epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Нёманскі

Маці

І
ІІ
ІІІ
IV


І

 

Два-тры смалякі, што датлявалі на прыпеку, ледзьве разганялі цемру ў хаце. Полымя то замірала, то зноў некалькімі язычкамі ўскоквала; здавалася, што па хаце лятае вялізарны матыль і скрыдлы яго з аднаго боку чорныя, а з другога — белыя. Стол, услон, тапчан і іншае начынне ў хаце было нібы жывое: усё рухалася, рабілася то большым, то меншым, толькі не чутно было ніякага гуку. Адно, знадворку, за акном чуцен быў безупынны посвіст ветру і ляскат чымсьці аб сцяну.

Старая Таццяна сядзела на лаве супраць печы і немігучымі вачамі глядзела на тлеўшыя корчыкі. Як бы ні ўглядацца ў яе збоку, нельга было сказаць, што гэта сядзіць жывы чалавек: ні адна жылка ў яе твары не краталася, вочы былі быццам заслонены цяжкаю завесаю, сухія рукі сціснуты на грудзях. Усё яе аблічча якраз падыходзіла пад цемень хаты і пад тыя бязгучныя скокі, што рабілі па хаце розныя прадметы пад гукі музыкі — ветру. Толькі пры моцных уздымах ветру, калі ляскат знадворку раздаваўся і ў сцену, і ў дзверы сяней, яна ўздрыгвала і галава яе паварочвалася ў бок уваходу. Але адразу яна зноў прымала звычайную позу, толькі на нейкую хвіліну па твары яе праходзіла цень нездаволенасці. Так сядзела яна доўга, не ведаючы ні гадзін, ні хвілін.

Многа начэй правяла яна адна ў сваёй пустой хаце. Даўно ўжо яна скончыла сваё жыццё, здольнасць уцяміць бягучыя з’явішчы. Усе яе думкі, усё пачуццё — у мінулым, і гэтае мінулае яна варочае кожную ноч у сваёй старой галаве. Няма ў яе і ніякіх жаданняў, апроч аднаго, якім яна жыве ўжо пяць-шэсць год. У доўгія ночы яна перабірае ўсіх святых, вядомых ёй, зварочваецца да ўсіх патаемных сіл, просіць у іх да сябе літасці, каб жаданне яе выпаўнілася. Але дарэмны ўсе яе модлы, усе скаргі...

Таццяна са сваім Васілём доўгія часы жылі ў Петрыкаве. Пажаніліся яны, як Васілю ўжо было гадоў каля дваццаці васьмі, і ён быў не толькі добрым цесляю, але нават пачаў пакрысе сам браць падрады на пабудоўлю невялікіх бярлін. Далей — болей, і Васіль Талока зрабіўся найбольш вядомым з петрыкаўскіх майстроў і падрадчыкаў. Зажылі яны зусім добра, мелі ўласны дамок з трыма пакойчыкамі. Старэйшага хлопца свайго Міхася Васіль захацеў зрабіць «вучоным» і паслаў яго ў гарадское вучылішча. Праз год-два Міхась стаў запраўскім панічыкам і, прыязджаючы на лета дадому, ганарыста шпацыраваў у свята каля царквы. Маці не магла нацешыцца сваім Міхасём, і ў яе было толькі і гутаркі з суседкамі што аб старэйшым хлопцу. Меншы сын, Рыгор, зусім быў няўдалым, непрыемны з твару, маўклівы, непаслухмяны, ён яшчэ малым быў прыкрым мацеры. Яго таксама хацеў бацька вучыць у школцы, але тае карысці, што чакаў ён ад вучэння сына, не было. Рыгор вучыўся, але раптам з ім нешта зрабілася, і калі ўвосень яго хацелі паслаць у вучылішча, ён адмовіўся ехаць. Ні ласкі, ні пагрозы не памаглі: Рыгор выстаяў на сваім — застаўся дома. З гэтага часу паміж ім і бацькамі пачалася несупынная барацьба, давёўшая да таго, што як бы Рыгор ні рабіў, усё не падабалася ні бацьку, ні мацеры. Старая Таццяна і цяпер, седзячы адна цэлымі начамі, ніяк не магла пагадзіцца са сваім малодшым сынам.

Калі Рыгору было гадоў шаснаццаць, ён зусім пакінуў бацькоў і пайшоў на работу да аднаго з петрыкаўскіх кавалёў. Міхась жа скончыў вучэнне і чакаў нейкі час, выбіраючы, куды пайсці на службу. Але выбраць яму так і не давялося. Раптам паўсюль пранеслася слова «вайна», і Міхась быў узяты на вайсковую службу. Таццяна як перад сабою бачыць ясную раніцу, калі з Петрыкава пацягнуўся доўгі шнур маладых хлопцаў, па баках якога ішло і галасіла > ледзьве не ўсё мястэчка.

Прайшла зіма, пачалося лета, а вайне ўсё не было сціхання. У Петрыкаве завялося ўжо некалькі калек — хто без рукі, хто без нагі. Таццяна з усцішшам думала аб сваім Міхасю, бачачы кожную хвіліну яго ў сваіх думках то забітым, то скалечаным. Але Міхась быў на нейкі час захаваным: яго паслалі вучыцца на афіцэра. Ён знарок доўга не пісаў са школы, а маці рвала на сабе валасы і цэлымі днямі галасіла па ім, як па пакойніку. Затое ж яна страціла розум ад радасці, як ён заехаў дадому з блішчастымі наплечнікамі. Да радасці, што яе Міхаська жывы і здаровы, яшчэ далучаўся гонар мацеры за сына, які «выйшаў у людзі». Не было ў мястэчку чалавека, якому б яна не пахвалілася сваім сынам. Але ўсё так коратка ў жыцці: Міхась праз тыдзень зноў паехаў туды, дзе траслася зямля і дзе смерць шырока махала сваёю касою. Зноў пачала Таццяна кожны дзень хадзіць да пошты, чакаючы вестак, зноў сэрца яе калацілася, як яна давала Васілю чытаць атрыманы ліст.

— Ах, божа ж мой, божа! Што гэты ліст,— прычытала яна,— можа, у тую хвіліначку, як мы чытаем, яго ўжо злажылі ў сырую зямельку.

Васіль утрымліваў яе, але ненадоўга. Так ішлі дні, тыдні, месяцы, гады...

Ужо пацягнулі ў салдаты і Рыгора. Як яго партыя выходзіла з мястэчка, ніхто ўжо не галасіў. Вайна зрабілася звычайным з’явішчам, і не хапала ў жонак і мацярок слёз. Была і яшчэ адна розніца: здадзеныя ў салдаты ішлі моўчкі, без царскіх партрэтаў; некаторыя гаварылі сваім:

— Нічога, мы хутка дома будзем!

Рыгор перад адпраўкаю заскочыў да сваіх бацькоў і проста развітаўся з імі. Таццяна заплакала і пачала хрысціць на дарогу.

— Не плачце, матка, і не хрысціце мяне, гэта ні мне, ні вам не пасобіць.

— Адшчапенец быў, адшчапенцам і застанецца,— пра мовіў бацька.

Вайна ўсё цягнулася. Васіль неяк адразу надта пастарэў і ўжо не мог выходзіць на работу. Работы таксама пачало станавіцца ўсё меней, гандаль скарочваўся, плыты і бярліны ўсё менш сталі паказвацца на Прыпяці. Дзень за дзень Васіль усё больш марнеў, а каля апошняе прачыстае, заснуўшы раз увечары, не ачнуўся.

Таццяна пачала жыць адна. Пацягнулася доўгая зіма. Не было ўжо хлеба, і Таццяна хадзіла па суседзях. Потым пайшлі чуткі, што скінулі цара, што хутка скончыцца вайна. Таццяна спалохалася: як прыйдзецца жыць без цара, але адна думка аб тым, што разам з царом кончыцца вайна, а тады вернецца яе Міхась, ну і Рыгор, сцішала яе несупакойства. Але час ішоў, вайна не супынялася. Рыгор не падаваў аб сабе ніякае весткі, Міхась жа часта пісаў лісты, у якіх ён усё больш ды больш скардзіўся на салдат, на нейкіх «сацыялістаў», якія зусім зневажаюць афіцэраў, нават б’юць іх. Для Таццяны слова «сацыяліст» стала варожым, а людзей, якіх так звалі, яна называла зладзеямі.

Мінула лета, пачалася восень. Вайне не было відаць канца. Таццяна ўжо зусім не мела на што жыць. Добра, што адзін з старых сяброў яе мужа параіў прадаць дом. Знайшоўся нейкі ахвотнік купіць яго, і Таццяна з соткамі двума ў кішэні перабралася ў невялічкую вёску вёрст за пяць за мястэчкам, дзе далі заняць ёй пустую хатку з краю.

Як толькі пачаліся халады, па гасцінцы з Турава на Петрыкаў пацягнулася шмат салдат з таго боку, дзе была вайна. Асабліва ўночы ўсе хаты ў вёсцы дапоўна набіваліся імі. З іх гутаркі Таццяна зразумела, што хутка скончыцца вайна, што ўсе разыходзяцца дадому. Сэрца ў Таццяны задрыжала ад радасці: вось і яе Міхась будзе дома. Яна то ў аднаго, то ў другога пыталася, ці не ведалі, ці не сустракалі афіцэра Міхася Талоку.

— Афіцэра? А ліха іх мацеры, шмат іх было, ды не будзе больш,— адказвалі ёй.

— Як не будзе?

— А так і не будзе! Усіх трэба перадушыць!

Таццяна хрысцілася і чула, як на нейкую хвіліну сэрца яе пакідала стукаць.

— Сацыялісты,— думала яна,— і адкуль гэта іх так многа набралася?

Трывога яе з кожным днём усё пашыралася без канца. Людзі ішлі, ехалі на конях верхам, на вазах, ішлі днём і ноччу; здавалася, што там, за Туравам, ужо нікога не засталося. Таццяна цэлымі гадзінамі прастойвала і глядзела на захад, але таго, каго яна хацела ўгледзець, не было. Усё часцей ды часцей пачала залазіць ёй у голаў думка, што яго забілі — свае ці немцы, усё роўна. Ішоў тыдзень за тыднем, думка аб смерці Міхася зрабілася звычайнаю, надзеі гаслі, а разам з імі замірала пакрысе жаданне жыцця. Маці, быццам ахопленая летаргіяй, усё часцей і падаўжай нерухома сядзела там, дзе ёй прыйшлося сесці.

Хваля крануўшых з вайны салдат прайшла. Некалькі дзён было так незвычайна ціха, што жудасць брала ад гэтага раптам стаўшага спакою. Але гэты спакой быў нядоўгім: зноў забразгала на шляху, зноў пацягнуліся вайсковыя, але толькі не скопам, а роўненькімі шнуркамі; адзежа і ўвесь выгляд іх быў чымсьці іншым, чужым. Прыйшлі немцы. Таццяна без баязлівасці, без зацікаўлення глядзела на праходзячыя шнуркі чужых людзей. Што яны маглі змяніць у яе жыцці? Усё скончана: няма ні страху, ні цікавасці.

У гэтую ноч у душу Таццяны на нейкую хвіліну заскочыў праменьчык і разагнаў крыху цемру. Нешта каля вялікадня ў поўнач раптам з’явіўся Рыгор. Таццяна помніць, як у яе адразу спала заслона з вачэй, як сэрца зноў пачало па-жывому варушыцца ў грудзях, як яна імкнулася хоць і на Рыгоры выказаць усю сваю ласку, увесь імпэт растоптанага даўно пачуцця. Але і тут над ёю пакпіла жыццё.

— Нам трэба рабіць рэвалюцыю,— сказаў Рыгор,— я з табою заставацца не павінен.

Што гэта за рэч такая — рэвалюцыя, дзеля якое можна кінуць адною мацеру, Таццяна не магла ўцяміць. Рыгор чуць свет на другі дзень згінуў, і Таццяна засталася зноў адна. Нечаканае паяўленне Рыгора закінула, з аднаго боку, надзею, што вось, можа, так раптам вернецца Міхась, а з другога — узняло абурэнне на Рыгора за яго жорсткасць, за нядбальства да яе, да мацеры.

Немцы доўга стаялі, потым прыйшлі расійцы-бальшавікі. Рыгор заходзіў да мацеры, але нават не скідаў свае шкураное жакеткі і рэменю з пісталетам. Потым была вайна, прыйшлі палякі, яшчэ ваявалі — так без канца... А Міхася ўсё няма... Надзеі то ўздымаліся, то надоўга гаслі... А Рыгор прадаў матку за рэвалюцыю...

Тлелі корчыкі на прыпечку, скакалі па хаце цені. Тлелі надзеі, гаслі; скакалі думкі ад вайны к вайне, і крывавая заслона закрывала вочы...

Сядзела Таццяна адна перад сваім агеньчыкам, мінулае праходзіла перад яе вачамі, сучаснае ж яе не цікавіла, і яна не ведала, што робіцца на свеце.

Знадворку нешта забраскатала мацней, чымся ляскаў дагэтуль вецер. Таццяна ачнулася ад сваіх думак, прыслухалася. Хтосьці хадзіў каля хаты, а далей пачуўся ляскат колаў. Ляскат усё бліжыўся і хутка спыніўся.

— Ну, прыехалі, злазь з воза,— пачуўся мужчынскі голас,— а ты, Хведар, распражы ды пакармі каня.

Зараз у сенцах раздаўся шаркат каля дзвярэй. Яны адчыніліся, і ў хату ўвайшлі мужчына з кабетаю. Таццяна прыглядалася пільна, але не магла разгледзець твару ні мужчыны, ні кабеты. Увайшоўшыя таксама не бачылі Таццяны, якая сядзела ў цемені, куды не дасягалі праменні ад тлеўшых вугольчыкаў.

— Тут так ціха, быццам бандыты прайшлі,— прамовіла ўвайшоўшая кабета.

— Можа, матка кудысь выйшла... Ну раздзявайся,— звярнуўся мужчына да кабеты і пачаў расшпільваць гузікі свайго кароткага кажушка.

— Рыгор, гэта ты?

Таццяна кінулася к сыну, які ад нечаканасці адскочыў убок.

— Пачакай, пачакай, матка! Тут нічога не відаць, запалі ты лямпу!

— Якую лямпу? У мяне і газоўкі нават няма; вось гэтыя смалякі — усё святло ў мяне.

Таццяна нагнулася, узяла пад прыпекам некалькі смаловых корчыкаў і кінула іх на вуголлі. Праз хвіліну полымя ўскочыла і асвяціла пярэднюю частку хаты.

Прыехаўшыя ўжо распрануліся, і Таццяна, павярнуўшыся ад агню, убачыла прыгожую маладзіцу ці дзяўчыну.

— Гэта мая жонка,— паказаў рукою Рыгор,— Алесяю зваць.

Таццяна падышла, павіталася, а далей не ведала, што рабіць. Адразу яна хацела выказаць і да сына, і да нявесткі як найбольш ласкі і радасці, але дзесьці ў горле стаў нейкі клубок, які не даваў гаварыць. Яна так даўно чакала хоць капелькі радасці, так даўно пахавала беспасрэднае пачуццё, што яно цяпер ашаламіла яе, і яна была быццам прыціснутая цяжарам усхлынуўшых раптам даўно страчаных перажыванняў. Дзесьці яшчэ ў глыбіні разумення і пачуцця шавяльнулася і скарга на сына, што ён ажаніўся, сышоўся з гэтаю чужою кабетаю, жыве ўвесь час з ёю, тады як яна, яго маці, валачэ сваё жыццё адною, нікому непатрэбнаю, адною, з ператрываным ёю ўсцішшам. Клубок усё павялічваўся, не даваў дыхаць, і Таццяна, як ні сашчэплівала губы, не стрымалася: старое цела яе затраслося ад цяжкага плачу, і яна, аслабеўшы, апусцілася на зямлю.

Ачнуўшыся, Таццяна ўперад за ўсё ўгледзела твар Алесі, які схіліўся над ёю. Апошняя сваёю рукою ціхенька гладзіла яе голаў, а другою падносіла да яе носа нейкую маленькую бутэлечку. Таццяна прыкмеціла ў твары Алесі такую дабрату, што адразу ёй стала лёгка, і ўся непрыемнасць, якую яна адчувала да яе ўперад, раптам саскочыла.

— Што ж гэта са мною было? — запыталася яна ў Алесі.

— Вы, матачка, надта аслабелі.

Слова «матачка» гэтае прыгожае кабеціны напоўніла сэрца Таццяны такім цяплом, што яна зноў не вытрымала і слёзы паліліся з яе вачэй, але на гэты раз ужо добрыя, шчаслівыя. Хутка абедзве кабеты, старая і маладая, ужо былі зусім блізкімі.

Рыгор тым часам перанёс у хату з воза клумкі і дзве ці тры скрынкі, размеркаваў іх, быццам яны павінны надоўга застацца на месцы.

Таццяна раз-пораз паглядала на Рыгора, у яе на вуснах было запытанне, якое яна баялася выказаць. Кожны раз, як сын уваходзіў у хату з чым-небудзь, яна паварочвалася да яго, гатовая запытацца, але нейкая недавернасць і да сябе і да ўсяго ў жыцці затрымлівала яе. Як толькі Рыгор скончыў пераносіць сваю маёмасць і застаўся ў хаце, Алеся ж выйшла паклікаць прывёзшага іх Хведара, Таццяна боязна падышла да яго.

— Рыгорка, ты ўжо больш мяне не пакінеш? Не панясеш сваю галоў на гэтую вайну? — запыталася яна.

— Вайна, матка, ужо скончылася!

— Скончылася? Гэта праўда?

— Праўда.

Сэрца Таццяны ўпала. Яна змоўкла, і вочы яе зноў зрабіліся патухлымі, нежывымі. На яе найшоў звычайны стаўбняк.

— Так Міхася няма ў жывых, няма! — шаптала яна.— Няма — не вернецца.

— Што вы, матачка, што? Ён, можа, і жывы,— гаварыла падышоўшая Алеся,— мала што бывае ў гэтыя часы, калі свет так перакруціўся. Вось можа здарыцца так, што ў адзін вечар ён шась у дзверы, як мы сягоння. Кіньце ўбівацца.

Рыгор з-пад ілба паглядзеў на кабет, усміхнуўся пра сябе, але не прамовіў нічога.

Алеся ж супакойвала матку:

— Вайна ўжо скончылася, і больш не будзе. Нашым удалося адалець і паноў, і афіцэраў, і ўсіх іншаземцаў. Цяпер ужо ніхто больш не палезе на нас. Так вось і Міхась дзе-небудзь знойдзецца ды прыйдзе дадому.

Ласкавы голас, жаночая мяккасць Алесі рабілі незвычайны ўплыў на Таццяну. Яна выйшла з стаўбняку, і жыццё зноў заблішчала ў яе вачах. Вячэра не ў адзіноце, а з сынам, хоць і няласкавым, і нявесткаю, гутарка — зусім супакоілі яе, і, можа, першы раз за гады тры-чатыры яна адчувала, што жыве так, як малявалася ёй жыццё.

У гэтую ноч Таццяна не звяла вокам ні на адну хвілінку. Некалькі разоў яна ціхенька, каб не пабудзіць маладых, злазіла з печы, падыходзіла к лаве, на якой спаў Рыгор, нахілялася да яго твару і падоўгу разглядала яго, быццам не верачы, што гэта ён сам, яе сын. Хоць гэты, ды ўсё ж такі жывы і не калека. Думкі яе пераскоквалі і на Міхася, але яна старалася адагнаць іх ад сябе, цешачыся тым, што не ўсе маткі могуць мець тое шчасце, якое дасталося ёй. Нагледзеўшыся на сына, яна залазіла зноў на печ і пачынала маляваць сабе будучыню. Цяпер ужо Рыгор назаўсёды застанецца з ёю; у Алесі будуць дзеці, якіх яна, Таццяна, будзе няньчыць. Усе яны зноў перабяруцца ў мястэчка, нябога Рыгор быў здольным майстрам... Міхася няма, але што ж зробіш? Дый, можа, Міхась не стаў бы жыць з ёю, усё ж такі ён быў з панскім густам, фанабэрыяй. «Не, не! Што гэта я сабе думаю? Мой Міхась не кінуў бы мяне, каб яго не закруціла і не замяла гэтая завіруха». Таццяна пачынала няведама ў які раз варочацца да сваіх звычайных думак, настрою. Але прысутнасць у хаце жывых людзей разганяла яе чорную меланхолію. Яна паглядала ў бок Рыгора, хоць і не бачыла яго ў цемнаце. Раптам аднекуль выскачыла баязлівая думка, пакруцілася ў мазгах і пала на сэрца трывогаю: ці праўда, што скончылася вайна, ці застанецца дома Рыгорка? Трывога ўсё ўзрастала, шырылася і не змяшчалася ў грудзях Таццяны. З болем і незвычайнаю пакутаю яна зноў падышла да сына і дрыжаўшаю рукою правяла па яго твары.

— Не пакідай мяне,— прыдушана прастагнала яна.

— Хто тут? — спрасонку крыкнуў Рыгор і схапіўся за пісталет, што ляжаў побач з ім на стале.

— Гэта я, Рыгорка, не палохайся!

— Чаму ты не спіш, матка?

— Не спіцца, сыночак, усякія думкі лезуць у голаў... Рыгорка, скажы мне праўду, ты не пакінеш мяне болей?

— А, добра, што ты нацяміла мяне.

Рыгор палапаў каля сябе рукою і, знайшоўшы сярнічкі, запаліў агонь, каб паглядзець на свой гадзіннік.

— Пара ўжо,— і ён хутка ўскочыў з пасцелі.

— Куды пара, Рыгор?

— Куды? Канчаць рэвалюцыю!

Зноў гэтае незразумелае слова. Аб ім яна ведала толькі, што гэта вайна, стрэлы, смерць.

— Рыгорка, ты ж казаў, што вайна скончылася?

— Вайна-то скончылася, але як пасля хваробы выходзіць гной, так і пасля ўсіх гэтых войнаў застаўся яшчэ чалавечы гной, які імкнецца запаганіць хваробаю ўвесь народ... Алеся, уставай.

Алеся хутка ўстала і пачала разводзіць агонь на прыпечку. Таццяна стаяла як не свая, нічога не разумела, што сказаў ёй сын.

— Рыгорка, дык што ж ты пойдзеш рабіць? — запыталася яна.

— Вось што, матка, ведайце: вайна-то скончылася, але не ўсе ворагі змірыліся з намі. Цяпер яны не ідуць адчынена вайною, але, хаваючыся па лясах, кідаюцца на нас з-за вуглоў і спаганяюць сваю помсту забойствам не толькі рабіўшых рэвалюцыю, але нават зусім не меўшых ніякага ўдзелу ў ёй. Вось гэтых нягодных людзей і іду я лавіць разам са сваімі таварышамі.

— Дак гэта ж зноў, як вайна! Рыгорка, не ідзі, застанься тут!

— Гэтага нельга зрабіць. Вы прытуліце вось Алесю ды нікому не кажыце, што я быў тут. Калі будуць пытацца аб Алесі, то вы яе маёю жонкаю не завіце.

— Чаму?

— А таму, што гэтыя бандыты перш усяго распраўляюцца з бальшавікамі і іх раднёю.

— Ты бальшавік?

— Вядома, а кім жа мне быць!

Таццяна яшчэ больш астаўбянела. Яна чула, што бальшавікі яшчэ горшыя за сацыялістаў. Міхась... яго родны брат бальшавік. Таццяна чужымі вачамі пазірала на Рыгора, баялася яго. Скураная жакетка, пісталет на рэмені з боку палохалі яе. Між ёю і сынам зноў устала сцяна, якая некалькі гадзін таму назад троха што не была зніштожана. Зноў само па сабе паўстала ў Таццяны пытанне, якое яна доўга напружвалася парашыць: якія маюцца ў свеце сілы, што могуць быць мацнейшымі, як сувязь з дзіцём? Яна не знаходзіла іншага адказу на гэта пытанне, як нарушэнне ў апошнія часы ўсіх чалавечых адносін — збэсціліся людзі.

— Дак ты пойдзеш, пакінеш мяне, зняважыш мае слёзы, маю доўгую пакуту?

— Пайду, матка.

Рыгор, ужо зусім гатовы, развітаўся з жонкаю і падышоў да мацеры. Яна, як шалёная, кінулася яму на плечы.

— Рыгорка, сынок, не хадзі! — нема загаласіла яна.

Моўчкі зняў Рыгор яе рукі са сваіх плячэй, павярнуўся і выйшаў з хаты. Маці без сілы апусцілася на ўслон, і нежывыя вочы яе глядзелі няведама куды. Алеся падышла да яе, узяла яе руку і сказала:

— Не сярдуйце на яго, матка, ён павінен быў пайсці. Яму было цяжка вас кінуць, усё ж такі ён сын.

— Няма ў мяне ні аднаго сына,— здушана адказала маці.— Першага смерць забрала, а другі... другі...

Яна не даказала і яшчэ ніжэй апусціла голаў.

 

ІІ

 

Далёка на поўнач ад Турава аж да Старобіна і на поўдзень да краю Беларусі цягнуцца агромністыя Тураўскія лясы. Толькі маленькімі плямкамі раскіданы сярод іх, далёка адзін ад другога, прагалы, дзе жыве чалавек. Увесь жа абшар, каб паглядзець на яго зверху, выглядае магутным цёмна-сінім морам, якое крыху святлее там, дзе лес аддае сваё месца травяному балоту. Высокія хваіны і яліны, абвешаныя, як стары дзед барадою, сівым мохам, сумныя ўдзень, уночы страшныя сваёю чарнатою, уздымаюцца ўгару, пераплятаюцца там сваім галлём, не прапускаючы ўніз ні аднаго праменьчыка сонца. Пад іх нагамі, як дзеці, захаваныя бацькамі, але досыць дасціпныя, лезуць уверх тоненькія, прыгожыя хваінкі, шабылтаецца маладая асінка, раскідае шырока, быццам ловіць каго, сваё галлё арэшнік, лезе пад самы нос сарамяжае бярэзінкі малады, але драпежны дубок. Уся гэтая моладзь хоча сонца, скардзіцца на старых, што вылезлі ўверх і ўсё забралі, пражэцца захапіць у суседа вольнае месца і так пераблытваецца між сабою, што нельга разабраць, хто з іх дзе сядзіць.

Трудна пралезці скрозь гэты гушчарнік. Толькі маленькія, вузенькія, бягучыя, як змейкі, дарожкі праходзяць па гэтым лесе. Часам трапляецца так, што дарога раптам натыкаецца на балота, куды не толькі чалавеку, але нават і птушцы боязна ступіць, да таго яно дрыгвотнае. У другім разе ад дарожкі адыходзяць у бакі такія ж самыя іншыя дарогі, якія так выкручваюцца між сценамі ялін і дубоў, што можна прахадзіць цэлы дзень і ўвечары апынуцца на тым самым месцы, дзе быў раніцою. Нават сяляне, якія пражываюць сярод гэтых лясоў усё жыццё, не любяць іх і баяцца заходзіць у іх сярэдзіну. У ціхую пагоду, асабліва ўвосень, калі над лесам стаіць цэлыя дні густы, як бавоўна, туман, у гэтым лесе адчуваеш сябе, як у труне: нішто не кратаецца, не чутно ні аднаго гуку, за дзесяць крокаў нічога не відаць. Калі ж уздымецца бура, то лес напаўняецца стогнам і енкам: кудлатыя хваіны хістаюцца з боку ў бок, стары каравы дуб рыпіць, нібы скрыжэча зубамі, яліна шыпіць, бярэзіна не вытрымлівае і са звонам і жаласным «ах» валіцца на зямлю, губячы па дарозе ўхаваную ад непагоды моладзь. Сярод гэтага гоману то тут то там раздаецца ні то плач, ні то смяртэльны енк: можа, гэта кволая лясная птушка б’ецца ў кіпцях каршуна, можа, заяц плача, пакідаючы жыццё ў зубах воўка, а можа, і чалавек рэжа чалавека.

Жудасны лес; і многа ў ім такіх частак, дзе яшчэ не ступала чалавечая нага. Затое шмат ён дае прытулку для грознае звярыны: і воўк, і мядзведзь, і каршун, і сава маюць тут сабе бяспечны куток. Шырока прымае лес і чалавека, калі яму не хапае месца ў грамадзе: ці пакраў ён коней, ці забіў каго, альбо калі яму трэба спагнаць помсту ці абрабаваць каго, ідзе ён у гэтыя лясы, якія ахоўваюць яго, як маці сваё дзіця. Пад лапамі карэнняў вывернутага бураю дуба можна знайсці хату, у балоце непрыступную крэпасць...

Стаяла на дварэ восень. Ужо некалькі дзён ішоў без перапынку дождж, дробны, як імгла. Дні былі шэрыя, туманныя, нельга было разабраць, калі канчаецца дзень і пачынаецца ноч. Ночы ж былі такія цёмныя, што ў двух кроках не відаць было нічога, хоць вока выкалі. У такую ноч сярод лесу, на невялічкім прагальчыку, блішчаў агонь, а каля яго сядзела пяць чалавек. Хто з іх быў у салдацкім шынялі, хто проста ў сялянскім кажуху, адзін жа нават у шэрым афіцэрскім шынялі з блішчастымі наплечнікамі. На голаў сабе яны нацягнулі мяшкі, а ў афіцэра быў насунуты башлык. Вакол валяліся стрэльбы, нажы ў шкураных чэхліках, торбачкі з патронамі, парожні, забруджаны ядою чыгун, кавалкі хлеба.

Агонь ледзьве гарэў. Мокрыя дровы і суччо тлелі, дымілі і нават не давалі сагрэўку працягнутым да іх рукам. Зверху раз-пораз падалі буйныя кроплі, якія збіраліся на галлі.

— Ну і пагода, на яе ліха,— вылаяўся адзін у сялянскім кажуху,— раскіснеш тут седзячы.

— На чорта мы тут сядзім,— адказаў другі.— Выдумалі яшчэ вайсковую тактыку, патрэбны нейкія заставы. Эх вы, ваякі,— звярнуўся ён у бок афіцэрскага шыняля,— ды ў гэтым лесе вальней, як дома на печы, ніхто не знойдзе.

Афіцэрскі шынель павярнуў голаў, падняў наехаўшы на вочы башлык і кінуў сярдзіты позірк на сваіх сяброў.

— Перш за ўсё — не гаманіць, а другое — толькі дурань аддаецца сам у лапы ворагу,— стрыманым голасам прамовіў ён.— Што ж, па-твойму выходзіць так, што заваліся, дзе цяплей, ды спі?

— А і сапраўды, я б так і зрабіў. Мы Тураўскаю чысткаю нагналі, мусіць, такі спалох на ўсіх гэтых бальшавіцкіх начальнікаў, што яны цяпер не толькі здаганяць нас, але як самім падалей уцячы думаюць.

Невялічкі шустры чалавек у салдацкім шынялі ўскочыў з зямлі, схапіў з галавы мяшок і заскакаў каля агню.

— Эх, і далі ж мы ў Тураве! Я ўсё больш з маладымі жыдовачкамі справу меў... Возьмеш ад яе, што трэба, а потым так вот кінжалам пачнеш падпорваць скуру. Эх! — і ён плюнуў ад асалоды.

Маленькі твар яго з чорнымі вусікамі, гарбатым носам і тоўстымі чырвонымі губамі ўвесь выцягнуўся ад успаміну. Ногі яго не стаялі на месцы, і ён, як шалёны, круціўся вакол агню.

Маўчаўшы дагэтуль зусім яшчэ малады хлопец паглядзеў на скакаўшага гарбаносага і, расстаўляючы словы, сказаў:

— Каўказскія князі ўмелі пажыць, чаму не! Ім толькі і трэба што бабы ды галаварэства, а як да вайны дойдзе, дык яны гэтак... вось так,— і ён паказаў пальцамі нейкую штуку.

Гарбаносы ў адзін момант быў перад хлопцам.

— Я не ўмею ваяваць? Дак я ж табе пакажу!

У яго руках прамігнула блішчастая ручка шаблі, у паветры засвістала. Але ў той жа момант шабля вывалілася ў яго з рук і паляцела далёка ад агню.

— Кіньце вы, сабакі! Толькі грызецеся заўсёды да грабуеце, а што мы ідзём вясці барацьбу з бальшавікамі, вы гэтага не памятаеце,— прарычаў на іх голас афіцэрскага шыняля.

— Па мне, з кім ні змагайся, а перш усяго мая ўласная выгада,— прапішчаў гарбаносы, увесь белы ад злосці,— і не гэтаму блазну вучыць мяне, як ваяваць!

— О, пан паручнік,— раздаўся яшчэ адзін голас, звяртаючыся да афіцэра,— па-вашаму дак выходзіць, што мы ішлі б змагацца з бальшавікамі і ніводным пальцам не закранулі б ні іх дабра, ні гэтых жыдкоў! Ну, тады пашукайце сабе іншых сяброў!

— Ну, гэта ты ідзі скажы самому атаману, а не мне,— адказаў афіцэр.

— Ды атаман наш усё дазваляе,— праказаў усё той самы голас,— толькі вы хочаце быць святым, ідэёвым сярод нас. Шмат ужо мы бачылі гэтых ідэёвых, і што яны варты? Мокрыя анучы, якіх бальшавікі могуць скруціць і выкінуць за дзверы. Вось вы што!

— Як ты пасмеў так абазваць мяне? Я афіцэр і не дазволю так гаварыць са мною,— з запалам крыкнуў афіцэр.

— Афіцэр! афіцэр! Ах, якая міцыя, падумаеш! Да я меў больш залатых, як ты маеш цяпер у кішэні польскіх марак. Што ж ты думаеш, я буду песціцца са ўсёю гэтаю поганню пасля таго, як у мяне адабралі зямлю, спалілі мой маёнтак? Не, тут не толькі бальшавікі, усё гэтае быдла павінна. Помста яму!

Ад агню падняўся рослы чалавек у простай сялянскай адзежы, але па абліччы зусім не сходны з селянінам. Ён падышоў да гарбаносага, узяў яго руку, патрос яе і сказаў:

— Мы, князь, нікога не пашкадуем. Бальшавік, яго жонка, маці, чорт-д’ябал, усё роўна, усіх на асіну!

Афіцэр змоўк і адвярнуўся ад агню. Яго сябры перайшлі да ўспамінаў аб сваіх дзеях па мястэчках і вёсках, дзе ім удалося пагаспадарыць. Толькі і чутно было: застрэліў, зарэзаў, павесіў. Малады хлапец, што шчапіўся было з князем, не прымаў удзелу ў гэтай пахвальбе і сумнымі вачамі глядзеў на скокі полымя. Між усімі астатнімі ён выглядаў чужым, выпадкова сустрэўшымся з імі чалавекам. Бывае часта, што сярод чартапалоху расце кволая кветка званка, якая разам з ім падлягае ганьбе і тым жа часам сама натыкаецца на яго вострыя шпількі. Так і гэты хлапец быў сярод гэтага гуртка. Толькі аднаго паручніка, як звалі афіцэра, ён паважаў за чалавека, усе ж астатнія былі яму проста прыкрымі.

Чалавек у афіцэрскім шынялі адступіўся ад агню і хутка прапаў у цемры ночы і лесу. Адышоўшы крыху ў лес, ён прысланіўся да хваіны і аддаўся цалкам сваім думкам. Тыя спрэчкі, якія толькі што адбыліся і ўдзельнікам якіх ён быў сам, так напрыкралі яму, што слухаць іх з часам станавілася ўсё больш і больш немагчыма. Гэтая шайка людзей, сабраная са ўсяго свету і аб’яднаная толькі адною помстаю за асабістыя пагарды ад рэвалюцыі, у сучасны момант не мела іншых імкненняў, апрача разбурання ўсяго, што пападала пад руку і што знаходзілася пад уладаю гэтых ненавісных бальшавікоў. Вёскі падпальваліся і гарэлі, па мястэчках стаяў енк ад катавання і здзеку над ні ў чым не павіннымі людзьмі. Край нішчыўся, людзі кідалі ўсякую карысную працу — чакаючы штоноч напасці ад іх. Ён сам, гэты афіцэр, доўга змагаўся супраць бальшавікоў: быў і ў войску Юдзеніча, быў і з палякамі, але ў яго разуменні была вайна з бальшавікамі, як з арганізаванаю адзінкаю. «У вайны ёсць свае законы,— думаў ён.— Цяпер жа, як вайна скончылася, усе гэтыя людзі, якім ужо траціць больш няма чаго і ў якіх засталася толькі адна помста, замест вайны пусціліся ў самы брудны разбой, падтрыманы на чужыя грошы».

Думкі яго прыпыніліся. Пачуўся хруст сучча — хтось ішоў да яго.

— Пан паручнік, пан Талока! Дзе вы тут? — раздаўся ледзьве чутны голас.

— Хто там?

— Гэта я, пан Талока,— падышоўшы да афіцэра, сказаў малады хлопец,— яны там пачалі брыдка гаварыць, што мне стала моташна з імі.

— Ну, калі табе моташна з намі, то можаш ісці куды хочаш,— востра адказаў афіцэр.

— Не сярдуйце на мяне, пан паручнік! Мне здаецца, вы і самі кажаце не тое, што думаеце.

— А ты што, у мае думкі лазіў? Маўчаў бы больш ды не рыпаўся са сваімі радамі і здагадкамі.

— Ах, як цяжка ўсё гэта! Нават і вы, пан Талока, не хочаце слова добрага сказаць мне, а я лічыў вас лепшым за ўсіх гэтых...

— Каго «гэтых»? — і Міхась Талока пасунуўся грозна да хлапца.

Але ў апошняга быў такі жаласны выгляд, што ён адступіўся ад яго і адразу стаў мяккім з ім.

— Чаго ж ты хочаш ад мяне? — запытаўся Міхась.

— Я і сам не ведаю, чаго я хачу. Вось вы толькі што сказалі, каб я ўцёк ад вас, калі мне не падабаецца ў атамана. Я і ўцёк бы, але куды ж я пайду? Тут мой і дом недалёка каля Скароднага, там жывуць бацькі, уся сям’я. Пайшоў бы дадому, дык як туды пакажашся? Усе вакол ведаюць, што я ўцёк разам з палякамі, шмат хто з тураўскіх мяшчан пазналі мяне, і цяпер ужо ўвесь павет ведае, што я балаховец. Няма месца, няма куды ісці і заставацца з вамі нельга. Ах, што я нарабіў, да чаго дайшоў!

У голасе хлапца пачуліся слёзы. Міхась больш ужо не мог вытрымаць ролю начальніка. Яму стала шкода гэтага хлапчука, невядома як прыстаўшага да іх шайкі. Успамін хлопца аб сям’і, бацьках даў новую эмоцыю і яму самому. Раптам усплылі думкі аб тым, што і ў яго тут недалёка жыве маці, брат, аб якіх ужо даўно ён не ўспамінаў, заняты заўсёды клопатамі свайго крывавага жыцця. Далей яго думкі пацяклі зноў да тых спраў, якім ён служыць у гэты час. Зямля, на якой ён стаіць у гэтую хвіліну,— яго родная зямля, але ён на ёй вораг, прыйшоўшы глуміцца над усім жывым. Ці ж ён сам, ці гэты сялянскі хлопчык — ворагі роднаму краю, ці павінны яны ісці разам з гэтымі князькамі, панкамі галасопіць сваіх бацькоў? Ну, пакрыўдзілі яго калісь, блішчастыя наплечнікі сарвалі, лаялі брыдкімі словамі, дык за гэта ісці паліць вёскі, рэзаць і калоць безахоўных людзей? Не, ён таксама, як і гэты хлопец, зрабіў цяжкую абмылку, такую цяжкую, што паправіць трудна. Кінуць атамана і пайсці да бальшавікоў з павіннаю? Хто іх ведае, як яны сустрэнуць: кажуць, што ад іх нельга чакаць літасці.

Міхась апусціў голаў, і доўга думкі яго круціліся разбурана, не супыняючыся на чым-небудзь сталым.

— Што ж вы мне параіце? Зратуйце мяне!

Міхась забыўся, што з ім стаяў хлопец. Ён падняў голаў і з вялікаю нудою сказаў:

— Зратаваць, параіць!.. А хто ж мне параіць, што рабіць?

— Няўжо ж і вам цяжка ў гэтай кампаніі? — зацікаўлена і з нейкай радасцю запытаўся хлапец.

Міхась не адразу адказаў. У мазгах яго нібы жахацеў агонь. Яму стала горача, хоць па хваіне вада зацякала яму за самы каўнер і далей цякла па голым целе халоднаю рагаю.

— Цяжка! — ледзьве чутным голасам адказаў ён.

У гэтым голасе хлапцу пачулася такая безнадзейная туга, што ён аж жахнуўся. Міхась жа гаварыў далей, ледзьве выціскаючы з сябе словы.

— Цяжка!.. Пасля гэтае пакуты, пасля цэлых гадоў усцішша смерці, якая штодзённа стаяла перад вачамі, пасля таго, як уся душа зломана, сцёрта ў пыл і маладосць пахавана пад зямлёю,— пасля ўсяго гэтага апынуцца сярод лесу, як беспрытомны злодзей! Цяжка гэта...

Хлапец падышоў якраз да Міхася, крануў яго рукою. Міхась так быў заняты сваімі думкамі, што не толькі не прыкмеціў ласкі сябра, але нават забыўся аб ім самім. Яму здавалася, што ён адзін сярод невядомага лесу, што кожнае дзерава — гэта рукі смерці, якія цягнуцца да яго, хапаюць яго, накідаюць яму на шыю драцяную вяроўку. Ён крануўся рукою шыі, якая ўся была мокрая.

— Пан Талока, вас там клічуць! — штурхануў яго хлапец.

Міхась прыйшоў у сябе і нарыхтаваўся да сваіх сяброў. Каля агню ўжо ніхто не сядзеў, усе стаялі і горача спрачаліся. Як толькі Міхась падышоў да іх, спрэчкі змоўклі і гарбаносы князь звярнуўся да яго:

— Мы не згодны больш сядзець тут і кіснуць пад дажджом за немаведама што. Пойдзем да атамана патрабаваць, каб ён вёў нас на дзейную справу, а не квасіў бы нас у гэтых гіблых лясах.

— Вы, князь, таксама былі афіцэрам і ведаеце вайсковую дысцыпліну. Кінуць заставу ды яшчэ ісці з патрабаваннямі да начальніка не дазваляе ні адзін вайсковы статут,— адказаў Міхась.

— Вайсковы статут, дысцыпліна,— насмешна ўставіў быўшы пан.— Навошта яны патрэбны? Мы добраахвотная кампанія, і калі справа робіцца не так, як мы жадалі б, то на ліха нам атаман, паручнікі!

Пры апошніх словах пана Міхась аж пакрывіўся ад злосці, але нічога не адказаў. Патрабаванне яго сяброў не лагодзіла яму з двух бакоў. Перш усяго, не хацелася пераходзіць да актыўнасці, якая мела мэтаю далейшы разгром краю, а, па-другое — у ім яшчэ глыбока сядзела вайсковая муштра і дысцыпліна, якая не дазваляла яму парушыць прыказ і пакінуць месца, дзе стаяла застава і дзе ён сам быў старшым.

Але стрымаць гэтую банду ў Міхася не было ніякіх сродкаў. Ён абвёў усіх сваіх сяброў вачмі і праказаў:

— Ну, добра! Пойдзем да атамана, але толькі вы скажаце ўжо самі аб сваіх жаданнях.

— О, мы не палезем у кішэню за словам і не прымусім пана паручніка парушаць яго дысцыпліну. Мы шляхетныя людзі,— адказаў пан.

Агонь застаўся ззаду. Уся шайка адразу ад агню апынулася ў такой цемры, што хоць вочы выкалі. Міхась ішоў ззаду і часта натыкаўся носам на спіну папярэдняга. Пан і князь, нягледзячы на іх ваяўнічы пыл, былі, аднак, дрэннымі ваякамі. Яны ішлі наперадзе і раз-пораз прыпыняліся, губляючы дарогу і трацячы напрамак. Нарэшце яны зусім сталі, не ведаючы куды ісці. Спыніліся і заднія.

— Пан Талока, пан паручнік! — пачаў клікаць князь.— Вядзіце нас, вы ж — начальнік.

— Вы не маеце і не хочаце начальніка, дык і не трэба. Ваякі! — не ўстрымаўся хлапец.

— А ты памаўчаў бы, блазан! — агрызнуўся на хлапца пан.

Міхась, не кажучы ні слова, павярнуўся ўбок. Усе пацягнуліся за ім, і пасля гадзіны маруднае хадзьбы па балоце, пераскоквання цераз карчы і пні, яны выйшлі на прагал, дзе зіялі сваімі асвечанымі вокнамі тры-чатыры хаты хутаран. Увесь прагал быў застаўлены вазамі, коньмі, так што ледзьве можна было пралезці, не ведаючы размеркавання гэтага табара.

Сябры Міхася Талокі праціснуліся ў сярэднюю хату, якая была большаю за астатнія, і вокны якой аж зіхацелі ад святла. Сам Міхась астаўся з хлапцом каля аднаго з вазоў: ён не хацеў паказвацца на вочы атаману. Хлапец, апынуўшыся сярод грамады людзей і адчуваючы тую сілу, якая ахоплівае чалавека ў грамадзе, засаромеўся сам перад сабою тых думак, якія ён выказаў паручніку там, у лесе. Ён боязна паглядзеў на Міхася, асцерагаючыся, каб апошні не паведаміў аб той гутарцы атаману. Улучыўшы хвіліну, калі вакол іх воза нікога не было, хлапец прыхіліўся да Міхася і на вуха сказаў яму:

— Пан паручнік, зрабіце ласку, не кажыце нікому аб маёй з вамі размове ў лесе.

— Не палохайся! Ніхто аб гэтым ведаць не будзе. А цяпер скажы, тыя думкі цябе пакінулі? — запытаўся Міхась.

— Я не ведаю,— з замяшаннем адазваўся хлапец.

— А і сапраўды ты яшчэ блазан, Кастусь! У цябе, як і ў кожнага хлапца, вецер у галаве гуляе: то ты адно казаў, то ўжо гатоў, здаецца, казаць іншае.

— Выбачайце мяне, калі я не так адказаў вам! Я заўсёды баюся гэтага табара, мяне гняце страхота перад атаманам, і мне жудасна ад думкі аб тым, што ён можа даведацца аб маім настроі.

— Скажы, ты пасмеў бы ўцячы адгэтуль? — запытаўся Міхась, востра гледзячы ў вочы Кастусю.

Кастусь доўга са страхам і з падазронасцю азіраўся па баках, а потым ледзьве чутно адказаў:

— Калі б разам з вамі, то я гатоў.

З ганка хтосьці моцным голасам клікаў:

— Паручнік, пан Талока! Ідзіце да атамана, дзе вы там згінулі?

— Ну, глядзі ж, ні слова нікому і чакай мяне тут,— шэптам сказаў Міхась хлапцу.— Я іду,— голасна кінуў ён у бок ганка.

Міхась увайшоў у сені і доўга шукаў клямку хатніх дзвярэй. Нельга сказаць, што ён баяўся атамана, але заўсёды нейкае пачуццё стрымлівала яго ў рашучасці, як толькі ён з ім сустракаўся. Ці то была несфармаваная варожасць двух розных па сваёй прошласці людзей, ці то адваротнасць Міхася да тых цяжкіх і брудных спраў разбою, натхніцелем якіх быў атаман. Міхась не даваў адказу ў гэтым пытанні, але і цяпер рука яго бязвольна шукала больш як трэба дзвярную клямку.

Каля стала ў покуці пад абразамі сядзела чалавек шэсць ці сем, сярод каторых знаходзіліся падчынёныя Міхася — пан і князь. Усе азірнуліся на дзверы, як толькі Міхась пераступіў парог у хату. Міхась аддаў чэсць па-вайсковаму і запыніўся сярод хаты, быццам чакаючы прыказу ад атамана. Апошні ў палкоўнічых наплечніках, з рукамі ў разнастайных дарагіх жуковінах, з шэрымі халоднымі вачамі, займаў самы покут. Яго твар са сціснутымі губамі, тонкім, крыху гарбатым носам і вытырклым уперад аголеным падбародкам выглядаў злым, як у каршуна. Ён утупіўся на ўвайшоўшага Міхася і мераў яго з галавы да ног.

— Дзе ж ваша застава, пан паручнік,— запытаўся ён, сцешыўшыся разглядваннем Талокі.

— Яна перад вамі, атаман! — паказаў рукою на пана і князя паручнік.

— Я бачу, прашу не паказваць!

Міхась прыкмеціў, як пан з князем перамігнуліся і па іх твары прайшла здавольная ўхмылка.

— Вы не маеце дысцыпліны, ды і не дзіва,— казаў далей атаман,— бо вы самі спагадаеце яе парушэнню, маючы думкі нясходныя з намі наконт нашых дзей.

— Выбачайце, пан атаман, скуль вы ведаеце мае думкі?

— А вось ім вы што казалі? Здагадайцеся!

Міхась зірнуў на князя. Той насмешна-агідна глядзеў на яго і нібы цешыўся яго смуткам. У Міхася нешта вострае прайшло ў сэрцы і, мусіць, адбілася ў вачах, бо князь неяк раптам адвярнуўся, страціўшы ўвесь свой кураж.

— Чакаю вашага прыказу, атаман,— прыдушаным голасам праказаў Талока,— хачу ведаць, навошта вы клікалі мяне. Здзекавацца ж і кпіць нада мною... я... не дазваляю.

Палкоўнік аж чуць падскочыў на лаве, дзе ён сядзеў, але стрымаўся. Прайшла хвіліна ўмоўчкі.

— Вы садзіцеся, чаго вы стаіцё,— пачуўся лісліва-мяккі голас нібы зусім другога чалавека.— Я паклікаў вас для таго, каб парадзіцца з вамі, як нам лепш расправіцца з Петрыкавам. Вы, здаецца, добра ведаеце тутэйшыя мясціны, і ад вас шмат залежыць поспех нашага нападу на гэтае мястэчка.

Міхася кальнула ў грудзях пры гэтых словах. У адзін момант мільганула многа ў галаве: маці, бацька, знаёмыя, дзіцячыя яго гады і тая доля, якая чакала мястэчка. Міхась застаўся стаяць на месцы і на нейкую хвіліну не бачыў ні атамана, ні ўсіх з яго шайкі.

— Ну, дык як?

Міхась вярнуўся да рэчаіснасці.

— Так, так, месца там мне надта знаёма,— адказаў ён, як скрозь сон,— але што ж я павінен рабіць уперад усяго?

— Трэба даведацца, ці ёсць там цяпер так званае чырвонае войска, а таксама раскідаць нашы адозвы да народа.

— Ну, добра! Толькі дайце мне на дапамогу Кастуся Карытку.

— Бярыце каго хочаце, толькі не больш трох-чатырох чалавек.

— Не, нас хопіць і дваіх,— адказаў Міхась,— невялікая гэта рэч.

Міхась развітаўся з усімі і вайсковым крокам выйшаў за дзверы.

 

ІІІ

 

Для Таццяны і Алесі пачаліся дні, поўныя трывогі і смутку. Прайшло ўжо больш за дзесяць дзён, а аб Рыгору не было ніякае чуткі, нібы ён у ваду кануў. Алеся спачатку рабіла так, каб не паказаць мацеры, што яна заклапочана і неспакойна за лёс Рыгора, але вытрымаць гэтае прытворства доўга яна не магла — яна была звычайнаю кабетаю. Усё часцей ды часцей на яе твары пачала адбівацца небяспека, задумлёнасць, а пасля і трывога. Апынуўшыся ў глухім кутку, вымушаная сядзець у хаце, каб ухіліцца ад лішняе гутаркі аб ёй у вёсцы, яна тамілася бяздзейнасцю і больш аддавалася сваім думкам, пачуццю.

Таццяна ж, сустрэўшыся з жывым чалавекам, якім была Алеся, і пад уплывам тае пагрозы, якая вісела над яе малодшым сынам, атрымала новы імпэт у жыцці. Яе нядаўняе ацапяненне прайшло, і яна кожны дзень, кожную гадзіну жыла ўсё новым пачуццём — то радасным, поўным надзеі, то трывожным, змешаным са страхам і ўсцішшам. На другі дзень, як толькі Рыгор пакінуў вёску, Таццяна зноў была недалёка ад слупняку, але прысутнасць Алесі зратавала яе ад гэтага, і чым далей, як толькі павялічваўся смутак у Алесі, маці ўсё больш адчувала ў сабе сілы, і ўжо яна суцяшала і ажыўляла Алесю. Аднаго толькі яна не магла ўцяміць: з кім цяпер і завошта ідзе вайна. Усе кажуць на вёсцы, што вайна ўжо даўно скончылася, а Рыгор вось зноў пайшоў ваяваць і немаведама з кім. Гэтае пытанне яна ў першыя часы адсутнасці Рыгора прабавала парашыць сама, але хто гэтыя бандыты, чаго яны хочуць, за што з імі ваююць бальшавікі, яна ўсё ж такі не разумела. І чым больш гэта было для яе незразумелым, тым болей яна скардзілася ў сэрцы на сына, які кінуў яе і жонку ды пайшоў упрочкі.

— Алесечка,— запыталася яна яксьці ў нявесткі,— ці не ведаеш ты, што гэта за бандыты, з якімі пайшоў ваяваць Рыгор?

— Няўжо ж вы, матка, не ведаеце гэтага? Ды гэта ж, мусіць, кожнае дзіця на вёсцы ведае.

— Дзе ж мне ведаць? Ужо колькі часу я не чула жывога слова: у мястэчку я не бываю, а нашы сяляне і самі нічога не ведаюць.

— Бандыты — гэта проста разбойнікі, якіх распладзілася цяпер надта шмат. Як толькі скончылася вайна і стала відаць, што панам нельга адалець бальшавікоў вайною, дык яны, матачка, пайшлі на тое, што скопам, хаваючыся па лясах, раптам наскокваюць на вёскі, сёлы, мястэчкі, і нават буйныя, рабуюць іх, забіваюць людзей, асабліва бальшавікоў і тых, хто ў іх служыць. Вось гэтыя разбойнікі і ёсць бандыты.

— З намі божая моц! Для чаго ж гэта робіцца?

— О, яны ведаюць для чаго! Каб спагнаць сваю помсту за патрачанае багацце, маёнткі, адабраныя ў іх працоўным народам, каб зноў вярнуць сабе панства і ўладу, якую яны страцілі і якіх не здамагліся праз вайну.

У Таццяны адразу ўсё праяснела. Цяпер яна зразумела, што яе Рыгор пайшоў змагацца за справы працоўнага народа, яна таксама зразумела, хто такія бальшавікі, і замест колішняга ўсцішша перад імі яна стала шкадаваць іх.

Алеся ж гаварыла далей:

— Вось і Рыгор быў дагэтуль прадсядацелем у воласці, клапаціўся, не меў спакою ні днём, ні ноччу, усё прыладжваў, каб нарыхтаваць належна жыццё ў воласці, а тут — на табе! Наляцелі раз ноччу, ледзьве жывымі выскачылі.

Алеся змоўкла, аддаўшыся сваім думкам і боязні за Рыгора. Сама яна таксама не магла лічыць сябе захаванаю. Бандыты цяпер снуюць па ўсім павеце, маюць сувязь з шляхтунамі, якія добра ведаюць і могуць даведацца, дзе хто жыве. Жыць у старой Таццяны так, каб ніхто ў вёсцы не ведаў аб гэтым, было немагчыма. Адно, што магло дапамагчы,— гэта пусціць чутку, што яна — якая-небудзь з сваякоў Таццяны.

— Матачка, ведаеце, аб чым я хачу вас прасіць,— звярнулася яна да Таццяны,— не кажыце нікому, што я Рыгорава жонка.

Таццяна здзіўлена паглядзела на Алесю.

— Чаму ж ты аб гэтым просіш? Ці сорамна табе быць яго жонкаю, ці другое што? Калі так, то...— Таццяна не дагаварыла і адвярнулася ад Алесі, крыўдзячыся на яе за сына.

— Не, мне не сорамна, хоць людзі яшчэ і лічаць шлюб без царквы ганьбоўным. Не тое, матачка, не гневайцеся на мяне. Я прашу таму, што як даведаюцца аба мне, як аб жонцы Рыгора, то пачнуць дапытвацца аб ўсім, і гэта можа шмат пашкодзіць і мне, і вам, і Рыгору.

Таццяна здагадалася, у чым справа, і крыўда яе прайшла. Але ўся гэтая гутарка, усё, аб чым яна даведалася ад Алесі, зрабіла цэлы зварот у яе душы. Таццяна не супакоілася за Рыгора, але яшчэ больш трывога ахапіла яе сэрца. Разам з тым да гэтага смутку далучылася вялікая нянавісць да гэтых «бандытаў». Чаго ім трэба? Адабраць зямлю ў сялян, як кажа Алеся. Дык калі яны не адалелі бальшавікоў у вайне, то разбоем ужо дамагчыся ім няма чаго. Навошта ж гэтая кроў, забойствы? Таццяна адразу перакідала свае думкі да Рыгора, і жудасныя малюнкі мільгалі перад яе вачамі. Але яна не давала сябе пад іх уладу. Яна помніла, што тут, у хаце,— Алеся, якая патрабуе падтрымання, уцехі. Таццяна бралася за якую-небудзь работу: длубалася над панчохаю ці малола ў жорнах жыта.

— Алеся, дапамажы мне падняць мяшок.

Алеся на нейкі час адыходзіла ад свайго заклапочання, трывогі, нуды. Маці бачыла гэта і праглася выдумаць ёй яшчэ якую-небудзь работу. Але трывога ненадоўга пакідала Алесю. На другі дзень яна не вытрымала і з раніцы папрасіла Таццяну наведацца ў мястэчка, каб там у прадсядацеля рэўкома даведацца хоць якіх-небудзь чутак аб Рыгору.

Таццяна і сама мела на думцы схадзіць на мястэчка, але куды і да каго звярнуцца там, яна не ведала. Цяпер жа, даведаўшыся ад нявесткі, да каго яна павінна зайсці, Таццяна хутка апранулася і выйшла з хаты.

Даўно ўжо яна не была ў мястэчку, хоць вёска, дзе яна жыла, была і недалёка ад яго. Таццяна не адразу знайшла свой колішні дом, бо вакол яго былі прагалы ад спаленых суседніх дамоў. Зайшоўшы ў дом, яна прыпынілася ў сенцах, не ведаючы, ці туды яна трапіла, бо насустрач ёй выйшла кабета, якой яна не ведала і не бачыла ў Петрыкаве.

— Каго вам трэба? — запыталася апошняя ў Таццяны.

— Скажыце, калі ласка, тут жывуць Кацубы?

— Тут, тут — праходзьце вось у тую бакоўку.

Кацубы, купіўшыя ў Таццяны дом, карысталіся цяпер з яго толькі адным пакойчыкам, бо займаць і трымаць увесь не было магчымасці.

Таццяна праціснулася скрозь кучы ўсялякае рухлядзі, наваленае ў першым пакоі, да Кацубаў. Старая Кацубіха, яе даўняя прыяцелька, сустрэла яе, як пакойніка з таго свету.

— Таццянка ж мая, родная, скуль жа гэта бог прынёс цябе? Дзе ты была ўвесь гэты час?

— І не пытайся лепш, гібею, як гарох пры дарозе, ды ніяк не дачакаюся смерці: адно толькі і засталося, што чакаць смерці, ды не ідзе яна.

Кабеты селі. Таццяна, маўчаўшая цэлымі тыднямі, месяцамі, пры сустрэчы з даўняю знаёмаю, атрымала хто ведае адкуль найшоўшы пэнт гаварлівасці. Можа, адбіткі колішняга зварушыліся ў старой галаве пра тое, як яна ўбачыла мястэчка, сваю хату і так даўно знаёмую суседку. Можа, гэтыя адбіткі так завалодалі душою Таццяны, што на нейкі час адхіліліся ад яе тыя пачуцці, якімі яна жыла ў апошнія часы, і далі ёй магчымасць як бы з другога свету паглядзець на сябе і сваё сучаснае жыццё. Можа, гэта было і проста праяўленнем звычайнае чалавечае натуры, якая томіцца ад аднолькавых перажыванняў і ва ўсялякіх абставінах жыцця імкнецца да новага ды незвычайнага.

Таццяна доўгі час знаходзілася пад уплывам малюнкаў прошласці, якая кідалася ёй у вочы са ўсіх куткоў пакойчыка. Але, але... у гэтым самым пакойчыку гадаваўся яе Міхась, тут былі яго кніжкі, вунь там ён вешаў сваю вопратку... Сэрца Таццяны затрапяталася, як птушка ў сіле.

— Няма майго Міхася,— ледзьве выдушыла яна з сябе словы, і буйныя, як арабіна, слёзы пацяклі па яе зямлістых шчоках.

Даўно ўжо не плакала Таццяна,— і ці то ад незвычайнасці, ці ад таго, што так доўга не бачыла людзей, яна засаромелася сваіх слёз і адвярнулася ў куток, хаваючы твар ад прыяцелькі. Праз хвіліну яна звалодала з сабою і нясмела звярнулася да быўшае суседкі:

— Выбачай мяне, Хвядора, што я тут чуць не разраўлася: у кожнага ёсць сваё гора, і пазіраць яшчэ на чужыя слёзы — не надта прыемна.

— Што ты, Таццяначка! Мы так усяго нагледзеліся за гэтую вайну, так нацярпеліся, што дзе ж і наплачашся, калі не ў сваіх людзей.

— Ах, Хвядора, я даўно ўжо выплакала ўсе свае слёзы; сэрца ўжо так перабалела, што не чуеш, ёсць яно ці не ў грудзях. Толькі вось у гэтую хвіліну, як я ўспомніла Міхася яшчэ хлапчуком, калі ён увечары вунь там, за сталом, сядзеў над сваімі кніжкамі ў беленькай сарочачцы з блішчастаю пражкаю на рэмені, я не ведаю, адкуль узяліся гэтыя слёзы.

— Ці ж ты даведалася што-кольвечы аб Міхасю?

— Не, ніякіх вестак, ніякіх чутак, вось ужо тры гады, як скончыўся нямецкі фронт.

— Дык чаго ж ты ўбіваешся? Можа, ён жывы і здаровы і не сёння-заўтра будзе дома. Нямала цяпер людзей бадзяецца па свеце пасля такога штурху. Кінь ты ўжо марнець!

Старая Кацубіха пачала, як на пальцах, пералічваць усіх, хто з хлопцаў вярнуўся ў апошнія часы дадому тады, як іх лічылі ўжо згібшымі: той, замест дому, папаў туды, пад Сібір, іншы блукаўся па вайне дзесьці на поўначы. Вось, можа, і Міхась яшчэ дагэтуль дзе-небудзь ваюе, бо вайна, хоць і скончылася, але не зусім.

Таццяна слухала гутарку суседкі, і новыя надзеі залазілі ёй у сэрца і голаў. Яна ўспамінала, колькі разоў ужо ў яе самое адраджаліся таксама надзеі на зварот Міхася, колькі разоў яна сама ашуквала сябе, колькі разоў ёй прыходзілася ператрываць усю атруту гэтых надзей за невыконаннем іх. Цяпер яна праглася не паддацца так хутка соладкасці, можа, новага самаашуканства, але мімавольна радасць абдымала яе, абуджала яе фантазію. Яна прагна чакала ўсё новых, усё іншых падмацаванняў сваім надзеям, так раптам уваскросшым у словах суседкі. Ёй здавалася, што кожнае слова Хвядоры з’яўляецца падпоркаю пад сталяванне таго вялізарнага будынка, будынка светлага шчасця, якім малявалася ёй яе жыццё пасля таго, як вернецца яе Міхась. Таццяна так поўна аддалася ў сваіх думках адбудове гэтага шчасця, так дала волю сваёй фантазіі, якая так доўга сутрымлівалася, што нават забылася аб тым, зачым яна прыйшла ў мястэчка.

— Ну, дык вось не смутнуйся, Таццяна,— гаварыла Хвядора,— Міхась твой вернецца, пераедзеш ты зноў у мястэчка, і ўсё добра будзе. А дзе ж твой другі сын, як яго... Рыгор, ці што?

Таццяна адразу апынулася на другім канцы тых драбінак, якія яна абсталявала, каб узысці на верх тае будоўлі, што ўзняла высока яе фантазія. Яна ўспомніла, што ёй трэба ў мястэчку, і, не адказаўшы нават на запытанне Хвядоры, яна сама звярнулася да яе:

— Скажы мне, Хвядора, хто тут начальства? Мне нявестка наказвала зайсці да нейкага прадсядацеля, а якога прадсядацеля — я запамятала.

— Можа, прадсядацель рэўкома?

— Ага, вось так, так.

Таццяна рупліва ўстала, збіраючыся ісці. Хвядора здзіўлена пазірала на яе, а потым запыталася:

— Што ж гэта ў цябе за справы такія да гэтага рэўкома і адкуль ў цябе ўзялася нявестка?

— Нявестка ў мяне вядома хто — Рыгорава жонка, а да прадсядацеля мне трэба, каб даведацца што-кольвечы аб самім Рыгору.

Таццяна паведаміла сваёй прыяцельцы ўсё, што сама ведала аб Рыгору, не мінуўшы сказаць, што ён камуніст і быў прадсядацелем у воласці. Апошняе яна падкрэсліла асабліва выразна, нібы хацела адзначыць гэтым, што нават той сын яе, якога яна лічыла нікчэмным, ды і то займае такую выразную пасаду. Але прыяцелька Таццяны ні крыху не адчула павагі да Рыгора. Наадварот, яна неяк крыва паглядзела на сваю госцю, уся прыветнасць саскочыла з яе твару, вочы апусціліся долу.

— Вось як,— доўга памаўчаўшы, сказала Хвядора,— сын Васіля Талокі ў нехрысці пайшоў! І ты, Таццяна, не адцуралася ад гэтага сына, а нават ходзіш распытвацца аб ім, клапоцішся аб яго жонцы?

— А чаму ж мне не паклапаціцца? Я цябе не разумею, Хвядора.

— Не разумееш — і не трэба! Выбачай, але больш мы сустракацца не будзем.

Далей чакаць было нечага. Таццяна павярнулася да дзвярэй.

— Адцурайся ад свайго Рыгора,— на дарогу параіла ёй Хвядора.

— Гэта справа не твая,— адказала Таццяна і выйшла з пакойчыка, нават не азірнуўшыся на быўшую прыяцельку.

Выйшаўшы з дому, яна доўга не магла ўцяміць, як гэта прыйшло ў голаў Хвядоры даваць такія парады і чаму Хвядора так ненавідзіць бальшавікоў. Адцурацца ад сына... Паглядзець бы, як сама Хвядора адцуралася б на яе месцы, дый што за дзела мацеры да таго, як накіроўвае сябе сын! Абы ён быў жывы, каб толькі гэтая завіруха не змалола яго, як у млыне. Таццяне было нядобра, што так выйшла з Хвядораю, з якою яна магла знайсці некалькі шчаслівых хвілін, але пасля такога выпадку шкадаваць больш няма чаго знаёмства з ёю.

Таццяна даведалася, што рэўком займае памяшканне быўшае воласці, і пайшла туды. Пры ўваходзе яе доўга распытваў, што ёй трэба, нейкі хлапец, увесь абвешаны аружжам. Прадсядацель з блядым тварам і чырвонымі ад бяссонніцы вачамі выслухаў яе і сказаў:

— Ваш сын жывы і здаровы, да гэтых часоў з ім нічога дрэннага не было. Дзе ж ён — сказаць вам няможна.

— Ды я ж яго матка, чаму ж мне нельга ведаць усяго аб сваім сыне?

— Я вам ужо сказаў, што ён здароў — чаго ж вам больш трэба?

— Я б хацела ўбачыцца з ім.

— Можа, вы і ўбачыцеся хутчэй, як чакаеце, а ці будзеце вы ведаць, ці не, дзе ён — гэта ж усё роўна.

Сказаў і павярнуўся да кагосьці іншага. Таццяна пастаяла, пастаяла — рабіць нечага, трэба здаволіцца тым, аб чым даведалася. Яна зірнула на гэтага чалавека, у твары якога, здаецца, не было ніводнае крывінкі, ніякае жаласці. У Таццяны прамільгнула думка, што гэты чалавек здолен паслаць другога і сам пайсці на верную смерць, не задумаўшыся доўга над тым, куды ён ідзе. Яна яшчэ не траціла надзеі, што ён зжаліцца над ёю і скажа што-кольвечы ясней аб Рыгору. Але прадсядацель быў настолькі заняты гутаркаю са сваім сябрам, што, здаецца, зусім забыўся аб тым, што яна стаіць побач з ім.

— Дык вы нічога больш не скажаце мне? Нічога не перадасцё яго жонцы?

— Ах, з вамі жыве жонка таварыша Талокі? Ну, дык скажыце ёй, што Рыгор хутка наведаецца да яе.

Таццяне стала немагчымым далей выцягваць словы з гэтага чалавека. Апроч таго, ёй стала крыўдна, што Рыгор «наведаецца» да жонкі, як сказаў прадсядацель. А яна, маці, застаецца заўсёды ўбаку. Няхай бы ён, хоць абмыліўшыся, сказаў, што Рыгор наведаецца да мацеры!

З цяжкаю думкаю выйшла Таццяна з рэўкома. Усё ж такі Рыгор — яе сын, дык як жа можна так абыходзіцца з ёю, нібы з чужым чалавекам? Яна гатова была б пайсці шукаць Рыгора хоць на край свету, а тут ёй кажуць, што не можна сказаць, дзе яе сын. Таццяна хадзіла па вуліцах мястэчка, дрэнна бачыла, што рабілася перад яе вачамі, і адна думка не пакідала яе, хоць яна і праглася адагнаць яе, як назойлівую муху.

«Калі прадсядацель не сказаў, дзе Рыгор, то... можа, і яго ўжо няма ў жывых»,— падскоквала раз-пораз к ёй вострая, як нож, думка.

Пачынала ўжо цямнець. Мястэчка нібы пакрысе вымірала. На вуліцах сустракаліся толькі людзі з вінтоўкамі за плячмі. Адзін з іх, спаткаўшыся з Таццянаю, прапанаваў ёй ісці дадому, бо ўночы хадзіць па двары забараняецца. Таццяна апомнілася, дзе яна, і пайшла ў вёску дадому, несучы на сэрцы такі цяжар, што ён душыў яе.

Калі Таццяна падыходзіла да сваёй хаты, то яшчэ здалёку звярнула ўвагу на незвычайны бляск у вокнах. Каля сенешніх дзвярэй знадворку стаялі два чалавекі ў вайсковай вопратцы са стрэльбамі ў руках. Не падпускаючы блізка Таццяны, яны запыталіся, хто яна такая і куды ідзе. Таццяна так была здзіўлена, што доўга не магла адказаць на запытанні. Вайсковыя загадалі ёй не прыпыняцца, а ісці далей, куды ёй трэба. Тады толькі Таццяна адказала, што ёй якраз трэба да сябе ў хату, але яе не пусцілі. Яна стала дапытвацца, чаму ёй нельга ўвайсці ў сваю хату, хто там цяпер знаходзіцца. Адказу на гэтыя запытанні Таццяна не атрымала. Яна не ведала, што ёй рабіць, што азначае ўся гэтая справа. Толькі пасля доўгіх перапрашванняў адзін з вайсковых згадзіўся выклікаць з хаты свайго начальніка.

Таццяна так і абамлела, убачыўшы, што з хаты выйшаў Рыгор. Ён прыпыніўся на парозе, прыкмеціўшы маці. Таццяне здалося нават, што ён хацеў адступіцца назад у сені, але потым ён рашуча выйшаў ёй насустрач і ўвёў яе ў хату.

Каля стала сядзела тры ці чатыры чалавекі ў скураных жакетках, як у Рыгора, а адзін стаяў пасярэдзіне хаты ў нейкай чужой незвычайнай адзежы. У хаце было ціха, як у магіле. Усе, не спускаючы вачэй, пазіралі на Таццяну; яна ж аглядалася непрывычнымі да такога святла, увайшоўшы з цемры, вачамі.

— Ты не хочаш пазнаць мяне, матка?

— Міхась!..

Нечалавечы звярыны крык запоўніў усю хату, празвінеў шыбкамі ў вокнах, і падлога загула глухім стукатам упаўшага чалавечага цела. Міхась кінуўся падымаць Таццяну, але нічога не змог зрабіць адною рукою, толькі выпацкаў маці кроўю, якая цякла з яго правае рукі. Рыгор адхіліў яго, падняў Таццяну і адвёў на лаву.

— Ты б хоць не датыркаўся да яе сваёю бруднаю крывёю,— жорстка, гледзячы Міхасю ў вочы, праказаў брат.

— Я табе ўжо ўперад казаў: што хочаш рабі са мною, толькі пакінь лаянкі,— адказаў Міхась.

У хаце стала зноў ціха, ніхто не ведаў, аб чым гаварыць у прысутнасці мацеры. Таццяна прыйшла ў сябе, але так была прыгнечана нечаканасцю сустрэчы разам з абодвума сынамі, што не магла вымавіць ні слова, толькі шырока адчыненымі вачамі пазірала то на аднаго, то на другога. Усе тыя гадзіны, дні, якія яна праводзіла за думкамі аб сустрэчы з Рыгорам, ужо не кажучы аб Міхасю, усе малюнкі радасці, якую яна чакала для сябе ад гэтае сустрэчы,— усё вылецела з галавы ад гэтых незвычайна нечаканых абставін. Таццяна так была прыгнечана і самою сустрэчаю, і прысутнасцю чужых, няведамых людзей, што нічым не магла выявіць свайго пачуцця, нават не ведала, ці ёсць у яе самое пачуццё.

Рыгор шырокімі крокамі хадзіў па хаце. Яго сябры сядзелі моўчкі, толькі калі-нікалі кідалі кароткія позіркі на братоў. Міхась стаяў, як і ўперад, сярод хаты, у сваім афіцэрскім шынялі, правы рукаў якога чырванеў свежаю крывёю; гэтая кроў нікога, здаецца, не цікавіла і не непакоіла. Алеся, таксама як і маці, была прыгнечана нечаканасцю ўсяго з’явішча.

— Я ў цябе пытаюся яшчэ раз,— прыпыніўся Рыгор перад Міхасём,— дзе знаходзіцца ўся ваша банда?

— Навошта дарэмна траціць словы? Памяняліся б мы з табою месцамі, ці ж ты сказаў бы аб сваіх, калі б захацеў захаваць паважанне самога да сябе,— адказаў, падымаючы голаў, Міхась.

— Між намі ёсць розніца: я абараняю дзяржаўнасць, ты ж звязаў свой лёс з разбоем, які, як разбой, павінен хутка вытхнуцца.

— Я гэта добра ведаю і без цябе. Сам я хацеў кінуць гэтую справу, але не бачу месца, дзе можна было прыткнуць сябе. Па дарозе ад Турава сюды я быў у шмат каго з сялян і мала бачыў вашых прыхільнікаў.

— У каго ты быў? Ты туляўся па шляхце, па хутарах, у вёску ты не смеў паказацца. Ну, вядома, шляхта, у якой абразаюць крылы, не з намі, ды яна нам і не патрэбна.

— Так ці іначай, але я пераканаўся, што з вамі я згадзіцца не магу.

— Шмат з вашага стану ёсць нязгодных, але ж не ўсе падымаюць на нас сваю руку. Ты ж пайшоў на самае бруднае, што толькі можа быць,— і з кім ты пайшоў?

— Ты мне, брат, казанні не чытай!

— Ды я табе і не брат, калі хочаш ведаць. Я гаварыў з табою дагэтуль як з братам, а цяпер буду гаварыць як з ворагам!

Маці прыслухалася да апошніх слоў Рыгора і адразу зразумела ўсё, хоць дагэтуль яна ні словам не абмовілася з Міхасём аб тым, дзе ён быў увесь час, што рабіў. Ёй, як маланкаю, прарэзала мазгі слова «бандыт»: значыць, Міхась — «бандыт», з якім ваюе Рыгор. Ваюе... вось і кроў, цячэ яна па падлозе. Брат страляў у брата. Валасы захадзілі на галаве ў Таццяны ад усцішша, і яна, закрыўшы рукамі твар, кінулася ад страху за дзверы, нема галосячы. Алеся ледзьве вярнула яе ў хату.

— Я змушан аддаць цябе, закаранелага ворага, у рукі закону,— пачула Таццяна словы Рыгора, як толькі Алеся ўцягнула яе ў хату.

Два Рыгоравы сябры ўсталі з лавы, гатуючыся весці Міхася. Апошні зайздросна паглядзеў на іх, на Рыгора і адвярнуўся ўбок.

— Рыгорка, куды ж яго павядуць? — чуць не шэптам запыталася Таццяна.

— У мястэчка, а далей — у горад.

— Што ж з ім зробяць?

— Што заслужыў, тое і зробяць.

Міхась, ужо каля дзвярэй, павярнуўся да мацеры:

— Прашчайце, матка!

Таццяна, з лёгкасцю коткі, кінулася яму на шыю, абхапіла яго рукамі і павісла на ім:

— Не пушчу я цябе! Тры гадочкі чакала штодзень, шточас... Кожны дзень я бачыла цябе ў магіле, і кожны дзень ты прыходзіў да мяне ў маіх думках, у маім сэрцы. Не аддам я цябе нікому.

Усе стаялі вакол, не ведаючы, што рабіць. Рыгор, пабляднеўшы, адвярнуўся да акна і пільна глядзеў туды, нібы што разглядаў знадворку. Яго сябры адчувалі сябе яшчэ больш дрэнна. Таццяна калацілася сваёю ўзлахмачанаю галавою ў грудзі Міхася, і страшэнны енк агалашаў хату.

— Матка, даволі, гэтым нічога не пасобіш,— сказаў Рыгор дрыжаўшымі губамі.

— Рыгорка, сыночак, не аддавай яго, не аддавай!

Таццяна ўжо стаяла на каленях перад Рыгорам, цалавала яго рукі і ў параксізме ўпівалася зубамі ў яго пальцы. Рыгор падняў яе і, моцна трымаючы, панёс на пол. Пакуль ён клаў яе, Міхася з яго ахоўцамі ўжо ў хаце не было.

Нейкі час у хаце было да жудасці ціха. Таццяна ляжала нерухома, немігучна глядзела перад сабою і нічога не бачыла. Рыгор стаяў над ёю, гатовы стрымаць яе пры першым здарэнні прыпадку. Таццяна пачала схопліваць тое, што было ў яе перад вачыма. Яна доўга ўглядалася ў твар Рыгора, нібы ніяк не магла пазнаць яго.

— Гэта ты, Міхась, са мною? Вось як добра, што ты прыехаў, я так чакала цябе, мой сыночак. Прыхіліся ка мне,— і яна пачала гладзіць па галаве Рыгора, прыгаварваючы: — Вось і Міхась мой дома, Міхась не будзе мяне пакідаць, як Рыгор...

Раптам яна пазнала, хто перад ёю, і кумельганам кінулася з полу ўцякаць ад Рыгора.

— Не чапай, не чапай мяне, ты сваімі рукамі аддаў ім брата, прэч ад мяне!

— Супакойцеся, матка! Нічога з ім дрэннага не будзе, пасядзіць трохі, ды выпусцяць. Чаго вы так убіваецеся?

— Ты мяне сцешыць хочаш! Не трэба мяне цешыць. Будзь ты пракляты, і няхай твая нага ніколі не пакажацца перада мною!

Таццяна спакойна, нібы адзервянеўшымі нагамі, падышла к сталу, села на лаву і ўтупілася вачамі ў той асаблівы пункт, які яна адна толькі бачыла. Рыгор збіраўся ў дарогу, гаварыў з Алесяю, хадзіў па хаце, падыходзіў да мацеры развітацца, але ні гуку, ні позірку ў яго бок не было ёю кінута, нібы пустое месца яна бачыла перад сабою.

Рыгор грукнуў дзвярыма. Таццяна не чула грукату.

 

IV

 

Прайшло некалькі дзён пасля заарыштавання Міхася. Па сёлах, вёсках, хутарах у акрузе Петрыкава пайшлі трывожныя чуткі. Пераходзячы ад аднаго к другому, з адной вёскі ў суседнюю, гэтыя чуткі раслі, множыліся. Аб бандытах гаманіў малы і стары: адны казалі, што гэта проста разбойнікі, другія — што гэта пераапранутае царскае ці польскае войска, якое ідзе праганяць бальшавікоў. Пры гэтых чутках дрэнна адчувалі сябе тыя, хто ішоў за саветы і хто быў звязаны з зямлёю і не мог кінуць гаспадарку, каб уцячы на ўсякі выпадак. Багацейшыя ж ды шляхтуны цешыліся таму смутку, які апанаваў вёску і мястэчка. Словам, ніхто не быў спакойны, але кожны адчуваў сябе па-свойму.

Тая трывога, якая пачалася, асабліва захоплівала людзей уночы. Як толькі падаў змрок, у розных баках уздымаліся ўверх чырвоныя слупы полымя, якое зіхацела скрозь усю ноч і прымушала кожнага быць напагатове. Апроч таго, то там то тут знаходзілі па дарогах немаведама кім застрэленых ці зарэзаных людзей. Дзесьці вораг ходзіць, дае аб сабе ведаць, але хто гэта, як ён моцны, дзе ён хаваецца — ніхто не ведаў. Гэта таемнасць, неспадзяванасць яго дзей рабілі яго яшчэ больш страшным, складалі вакол яго яшчэ болей усялякіх чутак і казак. Наастатку, то ў той ці іншай вёсцы пачалі з’яўляцца людзі, якіх ніхто не ведаў, хто яны такія. Яны то дапытваліся, дзе жыве той ці іншы грамадзянін, дзе знаходзяцца грамадзянскія і дзяржаўныя ўстановы. Кожны чуў нешта нядобрае ў гэтых доследах, але ўзяцца за даследчыкаў ці баяўся, ці не рупіўся.

Адною раніцаю, яшчэ сцямна, Алеся выйшла па ваду знарок рана, каб менш сустракацца з людзьмі. Толькі што яна хацела з вадою ўвайсці ў сені з вуліцы, як яе запыніў нечы голас:

— Чыя вы будзеце, кабетка?

Алеся азірнулася. Кроках у трох ад яе стаяў барадаты чалавек высокае постаці, добра адзеты, хоць і па-сялянску. Алеся ведала траха не ўсіх сялян свае вёскі, хоць і мала паказвалася, але такога яна не бачыла. Алеся хацела, нічога не адказаўшы, зачыніць дзверы, але мужчына пераступіў парог і ішоў за ёю следам.

Алеся пачула нядобрае ў гэтым чалавеку, але прыпыніць яго яна не ведала як і чым. Пакуль яна думала, што рабіць, незнаёмы быў ужо ў хаце і прыветна прывітаўся са старою.

— Якая ганаровая ў вас дачка ці нявестка: не захацела адказаць мне, чыя яна.

— А навошта вам гэта ведаць? — запыталася Таццяна.

— Так сабе, іду — бачу незнаёмая кабета, ну і запытаўся.

— А самі вы скуль будзеце?

— О, я-то далёкі, але ўсіх тут вакол ведаю, бо доўга ездзіў з поштаю між Петрыкавам і Туравам, а вас я нешта не прыкмячаў тут уперад.

— Я раней жыла ў Петрыкаве.

— Вось як? Ці не жонка вы Васіля Талокі?

Таццяна ўглядалася ў незнаёмага, але пазнаць яго не магла.

— Адкуль жа вы ведалі майго мужа? — здзіўлена запыталася Таццяна.

— Ведаю, у яго было два сыны, з якіх адзін нядаўна забраны бальшавікамі. Але вы не клапаціцеся, ён хутка будзе з вамі.

Таццяна не ведала, чаму дзівіцца ёй: ці свядомасці гэтага чалавека, ці таму здарэнню, якое выпадала ізноў на яе долю з сынам.

— Ну, бывайце здаровы! Не ў доўгім часе мы пабачымся з вамі. А ты, кабетка, не надта ганаруй, хоць і прадсядацелева жонка,— сказаў ён, выходзячы за дзверы, Алесі.

Гэты незвычайны чалавек са сваім раптоўным паяўленнем у такі час спалохаў абедзвюх кабет. Алеся адразу сваім чуццём устанавіла ў ім ворага. Таццяна ж не ведала, вораг ён ці прыяцель, але чула, што гэты, усё ведаючы чалавек пераверне яе жыццё — недарэмна ж ён заходзіў сюды.

Пачаўся дзень. Алеся не магла адалець сваю трывогу. Заставацца ў гэтай глухой вёсцы без Рыгора ў яе больш ужо не хапала сілы. Яна парашыла ісці ў мястэчка, каб адтуль паехаць да мужа, дзе б ён ні быў. Таццяна не перашкаджала ёй, і яшчэ з раніцы Алеся пайшла да мястэчка.

Рыгор ужо некалькі дзён не прыпыняўся на месцы. Са сваёю невялікаю дружынаю, чалавек у пятнаццаць, ён за дзень абыходзіў дзве-тры воласці, аглядаючы ўсе куткі, дзе маглі б захавацца бандыты. Але з кожным днём праца станавілася ўсё больш маруднай, бо прыходзілася сустракацца ў лясах са значнымі часткамі ворага і вытрымліваць сапраўдныя бойкі, вёскі ж напаўняліся бандытамі, якія пракрадваліся па адным-два чалавекі, прасачыць якіх было незвычайна трудна. Атрад Рыгора ўсё меншыўся ў ліку і тым, хто заставаўся, выпадала на долю яшчэ больш цяжкае заданне. Падтрымліваць сувязь з рэўкомамі станавілася ўсё трудней. Ужо два дні, як атрад не меў ніякіх вестак з Петрыкава. Асобныя людзі, што пасылаліся Рыгорам у рэўком, не варочаліся назад, і невядома — даходзілі яны ці не да месца. У той дзень, як да Таццяны наведаўся той незвычайны мужчына, Рыгораў атрад быў акружаны ў лесе, і толькі пасля гарачае бойкі палавіне яго людзей пашанцавала вырвацца і ўцячы; астатнія былі пакінуты забітымі. Рыгор увесь дзень блукаўся па лясах, накіроўваючыся на поўнач, каб дабрацца ўночы да Петрыкава, але гэта не збылося.

Таццяна, апынуўшыся адна без Алесі, не ведала, да чаго прылажыць рукі. Той чалавек, што заходзіў у хату раніцою, унёс вялікі смутак у яе душу. Міхась зноў можа быць з ёю, і нават хутка. Але якім жа чынам гэта зробіцца? Можа, зноў брат прывядзе брата, хоць ужо старэйшы малодшага. Не, лепш няхай ні адзін так не паказваецца сюды. Каля паўдня новае з’явішча дадало ёй яшчэ болей смутку: гасцінцам праз вёску праехала шмат конных верхам са стрэльбамі, кулямётамі, яны ехалі на Петрыкаў. Па іх разнастайнай адзежы, узросту Таццяна зразумела, што гэта не войска, а тыя самыя бандыты. Яна зусім сумелася, як з гуртка гэтых людзей выдзеліўся адзін і пад’ехаў да яе хаты: гэта быў той самы, што і раніцою.

— Ну, што, няма твайго прадсядацеля з жонкаю? — запытаўся ён, адчыніўшы дзверы ў хату.

У голасе яго ўжо не было ніякае прыемнасці, і ён падазрона азіраўся па баках. Ён падышоў бліжэй да Таццяны і са злосным позіркам запытаўся:

— Ты скажы, дзе хаваецца твой Рыгор? Ты бачыш, я ўсё аб ім ведаю, і табе лепей будзе, калі скажаш.

— Я за Рыгорам не хаджу: дзе ён — я не ведаю.

— Брэшаш! Вы адна шайка-лейка,— і ён перацягнуў Таццяну тоўстым гарапнікам.

Таццяна ні слова не адказала, нават не паглядзела ў яго бок і, прысланіўшыся к сталу, стала пазіраць у другі бок. Не чакаўшы такіх вынікаў, бандыт змяніўся і лісліва пачаў прасіць, каб Таццяна адказала на яго пытанне. Але Таццяна нібы не бачыла, што перад ёю стаяў чалавек.

— Добра,— скрыгочучы зубамі, прамовіў ён,— мы яшчэ з табою пабачымся і пагамонім як мае быць.

Ён вылецеў за дзверы.

Дзень цягнуўся доўга. Алеся не варочалася з мястэчка, і Таццяна хацела, каб яна зусім там засталася, альбо калі пойдзе дадому, то звярнула б са шляху. Думка яе ўсё часцей ды часцей варочалася да Рыгора, хоць яна ўжо не лічыла яго сынам пасля таго, што было з Міхасём. Ёй здавалася, што да Рыгора яна нічога не зможа адчуваць, апроч нянавісці: ні жальбы да яго, ні літасці ў яе не павінна застацца. А тым часам з самага ранку — не-не ды надыдзе нешта трывожна-цёплае, як толькі думка звернецца да Рыгора. Яна праганяла ад сябе думкі аб Рыгору, настройвалася варожа да яго, але нічога не памагала. Мімавольна яна жадала, каб ён прыйшоў да яе, каб яна сама бараніла, схавала яго ад бяды, якая, чула яна, яго чакала.

Позна ўвечары, ужо пад поўнач, хтось ціха адчыніў дзверы ў хату і, азірнуўшыся па баках, увайшоў. Таццяна, сядзеўшая ні то ўва сне, ні то проста ў сваіх, так звычайных для яе думках, не адразу прыкмеціла, хто ўвайшоў.

— Гэта я, матка.

— Чаго табе тут трэба, Рыгор?

— Стаміўся я, матка, і некуды мне больш ісці.

— А калі я тамілася, тамлюся штодзень, ты прыйшоў да мяне?

Рыгор як сноп зваліўся на лаву. Таццяна падбавіла агню на прыпечку. Свет і цені затрапыхалі па хаце сваімі бязгучнымі крыламі. Твар Рыгора быў такі бляды, што Таццяна бачыла белую пляму нават у тыя хвіліны, як агонь зусім заміраў і рабілася цёмна так, што іншых рэчаў не было відаць. Рукі і ногі яго трасліся, як у трасцы, на губах выступіла пена. Маці спалохана глядзела на змучаны твар сына, і падчас ёй здавалася, што ён канае: так цяжка ўздымаліся яго грудзі. Яна падышла да сына і палажыла яму на лоб руку: лоб быў мокры ад поту і халодны, вочы то адкрываліся, то заплюшчваліся.

— Ох, як я ж стаміўся, матка,— не сказаў, а прастагнаў ён,— а дзе Алеся?

— Алеся пайшла да мястэчка яшчэ раніцою і не звярнулася.

Рыгор ускочыў з месца і, хістаючыся ў бакі, захадзіў па хаце. Вочы яго загарэліся. Ён сунуў у кішэню рэвальверы, якія ляжалі на лаве, насунуў шапку і нарыхтаваўся ў дзверы.

— Рыгорка, сынок! Куды ж зноў пойдзеш? Супачынь,— з модлаю ў голасе пачала прасіць Таццяна.

— Ты разумееш, матка, яны закатуюць яе: Петрыкаў жа захоплены імі.

— Што ж ты зробіш з імі адзін, сынок? Іх тут цэлая процьма праехала. Застанься!

Яна абхапіла яго рукамі, губамі сцірала смяртэльны пот з яго твару. Ёй здавалася, што як толькі ён ступіць за парог, у цемру ночы, то больш ужо не вернецца ніколі. Яна трымала, моцна сціснуўшы рукамі, як самае даражэйшае на свеце, свайго сына. Пусціць яна яго — і безупынная хваля адарве яго і панясе, разаб’е, і застанецца яна адна сярод пусташы на векі.

— Не ідзі, яны зловяць цябе, яны сцерагуць кожны твой крок, яны загубяць цябе! Я захаваю, абараню цябе, я аддам сябе ўперад, а ты жыві, змагайся!

— А як з Міхасём? Ты не маеш на мяне помсты за яго?

Маці слабіла рукі, і рысы гора нязмернага і пакуты прайшлі па яе твары. Але гэта было толькі адзіны момант. Яна зноў схапілася за сына і пацягнула яго ад дзвярэй.

— Не, матка родная мая, не затрымлівай мяне! Я павінен, я мушу ісці! Няхай я пайду на верную смерць, на пакуту, але я павінен ісці! Ты падумай толькі: гэтыя сабакі зловяць яе, будуць здзекавацца над яе целам, будуць катаваць, абясчэсцяць, а потым выкінуць разарваную на вуліцу. О, я добра ведаю, што яны рабілі і робяць з нашымі жонкамі. Ты, можа, яшчэ лічыш мяне катам за тое, што я аддаў нашаму суду Міхася? Але каб ты ведала, удзельнікам якіх паскудстваў ён быў, ты б сказала, што я іначай не мог зрабіць.

Таццяна яшчэ мацней сціснула сына, без слоў кажучы, што яна адпушчае яму ўсё, у чым да гэтых часоў вінаваціла яго.

— Я не меў часу ахоўваць цябе, матачка,— казаў далей Рыгор,— мы жывём у такія хвіліны, калі трэба змагацца, і я ўсе свае лепшыя гады аддаў барацьбе і змаганню — і не шкадую. Каб у мяне былі яшчэ дзве-тры маладосці, то я зноў бы, без жалю, аддаў бы іх. Зразумей мяне, матка, і не помстуй на мяне... Ну, а цяпер...

Рыгор недагаварыў і моцна сціснуў Таццяну.

— Ну, ідзі! Я ўсё зразумела. Ідзі!

Без жаднае слязінкі, без енку праводзіла Таццяна сына да дзвярэй на двор і доўга стаяла, гледзячы яму ўслед. Рыгор ужо схаваўся ў цемры ночы, ужо не чутно стала яго крокаў, а Таццяна ўсё стаяла.

— Не вернецца,— шапталі яе сухія губы.

Яна ўвайшла ў хату, прыпынілася каля парога, і перад ёю так выразна стала думка аб непатрэбнасці далей жыць, што яна здзіўлена аглянулася на ўсё сваё жыццё — навошта яно было патрэбным? Але не, яна ж узгадавала Рыгора, які можа страціць сваё жыццё, але за вялікую справу. Не, яна не дарэмна жыла, хоць і ашуквалася так многа, так доўга...

— Гэй, ты, адчыняй дзверы! — раздаўся моцны, гучны голас.

Таццяна не кранула і пальцам.

Праз хвіліну перад ёю стаялі двое, абвешаныя з галавы да пят аружжам. Адзін быў той, ранішні.

— Дзе тут захаваны твой бальшавік? — накінуўся ён на Таццяну.

Яна, не пазіраючы на бандыта, спакойна адказала:

— Я ўжо раз казала вам, што аб сыне нічога не ведаю: чаго ж вы яшчэ хочаце?

— Лжэш, ён быў тут нядаўна і не мог нікуды выйсці з вёскі; мы яго даўно ловім, і ты мусіш сказаць, дзе ён.

На гэты крык адказам была поўная моўчка, нібы бандыт крычаў у сцяну.

— А, дык ты не скажаш? Давай, Вінцук!

Старое цела Таццяны скацілася на падлогу, і абцасы Вінцука прайшліся раз-другі ўздоўж яе. Барадаты бандыт паласаваў яе бізуном да тых часоў, пакуль яна не пакінула кратацца. Бандыты прынеслі вядро вады і палілі парванае, пасінелае цела. Кроў расцякалася па ўсёй хаце і пачырваніла ўсю зямлю. Таццяну паднялі, але яна стаяць не магла; ні носа, ні вачэй не было відаць — усё зраўнялася з тварам, разбітым, чырвона-сінім.

— Ну, скажаш цяпер, сцерва?

Моўчкі.

Барадаты, як ашалелы звер, кінуўся да яе, схапіў за горла, зноў паваліў і пачаў тыллём шаблі сыпаць пабоі адзін за другім.

— Пачакай трохі,— супыніў яго Вінцук,— ты яе зусім заб’еш, тады нічога не даведаемся.

Пабоі прыпыніліся. Таццяна пластом ляжала на зямлі, і нават непрыкметна было, каб яна дыхала.

— Ты, мусіць, прыкончыў яе,— шкода.

— Няма чаго шкадаваць, усё роўна ён, мусіць, уцёк так, як і гэтая яго шлюха. І як яны пралезлі, ліха ведае!

Барадаты са злосцю кінуў шаблю далоў і яшчэ раз з усяго размаху ўдарыў нагою крывавае цела, нібы на ім хацеў спагнаць сваю злосць.

Таццяна зяхнула і скрозь камяк крыві прашамшыла:

— Вы яго не... злавілі?... Мне больш... нічога... не трэба... Помста будзе...

— А, ты яшчэ жывеш? — зароў Вінцук.

— Не, я ўжо не буду жыць, але ж... і вам... панства... не бачыць!.. Здохнеце! Сынок мой, за ўсіх спагані...

Барадаты два разы ўзмахнуў шабляю, і галава Таццяны, з выбітымі вачамі, адляцела ўбок.

Ноч ішла сваёю чаргою. На вёсцы прапяялі пеўні. На прыпечку тлелі смаловыя корчыкі, а па хаце скакалі, трапыхалі крыламі блядыя цені, з куткоў пазіраў сляпы змрок, толькі вочы ў яго то шырыліся, то звужаліся. Доўгія адзінокія думкі Таццяны вылецелі з галавы і на крылах свету і ценяў шукалі сабе выйсця з цеснае хаты на вольны свет.

 

1924 г.

 

 


1923-1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Нёманскі Я. Творы. - Мн.: Маст. літ., 1984. - 598 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан