выпадковага спадарожніка з ног да галавы.

— Чым ты займаешся? — больш лагодна запытаўся ён.

— Я — лоўчы. Мой бацька таксама быў лоўчым пры двары вашай мосці. Але нешта перавяліся добрыя паны, цяпер ужо няма сярод іх паляўнічых.

Перад вачамі князя, мусіць, пранесліся раскошныя паляванні сярэдневяковых магнатаў, каралеўскія паляванні пры дварах польскіх каралёў. Ён нездарма вывучаў гэтыя «гістарычныя» здарэнні. Мусіць, пры словах непатрэбнага лоўчага ў ім прачнулася пагарда да сучаснасці і новае захапленне мінулым, даўно мінулым.

— А ты праўду кажаш,— зусім лагодна адказаў ён лоўчаму.— Шляхецтва адышло ад гэтага шляхетнага абавязку і занятку... Добра, я мушу заняцца паляваннем.

З гэтага часу лоўчы зрабіўся самым першым чалавекам у маёнтку. Князь кожную раніцу клікаў яго да сябе. З яго дапамогаю ён ладзіў стрэльбы, рыхтаваў картушы, нацягваў на сябе знарочыстую вопратку вяльможнага паляўніка, якую яму пашылі ў Варшаве па здымках са старых гравюр. Кожны дзень князь у малінавай накідцы са срэбнымі галунамі, у высокіх ботах са стральчастымі шпорамі і ў берэце з сабалінаю выпушкаю і стравусавым пяром садзіўся на гнедага танканогага каня і ехаў у лес. За канём бег сабака і ў развалку, з іржаваю стрэльбаю на плячы, матляўся кудлаты лоўчы.

Князёўскія лясы, пустыя, глухія, цягнуліся на шмат вёрст. У гушчарніку вадзілася бясконца ўсякага ляснога птаства і звярыны. Тут былі і ласі, і мядзведзі; дзікія козы стралою несліся прэч, пачуўшы зрадны тупат або шолах; воўк адыходзіў за яліну і пільна сачыў за падарожнікам чырвонымі іспонкамі нервовых вачэй; вавёрка спружыністым камячком пералятала з дрэва на дрэва, прысядаючы на хвіліну і стрыгучы вострымі вушкамі. Цецярук з клохтаннем важка падымаўся з зямлі і шрубай залятаў на самы верх высачэзнае старое хваіны.

Паляванне кепска ўдавалася князю. Лоўчы з ухмылкаю, якой нельга было заўважыць з-за густых вусоў і барады, пазіраў, як князь нязграбна прыстаўляў да пляча стрэльбу, цэліўся і звычайна не пападаў. Блішчаста-чорная дубальтоўка хісталася ў яго руках, і, калі спускаўся курок, падскоквала ўгору. Лоўчы падкідаў сваю задрыпаную стрэльбачку, не цэліўся, а цецярук ужо сударажна біў крыламі па зямлі.

— Мусіць, пастарэў я,— кожны раз гаварыў князь, як яго стрэльба дарэмна бухала.— А калісь быў добрым паляўнічым, паспрачаўся б у трапнасці з панам Валадыеўскім.

— З якім гэта?

— Няўжо ж ты не чытаў пана Сянкевіча?

— Непісьменны я, нічога не чытаў,— адказваў лоўчы.— А дзе жыве гэты пан Валадыеўскі?

— Як жыве? Гэта даўно было, мо і зусім не было такога пана.

Лоўчы павольна вешаў на плячо сабе стрэльбу і пільна прыглядаўся да князя, быццам імкнучыся адгадаць, ці не шалёны той.

— Спрачацца з чалавекам, якога і не было! Дзіўна! — мармытаў ён сабе пад нос.

Увечары паляўнічыя варочаліся дадому. Лоўчы цягнуў на сабе ўвесь свой здабытак: некалькі цецерукоў альбо рабцоў, іншы раз нават дзікую казу. Згінаючыся ад цяжару, ён стараўся паспець за канём князя.

— Вось колькі настраляў пан князь,— хваліўся лоўчы дворным, калі дабіраліся абодва паляўнічыя да маёнтка.— Вось страляе дык страляе — ніколі не бачыў такіх паляўнічых! Кожная шрацінка б’е проста куды трэба. Мне дык нават стрэльбу брыдка скідаць з пляча. Куды мне!

Выезды на паляванне крыху змянілі князя. Ён зрабіўся крыху менш суровым і адасобленым. Калі-нікалі ён дарыў словам-другім намесніка, галоўнага пакаёўшчыка, нават фурмана. Аб лоўчым і казаць няма чаго: з тым ён даволі часта вёў гутаркі на паляванні. Толькі са сваімі крэўнымі — з жонкаю і дачкою ён быў нязменна маўклівы, нібы зашпілены на ўсе гаплікі. Князёўне Ваці нядужылася, яна цэлымі днямі праседжвала ў сваіх пакоях, акружаная трыма ўжо стараватымі пакаёўкамі. У старое княгіні толькі і было занятку, што даць інструкцыю старэйшай пакаёўцы, якая даглядала за Вацяю. Больш ёй рабіць не было чаго ў гэтай пустэчы.

Нарэшце яна не вытрымала. Адзін раз, як князь вярнуўся з палявання, яна сустрэла яго аж на ганку. Князь быў здзіўлены і збянтэжаны гэтым здарэннем.

— Выбачайце, пані княгіня, зноў што здарылася? — непакойліва запытаўся ён.

— Нічога не здарылася, князь Зыгмунт, нічога! Я толькі...

— Нічога? Дык чаму ж пані княгіня забылася аб шляхетным этыкеце — як гэта вы апынуліся на ганку? Трэба захоўваць шляхетнасць нават і ў лесе, не толькі пры двары аўстрыяцкага манарха.

— Даруйце мне, князь. Я маю патрэбу пагаварыць з вамі і хацела пабачыць вас, пакуль вы не зачыніцеся ў сваіх пакоях.

— Вы маеце патрэбу пагаварыць са мною?.. Калі ласка,— пачакаўшы крыху, з цырымонным уклонам, запрасіў ён.

Праз паўгадзіны пакаёўшчык князя, апрануты ў сурдут з блішчастымі нашыўкамі па баках і на каўняры, расчыніў шырока дзверы перад княгіняю. Цягнучы за сабою хвост доўгае машаставае вопраткі, пасыпанае срэбнымі кветкамі, яна паважна ўвайшла ў прыймовы пакой мужа. Той, таксама ў парадным адзенні, пайшоў ёй насустрач з вясёлым прыветным тварам. Паднёсшы яе руку да губ, князь павёў яе і пасадзіў у крэсла.

— Пакіньце нас,— загадаў князь пакаёўшчыку, які слупам стаяў каля дзвярэй.

— Я вас слухаю,— прагаварыў ён ужо без жаднае прыветнасці, як толькі ледзь чутна скрыпнулі дзверы за выйшаўшым лёкаем.

Твар яго стаў, як звычайна, суровым, нелюдзімым. Глядзеў ён кудысь убок, абмінаючы месца, дзе сядзела княгіня.

— Зыгмусь... Зыгмусь!

Пакой запоўніўся глухімі прыдушанымі ўсхліпваннямі. Князь падняўся з крэсла і прайшоўся па пакоі з кутка ў куток.

— Зыгмусь, мы так больш не можам... нам не пад сілу жыць у такой адчужанасці. Зыгмусь, пашкадуй нас.

Княгіня паводзіла мокрымі бліскучымі вачыма следам за маршаваўшым мужам. Плач ускалыхваў яе мяккія высокія грудзі.

— Як пашкадаваць? — запытаўся, прыпыняючыся, князь.— Я не разумею вас, княгіня. Здаецца, я ўсё зрабіў, што можна было зрабіць лепшага.

— Так, вы зрабілі! Але нельга ж больш трываць тае адчужанасці мужа ад жонкі і бацькі ад дачкі, якую вы выказваеце нам абедзвюм. Бывае нават, што ў вас адчуваецца не толькі адчужанасць, але і выразная агіднасць.

— Ах, калі вам так ужо дапякло, калі вы адчуваеце гэта, то і я скажу,— скідаючы зусім свецкі тон і выгляд, галасней загаварыў князь.— Вось ты прыйшла прасіць пашкадаваць, а я да каго пайду? Вы ўсе пашкадавалі мяне? Змарнатравілі грошы, ледзь не збэсцілі — што я кажу? — збэсцілі, збэсцілі маё імя, прымусілі кінуць навуку, сваё кола людзей, загналі ў гэтую багну, адхілілі ад вялікае справы па адраджэнню бацькаўшчыны, як дзяржавы,— і пашкадаваць вас? Як шкадаваць? Я вас не катую, хоць вы гэтага варты. Я толькі не маю, страціў не толькі цёплае, але самае звычайнае слова да вас. Чаго ж вы хочаце ад мяне? Цяжка залечваць раны, здабытыя ў старасці.

— Можа, праўда і ёсць у тым, аб чым ты гаворыш. Але ж паправіць тое, што здарылася з Вацяй, ніхто і ніяк не можа,— перастаючы плакаць, прагаварыла княгіня.— Тым, што ты стаў чужым да мяне і да Ваці, яшчэ большы клопат можна нажыць.

— Горшага нічога ўжо не будзе.

— А я думаю, што можа здарыцца такое, пра што і думаць усцішна... Спачатку яна хварэла, сам ведаеш ад чаго, а цяпер яна нервуецца, сохне ў гэтых абрыдлых пакоях і можа на сцены палезці ад нуды.

— Дык што ж рабіць?

— Па-першае, кінь ты сваю адмежаванасць, гэтую маўклівасць і агіду да нас, а па-другое, трэба падумаць аб нейкіх людзях, бо нельга ж жыць у поўнай адзіноце, зачыніўшыся ў чатырох кутках.

— Ах, можа, вам з дачкою зноў артысты патрэбны? — упікліва і са злоснаю ўсмешкаю запытаўся князь.— Я вось заўтра паеду шукаць павятовых ды губернскіх музыкаў або камедыянтаў. Можа, знойдзеце каго па сэрцу.

— Не да кпін мне, Зыгмусь! — зноў заплакала княгіня.— Не ўспамінай ты больш пра артыстаў — хопіць... Я вось аб чым думаю,— супакоіўшыся крыху, сказала яна.— Тут жа вакол нас мусіць быць шляхта, а мо і досыць вяльможныя паны. Трэба знайсці новых знаёмых.

— Так, так! Княгіня Друцкая і павятовая або засцянковая шляхта! Ну што ж, і Напалеон казаў, што ад вялікага да смешнага адзін крок... Урэшце,— дадаў, счакаўшы, князь,— як сабе хочаш: заводзь знаёмствы, склікай паноў, напаўпаноў, толькі я застануся ў баку ад гэтай мясцовай чэлядзі.

— Гонар гонарам... а жыць замураваным усё ж нельга. Будзем лічыць, што аб гэтым мы ўмовіліся, і я зраблю ўсё, каб падабраць належнае шляхецкае грамадства,— зусім супакоеная, прагаварыла княгіня.

Князь страсянуў срэбным званком. Пакаёўшчык слупам стаў каля дзвярэй.

— Дык вы напішаце, князь Зыгмунт, у Вену, каб нам прыслалі ноты,— падаючы руку, весела гаварыла княгіня.

— О, пані княгіня, ці ж магу я забыцца на гэта,— адказаў князь, схіляючыся губамі да яе рукі з самым прыветным тварам.— Князёўна Ваця не павінна шкадаваць, што змяніла гоман прыдворных баляў на гоман нашых лясоў.

Лёкай адступіўся крок назад, прапусціў княгіню ўперад і пайшоў следам, несучы за ёю даўжэразны шлейф.

 

 

ІІ

 

Няхай сабе маёнтак Друцкага Росаш і стаяў сярод лясоў, у баку ад больш залюдненых мясцовасцей, але ён быў добра вядомы шляхце не аднаго нават павета. Яго адлюдненасць, на стары манер пабудаваны палац з патаемнымі ходамі, з скляпамі, былі належна скарыстаны ў 1863 годзе «жондам нарадовым». Шляхетныя паўстанцы, з маўклівае згоды быўшага недзе далёка князя (бацькі князя Зыгмунта), зрабілі сабе ў гэтым маёнтку адзін з сваіх прытулкаў, дзе хавалася зброя і дзе збіраліся і гуртаваліся мясцовыя сілы шляхты. Пасля ліквідацыі паўстання ў лесе, адразу за маёнткам, было расстрэлена казакамі каля дванаццаці сялян, паноў жа быццам там не засталі. Гэтыя крывавыя падзеі, а таксама закінутасць маёнтка яго гаспадарамі, абвалаклі Росаш нейкім флёрам патаемнасці, жудасці. Праз гэта прыезд сям'і князя ў гэты маёнтак выклікаў шмат гутарак сярод панства. У кожным маёнтку, фальварку і пані, і паненкі цэлымі днямі ламалі галовы і языкі, ствараючы самыя фантастычныя здагадкі аб прычынах такога небывалага здарэння.

Яшчэ больш мешаніны паднялося сярод вяльможнае і сярэдняе шляхты, калі кожны маёнтак аб’язджаў князёўскі егер, перадаючы панам і паням урачыстыя канверты, аздобленыя каронкаю. Князь і княгіня, спасылаючыся на занядужанне свае дачкі, прасілі прабачэння, што не робяць візітаў, і запрашалі дарагіх суседзяў наведвацца да іх. Гэтыя запросіны і ўсхвалявалі і задаволілі шляхту. Амаль усе былі абураны тым, што князь, мусіць, з-за гонару не аддае візітаў і, як кароль, патрабуе ўсіх да сябе. Усе аб гэтым гаманілі, а тым часам надта старанна рыхтаваліся да прыёму ў Росашах. Трошкі жудасна было туды ехаць, куды ніхто з паноў не заглядаў ужо шмат гадоў. Але жудасць заўсёды падказлытвае ўвагу і зацікаўленасць, і праз гэта не было такое панскае сям’і, з атрымаўшых запросіны, якая б не рыхтавалася ад каламажкі да завіўкі валасоў.

У дзень, вызначаны для прыёму, князёўна Ваця яшчэ зранку пайшла да бацькі, каб застаць яго да ад’езду на паляванне, якое ён не хацеў пакінуць нават і ў гэты дзень.

— Татка, я прыйшла да вас, каб напомніць, што сёння да нас збіраецца ўся шляхта,— зусім спакойна, як быццам яны былі проста добрымі знаёмымі, сказала яна, спыніўшыся ля дзвярэй.

Князь акінуў дачку халодным поглядам і адказаў, нацягваючы пальчаткі:

— За паведамленне дзякую вас, князёўна, толькі яно для мяне значэння ніякага не мае. Вы склікалі з княгіняю, а я тут зусім убаку. Пранусь, падай гарапнік і стрэльбу! — крыкнуў ён за дзверы.

— Цябе князь не клікаў,— весела звярнулася князёўна да ўвайшоўшага лёкая.— Ідзі сабе!

Бацька акамянеў на месцы.

— Вы не паедзеце сёння на паляванне,— свідруючы зялёнымі вачамі яго бледны нерухомы твар, сказала князёўна, як толькі лёкай схаваўся за дзверы.— Вы і стрэльбу трымаць не ўмееце. Ха-ха-ха! — ігрыста-жутка залілася яна смехам.

Князь здрыгануўся, быццам сцебанулі яго па твары гарапнікам. Сутарга ахапіла яго рукі, пальцы. Толькі праз хвіліну ён змог адкрыць рот.

— Вы, князёўна, шалёнаю зрабіліся? — ледзь стрымліваючы сябе, каб не крыкнуць, запытаўся бацька.

— Хвала богу — не! Але як сабе хочаце, так і думайце пра мяне, толькі я не дазволю вам ухіліцца сёння ад прыёму гасцей. Чуеце вы ці не?

Голас яе зрабіўся звонка-мэталёвым. Тонкія голыя рукі выгіналіся, як гадзюкі. Чырвоныя поўныя губы ледзь дрыжалі ад унутранага хвалявання.

— Як ты адважылася так гаварыць са мною... паскудніца? — засычэў князь.— Ты, апляваўшая маю сівую галаву?

— Ваша галава для мяне святая,— агідна прамовіла дачка,— а да мяне вам справы няма. Даволі ўжо здзеку, адплацілі ўжо мне за ваш гонар...

Князёўна, лёгкая, тонкая, як малады явар, выслізнула з апартаментаў бацькі. Ён доўга нерухома стаяў на месцы, а потым сеў у крэсла і закрыў рукамі вочы. Стравусавае пяро на берэце бязвольна схілілася і звісла ўніз.

— Пранусь, Пранусь... Я сёння не паеду ў лес: нават забыўся аб гасцях, якія мусяць прыехаць да нас; добра, што панна князёўна напомніла аб іх. Трэба ж мець такую кароткую памяць! Пастарэў, шмат пастарэў.

Пранусь скінуў з яго малінавую накідку, сцягнуў высокія боты са шпорамі і пачаў апратваць у звычайны сурдук і гамашы.

— Пастарэў, пастарэў! — мармытаў князь, падстаўляючы ўкленчанаму Пранусю адну за адною свае ногі.

Княгіня была здзіўлена і ўзрадавана тым, што князь ажывіўся, цікавіўся зборамі да прыёму, сам распарадзіўся аб парадку, раіўся нават з ёю аб розных дробязях, так патрэбных у рытуале шляхетных абыходзін, асабліва з незнаёмымі. Ён нават сказаў ёй аб той няёмкасці, якую адчуваў, паводле яго слоў, ад таго, што прыходзілася за адзін раз мець справу з грамадою незнаёмых людзей. Нікога яны з сучасных суседзяў не бачылі ніколі, нават не чулі раней ні пра кога, за выключэннем пана Ляскоўскага, які меў нейкую там сувязь з іх сынам.

З паўдня пачалі з’язджацца ў Росаш паны. Па дарозе, якая роўнаю градою ўпіралася ў блізкі лес і хавалася там, як адрэзаная, паказваліся то крыху аблезлы фаэтон, то цяжкая каламажка, аздобленая міфалагічнымі малюнкамі на дзверцах і напоўненая цэлым вывадкам якое-небудзь стараннае пані. Набліжаючыся да палаца, фаэтоны, каламажкі, аздобленыя і прыстасаваныя да панскага карыстання, паўкаркі спынялі свой ход, і, бадай, ад самага лесу коні пускаліся толькі ступой. Фурманы асцярожна аглядаліся, нібы чакалі нечага нядобрага, паны выцягвалі шыі, напускаючы на сябе як мага больш сур’ёзны, паважны выгляд.

Князь сустракаў сваіх гасцей у зале. Апрануты ў магнацкі каптан, спецыяльна зроблены для ўрачыстых прыёмаў, князь рабіў на ўсіх уражанні вялікасці. Яго свецкія абыходзіны, кракаўскае вымаўленне па-польску, уменне трымаць сябе разам і прыветна і з выглядам свае недасяжнасці падкрэслівалі яго выдатнасць сярод гасцей. Кожны з уваходзіўшых адразу падпадаў пад уплыў уражання вялікасці магната, траціў той незалежна-сур’ёзны выгляд, які напускаў на сябе, пад’язджаючы да палаца: або апусціўшы вочы, або з нізкімі ўклонамі, круцячы фалдамі сурдута, шляхціц нешта мармытаў сабе пад нос у адказ на вычварнае прывітанне гаспадара або хаваўся за спіну жонкі, якую выпускаў уперад. Разуменне вялікасці гаспадара разам з не выжытым яшчэ пахам былое пустэльнасці палаца звязвала языкі панам, паням і паненкам: маўкліваю радоўкаю рассядаліся яны паўз сцены, толькі шэптам або прыдушаным голасам абменьваючыся словам-другім. Князь калі-нікалі кідаў на гэты шнурок манекенаў погляд, у якім блішчала іскра насмешкі, але ніводным словам не выказаў яе.

Не прывяла ў сябе гасцей князёўна Ваця. Яна з’явілася ў залу такою вясёлаю, што здавалася, пасвятлелі хмурныя сцены і суровыя твары нейкіх рыцараў, намаляваных на столі. Абыходзячы гасцей, яна знаёмілася сама, дзякавала за наведанне, здавалася, ад душы хваліла вопратку паняў і паненак. Але і гэтая прыемная прыветнасць не магла расчухаць грамады: наадварот, бліскучыя дыяменты князёўны на пальцах і ў валасах, яе празрыста-вострыя вочы, мусіць, асляплялі засцянковых шляхцянак, і яны чародкаю збіліся ў кучу ў адным кутку залы, вылупіўшы з тузін пар вачэй на грацыёзны прывід, які лёгка, як матыль, пераносіўся з месца на месца. Гэтая маўклівасць і здзіўленне, што не сыходзілі з твараў кабет, нарэшце, мусіць, апрыкралі і князёўне, яна стала менш гаварыць, чаравічкі яе ўжо мацней цокалі па падлозе, у вачах часта пачаў загарацца зеленкаваты бляск...

Але вось лёкай паведаміў аб прыездзе паноў Ляскоўскіх.

І гаспадар і госці лягчэй уздыхнулі, калі ў дзвярах паказаліся спачатку панна Ядзя, а за ёю Станіслаў Ляскоўскі, вёўшы пад руку сваю яшчэ маладаватую матку. Князь быў узрадаваны, пабачыўшы першага госця, з якім у яго магло быць што-небудзь супольнае і які рабіў добрае ўражанне як манерамі, так і вопраткаю. Пан Ляскоўскі не саромеўся, не згінаўся, як усе іншыя. Заварушыўся таксама і чатырохкутнік шнурка панскіх галоў: пан Ляскоўскі быў для іх сваім, знаёмым; хоць ён стаяў вышэй шмат каго па свайму багаццю, але ж ад яго не несла такою недасяжнасцю вялікасці, як ад князя. Многія заківалі прыветна яму галовамі, нават адважыліся парушыць кляштарны спакой залы павышанымі галасамі. Словам, Ляскоўскія сваім з’яўленнем парушылі няёмкасць гэтага першага знаёмства магната з мясцоваю шляхтаю. Пачаліся жвавыя размовы, госці ўжо пачалі шукаць сваіх знаёмых, прыяцеляў, і гутарка напоўніла залу. Асабліва задаволена была князёўна такім паваротам справы. Яна адразу сышлася з паннаю Ядзяю, нібы яны былі знаёмы з маленства. Носячыся па зале, яна цішком кідала погляды на пана Стася, які значна адасабляўся ад усяе грамады сваім выглядам.

З’езд скончыўся. Лёкай ужо не дакладваў аб новых гасцях. Князь сышоў з свайго месца, якое ён займаў крыху ў баку ад уваходных дзвярэй залы, пачаў хадзіць між гасцей, прыслухоўваючыся да гутарак, устаўляючы тое ці іншае слова, але толькі па-польску. Чым больш ён прыслухваўся, тым больш твар яго нацягвала маска ахалоджанасці, нават часамі і несхаванае агіднасці.

— Пане Ляскоўскі,— нарэшце не вытрымаў ён і падышоў да Стася,— выбачайце мяне, я, можа, крыху займу вашу ўвагу.

— Калі ласка, калі ласка, ваша светласць,— з гатоўнасцю адказаў той.

— Я буду гаварыць з вамі як з радавітым польскім шляхціцам. Скажыце, наша шляхта зусім запамятала мову бацькаўшчыны?

— Не зусім разумею ваша запытанне, а таму мне цяжка адказаць.

— Не разумееце? — здзівіўся князь.— Ці ж вы не чуеце, што па-польску гаворыць не ўся шляхта, а тыя, хто і гаворыць, то ўжываюць нейкую сапсаваную мову... Нават вы, выбачайце мяне, гаворыце не чыста па-польску.

Пан Ляскоўскі пачырванеў, але адразу саўладаў з сабою. Ён нават крыху насмешна зірнуў на князя, на яго малінавы каптан-казачыну.

— Дзе ж нам мець чыстую высакародную польскую мову? — прагаварыў ён.— Жывём мы ў лесе, маем справу з зямлёю, скацінаю. Да варшаўскіх салонаў або кракаўскіх замкаў нам, вядома, далёка. Апроч гэтага, такім маленькім людзям, як мы, не заўсёды зручна карыстацца польскаю моваю.

— Што я чую, пане Ляскоўскі? — вышэй падняўшы галаву, з лёгкім гневам запытаўся магнат.

— Ці ж вы не разумееце, што іншы раз меркаванні карысці шмат большую вагу маюць, чымся што іншае.

— Ах, так, так! Бывае карысна дагадзіць расійскаму чыноўніку, і дзеля гэтага адмовіцца ад усялякіх нацыянальных ідэалаў?

— Так, так, ваша светласць! — весела пацвердзіў пан Ляскоўскі.

Князь змоўк і адышоўся ад Ляскоўскага, апусціўшы голаў. Доўгія сівыя вусы яго бяссільна звісалі ўніз, кранаючыся яго расшытага малінавага каптана. Ён ужо не звяртаў больш увагі на гасцей, з невясёласцю, якую можна было лічыць за стомленасць старога, праходзіў па зале, часта хаваючыся ва ўнутраныя пакоі. Жвавыя гутаркі, смех, сярод якіх выдзяляўся голас князёўны, да якога ўсе прыслухваліся, ані не закраналі яго. Некалькі разоў ён падыходзіў да княгіні і напамінаў, што прыём трэба скончыць, што паводле этыкету госці павінны былі б развітацца ды паехаць сабе дамоў.

— Яны і не збіраюцца яшчэ,— адказала княгіня.— Кожны праехаў досыць дарогі, і галодны дамоў не мусіць вяртацца.

— Дык што ж вы будзеце з імі рабіць?

— Трэба наладзіць вячэру. Я да гэтага загадзя падрыхтавалася.

Тым часам у зале загучаў раяль. Дзве-тры пары закруціліся ў кракавяку. Але ніхто не цікавіўся танцорамі, і яны дарэмна стукалі абцасамі. Танец так непрыкметна спыніўся, як і пачаўся. Толькі князь крытычна разглядаў танец, спыніўшыся пры праходзе ў свой пакой. Ён хацеў ужо схавацца за дзверы, як пасля трох-чатырох спробных акордаў па зале панесліся салодка-спакусныя гукі танга. Але не гэтыя гукі затрымалі князя, а яго ўласная дачка. Яна выскачыла на сярэдзіну залы, дзе нікога не было, і пачала выгінацца ў такт музыкі. Хутка каля яе апынуўся пан Ляскоўскі, і яны пачалі слізгаць па зале. То прыліпаючы зусім да мужчыны, то падстаўляючы яму губы, нібы для пацалунку, то працінаючы яго зялёнымі іскрамі сваіх вачэй, калі ён абдымаў яе і блізка прыцягваў да сябе, насілася яна нячутна сярод змоўкшых людзей. Твар яе то чырванеў, то бялеў, грудзі ўздымаліся і дакраналіся да грудзей кавалера. З абурэннем глядзеў на гэту з’яву князь, агідна ўхмыльнуўся, пачуўшы нейкі шэпт з боку пажылога шляхціца. Зусім аслупянеў ён, калі дачка не пакінула скакаць, нават як заціх раяль: чорна-белая пара, як у сне, вілася, круцілася па маўклівай зале.

Князь павярнуўся і схаваўся за дзвярыма. Вячэра, раз’езд гасцей адбыліся без яго, хоць княгіня некалькі разоў пасылала па яго лёкая.

На другі дзень, як і заўсёды, князь паехаў у лес; за канём беглі сабака і лоўчы. Маўклівасць зноў павісла хмараю над палацам і ў палацы. Калі высокая сям’я сыходзілася разам за сталом, то княгіня з дачкою знарок заводзілі гутарку аб суседзях, думаючы ўцягнуць у яе і старога князя. Але ён заставаўся нямым і глухім. Пералічваючы новых знаёмых, князёўна рагатала над іх гаворкаю, вопраткаю, над тым, як яны сапуць за ядою. Потым яна адразу змаўкала, і твар яе рабіўся злосным, зеленаватым.

— Які цяжар, нязмерны цяжар! — з вялікаю нудою вымаўляла яна, кідала на бацьку ледзяны позірк і пакідала полудзень ці вячэру нават усярэдзіне або ў пачатку.

Толькі аб Ляскоўскім успамінала яна з прыемнасцю і лічыла, што гэта адзіны чалавек, які заслугоўвае ўвагі. Некалькі разоў яна пры бацьку выказвалася аб тым, каб зноў запрасіць яго. І на гэта князь нічога не адказваў. Тады княгіня ад сябе паслала запросіны да Ляскоўскага. Той наведаўся раз-другі. Але ніводнага разу князь не прыняў яго, не бачыўся з ім. Княгіня з дачкою тлумачылі Ляскоўскаму, што князь да смерці любіць паляванне і часта можа забавіцца ў лесе. Але гэтыя тлумачэнні зусім сталі нічога нявартымі, калі князь не з’явіўся ў Ляскаўцы на запросіны на адчыненне гуты. З гэтага часу Ляскоўскі, якога ўсё больш пачалі непакоіць зеленкаватыя вочы і чырвоныя губы князёўны, не паказваўся больш у Росаш, хоць і атрымліваў разы два канверты, ад якіх пахла вабячаю парфумаю.

— Чаму гэта пан Ляскоўскі не заглядае да нас? — адзін раз запыталася, нібы незнарок, Ваця ў мацеры ў прысутнасці князя.

— Можа, ён абразіўся, што мы не аддалі яму візіту,— паглядаючы на мужа, адказала разумна княгіня.

Здарылася нешта незвычайнае. Князь ускочыў з-за стала, цяжкае крэсла грукнулася аб падлогу. Кабеты крыху спалохана глядзелі на князя, губы якога дрыжалі.

— Ці доўга давядзецца мне чуць ад вас пра гэтага шляхціца? Абрыдла, абрыдла мне чуць яго імя! Гаварыце, калі ласка, аб ім, аб кім хочаце, толькі не пры мне.

— Чым вам, князь Зыгмунт, не падабаецца пан Ляскоўскі? І багаты, і добрае сям’і,— зусім свецкі чалавек. Чаго вы сярдуеце на яго?

— Я не сярдую! Ха-ха-ха! Сердаваць на пана Ляскоўскага! Каб Друцкі сердаваў на нейкага там шляхціца Ляскоўскага! Гэта быў бы занадта вялікі для яго гонар.

— Дык у чым жа справа, князь Зыгмунт? Я вас не разумею.

— Гэта не дзіва, што вы не разумееце. Вашага пана Ляскоўскага я бачыць не жадаю, пані княгіня і панна князёўна!

— Усё ж не зразумела, чаму гэта так? — востра ўставіла князёўна.— Можа, таму ён вам не пажаданы, што не носіць прозвішча Патоцкіх або Радзівілаў?

— А хоць бы і таму. Ні патоцкія, ні радзівілы не дазволілі б сабе пры першым спатканні з вамі, князёўна, пусціцца ў гэты паскудны скок... Вы памятаеце ваш... ваш танга?

— Ха-ха-ха! — Князёўна доўга не магла суцішыцца ад смеху.— Вам не даводзілася бачыць, як князі, графы, куды больш вяльможныя за вашых патоцкіх, цэлыя ночы наскрозь тангуюць, ды не толькі з князёўнамі, а... а з выпадковымі дамамі, аб якіх яны на раніцу і забываюцца.

— Вы больш асвечаны ў гэтым,— сумна, з гаркатой адказаў князь, збіраючыся пакінуць адных жонку і дачку.

Ён пайшоў павольным крокам, быццам яшчэ хацеў што-колечы сказаць і не мог адважыцца. У дзвярах спыніўся.

— Пана Ляскоўскага я не хачу бачыць, і таму,— выразна вымаўляючы кожнае слова, сказаў ён адтуль,— што ён шляхціц не майго густу: калі адзін з наймацнейшых прадстаўнікоў польскае нацыі блытаецца ў польскай мове і нават лічыць карысным не ўжываць бацькоўскай мовы, то ён не можа разлічваць на маю прыхільнасць ці ўвагу. Аu revoir, mesdames! 1

Пасля гэтага гутарка аб запрашэнні Ляскоўскага ў Росаш больш ужо ніколі не падымалася. Пацягнуліся нудныя дні, калі абедзве кабеты, прымаўшыя колісь у сваіх салонах арыстакратаў розных краін і розных нацый, не ведалі, куды ім дзецца. Нават прыбіраць сябе ў найдаражэйшыя і найпрыгажэйшыя вопраткі не патрэбна было, бо не было куды і каму паказацца ў іх. Князёўна сноўдалася па сваіх вялізарных, сумных, як ваколічны хвойнік, пакоях, калі-нікалі садзілася за раяль і агалашала магільны спакой дома гукамі Вагнеравых твораў. Але давесці да канца якую-небудзь адну арыю ці ўступ да Лаэнгрына ёй ніколі не ўдавалася. Рукі слаблі і бязвольна падалі на клавіятуру. Спрабавала яна чытаць — вершы, раманы здаваліся занадта прэснымі, нічога захапляючага ў іх не было. Больш падабаліся ёй — і нават захаплялі — апісанні такіх, напрыклад, з’яў, як яванскі храм кахання, заснаваны вяльможнымі і багатымі еўрапейскімі кабетамі; падабаўся ёй «Сад пакутаў» Актава Мірбо; з палякаў яна прызнавала крыху Пшыбышэўскага. Яго «Моцнага чалавека» яна дачытала нават да канца.

Так прайшоў амаль год пасля прыезду князёў у Росаш. Невядома, колькі пражылі б яны там сярод хмурых лясоў, у старым заглухлым палацы, каб не здарыўся такі выпадак, які падштурхнуў старога князя на дзейнасць. У тую вясну, калі пан Ляскоўскі пускаў сваю гуту, князь рабіў далёкія вандроўкі па сваім неабсяжным лесе. З двума-трыма кніжкамі хронік у кабуры сядла ды са снеданнем у другой ён цэлыя дні бадзяўся па лесе, пудзячы чароды ласёў з маладымі ласянятамі. Іншы раз ён заязджаў так далёка, што заставаўся начаваць у лесе.

І вось, варочаючыся ў палац аднае раніцы, ён заўважыў ў баку ад дарогі нейкую белаватую пляму, якая зусім не падыходзіла пад звычайныя рэчы, што можна бачыць у лесе. Зацікавіўшыся, ён злез з каня, прывязаў яго і пайшоў глядзець. Стрэльбу, аднак, трымаў напагатове. Калі ён падышоў бліжэй, пляма заварушылася і набыла форму кабеты. Плечы і грудзі ў яе былі голыя. Князь збянтэжыўся, а потым нават плюнуў, забыўшыся на сваю вялікасць. З агідай павярнуўся ён да свайго каня. Але нешта быццам укалола яго ў сэрца. Ён азірнуўся назад — і скамянеў на месцы! Проста яму ў вочы ўрэзваліся стрэлы зеленкаватых жудасных вачэй дачкі. Вопратка яе была шмат дзе падрана, непакрытыя валасы ўскалмачаны, на твары, бледным, як крэйда, чырванелі дзве-тры плямкі запёклай крыві.

— Што... што здарылася з табою, дачушка? — са страхам пытаўся князь.

Дачка моўчкі ўсё глядзела на яго. Яе погляд быў поглядам сомнамбулы, толькі нейкі незвычайна востры, калючы. Князь не мог вытрымаць гэтага погляду. Дапытвацца таксама ён баяўся. Падхапіўшы дачку на рукі, ён пасадзіў яе на каня і, трымаючы, каб яна не звалілася, павёз у маёнтак.

Пачаўшыя ўжо забывацца аб тым, што ў Росашы жыве князь, паны былі ўстрывожаны зноў, калі на гасцінец выбраліся з князёўскіх лясоў вазы, на якія навалена была мэбля, куфры, сядзелі пакаёўкі, лёкаі. За гэтымі вазамі праз дзень паказаліся карэты з гербамі, фаэтоны і брычкі з дзівачна апранутымі фурманамі, гайдукамі.

Праз тры дні гэты незвычайны поезд уваліўся ў бакавую вуліцу Мінска, нарабіўшы там таксама шмат мітусяніны. Стары шавец Мотка за сваю цікаўнасць траха не злавіў па патыліцы, а «генерал» ледзь адбіваўся ад мурзатых дзяцей, якія, нібы мухі, лезлі ў вароты, прагнучы разгледзець цікавы стары дом з вежамі і флюгеркамі над яго вугламі. Стары дом аджыў. Закінуты, можа, на працягу дваццаці год, ён пачаў рыхтавацца да таго, каб зрабіцца цэнтрам увагі ўсяго губернскага шляхетнага стану.

 

1 Да сустрэчы, панове (франц.).

ІІІ

Пасля ад’езду Друцкіх у горад Ляскоўскі нядоўга ўспамінаў пра іх. Толькі часам уставалі перад ім малюнкі, як гнуткае гарачае цела князёўны абкручвалася вакол яго ў танга. Замест князёўны перад яго вачыма часцей з’яўлялася маленькая зграбная постаць канторшчыцы Зосі. Яе ўпартасць, суровая адчужанасць на працягу ўжо больш як паўгода толькі распаляла ўсё больш яго жаданні. Доўга не мог ён уцяміць сабе прычыны такое ўпартасці. Яму здавалася, што такая дзяўчына, як Зося, у якое кофта з таннага паркалю і чаравікі з тоўстага шкурату, павінна адразу пайсці да яго, абы ён паківаў пальцам. Здавалася, што і не такія аддаваліся яму пасля двух-трох гутарак. Толькі ўжо пасля хваробы Зосі, калі ён запытаўся аб ёй у бухгалтара Пісарэўскага, яму удалося, як здавалася, натрапіць на след прычыны, па якой Зося была такою ўпартаю ў адносінах да яго.

— О, панна Зося ўсё харашэе,— лепятаў Пісарэўскі на запытанне пана аб тым, як адчувае сябе канторшчыца.— Хвароба толькі надала ёй больш далікатнасці ў твары, і яна цяпер стала яшчэ шмат прыгажэйшаю, як была.

— Ці не ўкахаліся вы, Пісарэўскі, у сваю памочніцу? — са смехам запытаўся патрон.

— Гэтым глупствам, ясны пане, я не займаюся, дый наогул каханне не прызнаю.

Сказаўшы гэта, бухгалтар спахапіўся, бо неяк няздатна яно выйшла: ён добра ведаў, што пан Ляскоўскі займаецца шмат гэтым «глупствам», а прыпісаць глупства такому вяльможнаму пану ён, Пісарэўскі, ніяк не можа. Бухгалтар добра ведаў, як пан Ляскоўскі мяняў кабет; нават яму самому даводзілася быць ацэншчыкам кабет, якіх даставалі пану. Але ўсё пытанне ў тым, ці было гэта каханне. Мусіць, не! Вось і можна выкруціцца з непрыемнасці.

— Можна прызнаваць, ясны пане, толькі... толькі, як гэта сказаць? ну... фізічную блізкасць да кабеты, жадаць яе цела, а іншае там — нічога гэтага не патрэбна.

— А я і не ведаў, што вы здольны разважаць,— вы ж можаце стацца філосафам.

Бухгалтар задаволена ўсміхнуўся, нават на хвіліну напусціў на свой твар звычайную міну агіднасці, якая магла б падыходзіць і філосафу, асабліва ў якога няспраўна працуе страўнік, але хутка ён схамянуўся і сагнаў усё гэта, прыняўшы выгляд вясёлае лагоднасці, удыглівасці і адданасці пану.

— Дык вы кажаце, што панна Зося зусім ачуняла? — запытаўся Ляскоўскі.

— Так, пане. Толькі яна занадта змянілася па натуры; стала зусім маўкліваю, незачэпнаю, на мяне глядзіць ваўчком.

— Ну, гэта яшчэ нічога! Можа, на вас і нельга іначай глядзець.

— Ясны пане, каб яна так глядзела толькі на мяне, гэта б яшчэ было не так цікава. Але я думаю, што і на вас яна будзе глядзець не лепш,— адказаў Пісарэўскі, але адразу прыкусіў язык.

Пан Ляскоўскі скрыва зірнуў у бок свайго даверанага. Мусіць, словы бухгалтара абразілі яго, бо ён адразу кінуў свой прыяцельскі тон і ўжо не зусім прыязна пазіраў і гаварыў з Пісарэўскім.

— Што за кпінкі дазваляеце вы са мною? — холадна запытаўся ён.— Вам, можа, і належала б быць філосафам, але не такога гатунку мне патрэбны філосафы: не ваша справа займацца маёю асобаю.

— Выбачайце, выбачайце, ясны пане! — і кароценькая постаць бухгалтара выцягнулася, бадай, у нітку.— Я... я толькі меў сказаць вам, ясны пане, што панна Зося мае сабе кавалера і праз гэта, мусіць, так варожа... не! так стрымана да вас.

— Кавалера?

— Так, пане! Маю дакументальныя таму доказы. Гэта — майстра з паперні.

— Зыкаў?

— Ён, пане.

Пісарэўскі пусціўся апавядаць аб тым, як часта Зыкаў хадзіў у школку, як нават начаваў там, калі «панна Зося была нібы хворая», як яны ездзілі ў чаўне па рэчцы.

Мусіць, доўга ён выкладаў бы ўсе дробязі, занатаваныя ім аб адносінах Зыкава і Зосі, але пан Ляскоўскі перапыніў яго ў гэтым.

— Глупства гэта! Ніякага там кахання няма і не можа быць. Ну, але на кожны выпадак — наглядайце. Фізічнае блізкасці, як вы кажаце, паміж імі не павінна быць дапушчана. Зразумелі?

— Зразумець-то я зразумеў. Ведаю, што пану патрэбна свежая... ягадка, але ж як яе даберагчы, вось у чым справа?

— Дзеля гэтага вы і філосаф, каб дадумацца.

Пісарэўскі зноў задаволена расплыўся. Гэта ж не жарты атрымаць ад такога пана, як Ляскоўскі, які і багаты, і вучыўся шмат, і быў там у гэтых Парыжах, дык вось атрымаць прызнанне свайго розуму. Ён, Пісарэўскі, мусіць задаволіць даверанасць пана і пастараецца зрабіць усё, каб той быў удзячны яму. А панская ўдзячнасць для Пісарэўскіх — гэта ж усё жыццё, апроч таго, што можна лепш жыць, разлічваючы на падзяку, але ў ёй ёсць нешта, нават на першы погляд нематэрыяльнае — гэта пакой, прыемнасць, якую адчувае такі чалавек, зрабіўшы ўслугу вышэйшаму за сябе.

Пісарэўскі пачаў сваю «філасофскую» працу. У кожнай філасофіі адным з асноўных метадаў з’яўляецца нагляданне. Іншых Пісарэўскаму і не патрэбна было, ды іх ён і не ведаў. Што ж да наглядання, дык ён не шкадаваў ні вачэй, ні вушэй сваіх. Увесь дзень ён прыглядаўся да Зосі, заўважаў усе рысы і водцені на яе твары. Звычайна цяпер ён прыходзіў у кантору раней часу. Стаўшы каля акна, ён чакаў, калі пакажацца Зося, і садзіўся ў сваё крэсла, як толькі абцасы яе чаравік бразгалі на сходках да ганка.

Ён бачыў, як сінелі вочы Зосі, і губы яе былі зложаны ў вясёлую ўсмешку, калі яна ішла па двары, і як яны рабіліся сурова цьмянымі, як толькі трапляла яна ў кантору. Увечары яна роўна ў тэрмін канчала працу, хутка апраналася і, прастукаўшы ў сенцах дробнымі крокамі, якія рабіліся часцейшымі, як яна аддалялася ад канторы. Здавалася, на крылах ляцела ў бок гасцінца, дзе стаяў замшэлы будынак школы. Яе лёгкая чырвоненькая хустачка яскравым матыльком трапятала на шэрым фоне парку, агароджы.

— Дурная,— мармытаў сабе пад нос бухгалтар, улазячы ў глыбокія калёшы.

Зося нездарма спяшалася дамоў. Кожны вечар цяпер Зыкаў наведваўся ў школу. Доўгія лістападаўскія вечары, калі за акном гудзе вецер, кідаючы ў шыбкі цэлыя скруткі сухога лісця ці адбіваючы па іх звонкі дроб кроплямі дажджу, з’яўляліся самымі шчаслівымі для Зосі. Бацька звычайна сядзеў за сваім столікам пад лямпаю і старанна і ўважліва выпраўляў пісьмовыя працы сваіх вучняў. Зыкаў прыходзіў гадзін каля васьмі, адразу з працы. Яна нібы незнарок сустракала яго ў сенцах і неяк здаралася, што апякала свае губы аб яго ў кароткім, рыўком, пацалунку. Потым увесь вечар сядзелі каля адной лямпы, кожны заняты сваёю справаю: Пятрусь Мікалаевіч, скончыўшы вучнёўскія работы, прымаўся за тоўстага Гельмольта або Ранке; Зыкаў даставаў аднекуль з-за пазухі жаўтаватыя, крыху скамечаныя лісты, у якіх нельга было збоку заўважыць пачатку ці канца, і ўважліва чытаў іх, нават па некалькі разоў адно і тое ж самае месца. Зося заўважала гэта і пыталася ціха, ці не завучвае ён што-небудзь на памяць.

— Гэта трэ было б ведаць на памяць, але нешта не паддаецца.

— Чаму?

Замест адказу Зыкаў рабіў такі знак, з якога было відаць, што ў яго галава падзялілася на дзве часткі: кніжка і ўсё іншае, а ў другой — Зося. Зося разумела гэты знак, і здаволена чырванела, апускаючы свае сінія вочы над шытвом, з якім яна звычайна падсядала да стала.

Вісеўшыя ўжо з месяц на небе нізкія хмары, надаваўшыя ўсяму кругавіду свінцовы колер, разам, у адзін вечар, у канцы лістапада, разарваліся. Праз шчыліну зірнула ружова-зялёнае неба. Палоска бадзёрага блакіту рабілася ўсё шырэйшай ды шырэйшай, і праз якую-небудзь паўгадзіну толькі вузенькая стужка чорнага мошасту на ўсходзе напамінала аб мінулых дажджах ды туманах. Увесь захад палаў ружова-чырвонаю зарою. Проста над галавою сям-там замільгацелі зоркі, якія ўсё ядранелі, як пакарочваліся хвалі ружовага полымя на захадзе. Пад поўнач зямля пачала касцянець...

Дні праз два стала рэчка. Адтуль нёсся безупынны гоман вясковых дзяцей. Коўзанка была самая лепшая. Яшчэ тонкі, гнуткі лёд быў роўны і блішчасты, як люстэрка. Праз яго відаць былі на дне рэчкі трава, карчы, нават рыба, шукаўшая выйсця на паветра... Дні былі сонечныя, ціхія. Ночы — бліскучыя, з сінімі, трапяткімі зоркамі.

Выпаў першы тонкі сняжок, які ледзь прыкрыў пажоўклыя сенажаці. Ралля на полі, калі паглядзець на яе здалёк, напамінала чараду курапатак: бела-чорныя плямкі мільгацелі ў вачах і, здавалася, варушыліся на месцы. Гэтая шэрань апранула ў срэбра дрэвы, кусты, якія дыяментамі блішчалі на сонцы.

Зося ў гэты дзень яшчэ больш спешка выскачыла з канторы. Якраз гэты дзень быў перад святам, і яна ўмовілася з Зыкавым пайсці на рэчку або нават і ў лес. Бадзёры вечар з лёгкім марозам клікаў на вуліцу, клікаў туды, на рэчку, адкуль нёсся рогат і гоман не толькі дзяцей, але і дзецюкоў, і дзяўчат. Зося хутка ўпарадкавалася дома і чакала з нецярплівасцю Зыкава, які і ў гэты дзень не мог скончыць працу раней шасці гадзін.

Дзеці цэлымі натоўпамі ішлі назад у вёску, калі Зыкаў з Зосяю сыходзілі да рэчкі. Там заставаліся толькі дарослыя, якія рагаталі, гукалі, пішчалі, налятаючы адзін на аднаго або падбіваючы на слізкім лёдзе. Зося моцна ўчапілася за руку Зыкава, як толькі ногі яе ступілі на ненадзейную стужку закованае рэчкі. Але як ні імкнуўся цвярдзей ісці павадыр, моцна прыціскаючы да сваіх грудзей руку Зосі, ён не справіўся са сваёю задачаю: нага яго раптам сунулася ўбок, і праз момант яны абое ляжалі на лёдзе, рагочучы на ўсё горла. Дарэмна яны спадзяваліся разам устаць, бо ногі зноў ляцелі прэч і нельга было адарвацца ад гэтага імавернага лёду. Калі Зыкаў падымаў Зосю, ён блізка-блізка прыгарнуў яе да сябе і адчуў, нібы загойдаўся пад ім лёд. Зося падняла свой запалаўшы твар, на якім трапяталі дзве-тры космачкі яе валасоў, і кінула доўгі гарачы погляд на Зыкава, ад чаго нешта зазваніла ў яго сэрцы.

Яны праходзілі міма натоўпу дзяўчат і хлопцаў, якія камячыліся на адным месцы, то роўным шнурком з гойданнем несліся па каўзелі. Калі хто падаў, то праз момант навальвалася цэлая куча і паднімаўся такі гармідар, што нельга было разабраць паасобных галасоў. Толькі адна постаць стаяла крыху збоку, не прымаючы ўдзелу ў гэтай забаве. Прыгледзеўшыся пры малочным свеце месяца, Зыкаў пазнаў Ганулю, дачку свайго хатняга гаспадара. У лыкавых лапцях, у старэнькім кажушку яна выглядала нейкаю чужою сярод дзяўчат. Ніхто з хлапцоў не падыходзіў да яе.

— Ты што ж сумуеш, Гануля? — не сцерпеў запытацца ў яе хоць і здалёк, Зыкаў.

Дзяўчына здрыганулася, абярнулася на голас, але раптам зноў пачала пазіраць у другі бок.

Зося зашаптала Зыкаву:

— Давай пойдзем крыху ў лес. Там, мусіць, так добра цяпер!

Пад руку яны крануліся да другога берага рэчкі, дзе стаяла белая, блісцеўшая на месяцы сцяна кустоў. Лёд гучна цокаў пад іх абцасамі, і яны не чулі, як за імі ціха зашоргалі па люстэрку рэчкі лыкавыя лапці.

Перламутравы свет ліўся з неба. Месяц глядзеў на зямлю скрозь лёгкі туманчык. У паветры насіліся дробненькія-дробненькія дыяменцікі шэрані, якія мірыядамі зорак блішчалі, трапляючы ў бляск месяца. На маладых хваінках, на канцах іх галля стаялі тоненькія стажкі снегу, напамінаючы чыстыя белыя свечкі. Пад нагамі ледзь рыпаў тонкі яшчэ снег, і гэты рып надаваў бадзёрасці, жыццярадасці. Зося блізка прытулілася да Зыкава. Яны моўчкі ішлі між калонамі хваін, пад стрэхамі цёмных ялін, дзе яшчэ снег не закрыў мяккае коўдры мху.

— Памятаеш, Паўлючок, ты даклераваў мне многа аб сабе сказаць,— прагаварыла Зося, калі яны прыселі на павалены пень адпачыць.

— Непрыемна аб сабе гаварыць,— адказаў Зыкаў.

— Можа, гэта і праўда. Але мне так хацелася б ведаць, што-небудзь аб тваім мінулым жыцці. Я ж так... так кахаю цябе,— нясмела сказала яна і засаромелася.

— А я пакахаў цябе такою, як ты цяпер, і да твайго мінулага мне няма ніякае справы.

— Найгоршыя здарэнні са мною ты ўжо ведаеш, а раней, што было — драбніца. Я кахаю цябе першага, а раней — раней я была ў школе, гімназіі, толькі і ўсяго.

— Цяжка мне апавядаць пра сябе,— разважна, як быццам здалёк, адказаў Зыкаў.

— Можа, можа, ты мяне і не кахаеш? — прагаварыла скрозь слёзы дзяўчына.

— Што ты, Зосечка? Не можна нават і думкі такое дапускаць у тваю чыстую галаву. Я думаю, што нельга звязваць каханне наша з мінулым ці будучым... Ну але калі так хочацца табе — я скажу аб сваім мінулым жыцці. Толькі... толькі адна мая вялікая просьба, такая моцная просьба, як маё каханне: схавай маё апавяданне глыбока ў сябе, толькі для сябе; ніхто іншы не павінен нічога ведаць аба мне.

Зыкаў доўга думаў, збіраючыся пачаць. Відаць было, што яму цяжка загаварыць. Зося нерухома глядзела яму ў вочы, нібы сваім поглядам імкнулася выклікаць думкі яго, надаць ім форму слоў. Нарэшце Зыкаў пачаў, але не адразу гутарка яго стала гладкай.

— Курная хата, як цяпер у майго гаспадара Кавальчыка — вось першае, што я помню з сваіх першых дзён...

Зімою, бывала, нарасце на шыбках шэрані столькі, што днём па кутках цёмна, хоць агонь запальвай. Дзяцей у нас было шмат: у майго бацькі і дзядзькі. Цэлымі днямі, асабліва зімою, стаяў несупынны крык: там малое нема раве, там стогне іншае ў адры, там б’юцца за кавалачак хлеба, калі маці суне, бывала, таму, хто больш надакучыць крыкам. Уночы ўсю хату завальвала наша сям’я; спалі на печы, на лавах, услонах; пад палом жавалі салому авечкі, на палу — упокат ляжалі людзі. Я дамагаўся спаць на палу, у куточку, бо там было цёпла ад гною. Вось як я жыў у маленстве. Не лепш стала, калі мой бацька аддзяліўся, перайшоўшы жыць у старую хату, якая да гэтага часу займалася пад каровін хлеў. Тая самая цесната, тыя ж авечкі пад палом.

Калі мне было гадоў з шэсць, то два здарэнні надоўга запалі мне ў памяць. Першае, я заўважыў, што мой бацька кожнае свята лезе ў пустую пасу і сядзіць там увесь дзень. Звычайна, пасля палудня, у гэтыя дні падыходзіў да акна нейкі дзядзька (рыжая барада была ў яго) і пытаўся, дзе гаспадар. Мая маці адказвала, што яго зранку няма дома. Чужы дзядзька нешта лаяўся і ішоў за вароты. Праз паўгадзіны вылазіў з пасы і бацька. Мяне гэта надта цікавіла, і я кожны раз дапытваўся, чаго ён хаваецца, але мне не адказвалі. Толькі раз я крыху даведаўся, рыжая барада была ўжо на дварэ, а бацька еў бульбу.

— Сотнік ідзе, а чыншу ж няма,— крыкнула матка, і бацька ледзь паспеў скочыць у пасу.

Але, мусіць, сотнік таксама пачаў хітраваць. Адзін раз ён зноў вярнуўся да нас праз гадзіну пасля таго як адышоў ад дзвярэй. Паса ўжо не пасабіла. Прывялі двух яшчэ сялян і павалаклі бацьку да воласці. Я пабег ззаду. І вось... бачу, як цяпер: знялі адзежу, і стораж пачаў прутамі біць па голым целе; кроў лілася, бацька енчыў, круціўся, але яго моцна трымалі, седзячы адзін на галаве, другі на нагах. Прыйшоў бацька дамоў праз тыдзень, прасядзеўшы гэты час у халоднай. Пакуль ён сядзеў, прадалі нашу карову. Маці галасіла па ёй, як па нябожчыку.

Другое здарэнне было перад вялікаднем, як цяпер памятаю — у чацвер. Маці памыла нас усіх, дзяцей, а бацька запрагаў каня: мы збіраліся ўсе ехаць да царквы — прычашчацца. Увайшоўшы ў хату, бацька нешта доўга кошкаўся ў кутку, хадзіў без усякае патрэбы ўзад і ўперад, а потым звярнуўся да мяне:

— Схадзі,— кажа,— да Сцяпана, няхай пазычыць паўрубля; скажы, што трэба нам усім на споведзь.

Я пайшоў у новай зрэбнай кашулі і нават у лапцях, хоць зімою іх і не насіў яшчэ зусім.

— Скажы бацьку, што я не паверу яму нават і паўрубля, і, хоць нават на споведзь! — адказаў мне сусед Сцяпан, нават не пусціўшы ў хату.

Калі я сказаў аб гэтым, бацька мой пачарнеў і стараўся не глядзець нікому ў вочы, маці прараніла слязы дзве, мы, малыя, доўга плакалі, бо ўсіх знялі з воза, які павінен быў нас павезці ў невядомую далечыню, дзе так, мусіць, многа цікавага, добрага.

— Няхай ён задушыцца сваімі грашамі,— прагаварыў бацька.

— А як жа споведзь, Трахім? — запыталася маці.

— Споведзь? А ліха з ёю, ліха з папом!

Маці толькі вохнула: так спалохалася яна кары боскае.

— Пачакай, твой бацька быў Трахім? — запыталася Зося.

— Т-так, Трахім,— не адразу адказаў Зыкаў.

— Як жа гэта? Ты ж завешся Павел Еўсцігнеевіч?

— Пачакай крыху, і аб гэтым ужо скажу,— зусім непакойліва адказаў ён.

— Ну, дык вось як жылі. Ад гэтых двух выпадкаў, якія больш урэзаліся ў памяць, бо маюць адносіны да майго далейшага жыцця, у мяне захавалася вострая пагарда і да гэтага часу. Ад успамінаў аб іх у мяне і цяпер шчыміць сэрца... Калі мне было дванаццаць год, бацька раз увечары, вярнуўшыся аднекуль, спытаўся ў мяне, ці не хацеў бы я ісці ў горад на заработкі. «Можа, там чалавекам станеш, а тут, на вёсцы, будзеш гібець усё жыццё, як і я», дадаў ён. Вядома, я быў рады. Неяк згаравалі мне боты, і каля Пакроў, разам з матчыным братам, які прыязджаў дадому з Пецярбурга, я паехаў па чыгунцы. Дзіўлюся я і цяпер з сябе, успамінаючы гэты ад’езд: мне ані не шкода было пакідаць вёску, сваіх родных. Можа, у гэтым вінна была мая жорсткасць, якую я адразу адчуў адзін раз у сакавіку, калі вымушаны быў бегчы вярсты са дзве босы па нерасталым яшчэ снезе да сваякоў маткі за палатном на труну мае памёршае сястры. Помню, тады апанавала мяне вялікая злосць на ўвесь свет, нават на бацькоў. Можа, і праз гэта я не шкадаваў вёскі...

У Пецярбургу аддалі мяне вучнем у мэталёвую майстэрню. Нас было чатырох такіх хлопцаў, як і я. Жылі мы ў самой майстэрні, якая змяшчалася ў сутарэнні. Духата і смурод ад газавых літоўнікаў ніколі не выходзілі з гэтага памяшкання. Спалі мы на голай падлозе, падлажыўшы пад голаў свае боты і анучы. Асабліва надакучаў голад: нам грошай не плацілі зусім, а толькі кармілі дарам — раніцою гарбата з хлебам, а ўвечары абед, ад якога заўсёды смярдзела кіслаю аўчынаю.

Гаспадар наш, які яшчэ сяк-так абыходзіўся з падмайстрамі, нас біў часта, біў насмерць. Звычайна разы тры на тыдзень ён прыходзіў у майстэрню з пахмелля, з распухлым тварам і абвязанаю галавою. За невялічкую правіннасць або нялоўкасць ён аграваў чым папала. Адзін раз ён так трэснуў мяне літоўнікам па галаве, што я ледзь прыйшоў да памяці, а потым з тыдзень быў як непрытомны. Чатыры гады жыў я так, пакуль пачаў атрымліваць заработак грашмі. Пасля гэтага хутка я кінуў майстэрню і перайшоў на вялікі трубачны завод.

Тут я патаварышкаваў з адным рабочым, які спадабаўся мне сваёю цвёрдасцю і стрыманасцю. У мяне, мусіць, яшчэ засталася вясковая адчужанасць і баязлівасць, і таму гэтага мне больш падыходзілі людзі ціхія. Але спакойнасць майго новага таварыша была зусім іншага характару. Ён проста не меў часу займацца рознымі гульнямі ці вадзіць шырокае знаёмства. Выгляд яго быў заўсёды задуменны; вольны час ён скарыстоўваў ці на чытанне, ці на гутарку з двума-трыма таварышамі. Ад яго і я даведаўся шмат чаго. Гэта ён першы пазнаёміў мяне ўвогуле з тым злом, якім з’яўляецца наш расійскі царска-панскі лад; ён першы вытлумачыў мне, чаму мой бацька хаваўся ў пасу ад соцкага, чаму рабочы на заводзе працуе іншы раз больш дванаццаці гадзін. Коратка кажучы, неўзабаве я зрабіўся блізкім сябрам гэтага чалавека, а праз яго — сябрам яшчэ некалькіх нашых рабочых. Я ведаў, што такія групкі рабочых маюцца і на іншых заводах, і з вялікаю ахвотаю хадзіў да іх па даручэнню маіх таварышаў. Мы адчувалі сябе моцнымі, бо мы былі аб’яднаны агульнаю думкаю і былі не адны. Колькасць нашых сяброў павялічвалася хутка. Мы лічылі, што толькі аб’яднанымі сіламі рабочых можна скінуць царскі пасад, а разам з ім і сацыяльны ўціск, і пабудаваць новае вольнае жыццё.

— Дык ты таксама быў рэвалюцыянерам, Паўлік? — ажывіўшыся, запыталася Зося.

— Быў і застаюся. Праз тое, што быў рэвалюцыянерам, трапіў у астрог, прасядзеў два гады.

— Як жа там у водзыве напісана, што «ни в чем предосудительном замечен не был?». Памятаеш паперку, што я знайшла ў пана Ляскоўскага?

— Памятаю, але там гэта не пра мяне напісана. Аб нейкім Зыкаве, якога я ніколі не бачыў.

Зося адскочыла ўбок і здалёк неадчэпна-спалохана глядзела на таго, каго яна прызвычаілася лічыць Зыкавым. Аблічча і імя так асацыяваліся ў яе, што яна ніяк не магла зразумець магчымасці разлучыць адно з другім. Ёй нават здавалася часам, што ён або кпіць з яе, або мае нейкую недарэчнасць у мазгах, аб якой яна дагэтуль не ведала. Зося недаўменна і са страхам пазірала — яна нават не ведала, на каго цяпер.

— Я «не уроженец Тверской губернии Павел Евстигнеев Зыков», а беларус... прозвішча маё такое, што за адно яго, калі даведаюцца, павесяць.

Зося з жахам падскочыла да яго, да болі ўчапілася яму ў руку.

— Скажы ж мне, як зваць цябе, цяпер я не ведаю... як думаць нават аб табе.

— Мяне завуць сапраўды,— ціха прагаварыў ён,— Гаўрыла Трахімавіч Росяк, але ты павінна зваць мяне, як і ўсе, Зыкавым Паўлюком Еўсцігнеевічам.

— Чаму гэта так трэба?

— Таму, што Росяк уцёк з астрога да пары і яго чакае далейшая кара, а майстар Зыкаў толькі захварэў, ачуняў і паехаў у іншае месца шукаць працы. Росяк з пашпартам Зыкава прыехаў да пана Ляскоўскага.

— Адкуль жа ты ўзяў гэты пашпарт?

— Ну, гэта не так цікава, я, можа, калі больш падрабязна скажу аб гэтым... Дык вось мая гісторыя. Холадна, мусіць, табе, пойдзем дадому.

Яны пакінулі пень, на якім сядзелі, і пайшлі назад да рэчкі. Ззаду за імі рыпнуў снег і шаснула галлё. Але яны не заўважылі гэтага, будучы заняты глыбока сваімі думкамі. Зыкаў адчуваў нейкую ўнутраную няёмкасць ад таго, што не стрымаўся расказаць Зосі аб турме і змене прозвішча. Недзе глыбока казлытала думка, што нядобра ён зрабіў, уцягнуўшы дзяўчыну, якая толькі пачынае жыць, у такі складаны клубок яго жыцця і чыннасці. Яна кахае яго — гэта так, але ці здолее яна вытрымаць такую цяжкую таямніцу, ці варта было навальваць на яе такі абавязак, на такую яшчэ нясталую? А калі яна не вытрымае? Тады не толькі для яго небяспека, а можа парушыцца і тая справа, якую з такімі перашкодамі яму ўдалося крыху наладзіць. Дробку будучае арганізацыі ён ужо залажыў у гэтым нават глухім кутку: было б вялікім злачынствам, калі б яна загінула праз яго нястрыманасць. Ну але біць пакаянную — позна. Зося — шчырая дзяўчына, і нічога дрэннага ад гэтага прызнання не будзе.

Зося ішла з ім побач. Хоць ён і трымаў яе пад руку, але не адчуваў таго прытульвання, якое так лашчыла яго па дарозе ў лес. Дзяўчына глядзела перад сабою, глыбока думала, і толькі каля брамкі школы яна падняла вочы, у якіх засвяцілася пяшчота і цяпло. Але як толькі Зыкаў адышоў, развітаўшыся, задуменнасць зноў ахапіла яе.

 

IV

Смутныя дні пачаліся для Зосі. Калі раней яна бачыла ў Зыкаве спагаднага, мяккага чалавека, разумнага і досыць далікатнага, які так па-таварыску адносіўся да яе і, яна адчувала, кахаў яе, кахаў не так, як брат ці бацька, такога чалавека, якому яна не пасаромелася сказаць аб брудных учынках з ёю пана Ляскоўскага, то цяпер гэты яго вобраз завалокся нечым няясным, няпэўным. Апроч таго, у яе дзявочых летуценнях той чалавек, якога яна пакахае, здаваўся якім-небудзь не зусім звычайным. Жыццё ж Зыкава, або Росяка, ці як яшчэ там, было такім, паводле яго ўласных слоў, цьмяным, гаротным, што ніякім флёрам вышэйшае паэзіі яго апрануць было нельга. Праўда, ён займаўся нейкімі там справамі, за якія сядзеў у астрозе. Ён быў рэвалюцыянерам. Але сучасны яго выгляд не мае адбіткаў геройства. Аднак Зыкава параўнаць няма з кім: ён усё ж вышэй ад усіх тых людзей, што акружаюць яе.

Зося займалася такімі разважаннямі і ў часе службы і дома, нават у прысутнасці самога Зыкава. Яна заўважыла, што ў той вечар, калі ён не прыходзіў, больш смутныя думкі ахаплялі яе, з’яўляліся розныя непаразуменні з сабою. Але даволі было Зыкаву сядзець тут, у пакоі, схіліўшыся над кніжкаю, як яна супакойвалася: ціхая радасць сыходзіла ёй на сэрца, і яна то з захапленнем, то з пяшчотаю паглядала на яго твар, асветлены ўпартаю думкаю, аздоблены рыскамі асаблівае рашучасці. Праз некалькі дзён яе душэўная мешаніна, выкліканая апісаннем жыцця Зыкава, мінулася, і яна, як увесь апошні час, трапятліва чакала яго прыходу, сустрэч з ім.

Аднак яе нагнала новая хваля цяжкіх разважанняў. Адзін раз, калі Зыкаў выходзіў са школы каля поўначы і Зося прыхілілася да яго ў цемры сенцаў, ён, пасля кароткае развагі, запытаў ціха, у самае яе вуха, калі яны стануць жанатымі. Зося адскочыла ад яго і нічога не змагла адказаць — так была ўсхвалявана. Моўчкі вярнулася яна ў пакой, з моцна торкаўшым сэрцам пастаяла каля дзвярэй, пакуль не бразнулі дзверы знадворныя, і кінулася ў сваю баковачку. Цэлую ноч праляжала яна без сну, некалькі разоў усхаплялася, запальвала свечку, сядзела з бяздумнымі, здавалася, вачыма. Самая думка аб шлюбе была такая незвычайная, што яна зусім не ведала, як да яе падысці. Гэтая думка палохала, ледзяніла сэрца, страшна было думаць аб тым, што будзе пасля шлюбу. Часамі здавалася Зосі, што яна больш не зможа сустрэцца з Зыкавым, што цяпер скончылася пара шчырых, ясных адносін. Што ёй адказаць? Можа, так і пакінуць без усякага адказу? Зыкаў забудзецца аб сваім запытанні, пройдзе час, і яны будуць зноў проста так кахацца. Ёй калола нешта ў сэрцы, калі прыходзіла думка, што Зыкаў можа зусім кінуць бачыцца з ёю, калі яна не адкажа згодаю на яго прапанову. Ёй было і страшна, і соладка.

Пятрусь Мікалаевіч быў надта занепакоены тым выглядам, які мела дачка на другую раніцу. Палаўшы яе твар, сухія патрэсканыя губы, бліскучыя вочы прыдавалі ёй выгляд хворае. Ён з пяшчотай падышоў да яе і пачаў прасіць, каб яна легла ў пасцель, не выходзіла б, пакуль не наведаецца хоць фельчар, які быў у вёсцы. Слухаючы перапалоханы голас бацькі, бачачы яго ласкавую клапатлівасць, Зося горка думала аб тым, што ёй нават няма з кім параіцца, няма каму расказаць аб сваіх сумненнях і сваім шчасці.

Пры гэтай думцы ёй стала яшчэ больш крыўдна на свет, яшчэ больш шкада самой сябе. Напружанасці ўсіх адчуванняў яна не вытрымала і залілася гарачымі слязьмі.

— Што з табою, галубка мая? — запытаўся бацька, зусім збіты з панталыку.

Зося абхапіла яго шыю рукамі і без сілы схілілася галавою яму на грудзі. Плач доўга не даваў ёй гаварыць.

— Татачка, родны! Дапамажы мне! — скрозь плач вырываліся ў яе паасобныя словы.

— У цябе баліць што, Зосечка?

— Нічога ў мяне не баліць! — выкрыкнула Зося.— У мяне на сэрцы гарыць, галава круціцца, я не ведаю, што рабіць. Дапамажы мне, як бацька, як родны, чаго ніхто не зробіць.

— Ну скажы ж, у чым дапамагчы табе?

— Вось... скажы... ісці мне замуж ці не? — апошнія словы яна вымавіла скорагаворкаю і задыхнулася.

Пятрусь Мікалаевіч страпянуўся, спалох яго крыху разышоўся. Нават хітраватая ўсмешка паказалася на яго губах.

— За каго? — Ён ужо весела глядзеў на дачку, чакаючы адказу.

— За... за... Зыкава! — адказала яна і схавала галаву пад бацькаў пінжак.

— Можна было б і пачакаць табе з замужжам, ты яшчэ толькі-толькі выйшла з падлеткаў. Ну, але... Што ж, ён прасіў цябе аб гэтым і ты згадзілася?

— Я нічога не адказала, спалохалася. Але я ведаю, што кахаю яго! — ціха, пачырванелая, як вішня, прызналася яна.

— Ну добра, што запыталася ў мяне. Я пярэчыць не буду, хоць «малады» ён — не зусім звычайны. Настаўніцкая дачка за каго звычайна ідзе? Ну, за дзяка, пісара, настаўніка, паштавога чыноўніка і іншую службовую «братню». Зыкаў жа — ні то рабочы, ні то тэхнік, сёння тут, заўтра за трыдзевяць зямель. Адкуль ён сюды прыйшоў, што з ім было раней — нікому невядома. Які будзе ён муж, сказаць нялёгка. Чалавек ён, відаць, не кепскі, для свайго стану разумны і здатны. Калі кахаецеся, то выходзь. Я не хачу камандаваць у гэтым.

Гэтыя сухаватыя разважанні бацькі не толькі не дапамаглі Зосі знайсці адказ на тое, што мучыла яе, як дзяўчыну і кабету, але пасеяла яшчэ больш смутку ў яе сэрцы. Бацьку таксама здавалася будучыня шлюбу няпэўнаю, хоць ён разглядаў гэтую будучыню зусім з іншага боку.

— Я сама падумаю аб гэтым,— спаўшым голасам прагаварыла Зося і спалохалася за сваю самастойнасць у такім пытанні.

На службу яна не пайшла, увесь дзень хадзіла як непрытомная: пад вечар зайшла да Кавальчыкаў, у хату Зыкава, і пакінула там пісульку.

Зыкаў з’явіўся нават раней, чымся вызначана было ў лісце Зосі. З твару яго быццам сыпаліся праменні радасці. Самы ліст ужо сведчыў аб тым, што ўчарашняя прапанова яго не адкінута.

Пятрусь Мікалаевіч сустрэў яго ветліва, але няёмкасць старога адчувалася даволі выразна.

Зося, змучаная бяссоннаю ноччу і беспакойным днём, прывіталася з Зыкавым так напружана, што ў таго зусім апала сэрца. Зыкаў бачыў, што аб яго прапанове шлюбу ведае ўжо і бацька. Гутарка ніяк не завязвалася, пачуцці ва ўсіх траіх былі напружаныя.

— Пятрусь Мікалаевіч, выбачайце мяне, калі я выйду ў клас і папрашу Зосю Пятроўну паказаць мне вучнёўскую бібліятэку: я даўно хацеў азнаёміцца з ёю. Вы не адмовіцеся? — звярнуўся Зыкаў перш да бацькі, а потым да Зосі.

— Калі ласка,— усміхнуўся стары на гэтую ясную для яго хітрасць.

Зося моўчкі пайшла ўперад з лямпаю ў руцэ. Шкло дрыжала і дробна звінела. Твар дзяўчыны то бялеў, як крэйда, асветлены лямпаю, то зелянеў, калі на яго падаў цень ад абажура. Гэтыя змены святла і ценяў надавалі Зосі суровы выгляд, які мала стасаваўся і з яе ўзростам, і з яе натураю.

— Я думаю, што ты не сярдуеш на мяне за ўчарашнія мае словы! Але ж у цябе такі... такі асаблівы выгляд, Зося?

— Мне надта цяжка,— ледзь адказала яна.

— Страшна замуж ісці? А як жа з каханнем, Зосенька? Я больш мучыцца не магу,— з нахлынуўшым, як паводка, пачуццём прагаварыў Зыкаў і абхапіў дзяўчыну ў магутным уздыме.

Яна хістанулася, як тонкая галінка плакучае бярэзіны пад ветрам, і замерла ў яго руках.

— Я згодна на ўсё, што хочаш,— слаба прашаптала яна, і яе вусны зліліся з яго вуснамі.

Яшчэ нямоцную, пасадзіў ён Зосю на ўслончык парты, а сам з лямпаю падышоў да шафы і нібыта пачаў разглядаць кніжкі. Але раптам другая рука ўзялася за лямпу і паставіла яе на акно.

— Ну дагоніш мяне ці не? — і Зося віхрам панеслася між партамі, па партах, пераскокваючы з адной на другую. Зыкаў першы раз голасна рассмяяўся, махнуў рукамі і пусціўся лавіць яе. Але яго буйнаватая фігура кепска спраўлялася з вузкімі праходамі, з невядомымі яму паваротамі. Удабавак акуляры яго ляпнуліся на падлогу; зазвінела жаласна выскачыўшае шкельца.

— Эх ты, бягун! І як ты адтуль уцёк?

Зыкаў зразумеў гэты жартаўлівы ўпік. Аднак, хоць гэта былі і жарты, але яны прыпынілі яго вясёласць. Зося таксама прыціхла пад уплывам гэтых слоў, якія яна сказала нават не абдумаўшы. Прыціхшыя, вярнуліся яны да Петруся Мікалаевіча, якому Зыкаў крыху ўрачыста абвясціў аб тым, што ён жадае жаніцца на Зосі.

— Благаслаўляць вас?.. э... не... веру я і сам у гэта. Проста жадаю вам шчаслівага сумеснага жыцця,— дрыжачым голасам прагаварыў стары і з мокрымі вачамі пацалаваў Зосю і зяця.

— Шануйце яе, яна яшчэ зусім блазан.

Блакітныя агеньчыкі скакалі з вачэй Зосі. Яна, слабая, абаперлася на руку Зыкава.

— У галаве ў мяне ўсё пераблыталася,— як праз сон прагаварыла яна.

Стары выйшаў за дзверы. Яны селі на канапу і моўчкі з захапленнем глядзелі адно аднаму ў вочы. Раптам сударга прайшла па целе Зосі, і іскры зацмелі ў яе прамяністых вачах.

— А калі даведаюцца, што ты не Зыкаў? — Рука Зосі, ляжаўшая на плячы яго, сасклізнула ўніз.

— Гэтага не павінна быць,— цвёрда адказаў Зыкаў.

— Мне ўсё ж страшна,— шапнула яна.

— Цяпер перад намі абоімі вялікая праца. Ты побач са мною пойдзеш па шляху барацьбы са старым за новае, і трэба мець для гэтага належную адвагу.

— Я разумею, я рада быць з табою, але ж вось нічога не зраблю са страхам.

— Зося, мы яшчэ не зламалі жыцця адзін аднаму і... калі ты адчуваеш якую-небудзь непрыемнасць або непаборную цяжкасць, дык... можна... разысціся. Толькі мне гэта было б страшна цяжка... так цяжка.

— Не, не! Толькі не гэта! Я перамагу сваю боязнь, паспрабую забыцца аб тым, што ты не Зыкаў. Я з табою буду заўсёды, Паўлючок!

Зося зноў прытулілася да яго, гладзіла яго валасы, шукала яго руку. Але ўсё ж блакітныя агеньчыкі яе вачэй не былі такімі жвавымі. Часта погляд яе быў такім, быццам яна ўглядалася ў нязмерную далечыню або, наадварот, у сярэдзіну самой сябе. Не змаглі канчаткова ажывіць яе і лёгкія вясёлыя гутаркі Зыкава аб розных здарэннях, якія яму даводзілася наглядаць пры яго разнастайных занятках і вандраваннях. Так і пакінуў ён засмучаную ўглыбі сваю маладую.

Засмучаны выйшаў ад настаўніка Зыкаў. Што будзе, калі пад уплывам сваіх пачуццяў кахання Зося дала згоду на шлюб, а страх перад яго мінулым і будучыняю ў яе застанецца? Яна будзе ўсё часцей ды часцей падпадаць пад уплыў гэтага страху, жыццё гэта ёй надакучыць, і замест радасці будуць для яе адны пакуты. Можа, ёй больш падыходзіла б спакойнае жыццё, забяспечанае больш пэўнымі ўмовамі? Але ж Зося з самага пачатку іх знаёмства здавалася яму шмат вышэй звычайных «барышень». Яна мела жвавасць, імпэт, захапленне, адзыўнасць на гора іншых, яна можа зрабіцца партыйнаю работніцаю. Да ўсяго гэтага яе хараство, яе поўныя цяплыні і кахання да яго вочы, яе гарачыя, як вугалі, губы... У Зыкава зайшлося ў галаве ад успаміну аб пацалунку ў класе сёння... Не, гэты страх — часовы. Можа, проста ў Зосі падвышаная нервовасць пасля дня і начы, на працягу якіх яна не зводзіла ў сне вачэй. Безумоўна, ён даможацца перамагчы гэты яе страх, а тады ўсё добра будзе... Пасля пабудовы паперні ён тут не застанецца: трэба будзе падацца куды-небудзь у горад, дзе больш партыйнае працы і дзе можна будзе даць належную працу і Зосі. Каханне ў сумеснай, агульнай працы па аб’яднанню рабочых на барацьбу за лепшую будучыню — гэта вышэйшая, найбольш поўная форма жыцця. І ён даможацца гэтага. Зося самаахвярная, Зося таксама кахае яго.

Настрой яго падняўся. Ён прайшоўся па гасцінцы, павольным крокам ішоў да свае хаты. Дзе-нідзе вокны ў хатах былі ярка асветлены. Адтуль несліся дзявочыя спевы, гучныя галасы і рогат хлапцоў. Самая пара вечарніц. Зыкава так акрыляла радасць, што яму хацелася зайсці на вечарніцы, рагатаць і спяваць разам з хлапцамі і дзяўчатамі. Ён нават не падумаў, што з маленства, як паехаў у горад, не бываў на такіх вечарніцах. Падышоўшы да сяней бліжэйшае хаты, ён ужо ўзяўся за клямку. Але раптам дзверы адчыніліся і з іх вылезла спачатку калматая галава прасніцы, а за ёю другая — дзявочая галава, потым і ўся фігура ў кажушку.

— Ды гэта ты, Гануля? — прыгледзеўшыся, весела сказаў ён.

— Ну, а то хто ж? А чаго вы тут, да дзяўчат, ці што? — у свой чарод запыталася Гануля, пастараўшыся асабліва падкрэсліць слова «дзяўчат».

Зыкаў крыху заблытаўся.

— Вы ж святы,— насмешна гаварыла Гануля,— да дзяўчат не ходзіце, толькі з паненкамі круціце.

Гануля ішла дадому з вечарніц. Зыкаву было ўжо ніякава сунуцца ў чужую хату, і ён пайшоў дадому разам з Гануляю.

— А ведаеш, Гануля, я жанюся,— не ўтрымаўся, каб не пахваліцца ён.

— Як жа, на паненцы! Гэта навіна, можа, для вас.

Зыкаў быў здзіўлены. Больш таго, у голасе Ганулі адчувалася такая вострая варожасць да яго, што ён нават збянтэжыўся.

— Мужык вы, лапцюжнік, а за паненкаю ўвязаліся! Не дачакаецеся, каб я ўжо так шмуглявала падлогу ў вас у хаце! — зусім злосна прагаварыла яна ўжо ў сенцах, адкуль яны павінны былі разысціся: Гануля ў курную, а Зыкаў — у чыстую хату.

Яна бразнула прабоем. Зыкаў ніяк не мог зразумець, чаго раззлавалася на яго Гануля; не здагадацца яму было і аб тым, адкуль яна ведае, што ён былы селянін.

«Звычайная, мусіць, ваўкаватасць вясковае дзяўчыны», дастаючы з палічкі кніжку Горкага, падумаў ён. Прачытаў ён разы два «Буревестник», хадзіў доўга па хаце, пробаваў чытаць яшчэ што іншае, але зараз жа пакідаў: не чыталася, нутраныя званочкі не давалі ні спаць, ні чытаць...

На другі дзень Зося, не выходзіўшая яшчэ на службу, была надта здзіўлена, што бацька яе, распусціўшы дзяцей са школы раней звычайнага часу, пачаў прыбірацца. Ён выцягнуў хоць крыху рыжаватую, але крухмаленую бялізну і застарэлы гальштук. Быў вынесены на святло з шафы і пацёрты старэнькі сурдут. Зося амаль і не помніла бацьку ў такой вопратцы.

— Куды ты збіраешся, татка? — зацікавілася яна.

Пятрусь Мікалаевіч адказаў не адразу: яму было непрыемна паведамляць аб гэтым дачцэ.

— Ці не да папа ты? Такі ўрачысты выгляд у цябе,— не іначай як для перамоў з папом аб шлюбе.

— Так, так, да папа! — паспешліва падхапіў ён.— Трэба ж з ім пагаварыць, спытацца, калі б ён параіў абвянчаць вас.

— Можа, гэта і непатрэбна было б — раіцца; ну, але як сабе хочаш.

Настаўнік, спяшаючыся, выйшаў з дому, прагнучыся не глядзець на Зосю. Яна бачыла ў акно, як ён сапраўды пайшоў у бок царквы.

Але Пятрусь Мікалевіч толькі крыху прайшоў у гэтым кірунку. Хутка ён павярнуўся ў другі бок і шпаркім крокам нарыхтаваўся да маёнтка. Нешта гнала яго ўперад, пакуль ён быў на адчыненым месцы шляху. Апынуўшыся на галоўнай алеі, дарозе за дрэвамі, дзе яго нельга было бачыць са школы, ён стрымаў сваю хаду і чым бліжэй падыходзіў да палаца, тым больш мітусіліся яго ногі, быццам чапляліся адна за другую. Прыпыніўшыся каля галоўнага ганка, ён упаў у задуменнасць, але, урэшце, страсянуў галавою і схаваўся за дзвярыма. Выйшаўшаму насустрач лёкаю ён сказаў, каб той правёў яго да пана.

Ляскоўскі прыняў настаўніка ў тым самым кабінеце, дзе некалькі месяцаў таму назад ён раз’юшваўся над яго дачкою. Акінуўшы вокам урачыстае, хоць і жаласна-пажоўклае адзенне свайго госця, пан Ляскоўскі агідна ўсміхнуўся.

— Што гэта вы такі зухаваты сёння, пане настаўнік? — з чуць прыкметнаю ўсмешкаю запытаўся ён, прапануючы Петрусю Мікалаевічу крэсла.

— Не часта я наведваюся да вас, пане, а на гэты раз я асабліва хацеў падкрэсліць сваю пашану да вас,— крыху хвалюючыся, прагаварыў стары.

Гаспадар яшчэ больш выразна ўсміхнуўся. Яго, мусіць, забаўляў выгляд настаўніка, у якім злучалася заношаная прымітыўнасць з нейкаю знарок нібы зробленаю ўрачыстасцю. Пятрусь Мікалаевіч бачыў, якое ўражанне робіць ён на пана, і праз гэта ў ім ачнулася сарамлівасць і паразуменне сваёй нязграбнасці. Але больш усяго непакоілі яго іншыя думкі.

— Ну дык чым я мушу быць вам карысны? — пакінуўшы ўсміхацца, запытаўся Ляскоўскі.— Вы ж не проста так сабе зайшлі да мяне, аб гэтым сведчыць ваш парадны выгляд.

— Я... я да вас па вялікай справе.

— Слухаю.

— Мая дачка выходзіць замуж,— як стукнуў голасам настаўнік.

— І вы прыйшлі прасіць мяне шаферам? Ха-ха-ха! — Сарданічны смех закалыхаўся не толькі ў кабінеце, але пранёсся і па другіх пакоях.

Пятрусь Мікалаевіч турзануўся ад гэтага смеху. У ім ён адчуў такую глыбокую непрыязнь да сябе, што не мог адважыцца падняць вочы на пана. Губы яго нібы былі сціснуты абцугамі.

— Не ад вас першага чую я, што ваша дачка збіраецца замуж: нават ведаю за каго. Вы крыху позна прыйшлі паведаміць мне, але і на гэтым дзякуй.

Ляскоўскі ўпарта разглядаў свайго госця, які быццам прыціснуты нязмерным цяжарам, схіліўся над сталом. Ляскоўскі ўспомніў, як каля гэтага самага стала ён сціскаў у сваіх руках цёплае маладое цела Зосі, як яна з нечаканаю сілаю адбівалася ад яго... і высклізнула з рук у самы палкі момант яго жадання. Думка завалодаць гэтай дзяўчынай зноў усхвалявала яго, як і кожны раз, калі якая-небудзь прычына абуджала ў ім успамінак аб ёй. Гэтая думка крыху згладзіла колкасць яго адносін да Петруся Мікалаевіча.

— Я пакпіў крыху. Ведама, вы прыйшлі да мяне не з тым, каб прасіць быць шаферам у вашае дачкі або ў майго ж рабочага. Вы маеце нешта іншае да мяне, дык, калі ласка, скажыце,— зусім мякка ўжо прагаварыў Ляскоўскі.

Пятрусь Мікалаевіч не адразу акрыяў пад праменнямі панскае ласкі. У яго вушах усё гучаў злыдны смех Ляскоўскага. Адзін момант ён нават намерваўся развітацца з панам і кінуць тое, за чым прыйшоў. Але больш моцныя спрунжыны прыціскалі яго да крэсла, і ён паволі ўцішваў у сабе тое абурэнне, якое закіпела ў ім ад першых слоў пана і яго насмешкі.

— Так, пане,— ціха загаварыў настаўнік,— вы не даслухалі мяне, а я маю да вас вялікую просьбу...

Ляскоўскі бачыў, што Петрусю Мікалаевічу нялёгка гаварыць; значыць, тут ёсць нешта не зусім звычайнае. Цікавасць яго была ўсамдзеле падштурхнута.

— Кажыце, кажыце, я ўсякую вашу просьбу выканаю.

— Бачыце, шаноўны пане, мая дачка зусім па-асобаму хоча выйсці замуж. Гэты Зыкаў усё ж толькі рабочы, становішча яго няпэўнае.

— Так, так! Ваша дачка ўсё ж паненка, мае асвету, далікатная, і вы правідлова думаеце, што гэты механік ёй не падыходзіць.

— Але ж я не маю намеру супярэчыць ёй. Кахае — няхай ідзе сабе.

Рыска нездаволенасці прамільгнула па твары Ляскоўскага. Мільганула і схавалася за ўважліва-прыветным абліччам яго.

— Дык у чым жа справа да мяне?

— Я вось і прасіў бы вас дапамагчы ім. Можа, будзе ваша ласка даць магчымасць жыць Зыкаву не ў сялянскай хаце, а па-другое,— пакінуць яго на сталую працу на паперні. Мне цяжка было б думаць, што мая дачка бадзяецца, не маючы пэўнага прытулку.

Ляскоўскі зноў пусціў агідную ўхмылку.

— Вам, народніку, не падабаецца, каб дачка ваша жыла ў сялянскай хаце? Ну, добра, гэта мы зможам зрабіць. Што ж належыць да Зыкава, то я ім быў задаволены да гэтага часу і буду цаніць яго, як рабочага.

— Дык вы дапаможаце ім, вы ўважыце маю просьбу? — абнадзеяна пытаўся Пятрусь Мікалаевіч, устаючы лёгка з крэсла.

— О, будзьце ўпэўнены: ваша дачка не будзе жыць у сялянскай хаце.

Настаўнік зрабіў нізкі ўклон. Выходзячы за дзверы, ён не пачуў смеху Ляскоўскага.

— Твая дачка не будзе жыць у сялянскай хаце! Ха-ха-ха! — рагатаў пан, выклікаючы лёкая.

Ён паслаў яго за бухгалтарам.

 

V

Абсталяванне папяровае фабрыкі набліжалася ўжо да канца. Вялізарныя катлы былі сабраны і ўмацаваны на цэментовых пастаментах; ад іх тоўстымі, ламанымі вужамі пацягнуліся параправоды. Заставалася прывезці і паставіць самую важную і найбольш далікатную частку абсталявання — самыя папяровыя машыны. Яны былі заказаны Ліўшыцам недзе ў Нямеччыне і павінны былі з дня на дзень разабранымі прыбыць на бліжэйшую станцыю чыгункі. Дзеля гэтага Зыкаў зусім не быў здзіўлены, калі дні праз тры пасля таго, як была зроблена ўмова аб шлюбе, раніцою атрымаў загад ехаць на станцыю па машыны. Як толькі Зыкаў з’явіўся на работу, да яго падышоў ружовы інжынер (ён так добра спяваў рамансы пад акампанемент панны Ляскоўскае!) і аддаў загад ехаць. Ехаць — безадкладна і як мага хутчэй. Толькі і падзівіўся Зыкаў, што гэтай паспяховасці: інжынер ніколі не прыходзіў на месца работы па гудку, а так — гадзіне аб адзінаццатай, па-другое ж — каля агароджы паперні стаяў ужо запрэжаны ў вазок конь.

— Дык вось, сядай,— і марш на станцыю! Там у вазку ўсё ёсць — кажух і валёнкі,— гаварыў вясёлы інжынер.— Трэба спяшацца, бо дарэмна прастаяць вагоны, прыйдзецца за іх плаціць. Так... Ага! Фурманкі пашукаеш у мястэчку, што каля станцыі... Калі ж машыны не прыехалі, дык чакай іх, пакуль не прывязуць. Усё зразумеў?

Зыкаў коратка ўсміхнуўся.

— Бадай, усё — мудрага ў гэтым нямнога.

— Ну дык садзіся і гані!

Праз некалькі хвілін Зыкаў, уваліўшыся цяжкім снапом у вазок, крануў каня, які, застаяўшыся на марозе, адразу хутка панёс. Праз момант вазок выскачыў на гасцінец, у шэрані перадранішніку прамільгнуў сілуэт школкі.

— А як жа паведаміць аб ад’ездзе Зосю? — мільганула ў яго запытанне.

Гэтая думка-запытанне страсянула радасцю сэрца. Раней ніколі не было патрэбы паведамляць каго аб такім здарэнні, як кароткі ад’езд, а цяпер з’явілася такое пачуццё, як нешта не пускае ехаць. Ён прытрымаў каня, спыніў, прывязаў лейцы за плот. Узышоў на заснежаны ганак школкі, падняў руку пастукаць у дзверы. Але цішыня і спакой, якія несліся ад цьмяных акон настаўніцкае кватэры, стрымалі яго. Сышоўшы з ганка, ён прастаяў некалькі хвілін нерухома перад акном, пакуль заржаўшы конь не прывёў яго да сапраўднасці. Ён сеў у вазок, абвёў доўгім поглядам вокны, брамку, нават голыя дрэвы за плотам і ступой ад’ехаў.

Праязджаючы вёску, Зыкаў зноў прыпыніўся, на гэты раз каля хаты Сымона Кавальчыка, дзе ён кватараваў. Ён убег у хату і падняў грукат, шукаючы сярнічкі, каб запаліць лямпу. На гэты грукат на «чыстую» палавіну заскочыла перш Гануля, а потым і старая Сымоніха.

— Што, што здарылася? Сымон, хадзі сюды: нехта зайшоў у хату! — сполахна загаласіла старая.

— Ды гэта ж я — Пятро! — са смехам супакоіў гаспадыню Зыкаў.

Сярнічкі былі знойдзены, лямпа асвятліла хату. Гануля і яе маці, здзіўленыя незвычайным прыходам Зыкава, а яшчэ больш — яго раскошнаю цёплаю вопраткаю, стаялі нерухома каля парога і ва ўсе вочы пазіралі на свайго кватаранта. Той жа дастаў з куфэрка невялічкі кавалак паперы ды канверт і пачаў нешта чыркаць: пёрка аж трашчала ў яго руцэ.

— Я паеду да чыгункі. Можа б, вы, цётка Сымоніха, пашукалі мне кавалачак хлеба на дарогу? — прыпыняючыся пісаць, папрасіў Зыкаў.

Як толькі старая выйшла за дзверы, Зыкаў падышоў да Ганулі і падаў ёй заклеены канверт.

— Зрабі ласку, Ганулька! Аддай сёння ж гэты ліст настаўнікавай дачцэ. Добра?

— Тваёй «маладой»? Ну, што ж — аддам!

Яна ўзяла канверт і сунула яго пад кофту. Рукі яе хутка завіхаліся штуршкамі, вочы яна адводзіла ўбок.

— Ты толькі не марудзь перадаць,— папрасіў Зыкаў.

— Яна, мусіць, яшчэ і не думала ўставаць, а я ўжо намалацілася,— быццам адказваючы на нейкую іншую думку, прагаварыла Гануля.

— Аб чым ты гэта? Ну, бывай здарова, я паеду!

Гануля турзанулася на крок-другі ўслед Зыкаву, але прыпынілася і абаперлася рукою аб вушак. З вуліцы пачуўся рып снегу пад палазамі, глухі тупат каня, які ўсё аддаляўся — і сціх.

Гануля сунула руку пад кофту, выцягнула канверт, падышла да лямпы. Павольна разадрала канверт і дастала ліст. Доўга глядзела яна ў паперку, на нямыя завітушкі, якія быццам насміхаліся з яе. Буйныя як боб і гарачыя слёзы ліліся з яе вачэй, дзве дарогі прайшлі па яе запыленых шчоках. Рукі рвануліся, і бедны маленькі лісток праз момант дробнымі сняжынкамі апусціўся на падлогу.

— Трасцу я ёй панясу! — уздрыгваючы, прагаварыла дзяўчына і патушыла лямпу.

Урачысты спакой ахапіў Зыкава, як толькі сані саслізнулі з горкі, на якой стаяла вёска. Белая чыстая коўдра палёў, якая ўдалечыні злучалася з такім жа змрочна-бела-шэрым небам, агортвала цішынёю і спакоем. Ніводнага гуку, апроч тупату каня ды рыпу снегу пад палазамі. Здавалася, што сані спяваюць зараз розныя спевы, у якіх гучаць вясёлыя жыццярадыя тонкія гукі разам са стогнам басоў, які перарываецца злобным скрыгатам зубоў. Гэтыя гукі абуджаюць у сэрцы разам пачуцці радасці і пакуты, мяккасці і жорсткасці. Зыкаў і сам замармытаў нейкі матыў, які немаведама адкуль узяўся і калі захаваўся ў памяці... Конь фырчыць і боязна паглядае ўбок: там, скрозь снежную імглу, разам выскакваюць шэрыя сілуэты і праз момант хаваюцца за туманнаю заслонаю. Зыкаў таксама ўглядаецца ў гэтыя сілуэты, і яны нагадваюць яму праходзячых у жыцці людзей, колькі ўжо давялося спаткаць яму людзей, якія аднекуль выходзілі, набліжаліся да яго, а потым траціліся ў неабсяжнасці свету. Толькі нейкая жменька людзей больш доўга трымаецца ў яднанні, і то, калі яна мае нешта агульнае, супольнае ў жыцці. Увесь астатні свет разарваны, раз’яднаны, кожны, як гэтыя сілуэты каля дарогі, праходзіць сваёю дарогаю, туляючыся за змрокам, пагражаючы патаемнай асабістасцю.

Уперадзе бела-шэры круг разрываецца цёмнаю сцяною, якая спачатку была ледзь прыкметнаю стужкаю. З кожнаю хвілінаю яна разрастаецца ўвышкі і ўшыркі — і раптам робіцца агромністаю, магутнаю. Яшчэ момант — і яна агортвае падарожніка, абымае яго супакоем магілы. Нерухомыя лапы ельніку, абцяжаныя снегам, звісаюць нізка над дарогаю, чапляюцца за дугу, за шапку падарожніка, страсаючы яму за каўнер поўнымі жменямі халоднае срэбра. Зыкаў уздрыгваў ад датыкання гэтых ледзяных рук і падымаў як мага вышэй галаву. Уверсе толькі там-сям праглядала скрозь галлё змрочнае неба. Да гукаў, якія нараджаліся ад фурманкі, далучыліся хутка іншыя: дзесьці ў галлі зашастала і ў паветры звонка панесліся гукі каркання вароны; за ёю падняўся цэлы гвалт варон і галак, якія, мусіць, чарадою пачалі насіцца над лесам. Нават гэты непрыемны крык спадабаўся Зыкаву: ён парушыў магільны спакой лесу, крыху ажывіў яго... Дарога засінела, засінеў снег на галлі дрэў, добра сталі відаць паасобныя колоны хваін і вастраверхія стагі ялін. Дзень пакрысе разганяў змрок ночы. Шэрая стужка неба над дарогаю зрабілася блакітнаю; па ёй праплывалі белыя, як бавоўна, і лёгкія, як пух, хмаркі. Спачатку адзін край, потым і ўся хмарка ружавее, цудоўным вянком аздабляючы задуменную цёмную галаву магутнае хваіны. Вось у лёгка-ружовы колер увабраліся і самыя вяршыны дрэў, заззялі мірыядамі зялёных, ружовых, блакітных, чырвоных агеньчыкаў. Яны трапечуцца, мільгацяць, пераліваюцца, мяняюцца бляскам і колерам. Яны дрыжаць, як дрыжыць сэрца, адразу адчуўшы незвычайную радасць. Зыкаў глыбока ўздыхнуў, і ў вачах яго заскакалі такія ж агеньчыкі радасці і жыцця. Ён ускочыў на ногі і, працягнуўшы рукі ў бок сонца, моцна крыкнуў... То не было слова, а проста звярыны крык. Гэты крык звонам пранёсся па лесе, адгукнуўся далёкім рэхам. Конь страпянуўся і віхрам панёс лёгкі вазок.

— Ах, каб тут была са мною Зося,— пранеслася іскрыстая думка.

Зыкаў сцебануў і без таго як віхор ляцеўшага каня. Халоднае густое паветра гуло ў вушах. Вострыя голкі шэрані, скакаўшыя на сонцы, калолі, казлыталі твар, да якога, здавалася, прыліла кроў з усяго цела. Хутчэй да мястэчка, да чыгункі! Хутчэй забраць машыны — і назад, хутчэй зноў пабачыць тонкі дзявочы стан, зірнуць у ясныя Зосіны вочы! Нязмерная радасць білася ў грудзях яго, шукала сабе выйсця і знаходзіла яго ў бясслоўных ускрыках ды ў шалёнай яздзе.

Праз чатыры гадзіны больш за сорак вёрст пакінута было за плячыма. Вось ужо і мястэчка відаць у лагчыне, нават чуцён калі-нікалі звон жалеза ў кузнях. Там далей бела-ружовымі кудрамі ўздымаецца ў сінь неба дым цягніка; звонкі гудок яго аблятае далі маўклівых белых палёў. Гудок абудзіў у Зыкаве больш звычайныя думкі і пачуцці; ён заклікаў яго да прывычнае працы, да барацьбы. Летуценні кахання, момант назад цалкам валодаўшыя Зыкавым, раптам апынуліся побач з цвярозымі думкамі, з успамінамі аб няскончанай рабоце, аб сваіх блізкіх таварышах, якія ў Ляскаўцах, мусіць, ужо напрацаваліся каля гарачых печаў гуты. Гэтыя думкі лезлі ў голаў, патрабавалі сабе месца.

— Ці не занадта я адарваўся ад рабочых, ці не закінуў я тую работу, дзеля якое прыехаў сюды? — паўстала ў Зыкава пытанне да самога сябе.

Як ні дамагаўся ён адхіліць гэта запытанне, цешачы сябе тым, што ўпікаць сябе няма за што, усё ж нешта ўглыбі скраблося, непакоіла. Мусіць, не ўсё так добра, як хацелася б думаць. Вось ён выехаў сёння, на колькі часу — не ведае, але нават і не здагадаўся якім-небудзь чынам паведаміць Рыгорчыка або каго іншага з гуртка. Такога здарэння з ім раней ніколі не траплялася! «Няўжо ж, няўжо... каханне... такая моцная штука, што здольна адхіліць у бок усё іншае»,— пытаўся ў сябе Зыкаў. Хутчэй ён праехаў мястэчка і дасягнуў станцыі, чымся знайшоў адказ на гэтае запытанне.

Зося надта ўсхвалявалася ўвечары таго дня, калі Зыкава так раптоўна паслалі на станцыю. Даўно ўжо на гуце прароў гудок у канцы працоўнага дня, даўно ўжо патух самавар, які яна старанна раздзьмухала, а Зыкава ўсё не было. Раз-пораз падыходзіла яна да акна і пільна ўглядалася ў бляды змрок зімовае ночы. Кожны шолах, кожны тупат на дарозе лавіла яе вострае вуха, і кожны раз сэрца яе трапятліва чакала, што вось адчыняцца дзверы і на парозе пакажацца жаданая постаць Зыкава. Але дарэмны былі яе чаканні. Насценны гадзіннік праскрыгатаў дзесяць разоў і пайшоў далей адбіваць сваё адвечнае «так-так». Зося нервова пратупала туды-сюды па пакойчыку і рыўком скокнула ў сваю баковачку.

Пятрусь Мікалаевіч устаў з-за стала, падышоў задуменна да дзвярэй у пакойчык дачкі, прыслухаўся і пакруціў галавою.

— Зося, што ж ты плачаш, родная? Ці ж варта так хвалявацца з-за кожнае выпадковасці? Можа, ён пільна чымсь заняты і не змог прыйсці,— мякка ўпрашаючы, запытаўся ён у дачкі.

Усхліпванні толькі сталі мацнейшымі і раптам перайшлі на ўзрыдкі. Гэта ўжо плакала не дзіцянё, не падлетак, а дарослая кабета. Пятрусь Мікалаевіч збянтэжыўся і не ведаў, што рабіць.

— Нельга ж так убівацца з такой нязначнай прычыны! Зосенька, ну, сціхні, дачушка,— паспрабаваў яшчэ раз супакоіць яе бацька.

— Гэта не выпадковасць,— не пакідаючы плакаць, прагаварыла з-за дзвярэй Зося.— Не выпадковасць, татачка!

— У чым жа справа?

— Сённі...— крыху стрымліваючы плач, адказала Зося,— сённі... бухгалтар, як толькі я прыйшла на работу... з такою гідкаю ўсмешкаю звярнуўся да мяне: «А ведаеце, ваш «малады» на вечарынкі ходзіць да вясковых дзяўчат». Я тады толькі пасмяялася сабе над яго нездагаднасцю. А цяпер... цяпер... мусіць, гэта праўда, мусіць, больш прыемна там быць, як зайсці да нас.

Плач зноў запоўніў маленькі пакойчык.

Пятрусь Мікалаевіч пераступіў парог, падышоў да ложка, дзе ляжала дачка, і пачаў угаворваць яе, як малое дзіця. Ласкавымі словамі гладзячы ёй голаў, ён пакрысе супакоіў яе. Аж да поўначы праседзеў ён каля дачкі, расказваючы ёй розныя вясёлыя або смешныя здарэнні, якія трапляліся яму ў жыцці. Зося пад канец нават пачала смяяцца, калі бацька гаварыў што-колечы вельмі ўдала. Пятрусь Мікалаевіч быў зусім задаволены і спакойна пакінуў Зосю. Але як толькі ён выйшаў і згасіў лямпу, яна асцярожна, каб не грукнуць чым, устала з пасцелі і села за столік перад акном. Доўга-доўга так сядзела яна, заплюшчыўшы вочы. Агніста-ружовая гарошынка стаяла ў вачах, рассыпалася дробнымі іскаркамі, зноў збіралася — і рассыпалася. Часамі здавалася, што магутныя званы звоняць, запаўняючы сваімі гукамі ўвесь свет, і Зося была бясконца здзіўлена, калі лёгкі рып падлогі пад яе нагою заглушыў на нейкі час хвалі званоў.

Другі, трэці дзень — Зыкаў усё не прыходзіць, і дзе ён — ні Пятрусь Мікалаевіч, ні Зося не ведаюць. Дзяўчына асунулася, страціла ўсялякую жвавасць, толькі вочы яе часам кідалі сухія рэжучыя праменні. Пан Пісарэўскі сустракаў яе ў канторы насмешнымі позіркамі; часта ў часы работы яна лавіла на сябе яго неадчэпна-агіднае прыглядванне. З яшчэ большаю паспешлівасцю пакідала яна ў гэтыя дні службу, не трацячы надзеі на спатканне ўвечары з Зыкавым.

Калі яна прыйшла дадому на чацвёрты дзень, бацька сустрэў яе з такім змрочным тварам, што адразу можна было здагадацца аб нейкім незвычайным здарэнні.

— Татачка, ты даведаўся аб чым-небудзь?

— Я не разумею твайго пытання,— паспрабаваў ухіліцца ад адказу стары.

— Навошта ж хавацца? Ты ведаеш нешта аб ім, гавары!

Яна моцна ўчапілася пальцамі ў яго плячо. Палаючыя вочы неадчэпна палілі яго твар.

— Ты толькі вазьмі сябе ў рукі, дачушка. Людзі яшчэ ёсць на свеце, іншы стрэнецца табе...

— Ды што... што ж здарылася з Паўлюком?

— Яго звальняюць з работы!

Зося перавяла дух. Нічога, значыць, страшнага.

— Дык чаго ж ты так сцямнеў, татка? Пачаў ты гаварыць так, што можна было немаведама што падумаць.

— А гэтага хіба мала, дачушка! Ты ведаеш, што значыць быць звольненым з работы. Іншы раз гэта горш... за смерць: застацца без прытулку, без кавалка хлеба. А тут ты аб шлюбе, аб каханні... марыш.

Пятрусь Мікалаевіч адвярнуўся, міма дачкі пачаў глядзець убок. Губы яго трэсліся, быццам ён хацеў нешта яшчэ сказаць і стрымліваўся.

— Ашукаў ён мяне, паглуміўся над пабітым,— з гаркатой у голасе прагаварыў Пятрусь Мікалаевіч, і слёзы заблішчалі на яго шчоках, выплаўшы з-пад акуляраў.

— Хто ашукаў? Паўлюк?

— Не ён, а другія!.. Хадзіў, прасіў, гнуўся!

— Аб чым гэта ты, татка?

— А, нічога! Глупства!

— Ад каго ты даведаўся, што... Паўлюка звальняюць?

— Аб гэтым, мусіць, мы з табою пазней усіх даведаліся: усе гавораць.

Зося ніяк не магла саўладаць з нахлынуўшымі думкамі, пачуццямі. Ёй было і брыдка сваёй падазронасці да Зыкава, які, як яна думала апошнія дні, перастаў кахаць яе, і незразумела, чаму ён сам маўчыць аб такім здарэнні і не паказваецца. Ён шмат перацярпеў на сваім жыцці, і звальненне не магло так зламаць яго, каб ён кінуў... кінуў яе. Тут нешта не так. Яна аб усім даведаецца, яна будзе цвёрдаю. Баязлівая думка прамільгнула ў яе, ці не дазналіся як-колечы аб сапраўднасці Паўлюка — Гаўрылы. Трэба ісці.

Зося накінула вопратку, хустку і пайшла да дзвярэй.

— Куды ты пойдзеш, Зосенька? — запытаўся бацька.— Няма чаго хадзіць: з такога шлюбу добрага нічога не будзе. Я цяпер не даю свае згоды.

Зося пахаладзела ад гэтых слоў бацькі. Хвіліны дзве яна нерухома глядзела на бацьку, потым жаласна-квола ўздыгнулі губы, як у малога дзіцяці. Яшчэ хвіліна — і твар яе збялеў, закамянеў. Рашуча павярнулася яна і пакінула бацьку аднаго ў цесным школьным пакойчыку.

Выйшаўшы на вуліцу, яна ледзь не лётам панеслася да вёскі. У галаве яе тоўхалася толькі адна думка: нягледзячы ні на што, даведацца, што робіцца з Паўлюком. Вось і хата Кавальчыкаў. На дварэ Зося прыпынілася, сорам затрымліваў яе хаду. Але вось яна пераадолела сябе і ўвайшла ў цёмныя сенцы. Доўга намацвала яна на сцяне, трапяткою рукою шукаючы клямку хатніх дзвярэй. Можа, доўга давялося б ёй шоргацца па сцяне, каб дзверы не адчыніліся з хаты, не аклікнулі адтуль.

Зося ўвайшла і ледзь не затхнулася ад смуроду. Лучына, уваткнутая ў казёл, трашчала і курэла едкім смолкім дымам; пад палом нешта сапло і хрупала — мусіць, авечкі; супраць печы, пад лаваю, стаялі чыгуны і вёдры з памыямі. Зося спынілася каля парога. Дзяўчына, сядзеўшая за прасніцаю, выпусціла з рук верацяно, якое, крутануўшыся разы два-тры, упала, выскубнуўшы пасму кудзелі.

— Добры вечар,— ціха прагаварыла Зося.— У мяне ёсць справа да Зыкава, дык правядзіце мяне, калі ласка, да яго.

— Ах, гэта вы, паненачка!

Гануля кінула прасніцу і ўстала з лавы, пільна разглядаючы зграбную постаць Зосі.

— Шукаеце, мусіць, свайго «маладога»? Пацеха, дый годзе: дзяўчына сама ў сваты ідзе.

Зося ўскалыхнулася ад пагарды і сораму, вочы яе заблішчалі на блядым твары.

— І на што ён паквапіўся? Тоненькая, як саломінка, блядая, як смерць! Ці ж яму такую патрэбна? — быццам разважаючы, гаварыла Гануля.

— Я прашу сказаць, дзе Зыкаў,— дрыжачым голасам прагаварыла Зося.

— Не ведаю, даражэнькая панначка, ужо чатыры дні, як паехаў.

Апошняе слова, як абухам, выцяла па галаве. Зямля захісталася пад нагамі, млявасць ахапіла ўсё цела, і Зося прыхілілася спіною да вушака. Гануля спалохана пазірала на сваю госцю, хацела памагчы ёй і не ведала, як гэта зрабіць. Хістаючыся, пакінула Зося хату. На дварэ глынула некалькі разоў запар марознага паветра і крыху акрыяла. Слова «паехаў» гучала ў яе вушах, агністымі літарамі стаяла перад яе вачамі. Няўжо ж усё? Пакінуў, нават не развітаўшыся, і куды ён паехаў, што будзе рабіць цяпер, дзе знойдзе прытулак? Жаласць да сябе мяшалася з жаласцю да Зыкава, засланяла слязьмі вочы. «А можа, ён ніколі і не кахаў мяне сапраўды, калі так лёгка кінуў?» — сярод сумбуру розных думак і пачуццяў вырэзвалася настойна адно запытанне. Яна гатова была б пайсці з ім немаведама куды, перацярпела б з ім усе цяжкасці, нават кінула б бацьку, а ён паехаў, нават не паведаміўшы аб гэтым.

Нейчыя крокі пачуліся на вуліцы. Зося ачнулася і заўважыла, што стаіць каля плота на чужым двары. Яна боязна азірнулася і хутка выйшла на вуліцу ды пабегла яшчэ хутчэй, чымся тады, як ішла да кватэры Зыкава. Рух надаў ёй крыху бадзёрасці.

— Можа, ён яшчэ вернецца, можа, ён паехаў шукаць работы ў іншым месцы і, як знойдзе, прыедзе і возьме... мяне з сабою,— шапянула ёй у вуха надзея.

Нібы моцныя крыллі падхапілі дзяўчыну. Думка аб тым, што яна зможа пакінуць гэтыя абрыдлыя Ляскаўцы з агіднаю кантораю і бухгалтарам і жыць, можа, у горадзе, абрадавала яе і сагнала тую пакуту і слабасць, якую адчувала яна хвіліну-другую таму назад. Але ж трэба больш дасканала даведацца, куды паехаў Зыкаў і што ён намеціўся рабіць. Піліп Рыгорчык гэта, напэўна, ведае, і Зося шпарка накіравалася ў рабочы пасёлак на гару.

Зосі пашэнціла: Піліпавае жонкі, якая заўсёды бянтэжыла яе сваёю мнагаслоўнаю, крыху лісліваю гутаркаю, дома не было; дзеці ўжо спалі. Адчуваючы сябе больш-менш спакойнаю, Зося ветліва прывіталася з Рыгорчыкам. На гэты раз яе нават мала прыгнятаў жаласны выгляд хаткі Рыгорчыкаў. Яна адразу і адкрыта запыталася пра Зыкава, але адказ атрымала няхутка. Звычайна спакойны, задуменны Рыгорчык, які да ўсяго ў жыцці адносіўся ўнікліва, на гэты раз аж спалохаў Зосю. Як толькі пачуў ён слова «Зыкаў», дык ускочыў з услончыка і закруціўся на два крокі туды і сюды па хатцы. На шурпатым яго твары, звычайна жоўтым, паказаліся чырвоныя плямы, якія мянялі сваё месца, нібы пераскоквалі туды-сюды. Разы два ён падымаў руку і прыкрываў ёю сваё вока, тое самае, якое было паранена ў дзень урачыстага адчынення гуты.

Зося спалохана сачыла за Рыгорчыкам. Яе сэрца, здавалася, зусім замерла.

Яна не спускала сваіх блішчастых сухіх вачэй з Рыгорчыка, куды б той ні павярнуўся.

— Скажыце, што ж з ім здарылася? — ледзь чутна яшчэ раз папрасіла яна.

— Вам павінна было б гэта больш быць вядомым,— сурова адказаў ён напаследак, і нібы сышла з яго адразу небывалая напружнасць.

Хоць такі жорсткі адказ разануў яе як нажом, аднак змена ў выглядзе Рыгорчыка падтрымала яе надзею даведацца што-небудзь.

— Каб я ведала, то не пытала б у вас. Скажыце, дзе ён ужо чацвёрты дзень, куды ён паехаў?

— Куды ён паехаў, я не ведаю. А вось ходзяць нейкія чуткі, нібы яго звальняюць. Вы разумееце, што гэта абазначае?

— І чаму гэта ўсе вы так трасецеся за месца? — злосна запыталася Зося.— Я чула гэта ад бацькі, чую ад вас; Паўлюк, можа, даведаўшыся аб звальненні, кінуў-рынуў усё і паехаў немаведама куды. Не так я думала аб сталых мужчынах.

Маленькі твар Зосі зачырванеў, як вішня; лёгкая дрыжачка страсала яе губы, рукі нервова перабіралі гузікі на паліце.

— Вы ведаеце, што значыць такі чалавек, як Зыкаў, для гэтага глухога кутка? Вам вядома, мусіць, якую работу вёў ён тут па асвятленні класавай свядомасці рабочых. Хто яго заменіць? Такога здольнага няма, і не хутка знойдзецца; вось чаму мяне хвалююць гэтыя, можа, штучна пушчаныя чуткі.

Да Зосі выразна даходзіла кожнае слова, якое казаў Рыгорчык, але ніводнае не закранала, не падымала новых пачуццяў. Перад яе вачамі стаяла постаць Паўлюка, яна раптам адчула нязмерную ласкавасць яго цвёрдае рукі, якая дакраналася да яе лоба, калі яна была хвораю; трапяткая асалода агарнула яе цела ад успамінаў б тых кароткіх сарамяжых пацалунках, якімі ён апальваў яе губы.

Зося правяла сухім языком па палаўшых губах, здрыганулася і з неразуменнем глянула на Рыгорчыка, які, даўно скончыўшы гаварыць, пазіраў на яе, чакаючы адказу.

— Вы... выбачайце, Піліп, вы нешта казалі, але я... я не чула. Скажыце, дзе ён? Я ж не магу без яго, вы разумееце ці не!..

Голас яе асекся, у ім пачуліся стогны. Рыгорчык моўчкі пераступаў з нагі на нагу, немаведама дзеля чаго прыгладжваў валасы на галаве, якія ўсё роўна заставаліся стаяць тарчком.

— А ведаеце, мне здаецца, што ён з-за вас і гіне! Выбачайце мяне.

Голас Рыгорчыка быў сухі, словы выходзілі жорсткімі, цяжкімі і білі, як молатам: кожнае з іх вымаўляў ён у паасобку з перапынкам і націскам на канцы. Яны прыдушылі Зосю, нібы прыплюснулі яе да зэдліка, на якім яна сядзела. Шчэмненькая фігурка яе быццам сціснулася, галава схілілася да грудзей.

— Зыкаў павінен застацца тут,— нібы які загад аддаваў, сурова гаварыў Рыгорчык,— і вы можаце і павінны памагчы гэтаму.

Зося зірнула на твар свайго камандзіра. Той стаяў да яе бокам, кідаючы касы погляд у яе бок. Востры падбародак, валасы яго, здавалася, гатовы голкамі калоць яе, а рука, якая апісвала кругі ў паветры, нібы круціла выдзьмувальны цыбук, магла абвалачы яе вакол хаткі. Сполахна і жудасна стала Зосі.

— Як памагчы? — запыталася яна, каб хоць на хвіліну прыпыніць рух яго рукі, выклікаць змену ў яго нядобрым калючым твары.

— Вам трэба прасіць пана Ляскоўскага аб Зыкаве.

Рукі Зосі ўпалі, вочы раскрыліся ва ўсю шырыню, на твары не стала ні крывінкі.

Яна, як абмёршая, нерухома сядзела на зэдліку хвіліну-другую. Скрозь сон ускрыкнула дзіця на палу. Зося раптам штурханулася, ускочыла на ногі і, не гледзячы на Рыгорчыка, кінулася за дзверы, нават не павёўшы вокам у бок пакінутага гаспадара хаты.

Рыгорчык сеў, паглядзеў, не разумеючы, ў акно, потым прайшоўся па хатцы, падаткнуў коўдру на дзецях — і ўсё гэта рабіў з такою задуменнасцю, нібы кожны крок, кожны рух быў найскладанейшай справай.

— А чорт што! Дрэнь справа... Паненка! Шкада Зыкава, не такая яму патрэбна,— мармытаў ён, падпраўляючы курэўшы кнот у газоўцы.

 

VI

Увесь наступны дзень Зося была як ачмуцелая. З бацькам раніцою, выходзячы на службу, яна не прамовіла ні слова. У канторы яна трымалася звычайна, у моц выпрацаванае прывычкі. Толькі ў рабоце, мусіць, не было для яе ніякага сэнсу. Разлінаваць паперу ці сшыць справу яна яшчэ магла, а вось наконт рахункаў дык справа зусім не ішла. Лічбы ўпісваліся ў ведамасці і ў кнігі зусім не тыя, непатрэбныя; перапіска выходзіла запэцканаю і нягоднаю. Пан Пісарэўскі, разгледзеўшы два аркушы з выведзенымі ёю слупкамі лічбаў, зарагатаў, закашляўся і сунуў іх назад, закрэсліўшы крыж-накрыж. Нават на гэтае незвычайнае здарэнне Зося не звярнула жаднае ўвагі. Яна аўтаматычна працавала далей, не будучы здольнай унікнуць у сэнс яе.

Пан Пісарэўскі не сцерпеў.

— Мусіць, панна Зося вельмі шкадуе свайго ўцёкшага кавалера? — з падлаватым смяшком запытаўся ён, варочаючы закрэслены наступны аркуш.— Хай пан бог ратуе ад такога завароту мазгоў, як у вас сёння.

Зося, нібы нічога не зразумеўшы, зірнула на свайго начальніка і моўчкі, здавалася, спакойна, схілілася над сваім сталом. Толькі сцятыя яе губы ды рука, якую яна мімаволі падносіла да левай скроні, маглі б падказаць здагадліваму нагледачу на той унутраны боль, які адчувала дзяўчына.

— І як гэта можна ўкахацца ў такога мужыка? Вось яго прагналі з работы, і ўсё к чорту... Хіба панна ўжо папросіць пана Ляскоўскага, ды ён зжаліцца...

На твары дзяўчыны праляцела нешта жывое, трапяткое.

Зноў ставяць перад ёю побач Зыкава і Ляскоўскага: учора Рыгорчык, а сёння гэты зашкарупела-тлусты нахабны бухгалтар. Думка-загад, кінутая ёй Рыгорчыкам, не пакідала яе ўсю мінулую ноч, раздваіла яе: было ўжо дзве Зосі, адна стаяла ўжо каля дзвярэй кабінета пана Ляскоўскага, другая — з жахам неслася за рэчку, у глухі лес, каб нікога не бачыць і не чуць. Раніцою гэтае раздваенне згладзілася крыху, замяніўшыся цяжкім холадам нецікавасці ні да чога. Цяпер зноў імя Ляскоўскага падняло заснуўшую барацьбу самое з сабою, зноў раздваіла натуру Зосі. З гэтым раздваеннем пакінула яна кантору пад запытальнымі позіркамі пана-бухгалтара.

Праходзячы дома цёмныя сенцы, Зося адчула раптам ахапіўшую хвалю цяпла і радасці, а праз момант — сэрца ўпала ў пустэчу, бяздонне. У гэтых сенцах яна спазнала захапленне першага кахання, якое давяло яе да такое раптоўнае пакуты.

Пятрусь Мікалаевіч клапатліва завіхаўся каля Зосі, угаварваў яе есці, калі яна адмовілася нават дакрануцца да яды, прабаваў загаварыць аб Тодару, аб яго апошнім лісце, у якім ён паведамляў, што, можа, прыедзе дамоў на масляную; тады яны збяруць гасцей, самі куды-небудзь паедуць у суседнія вёскі да настаўнікаў. Але нічым не мог стары зацікавіць Зосю. Яна нерухома стаяла каля акна і ўглядалася на дарогу.

— Ну, кінь ты, дачушка, думаць аб адным. Нават, можа, і не варты ён таго, каб ты так пакутавала; ён вось, прапаў і нават не здагадаўся наведацца ці хоць паведаміць, а ты...

Дзяўчына маўчала, і гэта прыпыніла Петруся Мікалаевіча.

— Ты павінна слухацца мяне,— ужо са злосцю сказаў ён.— Я не хачу, каб мая дачка зрабілася жонкаю няпэўнага чалавека! Пакуль ён не застанецца тут, я не дам дазволу на шлюб!

Зося кранулася да акна. Праз некалькі хвілін яна выйшла з свае баковачкі апранутаю ў лепшую вопратку, паліто было накінута на плечы.

— Добра, татка,— сказала яна, папраўляючы косы,— я думаю, што Паўлюк застанецца ў Ляскаўцах.

Не паспеў Пятрусь Мікалаевіч раскрыць рот для запытання, як дачка яго бразнула ўжо клямкаю дзвярэй у сенцах. Гэты бразгат скалануў яму сэрца, нагнаў невядомы жах. Куды яна пайшла, што хоча рабіць гэты блазан, які яшчэ толькі год назад плакаў над казкамі Андэрсэна. Усхваляваны настаўнік не мог узяцца за сваю звычайную вячэрнюю працу. Ён цяжка сноўдаўся па пакойчыку, выходзіў некалькі разоў у клас, каб мець больш месца для руху, зноў варочаўся ў пакой. Чакаў! Чакаў не адну гадзіну — доўга чакаў. Ноччу як шалёны насіўся ўздоўж рэчкі, аглядаючы кожную палонку. Доўга чакаў...

Зося ледзь ішла па алеі да палаца. Яна траха не ля кожнае прысады прыпынялася, абапіралася на яе рукою, адпачывала крыху, а потым цягнулася далей. Але вось і апошняя таполя. Яна доўга стаяла каля яе, вочы яе са страхам пазіралі на асветленыя вокны палаца. Праменні, кідаўшыя на снег больш ясныя палоскі, здавалася, варушыліся, набліжаліся, шукалі яе. Вось яны яе знойдуць, і будзе відаць адтуль, што яна хаваецца, што яна чакае чагосьці. Зося адхіліла голаў ад вокан і хуткім крокам перабегла круглую пляцоўку перад домам. Дзверы на спрунжыне стукнулі за ёю. Гэты грукат здаўся ёй такім усцішным, што яна хацела кінуцца назад, але перад ёю ўстаў лёкай.

Зося не помніла, як прайшла яна па ўсходах праз два ці тры пакоі. Яна толькі адчувала, як сэрца яе то прыпынялася, быццам зусім знішчалася, то па-шалёнаму стукала, як бы некалькі малатоў білі ў грудзях. Падышоўшы да чорна-бліскучых дзвярэй, за якімі быў так памятны ёй кабінет пана, Зося стала як укапаная. Паміма яе волі ногі не маглі зрабіць ніводнага кроку ўперад. Лёкай, які ішоў следам, за ёю таксама прыпыніўся.

— Вы да пана ці да паненкі? — запытаўся ён.

Дзяўчына схамянулася, акінула вокам дзверы.

— Да пана,— ледзь чутна шапянула яна.

— Дык сюды, калі ласка! — з алейна-салодкаю ўсмешкай прапанаваў ён, адчыняючы цяжкія дубовыя дзверы кабінета,— я зараз паклічу пана.

Зося ўвайшла ў кабінет і асунулася ў першае ад дзвярэй крэсла. Прыклаўшы да грудзей руку, нібы так яна думала стрымаць стукат у грудзях, яна абвяла вачамі ўвесь пакой. На пісьмовым стале вось нейкая статуэтка: чырвоная накідка, у руках ні то гітара, ні то нешта падобнае да яе, на галаве блішчасты шлем з пяром. Гэты музыка выгінаўся, яго худы твар з вострым падбародкам, з тонкім гарбатым носам і вышчаранымі зубамі злосна і весела рагатаў; блішчастыя кропкі ў вачах сыпалі цэлыя снапы іскраў. Зося жахнулася ад пачуцця агіднасці, якую выклікалі вышчараны рагочучы рот і гэтыя халодныя агністыя вочы. Яна павярнулася ўбок, але музыка не пакідаў яе: здавалася, ён вось саскочыць са стала і нячутнымі кашачымі крокамі, выгінаючыся, як вужака, стане перад ёю і будзе смяяцца ёй у твар сваім жахлівым нямым ротам з тонкімі, як п’яўкі, губамі. Сарданічны смех, здавалася, ужо напаўняў увесь пакой. Зося парывалася ўстаць і бегчы, бегчы як мага далей ад гэтага пакоя, але ногі, як і ўперад, не слухаліся яе.

У сумежных пакоях пачуўся стукат ног па падлозе, голас... яго голас. Ён адсылаў кудысь лёкая. Зося ўскочыла, як яе хто сцебануў, і кінулася да дзвярэй — уцячы. Але перад ёю ўжо стаяў пан Ляскоўскі і з усмешкаю, якая так падобна была да смеху бронзавага музыкі на стале, працягваў ёй абедзве рукі.

— Добры вечар, панна Зося! — сакавітым вясёлым голасам сказаў ён.— Як даўно ўжо я не бачыў вас, і мне гэта, ведаеце, не так лёгка было... Але што ж мы тут стаімо: кажуць, сварка будзе, калі цераз парог вітаюцца.

Далікатна ўзяў ён Зосю пад руку, знарок ці незнарок правёўшы сваімі трапяткімі пальцамі па яе руцэ ад пляча да локця, і падвёў яе да крэсла. Зноў тое самае крэсла і на тым жа месцы! Зося тузанулася ўбок.

— Я лепш сяду вось сюды,— ціха сказала яна, паказваючы на дыванавую канапу каля сцяны.

Пан Ляскоўскі падышоў да аднае, да другое сцяны, пашоргаўся каля кранштэйнаў, якія ў выглядзе ласіных рагоў растапырвалі свае лапы і падтрымлівалі лямпы з круглымі белымі абажурамі: млечнае, супакойваючае святло заліло ўвесь пакой. Прайшоў ён таксама міма дзвярэй і скрабануў чымсьці аб іх. Потым стаў пасярэдзіне пакоя і ўставіўся сваімі пранізлівымі вачамі на Зосю. Гэты погляд нібы калоў дзяўчыну, яна адчувала, як нешта дакраналася да яе твару, грудзей. Хутчэй пазбавіцца гэтага абмацвання, ад якога сэрца ледзянее! Сказаць адразу, за чым прыйшла. Можа, яна так і не адкрыла б рота, каб не магутнае жаданне вызваліцца ад гэтых жудасных вачэй.

— Пане Ляскоўскі...— з перапынкамі пачала яна і асеклася.— пане Ляскоўскі... я прыйшла да вас... прасіць... аб адной рэчы...

— О, панна Зося нечым усхвалявана! Што здарылася з вамі? — нібы выказваючы шчырую зацікаўленасць і спачуванне, жвава загаварыў пан Ляскоўскі.— Калі вам кепска было, то чаму ж вы не звярнуліся да мяне, я так быў бы рады дапамагчы ці параіць вам што-колечы. Ну, што ж у вас за просьба?

Ён нячутна ступіў разы тры і сеў каля дзяўчыны. Яна хістанулася ўбок — і была ў другім канцы канапы. Ляскоўскі скрывіў свае тонкія губы, у вачах яго заскакалі сярдзітыя агеньчыкі. Але праз хвіліну твар яго зрабіўся зноў прыветным.

— Выбачайце, калі я патурбаваў вас,— далікатна сказаў ён.— Калі ласка, гаварыце, у чым справа.

— Я прыйшла да вас даведацца, дзе майстра Зыкаў,— павольна сказала Зося і сама здзівілася, як раптам супакоілася і рашучасць вярнулася да яе.

Яна цяпер добра бачыла пана Ляскоўскага са зменамі ў яго твары. І ўсе падрабязнасці, якія абкружылі яе ў пакоі. Задаволена вымерала яна і адлегласць да пана: яны сядзелі на розных канцах канапы, мусіць, не менш, як на сажань адзін ад аднаго. Пры ўспаміне аб Зыкаве па твары пана Ляскоўскага прайшла сударга агіднасці, нібы яму ў нос шыбанула чымсь непатрэбным.

— Выбачайце, але я не цікаўлюся сваімі рабочымі,— сухавата сказаў ён.— Усе справы з імі вядзе намеснік і бухгалтар. А што ж здарылася з гэтым, як яго? Зыкавым?

— Так, дык вы, можа, і не ведаеце, хто такі Зыкаў? Ха-ха-ха!

Зося аж сама спалохалася свайго смеху. Адкуль ён узяўся? Здавалася, што яна слова не вымавіць, а тут гэты смех! Нават болей: яна ўскочыла з канапы і з жвавасцю пачала гаварыць:

— Зыкаў — майстра на паперні. Я кахаю яго, ён — мяне, і мы хутка... пажэнімся.

У гэтых словах дзяўчыны адчувалася быццам пахвальба хлопца, які ўпершыню закурыў. Але пан Ляскоўскі злавіў вухам напружанасць, бравурнасць у голасе Зосі, добра разумеў, што за гэтымі развязанымі словамі хаваецца нешта іншае: ці спалох, ці адчай.

— Дык вы збіраецеся замуж? Вось дык навіна! Не чуў!.. Але ж як гэта здарылася, што вы прыйшлі да мяне даведацца аб сваім жаніху? Гэта ўжо зусім пікантна! Далібог, пікантна!

Ён зноў уставіўся сваімі вачамі ў твар Зосі, голасна зарагатаў. Твар яго зрабіўся жахлівым, губы дрыжалі ад смеху, а нерухомыя вочы холадна, неадчэпна ўпіліся ў постаць Зосі. Але яна не спалохалася. Гэта бачыў і пан Ляскоўскі. Значыць, яе бравурнасць прыкрывала не страх, а нешта іншае. Значыць, трэба мяняць тактыку, але ён не паспеў.

— Я прыйшла да вас не для таго, каб вы кпілі з мяне! — зазвінеў яе голас, нацягнуты як струна.— Я прыйшла да вас з просьбаю як да чалавека: не звальняць з работы Зыкава.

— Ах, дык вы дачуліся, што Зыкаў звальняецца? Гэта добра, надта добра! І прыйшлі прасіць, каб я пакінуў яго на рабоце? Ха-ха-ха!

— Выбачайце, я дарэмна прыйшла да вас! — упалым, глухім голасам сказала Зося і кранулася да дзвярэй. Але пан Ляскоўскі загарадзіў ёй дарогу.

— Пачакайце! Я ж не адказаў вам; вы занадта фанабэрыстая, нават не падобна, што вы з Ляскаўцоў ці што вы толькі настаўніцкая дачка... Дык што я вам хацеў сказаць. Ага! Вось. Я задарма вашага Зыкава не вярну на фабрыку.

Зося, нічога не разумеючы, жахліва глядзела ў свідруючыя вочы пана. Той, выгінаючыся слізкай хадою, набліжаўся да яе. Зося адступала крок за крокам, пакуль яна не была прыпёрта да сцяны. Яна азірнулася па баках, шукаючы месца, куды б яшчэ падацца. Пан Ляскоўскі быў зусім блізка, яна адчувала на сваім твары гарачыя хвалі, якія несліся ад яго частага дыхання.

— Я прыму назад вашага каханка пры адной умове: калі вы абымеце мяне і дасце столькі пацалункаў, колькі я жадаю.

Ён працягнуў рукі ўперад, яго трапяткія, тонкія і віхлястыя, як адросткі мядузы, пальцы гатовы былі ўчапіцца ў яе цела. Зося адскочыла ўбок так хутка, што адросткі мядузы торкнуліся і скрабянулі сцяну. Уюном крутануўся ён назад, твар яго быў смяртэльна белым, зубы ляскалі.

— Дык вы беражаце свае ласкі для смуроднага парабка? Добра ж! Але не дачакаецеся вы яго.

Зося, не спускаючы вачэй з Ляскоўскага, крок за крокам, уздоўж сцяны, набліжалася да дзвярэй. Ёю валодала толькі адно жаданне: як мага хутчэй выбегчы з гэтага пакоя, залітага млечным святлом, пазбавіцца ад гэтага ўсцішнага твару, які кратаўся следам за ёю.

— Я ведаў, што ты прыйдзеш! — хрыпата гаварыў Ляскоўскі, ідучы за дзяўчынаю.— Ты прыйшла шукаць ласкі, а мне даць яе не хочаш? Твой Зыкаў не вернецца, і я прымушу цябе кахаць мяне!

Толькі невялічкі кавалак засталося прайсці да дзвярэй. Вось-вось яна рынецца да іх. Яшчэ крок — і Зося віхрам кінулася да чорнага чатырохкутніка, сударгава схапілася за тоўстую халодную ручку. Вочы ж яе, як і ўперад, былі прыкаваны да постаці пана Ляскоўскага. Але... але дзверы не адчыняліся. Ляскоўскі стаяў на месцы, і губы яго віліся вужакамі ад нястрымнага бязгучнага смеху.

— Пусціце мяне! — закрычала істэрычна дзяўчына.

Раптам як жалезнымі абручамі сціснуўся пояс Зосі. Шыя заныла ад болю, у рот было ўсунута нешта пахучае, што не дазваляла вымавіць слова. Яна чула, як адарвалася ад зямлі і закалыхалася, як на спрунжынах. На нейкі момант яна страціла прытомнасць. Потым, расплюшчыўшы вочы, яна заўважыла, як прамільгнуў адзін пакой, другі. Каля сцяны трэцяга пакоя ногі яе крануліся падлогі, але жалезны абруч не пакідаў сціскаць яе цела. Яна бачыла, як павярнуўся кавалак сцяны і ў ёй з’явілася чорная вузкая дзірка. Моцная рука ўвапхнула яе туды, і ногі яе заляскалі абцасамі па чыгунных, мусіць, сходках. Яе цяпер нішто ўжо не трымала, але яна зусім аслупянела ад усяго здарэння і цемнаты. У голаў ударыла тухлым паветрам.

Але вось ззаду цяжкая рука лягла ёй на плячо і пасунула яе ўперад — уніз. На закручаных сходках, прывязаная рукою на плячы да ішоўшага ззаду Ляскоўскага, Зося апынулася напаследак на роўным месцы, але змрок таксама быў абсалютны. Абручы зноў былі наложаны на яе і аслаблі толькі тады, як, павярнуўшы разы два ці тры ў розныя бакі, Ляскоўскі паставіў яе на ногі. Скрыпнулі нейкія дзверы, і праз момант Зося апынулася ў асветленым прыгожым пакоі. Ключ тромкнуў два разы. Хустачка з рота пайшла ў кішэню свайго ўладара. Але без яе Зося не магла выгаварыць ані слова. Яна, кепска ўяўляючы сабе, што адбываецца, разглядала імшыста-мяккі дыван на ўсю падлогу, мармуровы камін з прыгожымі статуйкамі голых кабет на ім, прыгожую лямпу пад шаўковым зялёным абажурам, круглае люстэрка ў залатой аправе на сцяне, шафы блішчастага лакіраванага дрэва. У кутку ўздымалася, як гара, вялізарнае ложка з прыгожымі анёлкамі ў галавах і нагах. Не было толькі ніводнага акна.

— Табе падабаецца тут, галубка мая? Усё гэта прыгатавана толькі для цябе.

Гэтыя словы вярнулі Зосю да рэчаіснасці. Яна азірнулася назад. Ляскоўскі весела глядзеў на яе; ноздры яго, як у ганчака, пачуўшага птушку ў кустах, раздуваліся, гнуткі стан разгінаўся ад пацешна-штукоўнага ўклону, які ён, мусіць, зрабіў, сказаўшы апошнія словы. Злосць ахапіла Зосю: кожны нерв, кожная жылка яе напружылася, як нацягнутая струна.

— Што гэта за кпінкі, пане Ляскоўскі? — ляскаючы зубамі ад страху, запыталася яна.

— Ніякіх кпінкаў! Ты павінна быць маёю, і не трэба было падымаць там такі гвалт.

— Вы брудны нягоднік! — ускрыкнула Зося.— Як вы смееце здзекавацца з мяне?

— Тут крычы, колькі хочаш, а ўсё ж маёй будзеш!

Ён растапырыў рукі і крануўся да дзяўчыны. Яна са смяртэльным страхам кінулася ў самы далёкі куток. Пачалася пагоня. Некалькі разоў Зося вырывалася з цэпкіх рук. Але напаследак сілы пачалі пакідаць яе, і яна ледзь ухілялася ад чырвонага, ускалмачанага, сапучага пана Ляскоўскага. Звярыныя яго вочы ўсё часцей і бліжэй нахіляліся над ёю. Вырваўшыся з яго рук апошні раз, яна падскочыла да каміна і схапіла аберуч цяжкую бронзавую статуэтку. Пан Ляскоўскі адскочыў, як падсмалены і загарадзіўся двума шырокімі крэсламі. Высокія аблакотнікі іх маглі схаваць яго, нават калі б Зосі прыйшло ў голаў шыбануць у яго чым-небудзь. Зося стаяла нерухома, трымаючы ў выцягнутай руцэ (як Атэна-Палада — статую Перамогі) па-мастацку зробленую статуэтку жанчыны.

— Дарэмна вы змагаецеся,— баязліва паглядаючы на Зосю, загаварыў пан Ляскоўскі.— Усё роўна я вас адгэтуль не выпушчу, а тым часам распраўлюся з вашым бацькам і Зыкавым.

— Як гэта вы расправіцеся? Што вы зробіце з імі?

— Я магу паслаць іх у астрог, на шыбеніцу. Ваш бацька даўно звязаны з рэвалюцыянерамі там усякімі, а Зыкаў... Зыкаў таксама.

— А... Адкуль, адкуль вы... ведаеце, што Зыкаў...

Рука яе, трымаўшая «Перамогу», аслабла. Маленькая кабета грукнулася, падскочыла з дывана і жаласна зазвінела, стукнуўшыся аб рог каміна. Пан Ляскоўскі, пільна сачыўшы за дзяўчынаю, спакойна выйшаў з свае крэпасці і, агідна ўсміхаючыся, нячутна склізнуў да каміна. Зося не магла крануцца з месца, і толькі гарачыя непрытомныя вочы яе са страхам наглядалі за набліжэннем невядомае бяды і пакуты...

Зося прыйшла да розуму, расплюшчыла вочы і жахнулася ад спалоху: зноў гэты самы пакой, той жа камін, тыя ж мэталёвыя кабеткі на ім. Тупы боль ніжэй пояса напамінаў аб сабе; ногі былі нібы зламаны або чужыя. Абводзячы вачамі пакой, яна раптам зрабілася як непрытомнай і ўтаропілася вачамі ў адну кропку. З круглага люстэрка на сцяне, супраць пасцелі, на яе пазіралі шалёныя вочы нейкае змучанае, ускалмачанае дзяўчыны, з сінякамі на губах і шыі; вопратка і сарочка былі разадраны, і голае цела крэйдаю бялела на яркім святле лямпы. Яна зварухнулася, і гэтая абадраная дзяўчына хістанулася ў сваім срэбным кругу. Зося адарвала свае вочы ад люстэрка і кінула незнарок погляд на сябе. Яна ўскочыла ад новае хвалі перапуду, якая ахапіла яе, калі яна зразумела, што абшарпаная, ускалмачаная дзяўчына на сцяне — гэта яна сама. Чаму яна на пасцелі, чаму парвана ўся адзежа, чаму гэты боль? Яна скокнула на падлогу, плямкі крыві на прасцірадле прыкавалі яе ўвагу. Боль адчуўся больш выразна. Ён навёў яе на ўспамін, зусім цьмяны, што адчула яго яна, калі чырвона-звярыны, вышчараны твар зусім прынік да яе... Вострая здагадка прарэзала ёй мазгі, сэрца. Яна не па-чалавечы ўскрыкнуда раз-другі, забілася па ўсяму пакоі, кінулася далей да дзвярэй. Але яны былі непрыступна-глухія, як сцяна. Азвярэла пачала яна біць кулакамі ў маўклівы чатырохкутнік, біла, пакуль, знясіленая, не апусцілася на падлогу каля самага парога.

Ружовыя, зялёныя, жоўтыя плямкі ледзь трапечуцца на ўзгалоўі ложка, на белым, ярка белым бацісце падушкі. Зося прыглядаецца да іх, пераводзіць вочы на выразных анёлчыкаў па рагах ложка, далей — на сцены. Пакой нібы той самы, што так мучыў ноччу, і быццам іншы, не такі страшны. Каля ложка стаіць крэсла, на ім развешаны прыгожыя ўборы, незнаёмыя ўборы. Вось збоку на століку... свежыя кветкі... ружы... цюльпаны. А дзе ж яе вопратка? Яна саскоквае з ложка, шукае — дарэмна! Нутраны холад пранізвае яе, і яна інстынктыўна накідае на сябе хоць чужую адзежу. Казлытна-прыемны халадок шоўку агарнуў яе цела, якое яшчэ ныла, як пасля пабояў.

Пакрысе ўспаміны яе прынялі больш паслядоўны характар. Яна ўспомніла, як папала сюды, здагадалася, што гэты пакой той самы, у якім яна была і ўначы. Што ж гэта здарылася з ёю? Страшэннае, жудаснае, аб чым яна не магла думаць. Перад ёю стаяла толькі адно: яна збэшчана, утоптана ў гразь. Нават не гнеў, не помста, не пытанне, як выбрацца з гэтага астрога, хвалявалі яе. Яна толькі думала аб тым, што цяпер яна — не чалавек, што жыццё яе скончана, бо яна не зможа вярнуцца да бацькі... да Зыкава. Толькі смерць, добраахвотная смерць можа загладзіць яе ганьбу... Ад дзвярэй пачуўся шоргат.

 

VII

У адзіноце, без ніякіх машын, варочаўся Зыкаў у Ляскаўцы. Чатыры дні дарэмна абіваўся ён у мястэчку. У начальніка станцыі даведаўся ён аб раскладцы таварных цягнікоў, выходзіў да кожнага з іх насустрач, але толку з гэтага не было. Прастаяўшы з паўгадзіны, цягнік зрываўся і поўз далей. Разам з Зыкавым прыходзілі два-тры будучыя падводчыкі, якія адразу знайшліся, як толькі Зыкаў трапіў у мястэчка, і не адставалі ад яго ў надзеі добра зарабіць. Калі толькі цягнік адыходзіў ад станцыі, не пакінуўшы жаданых вагонаў, падводчыкі скраблі за вухам, уздыхалі, наглядалі ні то ўпікліва, ні то насмешна на Зыкава і нехаця пакідалі пустую платформу. Нават начальніку станцыі, які спачатку вельмі прыветна абыходзіўся з Зыкавым, ведаючы, што той ад пана Ляскоўскага, напаследак, мусіць, надакучыла адказваць адно і тое самае: «Не, і на гэты раз на нашу станцыю вагонаў не будзе».

Зыкаў пачаў нервавацца. Паспешлівасць, з якою накіравалі яго на станцыю, а таксама гэтае неабмежаванае чаканне выклікалі ў ім падазронасць: ці няма ў гэтым здарэнні чаго-колечы штучнага, знарок падробленага? Але для чаго? Адказу ён не мог знайсці. Але ж чаканне рабілася зусім невыносным. На чацвёрты дзень увечары ён хацеў ужо кінуць мястэчка і пайшоў да начальніка станцыі прасіць, каб той як-небудзь паведаміў найхутчэй у Ляскаўцы, калі прыйдуць машыны. Начальнік, аднак, угаварыў яго пачакаць яшчэ два цягнікі, з якіх адзін павінен прыйсці на другі дзень зранку, а другі — пасля папоўдні. На думку начальніка, выходзіла, што гэтыя цягнікі больш зборныя, з вагонаў бліжэйшага прызначэння. У іх напэўна павінны быць вагоны з машынамі. Як ні моташна было Зыкаву заставацца яшчэ нанач у карчме Янкеля, але ён паслухаўся начальніка. І дарэмна паслухаўся: гэтыя надзейныя цягнікі прайшлі таксама, як і ранейшыя, пакінуўшы на нейкі час толькі хмаркі дыму над станцыяй. Абураны так, што ўсё трэслася ў яго грудзях, пакінуў Зыкаў станцыю, як мага хутчэй запрог каня і, паспешна сунуўшы грошы карчмару, кінуўся назад — у Ляскаўцы.

Нецярплівасць падганяла яго, а ён — каня. Зімні адвячорак кароткі, і за сонцам Зыкаў праехаў менш паловы дарогі, хоць конь нёсся як вецер, абдаючы свайго фурмана фантанамі колкага сухога снегу. Сонца пастаяла крыху на верхавіне высокае яліны, якой пачынаўся лес, і слізганула за чорную стужку. Кароткі пажар зары там, дзе было сонца — і цёмна-машастовае неба трымціць зеленкаватымі, ружаватымі зоркамі. Яны нервова мільгацяць, абліваюць белую зямлю фосфарным святлом.

Смутак апанаваў Зыкава. Ён узрастаў усё мацней, як вазок глыбей ды глыбей урэзваўся ў цемру агромністага лесу. Не пустэльная маўклівасць хаўтурна-змрочнага лесу, не сполашныя шолахі, якія час-часам дасягалі яго вуха, не, не гэта непакоіла яго! Перад ім стаяла нявырашанае пытанне, якое ўзнікла яшчэ ў мястэчку ў звязку з бязглуздаю яго паездкаю. Што ў гэтым было нешта знарок зробленае, ён ужо пераканаўся. Можа, знайшліся якія-небудзь падставы здагадвацца аб існаванні яго гуртка рабочых гуты, з якім ён ужо так многа папрацаваў; можа, яго паслалі, каб лягчэй было ў яго адсутнасць дазнацца пра гэтую справу. Гэтая думка выклікала ўспамін аб прызнанні Зосі адносна яго мінулага. Прабаваў ён свае гэтыя думкі разагнаць замілаваннямі ўспамінаў аб самой дзяўчыне, аб салодкасці кахання да яе. Але і гэта не падняло яго настрою. Наадварот, думку аб Зосі прарэзала адно здарэнне з ёю, аб якім ён даўно ўжо не ўспамінаў: перад ім паўстаў малюнак таго моманту, калі дзяўчына перадала яму водзыў аб ім (не аб ім, але аб Зыкаве!) і расказала аб спакусе яе панам Ляскоўскім. Гэты ўспамін зусім усхваляваў Зыкава. Трывога ахапіла яго абцугамі і не пакідала аж да самых Ляскаўцоў. Ён гнаў што было сілы каня, які і без таго зрабіўся сівым ад пены.

Яшчэ было, мусіць, не зусім позна, калі Зыкаў уехаў у вёску; у хатах яшчэ блішчалі вокны. Ён, не прыпыняючыся каля свае кватэры Кавальчыка, праехаў да канца вёскі і накіраваў каня да школы. Цёмныя вокны слепа пазіралі на яго. Трывога павялічылася. Доўга стукаў ён з двара ў «чорныя» дзверы. Напаследак крук забразгаў і дзверы расчыніліся. Замест жвавага пастуквання абцасаў да вушэй Зыкава дайшло вялае цяжкае шорганне другіх ног.

— Гэта вы, Пятрусь Мікалаевіч? Чаму ў вас цёмна? — запытаўся Зыкаў, запальваючы сярнічку, якая доўга не запальвалася.

Адказу не было. Зыкаў нарэшце запаліў-такі агонь, хоць пальцы яго дрыжалі ад холаду і нутранае трывогі. На момант, пакуль гарэла сярнічка, мільганула нейкая жаласна-дзікая постаць настаўніка. Нешта, мусіць, здарылася. Зыкаў пачаў шоргаць сярнічкі адну за адной: яны ламаліся, не запальваліся. Але ўсё ж яшчэ адна загарэлася, і ён сяк-так запаліў лямпу.

Пятрусь Мікалаевіч, асавелы, з вісячымі, як цапы, рукамі, дробна трос галавою, жаваў ротам з раскіслымі губамі. Ён быў без пінжака і камізэлькі; сарочка, высукаўшыся з нагавіцаў, абвісала вакол яго пухірамі. На прывітанне Зыкава ён нешта прамармытаў, не пакідаючы трэсці галавою.

— Ды што здарылася з вамі, Пятрусь Мікалаевіч? Ці не захварэлі вы? — недаўменна разглядаючы настаўніка, запытаўся Зыкаў.

— Лепш, каб я захварэў! — скрыпучым голасам адказаў стары.

— Нічога не разумею! А дзе... Зося?

Пятрусь Мікалаевіч страпянуўся і хапіўся рукою за стол. Галава яго бязвольна схілілася ўніз. Зыкаў адчуў нядобрае. Той выгляд, у якім ён застаў Петруся Мікалаевіча, гэтая млявасць і прыгнечанасць яго, мусіць, звязаны з нейкім цяжкім здарэннем. Зыкаў пачакаў момант-другі адказу, а потым падскочыў да настаўніка і страсянуў яго за плячо.

— Дзе Зося? — ускрыкнуў ён, не валодаючы ўжо сваім голасам.

Настаўнік, як аслупянелы, павёў на яго вачамі, у якіх раптам запалілася і патухла злосць, змешаная з жахам. Ён працягнуў дрыжаўшую руку, падлубаўся ёю на стале і падаў Зыкаву прыгожы канверт, адзін канец якога быў няроўна надарваны. Пасля гэтага стары паваліўся, як мяшок, на канапу.

Зыкаў падышоў бліжэй да лямпы. На канверце быў адрас настаўніка. Зыкаў кінуў на яго запытальна-недаўменны позірк, але потым рашуча выцягнуў ліст.

«Шаноўны пан настаўнік! Можа, вы занадта ўсхваляваны тым, што вашае дачкі няма з вамі? Не турбуйцеся шукаць яе: яна знаходзіцца ў мяне ў маёнтку. Панна Зося адмаўляецца ад шлюбу, аб якім вам вядома было, і прыйшла да мяне зусім па сваёй добрай волі. Выказваю надзею, што ёй у мяне спадабаецца.

Гатовы заўсёды дагадзіць вам

С. Ляскоўскі».

Зыкаў дачытаў да канца. Напісанае не адразу ўмесцілася ў яго разуменне. Ён зноў пачаў чытаць, але літары скакалі, як шалёныя, віліся вужакамі, мітусіліся ўсе ў адным месцы, то разляталіся немаведама куды, і папера здавалася зусім чыстаю. Ён кінуў лісток на падлогу, зрабіў некалькі крокаў туды-сюды, насунуўся на стол, а потым на зэдлік. Мусіць, стук паваленага зэдліка даў нейкі іншы кірунак яго імпульсам. Не заўважыўшы нават, што пакінуў у хаце шапку, ён выйшаў за дзверы, на вуліцу. Прамерзшы пасля хуткае язды конь хроп, нецярпліва скроб капытам снег і нават заржаў, пабачыўшы чалавека. Але Зыкаў быццам не мог чуць ці бачыць. З непакрытаю галавою блукаўся ён узад і ўперад па пляцы перад школкаю, а потым рашучымі хуткімі крокамі накіраваўся ў вёску.

— Трэба расправіцца з нягоднікам! — мармытаў ён, ледзь не бягом несучыся да свае кватэры.

Дайшоўшы да хаты Сымона Кавальчыка, Зыкаў накіраваўся не ў хату, а за вугал. Там ён разгроб кастрыцу, якою засыпана была прызба, і выцягнуў адтуль скураны капшук. Абтросшы з яго смяццё і развязаўшы, ён дастаў з капшука нейкую рэч, якая мэталём бліснула ў праменні ад акна.

— Зайду ў хату праверыць рэвальвер,— падумаў ён, хаваючы начыніну ў кішэню.

Зусім спакойна, нібы ён варочаўся з работы, увайшоў Зыкаў у цёмныя сенцы. Але нейкія незвычайныя гукі затрымалі яго каля хатніх дзвярэй: з хаты, у якой ён жыў, чутны былі галасы, нешта шоргала, нібы цягалі па падлозе штось цяжкае. У такі, ужо зусім няранні, час знаходжанне людзей у яго кватэры абудзіла ў ім на момант падазронасць. Але яна заглытнулася панаваўшым у ім пачуццём помсты і бязмернага смутку, які ахапіў усю яго істоту. Рашуча адчыніў ён дзверы з жаданнем як найхутчэй справадзіць тых, хто так вольна гаспадарыць у яго кватэры. Адчыніў дзверы, дый так і застаўся на парозе.

Пасярэдзіне хаты тырчаў шэры шынель з блішчастымі гузікамі. На рып дзвярэй павярнулася галава і па-начальніцку чырканула:

— Хто адважваецца ўваходзіць?.. А! гэта вы самі, «таварыш» Зыкаў, ці як яшчэ вас там завуць! Уваходзь!

З падлогі, якая была засыпана папераю, кніжкамі, паднялася кругленькая фігурка, абцёрла хустачкаю каленкі і крыху боязна зірнула ў бок дзвярэй.

— Вы, калі ласка, заходзьце, заходзьце, пане майстар! Вы, напэўна, ведаеце мяне: я бухгалтар Пісарэўскі, у мяне працуе панна Зося.

Зыкаў адарваўся ад дзвярэй і са сціснутымі кулакамі пайшоў уперад.

— А што ж вам патрэбна тут, пане Пісарэўскі, і вам таксама, пане ўраднік? Хто вам дазволіў разбураць мае рэчы? Гэта брыдка!

Бухгалтар кінуў позірк на твар Зыкава і дробнымі крокамі, нават мала прыкметна, пачаў адыходзіць да дзвярэй. Як толькі ён апынуўся каля самага парога, нерухомы ўраднік выявіў надзвычайную жвавасць. Раптам бліснуў у яго працягнутай руцэ доўгі, як пушка, пісталет.

— Ты арыштаваны, не варушыся! Мы маем весткі, што ты — заядлы рэвалюцыянер, а кніжкі і паперы, якія знойдзены намі, гэта пацвярджаюць.

На нейкую хвіліну Зыкаў страціў усякі розум. Потым перад ім паўсталі два голыя вострыя факты: Зося ў пана і гэты арышт. Нікому тут, апроч Зосі, не гаварыў ён аб сваёй сапраўднасці. Няўжо ж яна змагла двойчы прадаць яго? Зося?! Ясная, як сонца, дзяўчынка? Гэтыя вострыя думкі віхрам пранесліся ў яго галаве пад пагражаючым поглядам двух шэрых — урадніцкіх і аднаго чорнага — пісталетных вачэй.

— Пане Пісарэўскі,— загадаў сухім голасам ураднік,— пашукайце ў яго кішэнях!

— А чаго там шукаць? — нясмела прамовіў той, не адыходзячы ад дзвярэй.

— Вы не ведаеце чаго? Вядома, не хустачак! Ды не бойцеся вы, нічога ён вам не зробіць, бо не ўцячэ.

Бухгалтар Пісарэўскі ледзь адліп ад вушака, дзе ён, здавалася, гатоў быў стаяць усю ноч. Крадучыся, як кот на мыш, пачаў ён набліжацца да Зыкава. Вось ён сунуў ужо адну руку ў кішэню кажуха, які даў Зыкаву інжынер, пасылаючы яго на станцыю. Удалы пачатак, мусіць, надаў смеласці бухгалтару, і ў другую кішэню ён палез ужо без дрыжачкі ў руках. Зыкаў цяжка ўздыхнуў, але стаяў нерухома. Ён не зводзіў ні на момант сваіх вачэй з твару ўрадніка.

— Вось тут нешта важкае! — спалохана хрыпануў бухгалтар.

Зыкаў адчуў, што той дакрануўся да рэвальвера, але вочы яго неадчэпна сачылі за руляю ўрадніцкага пісталета.

— Ды мацайце вы там хутчэй! — нервова крыкнуў ураднік. Вочы яго скасіліся на момант на бухгалтара.

Раптам нешта цяжкае грукнула аб ножку стала. Бухгалтар адскочыў, як гумавая куля, ад Зыкава. Ураднік смешна ікнуў, быццам што з’еў сухое; адтапыранаю рукою ён прогся выцягнуць з похвы шаблю. Але не паспеў: у момант цяжкі кулак Зыкава кінуў яго на падлогу. Зыкаў са сціснутымі зубамі і налітымі кроўю вачамі схапіў з падлогі цяжкі даўжэразны пісталет урадніка; у цішыні хаты храпнулі-хліпнулі два размераныя гукі. За імі — трэці, але ўжо падобны да крыку цяляці, якому заціскаюць рот перад тым як рэзаць.

Гэты крык абудзіў Зыкава. Ён кінуў пісталет, зірнуў яшчэ раз на грузкае цела ў шэрым шынялі. Яно варушыла нагамі, скрабло пальцамі рук па падлозе, нібы хацела згрэбці раскіданыя там паперы. Зыкаў нахіліўся, падняў некалькі кніжак і панёс іх да абернутага куфэрка. За нешта зачапіўся кажухом: пан Пісарэўскі слупам стаяў, рот яго лавіў паветра, твар быў белы, як папера. Зыкаў толькі цяпер заўважыў, што той стаіць; ён замахнуўся на яго кулаком, але не паспеў выцяць, бо пан Пісарэўскі, заенчыўшы, як перад смерцю, кінуўся куляю за дзверы.

— Зловяць мяне цяпер,— падумаў Зыкаў і кінуўся таксама на вуліцу. Цяжкі кажух, які замінаў яму бегчы, ён сцягнуў з сябе не прыпыняючыся і кінуў на дварэ Кавальчыка.

Сымон Кавальчык высунуў з-за вушака свой пергаментны твар, прыслухаўся і ступіў цераз парог у «чыстую» хату. Пара, што валіла белымі хвалямі з халодных сенцаў, шкодзіла яму бачыць, што рабілася ўнізе. Ён пераступіў разы два-тры — і жахнуўся, заўважыўшы ўрадніка ў калюжыне крыві. Як гэта здарылася, ён не мог уцяміць, бо калі ўраднік прыйшоў да яго, то загадаў усім сядзець дома і не совацца ў хату, дзе жыў кватарант. І вось такое здарэнне! Гэта ж забойства зваліцца на яго самога, на яго сям’ю.

— Хутчэй выцягнуць яго на вуліцу з усімі яго прычындаламі! — загадаў ён сваім, забегшы ў курную хату.

Жагнаючыся і трасучыся, вывалаклі ўрадніка на вуліцу і пакінулі там, а потым кінуліся скрэбці падлогу, адціраючы кроў. Старая Сымоніха стагнала, жагналася, непрытомна мармытала.

— Казала я, што дабра нам не будзе, як пусцілі ў хату гэтага гарадскога андуфэльта! Эх-ха, а ўсё дурная я, дурная... тыкаеш мне ў нос дурною... Ну, што цяпер будзе?

— Вядома, бяда! — уздыхаў Сымон.— Але няма чаго прычапляць сюды гэтага хлопца... І пярун яго ведае як гэта усё шчаўплося? Ратуй ты, божа, ад хваробы...

Знадворку пачуліся крокі. Вось ужо стукаюць і ў сенцах. І Сымон, і яго старая, і Гануля, і сыны акамянелі, там, дзе хто стаяў ці ў якім стане быў. Гануля так і засталася, нагнуўшыся з анучаю ў руцэ і разяўленым ротам, а маці як ліла ваду з вядра, так і трымала яго нахіленым, хоць яно ўжо і было пустое.

У хату ўвайшлі два чалавекі, закручаныя башлыкамі так, што твараў іх нельга было бачыць. Адзін стаў каля парога, а другі прайшоў уперад.

— Ведаеце, людцы,— ляскаючы зубамі, загаварыў Сымон,— мы вось сёння вепрука закалолі... і... свежавалі тут, пакуль няма нашага кватаранта...

Але прыйшоўшыя не слухалі яго. Той, што зусім увайшоў у хату, выцягнуў аднекуль з-пад кажуха посцілку і бярэмамі пачаў скідаць у яе кніжкі, рассыпаныя па ложку, на стале, на падлозе. Ён так паспешна сабраў іх, што Сымоніха не паспела нават адысці і вымавіць хоць слова. Праз хвіліны дзве-тры толькі снег прарыпаў услед гэтым невядомым людзям. Яшчэ доўга моўчкі стаяла сям’я Кавальчыка, ледзь пераводзячы дух.

— Няхай бог крые! Што ж гэта чаўпецца з намі? — ўсхліпнула са страху старая.

— Хутчэй хадзем класціся, тушы агонь,— скамандаваў Сымон, а сам застаўся вартаваць у сенцах.

 

 

VIII

І вось Зося наважыла скончыць самагубствам. Гэтая думка неадчэпна сядзела ў яе маленькай галоўцы. Ні наглуха забіты пакой, у якім яе зачынілі, як у труне, ні новыя цудоўныя вопраткі, чыёюсь стараннаю рукою развешаныя на крэсле, ні што іншае не прыцягвала больш яе ўвагі. Нават аб Зыкаве не прамільгнуў ніводзін успамін. Тупая беспрасветная думка аб самагубстве абвалакла ўсю яе істоту. З пакалмачаным стогам золата на галаве, у разарванай кашулі з плямкамі крыві, з сінімі кругамі пад затухшымі вачамі сядзела яна на ўскрайчыку раскошнае пасцелі або сноўдалася па пакоі. Голыя яе грудзі, ногі, кашуля былі то жоўтымі, то сінімі, як толькі яна праходзіла праз прамень, які рознакаляровым снопам падаў ад венецыянскага акна.

За дзвярыма пачуўся дробны гулкі тупат. Гэтыя гукі страсянулі дзяўчыну, і яна скокнула, як дзікая каза, за цяжкае крэсла, схапіўшы мімаволі статуэтку ў рукі. Пачуццё самааховы яшчэ не зусім пакінула яе.

Замок трымкнуў два разы, і цяжкія дзверы павольна расчынілі чорнае жарало. На парозе стаяла... Ядзя. У белым шоўкавым адзенні з маленькім пучком нейкіх ружовых жывых кветак на грудзях, тонкая, стройная, з вясёлым жвавым тварам, на якім спелаю вішняю чырванелі маленькія губы, яна рэзка выдзялялася на фоне чарнаты расчыненых дзвярэй. Быццам святлей стала ў пакоі з яе прыходам.

— Матка найсвеншая з намі! Вось дык маладая! Зося! Зося! — зашчабятала і замітусілася Ядзя, угледзеўшы сваю былую таварышку за крэслам.— Сёння ж свята, ужо даўно, як усе паўставалі, а ты яшчэ не прыбралася! Хутчэй збірайся, мы сёння паедзем у санях на фальварак. Стась загадаў запрагчы вараных. Ух! як я люблю іх! Снег слупам ляціць, вецер свішча ў вушах, дрэвы нясуцца насустрач, як шалёныя. Скарэй жа! Стась чакае!

За крэсламі нешта грукнула на падлозе. Рукі Зосі калаціліся, яны не вытрымалі статуэткі, як і тады, як яна адбівалася ёю ад пана Ляскоўскага. Ядзя яшчэ больш зацікавілася і падышла амаль да самага крэсла. Выгляд Зосі прывёў яе ні то ў смутак, ні то ў вышэйшы экстаз.

— Ты, мусіць, надта пакутуеш? Ах, як хацела б я ператрываць вялікую пакуту кахання! — паставіўшы вочы ў столь, урачыста загаварыла панна Ядзя. Нават кветкі на яе грудзях нікліва схілілі свае кволыя галоўкі.

— Пан Стась так моцна кахае цябе, толькі і гаворыць са мною што аб табе,— ужо са ўздымам зноў забалбатала яна.— Ён сапраўдны рыцар як у жыцці, так і ў каханні...

Гэтая крыніца слоў раптам замоўкла, нутраныя застаўкі прыпынілі яе вясёлае балбатанне. Яе былая таварышка скокнула з-за крэсла і асцярожнымі ціхімі крокамі падыходзіла да дзвярэй. Ядзя таксама кінулася назад, імкнучыся зачыніць іх.

— Не бойцеся, я не спрабую ўцячы з турмы, куды засадзіў мяне ваш брат-рыцар,— хрыплаватым голасам, без жаднага хвалявання прагаварыла Зося. Ваш брат, мусіць, надта верыць вам, калі паслаў вас сюды нават з ключом, як астрожную вартаўніцу?

— П-фі! як ты недалікатна выражаешся. Вядома, ты не зусім шляхетная, ты не з такога роду, як мы, але ўсё ж павінна была б гаварыць як след... На жаль, мне цяжка больш заставацца з табою,— крыху пачакаўшы, дадала госця.

— Калі ласка, можаце пакінуць гэты астрог, вас, мусіць, не пасадзяць так,— пахмурна адказала Зося, зморана дакранулася да пасцелі і агарнулася лёгкаю коўдраю. Выгляд яе стаў падобны да папсаванае лялькі, абвінутае ў пялёнкі.

Дзверы важка зачыніліся, але ключ не даваў ніводнага гуку. Праз хвіліну-другую зноў разявіўся чорны чатырохкутнік, і белая постаць Ядзі прамільгнула праз рознакаляровы прамень ад акна.

— Ну, Зосечка, даражэнькая, хоць ты і занадта пакрыўдзіла мяне, але ўсё ж мне цяжка пакінуць цябе так. Мы з табою ўсё ж таварышкі; помніш, як разам вучыліся, як разам прыязджалі з гімназіі на свята. Памятаеш, як раз у лесе нас выкінула з саней на снег і мы не маглі выкарабкацца з футраў?

Зося маўчала, і ніводная рыска на яе смяротна-блядым твары не паказвала змены ў пачуццях.

— Дзе ж гэта было, каб чалавек самахоць сядзеў у адзіноце, цураючыся людзей і асабліва тых, хто яго кахае? Ты ж ужо тры дні тут сядзіш, траціш чалавечы выгляд,— больш усхвалявана з-за маўклівасці Зосі, гаварыла Ядзя.— Кінь ты нуду, прыбярыся, апраніся, а калі не хочаш сама, то я прышлю зараз пакаёўку. Пойдзем з гэтага пакоя, там цябе чакае Стась. Ён будзе нязмерна рады дагадзіць табе ўсім, чаго ты толькі захочаш.

— Вось як! Дык вы, панна Ядвіга, ведаеце ўсе намеры пана Ляскоўскага? Можа, вы прымалі ўдзел у тым, каб загубіць маю чэсць і жыццё?

Зося парывіста сарвала з сябе коўдру і ўскочыла на ногі. Вочы яе, запаленыя шаленствам нянавісці, калолі твар панны. Тая не вытрымала гарачых праменняў, якія ліліся на яе ад гэтых гарачых вачэй. Ядзя страціла ўсю сваю ліслівасць, перапалох самкнуў ёй губы. Яна ўвабрала галаву ў плечы і толькі зрэдку кідала баязлівыя позіркі на суседку. Потым нейкая думка прыйшла ёй у галаву, яна непрыкметна ўсміхнулася.

— А ведаеш, якая ў Ляскаўцах навіна? — нібы нічога не здарылася вось зараз, запыталася яна сваім звыкла-лёгкім тонам.— Ці ведала ты нейкага майстра Зыкава з папяровае фабрыкі?

Зося раптам змянілася ў твары. Едкія праменні нянавісці, якія да гэтага абдавалі панну Ядзю, раптам затухлі пры ўспаміне аб Зыкаве. Летаргічная прыгнечанасць, у якой яна была ўжо два дні, зляцела з яе. На шчоках запылалі чырвоныя плямкі, шэрыя вочы ззялі ціхім святлом.

— Ты ведаеш, дзе ён? З ім здарылася нешта? — ласкава-ўсхвалявана пыталася яна. Рукі яе цягнуліся дакрануцца да пальцаў панны Ядзі.

— Чаму гэта ты цікавішся ім? — крыху ўхіляючыся ад Зосі, у сваю чаргу запыталася панна Ядзя.

Зося не здолела адказаць на гэта запытанне. Яна стаяла, апусціўшы вочы, рукі яе віселі слаба і бязвольна.

— Цікавіцца такімі людзьмі нельга,— прагаварыла быццам убок Ядзя.— Ён...— панна Ядзя наўмысле прыпынілася і напусціла сабе на твар выгляд спалоху.— Ён жа чуць не забіў нашага мілага ўрадніка, які невядома ці застанецца жывым.

Зося слухала кожнае слова з нерухома-ўніклівым поглядам. Толькі праз хвіліну-другую, як скончыла гаварыць Ядзя, Зося глыбока і цяжка ўздыхнула, як енкнула. Вочы яе ашклянелі.

— І ведаеш,— дабівала сваю таварышку панна Ядзя,— ён ужо не раз забіваў людзей. Дый фамілія яго зусім іншая. Гэта быў нейкі беглы астрожнік. Але што гэта з табою?

Зося павольна апусцілася на пасцель, яна была як нежывая. Панна Ядзя ўсміхнулася, прайшлася разы два па пакоі, а потым напяваючы нейкі аперэтачны матыў, лёгка і вясёла выйшла ў чорны калідор. Дзвярэй яна ўжо не замыкала.

Зося ачнулася не хутка. Яна не чула, як дзве пары рук пранеслі яе падземным калідорам, як яе апраналі ў шастаўшы шоўк новае кашулі і кофты, як палажылі на мяккую машаставую канапу. Яна ачнулася, калі ўжо ў чарнаце завешаных лёгкім цюлем акон весела міргалі сіне-зеленаватымі агеньчыкамі зоркі. Лямпа, захаваная ў блакітны ліхтар, роўным песцячым святлом залівала найпрыгажэйшы пакой. Два-тры столікі арэхавага дрэва, палісандравага лакіраванага дрэва, шафа-камод з выразанымі па верху і нізу цудоўнымі кветкамі і птушкамі, па сценах — малюнкі спакойнага мора, прыгожых куточкаў у горах, класічных будынін, на ўсю падлогу тоўсты дыван, аздоблены вытканымі па ім узорамі рымскіх воінаў у шлёмах, коней, запрэжаных у баявыя калясніцы, на падстаўках каля акон раскошныя кветкі гартэнзіяў, алеандраў і іншых невядомых чужаземных раслін. Усё гэта песціла вока, супакойвала вострыя пачуцці. Недалёка ад канапы, дзе, крыху падняўшыся на локаць, ляжала Зося, забаўляліся ў мармуровым каміне швідкія язычочкі агню. Дровы весела патрэсквалі і напаміналі, што за акном зімовая сцюжа, але што тут холад не страшны. Наадварот, прыемна адчуваць сябе зусім недасяжным для тых турбот, якія прыносіць злы сівер.

Вам, напэўна, здаралася бачыць скручаны віхураю, пабіты градам хлеб на полі. Кволае лісце перамешана з зямлёю, надломаныя стрэлкі тырчаць уверх як абрубкі рук калекі. Цяжкая безнадзейнасць, пахмурнасць вее з палетку; здаецца, кожная былінка загінула назаўсёды пад сурова-хмарным небам. Але вось бліснула сонца, асвяціла сумную роўнядзь пакалечаных палёў — і пачынаюць выпроствацца лісточкі, падымацца прыбітыя ў гразь галоўкі кветак, зялёныя каласкі збожжа. Няхай сабе хмары толькі-толькі сышлі і стаяць вось там недалёка, але змучаныя расліны не хочуць успамінаць аб навальніцы, яны шукаюць ласкі і цягнуцца да сонца, хоць бы праменні яго былі кароткімі, ласка яго — няшчыраю, хлусліваю.

Гэта ж самае адбывалася з Зосяю. Той упадак, які апанаваў яе пасля цяжкіх здарэнняў з ёю, быў нарушаны новымі эмоцыямі, што былі выкліканы паведамленнем Ядзі Ляскоўскае аб Зыкаве. Запалаўшая надзея, абудзіўшая з вострасцю пачуцці кахання, раптам сарвалася і замянілася новым усцішшам. Зыкаў — забойца, Зыкаў — астрожнік... Ён хлусіў ёй. А можа, хлусіць Ядзя? Але ж забойства... зроблена. Зося корчылася ад думкі пра гэта, яна адчувала надзвычайны боль ад яе. Схавацца ад гэтае думкі, выкінуць з памяці ўсё, што было ўсцішнага. Калі некалькі гадзін назад яна ўпарта і спакойна думала аб самазагубстве, дык цяпер яна шукала светлага жыцця, са ўсцішшам адварочваючыся ад здарэнняў нядаўняга мінулага. Кроў, якая звязвалася цяпер у яе ўспамінах з Зыкавым, душыла яе страхам, ад якога яна хацела схавацца, забыцца так, каб ніколі не помніць. Толькі яснага жыцця і спакою!

Ціш у пакоі, вабныя малюнкі на сценах, хараство кожнае рэчы, якая аздабляла пакой, вясёлыя скокі полымя ў каміне супакойвалі настрой, загойвалі раны перажытае пакуты. Думка аб тым, што гэта хараство чужое, варожае, хоць і налятала часамі, але закранала толькі ўскрайчыкам, лёгка, як шэры начны матыль, выпадкова заляцеўшы ў хату... Бура сцішалася. Класічныя калоны на малюнках, вышытыя на дыванах для падлогі рымскія воіны варочалі да мінулых летуценняў, народжаных яшчэ ў гімназічныя гады... Калоны, кветкі, прыгожыя малюнкі закружыліся цудоўным колам, засланяючым нуду, чарнату, усціш, якія так нядаўна ахоплівалі ўсю істоту дзяўчыны.

Лёгкая хваля паветра дакранулася твару Зосі. Яна нехаця адкрыла вочы і чуць падняла галаву з падушкі. Цудоўны калаўрот прыпыніўся, і ўсе рэчы сталі па сваіх месцах: малюнкі — на сцены, кветкі — да акон, рымскія воіны — на падлогу. Усцішша зноў абцугамі ахапіла сэрца. Тонкая, стройная постаць пана Ляскоўскага рэзка выдзялялася на белізне аконных фіранак. Зноў гэтыя прагавітыя вочы сочаць за ёю, апальваюць яе цела бессаромным позіркам. Зося ўсхапілася з канапы, нібы хто яе падкінуў, і жахліва прытулілася за шафаю. Ляскоўскі падышоў да каміна, паправіў шчыпцамі абгарэлыя галавешкі, зноў павярнуў галаву ў бок Зосі. Крывавыя іскры блішчалі ў яго вачах.

— Мне надта цяжка на сэрцы,— глухаватым голасам, які мала стасаваўся з яго задаволена-важным выглядам, прагаварыў ён.— Вось ужо колькі дзён вы здзекуецеся з майго кахання, лічыце мяне, мусіць, за нейкага звера. Каханне, і толькі каханне я адчуваю да вас, і якім бы яно было, каб вы з яснаю душою прынялі яго. Хадзіце ж сюды, разам сядзем каля каміна і кінем усякі былы смутак і крыўду.

Зося нерухома стаяла ў сваім прытулку. Толькі скончыў гаварыць Ляскоўскі, яна няпэўнымі, баязлівымі крокамі кранулася да дзвярэй. Але рука яе слаба павісла ў паветры, калі яна падняла яе, каб адчыніць дзверы. Так з працягнутаю пустою рукою стаяла яна хвіліну-другую.

— Ах, куды ж я пайду цяпер такая? — галосна, але самой сабе сказала з запытаннем дзяўчына.

— Ты хочаш пакінуць мяне? — з ласкаю, ціха запытаўся Ляскоўскі, падыходзячы да яе.— Я кахаю цябе, аддаю табе ўсё маё багацце, буду песціць цябе, як ляльку, навошта ж табе непакоіцца і думаць, куды ісці. Ляскаўцы, Зубры, іншыя маёнткі, увесь свет — усё нашае з табою.

Дзяўчына слухала гэтыя ліслівыя словы, яны даходзілі да яе ўразумення. Ляскоўскі стаяў тут, побач, а яна ўжо не адскоквала больш. Усціш, які яна раней адчувала пры адным поглядзе на Ляскоўскага, прыціх. Зося зрабілася ўжо не тою, якою была: замест дзікага звярка побач з панам Ляскоўскім стаяла ціхая, змучаная дзяўчына, якая не ведала, куды дзець свае рукі, і сарамяжа мяла ў пальцах бант кофты.

Ляскоўскі абняў моцнымі рукамі тоненькі стан дзяўчыны, падняў яе і панёс па пакоі. У вачах Зосі ўсё замітусілася, і яна слаба апусціла галаву на плячо свайго былога ката. Праз хвіліну яны сядзелі ў шырокім крэсле перад камінам, дзе рдзяныя вуголлі то рабіліся цьмянымі, то зноў ажывалі, кідаючы ружовыя праменні на блізкія рэчы.

— Дык ты будзеш кахаць мяне, мая каралева? — цалуючы дзяўчыне рукі, гаварыў Ляскоўскі.— Мы з табою разам пабачым увесь свет. Цудоўнае сонца і мора Італіі, вясёлы Парыж, нямецкія тэатры, венская аперэта — нішто ад нас не ўцячэ; нічога мы не абмінем. Усё, да чаго дасягнуў чалавечы геній, усё, што лепшага і найпрыгажэйшага мае натура,— усё мы пабачым, усяго паслухаем. Асветленая нашым каханнем творчасць людзей і натуры дасць нам найвышэйшую асалоду. Там мы забудземся аб Ляскаўцах, аб гэтых нашых балотах, аб смуродных лапатных сялянах, аб гэтых паскудных кутніках ды паперніках, якія мы вымушаны бачыць кожны дзень, на кожным кроку... Толькі тонкае, далікатнае хараство, утворанае вякамі праз вышэйшых людзей,— вось што будзе абкружаць нас. Ты хочаш гэтага, мая каханка?

Дзяўчына маўчала. Па твары яе пралятаў то смутак, то радасць, якая запальвала вясёлыя іскаркі ў вачах. Нібы хмаркі праносіліся па ясным небе, часам закрываючы сонца. Вось адна з іх затрымалася больш, і бляск доўга не асвятляе засмучанае натуры.

— Ці вы... праўда... так... ках... кахаеце мяне? — зачырванеўшыся, запытала дзяўчына.

— Няўжо ж ты мне не верыш? Якія яшчэ трэба доказы гэтаму? Я прашу, я малю толькі твайго кахання, мая залатая рыбка.

— Я... я пакуль баюся вас, а потым, можа... я не ведаю, што потым будзе.

Вочы дзяўчыны заблішчалі двума дыяментамі. Яны рабіліся ўсё большымі, і раптам буйнымі, блішчастымі гарошынамі дыяменты пасыпаліся з нахіленае галавы на калені.

Ляскоўскі асцярожна прымасціў Зосю ў кутку крэсла-канапы, паглядзеў хвіліну-другую на ўздрыгваўшы ў сударагах плачу маленькі камячок цела і павольна накіраваўся да дзвярэй. Тонкія, як п’яўкі, губы яго злажыліся кальцом, нібы ён гатоў быў засвістаць. Паправіўшы сурдут, які шчыльна аблягаў яго стройную гнуткую постаць, ён праслізнуў у дзверы.

Неўзабаве ў пакоі з’явілася старая кабета з белаю паркалёваю каронкаю на сівых валасах. Перавальваючыся з боку на бок, як качка, яна падышла да крэсла і нахіліла свой жоўты, здзёўбаны раўчакамі маршчакоў, твар над крохкім целам дзяўчыны.

— Годзе плакаць, дачушка,— прашамкала яна бяззубым ротам.— Няма чаго ўбівацца над страчаным дзявоцтвам, невялікі гэта скарб.

Яна дастала з-пад фартука зялёную шкляную бутэлечку, выліла з яе на далонь нейкае вадкасці і пачала націраць скроні і чало дзяўчыны.

— Вось я цябе пашарую крыху, і ўсё як рукою здыме... А дзявоцтва — гэта аднадзённая кветка. Кожны сквапны сарве яе... Добра яшчэ, што гэта пан наш прылашчыў цябе, не абы-хто...

Старая скончыла націраць галаву Зосі. У яе руках з'явілася другая бутэлечка, якую яна, адаткнуўшы, паднесла да носа дзяўчыны. Надзвычайна прыемны пах, свежасць хвалямі несліся з маленькага рыльца бутэлечкі. Слёзы ў Зосі прыпыніліся, яна пакрысе сцішалася.

— Хто вы такая, бабка? — зацікавілася яна старою.

— Я — твая сястра, якая сорак год таму назад таксама плакала, як і ты сёння. Толькі мяне не трымалі ў такім пакоі і не ўлагоджвалі націраннямі, а проста выкінулі з палаца ў кароўнік, як толькі забралі дзявоцтва. А як мяне зваць, ці не ўсё роўна... Ну, бывай здарова, час позні.

Старая закруціла свае шклянкі ў рог хусткі, якая вісела ў яе на плячах, і, як качка, паплыла да дзвярэй.

— А ты, дачушка, не плач больш, а папрабуй смяяцца,— яшчэ мармытанула яна, прыпыніўшыся.— Ды так смяяцца, каб твой смех, як бізун. Так лепш будзе... Ох-хо-хо! Дабранач!

Зося яшчэ доўга сядзела пасля таго, як старая пакінула яе. Яна праглася ўразумець сваё зусім новае становішча. Упершыню пасля апошніх здарэнняў розум яе пачаў дзейнічаць спакойна. Яна доўга думала і надумалася.

Дні праз тры, пакінуўшы Ляскаўцы, яна з панам Ляскоўскім на пары багатых стаенных коней ехала ў другі маёнтак. Звонкі смех яе разносіўся па лесе, па белай роўнядзі палёў. Абіты мядзведжаю скураю вазок нёсся ўперад, усё далей ад Ляскаўцоў, насустрач незвычайнай будучыні, новаму цудоўнаму жыццю. Ляскоўскі дапраўды любаваўся ажыўленнем свае каханкі і сваёю ласкаю падтрымліваў павышаны настрой яе. Вазок ляцеў уперад — у змрочную далечыню. Слізкая дарога вілася сярод глыбокіх курганоў і знікала ў жамчужным змроку зімовае начы.

 

ІХ

Калі ў бакавых вулачках, па якіх праехаў пышны князёўскі караван, была ўзбуджана цікавасць, то сярод «грамадства» Мінска на другі дзень і шмат пазней прыезд Друцкіх выклікаў шматлікія хваляванні. Пані чыноўніцы з больш важных замітусіліся, ганялі рамізнікаў альбо сваіх коней ад дому да дому; вялі цэлыя патаемныя нарады, абмяркоўваючы ўсе падрабязнасці будучых прыёмаў, фасонаў адзенняў. З усімі «за» і «супраць» складаўся слоўны спіс «дамоў», якія ўвойдуць у круг знаёмых князя. Пры абмеркаванні гэтага спісу некалькі дам так моцна сварыліся, што парвалі знаёмства між сабою. Мужчынская частка панства і знатнейшых чыноўнікаў таксама загаманіла аб Друцкіх у канцылярыях, більярдных, гасціных. Адны рады былі прыезду, іншыя шкадавалі, што князь «апусціўся да губерні». Больш рады былі чыноўныя колы, якія групаваліся каля губернатара: у прыездзе князя яны бачылі перамогу «імперскай ідэі» над самасційнымі ўхіламі польскае шляхты. Неслужылае ж панства, злёгку нахіленае ў бок фронды і добра ведаўшае тую ролю і значнасць, якія меў Друцкі нядаўна, засмучаны былі, адчуваючы адзнакі змроку славы Друцкіх. Але ж і тыя і другія з нецярплівасцю чакалі, калі князь наведае іх і пакліча да сябе.

Аднак князь не спяшаўся рабіць візіты. Прайшоў тыдзень, а імшыстая ржавая брама на рагу дзвюх бакавых вуліц заставалася наглуха зачыненай, як яна была зачыненай да прыезду князя ў горад. Напаследак на вуліцах усё ж адбылося ажыўленне. Раз надвечар з завулка выскачыў коннік у зялёным сурдуце з срэбнымі істужкамі на нагавіцах і шапцы; за ім, лёгка хістаючыся на выбоінах, пранеслася вялікая, як вагон, карэта з гербам, запрэжаная чацвярыком. Карэта прыпынілася на пляцы перад губернатарскім домам, потым праз некалькі хвілін кранулася да каталіцкага біскупа, дзе яна стаяла больш доўгі час. На астатак яна пад’ехала да белага дома, каля дзвярэй якога стаяў таўсценны генерал-швейцар.

Гэты дом належаў вядомаму пану Рагальскаму, які вымушана жыў у ім ужо другі тузін год. Некалі на гэтым доме быў надпіс: «Расе еt libertatі»1; цяпер ён быў затынкованы, але ўсё ж след другога колеру застаўся. Перад гэтым домам карэта прастаяла яшчэ больш, а потым павольна закалыхалася ў завулак. На другі і трэці дзень яна не паказвалася. Мусіць, не адна пані са злосцю схавала ў скрыню свае парадныя ўборы.

Парадак жыцця і сямейных адносін мала змяніўся ў Друцкіх з прыездам іх у горад. Упартае супраціўленне старога князя пашырэнню знаёмства выклікала новае абурэнне з боку дачкі. Пры кожным спатканні яна напамінала яму, што не для гэтага ехалі яны, каб замяніць адзін кляштар на другі, што яна хоча грамадскага жыцця. Яна нават выказвала пагрозы, што сама паспрабуе завязаць знаёмствы і наладзіць свае прыёмы і выезды. Бацька заставаўся непрыступным.

— Адзін чалавек, які заслугоўвае тут пашаны — пан Рагальскі, ні з кім не знаецца, хоць жыве ў гэтым горадзе ўжо даўно. Я таксама не маю намеру сыходзіцца з чыноўнікамі альбо засцянковаю шляхтаю. Маё рашэнне непарушна.

— Ах, па-вашаму, такія... такія, як... — князёўна шукала імя, на каго спаслацца... — такія, як Ляскоўскі,— гэта засцянковая шляхта?

Князь звычайна не адказваў на такія запытанні, толькі злосць крывіла яго высакародны твар, і ён стараўся найхутчэй скончыць далейшыя размовы на гэтую тэму. Ён замыкаўся ў сваім кабінеце і пускаўся ў разгляд і вывучэнне розных мемуараў, рукапісаў, якія прывёз з сабою і ў Мінск. Тоўстыя хронікі, манаграфіі, прыдворныя апісанні абкружалі яго за сталом, імі былі завалены палічкі паўз усе сцены. Ніхто не пападаў сюды, апроч пана Рагальскага, які кожны тыдзень два разы, роўна а сёмай гадзіне ўвечары, наведваў яго светласць. Апроч гэтага пана ў дом князя наведваўся толькі біскуп і яго малады намеснік, але яны прымаліся дачкою і старою княгіняю. Губернатар так і не адказаў на візіт князя. Гэта надзвычайна ўсхвалявала гонар князя.

— Як гэты чыноўнік смее зневажаць мяне, аднаго з старэйшых прадстаўнікоў польскага магнацтва? — запытаўся ён раз у пана Рагальскага.

— Яму добра вядома ваша былая дзейнасць і вашы погляды, ваша светласць,— проста адказаў пан Рагальскі.— Губернатар жа — прадстаўнік поўнага расійскага самаўладства.

— Як губернатар ён можа думаць аба мне што хоча. Але ж ёсць іншыя абавязкі паміж шляхетнымі людзьмі.

— Ваша светласць памыляецца, калі адасабляе губернатара ад пана. Гэта цяпер адно і тое ж.

Князь пакінуў спрачацца, але крыўда, якую зрабіў яму прадстаўнік улады, была вельмі цяжкаю. Князь нават часамі забываўся аб сваіх хроніках, думаючы аб пагардзе. Яшчэ больш падліла алею ў агонь князёўна. Праз некалькі дзён яшчэ раніцою яна пастукала ў дзверы кабінета і, нават не дачакаўшыся дазволу, хутка ўвайшла да бацькі.

— Вось прачытайце, калі ласка,— ледзь стрымліваючы радасць, прашчабятала яна.— Можа, яшчэ не так напішуць!

Князёўна працягнула руку з разгорнутаю газетаю. Князь зірнуў на надпіс зроблены вялікімі літарамі — «Слово».

— Я не чытаю такіх газет! — адхіляючы руку дачкі, сказаў ён.

— А гэта вось трэба прачытаць, гэты вось артыкул «Именитые магнаты».

У гэтым артыкуле падрабязна апісвалася, як прыехалі Друцкія ў Мінск, прыводзілася іх радаводная, пералічваліся тыя багацці і маёнткі, якімі валодалі Друцкія, адзначалася, што князь з’яўляецца найбуйнейшым землеўласнікам губерні. Далей выказваўся жаль, што ў князя Друцкага мала ўзгадаваны і выхаваны пачуцці адданасці царскаму прастолу, намякалася, што ён стаіць за польскую карону, што непрыхільна адносіцца да тутэйшага грамадзянства і сыходзіцца толькі з тымі людзьмі, якія маюць запэцканую ў мінулым рэпутацыю. Канчаўся артыкул надзеяю, што знатны князь зразумее свае інтарэсы і ўвойдзе ў колы шляхецтва і зойме месца, якое належыць яму, як аднаму з наймагутнейшых прадстаўнікоў арыстакратыі, а таксама з’явіцца адным з гарачых вернападданых царскага прастолу.

Князь некалькі разоў парываўся кінуць газету, але зноў дрыжаўшая рука падносіла ліст да носа нізкага на вочы князя. Ён дачытаў да канца і злосна скамячыў ліст.

— Што ж, яны хочуць паставіць на калені князя Друцкага? — закрычаў ён, кідаючы на дачку маланкі, нібы яна пісала артыкул ці сама вяла гэты падкоп.— Ніколі гэтага не будзе! А такія газеты, хто іх атрымлівае ў маім доме? — яшчэ больш гнеўна накінуўся ён на дачку.

— Я сама!

— Калі... калі ласка, пакіньце мяне!

Пасля гэтага дні два князь маўчаў, як сцяна. Але газету ён выпрастаў, і яна ляжала разгорнутаю і перагнутаю якраз у тым месцы, дзе быў надрукаваны артыкул «Именитые магнаты». Калі а сёмай гадзіне на трэці дзень з’явіўся пан Рагальскі, то князь не адразу пусціў яго да сябе: ён хаваў у пісьмовы стол газетны ліст. Потым ён здзівіў свайго госця запрашэннем бываць кожны чацвер а восьмай гадзіне.

— Гэта наш губэрскі журфікс,— паясніў князь.— Будзем прымаць мясцовае грамадства.

У наступныя дні блішчастая карэта Друцкіх аб’язджала не адну ўжо вуліцу і прыпынялася шмат перад якімі ганкамі, дзе на дзвярах блішчалі каронкі, а то і проста надпісы на мядзяных дошчачках. Праз тыдзень пасля артыкула «Именитыя магнаты» ў «Слове» быў надрукаваны хвалебны гімн аб бліскучым прыёме ў палацы князя Друцкага, на якім прысутнічалі «его превосходительство гофмейстер двора его величества N, чины губернского правления, г. полицмейстер, а также наиболее знатные семейства нашего родовитого дворянства». Падрабязна апісваліся вопраткі дам і дзяўчын, указвалася, што першую мазурку губернатар скакаў «с княжной, красота которой не поддается описанию». У канцы апісання гаварылася, што мінскае грамадзянства «осчастливлено судьбой, пославшей в лице князей Друцких блестящих членов высшего общества». Газета запэўняла, што пераезд Друцкіх з Аўстрыі будзе адзначаны і «всемилостивейшим монархом». На наступных «журфіксах» пана Рагальскага ўжо не было, але аб ім нават не ўспаміналі ў мітусяніне выездаў, вечароў, прыёмаў.

Пачаў мяняцца і вонкавы выгляд гарадскога палаца Друцкіх. Нягледзячы на познюю восень, у дварэ і каля тынка, якім быў аддзелены палац ад вуліцы, застукалі малаткі, замітусіліся маляры, дахароўшчыкі, брукары. Руда-ржавая брама набыла шэра-мэталёвы колер, на фоне якога заблішчаў золатам панцырны коннік з пікаю на лятучым кані — эмблема славутага вайсковага роду Друцкіх. На слупках брамы, па франтону палаца з’явіліся іншыя эмблемы — леапарды, львы ў каронах, зубры з залатымі рагамі, якія з’яўляліся геральдычнымі довадамі многіх шляхетных фамілій, злучаных з родам Друцкіх. За аднаўленнем старых і прымалёўкаю новых гербаў сачыў неаслабна сам князь. Іншы раз ён загадваў прыпыняць работу і ішоў наводзіць даведкі ў сваіх хроніках і манускрыптах. Толькі ўпэўніўшыся ў тым, што эмблемы зусім адпавядаюць геральдычным запісам, ён даваў дазвол маляваць іх, робячы папраўкі чыста мастацкага сэнсу.

У самым палацы князь разам з будаўнічымі папраўкамі дамагаўся як мага больш захаваць старажытнасць, паказаць глыбокую даўнасць свайго роду. Дзеля гэтага асаблівая ўвага была звернута на партрэтны пакой, які вузкаю залаю цягнуўся ўздоўж усяго палаца. Былі прывезены партрэты князёў і іх родзічаў з усіх маёнткаў, нават з былых кракаўскіх палацаў. Калі пасля заканчэння ўбрання палаца князь наладзіў прыёмы, то зрабіў сваёю прыёмнаю якраз партрэтную залу. З абедзвюх сцен на гасцей глядзелі то прыгожыя пані, то несліся на конях ганарыстыя панцырнікі, то наганялі холад манументальнымі тварамі кардыналы з вастраверхімі, як шпілі Кёльнскага сабора, тыярамі на галаве. Пад кожным партрэтам было вызначана імя, якое месца займала асоба ў арыстакратычнай альбо дзяржаўнай іерархіі, калі яна жыла. Стагоддзі і знатнасць лезлі ў вочы наглядчыку з кожнага палатна.

Князёўна Ваця некалькі разоў пачынала сварыцца з бацькам з-за ўбранства пакояў. Яна неадчэпна запэўняла, што не будзе жыць у гэтым музеі.

— Абрыдлі гэтыя сутанныя шкілетныя рысы, гэтыя панцырныя коннікі. Я жыцця хачу,— цвердзіла яна штодня, наглядаючы за рэстаўрацыяй палаца.— Я памру тут ад гэтае барбарскае старажытнасці.

Князь сердаваў, сварыўся, нават называў дачку барбаркаю, якая не разумее прыгажосці, не адчувае велічы мінуўшчыны, іх мінуўшчыны. Але Ваця стаяла на сваім і патрабавала, каб хоць яе ўласныя пакоі былі зроблены так, як яна хоча. Пасля некаторых спрэчак бацька здаўся і выпісаў з Пецярбурга мастакоў. У чатырох пакоях князёўны столі, гзымсы аздобіліся несіметрычнымі закругленымі рысамі, гэтыя ж рысы былі ўведзены ў каміны, мэблю. Лямпы схаваліся ў акругла-кубічныя абажуры. Па пакоях былі раскіданы нізкія тахты, кушэткі, абойка якіх вышыта была ўсё тымі ж матывамі мадэрн. На палічках, століках растаўлены былі балванчыкі будды, гіпсавыя індыйскія пагоды, малахітавыя і бронзавыя змейкі і іншая экзатычная драбяза. Вызыскі двух чалавек далі атабражэнне пад адным дахам еўрапейскага сярэднявечча і універсальнага ХХ стагоддзя ў яго пачатку ў тым выглядзе, як у гэтыя эпохі жыла прывелійная кіруючая верхавіна грамадства — арыстакратыя.

Прыхільнік аднае эпохі — князь корчыўся кісла ад размякчанага выгляду пакоя дачкі, князёўна ж сціскалася ад урачыстага холаду парадных пакояў усяго палаца з яго гербамі, коннікамі, выразнымі крэсламі. Але як і каму яны падабаліся — гэта рэч астатняя, першая ж, што занадта непакоіла князя,— гэта патрэба ў грошах на стыльнасць. Яму давялося выбіраць адно з двух: альбо «па-князёўску» аднавіць палац і прадаць кавалак лесу, альбо захаваць незачэпнымі свае паляўнічыя выхавальнікі, застаўшыся жыць у загранічным доме. Выбрана было першае. Недарэмна Масей Рыгоравіч Ліўшыц мераў улетку рагалём князёўскі ельнік: ён такі пайшоў у продаж значным кавалкам, але ж затое заблішчалі коні і леапарды на варотах князёўскага палаца.

Да пачатку снежня палац быў зусім адрамантаваны. Кожны чацвер увечары да яго варот пад’язджалі карэты, фаэтоны, гучэў пазней усіх губернатарскі аўтамабіль. У іншыя дні ўжо аблепленая гербамі карэта Друцкіх у шэрагу іншых больш простых выязных панарадаў адвозіла сваіх паноў альбо да маршалка, альбо да губернатара, ці пана Свянціцкага. Журфіксы былі замацаваны за кожным шляхетным «домам». Князёўна Ваця зрабілася асяродкам губэрскае знатнае моладзі. Чыноўнік асобных даручэнняў пры губернатары — нейкі там малады графёнак з высмактаным тварам, два-тры афіцэры-артылерысты з вядомымі расійскімі прозвішчамі, малады барон Тызенгаўзен, які вучыўся ў трох вышэйшых школах і ні ў адну нават не ездзіў, яшчэ два-тры панкі, якія звалі сябе і якіх іншыя звалі кароткімі імёнамі, накшталт Ніка, Вово ці там Додзя. Гэта хеўра хвастом цягалася за князёўнаю, кожны вечар, а то і ўдзень з’яўляючыся там, дзе магла быць найпрыгажэйшая Ваця. Спачатку князёўне ўся кампанія падабалася (пасля жыцця сярод лесу), і яна з кожным была прыветнаю, жыццярадаю. Яе вочы з зялёнымі агеньчыкамі абяцалі кожнаму ласку; кожны з заляцаўшых лічыў сябе прывабным для князёўны і гатоў быў выказаць, кінуць к яе нагам свае прызнанні ў нязмерным каханні. Цэлыя вечары хвост валяўся на нізкіх кушэтках, на тыгровых шкурах у пакоях князёўны, займаючыся пераказамі Мапасана, дэкламацыяй Бадлера або Блока ці вывіхаючыся ў танга. Але чым дальш, тым больш змяіны бляск у вачах князёўны шырыўся. Яна стала пускаць у ход колкія словы, насмешкі, якімі дапікала сваіх нязменных кавалераў. Ёй вельмі падабалася, калі барончык ці чыноўнік асобных даручэнняў змаўкалі і стаялі, як пабітыя, пад яе вострым позіркам. Аднак і гэтая забаўка надакучыла князёўне, і яна не раз кідала гасцей адных у пакоі, выходзячы да сябе.

Здарылася нават раз так, што, варочаючыся з нейкіх вечарын, маладыя арыстакраты сустрэлі князёўну на вуліцы. Яна ехала ў вазку, з маланкаю прамільгнуўшых коней валіла густая пара. А тым часам князёўна была на той самай вечарыне і кінула яе да пары. Словам, людзі, якіх бачыла князёўна на журфіксах, вечарынах надакучылі ёй, не задавальнялі яе.

Яна кідала грамаду, зачынялася на некалькі дзён у сваім пакоі, і стары палац агалашаўся гукамі Бетховена, Вагнера. Здавалася, што ў доме жыве занадта старанны вучань музычнае школы. Потым раяль надоўга замаўкаў. Пачынаў паказвацца штодня ў палацы малады мужчына надсонаўскага тыпу — і з пакоя князёўны чуўся тэнаровы голас, які выкладаў алгебраічныя і трыганаметрычныя формулы. Раптам Надсон-матэматык знікаў, і князёўна патрабавала ад бацькі стрэльбу, каб ехаць на паляванне. Потым усе гэтыя штукі канчаліся, і князёўна спакойна ехала з маці да знаёмых, у тэатр, дзе весела рагатала над зборнаю камандаю музыкаў, ніколі не пападаўшых у лад з спевакамі, якія выконвалі оперу.

Здарэнні ў Ляскаўцах далі новы кірунак настроям і пачуццям князёўны. На адным з вечароў Друцкія доўга чакалі губернатара. Усе госці даўно былі ў зборы, старыя ўжо найграліся ў карты, моладзь змарылася ад Бадлера і танцаў, а губернатара ўсё не было. Напаследак, каля адзінаццатай гадзіны, яго аўтамабіль прафырчэў на дварэ. Усе кінуліся ў прыёмную.

— Што здарылася, ваша прэвасхадзіцельства? — занепакоена запытаўся князь уваходзіўшага начальніка губерні.

— Ах, выбачайце, ваша светласць, што я спазніўся! Выбачайце ўсе, панове,— засопшыся ад натугі падняцца на пяць усходцаў, адказаў губернатар.— У мяне была пільная справа.

— Усё справы ды справы,— закаціўшы пад лоб вочы, пракартавіла жонка маршалка.— Па-мойму, першая справа мужчыны быць належным кавалерам. Я без вас так марнела, а ў вас там нейкія пільныя справы.

— Э, пані... так, і ўсе панове! Справа пільная, надзвычайная. Мне далажылі, што ў губерні з’явіліся рэвалюцыянеры.

— Ах! — піскнула маршалчыха.— Спалілі каго-небудзь, забілі, абрабавалі? — як з пісталета затрашчала яна паасобныя словы.

— Так, панове! — адышоўшы крыху ад усіх і стаўшы ў позу прамоўцы, зноў загаварыў губернатар. Ён правёў тоўстымі пальцамі па сіваватых баках, паправіў крыжык на сурдуце, кашлянуў і, акінуўшы поглядам натоўп паноў, паведамляў далей.

— Як я ні дамагаюся знішчыць нават пах гэтае рэвалюцыйнасці, яна ўсё ж недзе трымаецца. Колькі ўжо злоўлена, засуджана гэтых жыдочкаў, а праявы бунту раз-пораз даюць аб сабе знаць...

Губернатар прыпыніўся, адсопся і пільна агледзеў усіх прысутных, пераводзячы вочы з аднаго на другога па чарзе, нібы шукаў рэвалюцыянераў сярод гэтага імянітага грамадзянства. Усе па чарзе апускалі долу вочы. Нават лысы, круглы, як гарбуз, маршалак, на грудзях якога матляўся крыжык за падвойную службу на карысць шляхецтва і дзяржавы, і той сарамліва схіліў галаву, нібы паказваючы, што да яго рэвалюцыйнасць наўрад ці прыстала.

— Дык вось,— загучаў генеральскі голас зноў,— усе вы, мусіць, чулі аб пане Ляскоўскім.

У натоўпе прайшоў шолах, усе кінулі позіркі на сваіх суседзяў, князь задаволена ўсміхнуўся, князёўна Ваця ажывілася, і зялёныя агеньчыкі заскакалі ў яе вачах наяды. — Пан Ляскоўскі ў рэвалюцыянеры пайшоў? — не сцерпеў запытацца нехта ззаду.

— Ну, пан Ляскоўскі не з такіх: ён і гаспадар добры, і прыкладны падданы нашага абажанага манарха,— унікліва адказаў губернатар. У маёнтку пана Ляскоўскага ўжо падымаліся бунты рабочых і нават вясковых сялян. Але пан Ляскоўскі без дапамогі з майго боку спраўляўся з імі. Аднак рэвалюцыянеры тачылі свае нажы, і вось пазаўчора забіты імі паліцэйскі чын...

— Ах! — жахліва пранеслася па ўсёй партрэтнай зале. Нават кардыналы, жалезныя коннікі, тоўстыя княгіні і каралевы зяхнулі на сценах і спалохаліся разам са сваімі ўнукамі і праўнукамі.

— Катаваць гэтых злодзеяў! Ах, бедны пан Ляскоўскі, як ён там жыве сярод гэтых рабаўнікоў? Трэба паліцыянтаў больш усюды паставіць! А ці злавілі забойцаў, калі іх будуць судзіць? — пасыпаліся як гарох з дзіравага мяшка ўсклікі, запытанні.

— Вось уся справа ў тым, што забойцу і яго пасобнікаў не злавілі, хоць фаміліі іх вядомыя нам. Зладзеі паспелі нават схаваць свае паганыя кніжкі... Ну, але мы да іх дабярэмся, нікуды не дзенуцца... Дык выбачайце, шаноўныя панове, што я парушыў вашы свецкія заняткі. Асабліва прашу прабачэння ў нашых мілых дам!

Губернатар зрабіў нізкі ўклон, аж зарыпеў яго рамень на сурдуце. Прапанаваўшы сваю руку старой княгіні і пазвоньваючы шпорамі, ён крануўся ў гасціную, а за ім і ўся грамада, жвава абменьваючыся думкамі аб паведамленым здарэнні. Імя Ляскоўскага неслася з ўсіх бакоў, лятала ў паветры.

Князь некалькі хвілін быў надта задуменны. Ён нават не ў лад адказваў на запытанні сваіх гасцей. Потым ён выклікаў у пусты пакой княгіню і доўга з ёю саймаваўся, і на гэты раз зусім лагодна, што здаралася не часта. Разышліся яны зусім задаволенымі.

Калі пасля вячэры ўсё панства зноў выйшла ў партрэтную, каб развітацца з губернатарам, які пакідаў Друцкіх першым, князь моцна, каб усе чулі, сказаў:

— Я, ваша прэвасхадзіцельства, дзіўлюся з шаноўнага пана Ляскоўскага. Гэта нейкі схімнік, а не свецкі чалавек: сядзіць сабе ў сваіх Ляскаўцах, корпаецца з фабрыкамі, рабочымі, нават у горад не пакажацца. Але ж цяпер я выцягну яго сюды; пасля такога здарэння яму патрэбна развесяліцца ў нашай грамадзе. Заўтра ж пашлю яму праз егера запросіны да мяне.

— Ваша светласць мае высакароднае сэрца, я ніколі не мысліў аб вас інакш,— адказаў генерал, горача паціскаючы «высакародную» руку.

На другі дзень зялёны егер з срэбнымі галунамі атрымаў цвёрды канверт, аздоблены князёўскаю каронаю, і выехаў з Мінска. Князёўна Ваця ў гэты і наступныя дні асабліва дапікала свой графска-баронскі хвост і часта падоўгу ганяла коней. Нават у снежную завіруху, позна ўвечары, яна дамчалася аж да Койданава і вярнулася ў Мінск на зусім змораных конях.

Праз тры дні егер вярнуўся. Выпадкова ці не, яго першаю спаткала князёўна. Яна выхапіла з яго рук невялічкі канверцік, адрасаваны князю. Але гэта мала непакоіла яе — ускрайчык канверта стужачкаю паляцеў на падлогу. Твар князёўны пабялеў, як крэйда, зубы сашчапіліся, ліст, гойдаючыся, паляцеў на падлогу. Толькі два радкі чорных мошак беглі на чыстым лісце паперы: «Ваша светласць! Шчыра дзякую за ўвагу». І больш, апроч подпісу, нічога. Князёўна схапіла гарапнік з рук егера, сцебанула ім аслупянелага пасланца і бразнула дзвярыма свайго пакоя. Па палацы панесліся равучыя, дзікія стогны раяля.

 

1 Мір і свабода (лат.).

Х

Аднак праз не доўгі час Ляскоўскаму давялося прыехаць у Мінск. Ён атрымаў ад маршалка ліст, у якім паведамлялася, што праз два тыдні склікаецца з’езд шляхты.

Гэты губернскі з’езд, як паведамлялася ў лісце, з’явіцца не зусім звычайным: на ім будуць пастаўлены на абмеркаванне асобныя пытанні, якія патрабуюць удзелу ў з’ездзе ўсяе больш знатнае шляхты. Следам за гэтым лістом, праз дзень, быў дастаўлены другі, на гэты раз ад самога губернатара. Начальнік губерні, паведамляючы таксама аб будучым з’ездзе, прасіў пана Ляскоўскага, як той прыедзе ў Мінск, папярэдне наведацца да яго, каб абмеркаваць у цесным коле кандыдатаў на пасаду маршалка, а таксама вырашыць загадзя некаторыя пытанні, што будуць пастаўлены на абмеркаванне з’езду.

З гэтымі лістамі пан Ляскоўскі зайшоў увечары да Зосі.

— Нам прыйдзецца хутка паехаць у Мінск. Ты будзеш рада, залатая мая? — запытаўся ён, сядаючы блізка ад яе на дывановай канапе.

Страх і цікавасць адбіліся на яе рухлівым твары. Процілеглыя пачуцці змагаліся ў ёй.

— Я б і рада паехаць пабачыць людзей, але мне страшнавата,— шчыра прызналася яна.

— Чаго ж ты баішся, дзяўчынка? Са мною табе няма чаго баяцца. Вось бачыш, лісты пішуць — сам губернатар ды маршалак. Яны са мною лічацца, а не я з імі! — самазадаволена дадаў Ляскоўскі, працягваючы Зосі лісты, аздобленыя шляхецкімі каронамі і выдрукаванымі пасадамі знатных асоб.

Зося адхіліла лісты, ледзь акінуўшы іх вокам.

— Вы... ты... не разумееш мяне. Вось я паеду, як пані, а хто ж я? Як мне глядзець у вочы людзям? Я... я заўсёды і ўсюды буду адчуваць гнятучы сорам...

— Якая ж ты нясмелая, я думаў аб табе іначай... Помніш, як ты абараняла ў Ляскаўцах нейкую кабету, жонку, здаецца, рабочага? Ты была тады смелая.

— Я была тады чалавекам, а цяпер...

Зося не дагаварыла, голас яе сцяўся, і буйныя слёзы пакаціліся з яе вачэй.

— Кінь, мая маленькая, плакаць, кінь! — угаварваў яе, як дзіця, пан Ляскоўскі, цалуючы шыю, вочы, губы.

Зося не супярэчыла гэтым ласкам, але заставалася засмучанаю.

— Ты вось думаеш, што я трымаю цябе, як каханку. А я лічу цябе за сваю жонку і... будзе час, як мы пажэнімся.

Вочы ў Зосі праяснелі, яна ўдзячна глянула на свайго валадара.

— Дык ты не гаруй больш, няхай толькі светлая радасць адбіваецца на гэтым прыгожым тварыку.

Ляскоўскі ўскочыў з канапы, схапіў дзяўчыну і, запяваючы

 

И скоро ты будзешь, ангел мой,

Моею маленькой женой..,

 

закруціў яе ў танцы. Яго гнуткае цела ўсё шчыльней абвівалася каля маленькае фігуркі Зосі, якая з расчырванеўшым тварам сама нікла да мужчыны...

Зборы да ад’езду зацягнуліся дні на тры. Пан Ляскоўскі імкнуўся сваім наведваннем у губерскі горад паказаць, што ён зусім заслугоўвае імя «знатнейшага шляхціца». Шырокі вазок, аздоблены срэбнымі бляшкамі і з мядзведжымі шкурамі, павінны былі везці ўпрэжку дзве пары вараных стаеннікаў. Наладжвалася яшчэ чатыры фурманкі, у якіх павінны былі ехаць камердынер, два лёкаі, пакаёўкі з вялікім запасам адзення, розных дамашніх рэчаў і яды.

Зося адчувала сябе гаспадыняю, шмат мітусілася, але з яе клопатаў карысці было нямнога. Ёй некалькі разоў даводзілася чырванець перад служкамі за няведаннем назвы некаторых рэчаў, якія збіралі ў дарогу.

Выехалі пад вечар зімовага дня. Перад тым дні два была адліга, нават праходзіў некалькі разоў дробны дождж. Цяпер жа неба выяснілася, выскачыў лёгкі марозік. Дарога абледзянела, і сані нячутна слізгалі па цвёрдым грунце. Коні віхураю панесліся па гасцінцы, толькі прысады прамільгвалі міма. Зімовы адвячорак кароткі. Вось толькі што было сонца на небе, а там глядзіш — ужо толькі палае пажарам заходняя частка небасхілу ды зоркі адна за адною запальваюцца на сіне-зялёным мошасце ўсходу. Ускрайчык месяца, які лёгкім кавалачкам хмаркі здаваўся пры сонцы, становіцца ўсё больш выразным, а потым срэбным сярпом вісіць сярод зорак. Зара на захадзе хутка траціць свой бляск, застаецца толькі вузенькая тонка-ружовая стужачка, ды і тая праз некалькі хвілін знікае. Цяпер толькі месяц ды зоркі шлюць на зямлю перламутра-фасфарычнае святло, якое прыдае зданнёвасць усім рэчам — і прыдарожнай вёсцы, і дальняму лесу, і стагам сена на белым балоце.

Як толькі коні пойдуць цішэй, прыслухаешся і чуеш ціхі звон, як быццам тонкае шкло б’ецца тут вось у канаве, каля дарогі, і далей па полі ці балоце. Гэта ломіцца тонкі лёд, як толькі вада, на якой ён зацягнуўся, увойдзе ў снег. Ад саней і да таго месца, пакуль хопіць вока, ідзе блішчастая дарожка па глянцавітым снезе ў той бок, дзе плыве ў небе месяц, дыхаецца лёгка і вольна, асабліва калі падарожны апрануты ў лісінае футра ды яшчэ закрыты ад ветру абітаю сукном будкаю, а ногі яго схаваны ў цёплую мядзведжую шкуру.

Іншая зусім рэч, калі ідзеш у лыкавых лапцях ды яшчэ знячэўку шлабанеш у крыху замёрзшую калюжыну: праз анучы халодная вада рве табе нагу, як злы сабака, і ты не вельмі будзеш мілавацца на месяц і срэбную дарогу да яго.

Але ногі Зосі былі абуты не ў лапці, а ў далікатныя лакавыя туфелькі і захаваны ў мяккую ласцячую шэрсць. Срэбраная дарога да месяца вабіла яе, ціхі звон крохкага лёду напяваў ёй пяшчотныя спевы. А ўперадзе — шырокі гасцінец, дальні канец якога знікаў у недасяжнай далечыні, загорнутай перламутраваю завесаю... Зося сама ўпершыню прасунула руку пад мядзведжую шкуру і трапятліва паціснула тонкую руку Ляскоўскага.

— А цудоўны, мусіць, горад гэты, Парыж? — як праз сон запыталася яна.

Пан Ляскоўскі стромка зірнуў на сваю спадарожніцу, і агідная ўсмешка скрывіла яго п’яўкаватыя губы. Але ў змроку будкі яна не заўважыла гэтае ўсмешкі.

— Ого! Такіх гарадоў больш няма на свеце,— адказаў ён.— І мы з табою, напэўна, вясною туды трапім.

Зося пачала маляваць сабе вялізарны горад з белымі дамамі, абкружанымі стройнымі калонамі, з цудоўнымі машынамі, якія, як вецер, носяцца па вуліцах і возяць найпрыгажэйшых кабет і мужчын, горад упрыгожаны невядомымі дрэвамі, абвітымі гірляндамі ружаў. Гэты горад быў вось там за гэтаю туманнаю завесаю, далёка і блізка, так блізка, што яна бачыла яго дапраўды... Галоўка яе, захаваная ў мяккую сабаліную шапачку, даверліва схілілася на плячо Ляскоўскага, вочы сплюшчыліся... Срэбная дарога вяла ў цудоўны горад, ціхія званочкі звінелі пяшчотна і заспакойваюча. Хмаркі часам засланялі месяц, срэбная дарожка знікала. Часам ускалыхвала думка сэрца ўспамінам аб Ляскаўцах, аб пакінутым бацьку, аб... аб Зыкаве. Але хмарка сплывала, і срэбная дарожка зноў светлаю стужачкаю лажылася на снег. Хмарныя думкі пакідалі галоўку Зосі, аддаючы месца ружовым летуценням...

У Мінск прыехалі пад вечар наступнага дня. Гасцінец перарэзваўся чыгункаю, і давялося чакаць перад застаўкаю, бо павінен быў прайсці цягнік. Коні захраплі, застрыглі вушамі: з-за павароту выскачыў паравоз, цяжка засоп, зачмыхаў, міма замільгалі вокны вагонаў з сілуэтамі людзей за шклом.

— Вось і мы некалі паедзем так у Парыж,— падумала Зося, гледзячы ўжо на апошні вагон, які хутка зменшваўся і, пакуль пераехалі сані цераз чыгунку, стаў маленечкім куфэркам.

Зося даўно ўжо не была ў горадзе. Хоць яна і добра ведала ўсе вуліцы, якія вывучыла яшчэ гімназісткаю, але цяпер з цікавасцю разглядала іх: яны здаваліся больш ажыўлёнымі, лепш прыбранымі і асветленымі. Пасля цёмных вулачак, дзе пахла кіслаю аўчынаю ад гарбарань, дзе пыхаў паравік у майстэрнях, вазок і ўвесь панскі «паязд» пацягнуўся па Губернатарскай вуліцы з асветленымі вялікімі крамамі, з натоўпам шпацыруючых людзей. На кожным рагу вуліц збіраліся цікаўныя, якія пільна разглядвалі «паязд» і потым жвава распытвалі аб тым, хто гэта праехаў...

Ах, гэтая мінская цікаўнасць! Яна захавалася і да нашых часоў; варт вам нагнуцца па ўпаўшую капейку, як у момант вас абкружвае натоўп, і ўсе будуць пытацца адзін у аднаго, што здарылася. Вы ўжо знайшлі сваю капейку і праціснуліся ісці далей, а зацікаўлены натоўп усё будзе стаяць. Альбо запыніліся вы на тратуары пагаварыць са знаёмым (па-мінскаму, пагаварыць трэба абавязкова на тратуары і абавязкова заняць яго сярэдзіну), зараз хоча паслухаць трэці, а там, глядзіш, ужо чалавек з пятнаццаць. Зоймуць тратуар, нават кавалак вуліцы, а іншыя — абыходзь іх, калі хочаш...

Дык вось можна ўявіць сабе, колькі людзей збіралася на рагах вуліц, каб даведацца, хто гэта праехаў, ды яшчэ на чацвярыку стаеннікаў! Ого, колькі ў гэтым цікавага! Некаторыя нават падбегам ішлі следам за панскім вазком аж да самае гасцініцы Дрэйцара, куды накіраваўся Ляскоўскі, і там задаволілі-такі сваю цікаўнасць.

Ляскоўскі, аднак, не першым прыехаў на з’езд. Амаль усе пакоі гасцініцы ўжо былі заняты панаехаўшым панствам. Калідоры разам з дрэйцараўскімі слугамі былі націсканы лёкаямі з галунамі, прыгожымі чырванашчокімі пакаёўкамі, мусіць, таксама прыехаўшымі з сваімі панямі. Усюды стаялі абкручаныя вяроўкамі куфры, сакваяжы і іншыя дарожныя рэчы. Ляскоўскі забракаваў усе тры пакоі, якія заставаліся яшчэ вольнымі, і загадаў ехаць у іншую гасцініцу. Гэта вельмі засмуціла гаспадара гасцініцы.

— Засталіся б, пане, пакоі надта добрыя,— заскокваючы ўперад прасіў ён.

— Пан Ляскоўскі не будзе жыць у тваіх катухах,— адказаў за пана фурман.

— О, ды гэта ж сам пан Ляскоўскі! Ліха маёй галаве, што ж рабіць? Што мне скажа пан Ліўшыц, калі даведаецца, што я вас не прыняў у сябе? Ой, Шмуйла, пасоб мне! — трашчаў гаспадар.

Шмуйла пасабіў хутка. Ён перасяліў у вольныя пакоі нейкага нязначнага панка, хоць той і сварыўся на ўсю вуліцу, валаснога пісара, які зусім не спрачаўся, дзвюх старых паняў, якія лічылі патрэбным быць у Мінску ў часы з’езда, хоць немаведама дзеля чаго.

Абсталяваўшыся ў чатырох досыць вялікіх пакоях, Ляскоўскі з другога дня пачаў знікаць з гасцініцы. То ён ехаў з візітамі да губернатара, да старога маршалка ці да каго-небудзь з наехаўшых паноў, ці ўдзельнічаў у нейкіх там нарадах, ці проста праводзіў вечары за картамі у вясёлай грамадзе. Разы два-тры госці наязджалі да пана Ляскоўскага, пры гэтым адно зборышча было быццам патаемным: нават камердынер пана не быў пушчаны ў пакой, дзе сядзелі паны. Іншыя госці проста пілі і гралі ў карты: тады лёкаі надрываліся, цягаючы бутэлькі і яду. Ва ўсякім разе, ці пан Ляскоўскі выязджаў, ці прымаў панства ў сябе, Зося заставалася ў адзіноце. Ляскоўскі не ўводзіў яе ў тыя колы, дзе бываў сам альбо з кім меў справу. Срэбная дарожка пачынала рабіцца цьмянай, і хмаркі ўсё часцей закрывалі празрысты месяц, які асвятляў сэрца Зосі. Толькі абуджаныя ўжо патрэбы плоццевага кахання крыху задавальнялі яе, калі, варочаўшыся позна, Ляскоўскі, ад якога пахла спірытусовым перагарам, прагна шукаў яе цела. Днём жа яна альбо бяздзейна і тупа разглядала насупраць вывеску суконнага магазіна Іоселевіча, а крыху збоку «и здесь заливают галоши», альбо сноўдалася па вуліцах, нікому не вядомая, чужая. Толькі гандляры неадчэпна запрашалі яе ў крамкі.

Тым часам падыходзіў час адкрыцця з’езда. У пакоях «Дворянского Собрания» на Падгорнай вуліцы цэлы дзень таўкліся сінія, зялёныя сурдуты з генеральскімі, палкоўніцкімі пагонамі, чорныя візіткі, фракі, якія надавалі сваім валадарам выгляд жучка альбо скакунчыка, белыя нагавіцы некалькіх чыноў, меўшых прыдворныя «званія». Рознакаляровы натоўп сытых людзей запаўняў буфет, більярдную, нават бібліятэку, дзе на сталах былі разложаны «Слово», «Губернские Ведомости», «Новое время». У паасобных пакоях збіраліся больш санавітыя дваране і абмяркоўвалі нешта прыглушанымі галасамі. Але ўсё ж фамілія Ляскоўскага ўпаміналася так часта, што, нягледзячы на ціхую гутарку, яна стала вядома ўсім. І таму не дзіва, што калі перад самым адкрыццём з’езда з’явіўся ў залу пан Ляскоўскі, то ён быў спатканы амаль не аднадушным шэптам, кожны агледзеў яго. Шмат хто пацягнуўся прывітаць яго, хоць многіх Ляскоўскі бачыў упершыню. Вакол яго злажыўся натоўп і пачалася жвавая гутарка: адны распытвалі яго аб здароўі, другія — аб маёнтках, трэція — аб тых падзеях рэвалюцыянераў у Ляскаўцах, якія ўскалыхнулі ўсю шляхетную грамадскасць і якія так ярка абмаляваў сёння Саланевіч у сваім «Слове». Разам з Саланевічам абкружаўшыя пана Ляскоўскага патрабавалі суровае кары забойцы ўрадніка з Ляскаўцоў.

Князь Друцкі з’явіўся ў зале бадай пазней за ўсіх. Яго малінавы кафтан з развязанымі на паветры рукавамі і сабалінаю аблямоўкаю прыцягнуў да сябе ўвагу. Стала зусім ціха, калі ён, высока падняўшы сівую галаву, з каршуновым носам і пышнымі вусамі, паважным крокам праходзіў між крэсламі на месца ў пярэднім радзе. Ён прывітаўся ўклонам толькі з адным-двума панамі. У бок Ляскоўскага ён нават не зірнуў.

— Мы цяпер з вамі сквіталіся, ваша светласць! — нібы забаўляючыся, прагаварыў пан Ляскоўскі, падыходзячы да князя. Той уставіўся сваімі пранізваючымі вачыма.— Вы калісь адхілілі мае запросіны, як я адчыняў гуту, цяпер я не выканаў вашага жадання наведаць вас. Сквіталіся — і давайце заключым згоду.

Пан Ляскоўскі працягнуў руку, але доўга чакаў, пакуль халодныя пальцы князя чуць датыркнуліся яе. Ляскоўскі яшчэ раз насмешна зірнуў на манументальна-рыцарскую фігуру князя, які нічога не адказаў яму, і пайшоў займаць сваё месца.

На ўзвышшы за даўжэразным сталом, засланым зялёным сукном з залатымі махрамі, з’явіўся губернатар у генеральскіх эпалетах, маршалак у расшытым золатам цяжкім мундзіры прыдворнага і яшчэ нейкі малады паніч, вёрткі, як уюн. Далей выйшаў з бакавых дзвярэй архірэй з круглаю, як гаршчок, блішчастаю шапкаю на галаве, за ім пацягнуліся чорныя слупы трох-чатырох папоў. Пачаўся малебен: архірэй памахаў кадзілам перад абразамі, перад вялікімі партрэтамі ва ўсю сцяну цара і царыцы і пасля «многая лета» трымаў крыж. Усё панства без розніцы нацый і рэлігій, прыкладалася да крыжа, рукі архірэя ўсіх крапілі «святою вадою». Абціраючы лысіны беленькімі хустачкамі, сурдуты, мундзіры, малінавыя кафтаны, зноў занялі свае месцы.

Папы выйшлі на чале з архірэем. Губернатар мацнуў крыжыкі на мундзіры, правёў рукою па баках, кашлянуў і абвясціў з’езд паважанае шляхты адкрытым. Пры замершай зале губернатар пачаў сваю прамову. Коратка, як секучы сякерай, ён паведаміў аб тым, што з’езд, скліканы крыху раней звычайнага тэрміну, бо ёсць такія пытанні, якія патрабуюць своечаснага дзеяння, патрабуюць ад шляхты некаторых пастаноў. Яшчэ не зусім згаслі водгукі 1905 года, яшчэ надалей адбываецца дзейнасць рэвалюцыянераў, гэтых заядлых ворагаў цара і бацькаўшчыны. Яны падбіваюць народ на паўстанні, падгаворваюць да непаслушэнства, нацкоўваюць сялян і рабочых супраць паноў, імкнуцца пасеяць смуту, знішчыць магутнасць нашае вялікае імперыі, нават замахваюцца на асобу «всемилостивейшего монарха». Адзін з гэтых разбойнікаў, гэтых ворагаў цара і народа, нядаўна забіў вернага служку царскага паліцэйскага ўрадніка ў Ляскаўцах, спакушаўся на жыццё пана Ляскоўскага, а раней падбіваў рабочых на бунты. Гэта грозная прыкмета, і шляхта павінна разам з чынамі «Его императорского величества» ўжыць меры, каб з коранем вырваць паследкі рэвалюцыйнае заразы, дзе б яна ні была. Губернатар скончыў тым, што пры гэтых умовах трэба мець моцных здольных людзей на чале шляхты, трэба абраць належных губерскага і павятовых маршалкаў.

У гэтым месцы стары маршалак, блішчучы расшытаю грудзінаю, як абразом, вагануўся, пераступаючы з нагі на нагу, і спусціў вочы, пільна разглядаючы ляжаўшы перад ім ліст чыстае паперы і аловак.

Губернатар прапанаваў тым часам выбраць за старшыню з’езда, а далей і за маршалка, пана Ляскоўскага.

— Хоць ён і малады яшчэ, але ён здолее выканаць свае высокія абавязкі перад царом і шляхтаю!— скончыў начальнік губерні.

У зале было надзвычайна ціха, потым пранесліся гукі ўхвалы, кароткія далікатныя апладысменты. Усе азіраліся ў бок пана Ляскоўскага, толькі князь Друцкі нерухома, як кіёк, сядзеў у сваім крэсле.

Калі шолах у зале крыху сціх, пан Ляскоўскі папрасіў дазволу гаварыць. Яго тонкая стройная фігура вырасла на ўзвышшы, ён працягнуў руку наперад, нібы просячы ўвагі да сябе, і пачаў гаварыць.

Ён зусім згаджаўся з «его превосходительством» адносна задач шляхты ў барацьбе супраць рэвалюцыйнага руху. Больш таго, на яго думку, некаторыя паны, нават знатныя, знаходзяцца пад уплывам розных там ліберальных ідэй і гэтым дапамагаюць распаўсюджванню вольных думак. Як з рэвалюцыянерамі, гэтак і з шляхетным лібералізмам належыць змагацца, хоць і рознымі мерамі: бізун і катарга для першых і грамадзянская знявага для другіх. Разам з гэтым ён прапанаваў прасіць уладу аб узмацненні паліцэйскае аховы ў тых мясцовасцях, дзе ёсць прамысловыя прадпрыемствы, а таксама павесці скорым тэмпам утварэнне моцных сялянскіх гаспадарак. Сталыпінскі хутар павінен зрабіць апору для шляхты і ўлады і заможнай часткі сялянства. Дзеля гэтага шляхта не павінна прыпыняцца нават перад некаторымі ахвярамі невялічкімі кавалкамі свае зямлі, калі гэта будзе патрэбна.

— Добра гаворыць пан Ляскоўскі. Недарэмна ён гаспадар хоць куды,— чуліся галасы з розных куткоў залы.

— Іншаму ж сялянству трэба забараніць, прыпыніць усякія паслабленні,— гаварыў далей пан Ляскоўскі.— Трэба скасаваць усякія сервітуты, трэба знізіць плату за жніво, касьбу і іншыя работы. Для хутчэйшага правядзення зямельнае палітыкі пана міністра Сталыпіна трэба ўмацаваць Дваранскі і Сялянскі пазямельныя банкі і паставіць на чале іх людзей, якія належна праводзілі б патрэбную і карысную нам палітыку.

Падзякаваўшы паноў-шляхту ў асобе губернатара за наданы яму гонар, пан Ляскоўскі адмовіўся ад пасады старшыні з’езда, а потым маршалка, спасылаючыся на тое, што ёсць сярод грамады і больш знатныя, каб прыняць вялікую чэсць, і больш здольныя, каб выконваць вялікія абавязкі.

— Сярод нас ёсць прадстаўнік славутага князёўскага роду. Ён зможа быць нашым правадыром і стане верным служкаю цару і бацькаўшчыне. Я прапаную абраць за старшыню з’езда і губерскага маршалка яго светласць князя Зыгмунда Друцкага.

Скончыў сваю прамову Ляскоўскі і глянуў на губернатара.

Шолах здзіўлення залятаў па зале. Сядзеўшыя ў сярэдзіне ціха перамаўляліся, гледзячы недаўменна адзін на аднаго. Князь Друцкі крыху дрыжачаю рукой папраўляў вусы, кідаючы здзіўленыя позіркі то на Ляскоўскага, то на губернатара.

— Ну што ж, калі адзін з прадстаўнікоў шляхты, і прадстаўнік вельмі паважаны, уносіць прапанову за яго светласць, то я, як прадстаўнік улады, мушу далучыцца да яе,— сказаў губернатар, робячы ўклон у бок князя, а потым Ляскоўскага.— Прашу, панове, да урнаў, калі няма больш кандыдатаў.

— Няма,— адказала некалькі галасоў.

Крэслы загрукалі і мундзіры, сурдуты натоўпам пасунуліся ў другую залу, дзе ўжо прыгатаваны былі скрынкі і галы. Праз гадзіну галы былі падлічаны: князь Друцкі быў абраны за маршалка. Некаторыя, хто галасаваў за Ляскоўскага, дзівіліся вынікам, але іншыя іх наводзілі на «путь истины».

— Вы дарэмна непакоіцеся. Пан Ляскоўскі з губернатарам добра ведаюць, які вецер у Пецярбургу.

Больш няважная шляхта, якая не магла ўсё вынюхаць, змаўкала і пакідала дзівіцца з вынікаў выбараў.

Пан Ляскоўскі, пакідаючы пакоі «дворянского собрания», падышоў да князя і шчыра павіншаваў яго. Князь горача схапіў і доўга трос яго руку: гэта было ўжо не слабае халоднае датырканне адных пальцаў.

— Княгіня, князёўна і я — усе мы надта жадаем, каб вы наведалі нас,— ласкава папрасіў ён Ляскоўскага.

— Не пасмею адмовіцца ад такое чэсці,— адказаў Ляскоўскі.

 

ХІ

З’езд адбываўся сваім парадкам. Рабіліся справаздачы, пасылаліся прывітальныя вернападданыя тэлеграмы цару, царыцы, наследніку. У буфетнай стралялі коркі ад шампанскага, стукаў бясконца більярд. Ляскоўскі прымаў толькі самы пільны ўдзел, калі абмяркоўваліся пажаданні шляхты аб зямельных справах ды аб барацьбе з рэвалюцыйным рухам сярод рабочых. Справаздачы яго не цікавілі. На другі дзень з’езда, пасля пасяджэння, ён пад ручку з князем выйшаў з залы, і яны паехалі разам у палац.

Старая княгіня спаткала пана Ляскоўскага з усёю прыемнасцю і гасціннасцю. Яна пасадзіла яго з сабою, самым падрабязным чынам распытвала аб дзядах і прадзедах Ляскоўскага, пералічвала свае маёнткі ў Польшчы, пераказвала, з якімі высокімі асобамі яна вадзіла знаёмства ў Вене альбо Парыжы. Але Парыж ёй не падабаўся. Гэтыя міністры французскія — нейкія там гандляры ці хто іх ведае, хто яны: сярод іх, бадай, няма такіх славутых магнатаў, як яны, Друцкія. Вось Вена, Берлін — гэта нешта зусім іншае — там знойдзеш сабе раўню. Пералічваючы свае знаёмствы, княгіня кідала позіркі на бакавыя дзверы. Чым далей, тым больш часта пачала паглядаць яна на зачыненыя дзверы. Напаследак яна не вытрывала.

— Паклічце сюды князёўну,— нервова загадала яна прыйшоўшай на званок пакаёўцы.

— Князёўны няма дома,— вінавата адказала дзяўчына.

— Як — няма дома? Яна ж вось толькі была і нікуды не збіралася? — горача накінулася княгіня на спалоханую пакаёўку.

— Панна князёўна, бадай, паехала катацца,— ужо боязна пралепятала тая.

— Добра,— схамянуўшыся, ужо спакойна прамовіла старая і адаслала пакаёўку.

— Катацца ў такі час,— падумаў Ляскоўскі і мімаволі зірнуў на гадзіннік: была палавіна дванаццатае ўначы.

Цікавасць гутаркі з княгіняю прапала. Ён толькі слухаў яе з далікатнасці. Пасядзеўшы з паўгадзіны і развітаўшыся, ён гатоў быў пакінуць палац. Але князь яшчэ паведаміў яму, што ён мяркуе зрабіць вялікі баль пасля з’езда, на які і запрашаў пана Ляскоўскага. Але апошняга больш цікавіла князёўна, якая ўцякла сярод начы катацца, а не захацела з ім сустрэцца. І яна была ж напэўна дома ў той час, як ён пераступіў парог палаца. А ён так захацеў яе бачыць, яму так яскрава ўспомнілася танга, як толькі ён глытнуў атмасферы Друцкіх.

— Пачакай, ты не будзеш уцякаць ад мяне,— прагаварыў пан Ляскоўскі.

Яшчэ, можа, што сказаў бы ён, але чуць не грукнуўся аб нейкага чалавека.

— Хто гэта смее пакідаць пана Ляскоўскага? — зарагатаў гартанны голас.

Ляскоўскі падняў галаву: пад бліскучым чорным капялюшыкам-цыліндрам ззяў шырокі чырвоны твар Масея Рыгоравіча Ліўшыца. Яго чырвоныя, свежыя, як спелыя вішні, губы, здавалася, гатовы былі засмактаць у пацалунку Ляскоўскага.

— Як вы тут апынуліся? — крыху здзіўлена пытаўся пан.

Ліўшыц кіўнуў лёкаю пакінуць іх у прыёмнай-партрэтнай.

— Фігаро-сі, фігаро-ля,— сакавітым баском запеў Ліўшыц.— Вы, можа, шаноўны пане, дзівіцеся з майго такога позняга наведвання сюды? Дык дзіўнага мала. У мяне пад плашчом няма мандаліны падманваць князёўну, але затое ў фрачных нагавіцах іl у а quelque chose1 пянёндзы для яе бацькі. Ха-ха-ха! — заржаў ён задзёрыста.

— Слухайце, Ліўшыц, вы, здаецца, ужо без мяне пачынаеце абскубаць князя? Я гэтага вам не дарую! — зазлаваўся Ляскоўскі.— Калі зноў вы гакнулі лесу, дык даю дзесяць процантаў чыстых, ліха вас бяры!

— Выбачайце, на гэты раз не паспеў параіцца з вамі, пане міністар гандлю і прамысловасці. Бачыце, час кароткі, а яго светласці трэба да зарэзу грошы — адсвяткаваць балем сваё высокае прызначэнне.

— Дык мы ж гэта раней ведалі і да гэтага вялі, а вы тут плот гародзіце! — зусім злосна ўжо накінуўся на «негацыянта» пан Ляскоўскі.

— Да я ж здзелкі не рабіў, а толькі вось задатак нясу, чудак вы, ай-ай! — вясёла адказаў Ліўшыц, накіроўваючыся ў нутраныя пакоі.

Адышоўшы крокі два-тры, ён усё ж затрымаўся, а потым на дыбачках падышоў да Ляскоўскага, сагнуў далонь рупарам і прашаптаў:

— Бадай ці не хутка трэба пастушку ў адстаўку пусціць? Як вы думаеце?

— Не мяшайцеся не ў вашы справы, я сам ведаю, што рабіць,— ганарыста адказаў Ляскоўскі.

— Мне так здаецца: не патрэбна пастушка, калі каралёўна пад бокам,— хціва ўсміхаючыся, яшчэ шаптануў Ліўшыц.— Ну, адзье, шаноўны пане, вось нечаканае спатканне.

— А вы знаёмы? — раздалося запытанне князя, які стаяў на парозе.

— Другі толькі раз бачымся, шапачнае знаёмства,— смеючыся адказаў Ляскоўскі.

Зося траха не абамлела, калі раніцою Ляскоўскі сказаў ёй, каб яна рыхтавалася на баль да князёў Друцкіх. Ёй, якая ні разу не бачыла гэтых баляў, ніколі нават здалёк не падыходзіла да знатных людзей, даводзіцца цяпер ісці туды, можа, прыйдзецца гаварыць з імі. Аб чым? Як сябе трымаць? Яна ж нават не ўмее як след багатым людзям апрануцца. І ў якасці каго яна пойдзе туды са Стасем — яго жонкаю ці, можа, проста яго знаёмаю? Гэтыя пытанні круціліся ў яе маленькай галоўцы, і яна не ведала, як вырашыць іх.

— Я хачу, каб ты абавязкова паехала са мною,— траха не камандаваў пан Ляскоўскі.

— Не, я нізавошта не пакажуся туды,— плачучы адказвала дзяўчына.

— Ах, дык ты ехала сюды толькі дзеля таго, каб прасядзець некалькі дзён у гэтай паскуднай карчме? Не, даражэнькая, трэба ўвайсці ў тое грамадства, да якога належу я сам. Ты ж скора будзеш маёю маленькаю жонкай, ці ж не так, Зоська?

Здалася Зося. Яна цэлы дзень рыхтавалася да вечара. Абедзве пакаёўкі пасаблялі прыгнаць ёй адзенне, зачэсваць і завіваць валасы, начэпліваць бліскучкі. Пакаёўкі былі больш здатны ў гэтых справах, і Зося паслухмяна аддавалася на іх волю, пакладалася на іх густ. Ужо сцямнела даўно, а зборы не былі скончаны, ужо зайшоў па яе Ляскоўскі, які недзе прападаў дзень і з’явіўся толькі пераапрануцца. Вылашчаны, здатны, ён са смехам разглядаў збянтэжаную дзяўчыну, яе ўскалмачаныя валасы, якія завівалі ўжо, можа, дзесяты раз. Страх усё не пакідаў Зосю і раз-пораз сціскаў ёй горла; слёзы ліліся з яе вачэй. Ляскоўскі тады злосна загадваў супакоіцца, крычаў на пакаёвак, каб яны запудрылі заплаканыя шчокі. Напаследак, каля дзесятае гадзіны, вазок Ляскоўскага шугануўся да палаца Друцкіх.

Баль быў поўным, як Ляскоўскі з Зосяю ўвайшлі ў партрэтную-калідор палаца. Сэрца Зосі нібы знікла куды, а потым моцна застукала, як толькі яна ўгледзела доўгі шнур лёкаяў у белых панчохах і сініх сурдутах. Быццам праз строй прайшла яна міма іх да дзвярэй залы. Галава яе кружылася, і толькі моцная рука Ляскоўскага надзейна падтрымлівала дзяўчыну. У зале, як толькі яна зірнула туды, па вачах разанула незвычайна яркае святло, якое снапамі падала ад трох, нібы царкоўных, ліхтароў. Блішчастыя каменні і золата на жанчынах ззялі з ўсіх бакоў. Яе адзенне, хоць яна старанна прыбіралася цэлы дзень, выглядала зусім мізэрным і ніякавым перад тым багаццем, якое нахлынула вакол блішчастым калаваротам.

Пасярэдзіне залы пачынала круціцца ў танцы некалькі пар. Нявідны аркестр на харах іграў пяшчотны вальс. Адусюль несліся вясёлы гоман, звонкі смех. Зося прыпынілася ў дзвярах, нібы хто заблытаў ёй ногі і, крыху адкрыўшы рот, разглядала незвычайны жывы малюнак.

— Чаму ж вы так запазніліся, шаноўны пане Ляскоўскі? — пачула яна чыйсь голас.

— Гэта вінавата мая кузіна, якая не толькі страціла дзень, але і частку вечара на ўборы. Для дзяўчат і жанчын баль — самая цяжкая праца,— са смехам адказаў пан Ляскоўскі.

Ён крыху турзануў Зосю і падвёў яе да старога пана з арліным носам.

— Вось, ваша светласць, адна з маіх кузін,— пазнаёміў Ляскоўскі Зосю з князем.

— І ўсе вашыя кузіны такія прыгожыя? Я буду вашым нязменным госцем, пане, калі вы будзеце паказваць мне такіх здатных кузін... Ну але дзе мне, старому? Я вось пашукаю панне кавалера, якраз пачынаецца танец.

Не паспела прыйсці ў сябе Зося, як стары князь ужо падводзіў да яе нейкага хлышчаватага андуфэльта. Гэта быў адзін з хвастоў князёўны — чыноўнік асобных даручэнняў пры губернатару. Ён прывычным жэстам палажыў Зосі на стан сваю руку і лёгка закружыў яе па зале ў такт музыкі.

Ляскоўскі акінуў вокам кола танцуючых, упікліва затрымаўся поглядам на выдатнай фігуры князёўны, якая чуць гойдалася ў танцы і не прыкмячала яго. Пачакаўшы, пакуль яна абышла круг, і схапіўшы яе празрыста-хуткі позірк, Ляскоўскі накіраваўся ў іншыя пакоі, дзе расстаўлены былі зялёныя столікі і дзе больш старэйшыя займаліся картамі. Амаль усе ўставалі і падыходзілі, каб павітацца ці перакінуцца словам з маладым панам. Сам губернатар яшчэ здалёку запрасіў яго за свой столік, у кола больш паважаных паноў. Ляскоўскага прымалі з прыемнасцю, хвалілі яго за разумную прамову і за тую працу, якую прарабіў ён у камісіі па зямельных справах. Але нешта непакоіла Ляскоўскага, і ён хутка пакінуў сваіх знатных прыхільнікаў.

— Вам, вядома, сумна сядзець з намі, маладосць хоча спеваў, скокаў, музыкі, дзявочых уцех... Ну, ідзіце, скачыце ды загадайце там мазурку, і я прыйду паглядзець,— прамовіў губернатар, пабіваючы козырам чужога туза.

У зале скончыліся танцы. Натоўп моладзі разыходзіўся ў бакі, займаючы крэслы, аднастайным ланцужком абымаўшыя паўз сцены ўсю залу. Вочы Ляскоўскага шукалі двух пунктаў. Вось ідзе, высока падняўшы аздобленую дыяментаваю дыядэмаю галаву, князёўна, абкружаная колам прылізаных панкоў. А дзе ж другая, дзе Зося? Князёўна ўжо блізка каля яго, а Зосі не відаць. Ага, вось там яна, у кутку, адна-адзінюсенькая. Ляскоўскі злосна ўсміхнуўся і крануўся насустрач князёўне.

— Дазвольце вітаць вас, князёўна! Вы, як і заўсёды, сёння з’яўляецеся царыцаю балю,— і Ляскоўскі схіліўся к яе руцэ.

— Вы не танцавалі вальс, шаноўны пане? Ах, вы так шмат страцілі,— кідаючы іскры з вачэй і губ, палка сказала яна.

— Я не шкадую аб гэтым: без вас і найлепшы вальс мне не спадабаўся б. Дазвольце запрасіць вас на мазурку.

— Хоць вы і шмат па якіх прычынах маглі б спадзявацца на гэта, але я ўжо абяцала мазурку іншаму,— крыху нервова адказала яна і кальнула сваімі халоднымі зялёнымі вачыма.

— Ах, так!

— Дарэчы, хто гэтая панна, што скакала з губернатарскім чыноўнікам? Кажуць, што яна прыехала з вамі, пане Ляскоўскі.

— Калі ласка, хадземце, я вас пазнаёмлю.

Не чакаючы згоды, Ляскоўскі ўзяў пад руку князёўну і настойліва павёў яе ў дальні куток, дзе запалоханым звярком стаяла ў адзіноце Зося. Угледзеўшы Ляскоўскага, яна рванулася да яго, але раптам запынілася пад вострым насмешлівым поглядам князёўны.

— Дазвольце пазнаёміць вас,— нямоцна, але выразна прагаварыў Ляскоўскі, уперад зірнуўшы назад.— Гэта, князёўна, мая... вясковая каханка. Прашу ўважыць і пакахаць яе.

Зося рванулася і замёрла. Князёўна склізнула зверху ўніз па фігуры Зосі і звонка засмяялася. Ляскоўскі паглядаў з усмешкаю сатыра на абедзвюх дзяўчын.

— У вас нядрэнны густ, пане Ляскоўскі,— адрэзала яна і, паварочваючыся ў бок залы, дадала: — Вы вялікі наглец, але вы мне падабаецеся.

З халодным бляскам у вачах і вясёлаю ўсмешкаю на тонкіх губах яна пайшла назад па зале, гаманлівы натоўп засланіў яе. Ляскоўскі на адзін момант затрымаўся каля Зосі.

— Вам пара дамоў! — хрыпануў ён, паварочваючыся да ўсяго грамадства і прымаючы бесклапотны выгляд.

Праз хвіліну міма строю лёкаяў у калідоры прайшла, хістаючыся, дзяўчына. Яна рынулася проста ў дзверы, не трапіла ў іх і загрукатала нагамі ў зачыненую фортку.

— Куды вы, паненка? — запытаўся, падскочыўшы, лёкай Ляскоўскага.

— Мне... мне кепска... галава баліць... я хачу на двор,— ледзь выгаварыла Зося.

Лёкай з усмешкаю пераглянуўся з іншымі і працягнуў Зосі яе капялюшык, боты і верхнюю адзежу.

— Нельга выходзіць на двор распрануўшыся,— настаўніцкі сказаў ён, пасабляючы апрануць паліто.— Калі вам так дрэнна, дык я клікну фурмана адвесці вас дадому.

— Не, не трэба! — кінула Зося, выходзячы з прыёмнае.

Напыжаныя кардыналы, рыцары пазіралі ёй услед з глыбокага калідора-партрэтнае і агідна ўсміхаліся сваімі мёртва-халоднымі вачыма.

Блукаючыся, пайшла Зося вузкімі завулкамі, выйшла на Саборны пляц. На казначэйскай вежы празваніла адзінаццаць гадзін. Яна прайшла па Губернатарскай, павярнула Падгорнаю да тэатра. Дацягнуўшыся да першае лаўкі на скверы, які знаходзіцца побач з тэатрам, яна бяссільна апусцілася на заснежанае сядзенне. Амаль поўны месяц высока стаяў над дахамі будынкаў, але срэбнае дарожкі да яго не было: яна затоптана пешаходамі, заезджана рамізнікамі, застаўлена цеснымі будынкамі. Цесна, і ісці некуды, апроч гэтае абледзянелае, заснежанае лаўкі...

Людзі праходзілі па дарожках, спяшаючыся на марозе. Некаторыя ўглядаліся пільна, другія ішлі міма, як быццам на лаўцы быў не чалавек, а просты кавалак дрэва. Вось каля тэатра раздаўся гоман; мусіць, разыходзіліся пасля прадстаўлення. Міма праходзяць хлопцы.

— Эй, Марушка, што ты сядзіш тут! Хадзем з намі! — крычаць яны на ўсю вуліцу.

Трэба смяяцца — вучыла старая пакаёўка Ляскоўскага. І Зося звонка рагоча.

— Да ты не толькі жывая, але і вясёлая! Бач, якія на ёй уборы! Паненка, ды годзе! — рагочуць хлопцы.— Хадзем з намі піва піць!

Не ўсё роўна куды ісці? — Зося пакідае лаўку. Яе падхопліваюць пад рукі два юнакі з гімназічнымі рагалямі на аколышах, соўваюць ёй у губы цыгарку.

— Айда ў нумары Лівадыя, туды інспектар не трапіць сунуць нос,— цішэй прагаварыў трэці.

І задаволеная лёгкаю здабычаю, суполка цягне Зосю ў невядомае ёй месца.

— Пайду, мне ўсё роўна,— шэпча яна.

 

 

1 Хоць якія (франц.).

ХІІ

 

Даўно ўжо скончыўся ўрачысты збор шляхты, пачалі глохнуць гутаркі па гасціных аб новаабраным губерскім маршалку. Шляхта пакрысе пакідала Мінск. Злосныя пані, якія дарэмна патраціліся на дарогу і на прыймо губерскіх кавалераў, запакоўвалі на вазы разам з куфрамі няўдачлівых паненак, якім так і не трапіла зачапіцца хоць крыху за маладога. Толькі больш багатыя ды зусім няздатныя паненкі-перастаркі цягнулі з ад’ездам, хаваючы ўпарта надзею знайсці сабе кавалера. Тоўсты пан Вінцусь або сварлівая пані Марта вымушаны былі сядзець у нанятых кватэрах, рабіць візіты, знаёмствы, купляць уборы сваім абрыдлым дарагім дачушкам, траціцца на пачастункі. Рабая панна Скальская засталася адна без бацькоў. Яна адважна змагалася за ідэю выйсці замуж хоць за паштавіка, хоць за настаўніка гарадскога вучылішча. Яна кідалася ў тэатр, кожны дзень бывала на склізгаўцы сярод гімназістаў падпаручнікаў, дамагалася папасці на больш-менш шляхетныя вечарыны. Іншыя паненкі вучыліся ад панны Скальскай і вялі адкрытае паляванне на мужчын.

Пан Ляскоўскі не мог адкараскацца ад запросін. Кожны дзень да яго наведвалася некалькі сурдутаў, некалькі пацёртых мундзіраў, некалькі скрыпучых шоўкам хваляў. Кожны прасіў да сябе, выказваў сваю пашану, сведчыў, што ён альбо яна вельмі ганарыцца такім шляхціцам, як пан Ляскоўскі, дзівіўся на яго гаспадарчыя здольнасці. Пан Ляскоўскі не адказваўся, усім лісліў, але рэдка якое запрашэнне здавальняў. Напаследак і самыя ўпартыя ў жаданні замуства паненкі зніклі. Губерскае жыццё ўвайшло ў сваю каляіну. Шляхетнае грамадства збіралася па чацвяргах у губернатаршы, па пятніцах — у князя, па аўторках — у старшыні казённае палаты. На рагах вуліц стаялі звычайныя гарадавікі, паліцмейстар ганяў прыставаў зачыняць прыватныя яўрэйскія школы і накіроўваць дзяцей у ешыбот. Архірэй, разабраўшы ў кансісторыі дзве справы аб выключаных за вальнадумства семінарыстаў, прымаў пана Саланевіча, якому даваў кірунак для артыкула аб задачах «Союза русского народа» ў заходнім краі. У газетцы паведамлялася пра набажэнствы на бліжэйшыя дні, пра выезды губернатара, змяшчаліся карэспандэнцыі аб вечары-балі ў Слуцкай гімназіі, аб падарожжы па губерні інспектара вучэбнае акругі, аб ахвяры бабруйскіх гандляроў на ўстановы «Императрицы Марии». Усё было звычайна, моцна; на звычайных месцах за сталамі сядзелі чыноўнікі ў канцылярыях. Бывалі здарэнні такія, як абвар машыніста на заводзе Ракаўшчыка альбо атрута ад загаджанага паветра двух рабочых на гарбарні, але гэта, вядома, не магло зацікавіць «грамадства».

Пану Ляскоўскаму не было чаго рабіць у Мінску. Не, не рабіць, бо ён нідзе нічога не рабіў, а нічога цікавага ў губерскім жыцці для яго, здавалася, не было. А тым часам ён не пакідаў абрыдлых пакояў гасцініцы. Раніцою ён прымаў пракурора альбо следчага па асоба важных справах і заслухоўваў іх справаздачы аб ходзе следства па ляскаўскай справе, пісаў лісты да губернатара, патрабуючы большае дзейнасці ад жандармерыі па розыску знікшага Зыкава. Увечары амаль штодня ён на пары сваіх жарабцоў пад’язджаў да князёўскага палаца. На палавіне княгіні і ў пакоях князёўны штодня святло не гасілася далёка за поўнач.

Аднойчы, пасля звычайна зацяжнога візіту Ляскоўскага, у пакой княгіні ўвайшоў стары князь. Ён нават не пастукаў у дзверы, хоць звычайна свае наведванні да княгіні ён рабіў вельмі цырымонна, пасылаючы наперад з паведамленнем свайго пакаёўшчыка. Княгіня з лысаю галавою (бо накладныя валасы былі ўжо зняты), напаўапранутая замітусілася, занепакоілася такім нечаканым наведваннем мужа і здзіўлена пазірала на яго.

— Чаго вы так уставіліся на мяне, княгіня, як быццам я чудзішча якое? — кепска хаваючы абурэнне, запытаўся ён.

— Выбачайце, князь Зыгмунд, вы так нечакана зайшлі сюды, і я ў такім выглядзе...

— Вядома, мяне вы не чакаеце, затое, мусіць, зранку чакаеце пана Ляскоўскага.

Княгіня пачырванела ад носа да лысага лба.

— Што ж, што ж...— лепятала яна.— Пан Ляскоўскі... пан Ляскоўскі зусім здатны чалавек, і паходжанне яго такое, што няма прычын забараняць яму наведвацца да нас.

— Наведвацца няхай наведваецца, але не гэтак часта,— жорстка адказаў князь, праходзячы сярод крэслаў, мяккіх зэдлікаў, маленькіх столікаў, якія займалі ўвесь пакой.

Княгіня маўчала і запытальна глядзела на мужа.

— Нават лёкаі, нават вуліца загаварыла аб тым, што князёўна напэўна выйдзе замуж за пана Ляскоўскага, а вы, шаноўная, нічога не хочаце бачыць у наведваннях, ды яшчэ штодзённых.

— Князь Зыгмунд, дык мы ж не ў Парыжы альбо Вене. Тут у гэтым убогім горадзе людзям няма чаго рабіць, як толькі займацца плёткамі аб другіх... А ўрэшце, калі б князёўна і пажанілася з панам Ляскоўскім...

Княгіня хацела скончыць «то было б нядрэнна», але не паспела вымавіць. Князь рэзка павярнуўся, два-тры зэдлікі грукнуліся, ён шыбануў іх убок нагою.

— Ах, вось як! — візгліва закрычаў ён.— Дык вы, можа, пасабляеце гэтаму?

— Як вы, князь, недалікатна абыходзіцеся са мною! — спрабавала ўпікнуць мужа княгіня, папраўляючы з’язджаўшы з яе халат.

— Далікатнасць! — іранічна прамовіў князь.— Мы з вамі не ў зале... Дык вось, я прыйшоў сказаць вам, каб вы зрабілі крокі да прыпынення розных там гутарак аб шлюбе.

— Што вы маеце супраць пана Ляскоўскага? — горача, з пагардаю запыталася княгіня.

— Нічога! — выкрыкнуў князь.— Пан Ляскоўскі добры гаспадар, прамысловец, мае шмат маёнткаў, грошай — ва ўсіх банках панапіраў. Нічога, пажаданы муж! — выкрыкнуў яшчэ мацней ён.— Усе павятовыя пані і паненкі чапляюцца за яго. Але ж вы, шаноўная, хочаце, каб і князь Друцкі лічыў пана Ляскоўскага завідным мужам для свае дачкі, так? Так ці не?

— Вы забываецеся аб тым, што ў князёў Друцкіх... пустая кішэня, а па-другое... гэты грэх з Вацяю...

Гэтыя словы княгіня прамовіла дрыжачым ціхім голасам, не пазіраючы на мужа. Лысая ксяндзоўская галава яе схілілася долу, і яна захлюпала носам.

— Твая справа, Зыгмунд,— як звычайныя слабыя людзі скрозь слёзы працягвала яна, спяшаючыся не выпусціць з рук выпадку, — але я дзякавала б богу, каб нам давялося зрабіць гэты шлюб. Пан Ляскоўскі не абы-хто.

— Ну і цацкайцеся з сваім Ляскоўскім,— злосна, але ўжо ціха адказаў князь, паварочваючыся да дзвярэй.

І Ляскоўскі, як і раней, амаль кожны дзень быў госцем у палацы. Калі гаспадыні заставаліся дома, то Ляскоўскі амаль увесь час траціў з старою княгіняю, гуляючы з ёю ў карты альбо з пашанаю размаўляючы аб сваіх продках і іх шырокім жыцці. Княгіні гэтыя размовы надта падабаліся, яна ўпэўнівалася ў сапраўднай шляхетнасці пана Ляскоўскага. Князёўна ж ледзь прымала ўдзел у гутарцы. Яна бадай кожны вечар наладжвала катанне, і рэдка калі ў вазку. Ёй больш падабалася язда вярхом. У мужчынскіх нагавіцах і блішчастых лакавых ботах, у барашкавай з срэбным галуном шапцы і ў цёплай сабалінай жакетцы яна каля дзевятае-дзесятае гадзіны ўвечары заходзіла ў пакой мацеры.

— Ці пану Ляскоўскаму шэсцьдзесят год, што яму так падабаецца штос? — весела, насмешна пыталася яна, лёгка сцябаючы па халяве блішчастым стэкам.

Ляскоўскі паспешна ўставаў, княгіня дакорна ківала пышна накручанымі на галаву чужымі валасамі, але маўчала.

Далёка за горад гойсалі Ляскоўскі з князёўнаю на тонкіх з агністымі вачамі конях. Былі месячныя ночы, калі марозная імгла фосфарнымі іскаркамі блішчала, таўклася ў паветры, як бясконцы рой срэбных мошак, калі блішчастая дарога нязменна склізгала па снежным полі, быццам прывязаная адным канцом у тым баку, дзе быў месяц. Былі вечары і завірухі, калі вецер круціў снег і з хваляў і з зямлі надзімаў высачэзныя курганы. У такі час князёўна асабліва ўпарта паганяла каня, звонка рагатала, пападаючы ў курган і падымаючы яшчэ большыя хвалі снегу. Ляскоўскі быў зусім халодны да такое язды. Ён толькі пакорна гойдаўся ў сядле следам за новаяўленаю амазонкаю.

— Чаму вы як у пахавальнай працэсіі едзеце? — дразніла яго Ваця, кідаючы назад задорныя позіркі.— Можа, вернецеся гуляць у штос?

Голас яе быў звонкі і халодна-вясёлы, як мароз у месячную лютаўскую ноч. Ляскоўскі моўчкі даваў шпоры свайму каню і ў некалькі скокаў далёка абганяў князёўну, а потым прытрымліваў і чакаў, пакуль міма не прамільгне злы з зялёна-змяінымі вачамі твар яе. Князёўна траціла прытомнасць, калі хто выпярэджваў яе ў верхавой яздзе.

Раз, калі коні іх ішлі побач, князёўна запыталася:

— Скажыце, пан Ляскоўскі, ваша вясковая палюбоўніца любіць ездзіць вярхом?

Ляскоўскі не абразіўся такім двумысным запытаннем, нават не здзівіўся анізвання.

— Палюбоўніца? Яе ўжо няма, ды і не было — гэта была проста «жертва вечерняя»,— агідна рагочучы, адказаў ён.

— Ха-ха-ха! Дык вы ўжо прагналі яе? І вам не шкода такое прыгожае дзяўчынкі?

— Ведаеце,— пачакаўшы некалькі хвілін і гэтым паказваючы, што ён хоча сказаць нешта надта цікавае альбо важнае, загаварыў Ляскоўскі,— ваша запытанне выклікае ў мяне адзін успамінак. Некалькі год таму назад быў я ў Швейцарыі. Надакучылі мне прыбраныя Лазанны, Жэневы, Цурыхі з іх накрухмаленымі ад каўнера да падвязак кельнершамі. Я наняў сабе нейкага Вільгельма Тэля, які не меў аркебуза, але добры востры кіёк і лёгкую моцную вяроўку. З ім мы дайшлі аж у такія мясціны, куды не пападае нават цывілізаваная швейцарская карова. У гэтых месцах, куды не даходзяць гукі кароўіх званкоў, я прыпыняўся адпачываць. Раз я заўважыў, як у сінім небе закружыўся агромністы арол. Раскрыжаваныя крыллі яго выпісвалі кругі, якія ўсё зменшваліся. Раптам ён стаў на адным месцы і каменем кінуўся долу. На момант ён згінуў у чэрні дрэў, якія былі далёка ўнізе, а потым яго крыллі мякка зашурхалі ў мяне над галавою. У кіпцюрах яго слаба торгалася і папісквала нейкая рабенькая птушачка. Зрабіўшы кругі са два, арол цяжка асеў на тырчэўшы высока камень. Птушачка ўжо не торгалася. Арол нерухома палымянымі вачамі глядзеў удалечыню, быццам не мог адарвацца ад таго, што ён там бачыў. Можа, там чакала свайго хаўтурнага лёсу новая ахвяра. Хвіліна-другая, і арол, нават не нахіліўшы галавы да таго, што было ў яго кіпцюрах, распластаў магутныя крыллі і закружыўся пад ясным сонцам... Рабенькая птушка камячком упала з каменя на другі, трэці камень і прапала зусім у змроку крамністае шчыліны, толькі некалькі пёркаў матылькамі круціліся ў паветры... Я з захапленнем наглядаў гэтую невялічкую драму і памятаю да гэтага часу.

— У вас памяць, мусіць, досыць спецыфічная? — пільна прыглядаючыся яму ў твар, запыталася князёўна.

— Не, тут няма нічога спецыфічнага. Такія драмы адбываюцца штодня тысячамі, мільёнамі, і не толькі сярод звяроў альбо птушак, а і паміж людзьмі... Ды інакш і быць не можа,— разважна скончыў Ляскоўскі і весела скочыў уперад на кані.

— Я ненавіджу бязгрэшных, бязвінных людзей,— прамовіла князёўна, здаганяючы Ляскоўскага.— Ваш арол мне таксама падабаецца, але... але я не буду маленькаю рабою птушкаю.

Ляскоўскі ўстрапянуўся, вочы яго заіскрыліся, рука, трымаўшая повад, турзанулася разы два. Але праз хвіліну ён зусім спакойна адказаў:

— Да вас мая гісторыя і не датычна.

Моўчкі вярталіся яны на гэты раз з праездкі. Ляскоўскі нават не застаўся вячэраць. Ён хацеў быць адзін. Князёўна зусім не пярэчыла і, застаўшыся адна ў сваім пакоі, яна доўга не скідала мужчынскае адзежы, якую апранала для катання. Думкі яе былі заняты панам Ляскоўскім. Калі яна і раней жадала бачыцца з ім, то ў гэтым была простая цікавасць да зграбнага мужчыны, як тлумачыла яна сабе, абуранасць на Ляскоўскага, што ён не выконваў яе прывярэдаў. Пасля ж гэтае гутаркі, у добрасумленнасць якое яна верыла, Ляскоўскі падняўся ў вачах князёўны Ваці на значную вышыню. Яго амаральнасць, досыць брудны цынізм падвышаў яго вартасць. Ляскоўскі залічаўся князёўнаю ў ранг «звышлюдзей», дзеля якіх звычайныя ўмоўнасці чалавечых адносін не існуюць. «Гэтыя людзі складаюць вышэйшую арыстакратыю нашага часу»,— думала князёўна,— «і арыстакратызм па паходжанню адыходзіць перад гэтым арыстакратызмам на другое месца». Другое, што задавальняла князёўну ў Ляскоўскім, гэта апраўданне яго канцэпцыяю ўласнага становішча і адчуванняў. Успамінаючы сваё мінулае, князёўна знаходзіла там адзнакі «звышчалавечага», хоць палёт яе не быў падобны да арлінага. Але ж аб сабе яна не ўспамінала ў гэты вечар, толькі адчувала вялікую блізкасць між сабою і Ляскоўскім.

— Толькі ў кіпцюры не давацца, не быць рабенькаю птушкаю! — шаптала яна сабе, адчуваючы тамленне ў целе і ўяўляючы ўсю постаць пана Ляскоўскага.

Ляскоўскі быў заняты ў астатнюю часіну вечара не такімі ўзвышанымі думкамі, як яго спадарожніца. Аб якім там «звышчалавеку» яму і ў голаў не прыходзіла. Праўда, амаль усіх герояў «звышчалавечага» тыпу ён ведаў: і байранаўскімі, і ібсенаўскімі, і нават Пшыбышэўскага «звышлюдзьмі» ён захапляўся. Але калі ён пераказваў князёўне сваё нагляданне птушынае драмы ў Швейцарскай Юры, то гэта быў проста крыху ўзвышаны адказ на запытанне князёўны. Свой брудны ўчынак і паводзіны адносна Зосі ён абмаляваў у форме, як яму здавалася, вышэйшае паэтычнае вартасці. Цяпер ён быў надта задаволены ўдаласцю свайго апавядання. Ён адчуваў, што такія вобразы павінны ўплываць на кабет і дзяўчат вядомага круга. Але больш за ўсё задавальнялі Ляскоўскага вынікі гэтага вечара. Словы князёўны аб тым, што яна не будзе маленькаю рабою птушкаю, упэўнялі Ляскоўскага ў тым, што князёўна ўжо думала аб нейкіх блізкіх адносінах з ім. Можа, яна будзе спрачацца, але блізкасць у пачуццях, у думках пачалася. Які б змест гэтае блізкасці ні быў, Ляскоўскі быў задаволены.

Палюбаваўшыся сабою, сваёю ўдачлівасцю, Ляскоўскі паслаў лёкая за панам Ліўшыцам. Паўгадзіны, якія прайшлі ў чаканні, вельмі надакучылі Ляскоўскаму. Ён хваляваўся, падыходзіў да аднаго, другога акна, але апроч марозных кветак на шкле нічога іншага не бачыў. Стукат у дзверы прагнаў яго нервовасць, і легкамысны настрой вярнуўся да яго, адбіўся на ўсім твары.

— Здарылася што? — засопшыся, пытаўся Ліўшыц, сцягваючы з сябе шырокую тхоравую шубу.

— Здарылася, шмат чаго здарылася, Масей... Масейчык!

Ляскоўскі, не гледзячы на прысутнасць лёкая, абхапіў Ліўшыца за стан і закруціў яго па пакоі, напяваючы матыў нейкага вальса.

— Дайце вы рады, пакіньце! У мяне сэрца не такое, каб... каб я скакаў, як інстытутка на першым балі альбо як бедны яўрэй, аддаючы дачку замуж за канторшчыка... Ну, кіньце ж, пане! — ужо са злосцю прасіў ён.

Крыху адсопшыся і выцершы выступіўшы раптам на лысіне пот, Ліўшыц прыплюшчыў свае лупатыя вочы і пільна прыгледзеўся да пана Ляскоўскага.

— Я сабе думаю, нешта асаблівае здарылася, калі ў такі позні час кліча пан Ляскоўскі. Па праўдзе кажучы, я ўжо лажыўся.

— Эх, да ці спаць нам сёння! Бронісь, цягні там што ёсць на стол! — жвава сыпаў Ляскоўскі.

— Добра вам не спаць! А калі ў чалавека і раматус, і пячонка, і сэрца — цэлы фарш з хваробаў, то спаць трэба, і ў свой час.

— Кіньце вы свае хваробы,— смеючыся, пярэчыў Ляскоўскі.— Ваша найдабрэйшая Вера Саламонаўна ніколі не скардзілася мне, каб вы адхілілі яе абдымкі.

— Гэта ўжо занадта, пане Ляскоўскі,— прамармытаў пацямнеўшы Масей Рыгоравіч.

Ляскоўскі прасіў прабачэння за вольнасць сваіх слоў, сказаў, што шануе светласць ложка жанатых, што вельмі рады прыходу Масея Рыгоравіча. Ён так жвава і весела гаварыў, што Ліўшыц хутка адмяк і пачаў рагатаць разам з ім. Неўзабаве Бронісь з дапамогаю другога лёкая заставіў увесь стол бутэлькамі, графінамі, талеркамі, блюдамі. Вочы Масея Рыгоравіча запаліліся бляскам, асабліва як ён прыкмеціў бляда-залацістую бутэльку з трыма зоркамі на рылцы.

— Вы толькі за гэтым мяне і клікалі? — незадаволеным голасам, аднак глынаючы сліну, запытаўся Масей Рыгоравіч.

— Па-першае — за гэтым, па-другое... ёсць і другое, але скажу аб ім за чаркаю,— не трацячы свайго ігрыстага тону, адказваў Ляскоўскі.

Ліўшыц яшчэ раз прыжмурыў свае вочы. Яго выгляд паказваў, што ён здагадаўся, добра ведае прычыну такое жвавасці гаспадара. Але ён, як і заўсёды, у жыцці не выказваў словам, што ён што-небудзь ведае, даючы магчымасць людзям выказвацца самім. «Не варта,— думаў Масей Рыгоравіч,— адбіраць у людзей, асабліва вышэйшых, асалоду пахвальбы: і прыяцелю прыемна, і сабе карысней».

Лёкаяў адаслалі. Ляскоўскі скінуў жакетку, сцягнуў сурдут з Масея Рыгоравіча. Звякнулі шклянкі. Праз паўгадзіны Масей Рыгоравіч дарэмна нагінаў бутэльку, якая прывабіла яшчэ спачатку. Прыйшлося ўзяцца за другую. Ляскоўскі расставіў бутэлькі ў шэраг і піў па чарзе з кожнае. Ён кпіў з Ліўшыца, які не пакідаў аднае бутэлькі, пакуль яна не станавілася парожняю.

— Вось дык сталасць ва ўсім — у занятках, у жонцы, нават у бутэльцы,— рагатаў Ляскоўскі, і тонкае шкло чаркі звінела, ляскаючы аб яго зубы.

— А вы кідаецеся ад аднаго да другога, хутка адурманееце, страціце голаў,— швакаючы чырвонымі шырокімі тоўстымі губамі, адказваў Ліўшыц.

— Галавы хопіць,— і Ляскоўскі засаб выпіў чарак з дзесяць розных вінаў, якія толькі былі ў радоўцы бутэлек.

Пазней Масей Рыгоравіч сядзеў разваліўшыся ў мяккім крэсле. У адной руцэ ён трымаў шклянку з віном, а другою махаў, як дырыжор. Ляскоўскі, чуць хістаючыся, хадзіў па пакоі і фальшыва выводзіў:

 

Плывут по морю ладьи большие,

Ведет к удаче Санта Лючия.

 

Не скончыўшы другога куплета, Ляскоўскі раптам абарваў спеў, крыкнуў да сябе Броніся і загадаў яму зараз жа прывезці Кацьку і Любку з самою бандаршаю Эміліяй Карлаўнай. Лёкай заікнуўся быў аб познім часе, але, пачуўшы досыць уплыўны рык, мусіў безадкладна кінуцца ў дзверы. Масей Рыгоравіч быў крыху збянтэжаны, калі ў пакоі пачуўся ненатуральны рогат дзяўчат і басісты голас Эміліі Карлаўны. Але праз хвіліну на яго тоўстым, як калодка, сцягне сядзела вёрткая Любка з цыгаркаю ў залачоных зубах. Пан Ляскоўскі круціўся з Кацькаю па пакоі, насвістваючы мазурку. Эмілія Карлаўна завіхалася каля бутэлек. Бронісь прыносіў яшчэ віна, збіраў забруджаныя талеркі, ставіў свежую закуску...

Чырвоны бляск ужо прабіваўся праз замерзлыя вокны, калі Ліўшыц ачнуўся ад няспрытнасці ляжання. Побач з ім на канапе спала Любка ў разбэрсанай копце. Масей Рыгоравіч раптам ускочыў і моцна вылаяўся. Памяць адразу вярнулася да яго.

— Гэй, пане Ляскоўскі! Сонцу брыдка будзе,— крыкнуў ён.

Бляды Ляскоўскі выйшаў з другога пакоя, ткнуў у бок Эмілію Карлаўну, якая расплылася ў крэсле і соладка спала, разявіўшы рот як халяву.

— Праз хвіліну каб духу вашага тут не было! Ды язык трымаць за зубамі! — камандаваў ён ледзь ачнуўшымся кабетам, падобным да замораных мух. Шэра-ружовая паперка затрашчала ў пухлым кулаку бандаршы.

— На халеру даваць ім столькі грошай,— пабурчаў Масей Рыгоравіч, завязваючы расшарэйганы гальштук.

— Нічога, спагонім на князёўскім лесе,— адказаў Ляскоўскі, і адразу жвавасць зноў апанавала яго. Пачакаўшы крыху, ён дадаў:

— Вось гэта другое, зачым я вас клікаў сёння ці лепш — учора. Князёўскі лес не будзе ўжо забаронным для мяне, гэта мушу я вам сказаць.

— Няўжо ж вы купілі яго? І колькі купілі? — ажывіўшыся, быццам ён трапіў на лясную біржу, засыпаў пытаннямі Масей Рыгоравіч.

— Я не купляў і купляць не буду — дарэмна атрымаю,— рагочучы, адказаў Ляскоўскі на шматлікія запытанні свайго наперсніка.

— Вось як людзям шанцуе! Мне ж ніхто і ніколі не даваў дарэмна нават граша ламанага. Як жа гэта здарылася? — напусціўшы на сябе дурнаваты выгляд, запытаўся Ліўшыц.

Ляскоўскі ў хітрых выразах, але досыць зразумела паведаміў аб сваіх планах адносна князёўны. Далей ён, быццам свае, намячаў да вырубкі тыя ці іншыя дзялянкі князёўскага лесу альбо меркаваў умовы арэнды для сялян пустак, сенажацей, раскіданых па лясах Росашы, Тур’ева, Загацця і іншых маёнткаў князя Друцкага. Масей Рыгоравіч слухаў вельмі ўважліва і патрабаваў сабе на водкуп той ці іншы кавалак лесу. Дапікаючы адзін другога ў скарэднасці, абмяркоўваючы выгады лясніцтваў, яны заседзеліся амаль да палудня. Толькі тады хамянуўся Масей Рыгоравіч, што ён збіраўся выехаць у гэты дзень на Бабруйшчыну для наглядання за вывазкаю лесу да Бярэзіны, як увайшоў Бронісь і паведаміў, што пана Ліўшыца просяць дадому.

Пасля ад’езду Масея Рыгоравіча Ляскоўскі прасланяўся дзень, а потым надумаў, што яго далейшыя поспехі патрабуюць, каб ён на нейкі час пакінуў Друцкіх і не бачыўся з князёўнаю. Толькі маленькую запіску паслаў ён старой княгіні, паведамляючы, што пакідае Мінск, і едзе гаспадарыць у Ляскаўцы.

 

 

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

 

І

На абочыне Мінска, на напалову незабудаванай Ляхаўцы, стаялі дзве прыплюснутыя будыніны — адна за драўляным плотам уздоўж вуліцы, а другая ў двары. Каля дворнае будыніны ўздымаўся ўверх роўны гладкі мэталёвы комін, замацаваны накрыж чатырма драцянымі вяроўкамі да зямлі. І так нялюдная вуліца каля гэтых будынін амаль заўсёды была пустою, нясцерпны смурод, які дыхаў з двара, ад рыштакоў, заўсёды напоўненых зялёнаю едкаю жыжаю, адганяў ахвоту і жыць тут, і праходзіць па якіх-небудзь справах альбо проста так. Толькі а шостай гадзіне раніцою ды а восьмай увечары Ляхаўка ажыўлялася рухам. Раніцою ў цемры альбо як толькі ўзыдзе сонца, нявыспаўшыяся, блядыя, жоўтыя людзі, паціскаючыся ад холаду, у забруджаных пінжаках і сарочках, кажушках спяшаліся паасобку прайсці альбо ў смуродную браму, альбо ў другія вароты, якія былі праз вуліцу. Увечары, таксама ў цемры, гэтыя ж людзі высыпалі з абедзвюх брамаў і павольна, гурткамі накіроўваліся на Свіслацкі мост. Гукаў таксама не чутно было: хістаючыя постаці толькі хлюпалі нагамі ў ліпкай гразі ці рыпаў марозны снег пад нагамі.

Будыніны, што разносілі такі смурод, з’яўляліся гарбарнямі Імрота. На другім баку вуліцы ўздымаліся муры дражджавога завода і бровары Ракаўшчыка. Невялічкія вокны гарбарні, забраснеўшыя так, што нельга было здагадацца, што шыбы былі зроблены са шкла, каламутна-зялёнымі чатырохкутнікамі вызначаліся на гразкай шэрані роўных сцен. На двары ляжалі сцірты кар’я смуродных адкідаў, якія моклі пад дажджом, снегам, прэлі, потым сохлі на сонцы, і труха з міязмамі разносілася ветрам не толькі па ўсяму пляцу гарбарні, але і далёка за яго межамі. Першую частку гарбарні займаў нізкі пакой са склізкаю, як мылам намыленаю, падлогаю. У гэтым пакоі, куды ледзь дасягала дзённае святло, былі зроблены ўкопаныя ў зямлю цэментаваныя чапы, дзе свежыя скуры кіслі па тры месяцы. Паветра насычана тут гэткім рэзкім смуродам, што нават старыя гарбары не маглі прайсці з незаціснутым носам. Толькі васкавы Мойша Крук, як на склізгаўцы, шморгаў спакойна нагамі, абутымі ў дзіравыя галёшы, падвязаныя матузкамі, і жалезным прэнтам памешваў часамі ў чапах. У наступным пакоі паміж двух слупоў на жалезным шворні круціўся без перапынку барабан, куды клаліся выквашаныя шкуры. З барабана шкура выходзіла вольнаю ад шарсціння. Найбольшую частку гарбарні займала доўгае, быццам стадола, памяшканне, дзе шкуры адміналіся, ачышчаліся ад мяздры, тут жа на вяроўках сохлі, фарбаваліся, глянцаваліся. Калі ў гэтым памяшканні смурод быў і не такі рэзкі, як у квасільні, дык затое гарачыня стаяла пякельная. Жаднага выйсця для паветра, апроч дзвярэй, якія адчыняліся толькі пры праходзе людзей, у гарбарні не было. Вокны, каб не зніжаць цяпла, якое гаспадар захоўваў для сушкі развешаных па ўсім памяшканні шкур, ніколі не адчыняліся. Праз гэта гарбарнікі адмячаліся, ад старога да падлетка, жоўклаапухлымі тварамі.

Сёма Кац ужо шэсць год працаваў у Імрота. Гады тры назад падлеткам ён прайшоў працоўную школу на Смаргонскіх гарбарнях, дзе бацька яго працаваў усё жыццё. Нават гэты Сёма Кац, каранасты, з шырокімі грудзямі, з доўгімі жылістымі рукамі, у гэты дзень не вытрымаў да перапынку на снеданне. Мароз стаяў моцны, і ў гарбарні майстры заткнулі ўсе шчыліны, запалілі ўсе стаякі-чыгункі, каб даць больш цяпла для сушкі. Каля адзінаццатае гадзіны напружаныя, адранцвелыя рукі Сёмы аслаблі, скрабец хістануўся і зрабіў зазор. Асалавела зірнуў ён уздоўж стала, на роўны шнур нагнутых уперад і ўбок таварышаў, якія мерна гойдаліся галовамі і плячыма ўзад і ўперад. Зараз жа да Сёмы падскочыў вёрткі, як вугар, майстра Майзэль.

— Ты, трасца тваёй галаве, чаго гэта стаіш? — фальцэтам загаласіў ён.— А-яй-яй! А гэта што, гэта што, ліха тваёй мацеры? — яшчэ званчэй сыпнуў ён у кіслае паветра, тыкаючы сваім гразкім ад лаку пальцам у зазор.

Майстра клікнуў табельшчыка Банадыся і загадаў спісаць з Сёмы за папсуцце. Сёма нахіліўся ўніз, глытнуў больш халоднага паветра, выцер ліпкі пот са лба і, сцяўшы зубы, узяўся за скрабец. Рукі яго і плечы загойдаліся мерна ўзад-уперад.

Не прайшло і чвэрці гадзіны, як шолах па ўсёй гарбарні здзівіў Сёму. Такі шолах здараўся нярэдка, але ён бываў пазней, пасля палудня. Звычайна ў такі час заходзіў на гарбарню сам Імрот. А на гэты раз — так рана. Коса кінуў вокам Сёма ўздоўж стала: перагнутыя фігуры, блішчучы матава-потнымі лбамі, загойдаліся яшчэ жвавей.

— Zum Teufel!1 Такой рапота не нужен! Спісаць! — гучэў гаспадарскі бас у адным кутку.

— Не смейт разговариват за рапота! — звінеў яго голас у другім месцы.

— Вось, пане, Кац зазор зрабіў,— раздаўся каля Сёмы салодкі галасок Майзэля.

— А ты schneider паршыфы! Тораф рэзат! Фон праганю! Аus! — Глыбокія футравыя галёшы Імрота дробна закалыхалі падлогу.

Абкружаны канторшчыкам, Майзэлем і яшчэ двума майстрамі, гаспадар абышоў усе сталы, выцер хустачкаю свежы, як скура маладога парасяці, твар і, крутануўшы зложаныя свідрам вусы, паспешна знік за дзвярыма.

— Дык фы-ш наплюдайт! — кінуў ён з дзвярэй майстрам, схіліўшым з пашанаю галовы перад мокраю форткаю, якая моцна ляпнула ад цяжару цаглін, прывязаных да перакінутай цераз блок вяроўкі.

Ці было ў каго што снедаць, ці не, але ўсе гарбары ў час перапынку на снеданне выходзілі проста на двор. Тут на марозе хто снедаў, а хто проста глынаў халоднае паветра. Сёма, бадай, адным з першых выскачыў на двор і палка кінуўся да замурзанага снегу, соўваючы яго абедзвюма рукамі ў рот, за каўнер. Абцэнгі, якія сціскалі сэрца, пачалі разыходзіцца. Зараз жа на двары паказаліся цэлыя гурткі рабочых, хто з кавалкам хлеба, хто з бульбінамі ў руках. Садзіліся на стажкі кар’я, на кучкі мяздры, зацярушаных снегам. Але праз некалькі хвілін адзін з майстроў загадаў ісці канчаць снеданне ў памяшканне. Нехта запытаўся, што гэта за навіна.

— Цябе не пыталі! — быў жорсткі выкрык майстра ў адказ.

Рабочыя хмурна пацягнуліся ў дзверы смуроднае квасільні. Сёма быў здзіўлены нетэрміновым наведваннем гаспадара на гарбарню, яго наказам «наблюдать», а яшчэ больш гэтым загадам снедаць у памяшканні, загадам, які атручваў не толькі паўгадзіны адпачынку, але і астатнюю частку рабочага дня.

— Вінцук, што гэта значыць? — ціха запытаўся ён у таварыша-паляка Гарбоўскага.

— Ведаеш,— адвёўшы ў пусты куток, сказаў яму Грабоўскі,— Імрот быў у жандарскага палкоўніка, яго выклікалі, мусіць, нейкія інструкцыі дадзены.

— Адкуль ты ведаеш?

— Учора фурман пахваліўся вартаўніку, а той сказаў сяму-таму з хлопцаў.

— Трэба сённі ж наведацца да... Можа, там ужо ведаюць што-кольвечы аб сэнсе гэтых новых шашляў.

— Добра, я за табою зайду,— збіраючыся адысці, адказаў Грабоўскі.

— Па сваіх месцах, там снедаць! — камандаваў Майзэль, пранізваючы вачамі Каца і Грабоўскага, якія адны яшчэ не выстраіліся ў радоўку ўздоўж сталоў і варштатаў.

Сёма абвёў вокал вачамі. Адны з таварышаў сядзелі і стаялі панура, клюючы носам альбо пустымі вачамі, гледзячы немаведама куды; іншыя тапталіся, пераміргваліся, паказвалі смешныя знакі і прыдушана смяяліся, іншыя таксама маўчалі, як і першыя, але вочы іх гарэлі, наліваліся кроўю, губы сціналіся і кірпатыя пальцы складваліся ў кулакі, як міма праходзіў хто-небудзь з майстроў. Але парадак не парушыўся. Гудок тонка свіснуў, і над сталамі, варштатамі заківаліся мерна перагнутыя постаці.

Выйшаўшы ўвечары, пасля работы, за браму гарбарні і далучыўшыся да рабочых з гарбарні Магіда, Сёма даведаўся, што і там, а таксама ў браварнікаў Ракаўшчыка забаронена было ў перапынку збірацца па-за сценамі прадпрыемстваў. «Значыць, гэта выклікана чымсь агульным»,— думаў Сёма. Яшчэ больш ён у гэтым упэўніўся, калі на вуліцы некаторыя з рабочых, што больш круціліся каля майстроў, хутка разыходзіліся, спасылаючыся на холад. Сёма ішоў, разважаючы аб прычынах гэтых здарэнняў.

Толькі каля самага моста цераз Свіслач Сёма заўважыў, што нейкі чалавек неадчэпна ідзе следам за ім. Ён, крыху павярнуўшы голаў, азірнуўся назад — чалавек упарта сачыў за ім. Сёма прыбавіў ходу, і чалавек ззаду драбней і часцей затупаў на гулкіх дошках моста.

— Няўжо ж яшчэ і сочка пачнецца? — думаў Сёма, дамагаючыся адчапіцца ад агіднага спадарожніка.

Мінуўшы мост, Сёма Кац швідка сігануў у бакавы завулак, хоць ён быў для яго зусім не па дарозе. Азірнуўся, а чалавек быў ад яго на той жа адлегласці. Калі яны зусім схаваліся за крывулінаю пустога завулка, чалавек прыбавіў ходу і ў момант пайшоў побач з Сёмаю.

— Куды ты ўцякаеш, Сёма? — упаўголасу, запытаўся незнаёмы.

Кац мімаволі пайшоў цішэй. Голас быццам знаёмы, цёплы, крыху насмешны. Так не можа гаварыць вораг альбо зусім чужы чалавек. Кац павярнуў голаў і, не прыпыняючыся, пільна разглядаў спадарожніка. Той адкінуў навушнікі лапавухае шапкі і прыязна пасмейваўся.

— Усё яшчэ не пазнаеш? — запытаўся быццам знаёмы голас.

Сёма нахіліўся да самага твару.

— Росяк... Рос...— чуць не крычаў ён, сціскаючы зашкарупелыя рукі таварыша.

Але крык радасці адразу заглохнуў. Да губ Сёмы прыціснулася далонь, і нізкі голас, амаль шэпт, стрымаў яго:

— Цішэй ты! Памятай, што я цяпер ні Росяк, ні Зыкаў; заві мяне проста па імю, а там будзем бачыць, якое прозвішча мне насіць.

Сёма Кац раней добра ведаў Росяка-Зыкава, ведаў таксама, што той працаваў у Ляскаўцах на новых прадпрыемствах, ведаў і аб забойстве там урадніка. Яму было вядома, што Зыкава не злавілі. Бадай ужо месяц, як некаторыя гурткі і паасобныя рабочыя, як і сам Кац, пачалі надта непакоіцца, не маючы ніякіх звестак аб знікшым Зыкаве. Цяпер Сёма ўвесь тросся ад радасці: Зыкаў-Росяк, які карыстаўся такім аўтарытэтам сярод партыйцаў іншых партый, які ўжо не раз хаваўся пры дапамозе яго, Каца, зноў стаяў перад ім, як некалькі хвілін назад шмат хто непакоіўся за яго лёс. Кац яшчэ раз моцна паціснуў руку таварыша.

— Я хоць і добра помню тваю кватэру, але без цябе не хацеў паказвацца там... Вось і туляўся за горадам, чакаючы, пакуль ты скончыш працу і выйдзеш,— ціха гаварыў Зыкаў, як яны крануліся ўперад па завулку.

— Рызыкоўна ты робіш,— шаптаў Сёма.— Цябе, напэўна, шукаюць, а сёння яшчэ новы прыціск і абмежаванне пачаліся на прадпрыемствах для рабочых... У чым справа, можа, даведаемся сёння ж.

Кружнымі вуліцамі, завулкамі, дзе маленькія драўляныя дамы з зачыненымі ўжо ў гэты час наглуха стаўнямі, здавалася, драмалі і прыслухоўваліся пад сваімі белымі снегавымі шапкамі. Дзе-нідзе брахне сабака з-за брамы, занесенай цэлым курганом снегу. Перайшоўшы ў паасобку Захараўскую вуліцу, яны зноў разам пусціліся бакавымі вуліцамі і завулкамі. Толькі праз гадзіну яны дайшлі да невялічкага дома на Людамантскай вуліцы. У гэтым доме вокны таксама былі зачынены стаўнямі, і нельга было здагадацца знадворку, ці жыве там хто, ці не. Толькі вузенькая сцежка, пратоптаная ў глыбокім снезе, паказвала, што ў дом ходзяць, жывуць там. На вузкім, доўгім двары, абгароджаным з усіх бакоў плотам, стаяла яшчэ адна халупа, накшталт вясковай лазні. Гэтую халупу і меў Сёма за кватэру. Гаспадар, шавец у майстэрні Рыўкіна, займаў будынак ад вуліцы і меў кватарантам, апроч Сёмы з сям’ёю, яшчэ каваля з завода Якабсона.

Сёма прыпыніў Зыкава, завёўшы яго за вугал, а сам прайшоў у халупу. Праз хвіліну ён зноў рыпнуў дзвярыма і ціха клікнуў.

— Нікога чужых! Сюды! — Сёма залажыў дзверы завалаю, як толькі яны апынуліся ў сенцах.

— Таварыш... таварыш Росяк... даражэнькі,— усхвалявана-радасна зазвінеў мяккі голас.

— Здрастуй, здрастуй, Лія! — адчуваючы вялікую задаволенасць, прывітаўся Зыкаў з сястрою Сёмы, якая не спускала з яго прамяністых вачэй і нячутна нешта шаптала, чуць варушачы гарачачна-чырвонымі губамі.

— Знямогся, сынок, нябось? Распранайся! — І Зыкаў адчуў, як дзве рукі ляглі яму ззаду на плечы.

Ён азірнуўся. Старая Сара плакала, выціраючы рагом хусткі слёзы.

Быццам ён папаў у родную сям’ю. Зыкаў адчуваў сябе ўсхваляваным гэткаю ласкаю. Рэдка яму даводзілася ў жыцці адчуваць яе, і дзеля гэтага ён ніколі не ведаў, як адказаць на добрасць, на ласку. Гэта яго злавала, і ён рабіўся вуглаватым, жорсткім. На гэты раз дапамагла яму цесната. Распранаючыся, ён грукаўся адною рукою аб крывую печ, а другою аб шуфляду акна.

— Ну і цесната ў вас, Сара! Я баюся, што раскідаю хату, як пачну распранацца па-настаяшчаму,— усміхаючыся, гаварыў ён гаспадыні, якая была яшчэ з мокрымі вачамі.

— Што ж рабіць, даражэнькі! Ды хто ж у Мінску з рабочых лепш жыве. Лія вось засталася без работы, а Сёма прыносіць шэсць рублёў на тыдзень,— нараспеў гаварыла Сара, бразгаючы на прыпечку заслонкаю, апаноўкамі.

— Чаму ж ты не працуеш? — зацікавіўся Зыкаў.

Лія пачырванела, як вішня, і марудзіла з адказам.

— Цяжка ў наш час працаваць дзяўчыне, калі хочаш захаваць чэсць,— з горыччу ў голасе адказала за Лію маці.— Нейкі шмугляр там, трасца яго мацеры, прычэпваўся, а Ліячка ў мяне... ох, яна высокая душа.

— Мама! Гэта глупства аб маёй нейкай душы,— надтрэснутым, як абарваная струна, голасам прагаварыла крыху пагадзя Лія.— Я пад нож пайду, а не дазволю, каб які там паганы Салавейчык лапаў мяне толькі таму, што ён плаціць мне два злоты за маю працу.

— Так, так, Ліячка, у бок Салавейчыкам,— весела рагатаў Сёма, скоблячы попелам свае тлустыя, чорныя рукі ў ражцы з вадою.

Зыкаў сеў на тапчан, пад якім захадзіла, як палуба карабля ў буру, падлога. Але ён мала зважаў на гэта. Пасля першага ажыўлення, якое ахапіла яго пры спатканні з Сёмаю і яго сям’ёю, на яго напала задуменнасць і маркотнасць, якая не пакідала яго з тае начы, як ён цяжка развітаўся з Ляскаўцамі. Яму часта малявалася постаць у шэрым шынялі, распластаная ў крыві сярод хаты, успаміналася Зося то такою, як ён вызваляў жучка з яе валасоў, то іншаю — палюбоўніцаю пана Ляскоўскага. Абодва выразы Зосі — першы канкрэтны, вабячы, цягнучы да сябе святлом, радасцю жыцця, і другі — уяўляемы, агідна вераломны, выклікаючы злосць, не пакідалі Зыкава ўвесь час. Цяпер, калі ён пачуў словы Ліі, пачуццё агіднасці, адваротнасці да Зосі ачнулася ў ім з новаю сілаю і зусім засланіла першы вобраз. Вось гэтая бедная дзяўчына, у прадранай на лакцях копце, адмовілася ад кавалка хлеба, а не дазволіла нагламу распусніку ашэльмаваць сябе. А Зося, яго Зося з залатымі валасамі, з сінімі палкімі вачамі? Зыкаў трапятаў, малюючы сабе сучаснасць Зосі. І навошта толькі згадзіўся ён ехаць тады на станцыю за гэтымі машынамі. Каб ён быў у Ляскаўцах, можа, нічога і не здарылася б. А цяпер — знішчана, мусіць, арганізацыя, якую ён збіваў з такімі цяжкасцямі, ён сам нейкі час не зможа адкрыта працаваць, а то можа і зусім не трапіць быць тут... і яшчэ... яшчэ загублена Зося. Першы вобраз, яго любае Зосі, прамільгнуў перад вачамі. Зыкаў цяжка ўздыхнуў.

— Ты што, замарыўся? Зараз павячэраем, і можаш на бакавую,— абудзіў яго жыццярады голас Сёмы.— Пасцелеш там... ведаеш? — звярнуўся ён, пачакаўшы, да сястры.

— Добра,— адказала тая.

— А, не! — ачухаўшыся — прагаварыў Зыкаў.— Я не так ужо замарыўся. Цяпер вось я першы раз мог вольна ўздыхнуць, а то месяц, як траўлены звер, толькі і думаў, як ашукаць паляўнічых і вызваліць сваю шкуру.

— Пранцы б іх паелі! — быццам сама з сабою гаварыла Сара, выграбаючы качаргою з печы бульбу.

Пасля кароткае вячэры Сёма справадзіў Зыкава ў сакрэтны «пакой», так звалася малюпаценькая баковачка локці чатыры ўдоўжкі і локці два ўшырыню. Гэтая баковачка была наглуха аддзелена сцяною ад хаты, і туды можна было прайсці праз невялікі прарэз, які закладаўся двума-трыма калодкамі і застаўляўся камодам старой Сары. Гэтая баковачка не раз давала прытулак тым, хто вымушаны быў хавацца ад жандараў. Даводзілася раней бываць тут і Зыкаву. Ён ведаў, што ў бакоўцы быў люк на дах будыніны, адкуль была адчынена дарога ў той ці другі з двух вялікіх садоў, у падзеленых высокім моцным тынкам. Бяда ў тым, што бакоўка не мела нават напамінку акна, а таксама праз гадзіны дзве-тры станавілася цяжка дыхаць, так мала было ў ёй паветра.

— Ну, спачывай у гэтай скрыні, а я пайду да таварышаў з гуртка даведацца аб сённяшніх справах,— сказаў Сёма, закладваючы прарэз калодкамі.

Застаўшыся адзін, Зыкаў заплюшчыў вочы. Ён змогся: дзве ночы ішоў ён да Мінска, хаваючыся днём у стагах сена на балотах альбо ў лесе пад кучкамі хваёвага галля. Цяпер яму здавалася, што ён адразу засне. Аднак сон не прыходзіў, у галаве звінела, ногі нылі. Неадчэпная думка аб разбуранні гуртка ў Ляскаўцах, які яму даручана было заснаваць і весці, пашыраючы лік у ім рабочых, аб крушэнні ўласнага кахання да Зосі свідравала голаў. Як магло здарыцца, што Зося добраахвотна, як пісаў настаўніку Ляскоўскі, пайшла ў палюбоўніцы да пана ды яшчэ, відаць, яго загубіць можа, а таксама Рыгорчыка і іншых? Як гэта магло здарыцца, калі Зося яму першаму паведаміла аб агіднай спробе Ляскоўскага згвалціць яе? Гэта запытанне ўжо тысячы разоў задаваў сабе Зыкаў і не мог знайсці адказу. Ён не мог дапусціць думкі аб тым, што адносіны Зосі да яго былі проста разлічанаю гульнёю. Не такая была яна, ды і сэнсу ніякага не было ў гэтым.

Зыкаў увесь аддаўся развязванню гэтага пытання. Ён пачаў успамінаць да драбніцы ўсе падзеі, якія папярэдне адбываліся да таго вечара, калі ён уцёк з Ляскаўцаў. Сярод усяго, што было, Зыкаў запыніўся асабліва на тым здарэнні, што сам інжынер выпраўляў яго на станцыю, што ўсё было падрыхтавана да ад’езду, што падганялі яго, каб ён хутчэй ехаў. А потым пяць-шэсць дзён ён чакаў дарэмна цягніка з машынамі. Здагадка аб тым, што ўсё было падроблена знарок, прарэзала яго думку. Можа, Зося была ўзята Ляскоўскім гвалтоўна? Як ні цяжка было гэта, але Зыкаву хацелася, каб здарэнне з Зосяю, яе адрыў ад яго мелі якраз гэтую падставу. Такі магчымы ход падзей, хоць і выклікаў новыя хвалі абурэння, але гэтае абурэнне пераносілася ўжо на другога і абуджала больш дзейныя пачуцці, загойваючыя ўласную боль.

Пад раніцу, а пятай гадзіне, калі Сёме трэба было збірацца на завод, Зыкаў ужо не спаў. У баковачцы было так душна, што ў вачах бесперапынку рабіліся зялёныя, ружовыя, жоўтыя кругі, галава ныла. Зыкаў пастукаў, каб яму адчынілі прарэз.

— Чаму ты не спіш, яшчэ занадта рана,— гаварыў Кац, вымаючы калодкі.

— Здаецца, я таксама не пан, каб задаваць храпака да палудня,— спрабаваў адгаварыцца Зыкаў.

Лія і маці таксама былі ўжо на нагах. Зыкава сустрэлі ветліва, але ён заўважыў, што ў Сёмы нейкі незвычайны выраз вачэй. Звычайна гэта былі чыстыя вочы, якія свяціліся радасцю, любасцю да тых, з кім ён быў блізкім, з кім быў таварышам. Учора яго вочы блішчалі натхнёнасцю, сёння ж ён неяк хаваў свой позірк, як вінаваты ў чым. З мацераю, з сястрою ён быў роўна-жартаўлівы, як і ўперад. Значыць, гэтая змена выклікалася толькі нечым новым у адносінах да Зыкава.

— Ты нічога не маеш сказаць мне? — запытаўся Зыкаў у Сёмы, выбраўшы хвіліну, калі кабет не было ў хаце.

Сёма замітусіўся пад упартымі вачамі Зыкава. Потым ён смела бліснуў сваімі ліхтарыкамі-вачамі.

— Які я дрэнны канспіратар, усё, мусіць, відаць па мне. Дык вось, браце, ты пытаешся аб сваіх справах, даведаешся, мусіць, хутка аб іх; я не маю права сказаць табе — сам ведаеш, дысцыпліна вышэй асабістых адносін ці пачуццяў. А вось аб другой справе ўсё скажу, могуць і матка з Ліяю слухаць.

І Сёма паведаміў, што па ўсіх прадпрыемствах гаспадары ўводзяць больш суровы распарадак, вядзецца назіранне за паасобнымі рабочымі, некаторых звальняюць. Усё гэта робіцца па загаду жандарскае ўправы. Забойства ўрадніка ў Ляскаўцах разглядаецца як палітычная справа, а сляды, праўда, не адабранай там нелегальнай літаратуры сведчаць для губернатара і ўсяго начальства і паноў, што недзе жывуць рэвалюцыйныя настроі і арганізацыі. Вядома, што яны жывуць сярод рабочых. І вось загад сачыць, прыціскаць, але гэты абавязак поўнасцю ўзялі на сябе гаспадары. На гэты дзень позна ўвечары склікаецца патаемны сход асабіста вядомых рабочых з розных прадпрыемстваў і ад розных партый, каб абмеркаваць становішча і намеціць агульную тактыку.

— Ты кажаш ад розных партый? Можа, і Саюз рускага народа будзе прадстаўлены? — насмешна запытаўся Зыкаў, як Сёма скончыў выкладаць з захапленнем усе гэтыя навіны.

— Пры чым тут, для чаго Саюз рускага народа? Ну, будзем мы — сацыял-дэмакраты, напэўна, прыйдуць бундаўцы, можа — грамадаўцы...

— А зубатаўшчыны вы тут не аднавілі часам? Аднавіце, будзе больш каго заклікаць! — злосна ўжо насмейваўся Зыкаў.

— Ды што ты такі колкі стаў, як вожык! — нібы вінаваты прамовіў Сёма, страціўшы адразу радаснае захапленне, якое адчувалася ў кожнай рысе яго твару, у рухах, у святле вачэй.

— Што ж, я — нічога!.. Значыцца — Дзяржаўнаю Думаю вырашаць хочаце арганізацыю рабочых... Усе партыі, ха-ха-ха!

Аднак у момант Зыкаў сціх, як толькі Сара ўвайшла ў хату з вядром вады. Ён пачаў распытваць у Сёмы аб працы на заводзе, аб расцэнках. Звычайная размова аб рабочым жыцці. Ні Сара, ні Лія ніколі не маглі здагадацца аб той гутарцы, якая была тут хвіліну назад.

— А я ўсё-такі пайду на ваш парламент,— сказаў Зыкаў Сёму, калі той выходзіў за дзверы ісці на работу.

Сёма прыпыніўся і пачаў даказваць, што Зыкаву нельга паказвацца, пакуль жандары і паліцыя шалеюць, шукаючы яго. Але Зыкаў цвёрда стаяў на сваім, жадаючы прыняць непасрэдны ўдзел у гэтай справе, а таксама і пабачыцца з некаторымі таварышамі. Сёма не мог пярэчыць, бо гэта было дарэмна.

Сёма вярнуўся з работы ў гэты дзень шмат пазней. Ледзь паспелі павячэраць, як мужчыны пачалі збірацца. Старая Сара была надта здзіўлена, калі, увайшоўшы ў хату з двара, куды яна выходзіла па дровы, угледзела незнаёмага барадатага мужчыну. Яна запынілася з бярэмем на руках і прыглядалася, аж разявіўшы крыху рот. Дружны рогат усіх траіх яшчэ больш збянтэжыў старую. Яна хацела спытацца, дзе Зыкаў, але пабаялася назваць яго імя пры гэтым чужым чалавеку. Толькі калі барадаты чалавек загаварыў, яна хамянулася і пачала рагатаць, выціраючы вочы падолам спадніцы. Лія прагавітымі вачамі праводзіла брата і Зыкава. Яна сказала, што дачакаецца іх, калі б яны ні вярнуліся.

У паасобку Зыкаў і Сёма, на нейкай адлегласці адзін ад другога, абышлі яўрэйскія могілкі, дзве вулачкі і накіраваліся ў поле, у бок Кальварыі. Снег круціўся, падганяемы скавытаўшым ветрам. Сляды замяталіся праз хвіліну-другую. З вярсту ад горада прайшлі яны. З боку ад дарогі зачарнелася нешта ў лагу. Вецер быў тут не такі моцны. Па цаліку, месцам глыбей калень, дарваліся яны да мэты. Пярэсціны на снезе — незасыпаныя снегам скосы ям, дзе капалі ўлетку гліну. Чорная будыніна — пустая цагельня. Праз хвіліну яны пайшлі па цвёрдым грунце, чапляючыся нагамі за раскіданыя бітыя цагліны. Іх аклікнулі.

Сёма адказаў умоўным словам і, вясёлы, усхваляваны, увёў Зыкава за рукаў у адну з камер печы.

— Пачнём, пачнём ажываць,— гарачымі губамі шаптаў ён.— Бачыш, колькі народу сабралася, і гэта толькі самыя дзейныя.

На зложаных адна на другую чатырох шчарбатых цаглінах гарэла стэарынавая свечка. Нізкае заскляпенне камеры давала магчымасць стаяць толькі тым, хто быў на сярэдзіне памяшкання, астатнія ж сядзелі альбо проста на зямлі, альбо на карачках, нібы збіраліся скакаць у прысядку. Пры ўваходзе Сёмы і Зыкава гутаркі абарваліся, цыгаркі засталіся не данесенымі да губ. Больш дзесятка пар вачэй уставілася на Зыкава.

— Хто гэта,— пачуўся шэпт з усіх знаёмых куткоў.

— Гэта наш таварыш, с.-д. з Вільні,— адказаў на гэтыя шэпты Сёма, папярэджваючы магчымыя запытанні.

— Можа, ад краявога камітэта? — запытаўся хрыплы настуджаны голас з цемнаты.

— Гэта справа нашае арганізацыі,— адказаў Сёма,— ведаць такія падрабязнасці.

Зыкаў праціснуўся з сярэдзіны, грукнуўся аб цвёрдую, заінявеўшую столь ілбом і сеў на карачкі, як і іншыя. Чыесь цвёрдыя, як абцэнгі, рукі схапілі яго руку і моцна паціснулі. Далей яшчэ рука і яшчэ. Зыкаў у цемнаце не мог разабраць, з кім ён вітаецца, але па трапятлівасці рук адчуваў, што яго вітаюць свае, блізкія людзі.

Пасля Зыкава і Каца ўвайшло, ці, лепш кажучы, уціснулася, яшчэ чалавек з пяць. Нізкая камера запоўнілася едкім дымам бакуну, пахамі дзёгцю, алею, дублёнай скуры.

— Кіньце вы смактаць гэтую махру, дым паваліць як з коміна,— крыкнуў нехта.

— Гаспадар падумае, што цагельня ў ход пайшла — грошы будуць яму зусім задарма, абрадуецца,— адказалі з другога канца.

— А праўда, трэба кінуць смаліць. Пара ўжо, бадай, пачынаць,— сказаў нехта недалёка ад Зыкава.

З пачаткам доўга мітусіліся. Хто павінен адкрыць сход? Адна частка патрабавала, каб старшынёй быў той, каго яна прапануе, другая прапаноўвала свайго, трэція былі супраць абодвух папярэдніх, прапануючы свайго. Паднімаўся крык.

— Цішэй вы! — грукнуў густы, басісты голас.— Яшчэ, можа, хочаце, каб самы далёкі гарадавік у горадзе пачуў наш шурум-бурум...

На сярэдзіну, бліжэй да свечкі, праціснуўся высокі з чорнаю барадою мужчына. Нават тут яму даводзілася крыху згінацца, каб не падпіраць галавою столі. Ён абвёў вачамі круг заціхшых людзей.

— Мы сабраліся сюды не для таго, каб час правесці ў бязглуздых спрэчках аб старшынстве.

Ён падняў руку і махнуў з пляча магутным кулаком, нібы біў молатам па накавальні. Ды гэта і ўзапраўды быў малатабоец з завода Якабсона і Ліўшыца.

— Вось што, таварышы! Гавары, таварыш Тэсняк,— скамандаваў каваль.

— Гэта насільнічанне, узурпацыя! — пачуліся з аднаго боку выкрыкі.

Да свечкі прасклізнуў шчупленькі чалавек у рыжым паліто і лёгкай скамечанай шапцы, якая, мусіць, служыла яму ва ўсе сезоны года. Ён прыжмурыў вочы на агонь, адхіліў крыху ўбок каваля і пачаў гаварыць пад выкрыкі паасобных галасоў.

— Таварышы! — слабым голасам пачаў ён і закашляўся.

— Узяў бы сабе параходную трубу! — злосна пажартаваў нехта з кутка.

— Таварышы! — больш звонка ўзяў голас ад свечкі.— Капіталізм з кожным годам мацнее. Мацнее ён і ў нашым краі, на Беларусі. Карыстаючыся моцнаю падтрымкаю з боку паліцэйска-жандарскага ўраду, ён не пакідае нішчыць рабочыя арганізацыі. Разгром рэвалюцыйных партый пасля дзевяцьсот пятага года прыпыніў рабочы вызваленчы рух, і раз’юшаная жандарска-капіталістычная зграя ўчыняе здзекі і эксплуатацыю рабочых без ніякае перашкоды для сябе. На вёсцы сталыпіншчына стварае апору для манархіі ў моцным гаспадарча селяніне, які багацее за кошт вясковае беднаты. Здарэнні, якія мы ўсе наглядаем са ўчарашняга дня на ўсіх прадпрыемствах, паказваюць лішні раз, што гаспадары арганізавана, пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў царскае ўлады, робяць новы замах на рабочы клас, імкнучыся нашчэнт знішчыць праявы рэвалюцыйнасці сярод рабочых. Але з ростам капіталізму расце і рабочы клас. На ўзмацненне наступу мы павінны адказаць рашучым супраціўленнем. Даволі нуды, даволі прыдушанасці! Далоў ліквідатарства! Няхай жыве рэвалюцыйная барацьба пад сцягам: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!»

Апошнія словы таварыш Тэсняк прамовіў высокім звонкім голасам. Калі ён выклікаў пралетарскі лозунг на слове «краін», яму не хапіла паветра і ён асекся, глынуўшы так, нібы ён набраў у грудзі ў пяць разоў больш паветра, як трэба, слова «яднайцеся» ён выкрыкнуў так, што ў вушах зазвінела.

Хвіліны дзве была поўная цішыня. Яе парушыў Сёма. Ён выскачыў з круга, абхапіў Тэсняка і звонка пацалаваў яго. Вочы яго блішчалі слязьмі. Тэсняк збянтэжана глядзеў на Сёму і праціраў вочы, як пасля сну. Непрыкметна пакінуў ён пярэдняе месца каля свечкі.

— Ну дык вы, таварышы? — загуў зноў бас каваля.— Што надумалі рабіць?

Пакрысе пачалося ажыўленне, гутаркі. Каваль пакрахтваў, сцішаў, загадваў гаварыць па парадку. Прадстаўнікі бундаўцаў гаварылі многа. Яны папікалі с.-д. у тым, што новы націск на прадпрыемствах робіцца па віне сацыял-дэмакратаў, якія правалілі ляскаўскі гурток, казалі, што яны самі прыдумаюць нешта для яўрэйскіх рабочых, што яны не падрыхтаваліся сёння.

— Я — яўрэй! — запальчыва ўскрыкнуў Сёма, пакрываючы гул галасоў,— а што вы для мяне прыдумалі ці прыдумаеце? І чаму гэта вы будзеце непакоіцца толькі аба мне, а не аб таварышу Грабоўскім, які стаіць побач са мною за варштатам? Эх, рэвалюцыянеры!

— А ты рэвалюцыянер? Перамётчык ты, цураешся бацькоў! — закрычала ў адказ некалькі ўсхваляваных галасоў.

Нейкі чыгуначнік, мусіць, грамадавец, як уявіў сабе Зыкаў, казаў, што ўсе арганізацыі яшчэ вельмі слабыя, што рабочыя не аднавілі яшчэ веры ў моц рэвалюцыянераў, баяцца гаспадароў і начальства і таму праяўляць цяпер якую-небудзь актыўнасць занадта рызыкоўна: могуць загінуць тыя гурткі і арганізацыі, якія ўжо існуюць, і гэтым справе рэвалюцыйнага руху будзе нанесена, можа, непапраўная бяда.

— Арганізацыі мацнеюць у барацьбе. Хто ўхіляецца ад барацьбы, змагання, той ужо загінуў, яго няма,— крыкнуў сусед Зыкава.

Яшчэ з паўгадзіны ішлі беспарадачныя спрэчкі, гэта быў ужо агульны гоман. Адно выявілася, што агульных рашэнняў прыняць нельга будзе: частка зусім ухілялася ад прыняцця рашэнняў, другія прапанавалі тое, што супярэчыла прапанове трэціх. Разыходзіліся ўсё ж дысцыплінавана: да чыгункі па два-тры чалавекі, а потым паасобку, хто вуліцаю, хто ў абход.

Зыкаў быў узрушаны і самім сходам, і вынікамі таго і не адразу прыкмеціў, што ў цагельні стала зусім вольна. Да яго падышлі два даўніх таварышы і пачалі распытвацца аб яго жыцці, але ў словах іх адчувалася тая ж стрыманасць, якую прыкмеціў ён раніцою ў Сёмы. Зыкаву стала яшчэ цяжэй на сэрцы.

— Каму гэта прыйшла ў голаў такая бліскучая думка склікаць гэты парламент? — жорстка-насмешна запытаўся ён у аднаго з гаварыўшых з ім таварышаў, які, ён ведаў, быў адным з кіраўнікоў мінскае с.-д. арганізацыі.

— Ну, а што, калі мне? — напружана запытаўся той.

— Вынікі кажуць аб гэтым. Што не, ты працягваеш склізгаць па меншавіцкай сцежцы і вось такія сходы арганізуеш? — не адставаў Зыкаў.

— Ты адзічаў там у глушы альбо не выспаўся з дарогі,— спрабаваў адгарадзіцца таварыш.

— Не зварочвай на глупства! Мне гэта хістанне тваё і іншых, падобных да цябе, заўсёды будзе... агідным,— з поўнаю злосцю гаварыў Зыкаў, вылазячы з цагельні.

— Заўтра мы чакаем цябе ў арганізацыі. Паслухаем, як працуюць бальшавікі,— жорстка адказаў «камітэтчык».

Не прамовіўшы больш ні слова, гэтыя старыя прыяцелі развіталіся на раскрыжаванні. Сёма, слухаўшы ўсю размову, вялы, апусціўшыся, цягнуўся ззаду. Ужо недалёка ад дома ён, парушыўшы правіла, здагнаў Зыкава.

— Нічога не выйдзе зноў! Цяжка, Зыкаў!

 

1 К чорту (ням.).

ІІ

Домік гэты нічым не адрозніваўся ад іншых, раскіданых уздоўж абочных вуліц Мінска. Невялічкія ў шэсць шыбак аконцы выходзілі два на Даўгабродскую і тры на двор. Перад вокнамі невысокі плот з шалёвак з прарэзамі ў выглядзе сэрца, як яго малююць на лубачных адкрытках, што пасылаюць закаханыя. На вокнах паліваныя гаршкі з недарослым фікусам, касачом альбо геранню. Абавязковыя дашчатыя стаўні знадворку і паркалёвыя занавесачкі з фаты. На дварэ хлявок, дзе хрупкае сена конь ды папіскваюць спрасонку парасяты, якім, можа, цесна ў невялічкім катуху. Два драўляных слупцы падтрымліваюць паўкруглую бляшчаную страху над ганкам, які зарос лёдам ад выліваемае з-за дзвярэй вады, памыяў.

Такі домік звычайна дзеліцца на дзве часткі: у адной жывуць, а ў другой цёмнай, са склепам пад падлогаю, складваецца ўсялякая хатняя драбяза. Стаіць кадушка капусты альбо гуркоў, вісяць каўбасы ўласнага вырабу альбо перадок кашэрнага цяляці, калі ў доме жыве яўрэйская сям’я. Жылая частка застаўлена ложкамі; на галоўным, гаспадыніным ложку — пяць-шэсць падушак. Вольнае ад ложкаў месца займае швальная машына з неадменным надпісам: «Зінгер», два-тры столікі пад рознакаляровымі настольнікамі дамашняе вязі; прыціснуўшыся да сцяны, як прыбітыя да іх, стаяць нерухома густа нафарбаваныя дашчатыя крэслы.

Звычайны дом альбо гараджаніна, які мае ці арэндуе некалькі дзесяцін зямлі ў горадзе і займаецца прамысловым гародніцтвам, альбо дробнага гандляра на Ніжнім рынку, які гандлюе салам, мясам, бульбаю, газаю, селядцамі — чым толькі можа гандляваць. Такі дом, яго гаспадар і гаспадыня не карыстаюцца асобнаю пашанаю на Губернатарскай альбо ў цэнтры Захараўскай, але ён не выклікае там адваротнасці ці непакойства. Тутэйшы гарадавік таксама прыветна казырае сальніку пану Вінцусю альбо бакалейшчыку Мендалю, як квартальны на крыжаванні Губернатарскай і Захараўскай — пану Шабе Ліўшыцу, які мае вялікую лясную кантору, альбо пану Свенціцкаму, уласніку некалькіх лепшых дамоў.

Вось да такога доміка і накіроўваўся Зыкаў дні праз два пасля сходу на цагельні. Сажняў з пяцьдзесят ад дому, азірнуўшыся ў бакі і нікога не заўважыўшы, ён звярнуў на вузкі тупічок-завулак, які канчаўся каля грудаў цаглін, кучаў рознае брыдоты, якая засталася, мусіць, пасля пажару і павялічылася яшчэ тым, што сюды скідалі суседзі рознае смецце. Пераскочыўшы цераз высокі плот, Зыкаў пайшоў садам да дому, трымаючыся прыкрыцця ад вуліцы за плотам.

Настрой у Зыкава яшчэ больш панізіўся пасля таго сходу. Ён бачыў, што ў арганізацыі рэвалюцыйнага руху яшчэ зроблена мала, што не пераможана яшчэ баязлівасць, бязвер’е ў свае сілы. У дадатак да гэтага яшчэ кіраўніцтва не мае яснае цвёрдасці, а можа, і само яно толькі шукае шляхоў. Па дарозе да мяшчанскага доміка Зыкаў падабраўся. Вось ён убачыцца з кіраўніком арганізацыі, скажа ім сваю думку аб наладжванні работы, асабліва па губерні, папросіць, каб яго зноў куды-небудзь паслалі, толькі абавязкова ў гушчу рабочых, на прадпрыемства. «Толькі арганізацыя і ўздым большага ліку рабочых здольны пасунуць уперад рэвалюцыйную справу»,— думаў Зыкаў, падыходзячы з агарода да дзвярэй у задняй глухой сцяне.

На ўмоўны стук яму адчынілі. Вузкім прагалам між кадушак, скрыняў, пайшоў ён следам за тоўстаю кабетаю ўвайшоў у камору, адтуль у невялічкі пакой, які раней быў, напэўна, кладоўкаю.

— Вось яшчэ адзін кліент з Ніжняга рынку! — смеючыся, сказала кабета, упускаючы Зыкава ў пакойчык.— Ну а цяпер, ша! Хто б ні зайшоў — гаспадара няма дома, выехаў на вёску за каровамі, можна і патужыць з наведвальнікам аб дрэнным гандлі, уцешыць яго, калі заседзіцца.

Яна нячутна прайшла назад праз камору і замкнула дзверы. Зыкаў з хвіліну прыглядаўся да людзей. Іх было пяць. Дваіх ён добра ведаў, аднаго нават з Пецярбурга. Астатнія былі зусім яму незнаёмы. Сярод іх быў такі, які асабліва прыцягваў увагу. Надта белы, да непрыемнасці, твар, тонкія без крывінкі губы, некалькі рэдкіх валасоў у русай барадзе, доўгія, закінутыя назад і моцна прычэсаныя валасы рабілі яго твар нежывым, быццам вылепленым з папье-машэ. Рукі ляжалі на стале; тонкімі касцістымі пальцамі ён перагортваў нейкі сшытак. Як Зыкаў ні дамагаўся, але ён увесь далейшы час не перамог непрыязні, якая адразу ахапіла яго да гэтага чалавека.

Яго знаёмыя таварышы з радасцю, у якой, аднак, прыкметна была стрыманасць, асабліва з боку таго, з кім ён паспрачаўся пасля сходу, павіталіся з ім і пазнаёмілі з астатнімі. Зыкаў сеў на адзінае вольнае месца — пустую кадушку ў кутку.

— Ну, кажы далей,— нейкім скрыпучым голасам прамовіў бляды таварышу, які з фартухом на досыць поўным жываце і з чырвоным тварам паходзіў на гандляра мясам.

— Дык вось, у апошні час, таварышы, на мяне пачалі глядзець крыху коса. Спачатку ўсе пасаблялі мне парадамі, нават грашыма — я быў для іх новы чалавек, прыехаўшы з Беластока. Яму трэба дапамагчы, быць ветлівым, бо лісты з Амерыкі многа значаць. Але цяпер гэтая ўвага і пашана спадае. Мусіць, у гандляры ёсць нешта спецыфічнае, чаго ва мне якраз няма. Прыкмецілі гэта. Я таксама вывучыў іх і бачу іх адносіны. Ведаеце, і гарадавік ужо не кажа мне: «Здравствуй, Лейба», а проста матае галавою, як я зраблю яму ўклон. Адсюль вывад — трэба ліквідаваць гэтую кватэру і шукаць новага месца. Іначай — можа здарыцца бяда.

Без спрэчак усе сябры камітэта згадзіліся з «мясніком» і даручылі другому таварышу арганізаваць новы прытулак.

— Пераходзім цяпер да справы таварыша Зыкава,— роўна, нідзе не зніжаючы і не падвышаючы голасу, прагаварыў старшыня.

— Якая мая справа? — думаў Зыкаў. Ён агледзеў усіх таварышаў: тая ж захаванасць за апушчанымі вачамі. Гэтае тулянне ўзарвала яго.

Крыху заікаючыся ад хвалявання, ён запытаўся, у якім сэнсе ставіцца справа.

— Справа ставіцца так: чаму таварыш Зыкаў праваліў ляскаўскі гурток і змінтрэжыў працу цэнтральнага захоўніка нелегальнае літаратуры,— зноў роўна, не выкідаючы ніводнага гуку з слова, прагаварыў старшыня, не мяняючы стану галавы, цела, рук.

Зыкаў паведаміў коратка аб сваёй рэвалюцыйна-арганізацыйнай працы, абрысаваў ролю пана Ляскоўскага, злёгку крануў свае адносіны да Зосі і намаляваў энергічны канец — вобыск і неспадзяванае забойства паліцэйскага. Старшыня вынес заключэнне:

— Наколькі я разумею з вашага (ён націснуў на слова «вашага») паведамлення, ва ўсёй гэтай справе адыграла найбольшую ролю ваша (зноў націск) слабасць да жанчыны...

— Няпраўда! — крыкнуў увесь пачырванеўшы Зыкаў.

— Не хвалюйцеся! Вы былі ўсхваляваны і забілі ўрадніка, раскрылі гэтым арганізацыю. Цяпер пайшлі рэпрэсіі і зажым ва ўсіх прадпрыемствах. Вось вынікі вашае дзейнасці!

— Першы раз чую з вуснаў рэвалюцыянера казань аб непраціўленні злу,— ужо спакойна, нават з лёгкаю ўсмешкаю адказаў Зыкаў, абводзячы поглядам таварышаў, пазіраўшых на яго ўпарта-неадрыўна. Па-вашаму, я павінен быў аддацца ў рукі паліцыі і пана Ляскоўскага, аддаць літаратуру, назваць таварышаў. Я да такога паскудства яшчэ не дакаціўся. Літаратура засталася ў нашых руках, ніхто з нашага ляскаўскага гуртка не раскрыты, хоць там і бушавалі з рознымі вобыскамі і допытамі.

— Арганізацыя ставіць вам у віну падпарадкаванне партыйных інтарэсаў асабістым пачуццям,— мерна выпусцілі тонкія губы чарговы запас слоў.

— Хто гэта «арганізацыя»? Усе ці вы асабіста?

Старшыня запытаў думкі сяброў. Адзін з яго старых таварышаў і адзін новы сказалі, што не згодны са старшынёю і знаходзяць паводзіны Зыкава бездакорнымі. Астатнія згадзіліся са старшынёю. Большасць асуджала Зыкава. Ён павярнуўся да дзвярэй, прагучыся як найхутчэй пакінуць сабраных.

— Спадзяюся, мы застанёмся добрымі таварышамі,— прагаварыў услед яму старшыня.

— Я быў, застаюся і буду рэвалюцыянерам, як кожны бальшавік. Цяжка з вамі працаваць, калі практыка беластоцкае канферэнцыі яшчэ да гэтага часу ў вас не памерла, калі на вас нападае талстоўства.

— Правільна, Гаўрыла! Я ім тое самае кажу,— кінуў яму ўздагонку другі яго стары прыяцель.

З дапамогаю гаспадыні Зыкаў выбраўся на вуліцу. Дзверы бразнулі за ім, грукнуў засоў. Быўшы раніцою і ўдзень мароз раптам згінуў. З поўдня цягнула цёплым ветрам: дамы, прысады былі завінуты, як вітае, густым туманам; дробныя, як праз сіта, кроплі дажджу зрабілі снег вагкім, па нізкіх месцах боты чвакалі ў снежнай кашы. Ад агню змрок здаваўся яшчэ гусцейшым, і Зыкаў вобмацкам за платы выходзіў на Захараўскую вуліцу. Цішыня і туманны змрок абдымалі ўсё вакол, ахоплівалі Зыкава, прыцягваючы да яго свае склізкія шчупальцы. Ціха, як у магіле альбо як у невядомай змрочнай пустыні. Ні аднае зоркі на небе, нават ліхтар каля моста вісіць жоўтай плямай, яшчэ больш наганяючы нуду. Толькі нявідныя, слабыя яшчэ, захаваныя зверху тоўстым снегам, пачынаюць шолах першыя вясновыя воды. Потым яны разліюцца буйным патокам, знясуць снег, сарвуць броню лёду, змыюць гразь; скончацца туманы, пойдуць доўгія ясныя дні з ружовымі зорамі. Цяпер жа вакол змрок, туман, які лезе ў рот, душыць за горла.

Цяжка перасоўваючы ногі, Зыкаў праз увесь горад ішоў да халупы Сёмы, дзе чакала яго душная ноч у бакоўцы-скрыначцы. Можа стацца, што і такога прытулку не будзе — нельга ж рабіць небяспеку для самога Каца і яго сям’і. А сёння яму не сказалі нават, куды б маглі паслаць яго.

Сёма стрэў яго надта здзіўлена. Яго ашаламіў выгляд Зыкава. Запухшыя вочы, пакутна сціснутыя губы, увабраная ў плечы галава, бяссільна вісячыя рукі адразу кінуліся ў вочы.

— Ты ўжо ўсё ведаеш? — з надрывам запытаўся ён, маючы на ўвазе свае думкі.

— Што гэта? — безцікаўна запытаўся ў свой чарод Зыкаў.

— Можа, табе і не сказалі, ад іх можна чакаць... Сёння павінен быў вызначыцца пратэст супраць пагоршанага рэжыму на прадпрыемствах. Там, дзе нашы арганізацыі не існуюць альбо прадстаўлены адзінкамі, наогул нічога не выйшла. У нас... у нас жа яшчэ горш. Выйшлі ў перапынак на двор амаль усе, але... але досыць было вокрыку майстра, як усе сагнуўшыся сталі па месцах і раней, як трэба, пачалі працу. Ох, рабства, паднявольнасць! І калі, Зыкаў, народзіцца чалавек?

Сёма зарыдаў. Ён скрыгітаў ад злосці, злосці на сябе за сваю слабасць, але буйныя слёзы каціліся па яго шчаках.

— Заткніся ты, чыстая душа! Без цябе тут усё дрымціць. Слязьмі, браток, нікому не пасобіш і нічога не зробіш. Трэба халодная нянавісць. Зразумеў?

— Выбачай,— сціхаючы, прамармытаў Сёма.— Занадта гнусны час мы перажылі. Я ўсё разумею, ты заўсёды праўду кажаш, толькі мне б хацелася верыць.

— Папы навучаюць верыць, а не марксісты! — злосна перабіў, не даўшы скончыць, Зыкаў.

На гэту рэзкасць Кац нічога не адказаў. Толькі яго вочы, цудоўныя вочы, былі засланы туманам. Ён і не распытваў Зыкава аб яго справах і настроі.

З гэтага дня пачаўся вялікі правал у жыцці Зыкава, які потым ніколі не мог дараваць сабе. Пры ясным разуменні агульных задач, пры разуменні неабходнасці далей весці перш за ўсё палітычную працу, Зыкаў нейкі час не мог знайсці ладу з сабою. У адносінах да таварышаў ён стаў недаступна-халодны, Сёме Кацу выказваў адкрытую варожасць. Па выгляду ён зусім апусціўся, на жухлым твары яго ніколі нельга было заўважыць цікавасці да якога хочаш пытання.

Часцей ды часцей ён накідаў свой прытулак у Каца. Дзе ён начаваў у гэтыя часы, нікому не было вядома. Сара і Лія зводзіліся ў непакойстве. Са смагшымі губамі і палячымі вачамі Лія мітусілася па халупцы, дарэмна прачакаўшы Зыкава далёка за поўнач. Яна будзіла Сёму сярод ночы, патрабавала, каб ён ішоў шукаць Зыкава.

— Згубіце, згубіце вы яго! — надрыўна цвярдзіла яна ўдзень, увечары, уначы.

Сёма і сам адчуваў вялікую трывогу. Ён некалькі разоў радзіўся са старэйшымі таварышамі, як дапамагчы Зыкаву, вызваліць яго ад гэтага зацямнення. Ён пачаў шукаць яго, калі ён не з’яўляўся на кватэру.

Тое, аб чым даведаўся Сёма праз гэта, яшчэ больш усхвалявала яго. Зыкаў пакінуў сцерагчыся. Па вечарах ён праседжваў цэлыя гадзіны па карчмах. У карчмах на Лагойскім або на Ігуменскім тракце ён ужо быў нібы сваім чалавекам. Кола расхамастанага люду акружала яго. Тут вяліся гутаркі аб дробных пакражах, тут п’яны нашчэнт гарбар плакаў аб сваёй сям’і, якая сядзіць без хлеба, а ён вось п’е; тут біліся на стадоле бутэлькамі, абцасамі, што трапляла пад руку; сюды заходзілі гуляшчыя дзяўчаты ў абкружэнні разлахмачаных хлопцаў.

 

ІІІ

Пошукі Зыкава жандарамі і паліцыяй не давалі ніякіх вынікаў. Таксама дарэмнымі былі энергічныя спробы вылавіць яго саўдзельнікаў па справе арганізацыі нелегальнага гуртка з рабочых Ляскаўскіх прадпрыемстваў. З паказанняў бухгалтара Пісарэўскага, які разам з ураднікам рабіў вобыск у Зыкава, жандарам было вядома, што там была недазволеная літаратура, і досыць шмат яе. А потым, калі Пісарэўскі ўцёк з перапуду, у час да прыходу на кватэру Зыкава самога пана Ляскоўскага з цівуном і панятымі, уся гэта літаратура недзе згінула. Шукалі слядоў яе ў печах, у калодзежах, на столі Кавальчыкавае хаты — нідзе не было ніякіх адзнак яе знаходжання. Узяліся ж тады адразу за Сымона Кавальчыка і яго сям’ю, але і сам Сымон і яго жонка толькі жагналіся і кляліся, што нібы чэрці схапілі раскіданыя панам ураднікам кніжкі і зніклі разам з імі. Кавальчыкаў — бацьку і сына — схапілі, але жандары добра разумелі, што гэтым не вырашаецца задача. Забойца Зыкаў знік, яго саўдзельнікі заставаліся невядомымі.

Як толькі мінскім губернатарам была атрымана тэлеграма ад пана Ляскоўскага аб забойстве ўрадніка, аб тым, што «убийца — известный революционер, бежавший с каторги — Росяк скрылся», на ногі была паднята ўся жандармерыя і паліцыя. Па гарадах, на чыгуначных станцыях пачалося ўзмоцненае сачэнне звычайнае і патаемнае паліцыі, рабіліся налёты з вобыскамі на некаторыя рабочыя кватэры, на кватэры тых, хто значыўся ў спісах жандармерыі як ненадзейны альбо падазроны элемент. У гэты час Зыкаў быў недалёка ад Ляскаўцоў, у глухіх лясістых месцах. Калі ж ён праз месяц трапіў у Мінск, дык увага паліцэйшчыны накіравалася ў бок Ляскоўскага і ваколічных месцаў. Там перавярнулі ўсё і ўсіх. З Ляскаўскае гуты і паперні захапілі каля дзесятка чалавек, больш па нацыянальнай адзнацы — яўрэяў-рабочых, білі іх, вымагаючы прызнанне; не мінулі і старога настаўніка Петруся Мікалаевіча, які пасля цяжкага здарэння з яго незабыўна-дарагою дачкою, бяссмысленна глядзеў на ўвесь свет і не разумеў, чаго патрабуюць ад яго гэтыя людзі з блішчастымі гузікамі і з рэвальверамі; хапалі і сялян, асабліва тых, хто быў у свой час уперадзе сялянскага руху ў барацьбе з панам за пашу. Але нічога не пасабляла. Прайшоў ужо сакавік з яго снягамі, дажджамі, туманамі, пачаліся ясныя дні красавіка, а вынікаў ад пагоні за нявіднаю здабычаю многіх лоўчых і паляўнічых ніякіх не было.

— Калі да гэтага часу не злавілі, то і не зловім да наступнае зімы,— гаварылі між сабою старыя, набіўшы руку, сышчыкі.

Была другая палова красавіка. Дзень быў светлы, сонечны, радасны. На скверы на Саборным пляцы шпацыравалі пані, нянькі вазілі белыя, ружовыя каляскі з дзецьмі, прыбранымі ў брыжовыя чэпчыкі з ружовымі, зялёнымі стужкамі. Звонкі смех агалашаў чыстае паветра. Але не да вясёласці, не да смеху было людзям, якія сядзелі ў прыёмнай губернатарскага дома, які быў супраць скверу. Тут былі заплаканыя прасіцельніцы, дрыжаўшыя чыноўнікі, прагна вылічаўшыя магчымыя барышы казённыя дастаўшчыкі. Усе яны думалі толькі аб тым, як дагадзіць яго правасхадзіцельству на прыёме, каб дамагчыся ў лепшы для сябе бок вырашэння справы. Не далучаючыся да асоб, якія чакалі прыёму, ціха рассеўшыся па крэслах уздоўж сцен, нервова хадзіў па дыяганалі прыёмнай высокі, прыгожы, у добра прыгнаным мундзіры жандарскі палкоўнік. Ён запыняўся на хвіліну каля балконнага акна, глядзеў на ажыўлены сквер, адварочваўся і пачынаў зноў хадзіць, залажыўшы вольную ад пальчаткі правую руку за зашпіленую фалду мундзіра.

— Выбачайце, пане палкоўнік, адну толькі хвіліну,— расплыўшыся, як памазаны маслам, сказаў вылашчаны чыноўнік, выходзячы з-за высокіх дзвярэй губернатарскага кабінета.

Праз хвіліну ўсамдзеле з кабінета выйшаў нейкі тоўсты генерал, пазвоньваючы шпорамі. Усе прысутныя ў прыёмнай страпянуліся, кожны па-свойму прагучы ўдзяліць увагу праходзячаму генералу. Толькі жандар паглядзеў на яго таксама роўна-бесцікаўна, як і на самую жалкую прасіцельніцу. Па кіўку галавы чыноўніка палкоўнік накіраваўся да дзвярэй кабінета. Адзін з тоўстых дастаўшчыкаў ускочыў, падышоў да чыноўніка і пачаў махаць перад яго носам рукою, на якой ззялі пярсцёнкі з каменнямі, хвалюючыся, што нейкага там палкоўніка пусцілі без чаргі і раней яго. Але чыноўнік матнуў галавою такім чынам, што дастаўшчык адразу звяў і моўчкі сеў на сваё месца.

— Спадзяюся, палкоўнік, вы атрымалі маю запіску? — ласкава запытаўся губернатар, калі жандар сеў у крэсла супраць яго.

— Так, ваша правасхадзіцельства, атрымаў, толькі асмельваюся далажыць, што...

-— Што ў вашых жандараў галава мякчэй, як у гэтага катаржніка,— сярдзіта перабіў губернатар, адразу наліваючыся кроўю.

— Ваша правасхадзіцельства, дазвольце! — ускочыўшы на ногі, крыкнуў палкоўнік.

— Нічога я не дазваляю! Дзе Росяк і яго кампанія?

— Не магу ж я далажыць вашаму правасхадзіцельству тое, чаго не ведаю. Шукаем!

— Шукаеце! Ха-ха-ха!.. Чорт ведае што робіцца, што будзе. Пецярбург, міністэрства чакае, грамадства чакае — а вы ўсё шукаеце. Яго вялічаства, міністр, шляхта, прадпрыемцы могуць палічыць нашы няўдачы за нядбайнасць, за патуранне сацыялістам. Вы разумееце гэта ці не? — ціха, але голасам, у якім чулася пагроза, гаварыў губернатар, блізка падышоўшы да жандара і гледзячы яму проста ў вочы. Палкоўнік маўчаў, адхіляючы свой позірк убок.

— Скажыце, палкоўнік, вы можаце злавіць іх, ну, хаця б за тыдзень? — мякка, з водценнем просьбы, сказаў губернатар, не атрымаўшы ніякае заўвагі на свае папярэднія словы.

— Я прылажу ўсе сілы, каб як найхутчэй ліквідаваць гэтую справу, але, вядома, смешна было б вызначыць які-небудзь тэрмін для гэтага, асабліва тыднёвы,— трымаючы свой гонар, адказаў палкоўнік.

— Ах, так, пане палкоўнік? Ну, дык бывайце здаровы, я вас не затрымліваю.

Асабовы чыноўнік, які вёў прыём, прасунуў галаву ў дзверы кабінета, як толькі адтуль досыць паспешліва выйшаў жандар.

— Дазволіце, ваша правасхадзіцельства, Стуцэру, дастаўшчыку? — запытаўся ён нясмела, прыкмеціўшы занадта чырвоны твар свайго патрона і крыху, мімалётам, усміхнуўшыся паспешлівасці палкоўніка.

— Не! Прыём прыпыніць! — скрыпнуўшы на павароце паркетам, загадаў губернатар.— Паклічце да мяне пракурора. Каб прыехаў адразу! Ды няхай следчага прывязе... па Ляскаўскай справе.

Чыноўнік умільна схіліў галаву і гатоў быў выпырснуцца за дзверы ў прыёмную.

— Вось што,— прыпыніў яго начальнік губерні.— Няхай там хто паважней, чалавекі тры, застануцца,— я прыму пасля пракурора.

Праз некалькі хвілін у прыёмную ўкаціўся худы, з выцягнутым жоўтым тварам, на якім асобна выдавалася ўперад ніжняя сківіца з рэдкімі зубамі, пракурор. Прычэсваючы на хаду з бакоў на лысіну рэдкія валасы і папраўляючы шпагу, ён падышоў да чыноўніка і прылажыў да вуха скручаную рупарам далонь.

— Іх правасхадзіцельства клікалі? — паказваючы ўсе споднія зубы з чорнымі дупламі, прашамацеў ён.

— Пажалуйце, ваша правасхадзіцельства! — і чыноўнік услужліва адчыніў дзверы кабінета.— А вы пачакайце! — больш сурова звярнуўся ён да ружовага, гладкага, як даходжаны бычок, следчага, які з ашаметкам папераў таксама сунуўся ў кабінет.

Даведаўшыся аб здароўі яго правасхадзіцельства, паважанай Алены Васільеўны, губернатар перайшоў да справы.

— Ну, як вашы пейзаны?

— Фазаны? Маладых чакаю, хутка вылупяцца, ваша правасхадзіцельства.

— Гэта добра, што вылупяцца... Я пытаюся аб пейзанах, аб мужыках,— мацней і радзей вымаўляючы словы, гаварыў губернатар.

— Ах, ваша правасхадзіцельства, вы аб гэтых рэвалюцыянерах? Так, так! Яны здаровы. Я садзіў іх на ваду і чвэртку хлеба, каб прызнаваліся. Не прызналіся... і здаровы. Жывучы расійскі народ! — зарагатаў, як сыпаліся каменні, пракурор; устаўленая верхняя сківіца ляскала пры кожным уздрыгу галавы.

— Што ж яны паказваюць?

— А тое, што і раней. Без новых дадзеных няма складу праступку.

— Вы ўпэўнены ў гэтым, ваша правасхадзіцельства? Я ўпэўнен, што пара было б судзіць.

— Адпусціць? Не, адпусціць нельга, пакуль не стануць перад судом галоўныя злачынцы, якія пасягнулі на свяшчэнныя асновы Расійскае імперыі.

— Судзіць! Судзіць! — выкрыкнуў, усхваляваны глухатою свайго суразмоўцы, губернатар.

— Каго судзіць? Гэтых мужыкоў?

— Не мяне ж з вамі! Трэба хутка наладзіць працэс.

— Гэтых няма за што судзіць. Разам — іншая рэч. Быў бы працэс, напрыклад, дзесяці. Так бы і зваўся: Мінскі працэс дзесяці альбо пятнаццаці. Больш — лепш.

— Я прапаную вам зараз жа скончыць следства і наладзіць працэс,— пільна гледзячы на пракурора, гаварыў загадна губернатар.

— Я... я падпарадкаваны, ваша правасхадзіцельства, міністру юстыцыі і адказваю за поўнасць справы. Я лічу, што судзіць можна будзе, калі ўсе мяцежнікі будуць вылаўлены. Дзе Росяк, дзе гэтая паганая літаратура?

Сківіцы пракурора заляпалі. Вузкая бародка яго тылам паднялася і, здавалася, здольна была калоць. У вачах ускочылі іскаркі.

— Я па-тра-бу-ю ад вас, каб працэс над Кавальчыкамі адбыўся да 14 мая. Разумееце?

Пракурор зачыніў сваю ляскаўку. Рукі павіслі. Ён шмаргануў рукою каля кішэні, адкуль тырчэў эфес шпагі.

— Слухаю, ваша правасхадзіцельства. Больш нічога не загадаеце?

— Нічога. Дык фазаны ў вас вылупляюцца?

— Вылупляюцца, вылупляюцца, ваша правасхадзіцельства! Можа, пацікавіцеся, міласці прашу. Найдалікатнейшыя птушачкі.

У прыёмнай заставаліся толькі дзве «важнейшыя асобы», якія ўпарта чакалі прыёму, ды ружовы следчы. «Важнейшыя асобы» разам схавалі свае валовыя каркі за дзвярыма кабінета. Следчы, як на спрунжынах, падскочыў да кійкаабразнага начальніка.

— Злавілі? — радасна, ззяючы гладка выбрытым падбародкам і белымі зубамі, запытаўся ён і прыпыніўся перад пракурорам з выглядам самае глыбокае пашаны.

— Канчайце следства... Будзем судзіць... гэтых мужыкоў,— ціха праскрыпеў пракурор.

— Няма ж улік! — здзіўлена прамовіў следчы, трацячы свой бляск.

— У вас яшчэ маецца, калі помню, толькі «Анна третьей степени». Я ў вашы гады меў «Владимира з бантом».

— Так, вы зусім правільна кажаце, ваша правасхадзіцельства. Судзіць можна, ваша правасхадзіцельства. Знойдуцца новыя паказанні сведак. Ад папярэдніх некаторых, якія не патрэбны для справы, яны адмовяцца, а то мы і проста скасуем іх.

— Скасуйце, скасуйце. Я заўсёды быў упэўнены ў вашых здольнасцях. Дасць бог, вы будзеце некалі старшынёю судзебнае палаты, а то і вышэй... Ну, хадзем, я падвязу вас, галубок.

Творцы судовых спраў пакінулі прыёмную. Асабовы чыноўнік, злажыўшы грудкаю запячатаныя канверты, падышоў да балконнага акна, прыгледзеўся да лёгка калыхаўшыхся капялюшыкаў, і салодка, як смакуючы торт, прыжмурыў свіныя вочкі. Цмокнуўшы два пальцы, матнуў рукою...

Праз некалькі дзён пасля гэтых гутарак у высокіх сферах у газеце «Слова» на першай старонцы вялікімі літарамі быў дадзены аншлаг: «К предстоящему процессу над убийцами полицейского». У даўжэразным артыкуле паведамлялася аб забойстве ўрадніка ў Ляскаўцах пры выкананні ім службовых абавязкаў па выкрыцці рэвалюцыйнай арганізацыі. У гэтай справе, па словах газеты, чынны ўдзел прынялі Кавальчыкі, бацька і сын,— зусім нявартыя гаспадары-сяляне. Яны ж хавалі ў сябе вялікі склад недазволенай шкоднай літаратуры. Газета патрабавала ад імя грамадскасці суровага пакарання злачынцам, якія пагражаюць «священным устоям нашей великой Империи». Гэта тым больш патрэбна зрабіць, што за спіною выяўленых злачынцаў стаяць асобы, якія не выкрыты, але якія таксама вядуць сваю руйнуючую працу. «З боскаю дапамогаю», канчала газета, «органам улады ўдасца выкрыць астатніх існуючых злачынцаў, сеючых нянавісць і злобу і дамагаючыхся нізвяржэння дзяржаўнага парадку».

Працэс назначаўся на 10 мая. Чыноўніцы, афіцэрыхі, больш знатныя гандляршы пачалі дзейна рыхтавацца да яго. Купляліся ўборы, бо будзе «ўвесь свет»; мужоў прасілі абавязкова-абавязкова дастаць білеты, бо будзе «ўвесь свет»; званілі па тэлефонах, пасылалі запіскі з лёкаямі, з пакаёўкамі, бо зноў-такі будзе «ўвесь свет». За гадзіну да пачатку суда да памяшкання пачалі пад’язджаць карэты, фаэтоны, фасоністыя рамізнікі на дзьмутых шынах: найбольш падкія да відовішч дамагаліся захапіць лепшыя месцы, бліжэй да судзейскага амбону.

Сымону Кавальчыку апавясціў астрожны надзірацель аб судзе над ім толькі за гадзіну да пачатку слухання справы. Сымон так і застаўся сядзець, спусціўшы з тапчана брудныя голыя ногі з кароткімі нагавіцамі невядомага колеру, ад якіх знізу абрыўкамі віселі махры. З тае самае начы, як яго забралі з малодшым сынам, Міхасём, ён здзівіўся, і гэтае здзіўленне не пакідала яго нідзе. З расшыранымі, выедзенымі дымам вачамі, жуючы смагнымі губамі, сеў ён у цягнік, куды ўвапхнулі яго людзі ў чорных шынялях з чырвонымі шнуркамі ад шыі да рамянёў, з гэтым жа выглядам прыпыніўся ён перад жалезнаю брамаю белага астрога, а потым пайшоў па гулкіх калідорах-рынах і ўвайшоў у пусты скляпяны пакой, дзе стаялі два голыя тапчаны — для яго і Міхася. Кожны дзень ён з ранку да начы нерухома сядзеў на тапчане, і выцвіўшыя вочы яго глядзелі ў нязмерна-далёкую кропку. Прыходзіў разы два «аблакат», які павінен быў вызваліць яго і Міхася ад бяды. Але Сымон не разумеў, чаго хоча ад яго гэты пахучы пан.

— Татка, абувайся, хутка ісці! — штурхаючы яго ў плячо, напомніў Міхась.

— Куды ісці? — трасучыміся губамі запытаўся бацька.

— На суд, татка... Страхотна мне, татка! Можа, нас павесяць альбо застрэляць. Госпадзі, як усцішна! І за што?

Трасучыміся рукамі пасобіў Міхась бацьку накруціць каравыя анучы, абуць распатляныя лыкавыя лапці. Хутка промкнуў замок, і ў склеп увайшлі два салдаты ў белых сарочках з бліскучымі шашкамі ў плячэй. Надзірацель штурхнуў Сымона.

— Ну, ідзі, сіцыліст!

На дварэ да іх далучылі яшчэ двух маладых яўрэяў-рабочых з ляскаўскае гуты. Міхась ведаў іх у твар.

— А вас куды ж? — крыху адыходзячы ад страху, запытаўся ён.

— Туды, куды і вас,— усміхнуўся адзін з кручанымі чорнымі, як смоль, валасамі.

— Так, і судзіць будуць? А за што? — цікавіўся Міхась.

— Каб жа мы ведалі! Судзіць, браце, могуць і ні за што... як вас, напрыклад.

— Не разговаривать! — крыкнуў салдат з двума «лычкамі».

Арыштантаў абкружылі салдаты з шашкамі нагала. Ад варот астрога аж да пад’езда прыгожага, ярка-белага на сонцы дома, дзе змяшчаўся суд, следам за арыштаванымі і канвоем каціўся жывы натоўп хлапцоў, ад зусім малых да падлеткаў. Адны свісталі, другія крычалі «арыштанты», трэція «селядца згубіш», іншыя шыбалі палкі пад ногі «ундзера».

Зала была паўнюсенька. Стравусавыя, гусіныя, курыныя, паўлінавыя пёры, фарбаваныя конскія валасы, вавёрчыны вушкі калыхаліся на капялюшах гладкіх кабет, пазвяквалі шпоры, шапацеў шоўк чорных сурдутаў. Невыразны гоман стаяў у зале, як да пачатку дзеі ў тэатры, калі дамы разглядаюць адзенне другіх, дзеляцца плёткамі адна аб другой, а кавалеры здагадліва хваляць уборы сваіх дам і сыплюць, не шкадуючы, кампліменты аб прыгажосці сваіх суседак. Раптам зала заціхае: у дзвярах паказаліся канвойныя, а за імі — злачынцы. Арыштантаў правялі да бакавое сцяны, за асобную агароджу і пасадзілі на ўслон, які ўзвышаўся над усёю залаю і быў на ўзроўні судзейскага месца. Па баках сталі салдаты з шаблямі на плячо.

Сотні вачэй — вачэй так сабе, вачэй пад акулярамі, вачэй пад ларнетамі — пацягнулі да фігур на ўзвышэнні.

— Шапку, шапку сымі! — стукнуўшы ззаду ў бок Сымона, прашыпеў судзебны распарадчык.— Ці ж не бачыш, сукін сын, партрэта гасудара імператара?

І не чакаючы, ён сам сарваў лахманку Сымона і гадліва ткнуў яе на сядзенне.

— Quel misérable sujet! 1 — прамовіла князёўна Друцкая, разглядаючы ў ларнет з залатою ручкаю Сымона Кавальчыка.

Яна сядзела ў першай радоўцы крэслаў побач з прыехаўшым спецыяльна на суд панам Ляскоўскім.

— Маіs с’еst un mauavis sujet 2,— адказаў той.

Князёўна Ваця была незадаволена. Яна чакала, як і ўсе гэтыя пані і паненкі ў зале, угледзець нешта незвычайнае: высокіх моцных людзей з агністымі вачамі, з шырокімі бародамі: ад аднаго позірку на злачынцаў павінна быць соладка-жудасна. Гэтай незвычайнай асалоды і прыехала шукаць на судзе князёўна. Замест гэтага на лаўцы падсудных сядзяць худыя, абадраныя, нямоцныя людзі. «Забойца» Кавальчык з яго маршчынамі, праедзенымі сажаю, з бялесымі выцвіўшымі вачамі, з жуючымі без перапынку губамі, з калтунаватымі валасамі, у рыжай падранай сярмяжцы быў далёка ад пажаданага князёўне «звышчалавека», як неба ад зямлі. Хлопец — нічога, але той, так, мусіць, баяўся, небарака, што на яго жалка было глядзець. Князёўна Ваця акінула з агідаю вокам усіх падсудных і адвярнулася. Уся зала паследавала яе прыкладу. На месцах пайшлі перамаўленні.

— Жалкие, а должно быть, мерзавцы порядочные!

— Ну, вядома, забойцы!

— И двух жидков удалось поймать! Эти везде, они и наущают!

— Кажуць, галоўнага няма, не злавілі! І чаго глядзіць гэтая паліцыя!

— Лайдакі!

— А без віны, панове, іх судзяць.

На гэты чутны шэпт шмат хто з бліжэйшых азірнуўся, але ўстанавіць, хто гэта сказаў, не давялося.

— Суд идет! — усе ўсталі.

— Ты што сядзіш? — штурхнулі Сымона, і ён з’ехаў з услона, бо ногі яго не даставалі падлогі.

Усе селі, разглядаючы цяпер старшыню суда пад партрэтам цара, членаў — побач яго, сакратара, пракурора за асобным сталом. Перачакаўшы, пакуль заціх шолах садзіўшыхся, старшыня адкрыў пасяджэнне. Ён кінуў сярдзіты позірк на прысяжных засядацеляў, якія, спазніўшыся, толькі цяпер займалі свае месцы, і загадаў сакратару чытаць абвінаваўчы акт. Сакратар, паправіўшы сурдут і пагладзіўшы і без таго прылізаныя валасы, пачаў роўна зудзіць доўгі акт, які аднаўляў амаль слова ў слова напісанае тыдзень таму назад у газеце. Сымон безудзельна глядзеў удалечыню, мусіць, нічога не разумеючы. Толькі ў тым месцы акту, дзе ён абвінавачваўся ў забойстве і хаванні шкодных кніжак, Сымон паказваў адзнакі жыцця — дакорна ківаў галавою. Яўрэі-рабочыя прагна слухалі: яны збіраліся самі абараняцца, у іх не было сродкаў на адваката. Міхась з цікавасцю разглядаў такі вялікі натоўп, якога яму не даводзілася бачыць да гэтага часу.

Пасля заслухання акту пачаўся дапрос сведак. Выходзілі двое з сялян, быўшыя панятымі. Яны коратка паведамілі, што бачылі. Жаданага ўражання яны не зрабілі. Пасля іх выйшаў бухгалтар з гуты Ляскоўскага — Пісарэўскі. Уважліва паглядзеўшы на пана Ляскоўскага, які не спускаў з яго вачэй у час прамовы, ён нізка пакланіўся суддзям. У сваёй прамове ён адзначыў, што добра ведае Кавальчыкаў. Гэта сяляне-галацьбіты: яны заўсёды горла дзяруць і гатовы пашкодзіць маёмасці ў любы час. Ён, Пісарэўскі, даведаўся аб шкодных кніжках, якія хаваліся ў хаце Кавальчыка. Калі ён з ураднікам пайшоў рабіць вобыск, дык Кавальчыкі разам з іх кватарантам напалі на ўрадніка: Кавальчыкі — бацька з сынам — трымалі, а кватарант дзёўб, а потым і Сымон Кавальчык біў. Забілі б і яго, Пісарэўскага, каб ён не ўцёк. Кніжкі ж яны захавалі зноў.

— Яны — непасрэдныя ўдзельнікі забойства,— працягваючы руку ў бок лаўкі падсудных, патэтычна сказаў ён.

— Гад ты, гад печаны! — агаласіў залу звонка-рэжучы жаночы голас,— прадажная шкура!

Уся зала ўстрапянулася. Нават Сымон замаргаў.

— Ганулька! — прамармытаў ён.— Дачушка!

— Лишаю свидетельницу защиты Анну Кавальчик слова. Выведите! — загадаў старшыня судоваму распарадчыку.

Пасля гэтага парадак судагаварэння не парушаўся. Сведак было нямнога. Рашучымі былі паказанні бухгалтара. З выглядам незаслужана абражанага сядзеў ён на лаўцы сведак і жмурыўся, адпусціўшы губу: ён цяпер меў права нават перад такімі знатнымі панамі, нават перад самім панам Ляскоўскім высакамерна адпускаць губу. Ён гэтае права зарабіў.

Гаварыў пракурор, гаварыў абаронца. Пракурор горача, ляскаючы ўстаўленымі сківіцамі, даводзіў, што Кавальчыкі і гэтыя яўрэі-гутнікі пагражаюць грамадству, пасягнулі на падрыў імперыі. Забойства ўрадніка — цяжкі праступак, але гэта толькі частка той шкоды, якую робяць гэтыя рэвалюцыянеры. Пракурор патрабаваў самае суровае кары. Абаронца Кавальчыкаў згаджаўся, што яны вінаваты ў абодвух праступках, ім прыпісаных, але ён у імя «человеколюбия и сострадания к низшему брату» прасіў паслаблення і выказваў надзею, што яны кінуць навязаныя ім «гнусныя ідэі» і раскаюцца ў сваім крывавым учынку. Рабочыя-гутнікі горача даказвалі, што іх пасадзілі на лаўку падсудных без усякага праступку з іх боку, што няма жадных доказаў вінаватасці іх у чым-небудзь. Прысутныя зларадна слухалі іх палкія прамовы і пасмейваліся.

— Апошняе слова падсуднага Сымона Кавальчыка! — выгукнуў старшыня.

— Гавары, калі хочаш! — падштурхнулі Сымона.

Ён устаў, пераступіў з нагі на нагу, пажаваў чорнымі губамі.

— Ну, гавары! — нецярпліва падагнаў яго старшыня.

— Паночкі! Даражэнькія!.. Забіваць я не забіваў, нічога не бачыў. Знайшліся добрыя людзі і без мяне... Калі забілі... то... было за што... Дарэмна людзей не забіваюць... Я ж не забіваў. Потым толькі забітага вывалак... хату паскудзіў... Аб кніжках... У майго пастаяльца было шмат кніжак, але што гэта за кніжкі — не ведаю. Непісьменныя мы. Паратуйце, паночкі! Калі не мяне, дык хлопца вызвальце, яго і дома тады не было.

Ён запыніўся і сляпымі вачамі пазіраў на старшыню ці на царскі партрэт. Ззаду турзанулі. Ён хлёпнуўся на лаўку. Прысяжныя, пасля кароткае прамовы старшыні, які напомніў, што такія справы ў свае часы вырашаліся вайскова-палявымі судамі, радзіў прысяжным улічыць важнасць праступка падсудных, удаліліся на нараду. Нават не паспелі панове звадзіць сваіх дам да буфета, як прысяжныя выйшлі з свайго дарадчага пакоя. Старшыня абвясціў абвінаваўчы вердыкт. Старшыня суда нахіліўся да аднаго і да другога суддзяў. Потым ён устаў. Усталі ўсе ў зале. Імем «его императорского величества» падсудныя былі засуджаны на пяць год катаргі кожны. Воплескі затрашчалі, як рассыпаны гарох, з пярэдніх радоў.

Публіка паваліла з залы. Князёўна, перад якою з пашанаю расступалі дамы і мужчыны, гаварыла пану Ляскоўскаму:

— О, mon Dieu! Je suis fatiguée de voir le triste spectacle comme celui-ci 3.

— Можа, дазволіце, князёўна, быць вашым спадарожнікам да мадрыдскіх альбо гранадскіх пікадораў? — гулліва пытаўся Ляскоўскі.

— Гэта было б куды цікавей.

Яны селі ў фаэтон Друцкіх, і пара дрымцеўшых коней, як на крылах, памчалі іх па сонечнай вуліцы.

У дварэ суда канвойныя выстройвалі арыштантаў. Ундзер падаў каманду, і чатыры чорна-шэрыя постаці заматляліся пасярод вуліцы, абкружаныя белымі плямкамі канвойных. Сымон па дарозе некалькі разоў паглядзеў на сына.

— На катаргу,— прамовіў ён,— ранавата табе, хлопча! Міхась, а Міхась! А навошта гэта мы ўсадзілі новую хату і кабылу гэтаму аблакату? Ну, і аблакаты, жывадзёрны народ, трасца іх галаве!

— Што гэта, татка, на гэтай на самай катарзе прыйдзецца камень на шыі цягаць? — аб сваім пытаўся Міхась.

— Можа, яшчэ што і цяжэйшае за камень, сынку!

— Не разговаривать!

Сымон моўчкі пацягнуў свае старыя ногі да жалезнай брамы астрога.

 

 

1 Які сумны сюжэт! (франц.)

2 Але, гэта сумны сюжэт (франц.)

3 О божа! Я стамілася глядзець на гэты сумны спектакль (франц.).

ІV

Сканцэнтраванне вядомых абставін, якія патрабуюць вялікай напружанасці ў дзейнасці чалавека, выклікае часта, амаль заўсёды, паслабленне сілы, памяншэнне волі да дзеяння. У такія часы чалавек траціць актыўнасць, адхіляецца ад валодаўшага ім напрамку дзейнасці, падпадае бяздзейна-маркотным настроям. Такое становішча канчаецца, калі залішне затрачаныя сілы зноў адновяцца, калі ўплыў абставін, выклікаўшых упадніцтва, пакіне дзейнічаць на чалавека. Але сілы аднаўляюцца і раней, калі з’яўляюцца новыя фактары, надаючы свежыя імпульсы.

Так было з Зыкавым. Патаемная рэвалюцыйная праца, каханне да дзяўчыны, вялікая пагроза правалу арганізацыі, гвалт над любімаю з боку разбэшчанага пана, забойства паліцэйскага, асуджаючыя да яго адносіны таварышаў па супольнай працы, няўдаласць іх уласнай працы — усё гэта прыгняло Зыкава, хоць ён разумеў добра неабходнасць змагання з тым прыгнечаным становішчам, у якім ён апынуўся. Паскораная падрыхтоўка суда над Кавальчыкамі была тым фактарам, які аднавіў дзейныя імпульсы ў Зыкаве, які скінуў тыя заслоны туману, што зацямнілі яго істоту.

Газетны артыкул за тыдзень да суда як бізуном сцебануў Зыкава. З гэтага артыкула Зыкаў бачыў той лёс, які чакае Кавальчыкаў і абодвух рабочых, якіх далучылі да справы за тое, што яны яўрэі. Вядома было Зыкаву, што якраз гэтыя рабочыя ніякага ўдзелу ў рэвалюцыйных арганізацыях не прымалі. Было відавочна, што і Кавальчыкі і рабочыя проста з’яўляюцца ахвярамі ў руках прадстаўнікоў улады. Вялікае абурэнне Зыкава, выкліканае гэтым працэсам, абудзіла яго рашучасць, вывела яго з стану заняпаду, у якім ён быў больш за месяц. Сёме Кацу не даводзілася ўжо наглядаць за ім. Роўна праз два дні на трэці Зыкаў прыходзіў начаваць, правёўшы папярэднія ночы па іншых прытулках у вядомых таварышаў. Першага мая Зыкаў разам з актыўнымі таварышамі наладжваў маёўку ў Ваньковічаўскім лесе і надта хваляваўся, што мала сабралася туды рабочых. Дый нельга было чакаць лепшага: у гэты дзень не толькі адміністрацыя прадпрыемстваў, але і паліцыя вельмі сачыла за тымі, хто не з’яўляўся на работу. Аднак і гэтым Сёма Кац быў задаволены.— А што, удалося? — весела пытаўся ён кожнага падыходзіўшага.— Вось ужо некалькі год не было маёўкі! Як пачаўся гэты прыгон, сталыпіншчына, дык гэта першы раз.

Усе гэта ведалі, але словы Сёмы ўсім здаваліся новымі, незвычайнымі. Усе радаваліся, хоць заўтра і чакалі іх суровыя допыты аб адсутнасці. Дзеля гэтага кожны меў цэлы план наведванняў, спраў, каб пры допытах спасылацца на прычыны нявыхаду на работу і даць сведак, што быў заняты вось такімі і гэткімі справамі. На маёўцы Зыкаў, пад зусім ужо інакшаю фаміліяй, паведаміў аб надыходзячым судзе і заклікаў таварышаў арганізаваць выступленні рабочых з пратэстам супраць аддачы пад суд Кавальчыкаў і ляскаўскіх гутнікаў. Горача паспрачаліся аб гэтым, але вырашылі зрабіць лятучкі ў Імрота, Ракаўшчыка і Якабсона.

Ціхія патаемныя словы, намёкі перадаваліся на прадпрыемствах. Але лятучак не давялося наладзіць. Майстры не адыходзілі ўвесь час работы, каля прадпрыемстваў узмоцніўся паліцэйскі нагляд. Касыя, спадылба кароткія погляды рабочых, урыўкі слоў, якія лавілі гарадавікі і адміністрацыя, сведчылі аб небяспецы. Зноў забаранілі рабочым вольна збірацца ў часы перапынку, зноў па пятах некаторых рабочых хадзілі шпікі, суправаджаючы іх на работу і з работы.

— Стаяць, сволачы! — кідаўся ў расчыненае акно на двор, дзе стаяў гарадавік, прыдушаны, поўны нянавісці выбух.

— Ш-ш, падліпала ідзе! — шапталі пры набліжэнні майстра.

— Занадта прызвычаіліся мы маўчаць! — кідаў, як іскры з-пад молата, словы каваль кавалю.

— Судзяць! Суддзі скорыя і міласцівыя! — нібы сам сабе мармытаў гарбар, згінаючыся разам з суседам над расцягнутаю шкураю.

Прыдушаны няясны ропат, як гул набліжаючага горнага току ў часе навальніцы, нарастаў з кожным днём і прарваўся ў дзень суда.

Напярэдадні суда Зыкаў позна ўвечары прыйшоў да Кацаў з досыць вялікім клумкам пад пахаю. Сёма, калі яны засталіся ўдвух у бакоўцы, дзіву даўся: Зыкаў выцягнуў з клумка ладную пінжачную тройку, белую, як снег, сарочку, лакавыя шчыблеты, саламяны капялюш абечкам: нават былі загорнуты ў паперку розныя дробныя прычындалы: засцяжкі да манішкі і манжэтаў, скрутак фіксатуары і іншая драбяза.

— Навошта табе ўся гэтая дрэнь?

— Пайду заўтра на суд.

— Да ты мазгі прапіў, ці што? Чаго табе там трэба? Лезеш у агонь.

— Ну што ж? Цягне мяне туды паглядзець на камедыю...

Сёма доўга і горача адгаворваў Зыкава. Нават Лія была прыклікана на дапамогу, але і яе палкія словы нічым не пасобілі.

— У рэшце рэшт, ты маеш дазвол ад партыі?

— Маю, і праз арганізацыю дастаў вось гэта ўсё дабро,— са смехам паказаў Зыкаў на грудку раскіданае адзежы.

— Ну, тады і я пайду з табою, згінеш ты адзін,— горача прагаварыў Сёма.

Абмеркавалі, што, бадай, і лепш быць там на ўсялякі выпадак удвух. Лія пачала даводзіць, што ім абодвум папасці ў памяшканне суда будзе цяжкавата, могуць выклікаць падазронасць паліцыі. Яна прапанавала, каб ёй самой пайсці, ёй здатней дастаць і «приличную» адзежу. Да раніцы былі гатовы білеты на ўваход, а каля дзесятае гадзіны па Татарскай вуліцы ў бок цэнтра прайшла здатная паненка пад парасонам і вуаллю.

Пасля вынясення прыгавору паненка пад вуаллю сышлася ў людской мешаніне каля пад’езда з далікатна апранутым маладым чалавекам. Ад яго толькі занадта пахла парфумаю. Карэты, фаэтоны ад’язджалі, жвавы гоман нёсся з усіх бакоў. Каля варот, якія выходзілі з двара будынка, дзе быў суд, згрудзіўся натоўп. Адтуль несліся стогны і енкі.

— Ай, божачка ж мой, што цяпер будзе! — перарываючыся плачам, прычытваў жаночы голас.

— На каго ж мы, сіраты, застанемся!

— Пайшла ты адгэтуль, пакуль па шыі не дастала! — выкрыкнуў злы мужчынскі голас.— Вось вазьму ў паліцыю — паскавычаш ты!

— Не чапайце яе! На табе, нябожа, вазьмі грошай.

Паненка пад вуаллю прагна разглядала гэтае з’явішча.

Пані і паненкі, якія некалькі хвілін назад воплескамі сустрэлі прысуд бацькі, соўвалі цяпер залатоўкі ў страмчатыя рукі яго дачкі.

— Не захапляйцеся нічым і ніколі,— шапнуў ёй яе кавалер.— Выведзіце адгэтуль дзяўчыну... Мне трэба будзе бачыцца з ёю,— яшчэ цішэй прагаварыў ён.

Паненка чуць прыкметна матнула галавою і, распусціўшы парасон, пайшла да таго месца, адкуль чуўся плач. Натоўп ужо значна парадзеў. Адны выканалі сваю хрысціянскую павіннасць, другія проста разышліся ад угавораў паліцэйскага.

«Паніч» з парфумаю пайшоў павольна ў другі канец вуліцы. Ён чуў ззаду галасы.

— Пусці мяне хоць зірнуць на іх! — маліў жаночы голас.

— Кажу, прэч ідзі! — змагаўся мужчынскі.

— Дазвольце яе мне! — зазвінеў тонкі далікатны голас. Я з жаночага дабратворнага камітэта.

— Ну, вось і добра, што добраахвотныя памочнікі знаходзяцца,— прабурчаў задаволены голас квартальнага.

Плач і енкі каля варот прыпыніліся. Азірнуўшыся, «паніч» Зыкаў угледзеў, што паненка пад парасонам спакойна і не спяшаючыся ішла побач з дзяўчынаю ў чырвоным андараку і шэрай суконнай копце.

Зыкаў перайшоў дзве-тры вуліцы і спусціўся ўніз на Ляхаўку. Тут часцей стаялі гарадавікі, каля моста цераз Свіслач быў нават квартальны з двума радавымі. Яны аглядалі, быццам мацалі, рэдкіх прахожых. Квартальны асабліва ўпарта разглядаў набліжаўшага Зыкава. Уся постаць і выгляд яго былі незнаёмыя ды незвычайныя ў гэтым месцы. Сюды не заглядвалі для праходкі людзі ў манішках, а ўсіх служачых на прадпрыемствах ён ведаў як свае пяць пальцаў.

У Зыкава калацілася сэрца: запыняць яго ці не? Не мяняючы кроку, ён павольна ішоў, насвістваў; дастаў з кішэні срэбны партабак і закурыў. Праходзячы міма квартальнага, бяспечна зірнуў на яго. Квартальны з сваімі памочнікамі не зварухнуліся з месца. Добра прыгнаны пінжак ангельскага сукна і парфума выклікаюць пашану ў добрага палісмена.

Такім жа крокам дайшоў Зыкаў да грабарні Імрота, мінаваўшы яшчэ два паліцэйскія пасты. Як толькі адураюча-смуроднае паветра шуганула на яго з акна, ён прыбавіў ходу і ўскочыў у двор.

— Таварышы! Прысудзілі на катаргу! — палыхнуў яго голас у атручаным паветры.

Спіны разагнуліся. Голыя рукі з закасанымі прасмоленымі рукавамі павіслі ў паветры. Вочы ўставіліся ў адну кропку. Момант жуткага маўчання. Толькі пас, круцячы дарэмна калясо, лупае не запраўленаю добра засцяжкаю.

— А-а-а! — разрывае сцены, вырываецца праз вокны, дзверы гук сотні галасоў. У гэтым адзіным гуку сотні людзей здзіўленне, усхваляванне, абурэнне, гнеў, пагроза. Паднятыя рукі з вострымі, як брытва, нажамі, здавалася, гатовы былі абрушыцца на нейчае горла.

— Гэта што яшчэ за выбрыкі! — ускрыкнуў, хамянуўшыся, майстра Майзэль.

— Хто дазволіў прыпыняць працу, маць тваю? — зароў майстра Пачэпка. Разам з тым у паветры трэснула звонка аплявуха, а потым нешта цяжка грукнула аб падлогу.

— Я табе, сволач! Працаваць не кідай! — урчэў голас Пачэпкі.

— Ах, ты біць! Казні яго, сабаку! — зароў натоўп рабочых, ужо пакінуўшых месца. Па ўсім памяшканні пачалася мешаніна; Пачэпка недзе над варстатам цяжка соп, абараняючыся ад замахаў дзесяткаў рук.

— Што ты робіш? Уцякай хутчэй! Вось! — Сёма кінуў ахапку ашамецця.

— На вуліцу, на вуліцу! — напружана шаптаў Зыкаў.

Ён скокнуў уніз. У квасільні сноўдаўся сярод сваіх чапоў стары Шлёма. Зыкаў схапіў яго за руку і штурхнуў за дзверы, у другое аддзяленне. Зашчапіўшыся на кручок, Зыкаў у момант сарваў з сябе панскую адзежу і кінуў у смуродны чоп, перамяшаў яе прэнтам з шкурамі. Праз хвіліну з квасільні выйшаў звычайны гарбар з шкураным фартуком.

Наверсе гоман, крыкі яшчэ павялічыліся. Дзверы з грукатам адчыніліся, і па сходках кінуўся чалавек.

— Здаганяй яго, гада! — вырваўся рэў праз дзверы, і натоўп кінуўся на двор следам за ўцякаўшым.

Зыкаў кінуўся з усімі на вуліцу. З абодвух канцоў Ляхаўкі свісталі гарадавікі... Квартальны і два-тры паліцэйскія з рэвальверамі ў выцягнутых руках трусілі да гарбарні. Пабачыўшы натоўп, яны прыпыніліся і сталі бокам абыходзіць крычаўшых напружаных рабочых. Баязлівыя вочы свідравалі натоўп, шукаючы там некага.

— Давай штандар!

З сярэдзіны натоўпу, калыхнуўшыся, падняўся чырвоны сцяг і затрапятаў на шэрым фоне брудных сцен гарбарні.

— Уперад, таварышы! Ганьба катам!

— Ён недзе захаваўся на гарбарні! Вы помніце яго, як ён праходзіў цераз мост? Ну, дык з-пад зямлі яго выкапаць,— загадаў квартальны.

Зараз на вуліцу высыпалі рабочыя ад Ракаўшчыка. Узвіўся другі сцяг. Раздалося магутнае:

 

Вихри враждебные веют над нами...

 

Паліцэйскія атарапелі і стаялі нерухома, блядыя, з трасучымі губамі. Іх было мала, каб трымаць такі вялікі натоўп. За мостам стаў збірацца народ па баках вуліцы.

— Далоў царскіх суддзяў! Далоў катаў! — грымела калона рабочых.

З няслабнуўшаю «Варшавянкаю» калона пад чырвонымі сцягамі перайшла Магазінную, выйшла на Губернатарскую.

— Тэлефоны ўсе там папсаваны? — ціха запытаўся Зыкаў.

— Усе,— толькі губамі адказаў Сёма.

У нейкім натхненні натоўп паскорыў ход, хутка праходзячы па Губернатарскай да Саборнага пляца. Выклікі абурэння супраць сённяшняга прысуду не сціхалі. Вулічны натоўп збіраўся на тратуарах. Два чырвоныя сцяжкі смела і горда прарэзвалі сабе дарогу скрозь гушчу мяшчан, усыпаўшых вуліцу.

Губернатар задаволена слухаў праект даклада міністру аб выніках ляскаўскай справы. Асабовы чыноўнік, адчуваючы, што стыль спадабаецца начальніку, дамагаўся яшчэ больш выразна і падкрэслена дачытаць заключныя сказы.

Раптам пад самым акном пачулася:

 

Смело, товарищи, в ногу!

Духом окрепнем в борьбе...

 

Губернатар пабялеў. Ліст выпаў з рук чыноўніка і павольна паляцеў на кавёр.

— Што гэта?.. Што гэта, я вас пытаю? — стукаючы зубамі, накінуўся губернатар на чыноўніка.

— Не... не магу знаць! — жалка трасучыся, лепятаў той.

— Як вы смееце не ведаць?! — грукаючы абцасамі аб падлогу, піскнуў парасём таўсценны генерал.

— Тэлефон... Жандарскае... Царыцынскі полк... на Саборную...

— Далоў царскіх катаў! — грымнула за акном. — Далоў паліцыю з заводаў!

На Саборным пляцы сцягі калыхнуліся і зніклі. Сціхла. Падпарадкоўваючыся інстынкту самааховы, калона, не чакаючы папярэджання, у момант рассыпалася па шчылінах старога горада. Губернатар, асцерагаючыся, зірнуў з-за канта сцяны ў акно. Пляц быў пусты. З-за вугла дома губерскага праўлення выскачыў узвод конных гарадавых з гатовымі да бою шашкамі. Дамчаўшыся да царквы, узвод недаўменна прыпыніўся, аглядаючы роўны брук і звычайныя будынкі — казначэйства, касцёл, губерскі дом, дзе не было нічога варожага. Шашкі бліснулі, нібы сарамліва ўсміхнуліся, і апусціліся ў похвы.

Губернатар працёр вочы. На пляцы, апроч паліцыі, нікога не было. Ага, уцяклі! Але ж сярод белага дня асмеліліся дэманстраваць. Значыць, нехта кіраваў імі! Губернатар выклікаў чыноў, аблаяў за нядбайнасць і аддаў загад вылавіць учыншчыкаў гэтай ганебнай для чэсці паліцыі справы. Канчаткова рэдагуючы тэкст даклада міністру аб выніках суда, ён дадаў, што некаторымі ненадзейнымі элементамі — «подонками общества» была наладжана дэманстрацыя супраць прыгавору, але яна распалася ў самым зачатку. Трэба было паказаць сябе перад начальствам і ў пагражаемым становішчы і ў той час добрым адміністратарам, пры якім распусты няма і не будзе.

 

V

Палкія вочы Сёмы Каца раз-пораз кідалі снапы праменняў на Зыкава. Сёма не чуў ног пад сабой. Ён не быў здольны разабрацца ў павуціне вуліц, да якіх прывык з дзяцінства. Зыкаву даводзілася папіхаць яго ў бок, каб накіраваць за рог другой вуліцы. Сёма страціў усякае ўяўленне аб той пагрозе, якая ішла па пятах, магла насцігнуць іх кожную хвіліну.

— Вось і пачалося, таварыш Зыкаў,— натхнёна шаптаў ён, дрыжачаю рукою шукаючы руку Зыкава.— Зварухнуліся, як зварухнуліся! Няхай жыве...

Ён крыкнуў бы ад усяе сілы прывітанне наступаючай пралетарскай рэвалюцыі, чырвоныя сцягі якой віліся высока ў паветры перад яго вачамі. Але ўпарта-жорсткая рука Зыкава раптоўна павярнула яго ў вузкі завулак.

Зыкаў імкнуўся як мага хутчэй аддаліцца ад месца, дзе разышлася дэманстрацыя. Быццам без жаднае мэты ён круціўся з Сёмаю сярод натоўпу па вузкіх шчылінах вуліц старога горада, трапляючы з вуліц у завулкі прахаднымі дварамі, праз крамы.

— Ты стаў непрытомны ад радасці, Сёма,— папікнуў Зыкаў таварыша, як толькі яны выцерабіліся на менш люднае месца.— Памятай, што рэвалюцыянер не павінен ніколі траціць розум.

Сёма адразу асунуўся, быццам з яго нейкаю помпаю выцягнулі сілу. Апаўшым сіплым голасам ён прамовіў:

— Можа, ты і праўду кажаш... нават напэўна праўду. Але толькі «не разумны» ўздым робіць такі цуд, які адбыўся сёння.

— Няхай сабе так, але трэба глядзець ўперад і ведаць, што рабіць заўтра... Куды ж мы зараз пойдзем?

Гэтае запытанне вярнула Сёму да рэчаіснасці, штурханула яго на шлях вырашэння канкрэтнага пытання. Замест узвышанага энтузіязму, а потым упадку, цяпер вярнулася да яго звычайная жыццярадасць, адчыненасць.

— Куды? — скалячы зубы, запытаўся ён,— вядома, да мяне!

Яны хутка прайшлі адзін-другі завулкі. Ніхто з стрэчных не звяртаў на іх увагі — забруджаныя рабочыя на абочыне горада былі звычайнымі. Без асаблівых прыгод яны дайшлі б да халупы Сёмы. Але на рагу адной з папярэдніх вулі ім спаткаўся выпэцканы скуранік з фартухом, з закасанымі рукавамі бруднай сарочкі: быццам ён вось зараз толькі выйшаў з завода, на хвіліну нейкую кінуўшы працу. Ён боязна азіраўся па баках, назад, ішоў то павольна, то трухой. Непамерна доўгія рукі яго целяпаліся цапамі, і здавалася, што яны прычэплены толькі дзеля таго, каб трымаць пудовыя кулакі з калматымі пальцамі. Перапуд скрывіў яго твар, запаўшыя вочы былі схаваны пад навісшым шарсціннем густых броваў. Ён не адразу пазнаў Сёму ці не хацеў пазнаць. Толькі на некаторым аддаленні ад рога вуліцы ён падышоў блізка.

— Сёма, уцякай барзджэй! — ляскаючы ад сполаху зубамі, хрыпануў ён.

— Чаго ж ты перапалохаўся? — мяняючыся ў твары, запытаўся Сёма.

— Там... там ужо... злавілі... нашых гарбароў,— перацінаючымся голасам адказаў ён, матануўшы некуды назад рукою.

Перапуд гарбара наддаў нервовасці Сёме і Зыкаву. Мімаволі яны прыбавілі ходу. Гарбар нешта мармытаў сабе под нос. Раптам ён запыніўся і турзануў за пінжак Сёму.

— А што ж гэта мы нарабілі? Што будзе з намі, з дзецьмі нашымі заўтра? Га? Ты разумееш гэта, блазан?

Выцвіўшыя вочы старога гарбара ўпарта зачапіліся за Сёму, на момант толькі перакідаючыся на незнаёмую постаць Зыкава.

— Гэта ж быў бунт! — выдушыў гарбар прызнанне і ўвабраў голаў у плечы, быццам хацеў схаваць шыю ад жорсткае вяроўкі.

Сёма спрабаваў супакоіць свайго таварыша, але гэта яму не ўдалося. Той тросся ад страху.

— Паслухалі нейкага там паніча, а цяпер — прападаць! І куды цяпер пойдзеш? Там, дома, мо чакаюць ужо архангелы... Ну што ж рабіць?

Пудовыя кувалды-кулакі цягнуліся да Сёмы, ім трэба было зачапіцца за каго, абаперціся на чыюсь моцную руку.

— Хадзем з намі,— крануўшыся ўперад, прапанаваў Зыкаў. Гарбар недаверліва азірнуў яго, але ўсё ж пайшоў. Аднак ён целяпаўся ззаду за Сёмаю нядоўга. Праз некалькі хвілін ён раптам павярнуўся назад.

— Карыцца, карыцца трэба ісці,— сам з сабою, але досыць чутна мармытаў ён. Сёма пусціўся быў здаганяць таварыша, але той ужо трухом нёсся назад, туды, адкуль ён так спяшаўся ўцячы. Гэтае здарэнне збянтэжыла не толькі Сёму, але і Зыкава. Перш за ўсё станавілася відавочным, што праз кароткі час жандармам стане вядомым, хто з’яўляўся падбухторшчыкам, хто нёс сцяг і ўсё іншае, звязанае з гэтаю раптоўнаю дэманстрацыяй.

Азіраючыся боязна, як стары гарбар, спяшаліся хутчэй прайсці вуліцы Зыкаў з Сёмаю. Абодвум здавалася, што кожны стрэчны дапытліва разглядаў іх. Маленькія драўляныя дамы пазяхалі расчыненымі дзвярыма і вокнамі, каля ганкаў соўгаліся старыя яўрэйскія кабеты, седзячы побач за столікамі, на якіх блішчэла дзве-тры шклянкі ды бутэлькі з каламутным квасам альбо сідрам. Вуліцы гарадской абочыны мелі самы звычайны выгляд. Але ў іх маўклівасці, соннасці адчувалася варожасць, пагроза.

Зыкаў і Сёма маўчалі. Трывога, якую закінуў у іх сваім перапудам стары гарбар, не пакідала іх, сцінала ім губы. Кожны з іх разумеў, што заставацца дома зусім небяспечна, а як схавацца — яснага адказу яшчэ не было. Але ўсё ж яны парашылі наведацца на кватэру Сёмы.

Старая Сара была здзіўлена такім раннім прыходам Сёмы з работы. Яшчэ больш усхвалявалася яна, калі, прыгледзеўшыся, прыкмеціла трывогу на тварах сына і Зыкава.

— Бяда якая-небудзь? — запыталася яна, уваходзячы ў хату следам за мужчынамі.— Лія недзе гіне цэлы дзень — я ўжо не ведаю, што думаць... і ў вас, відаць, нешта дрэннае.

— Нічога, цётка Сара,— нацягнута-спакойным голасам адказаў Зыкаў, здымаючы чужое гарбарскае адзенне.— Трэба вось хутчэй мяняць свой выгляд — ды драла!

— Як? Куды, сынок? — са спалохам устрапянулася старая.

— Уцякаць трэба, а не, дык пападзеш у моцныя кіпцюры... Ну, Сёма, табе таксама трэба спяшацца.

Старая кінулася да сына, абхапіла яго за шыю.

— І з табою здарылася? Мой родны! — яе слёзы закапалі на плячо Сёмы.— Нам цяжка будзе без цябе... Але ідзі, ідзі, сынок, ідзі, няхай мяне забяруць лепш... Ідзі!

Яна расчапіла рукі, выцерла шурпатаю далонню высушаныя шчокі, вочы і заспяшалася ў сенцы даставаць нейкую там рэч для Сёмы.

— Сёння ж нам трэба выехаць у Бабруйск, там знойдзецца прытулак на нейкі час,— ціха прагаварыў Сёма, як толькі маці выйшла з хаты.— А калі і там стане небяспечна, дык накіруемся ў Гомель — там больш моцная арганізацыя.

— Добра, толькі нам трэба змяніць вопратку ды паведаміць таварышам,— спакойна, быццам справа ішла аб самых звычайных рэчах, адказаў Зыкаў і пачаў здымаць з сябе выпадковую гарбарскую адзежу, якая так трапна дапамагла яму непрыкметным для паліцыі выйсці назад з гарбарні Імрота.

Сёма выйшаў з хаты. Можа, яму трэба было што-кольвечы сабраць на дарогу, можа, ён проста хацеў пабыць некалькі хвілін адным з мацераю. Зыкаў больш тлумачыў гэта другою прычынаю. Схільнасць яго да гэтага тлумачэння залежала ад яго ўласных пачуццяў. Часта наглядаючы сям’ю Кацаў, шчырасць і цеплату адносін паміж старою Сараю і дзецьмі, а таксама і Сёмы да сястры, Зыкаў часта завідаваў гэтай простай сямейнай спаянасці. У яго жыцці, як толькі ён стаў на ўласныя ногі, яму ніколі не даводзілася адчуваць сямейнай блізкасці, і дзеля гэтага бывалі часіны, калі ён востра адчуваў патрэбу ласкі, завідаваў другім, хто меў гэтыя магчымасці. Вось і цяпер, калі праз некалькі хвілін яму давядзецца зрабіць новы крок у невядомую будучыню, можа, было б лягчэй, каб можна было развітацца з мацераю, як Сёма. Думкі гэтыя прамільгнулі, згладзіўшы на момант тую суровасць, якая характэрна была для твару Зыкава ў апошні час. Але так было толькі на момант. Ад Сёмы думкі Зыкава перанесліся на старога гарбара, які збянтэжыў іх на вуліцы сваім перапудам, на гарбарню, на здарэнні гэтага дня, на дзейнасць улады, якая, мусіць, цяпер кідаецца на вобыскі і арышты, на Сымона Кавальчыка, якога засудзілі дарэмна — праз яго, Зыкава. Суровасць, жорсткасць зноў закавала твар Зыкава. Ён упарта, з каменным тварам, глядзеў у акно.

Раптам шоргат абудзіў яго ад задуменнасці. Ад неспадзеўкі Зыкаў уздрыгануў і азірнуўся: у цёмным кутку каля печы сядзела на куфры Гануля. Яна ва ўсе вочы разглядала Зыкава, некалі чырвоны твар яе быў белы як палатно. Зыкаў адразу супакоіўся, успомніўшы, як ён даручыў Ганулю каля будынка суда клопатам Ліі; праз гэта яго не дзівіла яе прысутнасць тут. Гануля ж была, напэўна, усхвалявана гэтым спатканнем, бо там на вуліцы яна не пазнала ў панічы з капялюшыкам Зыкава.

— Здрастуй, Гануля! Як ты апынулася тут? — быццам нічога не ведаючы аб Кавальчыках, запытаўся Зыкаў.

Сударга сцягнула круглы твар Ганулі, і яна затрэслася ў прыдушаным плачы. З хвіліну яна не аднімала ад вачэй падол тоўстага андарака. Гразкія босыя ногі яе дробна калаціліся, глуха грукаючы ў бок высокага куфра, на якім яна сядзела.

— Бацьку засудзілі на катаргу,— ледзь выгаварыла яна, вызваляючы твар з-пад андарака.— Што ж гэта цяпер будзе? — накшталт звычайнага вясковага прычытання працягнула яна.

— За што ж гэта яго? — запытаўся Зыкаў і прыцяў губу зубамі. Яму стала брыдка за нахабнасць гэтага запытання.

— За цябе засудзілі майго бацьку і брата! — са злосцю, ужо без жаднае нуды ў голасе адказала яна.

Зыкаву стала душна. Ён прайшоўся разы два па хаце, шукаючы слоў. Уцешыць дзяўчыну, апраўдвацца перад ёю, сказаць, што ён пойдзе сазнацца перад пракурорам і гэтым вызваліць яе родных — усё гэта круцілася ў яго галаве. Суцяшаць, апраўдвацца — мана, фальш, якой ён не мог дапусціць да сябе, не здольны быў выказаць. Застаецца толькі адно, каб зменшыць гараванне Ганулі і яе мацеры — гэта з’явіцца да жандараў самому. Першы раз паўстала перад Зыкавым у яго жыцці такая задача. Цяжка было губіць справу, якой аддаваў ён сваё жыццё, цяжка было і тое, што праз яго ўчынкі ідзе на катаргу Кавальчык з сынам. А тут яшчэ гэтыя прагныя вочы дзяўчыны неадчэпна сочаць за кожным яго рухам. Зыкаў гатоў быў сказаць, што ён пойдзе даказваць невінаватасць Ганулінага бацькі, але замест гэтага ён запытаўся:

— Ты, Гануля, надта ненавідзіш мяне за свайго бацьку і брата?

Гануля доўга нічога не адказвала. Ружовыя плямкі аздобілі яе крэйдавы твар, у вачах заігралі цёплыя іскаркі.

— Мы з маткаю вельмі пракліналі цябе, як праз гадзіну пасля... пасля забойства прыйшлі з маёнтка і забралі татку з братам. Але... але ўвесь час я праз сябе гаварыла пацеры і прасіла Міколу-цудатворца, каб ён выратаваў цябе... ад напасці.

Сказаўшы гэта, Гануля сарамяжа затулілася рогам хусткі. Зыкаў як укопаны запыніўся сярод хаты, без жаднае патрэбы выцягнуў з кішэні акуляры, асядлаў імі нос, потым зняў іх, зноў начапіў. Словы Ганулі так ускаламуцілі яго істоту, што ён страціў на нейкую хвіліну яснасць уяўлення акаляючага. Каб з ім змагаліся, патрабавалі ад яго чагось, тады ён гатоў бы дзейнічаць. А цяпер як быць? Нязграбна падышоў ён да куфра і моцна сціснуў сухую і цвёрдую, як дубовы корч, руку дзяўчыны. Незвычайная да такога жэсту, яна груба турзанула працягнутую ёй руку Зыкава.

Ён адчуў нешта цёплае на сэрцы. Ён нават мог лічыць, што яму ёсць з кім развітацца перад адбыццём у іншыя мясцовасці на немаведама які час. Можа, ён і загаварыў бы аб гэтым, але Гануля дала іншы напрамак думкам.

— Ты мусіш зноў уцякаць, я чула. Дык чаго ж вы марудзіце, крый божа вас тут зловяць?

— А і ўсапраўды!.. Куды ж ты пойдзеш, Гануля? — напаследак прагаварыў Зыкаў.— Добра было б, каб і ты пакінула гэтую хату, пакуль прыйдзе сюды паліцыя.

— Добра, я зараз! — і Гануля швідка саскочыла з куфра; яна схапіла свой клумачак, завязала яго і пачала апранаць рыжую цёртую сярмяжку.

— Не! ты крыху пачакай, уперад мы выйдзем... Дык як ты думаеш, мне трэба ісці вініцца за ўрадніка ці не? — з вялікаю напружанасцю запытаўся Зыкаў, стоячы ўжо каля дзвярэй.

— Не! — зусім ціха, але выразна адказала дзяўчына.

Гэтая самаахвярнасць дзяўчыны, якая па-дзіцячаму проста аздабляла сваю прыгажосць фарбаю ад каляровае паперы, была зусім незразумелаю. Яна не патрабавала, каб Зыкаў сваім прызнаннем вызваліў яе родных ад катаргі. Ці гэта была ўсвядомленасць ёю грамадскага значэння працы яго, Зыкава, ці яна проста не верыла ў магчымасць вызвалення бацькі, нягледзячы ні на якія ахвяры і лічачы прысуд як кару нябеснае сілы, ці тут было што яшчэ іншае. Перад Зыкавым прамільгнулі ўсе гэтыя запытанні ў той кароткі час, як ён апранаў прынесеную Сёмам сялянскую сярмяжку, якая павінна была пасобіць яму ўцячы з горада.

У хату ўвайшла і старая Сара. Яна дасціпна, як выправаджваючы сына на работу, пасабляла мужчынам прыняць іншы, не рабочы выгляд.

— Ну вось,— задаволена гаварыла яна,— цяпер вы якраз вясковыя дзецюкі. Яшчэ толькі набярыце сабе на рынку абаранкаў, пасвісцёлаў, бутэльку дзёгцю — і тады да вас прычэпкі не будзе.

— А як жа вы, цётка, без Сёмы жыць будзеце? Трэба, каб вам тут нашы дапамаглі хто кольвечы,— прагаварыў Зыкаў.

— І-і, сынок! Вашым усім туга будзе, а мы з Ліяю як-небудзь пераб’емся: рублі са тры ў мяне ёсць — на месяц хопіць, а там... можа, Ліечка работу дастане.

— Ну дык будзь здарова, мама! Не бядуй па мне,— сказаў Сёма і бокам, не паглядзеўшы нават на маці, пасунуўся ў сені.

Але Зыкаў і Гануля нават і не выйшлі з хаты: Сёма загарадзіў ім дарогу. Праз момант ён уціснуўся зноў у хату, за ім ускочыла, ледзьве пераводзячы дух Лія. Агромністыя, прамяністыя вочы яе свяцілі, як ліхтары, губы былі сцяты, адкрыты лоб блішчэў расінкамі поту.

— Хутчэй! Па вуліцы ідзе паліцыя!

Яна гаварыла прыдушана ціха, з перацінкамі ад заморання хуткаю хадою і ад усхвалявання перад пагрозаю. Але голас яе сярод смяротнай цішыні, якая напоўніла хату, здавалася, гучаў як набатны звон.

— Не крычы так! Далёка яны? — як чужым голасам, запытаўся Зыкаў.

— Бачыла я, як яны з завулка выйшлі на нашу вуліцу.

— Зашчапі дзверы на крук!

— Адсоўвай камод, залазь у каморку!

— Пісталет каб быў у кішэні.

— А там з каморкі — на дах і ў сад!

Праз момант дзірка ў каморку, дзе так часта начаваў Зыкаў, была вольнаю. Першаю сунулі туды Ганулю — пакідаць яе было нельга, бо можна было навесці паліцыю на след уцякаўшых. Яшчэ момант — І ў бакоўцы апынуўся Зыкаў, які зараз жа застукаў дзверкаю ў столі.

— Не пушчайце іх, пакуль не заложыце дзіркі і не заставіце камодам! — апошнім высоўваючы галаву ў хату з каморкі, параіў Сёма.

— Вось ужо мільгаюць за плотам... вось пярэдні адчыняе брамку! Хутчэй, Сёма! — хрыпела Лія, з жахам у вачах пазіраючы ў акно.

Кабеты кінуліся закладваць калодкамі дзірку ў каморку. Яшчэ не залажылі яны апошняга бруса, як тупат пачуўся каля самай хаты.

— Хутчэй... камод!

— Не чапляйся за завесу, каб не ўбачылі праз акно!

У дзверы груканулі ўладна і настойліва.

— Хутчэй камод!

Але камод рухаўся павольна. Рукі трэсліся, у нагах млявасць. На ліха камод зачапіўся недзе рогам за вытыркшую з падлогі дошку і ніяк не слухаўся, ківаючыся на месцы пад нямоцнымі рукамі перахваляваных кабет.

У дзверы загрукаталі так, што дрыжалі хліпкія сцены хаты; жаласна звінелі шыбкі ў вокнах.

— Ну, мама, што ж гэта будзе! — шаптанула Лія.— Давай схопім яшчэ! Жудасць моманту надала сілы кабетам, і непаслухмяны камод напаследак трапіў на сваё звычайнае месца. Шчыльна да яго, паўз сцяны прыставілі яшчэ тапчан з раскіданым па ім ашамеццем.

Грукат у дзверы аднавіўся з новаю сілаю. Сара, ледзь цягнучы ногі, пайшла ў сенцы. Крук бразнуў, скінуты з прабою.

— Тут жыве Сімон Кац? — агаласіў хату густы, басісты голас. Увайшоў тоўсты прыстаў у шэрым афіцэрскім шынялі, а за ім два чорных паліцыянты. Лія акінула іх вокам і зірнула за акно: там таксама тырчалі чорныя слупы. Непрыкметна прыцінаючы губы, Лія праглася стрымаць нутраную дрыготку. Перад яе вачамі стаяў малюнак, як выцярэбліваюцца з чужога саду брат з Зыкавым.

— Што ж ты, ягадка, не адказваеш? — раздаўся зноў нахабны голас.

— Сімон Кац жыве тут! — чуць дрыжаўшым голасам адказала Лія.

Старая Сара, хістаючыся, увайшла ў хату і прыпынілася каля парога, абапёршыся аб вушак.

— Ты што ж, чортава ведзьма, так доўга не адчыняла,— зароў на яе прыстаў.— Чаго ты хаваешся сярод божага дня, як зладзейка?

— Завошта пан прыстаў так лаецца? — нервова запыталася Лія, крануўшыся да мацеры, каб падтрымаць яе.

— Не ўвязвайся, хлюндра, не ў сваю справу,— асек яе прыстаў.— Скажы, качарга, Сімон — твой сын?

— Так! — спакойна адказала старая.

— А дзе ён зараз?

— На рабоце, ён кожны дзень працуе ў гарбарні Імрота. Яшчэ рана быць яму дома... А ў пана прыстава справа якая-небудзь да майго Сёмы?

— Не табе аб справах ведаць. Дык ён не прыходзіў з работы, кажаш?

— Далібог, не!

— Брэшаш, сука! Ану, Бандарчук, страсяні там барахло!

Праз некалькі хвілін скарб Кацаў быў ператрэсены да самае малое злыбеды. Сёму шукалі ў сенцах, на печы, пад печчу, у куфры; распаролі падушкі, сеннікі з трухляваю саломаю, шукаючы кніжак, папер. У Ліі калацілася, замірала сэрца кожны раз, як краталі ахоўны камод; ён лёгка пасоўваўся пад рукамі дзябёлых з рыжымі вусамі градавых. Вось адставяць яго ад сцяны і адразу знойдуць заложаны калодкамі ход у каморку, а там, напэўна, ёсць нелегальшчына. Але верны камод не сыходзіў далёка ад свайго месца.

Ператрэслі, перавярнулі ўсё, напусцілі поўную хату пылу, пуху. Прыстаў раз-пораз чхаў, пэцкаючы бялюсенькую хустачку. Ён нерваваўся, што прыходзіцца пакідаць хату з пустымі рукамі. Выходзячы, ён нешта зашаптаў двум паліцыянтам. Праз хвіліну ўвесь кардон знадворку таксама быў зняты і чорныя сілуэты хістануліся за плотам на вуліцы.

Дзень пачаў згасаць, апусціўся змрок, прыйшла ноч, а два паліцыянты сядзелі ў хаце Кацаў. Яны не выпускалі на двор ні Лію, ні маці. Уначы яны драмалі па чарзе, несучы вахту з нарыхтаванымі пісталетамі.

Кабеты не лажыліся. Старая Сара сноўдалася па хаце, сенцах, нібы не знаходзіла сабе месца, дзе супачыць. Лія трывожна думала аб лёсе Сёмы і Зыкава.

— Дзе яны зараз, ці ўцяклі яны? — шаптала яна мацеры, датыркаючыся яе вуха сваімі гарачымі губамі. Усю ноч, усю вясновую раніцу трапяталі дзве кабеты. У змроку пяшчотнай вясновай начы маячылі ў маленькай хатцы два чорныя сілуэты, трымаўшыя ў руках цьмяна блішчэўшыя браўнінгі.

Каля восьмае гадзіны, калі ранішняе сонца ружовымі праменнямі прасякала абсыпаны белаю цвіценню суседні сад, Лія ішла паміж двух чорных шынялёў. На плячах іх іскрыліся шаблі, кабуры на баках былі расшпілены.

 

VI

Абапал шляху раскінуліся неабсяжныя прасторы палёў. З аднаго боку ішлі шырачэзныя роўныя палеткі, якія належалі пану Ляскоўскаму. Яны рунелі буйна росшым жытам, сівелі маладымі парасткамі аўса. Па другі бок беглі ўдалечыню вузкія шнурочкі сялянскіх надзелаў, сярод якіх трапляліся выразкі ў адным больш буйным кавалку, адкуль блішчалі сваёю навізною хаты і іншыя будынкі. Гэта — нядаўна ўтвораныя хутары. Паміж надзельных стужак чарнеліся загоны, да якіх яшчэ не датыкаўся плуг ці саха. Пад ясным сонцам, сярод свежае руні гэтыя загоны выглядалі нудна, як кінутыя шкілеты. Пачарнелае жніўе з мінулага лета ашчэрвалася, як дзёсны з віхляючымі зубамі. Лебяда, аўсюг, валошка прабіваліся асобнымі кустамі, пышна разрастаючыся на прасторы. Такою была стужка, каля якое запынілася Гануля. Яе ведала яна з дзяцінства, ад яе часта яна адчувала ламоты ў спіне пасля палоння. Але ніколі раней аб гэтай пары загон не выглядаў такім недагледжаным. Толькі цяпер ён стаў такім. Гаспадары, у якіх няма коней, апошнімі ўзаруць і засеюць свае загончыкі. Той, хто мае каня і плуг, перш скончыць свае работы, а потым ужо, калі зжаліцца, дасць каня бедаку. Вось і ляжаць няўзоранымі, незасеянымі гэтыя закончыкі аж да канца мая. Варона ўжо хаваецца ў жыце (значыць, можна пачынаць купацца ў рэчцы, авёс пайшоў у стрэлку на загонах багатыра, а бясконны бядак толькі пачынае корпаць задзірванелы локаць зямлі.

Гануля зняла торбачку з плячэй, палажыла яе разам з кійком на зямлю, а потым і сама села. Да хаты заставалася прайсці яшчэ не больш як вярсту, але босыя ногі яе падбіліся ад доўгае хадзьбы. Ад самага Мінска яна ішла, заначаваўшы толькі адзін раз у нейкай вёсцы, якая трапілася на гасцінцы. Змораная падзеямі і дарогаю, яна бесцікаўна глядзела на запушчаную дзікую палоску поля. Ні прыгажосць шырокага краявіду з бліскучаю рэчкаю ўдалечыні, ні яснае сонца, ні песні жаўранкаў увышыні блакітнага неба не прыцягвалі яе ўвагі. Яна толькі ўспомніла, як, бывала, вольна і весела пяяла, ходзячы за бараною па гэтым загончыку. Ён цяпер маўклівы і непрыветны, нудны, як дажджлівы дзень увосень.

Грукат калёсаў абудзіў дзяўчыну. Яна ўстала, закінула на спіну торбачку і пайшла абочынаю дарогі. Але жаданне папасці дадому, якое надавала ёй сілы хутчэй ісці, цяпер згінула, і ногі яе ледзь валачыліся па зямлі.

— А, Гануля, ты, мусіць, пёхам з горада? Ну, ідзі падвязу!

На возе, побач з блішчастым плугам сядзеў суседні дзяцюк. Сыты конь лёгка ступаў, уздымаючы белаваты пыл. Увесь панарад быў моцны і ладны. Гануля кінула вокам на воз і адмоўна заківала галавою.

— Зухаўства, бадай, набралася ад катаржнікаў! Ха-ха-ха! Бывай здарова.

Дзяцюк турзануў лейцамі, і конь шпарка памчаўся да вёскі. Гануля праглынула салоныя слёзы і сышла ад гасцінца ў поле, каб далей ісці не вялікаю дарогаю, а глухою сцежкаю.

Яшчэ здалёк хата Кавальчыкаў прыцягвала да сябе ўвагу чорным трохкутнікам пустаты ад адарванае палавіны страхі, якая некалі была над новаю прыбудоваю. Новая хата, прыбудаваная да старых сенцаў з другога канца, была прададзена. Канцы лат старой страхі, рознай даўжыні, як скрыўленыя пальцы, тырчалі ў паветры і больш падкрэслівалі выгляд разбуранасці. Старая хата быццам яшчэ больш асунулася ў зямлю, маленькія аконцы яе, з рэдкімі цэлымі шыбамі, падслепавата жмурыліся на сонцы. Гэтая падкрэсленасць убогасці і разбуранасці яшчэ больш прыгняла Ганулю, і яна, як была з торбачкаю і кіёчкам, так і села на прызбе, быццам прыйшоўшы не ў свой дом. Тут і знайшла яе маці, старая Сымоніха.

Старая, даведаўшыся аб прысудзе, заенчыла, застагнала, загаласіла, як галосяць па нябожчыках. Яе прычытанні разносіліся далёка па вёсцы. Зараз жа на двор Кавальчыкаў сабраўся натоўп народу, спачатку дзяцей і кабет, а потым пачалі падыходзіць і мужчыны. Дзеці з разяўленымі ратамі моўчкі разглядалі Ганулю, якая была так далёка ў горадзе; кабеты ківалі галовамі пад прычытанні Сымоніхі, а некаторыя, больш жаласлівыя, самі прыняліся плакаць. Мужчыны падыходзілі, кідалі вокам на Ганулю з мацераю і адыходзілі ўбок, прыходзіўшыя пазней віталіся з раней прыйшоўшымі мужчынамі і пачыналі закурваць, пытаючыся, як скончана сяўба, як расце бугай, ці хутка будзе пераязджаць хто на хутар. Быццам спецыяльна на гэтым месцы трэба было ім працягваць гутарку аб тым, аб чым якраз учора гаварылі на прызбе якога-небудзь Халімона ці Мікіты. Толькі мімаходам, як драбніцу паміж пытаннямі аб бугаі альбо ацёле, хто-небудзь кідаў:

— А прыпяклі Сымона, га?

— А то не! Як жа! — адказаў другі і працягваў гамонку аб тым, як ён ехаў, ды на дарозе супоня развязалася, ды як ён чуць хамута не сапсаваў, не хутка прыкмеціўшы здарэнне з супоняю.

— Занівошта гіне чалавек,— падаваў хто рэпліку, разглядаючы ўважліва шпакоў, якія завіхаліся на ліпе за хлявом.

— Ці хто ведае, як гэта было? Начальству там лепш відаць... Ого, брат, начальства, яно... таго... усё ведае.

Адказ такі — супакойваючы, думаць над ім — залішне.

І гутарка ідзе сваім парадкам: аб лагу, аб пярэстай карове Якуба, якая прывяла блізнюкоў, і аб шмат іншых не менш важных пытаннях.

Натоўп пакрысе пачаў разыходзіцца.

— Дзякуй людцам добрым, што прыйшлі спачуваць у бядзе,— звярнулася Сымоніха да мужчын, хоць спачування ад іх яна і не чула. Кабеты, што плакалі, уцерліся і загаманілі, праганяючы дамоў дзяцей. Гануля з мацераю, прыгнуўшыся, хіснуліся ў чорную шчыліну дзвярэй.

На другі дзень маці, уздыхаючы, паведаміла, што ў іх, апроч некалькіх кошыкаў бульбы, больш нічога няма. За ўвесь час, як Гануля была ў горадзе, старая ні разу не паспрабавала хлеба.

— Што ж будзе далей? — быццам у самое сябе пыталася Сымоніха.— Старэйшы сынок мой угару пайшоў, цяпер мяне і на парог да сябе не пускае... Арыштантка, кажа... Ох, божачка ж ты мой!

Гануля маўчала. Ранняя суровасць закавала яе малады, не так даўно бесклапотны твар, які песняю сустракаў галодны дзень. Цяпер спевы вылецелі з галавы. Трэба было змагацца за жыццё, а як змагацца, куды пайсці, з чаго пачаць, яна не ведала. Напаследак яна прыдумала.

— Ведаеш, матка, я ў наймічкі пайду,— сказала яна рашуча.

— Да каго ж гэта?

— Яшчэ не ведаю. Можа, да Шкілёнка: кожны год ён наймае на лета і восень. Зямлі ў яго хоць задавіся.

— Ну што ж, спрабуй, хоць мне і цяжка пускаць цябе да гэтага жылы.

Зборы былі нядоўгімі. Накінуўшы дзіравую хустку, дзяўчына, як была ў кашулі і андараку, так і пайшла. За агародамі і першым вясковым полем у шнурочках пачаліся больш буйныя кавалкі, на якіх размясціліся паасобныя гаспадаркі.

Шмат якія з іх мелі новыя будынкі, весела блішчаўшыя на вясновым сонцы. Пан Ляскоўскі, які на Дваранскім Сабранні так горача вітаў зямельную і сялянскую палітыку Сталыпіна, упарта праводзіў вылучэнне з вёскі заможных гаспадарак і рассяленне іх на хутары. Пад іх вылучаліся лепшыя кавалкі сялянскай зямлі, хоць на сходах большасць сялян супярэчыла гэтаму. Але пастановы сходаў выходзілі нейкімі якраз адваротнымі і выдзелы зямлі хутаранам рабіліся быццам на падставе пастаноў саміх сялянскіх сходаў. Прымалася адна пастанова, а запісвалася зусім другая. Дзеля гэтага ўсялякія абскарджанні ў суд нічым не канчаліся, апрача таго, што беднякі, жыўшыя на вёсцы, трацілі апошнюю маёмасць на хадакоў і адвакатаў. Верхавіна заможнікаў і хутаран лёгка даставала крэдыт і скупляла кавалкі панскіх пусташаў, што ў першую чаргу было лагодна самім панам. Ляскоўскі, меўшы шмат такіх бескарысных зямель, зарабіў на гэтым вялікія грошы, распаўсюджваючы чуткі, што ён прадасць вольныя землі наезджым з другіх бакоў сялянам. Ляскоўскія заможнікі-сяляне наперабой хваталі пусташы, падвышаючы адзін супраць другога цэны, якія былі недасяжны не толькі для беднякоў, але і масы серадняцтва.

Шкілёнак, да якога ішла цяпер наймацца Гануля, быў даўнейшым хутаранінам. Ён ужо далічаў сябе да шляхты і з вясковымі сялянамі трымаўся, як «высоканародны». Ён ездзіў і да яго ездзілі шляхцічы такога ж гатунку, ксяндзы, папы, пісар з воласці, два-тры настаўнікі з мястэчка. Чацвёрты раз падрад ён выбіраўся валасным старшынёю. Хоць іншы раз ён і загаворваў аб загане для «шляхціца» быць сялянскім старшынёю, але нейкія патаемныя спрунжыны прымушалі яго кожны раз з новаю сілаю дамагацца старшынёўства. Кожныя тры гады ўсе дзесяцідворныя на працягу тыдня хадзілі звар’яцелымі ад гарэлкі. На валасным сходзе пры выбарах старшыні аднадушна галасавалі за Шкілёнка. Земскі віншаваў яго і на шэрай шкілёнкавай пары ехаў у дом свайго падручнага святкаваць яго перамогу.

Шкілёнак выносіў і ўсе пастановы аб хутарскіх выдзелах. Ён жа з ласкавым удзелам пана Ляскоўскага даставаў крэдыты ў «Крестьянском Поземельном» банку, карыстаючыся не толькі падзякаю і пашанаю, але і часткаю здабытых для другіх грошай. Кожны год яго землеўладанне ўзрастала, акруглялася. Сядзіба яго была невялікім, але добра ўпарадкаваным маёнткам.

Гануля ішла — і з кожным крокам траціла сваю рашучасць. Калі перад ёю ўзвысіліся размаляваныя вароты шкілёнкавае сядзібы, сэрца яе замёрла: яна спалохалася. Ногі непаслухмяна ступалі, несучы яе да брамкі з боку ад варот. Некалькі хвілін яна пастаяла перад брамкаю, глынула паветра і абяссіленаю рукою дакранулася да халоднае дзябёлае клямкі. Сярдзітае гурчанне двух сабачых галасоў надало ёй новую хвалю страху. Яна стаяла нерухома. Але вось на дварэ пачуўся жаночы голас, праганяўшы сабаку. Гануля схапілася за клямку, шыбанула са ўсяе сілы брамку і шмыганула на двор. Сабакі ашалелі ад брахні. Кабета крыкнула на іх і звярнулася да Ганулі.

— Чаго табе трэба? Мы жабракоў не пускаем на двор!

Гануля залілася чырванню.

— Я не жабрачка, я прыйшла да гаспадара.

— Табе трэба да самога пана?

— Я хачу пагаварыць з самім Шкілёнкам.

Кабета пакруціла носам і павярнулася да ганка.

— Пачакай тут на ганку, а то цябе сабакі абязвечаць на двары.

Гануля ўзышла на крыты ганак, які на локаць ад падлогі быў зашклёны рознакаляровымі шыбамі. Сінія, ружовыя плямкі лажыліся на падлогу там, куды падалі праменні сонца. Гэтыя плямкі гойдаліся ад слабога хістання ліпы, галля, якое кідала крыху цені на ганак. Гануля доўга чакала, пакуль выйшлі да яе. Яна па-дзіцячы цікаўна разглядала шыбкі, цудоўныя плямкі на падлозе, дамагалася, каб як-небудзь не ступіць гразкаю нагою на свежа выфарбаваныя дошкі яе. Нерухома стаяла яна на вузкай посцілцы, дарожкаю лёгшай да дзвярэй у пакоі. Яна чула, як тупалі цяжкія боты ў пакоі, як босыя ногі паспешна грукалі ўзад і ўперад; потым зазвякалі шклянкі, талеркі. Мусіць, снедалі. Гануля глытнула сліну, у жываце яе заныла. Думка аб тым, што ёй хочацца есці, так прыстала да Ганулі, што яна не магла ніяк адкараскацца ад яе. Рознакаляровыя шыбкі страцілі ўсякую прывабнасць. Каб сцішыць пачуццё голаду, Гануля хацела крыху пахадзіць, але сабакі зноў паднялі досыць злоснае гурчанне. Можа, і сабакі былі таму прычынаю, што ўспомнілі ў пакоях аб наведвальніцы. Боты цяжка застукалі, і праз хвіліну на ганак выйшаў сам Шкілёнак.

— Шкілёнда,— успомніла Гануля адразу мянушку старшыні. Ад гэтае «шкілёнды» ёй стала так смешна, што яна чуць стрымалася ад рогату, забыўшыся і аб голадзе, і аб тым, дзеля чаго яна прыйшла сюды. І сапраўды, Шкілёнак так падобны быў да тоўстае каўбасы, якую завуць шкілёндаю, што гэтая мянушка падыходзіла якраз пад сутнасць уяўлення яго асобы. Роўна наліты ад галавы з тоўстаю шыяю да мяккіх сцёгнаў, на якіх вось-вось маглі трэснуць грэнадэрскага сукна нагавіцы, ён рабіў уражанне добра напханае шкілёнды. Раздвоеная крыху барада пад Аляксандра ІІІ, нізкі навіслы над вачыма лоб, поўныя ружовыя шчокі, маленькія, захаваныя, але вострыя вочы надавалі яму і просты, і ў той самы час жорстка-хітры выгляд.

Шкілёнак абвёў сваімі крацінымі вачамі Ганулю, крыху зморшчыўся, заўважыўшы адбітак яе ступака на тлуста пафарбаванай падлозе, блішчаўшай сваёю навізнаю.

— Магла і на дварэ пачакаць, а то напляміла тут, як...— былі першыя словы Шкілёнка. Гануля сполахна зірнула на след, які яна пакінула на ззяўшай падлозе; нават і смех, які трапятаў у ёй ад мянушкі Шкілёнка, раптам пакінуў яе. Яна вінавата пераводзіла вочы са Шкілёнка на падлогу — і назад.

— Ну, чаго ж табе трэба ад мяне? — разгладжваючы рукамі сваю двайную бараду, запытаўся старшыня.

— Я... я прыйшла прасіцца ў наймічкі да вас,— ціха і нясмела адказала Гануля, чырванеючы ад сораму. Ёй здавалася, што яна просіць міласціны.

— Мы наймаем толькі да пакроў.

— Мне хоць бы і на гэты час.

Шкілёнак уважліва агледзеў Ганулю, як гандляр каня, якога ён купляе.

— Ты, можа, і нішто... здаровая. А адзежа ў цябе ёсць? — запытаўся гаспадар, разглядаючы лапінку голага пляча, выглядаўшага праз дзіравую сарочку дзяўчыны. Гануля ўспыхнула. Ёй цяжка было прызнаць сваю сярмяжку за адзежу; адзіны ж свой машастовы каптан на кудзелі яна берагла, як ахвярную каштоўнасць.

— Я адзежы не даю, прымаю толькі тых наймічаў, якія прыходзяць у сваіх уборах.

Гануля вырашала найцяжэйшую задачу, можа, больш цяжкую, як пабудова Суэцкага канала. У яе адзежы няма, але прызнацца ў гэтым нельга, бо можна адразу страціць надзею на атрыманне работы.

— У мяне ёсць адзежа для работы,— з натугаю выгаварыла яна.

— Ну, тады добра! — недаверліва працягнуў Шкілёнак.— Прыходзь з заўтрашняга дня... Я кармлю і плачу два рублі ў месяц.

— Дзякую вам, пане старшыня! — узрадаваная тым, што скончылася размова і што яна будзе мець заработак. Гануля ведала, што наймічкі ўсюды, асабліва ж у Шкілёнка, працавалі столькі, колькі гэтага хацеў гаспадар, а пры работах у полі — дык ад чацвёртае гадзіны раніцы да дзесятае гадзіны ўвечары. Але цяжкасць працы не палохала яе. Яна рада была, што будзе мець больш сталы, хоць на паўгода, заработак.

Гануля ўжо выйшла з ганка, на яе загурчэлі сабакі. Гаспадар, які таксама выйшаў на двор, улюкаў сабакам, сцішаючы іх. Калі Гануля была ўжо каля брамкі, гаспадар запытаўся ёй услед:

— А чыя ты будзеш?

— Я дачка Сымона Кавальчыка з вёскі.

— Ах, дык ты Кавальчыкава адроддзе? Мне такія наймічкі непатрэбны! Арыштанская дачка ідзе да мяне ў наймічкі — ха!.. Вон з двара хутчэй! Ідзі вось бярвенне цягай у вадзе разам з іншаю галайстраю, а не ў наймічкі да мяне.

Сабакі абазляліся таксама, як і гаспадар. Яны гурчалі ўсё мацней, і, калі гаспадар крыкнуў «вон», яны, распаленыя дзікаю злосцю, кінуліся на Ганулю. Дзяўчына выскачыла з двара і зачапіла брамку перад самымі іхнымі пыскамі. Ашалелыя сабакі кідаліся на вароты, брамку, скрабучы кіпцюрамі дошкі і равучы ў непрытомнасці.

Сабачае гурчанне, брэх чуцён быў доўга яшчэ Ганулі. Яна азірнулася ў полі на зялёны жалезны дах шкілёнкаўскага дома, на вокны, якія скалілі на яе зубы, смеючыся на сонцы. Яна ўцерла падолам слязіну і, сагнуўшыся, як старая кабета, змораным крокам накіравалася ў вёску.

— Ну як, Гануля? — трывожна, з надзеяю запыталася маці, калі яна ўвайшла ў хату, дзе тхнуць нельга было ад дыму і чаду.

— Аніяк... Сабака! — злосна вылаялася дзяўчына.

— Здзекуецца, трэба іх агнём паліць,— дадала яна, сядаючы за стол, на якім стаяла гліняная міска нішчымнае бульбы.

 

VII

Жорсткая парада, якую даў Ганулі Шкілёнак, ажыццявілася. Цераз дзень яна вымушана была пайсці ў невялічкі, збіты з аполкаў, домік, які стаяў на высокім беразе рэчкі, якраз супраць канавы, што роўнаю стужкаю ўлівалася ў рэчку з неабсяжных лясоў. Адтуль паслалі яе разам з іншымі аднавяскоўцамі, а таксама наезджымі незнаёмымі людзьмі звязваць бярвенні ў плыты. Рэчка і канава на вялікай даўжыні былі завалены дрэвам — ад тонкіх стройных жардзін да страшэнных каравых калод, якія чорнымі чудзішчамі гультаявата калыхаліся на жаўтаватай вадзе. Каб перацягнуць іх у іншае месца, выраўнаваць адно к аднаму, патрэбна было сілы дзесятка людзей. З бусакамі ў руках, мокрыя па шыю лазілі людзі ў несагрэтай яшчэ раннім вясновым сонцам вадзе і хаатычна наплаўленыя бярвенні выкладвалі ў роўныя чатырохкутнікі, звязваючы іх скручанымі з лазы канатамі. Сабраныя шпалы блішчалі бялізною і зухавалі сваімі строгімі простамежнымі фігурамі; іх не звязвалі і збівалі цвікамі да аднае латы.

Ганулю сустрэлі на рэчцы смехам і кпінкамі. Кабет на такой рабоце звычайна не было. Куды б яна ні павярнулася, за ёю наглядалі дзесяткі вачэй, падміргвалі адзін аднаму, весела рагаталі, хоць холад зводзіў сударгаю сківіцы.

— Лезь у ваду, не бойся! — крычаў адзін.

— А як жа будзе са спадніцаю? — рагаталі з другога боку.

— З спадніцы выйдзе парасон.

— Спадніца будзе на вадзе яе трымаць... Можна і ў вір ісці, спадніца вытрымае — не ўтопіцца дзяўчына.

Гануля маўчала доўга, сцяўшы зубы. Яна дамагалася паказаць сілу, якая была і ў мужчын.

Бусак паслухмяна хадзіў у яе руках, таўсцеразныя крыжы ішлі туды, куды накіроўвала іх яе сіла. Але брыдкія кпінкі хвалявалі дзяўчыну, злосць ускіпала, рукі дрыжалі.

— Ой, ой, замокнеш, вышэй...— крыкнуў рыжы лахматы мужчына, скалячы зубы і бессаромна разглядаючы яе голыя ногі.

— Гады вы паршывыя! — звонка сарвалася Гануля.— Чаго прычапіліся?

Рогат дваццаці горлаў быў у адказ на гэта.

— Ну над чым іржаце, як жарабун? Нябось, аўсом вас не кармілі!

Хмурны з сіняватым тварам, на якім рэзка выступалі жалвакі на сківіцах, чалавек сурова аглядаў без парадку раскіданых па вадзе людзей. Гэтая суровасць выгляду адразу прыпыніла смех: нельга было рагатаць, убачыўшы гэты твар. Людзі вінавата, як нашкодзіўшыя дзеці, апускалі вочы і больш старанна прымаліся за працу.

— Ад голаду гібеем, хварэем, мром ад гэтага лазання ў вадзе — а тут яшчэ кпінкі над дзяўчынаю! Вы, можа, чулі, дзе яе бацька? — роўным адзеравянеўшым голасам кідаў словы хмурны чалавек. Ніхто яму не адказваў.

— Ведаеце, значыць? Ну дык і прычыніце свае лязгаўкі.

Больш ужо ніхто не зачапляў Ганулю насмешкамі. Яна прыглядалася да хмурнага чалавека і не магла ніяк здагадацца, хто ён. Гэта не вясковы, напэўна: у Ляскаўцах яна ведала, бадай, усіх. Толькі на другі дзень яна даведалася, што гэта быў рабочы з папяровай фабрыкі пана Ляскоўскага. Стала ёй вядома, што не адзін гэты хмурны наладжвае плыты: яшчэ шмат папернікаў працуе на выплаўцы. Гануля пачала больш цікавіцца рабочымі. Яна прыйшла да пераканання, што рабочыя больш па-таварыску адносяцца адзін да другога, да сялян, якія працавалі на плытах. Рабочыя супольна нараджваліся аб заробку, аб часе працы, тады як многія з сялян заскоквалі паасобку да канторшчыка, збівалі цэны, каб толькі забяспечыць уласны, асабісты заробак. Праз гэта з кожным днём расцэнкі на працу зніжаліся. Рабочыя ўжо не здаваліся Ганулі адасабовымі людзьмі, якіх трэба цурацца, як «гарадскіх жулікаў» (так звала некалі маці Ганулі рабочых з гуты).

Праз кароткі час Ганулі стала вядома, што там, на пескавой гары, у дашчатых халупах, людзі знаходзяцца ў вялікай бядзе. Шмат каму з рабочых і іх сем’яў няма чаго есці, няма заработку; людзі хварэюць, дзеці мруць, ледзь ператрываўшы сцюдзёную зіму. Беспрацоўе з’явілася больш страшным пакараннем, як дваццаціградусавы мароз на адчыненым для ўсіх ветраў месцы жылля гутнікаў і папернікаў.

З самае ранняе вясны, калі папяровая фабрыка прапрацавала толькі нейкі кароткі час, пачаліся ператрымкі ў вытворчасці. Рабочыя былі надта занепакоены тым, што аднойчы, як толькі крануўся лёд на рацэ, значная частка запасаў папіргольцу для фабрыкі была сапхнута на ваду. Трывожнае запытанне лятала па халупах рабочых, насілася над дахамі папяровае фабрыкі і гуты: дзеля чаго гэта робіцца? Праз тыдзень рудыя чатырохкутнікі заслалі рэчку і крануліся ўніз за вадою. На беразе засталіся нязначныя плямкі нарыхтаванай для паперні яліны. Работа пачала скарочвацца, а разам з тым — і заработак рабочых. Яшчэ праз нейкі кароткі час шмат каму з рабочых, асабліва тым, хто здаваўся спачуваўшым Зыкаву, абвясцілі, што яны трацяць працу на фабрыцы і што заработак ім зусім не будзе выплачвацца. Усхваляваным рабочым, якія не так даўно былі закліканы сюды на работу і якія ўжо страцілі яе, пан Ляскоўскі адказаў, што паперня скарочвае вытворчасць з-за недахопу драўніны. Нуда, ахапіўшая ўсіх рабочых, нават і тых, што засталіся на фабрыцы, змянілася вялікім абурэннем, якое было выклікана хлуснёю валадара фабрыкі: следам за дрэвам, узятым з фабрыкі, на рэчку пушчаны былі новыя вялізарныя масы ельніку. Нягледзячы на вясну, пан Ляскоўскі і Ліўшыц секлі, крышылі дальны лес і аграмадамі кідалі яго на ваду. Ні паленца не давалася з гэтых новых высечак для паперні.

Са старахам, абурэннем, неразуменнем глядзелі рабочыя, як міма паперні цягнуліся па рэчцы бясконцыя стужкі яловага лесу. Фабрыка ж ледзь варушылася. На пескавой гары трывога ўзрастала. Некалькі чалавек рабочых, з ліку нежанатых, кінулі ўжо Ляскаўцы і падаліся шукаць заработку ў іншых месцах. Сямейныя не маглі крануцца: яны былі без працы, галадалі і вымушаны былі сядзець на месцы. Напаследак яны не вытрывалі і ўсхваляваным натоўпам рынуліся ў маёнтак, з рабочымі ішлі кабеты, дзеці.

— Працы! Працы! — застагнаў натоўп на розныя галасы, як толькі крыху збянтэжаны паказаўся на балконе палаца пан Ляскоўскі.

— Якую ж працу я дам вам? Паперня скарочана ў рабоце, і не буду ж я плаціць вам грошы за нішто. Зразумелі? — Пан Ляскоўскі пачаў досыць мяккім голасам, але з кожным словам ён рабіўся ўсё больш жорсткім. Апошняе слова «зразумелі» ён выкрыкнуў так, як крычыць прыганяты; з поўным уяўленнем свае сілы і выразнаю варожасцю да паднявольнага.

— А чаму ж фабрыка не працуе? Навошта нас здрадзілі? — крычалі рабочыя.

— Я гаспадар фабрыкі, а не вы! Мая справа, што хачу, тое і раблю з фабрыкаю! Каму кепска жывецца тут — дарога вольная,— смакуючы словы і прымаючы найбольш выдатныя, як яму здавалася, позы, адказваў Ляскоўскі.

Худыя твары з азлобленымі вачыма, гразкія застарэлыя вопраткі, мізэрныя апоркі на нагах выклікалі ў Ляскоўскім пачуццё агіднасці. Ды яшчэ гэтыя мізэрныя замурзаныя людзі прыходзяць да яго з сваімі запатрабаваннямі, дазваляюць сабе падымаць голас. Распуста! Ён, гаспадар, пан Ляскоўскі, адказвае за цішыню і спакой на сваіх прадпрыемствах; досыць ужо таго, што былі раней гэтыя сацыялісты на чале з Зыкавым. А цяпер — павінна быць ціха: пан Ляскоўскі даў абяцанку не толькі губернатару, але самому міністру ўнутраных спраў. А міністр унутраных спраў — ого! Больш значыць, як сам цар. Веліч даверу, які выказваюць яму ў Мінску і Пецярбургу, падвышае яго; балкон, на якім ён стаяў, здавалася, падымаўся ўсё вышэй ды вышэй, а натоўп рабочых разрастаўся ў цэлае людское мора.

— Сярод вас, можа, ёсць бунтаўшчыкі, анархісты ці сацыялісты? Калі так, дык я жыва спраўлюся: знойдзецца казённае месца, знойдзецца дармовы хлеб. Вось ты, напрыклад, не сацыяліст часам? — упёршыся поглядам у аднаго з пярэдніх рабочых, рубам паставіў запытанне пан Ляскоўскі.

Натоўп прыціх, насцеражыўся.

— Ды што... што вы, паночку? Хіба ж я...— мармытаў зусім збіты з панталыку пажылы рабочы, запытанне якому паставіў пан.

Рабочыя добра памяталі, якую траўлю развёў Ляскоўскі пасля забойства Зыкавым урадніка. Па даносах бухгалтара Пісарэўскага наехаўшыя жандары забіралі кожнага, каму прышывалася назва сацыяліст. Забралі і пагналі ў астрогі такіх, хто, можа, і цьмяна не ўяўляў сабе сацыялізма або сацыялістаў. Былі здарэнні, што гэткім парадкам людзі зганялі адзін на другім сваю ўласную помсту. Усе памяталі гэтыя часы, усім было брыдка за іх, усе баяліся паўтарэння тых здзекаў і таго развалу, які ахапіў тады рабочых.

— Дык сярод вас няма сацыялістаў? — не сцішаўся любавацца сваёю ўладаю пан Ляскоўскі.— Добра, тады ідзіце сабе дамоў з богам.

— Мы ж без хлеба, дзеці хварэюць, мруць! — спрабавала давесці нейкая тонкая, як галіна, кабета.

— Кожны сам павінен ведаць, як жыць! Я не падражаўся дарэмна карміць вас... Ну, мне няма часу размаўляць з вамі.

Рабочыя, кабеты, дзеці шэраю грудаю калыхнуліся і выцягнуліся ў стужку па вузкай алеі саду. Панура, не гледзячы адзін на другога, закалыхаліся яны між кустоў. Нешта жудкае было ў маўклівасці гэтага шэрага натоўпу.

— Разагнаць бы... каб вачэй не мазолілі,— самому сабе, але голасна прагаварыў пан Ляскоўскі.

Ён павярнуўся да дзвярэй. Там стаяў Ліўшыц. Ляскоўскі здзіўлена аглядзеў яго.

— Мне вельмі падабаюцца ўсялякія выступленні,— распускаючы свае тоўстыя шырокія губы ва ўсмешку, сказаў Ліўшыц.— Даруйце, я ўвесь час слухаў вашы перамовы з імі: вы трымаліся як уладарны князь альбо як прамоўца дзе-небудзь у Думе. Грандыёзна! Каласальна! Дайце вашу руку.

— У вас сапраўды язык без касцей,— неахвотна падаючы руку, адказаў пан Ляскоўскі.

Прыяцелі пакінулі балкон і накіраваліся ў кабінет, дзе вырашаліся ўсякія шахэры-махэры паміж іх. Ліўшыц яшчэ больш растаўсцеў за зіму, другая залатая цэпка цяжка павісла на яго круглым, як паса, жываце. Вочы крыху страцілі свой былы бляск, затое ў паводзінах і гутарцы ён стаў больш вялікасным. Здавалася, што кожнае яго слова падвысілася ў цане, як падвышаецца біржавая каштоўнасць.

— Як жа вы мяркуеце ліквідаваць гэтую штуку? — павольна апускаючыся ў шырокае мяккае крэсла, запытаўся Ліўшыц.— Мне пачулася, што вы схіляецеся да думкі проста разагнаць лішніх рабочых.

— На жаль, вы шмат чаго чуеце,— мала шануючы ганаровы выгляд свайго кампанейца, адказаў Ляскоўскі.

Гэтая заўвага, здаецца, не зрабіла ніякага ўражання на Ліўшыца. Ён яшчэ глыбей сеў у крэсла, ганарлівасць яшчэ выразней адбілася на яго твары, губы яго былі адтапыраны, гарбаты нос смела быў падняты.

— Я лічу неразумным разганяць рабочых, ім трэба кінуць нейкую косць, за якую яны перагрызуцца,— з вагою ў тоне параіў ён.

— Што ж, па-вашаму, трэба зноў пусціць фабрыку поўным ходам? — насмешліва запытаўся Ляскоўскі, прыпыняючыся насвістваць нейкі аперэтачны матыў, які ён толькі пачаў.— Вы ж самі прыдумалі гэтую штуку з фабрыкаю.

— Так, я прыдумаў... Я і не раю вам пусціць фабрыку, гэта было б глупствам пры такіх цэнах на круглы лес. Фабрыка — нішто перад тымі барышамі, якія мы будзем мець ад продажу ўсяе яліны. Я — негацыянт і ведаю, што раблю. Лес плыве па рэчцы, а грошы плывуць да нас у кішэню праз банкаўскія канавы.

— Не надта плывуць!

— Вам усё мала? — шчыра, здаецца, здзівіўся Ліўшыц.— Ну дык вось вам яшчэ — атрымаў ад канторы Дворжэца.

Ляскоўскі прыняў пук каляровых паперак і, не лічачы, кінуў яго на стол, нібы гэтая гара грошай яго зусім не цікавіла. Аднак насмешная рыса згладзілася на яго твары.

— Дык вы бачыце, якія бліскучыя вынікі? — самазадаволена пытаўся Ліўшыц.— Ну, паслухайце ж мяне: кіньце складаць усякія там праекты разгону, расправы з лішнімі рабочымі; яны, можа, будуць патрэбны. Калі папера так ускочыць на біржы, як ускочыў лес, давядзецца пусціць фабрыку на поўны ход. А пакуль... пакуль скарыстайце рабочых на выплаўку лесу!

— Вы гаворыце са мною ў такім тоне, як быццам я прыказчык з канторы Шабе і Ліўшыца... Прашу не зазнавацца з-за вашых спекуляцый. Што ж тычыцца да вашых разважанняў аб скарыстанні рабочых, то я згадзіцца з імі не магу: з рабочых будуць дрэнныя выплаўшчыкі, па-першае, а па-другое, шкодна пускаць рабочых у сялянскую гушчу — ускаламуцяць.

Ліўшыц з павагаю глядзеў на пана Ляскоўскага. Ён раней не лічыў яго здольным так разбірацца ў палітыцы.

— Так, ваша праўда, лепш не сказаў бы і сам губернатар... Але ж я прапаную вам зусім правільны выхад. Нам трэба хутчэй выплавіць лес, хто ведае, што будзе на біржы далей. Пакуль заграбаеш грошы — грабі. Дзеля гэтага не варта адпускаць рабочых, а трэба скарыстаць іх у новай патрэбнай нам працы.

Ліўшыц зірнуў на пук соценных асігнацый, які ляжаў на стале. Вочы Ляскоўскага пацягнуліся туды следам. Ён успомніў аб сваіх дачыненнях да князя Друцкага, да князёўны. Мусіць, гэтыя ўспаміны паставілі перад ім вымагаючыя запатрабаванні, бо ён, падумаўшы нейкі час, адказаў на развітанне:

— Ну добра, я згодзен выканаць вашы парады.

Пасля гэтага, дні праз два, сярод сялян, якія наладжвалі плыты, пачалі паказвацца рабочыя з паперні. Спачатку былі адзінкі, але з кожным днём лік іх усё павялічваўся. Некаторыя ўстрымліваліся пачынаць гэтую працу з пратэсту супраць прымуснае перамены працы, другія — па непрыстасаванасці да выплаўкі, іншыя — па сваёй хваравітасці. Але голад прымусіў палезці ў ваду. Хварэлі, мучыліся, але ішлі працаваць, ішлі праклінаючы. Так Гануля сышлася бліжэй з рабочымі і ў супольнай працы страціла сваё адмежаванне. Цяпер Зыкаў, як рабочы, набыў у яе вачах яшчэ новае значэнне.

 

VIII

У сярэдзіне мая ў лясны маёнтак Росаш прыехаў стары князь Друцкі. За ім следам на працягу двух дзён наязджалі дэкаратары стальмахі, муляры, шпалернікі. Ціхі закінуты маёнтак напоўніўся гоманам, стукатам. Ад старых сцен палаца курэў пыл, у іх прароблены былі новыя праломы для больш шырокіх і высокіх вокнаў, новых дзвярэй. Дробныя будынкі для слуг і невялікія стайні былі раскіданы нашчэнт, на іх месцы пачалі хутка ўзрастаць новыя шырокія будынкі. Стары князь, які раней ніколі не зводзіў сябе да ролі ўніклівага гаспадара, цяпер цэлымі днямі матаўся ў сваім малінавым каптане і ў берэце з пяром па росшанскай сядзібе. Ён падганяў рабочых, тэхнікаў, патрабуючы найхутчэйшага сканчэння работы.

— Вы павінны найбарджэй перарабіць мне гэты цьмяны дом у жыццярады, сонечны палац, дзе кожнаму было б лагодна і вольна правесці некалькі летніх месяцаў. Усё павінна тут выклікаць замілаванне і рабіць чалавека бесклапотным.

І мастакі, дэкаратары, тэхнікі стараліся. Стары дом стаў светлым; пакоі ў ім набылі выгляд паасобных чароўных куточкаў, аздобленых статуэткамі, малюнкамі, рэдкімі дыванамі. Цяплічныя расліны з цудоўнымі кветкамі рабілі дзве вялізарныя залы падобныя да экзатычнага саду. Сям-там былі зложаны быццам натуральныя гроты, павітыя дзікім вінаградам, раскіданы акварыумы з нянаскімі рыбамі. На пяшчаным пляцы, дзе размешчана была сядзіба, узніклі тлустыя чорныя клумбы, цэлыя пляцоўкі з далікатнымі раслінамі і кветкамі. Увесь двор, выраўнены, як дошка, апрануўся смарагдавым ангельскім мурогам. Праз тры дні, як з зямлі, вырас зусім другі палац. Пяшчотны пах далікатных раслін і кветак перабіваў першабытны дух хваёвых лясоў, цёмнаю сцяною абдымаўшых гэты кавалачак экзатычнага свету.

Пан Ляскоўскі наведаўся да князя, калі работы па перабудове росшанскага замка падыходзілі да канца. Ён праціраў вочы ад здзіўлення, праязджаючы цераз зялёны двор па роўнай, як стол, дарожцы, высыпанай жарствою і галушачнікам. Замест суровага, недаступнага палаца перад ім стаяў вялізарны палац-казіно, блішчаўшы на сонцы шклом і ярка-белымі сценамі і калонамі.

— Гэта ж кавалачак раю сярод зямное юдолі! — усхвалявана гаварыў ён князю, як толькі яны павіталіся.— Тэраса гэтая зусім не горшая ад тэрас знатнейшых італьянскіх вілаў. Цудоўна! І як вы паспелі ўсё гэта зрабіць у такі кароткі час?

— Выпісаў мастакоў і лепшых майстроў з Вены, яны па майму загаду закупілі розныя мастацкія рэчы і матэрыялы. Нават зямлю на двор давялося везці ад садоўніка з Мінска і з іншых аранжарэяў. Але добра кажаце.

— Цудоўна! — шчыра прызнаў Ляскоўскі і завідным вокам акінуў усю сядзібу, якая, быццам далікатнейшае пахучае зерне, была агорнута цёмна-зялёнаю тканінаю магутных лясоў.

Князь гасцінна і далікатна, чаго Ляскоўскі раней ніколі не бачыў, вадзіў яго па абноўленых пакоях, паказваў рэдкасці, знаёміў з асаблівасцямі ўбранства таго ці іншага кутка. Ляскоўскі дзівіўся такому густу, з якім усё было зроблена. Але разам з тым яго цікавіла і думка аб кошце гэтае перабудовы.

— Я і слоў не маю, ваша светласць, каб выказаць сваё здзіўленне,— гаварыў ён.— Гэта ўсё так прывабна, так высока мастацка, што ваша светласць, мусіць, зусім не шкадуе тых затрат, якія давялося зрабіць.

Князь крыху нахмурыўся, быццам яму непрыемна было гаварыць аб такіх рэчах, як грошы, у гэтым панстве эстэтыкі і вышэйшага густу.

— Страты невялікія, тысяч са сто... Дарэчы, вы не маглі б, пане Ляскоўскі, параіць мне, у каго дастаць на нейкі час тысяч трыццаць-сорак? Толькі папярэджваю, што я зварочваюся за такімі рэчамі толькі да людзей свайго круга.

Ляскоўскі на момант задумаўся, зірнуўшы востра на князя, які, пасля свае просьбы ўважліва разглядаў нейкую французскую мініяцюру на эмалі.

— Тое, што вы звярнуліся да мяне за парадаю ў такой справе, мусіць, сведчыць аб тым, што ваша светласць далучае мяне да «свайго круга»? Можна так разумець?

— Я думаю, што аб гэтым залішне гаварыць.

— Калі так, то я маю гонар прасіць вас прыняць ад мяне самога патрэбныя вам грошы. Яны сёння ж будуць вам дастаўлены.

— Дзякую, вы — чалавек дастойны і высока шляхетны. Ваша мосць вызваляе мяне ад лішніх турботаў.

Князь цырымонна працягнуў руку. Ляскоўскі прыняў яе, але тонкі твар яго быў далёкі ад урачыстасці. Чуць прыкметная ўсмешка трапятала ў кутках яго п’яўчатых губ.

— Ваша светласць, вам зусім няма патрэбы пазычаць грошы. Я буду мець гонар прыслаць вам грошы за вашу ўласнасць.

— Я не разумею пана.

— Вашай светласці давядзецца толькі лічыць забаронны лес прададзеным мне; вам няма сэнсу турбавацца са зваротам пазычкі.

Князь усхвалявана-гнеўна азірнуў пана Ляскоўскага і павярнуўся ў бок ад яго. Нервова прайшоўся ён па зале, застаўленай дубовымі кадушкамі, з якіх уздымаліся ўверх пышныя кароны нізкарослых пальмаў, выпіраліся зялёныя калючыя таўкачы мексіканскіх кактусаў, выглядалі махравыя згусткі кветак хрызантэм. Прыгажосць гэтых выпешчаных раслін не здольная была ўцішыць буру, якая паднялася ў князю праз думку аб магчымасці расстацца з суровым хвойнікам ды ельнікам.

— Я вымушаны скараціць ваш візіт да мяне, пане Ляскоўскі,— суха прагаварыў князь, запыніўшыся амаль у самым канцы залы далёка ад таго месца, дзе быў Ляскоўскі.

— Выбачайце, ваша светласць! Але знаёмства са мною было, мне здаецца, небескарысна для вас? Маю гонар развітацца.

Ляскоўскі зрабіў лёгкі ўклон і гнуткім крокам накіраваўся з залы. Князь азірнуў нудна сваіх зялёных раскошных прыжывальцаў, скрыўлена ўсміхнуўся. Ялінкі ды хваінкі, растучыя на голым пяску, павінны разлічыцца за сытае сталаванне гэтых паразітаў з тоўстымі мясістымі лістамі, з бессаромна-пышнымі кветкамі.

— Куды ж вы ўцякаеце, пане Ляскоўскі? — крыкнуў князь, пачуўшы, як грукнулі дзверы ў сумежным з залай пакоі.

— Ваша светласць хоча яшчэ што-колечы сказаць,— вярнуўся праз хвіліну Ляскоўскі.

— Мы ж не ўмовіліся з вамі аб продажы лесу, пане Ляскоўскі?

— Ці ж варта турбавацца вашай светласці? Я ўсю справу зраблю з вашым намеснікам, а пасланец мой з грашыма будзе ў вас сёння ж.

Праз тыдзень канава, якая выходзіла ў рэчку з далёкіх князёўскіх лясоў, была шчыльна завалена свежымі бярвеннямі. Вады, бадай, і не відаць было: можна было ісці на канаве без перапынку — дрэвы ляжалі суцэльным мостам. Людзі і коні цягалі да вады паваленых стагодніх веліканаў, звон разносіўся ў парадзелым лесе. А папяровая фабрыка Ляскоўскага моўчкі пазірала ў люстэрка спакойнае затокі: туды не забрыдала ніводнага нават паленца... Танканогія, калматыя дзеці не забаўляліся на пяшчанай гары, а тузалі без перапынку за падол мацярок, патрабуючы хлеба альбо хоць варанае лебяды...

Золатавалосы чэрвень раскідаў усюды свае кудры. Там пад лістком сарамяжа зачырванелася суніца; наверсе, у прагале паміж парасончыкамі хваін, калышацца, як найтанчэйшая тканіна, лёгкая залацістая хваля хваёвага цвіцення. Сенажаць, як рознакаляровы дыван на мошасце: чырвонае, сіняе, ружовае, белае, жоўтае перамяшалася ў суцэльную сімфонію ўсіх фарбаў на агульным зялёным фоне. А ў полі адкрасаваўшы жытні колас пачынае жаўцець, паўнець; ён ужо важна гойдаецца з боку ў бок, лёгкім шолахам прывітаючы сонца і вецер.

З горада ў маёнткі пацягнуліся фаэтоны, брычкі, фурманкі. Каму няма чаго рабіць летам, як і ўзімку, альбо хто не паехаў у Карлсбад, Вішы, Остэндэ, той ехаў у свой маёнтак «сапачываць». Трэба сапачыць ад тэатра, дваранскага сабрання альбо ад «состояния» пры губернатаршы. Гэта ж работа арыстакратыйнай грамады! Там у маёнтках чакаюць палацы, паркі, лясы, рэчка, забавы!

Князёўна Ваця з мацераю выехалі з горада пазней ад усіх. Князёўна добра памятала, якую нуду нагнаў на яе Росаш з яго манастырска-астрожным палацам і надакучным адзіноцтвам. Дзеля гэтага яна доўга не згаджалася зноў ехаць туды, хвалявалася, напамінала бацькам, што яна выгадавана не для такіх палацаў і не для такіх гарадоў, як Мінск. Гэта пад яе ўплывам князь кінуўся перабудоўваць Росаш. Трэба было для задавальнення князёўны на два месяцы жыцця выклікаць замежных майстроў і мастакоў, збіраць колькі рабочага народу, турбавацца, даставаць на ўсё гэта грошы. «Высакародныя» кабеты крануліся з горада толькі тады, як было атрымана паведамленне ад князя, што перабудова скончана.

За князёўскім поездам цягнуліся яшчэ каламажкі і фурманкі з дабром розных прыяцеляў, якія былі запрошаны ў госці ў Росаш на ўсё лета. Сярод іх быў чыноўнік асобых даручэнняў, беспрацоўны барон, некалькі імянітых, але небагатых, паняў з дочкамі і шмат каго яшчэ. Даўгі шнур брычак і фурманак на дарозе можна было прызнаць за перасяленскі абоз — так многа маёмасці перавозілася панствам пры гэтых пераездах на кароткі час.

Закінуты ў вялізарных лясах Росаш, раней амаль нікому не вядомы, зрабіўся цяпер цэнтрам увагі ўсяе шляхты. Як жа! Там жыў знатны князь, губэрскі маршалак! Росаш цягнуў да сябе ўжо гэтым. Калі ж хто наведваўся спачатку толькі з прычыны далучыцца да вялікасці, то другі раз яго цягнула ў Росаш шляхетная грамада, якая там заўсёды таўклася, а таксама надзвычайная прыгажосць убранства і тыя забавы, якія чакалі там. Князь лічыў сваім абавязкам быць у якасці маршалка хлебасольным гаспадаром. І тыя нізкапробныя мясцовыя шляхцічы, якія раней сцерагліся, цяпер без сораму карысталіся князёўскаю гасціннасцю. Словам, усё лета ператварылася ў Росашы ў адзін бесперапынны баль. Пасля палудня, як усе паўстаюць, пачыналіся пікнікі, гонка на конях, катанне на чайках па рэчцы; увечары — музыка, скокі, спевы, любошчы. І так — без канца і меры.

Ляскоўскі спачатку трымаўся, чакаў. Ён добра ведаў, што князёўна з мацераю прыехала ў Росаш, ён нават ведаў, дзе знаходзяцца яе пакоі. Але, нягледзячы на тое фізічнае непакойства, якое выклікалі ў ім частыя ўспаміны аб князёўне, ён цвёрда рашыў чакаць. Разлік не ашукаў яго. Хутка пачалі амаль кожны дзень наведвацца ў Ляскоўцы пасланцы то ад князёўны, то ад старой княгіні з запросінамі прыязджаць у Росаш. Па ломаным почырку апошняй запіскі князёўны Ляскоўскі зразумеў, што тая была надзвычайна ўсхвалявана, як пісала яму. Тады ён парашыў, што пара ехаць. З гэтага часу наведванні яго сталі частыя, іншы раз ён праводзіў па некалькі дзён запар у «райскім кутку», як ён называў Росаш.

Адзін раз, у часе яго больш доўгага гасцёўства ў Росашы, была наладжана паездка на возера, якое знаходзілася вёрст за дзесяць ад маёнтка. Закінутае ў глухіх лясах, глыбокае з лясістымі выспамі, яно вабіла да сябе сваёю патаемнасцю і надзвычайнаю прыгажосцю. Туды загадзя былі адвезены чайкі, знарок быў пабудаваны домік на адной з выспаў.

Ляскоўскі сеў у каламажку з князёўнаю. Фурмана ён вызваліў, як толькі крыху ад’ехалі ад дому, узяўшыся сам кіраваць жарабцом.

— Чаму вы не хочаце ехаць з фурманам? — запыталася яна.

— Я люблю ехаць па-свойму! — адказаў ён, моцна турзануўшы за лейцы. Конь ірвануўся так, што траха не выкінуў з каламажкі сваіх пасажыраў. Князёўна, ратуючыся, учапілася за руку Ляскоўскага; яе валасы казлытнулі яго шчаку. Ляскоўскі ахапіў яе стан і блізка прыцягнуў да сябе. Ён адчуваў, як трапяталі яе ногі, рукі, калацілася сэрца.

— Вы што дазваляеце сабе? — нібы гнеўна запыталася яна, арштурхнула яго руку і адсунулася.

— Я баюся, каб вы не выскачылі з каламажкі,— наіўна смеючыся, адказаў ён.

Чым далей у лес, тым больш дарога была завалена суччам, перарэзана карэннямі. Каламажка скакала па іх, як у трасцы. Князёўна ўсё часцей хапалася за руку свайго спадарожніка. Калена яго раз-пораз сустракала яе мяккую гарачую нагу. Хвалі агню ахапілі Ляскоўскага. Ён затуманенымі вачамі паглядаў на князёўну. Яе твар быў закрыты сінім вуалем, але скрозь яго відаць былі бліскучыя змяіныя вочы, ружовыя, як вішні, губы, губы перасохлыя. Ён працягнуў дрыжачую руку да яе стана, трапятлівымі пальцамі датыркаючыся да тонкага адзення, пад якім так ясна прамацвалася гарачае цела... Раптам іх каламажка на завіліне дарогі траха не наскочыла на ехаўшых уперадзе. Ляскоўскі, кусаючы губы, нехаця зняў сваю руку са спіны князёўны.

— Абганяйце іх! — надтрэснутым голасам крыкнула яна. Праз момант каламажка выперадзіла фаэтон з букетам паненак і рагатаўшым ва ўсё горла прагарэўшым барончыкам. Яшчэ чвэрць гадзіны, і ў паветры пацягнула халадком. Скрозь дрэвы замільгала бліскучая сталь возера, якое шырока разыходзілася ў абодва бакі.

Пакрыты белаю пенаю запараны жарабец паслухмяна запыніўся на беразе пад разлапістаю ялінаю. Высачэзным стогам уздымалася яна ўверх, і ніводзін прамень сонца не прасякаў цераз яе агромністую зялёную шапку.

— Ну, хутчэй на возера, на выспу! — завіхалася князёўна, скінуўшы вуаль і дарожныя пальчаткі.

Праз хвіліну белая чайка лёгка склізгала па гладкай срэбнай паверхні возера, накіроўваючыся ў пратоку між дзвюма выспамі. Высокія купы дрэў, аплеценыя ўдоле густым маладняком і кустамі, зялёнымі ківерамі стаялі на выспах. Здавалася, што таўсцеразныя зялёныя калоны ўздымаліся проста з вады і падпіралі неба.

— Ах, хто там ёсць? — пыталася князёўна, сваімі зялёнымі вачыма ўглядаючыся ў непрасяжную гушчыню гэтых калон.

Два-тры ўзмахі вёслаў, і чайка мякка ўрэзваецца носам у берагавую зелень. Ляскоўскі выскачыў на берег і падаў руку князёўне, якая хісталася, стоячы на месцы ў вагаўшайся чайцы. Яны прайшлі ўжо некалькі крокаў, як Ляскоўскі вярнуўся назад і выцягнуў чайку на бераг.

— Каб не адплыла,— вытлумачыў ён.

Гушчарнік схаваў іх так, што нават і возера не было відаць. Далёка нешта трахкала, можа, экіпажы іншых удзельнікаў гэтага пікніка. Але не хутка будзе ім знайсці Ляскоўскага і князёўну.

Яны праціскаліся ўперад, чапляючыся за кусты, за ломанае сучча пад нагамі. У пальцах Ляскоўскага яшчэ захавалася адчуванне цела князёўны. Яму трэба зноў дакрануцца, каб зноў адчуць бязмерна салодкую казлытку ў сэрцы. Ён стаў цяжка дыхаць, пальцы яго скручваліся ад жадання асалоды. Хістаючаяся спіна, закруглыя бёдры, уздрыгваўшыя пры кожным яе кроку, прычапілі яго да сябе, і ніякая сіла, здавалася, не прымусіла б яго глядзець у другі бок. Яна раптам прыпынілася, зачапіўшыся за корч. Ляскоўскі надышоў зусім блізка, рука яго адчула агністае датырканне. Ён больш не стрымліваўся і ашчарэпіў гнуткае гарачае цела.

— Я... я... кахаю вас, князёўна! — задыхаючыся, мармытаў ён.

Рукі яго сціскалі цела, як абцугамі. Князёўна нічога не адказвала. Стогн жадання толькі выходзіў з яе грудзей. Сухія гарачыя губы яе, жудасна чырвоныя, сыходзіліся ў сударгах, кажнаю часцінаю свайго цела яна прыліпала да Ляскоўскага. Самлеўшая, апусцілася яна на траву... Усё закруцілася ў агні, у забыцці...

На возеры пляскала вада, чутны былі галасы. Дзявочы голас клікаў князёўну. Яны сядзелі ў кустах і не адгукаліся.

— Вы... ты павінна быць маёю жонкаю! — спакойна курачы, гаварыў Ляскоўскі. Твар яго быў задаволены, як бы пакрыты лёгка лакам. Толькі пахатлівыя губы яшчэ дробна дрыжалі.

— Я шукала ў вас не мужа, а мужчыну. Мужчына мне патрэбны, а муж... не ведаю.

— А мне вы патрэбны як жонка і... як кабета.

— Кабета для вас у другую чаргу? Ха-ха-ха! Вядома, іх у вас было напэўна, нямала.

— Не ў гэтым справа. Не кожную кабету я хацеў бы мець жонкаю, а толькі вас.

— У чым жа прычына?

— Я кахаю толькі вас.

— Кіньце гаварыць глупства. Скажыце што-кольвечы больш разумнае.

— Ну дык мне патрэбны князёўскі лес, патрэбен Росаш з усімі яго цацкамі.

— Вось гэта зразумела. А колькі ў вас тысячаў знойдзецца? — весела рагочучы і пырскаючы зеленню вачэй, запыталася яна.

— Хопіць; больш, як у вашага бацькі! — задаволена адказаў ён, апускаючы, аднак, вочы.

— Дык вы хочаце, каб я была вашаю жонкаю? Ну што ж — добра! Толькі ведайце, што ніякага кахання ў мяне няма да вас... Таксама, можа, вам цікава ведаць, што ў мяне ёсць сын, яму ўжо каля года. Аб ім ведаюць тут толькі мае бацькі, для ўсіх астатніх я — бездакорная дзяўчына. Дык згодны цяпер жаніцца?

— Я гэта раней ведаў, не толькі вашы бацькі ведалі. І ўсё ж я прашу вас даць згоду.

— А са згодаю і яшчэ што-кольвечы?

Гэта ўжо справа не ваша. Прыданае, напэўна, будзе князёўскім.

— Я згодна. За такім мужам і жонцы будзе нядрэнна.

Весела рагочучы, быццам яны, як нявінныя дзеці, толькі-толькі пагойсалі за вавёркаю ці за птушкаю, Ляскоўскі і князёўна выйшлі на бераг, сапхнулі чайку на ваду і пачалі клікаць астатніх. Тыя гаманілі і смяяліся, захаваныя купамі на другіх выспах. Да позняе начы коўзаліся чайкі па гладзі возера: запальвалі ракеты, якія адлюстроўваліся ў вадзе, пяялі, цалаваліся і зноў разбрыдаліся парамі па кустах.

Жаніцьба Ляскоўскага на князёўне была вырашана надзвычайна проста.

 

1928—1930 гг.


1927-1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Нёманскі Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 598 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан